Перайсці да зместу

Арка над акіянам (1932)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Арка над акіянам
Паэма
Аўтар: Пятро Глебка
1932 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Арка над акіянам.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пятро Глебка

арка

над

акіянам

ПЯТРО ГЛЕБКА


АРКА НАД АКІЯНАМ

ПОЭМА


ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ
ЛіМ

МЕНСК

1932

Адзін быў высокі, як гора, худы, —
адзнака, што зносіў і ліха і кепствы, —
чарнявай чупрыны скудлачаны дым
на брыль узьвіваўся з-пад кепкі.

У постаці гэнай адчулі красу
і сілу лясоў беларускіх:
чало упрыгожыў адценьнямі сум,
а радасьць гуляла на вуснах.

У сьмелых абрысах шырокіх брывей
лягла назаўсёды ўпартасьць;
суседзі казалі — „такі чалавек —
нашчадак далёкае Спарты“.

Кагалам шукалі спартанскіх манер,
у жылах — крыві каляровай,
Ды толькі дарэмна — ён быў інжынэр,
Антон Аляксандраў Яновіч.

Другі незнаёмы — маленькі зусім,
прычэсаны гладка да глянсу;
на носе пэнснэ залатое насіў,
наогул, выглядаваў франтам.

Зіялі лякеркі, як шкло, на нагах,
зіхцеў пазлацанасьцю гальштук;
быў ветліў з усімі, як толькі ільга,
і асабліва з начальствам.

Калі запытае пра што інжынэр —
лагодны адказ: „калі ласка!“
і голаў нахіліць, як можна, ніжэй,
да сэрца прыціснуўшы ляску.

Гукне вокамгненна старшому аўто,
малодшага ўзяўшы пад руку,
спытае пра жонку, пахваліць пальто,
раскажа, што пішуць у друку.

Выконваў сьціпла загады усе,
да сьмерці гатоў быў старацца.
Ён быў інжынэру і блізкі сусед
і першы намесьнік у працы.

Чамусьці усё-ж ня любіў інжынэр
ні мовы яго сакавітай,
ні тонкіх, да прыкрасьці тонкіх манер,
і толькі хваліў працавітасьць.

Затое ў свойскім знаёмым кругу
хвалілі яго бяз прычыны:
— Які ён прыветлівы, добры наш друг!..
— Які далікатны Яцына!..

(Ласкавы чытач мой, Яцыну заўваж:
ён будзе таксама героем,
хоць можа да густу ня прыдзецца вам,
разбурыць суладнасьць настрою).

Сяляне аднолькава стрэлі гасьцей,
агледзелі, стрэўшы, уважна:
— Вось гэны — каторы апранен чысьцей,
напэўна, начальнік больш важны.

Яновіч спытаў у іх:
— Дзе сельсавет?
— А вось, калі трэба — пакажам. —
І грузны, высокі, як дуб чалавек
пайшоў з інжынэрамі разам.

Вярнуўшыся доўга расказваў усім,
як толькі ільга, гіронічна:
— Балота надумалі тут асушыць,
а з торпу рабіць электрычнасьць.

Сьмяяліся з выдумкі гэтай усе:
— Нічога ня будзе з работы…
— Няхай сабе трацяць дабро пакрысе,
а нам вось — абы заработак.

І толькі адзін, маладзейшы за ўсіх,
заўважыў вясёла і жвава:
— Зямлю можна гуртам перакруціць, —
ня то што балота управіць.


II. ЯК МОЖНА АПЛЯНАВАЦЬ БАЛОТА

Хто ня бачыў палескіх паводак вясной,
той ніколі прыгожай ня знаў панорамы:
Чайкі, плаўна махаючы белым вяслом,
не дасягнуць сыйсьціся ніяк з берагамі.

Берагі адыходзяць, паводка расьце,
паляшук у сьвяточным кужэльным адзеньні
яшчэ ўранку чакае на выспу гасьцей,
але толькі увечар, убачыць, сустрэне.

І прабудзе нямала на высьпе той госьць,
як-бы дзе ў чужаземным, далёкім палоне,
покуль хвалі ўцешаць няўтольную злосьць
І павольна сыходзіць пачнуць з абалоны.

Як спрадвеку, таксама і ў гэту вясну
паглядалі сяляне ў бязьмежнае мора:
— Можа друга пазнаюць свайго па вяслу,
можа з сынам каханым убачацца скора.

Але ціха вакол, і куды ты ні глянь —
ні каханага сына, ні любага друга:
балаты і вазёры — суздром акіян,
адзінокая чайка плыве валацугай…

Дваццаць пяць весьляроў апусьцілі вясло,
ловяць пальцамі тонкі цень багавіньня;
яны зьмералі шыр непраходных балот,
адплываюць павольна цяпер на спачынак.

І калі даплылі ўжо да цьвёрдай зямлі, —
люстравалася пушча ў празрыстасьці хваляў
і здалося, стаяць пад вадой караблі,
што затоплены некалі ў часе навалы.

Гэты вобраз красы, як дабытак вякоў,
кінуў кліч паўставаць на змаганьне ізноўку.
Схвалявалася бурна гарачая кроў
і Яновіч падаў весьляром дыспаноўку:

— Покуль павадка йдзе, прасьціраючы шлях,
трэба зьмераць глыбінь гэтых нетраў дзівосных,
бо пасьля недаступнаю стане зямля, —
налягайце мацней, мараходы, на вёслы.

Разыходзяцца кругі,
замыкаюцца кругі,
пырскі крохкія, як шкло,
узьлятаюць пад вяслом!

Устурбованыя хвалі
чайку плаўна залюлялі,
адыходзіць яна ў даль,
замыкаецца вада.

А вясна узьлёты песьціць:
— Засьпявайце, хлопцы, песьню,
хай усплёскамі ад слоў
выгінаецца вясло.

Разыходзяцца кругі,
замыкаюцца кругі…
Падхапіў вясёлы хор
стройны песенны акорд:

Песьня:

Вышай, таварыш, вясло!
Чайка імчыць да ясноты.
Толькі зімой і вясной
нас ня пужае балота:

павадкі сіняй шляхі
не беражэ перашкода;
белай раўніны сьнягі
такжа вядуць да ясноты.

Лета і восені дні
нас падняволяць стыхіі.
Гэй-жа наперад, чаўны,
коні мае залатыя!

Вышай, таварыш, вясло!
Чайка імчыць да ясноты.
Толькі зімой і вясной
мы непакорны балоту!


III. ЗГАДКА ПРА ЗАУТРАЕ

Які заблытаны хаос,
а мо‘ гіронія прыроды:
налева скрозь, вазёры скрозь
і непраходныя балоты.

На ўсход-жа сонца ад балот
пяскі рассыпчата жаўцеюць;
працята смагай навылёт
зямлі спустошанае цела.

Узгоркі зганьбілі уздым,
прасьцерлі гладкія далоні
і чарадою да вады
зьбягаюць чорныя адхоны.

Уткнуўшы нізкія ілбы
у камяністы цьвёрды бераг,
спадаюць стромаю, як-бы
свае раты на воду шчэраць.

Як толькі-ж хваля набяжыць —
ваду рачную смокчуць смагла:
ніяк ня могуць атушыць
сваёй няўтольнай вечнай смагі.

У гэты край — пустэльны сад
вітаць вясновыя заранкі,
свае проекты расказаць
хадзіў Яновіч на гулянку.

На стромкім беразе ракі
стаяў ён доўга у задуме;
шумелі крыльлем ветракі,
як неўтаймованыя думы.

Тут і лятункі расьцьвілі
мігценьнем пышным каляровым
пра лёс натруджанай зямлі…
Але раскажа лепш Яновіч.

Яновіч:
Краіна вечная туманаў,
лясоў шумлівых і лазы,
яшчэ ня скончаны паўстаньні —
ты чуеш, клічуць галасы!

У вёску горад шле сыгналы:
пара ісьці ў апошні бой,
паўстаць узьюшанай навалай
супроць звычайнасьці старой.

Ў адказ на шчырае вітаньне
запульсавала бурна кроў;
ідуць на новае змаганьне
сыны учорашніх рабоў.

У першых шэрагах армейцаў —
гідраўлікі жыцьцёвых хваль,
каб бяз крыві людзкай і сьмерці
навукай сьвет пабудаваць.

Я чую, любая краіна,
Я чую гэную хаду:
цяжкія крокі індустрыі
да перамогі нас вядуць.

Наперакор ліхой стыхіі,
на гэтай згруджанай жарсьцьве,
узьняўшы вежы залатыя,
прыгожы горад расьцьвіце.

Узьляжа ён красой чыгуннай
на плечы згорбленыя гор
і прабягуць тунэлі вуліц,
умітусь выснуюць узор.

Уранку высьцелецца густа
ад новых фабрык чорны дым,
і расьцьвітуць заместа пушчы
зялёнакосыя сады.

Я веру ў гэтыя лятункі,
загоцім долі нашай гаць…
Імкнецца вораг злосны тунна,
бо мы ня станем удыгаць.

Ад наканованае заспы
тварцы ўздымаюцца на кліч.
Я першы высыплю тут наспу —
хаос у стройнасьці злучыць.

Замкнём развой навал у шлюзы
і ажыве электрастан…
Ён будзе сымболем саюзу
тварцоў — рабочых і сялян.


IV. ПРАЦА ПАЧАЛАСЯ ВОКАМГНЕННА

Начавалі зоры на узьлесьсі,
устурбованых насьнілі сноў:
пад нагамі нечымі у лесе
чулі ў ночы шэлест верасоў.

Даняла трывога галасамі
задумённасьць вечную зарніц:
— Можа хочуць людзі над лясамі
запаліць уласныя агні?!

Неспакойна досьвітку чакалі,
каб даведацца якіх прычын,
але сон закрыў павекі шалем
і пашлі зарніцы на спачын.

Прыпыніўся месяц на адкосах
і абліччам, нават, пацямнеў:
прыглядаўся доўга на дзівосы,
ды ня мог нічога зразумець.

Выдавалася, што белы мошаст
на пяскох пажоўклых пабялеў;
нязьлічоныя мільёны мошак
аж кішаць у скошанай траве.

— От наладзілі-ж паганы вэрлах,
зьнепакоілі высокі мой пасад, —
пасьмяяўся месяц ціхі зьверху
і пайшоў паволі у свой сад.

Толькі сонца выведала тайну,
на пустэчу глянуўшы здалёк:
на пляцы электрастану
будаваўся новы гарадок.

Узрасьлі будынкі вокамгненна
(разьвінуўся утрапёны лёс),
быццам волат, сьціснуўшы у жменю,
іх сюды аднекуль перанёс.

На пяскох здратованых сьлядамі,
як узгоркі, высяцца шатры…
Воблік створанай зямлі вякамі
рух людзкі за ноч ператварыў.

І мільёны грабараў і цесьляў
на работу сталі ад цямна:
— Трэба воту дадзеную зьдзейсьніць,
трэба край да радасьці узьняць!

Загудзелі нетры і алёсы,
зашумелі пушчы і лясы…
Там ня трэ‘ прынуклівых упросаў,
дзе так шмат і шчасьця і красы!

Кліча сэрца сэрцы на дагонкі,
каб хутчэй дапяць за рубікон,
адлікаецца на іх гамонку
маладая кроў будаўнікоў…

Грабары:
Цьвёрдай, працоўнай рукой
рэжам глыбока каналы:
хай адплывае з вадой
доля ашчадная — скнара.

Будзем мы лепшай глядзець,
будзем тварыць яе дбайна;
працу цяжкую людзей
хутка падменяць камбайны,

Муляры:
Выведзем выш камяніц
вышай ад самых узьлётаў.
Будуць гудкамі званіць
фабрыкі нашы, заводы…

Як падарунак вясьне,
без макулінкі завады.
будзе цьвятліва ясьнець
намі здабытая радасьць!

Рабочыя чыгункі:
Праз балаты, лазьнякі
высьцелем крохкія рэйкі,
будуць іграць цягнікі
на галасістых жалейках.

Лёгкай хадою экспрэс
будзе прыходзіць у госьці…
Згіне і выцьвіце спрэс
жальба з вачэй маладосьці.

Усе:
Долі прыгожай зару
Мы прывітаема заутра.
Не навярэджвае рук
радаснай працы упартасьць.

Творцы даюць пачуцьцё
новаму стылю ў сучасьсі.
Мы пераможам усё
Для чалавечага шчасьця.

Будзем дняваць, начаваць,
а не пакінем работы:
строгі зарок — будаваць,
новыя сьвету ясноты!


V. ПЕРШЫЯ ВЕСЬНІКІ НЕПАРАДКУ

На ўзгорку кантора
і поруч-жа склад;
са складу ў кантору
нясуць даклад.

Вытворцаў нарада —
рабочы кантроль
паслаў дэлегатаў
у ліку трох.

Крутыя усходы,
на трэці паверх
усходзяць, сыходзяць
то ўніз, то уверх.

Здаецца, гайдаюць
арэлі натоўп:
увыш узьлятаюць,
зьлятаюць на дол.

Кантору для справы
разьбілі на дзьве;
налева, направа
натоўп ідзе.

Рабочыя проста:
— Няхай разьбярэ
учынкі прахвоста
сам інжынэр.

У чуласьці крохкай
званок празьвінеў,
некалькі крокаў
і — габінет.

Дубовыя дзьверы,
стрывожаны скрып…
І вось к інжынэру
ўвайшлі грабары.

Першы рабочы:
Мы проста са складу
сюды ў габінет…

Другі рабочы:
Прышлі вось з дакладам
да вас, інжынэр…

Трэці рабочы:
Мы хочам, каб новы
парадак стварыць…

Яновіч:
Я слухаць гатовы —
сядайце, сябры!

Першы рабочы:
Адна толькі днёўка
і вораг налёг:
прапалі рыдлёўкі
і сорак шуфлёў.

Другі рабочы:
Прасілі адразу
на склад загадаць…
Яцына адказу
Дагэтуль ня даў.

Трэці рабочы:
Цяпер без начыньня
гуляе арцель…
Такога злачынства
ніхто не цярпеў!

Яновіч:
На сорак адсоткаў
вінуйце ня нас:
на ўсё трэба сродкі
таксама і час.

Першы рабочы:
Мінуў цэлы тыдзень —
чарпалкі няма…
Калі-ж яна прыдзе?
Як будзе зіма?!

Другі рабочы:
Няма чаго болей
марнець і чакаць:
падайце нам новы
на працу чарпак.

Трэці рабочы:
Ня зробім за лета
інакш магістралі,
даўно мы пра гэта
Яцыну казалі.

— Казалі? — сур‘ёзна
зьдзівіўся Яновіч,
нахмурыўшы грозна
шырокія бровы.

Яновіч:
Мы будзем старацца
як толькі ільга,
і стане на працу
праз тыдзень чарпак.

Мы знойдзем прычынных
у гэтай віне…
Паклічце Яцыну
ка мне ў габінет.


VI. НОВЫ ПРОЕКТ

Як толькі людзі за парог,
не зачыніліся і дзьверы, —
ізноўку чорнае пяро
гафтуе белую паперу.

Адна ўжо лінія лягла,
абрысаваўшы стройны сэктар,
а колькі іх каля стала
чаргі чакае да проекту.

І кемным вокам інжынэр
іх у конструкцыі плянуе:
то адкідае, то бярэ,
адну мяняе на другую.

Мінулі думы дзенны шум,
у творчым выраі лунаюць, —
трывога чулую душу
нагімі пальцамі кранае.

І скруха смутная гняце
што раз глыбей, вастрэй і горай:
— Ты кінуў творчай працы дзень,
заняўся вышукам тэорый!

Яновіч:
Які скандал!.. Якая жудзь!..
У чым маёй віны прычына?
Няўжо за ўзьлёты дзейных дум
мяне вінуюць у злачыне?

Я толькі радасьці хацеў,
увесь аддаўся парываньням…
Мой дух высока узьляцеў
у творчых домыслах, шуканьнях…

Перада мной жывы проект
лятункі ўзьвіхраныя чэрцяць;
як той удумлівы поэт,
ствараю пляны кроўю сэрца.

Калі-ж да творчасьці туга
проект істотаю атуліць —
вясёлкі новае дуга
краямі стане на паўкулях,

Цераз шумлівы акіян
узьнімем створчатую арку;
сусьвет рабочых і сялян
зьнітуе лёт часіны шпаркай.

Без грамадзянскае вайны
адвечныя разьвязкам спрэчкі:
зямлі вялікае сыны
па братняму павінны стрэцца.

Па электрычных правадох,
як віхар, хуткія, трамваі
хадзіцьмуць бегма над вадой,
імклівым лётам сваім вабіць.

Над аркай пройдуць цягнікі,
пад аркай пройдуць параходы…
i скрозь агні… суздром — агні,
як сонца новага усходу.

Высокай аркі вышыня,
прасьцяг узрочысты, бяскрайні,
вады марское глыбіня —
раскрыюць людзям свае тайны.

Над акіянам медны звон
давацьме грозныя сыгналы;
пакорыць наш, людзкі, закон
шалёна-морскія навалы.

Вясёлы дзень і злую ноч
стаяцьме арка на дазоры,
як сымболь нашых перамог,
як сымболь радасьці бяз гора.

Няўжо-ж за гэны вынік дум
мяне вінуюць у злачыне?!
Які скандал!.. Якая жудзь!..
Няхай ідзе хутчэй Яцына!..


VII. ГУТАРКА ЯНОВІЧА З ЯЦЫНАМ

Яцына выгладзіў свой чуб,
наваксаваў свае лякеркі
і усьміхнуўся краем губ,
самога ўбачыўшы ў люстэрку.

Відаць, што выгляд і убор
здаволіў густы кавалера:
ён вышаў горда ў калідор,
накіраваўся к інжынэру.

Хадой, якой ідуць у сьне,
якою ходзяць падхалімы,
ён увашоў у габінет,
нат‘ і ня піснуўшы дзьвярыма.

Лагодны кінуўшы пагляд,
застыў у паслухмяным стане…
Ну, хлопец — чысты мармаляд,
здаецца, зараз і растане.

Пяшчотным голасам вынег,
зацяўшы дух варожы туга:
— Вы, здэцца, клікалі мяне, —
я ўвесь гатовы на паслугі!

Яновіч
Ага!.. Яцына?.. Добры дзень!
Сядайце тут вось, калі ласка…
Ну, як-жа праца ў нас ідзе?..
Нідзе ніякае апаскі?

Яцына:
Ды што вы? Як-жа можна так?!
Нашто-ж памочнік інжынэру,
нашто-ж дзесяцкіх цэлы штат,
рахункаводаў і кур‘ераў?!

Яновіч:
Вось гэны ваш хвалёны штат
мяне найболей непакоіць…
Вы не заходзілі на склад? —
Там штось няладнае такое.

Яцына:
Антон Ляксандрыч!.. Божа мой!..
Хто мог няпраўды напрарочыць?
Магу клясьціся галавой,
што гэта нехта ад рабочых…

Яновіч:
Ня сьмейце, нават, гаварыць,
пакіньце вашыя дабары:
адны прышлі жыцьцё тварыць, —
другія хочуць разбазарыць.

І вось сягодньня уначы
на складзе зроблена пакража…
Каму даручаны ключы?!
Каму даверана паклажа?!

Ніяк ня можна ўявіць,
што ня было удзелу штату…

Яцына:
Антон ‘Ляксандрыч!..

Яновіч:
Кіньце вы!..
Як найхутчэй дазнаць растрату!

Яцына:
Я заўтра-ж дам на ўсё адказ,
ужо у гэтым — будзьце пэўны,
мне няпрыемна толькі вас
трывожыць дробязьзю надзеннай.

Яновіч:
Я так-жа верны будаўнік…
Гараць агнём мае пачуцьці —
ці-ж далі права нашы дні
ад усяго мне адкаснуцца?

Яцына:
А геніяльны ваш проект,
хіба ня тое-ж будаваньне?..
Ці хутка ён убачыць сьвет? —
Я даў-бы колькі меркаваньняў
Наконт таго, каб збыць…

Яновіч:
Даўно
жыву лятункамі будовы
і вось сягонячы адно
закончыў першую палову.

Яцына:
Вітаю вас! Прыемна чуць…

Яновіч:
Я вельмі дзякую за шчырасьць!

Яцына:
У вольны час я ўсё-ж хачу
пагаварыць ‘шчэ болей шчыра.
І мо‘ тады, як з цесьцем зяць,
наладзім мы шыкарны гандаль…

Яновіч:
Пра што вы хочаце сказаць,
у чым аснова прапаганды?

Яцына:
Я раскажу ў вольны час,
пакуль — дазвольце разьвітацца,
прашу за ўсё мне прабачаць,
да пабачэньня зноў!..

Яновіч:
Бывайце!..


VIII. ВОРАГ ІЗНОЎ НЕПАКОІЦЬ

Расьцьвітала вясна, красавалі лясы
у вянкох зеляніны купчастай;
на прасторах вясны пад шатрамі красы
гадавалася доля і шчасьце.

Ад відна да відна, ад цямна-да цямна,
не змаўкала у нетрах работа;
роўным рытмам хады уздыхала зямля
і шумелі лясы і балоты.

А калі раніцой на палетку у рад
стала першая трактарколёна —
на спаборніцтва кліч ад рабочых брыгад
пакаціўся на поле адхонам.

І мацней і шпарчэй бунтавалася кроў,
сэрцы біліся ўзгодненым тактам;
нясупынна ішла валка цёмных дуброў,
каб да радасьці вымасьціць тракты.

А як вечар настаў, дагарэў і ачах —
разышлася нядобрая дзейка
і на дзесяць гадзін сакратар назначаў
пасяджэньне партыйнай ячэйкі.

Лёгкім крокам вясны надыходзіла ноч,
ахінала крылом незнаёмым;
цені гонкія дрэў шалясьцелі ля ног,
спавівалі нэрвовай утомай.

Даўкі водар красы з багуністых амшар
напаіў утаймованым шалам,
і замоўклі лясы і палеткаў абшар
і работа на ноч замаўкала.

Толькі ў клюбе расьлі ўсё мацней галасы,
разгараліся шумныя спрэчкі:
цяжка гневу агні у грудзёх пагасіць
так, як гаснуць пад ветрамі сьвечкі.

Але дзень ужо зноў у вакно бразгатаў,
заклікаў да імклівасьці новай
і патухлі агні, слова ўзяў сакратар
для заключнай высноўнай прамовы.

Сакратар ячэйкі:

Дарагія таварышы!.. Струджаны лёс
нас паклікаў усіх на вялікую працу.
Мы кляліся краіны узмоцніць узрост,
дык і будзем нязьменна яго дабівацца.

Але вораг ня ўрымсьціцца покуль жывы,
не пакіне да сьмерці рабіць перашкоды…
Досыць прыкладаў чулі сягонячы вы
пра завадную дзейнасьць у нас на работах.

Хтосьці часта у змроку наведвае склад,
хтосьці ўночы блукае, як здань, ля машыны…
Я спачатку казаў, як рабіў свой даклад,
што ня сьпіцца найбольш інжынэру Яцыну.

Ці ня ў гэтым зацяжным бяссоньні віна
і прычына гулянак трывожна-нясьмелых…
Каб галоўныя часткі ў машыне адняць,
трэба мець і навуку, і спрыт, і умеласьць.

Акрамя машыніста дагэтуль ніхто
незнаёмы з дэталямі новай машыны, —
вось чаму навальніцай кляновых лістоў
падазронасьць апала над імем Яцыны.

Пазладзейску ён жвавы, на ўсё дабіўны:
адначасна на любасьць і воражасьць здатны.
Як-жа дзейнасьць яго назаўсёды спыніць,
як-жа першую спробу зрабіць і астатняй?!

Мы паклічам грамадзкасьць, як грозных ваяк,
на вялікую бойку пачуцьцяў — на мітынг:
дзе узгоднена сэрцы пульсуюць у такт,
там дазнаем фальшывыя пульсы у рытмах.

Станем зорка і пільна за працай сачыць,
загартуем цьвярдзей у змаганьні упартасьць;
не даверым Яцыну ад складу ключы,
ля машыны паставім надзейную варту.

А калі атрымаем навочны даказ, —
гнеў працоўных узьвіхрыць маланкамі буру,
хай ня жджэ тады літасьці вораг ад нас:
дасьць праўдзівую кару яму дыктатура.


IX. ПРАЗ НЕКАЛЬКІ ДЗЁН

Мінула ноч, а дзень на зьмену
выходзіў рупнаю хадой
і праца сьціплая нязьменна
ішла балотамі уздоўж.

Яна сьляды свае паклала:
праз багну, гліну і пяскі
прайшлі глыбокія каналы
ад цёмнай пушчы да ракі.

Істужкі рэек залацістых
віліся стройна аж да гор;
высока зложаны у сьцірты,
пятрэў на сонцы чорны торп.

Ад рыштаваньняў тонкіх сьпіцы
спляліся, быццам дзіўны цень:
высокай гордай камяніцы
стаялі стромы грузных сьцен.

На сьценах накрыж сталі кроквы,
як верны доказ без заган,
што праца йдзе напружным крокам,
расьце штодзень электрастан.

Узрост кагосьці занепакоіў,
наклікаў хтосьці перашкод:
дазнаць варожыя настроі
прышлі рабочыя на сход.

І грозны гоман дыша гневам:
— Дакончыць ворага пара!..
— Мы гэту сволач кормім хлебам,
а трэба сьмерцю пакараць!

Галасы:
Паклікаць зараз інжынэра —
няхай адказ рабочым дасьць,
якія ўжыты былі меры,
каб не псавалі нашу снасьць?!

Рабочы:
Чакай адказу!

Другі рабочы:
Сам Яцына
прыймаў, напэўна, тут удзел…

Трэці рабочы:
Ня мы-ж вялі разбор машыны,
а нехта з вучаных людзей.

Грамада:
У гэнай шкодзе іх аснова!
Давай на шыбеніцу ўсіх!

Галасы
Цішэй!..
…Яновіч просіць слова…

Грамада:
Няхай адкажа, д‘яблаў сын!..

Галасы:
…Спынеце гоман!..
…Хай гаворыць!
…Пакіньце гутаркі…
…Цішэй!..
У вочы сыплюцца дакорам
агні разьяраных вачэй.
Але Яновіч вышаў сьмела
і на трыбуне скамянеў…
Узмах рукі нэрвова-белай
і стала ціха, як у сьне.

Яновіч:
Мне горна за вашыя словы:
ці-ж я адшчапенец які!?
Вы знаеце ўсе, што Яновіч
таксама з працоўнай сям‘і.

За кожнае каліва шчасьця,
здабытае вашай рукой,
гатоў я загінуць, прапасьці,
як верны сучаснасьці вой…

Галасы:
…Ён праўду гаворыць…
…Дарэмна
спагналі зьвярыну злосьць…
…Ён з нашай дарогі ня зьверне…
…Ён з намі, як сябар і госьць…

Яновіч:
За што-ж вінаваціце ў здрадзе?!
Вялікая наша віна,
што мы ў згуртаваным суладзьдзі
ня умеем злачынцаў дазнаць.

Дазнаем затое у працы,
хто крывіць парадак і лад…
Дык будзем-жа дружна старацца!
Я выдам Яцыну загад…

Галасы:
…Яцына найбольшы злачынца…
…Ці ж ён тут удзелу ня браў…
Вядома даўно, што Яцыну
ня школа працоўных дабра…

Яновіч:
Зусім беспадстаўныя весьці:
Яцына мой блізкі зямляк,
у працы штодзеннай, сумеснай…

Голас:
Складалі па шкодніцтву плян?!

Другі голас:
Відаць, пад апеку ня дарам
бярэ выхаванца свайго!

Грамада:
Даволі нам слухаць дабары —
мінуўся семнаццаты год!

Яновіч:
Таварышы, любыя!..

Грамада:
Годзе!

Яновіч:
Дазвольце!..

Галасы:
…Ня трэба!..
…Кажы!..
…Пакінь свае песьні заводзіць…
…Вы разам гайстрылі нажы…

Сакратар ячэйкі:
Спыніце, таварышы, лямант,
Суцішце узбураны гнеў:
Яновіч імя не запляміў,
а толькі змагацца ня ўмеў.

Навукай імкнецца ён тунна
клясавы бой сутрымаць.
Вядома, такія лятункі —
адно пазалота ярма.

І практыку гэтых тэорый
Яновічу трэба пазбыць,
бо шчасьце працоўныя створаць
толькі ў агні барацьбы.

Мы такжа зрабілі памылку:
Яцына аблытаў, як мог:
у вочы дарыў нас ухмылкай,
а зачы навострываў нож.

Конкрэтных няма яшчэ даных,
замежны-ж падхоплены ліст,
па зьместу зусім беззаганны,
гаворыць пра сувязь з былым.

Высновай згаворак інтымных
таксама ільга дакараць:
калі і ня быў ён актыўным,
то oсё-ж, як відаць, патураў.

— Яновічу зараз-жа трэба
расьсьледаваць гэта, дазнаць,
каб дольнікаў справы ганебнай
сурова маглі пакараць.

Па каліву, дробнаму зерню
праверым работу і дні!..
Таварышы, правільна?!

Грамада:
Верна!!!
На ворага ўсе як адзін!

Яновіч:
Што чую?.. Якія навіны!
Чаго-ж на каго наракаць?
Чакаў я ўсяго ад Яцыны,
а здрады ніяк не чакаў.

Галасы (цішком):
Яновіч зьбянтэжаны…
Шкода — суладнасьць разбурылі дум…

Яновіч:
Адкіньце наводшыб пяшчоты,
Гартуйце сурова свой дух!
Знайду яшчэ сілы ударнай
скрышыць перашкоды жыцьцём.

Грамада:
Вітаем тваю мы упартасьць
і самі на помач ідзём.


X. ЯЦЫНА, ЯКІ ЁН ЁСЬЦЬ

Нахмурыўшы да болю грозна бровы,
і затаіўшы гнеў у сэрцы шчыльна
хадой знервованай прайшоў Яновіч
у габінэт спакойнага Яцыны.

Агні вачэй зацеплілі варожасьць:
прызнаў адзін другога супаратам,
але Яцына ветліва як можна
яшчэ надзей ня страціў.

Далікатна падаўшы мяккае патрону крэсла, —
зашчабятаў з трывогай захаванай:
— А можа тут нявыгадна і цесна,
тады прашу — сядайце на дыване!

Яновіч:
— Пакіньце вы дакучныя забегі,
цярпеў я досыць ваша падхалімства:
умееце на задніх лапках бегаць,
але сягоньня гэта будзе лішнім.

Яцына:
Прашу, колега, толькі без абразы!..

Яновіч:
Калі вы нажылі натуру лёрда? —
Мне помніцца спачатку бязуразна
цярпелі вы у нашай мове цьвёрдасьць.

Яцына:
На ўсё свой час і час за нас парука:
Вы прымеце маю таксама веру…

Яновіч:
Гуляць у хованкі з дарослымі — дакука:
сьмялей разгортвайце свае паперы!

Яцына:
Даўно хацеў вас выклікаць на шчырасьць,
але трывога замыкала вусны —
ці не пара нам вылецець у вырай
куды-нібудзь за межы з Беларусі?

Яновіч:
Ах, вось!.. Я вашы пляны разумею…

Яцына:
Магу пераказаць і растлумачыць.

Яновіч:
Якую-ж мэту ваша праца мела
і ваш удзел адданы і гарачы?

Яцына:
Чакаў я ўсё дагэтуль перамены:
душу і сэрца ўкладваў у руіны,
каб з іх стварыць навекі неадменны
парадак — лад загубленай краіны.

Каб так, як робіцца ў сям‘і паліпаў,
усё, што зрушана і зрабавана,
зноўку аднавіць у працы сьціплай
і здаць таму, ў каго яно забрана.

Я жыў адзінай думай і надзеяй,
што дасягненьні вашы мы падлічым,
што ажывуць, разгорнуцца падзеі…
І вось насіў я маску на абліччы.

Яновіч:
Але цяпер… — А што цяпер такое?

Яцына:
Надзеі гаснуць, думы аблятаюць
І кожны крок наперад — непакоіць…

Яновіч:
Скажы, чаго табе не далягае?

Яцына:
Не захапляўся я ідэямі братэрства:
задачы кожнаму напісаны ад роду:
адным прызначаны пакуты й кепствы,
другім і хлеб, і слава ад народу.

Скажэце мне, дык па якому праву
павінен здаць ня толькі прывілеі,
а й гонар мой, маю пашану, славу,
скажэце мне, бо я не разумею!

Я не хачу быць лёкаем беспраўным
натоўпу нейкага, дзе „мне — нічога“,
а „нам — усё“!..

Яновіч:
Гаворыш вельмі слаўна!..
Якую-ж выбраў ты сабе дарогу?

Яцына:
Я… вырашыў… пакуль хапае сілы,
змагацца з ворагам… з пролетар‘ятам!..
Я з вамі гавару, Яновіч, шчыра,
ня думайце што гэта сон вар‘ята.

Яновіч:
Арыштаваць вас трэба за варожасьць!

Яцына:
А хто варожасьць гэную пасьведчыць?
Трымаўся я дагэтуль асьцярожна
і ваш данос палічаць недарэчным.

Яновіч: Я сёньня-ж вызвалю цябе ад працы…

Яцына: Ня вы паставілі — спытайце ў трэсьце.

Яновіч:
Якая подласьць другам прыкідацца…

Яцына:
Пакінем сварку гэную урэшце:
павінны мы прыйсьці да нейкай згоды.
Паслухайце, Яновіч, раз уважна:
у вас над аркай скончана работа,
а гэта мне — і вам ня меней — важна.

Што зробяць тут з такім выдатным творам? —
Вас абсьмяюць на урачыстых кпінах:
Вам сто прамоў вітальных нагавораць,
а плян усё-ж ня зьдзейсьненым загіне.

Як другу, даць хачу дзьве прапановы:
адна — пакіньце ўсё, мы пойдзем разам
туды, дзе грунт культур, дзе іх аснова,
там знойдзеце свой лёс, сваю украсу.

Там зразумеюць вас і вашу здольнасьць,
там мы ня будзем лёкаямі толькі,
а кожны з нас, як правамоцны дольнік,
належную адрэжа шчасьця столку.
— Ну, як вы мысьліце?

Яновіч:
— Кажэце казкі!..
Ня маю сілы пашчапаць вам голаў,
парэзаць скуру белую на паскі
за мой народ, што там галодны й голы —
Я ведаю той лёс і перагасу.

Яцына:
Тады падам другую прапанову,
калі ня хочаце за межы разам…
Прадайце мне проект і плян будовы.
Мы узьвядом над акіянам арку,
а тут яна загіне вечнай марай…

Яновіч:
Ня сьмейце гаварыць! Ад сілы харкну
і заплюю глянцованую хару.

Яцына:
Падобна, што вярнуўся ты з хаўтураў,
таму і ня крыўдую за абразу…
Твой быў дэвіз жыцьця — тварыць культуру,
зусім ня важна для якое клясы.

Цяпер з табой ладу знайсьці ня можна:
жабрак зусім, а раскідаеш грошы;
ты будзеш каяцца, ды будзе позна:
яшчэ паглядзім, хто з нас пераможа.

Яновіч:
А пераможа той, каго мільёны,
чый пульс крыві ў адзіным б‘ецца рытме!
Сарваўся з месца, быццам утрапёны
І выбег, бразнуўшы на ўзмах дзьвярыма.

Яцына:
Антон ‘Ляксандрыч!.. Слухайце!.. Яновіч!..
Загаласілі дзьверы ў калідоры,
забразгаталі пошчакам дубовым
і загайсала рэха па канторы.


XI. ЯНОВІЧ ДОМА

Сьцелецца пыл над сялом,
быццам бы цёмны туман;
вецер цалуе крылом
белыя грудзі хмар.

Сонца на захадзе глянь —
косы павісьлі удоўж;
засхаю вее зямля —
будзе, напэўна, дождж.

Вось ад таго грабары
жвава шпурляюць глей,
рупяцца больш муляры,
кельні зьвіняць званчэй.

Толькі Яновіч адзін
кінуў рабочы свой дзень:
смутак душу астудзіў —
дзе-ж яго шпурыць, дзець?

Можа ў вір утапіць —
горкаю стане вада;
кінуць на сьцежку у пыл —
дык узрасьце бяда.

Як-жа куды яго дзець,
каб не знайшоў а-ніхто? —
Сумны Яновіч ідзе,
Вочы сьвідруюць дол.

Вось і драўляны ўжо дом, —
стройны, высокі фасад…
Трое дзяцей пад акном
садзяць маленькі сад.

Крокі пачуўшы, бягуць
радасьць сваю расказаць,
сьмех асыпаецца з губ,
быццам з травы раса.

Сьціснулі колам жывым,
ярка зьвіняць галасы:
— Ну, адгадай-жа, аб чым
будзем цябе прасіць!

Яновіч утомна садзіцца на ганку,
каб выслухаць просьбы, каб гора суняць:
— Купі мне, татуля, маленькую ляльку!..
— Купі мне, саколік, жывога каня!..

— А мне, мой харошы, купі лепей трактар —
люблю я прасторы бяскрайнія ніў:
як стану вялікім, каханы мой татка,
пайду й запішуся тады ў колектыў.

Разьвеялі дзеці утому і смутак,
гаворкай ласкавай да працы завуць;
ізноў утрапёныя кружацца думы,
шчапаюць, нітуюць ізноў галаву:

— У імя наступных нашчадкаў комуны,
ня сьмей адступіць а-ні кроку назад:
ты чуў і ў гаворках рабочых чыгункі
ў просьбах дзіцячых — няўхільны загад!

Яновіч:
На вір цёмнасіні ідзі, мая жальба,
гартуйся ў змаганьні, зьбянтэжаны дух!..
Куплю, мае дзеці, і трактар і ляльку,
бяжэце гуляйце… я ў хату пайду.

Зацьвіў і адцьвіў над балотамі вечар
і ноч падышла па халоднай зямлі,
Яновіч, ссутуліўшы вузкія плечы,
канчае кароткі і экстраны ліст:

…„Варожасьць Яцыны, амаль што, дазнана,
чакаю загаду што далей рабіць.
Наконт выкананьня намечаных плянаў —
дваістай гаворкі ня можа і быць“.

Рашуча пастаўлена цьвёрдая кропка,
як быццам хістаньняў — зусім ня было…
Схіляецца голаў ніжэй на ўзлакотках
і сон ахінае маўклівым крылом.


XII. 3MOBA

Ня сьпіцца Яцыну, утульны пакой
трывогі ніяк не разгоніць,
а вецер шуміць і шуміць над ракой
і хмары за хмарамі гоніць.

Яны аблажылі увесь небакрай,
далёка ў засьціле чорнай,
жывыя маланкі намітусь гараць
і коцяцца рокаты грому.

Яцына:
Якая нэрвовая вострая дрож!..
Чаго там баяцца што будзе? —
Ў цяжкую хвіліну навостраны нож
разрэжа наблытаны вузел.

Няма ў забойстве злачынства ніяк —
адкрыта гуляюць дзьве масьці,
калі перамогу дастану ня я,
дык значыцца, ворагу шчасьце.

Чаму гэта толькі дагэтуль няма
супольнікаў верных і чынных?
Хутчэй-бы разьвеяць загадкі туман
І вырашыць: жыць ці загінуць?

Старожка Яцына глядзіць у акно,
заходзіцца сэрца ў трывозе:
навакала хмурая, чорная ноч,
нікога нідзе на дарозе.

Ізноўку руплівай, пасьпешнай хадою
Яцына знэрвована крочыць
і доўгія цені растуць аж пад столь,
а з імі — іх зубы і вочы.

Здаецца імкнуцца за шыю абняць,
заціснуць у клямарах костак…

Яцына:
Няўжо ў гэтым вобразе — сіла мая? —
Такая агідная постаць!

Каб здань адкаснулася — песьню вядзе,
і бровы нахмурыўшы строга,
ізноў да вакна устурбованы йдзе,
упарта глядзіць на дарогу.

Ні цені у чорнай смузе ня відно,
маўкліва у цемені крохкай,
апоўначы толькі пад нізкім акном
пачуліся ціхія крокі.

Яцына нячутна падбег да вакна,
заморгалі радасна вейкі;
шырокую раму уверх прыпадняў,
паклікаў цішком чалавека.

— Пралазьце!.. Цішэй толькі…

Незнаёмы (пралазячы):
Хоць заскандаль,
Ніхто не пачуе, ня убачыць…

Яцына:
Чаму гэтак позна зьявіліся, Фальц,
насьцігла якая няўдача?

Фальц:
Ня мог-жа я коняй у вёсцы узяць,
прышлося ісьці аж на хутар.

Яцына:
Я думаю трэба… пара пачынаць,
бо стане зарэць ужо хутка.

Фальц:
Ноч цёмная, коні паблізу стаяць,
дамчаць да мяжы за хвіліну.

Яцына:
Вяроўку узялі?

Фальц:
Навошта пытаць?
Ёсьць нават піла і драбіны.

Яцына:
Я дзякую вельмі!

Фальц:
Пакіньце сабе
падзяку для модных салёнаў:
не за падзяку сюды я прыбег
аж з-за мяжы, як шалёны.
Зьбірайцеся!.. Дайце сюды мне нажы!

Яцына:
Мне страшна!..

Фальц
Хаця не заплачце!

Яцына:
І сэрца балюча-трывожна дрыжыць!
Што станецца тутака з бацькам?

Фальц:
Пакіньце вы хныкаць!.. Сабралі усё?
Ня трэ‘ забывацца нічога…
Гатовы? — ў дарогу!

Яцына:
Ісьці, то ідзём,
але ня зусім у дарогу.

Схіснуўся ад лямпы за вокнамі бляск
і цемень лягла на экране;
зашастала глуха сухая зямля
і бразнула ціханька рама.


|}

XIII. НАВАЛЬНІЦА

Вецер біўся, качаўся разьятраным зьверам,
бразгатаў у акно, акяніцамі ляпаў;
пазьляталі з прабояў дубовыя дзьверы
пад ударам ягонай вялізманай лапы.

Прахапіўся Яновіч, утомлены снамі:
быццам струны, напяты трывогаю нэрвы…
Ўсё імчацца, лятуць над палямі лясамі
бліскавіцы-маланкі, як коньнікі верхам.

Нагінаюцца долу стагоднія клёны,
мітусяцца натоўпы спалоханых сосен,
і нішто ня стрымае навалы шалёнай,
і ніхто сабе літасьці кроплі ня ўпросіць.

Толькі думы бунтуюць вялікасьцю ведаў
супроць гнеўнай і грознай і дзікай стыхіі.
— Пачакай, яшчэ прыдзе чарга да сусьвету:
перад большаю сілай ён голаву схіліць.

Мы прымусім навалу мільённаю воляй
пакарыцца разумнай, разважлівай думцы,
і ня будуць вятры-скавышы ў чыстым полі
бунтаваць, узьнімаць і чыніць рэволюцый.

І ня будуць маланкі гайсаць у прасторах:
пойдуць сьціпла на працу — на першую зьмену,
да зямлі мы наблізім далёкія зоры
і яны электрычныя лямпы заменяць. —

Падуладны квяцістым лятункам і марам.
упівацца Яновіч любіў бажавольна
шпаркім лётам вятроў, скамянеласьцю хмараў,
іх магутнай красой, што ад сілы няўтольнай.

І цяпер, у шатрыстасьці цемені плаўкай
падышоў да вакна на сусьвет падзівіцца:
нагінаюцца хвоі шумлівыя плаўна,
прыпадаюць бярозы да долу аж ніцма.

Старасьвецкія вязы махаюць чубамі
І дубы векавыя шумяць бяспрытомна;
разьлятаюцца гукі звар‘ёванай гамы
і галосяць — рыдаюць у засьціле цёмнай.

На застыглым экране — на чорных скрыжалях
загараюцца лініі тонкіх маланак,
рассыпаюцца дробнымі іскрамі ў далях
і зьліваюцца з бляскам лясоў пазлацаных.

А пасьля яшчэ больш зацьвітаюць агніста,
як шаўковых істужак празрыстыя пасмы,
кутасы залацістыя зьвесіўшы нізка,
зіхацяць, шалясьцяць, замаўкаюць і гаснуць.

І далёка, ў цішы пачарнелага змроку,
Дзесьці там — за гарамі, у іншай краіне,
узьнімаецца роўны, прытоены рокат
і плыве над балота, як лямант зьвярыны.

Разрываючы чорнае месіва ночы,
што хвіліны ўсё бліжай і бліжай той рокат
i вось грозна ужо над канторай рагоча
і грыміць вокамгненна ізноўку далёка.

Выдаецца:
— Вясною, у мораку сінім
чараду на зарэз выганяюць на бойню,
зарыкалі каровы працяжна і сіпла,
бо няма ані сілы, ні дужасьці гойнай.

Ай як хочацца ім на зялёную пашу.
дзе разносіцца водар квяцісты, мурожны,
толькі пахне трава нечым даўкім і страшным,
і зачмыхалі ўсе неспакойна, трывожна.

Гэта цёплая кроў пацякла на іржэўнік…
Усе сілы сабраўшы змагацца са згубай,
зараўла чарада, аж зямля задрыжэла
і замоўкла, зацяўшы ад роспачы зубы…

— Што за блытаны сон?.. А ці гэта ад зморы
я ў бяссоньні убачыў міраж каляровы?..
Сам з сабою Яновіч паціху гаворыць,
але рэхам чужым адклікаюцца словы.

А навала шуміць і шуміць і ня моўкне,
дождж ліецца халодны, сякучы і косы;
да касьцей ужо клёны і сосны прамоклі
і дрыжаць палахліва у цемры пялёсай.

Закружылася раптам на фоне пярэстым
тонкай рысай маланка, як згіблены протар,
завілася, як стромкі віецца пярэступ,
і прабіла страху над кантораю потырч.

Зашастаў вецер крыльлямі,
узьняўся слупам дым,
рукамі чорна-сінімі
схапіўшы правады.

Заружавела іскрамі
ад сполаху страха,
і вось — прамені бліскаюць
над камінамі хат.

Над змрочнаю кантораю
вялізманы стажар;
гайсае над прасторамі
адзіны крык:
— Па-жар!..


XIV. ПАЖАР

У змроку постаці бягуць,
за імі гоніцца іх сполах,
аж зацінае ў грудзях дух
і на кавалкі рвецца голас.

Навокал лямант, сумятня,
бо ноч спакойная памерла.
І нехта міліцца суняць,
уплянаваць вар‘яцкі вэрлах:

— Імчы па бочкі ў павець —
пажар ня стушыце адвагай:
найменей трэба вар‘яцець,
найбольш — халоднае развагі!

Яновіч з домыслу пазнаў
па цьвёрдым голасу Гафрона…
Натоўп суняўся і адстаў,
бягуць адзінкі толькі гонна.

Яновіч першым ад усіх:
— Хутчэй, каб выратаваць пляны!
Кантора ў блясках залатых
на чорным фоне — шэрай плямай.

І вось вялізманым хвастом
махнула полымя па сьценах
і захліпнуўся увесь дом,
пабеглі спуджаныя цені.

Вось-вось абрушыцца страха —
агонь трасе шалёнай грывай.
— Яшчэ хвіліну, і няхай,
няхай тады будынак рыне!..

Ня буду нават шкадаваць,
каб толькі выратаваць пляны…
Нашто было так будаваць,
нашто паверх адзін драўляны?

Хутчэй, хутчэй, яшчэ хутчэй!..
У грудзях схлупілася гара,
а радасьць бліснула з вачэй
ясьней ад полымя пажару.

агонь да краю не дайшоў,
яшчэ спакойна ў габінэце.
і толькі дым, як чорны шоўк,
хавае тайны у сакрэце.

Але дармо, бо хтось даўно
паставіў стромкія драбіны…
І праз хвіліну ў вакно
пралезла згорбленая сьпіна.

Ступае боязна уніз —
высока з трэцяга паверху.
Гатоў Яновіч слацца ніц,
вачам сваім ня хоча верыць;

нясе сутулы чалавек
пад пахай сьціснутую папку…
Вось там Яновічаў проект
і пляны будучае аркі.

— Ці сам прышоў, ці хто прыслаў?..
адкуль, калі прынёс драбіну?…
І раптам думка ўдала,
узьвіўся просьбы крык: Яцына!

Суняўся, глянуў чалавек
і задрыжэў сутулым целам,
і папка з плянамі навек
увысь на водшыб паляцела.

Паперы белыя лісты
адну хвіліну пакружылі
і ў хвалях полымя густых
гаркавым дымам заімжылі.

Яновіч, быццам скамянеў,
а чалавек (ён быў Яцына)
на землю віхрам паляцеў,
мінуўшы выгаду драбіны

І вокамгненна зьнік у змрок…
Трымайце злодзея, трымайце!..
Але сьлядоў ня бачыў зрок,
кусаў Яновіч свае пальцы:

— Знайду яго, куды-б ні бег!..
Набраклі вочы дзікім сьмехам,
сарваўся з вуснаў гэты сьмех,
заекатала ў лесе рэха.


XV. ДУМЫ НАД ЛЁСАМ

Пагода трымціць пазалотаю,
прыгожая летняя рань.
Такою часінай з ахвотаю
выходзіш настроі зьбіраць.

Пачуцьці зьвіваюцца нізкамі
і думы суладнасьць снуюць:
далёкія лучацца з блізкімі
цьвятлівяць надзею тваю.

Уцеху даюць падарожную —
яна для самоты урон.
Такою часінай прыгожаю
i вышаў на ляды Гафрон.

Быў тыдзень бядою надзелены:
пакража, варожасьць, пажар…
— Падумай, Гафрон, над падзеямі,
ня дарам-жа ты сакратар.

Падумай і вырашы добра ўсё,
як працу нанова пачаць. —
Жывыя малюнкі і вобразы
стаяць неадступна ў вачах:

абліччы рабочых задумныя,
суровыя твары ў сялян —
усе загадалі, задумалі,
як зьдзейсьніць намечаны плян.

Паклікаць упэўненым голасам —
і стануць на працу яны
з вялікаю сілаю волатаў,
сучаснасьці нашай сыны.

Бо сэрцы да краю напоены
узрочыстым сокам жыцьця:
усе перашкоды адхонамі
на вір цёмна-сіні зьляцяць.

Бо грудзі уздымам распалены,
шукае вытокаў агонь.
— Падумай уважна над плянамі,
падумай, таварыш Гафрон!

Як цені дарог неразьведаных,
маршчыны ляглі на чале
і кожная — вернай прыметаю,
што творчая думка жыве.

— Пагутарыць трэба з Яновічам:
даволі яму вандраваць,
хай зноўку на працу становіцца,
хай зноўку ідзе кіраваць.

А сёньня, ці заўтра увечары
наладзім адчынены сход,
пытаньням вялікім прысьвечаны:
за новы — ударны — паход.

Гамонкай вясёлаю, шумнаю
сустрэнуць рабочыя плян,
ня дарам абліччы задумныя,
суровыя твары ў сялян!

Гудок гаваркою сірэнаю
паклікаў на працу ісьці
і цьвёрдай хадою, упэўненай,
ідзе бальшавік у жыцьці.

І лёс не напоіць нас шаламі,
не завядзе ў растанцы,
бо самі віём, разьвіваем мы
яго суравыя канцы.

Калі-ж на лятункавай выгадзе
увысь узьлятаем угрунь,
дык толькі разьведаць і выглядзець
для творчасьці плённае грунт.


XVI. ТРЫВОЖНЫЯ ПРЫМЕТЫ

Спахмурнеў зьнепакоены дом,
не ад старасьці нізка схіліўся:
чорнай зданьню прайшло пад акном
надасланае ворагам ліха.

Занядбаны і кнігі і стол —
гаспадар заклапочаны іншым;
дым віецца высока пад столь,
ад маркоты становіцца сіньшым.

Але смутку агнём не спаліць,
не разьвеяць ні плачам, ні песьняй
і маўкліва Яновіч стаіць,
углядаецца ў далі балесьне.

Нехта ходзіць, здаецца, ў бары,
нехта блудзіць у змроку лагчыны,
нехта крадзецца там з-за гары…
— Гэта ён, гэта пэўна Яцына!

Вось на ганку ўжо крокі чуваць,
адчыняюцца з скогатам дзьверы:
— Выбачайце, мы з працы да вас
і наведаць зайшлі інжынэра.

Паціскаюць ласкава руку:
— Ну калі-ж вы?..
— Прыходзьце на працу!

Яновіч:
Як-жа так? А Яцына?.. пакуль
адшукаць яго буду старацца.

Не падумайце толькі — вар‘ят!
Я знайду яго?.. Праўда?.. Бясспрэчна?…
Словы болем шалёным гучаць,
хто-ж адважыцца ім супярэчыць?

Ды напэўна-ж… Бывайце, пакуль!..
пажадаем пазбыцца вам ліха, —
паціскаюць на ростань руку
і хістаюць галовамі ціха.

У пакоі застаўся Гафрон:
— Пагаворым, Яновіч, на згоду…
Шлюць рабочыя шчыры паклон,
запрашаюць на працу прыходзіць.

Добра ведаеш як бяз стырна?..
Нам патрэбна тваё кіраўніцтва…
Просьбу нашу павінен прыняць —
перашкоды ўсе схіляцца ніцма.

Даўся вельмі Яцына табе,
ня турбуйся — яго пакараюць,
але мусіць далёка забег,
як гавораць, да польскага краю.

Устрывожаны бліснуў агонь
у вачох неспакойных Алісы,
і заўважыў Гафрон, як бягом
перабеглі трывожныя рысы.

Думка згадку яму падала:
— не здарма ўздрыгнуліся скроні
Але боль у маршчынах чала
адагнаў і разьбіў падазронасьць:

— У прадоньні пакутных вачэй
гэта скруха была, а ня сполах…
Разьліваўся званчэй і званчэй
знэрваваны Яновічаў голас:

— … Ён-жа сэрца маё абакраў,
ён душу маю кінуў нішчымнай.
Я ня хочу яго ні караць,
ні судзіць за варожасьць учынкаў.

Я хачу толькі кроўю яго
да хваробы упіцца, набракнуць,
каб вярнуць маладосьць маіх год,
каб тварыць маю любую арку.

Сам ты знаеш, таварыш Гафрон,
колькі сьмерці і дзікай і лютай
творыць наш, чалавечы, закон
для адных перамог рэволюцый!

А каб арку адну збудаваць,
што злучала-б працоўных сусьвету, —
без паўстаньняў, ахвяр і адваг
дасягнулі-б вялікае мэты.

Гафрон:
Не магу я цябе зразумець,
гэта вельмі романтыкай пахне
ад такіх разважаньняў мне сьмех,
бо вядуць яны толькі да багны.

Толькі ў бойцы народзіцца дзень,
што зьнітуе працоўных сусьвету…
Рэволюцыя блізка ідзе
І яна давядзе нас да мэты.

Яновіч:
Ты зьняславіў лятункі мае,
ты романтыкай клічаш узьлёты…
Як і ўсе, ты — драпежнік і зьвер,
адкідаеш вышыні, ясноты!

Гафрон:
Варта толькі тады узьлятаць,
калі грунт пажадаеш агледзець,
а лятаць для таго, каб лятаць —
адракліся цяпер нават дзеці.

Кінь і думаць пра пляны свае,
будзем жыць тады ў згладзе, у згодзе…
Колектыў наш на працу заве,
заклікае, каб хутка прыходзіў.

Яновіч:
Ты вар‘ятам мяне палічыў,
але я ўсё-ж свайго дамагуся.
Забярэце проекты, ключы,
я на працу пакуль не вярнуся.

Гафрон
Разьвітаемся… Што-ж калі так!.. —
І Гафрон вокамгненна прыкмеціў:
зірк вачэй ярка вогненным стаў
і далёка блукае па сьвеце.

Сапраўды ён пачаў вар‘яцець?..
Дзе-ж ратунак?.. Няўжо так і высах?..
Аглянуўся — трывожная цень
мільганула на твары Алісы.

Зноўку холадам белым чала
захаваць хоча цень яна дбайна,
але думка такі працяла:
Жонка ведае гэтую тайну!


XVII. СХОД

Дым сьцелецца засьцілай горкай,
як сіня-бялёвы туман,
калышуцца словы гаворкі:
— Брыгады… спаборніцтва… плян…

Гамоніць людзкая паводка
узбуджаным гоманам хваль;
пранізьлівы, ярка-кароткі
падалі чацьверты сыгнал.

Сьціхаюць, змаўкаюць размовы,
згасаюць у залі агні…
Гафрон урачыстай прамовай
пашыраны сход адчыніў.

Гараць яго чорныя вочы…
Звычайны ў жыцьці чалавек —
вось тут — ў колектыве рабочых —
вялікім героем жыве.

Бо сілу і волю адзінкам
заўсёды дае грамада:
зьнітуе настроем адзіным,
гіпнозам запал перадасьць.

Ад гэтага стройная постаць
яшчэ выглядае страйней,
і словы ўпэўнена-проста
зьвіняць у нямой цішыні.

Гафрон:
— Вас на сход сюды паклікаў
дасягненьні й недахопы
падлічыць у час вялікі
нашай творчае эпохі.

Мы — сыны загнанай клясы
узышлі ўжо на арэну…
Ды нашто тачыць балясы,
словы траціць надарэмна?!

Вам ня менш вядома роля
і ня менш вядома мэта:
здабываем сваю долю
для працоўнага сусьвету.

Мы ня згубцы чалавецтва:
за жыцьцё людзей бунтуем,
а ў змаганьні ёсьць калецтвы
ды і сьмерці не бракуе.

Але зерне творчай працы
дасьць багаты плён і шчодры.
Будзем біцца і змагацца,
будаваць упарта й добра!

Як-жа йдзе у нас работа?
вам ўсім вядома, здэцца,
што ў выніку прыгоды
засталіся мы бяз спэцаў.

Разьвінуліся падзеі:
то пакражы, то пажары;
ад нядзелі да нядзелі
час патрацілі як дарам.

За хвілінаю — часіна,
за часінаю — і днёўка:
едзе лета ў адпачынак —
не дасі адтэрміноўкі.

Але покуль дзе прыпынак
яно знойдзе на паласе —
апавесьцім бязупынку,
каб вярнуць растрату часу.

А каб сіле даць магчымасьць
разьвінуцца больш у радасьць —
Мы згуртуемася шчыльна
ў вытворчыя брыгады.

Каб у працы рупнай сьціплай
гаманілі сэрцы звонка —
на спаборніцтва паклічам,
гэта значыць — на дагонкі.

Але ёсьць у нас апаска,
перашкодаў вельмі многа:
мы-ж працуем самапасам —
ні дырэктара-ж, нікога…

Два лядаштых інжынэры,
ды і тыя круцяць носам,
мы таксама ім ня верым,
паглядаем такжа скоса.

Прыяжджалі ўчора з трэсту,
аглядалі, дазнавалі…
Нарабілі шуму, трэску,
а карысьці вельмі мала.

Абяцалі ў хуткім часе
Даць дырэктара на зьмену…

1-ы рабочы:
Ты на іх не спадзявайся —
тыдзень пройдзе, сама меней,

Покуль спэцаў дзе абмацаць,
адшукаць, знайсьці пашэнціць.
Кіраваць ўсёю працай
Трэ‘ паставіць вылучэнца.

Бо з якой, скажы, уцехі
супыняць работу, урэшце, —
што Яновіч зглузду зьехаў,
што сядзяць чынушы ў трэсьце?!

Кожны дзень, хвіліна нават,
даражэй цяпер за вечнасьць
і спыняць на тыдзень справы —
будзе проста недарэчна.

Гафрон:
У прамове, як у казцы,
хугка робіцца і слаўна,
а скажэце, калі ласка,
ці падолеем на справе?

Галасы:
— Ўсё падолеем і зможам!..
— Кіраваць ты сам бярыся…
— Ды глядзі, брат, асьцярожна,
каб ня зблышыў, ня змыліўся!..

1-ы рабочы:
Што мы — зломкі?.. Ці няўмекі?..

2-гі рабочы:
Сапраўды, якое дзіва:
не заменім чалавека
цэлым нашым колектывам?!

Галасы:
— Праўду кажа!..
— Час здаецца
мець людзей сваёй гадоўлі.
— Кожны быць павінен спэцам
дзён вялікае будоўлі!

Гафрон:
Пачакайце, трэба ладам:
па чарзе бярэце слова!

Галасы: Мы ня ўмеем доўга ладзіць
і ня здольны на прамовы…

— Ды й раней абсаймавалі,
што і як цяпер такое…
— Вось бяры і як казалі,
запішы у пратаколе!..

Гафрон:
— Як вялізманую радасьць,
запішу на ўсю балонку:
„Усе злучаюцца ў брыгады
і выходзяць на дагонкі“.

Грамада:
— Як вялізманую радасьць,
запішы на паўбалонкі:
„Ўсе злучаемся ў брыгады
і выходзім на дагонкі.

З тэй прычыны, што Яновіч
адказаўся справы весьці,
хоць дырэктар яшчэ новы
не назначаны ў трэсьце, —

Каб з прастоямі ня знацца,
каб ня мець ад іх ўрону,
кіраваць усёю працай
даручаецца Гафрону.

Заклікаем на падмогу
нашых тэхнікаў як моладзь“…

Галасы:
— Ну і до!
— І так замнога!
— Хай запіша ў пратаколе!

Гафрон:
— Усё запісана да толку,
зачыняю сход на гэтым…
Вось ня вырашылі толькі,
як жа з нормай і разьметкай?

Грамада:
— Што ня вырашана словам,
дык на справе стане ясным:
у спаборніцтвах — аснова,
у брыгадах — тэмп сучасны!


XVIII. УДАРНІКІ

Супярэчнасьці — твораць адзінства,
перашкоды — упартасьць нясуць:
пераможна ідзе будаўніцтва,
на шляхох пасьцілае красу.

Бо падзеі жыцьцё ўзбунтавалі —
нарадзіўся ў змаганьні уздым,
непакорная сілай навала
згуртавала шчыльней колектыў.

Кожны атам праняўся настроем
і жаданьнем людзкім навылёт:
апрануць у жалезныя строі
занядбанае цела балот.

Стала сочнаю ціхая радасьць,
сэрцы поўняцца ёю да дна…
Весялосьцю гульлівай брыгада
сустракае Гафрона штодня:

— Ну, вазьміся, чырвоны дырэктар!..
— Гэта, брат, не паперы пісаць…
— Нешта цэглу кладзеш вельмі рэдка…
— Лепш і майстра ня вырабіць сам…

І гавораць рабочыя ветла
заклапочаным зіркам вачэй:
— Мы збудуем хоць сорак паверхаў —
заглядай ў кантору часьцей.

Але цяжка Гафрону расстацца
з малатком працавітых людзей
і пасьля габінэтнае працы
ён на зьмену прыходзіць штодзень.

Галасы гаварлівай машыны
і людзкі зьнепакоены рух…
Даганяе цагліна цагліну
на далонях Гафронавых рук.

Ды ніяк не падолеюць спрыту —
даганяюць хай сотню гадоў:
у разьмераным рухамі рытме
лягуць роўна цагліны ў радок.

Толькі дум не утаймуеш шумлівых,
Толькі зірк адвінуўся ў даль
І сустрэўся з другім — палахлівым —
І ягоныя тайны згадаў.

Тады думка зьвілася капрызна
і ўжо кліча, і голас чуваць:
— Пачакайце хвілінку, Аліса,
я пра штосьці хачу запытаць!

Прыпынілася постаць наводдаль,
прытаіўшы пужлівы агонь;
па дашчаных адхонах усходаў
з рыштаваньня сьпяшае Гафрон.

Прывіталіся моўчкі за рукі,
выбіралі дарогу наўгад,
адыходзілі — слухалі грукат:
пераклічку вячэрніх брыгад.

1-ая брыгада:
Пагулянкі — прагулы
зваяваны дашчэнту;
здалі нормы агулам
сто дванаццаць процэнтаў.

Гэта — першая радасьць,
але будзе уцехай:
ад ударнай брыгады —
да ўдарнага цэху!

2-ая брыгада:
— Узрасла продукцыйнасьць
у сягоняшняй працы,
але будзе злачынна,
каб на гэтым застацца.

Мы пашырым уцеху
яшчэ большай ахвотай:
ад ударнага цэху —
да ударных заводаў!

3-яя брыгада:
Бяз дотацыі сродкаў,
па сягоднішніх даных,
на пятнаццаць адсоткаў
перавышаны пляны.

Але такжа з ахвотай
прымем заклік агульны:
ад ўдарных заводаў, —
да ўдарнай комуны!

Усе брыгады:
— У нас выстарчыць спрыту
і жаданьня даволі!..
Творцы новыя прыдуць,
што жывуць у няволі.

Будзе заклік агульны
да адзінае мэты:
ад ўдарнай комуны —
да Камуны сусьвету!


XIX. ТАЙНА — ЗАСТАЕЦЦА ТАЙНАЙ

Прысада (бяроза і дуб)
вячорным напоены шумам…
Дзьве постаці моўчкі ідуць
і ў кожнай асобныя думы.

Гафрон над усхонамі гор
любуецца ростам будоўлі:
такі неаглядны прастор
і шлях высьцілаецца доўгі!

Далёка, на ўскраі балот,
у мораку новага тракту,
дзе некалі — твань навылёт,
паўзе заклапочаны трактар.

Крыжуюцца, ў бляску зіхацяць
вадою іскрыстай каналы;
наводдаль, як горы, стаяць
будынкі ў цьмяных пакрывалах.

Шчыльней захінае туман
кастлявыя іх сілуэты,
і вось яны гінуць… няма…
агні толькі ў засьціле сьвецяць.

іначай шасьцяць верасы,
адменнымі сталі прасторы:
загінулі багны, лясы,
радзіўся й выростае горад.

— Як хутка зьмяніла зямля
свой выгляд пануры і сонны!
І радасьць задумна лягла
на смуглым абліччы Гафрона.

Зайздросна глядзела у твар
на радасьць чужую Аліса:
— Які ў яго змучаны твар
і цьвёрдасьць у рэзкіх абрысах!

Якія агні ў вачох
у круглых, вялізных, шырокіх
і мужная сіла ў плячох
і стройнасьць у стомленых кроках!

Хацелася з ім жартаваць:
стаяць над глыбокай магілай,
каб ён бараніў, ратаваў
сваёю зьвярынаю сілай.

Сказаць пра таго… пра закон… —
расло неадступна жаданьне,
але нечакана Гафрон
суровае кінуў пытаньне:

— Вы жонка Яновіча?! Так?!
Вы сьмерці жадаеце мужу?!

Аліса:
— Нашто вам пра гэта пытаць?
Пакіньце! Іначай я мушу…

Гафрон:
— Яновічаў лёс і жыцьцё
залежыць ад гэтых пытаньняў:
калі вы раскажаце ўсё,
да кроплі маленькай, дазваньня —

ратунак мы знойдзем тады,
бо зьнішчым хваробы прычыну…
Скажэце… далёка сьляды?

Аліса:
— Чые?

Гафрон:
— Ну, вядома, Яцыны!

Аліса:
— Ня ведаю!

Гафрон:
— Кіньце дурэць!
Якога вам ліха баяцца?!

Аліса:
— Узяць прапунуеце грэх,
душой на пакуты аддацца?

Гафрон:
— Ах, так?.. Дык вы знаеце ўсё-ж!

Аліса:
— Хто гэта сказаў?.. Я нічога,
нічога ня знаю, бо лёс
вядомы адзінаму богу…

Гафрон:
Даволі бузу гаварыць!
Я ведаю вас ад маленства —
якую-ж прынесла карысьць
пакутная ваша маленьне?

Вас білі, плявалі у твар,
а вы даравалі, цярпелі.
Забыўся ваш бог шкадаваць
пакутнае сэрца і цела.

Чакае лёс гэты дзяцей,
калі за мітычнага бога
і крыўды і зьдзекі цярпець…
Вы скажаце што, ці нічога?..

Аліса:
— Гафрон, пашкадуйце мяне,
ня мучце, пакіньце, ідзеце!..
Нічога ня ведаю!…

Гафрон:
— He?…

Аліса:
— Ах, дзеці! Няшчасныя дзеці!

І чорнай касы яе шоўк
разьвіўся на плечы з-пад шалю…
Гафрон павярнуўся й пайшоў,
ірвалася сэрца ад жалю.

Чакайце! — хацела крычаць,
а пальцы ўпіліся ў горла:
Дарэмна! Далёка… Чуваць
сыходзіць, мінае узгор‘е.


XX. СНЫ ВАР‘ЯТА

Агні патушаны, завешана акно,
каб не прабіўся бляск і галашэньне ночы,
Ахутаны знервованым, трывожным сном,
як бяспрытомны вой, заснуў Яновіч.

Зьвісае цяжкая з падушкі галава,
на ўзмах адкінута чарнявая чупрына,
на шчоках плямы, быццам хто нацалаваў,
і пальцы дрыгацяць, як лісьце на асінах.

Дванаццаць выбіла… Скруцілася рука,
трасецца галава ў вар‘яцкім утрапеньні:
сышліся здані зноў насьмешліва скакаць,
закалыхаліся іх змучаныя цені.

Няма, бо ў целе іх ні сэрца, ні душы
і толькі косьці бразгаюць, кагосьці ловяць.
— Ага, яны мяне імкнуцца задушыць!
І дзіка закрычаў ў роспачы Яновіч.

Шалёнай плоймай здані рынулі ў акно,
замітусіліся, забразгалі балонкай…
— Ты супакойся, сьпі!…
здаецца шэпча ноч,
а звонкасьць выдае ласкавы голас жонкі.

— Аліса, чуеш за вакном
шукае нехта цемнаты?
— Ты супакойся — гэта сон
і асыпаюцца лісты!

— Аліса, чуеш нечы плач,
а можа гэта нашы дзеці?
— Ты супакойся — дзеці сьпяць,
шуміць і плача ў лесе вецер!

— Аліса, чуеш на гары
знаёмыя якіясь крокі?
— Мой любы, сьпі, не гавары —
скрыляць пад ветрам нашы кроквы!

— Аліса чуеш? — страшны крык…
Пажар… Галошаньні… Літаньні…
— Ты супакойся — хай гарыць,
бо гэта дзень нясе сьвітаньне!

— Аліса, чуеш? — шкло зьвініць,
у вокны сыплюцца чырвонцы…
— Засьні, каханы мой, засьні —
у шыбы ціха звоніць сонца!

— Як лёгка мне, што дзень прышоў:
пайду у сад — там цвет вясны…
— Ты супакойся, сад пажоўк;
засьні, каханы мой, засьні!..

Мінулі сполахі і ноч прайшла,
а ўсё стаіць яшчэ Аліса
і на бялёвым мармуры чала
трапечуцца, як цені, рысы.

А думы голаў точаць навылёт,
шукаюць тайны, знойдуць, здэцца…
Штось цяжкае, халоднае, як лёд,
лягло пакутліва на сэрца

і сьлёзы пакаціліся з вачэй.
Аліса ўпала на калені…
І так на цягу двадццаці начэй
ідзе вар‘яцтва і маленьне.


XXI. ПАЧАТАК РАЗЬВЯЗКІ

Моліцца доўга за мужа „грахі“,
падае ніцма да долу Аліса,
сэрца-ж бунтуе і ў пасмах тугі
пасьмы трывогі й сумненьне зьвіліся.

Клічуць пачуцьці да шчасьця ляцець,
словамі марна Аліса іх гоніць…
Вобраз маленства, як лёгкую цень,
думы прыносяць з далёкай пагоні.

Вось яна з беднай яўрэйскай сям‘і
белая, з чорнай касою, дзяўчынка
босая ходзіць па мёрзлай зямлі —
бульбу зьбірае на полі ў лагчынах.

Холадна… ногі азяблі зусім:
— Божа, дай сонейка! — просіць у бога,
толькі ня рушыцца цьвёрдая сінь —
бедным ніхто не дае дапамогі.

Рукі згібацца ня могуць ужо…
Хтосьці далёка — хутчэй няхай крочыць:
гэта вясковы малы пастушок,
любіць яна яго чорныя вочы.

Толькі ня прыдзецца болей глядзець:
сэрца зайшлося, у вачох пацямнела…
Потым згадала — як стала цяплей —
хлопчык накрыў кажухом сваім цела.

Помніць, як стрэла дарослым ужо,
упадабала шырокія бровы;
успамінаўся стары кажушок…
Стала з яўрэйкі — мужычкай-Яновіч.

Бога свайго замяніла чужым…
Колькі сьцярпела за ўчынены рэзрух:
Мужа яе абзывалі ўсе: — „Жыд“!
лаялі такжа самую: — „Пярэхрыст!“

— Дзеж-вы тады былі нашы багі!
Аж закрычала ад гневу Аліса…
Зноў успаміны і ў пасмах тугі
новыя здані і цені зьвіліся.

Вось нарадзіўся, таўсьцее, расьце
бог, што забраў у Алісы маленства;
вельмі-ж знаёмая, прыкрая цень:
ён быў уласьнікам школы-малельні.

Цені мяняюцца: бог і хрыстос,
толькі ізноў тыя-ж самыя фарбы:
дзесьці струцілі яе маладосьць
бацька і сын, як уласьнікі фабрык.

Новая родзіцца боская цень,
вобраз падобны на постаць Яцыны:
гэта апошняя здань ад дзяцей
хоча іх волю забраць і краіну…

— Досыць пакуты цярпець жывучы,
хай лепш у пекле замучаць дашчэнту!..
Станцыя?.. Будзьце ласкавы… Злучыць
праз акруговую лінію з Менскам!

Слухайце, Менск!.. Я прашу ГэПэУ…
Дзякую!.. Гэта з Имшары — Балота…
Фальц і Яцына ў лесе пакуль,
Хутка за межы… З вялікай ахвотай
я вас сама завяду на іх сьлед…

Ведаю!
Трубка забразгала глуха,
доўга званок тэлефонны зьвінеў,
некаму толькі было яго слухаць.

Бегла Аліса глядзець верасы
там, дзе сьляды застаюцца увечар.
Чорнай тугою плылі валасы,
быццам-бы морскія хвалі, на плечы.


XXII. МІНАЛІ ДНІ

Ужо лісты абляцелі адзін за адным,
у дарогу зьбіраюцца гусі —
гэта значыць, прайшлі верасьнёвыя дні
і кастрычнік наблізіцца мусіў.

Але ў золаку раніцы восенскі дзень
разгараўся пагодліва, ярка…
Каб ніводнай хвіліны ня страціць нідзе —
будавалі рупліва і шпарка.

і ніколі няўтомны і жвавы Гафрон
павялічыў нагрузку удвойчы:
ад шасьці да гадзіны — кантора, пяро,
ад гадзіны да восьмай — вытворчасьць.

Ня выходзіў на працу Яновіч адзін:
біўся ў роспачы дзікай начамі,
разьліваліся сінія ў вочах агні,
і цямнелі кругі пад вачамі.

Цалавала Аліса вар‘яцтва кругі,
у трывозе чакала чагосьці;
на бялёвым экране маўклівай тугі
паўставала краса маладосьці.

І яшчэ паўставала!
Яцыну вядуць,
а лісты шаласьцяць пад навалай;

такжа борзда ідзе ён, сьпяшае на суд,
як тады… калі ў лесе спаткала.

Нікне постаць Яцыны ў туманнай імгле
і становіцца цёмна навокал:
гэта дзень перабраўся за горы, за лес,
ноч прышла чужаніцай здалёку…
.....................
Так міналі, зьнікалі кастрычніка дні
па чарзе ў прымусовым парадку…
Дзень апошні ўвагу людзкую спыніў,
хоць ня быў нечаканай загадкай.

Але ўсё-ж, калі ў мораку цьмянага шкла
прачыталі ў вітрыне абвестку:

1|XI Клюб Рабочых на Імшарскіх Балотах 1931 г.

ВЫЯЗНАЯ СЭСІЯ
ВЫШЭЙШАГА СУДУ РЭСПУБЛІКІ

разьбірае справу Яцыны

Старшыня суду — Руткевіч

Пракурор — Дарскі

Абаронцы — Косар,

Данкевіч, Валынец

Грамадзкі зьвінавайца — Гафрон.

Незнаёмая рыса зьдзіўленьньня лягла
на абліччах суровых і ветлых.

Сустракаюць па рознаму людзі вясну,
бо і пульс неаднолькава б‘ецца,
такжа стрэлі парознаму ўсе навіну:
абыякава, горача з сэрцам…

Гаварылі рабочыя:
— Добра-б было
запытацца цяпер у Яцыны:
хто-ж змяніў, пакарыў недаступнасьць балот —
колектыў, а ці розум адзінак?! —

І каб вышай была колектыўная моц
(дзень асеньні кароткі, аж вельмі),
працавалі цалюткую цёмную ноч,
завіхаліся людзі і кельні.

Непадобныя думы Яновіч насіў,
атруціў іх звар‘ёваным сокам:
— Вось цяпер… дык нап‘юся крывавай расы,
дух ізноў узьвіецца высока!..

Стануць праўдай ружовыя мары і сны,
што з маленства далёка яркнуць…
І здаваўся Яновічу пошчак лясны
цягніковым сыгналам над аркай.

Зьнепакоіла вестка Алісу інакш:
— Ці ня згубіць тады свайго слова,
і ці скажа рашуча і цьвёрда яна:
Пакараць яго трэба сурова!?

Чула кволым хістаньнем свайго пачуцьця:
калі зможа падняць тады векі —
адкасьнецца яна ад былога сьмецьця,
стане новым зусім чалавекам.

І з няўтольнаю смагай красы і жыцьця
рысавалася постаць жанчыны:
вось яна аглядае бяскрайні прасьцяг —
там пачнецца ўдзячная чыннасьць.


XXIII. СУД

Дзьве тысячы пар чалавечых вачэй
застыла ў цішы мармуровай:
ня толькі каб слыхам, а й зрокам яшчэ
узважыць Яцынавы словы.

Яцына:
— Калісьці даўно мы ня кепска жылі,
ня так, як усе хутаране:
меў бацька чатыры валокі зямлі,
якая нядаўна забрана…

Тады мне й падаўся задуманы плян
вар‘яцтвам усёй пяцігодкі…
Мы ўсклалі надзеі сваі на сялян,
чакалі, што будзе паводка

І ўсё захлынецца само па-сабе,
без нашых учынкаў актыўных.
А вёска жыла і расьлі ў барацьбе,
мацнелі штодзень колектывы.

У гэтым я ўбачыў пагібель сваю,
стаў дзейна, актыўна змагацца…
Віну, бязумоўна, цяпер прызнаю:
пашкодзіў учынкамі працы.

Ня трэба гісторый маіх выпукляць,
бо сам расказаў іх да слова…

Судзьдзя:
— Ці лічыце вы, што Яновічаў плян
ільга было ўсё-ж ажыцьцёвіць?

Яцына:
Пры пэўных варунках і сродках ільга!

Прокурор:
Навошта-ж спалілі проэкты?

Яцына:
Завесіла розум якаясь імгла —
бываюць такія дэфэкты…

Судзьдзя:
Даволі! пытаньняў ні ў кога няма?
Сядайце, Яцына, на лаўцы.
Паклічце ў залю цяпер, комэндант,
падсуднага Генрыка Фальца.

Заблытана, хітра расказвае Фальц
пра дзейнасьць сваю і ўчынкі
Судзьдзя прыпыняе пытаньнямі фальш,
паводку, гаворкі нішчымнай.

Судзьдзя:
Заданьне конкрэтнае ваша было
даставіць за межу Яцыну?
Дык вось адкажэце, ня трацячы слоў,
чаму не ўдалося… прычыну!

Фальц
Ня стала надзейных людзей на мяжы,
усе арыштованы зараз…
прышлося на час перабег адлажыць,
каб сілы сабраць і ударыць.
...............
Умітусь і накрыж людзей на прыцэл
бярэ абарона і судзьдзі.
Да хуткай разьвязкі падходзіць процэс —
закончыўся допыт падсудных.

— Паклічце, гукае судзьзя ласкавей,
Яновіч Алісу як сьведку.
І ціха падходзіць да сцэны бліжэй
у чорным убраньні кабета.

Судзьдзя:
— Яцыну вы самі на суд аддалі?

Аліса:
— Я толькі на сьлед паказала.

Прокурор:
— А дзе вы сустрэлі яго і калі?

Аліса:
— Вясною, як сьціхла навала —
шукала я мужа… Пакінуў ён дом,
па лесе хадзіў бяспрытомным.
Усюды глядзела ягоных сьлядоў
паблізу й далёка ад дому.

Увечары, помню, як сонца зайшло,
цень нечы прымеціла воддаль.
Угрунь я тады даганяла яго,
а ён усё далей адыходзіў.

Нарэшце спыніўся, як-бы скамянеў,
тады я пазнала Яцыну,
ён кінуўся зьверам сьпярша на мяне,
а потым прасіўся…

Гафрон:
— Вось дзіўна…
чаму не сказалі пра гэта раней?

Аліса:
— Такое дала абяцаньне…
Сягоньня крыху, нават, сорамна мне
за гэта дурное маўчаньне.

З цікавасьцю нейкай сачыла, як сак,
за кожным учынкам Яцыны:
я ведала мейсца варожых засад
у лесе за Чорнай лагчынай.

Расло неадступна жаданьне удаць,
а сэрца чагось смуткавала…
Такая дваістасьць зусім не наўда —
рашучасьці мне бракавала.

Лічыла вялікім і цяжкім грахом
на сьмерць аддаваць чалавека.
Цяпер я ня веру ні якім багом,
мане, што вядзецца спрадвеку.

Мітычны усім абяцаючы рай,
уцеху зямлі адбіраюць…
Прашу гэтых ворагаў строга караць,
як нас яны колісь каралі.


XXIV. ПРАМОВА ТАВ. ГАФРОНА

Чацьвертага слова трымаў Гафрон,
можа нязграбнае стылем слова —
ён ня чытаў яго з кніжных балон,
ён прачытаў яго з фактаў жыцьцёвых.

Узважыўшы кожны учынак людзей,
разгледзеўшы кожную завіць сьпіралі,
ён адшукаў асяродак падзей,
даўшы злачынству наступны аналіз:

У жорсткім змаганьні праходзяць дні
вялікай і слаўнай будоўлі.
Ярчэюць над краем электра-агні,
вышэюць плавільныя домны.

Даўжэюць чыгунныя рэйкі шляхоў,
гусьцеюць каналы на цёмных выжарах.
Маладое краіны
маладая кроў
шуміць у артэрыях і капілярах.
Разьвінаецца шырай мільённы паход
працоўных сялян за колгасы,
а кожная шахта,
камуна,
завод —
сьцяг перамогі рабочае клясы.

Ворагі чуюць пагібель сваю;
шчэрачы зубы й пашчэнкі,
вострачы кіпці,
яны паўстаюць,
каб задушыць нас дашчэнту.

І ў клясавых бойках —
нейтральных, няма:
хто не за нас —
той супраць!

Калі запражэш маладога каня,
парвецца старая вупраж.

Так і ў змаганьні за новы сьвет
З ашчапкамі гнілі і цьвілі
ірвецца, так званы, нейтралітэт
службоўцаў былых і цывільных.

Адны адыходзяць у ворагаў стан,
другія знаходзяць дарогу
да нас —
да рабочых, працоўных сялян;
каб з намі здабыць перамогу.

Згадайце як прыклад Алісу…
Яна
на сьвет нарадзілася зноўку
атруйны рэлігіі цёмны туман
змаганьне разьвеяла вонках.

Бо кожны наш рух,
бо кожны узмах,
рук працавітых разгібы і згібы,
фабрыкаў гул,
рокаты шахт —
гэта рэлігіі такжа пагібель.

Так у змаганьні за новы сьвет
з ашчапкамі гнілі і цьвілі
ірвецца, так званы, нэйтралітэт
службоўцаў былых і цывільных.

Не абыходзіцца тут бяз ахвяр:
гінуць часамі патрэбныя людзі.
Прыклад —
Яновіч:

Бядняк, пролетар,
а зьбіўся з дарогі —
ў поцемках блудзіць.

Прычыны —
вядомыя:
поўны адрыў
ад мас,
ад рабочае клясы
і..
(няпрыкметны)
варожы ўплыў —
вось соцыяльная
хныканьня база.

Яновіч — адзінка?
Згаджаюся,
так,
але-ж адзінка
патрэбная вельмі:
ня кожны з нас можа
сягонячы стаць
як дойлід будоўлі,
адкінуўшы кельню.

Праўда,
на зьмену старому ідуць
новыя спэцыялісты,
але-ж і тэмпы будоўлі растуць
вышай ад кадраў
на процантаў трыста.

Ня дарам-жа партыя
дала свой наказ,
каб мы інжынэрамі сталі.
„Тэхніка
ў рэконструкцыйны час
усё вырашае“.
(Сталін)
вось,
калі мы
не падымем наш сьцяг,
сьцяг перамог,
над вышынёю гэтай —
будуць расьці перашкоды наўсьцяж
на сьветлым шляху
да вялікае мэты.
Бо наша краіна саветаў —
адна,
а зубы навокала точаць —
сусьветныя гады імкнуцца суняць
узрост гэтай першай краіны рабочых.

На лаве падсудных —
Яцына і Фальцы,
але на судзе
перад намі
стаіць без адзеньня інтрыга і фальш
у фашыстоўскай панаме.

Бо шкодная дзейнасьць у нас, унутры
расла на вынезе замежнай.
Процэс паказаў,
што ў зьвіваньні інтрыг
урад буржуазны замешан.

І сёньня выносім мы строгі прысуд
над зграяй драпежнікаў хцівых,
а заўтра рабочыя
Там
панясуць
на барыкады
прысуд наш праўдзівы.

Уздымецца дзень рэвалюцыі скрозь,
так,
як калісьці
над нашым краем
і пролетарскай адолі крок
гэтую банду на сьмерць пакарае.

А покуль…
Я вельмі упарта прашу
(урон ад злачынства вялізны)
вынесьці строгі,
суровы прысуд
над агентурай фашызму.

XXV. ПРЫСУД

Назаўтра уранку чыталі прысуд:
— Імям Саюзу Рэспублік
Вышэйшы Савецкай Рэспублікі суд
выносіць свой вырак наступны:

„Генрыка Фальца,
Яцыну С. Р.,
былых афіцэраў белых,
за шкодную дзейнасьць
супроць ССР
прыгаварыць да расстрэлу“…

Кароткая пауза.
Ток цішыні
Істота замерла дачасна:
Папробуй, Яцына,
рукой зварухні,
жыві, адшчапенец, няшчасны!
У нас не бракуе
ні волі,
ні сіл —

Зямлю перавернем рукамі,
напружыўшы пасмы
нэрваў і жыл
мускулаў цьвёрдых, як камень.

У клясавай дужасьці —
наша мораль
і помстаю дзікай ніколі
мы ня пісалі судовых скрыжаль,
кроўю баронячы волю.

Падсудны Яцына!
Дзе-ж гордасьць твая?!
Якая агідная
постаць і выраз!

Сусьветнае банды прадажны сваяк,
паслухай дарэшты свой вырак!

„Узяўшы на ўвагу,
што гэтыя дні
раскрылі работу і плян ашуканцаў —
зьняволеньнем строгім
расстрэл замяніць,
пазбавіць правоў грамадзянства. —

Бо вораг адкрыты
ня здолее нас
у працы штодзеннай вытворчай.
На поддае шкодніцтва —
лепшы адказ —
Хваля энэргіі творчай“.

Яцына сагнуўся, як круглы чарвяк,
на вуснах лісьлівыя словы…
— Чакайце!..
Ня сьмейце!
Ахвяра мая! —
Узьняўся ў шалеясьцьве Яновіч.

— Вам шкода продажнай сабачай крыві
а я хачу ўпіцца як, жалем. —
Згубіўся ягоны звар‘ёваны крык
у спуджаных воплесках залі.


XXVI. ШАРЖЫРАВАНАЯ СЬМЕРЦЬ

У дні вялікіх перамог
на ўсіх дарогах рэволюцый,
на слаўна пройдзеных шляхох
гараць вітальныя салюты.

Агні імшараўскіх балот
упяршыню сягоньня яркнуць:
„Кастрычніка вітаем новы год“
гаворыць лёзунгамі арка.

Наводдаль чалавечы цень
хістаецца ў імгле ружовай:
замучаны тугой надзей,
вандруе ў мораку Яновіч.

І арка урачыстых дзён
яму здаецца іншай аркай:
бягуць трамваі наўздагон,
і цягнікі праходзяць шпарка.

Чамусьці толькі анідзе
нячутна воклічных сыгналаў,
такі парадак прывядзе
катастрафічную навалу.

Але Яновіч гонар свой
ад катастрофы ўпільнуе:
над аркаю павесіць звон
і рух няспынны уплянуе.

І ён зьнікае хутка ў змрок,
адтуль вяртаецца з драбінай…
Вяроўку, зьвітую знарок,
на перакладзіну закінуў.

Зьвязаў на засмаргу пятлю,
прымераў борзьдзенька на голаў:
— Якраз, здаецца.. зачаплю,
каб толькі сіл набрацца болей…
................
Сарваўся раптам цяжкі звон,
на горла вострым краем цісьне
і сіл няма падняць ізноў,
і кожны рух здаецца лішнім.

Душа-ж ня хоча паміраць
і цела б‘ецца ў страшных скрутах.
Чуваць шалёная ігра
і хутка скончацца пакуты.

Шуміць пад аркай акіян,
над галавою — зоры, неба…
І ўсё зьнікае у туман,
бо чалавеку іх ня трэба.

Наліўся кроўю твар, азыс;
на пачарнелых вуснах пена;
павіс закушаны язык,
наліты холадам каменным.

Халодны зірк мінуў жыцьцё,
паплыў у мораку над лесам,
набраклі вочы нябыцьцём
і сталі круглымі, як месяц.

Здаецца высьлізнуць з глазьніц,
агнём шугаючы шалёным,
уніз пакоцяцца, уніз,
як камень пушчаны з адхону.

На векі страчан цьвёрды грунт,
на вейках сьмерць ужо заснула.
Шукаючы апоры пункт,
яшчэ раз ногі ўздрыгнулі,

ды не дасталі да зямлі…
І назаўсёды спруцянела
ў крутой вяровачнай пятлі
кастлявае, худое цела.

Нарысавалі цені шарж
на сьценах камяніц аддальніх,
а правады ігралі марш
жалобны, сумны пахавальны…

Застыла цела ўжо даўно,
а не разьбілася зацішша:
ня сьмела зварухнуцца ноч,
каб не парушыць ўрачыстасьць.


XXVII. ЭПІЛЁГ

Калі будзеш, мой добры чытач,
вывучаць Беларусі абшары —
не забудзься: на мапе адзнач
алоўкам каляровым Імшару.

Перакрэсьлі, закрэсьлі зусім
ценявую ўмоўную лотаць:
дзе была заплясьнелая сінь,
там няма і адзнакі балота.

Высьцілаецца роўны прастор,
быццам стэп неаглядны навокал
і гавораць жыты аж да зор,
наліваюцца ядраным сокам.

І чумее вясной ярына
і шалеюць мурожныя травы.
Непраходных балот — не пазнаць
і звычайнаю песьняй — ня ўславіць.

Толькі звон залатых правадоў,
што напнуты, як струны, над краем
толькі рокат турбін над вадой
урачыстыя гімны сыграюць.

І ўславяць змаганьне людзей
і напружную творчую працу,
бо ўмелі ў віхры падзей
адначасна тварыць і змагацца;

І раскажуць, калі ўпяршыню
праз балота Імшару па шпалах
цягнікі перайшлі глыбіню
непраходных вазёр і каналаў;

І раскажуць дакладна, калі
на магутным электрыка-стане,
нясучы індустрыю ў палі,
зашумелі маторы, дынамы;

І раскажуць яшчэ, як прасьцяг
спавілі ў драцяныя струны…
Усю веліч будоўлі жыцьця,
толькі ў песьнях пачуеш чыгунных.

Дзе-ж там словам якім апісаць,
ты паслухай, чытач, мае рады:
лепш паедзь, падзівіся-ж сам,
там убачыць цябе будуць рады.

На вакзале спаткае герой —
ты пазнаеш Яновіч Алісу? —
падарожны разьвее настрой
і раскажа табе ўсё чыста.

А захочаш пра арку спытаць —
дасьць Аліса адказ і на гэта:
— Будзе арку ільга збудаваць,
бо яна ня выгадка поэты.

Але збудзецца гэта тады,
як сусьветны віхор рэволюцый
страсяне на зямлі гарады,
стануць вольнымі творцамі людзі;

Калі скончым апошні мы бой,
з глыбіні выйдуць сілы людзкія,
пульс сальлецца ў адзіны прыбой
на змаганьне з свавольнай стыхіяй

І тады будзем сьціпла пісаць
новы плян у сусьветным маштабе,
будзе арка над морам стаяць
як палац генэральнага штабу.


1929—1930

ЦАНА 1 р. 25 кап.



Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.