Арышты; Бяроза і Воля
Арышты; Бяроза і Воля Успаміны Аўтар: Уладзіслаў Паўлюкоўскі 1940 Крыніца: [1], [2] |
арыгінал лацінскімі літарамі |
Жнівень 1939 г.
[правіць]Што новы дзень, то ўсё гразьнейшы й страшнейшы для людзей: няўхільна прыбліжалася вайна Нямеччыны з Польшай. Аж 30 жніўня, расклеенымі ўночы плакатамі, была абвешчана агульная мабілізацыя. Ускалыхнулася сталіца колішняй, Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Пачаўся нястрыманы многімі яшчэ нябачаны рух выпушчанае з моцных сьціскаў спранжыны, каторая шалёна круцілася ў няведамым кірунку й гучэла незразумелымі гукамі, а рэха іх адбівалася ў сьведамасьці людзей шматлітарным словам - мабілізацыя. І з людзей мо'ніхто ня быў такім чулым да яе й так не праймаўся ейнымі гукамі, як Беларусы.
У самы дзень мабілізацыі ў Вільні былі арыштаваны: дырэктар Беларускай гімназіі Анцукевіч, рэдактар "Калосься" Шутовіч, рэдактар "Шляху моладзі" Найдзюк і працаўнік Беларускай Друкарні А.Шутовіч. Вестка аб арышце іх маланкай разьняслася сярод Віленскіх Беларусаў і сабою зацьміла ўсе іншыя весткі, зроджаныя рухамі мабілізацыі. У агульным хаосе іх тая вестка вырастала ў нейкі патвор і душыла самапачуцьцё кажнага шчырага Беларуса, каторы сваім інстынктам і інтуіцыяй чуў пачатак яшчэ горшага палажэння й прасьледу беларускай народнай справы, якія ўжо дагэтуль перабыліся.
- Што будзе?- азіраючыся на ўсе бакі пыталі адзін аднаго Беларусы.- Што нас чакае?
- Кепска будзе,- адзін другому адказывалі Беларусы, паціскаючы плячыма, бо на другое пытаньне ніхто не хацеў адказываць, каб не агарчаць свайго брата з вялікай Беларускай Айчыны.
Аж 1-га верасьня абвешчана вайна... У горадзе грукат, стук, натоўпы людзей, беганіна падводы, аўты, жаўнеры і... ўзрыды, плач. Плакалі мацяркі, жонкі, сёстры, дзеці. Яны праваджалі сваіх карміцеляў і апякуноў "на дарогу магутнасьці найясьнейшай рэспублікі" , як гаварылі тыя пілсудчыкі, што заржавелі на нятыкальных мясцох дзяржаўнай машыны... Пад вечар гэтага дня - над Парубункам - нямецкі самалёт, страляніна па ім... Сапраўды, вайна!
А змрокам і па змроку таго-ж 1-га верасьня зноў сьлёзы адчайнага плачу, але ўжо ў беларускіх, украінскіх, літоўскіх, нямецкіх і ў жыдоўскіх кватэрах і хатах. Па ўсёй Польшчы адбываліся масавыя рэвізіі й арышты "інародцаў", коштам і працаю каторых польскія паны тварылі дабрабыт сабе ды сваім "родаком і пшыяцёлом".
Мяне арыштоўвалі сышчык з паліцыянтам, зрабіўшы павярхоўную рэвізію маіх кнігаў. Пры рэвізіі толькі забралі зьбіраныя праз даўжэйшы час карты, пры помачы каторых я маніўся ўлажыць для Музею альбом гістарычных зьменаў на тэрыторыі этнографічнай Беларусі, забралі рукапіс хронологіі Беларусі й некалькі кніжак і пазычаных украінскіх газэтаў, а так-жа рукапіс Беларускага Сялянскага Календара на 1940 год. Забіраючы-ж мяне, паліцыянт і сышчык не казалі нічога ні аб прычыне, ні аб мэце арышту, а толькі падганялі хутчэй зьбірацца. Думаючы, што возьмуць мяне на кароткі час, я сьпехам сабраўся - на босыя ногі абуў камашы, на кашулю апрануў летні халацік і ўзяў курыць, як толькі-толькі на дзень. Мімаходам, з усьмешкаю на вуснах, разьвітаўшыся з заплаканаю жонкаю, выйшаў я з хаты. Мяне пасадзілі ў чакаўшую нас дрынду (вазьніка) й павязьлі на Сьвятаянскую вуліцу, у Сьледчы аддзел паліцыі.
Тутака ў асобным пакою мае праважатыя пісалі пратакол рэвізіі, а я пазіраў, як міма мяне ў суседні пакой прыводзілі й выводзілі з яго розных людзей - і мужчын і жанчын. Былі ўсякія між імі - і панаватыя й прасьцейшыя, і з клумкамі й з пустымі рукамі, і лёгка апранутыя, як і я, нават без шапкаў, і ў плашчох і польтах. Пазіраў я на іх і ўсьцішна рабілася, тым балей, што электрычныя лямпачкі былі абкалпачаны сіняю папераю, - а сэрца так неспа-койна й трывожна трапяталася, а ў галаве так і круціліся цяжкія думкі: "хаця-б ня білі, хаця-б ня білі". Аб тым, што пішуць пратакол не на месцы рэвізіі ды не пры пастароньніх сьведках, нічога ня думалася. Калі я падпісаў прачытаны пратакол, мяне зараз-жа перавялі ў той суседні пакой, які ўжо для мяне зрабіўся страшным. Тутака пры вялікім стале сядзеў пажылы, апрануты па вайсковаму нейкі пан, каторы перабіраў кучу папераў. Да кожнай паперы была прыколата чырвоная картачка. З мейсца, дзе мяне паставілі ў тым пакою, я глянуў праз ягонае плячо і здолеў прачытаць загаловак аднае чырвонае картачкі: - Розпорзадзене інтэрнованю (Распараджэньне аб інтэрнаваньні)... Так і выбухнула пякучая ўсё нутро маё цяжкая думка: "Няўжо-ж гэта мяне?... Няўжо-ж не вярнуся дамоў?" Павёў я імглістымі вачыма па сабраных людзёх - нікога знаёмага ня ўбачыў. Яшчэ не абтросься ад дабіўшай мяне цяжкай думкі, як за дзьвярыма пачуў грознае слова: "эскорта!" Зьявіўся паліцыянт і мяне павёў... павёў у "Цэнтралку", на Ігнатаўскай вуліцы.
Было ўжо за поўнач.
Усіх вітаю, што жылі,
Што за справу боль пілі.
Я вітаю ўсіх, што крочаць
Проста ў косы, проста ў вочы
Патарочы цёмнай ночы...
А цягнік... чах-чах-чах... і з кажнай мінутай прыбліжаўся да Бярэзы.
У самай Бярэзе.
[правіць]9 верасьня, каля гадз. 10-й, нас прывязьлі на ст. Бярэза-Картуская. Высадзіўшы з вагонаў, нас пералічылі й чацьвёркамі павялі ў лагер, як мы думалі. Да лагеру было кілёметраў 6, улева, як мы ехалі. Слабейшым, і ў каго было шмат рэчаў, паліцыя дазволіла наняць падводу; заплацілі за яе 6 злотаў, згары; грошы сабралі ў складку ад карыстаўшых. У палавіне дарогі зрабілі адпачынак. Пры дарозе сяляне капалі бульбу. Паліцыя загадала ім прынясьці некалькі вёдраў вады, за каторую арыштаваным запрапанавана было заплаціць "паводле сумленьня". Яшчэ мы аддыхалі й прагавіта пілі ваду, як міма нас з праціўнага кірунку прайшла вялікая грамада людзей, болей за 100. Ішлі яны чацьвёркамі, і, хоць былі акружаныя паліцыяй, але не ў такім ліку, як мы. Паміж іх пераважалі жанчыны, нават з дзяцьмі, меншымі й большымі. Ясна было, што гэта - выселенцы, а можа адпушчаныя з лагеру. Від іх быў сумны, твары худыя, толькі вочы блішчэлі, вопратка - лахманы, босыя, а калі хто быў абуты, то толькі для фасону... Па ўсім было відаць, што перажылі яны шмат гора, можа такога, якое й нас чакала...
- "Машыраваць!" - пачулася каманда, і мы пайшлі. Перад самым лагерам улева ад дарогі, віднеліся руіны нейкага муру й будынку... Прыпомнілася, што гэта руіны колішняга манастыра, заснаванага тутака езуітамі-картузамі, ад каторых і самая мясцовасьць назвалася Бярэзай-Картускай. Глядзеў я на тыя руіны й думаў аб дзівах часу... Бо-ж адгэтуль калісьці выходзіла сьвятло Хрыстовай навукі, прасякнутае любоўю да людзей, а цяперака побач з ім стала месца, куды хрысьціяне хрысьціянаў-жа вядуць на гібеньне, няма ведама за што.
Зьвярнуўшы ўправа і прайшоўшы кавалак пыльнай дарогі ўздоўж шчыльнага дошчак паркану, мы акружылі яго і ўзыйшлі на кобрынскую шашу - шырокую, з прысадамі й кветкамі з абодвух бакоў. Пазіраючы на галоўкі міленькіх астраў, гвазьдзікоў, мяне ахапіла ціхая прыемнасьць, але не надоўга, бо вось міма нас двух паліцыянтаў правялі групу самых праўдзівых бярэзаўскіх арыштантаў. Вопратка на іх была з шэрага зрэбнага палатна, на галовах мелі зрэбныя "лодачкі", як у польскіх жаўнераў-абозьнікаў. На плячах-жа, ва ўсю шырыню іх і вышыню лапаткаў, кажны меў вялікія, чорныя цыфры свайго нумару. Я, як мог, лавіў зрокам іхнюю лічбу й меней тысячы не заўважыў. На некаторых кашулі былі захварбаваныя крывёю...
Толькі пайшлі гэтыя нумараваныя ці апрячатаныя людзі, як мы сталі перад варотамі свайго месца быцця, каторае разьлягалася з абодвух бакоў шашы. З аднаго боку над варотамі віднеўся надпіс: "Мейсцэ одособненя в Бэрэзе Картускей", а з другога боку шашы, напроціў, бачыліся другія вароты ў такой-жа дашчатай і шчыльнай агарожы. Над імі быў надпіс: "Комэндант месца одособненя в Бэрэзе Картускей". - якія нявінныя словы, - падумаў я, акурат як "прыціснуты да муру!" Ціха й сумна стала.
З першых варотаў выйшлі іншыя паліцыянты, з гумовымі палкамі, пагутарылі з нашымі й гэтыя адыйшлі набок. Бярэзаўскія паліцыянты адразу паказаліся грубейшымі й вастрэйшымі. Пачуліся іхнія каманды. Жанчынам загадалі стаць асобна й пералічылі іх. З другіх варотаў выйшлі паліцыянткі з гумовымі палкамі й павялі жанчын за тыя вароты. Пералічылі й нас, як нейкія мёртвыя рэчы, без назоваў, аднолькавыя, бо нават не спраўджалі па сьпіску. Загадалі рухацца ў першыя вароты, скамандаваўшы: "Бягом!"" Толькі я ўбег за вароты, як над галавою пачуў новы крык "бягом" і адначасна з ім удар па плячах. Не глядзеў я, хто й чым ударыў, а пабег... Бягу... паміж паліцыянтаў стаяўшых у два рады і біўшых тых, што беглі прерада мною. Паліцыянты крычалі "бягом" і білі... а мы, як хто мог беглі,.. беглі проста, у лукаткі, ад адного раду паліцыянтаў да другога, пераганяючы адзін аднаго, папіхаючы пярэдняга, каб даць сабе дарогу, - кажны, як мог, як знаў, так ратаваўся ад біцьця, не глядзеў на свайго таварыша... Ня было тутака літасьці й гуманнасьці паміж людзей, каторых спаткала аднолькавая нядоля... А паліцыянты толькі крычалі "бягом!" і білі... Білі гумовымі палкамі, прыкладамі стрэльбаў, каламі, палеччамі, хто што меў у руках... Білі ад усяго сэрца й душы, разьюшаныя жорсткаю злосьцю, бо ў некаторых ламаліся ў руках палкі й палеччы. Страшна было бегчы ад адного ўдару пад другі, але павароту ня было... І мы беглі, стагналі, крычалі, раўлі... Беглі й падалі, куляліся адзін цераз другога, адзін другога тапталі й так мо'якіх 100 мэтраў, уздоўж аднаго трохпаверхавага будынку... Аж узьбеглі на нейкую дарожку ўздоўж драцяной агорожы, потым паміж дроту на нейкі пляц, акружаны калючым дротам. Цяперака нас біў кажны стрэчны паліцыянт, які толькі йшоў па гэтай дарозе... Захрапліся, засапліся, пагублялі свае клумкі, шапкі, парассыпалі свае пайкі хлеба з "Цэнтралкі", парвалі вопратку аб драты, пераганяючы й папіхаючы адзін аднаго... Гэта было нешта жудаснае, і ня біцьцё, а катаваньне. Катавалі на Лукішках у 1926 і ў 1927 гг., гэтак-сама азьвярэлыя людзі, але тое катаваньне то не зраўнялася-б і з трацінаю цяперашняга.
На пляцы, дзе мы затрымаліся, да нас падыйшоў паліцэйскі сяржант і, называючы нас інтэрнаванымі, абвесьціў рэжым. Вось некаторыя пункты яго:
1. бяспрэчная паслухмянасьць і ўважлівасьць як да паліцыі так і да "інструктароў" назначаных з пасярод нас;
2. пісаньне і атрымліваньне пісьмаў забаронена;
3. ніякія пасылкі, ні емінныя, ні з вопраткаю, да інтэрнаваных не дапускаюцца;
4. дакупліваньне ежы - забаронена;
5. найбліжэйшым начальнікам зьяўляецца "інструктар" - толькі ён можа дакладаць каманданту групы аб усякіх просьбах інтэрнаванага;
6. вопратка й хусьцё інтэрнаваным не даецца і хто ў чым прыехаў, у тым і будзе да канца інтэрнаваньня...
Многія з нас пры гэтым пазайздравалі таму, хто прыехаў ў цяплейшай вопратцы і ў лепшым вобую. Бяда й гора чакалі босых і лёгкаапранутых - а іх, ой, шмат было! А восень ужо чулася ў паветры, асабліва раніцамі.
Далей сяржант загадаў аддаць у дэпозыт грошы, дакументы й наагул вартасныя рэчы, а ўсякую дробязь, як грабяні, партманкі, папяросьніцы, лісткі й інш. выкінуць вон.
Пасьля гэтага з нашай групы выклікалі лекараў. З Беларусаў аказаўся толькі Арсень Паўлюкевіч. Дактары аглядзелі стан здароўя прыбыўшых, аддзялілі ад нас калекаў, слабых і старых і адвялі іх некуды ў іншую групу...
На дакторскім аглядзе шмат у каго на плячах і на руках былі відаць жоўтыя паласкі - гэта былі сьляды біцьця, удараў палак. Каму папалася мацней, дык палоскі былі ня жоўтыя, а чырвоныя, з падцёкамі крыві. У мяне-то былі жоўтыя палоскі на абедзьвюх руках, вышэй локцяў.
Калі ўсё тое рабілася, я, як мог, навокал глядзеў, што нас акружае... Нічога ня ўбачыў, толькі платы з калючымі дратамі, а за імі людзі й людзі, - сотні, тысячы стаялі ў радох, як мы. Горда й важна паміж тых прыгнечаных людзей хадзілі паліцыянты... Яны крычалі, лаялі, махалі палкамі й білі...
Да дроту, каторы аддзяляў наш пляц ад суседняга, з таго боку падбягалі людзі й прасілі хлеба...
- Хоць кусочак... Восьмы дзень тутака,- казалі яны.
- А скуль?- ціханька пытаемся.
- З Галіччыны,- кажуць,- ёсьць з Валыні, з Лэмкаўшчыны...
- А Беларусы ёсьць?
- Ой шмат: з Горадні, з Вялейкі, з Маладэчна, із Слонімшчыны, з Ашмяншчыны, Трок, з Чарэтхі, з Палесься... адусюль,- казалі яны.
Неўзабаве да нашага шэрагу падыйшоў іншы паліцыянт і пачаў крычаць і лаяць нас за тое, што мы - здраднікі, ня ўмелі шанаваць загадаў Пілсудскага, а слухалі Гітлера, што ўсе чэсныя цяперака на фронце, а мы - шкурнікі й дарма хочам есьці польскі хлеб і г.д. у гэтым духу. Кажны сказ пачынаў і канчаў ён польскаю лаянкаю "з курвы сын". Падчас свае "навукі" аднаго запытаўся, што ён казаў, і акурат папаў на маладога Украінца, каторы зусім не разумеў яго.
- Што я сказаў?- пытаецца азьвярэлы паліцыянт. Украінец маўчыць.
- Ах ты, з курвы сыне, ня хочаш гаварыць са мною!- крыкнуў паліцыянт,- Нагніся! Украінец нагнуўся й паліцыянт прылажыў некалькі палак, аж бедны Украінец скруціўся й завыў нечалавечым голасам.
Зноў жа, пачуліся з шэрагу галасы, што ёсьць адзін із зламанаю нагою (зламалі яму пад час таго біцьця - "прыняцьця"), дык той паліцыянт, ходзячы перад нашым шэрагам і махаючы палкаю ці каго б'ючы ёю, кажа:
- Я віджу яго, але ня бачу й ягонага стогну ня чую,- але ўсёж-такі дазволіў вынясьці яго на руках да дактароў, каторыя былі ў другім канцы нашага пляцу.
Адзін інтэрнаваны на грудзёх меў стужкі ордэнаў, дык гэты паліцыянт пазрываў іх, кінуў на зямлю й топчучы нагамі крыкнуў:
- Такія, як мы на фронце бароняць гонар найясьнейшай рэчыпаспалітае... Тутака толькі здраднікі, шпегі, з к... сыны,- і з гэтымі словамі ахнуў палкаю па ягоных плечах.
Доўга "навучаў" нас той паліцыянт, аж ногі забалелі стоячы і толькі чуваць было між нас:
- Вось папаліся! Канец будзе!
Калі ўжо ён скончыў, далі нам вады, пасьля каторай бегам пагналі ў памешканьне, дзе таксама некаторыя атрымалі гумовыя палкі за тое, што ўбеглі ў шапках.
Усіх агарнуў страх і тропат. Думалі, што гэтак будзе штодня. Аказалася-ж, што гэтак нас толькі спатыкалі, бо назаўтра тое самае паўтарылася з новымі двума групамі, прыведзенымі ў Бярэзу.
У адной групе было, між іншым, трох клерыкаў і з іх аднаго так білі, што той падаў пад ударамі, а як падымаўся й хістаючыся прабягаў некалькі крокаў, яго даганялі й ударамі палак зноў валілі з ног. Бедны клерык! Праз ўсё жыцьцё сваё ён будзе ясна ўяўляць, як Езус падаў пад крыжам... Двух клерыкаў то зручна ўцякалі, падняўшы свае сутанны, але і ім дасталося палак. У другой групе так-жа спрытна ўцякалі два маладыя сьвяшчэньнікі, каторых так-жа бязлітасна білі, як і клерыкаў.
Ад 1 верасьня да якога 10-га ў Бярэзу было сагнана тысячы людзей. Ня было ў Польшы такога павету, каб у Бярэзе не аказалася ягоных прадстаўнікоў. Але найболей было Украінцаў і Беларусаў. Пазьней мы даведаліся, што ўсіх інтэрнаваных у Бярэзе было да 10000 чалавек. Былі ўсякія: і маладыя і старыя, і здаровыя й хворыя, нават калекі - кульгавыя, гарбатыя, сьлепавокія, заікі... хворыя на падачку, а ў нашай залі быў нат адзін вар'ят, і ўсе былі "залічаны" ў катэгорыю "здраднікаў!" А як яны даставаліся ў Бярэзу, ня лішнім будзе прыпомніць хоць кароткае апавяданьне інструктара Келецкай групы:
"Нас арыштавалі 1 верасьня й сагналі ў Страхавіцах. Тутака нас паскоўвалі па двух і пехатою павялі. Ішлі мы болей тыдня, і толькі ўночы. Першыя дні тры то йшлі скаванымі. Калі ж нямецкія самалёты пачалі лётаць над галовамі й абстрэльваць нас кулямётамі, тады раскавалі, каб маглі лепей хавацца. Усё-ж такі аднаго з нас бомбы забілі. Так дайшлі мы да Берасьця, адкуль цягніком прывязьлі нас сюды... Нацярпеліся мы голаду, а найбо-лей - страху," - цяжка ўздыхнуўшы закончыў інструктар..
Гібеньне
[правіць]"Месца адасабненьня ў Бярэзе Картускай" займала ўвесь абшар колішніх кавалерыйскіх казармаў. Ён быў вялікі і навокал абведзены шчыльнаю дашчатаю агародкаю, па версе каторай быў калючы дрот, нацягнуты гэтак, як на агарожах меставых гароднікаў ці садаводаў. У паўночнай часьці гэтага абшару стаялі два вялікія трохпаверхавыя будынкі - адзін уздоўж Кобрынскай шашы, а другі - да першага ўпоперак. Вокны ў гэтага другога будынку былі з кратамі, у ім была кухня і прадуктавыя склады. Воддаль і з бакоў стаялі меншыя будынкі - шпіталь і будынкі гаспадарчыя. Паміж усіх гэтых будынкаў быў пляц муштраў, абведзены калючым дротам так густа і завіла, як драцяное загараджэньне перад акопамі. Пляц меў толькі адзін уваход, густа аплецены дротам збоку і зьверху. У сярэдзіне высокімі платамі з калючага дроту ён быў разьдзелены на чатыры кварталы. На іх былі ськіраваны два кулямёты - стаялі яны на адумысловых вышках, дзе бязвыхадна вартавала паліцыя. Рэшта абшару займаў агарод, у паўдзеннай часьці каторага віднеліся нейкія невялікія будынкі і будаваліся новыя. Апрача таго, на гародзе, бліжэй да пляцу, было некалькі зямлянак - баракаў.
Нашая Віленская група з далучанай групай Келецкай памяшчалася ў будынку бяз кратаў, што ля шашы і займала пакой №14.
Пакой гэты меў метраў 10 даўжыні, метраў 7 шырыні і метраў 5 вышыні. Сьцены былі чыстыя, выбеленыя і мелі 3 вакны, з каторых бачыўся ўвесь пляц. Праз усю вялічыню пакою, адступіўшы мо' па мэтру ад сьценаў, стаялі двухбочныя і двухпаверхавыя нары, з голых дошчак. Усіх нас у гэтым пакоі памяшчалася 140 чалавек, пры чым трэцяя частка спала пад нарамі, на падлозе. Нанач прыносіўся "кібіль" і ў пакоі чулася цяжкое паветра і задуха, куды горшая ад задухі ў 12-й цэлі "Цэнтралкі".
Будзілі нас а гадз. 6 і зараз жа бягом выганялі на пляц, за загарадкі кварталаў, адкуль так жа бягом прыганялі а гадз. 4-ай.
На пляцу мы станавіліся ў двушэрагі, з кожнае залі паасобку, і, нягледзячы на надвор'е, стаялі аж да 4-й гадз. вечара. Тутака з намі праходзіліся вайсковыя муштры, каторыя вёў інструктар групы - такі самы інтэрнаваны, але быўшы ў войску. Інструктарам віленскай групы быў дэнтыст Нэўфельд, Немец, каторы ля сябе і трымаў Немцаў-памочнікаў. Муштры нашыя складаліся з гімнастыкі, паваротаў і навукі ходу і бегу. Апрача гэтага яшчэ вучылі "мэльдавацца" розным - старшым і ў розных магчымых выпадках. Непаваротлівых, непапраўных або адсталых інструктар падвучываў біцьцём або бегам пад каманду: "Падай - устань!". Іншы раз іх біў паліцыянт гумоваю палкаю калі рабіў праверку, як ідзе загаданая муштра.
На адным квартале пляцу вяліся карныя муштры. Яны складаліся з ходу на карачках (жабка), або з качынага ходу (жабка з паднятымі рукамі), паданьня і паўставаньня цэлаю групаю ды поўзаньня, на манер, як поўзаюць вужы. Карныя муштры вяліся хоць тым жа інструктарам, але ў прысутнасьці паліцыянта, каторы сам назіраў за іх ходам і ўдарамі палкі папраўляў усякія пахібы. Карныя муштры нашая група таксама мела.
Праз цэлы дзень з шэрагаў не дазвалялася выходзіць ні па якой прычыне. Здаралася, што над пляцамі праляталі нямецкія самалёты - мы тады падалі й нярухома ляжалі, схаваўшы галаву... Ах, як было добра гэта! Як было добра змучаным муштрамі ці стаяньнем!
На пляцу муштраў нам давалася цёплая страва - "сьнеданьне" і "абед", а іншы раз то адно што-небудзь, бо кармілі нас нерэгулярна. Але ці было "сьнеданьне", ці "абед", ці давалася адзін раз, ці два разы ў дзень, то ўсё роўна літр на двох чалавек - крупніку або прасянога пойла, падкалочанага жытняю мукою і нібыта заскваранага. Раз я, зачэрпнуўшы з самага дна міскі, палічыў крупы ў лыжцы - і налічыў нешта каля 10-х крупінак. Страва была іншы раз пасоленаю, хоць слаба, а іншы раз зусім бяз солі. Сталоў ня было, а елі з каленаў, дзеля чаго садзіліся "па-татарску" на тым самым месцы, дзе стаялі.
Міскі і лыжкі пераходзілі з групы ў групу - індывідуальных ніхто ня меў.
Хлеба давалі ўсяго па 100 грамаў на чалавека, баханку на 20 чалавек. Хлеб быў то недапечаны, то перапечаны, так што скарынка была горкая, але яе ніхто ня кідаў. Хто яшчэ меў пайкі з "Цэнтралкі", або запас ежы з падаянкаў ці з дому, то трымаўся добра. А ў каго гэтага ня было, то ўжо пад канкец тыдня быцьця ў Бярэзе адчувалася недаяданьне. У мяне, напр., кружылася галава і цямнела ў ваччу - з гэтымі праявамі я быў знаёмы яшчэ з Лукішак, але тутака яны наступілі вельмі борзда.
Вада была дарагім дадаткам. Прабылі мы ў Бярэзе 8 дзён і ніхто ні разу не памыўся. Ня толькі мыцца, але мыць міскі і лыжкі ня было чым. Міску чысьцілі пяском, перад гэтым напляваўшы ў яе, а потым шапкаю або палом выціралі, лыжкі таксама чысьцілі пяском. Пясок бралі проста з-пад ног, дзе хто стаяў, не разьбіраліся, ці ён быў апляваны, ці абхарканы. Вады да піцьця давалі вядро на залю і з падзелу прыходзілася болей-меней 3/4 шклянкі на трох чалавек. Піць ваду давалі перад сном.
Як ужо гаварылася, на муштры і з муштраў нас ганялі бягом. Бягом ганялі і некаторым "карным" групам загадвалі паўзьці ў тое месца, куды звычайна ходзяць пехатою. Было яно ў канцы аднаго кварталу і прадстаўлялася доўгаю ямаю, мэтры 2 ўглыбкі, адкрытаю з усіх бакоў. Над ямаю былі прымацаваны дзьве дошкі, з каторых пры малейшай неасьцярожнасьці лёгка было зваліцца. Часу давалася адна мінута, а калі хто не пасьпеў, дык прыстаўлены крыміналісты з №2250 зганяў з занятага месца, б'ючы яго палеччам ці цырубалкам.
Афіцыяльна дзень канчаўся паверкаю а гадз. 6-7, у часе каторай інтэрнаваныя выбягалі на калідор і станавіліся ў шэраг, папарадку і асобна з кожнага пакою.
Так і цягнулася нашае жыццё, аднастайна, сумна, дзень ад дня страшнейшы, бо тэрмін канца нашае высылкі быў далёка, далёка. Кажны ў памяці трымаў, каторы дзень у Бярэзе, бо ні даты, ні дня ніхто ня ведаў.
Прабыўшы некалькі дзён і штодня бачучы беганіну людзей, я прыйшоў да вываду, што беганьне тутака было сумысьля ўведзена, як спосаб марыць чалавека. Бо бегалі ня толькі мы, інтэрнаваныя, але і крыміналістыя з сваімі вялікімі нумарамі на плячах. Бегалі яны ня толькі паасобку, але й цэлымі групамі. Ня раз можна было бачыць, як паліцыянт ехаў на ровары, а за ім ці перад ім беглі нумараваныя людзі... мабыць на работы. Нават тыя, што вазілі ваду бочкамі, і то іншы раз подбегам цягнулі бочкі.
Паміж інтэрнаваных чулася, што рэдка хто вытрымае ад такога жыцьця. З яды, то хто мацнейшы целам, дык, можа, дачакаецца звальненьня, але з гігіенічных варункаў - то ня было надзеі. Мара тыфусу ці іншай галоднай хваробы так і гнятлі ўсякую думку, так і сьціскалі сэрца...
Ужо некалькі гадоў, як існуе гэтая Бярэза з сваёю асабліваю сістэмаю марэньня чалавека. Шмат хто ў ёй пабываў, але ня было чуваць, як там жылося. А гэта дзеля таго, як потым я дачуўся, што ад звольненай з Бярэзы асобы паліцыя брала падпіску-прысягу - нікому і ніколі не казаць аб тым, што бачылася і што перажылося ў ёй.
Але мы гэтага не дачакаліся!
Воля.
[правіць]Як ужо гаварылася, віленская група была інтэрнавана на працяг 3-х месяцаў, усе-ж іншыя групы з другіх частак Польшчы - толькі на адзін месяц. Дык мы спадзяваліся, што бяз ніякіх захадаў на "одволане" віленскай групе скароцяць час прабываньня ў Бярэзе, раўнуючы яго з часам інтэрнаваньня іншых групаў. Гэта была маленечкая надзея на перамену нашага палажэньня, а большая на гэта надзея крылася ў вайне. Бо як ні былі мы аддзелены ад сьвету, як ні сьціснуты жорсткім рэжымам, усё ж да нас даходзілі сякія-такія весткі аб ёй. Мо' яны не суадказвалі рэчаістасьці, але крапілі нас на духу і падтрымлівалі вытрываласьць.
Нешта каля 15 верасьня Я. Найдзюк, пайшоўшы на перавязку свайго пальца, даведаўся ад док. Паўлюкевіча, што немцы занялі Берасьце і Беласток. Па 15 верасьня заўважалася нерэгулярнасьць у выдачы ежы... Да таго ж, калі некаторыя з нашай групы зьвярнуліся да сяржанта ў справе "одволаня", то той з прыемнасьцю ў голасе парадзіў пачакаць пару дзён - тады, быццам, высьветліцца палажэньне ўсіх інтэрнаваных.
З 16 на 17 верасьня цэлую ноч каля казармаў езьдзілі падводы, а ў далейшых гаспадарскіх будынках - гарэла сьвятло і пішчэлі сьвіньні, чаго папярэднімі начамі ня было. Дагадваліся мы, што паліцыя нешта вывозіць. А калі 17-га верасьня той жа Найдзюк пайшоў на перавязку, то прынёс вестку, што немцы нібыта занялі Кобрынь, а бальшавікі - Баранавічы.
Гэтая вестка была для нас такой неспадзяванай і дзіўнай, што ўзбударажыла ўсіх. Пайшлі дагадкі, толкі і спрэчкі аб тым, як з намі паступяць палякі, каторыя, як нам здавалася, у хуткім часе пакінуць Бярэзу. Адны казалі, што ўсіх нас пераб'юць або патруцяць газамі, іншыя - што нас пакінуць на волі, а яшчэ іншыя - што нас перададуць у поўным парадку новай, зарганізаванай з мясцовага жыхарства, уладзе. Усе былі ў напружаным стане і ў тропатным настроі. Выціснутаю сілаю волі ўсе стараліся скрыць гэта як ад самых сябе, так і ад паліцыі, калі яна выганяла на пляц. Зазначыць трэба, што у гэты дзень муштраў ня было, а на пляцы толькі давалі абед.
У вечары і да познай ночы мы чулі і прыглядаліся маланкам і бязупынным грымотам. Гэта была, як пазьней мы даведаліся, бітва немцаў з палякамі за Кобрынь. А звонку казармы былі чуваць гукі нязвычайнай язды, беганіны, неспакойных гутаркаў і нявыразных воклічаў.
Так цягнулася мо' за поўнач, а калі гэта скончылася, ніхто з нас не заўважыў. Толькі 18-га раніцай, калі яшчэ было цемнавата, як перад вокнамі нашай казармы пачуліся галасы:
- Таварышы, Вольныя!
Усе ўсхапіліся са сваіх мясцоў і кінуліся ў вокны.
У суценьні сьцюдзёнай раніцы заўважылі мы некалькі мужчын, каторыя хадзілі перад казармаю ад акна да акна і казалі:
- Нікога няма - вольныя!
- А паліцыя? - чуецца пытаньне з нутра казармаў.
- Уцякла! У Кобрыні - немцы, у Баранавічах - бальшавікі, а палякі - на Палесьсі, - адказваюць мужчыны.
Гэта ашаламіла ўсіх. Борзда пачалі апранацца і зьбіраць свае рэчы, а тым часам паднялася гутарка, як нам быць. Гутарка, спачатку перарывістая, быццам баязьлівая, хутка перайшла ў неспакойны і нэрвовы гоман, з каторага вырываліся рэдкія выкрыкі: "чакаць сьвятла!", "правакацыя", "болей спакою!".
Але дзе там... З кажным мамэнтам гоман станавіўся мацнейшы, біла з яго рашучасьць і адвага. А жаданьне волі, імкненьне вырвацца з ненавіснага месца былі такія ўпорыстыя і так пхалі кожнага, што прападала ўсякая развага і ламаліся наймалейшыя праявы асьцярожнасьці...
На калідоры паняслося рэха стукаў і ўражджаньня... Гэта болей сьмялейшыя з натоўпу яшчэ дрыжачымі рукамі вырывалі вокны, зьнімалі з завесаў дзьверы, а то і выбівалі іх... У зробленыя праходы кідаліся людзі з сваімі клумкамі і кумяльчом ляцелі... на панадворак, дзе гуртаваліся, хваляваліся і гаманілі... пахлынаючы тых мужчынаў, каторыя для ўсіх абвесьцілі дарагую волю.
На панадворку перад казармаю ўжо бегалі жанчыны, прыйшоўшыя з свайго аддзелу. Яны шукалі стрэчы з сваімі бацькамі, мужамі, знаёмымі, што цудам вырваліся з ашчарэпіўшых лапаў ужо падбітага польскага арла... што цудам вымкнуліся з пасьці галоднае сьмерці, на каторую паслаў іх польскі генерал Складкоўскі... І вось адна ўбачыла... Кінулася на шыю і заенчыла, як бы ад вялікага болю:
- Татачка, родненькі, карміцель наш! - Абое плачуць, плачуць ад радасьці, якой мо' ніколі ня было ў іх. Знайшла другая... мужа!
- Міленькі, наймілейшы, ізноў мы разам, - і з гэтымі словамі прыціснулася да ягоных грудзёў і дрыжачымі вуснамі ўпілася ў ягоныя...
- Вось стрэча, такой ня было між нас, - цалуючы ў руку нейкай жанчыны казаў яе знаёмы.
- Мо' , Бог дасьць, і ня будзе, - з радаснаю ўсьмешкаю, з радаснымі сьлязьмі на вачох, адказала жанчына і пачынала апавяданьне аб сваім гібеньні.
- Яны думалі, што мы зьгінем... Не, мы жывём, бо мы - за праўду! - нехта казаў, слухаючы яе апавяданьне.
Няма слоў выразіць тыя пачуцьці, што ўзьнікалі ў стрэўшыхся блізкіх да сябе людзей, каторых польскія ўлады сілаю разлучылі... Болей таго, няма слоў, каб апісаць нават вонкавыя праявы радаснага спатканьня, а, можа, ускрашэння. Трэба ня толькі быць вачавідкам яго, але і хоць крышку перажыць разлуку з мілым, блізкім да сэрца чалавекам... Гэткія стрэчы рэдка трапляюцца ў жыцьці людзей.
А на панадворку і на пляцох людзі гуртаваліся, гаманілі і хваляваліся. Мо' доўга цягнулася б гэта, каб ня страх перад небясьпекаю... Чуваць былі галасы разважнейшых, каб хутчэй ісьці, бо можа напасьці адступаўшае польскае войска і памсьціцца на нас... Але як ісьці, калі дакумэнты ў дэпазыце... Рашылі дастаць іх, а тымчасам на пляцох людзі пачалі гуртавацца... Толькі і чуваць было:
- Львів, Коломыя, Зборів - сюды!
- Наваградак, Вільня, Горадня, Беласток - сюды!
Пакуль шукаліся дакумэнты падахвочанымі асобамі, пакуль гуртаваліся паводле мясцоў свайго сталага быцьця, - гурмы сьмялейшых людзей бурылі склады, разьбівалі вокны, білі дзьверы і, ўрываючыся ў розныя закануркі, цягнулі адтуль хлеб, соль, гарох, цукер, вопратку, вобуй, - хто што знайшоў і каму што трэба было. Людзі ціснуліся ў закануркі складаў, перліся адзін цераз другога, лаяліся, дакаралі, пагражалі... Крыміналістыя ськідалі сваю нумараваную вопратку і, пераапрануўшыся ў знойдзеную на складах, мяшаліся разам з інтэрнаванымі. Натоўпы людзей бегалі ад будынку да будынку, цягаліся па гародзе, пляндруючы дашчэнту грады морквы, бручкі, памідораў - кажны рваў, што хацеў і колькі мог... Досыць доўга трывала гэтая "воля руйнаваньня", аж нарэшце ў ціску і з крыкам былі разданы кажнаму дакумэнты і ўсе з пляцоў рынуліся на Кобрынскую шасу.
На шасе, перад пакіданым месцам гібеньня, колькітысячны натоўп яшчэ раз перагрупаваўся цяпер на аддзелы, у залежнасьці ад кірунку маршу. Жыды і беларусы-сяляне з усходніх паветаў Зах. Беларусі ўзялі кірунак на Баранавічы, а немцы і ўкраінцы рашылі ісьці ў кірунку Кобрыня, бо дарогу ўважалі ўжо ачышчанай і бясьпечнай. Да іх прылучыліся і мы - жменька Віленскіх меставых беларусаў і жменечка Віленскіх расейцаў.
Ад Бярэзы да Кобрыня лічылася 54 кіляметры, але гэтая далечыня нікога не палохала. Аддзелы рухнулі і, выйшаўшы на канец агарожаў, разьдзяліліся і пайшлі па дарогах выбраных кірункаў. Мы з украінцамі пайшлі проста... пад гукі нацыянальнай украінскай песьні, каторая магутным сьпевам лілася з сотняў грудзёў, радасна дыхнуўшых восеньскім паветрам Беларускага Палесься. На перадзе нашага паходу хістаўся белы сьцяг, зроблены з шырокага ручніка, а за ім ішлі вызваленыя з няволі людзі - ішлі бадзёра і ў магчымым парадку... Час ад часу ўздоўж паходу пралятала каманда: "Дарога вольная!" А па ёй ужо і праяжджала некалькі ровараў, знойдзеных у Бярэзаускіх складах ці мо кінутых уцякаўшай паліцыяй. Далёка па шасе расьцягнуўся наш паход, ня было відаць ні пачатку ні канца яго... А як параўняўся ён з хатамі хутароў і вёсак, што шырока раськідаліся воддаль шасы - дык да нас, праз палі, беглі сялянкі і сяляне з кашолкамі, збанкамі, з вёдрамі... На стрэчу ім так-жа праз палі, праз загоны беглі з паходу галодныя людзі.
Сялянкі і сяляне давалі хлеб, малако, гуркі, памідоры, садовіну, нават масла і сала, і з дамешкаю украінскіх слоў казалі:
- Родненькія, падкрапецеся... Ведаем, як вас марылі, - мы-ж тутэйшыя.
Добры і спагадлівы народ! І ня гледзячы на іх украінскі акцэнт, так і чулася шчырая гасьцінная беларускасьць, якую ў часе сусьветнай вайны назіраў я і ў Менскай і ў Віцебскай Беларусі. І гэтая беларускасьць была Менскай, каторую палякі дзеля полонізацыйных мэтаў выдзелілі ў асобную групу - Палескую, дзе, быццам, праяўляўся дух палешукоў, "сзцзэпу посьрэднего медзы бялорусінамі і ўкраінцамш".
Пакуль хто што еў, ці напаўняў свае кішэні "у дарогу", сялянкі спагадліва казалі:
- А родненькія, намучыліся, бедныя... І нас-жа намучылі гэтыя каты - ужо проста душу выймалі.
- А зьніклі і прапалі, як дым, бо не на сваім сядзелі, - выясьнялі іхнія мужчыны.
І гэтак было мо' на працягу пяцёх кілёметраў, пакуль мы не ўвайшлі ў лес "Кобрынскага падлясьніцтва". Тутака ў вадным месцы бачылі польскага ахвіцэра-ўлана з некалькімі жаўнерамі - яны, скорчыўшыся, сядзелі пад дзеравам і пазіралі на нас саромлівымі вачыма.
- Гэта абаронцы "найясьнейшай" Рэчы-паспалітай - мінаючы іх, заўважыў нейкі ўкраінец.
- Лепей-жа самому астацца жывым, калі зьгінула "Ойцзызна", - паясьніў нехта іншы з украінцаў.
- А вось дзіва, - даняслося з другога канца паходу, - што Бярэзу разбурылі тыя, для каго была яна празначана палякамі!
- Ага, гэта таксама як-бы "Цуд над Віслаю"...
Так ішлі мы праз палескі лес, успамінаючы ўсё, што было з намі за 8 дзён гібеньня. Гутаркам ня было канца. Рысказывалі адны, што шукаючы гародніны на Бярэзаўскіх градах наткнуліся на паколатых трупаў з цывільных людзей. Было іх каля 15 і ляжалі ў аднэй яме, за баракамі. А другія казалі, што за гаспадарскімі будынкамі бачылі 4 трупы - гэтыя быццам былі расстраляны. Чуючы гэткія сумныя расказы, успомнілася мне, як увечары 17 верасьня паліцыя шукала па пакоях нейкага Вэрнэра - напэўна ён быў паміж тых трупаў...
Увечары, па змроку ўжо, дайшлі да р. Мухаўца. Мост на ім быў спалены. Прыйшлося пераходзіць раку па жэрдках, паложаных у вадзе, а самым падкасывацца за калені. А было хіба каля поўначы, калі пярэднія і здаравейшыя былі ў Кобрыні. Цэнтр паходу заначаваў у ваколіцах вёскі Жуцэвічы, у 5 клм ад гораду. Начаваць тут быў змушаны ён весткай, прысланай д-рам Сайковічам, што немцы дзеля ночы і ваенных абставінаў у горад ня пускаюць.
Мы, беларусы, заначавалі ў самай вёсцы, пад стогам саломы, пры гумне аднаго гаспадара, хата каторага стаяла пры самай дарозе.
Цераз фронт - дамоў!
З Кобрыня да Берасьця.
19 верасьня, толькі пасьвятлела, мы рушылі ўдарогу, і цераз нейкую гадзіну ізноў дайшлі да Мухаўца, працякаўшага ля самага Кобрыня. Цяперака пераходзілі яго па дошках, перакінутых з плыту на плыт, каторыя стаялі на барбарах і шырыгах, паабапал спаленага вялікага мосту.
У Кобрыне кажды з бярэзаўцаў затрымліваўся на дварэ вастрогу, ужо пакінутага, як тымі, што сьцераглі замкоў, так і тымі, што за замкамі гібелі і чакалі дарагой волі. Цэлі вастрогу былі паадчыняныя, кажды мог цікавіцца месцам духовага а мо' і фізычнага цярпеньня папаўшага сюды чалавека. Але мала было гэткіх ахвотнікаў. Большасьць поркалася ў адчыненых вастрожных складох, дзе кажды браў патрэбныя сабе рэчы - вопратку, хусьцё, менажкі, кубкі - некаторыя бралі кніжкі і відакоўкі - уласнасьць былых арыштантаў. Выйшаўшы з складу....
Улад Ініцкі