Перайсці да зместу

Асноўныя этапы ў разьвіцьці лірыкі Янкі Купалы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Асноўныя этапы ў разьвіцьці лірыкі Янкі Купалы
Артыкул
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
28 мая 1925 г.
Крыніца: Полымя, 1925 №4

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АСНОЎНЫЯ ЭТАПЫ Ў РАЗЬВІЦЬЦІ ЛІРЫКІ ЯНКІ КУПАЛЫ[1]

М. Піотуховіч

15-га мая 1905 году ў менскай газэце "Северо-Западный Край" зьмешчан быў першы верш Янкі Купалы ― "Мужык“. Роўна 20 год прашло з тэй пары. За гэтыя 20 год пясьняр прашоў даўгі шлях свайго мастацкага разьвіцьця і не пахучымі кветкамі, а, хутчэй, калючымі цернямі быў усеяны гэты шлях: ён быў поўны барацьбы за самавызначэньне і за лепшую долю роднага народу.

У рамках кароткага нарысу не прадстаўляецца мажлівым поўнасьцю абхапіць усю многагранную творчасьць беларускага поэты. Мы намецім толькі галоўныя вехі, зазначым асноўныя этапы, якія прашоў у сваім разьвіцьці пясьняр.

Першы этап―гэта зборнік "Жалейка", які зьявіўся ў 1908 годзе. У дадзеным зборніку мы ўжо знаходзім эмбрыён галоўных мотываў творчасьці Янкі Купалы. Тут ужо досыць выразна вызначаецца мастацкая постаць песьняра. Для навуковага дасьледчыка поэзіі Купалы "Жалейка“, калі шукаць анолёгій, мае такое-ж вялікае значэньне, як, напрыклад, ліцэйскія вершы Пушкіна.

У „Жалейцы" пераважваюць об'ектыўныя мотывы лірыкі. Янка Купала выступае тут, галоўным чынам, як назіральнік наўкольнага жыцьця. Герой зборніка―беларускі селянін. Асабліва падрабязна распрацована тут тэма сялянскай беднасьці. Поэта ўсебакова абхапляе соцыяльныя злыдні беларускага селяніна. Вось напрыклад, якія сумныя песьні мужыка падслухаў наш поэта:

Няма хлеба, няма солі,
Чужому рабі;
Няма шчасьця, няма долі,
Вот тут і жыві;
Вот зіма―мароз вялікі,―
Дровы ў Менск цягні;
Дзеткі зьмерзьлі; енкі, крыкі,―
Вот тут і жыві.

На гэтай тэме сялянскай беднасьці поэта спыняецца некалькі раз. Відаць яго гуманнае сэрца асабліва хваравіта адчувала гэтую адвечную крыўду народнага жыцьця.

Пясьняр ня толькі констатуе факты беднасьці, ён ставіць і дыагноз; паказвае прычыны ненормальнага соцыяльнага становішча беларускага селяніна. У дадзеных адносінах часам Янка Купала выяўляе востры аналіз ня столькі поэты, колькі політэкономістага. Ён, напрыклад, маляўніча рысуе нам, як выбіваюць з селяніна дадатковую вартасьць:

Пан за тваю працу
Нібы то й заплаце―
Знай плату з Палацу;
Зьбярэш з ёй багацьця―
За гадзін семнаццаць
Трудоў у дзень нязьменьне
Выйдзе грошай дваццаць
Або й таго меней.

Эксплёатацыя, такім чынам,―галоўная прычына сялянскай беднасьці Адзін за другім перад намі разгарнаюцца малюнкі соцыяльнага ўціску. Вось, напрыклад, верш "Гоніш мяне, панічок"; гэта әмбрыён будучай драмы „Раскіданае гняздо": тут поэта малюе нам, як пан выганяе селяніна з яго сялібы. Верш „Град“ рысуе нам, як пан імкнецца скарыстаць нават няшчасьце селяніна. Ня толькі вобразы эксплёататараў―абшарнікаў зарысоўваюцца тут; перад намі выступаюць іншыя вобразы прыгнятальнікаў вёскі ў старыя часы; пан з гандляроў, ліхвяр, эксплёататар з інтэлігэнцыі, ксёндз, аконам, шляхціц, ― усе гэтыя здані мінулага праходзяць прад намі.

Ува ўмовах эксплуатацыі праца не дае здавальненьня; яна―цяжкая пакута. І вось пясьняр малюе нам жніво. Мы бачым гэтых жней з пагнутымі худымі каркамі. Мы чуем іх смутныя песьні:

Асобна кожную загонам
Нас надзяліў пан дабрадзей.
А над усімі злы аконам
Стаіць, ганяець жаць баржджэй.

Нават думка аб дажынках ня радуе гэтых пакутніц:

Пан справіць гучныя дажынкі,
За пот, кроў, сьлёзы водкі дасьць,
Мы будзем піць, як гора п'ем,
Паноў хваліць
І дружна ім
Скрозь сьлёзы песьню прапяем.

Па мотывах, якія пануюць у "Жалейцы", Янка Купала прыбліжаецца да народнікаў: галоўным об'ектам яго творчасьці зьяўляецца вёска, народ. Але паміж ім і народнікамі ранейшага часу ёсьць значная розьніца. Як вядома, для народнікаў характэрнай зьяўляецца іх вера ў інтэлігэнцыю. На падставе тэорыі крытычна мысьлячай асобы Лаўрова яны лічылі, што інтэлігенцыя―гэта галоўны фактар культуры і прогрэсу, гэта―соль зямлі. Беларускі пясьняр не падзяляе гэтай ілюзіі. У яго вершы "Песенька для некаторых маладых людзей" выразна выяўляюцца крытычныя адносіны да інтэлігенцыі; тут выступаюць паасобныя вобразы інтэлігэнтаў высокай кваліфікацыі―доктар, інжынэр, адвакат, судзьдзя. Для ўсіх іх характэрна тое, што яны, па думцы поэты, рана губляюць свой юнацкі парыў у высь ідэалу і хутка зацягваюцца жыцьцёвым брудам, павялічваючы сабой толькі кадры дармаедаў, якія эксплёатуюць працоўны люд. Поэта гаворыць:

Людзей маладых у нас дужа вучоных
Цяпер надта шмат разьвялося,
Праўд нейкіх шукаюць на сьвеце нясьнёных,
Над бедным з іх кожны галосе,
Да працы да роўнай, да волі шырокай
Ахвочы крычаці, ўзываці.

Але гэты юнацкі ідэалізм, рысуе поэта, адцьвітае, не пасьпеўшы расквеціцца: доктар бярэ з беднякоў рублі і поўрублёвікі, інжынэр―будуе турмы і вастрогі, судзьдзя―асуджае на катаргу галодных людзей і г. д.

Гэтак у "Жалейцы" Янка Купала выступае, як народнік, але народнік suі generіs, сваяасаблівы, пазбаўлены некаторых ілюзій народніцтва.

Можа неорыгінальны асабліва думкі, якія выказвае Янка Купала ў „Жалейцы", але затое зборнік падкупляе нас сваёй шчырасьцю і беспасрэднасьцю; тут ня чуецца ніводнага фальшывага гуку, усе словы йдуць ад сэрца поэты; тут ён раскрывае ўласныя раны сваёй душы, раны болькі свайго народу. У зборніку заўважваецца поўная адсутнасьць рыторыкі, фальшывай позы; гукі поэты чаруюць нас і вабяць сваёй прастатой і эмоцыянальнасьцю.

Другі этап у мастацкім разьвіцьці Янкі Купалы ўяўляе сабой зборнік „Гусьляр". Гэта―пераважна філёзофскі зборнік. Поэта тут часам адыходзіць ад дзейнасьці і ўваходзіць у глыб сваіх унутраных перажываньняў. Праўда, і ў „Жалейцы" мы спатыкаем выраз асабістых настрояў поэты, але там выказваюцца пераважна эмоцыянальныя адносіны да рачаіснасьці, пануе часам беспрадметны сум, мэлянхолія; тут, у „Гусьляры“, пераважна выказваюцца інтэлектуальныя, разумовыя адносіны песьняра да рачаіснасьці. Поэта сам заўважае свой нахіл да рэфлексіі, цяжкога задумленьня; ён гаворыць, напрыклад:

Мае думкі, быццам кумкі,
Назаляцца любяць мне,
То стыдліва, то пужліва,
Тая―ў яве, тая―ў сьне.

Тая плача, тая скача,
Тая песенькі пяе;
Як зязюлькі, аздабулькі,—
Думкі родныя мае.

У „Гусьляры" выяўляецца спроба абхапіць увесь космос; на крыльлях сваёй думкі поэта хоча падняцца высока ў блакітныя абшары і прасякнуць у жыцьцё нябесных сфэр. Часткаю пясьняр знаёміць нас з вынікамі гэтай напружанай працы свайго розуму; у зборніку „Гусьляр" перад намі выяўляецца досыць акрэсьленая сыстэма агульна-філёзофскага сьветагляду поэты. Гэты сьветагляд ахварбован у пэсымістычны колер. Яго падставай служаць ідэі агностыцызму, хаосу і кругавароту рэчаў. Поэта кажа:

Нязнанай сілай праве сьветам
Пачатак, бытнасьць і канец.

Пад гэтымі радкамі мог-бы, думаецца нам, падпісацца і галоўны прадстаўнік агностыцызму—Спэнсэр. Па думцы ангельскага філёзофа, гэтак сама сутнасьць рэчаў застаецца для чалавека сілай нязнанай. Гэта нязнаная сіла выяўляецца ў двух галоўных процесах інтэграцыі і дыфэрэнцыяцыі матэрыі; на падставе гэтых процэсаў адбываецца ператварэньне хаосу ў космос і распадзеньне космосу ў хаос—два адвечных рытмы, якія абхапляюць сабою дынаміку быцьця,—"пачатак, бытнасьць і канец".

Ідэя хаосу, як асновы сьветабудовы, асабліва выразна выяўлена ў Купалы ў вершы "Зьнямога", дзе поэта зазначае:

Безнадзейна, бястрывожна,
Ціха, зважна, асьцярожна,
Хаос гнёзды ўе свае,
Вара зельле калатуху,
Пое, зводзе князя-духа,
Перадыху не дае.

Гэткім чынам, фэномэнальны сьвет распадаецца для Купалы на дзьве часткі: адну складаюць сабой сілы іррацыянальныя, другую—сілы рацыянальныя; але аснова быцьця—гэта цёмны хаос, сьветлыя сілы розуму знаходзяцца самі на повадзе ў хаосу.

Імкнучыся абхапіць сваёй думкай ня толькі сьвет прыроды, але і сьвет гістарычнай дзейснасьці, Янка Купала прыходзіць да ідэі кругавароту рэчаў, якая выражана ў вершы пад той-жа назвай. Поэта зазначае:

Марнеюць сільныя народы;
Бяруць слабейшыя гару,—
Нянавісьць, бітвы, непагоды,
Туманяць радасьці зару.

І ў гісторыі, такім чынам, адбываецца разгул цёмных сіл, няма паступовасьці, адбываецца адвечны кругаварот у сабе замкнёных кол. Ідэя ня новая ў філёзофіі гісторыі: яна, як вядома, была разьвіта яшчэ Джонбатысто Віко, у нашы часы—адноўлена Шпанглерам і іншымі.

Для нас „Гусьляр" мае паважнае значэньне, як спроба Янкі Купалы разабрацца ў агульных пытаньнях філёзофскага характару—спроба разьвязаць пытаньне аб сэнсе ўсяго існуючага, гэтую адвечную проблему; гаворачы словамі Гэйнэ:

Головы в иероглифных кидарах,
В черных беретах, чалмах,
В пудре—и головы всякого рода
Бились над этим вопросом в слезах.

Асобны нахіл да філёзофскай рэфлексіі адбіваецца і на об'ектыўных мотывах зборніка „Гусьляр“. Праўда, і тут яшчэ адчуваецца часткаю манера „Жалейкі"—выхляпляць і зарысоўваць паасобныя абразкі жыцьця; і ў „Гусьляры" мы знаходзім соцыяльныя малюнкі рэалістычнага характару: апяваецца гаротная доля безьзямельных, сірочая доля і інш. Але побач з гэтай рэалістычнай манерай выяўляецца і другая манера—імкненьне даць філёзофскае абагульненьне фактаў жыцьця; адсюль вынікае надзвычайна пашыраны ў Янкі Купалы прыём схэматызацыі, жыцьцё як-бы вылушчваецца з рамак побыту і разглядаецца быццам пэўная абстракцыя, адцягненая катэгорыя. Такі прыём мы спатыкаем ў вершах "З песень жыцьця", "Над калыскай“ і інш., дзе разглядаецца жыцьцё чалавека наогул. Абразкі гэтага жыцьця агорнуты змрочным флёрам пэсымізму; густую цемру пэсымізму толькі зрэдка праразаюць тут сьветлыя праменьні веры поэты ў сябе і свой народ.

Іншы характар носіць трэці этап у мастацкім разьвіцьці Янкі Купалы—зборнік "Шляхам жыцьця" (1913 г.). Праўда, і тут часам мігацяць мрачныя цені былых настрояў, але перавес канчальны ўсё-ж такі на старане сьвятла. У „Гусьляры" поэта перажыў стадыю бязгрунтоўнага гамлетызму; там імкненьне разьвязаць агульныя проблемы жыцьця параджала сабой ціхую развагу і цяжкое задумленьне. У "Шляхам жыцьця“ Янка Купала выступае ў новай постаці барацьбіта і змаганьніка. Ён у значнай ступені адкідае ўжо бясплодную рэфлексію і акрыляецца магутнай верай у зьдзейсьненьне сваіх ідэалаў. Гэтыя ідэалы, папершае, зводзяцца к ідэалам нацыянальнага і соцыяльнага вызваленьня айчыны.

Нацыянальныя мотывы эпізодычна трапляюцца і ў двох папярэдніх зборніках, але там заўважваюцца больш эмоцыянальныя адносіны песьняра да Беларусі; у „Шляхам жыцьця" выступае ўжо выразна акрэсьленая ідэолёгія адраджэнца. Пытаньне аб беларускай істотнае для справы адраджэньня, нацыянальны ўціск чужынцаў, гандаль душой беларуса—усё гэта знашло сваё выяўленьне ў дадзеным зборніку. Акрылены ўжо бадзёрым оптымізмам, поэта сваім тварам павернуты ня толькі да прошласьці, ня толькі романтыку мінулага выяўляе ён у сваёй творчасьці—другой постацьцю сваёй істоты ён павернуты да будучыны. Няхай сучаснае было тады сумным, няхай Беларусь была тады прыгнечанай рабыняй з цярновым вянком на галаве, цемру гэтай сучаснасьці для поэты праразалі сьветлыя зоры будучыны; поэта верыў, што гэта будучына скіне з Беларусі цярновы вянец і ўскладзе на яе вянок з пахучых кветак шчасьця і радасьці. Пад уплывам такіх настрояў, поэта свой надзвычайна настраёвы верш "Ворагам беларушчыны" канчае сьветлым акордам:

К свабодзе, роўнасьці і знаньню
Мы працярэбім сабе сьлед,
І будзе ўнукаў панаваньне
Там, дзе сягоньня плача дзед.

У жудаснай цемры царскай рэакцыі поэта ўжо падглядзеў ранішнія зарніцы, хуткі расьсьвет рэволюцыі, і ён піша свой чароўны верш "Ужо днее". Гэтак ад пэсымізму ў „Шляхам жыцьця" Купала пераходзіць да больш бадзёрага настрою, на змрочным фоне гамлетызму ўжо выяўляюцца іншыя сьветлыя блікі.

Паглыбляюцца ў дадзеным зборніку і соцыяльныя мотывы. У першых двох зборніках абмалёўваецца, галоўным чынам, сялянства, панства зачапліваецца толькі пізодычна; у "Шляхам жыцьця" абрысоўваецца ня толькі гаротны селянін, але процілеглы—стан "ликующих, праздно болтающих, обагряющих руки в крови". Панства акрэсьлена выступае тут, як паразітарны стан...

Над цёмнай вёскай, дзе мігацяць лучыны, высіцца багаты панскі палац.

Дымна замглелі, як блудныя вогні,
У вёсцы далёкай лучыны...
весела, ярка ў палацы сягоньня,
Хвіляй-мінутай—гадзіна.
Шыбы зардзелі блісканьнем няўхватным;
Кружацца пары, мігаюць;
Душы, да славы ўсебратняй ня здатны,
Вокліку суму ня знаюць.

Гэтак панства весяліцца, але бязьлітасная рука гісторыі ўжо піша свой суровы прыгавор над адыходзячай у нябыт соцыяльнай клясай... Вокны палацу асьвятляюцца заравам пажару, паднімаецца сялянства, змагаючыся за лепшую долю і імкнучыся адамсьціць за свае адвечныя мукі і крыўды...

Гэй-жа, ў тахт ногі!.. Пара за парай!
Стой!!! Блеск чырвоны шыбае з вакон.
Ах! Гэта вёска сьвеціць пажарам...

Апроч ідэёвай лірыкі, у „Шляхам жыцьця" мы знаходзім лепшыя прыродаапісальныя вершы Янкі Купалы. Пераважна пясьняр рысуе нам мяккія ідылічныя малюнкі прыроды, рэдка яго муза спыняецца на грозных і магутных зьявах, у прыродзе поэта як-бы шукае супакою і забыцьця ад суровай жыцьцёвай прозы. Адсюль вынікае імпрэсыянісцкі характар малюнкаў прыроды песьняра. Трэцяя адзнака гэтых малюнкаў—шырокае і поўнагучнае ўспрыняцьце зьяў прыроды: Янка Купала дае нам ня толькі плястычныя вобразы, ён зарысоўвае рознастайныя шумы і гукі прыроды; плястыка вобразаў у яго цесна злучаецца з музыкальнасьцю.

Другая крыніца лірыкі ў Янкі Купалы—гэта каханьне. Малюнкі каханьня ў поэты цесна зьвязаны з яго прыродаапісальнай лірыкай. Пясьняр пераважна рысуе нам пяшчотныя ідыліі гэтага пачуцьця на лоньні прыроды; муза яго ня ведае бурнага палу і хваравітай эротыкі, — малюецца здаровае пачуцьцё ў здаровай абстаноўцы. Самыя рызыкоўныя сытуацыі поэта ўмее прыкрываць трапнымі вобразамі, якія большаю часткаю запазычваюцца з народнай творчасьці; адсюль вынікае асаблівая саромлівасьць і цаламудранасьць музы песьняра...

"Жалейка", "Гусьляр" і "Шляхам жыцьця" ўяўляюць сабой тры паасобных этапы ў мастацкім разьвіцьці Янкі Купалы. У зьмене гэтых этапаў заўважваецца некаторая законамернасьць. У "Жалейцы"—Купала пераважна назіральнік дзейнасьці; ён малюе сялянскае гора ў розных яго аспектах, уціск і заняпад роднай краіны параджаюць у поэты стан моральнай дэпрэсіі. У „Гусьляры" Янка Купала крыху адходзіць ад дзейнасьці і процістаўляе ёй сваё "я“; ён імкнецца асмысьліць жыцьцё, пабудаваць сабе пэўныя ідэалы. У "Шляхам жыцьця" пясьняр малюе нам дзейнасьць, але ўжо асіяную сьвятлом ідэалу. Можна ўгледзець, такім чынам, некаторую дыалектычнасьць у агульным процесе мастацкага разьвіцьця Янкі Купалы: "Жалейка“ дае нам тэзіс дзейнасьці, "Гусляр"— уяўляе сабой да некаторага стопню антытэзіс—процістаўленьне гэтай дзейнасьці ўласнага "я"; "Шляхам жыцьця"—сынтэз, гармонічнае злучаньне элемэнтаў об'ектыўных і суб'ектыўных. Гэтым тлумачыцца розьніца ў эмоцыянальнай ахварбоўцы паасобных зборнікаў: у "Жалейцы" Янка Купала толькі сумуе над дзейнасьцю царскай рэакцыі, у „Гусьляры" ён адыходзіць ад гэтай дзейнасьці ў глыб філёзофскай рэфлексіі, у "Шляхам жыцьця" ён заве ператварыць дзейнасьць у імя ідэалу і па ўзоры ідэалу. Гэткім чынам, разгледжаныя зборнікі вычэрпваюць усе вядомыя нам віды лірыкі: у першым зборніку прадстаўлена лірыка беспасрэдняга пачуцьця, у другім зборніку—дадзена лірыка задуменьня, у „Шляхам жыцьця" —пануе лірыка захапленьня і адушаўленьня.

Усяго чатыры гады аддзяляюць "Жалейку“ ад „Шляхам жыцьця“, але гэтыя гады прашлі для поэты не дарэмна; творчасьць яго значна пашырылася ў параўнаньні з першым зборнікам; яна ўвабрала ў сябе шмат тэм філёзофскіх, грамадзянскіх і іншых; зьмянілася значна эмоцыянальная ахварбоўка: на зьмену суму і мэлянхоліі прышоў патос барацьбы і змаганьня. Значна пашырылася творчасьць поэты і збоку формальна-эстэтычнага; у "Жалейцы" конкрэтнае мысьленьне аўтара параджае адпаведныя конкрэтныя вобразы, мы знаходзім тут сакавітыя эпітэты і параўнаньні: у Купалы месяц сьвеціць, як лысіна ў пана, альбо, як дзюрка ў сярмязе; печ раўняецца ў яго з вураднікам, які з-пад ілба глядзіць на ўсю хату. У „Гусьляры“ нахіл аўтара да філёзофскіх абагульненьняў параждае прыёмы алегорыі і сымболікі: сонца і зоры бяруцца, як сымболь высокага ідэалу, зіма,―як сымболь цяжкай рэакцыі, вясна ўвасабляе сабой рэволюцыйны ўздым і інш. У „Шляхам жыцьця" на падставе захапленьня поэты высокімі ідэаламі лепшай будучыны вынікае вялікая мэтафорычнасьць стылю; ночка сьпявае ў Купалы сьмелы гымн каханьня, сіні бор ён прымушае сьмяяцца і плакаць да самага сьвітаньня, у другім месцы гэты дзед-бор патрасае ў поэты сваёй зялёнай каронай і ў няўгадных словах піша свае законы; сьмелыя мэтафоры разрастаюцца ў поэты ў трапныя ўвасабленьні і зграбныя пераварочаньні. Поэта, напрыклад, так выражае свае пяшчотныя пачуцьці:

З зорак усходніх, заходніх, з бліскучай
маланкі выткаў-бы шаты,
З сонца і кветак-пралесак карону
вяночак зьвіў-бы Табе я.
З пальмаў, з цыпрысаў сьвятліцу ў цьвітучай
цяністай строіў-бы кнеі;
Волбачак зьняў-бы на трон з небасклону,
з-пад сонца пышны, багаты.

Разам з тэматычным і формальным пашырэньнем поэзіі Янкі Купалы пашыраецца й паглыбляецца і творчая самасьвядомасьць песьняра. У "Жалейцы" ён выказвае скромны погляд на сябе, раўняючы сябе з верабейкам, які скромна чырыкае, з-пад Гайны; у „Гусьляры" ён ужо раўняе сябе з сокалам і ветрам, асазнае об'ектыўнае і суб'ектыўнае значэньне поэзіі: песьня—гэта сіла, якая руйнуе ўсе перашкоды і пракладае зорны шлях да сонечнага сьвятла ідэалу; песьня духоўна прыпаднімае самога поэту з стану моральнай дэпрэсіі („Сон“). Гэтай проблеме творчай самасьвядомасьці поэты асабліва шмат твораў пасьвечана ў зборніку „Шляхам жыцьця“. „Курган“, „На куцьцю", "Забытая скрыпка“, „Абразок“, "На папасе"—усе гэтыя творы высьвятляюць пытаньне аб мэтах і задачах поэзіі. У „Кургане“ падкрэсьліваецца соцыяльная місія поэты; поэзія павінна выкрываць соцыяльныя крыўды: гусьляр адважна кідае ў твар князю шчырую праўду, гаворыць, што ўсё яго багацьце пабудована на крыві і пакутах людзей:

„Глянь у лёхі свае, ў падзямельлі глянь, князь,

„Што настроіў пад хорамам гэтым:

"Брацьця корчацца там, табой кінуты ў гразь,

"Чэрві точаць жывых іх, разьдзетых.
"Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць...
„Ці-ж прыгледзеўся, хорамны княжа.

"Кроў на золаце гэтым людзкая блішчыць,

"Кроў, якой і твая моц ня зможа.

"Ты брыльлянтамі ўсыпаў атласы і шоўк—

„Гэта цёртая сталь ад кайданаў,

"Гэта вісельні петляў разьвіты шнурок,

„Гэта, княжа, твае саматканы".

Гіне гусьляр, але жыве яго песьня, навакол яго імя плятуцца пекныя легэнды і паданьні:

Кажуць людзі: у год раз ночкай з гусьлямі дзед
З кургана, як сьнег, белы выходзе.
Гусьлі строе свае, струны звонка зьвіняць.
Жменяй водзе па іх абамлелай,
І ўсё нешта пяе, што жывым не паняць,
І на месяц глядзіць, як сам, белы.

Твор „На куцьцю" праводзіць думку аб нацыянальнай місіі поэты. Песьняры―гэта вешчыя ганцы: сваім словам―сьветлым, як сонца, моцным, як лук стралы, і гучным, як гусьлі,―яны павінны адбудзіць заняпаўшую старонку. Нарэшце абразок „На папасе" разьвязвае глыбокую проблему аб адносінах высокаадаронага чалавека да масы звычайных людзей. Проблема ня раз ставілася ў сусьветнай літаратуры. Ужо Сэрвантэс у сваім творы "Дон-Кіхот" зачэплівае гэта пытаньне, процістаўляючы вобразы Санчо Пансо і Дон Кіхота; Шэксьпір асабліва завострывае проблему: ён вырывае непраходнае бяздоньне паміж сьветлым духам Арыэлем і Калібанам, увасабленьнем натоўпу; романтыкі XІX стагодзьдзя йдуць па сьлядох Шэксьпіра: з іх пункту погляду поэта―гэта няшчасная ахвяра, якая асуджана на пакуты адвечнага неразуменьня і варожых адносін збоку масы. Янка Купала, як выхадзец з гушчы працоўнага люду, ― далёкі ад арыстократычнай трактоўкі дадзенага пытаньня; ён паказвае нам сьціслыя ўзаемаадносіны масы і поэты; падарожнікі, праўда, спачатку не разумеюць незнаёмага, у іх вачох ён нейкі дзівак, але поэта сьпявае ім песьню пра гаротнае жыцьцё на сьвеце Лявона, і падарожнікі няпрыкметна падпадаюць пад уплыў гэтай песьні.

Зборнік „Шляхам жыцьця" не замыкае сабой кола мастацкага разьвіцьця поэты; у 1922 годзе зьяўляецца чацьверты зборнік яго―"Спадчына".

Паймі, пачуй! Сон наш і свой стрывожы,―
Закон і суд свой праведны пашлі!
Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, божа,
Калі ты цар і неба, і зямлі!

Тут часткаю пашыраюцца і паглыбляюцца мотывы папярэдніх зборнікаў, але адначасна прыўносяцца і некаторыя новыя элемэнты. Папершае, надзвычайнай моцы дасягае тут нацыянальны патос поэты, узвышаючыся да мотываў богазмаганьня. У вершы "Цару неба і зямлі" пясьняр імкнецца разьвязаць антыномію, як пагадзіць пакуты Беларусі з існаваньнем бога. Гэта супярэчнасьць паміж існаваньнем зла ў сьвеце і існаваньнем нейкай вышэйшай сілы мучыла шмат якіх поэтаў і пісьменьнікаў. Байрон, Лермантаў, Дастаеўскі, Славацкі і інш. зьяўляюцца папярэднінікамі беларускага песьняра ў дадзеных адносінах, але орыгінальнасьць Янкі Купалы заключаецца ў тым, што ён агульналюдзкую проблему разглядае ня ў роўніцы мэтафізычнай і моральнай, а ў роўніцы нацыянальнай. Немажлівасьць пагадзіць пакуты роднага народу і існаваньне бога прыводзіць песьняра на здаровы шлях рэлігійнага скэптыцызму, і ён канчае свой верш магутным закідам па адрасу бога.

У гэтым зборніку выяўляюцца рознастайныя соцыяльныя тэмы; тут мы знаходзім водгукі на падзеі імпэрыялістычнай бойні (песьні вайны), перапяваюцца мотывы беднасьці і заняпаду вёскі ў старыя часы.

Значна ўзбагачаецца лірыка асабовая; у ëй мы знаходзім новыя адценьні ў сьветапоглядзе поэты і яго адчуваньнях; агностыцызм гусьляра зьмяняецца тут бадзёрым рацыяналізмам; пад уплывам магутнай веры ў моц чалавечага розуму і навукі поэта стварае свой чароўны сонэт "Чаму?".

Няма для духу вольнага граніцы, меры,
Гдзе-б ён сягнуць ня сьмеў, гдзе-б ён ня ўзлунаў...

Яму да тайнаў душ і сэрц адкрыты дзьверы,
Ўсё тое спазнае, што бег сталецьцяў не спазнаў;
Як фэнікс з попелаў, узносіцца з канаў,
На дно якіх яго сьпіхаюць цемраў зьверы.

Магучы, векавечны, створан з сонц мільёнаў,—
Гром, пяруны ў руках трымаць, спыняць ня слаб,
Хоць-бы ў вагні кіпеў, ў віхрох марозаў зяб...

Эмоцыянальная лірыка поэты дасягае свайго кульмінацыйнага пункту ў пекным цыклі „Яна і я"; тут жанчына рысуецца ў ролі памоцніцы і супрацоўніцы чалавека на яго жыцьцёвым шляху; удзел жанчыны ў працы ўносяць сабой сьветлыя праменьні ў гаспадарчую дзейнасьць земляроба, прысутнасьць жанчыны асьвятляе і момант яго адпачыну, з ёй ён дзеліць свае супольныя радасьці і гора. Тут штодзенныя праявы сялянскага жыцьця, абагрэтыя прысутнасьцю "яе", узьведзены поэтай у дыямэнт стварэньня.

Апошні этап у мастацкім разьвіцьці беларускага песьняра ўяўляе сабой яго зборнік „Безназоўнае“. Тут мы ўжо знаходзім выразную спробу падыйсьці бліжэй да сучаснай савецкай дзейнасьці, тут ужо выразна выступаюць мотывы пролетарскай поэзіі, Янка Купала выяўляецца ў новай постаці песьняра Кастрычнікавай рэволюцыі. Мастацкі пэндзаль яго з захапленьнем рысуе шырокі размах пролетарскай рэволюцыі, якая ўскалыхнула ўсё сабой: "на'т беларускія межы ўсталі з залежы".

Рэволюцыя прынесла сабой сапраўдную свабоду:

Ня сьвісьціць ужо нагайка,
Ня гудзіць бізун.
Селі макам усе тыя,
Што нас, вольны люд,
Не шкадуючы памыяў
Аблівалі тут.
Барын веку дажывае,
Выгнаны Масквой,
Пан Варшаву прапівае,
Гонар панскі свой.
А мы самі, сабе самі
Ўжо гаспадары,
Малатамі і сярпамі
Звонім да зары.

Здабыткі рэволюцыі тым балей яскравы, што там, на Захадзе пануе зьдзек і ўціск:

Яшчэ дзесь здрадна ласка панская
На беларускім едзе карку
І круціць з подласьцю паганскаю
На свой лад нашу гаспадарку.

Ацэньваючы агульныя вынікі Кастрычнікавай рэволюцыі, Янка Купала ўзвышаецца да гістарычнага погляду, добра разумеючы, што гэта рэволюцыя ўяўляе сабой новы этап у сусьветнай гісторыі:

Пакінем спадчыну мы для патомкаў,
Інакшую ад тэй,
Што ўзялі мы ад продкаў на абломках
Гісторыі сваей.

З інакшай думкай пойдзе ў сьвет і людзі
Патомак гэны наш:
Згібацца ўжо ня будзе і ня будзе
Піць з недапітых чаш.

Дасталі сьцежкі, ад якіх прапасьці
Маглі мы ў бяспуцьці,
А кінем бітыя шляхі да шчасьця,
Абы умець ісьці.

Часам поэта адгукаецца ў сваіх вершах на злобы дня. Нарада ў Гэнуі, выйсьце 1000-га нумару "Савецкай Беларусі", юбілей беларускага песьняра Цішкі Гартнага, сьмерць Сьцяпана Булата,—усё гэта знаходзіць сабе водгук у лірыцы "Безназоўнае". Лепшым зьяўляецца верш на сьмерць Сьцяпана Булата, поэта праваджае ў магілу комуністычнага дзеяча словамі шчырага смутку і спагаданьня:

Задрамаў ты з доляй, з хвалай,
Жвір халодны прыгаруніў...
Ой, скасіла, ня спытала!
— Сьні, таварыш, аб Комуне.
Ты хапаў за косы сонца,
Думаў думку аб пяруне,
Што дух збудзе ўсёй старонцы...
— Сьні, таварыш, аб Комуне.

„Безназоўнае" пакуль што замыкае сабой даўгі шлях мастацкага разьвіцьця поэты. Першы і апошні зборнікі да некаторага стопня ўяўляюць сабой два процілеглыя полюсы творчасьці песьняра: на адным полюсе сум і мэлянхолія, на другім—радаснае прыняцьце сучаснасьці і бадзёрая вера ў яшчэ лепшую будучыну. Змаганьне сьвятла і ценяй, якое запаўняе сабой прастор паміж гэтымі абодвума полюсамі, кончылася, такім чынам, перамогай сьветлага пачатку...

І цені, і сьвятло ў творчасьці Янкі Купалы маюць свае пэўныя соцыяльныя і гісторыка-культурныя падставы. У лірыцы Купалы многа месца адводзіцца выразу індывідуалістычных настрояў, і гэты індывідуалізм поэты, думаецца нам, мае свае карэньні у ўмовах класявага пахаджэньня поэты. Сын дробнага працоўнага арандатара, Купала цесна зьвязан з сялянскай гаспадаркай, усё яго маленства і юнацтва прашло ў цяжкай працы земляроба. "Сяляне працуюць кожны на сваім палетку“, кажа М. М. Пакроўскі, "параўнальна рэдка дапамагаюць адзін другому, а калі прадаюць вырабы сваёй зямлі, тады ўжо зьяўляюцца супернікамі адзін другому. З гэтай прычыны ў селяніна не магла разьвіцца солідарнасьць".

Апроч соцыяльна-экономічнага фактару, разьвіцьцё індывідуалістычных настрояў у Купалы выклікалася і політычна-гістарычнымі акалічнасьцямі царскай рэакцыі, у багне якой прышлося выступаць поэце на літаратурную ніву. Назіраецца агульны соцыяльны закон, што калі дзейнасьць адпавядае ідэалам мастака, то ён адходзіць ад яе ў глыб сваіх уласных індывідуальных перажываньняў. Дзейства гэтага заксну асабліва выяўляецца на сучасных Янку Купале расійскіх поэтах і пісьменьніках. Так, Андрэй Белы заблытваецца ў непраходнай тхлані містыкі, Бальмонт сам сабой "забавляется и развлекается", Фёдар Салагуб будуе сваю тэорыю "Творимой легенды", Арцыбашаў і Анатолі Каменскі смакуюць палавую проблему, нават Валеры Брусаў і той аддаў належны падатак часу. У параўнаньні з музай гэтых прадстаўнікоў расійскага Парнасу, муза нашага беларускага песьняра аказваецца здаровай; Янка Купала ніколі не даходзіць да крайнасьцяй індывідуалізму, у яго мы хутчэй спатыкаем сынтэз індывідуалізму і грамадзкасьці. Пад уплывам жыватворчых павеваў Кастрычнікавай рэволюцыі поэта рашуча парывае са старой спадчынай і становіцца на бадзёры шлях пролетарскай творчасьці.

Ставячы на падставе агляду пройдзеных песьняром этапаў прогноз адносна будучай лініі яго творчасьці, можна спадзявацца, што гэта лінія будзе накірована ў бок яшчэ больш сьціслага і глыбокага падыходу да сучаснасьці. Можна спадзявацца, што сонца Вялікага Кастрычніка яшчэ больш яскрава і магутна асьветліць будучы творчы шлях песьняра сонца і зор.

г. Менск, 28 мая 1925 г.


  1. З некаторымі довадамі аўтара рэдакцыя не згаджаецца. Рэдакцыя

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.