Перайсці да зместу

Ахілесаўская пята

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ахілесаўская пята
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1923
Крыніца: Луцкевіч А. „Ахілесаўская пята“ // Луцкевіч А. Барацьба за вызваленьне. Вільня; Беласток, 2009. С. 276—277. Тэкст друкуецца паводле: ВС. 1923.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сыстэма нашых ворагаў у Польшчы (а хто тут ня вораг?!) — гэта аплёвываньне і лёгкаважаньне ўсяго беларускага. Згодна з „опініяй“ пераважаючай большасці польскага грамадзянства і прадстаўнікоў улады, ўсё, што творыць Беларускі народ — ці то ў межах школьнае навукі, ці ў палітычнай сфэры, ці ў эканамічнай самаарганізацыі, — ўсё гэта або „нічога ня варта”, “штучна”, або „не беларускае”, „маскоўскае”, або “кіраванае з Бэрліну, ці Коўні”... І, так ацаніўшы нашае будаваньне Бацькаўшчыны, польскае грамадзянства і польская адміністрацыя з „чыстым сумленьнем” вядзе сваю готэнтоцкую палітыку вынішчэньня ўсяго беларускага.

Для кожнага, хто хаця болей-меней знаёмы з беларускім рухам, ясна, што варта гэткая зласьлівая брахлівасць тых, каму хочацца нечым „апраўдаць” свае паступкі, якія прадстаўляюць точную копію палітыкі нямецкіх гакатыстаў у адносінах да палякоў за часоў панаваньня Вільгэльма ІІ. Але польскія гакатысты баламуцтвы свае стараюцца шырыць акурат сярод найменш сьвядомых, найцямнейшых народных масаў.

Аднак, тое, што робіцца за гранічнай мяжой — у Усходняй Беларусі, часта-густа прымушае польскую гакату прыкусіць язык. Там, на Усходзе, беларускае пытаньне разьвязываецца ў шырокім дзяржаўным маштабе, там закладзена кузьня беларускае культурнае „працы, там — ў беларускіх вышэйшых школах і вучоных установах — творацца непераходныя беларускія культурныя цэннасьці. І тамака ўрэшце будуецца свая дзяржава — Беларуская Сацыялістычная Радавая Рэспубліка, якая зьяўляецца ўжо беларускай ня толькі па свайму назову, але і ў-ва ўсей сваей істоце.

З гэтым польскі шовінізм прымушаны сур’ёзна лічыцца: Радавая Беларусь — гэта-ж раўнапраўны сябра Саюза Соцыялістычных Радавых Рэспублік, а з гэным Саюзам Польшча прымушана вясьці „прыязную” хаця-бы на пагляд палітыку.

Затое-ж палякі шукаюць ў Усходняй Беларусі тае “ахілесаўскае пяты", ў якую маглі-бы балюча ўкусіць нашых усходніх братоў. І такую пяту яны знайшлі.

Усе мы ведаем, як балюча адчувае кожын беларус той факт, што Беларусь ня толькі падзелена паміж рознымі гаспадарствамі, але йшчэ парэзана на кускі і ў межах С. С. Р. Р. Радавая Беларусь — гэта ўсяго некалькі паветаў Меншчыны, а ўся беларуская Вітэбшчына, Магілёўшчына, Смаленшчына — прырэзана да Масквы і разглядаецца, як „искони русская земля". Зусім так, як Заходнюю Беларусь палякі абвяшчаюць за край „rdzennie polski”. З гэтым усходнія беларусы даўно вядуць змаганьне. Беларуская культурна-нацыянальная праца выйшла далёка за межы гэнае куртатае „Радавае Беларусі” і захапіла ўсе другія беларускія землі, хоць і аддадзеныя „ў пахт" Маскве. Вынікам гэтага быў цэлы рад пастаноў беларускіх камуністычных зьездаў і нарад, якія дамагаліся звароту Радавой Беларусі яе нацыянальных абшараў.

Здавалася, што голас “сваіх" — камуністаў — знойдзе послух у Маскве, і што гарачае жаданьне ў іх беларусаў наагул зьдзейсьніцца. Так трэба было спадзявацца, судзячы хаця-бы паводле савецкіх газэт і тых прынцыпаў, якія былі пакладзены ў аснову будаўніцтва Саюзу Соцыялістычных Радавых Рэспублік.

Так здавалася, але... дагэтуль так ня сталася. І палякі, выкрыўшы гэту „ахілесаўскую пяту” ў дзяржаўным будаўніцтве Усходняе Беларусі, б’юць па ёй, як мага.

Апошнімі днямі „обстаўскі” орган „Dziennik Wilenski", паміж іншым, пісаў:

„Вельмі невясёлыя думкі наводзіць Менск, сталіца “беларускае рэспублікі". Перадусім трэба заўважаць, што гэная „рэспубліка” не абнімае ўсяго абшару, заселенага так званымі беларусамі і ня ўключанага ў склад Польшчы. Магілёўшчына і Вітэбшчыча далучаны да Масквы, як інтэгральная частка Маскоўшчыны. Для гэтых зямель ня мае сілы прынцып, абвешчаны бальшавікамі, што кожны народ можа жыць самастойна. Вось яшчэ адзін доказ, як паны бальшавікі шануюць прынцып нацыянальнасьці".

Так піша нейкі прыездны з Менску ў эндэцкай газеце. І гэта — запраўды больш балючы ўдар па беларускай дзяржаўна-творчай працы на Усходзе, чым уся эндэцкая зьвяга на беларусаў, што запаўняе кожын дзень страніцы польскіх газэт кшталтам обстаўскага „Dzien. Wil.". Найбольш балючы, бо на яго нічога нельга адказаць: першы раз ён — заслужоны...

Ведама, заслужоны не беларусамі наагул, а тэй партыяй, якая хоча мець манаполію на беларускі рух.