Асеньнім вечарам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Асеньнім вечарам
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/29503


За хатай асеньнія шумы,
Чуць сьвеціцца ў хаце газьніца,
А думы, гаротныя думы,
Плывуць і плывуць, як крыніца.

Пяюць аб мінуўшым памінкі —
Бязрадасны гімн пражытому…
Быцьця свайго бачыш дажынкі,
Падводзіш рахунак былому.

І лічыш, і лічыш паволі
Удачы свае і няўдачы —
Чаго меў на сьвеце найболей,
Чым сьцежку жыцьця абазначыў.

І думка адна, злыбядніца,
Назойліва цісьне пытаньне:
Ці ж варта было і радзіцца,
Каб толькі цярпець безустаньне?!

(1913)