Апошні з магікан (1940)
Апошні з магікан Раман Аўтар: Джэймс Фенімар Купер 1940 год Арыгінальная назва: The Last of the Mohicans; a Narrative of 1757 (1826) |
Ф. КУПЕР
АПОШНІ З МАГІКАН
Пераклад з рускай мовы
ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА пры СНК БССР.
РЭДАКЦЫЯ ДЗІЦЯЧАЙ ЛІТАРАТУРЫ
МІНСК—1940
Фенимор Купер
ПОСЛЕДНИЙ ИЗ МОГИКАН
Детиздат ЦК ВЛКСМ
1936
Перевод с русского
РАЗДЗЕЛ I
Мабыць, на ўсёй вялікай працягласці граніцы, якая аддзяляла ўладанні французаў ад тэрыторыі англійскіх калоній Паўночнай Амерыкі, не знойдзецца больш красамоўных помнікаў бязлітасных і лютых войнаў 1755 — 1763 гадоў, чым у вобласці, што ляжыць пры вытоках Гудзона і каля суседніх з імі азёр.
Гэтая мясцовасць давала такія магчымасці для перамяшчэння войск, з якімі нельга было не лічыцца. Прадаўгаватая водная заслона Шамплена цягнулася ад Канады і глыбока ўразалася ў калонію Н’ю-Йорк; дзякуючы гэтаму возера Шамплен з’яўлялася самым зручным шляхам зносін, па якому французы маглі праплысці да палавіны адлегласці, што аддзяляла іх ад непрыяцеля.
Паблізу паўднёвага краю возера Шамплен з ім зліваюцца хрустальна-ясныя воды возера Гарыкан — «Святога возера».
Святое возера звіваецца між бязлікімі астраўкамі, і яго сціскаюць невысокія прыбярэжныя горы. Выгінамі яно цягнецца далёка на поўдзень, дзе ўпіраецца ва ўзвышанае пласкагор’е. З гэтага пункту пачынаўся шматмільны волак, які прыводзіў падарожніка да берагоў Гудзона; тут плаванне па рацэ рабілася зручным, бо цячэнне было без парогаў.
Выконваючы свае ваяўнічыя планы, французы спрабавалі прабрацца ў самыя аддаленыя і недаступныя цясніны Алеганскіх гор і звярнулі ўвагу на прыродныя перавагі толькі што апісанай намі вобласці. Сапраўды, яна хутка ператварылася ў крывавую арэну шматлікіх баёў, якімі абодва варожыя бакі спадзяваліся вырашыць пытанне адносна ўладання калоніямі.
Тут, у самых важных месцах, якія ўзвышаліся над навакольнымі шляхамі, вырасталі крэпасці; імі авалодваў то адзін, то другі варожы бок; іх то разбуралі, то зноў адбудоўвалі, гледзячы па тым, хто атрымліваў перамогу.
У той час як мірныя земляробы імкнуліся трымацца як найдалей ад небяспечных горных цяснін, хаваючыся ў старадаўніх паселішчах, шматлікія ваенныя сілы паглыбляліся ў некранутыя лясы. Мала хто вяртаўся адтуль. Яны былі знясілены нястачамі і цяжкасцямі жыцця, страцілі бадзёрасць ад няўдач.
І ўсё-ж людзі ўносілі жыццё ў цёмныя лясы гэтага злашчаснага краю; на прагалінах і палянах гучэла ваенная музыка; рэха гор паўтарала то стогны раненых, то вясёлыя крыкі храбрай і бесклапотнай моладзі, якая спяшалася адпачыць.
Іменна на гэтай арэне крывавых войнаў разгортваліся падзеі, пра якія мы паспрабуем расказаць. Наша апавяданне адносіцца да часу трэцяга года вайны паміж Францыяй і Англіяй, што змагаліся з-за ўлады над краінай, якую не было суджана ўтрымаць у сваіх руках ні таму, ні другому боку.
Войскі англічан былі разбіты жменькай французаў і індзейцаў; дзякуючы гэтаму нечаканаму паражэнню большая частка граніцы асталася без аховы. І вось пасля сапраўдных няшчасцяў вырасла шмат мнімых, уяўляемых небяспек. У кожным подыху ветру, што даносіўся з бязмежных лясоў, напалоханым пасяленцам здаваліся дзікія крыкі і злавеснае выццё дзікуноў.
Пад уплывам страху небяспека надзвычай павялічвалася; разважнасць не мела сілы змагацца з устрывожаным уяўленнем. Нават самыя смелыя, упэўненыя ў сабе, энергічныя людзі пачалі сумнявацца ў спрыяльным для іх сканчэнні барацьбы; лік баязліўцаў і маладушных надзвычай павялічваўся; яны ўяўлялі сабе, што ў недалёкай будучыні ўсе амерыканскія ўладанні Англіі пяройдуць да французаў або будуць спустошаны індзейскімі плямёнамі — саюзнікамі Францыі.
Таму вось, калі ў англійскай крэпасці, што ўзвышалася ў паўднёвай частцы пласкагор’я паміж Гудзонам і азёрамі, былі атрыманы весткі пра з’яўленне каля Шамплена маркіза Манкальма і дасужыя балбатуны дадалі, што гэты генерал ідзе з атрадам, «у якім салдат — як лісця ў лесе», страшнае паведамленне было прынята з баязлівай пакорлівасцю. Вестка пра наступленне Манкальма атрымалася ў разгары лета; яе даставіў індзеец у той час, калі ўжо вечарэла. Разам са страшнай навінай пасланец перадаў камандзіру лагера просьбу Мунро, каменданта аднаго з фортаў на берагах Святога возера, безадкладна выслаць яму значнае падмацаванне. Адлегласць паміж фортам і крэпасцю, якую жыхар лясоў праходзіў за дзве гадзіны, ваенны атрад з нагружанымі павозкамі мог пакрыць за час паміж усходам і заходам сонца. Адно з гэтых умацаванняў верныя прыхільнікі англійскай кароны назвалі фортам Уільям-Генры, а другое — фортам Эдуард. Ветэран-шатландзец Мунро камандаваў фортам Уільям-Генры; у ім стаяў адзін з рэгулярных палкоў і невялікі атрад каланістаў-валанцёраў; гэта быў гарнізон, вельмі нязначны для барацьбы з падступаўшымі сіламі Манкальма.
Пасаду каменданта ў другой крэпасці займаў генерал Вэб; пад яго камандаваннем было каля пяці тысяч чалавек. Калі-б Вэб злучыў усе свае раскіданыя ў розных месцах атрады, ён мог-бы паставіць супроць ворага ўдвая больш салдат, чым было ў дасціпнага француза.
Аднак, напалоханыя няўдачамі, англійскія генералы і іх падначаленыя лічылі за лепшае чакаць набліжэння моцнага і адважнага непрыяцеля, не рызыкуючы выйсці насустрач Манкальму, каб даць яму бой і спыніць яго.
Першае хваляванне, выкліканае страшнай весткай, крыху, сунялося ў лагеры, ахаваным траншэямі і размешчаным на беразе Гудзона ў выглядзе ланцуга ўмацаванняў, якія прыкрывалі самы форт; услед за гэтым прайшла чутка, што паўтаратысячны адборны атрад на досвітку збіраецца ісці з крэпасці да форта Уільям-Генры. Чутка гэтая хутка пацвердзілася; даведаліся, што некалькі атрадаў атрымалі загад спешна рыхтавацца да паходу. Усе сумненні рассеяліся, і на працягу двух-трох гадзін у лагеры чуваць была таропкая мітусня, мільгалі заклапочаныя твары. Навабранец трывожна сноўдаў узад і ўперад, мітусіўся і празмернай стараннасцю сваёй толькі замаруджваў зборы да выступлення; спрактыкаваны ветэран узбройваўся зусім спакойна, не спяшаючыся, хоць суровае аблічча і заклапочаны выгляд ясна сведчылі аб тым, што нязведаная і страшная барацьба ў лясах не вельмі радуе яго сэрца.
Нарэшце, сонца схавалася на захадзе за гарамі. Ноч ахутала лагер; шум і мітусня падрыхтаванняў да паходу змоўклі. У афіцэрскіх бярвенчатых хацінах пагасла апошняе святло. Дрэвы кінулі свае густыя цені на земляныя валы і на шумны паток, і праз некалькі хвілін ва ўсім лагеры стала таксама ціха, як у суседніх дрымучых лясах.
Раніцай у паветры, насычаным шэрым туманам, пранёсся доўгі, гучны грукат барабанаў. Гук гэты абудзіў воінаў, якія спалі глыбокім сном. Быў ранні золак; чыстае неба святлела, і абрысы касматых хвой выступалі на ім усё больш выразна і ярка. Праз хвіліну ў лагеры закіпела жыццё; нават самы нядбайны салдат — і той узняўся на ногі, каб бачыць, як выступае атрад і разам з таварышамі перажыць хваляванні гэтага моманту. Зборы былі нескладаныя і хутка скончыліся. Салдаты выстраіліся ў баявыя атрады. Каралеўскія наёмныя салдаты красаваліся на правым флангу; больш простыя валанцёры, з пасяленцаў, пакорна занялі месца злева.
Вось выступілі разведчыкі. Моцны канвой ахоўваў павозкі з паходным снаражэннем. З першым бляскам сонечных праменняў рады пастроіліся ў калону і рушылі ў дарогу. Пры выступленні з лагера ўся гэтая калона мела грозны, ваяўнічы выгляд. Пакуль атрад быў паблізу лагера, твары пакідаўшых яго воінаў мелі горды і ваяўнічы выгляд. Але гукі ваеннай музыкі сталі замаўкаць удалечыні; урэшце, зусім сталі нячутнымі для тых, хто астаўся ў лагеры. Лес сышоўся, хаваючы ад вачэй атрад.
Цяпер вецер не даносіў да слухачоў нават самых гучных, праразлівых гукаў; апошні воін знік у гушчары лесу.
Тым не менш, мяркуючы па ўсім, што рабілася перад самым вялікім і зручным з афіцэрскіх баракаў, яшчэ нехта рыхтаваўся ў дарогу. Перад домікам Вэба стаяла некалькі прыгожа асядланых коней; два з іх, як відаць, прызначаліся для жанчын высокай годнасці, якія не часта сустракаліся ў гэтых лясах. У сядле трэцяга каня відаць былі афіцэрскія пісталеты; астатнія коні, мяркуючы па прастаце аброцей і сёдлаў і прывязаных да іх клункаў, належалі ніжэйшым чынам. Сапраўды, зусім ужо гатовыя да ад’езду радавыя, як відаць, чакалі толькі загаду начальніка, каб ускочыць у сёдлы. На некаторай адлегласці стаялі групы бяздзейных гледачоў; адны з іх з задавальненнем глядзелі на афіцэрскага каня чыстай пароды, другія з тупою дапытлівасцю сачылі за падрыхтаваннямі да ад’езду. Аднак, сярод гледачоў быў адзін чалавек, манеры і асанка якога вылучалі яго з ліку астатніх.
Яго фігура не была занадта непрыгожай, а між тым здавалася вельмі нязграбнай. Калі гэты чалавек стаяў, ён быў вышэй астатніх людзей; затое седзячы ён нібы сціскаўся, робячыся не буйнейшым за сваіх субратоў. Яго галава была занадта вялікай, плечы — вельмі вузкія, рукі — доўгія, нязграбныя, з маленькімі, далікатнымі пясцямі. Яго доўгія ногі былі вельмі худымі; калені празмерна тоўстыя. Дзіўнае, нават недарэчнае адзенне дзівака, здавалася, было знарок прыдумана, каб падкрэсліваць нязграбнасць яго фігуры. Нізкі каўнер нябесна-блакітнай камізэлькі зусім не прыкрываў яго доўгай і худой шыі; кароткія полы кафтана давалі магчымасць насмешнікам пацяшацца з яго тонкіх доўгіх ног. Жоўтыя нанкавыя штаны даходзілі да каленяў; тут яны былі перавязаны вялікімі белымі бантамі, абшарпанымі і бруднымі. Шэрыя панчохі і чаравікі завяршалі адзенне нязграбнай фігуры. На адным чаравіку дзівака красавалася шпора з накладнога серабра. З вялікай кішэні яго камізэлькі, вельмі забруджанай і ўпрыгожанай пачарнелымі сярэбранымі галунамі, выглядаў невядомы інструмент. Высокі трохкутны капялюш, накшталт тых, якія гадоў трыццаць таму назад насілі пастары, пакрываў галаву дзівака і надаваў паважны выгляд дабрадушнаму абліччу гэтага чалавека.
Групы радавых трымаліся на пэўнай адлегласці ад дома Вэба; але тая фігура, якую мы толькі што апісалі, смела ўмяшалася ў натоўп генеральскіх служак. Дзіўны чалавек смела аглядаў коней; адных хваліў, другіх ганьбіў.
— Вось гэты конік не просты, ён напэўна замежны, можа, нават з вострава, што знаходзіцца далёка-далёка, за сінімі морамі, — сказаў ён голасам, які здзіўляў сваёй прыемнай мяккасцю.
— Скажу, не выхваляючыся: я магу смела разважаць аб падобных рэчах; я-ж пабываў у, абодвух гаванях: і ў той, што знаходзіцца пры вусці Темзы і называецца імем сталіцы старой Англіі, і ў той, што завецца проста Н’ю-Хевен — Новай гаванню. Я бачыў, як брыгантыны і баркі збіралі жывёл, нібы для каўчэга, і накіроўвалі іх на востраў Ямайку; там гэтых чацвераногіх прадавалі або выменьвалі. Але такога каня мне ніколі не даводзілася бачыць. Як гэта сказана ў бібліі? «Ён нецярпліва рые капытамі зямлю даліны і радуецца сваёй сіле; ён нясецца насустрач людзям. Сярод трубных гукаў ён ускліквае: ха, ха! Ён здалёк чуе бой і вайсковы кліч». Гэта — даўняя кроў, ці не праўда, прыяцель?
Не атрымаўшы адказу на свае словы, дзівак падняў вочы і зірнуў на таго, да каго ён звяртаўся. Ён са здзіўленнем спыніў свой позірк на нерухомай, прамой і стройнай фігуры індзейца-скарахода, які прынёс у лагер невясёлыя весткі.
Хоць індзеец стаяў нібы каменны і, здавалася, не звяртаў ніякай увагі на шум і ажыўленне, што панавалі вакол яго, твар яго меў суровы выгляд. Індзеец быў узброены тамагаўкам і нажом, а між тым быў не падобны на запраўскага воіна. На суровым твары дзікуна ваенная афарбоўка расплылася, і гэта надавала яго цёмнаму абліччу дзікі і грозны выгляд. Вочы індзейца гарэлі, нібы яркія зоркі паміж хмарамі. Толькі на адзін момант пільны, пануры позірк скарахода злавіў здзіўлены выраз вачэй назіральніка і зараз-жа павярнуўся ў другі бок, кудысьці далёка-далёка ў паветра.
Між тым група служак заварушылася; пачуліся ціхія гукі далікатных галасоў. Чалавек, што захапляўся канём афіцэра, раптам падышоў да свайго ўласнага нізкарослага, худога каня з падвязаным хвастом, які скуб сухую траву; адным локцем ён абапёрся на шарсцяную коўдру, што замяняла яму сядло, і стаў сачыць за ад’язджаючымі. У гэты час з процілеглага боку да яго клячы падышло жарабё і пачало ласавацца яе малаком.
Юнак у афіцэрскім мундзіры падвёў да коней двух маладых дзяўчат, якія, мяркуючы па іх адзенню, падрыхтаваліся накіравацца ў цяжкае падарожжа цераз лясы.
Раптам вецер адкінуў доўгую зялёную вуаль, прымацаваную да капелюша той з іх, якая здавалася малодшай (хоць яны абедзве былі вельмі маладыя); з-пад вуалі паказаўся надзвычай далікатны твар, залацістыя валасы, глыбокія бліскучыя сінія вочы; дзяўчына без усякага замяшання дазволіла зялёнаму газу развявацца ў паветры, не стараючыся закрыць ім ні свой твар, ні пяшчотную ўсмешку, якую яна паслала маладому чалавеку, што дапамагаў ёй сесці ў сядло.
Афіцэр з такой-жа ўвагай аднёсся і да другой дзяўчыны, прыгожасць якой клапатліва была схавана вуаллю. Яна здавалася старэйшай за сваю сястру і была крыху паўнейшай.
Як толькі дзяўчаты селі на коней, малады чалавек ускочыў у сядло; усе трое пакланіліся генералу Вэбу, які вышаў на ганак, каб правесці падарожнікаў, павярнулі коней і лёгкай рыссю рушылі да паўночнага выезду з лагера; некалькі ніжніх чыноў паехала ўслед за імі. Пакуль падарожнікі перасякалі невялікую прастору, што аддзяляла іх ад вялікай дарогі, ніхто з іх не прамовіў ні слова, толькі малодшая з дзяўчат крыху ўскрыкнула, калі міма яе нечакана праслізнуў індзеец-скараход і шпаркімі, плаўнымі крокамі накіраваўся па ваеннай дарозе. Старэйшая з сясцёр пры з’яўленні індзейца-скарахода прамаўчала. Ад здзіўлення яна выпусціла складкі вуалі, і яе твар адкрыўся. Жаль, захапленне і жах мільганулі на яе твары. Валасы гэтай маладой дзяўчыны колерам і блескам нагадвалі пер’і крумкача; колер яе твара быў нясмуглы; твар поўнакроўны, хоць у ім не было ніякага адцення грубасці. Яе рысы былі далікатнымі, благароднымі і надзвычай прыгожымі. Яна ўсміхнулася, і між губ яе бліснуў рад роўных зубоў, з белізной якіх нельга было-б параўнаць самую лепшую слановую косць.
РАЗДЗЕЛ ІІ
Малодшая з дзяўчат, супакоіўшыся пасля хвіліннага спалоху, засмяялася з свайго страху і сказала афіцэру, які ехаў побач з ёю:
— Скажыце, Дункан, такія прывіды часта сустракаюцца ў тутэйшых лясах? Калі так, нам з Корай спатрэбіцца ўся наша мужнасць яшчэ раней, чым мы сустрэнемся са страшным Манкальмам.
— Гэты індзеец — скараход пры нашым атрадзе і, па разуменнях свайго племя, — герой, — адказаў малады афіцэр. — Ён прапанаваў свае паслугі праводзіць нас да возера па малавядомай сцежцы, якая значна скарачае дарогу, дзякуючы гэтаму мы з’явімся на месца хутчэй, чым прыехалі-б, ідучы за нашым атрадам.
— Ён мне не падабаецца, — адказала маладая дзяўчынка і ўздрыганулася ад прытворнага страху, хоць у яе душы быў таксама і сапраўдны страх.
— Вы добра ведаеце яго, Дункан? Вы-ж бы яму, вядома, не давяралі ў адваротным выпадку.
— Так, я ведаю гэтага індзейца, інакш-бы я не выбраў яго правадніком, асабліва ў такі момант. Кажуць, Магуа — родам з Канады, а між тым служыць нашым сябрам магаукам, якія, як вам вядома, належаць да ліку шасці саюзных плямён[1]. Мне казалі, што ён трапіў сюды па нейкай дзіўнай выпадковасці, меўшай дачыненне да вашага бацькі; здаецца, генерал бязлітасна абышоўся з гэтым індзейцам… Між іншым, я забыў, у чым справа. Дастаткова, што цяпер ён наш прыяцель.
— Калі ён быў ворагам майго бацькі, тым горш для нас — заўважыла дзяўчынка, устрывожыўшыся не на жарты. — Маёр Хейвард, калі ласка, загаварыце з ім, я хачу пачуць гук яго голаса. Можа гэта глупства, але я заўсёды мяркую аб чалавеку па яго голасу.
— Калі я загавару з ім, гэта, напэўна, не дасць нічога, — прамовіў Хейвард — Ён адкажа мне якім-небудзь аднаскладаным усклікам. Мне здаецца, Магуа разумее па-англійску, але робіць выгляд, што не ведае нашай мовы; апрача таго, ён наўрад ці захоча весці са мной гутарку цяпер, калі ваенны час патрабуе ад яго ўсіх адзнак вышэйшага вайсковага гонару. Але, глядзіце, наш праваднік спыніўся: як відаць, тут пачынаецца тая сцежка, на якую нам давядзецца павярнуць.
Дункан казаў праўду. Калі коннікі пад’ехалі да індзейца, які нерухома стаяў, паказваючы на гушчар кустоў, акружаўшых ваенную дарогу, яны разгледзелі сцежку, настолькі вузкую, што па ёй можна было ехаць толькі гуськом.
— Мы павінны павярнуць на гэтую сцежку, — прашаптаў Хейвард. — Не выказвайце ніякай трывогі, бо інакш вы наклічаце на сябе іменна тую небяспеку, якой баіцеся.
— Кора, — запытала сястру златакудрая Аліса, — як ты думаеш, ці не спакайней будзе ехаць разам з атрадам?
— Аліса, вы дрэнна ведаеце звычаі і прывычкі дзікуноў, а таму не разумееце; у якіх выпадках трэба баяцца, — запярэчыў Хейвард. — Калі непрыяцелі ўжо дайшлі да волака, яны, магчыма, акружаць наш атрад, спадзеючыся здабыць вялікую колькасць скальпаў. Шлях атрада вядомы ўсім; наша-ж сцежка, безумоўна, яшчэ невядома нікому, бо ўсяго якую-небудзь гадзіну таму назад мы вырашылі ехаць па ёй.
— Няўжо мы не павінны верыць гэтаму чалавеку толькі таму, што яго рухі і манеры непадобны да нашых, а колер яго твара цямней скуры белых? — халодна запытала Кора.
Аліса пакінула вагацца; яна ўдарыла дубцом свайго нараганзета[2], першая рассунула галіны і паехала ўслед за скараходам па цёмнай вузкай лясной сцежцы. Хейвард з зачараваннем глядзеў на Кору; ён не заўважаў нават, што яе белакурая спадарожніца адна паглыбілася ў гушчар. Слугі, згодна загадзя атрыманага загаду, не павярнулі ў лес, а паехалі на ўздагон атраду. Хейвард растлумачыў маладым дзяўчатам, што гэта было зроблена з асцярожнасці, згодна парады іх хітрага правадніка: індзеец хацеў паменшыць колькасць слядоў на выпадак, калі-б сюды трапілі разведчыкі канадскіх плямён. На некалькі хвілін гутарка спынілася.
У хуткім часе падарожнікі мінулі шырокі край густога лесу і апынуліся пад цёмнай заслонай вялікіх дрэў. Дарога зрабілася больш зручнай; скараход, які заўважыў, што маладыя дзяўчаты цяпер лепш кіравалі сваімі коньмі, пайшоў хутчэй, і Коры з Алісай давялося пусціць нараганзетаў рыссю. Хейвард павярнуўся быў, каб сказаць нешта чорнавокай Коры, але ў гэты момант пачуўся далёкі гук капытоў, якія стукалі па раскіданых на сцежцы карэннях. Гэта прымусіла маладога чалавека спыніць свайго каня; Кора і Аліса таксама нацягнулі павады; усе трое жадалі дазнацца, у чым справа.
Праз некалькі хвілін яны ўбачылі жарабя, якое, нібы алень, імчалася між стваламі хвой; услед за тым з’явілася нязграбная фігура, апісаная намі ў папярэднім раздзеле. Нязграбны незнаёмы набліжаўся з усёй хуткасцю, на якую быў здольны яго худы конь. Ён безупынна адной нагой шпорыў сваю клячу, але дасягаў толькі таго, што яе заднія ногі ішлі лёгкім галопам, у той час як пярэднія выраблялі нейкія няпэўныя, увесь час зменлівыя рухі, падобныя на кульгавую рысь. Частая змена рысі на галоп стварала аптычны абман, у выніку чаго здавалася, быццам конь бяжыць шпарчэй, чым гэта было ў сапраўднасці; ва ўсякім выпадку, знаўца коней, Хейвард ніяк не мог вырашыць, якім алюрам рухалася бедная жывёліна, падганяемая шпорай настойлівага праследавальніка.
Пасадка і ўсе рухі конніка былі такія-ж дзіўныя, як фігура і пабежка яго каня. Пры кожным кроку каня незнаёмы прыўзнімаўся на страмёнах і, то занадта выпростваючы, то празмерна згінаючы ногі, раптам вырастаў, а потым скурчваўся, так што ніхто ніяк не мог уявіць сабе яго рост. Калі да гэтага дадаць, што ў выніку дзеяння яго шпоры адзін бок каня, здаецца, бег хутчэй, чым другі, а рухі яго калматага хваста безупынна паказвалі, які бок яго церпіць ад шпоры, мы завершым малюнак клячы і яе конніка.
Маршчынкі, якія спачатку пакрылі прыгожы, адкрыты, мужны лоб Хейварда, паступова разгладзіліся, і ўсмешка заварушыла яго губы. Аліса не стрымала смеху, і нават у цёмных, задумлівых вачах Коры бліснула ўсмешка.
— Вы хочаце бачыць каго-небудзь з нас? — запытаў Дункан, калі дзіўны коннік пад’ехаў да яго і затрымаў каня. — Спадзяюся, вы не прывезлі нам дрэнных вестак?
— Вось іменна, — адказаў незнаёмы, размахваючы сваім трохкутным капелюшом, каб прывесці ў рух душнае паветра лесу, і даючы слухачам вырашаць, да якой часткі пытання адносіцца яго заўвага. Аднак, асвяжыўшы свой разагрэты твар і крыху адпачыўшы, дзівак дадаў: — Кажуць, вы едзеце ў форт Уільям-Генры; я накіроўваюся туды-ж, а таму вырашыў, што ўсім нам будзе прыемна зрабіць гэты пераезд у добрай кампаніі.
— Дзіўны спосаб галасавання, — сказаў Хейвард. — Нас трое, вы-ж параіліся толькі з адным сабой.
— Вось іменна. Самае галоўнае — гэта ведаць свае ўласныя жаданні, а калі гэта ўжо вядома, то астаецца толькі выканаць свой намер. Таму вось я і дагнаў вас.
— Калі вы едзеце да возера, вы памыліліся дарогай, — высокамерна заўважыў Дункан: — вялікая дарога асталася па крайняй меры на поўмілі ззаду ад вас.
— Вось іменна, — адказаў дзіўны коннік, наяк ога зусім не дзейнічаў халодны прыём. — Я пражыў усяго тыдзень у Эдуардзе і не запытаў-бы, па якой дарозе мне трэба ехаць, толькі ў тым выпадку, калі-б анямеў, а нямы я загінуў-бы для выбранай мною прафесіі. — Ён злёгку, хіхікнуў, потым гаварыў далей: — Чалавеку маёй прафесіі не асцярожна занадта проста трымаць сябе з людзьмі, якіх ён павінен навучаць; вось прычына, дзякуючы якой я не паехаў услед за атрадам. Апрача таго, я лічу, што такі джэнтльмен, як вы, вядома, лепш за ўсіх іншых можа кіраваць падарожнікамі. Гэтае меркаванне прымусіла мяне далучыцца да вашай кампаніі. І, нарэшце, з вамі мне будзе весялей ехаць: мы можам весці гутарку.
— Якое самавольнае і неабдуманае рашэнне! — адказаў Хейвард, не ведаючы, ці даць волю абурэнню ці разрагатацца ў твар незнаёмаму. — Але вы кажаце пра навучанні і пра прафесію. Хто вы — ці не настаўнік, які выкладае благародную навуку абвінавачанняў і абароны? Ці вы адзін з тых, што век чэрцяць простыя лініі ды вуглы, гаворачы, быццам яны займаюцца матэматыкай?
Незнаёмы з вялікім здзіўленнем паглядзеў на Хейварда, потым без самадавольства — наадварот, з найвялікшай і ўрачыстай пакорлівасцю — адказаў:
— Спадзяюся, ні пра якія абвінавачанні няма і гутаркі; пра абарону я не думаю, бо, дзякуй богу, не зрабіў ніякага вялікага грэху. Вашага намёку на лініі і вуглы я зусім не зразумеў; справу навучання бліжніх я пакідаю тым, хто выбраны выконваць гэтую святую справу. Я пратэндую толькі на светлае майстэрства псалмаспеваў, на ўменне ўзносіць хвалы і славаслоўі.
— Гэта, як відаць, вучань Апалона, — смеючыся, усклікнула Аліса, — і я прымаю яго пад сваю асобую абарону. Досыць, Хейвард, пакіньце хмурыцца! Уявіце, што мой слух жадае далікатных гукаў, і дазвольце гэтаму дзіваку астацца з намі. Апрача таго, — дадала яна, спехам і коса зірнуўшы на Кору, якая апярэдзіла іх і паціху ехала ўслед за панурым індзейцам, — у выпадку патрэбы ў нас будзе лішні прыяцель і саюзнік.
— Няўжо, Аліса, вы думаеце, што я адважыўся-б весці па гэтай невядомай сцежцы тых, каго люблю, калі-б мог дапускаць, што нас чакае якая-небудзь небяспека?
— Не, не, я гэтага не думаю; але дзіўны чалавек пацяшае мяне і, калі сапраўды ў яго душы гучыць музыка, не будзем груба адштурхваць яго.
Аліса знакам паклікала да сябе незнаёмага і пусціла свайго нараганзета лёгкай рыссю.
— Я рада, што сустрэла вас, друг мой. Прыстрасныя сваякі сцвярджаюць, што я нядрэнна выконваю дуэты, — жартаўліва сказала яна. — Значыць, мы маглі-б аздобіць наша падарожжа, калі-б заняліся нашым любімым мастацтвам. Апрача таго, мне было-б прыемна пачуць думку маэстра аб маім голасе.
— Сапраўды, псалмаспевы асвяжаюць і дух і цела, — адказаў настаўнік спеваў, пад’ехаўшы бліжэй да Алісы, — і, вядома, нішто на свеце не супакойвае ўсхваляваную душу, больш, чым прыемная сувязь у галіне мастацтва. Аднак, для поўнага ладу патрэбны чатыры галасы. Як відаць, у вас далікатнае, багатае сапрана; я, пры пэўным намаганні, магу браць самыя высокія тэнаровыя ноты; але нам нехапае кантральто і баса. Вядома, афіцэр каралеўскай арміі, які так доўга не хацеў прыняць мяне ў сваю кампанію, мог-бы спяваць басовую партыю… Мяркуючы па тонах, якія гучэлі ў яго гутарцы, у яго бас.
— Не мяркуйце неразважліва па знадворных адзнаках: яны абманлівыя, — усміхаючыся, запярэчыла маладая дзяўчына. — Праўда, маёр Хейвард іншы раз гаворыць на нізкіх нотах, але, паверце, яго звычайны голас значна бліжэй да салодкага тэнара, чым да таго баса, які вы чулі.
— Прыемны голас, як і ўсе іншыя таленты, даецца чалавеку для таго, каб ён ужываў яго на карысць сваім блізкім і не злоўжываў ім.
— Вы займаецеся толькі духоўнымі спевамі?
— Вось іменна. Як псалмы Давіда пераўзыходзяць усе іншыя паэтычныя творы, так і мелодыі, на якія яны перакладзены, стаяць значна вышэй усіх свецкіх спеваў. Дзе-б я не спыняўся, па якіх-бы краінах ні падарожнічаў, ні ў часе сну, ні ў хвіліны пільнасці я не разлучаюся з любімай кнігай, выданай у Бастоне, у 1744 годзе, пад назвай: «Псалмы, гімны і свяшчэнныя спевы ветхага і новага завета, перакладзеныя англійскімі вершамі для ўжывання, навучання і спацяшэння сапраўды веруючых у грамадскім і прыватным жыцці, пераважна ў Новай Англіі».
Пры гэтых словах дзівак выняў з кішэні кніжку і, надзеўшы на нос акуляры ў жалезнай аправе, разгарнуў томік з такой асцярожнасцю і павагай, якіх патрабуе абыходжанне са свяшчэннымі рэчамі. Потым, без далейшых разважанняў і тлумачэнняў, ён уклаў у рот нейкі дзіўны інструмент. Пачуўся праразлівы, высокі гук; услед за тым спявак псалмоў узяў голасам ноту актавай ніжэй і, нарэшце, заспяваў. Панесліся поўныя, прыемныя, меладычныя гукі, і нават рух каня не перашкодзіў спевам:
О, как отрадно это — |
Спявак псалмоў увесь час адбіваў такт правай рукой. Апускаючы яе, ён злёгку дакранаўся старонак кнігі; падымаючы-ж, размахваў ёю з асаблівым майстэрствам. Яго рука не пакідала рухацца, пакуль не замёр апошні гук.
Цішыня лесу была парушана. Магуа павярнуўся да Дункана і прамармытаў некалькі слоў на ламанай англійскай мове, а Хейвард, у сваю чаргу, загаварыў з Алісай, перапыніўшы музыкальныя практыкаванні незнаёмага.
— Цяпер, мабыць, не прадбачыцца ніякай небяспекі; але ўсё-ж дзеля простай асцярожнасці нам патрэбна ехаць без шуму. Мне давядзецца, Аліса, пазбавіць вас прыемнасці і прасіць гэтага джэнтльмена адкласці спевы да больш спрыяльнага часу.
— Гэта праўда, вы пазбаўляеце мяне вялікай прыемнасці, — з хітрай усмешкай адказала маладая дзяўчына. — Сапраўды, мне яшчэ ніколі не здаралася чуць, каб з такім майстэрствам спявалі такія бяссэнсныя словы! Я ўжо збіралася запытаць нашага спадарожніка аб прычынах такой дзіўнай неадпаведнасці, але ваш грамавы бас, Дункан, спыніў мае развагі.
— Не разумею, чаму вы называеце мой голас грамавым басам? — сказаў Хейвард, крыху пакрыўджаны яе словамі. — Я ведаю толькі адно, а іменна: што ваша бяспека і спакой вашай сястры для мяне даражэй непараўнальна больш, чым уся музыка Гендэля!
Малады афіцэр замоўк і паглядзеў у напрамку гушчару; потым скоса і з падазронасцю зірнуў на Магуа, які ішоў па-ранейшаму зусім спакойна. Убачыўшы гэта, малады чалавек усміхнуўся, яму стала смешна з уласнай трывогі: хіба не палічыў ён толькі што водбліскі святла на нейкіх бліскучых лясных ягадах за бляск зрэнкаў затоенага ў лісці індзейца? Цяпер маёр ехаў спакойна, працягваючы гутарку, спыненую мільгануўшай у яго розуме трывогай.
Але Хейвард зрабіў вялікую памылку, дазволіўшы сваёй юнай гордасці заглушыць голас асцярожнасці.
Ледзь спадарожнікі мінулі гушчар кустоў і дрэў, галіны асцярожна і бясшумна рассунуліся, і з іх выглянуў сярдзіты твар, упрыгожаны грознай баявой расфарбоўкай.
Злосная радасць з’явілася на цёмным твары жыхара лясоў, які праводзіў позіркам маленькі бесклапотны атрад.
Лёгкія і стройныя дзяўчаты то знікалі, то з’яўляліся сярод галін; за імі ехаў маёр на сваім выдатным кані, а ззаду ўсіх відаць быў нязграбны настаўнік спеваў. Нарэшце, і яго фігура схавалася сярод цёмных ствалоў глухога лесу.
РАЗДЗЕЛ III
Дадзім Хейварду і яго спадарожнікам паглыбляцца ў дрымучы лес і перанясем месца дзеяння нашага апавядання ў мясцовасць, якая знаходзіцца на адлегласці ў некалькі міль на захад.
У гэты дзень два чалавекі сядзелі на беразе невялікага, але вельмі быстрага патока, які працякаў на адлегласці аднаго дня шляху ад лагера Вэба. Як відаць, яны чакалі некага або нечага. Магутная сцяна лесу даходзіла да самага берагу рэчкі. Галіны густых дрэў нахіляліся над вадою, кідаючы на яе цёмны цень. Сіла праменняў сонца пачала слабець; спякота дня спала, і халаджавыя выпарэнні ручаёў і крыніц лёгкім туманам віселі ў паветры. Нерухомая цішыня панавала ў гэтым лясным кутку, парушаемая часамі лянівым пастукваннем дзятла, рэзкім крыкам стракатай сойкі, або глухім аднастайным гулам далёкага вадапада, які даносіўся ветрам.
Але гэтыя слабыя гукі былі настолькі знаёмымі жыхарам лясоў, што не адрывалі іхнай увагі ад гутаркі. Чырвоны колер скуры аднаго з іх і яго ўбранне выяўлялі ў ім воіна-індзейца. Загарэлы твар другога, апранутага таксама ў вельмі простае і грубое адзенне, быў значна святлейшым: ён здаваўся несумненным патомкам еўрапейскіх перасяленцаў. Чырвонаскуры сядзеў на канцы заросшага мохам бервяна і выразнымі, спакойнымі, але красамоўнымі рухамі рук падкрэсліваў свае словы. Яго амаль аголенае цела ўяўляла сабою жахлівую эмблему смерці: яно было распісана чорнай і белай фарбамі, якія надавалі чалавеку выгляд шкілета. На брытай галаве індзейца красавалася толькі адна пасма валасоў. Арлінае пяро, усаджанае ў валасы, апускалася на левае плячо дзікуна; з-за пояса быў відзён тамагаук і скальпіравальны нож англійскага вырабу. Праз аголенае мускулістае калена ён перакінуў кароткую салдацкую стрэльбу, адну з тых, якімі англічане ўзбройвалі сваіх чырвонаскурых саюзнікаў. Усё ў гэтым воіне — яго шырокія грудзі, выдатны склад цела і гордая постаць — даказвала, што ён дасягнуў поўнага росквіту жыцця, але яшчэ не пачаў набліжацца да старасці.
Мяркуючы па фігуры белага, можна было сказаць, што ён з самай ранняй маладосці пазнаёміўся з нястачамі і працай. Ён быў мускулісты, хутчэй хударлявы, чым поўны, і адзеты ў паляўнічую кашулю зялёнага колеру, аблямаваную жоўтымі махрамі; яго галаву прыкрываў летні скураны капялюш. За паясом паляўнічага відзён быў нож, але ў яго не было тамагаука. Па звычаю чырвонаскурых, яго макасіны ўпрыгожвала стракатая аддзелка, а скураныя штаны зашнураваны былі па баках і вышэй каленяў аленевымі жыламі. Скураная сумка і рог з порахам завяршалі яго снаражэнне; паблізу ствала суседняга дрэва стаяла яго вельмі доўгая стрэльба. У вачах гэтага паляўнічага або разведчыка свяцілася праніклівасць і розум. У часе гутаркі ён вельмі часта азіраўся па баках, ці то выглядаючы дзічыну, ці то асцярагаючыся якога-небудзь патаемнага нападу.
— Паданні твайго племені, Чынгачгук, гавораць за мяне, — сказаў ён.
Гутарка вялася на той мове, якая была знаёма ўсім туземцам, што займалі вобласць паміж рэкамі Гудзонам і Патамакам.
— Твае бацькі прышлі з краіны заходзячага сонца, пераправіліся праз вялікую раку[3], уступілі ў бой з мясцовымі жыхарамі і завалодалі іх землямі; мае продкі прышлі ад чырвонай ранішняй зары, праплылі цераз Салёнае возера і зрабілі тое-ж, што і твае роданачальнікі. Не будзем-жа спрачацца аб гэтым і дарэмна траціць словы.
— Мае прабацькі ваявалі з аголенымі чырвонаскурымі людзьмі, — сурова адказаў індзеец на той-жа мове. — Скажы, Сакалінае Вока, хіба ты не бачыш розніцы паміж стралой з каменным астрыём і свінцовай куляй, якой ты прыносіш смерць?
— Прырода адзела індзейца ў чырвоную скуру, але ў яго ёсць розум, — сказаў белы. — Я неадукаваны чалавек і не ўтойваю гэтага; аднак, мяркуючы па тым, што я бачыў у часе палявання на аленяў і вавёрак, мне здаецца, што стрэльба ў руках маіх дзядоў была менш нябяспечнай, чым лук і добрая крэмневая страла, пушчаная ў цэль, намечаную зоркім вокам індзейца.
— Усё гэта ты чуў ад тваіх бацькоў, — холадна адказаў чырвонаскуры. — Але што кажуць вашы старыя? Хіба яны кажуць маладым воінам, што бледнатварыя ваявалі з каменнымі сякерамі або з драўлянымі стрэльбамі ў руках?
— У мяне няма прыстрасцяў, я не выхваляюся перавагамі свайго нараджэння, хоць мой самы злосны вораг — макуас — не пасмее адмаўляць, што я чыстакроўны белы, — адказаў паляўнічы, разглядаючы сваю пацямнелую жылістую і касцістую руку. Але я ахвотна прызнаюся, што не ўхваляю многіх і вельмі многіх учынкаў людзей маёй бацькаўшчыны. Аднак, я не магу адказваць за другіх. Кожную гісторыю можна разглядаць з двух бакоў; таму, скажы мне ты, Чынгачгук, што кажуць паданні чырвонаскурых пра першую сустрэчу тваіх дзядоў з маімі?
Абодва змоўклі. Індзеец доўга не гаварыў ні слова; нарэшце, з поўным усведамленнем важнасці таго, што ён скажа, ён пачаў апавяданне, і ў тоне яго голаса загучэла ўрачыстая шчырасць.
— Слухай, Сакалінае Вока, і твае вушы не прымуць хлусні і няпраўды. Вось што казалі мае бацькі; вось што зрабілі магікане!
Мы прышлі адтуль, дзе сонца ўвечары заходзіць за шырокія раўніны, на якіх пасуцца статкі бізонаў, і бесперапынна рухаліся да вялікай ракі. Тут мы пачалі барацьбу, з алігевамі і біліся, пакуль зямля не пачырванела ад іх крыві. У вобласці паміж берагамі вялікай ракі і мелямі Салёнага возера мы не сустрэлі нікога; толькі адны макуасы здалёк сачылі за намі. Мы сказалі, што ўвесь гэты край наш. Мы мужна заваёўвалі гэты край і ахоўвалі яго, як дружныя і смелыя мужы; мы прагналі макуасаў у лясы, якія былі перапоўнены мядзведзямі, і яны здабывалі для сябе соль толькі з ям перасохлых салёных крыніц; гэтыя сабакі не вылавілі ні адной рыбы з вялікага возера, і мы кідалі ім адны косці.
— Пра ўсё гэта я ўжо чуў і ўсяму веру, — сказаў белы паляўнічы, бачачы, што індзеец змоўк. — Але-ж усё, пра што ты расказваеш, здарылася задоўга да таго часу, калі прышлі англічане.
— Тады хвоі раслі там, дзе цяпер узвышаюцца каштаны. Першыя бледнатварыя, якія прышлі да нас, размаўлялі не па-англійску. Яны прыплылі ў вялікім чаўне. Гэта здарылася ў тыя дні, калі мае бацькі разам з усімі навакольнымі плямёнамі закапалі свой тамагаук[4]. І тады, — сказаў Чынгачгук, і вялікае хваляванне выявілася толькі ў тоне яго голаса, — тады, Сакалінае Вока, мы складалі адзін народ; мы былі шчаслівымі! Салёнае возера давала нам рыбу, лясы — аленяў, паветра — птушак. У нас былі жонкі і дзеці. Мы пакланяліся Вялікаму духу, і макуасы баяліся нашых пераможных спеваў.
— А ты ведаеш, што было ў той час з тваімі продкамі? — запытаў белы. — Вядома, яны былі храбрымі, сумленнымі воінамі і, седзячы на нарадах, вакол вогнішчаў, давалі супляменнікам мудрыя парады?
— Маё племя — прадзед народаў; але ў маіх жылах няма ні кроплі мяшанай крыві, У іх — кроў правадыроў, чыстая, благародная кроў, і такой яна астанецца назаўсёды. На нашы берагі высадзіліся галандцы; белыя далі маім прабацькам вогненную ваду; яны пачалі піць яе, пілі з прагнасцю, пілі да таго часу, пакуль ім не здалося, быццам зямля злілася з небам. Тады бацькі мае разлучыліся са сваёй радзімай. Крок за крокам іх адціскалі ад любімых берагоў. Нарэшце, справа дайшла да таго, што я, правадыр і сагамор[5] індзейцаў, бачу прамені сонца толькі праз лісце дрэў і ніколі не стаяў над могілкамі маіх прабацькоў.
— Гэта сумны лёс, — заўважыў субяседнік індзейца, расчулены благародным і стрыманым смуткам Чынгачгука. — Але скажы, дзе жывуць прадстаўнікі твайго роду, патомкі людзей, якія прышлі ў Дэлаварскую вобласць шмат гадоў назад?
— Адкажы мне, куды зніклі, куды падзеліся кветкі даўно праляцеўшых летніх дзён? Яны паспадалі, асыпаліся. Так загінуў і ўвесь мой род; усе магікане, адзін за адным, адышлі ў краіну духаў. Я стаю на верхавіне гары; але і мне хутка прыдзецца сыйсці ўніз; калі-ж і Ункас пойдзе ўслед за мною, тады знясіліцца кроў сагамораў; мой-жа сын — апошні з магікан!
— Ункас тут, — пачуўся мяккі малады голас. — Хто успамянуў пра Ункаса?
Белы паляўнічы паспешна выняў свой нож з ножнаў і мімаволі пацягнуўся за стрэльбай; Чынгачгук-жа, пачуўшы голас, нават не павярнуў галавы.
У наступны момант паказаўся малады індзеец; бязгучнымі крокамі ён праслізнуў паміж двума сябрамі і сеў на беразе быстрага патока. Ні адным гукам не выявіў індзеец-бацька свайго здзіўлення; на працягу даволі даўгога часу не было чуваць ні пытанняў, ні адказаў. Кожны, здавалася, чакаў зручнага моманту, каб спыніць маўчанне, не выявіўшы дапытлівасці, уласцівай толькі жанчынам, або нецярплівасці, характэрнай для дзяцей. Белы паляўнічы, як відаць пераймаючы звычаі чырвонаскурых, выпусціў з рук стрэльбу і таксама напружана маўчаў.
Нарэшце, Чынгачгук павольна перавёў вочы на твар свайго сына і запытаў:
— Ці не асмеліліся макуасы пакінуць сляды сваіх макасінаў у гэтых лясах?
— Я ішоў па слядах іх ног, — адказаў малады індзеец, — і даведаўся, што лік іх роўны колькасці пальцаў на маіх абодвух руках; але-ж яны баязліўцы і хаваюцца ў засадах.
— Машэннікі заляглі ў гушчары і чакаюць зручнага моманту, каб здабыць скальпы і аграбіць каго-небудзь, — сказаў Сакалінае Вока. — Гэты француз Манкальм, вядома, паслаў сваіх шпіёнаў у лагер англічан і не гледзячы ні на што даведаецца, па якой дарозе рухаюцца нашы.
— Досыць, — сказаў старэйшы індзеец, зірнуўшы ў напрамку заходзячага сонца. — Мы прагонім іх з лесу, як аленяў. Сакалінае Вока, перакусім сёння, а заўтра пакажам макуасам, што мы не баязлівыя жанчыны.
— Я згодзен. Але для таго, каб разбіць іракезаў, перш за ўсё трэба знайсці, дзе хаваюцца гэтыя хітрыя машэннікі, а каб паесці, трэба знайсці дзічыну… Ды, вось, яна тут як тут! Глянь вось, вунь самы буйны алень, якога я сустракаў у гэтае лета; бачыш, ён ходзіць унізе ў кустах? Слухай, Ункас, — працягваў далей разведчык, панізіўшы свой голас да шэпту і смеючыся бязгучным смехам чалавека, які прызвычаіўся да асцярожнасці, — я гатоў пайсці ў заклад на тры саўкі пораху супроць аднаго фунта табаку, што падцэлю яму між вачэй і бліжэй да правага, чым да левага.
— Не можа быць!.. — адказаў малады індзеец і з юнацкай палкасцю ўскочыў з месца. — Над кустамі-ж відаць толькі яго рогі, нават толькі іх кончыкі.
— О, хлопчык! — усміхнуўшыся, сказаў Сакалінае Вока. — Няўжо ты думаеш, што, бачачы частку жывёлы, паляўнічы не здолее сказаць, дзе павінна быць усё яго цела?
Ён прыцэліўся і ўжо збіраўся паказаць сваё майстэрства, якім так ганарыўся, як раптам Чынгачгук стукнуў рукой па яго стрэльбе і сказаў:
— Ты, мабыць, хочаш уступіць у бой з макуасамі, Сакалінае Вока?
— Гэтыя індзейцы нібы чуццём даведваюцца, што тоіцца ў гушчары, — сказаў паляўнічы, апускаючы стрэльбу і паварочваючыся да Чынгачгука, нібы прызнаючы сваю памылку — Ну, што рабіць! Даю табе, Ункас, забіць аленя стралой, а то, бадай, мы сапраўды звалім жывёлу для гэтых жулікаў-іракезаў…
Чынгачгук ухваліў прапанову белага, выразна паказаўшы рукой у той бок, дзе знаходзіўся алень. Ункас, асцярожна прыгінаючыся да зямлі, пачаў падыходзіць да аленя. Калі малады магікан апынуўся ўсяго на адлегласці некалькіх ярдаў ад кустоў і зарасніку траў, ён бясшумна прыклаў да цецівы стралу, рогі заварушыліся; здавалася, алень адчуў у паветры блізкасць небяспекі. Яшчэ секунда і цеціва зазвінела. Страла бліснула ў паветры. Раненая жывёла выскачыла з галін і нагнула галаву, пагражаючы нанесці ўдар скрытаму ворагу. Ункас спрытна адскочыў ад раз’юшанага аленя і ўмомант пранізаў яго шыю нажом. Алень скокнуў да берагу ракі і паваліўся, афарбоўваючы сваёю крывёю ваду.
— Справа зроблена са спрытнасцю індзейца, — сказаў Сакалінае Вока, бязгучна смеючыся. — Прыемна глядзець на такое відовішча! Але ўсё-ж страла добрая толькі на блізкай адлегласці, і ў дапамогу ёй патрэбен нож.
— Га! — прамовіў яго субяседнік і ўмомант павярнуўся, нібы сабака, які пачуў дзічыну.
— Клянуся богам, здаецца, сюды ідзе цэлае стада, — заўважыў Сакалінае Вока, і яго вочы заблішчэлі. — Калі алені падыйдуць на адлегласць стрэлу, я ўсё-ж такі пушчу ў іх некалькі куль, хоць-бы ўвесь Саюз шасці плямён пачуў грукат стрэлаў. Што ты чуеш, Чынгачгук? Для майго слуху лясныя гушчары маўчаць.
— Паблізу толькі адзін алень, ды і той забіты, — сказаў індзеец і нахіліўся так нізка, што яго вуха амаль дакранулася да зямлі. — Але я чую гукі крокаў.
— Можа ваўкі гналі гэтага аленя і цяпер бягуць па яго слядах?
— Не. Набліжаюцца коні белых, — адказаў Чынгачгук, ганарліва выпрастаўся і прыняў ранейшую позу. — Сакалінае Вока, гэта твае браты. Пагавары з імі.
— Добра; я звярнуся да іх на такой англійскай мове, што самому англійскаму каралю не было-б сорамна адказаць мне, — сказаў паляўнічы на той мове, чыстатой якой ён хваліўся. — Але я нічога не бачу і не чую: ні кроку жывёл, ні тупату чалавечых ног. Ага! Вось трэск сухога галля! Цяпер і я чую, як зашамацелі кусты. Так, так, шум крокаў! Я яго палічыў за гул рэву вадападаў. Але вось і людзі. Божа, абарані іх ад іракезаў!
РАЗДЗЕЛ IV
Ледзь толькі разведчык змоўк, як паказаўся першы коннік невялікага атрада.
Праз палянку бегла адна з тых звілістых сцежак, якія пратоптваюць алені на сваім шляху да вадапою; яна даходзіла да самай рэчкі каля таго месца, дзе адпачывалі белы паляўнічы і яго чырвонаскурыя таварышы. Па сцежцы павольна ехалі падарожнікі, з’яўленне якіх у глыбіні гэтых непраходных лясоў здавалася вельмі дзіўным. Сакалінае Вока зрабіў некалькі крокаў насустрач ім.
— Хто вы? — запытзўся разведчык, нібы незнарок падняўшы левай рукой стрэльбу, прыклаўшы ўказальны палец правай да курка і ў той-жа час стараючыся, каб у гэтым руху не было пагрозы.
— Прыяцелі закона і караля, — адказаў коннік, што ехаў наперадзе астатніх. — З усхода сонца мы едзем у ценю гэтага лесу і вельмі стаміліся.
— Значыць, вы заблудзіліся? — спыніў яго Сакалінае Вока.
— Вось іменна; ці не ведаеце вы, як далёка адсюль да каралеўскага форта Уільям-Генры?
— О! — усклікнуў белы паляўнічы і засмяяўся, але вельмі хутка спыніў неасцярожны гучны смех, баючыся прыцягнуць увагу ворагаў. — Вы згубілі дарогу, як сабака губляе след аленя, калі паміж ім і зверам рассцілаецца возера Гарыкан. Уільям-Генры!.. Божа мой! Калі вы прыяцелі караля і ў вас ёсць справы да каралеўскай арміі, лепш накіроўвайцеся па цячэнню ракі да форта Эдуард і скажыце аб тым, што вам патрэбна, Вэбу, які сядзіць у гэтай крэпасці замест таго, каб прабіцца ў цясніны і прагнаць дзёрзкага француза ў яго бярлогу за Шампленам.
Падарожнік нічога не адказаў на гэтую дзіўную прапанову, бо другі коннік выехаў з гушчару і, абагнаўшы яго, сказаў, звяртаючыся да паляўнічага:
— З таго месца, куды вы цяпер раіце нам накіравацца, мы выехалі сёння раніцой.
— Значыць, вы раней страцілі зрок, а потым ужо заблудзіліся, бо дарога праз волак шырынёй па крайняй меры ў два сажні, — шырэйшая, бадай чым лонданскае шасе.
— Мы не будзем спрачацца наконт якасцей ваеннай дарогі, — з усмешкай сказаў Хейвард. — Лічу, у гэты момант дастаткова сказаць вам, што мы даверыліся правадніку-індзейцу, які абяцаў правесці нас бліжэйшай, хоць і глухой сцежкай. Але, выявілася, што ён дрэнна ведаў яе, і цяпер мы не разумеем, дзе апынуліся.
— Індзеец, які заблудзіўся ў лесе? — скаэаў паляўнічы і з сумненнем пакачаў галавой. — Ён заблудзіўся ў такі час, калі сонца пячэ верхавіны дрэў, а ручаі напоўнены да краёў; калі мох кожнай бярозы можа сказаць, у якім баку неба загарыцца ўвечары паўночная зорка? У лясах шмат аленевых сцежак, і ўсе гэтыя сцежкі накіроўваюцца або да рэк або да саляных ям, адным словам, да пунктаў, вядомых кожнаму; апрача таго, і гусі не ўсе яшчэ пераляцелі да канадскіх водаў. Дзіўна, вельмі дзіўна, што індзеец заблудзіўся паміж Гарыканам і лукавінай ракі. Ці не магаук ён?
— Па нараджэнню не, хоць гэтае племя ўзяло яго да сябе. Мне здаецца, яго радзіма паўночней, і ён належыць да індзейцаў, якіх вы называеце гуронамі.
— Э! — у адзін голас ускрыкнулі чырвонаскурыя таварышы белага паляўнічага. Да таго часу яны сядзелі нерухома і, як відаць, безуважна адносіліся да ўсяго, што адбывалася, а ў гэты момант магікане ўскочылі, і дапытлівасць бліснула ў іх вачах.
— Гурон? — паўтарыў сурова разведчык і зноў, не утойваючы недавер’я, пакачаў галавой. — Гэта здрадніцкае, жульніцкае племя; гурон астаецца гуронам, хто-б не прыняў яго да сябе. Ніякімі сродкамі вы нічога не зробіце з яго; ён заўсёды будзе баязліўцам і валацугай! Калі вы даверыліся аднаму з гэтых людзей, магу толькі здзівіцца, што ён яшчэ не прымусіў вас патрапіць на цэлую зграю.
— Гэтага няма чаго баяцца, бо форт Уільям-Генры ўсяго на адлегласці некалькіх міль ад нас. Апрача таго, вы забыліся, што наш праваднік цяпер магаук, што ён служыць нашай арміі і стаў нашым прыяцелем.
— А я кажу вам, што той, хто нарадзіўся гуронам, гуронам і памрэ, — упэўнена адказаў Сакалінае Вока. — Магаук! Калі хочаце бачыць сумленных людзей, шукайце іх сярод магікан або дэлавараў. Так. Яны сумленна б’юцца, хоць не ўсе з іхнага племені згаджаюцца ісці ў бой, бо многія дазволілі макуасам ператварыць сябе ў слабых жанчын.
— Хопіць аб гэтым, — з нецяряілівасцю заўважыў Хейвард. — Я кажу аб добра знаёмым мне чалавеку, якога вы зусім не ведаеце. Вы яшчэ не адказалі на маё пытанне: на якой адлегласці мы знаходзімся ад галоўнага атрада, размешчанага ў форце Эдуард?
— Гэта залежыць ад таго, які праваднік павядзе вас.
— Калі толькі вы скажаце мне, колькі міль асталося да форта Эдуард, і згодзіцеся правесці нас туды, вы атрымаеце ўзнагароду за вашу дапамогу.
— А хто паручыцца мне, што, зрабіўшы гэта, я не правяду ворага і шпіёна Манкальма ў нашы ўмацаванні? Не ўсякі той, хто гаворыць па-англійску, сумленны і праўдзівы чалавек.
— Калі вы сапраўды служыце разведчыкам, вы, вядома, ведаеце шасцідзесяты каралеўскі полк?
— Шасцідзесяты? Чаму не ведаць! Мала чаго вы мне скажаце пра амерыканскіх прыхільнікаў караля, чаго я сам не ведаў-бы, хоць на мне і не чырвоная куртка, а паляўнічы каптан.
— Тады, значыць, вам вядома імя маёра гэтага палка.
— Маёра? — спыніў яго Сакалінае Вока і выпрастаўся з выглядам чалавека, які ганарыцца сваёй рэпутацыяй. — Ужо калі ў калоніях ёсць чалавек, які ведае маёра Эфінгэма, та ён перад вамі.
— У шасцідзесятым палку не адзін маёр; Эфінгэм — старшы з іх, а я кажу пра самага малодшага, пра таго, які камандуе гарнізонам форта Уільям-Генры.
— Так, так, я чуў, што гэтае месца заняў нейкі малады і багаты джэнтльмен з паўднёвых правінцый. Але ён занадта малады для такога паста; не варта было даручаць начальства над сівеючымі людзьмі юнаму афіцэру. А між тым, кажуць, ён вельмі добра ведае сваю справу і вельмі храбры.
— Хто-б ён ні быў, што-б пра яго не гаварылі, ён цяпер размаўляе з вамі, і, вядома, вы не павінны асцерагацца яго.
Разведчык са здзіўленнем паглядзеў на Хейварда, потым, зняўшы капялюш, адказаў тонам менш самаўпэўненым, але ўсё-ж выяўляўшым сумненне:
— Я чуў, што адзін атрад павінен быў сёння раніцай выступіць з форта Эдуард да возера.
— Вам сказалі праўду, але я выбраў найкарацейшую дарогу і даверыўся вопытнасці таго індзейца, пра якога ўжо спамінаў.
— А ён ашукаў вас і потым кінуў?
— Ён не зрабіў ні таго, ні другога, ва ўсякім выпадку другога, бо ён знаходзіцца тут.
— Хацеў-бы я глянуць на гэтага чалавека; калі ён сапраўдны іракез, я пазнаю яго па хітраму позірку і па расфарбоўцы, — сказаў разведчык.
Прайшоўшы міма каня Хейварда і клячы спевака псалмоў, ён рушыў удоўж кустоў і хутка падышоў да маладых дзяўчат, якія з нёцярплівасцю і некаторай трывогай чакалі канца перагавораў.
Ззаду Коры і Алісы відзён быў індзеец-скараход; ён стаяў, прыхіліўшыся да дрэва, і безуважна сустрэў позірк, якім пранізаў яго разведчык. Твар індзейца выражаў такую хмурую лютасць, што мімаволі выклікаў пачуццё страху. Задаволены сваім аглядам, Сакалінае Вока адышоў ад чырвонаскурага, спыніўся, захоплены прыгожасцю маладых дзяўчат, і ветліва адказаў на ўсмешку і ласкавае прывітанне Алісы; падышоў да клячы спевака псалмоў, якая карміла сваё жарабя, з хвіліну глядзеў на яе ездака, дарэмна стараючыся здагадацца, хто ён, і, нарэшце, пакачаўшы галавой, зноў вярнуўся да Дункана.
— Мінг заўсёды астанецца мінгам, — сказаў ён, займаючы сваё ранейшае месца. — Калі-б вы былі адны і згадзіліся афяраваць ваўкам вашага выдатнага каня, я за адну гадзіну давёў-бы вас да форта Эдуард, бо гэтая крэпасць знаходзіцца ўсяго на адлегласці гадзіны шляху адсюль. Але з вамі жанчыны, для якіх такі пераход з’яўляецца немагчымым.
— Чаму? Праўда, яны стаміліся, але могуць праехаць яшчэ некальхі міль.
— Нямысліма, — паўтарыў разведчык. — Пасля таго, як сцямнее, я і мілі не прайшоў-бы з гэтым скараходам, хоць-бы за тое мне абяцалі самую лепшую стрэльбу з усіх калоній. Тут, у гушчары, хаваюцца іракезы, і ваш магаук вельмі добра ведае, дзе хаваюцца яны, каб я згадзіўся накіравацца з ім у дарогу.
— Няўжо? — сказаў Хейвард, нахіляючыся ўперад і паніжаючы голас амаль да шэпту. — Прызнаюся, у мяне таксама з’явіліся некаторыя сумненні. Праўда, я стараўся не выяўляць іх і прытвараўся спакойным, але я рабіў гэта, толькі каб супакоіць маіх спадарожніц. Таму вось я не дазволіў індзейцу ісці наперадзе, а прымусіў яго следаваць за намі.
— З першага-ж погляду відаць, што гэта ашуканец, — сказаў паляўнічы. — Вунь гэты жулікаваты мінг прыхіліўся да ствала маладога клёна; правая нага машэнніка прыходзіцца на адной лініі са ствалом. —— Сакалінае Вока шматзначна зірнуў на сваю стрэльбу. — Я магу падцэліць у яго паміж костачкай нагі і каленам, і пасля гэтага ён па крайняй меры на месяц страціць здольнасць рухацца. Падыйсці бліжэй нельга: хітрае стварэнне западозрыць мяне і кінецца ў кусты, як спалоханы алень.
— Не, не, гэта не добра. Можа, ён ні ў чым не вінаваты, і мне не хочацца, каб вы ранілі яго. Хоць, калі-б я цалкам пераканаўся, што ён здраднік…
— Ну, у гэтым няма чаго сумнявацца: іракез заўсёды гатоў здрадзіць і ашукаць, — сказаў Сакалінае Вока. Кажучы гэта, ён ускінуў стрэльбу і навёў яе дула на Магуа.
— Пачакайце, — спыніў яго Дункан, — не страляйце. Прыдумайце які-небудзь іншы спосаб пазбавіцца ад яго, хоць я маю падставу дзпускаць, што чырвонаскуры ашукаў мяне.
Сакалінае Вока адмовіўся ад намеру перабіць нагу «індзейцу-скараходу»; ён на момант задумаўся, потым зрабіў рукой знак сваім сябрам-магіканам, якія зараз-жа падышлі да яго. Усе трое пачалі гутарку на дэлаварскай мове. Іх твары былі сур’ёзнымі, і яны напружана і ціха раіліся аб нечым. Мяркуючы па рухах рук белага паляўнічага, які часта паказваў на маладое дрэўца, што ўзнімалася над кустамі, ён, відавочна, гаварыў пра здрадніка. Яго таварышы хутка здагадаліся, чаго ён ад іх хоча, і, паклаўшы свае стрэльбы, зніклі ў гушчары; адзін пайшоў направа, другі — налева. Яны хаваліся ў гушчары і прабіраліся праз кусты зусім бясшумна.
— Цяпер вярніцеся да вашых спадарожніц, — звяртаючыся да маёра, сказаў Сакалінае Вока, — і загаварыце з індзейцам. Магікане схопяць яго, не папсаваўшы нават яго расфарбоўкі.
— Не, — горда адказаў Дункан, — я сам хачу яго схапіць.
— Ну, скажыце, што зробіце вы, седзячы на кані, калі вашым праціўнікам акажацца індзеец, які слізгае сярод кустоў?
— Я сыйду з каня.
— А вы думаеце, што, убачыўшы, як вы вызваляеце з стрэмя адну нагу, ён будзе стаяць і цярпліва чакаць, каб вызвалілася і другая? Усякі, хто прыходзіць у гэтыя лясы і збіраецца мець справу з туземцамі, павінен пераняць звычаі індзейцаў, калі хоча мець удачу. Дык вось, наперад. Пагаварыце з гэтым злодзеем і зрабіце выгляд, быццам вы лічыце яго верным прыяцелем.
Прапанова разведчыка не спадабалася Хейварду, але ён вырашыў падпарадквацца, бо з кожнай хвілінай у ім узмацнялася ўсведамленне небяспекі. Сонца знікла, і густыя цені надавалі лесу пануры выгляд. Абрысы дрэў расплываліся, і цемра ясна напамінала Дункану, што набліжаліся гадзіны, у якія дзікуны ўчынялі свае крывавыя помсты або варожасці. Гэтая трывога прымусіла Хейварда адыйсці ад Сакалінага Вока. Разведчык зараз-жа пачаў вельмі ажыўленую і гучную гутарку са спеваком, які так бесцырамонна далучыўся да маленькай кампаніі. Праязджаючы каля маладых дзяўчат, Дункан сказаў ім некалькі падбадзёрваючых слоў і са здавальненнем заўважыў, што яны бадзёрыя, не гледзячы на стомленасць, і што прыпынак не ўстрывожыў іх. Сказаўшы Коры і Алісе, што яму патрэбна перагаварыць з індзейцам пра далейшую дарогу, Хейвард прышпорыў свайго каня і зноў нацягнуў павады, калі благародная жывёла апынулася на адлегласці некалькіх ярдаў ад Магуа, які ўсё яшчэ стаяў каля дрэва.
— Вось бачыш, Магуа, — пачаў Хейвард, стараючыся гаварыць спакойным і таварыскім тонам, — надыходзіць ноч, а да форта Уільям-Генры не бліжэй, чым было, калі пры ўзыходзе сонца мы выходзілі з лагера генерала Вэба. Ты збіўся з дарогі, ды і я памыліўся. На шчасце, мы сустрэлі паляўнічага — чуеш, ён размаўляе са спеваком, — паляўнічага, які ведае ўсе аленевыя сцежкі, усе дарожкі глухога лесу і абяцае завесці нас у такое месца, дзе мы смела можам адпачыць да наступнай раніцы.
Бліскучыя вочы індзейца пранізвалі твар Хейварда, і ён запытаў на ламанай англійскай мове:
— Ён адзін?
— Адзін? — з лёгкім ваганнем паўтарыў Дункан з цяжкасцю прымушаючы сябе сказаць праўду. — О, не зусім адзін, Магуа; з ім-жа мы, яго спадарожнікі!
— У такім выпадку, Хітрая Лісіца пойдзе ад вас, — сказаў індзеец і спакойна падняў з зямлі сваю сумку. — З бледнатварымі астануцца толькі людзі іх племені.
— Хітрая Лісіца пойдзе ад нас? Але каго ты называеш Хітрай Лісіцай, Магуа?
— Гэта імя далі Магуа яго канадскія бацькі, — адказаў скараход, і па яго твары было відаць, што ён ганарыцца дадзенай яму мянушкай. — Для Хітрай Лісіцы, калі Мунро чакае яго, ноч робіцца аднолькавай з днём.
— А што скажа Лісіца начальніку форта Уільям-Генры, калі стары запытае яго пра сваіх дачок? Ці асмеліцца ён сказаць начальніку, што яго дачкі асталіся без правадніка, хоць Магуа абяцаў ахоўваць іх?
— Праўда, у сівога начальніка гучны голас і доўгія рукі, але ў глыбіні лясоў Лісіца не пачуе яго крыку і не адчуе яго ўдараў.
— А што скажуць людзі твайго племені? Яны пашыюць для Лісіцы жаночае адзенне і загадаюць яму сядзець з жанчынамі, бо яму нельга больш давяраць справы мужных воінаў.
— Хітрая Лісіца ведае дарогу да вялікіх азёр, здолее ён знайсці і магілы сваіх бацькоў, — прагучэў адказ індзейца.
— Досыць, Магуа, досыць, — сказаў Хейвард. — Хіба мы з табою не сябры? Навошта нам гаварыць адзін аднаму нядобрыя і крыўдныя словы? Мунро абяцаў узнагародзіць цябе, калі ты выканаеш сваё абяцанне. Я таксама павінен аддзякаваць табе. Дык вось, прыляж, дай адпачынак стомленаму целу, вазьмі сваю сумку і падмацуйся. Мы нядоўга будзем тут; не будзем-жа траціць кароткіх хвілін прывалу і спрачацца, як бязглуздыя жанчыны. Калі дзяўчаты адпачнуць, мы зноў рушым у дарогу.
— Бледнатварыя ператвараюць сябе ў пакорлівых сабак белых жанчын, — прамармытаў індзеец. — Калі жанчынам хочацца есці, белыя воіны пакорна кідаюць свае тамагаукі, каб выканаць жаданне гультаек.
— Што кажаш ты, Лісіца?
— Я кажу: «Добра».
Праніклівы позірк індзейца быў прыкаваны да твара маёра, але калі Хейвард таксама глянуў на Магуа, скараход вельмі хутка адвёў вочы ўбок, сеў на зямлю, асцярожна і павольна азірнуўся, і, нарэшце, выняў з сумкі рэшткі яды.
— Вельмі добра, — гаварыў далей Дункан. — Яда падмацуе ў Хітрай Лісіцы сілы, павялічыць праніклівасць Магуа, і ён раніцай знойдзе сцежку.
Дункан на момант змоўк, пачуўшы трэск пераламіўшайся сухой галінкі і шолах лісця ў суседніх кустах, але вельмі хутка справіўся з сабой і казаў далей:
— Нам патрэбна выйсці да ўсходу сонца, а то мы, бадай, сустрэнем Манкальма, і ён перагародзіць нам дарогу ў крэпасць.
Паднятая рука Магуа застыла, і, хоць яго вочы не адрываліся ад зямлі, ён павярнуў галаву; яго ноздры расшырыліся, і нават вушы, здавалася, сталі насцярожанымі.
Хейвард сачыў за кожным яго рухам і з прытворнай нядбайнасцю выняў адну нагу з стрэмя, а руку паклаў на чахол з мядзвежай скуры, дзе былі схаваны яго пісталеты. Вочы Магуа ні на момант не спыняліся на якім-небудзь адным асобным прадмеце, хоць твар яго быў нерухомы.
Маёр не ведаў, на што адважыцца; між тым Лісіца ўстаў, але так павольна і асцярожка, што пры гэтым не пачулася ніякага шолаху. Хейвард адчуў, што яму трэба пачаць дзейнічаць; ён перакінуў нагу цераз сядло і скокнуў з каня, цвёрда вырашыўшы схапіць здрадніка, ва ўсім астатнім спадзеючыся на сваю сілу і смеласць. Аднак, не жадаючы без патрэбы палохаць сваіх спадарожніц, маёр усё-ж паспрабаваў захаваць вонкавы спакой і па-сяброўску звярнуўся да Магуа.
— Хітрая Лісіца не есць, — сказаў ён, называючы індзейца тым імем, якое яму, як відаць, асабліва падабалася. — Яго хлебныя зерні недастаткова падсмажаны і жорсткія? Дай, вось, я пагляджу; можа ў маіх запасах знойдзецца што-небудзь па яго густу.
Магуа падаў маёру сваю сумку, як відаць, жадаючы скарыстаць прапанову афіцэра. Іхныя рукі сустрэліся; пры гэтым індзеец не выказаў ніякага замяшання, і яго напружаная ўвага не аслабела ні на момант. Але, калі ён адчуў, што пальцы Хейварда ціха слізнулі па яго аголенаму локцю, ён адкінуў руку маёра, праразліва ўскрыкнуў, выкруціўся і знік у гушчары. У наступную секунду з-за кустоў з’явілася фігура Чынгачгука, расфарбоўка якога надавала індзейцу выгляд шкілета. Магікан кінуўся за скараходам. Пачуліся крыкі Ункаса. Бліснуў агонь; і ўслед за ім прагрымеў стрэл паляўнічай стрэльбы.
РАЗДЗЕЛ V
Тое, што праваднік-індзеец раптам уцёк, дзікія крыкі яго праследавальнікаў, шум і ўзрушэнне — усё гэта разам ашаламіла Хейварда; на момант ён аслупянеў, потым, успомніўшы пра неабходнасць злавіць бегляца, кінуўся ў кусты, якія акружалі маленькую паляну, і пабег у лес на дапамогу праследавальнікам. Аднак, не прайшоў ён і сотні ярдаў, як наткнуўся на паляўнічага і яго двух сяброў, якія вярталіся, не злавіўшы ўцекача.
— Чаму вы так хутка страцілі надзею на поспех? — запытаўся іх Дункан. — Вядома, гэты злодзей схаваўся дзе-небудзь у гушчары, і яго можна злавіць. Пакуль ён на волі, нам пагражае небяспека.
— Хіба хмара можа дагнаць вецер? — адказаў Сакалінае Вока. — Я чуў, як гэты чорт шамацеў у сухім лісці, паўзучы, нібы чорная змяя. Я бачыў яго вунь за той хвояй і пусціў у яго кулю… Куды там! А між тым я добра прыцэліўся і магу сказаць, што ў гэтых справах я майстар. Зірніце на тое дрэва; яго лісце чырвонае. Але ўсякі ведае, што ў ліпені яно цвіце жоўтым колерам!
— Гэта кроў Лісіцы; ён ранены, значыць, паваліўся.
— Не, не, — рашуча адказаў паляўнічы. — Я толькі закрануў яго, і ён уцёк. Куля стрэльбы, якая толькі злёгку драпане, — гэта тыя-ж шпоры: яна прымушае бегляца паскорыць свой бег, ажыўляючы яго цела, замест таго, каб пазбавіць яго жыцця. Але скокнуўшы некалькі разоў, бяглец спыніцца.
— Нас чацвёра здаровых, дужых людзей, а наш праціўнік адзін і ранены.
— Вам, як відаць, надакучыла жыццё? — запытаў разведчык. — Гэтая Лісіца падвядзе нас пад удары тамагаукаў сваіх таварышоў, перш чым пагоня паспее разагрэць вашу кроў. Неабдумана зрабіў я, калі стрэліў так блізка ад засады гуронаў. Але як тут было стрымацца? Ну, сябры, пакінем лагер і пастараемся зрабіць гэта так, каб хітры мінг пайшоў па нявернаму следу; у адваротным выпадку заўтра ў гэты час нашы скальпы будуць ужо сохнуць перад лагерам Манкальма.
Страшнае папярэджанне, якое Сакалінае Вока выказаў са спакоем чалавека, прызвычаенага глядзець небяспецы проста ў вочы, напомніла Дункану пра важнасць узятага на сябе абавязку. Ён азірнуўся навакол, стараючыся пранізаць вачыма цемру, якая рабілася ўсё гусцейшай пад заслонай лесу. Яму ўжо ўяўлялася, што яго бездапаможныя спадарожніцы хутка апынуцца ў руках дзікіх ворагаў, якія, нібы драпежныя звяры, чакалі толькі цемры, каб з упэўненасцю і без перашкоды напасці на іх.
Яго ўзрушанае ўяўленне, ашуканае няверным святлом, ператварала ў чалавечую постаць кожны хісткі куст, кожны корч. Яму здавалася, быццам страшэнныя, лютыя твары выглядаюць з-пад галін і сочаць, не адрываючыся, за кожным крокам яго сяброў.
— Што рабіць? — бездапаможна запытаў Дункан. — Не кідайце мяне, сябры, застаньцеся, каб абараніць дзяўчат, якіх я ахоўваю. І не саромцеся: патрабуйце ад мяне якой вы хочаце ўзнагароды.
Але ні Сакалінае Вока, ні індзейцы не звярнулі ўвагі на гэтую палкую просьбу. Яны вялі гутарку паміж сабой.
Праўда, яны гаварылі ціха, амаль шэптам, але Хейвард лёгка адрозніваў усхваляваны голас малодшага воіна ад спакойнай гаворкі яго старэйшых субяседнікаў. Яны, як відаць, абмяркоўвалі нейкі план падарожнікаў. Дункана, вядома, цікавіў прадмет іхнай гутаркі, але яго таксама непакоіла тое, што зацягваўся час; ён падышоў бліжэй да сваіх спадарожнікаў і яшчэ раз прапанаваў гэтым людзям узнагароду. Але белы паляўнічы толькі махнуў рукой, потым прамовіў па-англійску, нібы гаворачы самому сабе:
— Ункас мае рацыю: бясчэсна зрабілі-б мы, пакінуўшы бездапаможных дзяўчат на волю лёсу, хоць-бы з-за нашага ўмяшання мы страцілі назаўсёды наша надзейнае патаемнае сховішча. Калі вы хочаце выратаваць вашых спадарожніц ад ядавітых зубоў самых небяспечных змей, джэнтльмен, не трацьце часу і пакіньце вагацца.
— Ці можна сумнявацца ў тым, што я хачу іх выратаваць? Хіба я не абяцаў вам узнагароду?
— Не прапануйце мне грошай, — спакойна спыніў яго Сакалінае Вока, — можа вы не дажывеце да таго часу, каб выканаць сваё абяцанне, а я — каб скарыстаць яго. Магікане і я, мы зробім усё, што можна, каб выратаваць вас. Але перш вы павінны даць мне два абяцанні, ад свайго імя і ад імя вашых сяброў; у адваротным выпадку мы не дапаможам вам і толькі пашкодзім сабе.
— Скажыце, якіх абяцанняў вы патрабуеце?
— Першае: што-б ні здарылася, — маўчыце; другое: захавайце ў сакрэце ад усіх, дзе знаходзіцца сховішча, у якое мы вас адвядзем.
— Я выканаю вашы ўмовы.
— Тады за мной; мы дарма трацім час, такі-ж каштоўны для нас, як для раненага кроплі крыві яго сэрца.
Хейвард шпарка накіраваўся да сваіх спадарожнікаў, каротка растлумачыў Коры і Алісе, хто іх новы праваднік, і дадаў, што яны павінны адкінуць усякую трывогу. Хоць паведамленне Хейварда напоўніла страхам сэрцы сясцёр, яго сур’ёзны і рашучы тон, а можа, таксама думка пра грозную небяспеку надалі дзяўчатам сілы падрыхтавацца да нейкай неспадзяванай і не звычайнай бяды; маўкліва і не марудзячы яны пры дапамозе Дункана саскочылі з сёдлаў і вельмі хутка спусціліся да ракі.
Сакалінае Вока моўчкі, жэстамі, запрасіў туды ўсіх астатніх.
— А што рабіць з коньмі? — прамармытаў ён. — Калі мы зарэжам іх і трупы кінем у раку, мы затрацім час; пакінуўшы-ж коней тут, ясна пакажам мінгам, што гаспадары коней недалёка.
— У такім выпадку адпусціце іх у лес, — прапанаваў Хейвард.
— Не, лепш ашукаць ворага; няхай яны падумаюць, быццам ім трэба гнацца за намі бягом. Так, так, гэта ашукае іх, вядома… Чынгачгук, што гэта шамаціць у кустах?
— Жарабя.
— Вось яго давядзецца забіць, — сказаў паляўнічы і працягнуў руку да холкі маладзенькага стварэння, якое шпарка адскочыла ўбок. — Ункас, твае стрэлы!
— Пачакайце, — сказаў гаспадар асуджанага на смерць жарабяці; не звяртаючы ўвагі на шэпт астатніх, ён голасна прамовіў гэтыя словы. — Пакіньце жыццё жарабяці маёй Мірыям. Гэта прыгожы патомак вернага каня, і яно нікому не робіць зла.
— Калі людзі змагаюцца за сваё жыццё, нават уласныя іх субраты значаць для іх не больш, чым лясныя зверы. Калі вы скажаце хоць адно слова, я аддам вас у рукі макуасаў. Пусці стралу, Ункас, трэба спяшацца, пакуль не позна.
Глухі, пагражаючы голас яшчэ не змоўк, калі раненае жарабя ўскінулася на дыбкі, потым павалілася на калені пярэдніх ног, і Чынгачгук хутчэй за думку разануў нажом па яго горле і спіхнуў сваю афяру ў раку; жарабя паплыло ўніз па цячэнню. Гэты ўчынак, відавочна, бязлітасны, але па сутнасці выкліканы крайняй неабходнасцю, напоўніў душы падарожнікаў смуткам.
Усё, што адбывалася, здавалася падарожнікам прадвяшчаннем небяспекі, і пачуццё гэтае яшчэ ўзмацнялася пры выглядзе спакойнай, але непахіснай рашымасці, што была ў кожным руху паляўнічага і магікан. Кора і Аліса, дрыжучы, прытуліліся адна да адной, а рука Хейварда сама сабой лягла на адзін з пісталетаў, вынятых з кабур; ён стаў паміж дзяўчатамі і цёмнай сцяной лесу.
Індзейцы, узяўшы за павады напалоханых коней, якія ўпіраліся, увялі іх у раку.
Недалёка ад берагу магікане павярнулі коней і хутка схаваліся над навіслымі берагамі, пусціўшы нараганзетаў супроць цячэння. Між тым разведчык вывеў берасцяны човен з патаемнага месца, дзе ён быў схаваны пад галінамі нізкіх кустоў, якія дакраналіся да струменяў ракі, і моўчкі, жэстам, прапанаваў маладым дзяўчатам сесці ў гэтую лодку.
Яны падпарадкваліся без ваганняў, палахліва азіраючыся на згусцелы змрок, які цяпер, нібы цёмная агарожа, лёг удоўж берагоў патока.
Ледзь толькі Кора і Аліса апынуліся ў лодцы, разведчык прапанаваў Хейварду ўвайсці ў ваду і патрымаць адзін край кволага чаўна, а сам узяўся за яго з другога боку. Такім чынам яны некаторы час, цягнулі човен па вадзе. Услед за імі ішоў сумны і невясёлы гаспадар забітага жарабяці. Цішыня вечара парушалася толькі цурчаннем вады, якая весела разбівалася аб човен і аб ногі асцярожна ступаўшых людзей. Хейвард даў разведчыку волю дзейнічаць, і той, па меры патрэбы, то набліжаў човен да берагу, то аддаляў, пазбягаючы тырчэўшых з вады каменняў або вадаваротаў; кожны яго рух даказваў, як добра ведаў ён выбраны шлях. Цераз некаторыя прамежкі часу Сакалінае Вока спыняўся; тады сярод поўнай цішыні чуцен быў глухі шум вадапада, які паступова пасіляўся. Напружана прыслухоўваючыся, разведчык стараўся злавіць гукі ў сонным лесе. Пераканаўшыся ў поўнай цішыні і не злавіўшы ніякіх адзнак набліжэння ворага, ён зноў, па-ранейшаму асцярожна, пасоўваўся наперад.
Нарэшце, позірк Хейварда накіраваўся на нешта, чарнеўшае ў асабліва густым ценю, які высокі бераг кідаў на ваду; маёр паказаў Сакалінаму Воку на цёмную пляму.
— Так, — спакойна прамовіў разведчык, — індзейцы схавалі тут коней. На вадзе слядоў не астаецца і нават савіныя вочы аказаліся-б сляпымі ў гэтай цемры.
Раку сціскала сцяна высокіх зубчатых скал; адна з кручаў схілялася над чаўном. На скалах узвышаліся высокія дрэвы, якія, здавалася, штомінуту былі гатовы зваліцца ў прорву. Усё было чорным пад гэтымі скаламі і дрэвамі, абрысы якіх няясна вырысоўваліся на фоне цёмнасіняга, усыпанага зоркамі неба. Рака рабіла тут лукавіну, а наперадзе, і як відаць, недалёка, вада нібы ўзбіралася да неба і спадала ў глыбокія пячоры, з якіх даносіўся грозны гул і напаўняў вячэрняе паветра.
Коні былі прывязаны да рэдкіх кустоў, якія раслі ў шчылінах каменняў; яны стаялі ў вадзе, і ім даводзілася прабыць цэлую ноч у гэтым месцы.
Сакалінае Вока прапанаваў Дункану і яго спадарожнікам сесці ў насавую частку чаўна, сам-жа ён размясціўся на карме і стаяў так проста, так цвёрда, быццам пад яго нагамі была палуба вялікага карабля, зробленага не з кары дрэва, а са значна больш трывалага матэрыялу. Індзейцы асцярожна адышлі ўбок. Сакалінае Вока з сілай упёрся шастом у прыбярэжную скалу і адштурхнуў човен ад берагу на сярэдзіну шалёнага патока. Некалькі мінут ішла лютая барацьба паміж зыб’ю вады, выкліканай рухам чаўна, і быстрым адваротным цячэннем. Пасажыры з надзвычайным напружаннем пазіралі на ваду, баючыся варухнуць рукой або ўздыхнуць глыбей, каб не перакуліць кволага чаўна.
Разоў дваццаць ім здавалася, што вір зацягне іх да пагібелі, але ўмелая рука кармовага лёгка накіроўвала і павяртала човен. Быстрае, і як маладым дзяўчатам здалося, роспачнае намаганне паляўнічага вырашыла справу. Якраз у той момант, калі Аліса з жахам заплюшчыла вочы, думаючы, што вір пацягне іх да падножжа вадапада, човен мінуў гладкі, плоскі камень, які ледзь высоўваўся з вады.
— Дзе мы? І што рабіць далей? — запытаў Хейвард, зразумеўшы, што Сакалінае Вока дасягнуў сваёй мэты.
— Гэта Глен, — моцна адказаў разведчык, ведаючы, што пры грукаце вады яму няма чаго паніжаць голас. — Перш за ўсё нам трэба ўмела прыстаць да берагу, каб не перакуліць чаўна, а то вы зноў паплывеце ўніз па дарозе, якая асталася ззаду, але, вядома, панясецеся па ёй шпарчэй, чым ехалі сюды. Так, цяжка ісці супроць цячэння, калі рака бурліць; ды і берасцянаму чаўну, змазанаму смалой, нялёгка несці пяцярых чалавек. Высаджвайцеся на гэтую скалу, а я прывязу магікан і харчы. Лепш спаць без скальпы, чым пакутваць ад голаду, калі ёсць што есці.
Калі апошнія з пасажыраў ступілі на камень, высокая фігура паляўнічага слізнула над вадой і ўмомант знікла ў густой цемры, якая ахутвала раку. Некаторы момант падарожнікі, якія асталіся без свайго кіраўніка, бездапаможна вагаліся, не ведаючы, што рабіць, баючыся зрабіць хоць-бы крок па няроўных каменнях, баючыся пры першым няверным руху зваліцца ў глыбіню адной з шматлікіх пячор, у якія вада равучы спадала з усіх бакоў. Аднак, ім прышлося чакаць нядоўга; лодка зноў падышла да нізкага каменя, — як здалося чакаўшым, — раней, чым Сакалінае Вока мог дабрацца да магікан.
— Цяпер у нас тут і крэпасць, і гарнізон, і правіянт, — весела ўскрыкнуў Хейвард, — і мы можам спакойна выказаць пагарду самому Манкальму і яго саюзнікам! Скажыце-ж мне, пільны часавы, што вы думаеце пра тых, каго завеце іракезамі?
— Нічога добрага я не скажу пра іракезаў. Калі Вэб хоча бачыць сумленнага і праўдзівага індзейца, ён павінен паклікаць да сябе дэлавараў, а французам аддаць прагавітых, ілжывых магаукаў і анеідаў разам з шасцю плямёнамі іх саюза.
— Але ў такім выпадку нам давялося-б замяніць ваяўнічых людзей бяздзейнымі сябрамі. Я чуў, што дэлавары кінулі тамагаукі і баяцца вайны, як палахлівыя жанчыны.
— Так, сорам галандцам[6] і іракезам, якія шляхам сваіх чартоўскіх хітрасцей прымусілі іх заключыць такі саюз. Але я ведаю дэлавараў дваццаць гадоў і назаву ілгуном усякага, хто скажа, што ў жылах у дэлавара цячэ кроў баязліўцаў. Вы адціснулі гэтыя плямёны ад марскіх берагоў, а цяпер гатовы верыць іхным ворагам, якія паклёпнічаюць на іх, каб вы маглі спакойна спаць.
— Ва ўсякім выпадку я вельмі добра бачу, што вашы таварышы — храбрыя і асцярожныя воіны. Скажыце, ці не паспеў хто-небудзь з іх заўважыць ворагаў або даведацца аб чым-небудзь пра іх?
— Індзейца раней пачуеш, а потым убачыш, — адказаў Сакалінае Вока, падымаючыся на скалу і скідваючы на зямлю забітага аленя. — Выследжваючы мінгаў, я давяраю не вачам.
— А слух не гаворыць вам, што яны трапілі на шлях да нашага сховішча?
— Мне было-б вельмі сумна думаць, што гэта здарылася, хоць месца нашай стаянкі можа з’явіцца вельмі добрай крэпасцю для мужных і смелых людзей. Між іншым, не ўтаю, што, калі я праходзіў міма коней, яны дрыжалі і туліліся, нібы адчуваючы набліжэнне ваўкоў, а ваўкі часта гайсаюць паблізу засады індзейцаў, спадзеючыся пажывіцца рэшткамі мяса забітых аленяў.
— Але вы забыліся пра аленя, які ляжыць ля вашых ног? Хіба звяры не маглі адчуць нюхам забітага жарабя? О, што гэта за шум?
— Няшчасная Мірыям! — мармытаў Давід Гамут. — Няшчаснае жарабя было асуджана зрабіцца здабычай дзікіх звяроў!
І раптам голас Давіда далучыўся да няспыннага грукату вады, і ён заспяваў псалом:
«Первенцев Египта убил он, |
— Смерць жарабяці цяжка прыгнечвае сэрца яго гаспадара. Аднак, калі чалавек клапоціцца аб сваіх бясслоўных сябрах, гэта гаворыць у яго карысць. Можа вы і кажаце праўду, — казаў далей Сакалінае Вока, адказваючы на апошняе меркаванне Дункана, — тым хутчэй нам трэба зрэзаць мяса аленя з касцей і кінуць рэшткі ў раку; а то, бадай, тут хутка пачне выць дзікая зграя, і ваўкі, стоячы на суседніх кручах, будуць з зайздрасцю і прагнасцю сачыць за кожным праглынутым намі кавалкам. Іракезы хітрыя і вельмі добра зразумеюць па воўчаму выццю, у чым справа.
Гаворачы гэта, Сакалінае Вока, старанна сабраўшы неабходныя для яго рэчы, прайшоў міма групы астатніх падарожнікаў. Магікане рушылі за ім; можна было падумаць, што індзейцы здагадаліся пра намеры свайго белага таварыша. Хутка ўсе трое зніклі адзін за адным; здавалася, яны ўвайшлі ў цёмную адвесную сцяну, якая ўзнімалася на адлегласці некалькіх ярдаў ад берагу.
РАЗДЗЕЛ VI
Хейвард і яго спадарожніцы з некаторай трывогай глядзелі на незразумелае знікненне сваіх праваднікоў.
Толькі Гамут не звяртаў увагі на тое, што адбывалася вакол яго. Ён сядзеў на выступе скалы, і яго прысутнасці можна было-б не заўважыць, калі-б хваляванне душы спевака псалмоў не выяўлялася частымі глыбокімі і цяжкімі ўздыхамі.
Вось пачуліся заглушаныя галасы; людзі пераклікаліся недзе далёка-далёка ў нетрах зямлі. І раптам яркае святло ўдарыла ў вочы падарожнікаў, якія размясціліся на каменнях. Перад імі адкрыўся сакрэт сховішча, у якім зніклі разведчык і магікане.
У дальным канцы вузкай глыбокай пячоры стаяў разведчык, трымаючы ў руцэ вязку палаючых сухіх хваёвых галін. Водбліск агню, які падаў на яго суровы абветраны твар і на яго лясное ўбранне, надавалі адценне рамантычнай дзікасці гэтаму чалавеку, хоць пры звычайным святле дня ён здзівіў-бы вока толькі своеасаблівым адзеннем, жалезнай нерухомасцю сваёй фігуры ды дзіўнай сумессю насцярожанасці і прастадушша, якія выяўляліся на яго твары. Недалёка ад разведчыка, бліжэй да выхаду з пячоры, стаяў Ункас. Падарожнікам відаць былі гнуткія і вольныя рухі маладога індзейца. Хоць яго фігура была закрытая зялёнай абшытай махрамі паляўнічай кашуляй, але галава аставалася непакрытай, так што нішто не перашкаджала назіральнікам бачыць бляск яго вачэй, палохаючых і разам з тым спакойных, смелыя рысы гордага твара, не сапсаванага фарбамі, благародную вышыню яго ілба і прыгожую форму галавы, выбрытай да макушкі і ўпрыгожанай доўгім пучком валасоў. Дункан, Давід і дзяўчаты ўпершыню разгледзелі Ункаса. Аліса глядзела на яго адкрыты твар і гордую асанку, як яна разглядала-б каштоўную статую, апрацаваную разцом старажытных грэкаў і цудам ажыўшую.
— Я магла-б спакойна заснуць, — прашаптала яна, — ведаючы, што такі бясстрашны і, як відаць, вялікадушны вартавы ахоўвае мяне. Я ўпэўнена, Дункан, што лютыя забойствы і пакутныя катаванні, пра якія мы так часта чуем і чытаем, не робяцца ў прысутнасці людзей, падобных да Ункаса.
— Я згодзен з вамі, Аліса, — адказаў Хейвард. — Мне таксама здаецца, што такі лоб і такія вочы здольны ўнушаць страх, але не ашукваць; аднак, не будзем памыляцца; мы павінны чакаць ад яго толькі праяўлення тых вартасцей, якія лічацца дабрадзейнымі сярод чырвонаскурых. Між іншым, сустракаюцца выдатныя людзі і сярод белых і сярод індзейцаў; будзем-жа спадзявацца, што гэты малады магікан не расчаруе нас і давядзе, што яго вонкавы выгляд не ашукальны, што ён сапраўды храбры і заўсёдны прыяцель.
— Цяпер маёр Хейвард гаворыць так, як яму і належыць гаварыць, — заўважыла Кора. — Хто, гледзячы на гэтае стварэнне прыроды, можа ўспомніць аб колеры яго скуры?
Адбылося кароткае, нібы няёмкае маўчанне якое нарушыў разведчык, прапанаваўшы падарожнікам увайсці ў пячору.
— Агонь разгараецца вельмі ярка, — сказаў ён, — і, мабыць, пакажа мінгам наш прытулак. Ункас, апусці коўдру, гэта схавае агонь. Частуйцеся! Вядома, перад вамі не такая вячэра, якую мае права чакаць маёр каралеўскай арміі, але мне даводзілася бачыць, як многія ваенныя з прыемнасцю глыталі сырое мяса, нават без усякай прыправы. А ў нас ёсць соль. Вось свежыя галінкі сасафраса. Няхай дамы прысядуць на іх; вядома, гэта не тое, што крэслы, абабітыя свіной скурай, але галіны маюць лепшы пах, чым свіння, няхай яна будзе дзікай ці якой іншай. Ну, прыяцель, не тужыце па жарабяці; гэта было нявіннае стварэнне і яшчэ не паспела спазнаць смутку. Смерць выратавала яго ад шмат якіх непрыемнасцей, ад драпін на спіне, ад натруджаных ног.
Між тым Ункас выканаў загад разведчыка.
Голас Сакалінага Вока змоўк, і грукат вадапада загучэў, нібы раскат далёкага грому.
— Ці не з’яўляецца небяспечным аставацца ў гэтай пячоры? — запытаў Хейвард. — Ці не пагражае нам тут раптоўны напад? Стоячы-ж каля выхаду, адзін чалавек можа трымаць нас у сваіх руках.
З цемрыва вынырнула постаць, падобная да ўваплашчэння смерці, спынілася каля разведчыка і, узяўшы галавешку з агнём, асвяціла ёю аддалены канец вузкай пячоры. Аліса ўскрыкнула, і нават смелая Кора ўскочыла пры з’яўленні страшэннай істоты; але Хейвард супакоіў маладых дзяўчат, сказаўшы ім, што гэта толькі іх правадвік Чынгачгук. Прыўзняўшы другую заслону, індзеец паказаў, што ў пячоры быў яшчэ і другі выхад. Потым, трымаючы ў руках палаючую галіну, ён праслізнуў праз вузкі праход у скале ў другую пячору, зусім падобную да першай.
— Такіх старых лісаў, як мы з Чынгачгукам, не часта ловяць у нары з адным выхадам, — са смехам заўважыў Сакалінае Вока. — Гэта выдатнае месца! Скалы — чорны вапняк, як вядома, вельмі мяккая парода. Раней вадапад спадаў на некалькі ярдаў ніжэй, чым цяпер, і, думаю, у свой час меў такую-ж спакойную і прыгожую водную паверхню, якую вы сустракаеце ў лепшых месцах Гудзона. Мясцовасць гэтая вельмі змянілася з цягам часу. У скалах і кручах з’явілася вялікая колькасць шчылін. У адных месцах каменні мякчэй, чым ў другіх, і вада прамыла ў іх вялікія выбоіны; адны скалы паваліла, другія паламала, і цяпер вадапады не маюць ні прыгожасці, ні сілы.
— Дзе-ж мы знаходзімся? — запытаў Хейвард.
— Паблізу таго месца, дзе калісьці спадаў вадапад. З абодвух бакоў ад нас парода аказалася мяккай, таму мяцежная вада вырыла вось гэтыя дзве маленькія пячоры, зрабіўшы для нас выдатны прытулак, і адхлынула ўправа і ўлева, агаліўшы сярэдзіну свайго рэчышча, якое стала сухім астраўком.
— Значыць, мы на востраве?
— Так, па абодвы бакі ад нас вадапады, а рака і вышэй і ніжэй нас. Пры дзённым святле вам варта было-б падняцца на скалу і паглядзець на вымудры вады. Яна спадае няправільна, шалёнымі скачкамі. Іншы раз скача, іншы раз цячэ гладка; тут яна куляецца, там ціха цячэ ў адным месцы белая, як снег, у другім здаецца травяніста-зялёнай; то цурчыць і спявае, як спакойны ручай, то раптам пачынае круціцца вадаваротам і точыць каменныя скалы, як мяккую гліну. Так, лэдзі, тонкая тканіна, якая павуцінкай абвівае вашу шыю, будзе здавацца грубым невадам у параўнанні з узорамі рачных струменяў. Пасля таго, як рака набушуецца ўволю, яна спакойна цячэ далей, каб зліць свае воды з марской хваляй.
Такое апісанне Гленскіх вадападаў надало падарожнікам упэўненасць у недаступнасці іх сховішча, і яны пачалі з захапленнем аглядаць дзікую прыгожасць гэтага месца. Потым усе вырашылі заняцца неабходнай, хоць і больш нізкай справай — вячэрай.
Ункас рабіў для Коры і Алісы ўсе паслугі, якія толькі былі ў яго сілах.
Сумесь гордасці і ветлівасці на яго твары забаўляла Хейварда, які ведаў, што такая ўслужнасць — не ў звычаях індзейцаў. Аднак, правілы гасціннасці лічыліся свяшчэннымі, а таму нязначнае адступленне ад строгіх законаў воінскага гонару, не выклікала, як відаць, ганьбавання з боку Чынгачгука.
Пры гэтым уважлівы назіральнік мог-бы заўважыць, што Ункас не зусім аднолькава адносіцца да маладых дзяўчат; напрыклад, падаючы Алісе флягу з вадой або кавалак дзічыны на драўляным сподку, ён толькі захоўваў ветлівасць; робячы-ж падобныя паслугі яе цёмнавалосай сястры, малады магікан глядзеў даўгім позіркам на прыгожы, выразны твар Коры. Разы два яму прышлося загаварваць з сёстрамі, каб звярнуць іх увагу. І кожны раз у такіх выпадках ён гаварыў па-англійску, праўда на ламанай мове, але ўсё-ж зразумела. Яго глыбокі, гартанны голас надаваў асаблівую музычнасць англійскім словам. Кора і Аліса перакінуліся з ім некалькімі фразамі, і дзякуючы гэтаму між імі ўстанавілася нешта, падобнае на таварыскія адносіны.
Нішто не парушала важнага спакою Чынгачгука; ён сядзеў паблізу светлага круга, акрэсленага полымем вогнішча, і трывожныя позіркі яго гасцей маглі цяпер адрозніць натуральны выраз яго твара ад штучных жахаў ваеннай расфарбоўкі. Люты твар Чынгачгука цяпер ззяў святлом яснага спакою. Наадварот, Сакалінае Вока быў надзвычай непакойным. Бадзёры позірк разведчыка ўвесь час блукаў, не спыняючыся ні на момант. Ён еў і піў са здавальненнем, але яго пільная асцярожнасць ні на хвіліну не пакідала яго. Разоў дваццаць фляга або кавалак смажанага мяса заміралі ў руцэ паляўнічага, і ён паварочваў галаву то ў адзін, то ў другі бок, нібы прыслухоўваючыся да аддаленых шумаў.
— Прыяцель, — загаварыў Сакалінае Вока, вымаючы з-пад лісця невялікую бочачку з віном і звяртаючыся да спевака, які на справе аднёсся з належнай увагай да яго поварскага майстэрства, — пакаштуйце вось гэтага вінаграднага соку; ён прагоніць усе вашыя думкі пра жарабя і падбадзёрыць вашу душу. Я п’ю за нашу дружбу і спадзяюся, што бедная канячынка не з’явіцца прычынай нянавісці паміж намі. Як ваша імя?
— Гамут, Давід Гамут, — адказаў настаўнік спеваў, збіраючыся заліць свой смутак глытком смачнага з вострымі прыправамі пітва.
— Выдатнае імя, і, мяркую, яно перададзена вам добрымі, сумленнымі бацькамі. Я люблю імёны, хоць вынаходлівасць хрысціян у гэтым выпадку значна адстае ад астраумных звычаяў індзейцаў. Самага вялікага баязліўца, якога я калі-небудзь ведаў, звалі Ільвом, а яго жонка насіла імя Пешэнс (цярпенне); між тым гэтая асоба паспявала нагаварыць вялікую колькасць непрыемных слоў на працягу меншага прамежку часу, чым патрэбна аленю, каб пранесціся сажань. У індзейца імя — справа гонару. Індзеец звычайна прымае для сябе мянушку, якая падыходзіць. Вядома, імя Чынгачгук, што значыць «Вялікі змей», не азначае, што ён і сапраўды змяя; не, яго імя гаворыць, што яму вядомы ўсе выкруты, усе куткі чалавечай прыроды, што ён маўклівы і ўмее наносіць сваім ворагам удары ў такія моманты, калі яны зусім гэтага не чакаюць. Якая-ж ваша прафесія?
— Я — няварты выкладчык далікатнага мастацтва псалмаспеваў.
— О!
— Я выкладаю спевы юным канектыкутцам[7].
— Вы маглі-б выбраць лепшую работу. Гэтыя шчаняты і так занадта многа рагочуць і спяваюць у лясах, калі ім трэба было-б сядзець, затаіўшы дыханне, як лісу ў засадзе. Ці ўмееце вы, па крайняй меры, абыходзіцца са стрэльбай?
— Дзякуй богу, мне яшчэ ніколі не даводзілася мець справу са смертаноснай зброяй.
— Можа, вы ўмееце наносіць на паперу напрамак вод, абазначаць на ёй горы і пустыні?
— Не, гэтым я не займаюся.
— У вас такія ногі, якія могуць ператварыць доўгую дарогу ў кароткую. Я думаю, генерал пасылае вас з даручэннямі?
— Ніколі. Я выконваю толькі маю высокую прафесію, гэта значыць навучаю людзей царкоўнай музыцы.
— Дзіўная прафесія, — прамовіў Сакалінае Вока і ўсміхнуўся, — усё жыццё паўтараць, як перасмешнік, усе высокія і нізкія ноты, якія вырываюцца з чалавечага горла. Аднак, прыяцель, спевы, — ваш талент, і ніхто не мае права яго ганьбіць, як ніхто не смее ганьбіць майстэрства стральбы або якое-небудзь іншае ўменне. Пакажыце-ж ваша майстэрства.
— З вялікай прыемнасцю, — сказаў Гамут. Паправіўшы свае акуляры ў жалезнай аправе і выняўшы сваю ўлюбёную кніжку, ён перадаў яе Алісе.
Аліса ўсміхнулася. Яна глянула на Хейварда і пачырванела, не ведаючы, як ёй быць.
— Не саромцеся, — шапнуў ёй малады афіцэр.
Аліса падрыхтавалася спяваць. Давід выбраў гімн, які адпавядаў становішчу бегляцоў. Кора таксама пажадала падтрымаць сястру. Метадычны Давід папярэдне задаў спевакам тон, карыстаючыся сваім камертонам.
Паліўся ўрачысты напеў; іншы раз маладыя дзяўчаты схіляліся над кнігай і ўзмацнялі свае гучныя галасы, іншы раз паніжалі іх, так што шум вады ператвараўся ў глухі акампанімент спеваў. Прыродны густ і верны слух Давіда кіраваў спявачкамі. Ён рэгуляваў сілу галасоў у адпаведнасці з намерамі вузкай пячоры, кожная шчыліна, кожная западзіна якой напаўнялася задушэўнымі гукамі. Вочы індзейца нерухома глядзелі на скалы з такой увагай, якая, здавалася, іх саміх ператварыла ў каменні.
Разведчык спачатку сядзеў, безуважна абапёршыся падбародкам на руку, але паступова яго суровы твар памякчыўся. Быць можа, у памяці паляўнічага ўсталі ўспаміны дзіцячых гадоў, ціхія дні, калі яму даводзілася чуць такія псалмы з вуснаў мацеры. Блукаючыя вочы жыхара лясоў сталі вільготнымі, слёзы пакаціліся па яго абветраных шчоках. Пранёсся адзін з тых нізкіх заміраючых гукаў, якія слух успрыймае з прагным захапленнем, нібы ўсведамляючы, што гэтая асалода зараз спыніцца. І раптам пачуўся енк, не падобны ні на чалавечы крык, ні на крык іншай зямной істоты; ён страсянуў паветра і прабіўся не толькі ва ўсе куткі пячоры, але і ў самыя патаемныя месцы чалавечых сэрцаў. Услед за гэтым зрабілася зусім ціха; здавалася, быццам нават воды Глена спыніліся, сціснутыя жахам.
— Што гэта? — прашаптала Аліса, прышоўшы да памяці пасля аслупянення.
— Што гэта? — моцна запытаў Дункан.
Ні Сакалінае Вока, ні індзейцы не адказалі. Яны слухалі, мабыць чакаючы паўтарэння енку, і выраз іх твараў выяўляў здзіўленне. Нарэшце, яны вельмі хутка і сур’ёзна пачалі размаўляць між сабой на дэлаварскай мове. Пасля сканчэння іх гутаркі Ункас асцярожна выслізнуў з аддаленага выхаду пячоры. Калі ён вышаў, разведчык зноў загаварыў па-англійску:
— Ніхто з нас не можа сказаць, што гэта было, хоць мы на працягу трыццаці з лішнім гадоў вывучалі лясы. Я думаў, што майму слуху знаёмы ўсе крыкі індзейцаў, усе звярыныя галасы, але цяпер бачу, што я быў проста ганарыстым, саманадзейным хлапчуком.
— Хіба гэта не ваенны кліч воінаў, не выццё, якім яны імкнуцца запалохаць ворагаў? — запытала Кора, хутаючы свой твар у вуаль з такім спакоем, якога не выяўляла яе ўсхваляваная малодшая сястра.
— Не, не; крык гэты быў злавесным, узрушаючым гукам, і ў ім было нешта ненатуральнае. Калі-б вы хоць раз чулі баявы кліч індзейцаў, вы ніколі-б не палічылі яго за што-небудзь іншае. Ну, што-ж, Ункас? — зноў па-дэлаварску звярнуўся разведчык да маладога магікана, які вярнуўся ў пячору. — Што ты бачыў? Ці не свіціцца наш агонь праз заслоны?
Пачуўся кароткі і, як відаць, адмоўны адказ на той-жа мове.
— Нічога не відаць, — казаў далей па-англійску Сакалінае Вока, з непрыемнасцю качаючы галавой.
— Наша стаянка ўсё яшчэ астаецца сакрэтам. Перайдзіце ў другую пячору, лэдзі, і пастарайцеся заснуць; вам патрэбен адпачынак. Мы ўстанем задоўга да ўсходу сонца, і нам давядзецца спяшацца, каб дайсці да форта Эдуард, пакуль мінгі будуць спаць.
Кора падпарадкавалася з такім спакоем, што больш палахлівая Аліса была вымушана пайсці ўслед за ёю. Аднак, выходзячы з пячоры, яна шэптам папрасіла Дункана пайсці разам з імі.
Ункас адкінуў для сясцёр заслону, і, павярнуўшыся, каб падзякаваць яго за ўвагу, маладыя дзяўчаты ўбачылі, што разведчык зноў сеў над патухаючымі вуглямі, апусціўшы твар на рукі, і, як відаць, увесь паглыбіўся ў раздум’е аб незразумелым гуку, які спыніў вячэрнія спевы.
Хейвард захапіў з сабой палаючую хваёвую галінку, і гэты факел слаба асвятліў вузкую пячору, дзе дзяўчатам трэба было правесці ноч. Дункан умацаваў свой свяцільнік у шчыліне каменя і падышоў да сясцёр; яны асталіся з ім адзін на адзін у першы раз пасля ад’езду з форта Эдуард.
— Не пакідайце нас, Дункан, — папрасіла яго Аліса, — мы не заснем у гэтым страшным месцы, асабліва цяпер, калі незразумелы і жахлівы енк усё яшчэ гучыць у нас у вушах.
— Перш за ўсё агледзім, ці дастаткова надзейная наша крэпасць, — адказаў Хейвард, — а потым пагаворым аб астатнім.
Ён прайшоў у самы аддалены кут пячоры, да выхаду, таксама завешанаму цяжкай коўдрай, і, адсунуўшы яе, удыхнуў на поўныя грудзі свежы, бадзёры вецер, які дзьмуў ад вадападаў. Бліжэйшы рукаў ракі працякаў па вузкай глыбокай цясніне, прамытай цячэннем у мяккім камені. Вада неслася ля самых ног маладога афіцэра і, як яму здавалася, утварала вельмі добрую абарону з гэтага боку. Вышэй рака, спадаючы са скал, слізгала і, клакочучы, накіроўвалася струменямі.
— Прырода стварыла неадольную перашкоду з гэтага боку, — казаў ён, паказаўшы на чорны паток пад кручай, і апусціў заслону, — і вы вельмі добра ведаеце, што сумленныя, верныя людзі ахоўваюць вас; значыць, я не бачу, чаму-б вам не паслухаць парады нашага сумленнага Сакалінага Вока. Я ўпэўнены, Кора будзе згодна са мной і скажа, што вам абодвум неабходна заснуць.
— Кора можа згадзіцца з вашай думкай, але на справе не пацвердзіць яе, — сказала старэйшая з дзяўчат. — Калі-б мы нават не чулі незразумелага жудаснага крыку, нам усёроўна было-б цяжка заснуць. Скажыце самі, Хейвард, ці могуць дачкі забыцца пра тое, як павінен трывожыцца іх бацька, які не ведае, дзе яны і што з імі здарылася ў гэтай глушы, сярод такога мноства небяспек?
— Ён воін; праўда, яму вядомы небяспекі, але вядомы і перавагі лясоў.
— З якой спагадлівасцю і цярпеннем пераносіў ён мае неразумныя выдумкі! З якой пяшчотнасцю выконваў усе мае жаданні! — са слязамі сказала Аліса. — Кора, мы зрабілі неразважліва, настойваючы на паездцы.
— Быць можа, я неабдумана настойвала на тым, каб ён дазволіў нам прыехаць да яго ў такі неспакойны час, але я хацела даказаць бацьку, што, як-бы зняважліва ні адносіліся да яго астатнія, яго дзеці асталіся вернымі яму.
— Калі ён пачуў пра ваш прыезд у форт Эдуард, — ласкава сказаў Хейвард, — у яго душы адбылася сур’ёзная барацьба паміж страхам і любоўю, і любоў перамагла. «Я не хачу спыняць іх, Дункан, — сказаў ён. — Дай бог, каб усе абаронцы нашага караля выявілі палавіну той смеласці, якую праявіла Кора».
— А пра мяне ён нічога не сказаў, Хейвард? — з рэўнівай пяшчотнасцю запытала Аліса. — Я ўпэўнена, што папа не мог зусім забыцца пра сваю маленькую Эльсі…
— Вядома, не, — адказаў малады чалавек. — Ён асыпаў вас мноствам ласкавых назваў, якіх я не адважваюся паўтараць, адчуваючы, аднак, іх справядлівасць. Аднойчы ён сказаў…
Дункан адразу змоўк, бо зноў пранёсся той-жа жахлівы енк, і ўслед за тым надышла доўгая мёртвая цішыня; усе пераглядваліся, са страхам чакаючы паўтарэння дзікага выцця. Нарэшце, у адтуліне пячоры паказаўся разведчык; суровая цвёрдасць яго твара змянілася няўпэўненасцю пры думцы аб таямнічых гуках, якія здавалася, прадвяшчалі немінучую небяспеку, перад якой былі бездапаможны і лоўкасць яго і вопытнасць.
РАЗДЗЕЛ VII
— Калі мы астанемся тут, — сказаў Сакалінае Вока, — мы не палічымся з папярэджаннем, якое даецца нам для нашага-ж дабра. Няхай далікатныя стварэнні пабудуць у пячоры, але мы, гэта значыць я і магікане пойдзем на скалу пільнаваць, і, думаю, маёр далучыцца да нас.
— Хіба набліжаецца небяспека? — запытала Кора.
— Лэдзі, — урачыстым тонам адказаў разведчык, — больш трыццаці гадоў прыслухоўваўся я да ўсіх лясных гукаў, як прыслухоўваецца чалавек, жыццё і смерць якога залежыць ад чуткасці яго слуху. Мяне не ашукаюць ні мурлыканне пантэры, ні свіст перасмешніка, ні крыкі д’ябальскіх мінгаў. Мне даводзілася чуць, як стагнаў лес, нібы чалавек у надзвычайным смутку; чуў я трэск маланкі, якая поўніла паветра шыпеннем палаючых галін, калі яна раскідала іскры, разлятаючыся ў зломах. Цяпер-жа ні магікане, ні я, не можам растлумачыць сабе, што гэта быў за енк. І таму мы думаем, што гэта — знак неба, пасланы для нашага дабра.
— Дзіўна, — сказаў Хейвард і ўзяў свае пісталеты, якія, уваходзячы ў пячору, паклаў на камень. — Усёроўна, ці гэта знак міру ці заклік да бою, трэба расследаваць, у чым справа. Ідзіце, мой друг, я іду з вамі.
Усе пачулі прыліў адвагі, калі, вышаўшы пад адкрытае неба, удыхнулі не затхлае паветра пячоры, а падбадзёрваючую халаджавасць, якая стаяла над вадападамі і вірамі. Моцны вецер крыляў над ракой і, здавалася, нёс рэў вады ў глыбіню пячоры, адкуль даходзіў няспынны гул, які нагадваў раскаты грому за далёкімі горамі. Месяц узышоў, яго святло сям-там блішчэла на паверхні вады; той-жа край скалы, на якім яны стаялі, ахутвала густая імгла. За выключэннем шуму падаючай вады ды моцных подыхаў парывістага ветру, усё было так ціха, як толькі бывае ўначы ў поўным гушчары. Дарэмна вочы ўглядаліся ў процілеглы бераг, стараючыся выявіць там якія-небудзь адзнакі жыцця, якія маглі-б растлумачыць, што азначалі страшныя гукі. Нявернае святло месяца ашуквала напружаны змрок устрывожаных людзей, і іх позірк сустракаў толькі аголеныя кручы ды нерухомыя дрэвы.
— Сярод цемры і спакою цудоўнай вячэрняй цішыні нічога не відаць, — прашаптаў Дункан. — З якім захапленнем сузіралі-б мы гэтае відовішча адзіноты ў іншы час, Кора! Уявіце сабе, што вам не пагражае ніякай небяспекі, быць можа…
— Слухайце, — спыніла яго Аліса.
Але ёй не трэба было спыняць маёра: зноў пачуўся той-жа гук. Як відаць, ён узняўся з ложа ракі і, вырваўшыся з вузкіх, сціскаўшых яе круч, вагаючыся, пракаціўся па лесе і замёр недзе далёка-далёка.
— Як можна назваць такі енк? — запытаў Сакалінае Вока, калі апошні водгук страшнага енку загубіўся ў лясной глушы. — Калі хто-небудзь з вас разумее, у чым справа, няхай скажа. Я-ж лічу, што гэта нешта звышнатуральнае.
— У такім выпадку тут знойдзецца чалавек, які здолее пераканаць вас у тым, што ў гэтым крыку няма нічога звышнатуральнага, — сказаў Дункан. — Гэтыя енкі добра знаёмыя мне, бо я іх чуў на полі бітвы пры акалічнасцях, якія нярэдка сустракаюцца ў жыцці салдата. Гэта — крык каня. Іншы раз боль вырывае крык з яго горла, а іншы раз — жах. Як відаць, мой конь зрабіўся здабычай драпежных звяроў або-ж ён бачыць небяспеку, якой не ў сілах унікнуць. Я мог не пазнаць гэтых енкаў, пакуль знаходзіўся ў пячоры, але на адкрытым паветры не магу памыліцца.
Разведчык і яго таварышы з напружанай увагай прыслухоўваліся да простага тлумачэння Дункана.
— Хуг, — прамовілі магікане, калі ісціна асвятліла іх розум.
Сакалінае Вока падумаў крыху і адказаў:
— Я не магу адмаўляць справядлівасць вашых слоў, бо дрэнна ведаю коней, хоць іх тут нямала. Мабыць, на беразе, над іх галовамі, сабраліся ваўкі, і цяпер спалоханыя жывёлы клічуць на дапамогу чалавека, як умеюць клікаць. Ункас, — па- дэлаварску звярнуўся ён да маладога індзейца, — сыйдзі ў човен і спусціся ў ім па цячэнню, кінь у зграю ваўкоў палаючую галавешку, інакш страх зробіць тое, чаго не здолеюць зрабіць ваўкі, і мы астанемся без коней; між тым, заўтра нам трэба рухацца вельмі хутка.
Малады індзеец спусціўся к вадзе, каб выканаць загад разведчыка. Хутка пасля гэтага на беразе ракі пачулася працяглае моцнае выццё, якое пачало аддаляцца; здавалася, ахопленыя раптоўным жахам, ваўкі кінулі свае афяры. Ункас хутка вярнуўся назад. Пасля гэтага разведчык пачаў зноў раіцца са сваімі таварышамі.
— Мы нагадвалі сабой паляўнічых, страціўшых указанні зорнага неба і некалькі дзён не бачыўшых схаванага ад іх сонца, — сказаў Сакалінае Вока, робячы некалькі крокаў убок. — Цяпер мы зноў пачнем бачыць прыкметы шляху, і ён, дзякуй богу, ачышчаны ад многіх перашкод. Садзіся ў ценю берагу, тут цямней, чым у ценю хвой. Размаўляйце толькі шэптам, хоць, быць можа, нам лепш і разумней на працягу некаторага часу весці гутарку толькі з уласнымі думкамі.
Было ясна, што трывога Сакалінага Вока знікла; цяпер ён зноў гатоў быў да барацьбы. Яго пачуцці, здавалася, падзялялі і індзейцы. Яны стаялі на скале, з якой відаць былі абодва берагі; у той-жа час самі яны былі схаваны ад вачэй ворага, Хейвард і яго спадарожнікі паследавалі прыкладу сваіх асцярожных праваднікоў. Дункан сабраў вялікую кучу галін сасафраса і паклаў яе ў шчыліну, якая раздзяляла дзве пячоры. Кора і Аліса схаваліся ў прамежку паміж двух круч. Сцены скал маглі засцерагчы сясцёр ад стрэлаў ворага; у той-жа час маёр супакоіў устрывожаных маладых дзяўчат, сказаўшы ім, што ніякая небяспека не захопіць іх неспадзявана. Сам Хейвард размясціўся недалёка ад Коры і Алісы і мог размаўляць з імі ўпоўголаса. Між тым Давід, беручы прыклад з жыхароў лесу, схаваўся паміж каменнямі.
Так цягнуўся час; нішто не парушала цішыні і спакою ночы. Месяц падняўся да зяніта, і яго адвесныя праменні асвятлялі двух сясцёр, якія ціха драмалі, абняўшы адна адну. Дункан прыкрыў сясцёр вялікім шалем Коры, потым апусціў сваю галаву на абломак каменя. Збоку Давіда несліся такія гукі, якія, калі-б гэта адбывалася наяве, вядома, выклікалі-б абурэнне яго-ж уласнага слуху; адным словам, апрача разведчыка і магікан, усіх перамог сон, усе страцілі ўсведамленне сапраўднасці. Але пільныя вартаўнікі не ведалі ні санлівасці, ні стомленасці. Нерухомыя, як каменні, яны ляжалі, зліваючыся з абрысамі круч, безупынна аглядаючы цёмныя рады дрэў, якія цягнуліся ўдоўж процілеглага берагу вузкага патока. Ні адзін гук не праходзіў міма іх слуху, і самы пільны назіральнік не мог-бы сказаць, дыхаюць яны ці не. Было відавочна, што такая асцярожнасць з’яўлялася вынікам доўгай спрактыкаванасці і што самая тонкая хітрасць ворагаў не магла-б ашукаць яе. Аднак, усё было спакойна. Нарэшце, месяц зайшоў; над верхавінамі дрэў з’явілася ружовая палоска і апавясціла аб надыходзе дня.
Тады Сакалінае Вока ўпершыню заварушыўся, папоўз удоўж кручы і разбудзіў Дункана, які моцна спаў.
— Пара ў дарогу, прашаптаў паляўнічы, — разбудзіце дзяўчат і, калі я падвяду човен да зручнага месца, падрыхтуйцеся спусціцца да ракі.
— А ноч прайшла спакойна? — запытаў Хейвард. — Мяне змарыў сон і перашкодзіў пільнаваць.
— Так, і цяпер усё ціха, як было ў поўнач. Але цішэй! Маўчыце і хутчэй рыхтуйцеся. — І разведчык пайшоў да чаўна.
Дункан апрытомнеў ад сну і адкінуў шаль, што прыкрываў дзяўчат, якія спалі.
— Кора! Аліса! сказаў ён. — Прачніцеся, пара ў дарогу!
Адчуўшы гэты рух, Кора падняла руку, нібы адштурхваючы кагосьці, Аліса-ж замармытала сваім пяшчотным галаском:
— Не, не, дарагі папа, нас не пакінулі, з намі быў Дункан!
— Так, Дункан тут, — усхвалявана прашаптаў юнак, — і пакуль ён жывы і пакуль пагражае небяспека, ён цябе не пакіне. Кора! Аліса! Уставайце! Нам час — у дарогу!
Раптам Аліса ўскрыкнула праразлівым голасам, Кора-ж ускочыла і выпрасталася на ўвесь рост. Не паспеў маёр сказаць слова, як пачулася такое страшэннае выццё, што нават у Дункана ўся кроў хлынула да сэрца. З хвіліну здавалася, быццам усе д’яблы пекла напоўнілі паветра, што абкружала падарожнікаў, і віліся каля іх, выліваючы сваю лютую злосць у дзікіх крыках.
Жахлівае выццё неслася з усіх бакоў.
Перапалоханым людзям здавалася, што бязладныя енкі чуліся ў гушчары лесу, у пячорах каля вадапада, сярод скал, несліся з рэчышча ракі, падалі з неба. І вось пад гукі гэтага пякельнага шуму і гаму Давід выпрастаўся на ўвесь свой высокі рост, прыклаў рукі да абодвух вушэй і ўскрыкнуў:
— Адкуль узялася гэтая какафонія? Быць можа, расчыніліся пякельныя скляпенні? Чалавек не адважыўся-б выкрыкваць такія гукі!
Яго неасцярожны рух выклікаў залп стрэлаў з процілеглага берагу. Няшчасны настаўнік спеваў без прытомнасці паваліўся на месца, якое служыла яму ложкам у часе яго доўгага сну. Магікане смела адказалі крыкамі на ваенны кліч сваіх ворагаў, якія, глянуўшы, як паваліўся Гамут, завылі ад радасці. Пачалася жвавая перастрэлка; але абодва варожыя бакі былі настолькі вопытнымі, што ні на момант не пакідалі прыкрыцця. З вялікім напружаннем Дункан прыслухоўваўся, спадзеючыся выявіць гук вёслаў, ён думаў, што астаўся толькі адзін сродак выратавання — уцякаць. Рака па-ранейшаму каціла свае хвалі міма круч, але чаўна не было відаць на чорнай вадзе. Хейвард ужо стаў думаць, што разведчык бязлітасна кінуў іх, як раптам на скале пад яго нагамі бліснула полымя, і лютае выццё даказала, што пасланіца смерці, накіраваная ад стрэльбы Сакалінага Вока, знайшла сабе афяру. Нават гэты слабы адпор прымусіў нападаючых адступіць; мала-па-малу крыкі дзікуноў змоўклі, і Глен зноў ахутала тая-ж цішыня, якая абнімала яго дзікія скалы да пачатку замяшання і шуму.
Дункан, карыстаючыся спрыяльным момантам, адбег да ляжачага Гамута і перанёс яго ў вузкую шчыліну, якая з’яўлялася сховішчам для двух сясцёр.
— Скальп небаракі ўцалеў, — спакойна заўважыў Сакалінае Вока, праводзячы рукой па галаве Давіда. — Вось чалавек, у якога занадта доўгі язык. Вар’яцтва — выстаўляць напаказ дзікунам шэсць футаў мяса і касцей! Здзіўляюся, што ён астаўся жывы.
— Хіба ён не памёр? — запытала Кора, хрыплы голас якой паказаў барацьбу, якая адбывалася ў ёй, паміж пачуццём жаху і жаданнем захаваць вонкавую цвёрдасць.
— Ён жывы, сэрца б’ецца. Дайце яму адпачыць крыху; ён апрытомнее, стане больш разважлівым і дажыве да прызначанага яму канца, — адказаў Сакалінае Вока, зноў скоса глянуўшы на нерухомае цела спевака і ў той-жа час са здзіўляючай шпаркасцю і лоўкасцю зараджаючы сваю стрэльбу. — Ункас, перанясі яго ў пячору і пакладзі на галіны сасафраса. Чым больш ён праспіць, тым будзе лепш для яго, бо яму наўрад ці ўдасца знайсці дастаткова добрае прыкрыццё для свайго даўжэзнага цела, а спевамі ён не абароніць сябе ад іракезаў.
— Значыць, вы чакаеце другога нападу? — запытаў Хейвард.
— Ці магу я думаць, быццам галодны воўк насыціцца адным кавалачкам мяса? Макуасы страцілі аднаго з сваіх, а пасля першай страты, нават пасля няўдалага нападу, яны заўсёды адступаюць; але зладзеі вернуцца і прыдумаюць новы сродак атрымаць нашы скальпы. Мы павінны, — казаў далей, падняўшы свой твар, засмучаны трывогай, — пратрымацца тут, пакуль Мунро не падашле нам на дапамогу салдат. Дай бог, каб гэта здарылася хутчэй.
— Вы чуеце, Кора, што, як відаць, нас чакае? — запытаў Дункан. — Мы можам спадзявацца толькі на клапатлівасць вашага бацькі. Ідзіце-ж абедзве ў пячору, там вы будзеце па крайняй меры захаваны ад стрэлаў нашых ворагаў, і паклапаціцеся аб нашым няшчасным таварышу.
Маладыя дзяўчаты прайшлі ўслед за ім ва ўнутраную пячору. Там ляжаў Давід, усё яшчэ нерухомы, але яго ўздыхі паказвалі, што да яго вярнулася прытомнасць. Перадаўшы раненага на догляд маладых дзяўчат, Хейвард пайшоў быў да выхаду, але яго спынілі.
— Дункан, — дрыготным голасам сказала Кора.
Маёр павярнуўся і паглядзеў на гаварыўшую маладую дзяўчыну. Яе твар быў смяртэльна бледным, губы дрыжалі, а ў накіраваных на яго вачах відаць было такое напружанне, якое прымусіла маёра зараз-жа вярнуцца да яе.
— Памятайце, Дункан, як неабходна ваша жыццё для нашага выратавання; памятайце, што бацька даверыў нас вашым клопатам; памятайце, што ўсё залежыць ад вашай асцярожнасці, — сказала яна, і красамоўны румянец пакрыў яе твар. — Адным словам, памятайце, ваша жыццё дорага ўсім, хто носіць імя Мунро.
— Калі што-небудзь можа павялічыць маю прывязанасць да жыцця, — сказаў Хейвард, бессвядома гледзячы на замоўкшую Алісу, — то менавіта такая ўпэўненасць. Як маёр шасцідзесятага палка я павінен прыняць удзел у абароне; але нас чакае няцяжкая задача: нам давядзецца толькі кароткі час адбіваць напад дзікуноў.
Не чакаючы адказу, ён прымусіў сябе пайсці ад сясцёр і далучыўся да разведчыка і магікан, якія ўсё яшчэ ляжалі ў вузкай шчыліне паміж двума пячорамі.
— Кажу табе яшчэ раз, Ункас, — гаварыў паляўнічы, калі да іх падышоў Хейвард, — ты дарма траціш порах, з-за гэтата стрэльба аддае і перашкаджае кулі ляцець як трэба. Невялікая колькасць пораху, лёгкая кулька і доўгі прыцэл — вось што амаль заўсёды выклікае прадсмяротны енк мінгаў. Ідзем, сябры, схаваемся, бо ніхто не здолее сказаць, у які момант і ў якім месцы макуас нанясе ўдар.
Індзейцы моўчкі размясціліся так, што маглі бачыць усіх, хто наблізіцца да падножжа вадападаў. Пасярэдзіне маленькага вострава расло некалькі нізкіх, мізэрных хвой, якія ўтваралі гаёк. Сюды са шпаркасцю аленя кінуўся Сакалінае Вока; энергічны Дункан пабег за ім. Па меры маёчымасці яны хаваліся паміж дрэвамі і абломкамі каменняў, раскіданымі ў гаі. Над імі ўзвышалася акругленая скала, па абодвух баках якой гуляла і скакала вада, спадаючы ў бездань. Цяпер, калі развіднела, процілеглы бераг быў выразна відзён; Сакалінае Вока і маёр углядаліся ў гай, адрозніваючы ўсе прадметы пад заслонай хмурых хвой.
Доўга цягнулася трывожнае чаканне; аднак, вартавыя не заўважалі адзнак новага нападу. Дункан ужо думаў, што стрэлы яго таварышоў, аказаліся больш паспяховымі, чым яны самі меркавалі, і што дзікуны канчаткова адступілі, але, калі ён сказаў пра гэта разведчыку, Сакалінае Вока недаверліва паківаў галавой.
— Вы не ведаеце макуасаў, калі думаеце, што іх так лёгка прагнаць; ім-жа не ўдалося здабыць ні аднаго скальпа, — адказаў ён. — Яны вельмі добра ведаюць, як нас мала, каб так хутка адмовіцца ад праследавання. Цс! Паглядзіце на раку, уверх па цячэнню, туды, дзе струмені разбіваюцца аб каменні. Д’яблы пераплылі ў гэтым месцы! Ім пашанцавала; гляньце, яны дабраліся да таго краю вострава. Цс! Цішэй, цішэй, а то валасы ўмомант зляцяць з вашай галавы.
Хейвард зірнуў з-за свайго прыкрыцця і ўбачыў тое, што яму сапраўды здалося надзвычай лоўкай і адважнай справай. Бурныя струмені абтачылі рог скалы, з якой спадала рака, і першы ўступ каменя зрабіўся менш крутым. І вось, улічваючы толькі лёгкае хваляванне, што відаць было там, дзе паток удараўся аб край маленькага вострава, некалькі гуронаў адважыліся кінуцца ў паток і паплылі да гэтага месца, ведаючы, што адтуль лёгка будзе падняцца на востраў.
Ледзь шэпт разведчыка змоўк, чатыры чалавечыя галовы паказаліся над бярвеннямі, якіх прыбіла цячэннем да аголеных скал. У наступчы момант у зялёнай пене паказалася пятая фігура: яна плыла і змагалася з вадой. Індзеец з усёй сілы імкнуўся дабрацца да месца, дзе не пагражала небяспека. Быстрая вада несла яго; вось ён працягнуў ужо руку сваім таварышам, але імклівае цячэнне зноў адкінула яго ад іх; гурон прыўзняўся ў паветры, ускінуў рукі і раптам знік у ззяючым прадонні. З віру пачуўся енк роспачы. Потым усё сціхла; надышла хвіліна жахлівай цішыні.
— Гэта зберагло нам адзін зарад сурова, — прамовіў Сакалінае Вока. — А баявыя прыпасы для нас з’яўляюцца такімі-ж каштоўнымі, як хвілінная перадышка стомленаму аленю. Змяніце порах у вашых пісталетах. Над вадападам узнімаецца такі вадзяны пыл, што сялітра, бадай, адсырэла. Падрыхтуйцеся да барацьбы ўрукапашную, я-ж буду, страляць.
Разведчык прыклаў палец да губ і моцна працягла засвістаў. Магікане, якія пільнавалі скалы, адказалі яму тым-жа. Дункан паспеў заўважыць, што галовы над бярвеннямі, прыбітымі да берагу, умомант узняліся, але таксама-ж шпарка зніклі з вачэй. Хутка ён пачуў шолах, павярнуў галаву, і ў некалькіх кроках ад сябе ўбачыў Ункаса; малады індзеец лоўка поўз па зямлі. Сакалінае Вока сказаў магікану некалькі слоў па-дэлаварску, і Ункас з вялікай асцярожнасцю і спакойна заняў новую пазіцыю. Хейвард перажываў хвіліны ўзрушанага і нецярплівага чакання, а разведчык знайшоў гэты час падыходзячым для лекцыі аб разважлівым і асцярожным абыходжанні са стрэльбамі і пісталетамі.
— З усіх відаў зброі, — пачаў ён свае навучанні, — у вопытных руках самая дзейная — доўгаствольная стрэльба, добра адпаліраваная і зробленая з мяккага метала; аднак, для абыходжання з такой стрэльбай патрэбны дужыя рукі, правільнае вока і добры прыцэл; толькі пры такіх умовах стрэльба пакажа ўсе свае перавагі. Я лічу, што майстры зброі дрэнна ведаюць сваё рамяство, калі вырабляюць кароткія стрэльбы і кавалерыйскія…
Ціхі, але выразны ўсклік Ункаса спыніў яго гутарку.
— Бачу, бачу, друг, — казаў Сакалінае Вока, — яны рыхтуюцца да нападу, а то не сталі-б падымаць над бярвеннямі сваіх спін. Ну, і вельмі добра, — дадаў ён, аглядаючы сваю стрэльбу. — Першы з іх, вядома, сустрэне верную смерць, няхай гэта будзе хоць сам Манкальм.
З лесу данёсся новы выбух дзікіх крыкаў, і па гэтаму сігналу чатыры дзікуны выскачылі з-за прыкрываўшых іх бярвенняў. Чаканне было настолькі пакутным, што Хейвард адчуў палкае жаданне кінуцца ім насустрач, але яго спыніў спакой Ункаса і разведчыка. Гуроны пераскочылі цераз чорныя грады скал, якія ўзвышаліся перад імі, і з дзікім выццём кінуліся наперад.
Калі яны апынуліся на адлегласці некалькіх сажняў ад разведчыка і яго таварышоў, стрэльба Сакалінага Вока павольна ўзнялася над кустамі, і з доўгага ствала вылецела ракавая куля. Пярэдні гурон падскочыў, як падстрэлены алень, і зваліўся паміж кручамі.
— Цяпер, Ункас, твая чарга, — загадаў Сакалінае Вока і, бліскаючы вачыма, выняў, з-за пояса свой доўгі нож. — Апошні з гэтых д’яблаў, твой; з астатнімі справімся мы; пра іх не клапаціся.
Хейвард аддаў Сакалінаму Воку адзін з сваіх пісталетаў і разам з разведчыкам стаў шпарка спускацца насустрач ворагам. Разведчык і маёр стрэлілі адначасова, але абодва няўдала.
— Я так і ведаў, так і казаў, — прашаптаў Сакалінае Вока і з пагардай шпурнуў маленькі пісталет у вадапад. — Ну, падыходзьце вы, крывяжэрныя д’ябальскія сабакі!
І зараз-жа перад ім вырас велічэзнага росту індзеец з няўмольна-лютым тварам. У той-жа час паміж Дунканам і другім чырвонаскурым пачаўся рукапашны бой. Сакалінае Вока і яго праціўнік з аднолькавай лоўкасцю схапілі адзін аднаго за ўзнятыя рукі, сціскаўшыя страшныя нажы. З мінуту яны нерухома стаялі, напружваючы свае мускулы і імкнучыся перамагчы адзін аднаго. Уздутыя мускулы белага перамагалі менш трэніраваныя мускулы гурона; рукі дзікуна падаваліся намаганням разведчыка. Раптам Сакалінае Вока канчаткова вызваліўся ад ворага і адным ударам нажа пракалоў яго грудзі.
Між тым Хейвард разлютавана змагаўся са сваім ворагам, і смерць пагражала маладому афіцэру. У першай-жа схватцы дзікун выбіў з рук Хейварда яго тонкую шпагу, і маёр апынуўся абяззброеным; увесь ратунак Дункана залежаў толькі ад яго сілы і спрыту. У яго не было недахопу ні ў тым, ні ў другім, але ён сустрэў праціўніка, які не быў слабейшым за яго. На шчасце, Хейварду ўдалося абяззброіць гурона, і нож індзейца зазвінеўшы скінуўся на камень. З гэтага моманту пачалася барацьба не на жыццё, а на смерць: пытанне было ў тым, хто з праціўнікаў скіне другога з галавакружальнай вышыні. З кожнай хвілінай яны набліжаліся да кручы; тут трэба было зрабіць канчатковае, апошняе намаганне. Абодва ўклалі ўсю сваю адвагу ў гэтае намаганне, і абодва, хістаючыся, спыніліся над прорвай. Хейвард адчуў, як пальцы дзікуна сціскаюць яго горла, душаць, бачыў злосную ўсмешку гурона, які спадзяваўся ўцягнуць з сабой у прорву ворага і прымусіць яго раздзяліць з ім свой страшны лёс. Цела маёра павольна паддавалася страшэннай сіле чырвонаскурага, але раптам перад вачыма Хейварда мільганула цёмная рука, бліснуў нож. Пальцы гурона ўмомант расчапіліся, кроў хлынула з перарэзаных сухажылляў яго пясці, і ратавальныя рукі Ункаса адцягнулі Дункана ад краю прорвы. Але малады маёр, як зачараваны, усё яшчэ бачыў перад сабой страшны твар індзейца, які пакаціўся ў прорву.
— Пад прыкрыццё! — закрычаў Сакалінае Вока, які толькі што перамог свайго праціўніка.
— Калі вам дорага жыццё, схавайцеся за каменні. Справа яшчэ далёка не скончана.
З горла маладога магікана вырваўся пераможны крык, і ён разам з Дунканам шпарка ўзбег на адкос, з якога маёр спусціўся перад пачаткам бою; абодва зніклі сярод каменняў і кустоў.
РАЗДЗЕЛ VIII
Перасцярога разведчыка была своечасовай. Пакуль адбывалася апісаная намі барацьба, ні чалавечы голас, ні шум крокаў не парушалі аднастайнага шуму вадапада. Гуроны з такім напружаннем сачылі за вынікам схваткі, што, здавалася, не маглі сыйсці з месца. Шпаркія рухі тых, што змагаліся, перашкаджалі ім страляць у ворагаў, бо іх стрэлы маглі забіць і сваіх; але, калі ўсё скончылася, узнялося лютае выццё. І адзін за адным пачалі бліскаць стрэлы стрэльбаў, пасылаючы свінцовыя кулі цэлымі залпамі, як быццам нападаючыя вылівалі злосць на нячулыя скалы.
Стрэльба Чынгачгука адказвала ім спакойным агнём. Старэйшы магікан са спакойнай цвёрдасцю не пакідаў свайго паста на працягу ўсёй папярэдняй сцэны. Толькі калі пераможны кліч Ункаса даляцеў да яго слуху, бацька адказаў маладому чалавеку радасным усклікам, але зараз-жа зноў замоўк, і цяпер толькі яго стрэлы сведчылі, што ён з непахіснай стараннасцю ахоўвае свой пост. Так праляцела шмат мінут; нападаючыя стралялі то залпамі, то ўроссып, але асаджаных ахоўвалі прыкрыцці, і яны так старанна таіліся ў сваім сховішчы, што да гэтага часу адзіным пацярпэўшым з іх маленькага атрада быў няшчасны Давід.
— Няхай паляць свой порах, — спакойна сказаў Сакалінае Вока, слухаючы, як свішчуць кулі, пралятаючы міма скалы, за якой ён хаваўся.
— Тым лепш; калі справа скончыцца, мы падбярэм кулі; і, думаю, забава надакучыць гэтым д’яблам раней, чым каменні папросяць у іх літасці. Ункас, хлопчык, ты дарэмна траціш порах і насыпаеш яго занадта многа. Стрэльба аддае, і куля ляціць дрэнна. Я казаў табе: прыцэльвайся ў гэтага зладзея так, каб патрапіць яму пад белую рыску, ну, а твая куля трапіла на два дзюймы вышэй. Сэрца мінга ляжыць нізка, а забіваць трэба адразу, каб людзі не пакутвалі…
Спакойная ўсмешка з’явілася на гэтым твары маладога магікана; аднак, Ункас нічога не адказаў.
— Дарэмна вы папракаеце Ункаса ў недахопе майстэрства, — сказаў Дункан, — ён выратаваў мне жыццё самым разумным, адважным спосабам, цяпер я яго друг навекі і ніколі не забудуся, чым яму абавязаны.
Ункас прыўзняўся і працягнуў Хейварду руку. Сакалінае Вока ўсміхнуўся.
— У пустынях і лясах сябры часта робяць адзін аднаму такія паслугі; здаецца, і мне здаралася выратоўваць Ункаса з бяды, і я вельмі добра памятаю, што ён пяць разоў засланяў мяне ад смерці, тры разы пры сутычцы з мінгамі, раз пры пераправе цераз Гарыкан і…
— Гэтая куля была пушчана лепш астатніх! — ускрыкнуў Дункан і мімаволі адхінуўся ад скалы, у якую трапіў стрэл.
Сакалінае Вока падняў сплюшчаную кулю, паківаў галавой і сказаў:
— Свінец, які падае на злёце, ніколі не расплюшчваецца; гэта магло здарыцца толькі, калі-б куля звалілася з воблакаў.
Стрэльба Ункаса ўзнялася ўверх, і вочы ўсіх астатніх накіраваліся туды-ж; загадка ўмомант стала яснай: на правым беразе ракі рос магутны дуб; дрэва гэтае так нахілілася наперад, што яго верхнія галіны навіслі над ракой. Сярод лісця, якое ледзь прыкрывала вузлаватыя галіны старога дуба, прымасціўся гурон; ён то хаваўся за ствол, то выглядаў з-за галін, жадаючы пераканацца, ці трапіў у цэль яго стрэл.
— Гэтыя д’яблы гатовы ўзлезці на самае неба, каб толькі знішчыць нас, — сказаў разведчык. — Трымай яго пад прыцэлам, хлопчык, пакуль я зараджу свой «аленебой»; потым мы адразу стрэлім у дрэва з абодвух бакоў.
Ункас чакаў сігналу разведчыка. Нарэшце, выбухнулі два стрэлы; кара і лісце дуба пырснулі ў паветра, і вецер разнёс іх у розныя бакі; дзікун адказаў сваім ворагам толькі пасмешлівым рогатам і паслаў новую кулю, якая збіла капялюш з галавы Сакалінага Вока. І зноў з лясных гушчараў вырваўся дзікі, люты крык, і свінцовы град засвістаў над галавамі асаджаных; здавалася, быццам дзікуны хацелі прымусіць сваіх ворагаў не сыходзіць з месца, каб зрабіць лягчэйшым прыцэл воіну, які знаходзіўся на дубе.
— Трэба абараніцца ад куль, — сказаў разведчык. — Ункас, клікні бацьку; нам патрэбны ўсе стрэльбы, каб выбіць хітрага чорта з яго гнязда.
Прагучэў сігнал, і, не паспеў Сакалінае Вока зарадзіць сваю стрэльбў, як да яго падышоў Чынгачгук. Калі Ункас паказаў вопытнаму воіну палажэнне, якое заняў праціўнік, з губ старога магікана сарваўся толькі звычайны ўсклік «хуг»; больш ён нічым не выявіў ні свайго здзіўлення, ні трывогі. Сакалінае Вока і магікане некалькі секунд ажыўлена раіліся паміж сабой на дэлаварскай мове; пасля сканчэння гутаркі кожны з іх спакойна заняў сваё месца, рыхтуючыся выканаць намечаны план.
З таго часу, як асаджаныя заўважылі воіна, які хаваўся сярод галін, яго стрэлы сталі мала дзейнымі, бо, ледзь толькі ён паказваўся з-пад прыкрыцця, стрэльбы ворагаў пагражалі яму; усё-ж яго кулі іншы раз падалі сярод людзей, якія прытаіліся. Мундзір Хейварда быў прабіт у некалькіх месцах. Адзін рукаў яго запляміла кроў, якая пацякла з лёгкай раны.
Нарэшце, падбадзёраны цярплівым чаканнем ворагаў, гурон паспрабаваў лепш прыцэліцца. Быстрыя позіркі Чынгачгука і Ункаса зараз-жа злавілі яго намеры. Скрозь рэдкае лісце ў некалькіх дзюймах ад ствала дуба мільганулі ногі дзікуна, і стрэльбы магікан умомант стрэлілі. Гурон прысеў, і ўсё яго цела паказалася з-пад прыкрыцця. З быстрынёй думкі Сакалінае Вока скарыстаў гэта і стрэліў з сваёй фатальнай стрэльбы. Лісцё дуба заварушылася; стрэльба гурона звалілася з вышыні, і пасля кароткай дарэмнай барацьбы цела дзікуна закалыхалася ў паветры, хоць ён усё яшчэ ў роспачы чапляўся за аголены сук дрэва.
— У імя літасці пусціце ў яго кулю! — усклікнуў Дункан, з жахам адводзячы позірк ад няшчаснага.
— Не патрачу ні адной парашынкі, — цверда сказаў Сакалінае Вока. — Ён усёроўна загінуў, а ў нас няма лішняга пораху; між тым бой з індзейцамі іншы раз працягваецца па некалькі дзён. Пытанне заключаецца ў тым, ці захаваюць яны свае скальпы ці ўцалеюць нашы.
Ніхто не мог супярэчыць такому суроваму, і непахіснаму рашэнню. Крыкі ў лесе змоўклі; стрэлы сталі радзейшымі; позіркі сяброў і ворагаў не адрываліся ад няшчаснага, які вісеў паміж небам і зямлёй. Вецер калыхаў цела, і хоць з вуснаў загінуўшага не было чуваць ні стогнаў, ні наракання, ён часамі панура азіраўся на сваіх праціўнікаў, і тады, не гледзячы на адлегласць, яны бачылі на яго цёмным твары пакутлівую роспач. Тры разы разведчык падымаў сваю стрэльбу, тры разы асцярожнасць спыняла яго, і доўгае дула славутага «аленебоя» павольна апускалася. Нарэшце, адна рука гурона расчапілася і, абяссілеўшы, павісла ўдоўж цела. Надзвычайнымі намаганнямі, але дарэмна ён спрабаваў зноў зачапіцца за галінку; рука сударгава хапала пустэчу. Маланка не была-б быстрэй стрэлу Сакалінага Вока; члены яго афяры ўздрыгадуліся, і труп дзікуна, нібы свінцовы, зваліўся ў пеністыя хвалі ракі.
Нават суровыя магікане з жахам моўчкі пераглянуліся паміж сабой. Толькі адзін Сакалінае Вока захаваў здольнасць разважаць; ён паківаў галавой і ўголас прамармытаў сабе дакор.
— Гэта быў апошні зарад пораху, апошняя куля з сумкі, — сказаў ён. — Ну, ці не ўсёроўна мне было, жывы ці мёртвы ён зваліцца ў ваду? Ункас, хлопчык мой, прайдзі да чаўна ды прынясі адтуль вялікі рог; там увесь запас нашага пораху. На жаль, мы, як відаць, хутка страцім яго да апошняй крошкі; калі я памыляюся, няхай скажуць, што я зусім не ведаю макуасаў.
Малады магікан зараз-жа пайшоў выконваць загад разведчыка. Сакалінае Вока нявесела перабіраў бескарыснае змесціва сваёй сумкі і дарэмна стараўся выскрабсці порах з сваёй пустой парахоўніцы. Яго невясёлую работу хутка перапыніў моцны і праразлівы крык Ункаса. Нават для нявопытных вушэй Дункана крык маладога магікана здаўся сігналам новай, неспадзяванай бяды. Хейвард умомант ускочыў, зусім запамятаўшы на небяспеку, якую мог стварыць для сябе, выпрастаўшыся на ўвесь свой высокі рост. Нібы падаючыся яго пабуджэнню, усе астатнія таксама кінуліся ў вузкі праход паміж двума пячорамі. Яны рухаліся так шпарка, што стрэлы іх ворагаў прапалі дарма. Крык Ункаса прымусіў сясцёр і раненага Давіда выйсці з свайго прытулку, і хутка ўсе зразумелі, якое няшчасце прывяло ў жах маладога індзейца.
Недалёка ад кручы відзён быў лёгкі човен разведчыка; ён нёсся па рацэ, відавочна, кіруемы нейкім нябачным плыўцом. Калі позірк Сакалінага Вока заўважыў непрыемнае для яго відовішча, ён умомант прыцэліўся і спусціў курок; бліснула іскра крэмня, але ствол не адказаў стрэлам.
— Позна! — ускрыкнуў Сакалінае Вока і ў роспачы кінуў бескарысную стрэльбу на зямлю. — Гэты злодзей мінуў месца быстрага цячэння, і, нават, калі-б у нас быў порах, я не здолеў-бы спыніць яго куляй.
Між тым адважны гурон высунуў галаву з-за бартоў чаўна і, плывучы па цячэнню, узмахнуў у паветры рукой; з яго грудзей вылецеў пераможны кліч. З лесу яму адказалі выццё, смех і лютыя крыкі.
— Смейцеся, дзеці д’ябла, — прамармытаў разведчык, прысаджваючыся на выступ скалы, — самыя меткія стрэльбы, лепшыя тры стрэльбы ў гэтых лясах, цяпер не больш небяспечныя, чым рогі аленяў мінулага года!
— Што-ж цяпер рабіць? — запытаў Дункан. — Што з намі будзе?
Замест адказу, Сакалінае Вока толькі правёў пальцам вакол цемя, і гэты рух быў настолькі красамоўным, што ніхто з бачыўшых гэты жэст разведчыка не мог сумнявацца ў яго значэнні.
— Не, не, наша становішча не можа быць такім безнадзейным! — усклікнуў малады маёр. — Гуронаў яшчэ няма тут; у нас ёсць магчымасць умацаваць пячоры і перашкодзіць ім высадзіцца.
— А якімі сродкамі, запытаю я вас? — пачулася заўвага Сакалінага Вока. — Стрэламі Ункаса або слязмі дзяўчат? Не, не, вы маладыя, у вас ёсць сябры, багацце, і мне зразумела, што ў вашы гады цяжка паміраць. Але, — дадаў ён і перавёў позірк на магікан, — не будзем забывацца, што мы з вамі белыя; пакажам жыхарам гэтых лясоў, што кроў белых здольна ліцца таксама-ж лёгка, як і кроў чырвонаскурых, калі падыходзіць іх апошняя гадзіна.
Дункан паглядзеў у напрамку позірку разведчыка; паводзіны індзейцаў пацвердзілі яго самую жахлівую трывогу. Чынгачгук у гордай позе сядзеў на абломку скалы; ён паклаў на камень нож і тамагаук, зняў з галавы арлінае пяро і прыгладжваў адзіны свой клок валасоў, нібы падрыхтоўваючы яго для апошняга і жахлівага прызначэння. Твар індзейца быў спакойным, хоць і задуменным; яго цёмныя, агнявыя вочы мала-па-малу гублялі ваяўнічы бляск і прымалі выраз безуважнасці і гатоўнасці да смерці.
— Я не веру, каб наша становішча было зусім безнадзейным, — паўтарыў Дункан, — кожную секунду можа падыйсці дапамога, і я не бачу ні аднаго ворага. Ім надакучыла барацьба, у часе якой яны падпадаюць вельмі вялікай небяспецы, не бачачы наперадзе дастатковай карысці.
— Можа цераз мінуту, цераз гадзіну гэтыя вужакі падпаўзуць да нас. У гэты самы момант яны здольны ляжаць і слухаць нас, — сказаў Сакалінае Вока. — Чынгачгук, — дадаў ён па-дэлаварску, — брат мой, мы з табой разам біліся ў апошні раз; цяпер макуас будзе радавацца пры думцы аб смерці мудрага магікана і яго белатварага друга.
— Няхай жонкі мінгаў плачуць над сваімі забітымі, — з непахіснай цвёрдасцю і гордасцю адказаў індзеец. — Вялікі Змей магікан скруціў свае кольцы ў іх вігвамах, атруціў іх пераможныя крыкі плачам і стогнамі дзяцей, бацькі якіх не вярнуліся дадому. З таго часу, як растаў апошні снег, целы адзінаццаці воінаў заснулі навек воддаль ад магіл сваіх прабацькоў, і ніхто не скажа, дзе яны загінулі, пасля таго, як язык Чынгачгука змоўкне навекі. Няхай аголяцца самыя вострыя нажы макуасаў; няхай узнімуцца ў паветры іх самыя шпаркія тамагаукі, бо найвялікшы вораг мінгаў трапіў у іх рукі. Ункас, апошні парастак благароднага дрэва, клікні гэтых баязліўцаў, загадай ім паспяшацца.
— Яны шукаюць свайго памёршага супляменніка там, сярод рыб, — адказаў ціхі, мяккі голас маладога правадыра. — Гуроны плывуць разам са слізкімі вуграмі. Як спелыя плады, скідаюцца яны з галін дрэў, а магікане смяюцца.
— Ого! — прамармытаў Сакалінае Вока, які з вялікай увагай слухаў гутарку індзейцаў. — Бадай, іх насмешкі паскораць помсту макуасаў. Але я, белы без прымесі індзейскай крыві, а таму мне належыць памерці смерцю белага, гэта значыць без лаянкі на вуснах і без смутку ў сэрцы.
— Але навошта-ж паміраць? — сказала Кора, адступаючы ад скалы, да якой яе прыкавала пачуццё жаху. — Дарога вольная з усіх бакоў. Бяжыце ў лес і прасіце бога дапамагчы нам. Ідзіце, храбрыя людзі, мы і так ужо вельмі многім абавязаны вам і не павінны прымушаць вас падзяляць з намі наша няшчасце.
— Дрэнна вы, лэдзі, ведаеце хітрых іракезаў, калі думаеце, што яны не адрэзалі нам усіх шляхоў да адступлення ў лесе, — адказаў Сакалінае Вока і зараз-жа прастадушна дадаў: — Вядома, калі-б мы паплылі ўніз па рацэ, цячэнне хутка аднесла-б нас на адлегласць, не даступную ні для іх стрэлаў, ні для гукаў іх галасоў.
— Паспрабуйце-ж выратавацца плывучы, — сказала Кора. — Навошта аставацца тут і павялічваць лік афяр?
— Навошта? — паўтарыў разведчык, горда аглядаючыся навакол. — Таму, што чалавеку лепш памерці са спакойным сумленнем, чым жыць з раскаяннем у душы. Што скажам мы Мунро, калі ён запытае нас, дзе мы пакінулі яго дачок?
— Ідзіце да яго і скажыце, што вы прышлі за дапамогай для іх, — сказала Кора і з парывам вялікадушша падышла да разведчыка. — Скажыце, што гуроны вядуць яго дачок да паўночных пустынь, але іх яшчэ можна вызваліць, аказаўшы для іх безадкладную дапамогу; калі-ж, не гледзячы на ўсё гэта, богу будзе ўгодна, каб дапамога спазнілася, перадайце бацьку нашы благаславенні, апошнія малітвы, прывітанне і шчырую любоў.
Суровы абветраны твар разведчыка ўздрыгануўся, і, калі Кора змоўкла, ён абапёрся падбародкам на руку, нібы ў глыбокім раздум’і над яе словамі.
— У гэтых словах ёсць некаторая доля сэнсу, — прамовіў ён, нарэшце, і губы яго дрыжэлі. — Чынгачгук, Ункас! Чуеце вы словы чорнавокай?
І ён пачаў гаварыць са аваімі таварышамі на дэлаварскай мове. Хоць гаварыў разведчык павольна, спакойна, у яго тоне адчувалася цвёрдая рашучасць. Старэйшы магікан слухаў сур’ёзна і, як відаць, узважваў словы свайго таварыша, нібы ўсведамляючы іх вялікае значэнне. Пасля хвіліннага вагання Чынгачгук у знак згоды махнуў рукой і сказаў па-англійску «добра» з такой выразнасцю, якая ўласціва толькі голасу індзейцаў. Потым, засунуўшы за пояс свой нож і тамагаук, воін павольна падышоў да краю каменя, найменш прыкметнага з берагоў ракі. Тут ён пастаяў кароткі момант, шматзначна паказаў на лес, прамовіў некалькі слоў на сваёй мове, нібы вызначаючы намечаны ім шлях, апусціўся ў ваду, нырнуў і знік з вачэй назіральнікаў.
Разведчык адстаў ад свайго таварыша, каб сказаць некалькі слоў Коры, якая лягчэй уздыхнула, убачыўшы, як падзейнічалі яе словы.
— Іншы раз у юнай душы выяўляецца такая-ж мудрасць, як і ў старой, — сказаў ён. — Калі вас адвядуць у лясы, гэта значыць тых з вас, якім часова пакінуць жыццё, заломвайце па дарозе галінкі кустоў і дрэў і старайцеся ісці так, каб быў відзён шырокі след; тады, паверце, у вас знойдзецца друг, які не пакіне вас, хоць-бы яму давялося ісці за вамі на край свету.
Ён ласкава паціснуў руку Коры, падняў сваю стрэльбу, тужліва паглядзеў на яе, зноў асцярожна паклаў свой «аленебой» на камень, нарэшце, спусціўся да таго месца ракі, дзе знік Чынгачгук. Ён на момант павіс на камені, заклапочана азірнуўся і са смуткам прамовіў:
— Калі-б у мяне быў порах, не было-б такога няшчасця і сораму. — Нарэшце, расчапіў рукі і апынуўся ў вадзе; струмені сышліся над яго галавой, і ён знік.
Цяпер вочы астатніх накіраваліся на Ункаса, які нерухома стаяў, прыпёршыся да кручы. Кора сказала яму:
— Ворагі не заўважылі вашых сяброў, і яны цяпер, мабыць, ужо знаходзяцца па-за небяспекай. Ці не пара і вам паследаваць за імі?
— Ункас астанецца, — спакойна па-англійску адказаў малады магікан.
— Гэта толькі зробіць наш палон яшчэ цяжэйшым і паменшыць для нас магчымасць ратавання, — сказала Кора. — Ідзіце, вялікадушны юнак, — гаварыла яшчэ яна, апускаючы вочы пад позіркам магікана і няясна здагадваючыся аб сваёй уладзе над ім.
— Ідзіце да майго бацькі, як я ўжо гаварыла другім, і будзьце самым верным з маіх пасланцоў. Скажыце яму, каб ён даў вам грошай выкупіць яго дачок з няволі. Ідзіце! Я хачу гэтага. Я прашу вас ісці.
Спакойны выгляд твара маладога правадыра стаў невясёлым, але ён пакінуў вагацца. Нячутнымі крокамі Ункас перасек скалістую пляцоўку і слізнуў у бурны паток. Амаль не дыхаючы, пазіралі на раку тыя, хто астаўся, пакуль яго галава не паказалася над вадой даволі далёка ад астраўка. Набраўшы паветра, Ункас зноў знік пад вадой.
На гэты вельмі хуткі і, як відаць, удалы манеўр трох жыхароў лясоў пайшло ўсяго некалькі мінут. Паглядзеўшы ў апошні раз услед Ункасу, Кора павярнулася да Хейварда і прамовіла дрыготнымі губамі:
— Я чула, што вы таксама ўмееце вельмі добра плаваць. Дык вось, за імі! Паследуйце разважліваму прыкладу гэтых простасардэчных людзей.
— А хіба Кора Мунро патрабуе іменна такога доказу вернасці ад свайго абаронца? — з сумнай усмешкай адказаў Дункан, і ў яго голасе пачулася тужлівасць.
— Цяпер не час спрачацца, — адказала маладая дзяўчына. — Тут вы не прынясеце нам вялікай карысці, але можаце выратаваць ваша каштоўнае жыццё для іншых, больш блізкіх вам сяброў.
Дункан не адказаў, а толькі паглядзеў на прыгожую Алісу, якая з дзіцячай бездапаможнасцю прыціскалася да яго рукі.
— Падумайце, — казала далей Кора пасля кароткага маўчання, — бо смерць — самае горшае, што можа чакаць нас, а смерці ніхто не міне.
— Бываюць няшчасці горшыя за смерць, — рэзка, нібы адчуваючы непрыемнасць з прычыны яе настойлівасці, адказаў Дункан, — але чалавек, які гатоў памерці дзеля вас, можа адхіліць іх.
Кора пакінула ўгаворваць яго і, закрыўшы твар шалем, павяла амаль страціўшую прытомнасць Алісу ў глыбіню другой пячоры.
РАЗДЗЕЛ ІХ
Шум і хваляванне бою, нібы па чараўніцтву, змяніліся цішынёй, і ўзрушанаму ўяўленню Хейварда ўсё гэта здалося нейкім страшным трызненнем. Тое, што адбылося, глыбока ўрэзалася яму ў памяць, а між тым ён з цяжкасцю мог запэўніць сябе ў сапраўднасці нядаўніх падзей. Не ведаючы пра лёс людзей, якія даверылі сябе быстраму патоку, Дункан уважліва прыслухоўваўся, чакаючы якіх-небудзь сігналаў або гукаў трывогі, па якіх ён мог-бы даведацца, ці ўдалося ім уцячы. Але дарэмна ён напружваў сваю ўвагу; нішто не гаварыла пра лёс гэтых адважных людзей. Ворагаў таксама не было відаць. Здавалася, усё жывое зноў пакінула лясістыя берагі ракі. Ястраб-рыбалоў, які назіраў за боем здалёк, седзячы на верхніх сучках сухой хвоі, цяпер зляцеў з свайго высокага месца для сядзення і, апісваючы шырокія кругі, лунаў над здабычай. Сойка, крыклівы голас якой быў заглушаны дзікім выццём індзейцаў, зноў поўніла паветра бязладнымі крыкамі, нібы лічачы, што да яе вярнулася ўлада над лясной глушшу. Гэтыя гукі закінулі ў душу Дункана слабую іскру надзеі.
— Гуронаў не відаць, — сказаў ён Давіду, які ўсё яшчэ не зусім ачуняў ад удару, ашаламіўшага яго, — схаваемся ў пячору — у астатнім аддадзім сябе на волю лёсу.
— Памятаю, што я разам з двума прыгожымі дзяўчатамі пасылаў усявышняму славаслоўі і падзякі, — у поўпрытомным стане сказаў Давід, — але я атрымаў суровую, праўда, справядлівую кару за мае грахі. Я нібы заснуў, але гэта быў не сапраўдны сон; рэзкія, бязладныя гукі бою раздзіралі мой слух; гэта быў хаос; здавалася, надышоў канец свету, і прырода забылася пра гармонію.
— Небарака! Вы сапраўды былі на валасок ад смерці. Але ўстаньце, ідзіце за мной; я завяду вас у такое месца, дзе вы не пачуеце іншых гукаў, апрача вашых псалмаспеваў.
— У шуме вадапада гучыць мелодыя, і цурчанне вод салодкае, — сказаў Давід, прыклаўшы руку да сваёй поўнай збянтэжанасці галавы. — Толькі ці не гучаць у паветры піскі і такія енкі, што здаецца, быццам душы асуджаных…
— Не, не, — нецярпліва спыніў яго Хейвард, — крыкі змоўклі. Усё ціха і спакойна, апрача вады. Дык вось, ідзіце туды, дзе вы можаце спакойна распяваць песні, якія вы так любіце.
Давід пужліва ўсміхнуўся, але пры ўспаміне пра яго любімую справу на твары спевака псалмоў мільгануў прамень задавалення. Без ваганняў дазволіў ён адвесці сябе ў пячору, спадзеючыся супакоіць там мелодыяй свой змучаны слух. Абапіраючыся на руку Дункана, Гамут пайшоў да двух сясцёр, а Хейвард схапіў ахапку сасафраса, заваліў пахучымі галінамі ўваход у пячору і замаскіраваў яго. Ззаду гэтай кволай перашкоды ён павесіў кінутыя ляснымі жыхарамі коўдры; такім чынам, ва ўнутраную пячору не магло праходзіць святло, у знешнюю-ж уліваўся лёгкі водбліск з вузкага праходу.
— Мне не падабаецца правіла індзейцаў, якое прымушае іх скарацца перад няшчасцем без барацьбы, — сказаў Дункан, укладаючы галіны. — Наша правіла: «Пакуль не скончылася жыццё — не знікла надзея», — значна больш уцешлівае і больш адпавядае характару воіна. Вас, Кора, я не стану супакойваць, у вас дастаткова мужнасці. Але ці не можаце вы асушыць слёзы небаракі, якая, дрыжучы, туліцца да вас?
— Я крыху супакоілася, Дункан, — адказала Аліса, адхіляючыся ад сястры і стараючыся, не гледзячы на слёзы, здавацца цвёрдай, — цяпер я адчуваю сябе значна спакайней. Вядома, тут, у гэтай закрытай пячоры, нам не пагражае небяспека; нас не знойдуць, нам не зробяць зла, і мы можам спадзявацца на дапамогу адважных людзей, якія дзеля нас падпадалі ўжо страшэннай небяспецы.
— Вось цяпер і наша ціхая Аліса гаворыць, як належыць гаварыць дачцэ Мунро, — сказаў Хейвард і, праходзячы да знадворнага ўваходу ў пячору, спыніўся, каб паціснуць ёй руку. Сказаўшы гэта, Дункан сеў сярод пячоры і сударгава сціснуў уцалелы пісталет; але ў суровых вачах маёра свяцілася хмурая роспач. — Калі сюды і прыдуць гуроны, яны займуць гэтую пазіцыю не так проста, — прашаптаў сам сабе Хейвард і, прыхіліўшы галаву да скалы, стаў цярпліва чакаць далейшых падзей, не спускаючы вачэй з уваходу ў пячору.
Калі змоўк гук яго голаса, надышла працяглая, глыбокая, амаль мёртвая цішыня. Свежае ранішняе паветра праходзіла ў пячору. Мінута ішла за мінутай, нішто не парушала спакою; у душы чакаўшых дапамогі закралася пачуццё надзеі.
Адзін Давід не падзяляў агульнага хвалявання. Ён сядзеў безуважна. Прамень, які глянуў у адтуліну пячоры, асвятліў яго бяссэнсны твар і трапіў на старонкі кніжкі, якую спявак пачаў зноў гартаць, нібы шукаючы там песню, якая найбольш падыходзіла-б да гэтага моманту. Хутка старанні Гамута мелі поспех; ён гучна прамовіў: «Востраў Уайт», здабыў працяглы прыемны гук з свайго камертона і ўласным, яшчэ больш музычным голасам прапеў уводныя мадуляцыі да таго гімна, назву якога ён толькі што абвясціў.
— А гэта, быць можа, небяспечна? — запытала Кора, і яе цёмныя вочы запытальна зірнулі на маёра.
— Голас небаракі такі слабы, што яго заглушыць грукат і шум вадапада, — быў адказ. — Апрача таго, пячора паглыне гук. Няхай-жа ён задаволіць жаданне свайго сэрца, гэта не можа быць небяспечным.
— Востраў Уайт! — паўтарыў Давід і азірнуўся з тым важным выглядам, які дапамагаў яму спыняць шэпт у класе.
Пасля кароткага маўчання, якое, мабыць, патрабавалася для ўмацавання дысцыпліны, пачуўся голас спевака, паліліся ціхія грукатлівыя гукі, нарэшце, мелодыя напоўніла вузкую пячору. Усе з глыбокім хваляваннем слухалі, як льюцца чароўныя гукі, усе забыліся пра бяссэнсныя нязграбныя словы. Аліса бессвядома выцерла слязу і мяккім позіркам паглядзела на бледны твар Гамута, не хаваючы свайго захаплення. Кора ўхвальна ўсміхнулася, а Хейвард адвёў свой напружаны позірк ад уваходу ў пячору. Спачуванне слухачоў закранула душу прыхільніка музыкі; яго голас набыў ранейшую паўнату і сілу. Спявак зрабіў новае намаганне: паліліся працяглыя магутныя гукі. Раптам звонку пачуўся страшны крык. Свяшчэнны гімн умомант спыніўся; спявак змоўк, нібы сэрца няшчаснага падступіла да яго горла і адразу задушыла спевака псалмоў.
— Мы загінулі! — ускрыкнула Аліса, ускочыўшы і абдымаючы Кору.
— Яшчэ не, яшчэ не, — адказаў усхваляваны Хейвард, — крык пачуўся з сярэдзіны вострава і вырваўся ў дзікуноў, калі яны ўбачылі сваіх забітых таварышоў. Яны не выкрылі нашага сховішча, і для нас яшчэ не пагасла надзея!
Якая слабая ні была надзея на ратунак, словы Дункана не прапалі дарма; яго заўвага ажывіла энергію маладых дзяўчат настолькі, што яны знайшлі ў сабе здольнасць моўчкі чакаць далейшых падзей. Хутка пачуўся другі выбух выцця, потым у розных месцах вострава загучэлі галасы; спачатку яны былі чуваць у яго аддаленым канцы, потым пачалі набліжацца да пячоры.
Нарэшце, сярод мітусні і шуму пранёсся радасны, пераможны кліч на адлегласці некалькіх ярдаў ад замаскіраванага ўваходу ў пячору. Хейвард вырашыў, што іхнае сховішча знойдзена, і рэштка надзеі пагасла ў яго душы. Але ён зноў крыху супакоіўся, пачуўшы, што крыкі чуваць каля каменя, на які Сакалінае Вока з такім жалем паклаў сваю стрэльбу. Маёр ясна чуў словы індзейцаў; ён чуў не толькі асобныя словы, але і цэлыя сказы на канадскай мове. Раптам хор галасоў паўтарыў словы «Доўгі Карабін», і ў суседнім лесе пачулася імя, якое, як Хейвард памятаў, было дадзена ворагамі паляўнічаму і разведчыку англійскай арміі; толькі цяпер Дункан зразумеў, хто быў яго спадарожнікам.
— Доўгі Карабін, Доўгі Карабін, — крычалі адзін за адным гуроны, і вось уся зграя, як відаць, сабралася каля ваеннага трафея, які нібы даказваў смерць яго страшнага ўладальніка. Пасля гэтага гуроны зноў разышліся па востраву, выкрыкваючы імя ворага.
— Цяпер, — шапнуў Хейвард маладым дзяўчатам, — усё хутка вырашыцца. Калі гуроны не знойдуць нашага прытулку, мы ўцалеем. Ва ўсякім выпадку, мяркуючы па словах, якія мне ўдалося зразумець, нашы сябры выраваталіся, і хутка мы можам чакаць дапамогі ад Вэба.
Прайшло некалькі хвілін страшнай цішыні. Хейвард разумеў, што ў гэты час гуроны робяць новыя, больш старанныя пошукі. Ён чуў крокі гуронаў, якія закраналі галіны сасафраса; чуў, як шамацела сухое лісцё і з трэскам ламалася галлё. Нарэшце, куча галля крыху падалася, адзін рог коўдры апусціўся, і слабае святло асвятліла аддалены кут пячоры. Кора з жахам прыціснула да сябе Алісу, Дункан ускочыў. Прагучэў крык з глыбіні знадворнай пячоры, і гэта даказала, што ў яе ўвайшлі ворагі. Праз хвіліну шматлікія галасы далі зразумець слухачам, што ўсе дзікуны сабраліся каля іх прытулку.
Так як толькі невялікая адлегласць раздзяляла ўнутраныя праходы абодвух пячор, Дункан разумеў, што ўцячы немагчыма; ён прайшоў міма Давіда і маладых дзяўчат і спыніўся каля ўваходу, чакаючы страшнай сустрэчы. Цяпер усяго некалькі футаў аддзяляла яго ад бязлітасных праследавальнікаў. Маёр прыклаў твар да выпадковай адтуліны і з раўнадушшам роспачы зірнуў у знадворную пячору, сочачы за рухамі гуронаў.
Ён мог-бы дакрануцца да мускулістага пляча волата-індзейца, загадны і ўладарны голас якога кіраваў дзеяннямі ўсіх яго таварышоў. Пад скляпеннем другой пячоры натоўп дзікуноў пераварочваў і ператрасаў рэчы, якія з’яўляліся скромнай маёмасцю разведчыка. Кроў з раны Давіда афарбавала лісцё сасафраса; бачачы гэты доказ паспяховасці сваіх дзеянняў, індзейцы схапілі пахучыя галіны, што ўсцілалі падлогу пячоры, уцягнулі іх у шчыліну і пачалі раскідаць, нібы падазраючы, што ў іх схавана цела ненавіснага ім чалавека. Воін лютага выгляду падняў цэлую кучу кволых галін, з радасцю паказаў на цёмнакарычневыя плямы крыві на лісці і закрычаў нешта. Хейвард мог зразумець сэнс яго слоў толькі таму, што ён некалькі разоў паўтарыў імя «Доўгі карабін». Радасныя галасы гуронаў спыніліся; воін кінуў галлё на кучу, зваленую Дунканам перад уваходам у другую пячору, і такім чынам заваліў адтуліну, праз якую глядзеў маёр. Астатнія дзікуны рабілі тое-ж самае; выцягваючы галлё з пячоры разведчыка, яны кідалі яго на кучу галля сасафраса і, такім чынам, самі хавалі людзей, якіх шукалі.
Калі пад цяжарам новых куч галля коўдры падаліся, а галлё ад уласнага цяжару забілася ў шчыліны каменняў, утварыўшы шчыльны пласт, Дункан, уздыхнуўшы смялей, вярнуўся на сярэдзіну пячоры і спыніўся на сваім ранейшым месцы, з якога мог бачыць другі выхад, накіраваны да ракі. У той момант, калі ён адыходзіў ад кучы сасафраса, індзейцы, нібы падаючыся агульнаму імкненню, пакінулі праход паміж двума пячорамі, і цяпер было чуваць, як яны зноў пабеглі па востраву да тых каменняў, на якія нядаўна высадзіліся. Іх новы крык жалю даказаў, што яны зноў сабраліся каля цел сваіх забітых таварышоў.
Дункан адважыўся паглядзець на сваіх спадарожніц, бо на працягу небяспечных хвілін ён баяўся сваім устрывожаным тварам яшчэ больш напалохаць маладых дзяўчат.
— Яны пайшлі, Кора, — шапнуў ён. — Аліса, яны вярнуліся на тое месца, на якім з’явіліся ўпершыню, і мы выратаваны.
— Тады я падзякую неба, — прамовіла Аліса, вызваляючыся ад абдымкаў Коры і становячыся на калені. — Я падзякую неба, якое пазбавіла ад слёз нашага сівога бацьку і выратавала жыццё тых, каго я люблю больш за ўсё на свеце…
Вочы Алісы ззялі святлом падзякі; цудоўны румянец заліў яе шчокі; але, калі яе губы ўжо збіраліся пачаць малітву, словы, якія яна хацела прамовіць, раптоўна замерлі, твар смяртэльна збялеў, ласкавы бляск яе вачэй пагас; твар зрабіўся непазнавальным ад жаху, сударгава скручаныя пальцы паказалі на штосьці. Хейвард павярнуўся і, зірнуўшы на плоскую скалу, якая з’яўлялася нібы парогам вольнай адтуліны пячоры, убачыў злосны, люты твар Хітрай Лісіцы.
Не гледзячы на нечаканасць, спакой не пакінуў Дункана. Па выразу твара індзейца маёр зразумеў, што вочы Магуа яшчэ нічога не паспелі разгледзець у поўзмроку пячоры. Ён ужо хацеў быў адыйсці за выступ скалы, якая ўсё-ж такі магла схаваць яго і яго спадарожнікаў, але ў гэты момант зразумеў, што адступаць позна.
Выраз глыбокай радасці на твары дзікуна вывеў Дункана з сябе; забыўшыся пра ўсё на свеце і кіруючыся толькі парывам гневу, Хейвард прыцэліўся і стрэліў. Уся пячора загула, нібы ад гукаў вывяржэння вулкана; калі-ж вецер, які дзьмуў з шчылін скалы, рассеяў дым пячоры, месца, на якім толькі што відзён быў злосны твар здрадніка-правадніка, аказалася пустым. Хейвард кінуўся да выхаду і ўбачыў, як цёмная фігура дзікуна крадком прабіралася ўдоўж нізкай і вузкай пляцоўкі і хутка канчаткова знікла з вачэй.
Пасля грукату стрэлу сярод дзікуноў устанавілася страшная цішыня, але калі пачуўся працяглы і зразумелы для іх крык Лісіцы, тупат ног і крыкі сталі зноў набліжацца, і, раней чым Дункан паспеў прыйсці ў сябе ад узрушэння, слабая перашкода з галля была раскідана ва ўсе бакі. Індзейцы ўварваліся ў пячору з абодвух яе канцоў. Хейварда і маладых дзяўчат выцягнулі з іх сховішча ў пячоры, і іх абступіў натоўп узрадаваных гуронаў.
РАЗДЗЕЛ Х
Ледзь гэтае раптоўнае няшчасце навалілася, Дункан пачаў назіраць за дзеяннямі пераможцаў. Чырвонаскурыя хапалі за ўпрыгожанні яго мундзіра, у іх вачах відаць было жаданне завалодаць нашыўкамі і галунамі. Але грозныя крыкі волата спынялі дзікуноў, і гэта пераканала Хейварда, што яму і Коры з Алісай вырашылі пакінуць жыццё да нейкага пэўнага моманту.
Пакуль маладыя гуроны выказвалі сваю прагавітасць, больш вопытныя воіны яшчэ шукалі чагосьці ў пячорах з увагай, якая даказвала, што яны не задаволены дасягнутым поспехам. Не знаходзячы іншых афяр, старанныя мсціўцы падступілі да Дункана і Давіда, паўтараючы імя «Доўгі Карабін» і вымаўляючы гэтыя словы з такім злосным выглядам, што нельга было сумнявацца, пра што яны пыталі. Дункан прытварыўся, быццам ён не разумее значэння іхных пытанняў, Давід-жа сапраўды не ведаў французскай мовы. Нарэшце, настойлівасць гуронаў стаміла Хейварда; апрача таго, ён пабаяўся раздражняць сваіх пераможцаў празмерна ўпартым маўчаннем і азірнуўся навакол, шукаючы вачыма Магуа, які мог перакласці яго адказы на пытанні гуронаў; іх галасы гучэлі ўсё больш настойліва і грозна.
Паводзіны Магуа рэзка адрозніваліся ад дзеянняў яго таварышоў. Пакуль усе астатнія імкнуліся задаволіць сваю дзяціную схільнасць да грабяжу, прысвойваючы мізэрную маёмасць разведчыка, Хітрая Лісіца спакойна стаяў воддаль ад палоннага; ён быў, як відаць, задаволены, быццам ён ужо дасягнуў галоўнай мэты свайго здрадніцтва. Калі вочы Хейварда ўпершыню сустрэлі позірк яго нядаўняга правадніка, маёр мімаволі з жахам адвярнуўся ад злавеснага, хоць і спакойнага твара Магуа.
Аднак, перамогшы пачуццё агіднасці, ён прымусіў сябе гаварыць з ім.
— Хітрая Лісіца вельмі мужны воін, — сказаў Дункан, — каб адмовіцца растлумачыць абяззброенаму чалавеку, што кажуць пераможцы.
— Яны пытаюць, дзе паляўнічы, які ведае лясныя сцежкі, — на ламанай англійскай мове адказаў Магуа і з лютай усмешкай паклаў руку на лісцё, якім была прыкрыта і прывязана рана ў яго на плячы. — Стрэльба Доўгага Карабіна вельмі добрая, яго вочы ніколі не міргаюць, а між тым гэтая стрэльба, таксама як і кароткі ствол белага правадыра, не мае моцы, каб адабраць жыццё ў Хітрай Лісіцы.
— Правадыр Лісіца занадта храбры, каб памятаць пра раны, атрыманыя ў баі, або пра рукі, якія нанеслі іх.
— А хіба ішла вайна, калі індзеец адлачываў пад цукровым дрэвам і хацеў паесці хлеба? Хто напоўніў кусты падпаўзаючымі ворагамі? Чый язык гаварыў пра мір, калі яго душу залівала кроў? Хіба Магуа сказаў, што тамагаук выкапаны з зямлі і што яго рука выкапала баявую сякеру?
Дункан не адважыўся ўспомніць ворагу пра яго здрадніцтва; не хацеў ён таксама павялічыць яго злосць якімі-небудзь апраўданнямі і таму нічога не адказаў. Магуа, здавалася, таксама вырашыў спыніць далейшыя размовы; ён зноў прыхіліўся да скалы, ад якой на момант адышоў у часе гневу. Калі нецярплівыя дзікуны заўважылі, што кароткая гутарка паміж белым і Лісіцай скончылася, яны зноў закрычалі: «Доўгі Карабін!»
— Чуеш? — раўнадушна сказаў Магуа. — Гуроны патрабуюць жыцця Доўгага Карабіна, і, калі іх не здаволіць, яны заб’юць тых, хто хавае яго.
— Яго няма тут. Яны не могуць схапіць яго.
Лісіца холадна ўсміхнуўся і з пагардай адказаў:
— Калі белы памірае, ён думае, што для яго надышла хвіліна спакою, але чырвонаскурыя умеюць мучыць нават здані сваіх ворагаў. Дзе яго цела? Няхай гуроны ўбачаць яго скальп.
— Ён не памёр; ён уцёк.
Магуа недаверліва паківаў галавой.
— Хіба ён птушка і можа выпростваць крыллі? Хіба ён рыба і ўмее плаваць, не дыхаючы паветрам? Белы правадыр лічыць гуронаў дурням!
— Праўда, Доўгі Карабін не рыба, але ён умее плаваць. Калі ўвесь яго порах быў спалены, а вочы гуронаў засланіла воблака, ён паплыў уніз па цячэнню.
— А чаму-ж белы правадыр астаўся? — усё яшчэ недаверліва запытаў Магуа. — Хіба ён камень, які ідзе на дно? Або скальп пячэ яму галаву?
— Я не камень, гэта мог-бы табе сказаць твой забіты таварыш, які зваліўся ў вадапад, — з раздражэннем адказаў Дункан, у прыпадку абурэння ўжываючы тыя выхваляльныя словы, якія маглі выклікаць павагу індзейца. — Але белы лічыць, што толькі баязліўцы кідаюць жанчын.
Магуа прамармытаў скрозь зубы некалькі слоў, яхія цяжка было разабраць і працягваў голасна:
— А дэлавары плаваюць таксама добра, як поўзаюць у кустах? Дзе Вялікі Змей?
Мяркуючы па гэтых канадскіх мянушках, Дункан зразумеў, што гуроны значна лепш ведалі яго нядаўніх таварышоў, чым ён сам, і неахвотна адказаў:
— Ён таксама паплыў па цячэнню.
— А Быстры Алень?
— Я не ведаю, каго ты называеш так? — адказаў Дункан, карыстаючыся магчымасцю зацягнуць гутарку.
— Ункаса, — адказаў Магуа, вымаўляючы дэлаварскае імя з яшчэ большай цяжкасцю, чым англійскія словы.
— Ты кажаш пра маладога дэлавара? Ён таксама паплыў па цячэнню.
Магуа паверыў сказанаму з гатоўнасцю, якая зноў даказала, як мала цікавяць яго гэтыя бегляцы. Але яго таварышам гэтыя вось бегляцы і былі патрэбны.
Яны з характэрным для індзейцаў цярпеннем, у поўным маўчанні чакалі, пакуль скончыцца гутарка афіцэра і Лісіцы. Калі Хейвард змоўк, дзікуны, усе як адзін накіравалі вочы ў твар Магуа. Лісіца паказаў ім на раку і растлумачыў усё некалькімі жэстамі і словамі.
Зразумеўшы тое, што здарылася, дзікуны ўзнялі страшэнны крык. Адны кінуліся да берагу ракі, люта размахваючы ў паветры рукамі; іншыя пачалі пляваць у ваду, нібы помсцячы ёй за тое, што яна па-здрадніцку пазбавіла іх несумленных правоў пераможцаў. Некаторыя, найбольш лютыя, кідалі на палоннікаў з-пад ілба позіркі, палаючыя стрыманай лютасцю. Двое-трое нават выявілі злоснае пачуццё пагражаючымі рухамі рук; як відаць, ні прыгожасць, ні жаночая слабасць двух сясцёр не маглі-б абараніць дзяўчат ад лютасці індзейцаў. Малады афіцэр у роспачы спрабаваў кінуцца да Алісы, калі чырвоная рука аднаго гурона схапіла пасму яе раскошных воласаў, якія густымі хвалямі паспадалі ёй на плечы, і правяла нажом у паветры вакол яе галавы. Але ледзь Хейвард зрабіў першы рух, як адчуў, што індзеец, які распараджаўся ўсімі дзікунамі, нібы абцугамі сціснуў яго плячо. Ён зразумеў, якой бескарыснай была-б барацьба з такой пераважаючай сілай, падпарадкаваўся свайму лёсу, толькі ціха сказаў дзяўчатам, што дзікуны часта выкрыкваюць пагрозы, якіх не выконваюць.
Але, стараючыся адагнаць страх Коры і Алісы, Дункан і не думаў ашукаць сябе. Захаваўшы звонку спакой, Хейвард адчуваў, як яго сэрца замірала, калі хто-небудзь з індзейцаў падыходзіў да бездапаможных сёстраў або хмура аглядаў кволыя фігуры маладых дзяўчат.
Аднак, яго трывога значна аслабела, калі ён ўбачыў, што правадыр склікаў на нараду ўсіх воінаў. Іх спрэчкі цягнуліся нядоўга, і, мяркуючы па маўчанню большай часткі індзейцаў, хутка было прынята аднагалоснае рашэнне. Некаторыя з гаварыўшых часта паказвалі ў бок лагера Вэба, як відаць, баючыся нападу з гэтага боку. Думка пра атрад англічан, мабыць, прымусіла іх не марудзячы прыняць рашэнне і паскорыла ўсё, што адбылося далей.
Дзікуны перанеслі лёгкі човен да таго месца ракі, якое знаходзілася паблізу выхаду са знадворнай пячоры. Як толькі гэта было зроблена, індзеец, які стаяў на чале гуронаў, знакам загадаў палоннікам спусціцца да ніжніх каменняў і сесці ў човен. Супраціўленне было немагчымым, таму Дункан паказаў прыклад пакорнасці, накіраваўся да чаўна і хутка ўжо сядзеў у лодцы разам з двума сёстрамі і ўсё яшчэ здзіўленым Давідам. Хоць гуроны не маглі ведаць вузкага фарватэра паміж вадаваротамі і быстрынямі патока, але яны вельмі добра ведалі агульныя прыкметы небяспечных месц, каб дапусціць якую-небудзь значную хібнасць. Калі лоцман, які быў выбраны кіраваць чаўном, заняў сваё месца, індзейцы зноў кінуліся ў раку, човен панёсся па цячэнню і праз некалькі секунд палоннікі апынуліся на паўднёвым беразе ракі, амаль супроць таго каменя, на які яны высадзіліся напярэдадні.
Тут дзікуны зноў сур’ёзна, але нядоўга радзіліся паміж сабой. У той-жа час яны прывялі з лесу коней, якіх іхныя ўладальнікі лічылі прычынай свайго няшчасця. Цяпер натоўп гуронаў раздзяліўся. Галоўны правадыр сеў на каня Хейварда і рушыў цераз раку, а ўслед за ім кінулася ў ваду і большасць яго спадарожнікаў; хутка ўсе яны зніклі ў лесе. Палоннікі асталіся пад наглядам шасці дзікуноў, якімі кіраваў Хітрая Лісіца.
Бачачы надзвычайную стрыманасць індзейцаў, Хейвард спадзяваўся, што яны адвядуць яго да Манкальма як свайго палонніка. Мозг людзей, трапіўшых у бяду, заўсёды напружана працуе, а надзея, хоць-бы і самая нязначная, садзейнічае ўяўленню, таму Дункану ўжо здавалася, што Манкальм пастараецца ператварыць бацькаўскія пачуцці Мунро ў сродак, пры дапамозе якога ён паспрабуе прымусіць ветэрана забыцца пра сваю вернасць англійскаму каралю.
Але паводзіны гуронаў адразу разбурылі ўсе гэтыя меркаванні Дункана. Тая частка індзейцаў, якая рушыла ўслед за чырвонаскурым волатам, накіравалася да Гарыкана, і Хейвард зразумеў, што яго самога і яго спадарожнікаў чакае страшны палон у дзікуноў. Жадаючы ведаць усё, нават самае горшае, і вырашыўшы ў крайнім выпадку паспрабаваць прапанаваць грошы, ён перамог пачуццё агіднасці да Магуа і звярнуўся да свайго ранейшага правадніка:
— Я хацеў-бы пагаварыць з Магуа аб тым, аб чым можа слухаць толькі вялікі правадыр.
Індзеец пагардліва зірнуў на маладога афіцэра і адказаў:
— Кажы, дрэвы не маюць вушэй.
— Але гуроны не глухія, а тыя словы, якія прыгодныя для вялікіх правадыроў, могуць ап’яніць маладых воінаў. Калі Магуа не хоча слухаць, афіцэр караля можа маўчаць.
Індзеец нядбайна кінуў некалькі слоў сваім таварышам, якія сяк-так сядлалі коней для маладых дзяўчат; потым Лісіца адышоў убок і асцярожным рухам паклікаў за сабой Дункана.
— Цяпер кажы, — сказаў ён, — калі твае словы прыгодны для Магуа.
— Хітрая Лісіца даказаў, што ён варты ганаровага імя, якое яму далі яго канадскія бацькі, — пачаў Хейвард. — Я бачу ўсю яго мудрасць, разумею, як многа ён для нас зрабіў, і не забудуся на гэта ў часе падзякі. Так, Лісіца — не толькі вялікі правадыр у свеце; ён умее ашукваць сваіх ворагаў.
— Што-ж зрабіў Лісіца? — холадна запытаў індзеец.
— Хіба ён не бачыў, што лес перапоўнены схаванымі ворагамі? Хіба ён не заўважыў, што нават змяя не магла-б непрыкметна прапаўзці міма іх? Хіба ён не заблудзіўся наўмысна, каб асляпіць вочы гуронаў? Хіба Магуа не прытвараўся, быццам ён вяртаецца да свайго племя, якое так дрэнна абышлося з ім і як сабаку выгнала яго з сваіх вігвамаў? А мы? Хіба, заўважыўшы яго намеры, мы не дапамагалі яму, каб гуроны думалі, быццам белы чалавек палічыў свайго прыяцеля ворагам? Гэта-ж праўда? О, калі Хітрая Лісіца сваёй мудрасцю асляпіў вочы гуронаў, яны забыліся, што калісьці зрабілі яму многа зла і прымусілі ўцякаць да магаукаў! Яны пакінулі Магуа на паўднёвым беразе з палоннікамі, а самі, як вар’яты, рушылі на поўнач! Я ведаю: Лісіца хоча, як сапраўдны ліс, павярнуцца і адвесці да седога багатага шатландца яго дачок. Так, Магуа, я бачу ўсё і падумаў ужо пра тое, як трэба адплаціць табе за мудрасць. Перш за ўсё начальнік форта Уільям-Генры дасць Лісіцы тое, што абавязан даць такі вялікі правадыр за вялікую паслугу; у Лісіцы будзе залаты медаль; яго парахоўніцу перапоўніць порах; у яго ў сумцы зазвініць столькі долараў, колькі каменьчыкаў валяецца на ўзбярэжжы Гарыкана, і алень будзе лізаць яго рукі, ведаючы, што яму не ўцячы ад стрэлу той стрэльбы, якую атрымае правадыр. Я-ж не ведаю, як перавысіць шчодрасць шатландца… Пачакай… Я… так, я табе…
— Што-ж дасць мне малады правадыр, які прышоў ад усходу сонца? — запытаў гурон, заўважыўшы, што Хейвард запнуўся.
— З астравоў, якія ляжаць на салёным возеры, ён правядзе струмень вогненнай вады. Гэтая вадкасць пацячэ перад вігвамамі Магуа і не спыніцца, пакуль сэрца індзейца не стане лягчэйшым за пярцо, а яго дыханне не зробіцца саладзей арамата дзікай медуніцы.
Магуа сур’ёзна слухаў павольную гутарку Хейварда. Калі малады чалавек спамянуў пра тое, што яму здаецца, быццам індзеец хітра ашукаў гуронаў, на твары слухаючага з’явіўся выраз асцярожнай стрыманасці. Калі Хейвард успомніў пра знявагі, дзякуючы якім гурон вымушаны быў пакінуць вігвамы свайго племя, вочы Лісіцы люта заблішчэлі, і Дункан зразумеў, што ён закрануў якраз тое месца, якое і трэба было закрануць. Калі-ж ён дайшоў да слоў, якімі хітра падбіваў і жаданне помсты дзікуна, і яго прагнасць, ён ва ўсякім выпадку ўзбудзіў яго вялікую ўвагу. Лісіца зрабіў сваё апошняе пытанне пра ўзнагароду спакойна, са звычайнай важнасцю індзейца; аднак, мяркуючы па задумліваму выгляду яго твара, было ясна, што яму патрэбна было адказаць асцярожна і хітра. Некалькі хвілін гурон маўчаў, потым, паклаўшы сваю руку на грубую перавязку, якая прыкрывала яго раненае плячо, сказаў:
— Хіба сябры пакідаюць такія знакі?
— Няўжо Доўгі Карабін так лёгка параніў-бы ворага?
— А хіба дэлавары падпаўзаюць, як змеі, да тых, каго яны любяць? Хіба яны звіваюцца каля сваіх сяброў, каб зрабіць удар?
— Няўжо Вялікі Змей дазволіў-бы пачуць сваё набліжэнне да таго, каго жадаў-бы бачыць глухім?
— А белы правадыр часта паліць порах перад тварам сваіх сяброў?
— Ці прамахваецца ён, калі сапраўды мае намер забіць? — з добра разыгранай усмешкай адказаў Дункан.
Пасля гэтых шпаркіх пытанняў і адказаў надышло доўгае маўчанне. Дункан заўважыў ваганні Магуа і, жадаючы завяршыць сваю перамогу, хацеў зноў пачаць пералічваць узнагароды, але Магуа спыніў яго выразным рухам рукі і прамовіў:
— Досыць, Лісіца — мудры правадыр, а тое што ён зробіць, будзе відаць. Ідзі і маўчы. Калі Магуа пачне гаварыць, ты паспееш адказаць яму.
Хейвард заўважыў, што Лісіца з трывогай азіраецца на астатніх гуронаў, і зараз-жа адышоў, каб не даць ім магчымасці западозрыць яго ў хаўрусе з іх главаром. Магуа падышоў да коней і знакам прапанаваў Хейварду дапамагчы Коры і Алісе сесці на іх нараганзетаў. Дапамагаючы Коры і Алісе сесці на коней, Дункан шапнуў пра свае ажыўшыя надзеі маладым дзяўчатам, якія амаль не падымалі вачэй, баючыся ўбачыць злосныя твары гуронаў.
Індзейцы, якія пайшлі з волатам, узялі з сабой каня Давіда, а таму і Гамут і Дункан вымушаны ісці пехатою. Аднак, Хейвард не асабліва шкадаваў аб гэтым, бо, рухаючыся паціху, ён мог затрымліваць увесь атрад. Яго позірк усё яшчэз надзеяй накіроўваўся ў бок форта Эдуард, і ён чакаў, што з лесу пачуецца шум, які будзе азначаць набліжэнне збавіцеляў.
Калі ўсё было гатова, Магуа рушыў наперадзе ўсіх. За ім ішоў Давід. Далей ехалі дзве сястры. Хейвард трымаўся побач з імі, а індзейцы ішлі з двух бакоў у палонных і ззаду. Пільнасць іх не паслаблялася ні на момант.
Усе маўчалі, толькі Дункан часамі звяртаўся да Алісы і Коры, стараючыся супакоіць іх, ды Гамут выяўляў душэўныя перажыванні жаласнымі ўсклікамі. Спадарожнікі накіраваліся на поўдзень па дарозе, зусім процілеглай шляху да форта Уільям-Генры. Не гледзячы на гэта, Хейвард усё-ж не дапускаў думкі, каб Магуа так хутка забыўся аб прапанованай яму ўзнагародзе; апрача таго гурону было неабходна асцярожнасць. Аднак, спадарожнікі вельмі ўжо доўга рухаліся па бязмежным лесе, міля за міляй, і не відаць было канца цяжкаму пераходу.
Кора, памятаючы развітальныя навучанні разведчыка, як толькі траплялася магчымасць выцягвала руку, каб заламаць галінку, але пільнасць гуронаў перашкаджала ёй выканаць гэты цяжкі і небяспечны намер. Сустракаючы насцярожаныя позіркі дзікуноў, маладая дзяўчына прытваралася нечым напалоханай або пачынала папраўляць сваё адзенне. Толькі адзін раз яна заламала галінку; у тую-ж хвіліну ёй прышло ў галаву скінуць на зямлю пальчатку. Гэты знак, які прызначаўся для сяброў, быў заўважаны адным з гуронаў; індзеец падаў Коры пальчатку і зараз-жа пакамячыў і паламаў усе астатнія галінкі куста, каб здавалася, быццам яны былі папсаваны якой-небудзь жывёлай, што заблыталася ў гушчары. Пасля гэтага гурон паклаў руку на свой тамагаук з такім многазначным выглядам, што Коры прышлося адмовіцца ад думкі пакінуць знакі на кустах.
У абодвух атрадах індзейцаў былі коні, а таму палонныя страцілі надзею, што іх знойдуць па конскіх слядах.
Калі-б пануры Магуа хоць чым-небудзь падбадзёрыў Хейварда, Дункан, вядома, загаварыў-бы з ім. Але Лісіца рэдка азіраўся назад і ні разу не прамовіў ні слова. Кіруючыся толькі сонцам ды тымі ледзь бачнымі прыкметамі, якія вядомы адным тутэйшым жыхарам, Лісіца ішоў па аголенай глебе хваёвага лесу або пераходзіў цераз ручаі; чуццё дапамагала яму рухацца амаль па простай лініі, як ляціць птушка. Ён ні разу не задумаўся. Ці была перад ім ледзь прыкметная сцежка, ці знікала яна зусім або цягнулася добра пратаптаная сцежка, — ён ні разу не прыцішыў і не паскорыў крокаў.
Нарэшце, Магуа прайшоў цераз нізкую лагчыну, па якой бег вясёлы ручай, і пачаў падымацца на гару па такому крутому схілу, што Кора і Аліса вымушаны былі сысці з коней. Калі падарожнікі дасягнулі верхавіны ўзгорку, яны апынуліся на роўнай пляцоўцы, зарослай рэдкімі дрэвамі. Пад адным з іх прылёг Магуа, якому, як відаць, хацелася скарыстаць адпачынак, неабходны таксама і для астатніх.
РАЗДЗЕЛ XI
Індзеец выбраў месцам стаянкі адзін з крутых пірамідальных, падобных на штучныя насыпы, узгоркаў, якія так часта сустракаюцца на амерыканскіх раўнінах. Верхавіна гэтай узвышанасці з’яўлялася роўнай пляцоўкай, адзін-жа са схілаў яе быў надзвычай крутым. Узгорак здаваўся пазіцыяй, якая выключала ўсякую магчымасць неспадзяванага нападу, і, як відаць, таму хітры Магуа выбраў яго месцам стаянкі. Хейвард раўнадушна і безудзельна агледзеў гэты ўзгорак, не спадзеючыся больш на з’яўленне дапамогі, потым цалкам накіраваў увагу на сваіх спадарожніц, стараючыся супакоіць і падбадзёрыць іх. Ён прывязаў коней да галіны дрэў і кустоў, рассеяных па верхавіне ўзгорка, і зняў аброці з нараганзетаў, каб яны маглі скубці траву; потым паклаў рэшткі харчоў у ценю высокага бука, гарызантальныя галіны якога, нібы вялікі балдахін, абцянялі маладых дзяўчат.
Не гледзячы на тое, што спадарожнікі рухаліся не спыняючыся, адзін з індзейцаў усё-ж паспеў пусціць стралу ў маладую казулю, якая заблыталася ў гушчары, забіў яе і, адрэзаўшы найбольш смачныя часткі жывёлы, цярпліва нёс іх на сваіх плячах. Цяпер ён і яго таварышы елі сырое мяса, разрываючы яго рукамі; толькі Магуа не прымаў удзелу ў гэтым піры; ён сядзеў, як відаць, цалкам ахоплены глубокімі думкамі.
Такая стрыманасць, дзіўная для індзейца, асабліва ў тым выпадку, калі ён можа лёгка задаволіць свой голад, зацікавіла Хейварда. Малады чалавек меркаваў, што гурон у гэты момант прыдумвае самы верны спосаб унікнуць пільнасці сваіх таварышоў. Жадаючы дапамагчы гурону прыдумаць лоўкі план, падсказаўшы яму якую-небудзь думку, Дункан вышаў з ценю бука і, нібы без усякай мэты, накіраваўся да Лісіцы.
— Хіба Магуа недастаткова доўга ішоў тварам да сонца і ўсё яшчэ баіцца канадцаў? — запытаў Хейвард гурона, робячы выгляд, што ён цалкам упэўнены ў прыяцельскіх адносінах да яго гэтага індзейца. — Хіба начальнін форта Уільям- Генры не з большай прыемнасцю ўбачыць сваіх дачок раней, чым новая ноч заслоніць у яго сэрцы смутак аб іх, і ён стане менш шчодрым на ўзнагароду?
— Няўжо раніцай бледнатварыя любяць дзяцей менш, чым увечары? — спакойна запытаў Магуа.
— Вядома, не, — адказаў Хейвард, жадаючы выправіць сваю мімавольную памылку. — Праўда, іншы раз белыя забываюцца пра магілы сваіх прабацькоў, але адданасць бацькоў да дзяцей ніколі не памірае.
— А ці мяккае сэрца сівавалосага правадыра? Ці думае ён, ці тужыць аб сваіх дзецях, якіх яму далі жонкі? Ён бязлітасна абыходэіцца са сваімі воінамі, і ў яго каменны позірк.
— Ён бывае суровым з гультаямі і нядбайнымі салдатамі, але для цвярозых і храбрых Мунро — справядлівы і чалавекалюбны начальнік. Я ведаў шмат ласкавых і любячых бацькоў, але мне ніколі не даводзілася сустракаць чалавека з сэрцам, больш поўным бацькаўскай любві. Вядома, Магуа, табе здаралася бачыць старога толькі на чале воінаў, я-ж бачыў, як на яго вачах выступалі слёзы, калі ён гаварыў пра сваіх дачок.
Хейвард абарваў сваю гутарку; ён не ведаў, чым растлумачыць дзіўны выраз, які раптам з’явіўся на твары індзейца, уважліва слухаўшага яго словы. Спачатку маладому чалавеку здалося, быццам у душы дзікуна абудзілася думка пра падарункі, абяцаныя яму, але паступова выраз радасці замяніўся на твары індзейца адбіткам лютага, злоснага лікавання, якое мабыць было вынікам не прагавітасці, а іншай страсці.
— Слухай, — сказаў гурон, і твар яго зноў застыў у бестурботным спакоі, — ідзі да цёмнавалосай дачкі сівога і скажы ёй, што Магуа хоча з ёю гаварыць.
Дункан падумаў, што карысталюбны індзеец хоча пачуць новае пацверджанне абяцаных узнагарод, і хоць павольна і неахвотна, але ўсё-ж пайшоў да таго месца, дзе цяпер адпачывалі маладыя дзяўчаты. Падышоўшы да іх, Хейвард сказаў Коры пра жаданне Магуа.
— Вам ужо вядома, чаго хоча Магуа, — сказаў Дункан, праводзячы яе да гурона, — таму не скупіцеся на абяцанні. Аднак, памятайце, што такія людзі, як ён, больш за ўсё паважаюць смеласць. Добра, калі вы паабяцаеце даць яму таксама што-небудзь і ад сябе. Не забывайцеся, Кора, што ад вашай вытрыманасці і ад вашай вынаходлівасці залежыць і ваша жыццё і жыццё Алісы.
— І ваша, Хейвард!
— Маё жыццё — справа не такая важная; мяне не чакае бацька, сёй-той з сяброў патужаць аб маім сумным лёсе. Але досыць, мы падышлі да індзейца. Магуа, вось тая, з якою ты хацеў гаварыць.
Індзеец павольна ўстаў і з хвіліну стаяў моўчкі і нерухома, потым знакам паказаў Хейварду, каб ён адышоў, холадна прамовіўшы:
— Калі гурон вядзе гутарку з жанчынамі, яго племя закрывае свой слух.
Дункан стаяў у нерашучасці, не жадаючы падпарадкавацца, але Кора са спакойнай усмешкай сказала:
— Вы чулі, Хейвард, чаго хоча індзеец. Ідзіце да Алісы, супакойце яе і раскажыце пра нашы планы.
Кора пачакала, пакуль малады чалавек адышоў, потым звярнулася да гурона і з вялікай ганарлівасцю прамовіла:
— Што Хітрая Лісіца хоча сказаць дачцы Мунро?
— Слухай, — адказаў індзеец, паклаўшы руку на плячо маладой дзяўчыны, нібы намагаючыся прымусіць яе з асаблівай увагай паставіцца да тых слоў, якія ён збіраўся ёй сказаць; аднак, Кора рашуча, хоць і зусім спакойна ўхілілася ад дзікуна. — Магуа народжаны правадыром і воінам племя чырвоных прыазёрных гуронаў. Ён бачыў, як летняе сонца дваццаць разоў растапляла снег дваццаці зім, ператвараючы гурбы ў ручаі, перш чым сустрэў першага бледнатварага; і ён быў шчаслівым тады! Потым белыя людзі ўварваліся ў яго лясы, навучылі яго піць вогненную ваду, і ён зрабіўся гультаём. Тады гуроны выгналі Магуа з лясоў яго бацькоў і праследавалі, як калматага бізона. Ён бег да берагоў возера і, нарэшце, убачыў «Горад Гармат». Тут ён займаўся паляваннем і лавіў рыбу, пакуль мясцовыя жыхары не выгналі яго з лесу і не аддалі ў рукі яго ворагаў. Магуа, народжаны правадыром гуронаў, зрабіўся воінам сваіх ворагаў, магаукаў.
— Я ўжо чула пра гэта, — сказала Кора, заўважыўшы, што гурон змоўк, змагаючыся з ахапіўшым яго ўзрушэннем, якое пачало ўзгарацца ў ім яркім полымем пры ўспамінах аб зробленай яму крыўдзе.
— Але ці вінаваты Хітрая Лісіца ва ўсіх гэтых няшчасцях? Хто даў яму вогненную ваду? Хто ператварыў яго ў нікчэмнага чалавека? Бледнатварыя, людзі твайго колеру!
— А хіба я вінавата, што на свеце сустракаюцца несправядлівыя людзі з тым-жа колерам твара, як у мяне? — запытала Кора.
— Не. Магуа — воін, а не дурань. Я ведаю, такія, як ты, ніколі не раскрываюць губ, каб выпіць вогненнай вадкасці. Вялікі дух даў табе мудрасць.
— Што-ж я магу зрабіць або сказаць, каб палегчыць вынікі тваіх няшчасцяў або памылак?
— Слухай, — паўтарыў індзеец, зноў са спакойным і ганарыстым выглядам. — Калі французскія і англійскія бацькі выкапалі з зямлі свае тамагаукі, Лісіца стаў у рады магаукаў і выступіў супроць свайго ўласнага племя. Бледнатварыя выгналі чырвонаскурых з тых лясоў, у якіх яны займаліся паляваннем, і цяпер, калі індзейскія плямёны змагаюцца, іх вядзе белы чалавек. Вялікі правадыр пры Гарыкане, твой бацька, стаяў на чале нашага атрада. Ён загадваў магаукам рабіць то тое, то іншае, і яны слухалі яго. Ён абвясціў: калі індзеец нап’ецца вогненнай вады і прыдзе ў палатняныя вігвамы яго воінаў, гэта не будзе даравана. Магуа неабдумана раскрыў свае губы, і пякучае пітво прывяло яго ў хаціну Мунро. Няхай дачка сівога скажа, што зрабіў правадыр.
— Ён не забыўся на свае словы і зрабіў справядліва, пакараўшы вінаватага, — адказала адважная маладая дзяўчынка.
— Справядліва! — паўтарыў індзеец, кідаючы злосны позірк на яе спакойны твар. — Хіба справядліва, зрабіўшы зло, караць за яго? Магуа быў сам не свой; гаварыла і дзейнічала вогненная вада, а не ён. Не паверыў гэтаму Мунро. Правадыра гуронаў звязалі пры бледнатварых воінах і білі, нібы сабаку!
Кора маўчала, не ведаючы, што адказаць на гэтыя словы.
— Глядзі, — казаў далей Магуа, зрываючы лёгкі шматок паркалю, які закрываў яго расфарбаваныя трудзі, — глядзі: вось рубцы ад ран, зробленых нажамі і кулямі; гэтымі шрамамі воін можа выхваляцца перад сваімі супляменнікамі, але, з ласкі сівагаловага, на спіне правадыра гуронаў асталіся знакі, якія ён павінен хаваць пад рознакаляровымі тканінамі белых.
— А я думала, — сказала Кора, — што індзейскі правадыр цярплівы, што яго душа не адчувае і не ведае болю, які пераносіць яго цела.
— Калі чыпевеі прывязалі Магуа да слупа і зрабілі яму вось гэтую рану, — адказаў чырвонаскуры, паказваючы пальцам на глыбокі шрам, — гурон смяяўся ім у вочы, кажучы, што толькі жанчыны могуць так далікатна калоць. У тыя хвіліны яго дух быў у воблаках. Але калі ён адчуваў удары Мунро, яго зняслаўлены дух ляжаў пад бярозай. Дух гурона ніколі не ап’яняецца і ніколі ні пра што не забываецца.
— Але яго можна супакоіць. Калі мой бацька быў несправядлівы да цябе, дакажы яму, што індзеец здольны дараваць знявагу і вярнуць яму яго дачок. Ад маёра Хейварда ты ўжо чуў…
Магуа сурова паківаў галавой; ён не хацеў зноў слухаць абяцанні, да якіх у душы ставіўся з пагардай.
— Чаго-ж ты патрабуеш? — казала далей Кора пасля некаторага цяжкага маўчання, адчуваючы, што вельмі палкі Дункан быў бязлітасна ашуканы хітрасцю дзікуна.
— Я патрабую таго, што падабаецца гурону: дабра за дабро, зла за зло.
— Значыць, ты хочыш адпомсціць безабаронным дачкам за крыўду, зробленую табе Мунро? Хіба не будзе больш вартым для храбрага чалавека пайсці да старога і патрабаваць ад яго задавальнення?
— Рукі бледнатварых доўгія, іх нажы вострыя, — адказаў дзікун і злосна засмяяўся, — навошта Лісіцы падстаўляць сябе пад стрэлы воінаў Мунро, калі ў руках гурона душа сівавалосага?
— Скажы, Магуа, што ты хочаш зрабіць? — прамовіла Кора, робячы найвялікшае намаганне, каб гаварыць цвёрда і спакойна. — Ці хочаш ты завесці нас куды-небудзь у лясныя гушчары, або ты задумаў што-небудзь яшчэ больш злое? Хіба няма такіх падарункаў, якія маглі-б загладзіць зробленую табе крыўду і памякчыць тваё сэрца? Прашу цябе, па крайняй меры, вызваліць хоць маю ціхую сястру; спагані на мне адной усю тваю злосць. Набудзь багацце, вызваліўшы яе, задаволь сваю помсту, накіраваўшы твой гнеў толькі на адну афяру. Калі стары страціць абодвух дачок, ён, напэўна, сыйдзе ў магілу. Хто-ж тады дасць Лісіцы шчодрыя падарункі?
— Слухай, — зноў сказаў гурон. — Светлавокая вернецца на бераг Гарыкана і ўсё раскажа старому правадыру, калі толькі цёмнавалосая дзяўчына паклянецца імем Вялікага духу сваіх прабацькаў не схлусіць.
— А што я павінна абяцаць? — запытала Кора, стрымліваючы лютасць індзейца сваёй жаночай гордасцю і спакоем.
— Калі Магуа пакінуў гуронаў, яго жонку аддалі другому правадыру. Цяпер Магуа зноў здружыўся з імі і вернецца назад да магіл свайго племя, туды, на берагі вялікага возера. Дачка англійскага правадыра павінна ісці з ім і назаўсёды астацца ў яго вігваме.
Стрымліваючы абурэнне, гордая Кора спакойна запытала індзейца:
— Ці прыемна будзе Магуа раздзяляць сваё жыллё з жонкай, якую ён не любіць, з жонкай чужога яму племя бледнатварых? Я думаю, ён зробіць лепш, узяўшы золата Мунро і купіўшы сваімі падарункамі сэрца якой-небудзь гуронскай дзяўчыны.
З хвіліну індзеец маўчаў, гледзячы ў твар Коры з такім выразам, што яе вочы сарамліва апусціліся. Потым ён адказаў з асаблівай злараднасцю:
— У такім выпадку, зноў адчуўшы ўдары на сваёй спіне, гурон ведаў-бы, дзе знайсці жанчыну, якой ён перадаў-бы свае пакуты. Прыгожая дачка Мунро насіла-б для яго ваду, жала яго збожжа, гатавала страву. Цела сівога правадыра спала-б сярод гармат, але Хітрая Лісіца трымаў-бы яго сэрца ў сваіх руках.
— Страшыдла! Ты цалкам заслугоўваеш сваёй мянушкі! — ускрыкнула Кора, ахопленая абурэннем. — Толькі д’ябал можа прыдумаць такую помсту! Але памыляешся; ты лічыш сябе занадта моцным! Праўда, у тваіх руках сэрца Мунро, але яно не спалохаецца тваёй злосці, якой-бы вялікай яна ні была!
Смелыя словы маладой дзяўчыны выклікалі на твары гурона злавесную ўсмешку, якая выяўляла непахіснасць яго намераў; ён знакам паказаў, што гутарка скончана. Кора пашкадавала ўжо аб сваёй рэзкасці, але Магуа падняўся з месца і пайшоў да сваіх таварышоў. Хейвард падбег да ўсхваляванай маладой дзяўчыны і запытаў яе, чым скончылася гутарка, за якой ён уважліва сачыў. Каб не трывожыць Алісу, Кора ўхілілася ад праўдзівага адказу, толькі па яе твару маёр здагадаўся, што яна не мела поспеху; тое-ж самае выяўлялі трывожныя позіркі, якія яна накіроўвала на індзейцаў. Аліса засыпала яе пытаннямі адносна чакаўшага іх лёсу, але Кора толькі паказала рукой на цёмную групу чырвонаскурых і з вялікім узрушэннем прашаптала, прытуліўшы малодшую сястру да сябе:
— Там, там, на іх тварах, убачыш адказ… Але паглядзім, што будзе далей.
Гэты сударгавы рух і перарывісты шэпт былі больш красамоўнымі, чым доўгія тлумачэнні. Палоннікі зараз-жа накіравалі ўсю сваю ўвагу туды, дзе вырашалася пытанне аб іх жыцці і смерці.
Магуа спыніўся каля астатніх дзікуноў, якія адпачывалі пасля свайго бясконцага піру. Ён звярнуўся да іх з усёй урачыстай важнасцю індзейскага правадыра. Ледзь толькі ён прамовіў першыя словы, яго слухачы выпрасталіся з выглядам пашаны і ўвагі. Гурон гаварыў на сваёй роднай мове, а таму белыя толькі па жэстах маглі здагадацца пра змест яго гутаркі.
Спачатку, мяркуючы па руху яго рук і гуку голаса, здавалася, што ён гаворыць зусім спакойна. Калі-ж Магуа ўзбудзіў увагу сваіх таварышоў, ён пачаў так часта ўказваць у бок вялікіх азёр, што Хейварду ўявілася, быццам ён успамінае пра радзіму гуронаў і іх племя. Слухачы, як відаць, ухвалялі яго, увесь час ускрыкваючы «хуг» і пераглядаючыся між сабой. Лісіца быў занадта хітрым, каб не скарыстаць зручнае ўздзеянне пачатку сваёй гутаркі.
Цяпер дзікун пачаў гаварыць пра доўгі і вельмі цяжкі пераход, які зрабілі гуроны, пакінуўшы свае абшырныя і багатыя дзічыной лясы і ветлівыя вёскі, каб ваяваць з ворагамі «канадскіх бацькоў». Ён пералічваў імёны ўсіх воінаў атрада, гаварыў пра геройскія ўчынкі і якасці кожнага з іх, успамінаў пра іх раны, пра колькасць знятых імі скальпаў. І кожны раз, калі хітры індзеец вымаўляў імя аднаго з прысутных, цёмны твар воіна, якому прыемна было слухаць пахвалу, успыхваў ад захаплення, і гэты чалавек, без лішняй скромнасці і ваганняў, сцвярджаў справядлівасць слоў Магуа ўхвальнымі жэстамі і ўсклікамі. Раптам голас гаварыўшага панізіўся; у тоне індзейца не адчувалася ўрачыстасці, якая гучэла ў ім, калі правадыр пералічваў геройскія ўчынкі і перамогі сваіх супляменнікаў. Ён апісваў Гленскі вадапад, недаступны скалісты востраў з яго пячорамі і шматлікія быстрыні і віры Глена. Вось ён вымавіў словы «Доўгі Карабін» і маўчаў да таго часу, пакуль у лесе, які рассцілаўся ўнізе ўзгорка, не замоўк апошні водгаласак працяглага воінскага крыку індзейцаў, — крыку, якім яны сустрэлі гэтае ненавіснае для гуронаў імя. Магуа паказаў на маладога палоннага афіцэра і пачаў апісваць смерць воіна, якога скінуў у прорву Хейвард. Пасля гэтага правадыр спамянуў аб лёсе індзейца, які вісеў паміж небам і зямлёй, нават паказаў усю страшную сцэну яго пагібелі. Ён ухапіўся за галіну аднаго з дрэў, паказаў апошнія хвіліны, сударгавыя рухі і самую смерць няшчаснага. Расказаў ён таксама, як загінуў кожны з іх сяброў, успамінаючы пра мужнасць і прызнаныя дабрадзейнасці забітых. Пасля сканчэння гэтага дакладу, голас індзейца зноў змяніўся, зрабіўся ціхім, тужлівым, жаласным; у ім чуліся гарлавыя ноты, не пазбаўленыя музычнасці. Магуа гаварыў пра жонак і дзяцей забітых, пра іх адзіноцтва, пра гора і, нарэшце, напомніў пра абавязак воінаў, пра помсту за ўчыненую ім крыўду. Раптам узвысіўшы голас, надаўшы яму выраз лютай сілы, ён закончыў сваю доўгую прамову вялікай колькасцю ўсхваляваных пытанняў:
— Хіба гуроны сабакі, каб цярпець усё гэта? Хто скажа жонцы Мінаугуа, што яго скальп дастаўся рыбам і што роднае племя не адпомсціла за яго смерць? Хто адважыцца сустрэць маці Васаватымі, не паліўшы рук варожай крывёю? Што мы адкажам нашым старым, калі яны запытаюць нас, дзе скальпы ворагаў, а ў нас не будзе ні аднаго воласа з галоў непрыяцеляў? Жанчыны будуць паказваць на нас пальцамі. Імя гуронаў пакрыта цёмнай плямай; трэба змыць яе варожай крывёю.
Голас Магуа заглушылі шалёныя крыкі, якія ўстрасалі паветра; дзікуны зразумелі, што помста ў іх руках, і, як адзін чалавек, усхапіліся з зямлі, праяўляючы сваю лютасць у шалёных крыках. Яны выхапілі нажы, паднялі тамагаукі і імклівым натоўпам рынуліся да палонных. Хейвард засланіў сабою Кору і Алісу і абхапіў рукамі аднаго з чырвонаскурых, сціснуўшы яго з усёй моцы. Неспадзяванае супраціўленне дало магчымасць Магуа прыняць удзел у справе; закрычаўшы нешта, ён прыцягнуў да сябе ўвагу ўсёй зграі. Хітрымі словамі Лісіца перашкодзіў дзікунам зараз-жа вырашыць лёс палонных і вельмі хутка ўгаварыў іх працягнуць пакуты няшчасных афяр. Гуроны сустрэлі яго прапанову моцнымі радаснымі крыкамі.
Двое зараз-жа кінуліся на Хейварда, трэці схапіў нязграбнага выкладчыка спеваў. Аднак, ні адзін з белых не здаўся без адважнай, хоць і бескарыснай барацьбы. Нават слабы Давід паваліў на зямлю свайго праціўніка. Хейварда гуроны не маглі перамагчы, пакуль трэці індзеец, справіўшыся з Давідам, не падаспеў ім на дапамогу. Пасля гэтага Дункана скруцілі і прывязалі да ствала таго самага дрэва, на галінах якога Магуа разыгрываў пантаміму, паказваючы смерць гурона. Калі малады афіцэр прышоў да прытомнасці, ён убачыў, што справа ад яго стаяла, таксама прывязаная да дрэва, Кора. Твар яе быў бледным і ўсхваляваным, але яе цвёрды позірк бясстрашна сачыў за кожным рухам ворагаў. Злева Дункан убачыў Алісу; толькі дубцы лазы, якімі яна была прывязана да хвоі, падтрымлівалі тонкую фігуру белакурай дзяўчыны; трымацца на сваіх аслабеўшых нагах яна не магла. Давід упершыню ўступіў у барацьбу і цяпер ён стаяў задумаўшыся, не ведаючы, ці з’яўляецца гэты ўчынак вартым добрага хрысціяніна.
Між тым, гуроны вынайшлі новы спосаб катаванняў; яны збіраліся ажыццявіць свае жахлівыя замыслы. Адны збіралі галлё, трэскі і карчы, складаючы ўсё гэта ў кучу для вогнішча, другія прыгнулі верхавіны двух маладых дрэў да самай зямлі, збіраючыся прывязаць рукі Хейварда да гэтых верхавін і потым адпусціць дрэўцы. Аднак, Магуа прыдумаў яшчэ больш жахлівую, больш бязлітасную помсту, якая абяцала яму асаблівую прыемнасць.
Пакуль яго таварышы перад вачыма палонных рыхтавалі гэтыя добра вядомыя прылады катаванняў, Хітрая Лісіца падышоў да Коры і са злосцю на твары паказаў ёй на чакаўшы яе немінучы лёс.
— Га, — прамовіў ён, — што скажа дачка Мунро? Яе галава вельмі прыгожая, каб ляжаць на падушцы ў вігваме Хітрай Лісіцы? А ці не хоча цёмнавалосая, каб гэтая галава скацілася са схілу ўзгорка і зрабілася цацкай для ваўкоў? Яна не можа калыхаць на сваіх грудзях дзяцей гурона; добра-ж: індзейцы будуць пляваць на яе.
— Што хоча сказаць гэтае агіднае стварэнне? — запытаў здзіўлены Хейвард.
— Нічога, — цвёрда адказала маладая дзяўчына. — Ён дзікун і не ведае, што робіць. Улічваючы яго няведанне, яму можна ўсё дараваць.
— Дараваць? — паўтарыў люты гурон, не зразумеўшы яе слоў. — О, не! Памяць індзейца даўжэйшая за рукі бледнатварых. Кажы, ці павінен я накіраваць белакурую дзяўчынку да яе бацькі? Ці пойдзеш ты за Магуа да вялікіх азёр, каб насіць для яго ваду і пячы яму хлеб?
Кора знакам загадала яму адыйсці: яе ахапіла пачуццё непераможнай агіды.
— Адыйдзі, — сказвала яна з цвёрдасцю, якая на момант перамагла бязлітаснага дзікуна, — ты нянавісцю напаўняеш мае апошнія хвіліны.
Але ён, з насмешкай паказваючы на Алісу, сказаў:
— Глядзіце! Дзіця плача! Ёй рана паміраць! Адправім яе да Мунро, няхай яна расчосвае яго сівыя валасы і падтрымлівае жыццё старога.
Кора не магла перамагчы жадання зірнуць на сваю малодшую сястру, у вачах якой сустрэла выраз просьбы, красамоўную адзнаку таго, як ёй хацелася жыць.
— Што ён кажа, любая Кора? — пратучэў дрыжачы голас Алісы. — Здаецца, ён сказаў, што хоча адаслаць мяне да бацькі?
Некаторы момант Кора глядзела на малодшую сястру, і на яе твары відаць была барацьба моцных і супярэчлівых пачуццяў. Нарэшце, яна прамовіла голасам, страціўшым сваю нядаўнюю цвёрдасць; цяпер у яе голасе чуваць была амаль матчыная пяшчотнасць.
— Аліса, — прамовіла яна, — гурон абяцае нам дваім жыццё, не, больш: ён вызваліць таксама і Дункана, нашага дарагога Дункана, і адвядзе яго і цябе да нашых сяброў… да нашага бацькі… да нашага няшчаснага бацькі, калі я згаджуся…
Голас Коры задрыжэў і перарваўся.
— Дагаварвай, Кора! — ускрыкнула Аліса. — Калі ты згодзішся — на што? Ах, калі-б ён звярнуўся да мяне! Выратаваць цябе, даць табе магчымасць супакоіць нашага старога бацьку! Вызваліць Дункана! О, з якой радасцю я пайшла-б на смерць!
— Памерці? — са смуткам сказала Кора больш цвёрдым і спакойным голасам. — Смерць была-б лягчэйшай за тое, што прапануе ён. Аднак, можа, справа скончыцца смерцю… Ён хоча, — казала яна далей, — ён патрабуе, каб я зрабілася яго жонкай. Аліса, маё дарагое дзіця, мая любая сястрычка, і вы таксама, маёр Хейвард, дапамажыце мне парадай. Ці хочаце вы выратаваць яе і сябе цаною такой афяры? Ці хочаш ты, Аліса, узяць ад мяне жыццё, ведаючы, чым яно куплена? А вы, Дункан? Кажыце, дайце мне параду, распараджайцеся, як хочаце, я цалкам ваша.
— Ці згодзен я? — са здзіўленнем і абурэннем ускрыкнуў малады чалавек. — Кора! Кора! Вы насміхаецеся над нашым няшчасцем! Не, не кажыце аб гэтым жахлівым выбары; адна думка пра гэта горш за тысячу смерцяў!
— Я добра ведала, што вы адкажаце іменна так! — ускрыкнула Кора, і шчочкі яе зачырванеліся, а ў вачах загарэлася гарачая іскра патаемнага пачуцця. — Што скажа мая Аліса? Для цябе я без нараканняў згаджуся на ўсё…
Хейвард і Кора чакалі адказу маладой дзяўчыны, але рукі Алісы амярцвела апусціліся, і толькі яе пальцы сударгава варушыліся; яе прыгожая белакурая галоўка апусцілася на грудзі; яна здавалася змярцвелай, а між тым уся дрыжэла ад узрушэння. Але вось галава Алісы пачала павольна падымацца і ціха хіснулася з боку ў бок.
— Не, не, не, лепш памрэм, як жылі, разам!
— О! дык памірай! — закрычаў Магуа і кінуў свой тамагаук у безабаронную белакурую дзяўчынку. Гурон скрыгітаў зубамі ў лютай злосці, якая ахапіла яго, калі ўбачыў цвёрдасць і мужнасць у той палоннай, якую ён да гэтага часу лічыў самай слабай і пакорлівай афярай. Тамагаук праляцеў міма твара Хейварда і, зрэзаўшы некалькі залацістых локанаў Алісы, задрыжэў у ствале дрэва над яе галавой. Гэта давяло Дункана да шаленства. Ён сабраў усю сілу, з нечалавечым намаганнем разарваў свае путы і кінуўся на другога індзейца, які з моцнымі крыкамі цэліўся ў Алісу, хочучы нанесці ёй больш меткі удар. Пачалася барацьба; абодва паваліліся на зямлю. Аголенае цела чырвонаскурата выслізнула ў Хейварда з рук, індзеец вырваўся з абдымкаў маёра, ускочыў і наступіў каленам на грудзі маладога афіцэра, прыціснуўшы яго да зямлі ўсім цяжарам свайго вялізнага цела. Дункан убачыў, як у паветры бліснуў нож. У гэты момант нешта прасвістала над ім, а ўслед за гэтым пачуўся стрэл. Хейвард адчуў, што яго грудзі вызваліліся ад цяжару, і ўбачыў, як лютасць на твары яго праціўніка змянілася жахам і індзеец зваліўся мёртвым побач з ім на сухое лісцё.
РАЗДЗЕЛ ХІІ
Здзіўленыя раптоўнай смерцю аднаго з сваіх таварышоў, гуроны на момант аслупянелі. Але калі яны ўбачылі фатальную меткасць рукі, якая адважылася пусціць кулю ў ворага, рызыкуючы трапіць у прыяцеля, імя «Доўгі Карабін» вырвалася адначасова з іх вуснаў. У адказ на гэта пачуўся моцны ўсклік з невялікага пералеску, у якім неасцярожныя дзікуны паклалі ўсю сваю зброю. У наступны момант паказаўся Сакалінае Вока. Ён не паспеў зарадзіць зноў сваю ўлюбёную стрэльбу, а проста рушыў на гуронаў, трасучы ёю, як дубінай, і шпарка набліжаючыся да аслупянелых чырвонаскурых. Але, як ні жвавы быў яго рух, лёгкая, дужая фігура апярэдзіла разведчыка, з надзвычайнай адважнасцю кінулася ў самую сярэдзіну натоўпу гуронаў і спынілася каля Коры, размахваючы ў паветры тамагаукам і трасучы бліскучым нажом. Перш чым гуроны апамяталіся, другая фігура апынулася сярод іх, фігура, падобная да ўвасаблення смерці. Яна праслізнула міма аслупянелых індзейцаў і з грозным выглядам спынілася з другога боку Коры. Дзікія каты белых мімаволі адступілі перад гэтымі ваяўнічымі прышэльцамі. Прагучэлі дзіўныя ўсклікі, потым пачуліся імёны, страшныя для гуронаў:
— Быстраногі Алень! Вялікі Змей!
Толькі асцярожны і пільны Магуа не збянтэжыўся. Зоркім позіркам ён агледзеў маленькую пляцоўку, адразу зразумеў, з якога боку быў зроблены напад, і, падбадзёрваючы сваіх таварышоў голасам, а таксама ўласным прыкладам, агаліў свой доўгі востры нож, потым з працяглым крыкам кінуўся на Чынгачгука. Гэты рух з’явіўся знакам для пачатку агульнай бойкі. Ні той, ні другі бок не меў агнястрэльнай зброі, і барацьба вялася ўрукапашную.
Ункас, адказаўшы на кліч ворага, кінуўся на аднаго з гуронаў і трапным ударам тамагаука разбіў яму чэрап. Хейвард выхапіў з ствала тамагаук Магуа і таксама ўступіў у бой. Цяпер лік людзей, якія ўступілі ў бойку з абодвух бакоў, быў аднолькавы, а таму кожны змагаўся адзін на адзін са сваім праціўнікам. Удары сыпаліся з хуткасцю маланкі і з лютасцю ўрагана. Хутка разведчык ударыў другога гурона і паваліў яго на зямлю.
Хейвард не стаў чакаць моманту, сустрэчы з ворагам і з размаху кінуў свой тамагаук у праціўніка. Ён трапіў у лоб індзейца, але тупым канцом, і толькі на момант ашаламіў яго. Узбадзёраны такой удачай, малады афіцэр без зброі кінуўся да свайго ворага, але ў тую-ж хвіліну зразумеў усю неабдуманасць гэтага смелага ўчынку; яму прышлося абараняцца ад удараў нажа, які бліскаў у руцэ раз’юшанага гурона. На шчасце, Дункану ўдалося абхапіць свайго праціўніка; з вялікай сілай ён прыціснуў яму рукі да грудзей, адхіляючы ад сябе аголены клінок. Але ён пачаў слабець. Юнак адчуў, што яму не ўдасца надоўга стрымаць індзейца. У тэты момант Дункан пачуў гучныя словы: — Забівайце гэтых гультаёў! Не шкадуйце праклятых мінгаў!
У наступны момант прыклад Сакалінага Вока з усёй сілай апусціўся на аголеную галаву праціўніка Хейварда; мускулы гурона адразу абмяклі, і ён мёртвы ўпаў з рук маёра.
Забіўшы першага праціўніка, Ункас з лютасцю галоднага ільва кінуўся да новай афяры. Пяты гурон, які не прымаў удзелу ў першай бойцы, пастаяў некаторы момант і, убачыўшы, што ўсе навакол яго з лютасцю б’юцца, надумаў завяршыць пачатую справу помсты. З моцным крыкам ён кінуўся да прывязанай Коры і здалёк кінуў у яе вострую сякеру. Тамагаук закрануў толькі плячо маладой дзяўчыны, разрэзаў лазовыя дубцы, якімі Кора была прывязана да дрэва, і вызваліў яе. Ёй удалося выслізнуць з рук дзікуна; забыўшыся пра ўласную небяспеку, яна кінулася да Алісы; спехам нялоўкімі пальцамі старалася яна разарваць дубцы, якія трымалі яе сястру ў палоне. Такая вялікадушная адданасць узрушыла-б усякага, але ў сэрцы гурона не было ніякага жалю. Ён схапіў Кору за яе густыя раскіданыя валасы, адарваў дзяўчыну ад Алісы і моцным штуршком штурхнуў яе на калені. Дзікун накруціў на сваю руку чорныя локаны кучаравых валасоў Коры і, працягнуўшы руку, са злосным рогатам падняў іх. Лязо яго нажа слізнула вакол яе прыгожай галоўкі. Аднак, яму прышлося расплаціцца за сваю лютую забаву; ён страціў зручны выпадак выканаць задуманае злачынства. Яго ўбачыў зоркі Ункас. Малады магікан нібы ўзляцеў у паветра; ён куляй зваліўся на грудзі ворага, адкінуў яго на вялікую адлегласць ад маладой дзяўчыны і паваліў на зямлю. Намаганне прымусіла і самога Ункаса паваліцца побач са сваім ворагам. Абодва праціўнікі адразу ўскочылі на ногі, заблішчэлі нажы, і той і другі абліліся крывёю. Але хутка паядынак скончыўся. Тамагаук Хейварда і прыклад Сакалінага Вока апусціліся на чэрап гурона ў тую самую хвіліну, калі востры нож Ункаса пракалоў яго сэрца.
Бой скончыўся, толькі паміж Хітрай Лісіцай і Вялікім Змеем яшчэ цягнулася барацьба. Абодва воіны даказалі, што яны варты сваіх красамоўных мянушак. Перад паядынкам яны некаторы момант стаялі моўчкі і нерухома, потым кожны з іх пусціў у праціўніка свой тамагаук, і кожны лоўка ўхіліўся ад варожага ўдару; нарэшце, яны раптам кінуліся адзін на аднаго і ў цесных абдымках паваліліся на зямлю, звіваючыся, нібы змеі. Калі пераможцы пазбавіліся сваіх ворагаў, толькі хмара пылу і лісця ўзнялася на тым месцы, дзе змагаліся Вялікі Змей і Хітрая Лісіца.
Гэтая хмара рухалася ад сярэдзіны маленькай пляцоўкі і, нібы ад подыху віхру, неслася да аднаго з яе краёў. Хейвард, Сакалінае Вока і Ункас адразу кінуліся да воблака пылу. Але дарэмна Ункас стараўся разгледзець гэтую густую заслону, каб пракалоць нажом даўнейшага ворага свайго бацькі; грозная стрэльба Сакалінага Вока таксама дарэмна нацэльвалася, бескарысна намагаўся Дункан схапіць гурона сваімі мускулістымі рукамі. Пакрытыя пылам і крывёю, праціўнікі як і да таго душылі адзін аднаго ў жахлівых абдымках, звіваючыся так, як быццам гэта было адно цела. Падобная на шкілет фігура старога магікана і цёмнае цела гурона з такой хуткасцю мільгалі, што сябры Чынгачгука не маглі выбраць момант, каб нанесці ўдар яго ворагу. На хвіліну мільгалі вогненныя вочы Магуа, як казачны позірк васіліска. Лісіца, здавалася, пазнаваў на тварах ворагаў прадраканне вынікаў гэтай барацьбы; аднак, раней чым варожая рука паспявала апусціцца на яго асуджаную галаву, замест яе з’яўляўся хмуры твар Чынгачгука. Ад сярэдзіны пляцоўкі на верхавіне ўзгорка двое ворагаў дакаціліся да самага яе краю. Раптам магікан знайшоў магчымасць нанесці гурону моцны ўдар нажом; рукі Магуа адразу аслабелі, і ён, як відаць мёртвы, адкінуўся на спіну. Умомант Чынгачгук ускочыў на ногі і ў лесе прагучэў яго пераможны кліч.
— Малайцы, дэлавары! Перамог магікан! — крыкнуў Сакалінае Вока, зноў падняўшы прыклад сваёй смертаноснай вінтоўкі. — Мой апошні ўдар не адбярэ ў пераможца гонару перамогі і не пазбавіць яго законных правоў на скальп пераможанага.
Але ў той самы момант, калі прыклад засвістаў, праразаючы паветра, хітры гурон выслізнуў, перакінуўся цераз край пляцоўкі, пакаціўся па крутому схілу, потым ускочыў сярод зараснікаў нізкіх кустоў і цераз хвіліну знік. Дэлавары лічылі яго мёртвым; убачыўшы-ж сваю памылку, яны ўскрыкнулі ад здзіўлення і з моцнымі крыкамі кінуліся за ім, нібы сабакі следам за аленем. Але праразлівы голас Сакалінага Вока спыніў іх і прымусіў вярнуцца назад на верхавіну ўзгорка.
— Гэтага ад яго заўсёды трэба чакаць! — сказаў разведчык. — Ілжывы ашуканец, подлы хітрэц! Сумленны дэлавар, пераможаны ў роўнай барацьбе, астаўся-б ляжаць на зямлі, яго забілі-б ударам па галаве; але гэтыя хітрыя макуасы чапляюцца за жыццё з прагнасцю дзікай горнай кошкі. Кіньце яго, няхай уцякае, у яго-ж няма ні стрэльбы, ні лука, і яго французскія таварышы далёка; ён, як грымучая змяя без ядавітых клыкоў, ужо бясшкодны. Глядзі, Ункас, — на дэлаварскай мове дадаў паляўнічы, — твой бацька ўжо здымае скальпы. Не пашкодзіць агледзець усіх гэтых паганцаў, якія ляжаць на зямлі, а то, бадай, хто-небудзь з іх ускочыць і схаваецца ў лесе з моцным крыкам і карканнем сойкі.
Між тым Чынгачгук паспеў зняць з нерухомых галоў эмблемы перамогі — скальпы.
Ункас-жа падбег да маладых дзяўчат і зараз-жа вызваліў Алісу.
Падняўшыся з каленяў, Аліса кінулася на грудзі Коры і, плачучы, прамовіла голасна імя свайго бацькі; у той-жа час у яе далікатных, пакорлівых, як у галубкі, вачах засвяціліся яркія праменні ажыўшай надзеі.
— Мы выратаваны, выратаваны! — шаптала яна. — Мы можам вярнуцца і абняць дарагога бацьку. Якое шчасце! Яго сэрца не разаб’ецца ад гора! І ты таксама, Кора, мая дарагая сястра… ты таксама выратавана… а таксама і Дункан… — дадала маладая дзяўчына, зірнуўшы на Хейварда з яснай усмешкай. — Наш храбры і слаўны Дункан астаўся жывы!
Кора не адказвала на гэтыя палкія і досыць бяссвязныя словы; прытуліўшы Алісу да свайго сэрца, яна толькі нагнулася да яе і ласкала. Мужны Дункан не саромячыся плакаў, гледзячы на радасць сясцёр. Акрываўлены Ункас здаваўся абыякавым гледачом гэтага відовішча, але яго вочы, вочы спакойнага магікана, ззялі радасцю і спачуваннем.
Між тым Сакалінае Вока асцярожна аглядаў забітых; пераканаўшыся, што ўсе ворагі мёртвыя, ён падышоў да Давіда і разрэзаў яго путы. Няшчасны спявак псалмоў не рухаўся да апошняй хвіліны і стаяў, цярпліва чакаючы вызвалення.
— Вось, — заўважыў разведчык, адкідаючы апошні івавы дубец, — вы зноў свабодныя, хоць, як відаць, нават цяпер вы можаце карыстацца вашай свабодай не менш, чым у той момант, калі вы ўпершыню з’явіліся на свет. Калі парада чалавека, які пражыў большую частку свайго жыцця ў пустынях, не пакрыўдзіць вас, я з вялікім задавальненнем выкажу вам мае думкі. Дык вось, раю вам пакінуць інструменцік, які вы хаваеце ў кішэні вашай камізэлькі; прадайце яго першаму дурню, якога сустрэнеце, і на атрыманыя грошы купіце якую-небудзь карысную зброю, хоць-бы самы звычайны кавалерыйскі пісталет.
— Бразганне зброі, трубныя гукі адпавядаюць бітве; хвалебныя і ўдзячныя гімны — перамозе, — адказаў вызвалены Давід. — Друг, — дадаў ён і ласкава працягнуў сваю тонкую, далікатную руку паляўнічаму, між тым як яго павекі пачалі вельмі хутка міргаць, а вочы зрабіліся вільтотнымі, — я выказваю табе падзяку за тое, што мае валасы асталіся там, куды іх змясціла прырода. Вядома, валасы іншых людзей, быць можа, мякчэйшыя, больш шаўкавістыя і завіваюцца больш прыгожымі локанамі, аднак, я заўсёды знаходзіў, што мае валасы цалкам падыходзяць для той галавы, якую яны ўкрываюць. Я не далучаўся да барацьбы не столькі ў выніку агіднага пачуцця да бойкі, якое я маю з прыроды, колькі з прычыны путаў, якімі звязалі мяне язычнікі. Адважным і лоўкім аказаўся ты ў барацьбе, і я хачу падзякаваць табе раней, чым перайсці да выканання іншых, больш важных абавязкаў; я раблю гэта, бо ты даказаў, што варты пахвалы хрысціяніна.
— Мая паслуга — глупства, пра якое не варта ўспамінаць; калі вы астанецеся з намі, то ўбачыце шмат такіх-жа крывавых сутычак, — адказаў паляўнічы, які зрабіўся ласкавейшым, выслухаўшы шчырую падзяку з боку спевака псалмоў. — Я вярнуў сабе майго старога таварыша і спадарожніка. Вось ён, мой верны «аленебой», — дадаў Сакалінае Вока, пагладжваючы прыклад сваёй стрэльбы, — і гэта адно ўжо ёсць перамога! Іракезы хітрыя, але яны перамудрылі, паклаўшы стрэльбы так далёка ад месц свайго адпачынку. Калі-б толькі Ункас і яго бацька мелі звычайную цярпіівасць індзейцаў, мы паспелі-б узяць зброю і дружным залпам пакончылі-б з усёй зграяй і са злодзеем, які ўцёк ад нас.
Разведчык сеў на камень і з чыста бацькоўскай увагай пачаў аглядаць сваю стрэльбу.
Гамут таксама прысеў на зямлю, выняў з кішэні маленькую кніжку і акуляры ў жалезнай аправе. Узняўшы вочы на неба, ён прамовіў:
— Прапаную вам, сябры мае, разам са мною выказаць хвалу за наша незвычайнае вызваленне з варварскіх рук няверных язычнікаў. Будзьце ласкавы, выкажыце вашы пачуцці ў выдатнай і ўрачыстай песні пад назвай «Норстамптон».
Пасля такога выступлення ён назваў старонку і верш, з якога пачыналіся выбраныя ім радкі, паднёс да губ свой камертон, робячы ўсё гэта з той урачыстасцю, з якой ён выконваў падобныя падрыхтаванні ў храме. Але на гэты раз ніхто з прысутных не падтрымаў яго; Кора і Аліса ў гэтую хвіліну выказвалі адна адной пяшчотныя пачуцці, а Хейвард не адрываў ад іх вачэй. Не зварочваючы ўвагі на малую колькасць сваёй аудыторыі, якая складалася з аднаго толькі нахмуранага разведчыка, спявак заспяваў і давёў свяшчэнную песню да канца без усякіх перашкод.
Сакалінае Вока слухаў спакойна, папраўляючы крэмень стрэльбы і зараджаючы яе; гімн не выклікаў узрушэння ў душы Сакалінага Вока. Мабыць, яшчэ ніколі Давід не выяўляў сваіх талентаў перад менш чулымі слухачамі.
Паляўнічы паківаў галавой і прашаптаў некалькі незразумелых слоў, сярод якіх былі чуваць толькі «горла» ды «іракезы», потым устаў і адышоў, каб сабраць зброю гуронаў. Чынгачгук, дапамагаючы яму, знайшоў стрэльбу Ункаса і сваю ўласную. Неўзабаве нават Хейвард і Давід атрымалі зброю; куляў і пораху таксама была дастатковая колькасць.
Сакалінае Вока абвясціў, што пара ў дарогу. У гэты час Давід Гамут скончыў спяваць, а сёстры паспелі прысці да прытомнасці пасля перажытых хваляванняў. Пры дапамозе Дункана і малодшага з магікан маладыя дзяўчаты спусціліся з крутога ўзгорка. Унізе ўзгорка яны ўбачылі нараганзетаў, якія скублі траву і лісцё кустоў. Аліса і Кора селі на коней і рушылі ўслед за правадніком, які аказаўся ў самую цяжкую хвіліну іх сябрам. Ішлі нядоўга. Сакалінае Вока павярнуў з вузкай сцежкі, па якой рухаліся гуроны, увайшоў у гушчар галін, пераехаў у брод цераз шумлівы ручай і спыніўся ў вузкай лагчыне сярод галін густых вязаў. Падарожнікі знаходзіліся на адлегласці некалькіх соцень сажняў ад фатальнага ўзгорка, і коні спатрэбіліся ім толькі ў часе пераправы цераз мелкі паток.
Разведчык і магікане, здавалася, добра ведалі глухое месца, у якім яны цяпер спыніліся, бо, паставіўшы свае стрэльбы да ствалоў дрэў, узяліся раскідаць сухое лісцё і хутка выкапалі невялікую ямку ў сіняй гліністай глебе. З гэтага паглыблення зараз-жа пырснуў струмень светлай, бліскучай, гаманлівай вады. Сакалінае Вока азірнуўся, нібы шукаючы чагосьці, і на яго твары з’явілася здзіўленне; здавалася ён не знайшоў рэчы, якой шукаў.
— Шкада! Гэтыя нядбайныя д’яблы магаукі са сваімі братамі тускарорамі і анандагамі, вядома, былі тут і пілі ваду, — прамармытаў ён, — і некуды закінулі чарпак. Вось і рабі пасля гэтага дабро гэтым беспамятным сабакам. Добра-ж яны аддзяквалі нам! Тут, у гэтай непраходнай глушы, з нетраў зямлі б’е струмень крынічнай вады, у параўнанні з якім самы багаты аптэкарскі склад ва ўсіх калоніях нічога не варты. Гляньце вось! Дурні вытапталі гліну, забрудзілі, спаланілі цудоўнае месца, нібы неразумныя звяры, а не чалавечыя істоты!
Між тым, Ункас моўчкі падаў яму чарпак, які Сакалінае Вока не заўважыў у прыпадку абурэння, хоць ён вісеў на галінцы вяза. Набраўшы вады, разведчык адышоў ад крыніцы на больш сухое і цвёрдае месца; тут ён спакойна сеў, з прыемнасцю адхлябнуў некалькі вялікіх глыткоў і стаў уважліва разглядаць рэшткі харчоў, схаваных у мяшок, які вісеў у яго на руцэ.
— Дзякуй табе, хлопчык, — сказаў ён, аддаючы пусты чарпак Ункасу. — Цяпер мы паглядзім, чым ласаваліся гэтыя паўзучыя гуроны, калі хаваліся ў засадзе. Бачыш, гэтыя зладзюгі здолелі распазнаць лепшыя часткі аленя. Але мяса асталося сырым; іракезы — сапраўдныя дзікуны! Ункас, вазьмі маё крэсіва ды раскладзі агонь; кавалак смачнай яды дапаможа нам набрацца сілы пасля доўгай дарогі.
Хейвард дапамог Коры і Алісе злезці з коней і сеў на траву, радуючыся магчымасці адлачыць пасля нядаўняй жахлівай і крывавай справы. Пакуль Сакалінае Вока гатаваў яду, маёр завёў з ім гутарку.
— Як магло здарыцца, што вы з’явіліся да нас, мой вялікадушны друг? — запытаў ён. — І без дапамогі з боку гарнізона з форта Эдуард?
— Калі-б мы пайшлі ў крэпасць, то, вярнуўшыся, пакрылі-б сухім лісцём вашы целы, але нам, безумоўна, не ўдалося-б захаваць вашых скальпаў, — спакойна адказаў паляўнічы. — Не, не, замест таго, каб дарэмна траціць сілу і час на пераход у форт, мы парашылі залегчы пад навіслымі берагамі Гудзона, чакаць і сачыць за ўсімі рухамі макуасаў.
— Значыць, вы бачылі ўсё, што адбылося?
— Не, ведама, не ўсё. Позірк індзейца вельмі праніклівы, і яго цяжка ашукаць, але мы ўсё-ж такі былі недалёка ад вас. Трэба прызнацца, цяжка было стрымліваць вось гэтага маладога магікана і прымушаць яго сядзець у засадзе. Ах, Ункас, твае паводзіны хутчэй нагадвалі нецярплівую і дапытлівую жанчыну, чым мужнага і стойкага воіна!
Ункас зірнуў на суровы твар паляўнічага, але не адказаў яму ні слова. Хейварду, здалося, быццам на твары маладога магікана мільганула пагардлівая ўсмешка. Тым не менш Ункас стрымаў свой гнеў, часткова з-за павагі да астатніх слухачоў, часткова з-за пашаны і прыхільнасці да свайго старэйшага белага таварыша.
— Вы бачылі, як нас захапілі ў палон? — запытваў Хейвард далей.
— Мы чулі гэта, — адказаў разведчык. — Індзейскі кліч выразны і зразумелы для людзей, якія жывуць у лясах. Але, калі вы апынуліся на процілеглым беразе ракі, нам прышлося, як змеям, паўзці пад густым лісцём, і мы хутка зусім згубілі вас з вачэй, да таго самага моманту, калі вы ўжо былі прывязаны да дрэў і чакалі смерці.
— Гэта дзіва, што вы не памыліліся ў сцежцы! Зграя-ж гуронаў раздзялілася, і ў абодвух атрадах былі коні.
— Так, мы сапраўды былі збіты з толку і ледзь не згубілі ваш след, але нам дапамог Ункас. Мы пайшлі спачатку па сцежцы, якая ішла ў глыб лесу, мяркуючы, што дзікуны павядуць сваіх палонных у глуш. Але, прайшоўшы некалькі міль і не ўбачыўшы ні адной зломанай, згодна маёй парады, галінкі, я пачаў сумнявацца, ці туды мы ідзем, асабліва-ж калі заўважыў, што на зямлі былі толькі сляды конскіх капытоў і ног, адзетых у макасіны.
— Нашы пераможцы з асцярожнасці прымусілі нас абуцца ў індзейскія макасіны, — сказаў Дункан.
— Так, так, яны зрабілі разумна, гэта іх заўсёдны звычай, аднак, такая простая хітрасць не магла-б нас збіць з сапраўднага следу.
— Што-ж выратавала нас?
— К сораму майму я павінен прызнацца: мудрасць маладога магікана. Між іншым, нават цяпер, калі я бачу, што яго была праўда, я з цяжкасцю веру ўласным вачам.
— Ці не растлумачыце вы нам гэтай загадкі?
— Ункас заўважыў, — казаў далей Сакалінае Вока, аглядаючы нараганзетаў Коры і Алісы, — што коні, на якіх ехалі маладыя дзяўчаты, адначасова ступаюць на зямлю пярэдняй і задняй нагой з аднаго боку. Ні адна з чацвераногіх жывёлін, якіх я ведаю, не робіць так, за выключэннем мядзведзя.
— Такая хада — галоўная перавага нараганзетаў. Але часам і ншых коней прывучаюць да такой хады — інаходзі.
— Магчыма, магчыма, — сказаў Сакалінае Вока, уважліва выслухаўшы тлумачэнне маладога афіцэра. — Я лепш разбіраюся ў аленях і бабрах, чым у конях. Аднак, як-бы не хадзілі коні, ці перастаўляючы адразу абедзве нагі з аднаго боку ці інакш, ва ўсякім выпадку Ункас заўважыў асаблівасць руху гэтых жывёлін, і іх след прывёў нас да паламаных кустоў. Адна галінка каля слядоў нараганзета была надламаная і загнутая ўверх; так жанчыны зрываюць кветку са сцябла; усе-ж астатнія сукі, жорстка паламаныя, пакамечаныя, звешваліся ўніз; як відаць, грубая рука мужчыны ламала іх. Таму я і падумаў: мабыць, нехта з гуронаў заўважыў, што лэдзі заламала галінку, і пачаў ламаць астатнія, каб нам здалося, быццам малады алень заблытаўся ў кусце і стараўся вырвацца з гушчару.
— Ваша праніклівасць не ашукала вас: іменна так і было.
— Заўважыць паламаныя галінкі і здагадацца, у чым справа, было лёгка, — дадаў разведчык, зусім не ўсведамляючы, якую тонкую і надзвычайную праніклівасць выказаў ён; — гэта лягчэй, чым заўважыць інаходзь па слядах каня. Каля паламанага куста я сказаў сабе, што мінгі пойдуць да крыніцы, таму што яны вельмі добра ведаюць вартасць яе вады.
— Але хіба гэтая вада такая выдатная? — запытаў Хейвард, з вялікай цікавасцю аглядаючы прыгожую лагчыну і шумлівы струмень вады.
— Мала які індзеец, што пабываў паўднёвей і ўсходней вялікіх азёр, не чуў пра якасці гэтай крыніцы. Але ці не хочаце вы самі паспытаць вады?
Хейвард узяў чарпак, глынуў некалькі разоў і кінуў яго, зморшчыўшыся ад непрыемнасці. Разведчык засмяяўся сваім ціхім, але шчырым смехам.
— Ага, вам гэтая вада не падабаецца, бо яшчэ не прызвычаіліся да яе; у свой час і мне яна не падабалася; але цяпер мне заўсёды хочацца піць з гэтай крыніцы, як аленю палізаць соль. Вашы вострыя на смак віны менш прывабліваюць жыхароў вашых гарадоў, чым гэтая вада — чырвонаскурых, у асаблівасці, калі яны адчуваюць сябе не зусім здаровымі. Але падумаем пра вячэру і падмацуем нашы сілы; перад намі яшчэ вялікае падарожжа.
Крыху перакусіўшы, Сакалінае Вока абвясціў, што падарожнікам пара зноў рушыць у дарогу. Сёстры селі ў сёдлы; Дункан і Давід узялі свае стрэльбы і пайшлі ўслед за маладымі дзяўчатамі. Сакалінае Вока ішоў наперадзе, магікане — у ар’ергардзе. Маленькі атрад выбраў вузкую сцежку ў напрамку на поўнач, даўшы лекавым водам злівацца з цячэннем ручая, а целам гуронаў ляжаць на пляцоўцы суседняга ўзгорка.
РАЗДЗЕЛ XIII
Сакалінае Вока, падобна да Магуа, месца якога ён заняў, вёў свой атрад, кіруючыся ледзь прыкметнымі адзнакамі. Спехам паглядваў ён скоса на мох, які пакрываў дрэвы, часам узнімаў вочы ў той бок неба, дзе дагарала заходзячае сонца, або глядзеў на цячэнне шматлікіх ручаёў, якія пешаходы пераходзілі ўброд; і гэтага было дастаткова, каб знішчыць у ім усякія ваганні і сумленні. Між тым адценні зеляніны лесу пачалі змяняцца; яркія колеры дрэў набылі больш цёмны выгляд, які з’яўляецца адзнакай надыходу вечара.
Сонца запальвала залацістыя плямы на воблаках, упрыгожвала барвяным колерам вузкія краі хмар, якія сабраліся над заходнімі горамі. Сакалінае Вока раптам павярнуўся і, паказваючы рукой на гэтае вельмі прыгожае відовішча, сказаў:
— У гэты час чалавеку трэба падмацавацца і адпачыць. Чалавек рабіў-бы лепш і мудрэй, калі-б разумеў мову прыроды і браў прыклад з птушак і палявых звяроў. Аднак, наша ноч хутка скончыцца, бо, як толькі ўзыйдзе месяц, мы зноў рушым у дарогу. Я памятаю, што іменна тут я змагаўся з макуасамі ў часе першай сутычкі, якая прымусіла мяне праліць чалавечую кроў. Тады, выратоўваючы свае скальпы, мы склалі з бярвенняў і каменняў нешта падобнае да ўмацаванняў. Калі я правільна вёў вас, мы хутка ўбачым блокгауз: ён павінен быць недзе тут, па левай руцэ.
Не чакаючы адказу з боку сваіх спадарожнікаў, суровы паляўнічы смела ўвайшоў у гушчар каштанавых дрэў, маладыя парасткі якіх амаль закрывалі глебу. Памяць не ашуквала яго. Ён прайшоў праз гушчар кустоў і апынуўся на паляне, якая абкружала нізкі зялёны ўзгорачак. На маленькім узвышшы стаяў напоўразбураны блокгауз. Страха, зробленая з кары, ужо даўно абвалілася, струхлела і перамяшалася з зямлёй, але вялізныя хваёвыя спехам складзеныя бярвенні ўсё яшчэ былі на месцы, хоць адзін вугал пабудовы ад даўнасці нахіліўся, пагражаючы абваліцца і канчаткова разбурыць грубы будынак.
Хейвард і яго спадарожнікі з трывогай набліжаліся да старога блокгауза, але Сакалінае Вока і індзейцы ўвайшлі ў нізкую будыніну не толькі без пачуцця страху, але і без цікавасці. Пакуль разведчык аглядаў сцены з увагай чалавека, успаміны якога ажывалі з кожнай хвілінай, Чынгачгук на дэлаварскай мове расказваў Ункасу кароткую гісторыю бойкі, якая адбылася ў гэтым глухім месцы; калі ён гаварыў пра подвігі сваёй маладосці, на яго твары і ў асанцы выяўлялася гордасць пераможцы.
Кора і Аліса з задавальненнем злезлі з коней, спадзеючыся адпачыць сярод вячэрняга халадку ў спакойным месцы, цішыню якога, як яны думалі, маглі парушыць толькі лясныя зверы.
— Ці не лепш размясціцца для адпачынку ў больш глухім месцы, мой дарагі друг? — запытаў разведчыка асцярожны Дункан, заўважыўшы, што Сакалінае Вока ўжо скончыў свой кароткі агляд блокгауза. — Можа будзе больш разважлівым пашукаць менш вядомае, менш наведваемае месца?
— Амаль усе, каму было вядома існаванне гэтага блокгауза, памерлі, — павольна і задумліва адказаў белы паляўнічы. — Не часта пішуць кнігі пра сутычкі падобныя да той, якая адбылася тут паміж варожымі магіканамі і магаукамі. Тады я быў яшчэ вельмі маладым і выступіў з дэлаварамі, ведаючы, што іх племя пакрыўджана і прыгнечана. Сорак дзён і сорак начэй д’яблы-магаукі, прагнучы нашай крыві, трымалі ў асадзе гэты бярвенчаты зруб. План гэтай крэпасці прыдуманы быў мною, я-ж і будаваў гэты блокгауз, хоць сам я — не індзеец, а белы. Дэлавары таксама дапамагалі мне працаваць, і мы хутка склалі выдатную пабудову; потым зрабілі вылазку на бязлітасных сабак, і ні адзін з іх не вярнуўся дадому, каб расказаць пра іх лёс. Так, так, для мяне, у той час яшчэ маладога чалавека, з’яўляліся навіной крывавыя відовішчы, я прыходзіў у жах ад думкі, што істоты, якія маюць такія-ж душы, як і мая, ляжаць на голай зямлі, што іх трупы кінуты на паяданне зверам або астануцца гніць пад дажджамі. Я ўласнымі рукамі пахаваў забітых. Яны ляжаць вось пад тым самым узгоркам, на якім вы размясціліся; і трэба сказаць, што сядзець тут вельмі зручна, хоць узгорак гэты знаходзіцца над кучай чалавечых касцей.
Хейвард і Аліса з Корай зараз-жа ўскочылі з пакрытай травою магілы. Хоць маладыя дзяўчаты нядаўна перажылі шмат жахлівых падзей, яны ўсё-ж такі не мелі сілы перамагчы ў сабе страх пры думцы аб блізкім суседстве з магілай забітых магаукаў. Шэраватае святло, невясёлая пляцоўка, зарослая бурай травой, навакольныя зараснікі і кусты, за якімі чарнелі высокія хвоі, што, здавалася, уздымаліся да самых хмар, мёртвая цішыня лесу — усё павялічвала гаркотную жудасць.
— Яны памерлі, яны абясшкоджаны, — казаў далей Сакалінае Вока, махнуўшы рукой, — ніколі больш не парушаць яны цішыні сваім ваенным крыкам, ніколі не ўзмахнуць тамагаукамі. Чынгачгук ды я, толькі мы ўцалелі з усіх, хто змагаўся тады на гэтай лугавінцы. Браты і сваякі майго сябра магікане складалі наш атрад, а гляньце, што асталося ад яго роду?
Слухаўшыя мімаволі зірнулі на сваіх цёмнаскурых прыяцеляў са спачуваннем да іх сумнага лёсу. Магікане яшчэ відаць былі ў ценю блокгауза. Ункас з напружанай цікавасцю слухаў апавяданні свайго бацькі пра слаўныя подвігі магікан. Між тым зусім сцямнела. Сакалінае Вока і яго таварышы пачалі рыхтаваць начлег для Коры і Алісы. Тая крыніца, якая шмат год таму назад прымусіла туземцаў выбраць гэтую палянку месцам часовай крэпасці, была на скорую руку ачышчана ад лісця, і хрустальна-празрыстая крыніца заструменіла шпарчэй, арасіўшы сваімі свежымі водамі зелянявы ўзгорак. Услед за тым адзін з вуглоў старога блокгауза накрылі такой страхой, якая магла ахаваць размешчаных пад ёю людзей ад вялікай расы, уласцівай гэтай мясцовасці; сабралі таксама кучу мяккіх галін і сухога лісця, ператварыўшы іх у пасцель для Коры і Алісы.
Пакуль старанныя жыхары лясоў наладжвалі начлег, маладыя дзяўчаты падмацавалі сябе вячэрай, хутчэй, аднак, дзеля неабходнасці, чым з адчування голаду. Потым яны ляглі на прыгатаваную для іх пахучую пасцель і зараз-жа заснулі.
Дункан вырашыў правесці ноч, ахоўваючы іхны спакой, і ўзяў на сябе абавязак вартавога, прысеўшы каля адной са знадворных сцен блокгауза, але Сакалінае Вока, паказаўшы яму на Чынгачгука, сам спакойна прылёг на траву і прамовіў:
— Вочы белага чалавека занадта сляпыя для начной варты. Нашым вартавым будзе магікан, мы-ж можам спакойна спаць!
— Мне менш патрэбен адпачынак, чым вам, — сказаў Хейвард. — Няхай кладуцца спаць усе, апрача мяне; я буду стаяць на варце.
— Калі-б мы былі сярод белых палатак шасцідзесятага палка і стаялі супроць такога непрыяцеля, як Манкальм, я не пажадаў-бы лепшай аховы, — адказаў разведчык, — але ў цёмную ноч у гэтай дзікай глушы вы толькі дарма будзеце напружваць вашу ўвагу і пільнасць. Дык вось, вазьміце лепш прыклад з Ункаса і з мяне — кладзіцеся спаць, і, паверце, вас нішто не ўстрывожыць.
Сапраўды, Хейвард убачыў, што малады індзеец лёг на схіле ўзгорка і, здавалася, збіраўся як мага лепш скарыстаць час, прысвечаны адпачынку, і што Давід, язык якога літаральна прыліп да горла ад ліхарадкі, выкліканай ранай і якая ўзмацнілася дзякуючы цяжкаму пераходу, паследаваў прыкладу Ункаса. Не жадаючы і далей весці непатрэбныя спрэчкі, малады чалавек напалову прылёг, прыхіліўшыся спіною да бярвенняў блокгауза, але ў душы цвёрда вырашыў не заплюшчваць вачэй, пакуль не перадасць Кору і Алісу ў рукі Мунро. Разведчыку здалося, што супраціўленне маладога афіцэра зломлена, і з гэтай думкай паляўнічы хутка заснуў.
Даволі доўгі час Дункану ўдавалася змагацца са сном. Вячэрні змрок згусціўся над яго галавой, але ён усё яшчэ адрозніваў людзей, якія ляжалі на зямлі, і прыслухоўваўся да кожнага гуку ў лесе, да кожнага ўздыху Чынгачгука, які сядзеў выпрастаўшыся, таксама нерухома, як дрэвы, што цёмнымі сценамі ўзнімаліся з усіх бакоў.
Але вось сумныя крыкі выпі пачалі для Дункана злівацца са стогнамі савы; у поўдрымотным стане ён прымаў куст за свайго таварыша — вартавога; нарэшце, галава яго схілілася на плячо, а плячо ў сваю чаргу нахілілася да зямлі; усё яго цела акволела, выгнулася, і Дункан моцна заснуў.
Яго абудзіў лёгкі штуршок у плячо. Ледзь-ледзь дакрануліся да пляча, але Дункан ускочыў, усномніўшы пра абавязак, які ён усклаў на сябе ў пачатку ночы.
— Хто ідзе? — запытаўся маёр, абмацваючы шаблю.
— Прыяцель, — адказаў ціхім голасам Чынгачгук і, паказаўшы на месяц, які струменіў сваё мяккае святло праз лісце дрэў, дадаў на сваёй ламанай англійскай мове:
— Месяц узышоў; форт белага чалавека яшчэ далёка-далёка; пара ісці, цяпер сон сплюшчвае абодва вокі француза.
— Так, так, твая праўда. Пакліч сваіх сяброў, падрыхтуй коней, а я абуджу сваіх спадарожніц.
— Мы прачнулкя ўжо, Дункан, — прагучэў з блокгауза звонкі голас Алісы, — і пасля такога салодкага сну гатовы ехаць, але вы не спалі на працягу ўсёй гэтай доўгай ночы, ды яшчэ пасля такога дня, які цягнуўся, здаецца, цэлае жыццё. І ўсё дзеля нас!
— Скажыце лепш, што я збіраўся не спаць, але мае вочы здрадзілі мне.
— Не, Дункан, не адмаўляйцеся, — з усмешкай спыніла яго Аліса, выходзячы з ценю блокгауза на пляцоўку, залітую святлом месяца. — Ці не можна нам яшчэ крыху пабыць тут, каб і вы адпачылі? Вам-жа так патрэбен адпачынак! Мы з Корай ахвотна і з вялікай радасцю будзем пільнаваць, а вы і ўсе астатнія храбрацы кладзіцеся і адлачывайце.
— Калі-б сорам мог вылечыць мяне ад санлівасці, я ніколі больш не заплюшчыў-бы вачэй, — адказаў малады чалавек, адчуваючы сябе вельмі няёмка і баючыся насмешкі.
Яго словы былі спынены глухім усклікам Чынгачгука. У той-жа час Ункас застыў, напружана прыслухоўваючыся.
— Сюды ідзе вораг, і магікане чуюць гэта, — прашаптаў Сакалінае Вока, прачнуўшыся, як і ўсе астатнія. — Яны чуюць небяспеку ў паветры.
— Барані бог, — прамовіў Хейвард. — Мы бачылі ўжо досыць крывяпраліццяў.
Тым не менш афіцэр схапіў сваю стрэльбу і рушыў наперад. — Тут ходзіць які-небудзь лясны звер, — прашаптаў ён, пачуўшы ціхія і, напэўна, далёкія гукі, якія ўстрывожылі магікан.
— Цс! — адказаў уважлівы разведчык. — Гэта не звер, а чалавек. Хоць я сляпы і глухі ў параўнанні з індзейцамі, але цяпер нават я пазнаю крокі чалавека. Гурон, які ўцёк ад нас, мабыць сустрэўся з адным з перадавых атрадаў Манкальма, і французы напалі на наш след. Мне і самому не хацелася-б праліваць у гэтым месцы чалавечую кроў, — дадаў ён, трывожна аглядаючы няясныя абрысы блокгауза, — але чаму суджана, то і будзе. Вядзіце коней у блокгауз; ты, Ункас, і вы, сябры, схавайцеся туды-ж. Якія-б старыя і мізэрныя ні былі-б гэтыя сцены, яны ўсё-ж з’явяцца прыкрыццём, тут ужо грымелі стрэлы.
Яго жаданне было выканана; магікане ўвялі ў разбураны блокгауз нараганзетаў; усе падарожнікі ў поўным маўчанні ўвайшлі туды-ж.
Гукі крокаў, што набліжаліся, рабіліся да таго выразнымі, што ўсякія сумненні зніклі. Хутка пачуліся і галасы. Людзі пераклікаліся на індзейскай мове, і Сакалінае Вока шэптам сказаў Хейварду, што яны размаўляюць па-гуронску.
Калі дзікуны дайшлі да таго месца, на якім коні павярнулі ў гушчар, што абкружаў блокгауз, яны, як відаць, згубілі след.
Мяркуючы па галасах, можна было думаць, што набліжалася каля дванаццаці чалавек; відавочна, яны сабраліся ўсе ў адным месцы, іхныя галасы зліліся ў моцны шум.
— Як відаць, гэтыя нягоднікі ведаюць, што нас мала, — прашаптаў Сакалінае Вока, які стаяў побач з Хейвардам, пазіраючы ў шчыліну паміж бярвеннямі, — інакш яны не ўзнімалі-б такога шуму. Прыслухайцеся толькі. Здаецца, быццам ў кожнага з іх па два языкі і ўсяго адна нага.
Не гледзячы на ўсю сваю храбрасць, Дункан не мог у хвіліну цяжкага чакання нічога адказаць на спакойную трапную заўвагу разведчыка. Мацней сціснуўшы стрэльбу, ён стаў яшчэ больш пільна і трывожна разглядаць праз вузкую адтуліну ў сцяне паляну, залітую святлом месяца. У натоўпе індзейцаў пачуўся моцны і загадвальны голас; усе астатнія змоўклі, і гэтая цішыня даказвала, што яны з павагай слухаюць загады свайго правадыра. Зашамацела лісцё, пачуўся трэск сухога галля; як відаць, дзікуны раздзяліліся, ідучы шукаць згублены след. На шчасце для схованых у блокгаузе, святло месяца не было такім яркім, каб пранізаць густую заслону лесу. Пошукі чырвонаскурых былі бясплоднымі; падарожнікі так шпарка перасеклі невялікую прастору, якая аддзяляла ледзь прыкметную сцежку ад гушчара, што іх слабыя сляды зніклі ў ценю.
Тым не менш шолах лісця і галін хутка паказаў, што нястомныя дзікуны старанна аглядалі кусты і паступова падыходзілі да зараснікаў маладых каштанаў, якія абкружалі маленькую пляцоўку каля блокгауза.
— Здаецца, яны ідуць сюды, — прашаптаў Хейвард, стараючыся прасунуць ствол сваёй стрэльбы ў шчыліну паміж бярвеннямі. — Я думаю, калі яны будуць бліжэй, мы стрэлім?
— Схавайце стрэльбу, — запярэчыў Сакалінае Вока, — стук крэмня або хоць-бы пах пораху прыцягне нягоднікаў сюды. Ну, а ўжо калі будзе воля бога, каб мы ўступілі ў барацьбу дзеля захавання нашых скальпаў, даверцеся вопытнасці людзей, якія ведаюць норавы і звычаі індзейцаў і не часта ўцякаюць пры гуках баявых крыкаў.
Дункан азірнуўся і ўбачыў, што спалоханыя маладыя дзяўчаты прытуліліся ў аддаленым кутку блокгауза, а магікане стаяць у ценю, як відаць, са здавальненнем рыхтуючыся пачаць барацьбу. Малады афіцэр, стрымаўшы ў сабе нецярплівасць, зноў зірнуў на двор і стаў моўчкі чакаць далей шага. У гэты самы момант густыя галіны гушчару рассунуліся, і на пляцоўцы паказаўся высокі ўзброены гурон. Ён павярнуўся да ціхага блокгауза, і святло месяца заліло яго цёмны твар, на якім відаць было здзіўленне і дапытлівасць. З губ індзейца сарваўся здзіўлены ўсклік, і ён нешта ціха сказаў. Да яго зараз-жа падышоў яго таварыш.
Некаторы момант гуроны стаялі побач, паказваючы пальцамі на поўразбураны будынак і размаўляючы аб нечым. Потым яны рушылі наперад, аднак ціха і асцярожна, увесь час спыняючыся і пільна гледзячы на блокгауз; дзікуны былі падобнымі да здзіўленых аленяў, дапытлівасць якіх змагаецца з трывогай. Нага аднаго з гуронаў ступіла на маленькі зялёны ўзгорак, і ён нагнуўся, каб разгледзець яго. У гэты момант Хейвард убачыў, што Сакалінае Вока выняў нож і апусціў дула сваёй стрэльбы. Малады чалавек зрабіў тое-ж самае і падрыхтаваўся да барацьбы, якая здавалася немінучай.
Цяпер гуроны былі так блізка, што ўсякі рух каня, або ўздых чалавека выявілі-б бегляцоў. Аднак, зразумеўшы, які ўзгорак знаходзіўся пад іх нагамі, гуроны пачалі ажыўленую гутарку паміж сабою: іх галасы былі ціхімі і ўрачыстымі; здавалася, чырвонаскурых ахапіла пачуццё пашаны, блізкае да страху. Змоўкшы, дзікуны асцярожна адышлі, не спускаючы вачэй з руін блокгауза, нібы чакалі, што з-за маўклівых сцен з’явяцца здані; нарэшце, яны павольна зніклі Ў маладым гаю.
Сакалінае Вока апусціў на зямлю прыклад сваёй стрэльбы і, глыбока ўздыхнуўшы, прамовіў выразным шэптам:
— А, яны паважаюць мёртвых, і гэта выратавала іх уласнае жыццё, а можа таксама і жыццё людзям, лепшым за іх.
Хейвард уважліва глянуў на паляўнічага, але нічога не адказаў і зноў павярнуўся ў бок дзікуноў, якія ў гэтую хвіліну цікавілі яго больш за ўсё. Ён пачуў, як двое гуронаў вышлі з кустоў, і хутка зразумеў, што астатнія чырвонаскурыя абкружылі сваіх таварышоў і ўважліва слухаюць іх апавяданне. Некалькі хвілін яны размаўлялі сур’ёзна і ўрачыста; гэтая гутарка не была падобнай да іх першай шумнай нарады. Хутка галасы чырвонаскурых пачалі заціхаць і, нарэшце, канчаткова, загубіліся ў глыбіні лесу.
Сакалінае Вока жэстам прапанаваў Хейварду вывесці коней з пабудовы і дапамагчы Алісе і Коры сесці ў сёдлы.
Потым маленькі атрад бясшумна крануўся ў дарогу. Маладыя дзяўчаты палахліва азіраліся на магілу гуронаў і на стары блокгауз, і іх трывога асабліва ўзмацнілася, калі, пакінуўшы ззаду асветленую месяцам лугавіну, яны паглыбіліся ў густую цемру лесу.
РАЗДЗЕЛ XIV
Сакалінае Вока зноў заняў месца наперадзе маленькага атрада, але цяпер, нават пасля таго, як паміж ім і яго ворагамі была ўжо дастаткова вялікая адлегласць, паляўнічы ішоў значна менш упэўнена, чым у папярэднім пераходзе: ён, як відаць, зусім не ведаў гэтага ўчастку лесу. Не раз ён спыняўся, каб параіцца з магіканамі, паказаў ім на месяц, альбо ўважліва аглядаў кару дрэў. У часе такіх кароткіх прыпынкаў Хейвард і Кора з Алісай напружвалі свой слух, які стаў вострым дзякуючы ўсведамленню небяспекі, і стараліся злавіць якія-небудзь адзнакі, што маглі папярэдзіць іх аб набліжэнні лютых гуронаў. Але вялікая лясная прастора, здавалася, была ахутана вечным сном; з лесу не даносілася ніякіх гукаў, апрача далёкага, ледзь чутнага цурчання ручая. Птушкі, звяры і людзі, калі яны знаходзіліся сярод галін, спалі глыбокім, непрабудным сном. Слабае і ласкавае цурчанне ручайка вызваліла праваднікоў з немалой цяжкасці. Сакалінае Вока і магікане зараз-жа павярнулі ў напрамку да ручая.
Паблізу берагу ручая Сакалінае Вока, зрабіўшы другі прывал, зняў з ног макасіны і прапанаваў Хейварду і Гамуту зрабіць тое-ж самае. Потым увайшоў у ваду, і каля гадзіны маленькі атрад ішоў па рэчышчу ручая, не пакідаючы пасля сябе слядоў. Месяц ужо схаваўся за вялізныя клубы чырвоных хмар, якія згрупаваліся ў заходняй частцы гарызонта, калі падарожнікі пакінулі мелкі і звілісты ручай і зноў апынуліся на пясчанай, зарослай лесам нізіне. Тут паляўнічы, як відаць, стаў значна спакайнейшым; цяпер ён ішоў з упэўненасцю і хуткасцю чалавека, які ведае, што рабіць. Хутка сцежка зрабілася менш роўнай, і падарожнікі заўважылі, што яе з абодвух бакоў сціскаюць горы і што ім неўзабаве давядзецца ўвайсці ў адну згорных цяснін. Тут Сакалінае Вока спыніўся і, пачакаўшы астатніх, загаварыў у поўголаса:
— Лёгка вывучыць лясныя сцежкі, навучыцца шукаць салёныя крыніцы і ручаі ў лясной глушы, — сказаў ён. — Але хто з тых, хто бачыць гэтае месца, адважыцца сказаць, што цэлы атрад можа хавацца сярод гэтых маўклівых дрэў і каменных схілаў?
— Значыць, мы ўжо недалёка ад форта Уільям-Генры, — запытаўся Хейвард, падыходзячы да разведчыка.
— Яшчэ далёка, ды апрача таго нам давядзецца ісці па вельмі нязручнай дарозе. Глядзіце, — дадаў паляўнічы, паказваючы на невялікі вадаём, на гладкай паверхні якога нерухома ляжалі адлюстраванні зорак, — гэта «Крывавы Пруд». Я не толькі часта бываў тут, але і біўся з ворагамі, біўся ад усходу і да захаду сонца.
— Значыць, гэта і ёсць магіла храбрацоў, якія былі забіты ў часе бою? Я чуў назву «Крывавы Пруд», але ніколі не бачыў гэтага страшнага вадаёма.
— Так, паваявалі мы тут, — казаў далей Сакалінае Вока, хутчэй гаворачы сам сабе пад уплывам уласных думак, чым адказваючы на заўвагу Дункана. — Нямала французаў знайшло тут магілу. Уласнымі вачыма я бачыў, як гэтыя воды пачырванелі ад крыві.
— Ва ўсякім выпадку, гэта — спакойная магіла для салдата, — заўважыў Дункан. — А вы, значыць, доўга служылі тут на граніцы?
— Я? — горда ўсклікнуў разведчык. — Амаль усе гэтыя схілы паўтаралі гукі маіх стрэлаў, і паміж Гарыканам і ракой не знойдзецца ні адной квадратнай мілі, на якой мой «аленебой» не паваліў-бы ворага або ляснога звера. Цс! Вы нічога не бачыце на тым беразе вадаёма?
— Наўрад ці ў гэтым цёмным лесе знойдзецца яшчэ хто-небудзь такі-ж беспрытульны, як мы.
— Такія стварэнні, як гэтае, мала турбуюцца аб доме або прытулку, і начная раса не пакрые вільгаццю цела, якое ў золак апускаецца ў ваду, — сказаў Сакалінае Вока і ўчапіўся за плячо Дункана з такой сударгавай сілай, што афіцэр зразумеў, які страх схапіў гэтага звычайна бясстрашнага чалавека.
— Клянуся небам, гэта жывы чалавек, і ён падыходзіць да нас. Бярыцеся за зброю, сябры, бо невядома, вораг ці прыяцель ідзе нам насустрач.
— Хто ідзе? — па-французску запытаў суровы голас.
— Што гэта значыць? — прашаптаў Сакалінае Вока. — Ён гаворыць не па-англійску і не па-індзейску.
— Хто ідзе? — паўтарыў той-жа голас. Услед за пытаннем пачулася шчоўканне курка, а фігура незнаёмага стала ў пагражаючую позу.
— Францыя! — па-французску-ж крыкнуў Хейвард, выехаўшы з-пад ценю дрэў на бераг вадаёма і спыніўся на адлегласці некалькіх ярдаў ад вартавога.
— Адкуль вы і куды накіроўваецеся ў такі час? — па-французску запытаў грэнадзер з акцэнтам прыраджэнца старой Францыі.
— Вяртаюся з разведкі, іду спаць.
— Вы афіцэр караля?
— Ну, вядома, камрад. Няўжо не відаць адразу? Я капітан стралковага палка (Хейвард паспеў заўважыць, што салдат належаў да аднаго з лінейных палкоў), са мною палонныя дачкі камандзіра англійскай крэпасці. Ага! Ты чуў пра гэта? Я іх захапіў у палон каля форта і вязу да генерала.
— Дальбог, паненкі, мне вельмі сумна, што гэта здарылася з вамі, — прамовіў малады салдат і ветліва прыклаў руку да казырка, — але што рабіць: зменнасці вайны! Вы ўбачыце, што наш генерал — добры чалавек і вельмі ветлівы з дамамі.
— Такі звычай ваенных, — па-французску адказала Кора, якая вельмі добра валодала сабой. — Бывайце. Жадаю, каб вам далі які-небудзь больш прыемны абавязак.
Салдат ветліва і нізка пакланіўся ёй, а Хейвард дадаў: «Спакойнай ночы, таварыш», — і ўсе падарожнікі зноў павольна рушылі ў дарогу, пакінуўшы вартавога хадзіць узад і ўперад па беразе ціхага вадаёма. Не дапускаючы думкі, каб ворагі маглі пайсці на такую шалёную смеласць, ён спяваў песеньку, якая ўзнікла ў яго галаве, калі ён убачыў маладых дзяўчат і, можа, пры ўспамінах аб сваёй каханай далёкай Францыі:
„Vive le vin, vive l‘amour!“[8]
— Якое шчасце, што вы здолелі дагаварыцца з гэтым машэннікам, — прашаптаў разведчык, мінуўшы вадаём.
— Ён можа падзякаваць богу за тое, што ветліва абышоўся з намі; у адваротным выпадку, сярод касцей яго зямлякоў знайшлася-б мясцінка і для яго шкілета.
Сакалінае Вока не мог гаварыць далей: яго спыніў працяглы і глухі стогн, які данёсся ад невялікага вадаёма; здавалася, быццам душы забітых сапраўды ўсё яшчэ блукалі каля сваёй вадзяной магілы.
— Усё-ж такі гэты салдат быў жывы чалавек? — праказаў яшчэ разведчык. — Ні адзін дух не здолеў-бы так лоўка абыходзіцца са стрэльбай.
— Так, гэта быў жывы чалавек, толькі ці астаўся небарака жывым, невядома, і ў гэтым можна сумнявацца, — адказаў Хейвард, азіраючыся навокал і заўважаючы, што побач няма Чынгачгука. Пачуўся другі стогн, слабейшы першага, потым глуха плесканула вада, і зноў зрабілася зусім ціха. Маленькі атрад стаяў у нерашучасці, не ведаючы, што рабіць; у гэты час з гушчару вышаў індзеец. Правадыр магікан падыходзіў да сваіх спадарожнікаў. Адной рукой ён прывязваў да свайго пояса скальп няшчаснага француза, а другой папраўляў скальпіравальны нож і тамагаук, якія былі заліты крывёю маладога салдата. Ён спакойна заняў сваё ранейшае месца з выглядам чалавека, які выканаў пахвальны абавязак.
Разведчык апусціў прыклад стрэльбы на зямлю, паклаў рукі на яе дула і спыніўся ў глыбокім раздум’і. Нарэшце, сумна паківаўшы галавой, прамармытаў.
— А ўсё-ж такі шкада, што гэта здарылася з вясёлым маладым чалавекам з старых краін, а не з якім-небудзь мінгам.
— Досыць, — сказаў Хейвард; ён баяўся, як-бы сёстры, якія нічога не падазравалі, не зразумелі прычыны прыпынку невялічкага атрада. — Справа зроблена, і хоць было-б лепш, калі-б гэтага не адбылося, зробленага не зменіш. Аднак мы, як відаць, знаходзімся на лініі вартавых ворага.
— Так, — прамовіў, выходзячы з раздум’я, Сакалінае Вока, — сапраўды, не варта больш думаць пра здарэнне. Так, так, як відаць, вакол форта сабралася шмат французаў, і нас чакае нялёгкая задача.
— Апрача таго ў нас мала часу, — дадаў Хейвард, узняўшы вочы на туманныя воблакі, якія засланялі заходзіўшы месяц.
— Так, мала, — паўтарыў разведчык. — Але мы можам прабрацца ў форт двума спосабамі.
— Скажыце хутчэй, як, — час-жа праходзіць.
— Першы спосаб наступны: маладыя дзяўчаты павінны сыйсці з коней і пусціць іх на волю. Мы пашлем наперад магікан, і тады нам, быць можа, удасца прабіцца праз лінію вартавых непрыяцеля і ўвайсці ў форт, па целах забітых французаў.
— Не, не! — спыніў яго Хейвард. — Салдат яшчэ мог-бы прарвацца такім спосабам, але з нашымі спадарожніцамі пра гэта няма чаго і думаць.
— Праўда, гэта быў-бы вельмі крывавы шлях для іх далікатных ног, — згадзіўся разведчык, — аднак, з павагі да ўласнай мужнасці я лічыў сваім абавязкам нагадаць пра яго. Значыць, нам давядзецца павярнуць і абыйсці лінію французскіх умацаванняў, потым зрабіць круты паварот на захад і ўвайсці ў горы. Там я схаваю вас так, што праклятыя найміты Манкальма на працягу многіх месяцаў не знойдуць нашых слядоў.
— Няхай так і будзе, і чым хутчэй, тым лепш.
Далейшых разважанняў не спатрэбілася. Сакалінае Вока сказаў толькі: «Ідзіце за мною» і рушыў назад па той дарозе, якая давяла падарожнікаў да такога небяспечнага становішча. Яны былі асцярожны, іх ногі ступалі бясшумна: бо кожную хвіліну яны маглі сустрэць патруль або пікет французаў, які залёг у засадзе. Зноў мінуўшы вадаём, Хейвард і разведчык скоса зірнулі на яго страшныя і тужлівыя воды. Дарэмна іх позіркі шукалі цела таго, хто так нядаўна хадзіў па маўклівых берагах; толькі лёгкае хваляванне даказала ім, што вада яшчэ не зусім супакоілася пасля крывавай справы.
Сакалінае Вока змяніў напрамак і пайшоў да гор, якія з’яўляліся заходняй мяжой вузкай нізіны; цяпер ён шпаркімі крокамі вёў сваіх спадарожнікаў, стараючыся трымацца ў ценю высокіх і зубчатых верхавін. Шлях зрабіўся цяжэйшым; прыходзілася ісці па няроўнай глебе, укрытай каменнямі, перасечанай равамі, і маленькі атрад стаў пасоўвацца цішэй. З абодвух бакоў узвышаліся аголеныя чорныя горы, якія сведчылі, што падарожнікам не пагражае небяспека. Нарэшце, атрад пачаў павольна падымацца па крутой сцежцы, якая звівалася сярод каменняў і рэдкіх дрэў.
Па меры таго як падарожнікі падымаліся на гару, густы туман, які звычайна з’яўляецца перад надыходам дзённага святла, пачаў рассейвацца, і колеры, якімі прырода апранула ўсё навакольнае, вырысоўваліся больш ясна і выразна. Вышаўшы з-пад галін мізэрных дрэў, якія чапляліся за аголеныя схілы гор, і ступіўшы на плоскую і ўкрытую мохам скалу, падарожнікі ўбачылі, што над верхавінамі зялёных хвой, укрываўшых гару, на процілеглым беразе Гарыкана, пачынала ўжо святлець.
Разведчык прапанаваў Коры і Алісе сыйсці з коней, зняў аброці і сёдлы са змораных нараганзетаў і пусціў іх на волю шукаць для саміх сябе мізэрны корм — скубсці лісце кустоў і высахшўю траву.
— Ідзіце, — сказаў ён коням, — пастарайцеся знайсці сабе корм там, дзе яго вам дасць прырода, ды глядзіце, не трапляйце на зубы драпежных ваўкоў, якія блукаюць у гэтых горах.
— Але хіба нам больш не патрэбны коні? — запытаў Хейвард.
— Глядзіце і мяркуйце самі, — сказаў разведчык, падыходзячы да ўсходняга краю гары і знакам прапануючы ўсім падыйсці. — Калі-б можна было таксама ясна бачыць сэрцы людзей, як лагер Манкальма з гэтага месца, мала-б асталося ліцамераў, і хітрасць мінгаў страціла-б сілу.
Падышоўшы да кручы, падарожнікі адразу ацанілі, наколькі праўдзівымі былі словы разведчыка, і зразумелі, чаму прывёў ён іх на верхавіну гэтай гары.
Яна ўзвышалася футаў на тысячу і мела выгляд высокага конуса, адзін в адрогаў горнага ланцуга, які на многа міль цягнуўся па заходнім беразе азёр, сустракаючыся з іншымі грамадамі на тым баку Гарыкана. Уся паўднёвая частка Гарыкана ляжала цяпер перад падарожнікамі, як на далоні.
На самым беразе возера, бліжэй да яго заходняга краю, відаць былі даўгія земляныя валы і нізкія пабудовы крэпасці Уільям-Генры. Хвалі абмывалі фундамент двух невысокіх бастыёнаў, а глыбокі роў і вялікае балота ахоўвалі астатнія бакі і вуглы форта. Вакол умацаванняў лес быў высечаны, але ўсе астатнія часткі малюнка прырода агарнула зялёнай аслонай, за выключэннем тых месц, дзе празрыстыя воды былі прыемнымі для вачэй або грозныя скалы ўзнімалі свае аголеныя галовы. Перад крэпаснай лініяй відаць былі паасобныя вартавыя; за сценамі падарожнікі ўбачылі салдат, якія яшчэ драмалі пасля бяссоннай ночы. На паўднёвым усходзе у непасрэдным суседстве з фортам, размяшчаўся ахаваны траншэямі лагер; ён быў размешчаны на скалістым узвышшы, якое з’яўлялася значна больш зручным месцам для крэпасці. Сакалінае Вока паказаў сваім спадарожнікам той атрад, які пакінуў Гудзон адначасова з маёрам і яго спадарожнікамі. Крыху на поўдзень з лесу ўзнімаўся цёмны дым; відавочна, там заселі значныя сілы ворага.
Аднак, маладога афіцэра больш за ўсё цікавіла тое, што ён бачыў на заходнім беразе возера. На паласе зямлі, якая яму здавалася вельмі вузкай для вялікага атрада, але па сутнасці займала некалькі соцень ярдаў, цягнучыся ад Гарыкана ў бок падножжа гор, бялелі палаткі вялікага лагера. Батарэі высунуліся наперад, і якраз у той час, калі падарожнікі глядзелі на гэты малюнак, які падобна да карты рассцілаўся пад іх нагамі, грукат артылерыі даляцеў з даліны і пранёсся ўдоўж усходніх гор, абуджаючы ў скалах громавыя водгукі.
— Ранішнія праменні толькі што дакрануліся да іх там, унізе, — спакойна і нібы ў раздум’і сказаў разведчык, — і вартавыя надумаліся абудзіць тых, хто спіць, гукам гарматы. Мы спазніліся на некалькі гадзін! Манкальм ужо напоўніў лясы сваімі праклятымі іракезамі.
— Сапраўды, крэпасць абложана, — адказаў Дункан. — Але хіба нельга прыдумаць спосабу прабрацца ў форт? Лепш быць асаджаным за яго сценамі, чым зноў апынуцца ў руках індзейцаў.
— Паглядзіце! — усклікнуў разведчык, мімаволі прымусіўшы Кору звярнуць увагу на тую частку форта, у якой стаяў дом яе бацькі. — Глядзіце, як ад стрэлу паляцелі каменні каменданцкага дома! Французы разбураць яго хутчэй, чым ён быў пабудаваны, хоць будынак моцны і сцены яго тоўстыя.
— Хейвард, мне вельмі цяжка, што мой бацька знаходзіцца ў небяспецы і я не магу раздзяліць яе, — узрушана сказала бясстрашная Кора. — Пойдзем да Манкальма, папросім яго даць мне пропуск. Ён не адважыцца адмовіць у гэтай просьбе дачцэ.
— Наўрад ці вы падойдзеце да палаткі француза, захаваўшы валасы на галаве, — адкрыта сказаў разведчык. — Вось калі-б у мяне была хоць адна з тысячы лодак, якія без карысці стаяць там, удоўж берагу, мы яшчэ маглі-б прабрацца ў непрыяцельскі лагер. Але глядзіце, хутка страляніна спыніцца: насоўваецца туман, які ператворыць дзень у ноч і зробіць індзейскую стралу больш небяспечнай, чым самая выдатная гармата. Калі ў вас хопіць сілы, каб ісці ўслед за мной, я пайду наперад; я-ж вельмі хачу ўвайсці ў форт Уільям-Генры хоць-бы дзеля таго, каб рассеяць гэтых сабак мінгаў, якія, як я бачу, хаваюцца на краі бярозавага пералеску.
— Так, мы адчуваем сябе дастаткова моцнымі, — цвёрда сказала Кора, — і гатовы ісці на любую небяспеку.
Разведчык павярнуўся да яе з усмешкай сардэчнай ухвалы і адказаў:
— Скажу не ўтойваючы, я хацеў-бы, каб у мяне была тысяча мужных малайцоў, якія таксама-ж мала баяліся-б смерці, як вы. Тады менш чым праз тыдзень я адкінуў-бы французаў у іх бярлогу. Але, — дадаў Сакалінае Вока, звяртаючыся да астатніх спадарожнікаў, — туман рухаецца з такой хуткасцю, што мы ледзь-ледзь паспеем захапіць яго ў раўніне і схавацца ў ім. Памятайце-ж, калі са мной што-небудзь здарыцца, ідзіце так, каб вецер дуў у вашу левую шчаку, а яшчэ лепш, ідзіце ўслед за магіканамі; ні ўдзень, ні ўначы яны не саб’юцца з дарогі.
Махнуўшы рукой, разведчык асцярожнымі крокамі стаў спускацца з крутога схілу. Хейвард падтрымліваў сясцёр, і хутка ўсе апынуліся недалёка ад падножжа гары, на якую яны нядаўна ўзбіраліся з такой цяжкасцю.
Ідучы ў напрамку, выбраным Сакаліным Вокам, падарожнікі сышлі на раўніну амаль супроць заходніх варот форта Уільям-Генры. Крэпасць была цяпер на адлегласці поўмілі; густы туман хаваў падарожнікаў ад вачэй непрыяцеля. Аднак, ім давялося спыніцца і пачакаць, каб туман ахутаў сваёй вільготнай пакрыўкай варожы лагер. Карыстаючыся прыпынкам, магікане выслізнулі з ляснога гушчару і пачалі аглядаць мясцовасць навакол. Разведчык ішоў на невялікай адлегласці ад іх.
Праз некалькі хвілін Сакалінае Вока вярнуўся з тварам, пачырванелым ад непрыемнасці.
— Хітры француз паставіў пікет якраз на нашым шляху, — сказаў ён. — Тут і чырвонаскурыя і белыя, і ў гэтым тумане мы з такім-жа поспехам можам трапіць у рукі ворагаў, як і мінуць іх.
— А ці не можна, абагнуўшы, абыйсці пікет, — запытаў Хейвард, — а калі небяспека міне, вярнуцца на сцежку.
— Але хіба можна, пакінуўшы ў тумане раз выбраны напрамак, з упэўненасцю сказаць, калі і ў які момант зноў знойдзеш сваю дарогу? Туман Гарыкана — не тое, што дым з люлькі міру або дымок, які ўецца над кастрамі, раскладзенымі, каб схавацца ад маскітаў.
Не паспеў ён дагаварыць, як пачуўся грукат гарматы; знарад праляцеў праз гушчар, ударыў у дрэва і, адскочыўшы ад яго ствала, на злёце зваліўся на зямлю.
Услед за страшным прадвеснікам зараз-жа паказаліся індзейцы. Ункас ажыўлена пачаў гаварыць на дэлаварскай мове.
— Можа быць і так, хлопчык, — прамармытаў разведчык, калі малады магікан змоўк. — Ідзем-жа, туман насоўваецца!
— Не, пачакайце! — ускрыкнуў Хейвард. — Спачатку растлумачце: якая ў вас надзея?
— Растлумачыць нашы планы няцяжка, і ведайце, што ў нас малая надзея на поснех; аднак, усё-ж лепш мець якую-небудзь надзею. Ядро, якое вы бачыце, — дадаў Сакалінае Вока, адштурхоўваючы нагой бясшкодны снарад, — па дарозе з умацавання ўскапала зямлю, і нам давядзецца знайсці зробленую ім баразну, калі ўсе іншыя адзнакі шляху знікнуць. Цяпер даволі слоў, ідзіце за мной, а то туман можа рассеяцца, і ў такім выпадку мы, стоячы паміж сябрамі і ворагамі, трапім пад іх скрыжаваны агонь.
Хейвард зразумеў, што надышоў сапраўды крытычны момант, калі трэба было дзейнічаць, а не гаварыць. Ён стаў паміж двума сёстрамі і шпарка пайшоў разам з імі наперад, не губляючы з вачэй ледзь бачную ў тумане фігуру разведчыка. Хутка высветлілася, што Сакалінае Вока ніколькі не праўвялічваў гушчыні туману: менш чым праз дваццаць ярдаў іх ахутаў такі густы туман, што яны ледзь бачылі адзін аднаго.
Падарожнікі зрабілі невялікі крук у левы бок, потым павярнулі направа. Хейвард лічыў ужо, што яны прайшлі палавіну адлегласці, якая аддзяляла іх ад умацаванняў сяброў, але раптам, мабыць, футах у дваццаці ад маёра, пачуўся рэзкі воклік па-французску.
— Хто ідзе?
— Наперад, — шапнуў разведчык, павяртаючы ўлева.
У гэты момант больш дзесятка галасоў паўтарыла пытанне, і ў кожным чулася пагроза.
— Гэта я! — крыкнуў па-французску Дункан і хутчэй пацягнуў, чым павёў за сабой сваіх спадарожніц.
— Дурань! Хто «я»?
— Прыяцель Францыі.
— А мне здаецца, ты больш падобны да ворага Францыі. Стой, а то, далібог, я ператвару цябе ў прыяцеля д’ябла! Страляйце, таварышы! Плі!
Загад быў безадкладна выкананы: стрэлы пяцідзесяці стрэльбаў разарвалі туман. На шчасце, цэль была няяснай, і кулі праляцелі міма; аднак, яны праляцелі так блізка ад бегляцоў, што маладым дзяўчатам і Давіду здавалася, быццам яны праляцелі на адлегласці некалькіх дзюймаў ад іх вушэй. Зноў пачуліся воклічы і гукі пагоні. Тады Сакалінае Вока спыніўся і, шпарка прыняўшы рашэнне, цвёрда прамовіў:
— Стрэлім у іх усе адразу; яны падумаюць, што нашы зрабілі вылазку, і адступяць або-ж спыняцца, чакаючы падмацавання.
Гэты вельмі добра прыдуманы план не ўдаўся. Ледзь толькі французы пачулі стрэлы, уся раўніна ажывілася, зашчоўкалі стрэльбы на ўсім яе працягу, ад берагоў возера і да самага аддаленага краю лесу.
— Мы прыцягнем на сябе ўвесь атрад! — усклікнуў Дункан. — Друг мой, вядзіце нас наперад, да форта, калі вы шкадуеце ваша ўласнае жыццё і наша!
Разведчык з радасцю згадзіўся-б выканаць яго жаданне, але ён і сам не ведаў цяпер, у якім баку знаходзіцца форт; дарэмна падстаўляў ён пад ветрык то адну шчаку, то другую: яны абедзве адчувалі аднолькавы халадок. У гэты цяжкі момант Ункас наткнуўся на баразну, праведзеную гарматным ядром, якое прабіла тры мурашнікі.
— Пусціце мяне наперад, — сказаў Сакалінае Вока, нахіліўся, прасачыў за напрамкам баразны і шпарка рушыў па ёй.
Крыкі, праклёны, стрэлы зліваліся ў адзін гул і чуліся з усіх бакоў. Але раптам бліснула паласа святла: туман падняўся густымі кольцамі, гарматныя стрэлы загрымелі над далінай, і іх грукат адбіўся ў горах і пячорах.
— Гэта з форта! — ускрыкнуў Сакалінае Вока. — А мы як дурні, беглі да лесу, проста пад нажы макуасаў!
Высветліўшы сваю памылку, невялікі атрад зараз-жа пастараўся нагнаць затрачаны час; падарожнікі напружвалі ўсе свае сілы. Дункан ахвотна перадаў Кору Ункасу, якая з радасцю згадзілася на дапамогу маладога магікана. Было ясна, што за бегляцамі гналіся разгарачоныя праследаваннем раззлаваныя салдаты.
— Літасці не даваць! — па-французску крыкнуў адзін з праследавальнікаў, які, здавалася, накіроўваў астатніх.
— Стойце, рыхтуйцеся, мае храбрацы! — раптоўна пачуўся голас зверху. — Спачатку разгледзьце ворага! Страляць уніз, калі я скамандую!
— Папа, папа! — пачулася з туману. — Гэта я, Аліса, твая Эльсі!
— Стой! — прагучэў ранейшы голас з такой трывогай і сілай, што яго гукі дасягнулі лесу і адбіліся ў ім радасным рэхам. — Гэта яна! Бог вярнуў мне маіх дзяцей! Адчыніце вароты. Наперад, мае малайцы! Не спускайце куркоў, каб не забіць маіх авечак. Адбіце французаў штыхамі.
Дункан пачуў рып іржавых петляў; кіруючыся гэтым гукам, ён кінуўся да варот і там сустрэў воінаў у цёмначырвоных мундзірах. Ён пазнаў салдат свайго ўласнага батальёна і, стаўшы на чале іх, хутка адбіў ворагаў ад умацавання.
На момант Кора і Аліса, якія дрыжэлі ад хвалявання, спыніліся; яны былі здзіўлены нечаканым бегствам Дункана і не маглі зразумець, чаму ён пакінуў іх; але перш чым адна з маладых дзяўчат паспела сказаць слова або хоць-бы падумаць, афіцэр вельмі вялікага росту, з валасамі, пасівеўшымі ад часу і вайсковай працы, з благародным і ваяўнічым выглядам, вынырнуў з туману, прыгарнуў Кору і Алісу да сваіх грудзей, і гарачыя слёзы пацяклі па яго бледных маршчыністых шчоках. Ён моцна ўскрыкнуў з шатландскім акцэнтам:
— Дзякуй табе, божа! Няхай цяпер надыйдзе якая-б ні была небяспека. Твой слуга гатовы сустрэць яе!
РАЗДЗЕЛ XV
Французы наступалі з такімі сіламі, супроць якіх Мунро не мог паспяхова абараняцца. Здавалася, атрад Вэба спакойна драмаў на берагах Гудзона, і камендант форта Эдуард зусім забыў пра цяжкае становішча сваіх землякоў. Індзейцы, саюзнікі французаў, па загаду Манкальма напоўнілі ўсе лясы і пералескі; іх ваенныя крыкі чуліся ў брытанскім лагеры, прымушаючы кроў застываць у жылах.
Здавалася, што лоўкі і спрактыкаваны Манкальм задаволіўся перамогай над цяжкасцямі стамляючага пераходу па пустынных лясах і не хацеў скарыстаць узвышаныя месцы, з якіх ён зусім беспакарана мог-бы разграміць асаджаных.
Дзіўная пагарда да ўзвышшаў — пэўней, боязнь цяжкіх пад’ёмаў — можна было-б назваць самай галоўнай слабасцю вядзення ваенных дзеянняў таго часу. Гэтая памылка вынікала дзякуючы прывычцы да нескладанай барацьбы з індзейцамі, у часё якой рэдка будаваліся крэпасці; артылерыя амаль бяздзейнічала.
На пяты дзень аблогі і на чацверты дзень свайго знаходжання ў крэпасці маёр Хейвард скарыстаў перагаворы з непрыяцелем, і падняўся на сцяну аднаго з бастыёнаў, каб падыхаць свежым паветрам, якое ішло з боку возера; у той-жа час Дункан хацеў паглядзець на поспехі наступаючых. Хейвард быў адзін, калі не лічыць вартавога, які хадзіў узад і ўперад па валу. Быў цудоўны, ціхі вечар; ад празрыстых вод возера дуў свежы, мяккі ветрык. Можна было падумаць, што пасля сканчэння грукату гармат і свісту ядраў сама прырода пажадала паказацца ў сваім самым ціхім і прывабным выглядзе. Сонца палівала зямлю святлом заходзячых праменняў, але ўжо без стамляючай спякоты, якая складае асаблівасць мясцовага клімату ў летнія месяцы. Адзетыя свежай зелянінай горы мелі прыгожы выгляд, поўпразрыстыя воблакі кідалі на іх лёгкія цені. Шматлікія астраўкі размяшчаліся на прасторы вод Гарыкана; адны, нізкія, нібы танулі ў вадзе або былі адзінотна раскіданы сярод возера, другія нібы віселі над паверхняй вады, падобныя да зялёных аксамітных узгорачкаў. Паміж гэтымі групамі рыбакі з лагеру наступаючых мірна рухаліся на сваіх чаўнах або нерухома стаялі на гладкай паверхні, займаючыся рыбнай лоўляй.
Два невялікія белыя флагі развяваліся: адзін на выступаючым наперад вуглу форта, другі — на батарэі наступаючых; абодва з’яўляліся эмблемай перамір’я, дзякуючы якому надышоў перапынак у ваенных дзеяннях. Далей, то разгортваючыся, то зноў навісаючы і ўтвараючы шаўковыя складкі, калыхаліся сцягі Англіі і Францыі.
Каля сотні вясёлых бесклапотных французаў лавілі рыбу; моладзь весела цягнула невад па камяністай мелі ў небяспечным суседстве з хмурай, цяпер маўклівай гарматай форта; усходнія схілы гор паўтаралі гучныя крыкі і вясёлы смех, якія чуліся ў часе лоўлі. Адны з прыемнасцю плёскаліся ў вадзе, другія з цікавасцю, уласцівай французам, пайшлі аглядаць суседнія ўзвышшы. Вартавыя французаў назіралі за асаджанымі, асаджаныя-ж не прымалі ўдзелу ў гэтых забавах, глядзелі на іх з выглядам бяздзейных, але спачуваючых гледачоў. Дзе-ні-дзе чуліся спевы; некаторыя салдаты танцавалі, і гэта зацікавіла панурых індзейцаў, якія выходзілі з сваіх лясоў, каб паглядзець на забавы белых. Адным словам, здавалася, быццам гэтыя людзі цешыліся адпачынкам святочнага дня, а не кароткімі хвілінамі перамір’я ў крывяпралітнай вайне.
Дункан некалькі хвілін не адрываў вачэй ад гэтых відовішчаў; раптам ён выпадкова глянуў у напрамку заходніх варот. Афіцэр пачуў гук крокаў людзей, якія набліжаліся. Ён вышаў на вугал бастыёна і ўбачыў, што да атрада, які ахоўваў форт, ішоў разведчык у суправаджэнні французскага афіцэра. Твар Сакалінага Вока выяўляў заклапочанасць і разгубленасць; здавалася, ён перажываў найвялікшую знявагу, апынуўшыся ў руках ворагаў. Пры ім не было яго любімай стрэльбы, і рукі яго былі звязаны за спіною рамнямі з аленявай скуры. У апошні час белыя флагі, якія з’яўляліся закладам бяспекі для парламенцёраў, падымаліся так часта, што Хейвард спачатку абыякава зірнуў на падыходзіўшых; яму здавалася, што ён убачыць варожага афіцэра, які з’явіўся з якой-небудзь прапановай. Але маёр пазнаў высакую фігуру і горды, хоць і засмучаны твар свайго сябра, жыхара лясоў, уздрыгануўся ад здзіўлення і павярнуўся, каб спусціцца з бастыёна і прайсці ў цэнтр крэпасці.
Аднак, гукі знаёмых галасоў прыцягнулі ўвагу Дункана і прымусілі яго запамятаць на свой першапачатковы намер. Агінаючы адзін з унутраных выступаў валу, ён сустрэў Кору і Алісу, якія вышлі на гулянку з мэтай падыхаць свежым паветрам і адпачыць ад заўсёднага знаходжання ў зачыненым памяшканні. Малады афіцэр не бачыўся з імі з той цяжкай хвіліны, у якую яму давялося пакінуць дзяўчат перад фортам, — праўда, з адзінай мэтай выратаваць іх. Хейвард у апошні раз бачыў Кору і Алісу, калі яны былі змучаны клопатамі і стомленасцю; цяпер маладыя дзяўчаты ззялі прыгажосцю і свежасцю, хоць сляды трывогі і страху ўсё яшчэ выяўляліся на іх тварах. Нядзіўна таму, што пры гэтай сустрэчы малады чалавек забыўся ў той час пра ўсё астатняе і толькі жадаў пагаварыць з імі. Але не паспеў Хейвард прамовіць і слова, як пачуўся галасок вясёлай Алісы:
— Ага, здраднік! О, няверны рыцар, які пакінуў сваіх дам у бядзе! — ускрыкнула яна. — Доўгія дні, не, многія вякі чакалі мы, што вы кінецеся да нашых ног, просячы нас літасціва забыцца пра ваша каварнае адступленне, — пэўней, пра ваша бегства… Па праўдзе-ж кажучы, вы ўцякалі з такой шпаркасцю, з якой не мог-бы паспрачацца ранены алень!
— Вы разумееце, што гэтымі славамі Аліса хоча выказаць, як мы ўдзячны вам, як мы вас благаслаўляем, — дадала сур’ёзная і больш стрыманая Кора. — Праўда, мы крышку здзівіліся, чаму вы так упарта ўнікаеце цяпер дома, у якім вас чакае не толькі ўдзячнасць дачок, але таксама ўдзячнасць і іхнага бацькі.
— Ваш бацька пацвердзіць вам, што хоць я і не быў з вамі, я не зусім забыўся на вашу бяспеку, — адказаў малады чалавек. — Усе гэтыя дні адбывалася жорсткае змаганне за авалоданне вунь той вёскай, — дадаў ён, паказваючы на суседні з фортам і абкружаны акопамі лагер. — Той, хто завалодае ёю, можа з упэўненасцю сказаць, што ён завалодае і фортам, і ўсім, што ў ім знаходзіцца. З моманту нашай разлукі я праводзіў там усе дні і ночы, бо лічыў, што ў гэтым заключаецца мой абавязак. Але, — казаў далей Дункан са смуткам, які дарэмна стараўся затаіць, — калі-б я ведаў, што мой учынак, які я лічыў абавязкам салдата, будзе вытлумачаны як бегства, вядома, мне сорамна было-б паказвацца вам на вочы.
— Хейвард! Дункан! — усклікнула Аліса, нахіляючыся, каб угледзецца ў панураны твар маёра. Адзін з залацістых локанаў упаў на зачырванелую шчаку маладой дзяўчыны і часткова схаваў слёзы, якія паказаліся на яе вачах. — Калі-б я думала, што мая пустая балбатня так засмуціць вас, я лічыла-б за лепшае анямець. Кора можа сказаць, у якой вялікай ступені і як справядліва ацанілі мы вашыя паслугі, як глыбока, — ледзь не сказала, як горача — мы ўдзячны вам!
— А Кора пацвердзіць справядлівасць вашых слоў? — усклікнуў Дункан, і ўсмешка задавальнення сагнала хмурае воблачка з яго твара.
Кора адказала не адразу; яна адвярнулася, нібы гледзячы на празрыстую прастору возера Гарыкана. Калі-ж старэйшая Мунро зноў глянула сваімі цёмнымі вачыма на маладога чалавека, у іх усё яшчэ таіўся выраз такой пакуты, якая адразу прымусіла Дункана забыцца на ўсё на свеце, апрача ласкавага спачування гэтай дзяўчыне.
— Вам нядужыцца, дарагая міс Мунро? — сказаў Дункан. — Мы балбаталі і жартавалі, між тым вы пакутуеце.
— Глупства, — адказала яна стрымана, адхіляючы яго руку. — Я не магу быць такой жыццерадаснай, як наша Аліса, і ў гэтым, быць можа, і крыецца няшчасце майго жыцця. Паглядзіце, — казала Кора, нібы жадаючы перамагчы сваю хвілінную слабасць усведамленнем абавязку, — паглядзіце навакол, маёр Хейвард, і скажыце, што павінна думаць дачка салдата, самае вялікае шчасце якога крыецца ў захаванні свайго сумленнага імя і рэпутацыі?
— Ні тое, ні другое не можа быць зганьбаваным па прычыне акалічнасцей, якімі ён не мае сілы кіраваць, — з палкасцю адказаў Дункан. — Але вашы словы напомнілі мне пра мой уласны абавязак. Я павінен ісці да вашага храбрага бацькі, каб даведацца, якія рашэнні прыняў ён адносна абароны. Няхай пашле вам бог усякага шчасця, благародная… Кора. Я магу і павінен называць вас так. — Яна шчыра падала яму руку, хоць губы яе ўздрыгануліся, а шчокі пакрыліся пепельнай бледнасцю. — Бывайце, Аліса, — дадаў Дункан, і зачараванне, якое чулася ў яго голасе пры звароце да Коры, змянілася пяшчотнасцю. — Бывайце, Аліса, мы хутка ўбачымся, і спадзяюся — пасля перамогі.
Не чакаючы адказу, Хейвард спусціўся з парослых травой прыступак бастыёна, шпарка прайшоў пляц і праз некалькі хвілін апынуўся перад Мунро. Палкоўнік вялізнымі крокамі хадзіў узад і ўперад па свайму цеснаму памяшканню; хваляванне адлюстроўвалася на яго твары.
— Вы папярэдзілі маё жаданне, маёр Хейвард, — сказаў ён, — я толькі што збіраўся прасіць вас прыйсці да мяне.
— На жаль, я бачыў, сэр, што пасланец, якога я так горача рэкамендаваў вам, вярнуўся пад вартай француза. Спадзеючыся, няма прычын сумнявацца ў яго вернасці?
— Я даўно ведаю вернасць Доўгага Карабіна, — адказаў Мунро, — і аб падазрэнні яго не можа быць і гутаркі, але, здаецца, заўсёднае шчасце здрадзіла яму. Манкальм захапіў нашага разведчыка і дзякуючы праклятай далікатнасці сваёй нацыі прыслаў яго да мяне са словамі, быццам ён, «ведаючы, як цаню я гэтага чалавека, не можа затрымаць яго ў сябе».
— Але дапамога ад генерала Вэба?..
— Ды хіба па дарозе да мяне вы нічога не бачылі? — з прыкрай усмешкай сказаў стары. — Цішэй, цішэй вы, нецярплівы юнак. Трэба-ж даць гэтым джэнтльменам час на пераход з форта Эдуард да нашай крэпасці.
— Значыць, яны ідуць? Разведчык гэта сказаў?
— Так, але калі яны прыдуць? Па якой дарозе? Гэтага я не ведаю, бо дурань не сказаў мне пра гэта. Але, здаецца, было напісана пісьмо, і гэта адзінае, што суцяшае мяне. Калі-б вестка была дрэннай, гэты французскі мос’е ветліва пераслаў-бы яго нам.
— Значыць, ён пакінуў у сябе пісьмо, хоць і адпусціў пасланца?
— Так, вось яна, хвалёная «дабрадушнасць» французаў.
— А што гаворыць разведчык? У яго ёсць вочы, вушы і язык. Што данёс ён на словах?
— О, сэр, ён мае ўсе органы пачуцця і можа сказаць усё, што бачыў і чуў. Наогул, з яго слоў вынікае настўпнае: на берагах Гудзона стаіць крэпасць яго вялікасці пад назвай форт Эдуард, найменаванай так, як вам вядома, у гонар яго вялікасці прынца Йоркскага. Форт гэты мае належную колькасць воінаў.
— Але хіба там не збіраюцца выступаць нам на дапамогу?
— У крэпасці выконваюцца ранішнія і вячэрнія вучэнні. Калі адзін з навабранцаў рассыпаў порах над пахлёбкай, парушынкі, якія трапілі на вугалле, згарэлі. — І раптам, перамяніўшы свой прыкры, іранічны тон і загаварыўшы больш удумліва і сур’ёзна, Мунро дадаў: — А між тым у гэтым пісьме магло — не, павінна было — быць што-небудзь патрэбнае для нас!
— Нам трэба прыняць хуткае рашэнне, — сказаў Дункан, карыстаючыся пераменай настрою свайго начальніка, каб перайсці да самай важнай мэты гутаркі. — Не магу скрыць ад вас, сэр, што лагер не можа доўга пратрымацца, і са смуткам дадам, што і ў самым форце, як відаць, справы мала лепшыя: больш паловы гармат узарваныя.
— А хіба магло быць інакш? Частку гармат мы вылавілі з дна возера, другія іржавелі ў лясах з часу адкрыцця гэтай краіны, трэція ніколі і не былі гарматамі — бяздзеліцы, і толькі. Няўжо вы думаеце, сэр, што ў гэтай пустыні, на адлегласці трох тысяч міль ад Вялікабрытаніі, магчыма мець добрыя гарматы?
— Сцены абвальваюцца; харчы пачынаюць вычэрпвацца, — працягваў далей Хейвард; — нават сярод салдат заўважаюцца адзнакі незадавальнення і трывогі.
— Маёр Хейвард, — сказаў палкоўнік і павярнуўся да свайго маладога таварыша з усёй паважнасцю, якую яму надавалі ўзрост і вышэйшы чын. — Дарэмна праслужыў-бы я поўсотні гадоў, пасівеўшы на службе, калі-б не ведаў усяго, што вы сказалі, і не разумеў нашых не зусім важных спраў; тым не менш мы павінны памятаць, што гонар нашай арміі і наш уласны яшчэ не пацярпелі. Да таго часу, пакуль будзе надзея на падмацаванне з боку генерала Вэба, я буду абараняць гэтую крэпасць, хоць-бы пры дапамозе каменняў, сабраных на ўзбярэжжы возера. Зараз нам важней за ўсё ўбачыць пісьмо начальніка форта Эдуард.
— Ці не магу я быць вам карысным?
— Так, сэр, можаце. У дадатак да ўсіх сваіх астатніх прыязнасцей маркіз дэ-Манкальм просіць у мяне спаткання на паляне паміж гэтай крэпасцю і яго ўласным лагерам, жадаючы, як ён кажа, паведаміць нас аб нейкіх дадатковых вестках. Я лічу, што неразумна паказваць яму празмернае імкненне бачыцца з ім, а таму хацеў-бы паслаць да яго вас, аднаго з вышэйшых афіцэраў, у якасці майго намесніка.
Дункан ахвотна згадзіўся замяніць свайго начальніка на час мяркуемага спаткання. Малады чалавек атрымаў неабходныя навучанні і развітаўся.
Дункан мог дзейнічаць толькі ў якасці прадстаўніка каменданта форта, а таму ўрачыстасць, якая, без сумнення, суправаджала-б спатканне двух начальнікаў варожых бакоў, была адменена. Цераз дзесяць мінут пасля гутаркі з Мунро Дункан вышаў з варот крэпасці пад гукі барабана, пад аховай невялічкага белага флага.
Насустрач Дункану вышаў французскі афіцэр і з звычайнымі фармальнасцямі праводзіў яго да аддаленага шатра Манкальма.
Фрзнцузскі генерал прыняў маладога пасланца з варожага лагера, стоячы пасярод сваіх афіцэраў і смуглявага натоўпу правадыроў індзейцаў, якія прымалі ўдзел у вайне, кожны на чале воінаў свайго племені. Кінуўшы быстры позірк на цёмны натоўп чырвонаскурых і нечакана ўбачыўшы сярод іх твар Магуа, які глядзеў на яго спакойна, але пільна, Хейвард спыніўся; мімавольны ціхі вокліч сарваўся з яго вуснаў. Аднак, маёр зараз-жа стрымаў сваё хваляванне і павярнуўся да варожага камандзіра. Манкальм ужо зрабіў крок насустрач яму.
У той перыяд, які мы апісваем, Манкальм дасягнуў найвышэйшага пункту свайго шчаслівага лёсу. Аднак, нават у гэтым зайздросным становішчы ён быў далікатным і столькі-ж славіўся ветлівасцю, колькі і рыцарскай мужнасцю. Дункан адвёў вочы ад фігуры злоснага Магуа і павярнуўся да генерала.
— Маёр, — пачаў па-французску Манкальм. — Я вельмі рад… Чакайце! Дзе-ж перакладчык?
— Мне здаецца, яго дапамога не патрэбна, — скромна па-французску-ж адказаў Хейвард, — я крыху размаўляю на вашай мове.
— Ах, я вельмі рад, — сказаў Манкальм і, па-таварыску ўзяўшы Дункана пад руку, адвёў яго ў глыб свайго шатра, далей ад слухачоў. — Я ненавіджу гэтых машэннікаў; ніколі не ведаеш, як трымаць сябе з імі. Дык вось, — казаў ён далей, — хоць я лічыў-бы за вялікі гонар, калі-б мне ўдалося прыняць вашага начальніка, мне прыемна, што ён знайшоў зручным прыслаць сюды такога выдатнага і, безумоўна, такога прыязнага афіцэра, як вы.
Дункан нізка пакланіўся: камплімент быў яму прыемным, не гледзячы на гераічнае рашэнне не паддавацца на хітрыя выкруты Манкальма. Манкальм памаўчаў крыху, нібы нешта абдумваючы, потым зноў пачаў гутарку.
— Ваш начальнік — храбры чалавек, поўнасцю здольны адбіваць мае напады. Але скажыце, маёр, ці не пара вам прыслухацца да голаса гуманнасці, адклаўшы доказы вашай храбрасці, якая і без таго бясспрэчная? Гуманнасць-жа і храбрасць у роўнай меры характырызуюць героя.
— На наш погляд, абедзве гэтыя якасці звязаны непарыўна, — з усмешкай адказаў Дункан. — Бачачы ў адвазе вашага прэвасхадзіцельства прычыны, якія выклікаюць храбрасць, мы да гэтага часу яшчэ не мелі выпадку адказваць вам гуманнасцю на гуманнасць.
У сваю чаргу Манкальм злёгку пакланіўся, зрабіўшы гэта з выглядам чалавека, які прызвычаіўся, каб яму ільсцілі, і не звяртаючага на гэта вялікай увагі. Падумаўшы з хвіліну, ён дадаў:
— Можа мае падзорныя трубы ашукалі мяне і вашы ўмацаванні лепш выносяць кананаду маіх гармат, чым я меркаваў? Вы ведаеце нашы сілы?
— Весткі, якія мы атрымліваем, розныя, — нядбайна заўважыў Дункан, — але вышэйшая лічба, дастаўленая нам, не была больш за дваццаць тысяч чалавек.
Француз закусіў губу і ўпіўся позіркам у твар свайго субяседніка, нібы жадаючы ўгадаць яго думкі. Але хутка з характэрнай для яго вытрыманасцю ён загаварыў далей, нібы пацвярджаючы праўдзівасць цыфры, якая ўдвая перавышала колькасць яго войска.
— Невялікі гонар для нашай пільнасці, маёр, што, не гледзячы на ўсе старанні, мы ніяк не можам скрыць сіл нашай арміі, а здавалася-б, што гэта лягчэй за ўсё зрабіць у тутэйшых велізарных лясах. Мне сказалі, што дачкі каменданта прышлі ў форт пасля пачатку асады.
— Гэта праўда, маркіз, але яны зусім не перашкаджаюць нашай мужнасці; наадварот, самі даюць прыклад смеласці і цвёрдасці. Калі-б толькі адна рашымасць была неабходна, каб адбіць націск такога выдатнага генерала, як маркіз дэ-Манкальм, я ахвотна даверыў-бы абарону форта Уільям-Генры старэйшай дачцэ Мунро.
— Благародныя якасці пераходзяць па наследству, а таму я ахвотна веру вам, хоць, як ужо сказаў раней, мужнасць мае свае межы, і не трэба забывацца на гуманнасць. Спадзяюся, маёр, вы з’явіліся да мяне з прапановай здаць крэпасць?
— Хіба ваша прэвасхадзіцельства знайшлі нашу абарону настолькі слабай, каб лічыць гэту мэту неабходнай?
— Мне было-б сумна бачыць, што абарона зацягваецца, і яе працягласць раздражняе маіх чырвонаскурых сяброў, — казаў далей Манкальм і, не адказваючы на пытанне Дункана, кінуў позірк на індзейцаў, якія насцярожана прыслухоўваліся. — Нават цяпер я з цяжкасцю стрымліваю іх.
Хейвард прамаўчаў, бо ў яго памяці ўзніклі сумныя ўспаміны пра тую небяспеку, якой ён так нядаўна пазбегнуў, і прыпомніліся безабаронныя істоты, якія разам з ім пакутвалі.
— Падобныя да іх, — казаў далей Манкальм, карыстаючыся, як ён думаў, выгадамі свайго становішча, — асабліва страшныя ў хвіліны раздражнення, і не прыходзіцца казаць вам, як цяжка стрымліваць іх злосць. Дык што-ж, маёр, ці не пагутарыць аб умовах?
— Баюся, што вы, ваша прэвасхадзіцельства, былі ашуканы адносна крэпасці Уільям-Генры і колькасці яе гарнізона.
— Я стаю не перад Квебекам. Перада мною — толькі земляныя ўмацаванні ды дзве тысячы трыста храбрых воінаў, — пачуўся лаканічны адказ.
— Вядома, нас акружаюць земляныя валы, і форт не размешчаны на скалах мыса Даймонд, але ён узвышаецца на беразе, які аказаўся такім гібельным для барона Діскау і яго атрада. А на адлегласці кароткага пераходу ад нашых умацаванняў знаходзіцца моцнае войска, якое мы лічым часткай нашых сродкаў абароны.
— Шэсць або восем тысяч чалавек! — запярэчыў Манкальм, як відаць з поўным раўнадушшам. — Кіраўнік гэтых сіл лічыць, што яго салдаты знаходзяцца ў большай бяспецы за сценамі форта Эдуард, чым у адкрытым полі.
Цяпер Хейвард у сваю чаргу закусіў губу, з прыкрасцю пачуўшы, як спакойна сказаў генерал пра атрад, значнасць якога малады чалавек наўмысля пераўвялічыў. Абодва памаўчалі ў раздум’і. Нарэшце, Манкальм аднавіў гутарку, і зноў у такіх выразах, якія даводзілі, што ён лічыць, быццам Хейвард з’явіўся да яго з адзінай мэтай перагаварыць наконт умоў здачы крэпасці; Хейвард-жа асцярожна стараўся дазнацца ад генерала, якія адкрыцці зрабіў ён, перахапіўшы пісьмо Вэба. Аднак, хітрыя выкруты з таго і другога боку не далі ніякіх вынікаў, і пасля працяглай і бясплоднай гутаркі Дункан развітаўся з маркізам, выносячы з сабою прыемныя ўспаміны аб ветлівасці і талентах непрыяцельскага камандзіра, але не даведаўшыся зусім пра тыя пытанні, дзеля высвятлення якіх ён з’явіўся ў яго палатку. Манкальм праводзіў яго да выхаду, зноў прапануючы каменданту форта прызначыць яму асабістае спатканне на раўніне паміж двума лагерамі.
Нарэшце, яны развіталіся. Дункан вярнуўся да перадавога паста французаў, зноў-такі ў суправаджэнні французскага афіцэра, адтуль ён зараз-жа рушыў назад у форт і адразу прайшоў у памяшканне свайго начальніка.
РАЗДЗЕЛ XVI
Хейвард засціг Мунро разам з Корай і Алісай. Аліса сядзела на каленях палкоўніка, перабіраючы сваімі пальчыкамі яго сівыя валасы; калі бацька прытворна хмурыў бровы на яе дзяцінства, яна ўціхамірвала напускны гнеў старога, ласкава дакранаючыся пунсовымі губкамі да яго маршчыністага ілба. Кора сядзела побач; са спакойнай усмешкай глядзела яна на гэтую сцэну, сочачы за капрызнымі рухамі сваёй малодшай сястры з той мацярынскай пяшчотнасцю, якая была характэрнай рысай яе любові да Алісы. Не толькі небяспека, якая нядаўна была перажыта маладымі дзяўчатамі, але і ўсё, што пагражала ім у будучым, здавалася, было забыта ў часе гэтай пяшчотнай сямейнай сцэны. Маладыя дзяўчаты забыліся на свае небяспекі, а ветэран — на свае клопаты, нібы ўсе спяшаліся нацешыцца кароткімі хвілінамі перамір’я, спакою і бяспекі. Дункан, які, спяшаючыся паведаміць аб сваім звароце, увайшоў у пакой без дакладу, спыніўся і некаторы момант моўчкі любаваўся чароўным малюнкам. Але жвавы позірк Алісы хутка заўважыў адлюстраванне яго фігуры ў люстры. Засароміўшыся, яна саскочыла з каленяў бацькі і моцна ўскрыкнула:
— Маёр Хейвард!
— Ты хочаш ведаць, дзе ён? — запытаў Мунро. — Я паслаў яго пагаманіць з французам. Ах, сэр, вы малады, спрытны і ўжо вярнуліся назад! Ідзі адсюль са сваёй балбатнёй. Хіба тут мала клапот для салдата і без тваёй траскатні?
Аліса засмяялася і пайшла ўслед за Корай, якая накіравалася з пакоя, разумеючы, што аставацца ім тут не падыходзіць.
Замест таго, каб запытаць Дункана пра вынік яго перагавораў, Мунро некаторы момант хадзіў узад і ўперад па пакоі з закладзенымі за спіну рукамі, апусціўшы галаву з выглядам чалавека, які глыбока задумаўся. Нарэшце, ён узняў вочы, поўныя бацькаўскай любві, і заўважыў:
— Гэта цудоўныя дзеці, Хейвард. Усякі бацька меў-бы права пахваліцца імі.
— Вам не даводзіцца пытаць пра маю думку аб іх, сэр.
— Праўда, малады чалавек, праўда, — спыніў яго нецярплівы стары. — Вы збіраліся больш поўна выказаць вашу думку па гэтаму пытанню ў той дзень, калі ўвайшлі ў форт, але я лічыў, што старому салдату няма чаго гаварыць пра шлюбныя благаславенні і святы ў такі час, калі ворагі яго караля могуць зрабіцца няпрошанымі гасцямі ў часе балявання. Але я памыляўся. Дункан, мой хлопчык, я памыляўся і цяпер гатоў выслухаць вас.
— Не гледзячы на прыемнасць, якую вашы словы дастаўляюць мне, дарагі сэр, я павінен перш за ўсё перадаць вам даручэнне Манкальма…
— Няхай чорт возьме француза і ўсе яго палкі, сэр! — выкрыкнуў з запалам ветэран. — Ён яшчэ не завалодаў фортам Генры, ды і не завалодае ім, калі толькі Вэб зробіць так, як ён павінен зрабіць. Не, сэр, у нас, дзякуй богу, яшчэ не такія дрэнныя справы, каб хто-небудзь меў права сказаць, быццам Мунро так заклапочаны, што не можа падумаць аб сваіх сямейных абавязках. Ваша маці была адзінай дачкой майго любімага сябра, Дункан, і я выслухаю вас цяпер, хоць-бы ўсе рыцары святога Людовіка стаялі ля варот нашай крэпасці пад кіраўніцтвам самога святога караля і прасілі ласкі пагутарыць са мной.
Заўважыўшы, што Мунро са злосным задавальненнем выказвае наўмысную пагарду да даручэння французскага генерала, Хейвард вырашыў падпарадкавацца часоваму капрызу старога, які, ён ведаў, не мог зацягнуцца надоўга, і таму пастараўся адказаць як можна спакайней:
— Як вам вядома, сэр, я асмеліўся заявіць дамаганне на гонар зрабіцца вашым сынам.
— Так, так, мой хлопчык, памятаю. Вашы словы былі дастаткова яснымі і зразумелымі. Але дазвольце мне запытаць вас: ці таксама ясна вы гутарылі з маёй дачкой?
— Клянуся гонарам, не! — палка ўскрыкнуў Дункан. — Калі-б я скарыстаў выгады майго становішча і выказаўся, я парушыў-бы ваша давер’е.
— У вас паняцці сапраўднага джэнтльмена, маёр Хейвард, і гэта вельмі пахвальна. Але Кора Мунро — скромная дзяўчына і не патрабуе ніякай апекі, хоць-бы і апекі бацькаўскай.
— Кора?
— Так, Кора. Мы-ж гаворым пра вашы дамаганні на руку міс Мунро, сэр?
— Я… я… я… Здаецца, я не ўпамінаў імя, — запінаючыся, прамовіў Дункан.
— Дык чыёй-жа рукі вы прасілі ў мяне, маёр Хейвард? — запытаў стары воін, не хаваючы сваіх абражаных пачуццяў.
— У вас ёсць другая і не менш прыгожая дачка.
— Аліса! — ускрыкнуў стары з такім-жа здзіўленнем, з якім Дункан нядаўна паўтарыў імя яго старэйшай дачкі.
— Так, я кахаю яе.
Малады чалавек моўчкі чакаў вынікаў сваіх слоў, якія былі такімі неспадзяванымі для Мунро. Палкоўнік доўга хадзіў па пакоі вялікімі і шырокімі крокамі; яго суровы твар уздрыгваў, і, здавалася, ён глыбока задумаўся. Нарэшце, стары спыніўся супроць Хейварда і, зірнуўшы яму ў вочы, сказаў:
— Дункан, я любіў вас дзеля таго, чыя кроў цячэ ў вашых жылах; я любіў вас за вашы ўласныя якасці; нарэшце, любіў, думаючы, што вы дасцё шчасце маёй дачцэ; але ўся мая любоў ператварылася-б у нянавісць, калі-б тое, чаго я баюся, аказалася праўдай.
— Я не дапушчу, каб які-небудзь мой учынак або думка выклікалі такую жахлівую перамену! — усклікнуў малады чалавек, вочы якога ні на хвіліну не апусціліся пад праніклівым позіркам Мунро.
Не дапускаючы думкі, што Дункан не разумее пачуццяў, якія хвалююць яго, стары ўсё-ж крыху памякчэў, убачыўшы перамену на твары Хейварда і значна больш спакойным голасам казаў далей:
— Вы хочаце зрабіцца маім сынам, Дункан, а між тым зусім не ведаеце гісторыі чалавека, якога імкнецеся назваць бацькам. Сядайце, малады чалавек, і я ў кароткіх словах адкрыю вам раны майго сэрца.
У гэты момант на даручэнне Манкальма ў роўнай меры забыліся як Дункан, які яго хацеў перадаць, так і Мунро, якому яно прызначалася. Абодва субяседнікі падсунулі да сябе крэслы, і пакуль ветэран некаторы момант думаў пра нешта, як відаць, вельмі невясёлае, малады афіцэр стараўся перамагчы ў сябе нецярплівасць, хаваючы яе пад выглядам ветлівай увагі. Нарэшце, Мунро спыніў маўчанне.
— Маёр Хейвард! — пачаў шатландзец. — Я меў вашы гады, калі абмяняўся словам вернасці з Алісай Грэхем, адзінай дачкой даволі заможнага шатландскага сквайра. Бацька Алісы не хацеў нашага шлюбу… і не толькі з прычыны маёй беднасці. Таму я зрабіў так, як патрабаваў абавязак сумленнага чалавека: вярнуў маладой дзяўчыне яе слова і пакінуў радзіму. Я бачыў шмат чужых краёў, праліў шмат крыві ў розных краінах; нарэшце, вайсковы абавязак прывёў мяне на Вест- Індскія астравы. Там я сустрэўся з дзяўчынай, якая праз некаторы час зрабілася маёй жонкай і маткай Коры. Яна была дачкой джэнтльмена, уражэнца гэтых астравоў, і жанчынай, якая на сваё няшчасце, калі можна так сказаць, — з прыкрасцю прамовіў стары, — мела продкаў, якія належалі да абяздоленай расы людзей, бесчалавечна ператвораных у рабоў дзеля добрабыту багацеяў і гультаёў. Але калі я сустрэну калі-небудзь чалавека, які адважыцца кінуць пагардлівы позірк на маю дачку, ён адчуе ўвесь цяжар майго гневу. Між іншым, маёр Хейвард, вы-ж самі нарадзіліся на поўдні, дзе метысаў лічаць ніжэйшай расай.
— На няшчасце, так, сэр, — сказаў Дункан і мімаволі ў замяшанні апусціў вочы.
— І вы кідаеце гэты дакор маёй дачцэ? Вы баіцеся зняважыць кроў Хейвардаў шлюбам з такім «нікчэмным» стварэннем, хоць Кора прыгожая і вельмі дабрадзейная дзяўчына? — раззлавана ўсклікнуў Мунро.
— Ніколі ў мяне не можа быць такога нявартага і дзікага прадузятага погляду, — адказаў Дункан. — Але, палкоўнік Мунро, ціхамірнасць, прыгажосць і чароўнае хараство вашай малодшай дачкі могуць цалкам растлумачыць маё каханне, і ў вас няма прычыны так несправядліва абвінавачваць мяне.
— Вы маеце рацыю, сэр, — адказаў стары, і яго тон зноў зрабіўся ціхамірным, пэўней мяккім. — Гэтая дзяўчынка як дзве кроплі вады падобная да сваёй маці ў тыя гады, калі міс Грэхем яшчэ не пазнаёмілася са смуткам. Калі смерць адабрала ад мяне першую жонку, я вярнуўся ў Шатландыю. І — падумайце, Дункан! — Аліса Грэхем дваццаць гадоў жыла ў адзіноце, не выходзячы замуж у памяць чалавека, які быў здольны здрадзіць ёй! Больш таго, сэр, — яна забылася на маю нявернасць і, паколькі перашкод больш не было, згадзілася быць маёй жонкай.
— І стала маткай Алісы? — усклікнуў Дункан.
— Так, — сказаў стары. — Усяго год пражыў я з ёю. Гэта было нядоўгае шчасце для той, маладосць якой завяла сярод безнадзейнага смутку.
У тужлівасці старога было нешта велічна-суровае, і Хейвард не асмеліўся прамовіць слоў суцяшэння. Мунро сядзеў, забыўшыся аб прысутнасці Дункана. Ён не закрываў твара, які выяўляў пакуту, і цяжкія, буйныя слёзы каціліся з яго вачэй. Нарэшце, палкоўнік паварушыўся. Нібы апрытоўнеўшы, ён устаў з месца, абышоў пакой, спыніўся супроць Дункана і запытаў яго сурова:
— Памятуецца, маёр Хейвард, вы павінны былі перадаць мне нейкае даручэнне ад маркіза дэ-Манкальма?
У сваю чаргу Дункан на момант замяшаўся, але, аднак, хутка авалодаў сабой, і збіваючыся пачаў перадаваць напалову забытае даручэнне маркіза.
— Вы сказалі дастаткова, маёр Хейвард! — усклікнуў раззлаваны стары. — Таго, што я чуў, даволі, каб напісаць цэлыя томы трактатаў пра французскую ветлівасць! Толькі падумаць: гэты джэнтльмен запрашае мяне для перагавораў, і калі я накіроўваю да яго заслужанага і здольнага намесніка (не гледзячы на вашу маладосць, Дункан, пра вас можна сказаць гэта), ён адказвае мне нейкай загадкай.
— Быць можа, маркіз склаў сабе не такую спрыяльную думку аб вашым прадстаўніку, мой дарагі сэр! Прашу вас успомніць, што запрашэнне, якое ён цяпер паўтарае, было паслана каменданту форта, а не яго памочніку.
— Але, сэр, хіба намеснік не мае ўсёй улады і значэння таго, хто дае яму гэтае даручэнне? Француз хоча раіцца з Мунро! Па праўдзе кажучы, сэр, я адчуваю вялікае жаданне выканаць патрабаванне гэтага чалавека хоць-бы толькі затым, каб паказаць яму, што мы яшчэ не страцілі цвёрдасці, не гледзячы на колькасць яго войска і ўсе яго дамаганні. Я думаю, малады чалавек, што такі ўчынак будзе не дрэннай палітыкай.
Дункан, які лічыў, што важней за ўсё як мага хутчэй даведацца пра змест пісьма, перахопленага ў разведчыка, ахвотна згадзіўся з Мунро.
— Без сумнення, французскі генерал не атрымае вялікага задавальнення, убачыўшы вашу цвёрдасць, сэр, — сказаў ён.
— Ніколі вы не выказвалі больш справядлівай заўвагі.
— Якое-ж рашэнне прымеце вы адносна мяркуемага спаткання?
— Я сустрэнуся з французам, зраблю гэта безадкладна і без усякага страху. Ідзіце, маёр Хейвард! Пашліце веставога, які абвясціў-бы французам, хто накіроўваецца ў іхны лагер. Мы пойдзем з маленькім атрадам. І слухайце, Дункан, — дадаў ён амаль шэптам, хоць у пакоі яны былі ўдваіх, — быць можа, для перасцярогі нам трэба размясціць паблізу дапаможны атрад на той выпадак, калі ва ўсім гэтым крыецца здрадніцтва?
Малады чалавек вышаў з пакоя і, паколькі ўжо вечарэла, паспяшаўся зрабіць усе неабходныя распараджэнні. Цераз некалькі хвілін ён выстраіў салдат у рады і паслаў у французскі лагер ардынарца з флагам, даручыўшы абвясціць ворагам аб набліжэнні каменданта форта. Зрабіўшы ўсё гэта, Хейвард адвёў маленькі эскорт да заходніх варот і там ужо засціг свайго начальніка, які быў зусім гатовы, каб ісці да Манкальма і толькі чакаў маёра. Ледзь закончыліся звычайныя цырамоніі, камендант і яго малады таварыш пакінулі крэпасць у суправаджэнні эскорта.
Яны адышлі не больш ста ярдаў ад умацаванняў, калі здалёк паказалася світа французскага генерала, якая рухалася па лагчыне, што з’яўлялася рэчышчам для ручая, аддзяляўшага батарэі французаў ад форта. З таго моманту, калі Мунро пакінуў крэпасць, яго асанка зрабілася велічнай, а твар прыняў ганарлівы выгляд. Калі палкоўнік убачыў белае пяро, якое развявалася на капелюшы Манкальма, вочы яго загарэліся, і ўсе сляды пражытых гадоў, здавалася, зляцелі з яго буйнай і ўсё яшчэ мускулістай фігуры.
— Загадайце нашым салдатам быць асцярожнымі, сэр, — прашаптаў Мунро Дункану.
Грукат барабана французскага атрада, які набліжаўся, спыніў гутарку старога. Англічане зараз-жа адказалі такім-жа салютам. З кожнага атрада выехаў ардынарац з белым флагам, і асцярожны шатландзец спыніўся. Англійскі эскорт размясціўся паблізу яго. Пасля кароткіх ваенных прывітанняў Манкальм шпарка і лёгка пайшоў насустрач Мунро. Ён скінуў капялюш перад ветэранам, і пры гэтым беласнежнае пяро амаль дакранулася да зямлі.
Калі ў манерах Мунро было больш велічнасці і мужнасці, то ў іх не заўважалася спакойства і ўкрадлівай ветлівасці француза. Некаторы момант ні адзін з іх не прамовіў ні слова. Яны пазіралі адзін на аднаго ўважлівымі позіркамі.
Нарэшце, як таго патрабаваў вышэйшы чын Манкальма і характар спаткання, француз першым загаварыў. Пасля звычайных прывітанняў ён звярнуўся да Дункана і, усміхнуўшыся яму, як знаёмаму, сказаў па-французску:
— Я вельмі рад, маёр, што вы будзеце прысутнічаць пры нашай гутарцы. Цяпер у нас няма неабходнасці звяртацца да паслуг перакладчыка, таму што я ведаю, вы перадасцё ўсе мае словы з такой дакладнасцю, быццам я сам размаўляю нз вашай мове.
Дункан пакланіўся. Манкальм павярнуўся да свайго эскорта, які, беручы прыклад з невялічкага англійскага атрада, наблізіўся да яго, і прамовіў:
— Назад, рабяты! Адступіце крыху!
Перш чым маёр Хейвард паспеў паўтарыць той-жа загад як доказ свайго давер’я, ён абвёў вачыма даліну і з трывогай заўважыў у лясных гушчарах шматлікіх індзейцаў, якія з дапытлівасцю глядзелі на спатканне двух палкаводцаў.
— Маркіз дэ-Манкальм, вядома, бачыць розніцу ў нашых становішчах, — з лёгкім замяшаннем сказаў ён, паказваючы ў бок чырвонаскурых, якія былі відаць амаль з усіх бакоў. — Адпусціўшы нашых целаахоўнікаў, мы апынуліся-б цалкам у руках ворагаў.
— Маёр, вам дадзена слова, яно ахоўвае вас ад небяспекі, — адказаў Манкальм, выразна прыкладаючы руку да сэрца. — Гэтага, мне здаецца, дастаткова.
— Так! Адступіце, — дадаў Дункан, звяртаючыся да афіцэра, які стаяў на чале англійскага эскорта, — адступіце так, каб вам не было чутно нашай гутаркі, і чакайце загаду.
З прыкметнай трывогай Мунро ўбачыў, як адыходзіла яго ахова, і зараз-жа патрэбаваў тлумачэнняў.
— Не ў нашых інтарэсах, сэр, выказваць недавер’е, — запярэчыў Дункан. — Маркіз дэ-Манкальм дае слова гонару, што нам не пагражае небяспека, і я загадаў эскорту адступіць, каб даказаць яму, наколькі мы давяраем яго слову.
— Магчыма, усё гэта справядліва, сэр, але я не вельмі давяраю словам маркізаў.
— Дарагі сэр, вы забываеце, што мы гаворым з афіцэрам, які праславіўся і ў Еўропе і ў Амерыцы. Нам няма чаго баяцца чалавека з такой рэпутацыяй.
Стары развёў рукамі, нібы падпарадкуючыся няўхільнасці.
Манкальм цярпліва чакаў сканчэння гутаркі, якая вялася ўпоўголаса; нарэшце, падышоў да Мунро бліжэй і прыступіў да перагавораў.
— Я прасіў гэтай сустрэчы з вашым начальнікам, маёр, — сказаў Манкальм, — спадзеючыся даказаць яму, што ён ужо зрабіў усё неабходнае для падтрымання гонару свайго караля, і ўгаварыць яго прыслухацца да голаса гуманнасці. Я заўсёды і ўсюды буду сцвярджаць, што ён мужна супраціўляўся і не саступаў, пакуль не знікла апошняя надзея адбіць непрыяцеля.
Дункан пераклаў гэты ўступ старому каменданту, і Мунро адказаў з вялікай паважнасцю, але даволі ветліва:
— Як-бы ні цаніў я сведчанне маркіза дэ-Манкальма, яно, як я думаю, зробіцца яшчэ больш важкім, калі я ў поўнай меры заслужу яго.
Калі Хейвард перадаў французскаму генералу адказ палкоўніка, Манкальм усміхнуўся і заўважыў:
— На жаль, усё, што я да гэтага часу так ахвотна абяцаю, бачачы сапраўдную мужнасць быць можа, зробіцца для мяне непажаданым пасля непатрэбнай і бескарыснай упартасці. Ці не жадаеце, палкоўнік, агледзець наш лагер, каб асабіста пераканацца ў нашай шматлікасці і ў немагчымасці паспяховага супраціўлення?
— Я ведаю, што французскаму каралю добра служаць, — адказаў непахісны шатландзец, — аднак, мой уласны гасудар мае такую-ж моцную і верную армію.
— Але, на шчасце для нас, яна адсутнічае, — сказаў Манкальм.
— Запытайце, Хейвард, французскага генерала, ці можа ён пры дапамозе сваіх падзорных труб бачыць Гудзон? — з палкасцю сказаў Мунро. — А таксама ці ведае ён, калі і дзе мы павінны чакаць з’яўлення сіл генерала Вэба?
— Няхай вам адкажа сам генерал Вэб, — прамовіў хітры Манкальм і нечакана падаў Мунро разгорнутае пісьмо. — Вось адсюль вы даведаецеся, палкоўнік, што атрад генерала Вэба не патрывожыць маёй арміі.
Не чакаючы, каб Дункан перавёў словы француза, ветэран схапіў паперу, і па шпаркасці гэтага руху было відаць, якую важнасць ён надаваў зместу перахопленага пісьма. Вочы Мунро шпарка бегалі па радках, яго твар паступова губляў выраз вайсковай ганарлівасці, які змяняўся адбіткам вялікага смутку. Губы каменданта задрыжэлі, рукі выпусцілі лісток, пісьмо ўпала на зямлю, і стары апусціў галаву з выглядам чалавека, усе надзеі якога загінулі ад аднаго ўдару. Дункан падняў паперу, нават не папрасіўшы прабачэння за сваю вольнасць, і даведаўся аб вельмі непрыемным змесце пісьма. Генерал Вэб не раіў Мунро супраціўляцца; наадварот, гаварыў аб неабходнасці безадкладна здаць форт, растлумачваючы, што ён не мае магчымасці выслаць на дапамогу каменданту крэпасці Уільям-Генры ні аднаго чалавека.
— Тут няма ашуканства, — заўважыў Дункан, разглядаючы паперу з двух бакоў, — ёсць подпіс Вэба. Напэўна, гэта і ёсць перахопленае пісьмо.
— Ён мне здрадзіў, — сумна прамовіў Мунро, — ён зняславіў дом, у якім яшчэ ніколі не ведалі ганьбы, ён узваліў сорам на маю сівую галаву.
— Не кажыце гэтага! — ускрыкнуў Дункан. — Мы яшчэ гаспадары крэпасці і нашага вайсковага гонару! Прададзім-жа сваё жыццё за такую цану, каб ворагі знайшлі пакупку празмерна дарагой.
— Дзякуй табе, мой хлопчык! — ускрыкнуў стары, які апрытомнеў ад слупняка. — Ты напомніў Мунро пра яго абавязак! Мы вернемся ў Форт і за нашымі ўмацаваннямі падрыхтуем сабе магілы.
— Панове, — прамовіў Манкальм і зрабіў некалькі крокаў наперад. — Дрэнна вы ведаеце мяне, Луі дэ-Сэн Верана, калі лічыце, што я здольны, карыстаючыся гэтым пісьмом, зняважыць храбрацоў або пастарацца набыць сумніцельную славу такім непрыстойным шляхам. Пачакайце, выслухайце мае ўмовы.
— Што гаворыць француз? — сурова запытаў ветэран. — Ці не выхваляецца толькі ён, што яму ўдалося захапіць разведчыка з пісьмом з галоўнай кватэры? Сэр, скажыце яму, каб ён лепш зняў асаду і пайшоў да форта Эдуард, калі спадзяецца запалохаць ворагаў сваімі словамі.
Дункан растлумачыў палкоўніку сэнс слоў Манкальма.
— Маркіз дэ-Манкальм, мы слухаем вас, — спакайней прамовіў ветэран, калі Хейвард скончыў пераклад слоў маркіза.
— Утрымаць у дадзены момант форт для вас немагчыма, — паўтарыў вялікадушны вораг, — і дзеля інтарэсаў майго гасудара гэтае ўмацаванне павінна быць знішчана, аднак, вам асабіста і вашым храбрым таварышам будуць дараваны ўсе ільготы, дарагія сэрцу салдата.
— Нашы сцягі? — запытаў Хейвард.
— Адвязіце іх назад у Англію і пакажыце вашаму каралю.
— Зброя?
— Астанецца ў вашых руках. Ніхто не можа насіць яе з большым гонарам, чым вы.
— Наша выступленне і здача крэпасці?
— Усё будзе зроблена самым ганаровым для вас чынам.
Дункан звярнуўся да Мунро і растлумачыў яму прапановы Манкальма; палкоўнік слухаў са здзіўленнем і, здавалася, быў расчуленым незвычайным і неспадзяваным вялікадушшам.
— Ідзіце, Дункан, — сказаў ён, — ідзіце з маркізам у яго палатку і там скончыце справу. Ніколі я не думаў, што мне давядзецца ўбачыць англічаніна, які баіцца падтрымаць прыяцеля, і француза, вельмі сумленнага, каб скарыстаць выгады свайго становішча.
Сказаўшы гэта, ветэран зноў апусціў галаву на грудзі і павольна вярнуўся да форта. Яго смутак адразу паказаў устрывожанаму гарнізону, што ён нясе сумныя весткі.
Дункан астаўся з Манкальмам, каб вызначыць умовы капітуляцыі форта. У часе першых начных каравулаў ён вярнуўся ў крэпасць і пасля кароткай нарады з камендантам зноў вышаў з яе варот.
Калі ён у другі раз пайшоў, было абвешчана аб спыненні ваенных дзеянняў і аб тым, што Мунро падпісаў дагавор, згодна якога форт раніцай павінен быў перайсці ў рукі ворага, гарнізон — захаваць зброю, сцягі, снаражэнне і, значыцца, згодна вайсковых паняццяў, свой гонар.
РАЗДЗЕЛ XVII
Два варожыя войскі ў пустыні каля Гарыкана правялі ноч 9 жніўня 1757 года прыблізна таксама, як, мабыць, яны скарысталі-б гэтыя гадзіны, калі-б знаходзіліся на раўнінах Еўропы. Пераможаныя былі маўклівымі, змрочнымі, сумнымі; пераможцы лікавалі. Але як смутку, так і радасці была вызначана мяжа: яшчэ да надыходу раніцы ўсё змоўкла, цішыня бязмежных лясоў парушалася толькі крыкам якога-небудзь маладога француза з перадавых пікетаў або пагрозай, якая даносілася са сцен форта і перашкаджала ворагам набліжацца да бастыёнаў раней вызначанага моманту. Аднак, нават і гэтыя выпадковыя адрывістыя вокрыкі змоўклі ў сумную і туманную гадзіну перад світаннем.
І вось сярод глыбокай цішыні палатняныя полы адной прасторнай палаткі ў французскім лагеры рассунуліся, і з шатра вышаў высокі чалавек. Ён быў захутаны ў плашч, які мог ахоўваць яго ад халоднай лясной расы і ў той-жа час закрываў усю яго фігуру. Грэнадзер, які ахоўваў сон французскага камандзіра, свабодна прапусціў яго. Салдат нават салютаваў яму ў знак ваеннай пашаны. Афіцэр шпарка прайшоў цераз невялічкі горад палатак, накіроўваючыся да форта Уільям- Генры. Калі невядомы сустракаў аднаго з шматлікіх вартавых, якія спынялі яго, ён даваў быстрыя, і, як здавалася, задавальняючыя адказы на іх пытанні; па крайняй меры, ніхто не перашкаджаў яму ісці далей.
За выключэннем гэтых кароткіх прыпынкаў, якія часта паўтараліся, ён бесперапынна і моўчкі ішоў з сярэдзіны лагера да аванпастоў, нарэшце, падышоў да салдата, які стаяў на варце, ахоўваючы самы блізкі да непрыяцельскага форта пост. Пачулася звычайнае шаптанне:
— Хто ідзе?
— Францыя! — быў адказ.
— Пароль?
— Перамога, — адказаў невядомы і падышоў да вартавога так блізка, каб салдат мог пачуць яго гучны шэпт.
— Добра, — адказаў вартавы, ускінуўшы стрэльбу на плячо. — Вы вельмі рана гуляеце.
— Неабходна пільнасць, маё дзіця, — адказаў субяседнік вартавому, адсунуў уніз складку плашча, глянуў яму ў твар і пайшоў далей, па-ранейшаму накіроўваючыся да англійскай крэпасці. Вартавы ўздрытануўся, апусціў сваю стрэльбу і выставіў яе наперад, аддаючы незнаёмаму самы пачцівы воінскі салют; калі-ж салдат зноў закінуў стрэльбу на плячо і, зрабіўшы паварот, накіраваўся да свайго паста, ён мімаволі прамармытаў праз зубы: — Сапраўды, неабходна быць пільным! Мне здаецца, наш генерал ніколі не спіць.
Афіцэр пайшоў далей, не паказаўшы, што ён чуў словы здзіўлення, якія вырваліся з вуснаў вартавога, і не спыняўся, пакуль не дайшоў да нізкага берагу возера і не апынуўся ў небяспечным суседстве з заходнім бастыёнам Уільям-Генры. Лёгкія воблакі засланілі месяц, аднак яго слабае святло давала магчымасць бачыць, хоць і не зусім ясна, абрысы навакольных прадметаў. З перасцярогі афіцэр прыхіліўся да ствала дрэва і даволі доўга стаяў так, як відаць, з вялікай увагай сузіраючы цёмныя і маўклівыя валы англійскіх умацаванняў. Ён глядзеў на крэпасць не так, як глядзіць дапытлівы або бяздзейны глядач; наадварот, яго позірк пераходзіў ад аднаго пункту да другога, даказваючы, што чалавек ведае ваенную справу. Нарэшце, назіранні, здавалася, задаволілі чалавека ў плашчы; ён нецярпліва ўзняў вочы на вяршыню ўсходняй гары, нібы чакаючы надыходу раніцы, і ўжо збіраўся павярнуць назад, як раптам нейкі лёгкі шум над выступам бліжэйшага бастыёна дасягнуў яго слуху і прымусіў зноў спыніцца.
Якраз у гэтую хвіліну высокая фігура падышла да краю бастыёна і замерла на месцы, мабыць, у сваю чаргу, гледзячы на аддаленыя палаткі французскага лагера. Галава гэтага чалавека была павернута да ўсходу; здавалася, ён таксама трывожна чакаў раніцы. Потым яго цёмная фігура прыхілілася да вала, нібы пазіраючы на люстраную роўнядзь возера, якая, нібы падводны небасхіл, блішчэла тысячамі мігатлівых зорак. Сумная поза, ранні час, а таксама абрысы фігуры рослага чалавека, які стаяў у раздум’і, прыхіліўшыся да англійскіх умацаванняў, ясна растлумачылі назіральніку, хто гэта быў. Пачуццё асцярожнасці прымусіла афіцэра з французскага лагера схавацца; ён слізнуў за ствол дрэва. У гэты момант ён пачуў новы гук, і зноў замёр на месцы. Да яго данёсся ціхі, ледзь чутны плеск вады, услед за тым рыпнулі каменьчыкі на беразе. Цёмная постаць вынырнула з возера і пачала падкрадвацца да таго месца, дзе стаяў француз. Затым павольна паднялося дула стрэльбы, але раней, чым пачуўся стрэл, рука французскага афіцэра выцягнулася і лягла на курок.
— Хуг! — голасна ўскрыкнуў здзіўлены індзеец, здрадніцкі стрэл якога быў спынены такім дзіўным і неспадзяваным чынам.
Замест адказу французскі афіцэр паклаў сваю руку на плячо індзейца і, не сказаўшы ні слова, адцягнуў яго далёка ад таго месца, дзе іх гутарка магла зрабіцца небяспечнай для аднаго з іх і дзе, як відаць, індзеец адшукаў сабе афяру. Расхінуўшы свой плашч і паказаўшы свой мундзір і ордэн, што вісеў на яго грудзях, Манкальм сурова запытаў:
— Што гэта значыць? Хіба мой сын не ведае, што паміж англійскімі і канадскімі бацькамі закапаны тамагаук?
— А што-ж рабіць гуронам? — адказаў індзеец, размаўляючы па-французску, хоць і няправільна. — Ні адзін з нашых воінаў яшчэ не заваяваў скальпа, а бледнатварыя ўжо здружыліся паміж сабой.
— Ага! Хітрая Лісіца! Такая стараннасць з боку сябра, які яшчэ так нядаўна быў нашым ворагам! Колькі разоў зайшло сонца з таго часу, як Лісіца пакінуў лагер англічан?
— Куды зайшло гэтае сонца? — хмура запытаў індзеец. — За гару, і ўсюды зрабілася цёмна і холадна. Але калі яно зноў пакажацца, будзе светла і цёпла. Хітрая Лісіца — сонца свайго племя. Паміж ім і яго народам стаяла многа хмар, але цяпер гэтае сонца ззяе, і неба яснае.
— Я вельмі добра ведаю, што Лісіца мае ўладу над сваім племем, — сказаў Манкальм, — бо яшчэ ўчора ён стараўся здабыць скальпы гуронаў, сёння яны слухаюць яго парады, седзячы каля вогнішчаў.
— Магуа — вялікі правадыр.
— Няхай ён дакажа гэта, навучыўшы сваё племя правільна абыходзіцца з нашымі новымі сябрамі.
— Навошта правадыр канадцаў прывёў сваіх маладых воінаў у лясы і страляў з сваёй гарматы ў земляны дом? — запытаў хітры індзеец.
— Затым, каб заваяваць яго. Мой гаспадар валодае гэтай зямлёй, і мне і твайму бацьку было загадана выгнаць адсюль англійскіх пасяленцаў. Яны згадзіліся пайсці адсюль, і ён больш не называе іх ворагамі.
— Добра. Аднак, Магуа ўзяў тамагаук, каб афарбаваць яго крывёю. А цяпер ваенная сякера Лісіцы блішчыць. Калі яна пачырванее, правадыр закапае яго.
— Але Магуа даў слова не ганьбіць славы Францыі! Ворагі вялікага караля, якія жывуць на тым баку Салёнага возера, таксама і яго ворагі; яго сябры павінны быць таксама сябрамі Магуа і яго племя.
— Сябрамі! — пагардліва паўтарыў індзеец. — Няхай мой бацька дасць руку Магуа.
Манкальм, які адчуваў, што яму лягчэй падтрымліваць свой уплыў на ваяўнічыя плямёны, якія ён сабраў сабе на дапамогу, шляхам уступак, чым сілай, выканаў, хоць і неахвотна, патрабаванне індзейца. Магуа прыклаў палец французскага генерала да глыбокага шраму на сваіх грудзях і лікуючым тонам запытаў:
— Мой бацька ведае, што гэта такое? Вось тут, у гэтым месцы?
— Вядома, кожны воін пазнае сляды ран. Гэтае месца было прабіта свінцовай куляй.
— А што гэта азначае? — запытаў індзеец, павярнуўшы да Манкальма сваю аголеную спіну, якая чамусьці не была як звычайна прыкрыта плашчом.
— Гэта? Мой сын быў бязлітасна абражаны. Хто нанёс яму такія ўдары?
— Магуа моцна спаў у вігваме англічан, і дубцы пакінулі сляды на яго спіне, — адказаў індзеец і засмяяўся глухім смехам, не ўтойваючы лютай злосці, якая душыла яго. Аднак, ён хутка стрымаў сябе і ганарыста дадаў: — Ідзі і скажы тваім салдатам, што надышоў мір. Хітрая-ж Лісіца ведае, як гаварыць з воінамі гуронаў.
Не чакаючы адказу Манкальма, чырвонаскуры паклаў сваю стрэльбу падпаху і павольна пайшоў у лес, у якім затаіліся яго супляменнікі. У лагеры яго на кожным кроку спынялі вартавыя, але ён панура ішоў наперад, не звяртаючы ніякай увагі на воклічы салдат, якія не стралялі ў яго толькі таму, што ведалі яго паходку, фігуру і непахісную смеласць.
Доўга стаяў Манкальм на тым месцы, дзе яго пакінуў чырвонаскуры, тужліва раздумваючы аб непакорным характары, які выявіўся ў яго дзікім саюзніку.
Нарэшце, адагнаўшы ад сябе думкі, якія яму здаваліся слабасцю ў хвіліну такой урачыстасці, ён накіраваўся зноў да сваёй палаткі і мімаходам загадаў вартавым разбудзіць лагер звычайным сігналам.
Пачуліся першыя гукі французскіх барабанаў, лясное водгулле паўтарыла іх. Уся даліна мігам напоўнілася гукамі ваеннай музыкі, трапяткія хвалі якой заглушалі акампанемент барабана. Трубы пераможцаў весела і бадзёра напаўнялі гукамі французскі лагер, пакуль самы нядбайны салдат не заняў свайго паста. Затое праразлівы сігнал брытанцаў прагучэў адрывіста і зараз-жа змоўк.
Хутка французы выстраіліся, рыхтуючыся сустрэць генерала, і калі Манкальм аглядаў рады свайго войска, праменні яркага сонца блішчэлі на зброі яго салдат. Ён урачыста абвясціў ім аб тых поспехах, якія ўжо былі добра вядомы ўсім. Зараз-жа вылучылі ганаровы атрад для аховы форта, і ён прамаршыраваў перад сваім начальнікам. прагучэў сігнал, які апавясціў англічан аб набліжэнні французаў.
Зусім іншыя сцэны адбываліся ў англійскай крэпасці. Ледзь змоўк сігнал, які папярэджваў аб набліжэнні пераможцаў, як там пачалі рыхтавацца да хуткага выступлення. Салдаты хмура ўскідвалі на плечы незараджаныя стрэльбы і станавіліся па месцах з выглядам людзей, у жылах якіх цякла кроў, яшчэ распаленая нядаўняй няўдалай барацьбой; здавалася, яны чакалі магчымасці, каб адпомсціць за крыўду, якую пацярпела іх самалюбства. Тым не менш, выступленне англічан суправаджалася строгім выкананнем ваеннага этыкета. Жанчыны і дзеці перабягалі з месца на месца; многія збіралі рэшткі сваёй мізэрнай маёмасці або шукалі вачыма сваіх мужоў і бацькоў.
Салдаты стаялі моўчкі, калі перад імі з’явіўся цвёрды, але сумны Мунро. Неспадзяваны ўдар, як відаць, трапіў яму ў самае сэрца, хоць ён намагаўся мужна вытрымаць няшчасце, якое на яго навалілася.
Спакойнае і велічнае гора старога закранула Дункана. Выканаўшы ўскладзены на яго абавязак, ён падышоў да палкоўніка і запытаў яго, чым ён мог-бы ўслужыць яму асабіста.
— Мае дачкі, — лаканічна, але выразна адказаў Мунро.
— Добрае неба! Ды хіба не зроблена ўсё, каб зрабіць іх становішча лягчэйшым?
— Сёння я толькі ваенны, маёр Хейвард, — сказаў ветэран: — усе, хто тут ёсць, маюць аднолькавае права лічыцца маімі дзецьмі.
Гэтага было дастаткова для Дункана. Не трацячы ні адной каштоўнай хвіліны, ён пабег да памяшкання Мунро, каб знайсці Кору і Алісу. Але Дункан засціг іх ужо на парозе нізкага дома палкоўніка. Яны быді гатовымі да ад’езду; іх акружалі з плачам жанчыны. Шчокі Коры былі бледныя, твар яе выяўляў трывогу, але яна не страціла ні долі сваёй цвёрдасці; вочы-ж Алісы пачырванелі, і гэта даказвала, як доўга і з якім горам яна плакала. Абедзве маладыя дзяўчыны сустрэлі Дункана з шчырай радасцю, і, супроць звычайнасці, Кора пачала гутарку першай.
— Форт загінуў, — з меланхалічнай усмешкай сказала яна, — хоць, я спадзяюся, наш гонар не закрануты.
— Ён ззяе ярчэй, чым калі-б там ні было. Аднак, дарагая міс Мунро, цяпер вам трэба менш думаць пра другіх і больш клапаціцца аб саміх сабе. Ваенныя звычаі патрабуюць, каб ваш бацька і я некаторы час аставаліся з салдатамі. Скажыце-ж, дзе мы знойдзем неабходнага і вернага заступніка для вас у час перапалоху і розных выпадковасцей, якія могуць здарыцца пры выступленні.
— Нам нікога не трэба, — адказала Кора. — Хто ў такі момант адважыцца абразіць або пакрыўдзіць дачок такога бацькі, як наш?
— Я не згадзіўся-б пакінуць вас адных, — казаў далей малады чалавек, паспешліва азіраючыся навакол, — хоць-бы за тое мне абяцалі камандаванне лепшым каралеўскім палком. Успомніце, наша Аліса не мае такой цвёрдасці, як вы, Кора, і адзін бог ведае, які жах можа перажыць яна.
— Быць можа вы маеце рацыю, — адказала Кора, усміхаючыся яшчэ больш сумна, чым раней. — Чуеце? Выпадковасць пасылае ўжо нам сябра ў такую хвіліну, калі мы асабліва адчуваем патрэбу ў ім.
Дункан прыслухаўся і зараз-жа зразумеў, што яна хацела сказаць. Да яго слуха даляцела далікатная, урачыстая мелодыя свяшчэннага гімна; кіруючыся гукамі, Хейвард увайшоў у суседні дом, які ўжо быў пакінуты яго ранейшымі жыхарамі, і там засціг Давіда, які ў спеве выказваў свае набожныя пачуцці.
Дункан пачакаў, каб рука спевака пакінула рухацца, крануў Гамута за плячо, потым коратка перадаў яму сваю просьбу.
— Вось іменна, — адказаў прастадушны паслядоўнік цара Давіда, — у гэтых маладых дзяўчатах шмат прывабнага, гарманічнага; мы, звязаныя перажытымі небяспекамі, павінны цяпер, у хвіліны міру, трымацца адзін аднаго. Скончыўшы мае ранішнія хвалы, да якіх трэба дадаць толькі славаслоўе, я пайду да іх. Ці не маеш ты жадання, друг, выканаць другі голас? Памер вельмі просты, а напеў усім вядомы.
Пацягнуўшы маленькую кніжачку і даўшы тон камертонам, Гамут зноў пачаў гімн з такой рашучасцю, якая не дапускала супярэчання. Хейварду прышлося дачакацца сканчэння свяшчэннай песні. Нарэшце, убачыўшы, што Давід знімае акуляры і зноў хавае кніжку ў кішэню, Дункан сказаў:
— На вас ускладаецца абавязак клапаціцца аб тым, каб ніхто не адважыўся падыходзіць да маладых дзяўчат, імкнучыся абразіць іх або пасмяяцца з няшчасцяў іх адважнага бацькі. Іх слугі дапамогуць вам выканаць гэтую задачу.
— Вось іменна!
— Але ўсё-ж, быць можа, індзейцы або якія-небудзь валацугі з непрыяцельскага войска прарвуцца да вас; у такім выпадку напомніце ім аб умовах капітуляцыі і прыстрашце паведаміць аб іх паводзінах Манкальму. Я ўпэўнены, што аднаго вашага слова будзе дастаткова, каб уціхамірыць іх.
— У праціўным выпадку, я здолею падзейнічаць на буянаў, — самаўпэўнена адказаў Давід, паказваючы сваю кнігу. — Калі прамовіць, пэўней, прагрымець вядомы верш з належным уздымам, ён супакоіць самы буяны нораў. Вось гэтыя словы: «Чаму так люта бушуюць язычнікі?..»
— Досыць, — сказаў Хейвард, — мы разумеем адзін аднаго, і цяпер кожнаму з нас пара заняцца выкананнем сваіх абавязкаў.
Гамут весела і бадзёра згадзіўся з Хейвардам, і яны разам пайшлі да маладых дзяўчат. Кора сустрэла свайго новага і даволі дзіўнага заступніка калі не радасна, то прыязна, і нават бледны твар Алісы зноў асвятліў водбліск яе звычайнай весялосці, калі яна дзякавала Хейварда за яго клапатлівасць. Дункан сказаў, што мае намер далучыцца да іх, як толькі ён пройдзе некалькі міль з перадавым атрадам, і, нарэшце, развітаўся з Алісай і Корай.
У гэты час прагучэў сігнал да выступлення, і перадавая частка англійскай калоны рушыла. Пачуўшы гук трубы, сёстры ўздрыгануліся: яны азірнуліся навакол і ўбачылі белыя мундзіры французскіх грэнадзёраў, якія ўжо занялі вароты крэпасці. Над іх галовамі пранеслася нібы велізарнае воблака, і, зірнуўшы ўверх, яны заўважылі, што спыніліся пад шырокімі складкамі французскага сцяга.
— Ідзем, — сказала Кора, — дачкам англійскага салдата не падыходзіць аставацца ў гэтым месцы.
Аліса павісла на руцэ сястры, і, абкружаныя густым натоўпам, які рухаўся, абедзве пакінулі пляц крэпасці.
Калі маладыя дзяўчаты выходзілі з варот, французскія афіцэры нізка кланяліся ім, аднак, не прапаноўвалі ніякіх паслуг, якія, як яны разумелі, маглі быць толькі непрыемнымі для дачок Мунро. Усе экіпажы, усе ўючныя жывёлы былі заняты хворымі і раненымі, і Кора вырашыла лепш вынесці ўсе цяжкасці пераходу пехатою, але не адбіраць месца ў каго-небудзь з больш слабых. Сапраўды, з прычыны недахопу ў неабходных сродках перамяшчэння, многія з пакалечаных і хворых салдат вымушаны былі цягнуцца на сваіх слабых нагах ззаду атрада. Раненыя стагналі; іх таварышы ішлі моўчкі і панура; жанчыны і дзеці дрыжэлі ад жаху перад невядомым. Калі змешаны і палахлівы натоўп вышаў з варот форта на адкрытую нізіну, ён адразу ўбачыў сумны малюнак: недалёка, з правага боку, стаяла французская армія, бо, як толькі салдаты Манкальма занялі ўмацаванне, генерал сцягнуў да форта ўсе свае атрады. Французы моўчкі, але ўважліва назіралі за рухам пераможаных, аддаючы ім устаноўленыя ваенныя пашаны; ні адзін з пераможцаў ва ўсведамленні свайго поспеху не кінуў ворагам ні насмешкі, ні знявагі. Атрады англічан, лікам каля трох тысяч чалавек, павольна рухаліся праз нізіну, збіраючыся да зборнага пункту ў тым месцы, дзе дарога да Гудзона павяртала ў лес. На густым ускрайку лесу відаць былі індзейцы. Чырвонаскурыя пільна глядзелі на сваіх ворагаў; некаторыя, нібы каршуны, ішлі ўслед за імі і, здавалася, не адважваліся кінуцца на здабычу толькі дзякуючы таму, што прысутнасць шматлікага французскага войска стрымлівала іх. Некаторыя гуроны ўсё-ж такі ўмяшаліся ў рады пераможаных і з хмурымі і незадаволенымі тварамі ўважліва сачылі за рухам натоўпу, хоць і не адважваліся адкрыта выявіць сваю варожасць.
Авангард на чале з Хейвардам дайшоў да цясніны і павольна знік з вачэй. Раптам Кора пачула гукі лаянкі і павярнулася ў бок злосных галасоў. Адзін з людзей атрада выбіўся з радоў і быў пакараны за сваё непаслушэнства тым, што нехта адабраў у яго падабраныя ім пажыткі.
Гэта быў вялікага росту дзяцюк, дастаткова прагны для таго, каб не ўступаць без барацьбы захопленае ім дабро. У справу ўмяшаліся пабочныя; адны падтрымлівалі салдата, другія — таго, хто яго пакрыўдзіў. Галасы рабіліся ўсё мацнейшымі і больш злоснымі. З’явілася каля сотні дзікуноў; яны нібы нейкім цудам выраслі там, дзе хвіліну таму назад было чалавек дванаццаць гуронаў. Хутка Кора заўважыла, што Магуа праслізнуў у натоўп сваіх супляменнікаў і звярнуўся да іх, карыстаючыся ўсімі прыёмамі свайго злавеснага красамоўства. Жанчыны і дзеці спыніліся, збіўшыся разам, нібы чарада спалоханых птушак.
Магуа прыклаў рукі да губ; прагучэў злавесны і жахлівы енк. Індзейцы, рассеяныя па лесе, уздрыгануліся, пачуўшы гэты добра знаёмы ім кліч. Зараз-жа па ўсёй раўніне пранеслася дзікае выццё, водгулле якога пачулася ў лесе. Гэта быў крык, які не часта вырываецца з чалавечых глотак.
Ён з’явіўся страшным сігналам: больш двух тысяч дзікуноў выбеглі з лесу; усе яны мігам усеялі фатальную раўніну. Пачалася агіднейшая крывяпралітная разня. Усюды панавала смерць у самым жахлівым, агідным выглядзе. Супраціўленне яшчэ больш распальвала забойцаў; дзікуны наносілі ўдары нават мёртвым. Кроў цякла ручаямі. Гуроны ўсё больш і больш раз’юшваліся, гледзячы на гэтую кроў.
Дысцыплінаваныя атрады быстра выстраіліся ў шчыльныя рады і стараліся спыніць нападаючых дзікуноў унушальным выглядам ваеннага фронта. Гэта да некаторай ступені ўдалося ім, хоць, на жаль, многія салдаты, спадзеючыся ўсмірыць звар’яцелых дзікуноў, кінуліся на іх, размахваючы прыкладамі, і страцілі свае стрэльбы.
Як заўсёды, у часе такіх падзей ніхто не мог адказаць дакладна, колькі часу прайшло ад пачатку разні. Магчыма, што жахлівая сцэна цягнулася дзесяць мінут, але яны здаліся стагоддзем. Скамянелыя і абяссіленыя ад жудасці і страху, Кора і Аліса стаялі, як прыкаваныя да аднаго месца. Натоўп жанчын абкружыў маладых дзяўчат, не даўшы ім магчымасці бегчы; потым натоўп паменшыўся: ад страху смерці большасць жанчын разбеглася. Яны кідаліся, куды папала, і траплялі пад тамагаукі гуронаў. Усюды чуліся крыкі, стогны, просьбы і праклёны. Але вось Аліса ўбачыла высокую фігуру свайго бацькі; Мунро шпарка ішоў праз нізіну і, здавалася, накіроўваўся да французскага лагера. Не звяртаючы ўвагі на небяспеку, ён паспяшаўся да вераломнага Манкальма, каб патрабаваць ад яго абяцанага і запозненага эскорта для жанчын. Вялікая колькасць бліскучых сякер і ўпрыгожаных пер’ямі коп’яў былі гатовы адабраць у яго жыццё, аднак, нават ахопленыя шаленствам, дзікуны спыняліся, бачачы яго спакойны твар. Усё яшчэ энергічная рука ветэрана спакойна адхіляла ад сябе страшныя ўдары, іншы-ж раз і самі гуроны, прыстрашыўшы яго смерцю, здавалася, не знаходзілі дастатковай адважнасці, каб выканаць сваю пагрозу, і апускалі коп’і і тамагаукі.
— Папа, папа! Мы тут, тут! — ускрыкнула Аліса, калі Мунро праходзіў міма дачок, як відаць, не заўважыўшы іх. — Ідзі да нас, папа, інакш мы загінем!
Яна паўтарала гэты ўсклік такім тонам, што самае каменнае сэрца магло-б расчуліцца; але адказу не было. Нарэшце, стары нібы пачуўшы гукі яе голаса, спыніўся і прыслухаўся; але ў гэты момант Аліса ў непрытомнасці павалілася на зямлю, а Кора апусцілася каля яе на калені і з пяшчотнасцю нахілілася над яе безжыццёвым целам. Мунро ў роспачы паківаў галавой, але прайшоў міма, памятаючы толькі пра высокія абавязкі камандзіра.
— Лэдзі, — сказаў Гамут. Бездапаможны і бескарысны ў гэтую хвіліну, ён усё-ж не падумаў пакінуць даручаных яго заступніцтву маладых дзяўчат. — Лэдзі, гэта свята д’яблаў, і хрысціянам не падыходзіць аставацца ў гэтым месцы. Ідзем адсюль, уцякайма!
— Ідзі, — адказала Кора, не спускаючы вачэй са сваёй сястры. — Ратуйся, ты мне не можаш дапамагчы.
І просты, але выразны рух рукі маладой дзяўчыны, які суправаджаў гэтыя словы, даказаў Давіду непахіснасць яе рашэння. Некаторы момант ён глядзеў на цёмныя фігуры гуронаў, якія рабілі сваю жахлівую справу; яго высокі стан выпрастаўся яшчэ больш, ён глыбока ўздыхнуў, увесь твар яго ажывіўся ад хвалявання, красамоўна выяўляючы пачуцці, якія напаўнялі яго душу.
— У бібліі сказана, што слабы хлопчык Давід уціхамірыў цара Саула гукамі арфы і словамі сваіх песняў, — сказаў ён, — і я таксама пастараюся ў гэтую страшную хвіліну выпрабаваць магутнасць музыкі.
І вось, узвысіўшы свой голас, ён заспяваў ва ўсю моц з такім напружаннем, што свяшчэнны гімн быў чутны нават сярод шуму і гаму, якія напаўнялі крывавае поле. Многія дзікуны кідаліся да спевака і маладых дзяўчат, спадзеючыся аграбіць безабаронных і забраць з сабой іх скальпы; але ўбачыўшы дзіўную нерухомую постаць натхнёнага спевака, яны, спыняючыся на момант, прабягалі міма. Іх здзіўленне хутка ператварылася ў зачараванне, і яны накіроўваліся да менш мужных людзей, хвалячы цвёрдасць, з якой белы воін спяваў сваю прадсмяротную песню. Падбадзёраны і ашуканы гэтым поспехам, Давід узвысіў голас, каб узмацніць, як ён думаў, уздзеянне свайго гімну. Але здарылася якраз адваротнае. Гукі яго песні звярнулі на сябе ўвагу індзейца, які прабягаў міма. Гэта быў Магуа. Зразумеўшы, што яго былыя палонніцы зноў могуць апынуцца ў яго руках, Лісіца з дзікім і радасным крыкам кінуўся да іх.
— Пойдзем, — сказаў ён, хапаючы акрываўленай рукой плацце Коры. — Вігвам гурона ўсё яшчэ адчынены для цябе. Хіба яго жыллё не лепшае за гэтае месца?
— Прэч, — крыкнула Кора і закрыла рукой вочы, каб не бачыць лютага твара.
Індзеец, смеючыся, падняў сваю акрываўленую руку.
— На гэтай руцэ кроў чырвоная, але яна з цела белых!
— Страшыдла! Гэта ты зрабіў разню!
— Магуа — вялікі правадыр, — самаздаволена адказаў дзікун. — Ці пойдзе цёмнавалосая да яго племя?
— Ні ў якім разе!
На кароткі момант Магуа спыніўся, потым, схапіўшы лёгкую і непрытомную Алісу, хітры індзеец шпарка накіраваўся ў лес.
— Стой! — праразліва ўскрыкнула Кора, кідаючыся за ім. — Пакінь яе, зладзюга! Што ты робіш?
Але Магуа, здавалася, не чуў яе голаса.
— Пачакайце, лэдзі, спыніцеся! — клікаў Гамут Кору, якая не звяртала на яго ўвагі. — Язычнікі адчулі святасць песні і хутка дзікі хаос скончыцца!
Аднак, заўважыўшы, што Кора не спыняецца, верны Давід пабег за ёю і зноў заспяваў свяшчэнную песню, старанна адбіваючы такт сваёй худой рукой. Такім чынам яны перасеклі даліну, сустракаючы то ўцякаючых, то раненых, то мёртвых. Люты гурон мог вельмі добра абараніць сябе і сваю афяру, якая знаходзілася ў яго руках. Кора-ж, вядома, звалілася-б пад ударамі дзікуноў, калі-б не дзіўны чалавек, які ішоў ззаду яе і здаваўся вар’ятам; а вар’яцтва, узбуджаючы пачуццё страху і павагі ў індзейцах, з’яўлялася аховай Гамуту.
Магуа, які ўмеў унікаць небяспекі і ўцякаць ад праследавання, спусціўся ў вузкую лагчыну і па ёй увайшоў у лес; там ён вельмі хутка знайшоў нараганзетаў, з якімі так нядаўна рассталіся падарожнікі. Іх пільнаваў такі-ж люты чырвонаскуры, як ён сам. Перакінуўшы Алісу праз сядло аднаго з коней, Лісіца загадаў Коры сесці на другога.
Маладая дзяўчына адчувала жах, гледзячы на злодзея, але ўсё-ж адчувала некаторае аблягчэнне, калі думала пра тое, што яна хутка будзе далёка ад месца страшнага крывяпраліцця. Яна ўскочыла на каня і працягнула рукі да сястры; у гэтым руху выявілася столькі любові і просьбы, што нават люты гурон не мог адмовіць ёй. Ён перанёс Алісу на каня Коры, схапіў нараганзета за повад і рушыў у дарогу, паглыбляючыся ў лес. Калі Давід убачыў, што яго кінулі, мабыць лічачы занадта нікчэмным нават для таго, каб забіць, ён перакінуў сваю доўгую нагу цераз спіну неасядланага каня, якога пакінулі індзейцы, і паскакаў услед за палонніцамі.
РАЗДЗЕЛ XVIII
Трэці дзень, пасля таго як быў узяты форт, падыходзіў ужо к канцу. На берагах Гарыкана панавала цішыня і смерць. Заплямленыя крывёю пераможцы пакінулі лагер. На месцы лагера, у якім так нядаўна панавала шумная весялосць пераможнай арміі, відзён быў маўклівы рад пакінутых хацін. Крэпасць уяўляла сабой дымлівыя руіны. Абгарэлыя бэлькі, асколкі ўзарваных артылерыйскіх знарадаў і абломкі разбураных каменных будынкаў у беспарадку ўкрывалі зямлю.
Надвор’е таксама значна змянілася. Сонца, забіраючы з сабой цяпло, схавалася ў тумане, і сотні чалавечых цел, пачарнелых ад страшэннай жнівеньскай спякоты, застывалі пад парывамі вельмі ранняга халоднага, нібы лістападаўскага ветру. Хвалістыя празрыстыя туманы, што несліся раней над узгоркамі ў напрамку на поўнач, вярталіся цяпер у выглядзе хмурай заслоны, якую гнала шалёная бура. Знікла люстраная роўнядзь Гарыкана. Зялёныя сярдзітыя хвалі стукаліся аб берагі, паўночны вецер з рэвам насіўся над возерам.
Адзінотныя, ледзь прыкметныя чахлыя былінкі калыхаліся пад парывамі ветру. Рэзкія абрысы гор вылучаліся сваёй аголенасцю. Вока дарэмна імкнулася пранікнуць у бязмежную пустэчу нябёс, нябачную за шэрай заслонай туману.
Вецер дуў няроўна: ён то туліўся да зямлі, нібы шэпчучы нешта мерцвякам, то ўзнімаўся з праразлівым сумным свістам і ўрываўся ў лес, напаўняючы паветра лісцём і галінамі, якія зрываў на шляху. Некалькі крумкачоў змагаліся са страшным ліўнем і моцнымі парывамі буры. Мінуўшы зялёны акіян лясоў, які рассцілаўся пад імі, яны з радасцю апускаліся куды папала і пачыналі свой агідны пір.
Усё навокал было дзіка і пуста; здавалася, што ўсякага, хто трапляў сюды, раптоўна забівала бязлітасная рука смерці. Але цяпер забарона была як быццам знята, і ў першы раз з таго часу, як адышлі віноўнікі злачынстваў, чалавечыя істоты адвяжыліся наблізіцца да гэтага месца.
За гадзіну да захаду сонца пяцёра чалавек вышлі з вузкай прагаліны паміж дрэвамі, дзе сцежка да Гудзона накіроўвалася ў лес, і пайшаі ў напрамку да руін. Спачатку яны пасоўваліся наперад павольна і асцярожна. Наперадзе рухалася лёгкая фігура; па насцярожанасці і рухавасці яе было відаць, што гэта туземец. Ён узыходзіў на кожны ўзгорачак, старанна аглядаў кожную купіну і затым жэстам паказваў сваім спадарожнікам дарогу, па якой трэба было ісці. Спадарожнікі яго не саступалі яму ў асцярожнасці, неабходнай пры вайне ў лесе. Адзін з іх — таксама індзеец — адышоў крыху ўбок і сачыў за краем лесу вачыма, якія даўно прызвычаіліся заўважаць усякую адзнаку небяспскі. Астатнія трое былі белыя.
Жахлівыя малюнкі, якія трапляліся на шляху да берага возера, дзейнічалі на людзей атрада па-рознаму, бо розныя былі і іх характары. Юнак, які ішоў наперадзе, кідаў цішком хмурыя позіркі на знявечаныя афяры. Ён баяўся выявіць ахапіўшыя яго моцныя пачуцці, але быў яшчэ вельмі мала вопытны, каб цалкам іх схаваць. Яго старэйшы чырвонаскуры таварыш быў вышэй падобнай слабасці. Ён прайшоў міма кучы мерцвякоў з такім спакоем, які можа быць набыты толькі доўгай прывычкай.
Пачуцці белых — сумныя ва ўсіх — таксама былі розныя паміж сабой. Чалавек з сівымі валасамі і тварам у маршчынах, ваяўнічы выгляд і хада якога, не гледзячы на адзенне жыхара лясоў, выдавалі чалавека, які даўно прызвычаіўся да жахаў вайны, не скрываў, аднак, пачуццяў і выяўляў іх гучным стогнам, калі бачыў які-небудзь асабліва страшны малюнак. Малады чалавек, што ішоў побач з ім, уздрыгваўся, але стараўся стрымаць сябе, як відаць, шкадуючы свайго спадарожніка. Толькі той, што ішоў ззаду ўсіх, уголас выражаў свае думкі, не баючыся, што яго пачуюць, не палохаючыся за вынікі ад гэтага.
Чытач, вядома, адразу пазнаў у падарожніках магікан і іх белага сябра, разведчыка, а таксама Мунро і Хейварда.
Ункас, які ішоў наперадзе, дайшоў да сярэдзіны раўніны і крыкнуў; на гэты крык збегліся ўсе яго тгварышы. Малады індзеец спыніўся каля кучы мёртвых жаночых цел, якія ляжалі ў беспарадку. Не гледзячы на ўвесь жах, які выклікаўся выглядам гніючых трупаў, Мунро і Хейвард у парыве любові, якой нішто не магло стрымаць, кінуліся да гэтай кучы, каб паглядзець, ці не знойдуць яны тых, каго шукалі. У задуменні, маўкліва стаялі яны вакол кучы цел, калі да іх падышоў разведчык. Адважны жыхар лясоў зірнуў на сумнае відовішча; выраз гневу адлюстраваўся на яго твары.
— Мне даводзілася быць на многіх палях бою, траплялася ісці па крываваму следу на працягу доўгіх гадзін, — сказаў ён, — але я нідзе не бачыў з такой яснасцю рукі д’ябла, якая відаць тут. Што ты скажаш, Чынгачгук? — дадаў ён на дэлаварскай мове. — Ці думаеш ты, што гуроны будуць выхваляцца гэтым учынкам перад сваімі жанчынамі ў дні, калі снег пакрые ўзгоркі?
Выраз злосці мільгануў на смуглым твары правадыра магікан; ён выняў нож з ножнаў і затым спакойна адвярнуўся ад жудаснага малюнка; твар яго зрабіўся такім спакойным, нібы яму былі зусім незнаёмы парывы пачуццяў.
— Хуг! — ускрыкнуў малады магікан, узняўшыся на цыпкі і ўважліва ўглядаючыся наперад.
Гук яго голаса і рух спудзілі крумкачоў, яны паляцелі шукаць здабычы ў іншым месцы.
— Што здарылася, хлопчык? — запытаў разведчык, прысеўшы на кортачкі, нібы пантэра, рыхтуючыся зрабіць скачок.
Ункас, нічога не адказаўшы, шпарка пабег і цераз некалькі хвілін таксама-ж шпарка з’явіўся з гушчару, пераможна размахваючы кавалкам зялёнага вуалю з капелюша Коры. Яго рухі, выгляд вуаля і новы крык, які вырваўся з вуснаў маладога магікана, зараз-жа сабралі вакол яго ўсіх астатніх.
— Дзіця маё! — шпарка, голасам, поўным роспачы, усклікнуў Мунро. — Аддайце мне маё дзіця!
— Ункас паспрабуе, — пачуўся кароткі чуллівы адказ.
Простыя, але многазначныя словы маладога дзікуна зусім не падзейнічалі на бацьку. Ён схапіў шматок тканіны і скамячыў яго ў руцэ; вочы яго са страхам блукалі па кустах, як быццам ён у адзін і той-жа час баяўся таямніц, якія яны могуць выдаць, і спадзяваўся на іх.
— Тут няма мёртвых, — сказаў Хейвард, — як відаць, бура прайшла міма.
— Гэта ясна, як неба над нашай галавой, — заўважыў спакойны разведчык, — але або яна, або той, хто абрабаваў яе, праходзілі праз гэты гушчар, бо я памятаю тканіну, якая закрывала твар, на які ўсе так любілі глядзець. Твая праўда, Ункас, цёмнавалосая была тут, і яна ўцякла ў лес, як спалоханая лань, — ніхто з тых, хто ўмее бегаць, не стаў-бы чакаць, каб яго забілі. Будзем шукаць сляды, пакінутыя ёю; я іншы раз думаю, што вока індзейца заўважае нават след шмяля ў паветры.
Пры гэтай прапанове малады магікан паляцеў, нібы страла; толькі што разведчык паспеў дагаварыць свае словы, як з краю лесу пачуўся яго пераможны крык. Спадарожнікі маладога чалавека трывожна кінуліся ў лес і ўбачылі другую частку вуалю, якая развявалася на ніжняй галіне бука.
— Цішэй, цішэй, — сказаў разведчык, загараджваючы сваёй доўгай стрэльбай дарогу нецярпліваму Хейварду, каб затрымаць яго, — мы ведаем цяпер, што нам рабіць, не затоптвайце толькі слядоў. Адзін заўчасны крок можа выклікаць доўгія гадзіны трывогі. Але мы напалі на іх след; гэтага ніяк нельга адмаўляць.
— Няхай благаславіць вас бог, варты чалавек, няхай благаславіць вас бог! — ускрыкнуў Мунро.
— Калі яны пайшлі адны, то можа здарыцца, што яны зрабілі такі-ж круг і знаходзяцца ад нас на адлегласці дванаццаці міль; калі-ж іх захапілі гуроны або якія-небудзь іншыя французскія індзейцы, то, вельмі магчыма, яны знаходзяцца паблізу граніц Канады. Але што-ж з гэтага? — казаў далей рашучы разведчык, заўважыўшы трывогу і расчараванне слухачоў. — Магікане і я — на адным канцы сляда; значыць, мы знойдзем другі, хоць-бы ён быў на адлегласці сотні міль! Цішэй, цішэй, Ункас, ты нецярплівы, нібы жыхар паселішча; ты забываеш, што лёгкая хада пакідае слабыя сляды.
— Хуг! — крыкнуў Чынгачгук, які ўвесь час уважліва разглядаў праход, які нехта зрабіў у нізкіх кустах, што сталі непадзельна з лесам. Цяпер ён выпраміўся і паказаў уніз з выглядам чалавека, які ўбачыў агідную змяю.
— Тут ясны след нагі чалавека! — ускрыкнуў Хейвард, нахіляючыся над тым месцам, куды паказаў дзікун. — Ён ішоў па краі гэтай лужыны, і ў сляду нельга памыліцца. Яны ўзяты ў палон.
— Гэта лепш, чым паміраць з голаду ў пустыні, — адказаў разведчык. — След робіцца яснейшым. Я гатоў ісці ў заклад на пяцьдзесят бабровых скур супроць такой-жа колькасці крэменяў, што мы з магіканамі ўвойдзем у іх вігвамы! Нагніся, Ункас, і паглядзі, ці не пазнаем мы чаго па макасіну, бо гэта, бязумоўна, макасін, а не бот.
Малады магікан нагнуўся над следам і, адкінуўшы лісцё, раскіданае вакол гэтага месца, пачаў разглядаць яго з увагай, падобнай да той, з якой у нашы дні банкір разглядаў-бы падазроны чэк. Нарэшце, ён устаў з каленяў, задаволены вынікам сваіх даследаванняў.
— Ну, хлопчык, запытаў разведчык, — што? Можа пазнаць што-небудзь па гэтаму сляду?
— Гэта Хітрая Лісіца.
— Ага? Зноў гэты разбойнік, д’ябал! Не будзе канца яго злачынствам, пакуль «аленебой» не скажа яму слоўца.
Хейвард выказаў хутчэй свае надзеі, чым сумненні, прамовіўшы:
— Усе макасіны маюць такое падабенства між сабой; напэўна, тут ёсць нейкая памылка.
— Вы можаце сказаць, што і ўсе ногі маюць падабенства між сабой, але мы ўсе вельмі добра ведаем, што адны ногі вялікія, другія малыя; адны шырокія, другія вузкія; у адных высокі пад’ём, у другіх нізкі; у адных пяткі вывернутыя ўнутр, у другіх на знадворак. Адзін макасін падобны да другога не больш, чым адна кніга на другую. Дай вось я гляну, Ункас. Ні з кнігай, ні з макасінамі нічога дрэннага не будзе, калі пра іх будзе выказана дзве думкі замест адной.
Разведчык безадкладна ўзяўся за справу.
— Ты праўду кажаш, мой хлопчык, — зараз-жа сказаў ён. — Індзеец, які п’е, заўсёды прывучаецца больш абапірацца на пятку, чым той, што не п’е; п’яніца заўсёды ходзіць, рассунуўшы ногі, усёроўна ці гэта белы, ці чырвонаскуры. І іменна такая шырыня і даўжыня слядоў! Зірні, Сагамор, ты не раз вымяраў гэтыя сляды.
Чынгачгук згадзіўся выканаць жаданне разведчыка; пасля кароткага агляду ён устаў і спакойна прамовіў толькі адно слова:
— Магуа.
— Ну, значыць, справа вырашаная: тут прайшлі цёмнавалосая і Магуа.
— А Алісы не было з імі? — запытаў Хейвард.
— Мы яшчэ не бачылі ніякіх знакаў яе прысутнасці, — адказаў разведчык, пільна аглядаючы кусты, дрэвы і глебу. — Што гэта там такое? Ункас, прынясі тое, што матляецца там на цярновым кусце.
Індзеец выканаў просьбу разведчыка і перадаў яму дзіўны прадмет. Той падняў яго высока і рассмяяўся сваім бязгучным шчырым смехам.
— Гэта інструмент спевака! Ункас, пашукай слядоў бота, дастаткова вялікага, каб падтрымаць шэсць футаў і два дзюймы чалавечага мяса, — сказаў ён. — У мяне пачынаюць узнікаць надзеі наконт гэтага дзецюка; здаецца, ён пакінуў гарланіць і заняўся лепшай справай.
— Па крайняй меры, — сказаў Хейвард, — у Коры і Алісы ёсць хоць які-небудзь друг.
— Так, — з пагардлівай усмешкай сказаў Сакалінае Вока, — ён зоймецца спевамі! Ці можа ён забіць аленя на абед, прайсці праз балота і імхі або перарэзаць горла гурону? Калі не, то любы дрозд разумнейшы за яго. Ну што-ж, хлопчык, ёсць якія-небудзь доказы нашага меркавання?
— Вось тут нешта накшталт следу чалавека, абутага ў боты. Ці не будзе гэта толькі наш сябра?
— Асцярожней дакранайся да лісця, а то можаш сцерці абрысы сляда. Гэта след нагі цёмнавалосай. Спявак пакрыў-бы гэты след адной пяткай.
— Дзе? Дайце мне зірнуць на сляды ног майго дзіцяці, — сказаў Мунро, рассоўваючы кусты і з любоўю нахіляючыся над ледзь прыкметнымі слядамі.
Дотык нагі да зямлі, хоць лёгкі і быстры, усё-ж пакінуў след, ясна бачны і цяпер. Стары воін разглядаў яго, і вочы яго затуманіліся слязамі. Каб адцягнуць увагу старога, Хейвард сказаў разведчыку:
— Паколькі ў нас ёсць цяпер верныя сляды, то накіруемся зараз-жа ў дарогу. У такі час кожная хвіліна здаецца векам для палоннага.
— Не будзем спяшацца раней часу, — запярэчыў Сакалінае Вока, па-ранейшаму разглядаючы сляды, — мы ведаем, што тут прайшлі разбойнік-гуроны, цёмнавалосая і спявак. Але дзе-ж тая, у якой залатыя завіткі і блакітныя вочы? Хоць і маленькага росту і не такая смелая, як яе сястра, яна ўсё-ж прыгожая на выгляд і прыемная ў гутарцы. Хіба ў яе няма сяброў і нікога, хто клапаціўся-б аб ёй?
— Барані бог, каб ёй калі-небудзь нехапала сяброў! Хіба мы не шукаем яе? Па крайняй меры, я не кіну пошукаў, пакуль не знайду яе, — усклікнуў Хейвард.
— У такім выпадку нам давядзецца ісці рознымі дарогамі, бо яна не праходзіла тут; якім-бы не быў лёгкім яе след, ён усё-ж быў-бы тут відзён.
Хейвард адышоў. Здавалася, уся палкасць яго ўмомант знікла. Разведчык не звярнуў увагі на раптоўную перамену ў настроі свайго субяседніка і, падумаўшы крыху, казаў далей:
— Ні адна жанчына ў гэтай пустыні не магла пакінуць такога сляда, апрача цёмнавалосай або яе сястры. Мы ведаем, што першая была тут, але дзе сляды другой? Пойдзем далей па гэтых слядах, і, калі нічога не знойдзем, давядзецца вярнуцца на раўніну і прайсці па іншаму шляху. Ідзі наперад, Ункас, і назірай за сухім лісцём. Я буду назіраць за кустамі, а твой бацька будзе аглядаць зямлю. Ідзем, сябры мае; сонца заходзіць за ўзгоркі.
— А я нічога не магу зрабіць? — трывожна запытаў Хейвард.
— Вы? — паўтарыў разведчык, які ўжо пайшоў наперад са сваімі чырвонаскурымі сябрамі. — Так, вы можаце ісці ззаду нас і не затоптваць слядоў.
Прайшоўшы некалькі дзесяткаў футаў, індзейцы спыніліся і пачалі разглядаць нешта на зямлі з большай, чым раней, увагай. Бацька і сын размаўлялі быстра і голасна, гледзячы то на прадмет іх агульнага зачаравання, то адзін на аднаго, з самым шчырым задавальненнем.
— Яны знайшлі маленькую нагу?! — ускрыкнуў разведчык, спяшаючыся за імі. — Што гэта? Тут была зроблена засада! Не, клянуся лепшай стрэльбай, тут былі верхавыя коні. Ну, цяпер тайна выяўлена, і ўсё ясна, як паўночная зорка ў поўнач. Так, тут яны селі на коней. Коні былі прывязаны вось да гэтага дрэўца, а вунь там праходзіць шырокая дарога на поўнач, проста да Канады.
— Але ўсё-ж няма ніякіх слядоў Алісы — малодшай міс Мунро, — сказаў Дункан.
— Калі не лічыць бліскучай цацкі, якую Ункас толькі што падняў з зямлі. Дай сюды, хлопчык, мы добра яе разгледзім.
Хейвард зараз-жа пазнаў брошку, якую любіла насіць Аліса. Памяць чалавека, які кахае, запомніла яму, што ён бачыў гэтую брошку на шыі сваёй каханай раніцай у дзень фатальнай разні. Ён схапіў дарагую рэч, прыціснуў яе да сэрца, і ў той-жа момант яна знікла з вачэй здзіўленага разведчыка, які дарэмна шукаў яе на зямлі.
— Эх, — прамовіў нявесела Сакалінае Вока, пакінуўшы варушыць лісцё канцом стрэльбы, — калі зрок пачынае аслабяваць, — гэта верная адзнака старасці. Такая бліскучая бразгушка — і не відаць яе! Але ўсё-ж я бачу дастаткова добра, каб расквітацца з мінгам. А ўсё-ж такі мне хацелася-б знайсці гэтую рэч, хоць-бы для таго, каб перадаць яе законнай уладарцы, а гэта азначала-б злучыць два канцы доўгага-доўгага следу, бо ў даны момант нас раздзяляе шырокі Лаўрэнці, а быць можа, і вялікія азёры.
— Тым больш не варта адкладваць, трэба ісці далей, — заўважыў Хейвард. — Ідзем-жа.
— Маладая кроў і кроў гарачая — гэта, кажуць, амаль адно і тое-ж самае. Мы-ж ідзем не на паляванне за вавёркамі, не аленя нам заганяць у Гарыкан. Нам давядзецца блукаць дні і ночы і ісці па пустыні, па якой рэдка ступае нага чалавека і дзе не дапамогуць ніякія кніжныя веды. Індзеец ніколі не выпраўляецца ў падобнае падарожжа, не выкурыўшы папярэдня каля вогнішча люлькі нарады, і хоць я белы, я паважаю гэты звычай, бо ён разумны і мудры. Таму мы вернемся на руіны старой крэпасці і запалім там агонь, а заўтра раніцай устанем свежымі і гатовымі да справы, як належыць мужчынам, а не балбатлівым жанчынам або нецярплівым хлопчыкам.
Па тону разведчыка Хейвард пераканаўся ў бясплоднасці спрэчак. Мунро зноў зрабіўся апатычным, з гэтага стану яго магло вывесці толькі моцнае ўзрушэнне. Прышлося скарыцца перад неабходнасцю; малады чалавек узяў за руку ветэрана і пайшоў услед за індзейцамі і разведчыкам, якія павярнулі ўжо на дарогу да раўніны.
РАЗДЗЕЛ XIX
У змроку ночы яшчэ больш страшнай здавалася мясцовасць, калі падарожнікі вярнуліся да руін крэпасці. Разведчык і яго таварышы зараз-жа ўзяліся за падрыхтоўку да начлегу. Да пачарнелай сцяны прыставілі некалькі бэлек; Ункас злёгку прыкрыў іх галлём, і ўсе былі задаволены гэтым часовым прытулкам. Малады індзеец, скончыўшы работу, паказаў на сваю грубую хаціну, і Хейвард, які зразумеў сэнс маўклівага жэсту, пачаў угаворваць Мунро ўвайсці туды. Пакінуўшы асірацелага старога гараваць, Дункан зараз-жа вышаў на паветра. Ён быў вельмі ўсхваляваны і не мог адпачываць.
Пакуль Сакалінае Вока і індзейцы запальвалі вогнішча і елі скромную вячэру, якая складалася з вяленага мядзведжага мяса, малады чалавек пайшоў у той бок разбуранай крэпасці, якая выходзіла на Гарыкан. Вецер супакоіўся, і хвалі набягалі на пясчаны бераг больш мерна і спакойна. Хмары, нібы стаміўшыся ад шалёнага бегу, разрываліся ў шматкі; больш цяжкія збіраліся чорнымі пластамі на небасхіле; лёгкія воблакі яшчэ насіліся над вадой або круціліся сярод верхавін гор, нібы стаі птушак, пырхаючых вакол сваіх гнёзд. Часамі сярод плыўшых воблакаў прабівалася чырвоная вогненная зорка, азараючы слабым святлом хмурае неба. Сярод навакольных гор панаваў ужо густы змрок; раўніна ляжала, нібы вялікі магільны склеп, і ні малейшы шолах, ніякі подых не парушалі мёртвай цішыні.
Дункан некалькі хвілін стаяў, у задуменні сузіраючы гэтае відовішча, якое так страшэнна нагадвала мінулае. Вочы яго пераходзілі ад валу, дзе жыхары лясоў сядзелі вакол яркага агню, да змроку, што знаходзіўся ў тым баку, дзе спачывалі мёртвыя. Яму хутка здалося, што адтуль даносяцца нейкія незразумелыя гукі. Маладому чалавеку зрабілася сорамна за свае страхі. Ён павярнуўся да возера, стараючыся спыніць сваю ўвагу на адлюстраваннях зорак, якія слаба зіхацелі на паверхні вады. Але вельмі напружаны слух па-ранейшаму лавіў бледныя цені гукаў. Нарэшце, яму здаўся ў цемры даволі ясны тупат. Ахоплены трывогай, Дункан ціхім голасам паклікаў разведчыка. Сакалінае Вока ўскінуў на плячо карабін і падышоў да Хейварда з такім спакойным выглядам, які паказаў, наколькі ён быў упэўнены ў бяспецы як сваёй, так і сваіх спадарожнікаў.
— Прыслухайцеся, — сказаў Дункан, — на раўніне чуваць нейкія гукі; быць можа, гэта азначае, што Манкальм яшчэ не пакінуў месцы сваёй перамогі.
— Ну, значыць, вушы лепш за вочы, — адказаў разведчык усё таксама-ж спакойна; ён толькі што паклаў у рот кавалак мядзвежага мяса і гаварыў няясна і павольна, як чалавек, рот якога заняты двайной справай. — Я бачыў сам, што ён спыніўся ў Тэйе з усім сваім войскам; французы любяць пасля ўдалай справы вярнуцца дадому, патанцаваць і павесяліцца з жанчынамі, святкуючы поспех.
— Не ведаю. Індзейцы рэдка спяць у часе вайны, і які-небудзь гурон мог астацца тут дзеля грабяжу пасля таго, як пайшла адсюль яго зграя. Добра-б было патушыць агонь і паставіць часавога. Прыслухайцеся! Чуеце вы шум, пра які я кажу?
— Індзейцы рэдка блукаюць вакол магіл. Хоць яны заўсёды гатовы на забойства, але звычайна задавальняюцца скальпам.
— Чуеце?! Зноў! — спыніў яго Дункан.
— Так, так, ваўкі робяцца смелымі, калі ў іх бывае вельмі мала або занадта многа харчу, — сказаў бестурботна разведчык. — Калі-б было святлей і больш часу, можна было-б здабыць некалькі скур гэтых д’яблаў. Але, аднак… Што-б гэта магло быць?
— Гэта, значыць, не ваўкі?
Сакалінае Вока павольна паківаў галавой і зрабіў знак Дункану ісці за ім да месца, куды не даходзіла святло вогнішча. Выканаўшы гэтую перасцярогу, ён увесь насцеражыўся і доўга, напружана прыслухоўваўся, ці не паўторыцца ціхі гук, які так здзівіў яго. Аднак, яго старанні, як відаць, былі дарэмнымі, бо цераз хвіліну, ён шапнуў Дункану:
— Трэба пазваць Ункаса. Індзеец можа пачуць тое, чаго не чуем мы; я вось белы і не адмаўляю гэтага.
Малады магікан, які размаўляў з бацькам, уздрыгануўся, пачуўшы крык савы, ускочыў на ногі і пачаў углядацца ў цемру, нібы шукаючы месца, адкуль данёсся гэты гук. Разведчык крыкнуў другі раз, і праз некалькі хвілін Дункан убачыў Ункаса, які асцярожна прабіраўся ўдоўж вала да таго месца, дзе яны стаялі.
Сакалінае Вока сказаў яму некалькі слоў на дэлаварскай мове. Як толькі Ункас даведаўся, навошта яго паклікалі, ён кінуўся ніцма на зямлю; Дункану здалося, што ён ляжыць зусім спакойна і не рухаючыся. Здзіўлены нерухомай позай, маладога воіна і цікавячыся даведацца, якім чынам ён здабывае патрэбныя весткі, Хейвард зрабіў некалькі крокаў і нагнуўся над цёмным прадметам, з якога не спускаў вачэй. Ён убачыў, што Ункас знік, і разгледзеў толькі няясныя абрысы нейкага ўзвышша на насыпу.
— Дзе-ж магікан? — запытаў ён разведчыка, у здзіўленні адступаючы назад. — Я бачыў, як ён прылёг на зямлю тут, і гатоў быў паклясціся, што ён астаўся ляжаць на адным месцы.
— Цес! Гаварыце цішэй. Мы-ж не ведаем, чые вушы чуюць нас, а мінгі — хітрае племя. Што датычыць Ункаса, то ён на раўніне, і калі тут ёсць яшчэ макуасы, яны знойдуць праціўніка, які не саступіць ім у хітрасці.
— Вы думаеце, што Манкальм яшчэ не адазваў усіх сваіх індзейцаў? Паклічам нашых таварышоў, каб узяцца за зброю. Тут нас пяцёра, прызвычаеных да бою.
— Нікому ні слова, калі шануеце жыццё. Зірніце на Сагамора. Калі тут прытаіўся хто-небудзь з ворагаў, яны ніколі не здагадаюцца па яго твару, што мы чуем блізкую небяспеку.
— Але яны могуць выявіць яго, і гэта для яго смерць. Яго фігура вельмі ясна відаць пры святле вогнішча, і ён зробіцца першай і няўхільнай афярай.
— Нельга адмаўляць, што вы кажаце праўду, — сказаў разведчык, выказваючы больш трывогі, чым звычайна, — але што-ж рабіць? Адзін падазроны позірк можа выклікаць атаку раней, чым мы падрыхтуемся да яе. Чынгачгук чуў, як мы паклікалі Ункаса, і ведае, што мы трапілі на нейкі след; я скажу яму, што гэта след мінга; ён ужо будзе ведаць, што зрабіць.
Разведчык усунуў у рот пальцы, і Дункан адхіснуўся, пачуўшы ціхі шыпячы гук, які ён палічыў за шыпенне змяі. Чынгачгук сядзеў у раздум’і, абапершыся галавой на рукі; але як толькі ён пачуў папярэджвальны крык жывёлы, імя якой ён насіў, ён падняў галаву, і цёмныя вочы яго быстра і пранікліва агледзелі ўсё навокал. Выраз здзіўлення або трывогі абмежаваўся гэтым раптоўным і, быць можа, мімавольным рухам. Стрэльба ляжала так блізка, што дастаткова было толькі працягнуць за ёю руку. Тамагаук выпаў на зямлю з-за пояса, расшпіленага для зручнасці, і ўся фігура дзікуна нібы апусцілася, як у чалавека, які дае адпачынак нервам і мускулам. Дзікун умела прыняў ранейшую позу, перамяніўшы руку, як быццам для таго, каб даць адпачыць другой, і стаў чакаць падзей са спакоем і мужнасцю, якія даступны толькі індзейскаму воіну.
Але Хейвард заўважыў, што правадыр магікан не драмаў; ноздры яго раздуваліся, галава была крыху павернута ў адзін бок, а жвавы, быстры позірк безупынна пераходзіў з аднаго прадмета на другі.
— Зірніце на Сагамора! — шапнуў Сакалінае Вока, дакранаючыся да рукі Хейварда. — Ён ведае, што самы нязначны яго рух або позірк можа парушыць нашы планы і аддаць нас у рукі гэтых нягоднікаў…
Яго спынілі раптоўная ўспышка і стрэл. Над вогнішчам, ля якога сядзеў магікан, узвіліся вогненныя іскры. Калі Хейвард зірнуў другі раз, то ўбачыў, што Чынгачгук знік.
Між тым разведчык трымаў ужо стрэльбу напагатове і з нецярплівасцю чакаў моманту, калі з’явіцца непрыяцель. Але атака, як відаць, скончылася гэтай адной і бясплоднай спробай. Разы два да слухаючых данёсся шолах кустоў, — у гушчар кінуліся нейкія фігуры; хутка Сакалінае Вока паказаў на ваўкоў, якія шпарка ўцякалі перад кімсьці, хто ўварваўся ў іх уладанні. Пасля некалькіх хвілін нецярплівага, трывожнага чакання пачуўся плеск вады і зараз-жа за ім стрэл з другога ружжа.
— Гэта Ункас! — сказаў разведчык. — У хлапца добрая стрэльба! Я ведаю гук яе стрэлу таксама-ж добра, як бацька ведае мову свайго дзіцяці, таму што сам карыстаўся гэтай стрэльбай, пакуль не здабыў лепшай.
— Што гэта значыць? — запытаў Дункан. — За намі сочаць, і, як відаць, мы асуджаны на пагібель!
— Вунь тыя галавешкі, якія разляцеліся, паказваюць, што замышлялася нешта нядобрае, а гэты індзеец можа пасведчыць, што не адбылося ніякай шкоды для нас, — адказаў разведчык, апускаючы стрэльбу і ідучы да валу ўслед за Чынгачгукам, які толькі што паказаўся ў асветленым ад вогнішча месцы. — Што гэта, Сагамор? Мінгі сапраўды нападаюць на нас ці гэта толькі адзін з тых падлюгаў, што прымазваюцца да ваеннага атрада, знімаюць скальпы з мерцвякоў, і, вярнуўшыся дадому, выхваляюцца перад жанчынамі сваімі храбрымі подвігамі?
Чынгачгук спакойна сеў на сваё ранейшае месца і адказаў толькі пасля таго, як уважліва агледзеў галавешку, у якую трапіла куля, якая ледзь не аказалася для яго фатальнай. Тады ён задаволіўся тым, што падняў палец і сказаў па-англійску:
— Адзін.
— Я так і думаў, — заўважыў, сядаючы, Сакалінае Вока, — а паколькі яму ўдалося кінуцца ў возера раней, чым стрэліў Ункас, то можна з упэўненасцю сказаць, што нягоднік будзе расказваць усякія небыліцы пра вялікую засаду, куды ён трапіў, ідучы па слядах двух магікан і аднаго белага паляўнічага; пра афіцэраў ён не будзе казаць: тут яны не ўлічваюцца. Ну, няхай сабе расказвае… няхай! У кожным народзе знойдуцца сумленныя людзі (хоць іх мала сярод макуасаў), якія спыняць нахабніка, калі ён пачне гаварыць што-небудзь неразумнае. Нягоднік пусціў кулю так, што яна прасвістала каля самых тваіх вушэй, Сагамор.
Чынгачгук зноў прыняў ранейшую позу са спакоем, якога не мог парушыць такі малаважны выпадак. Ункас далучыўся да астатніх і сеў ля вогнішча з такім-жа спакойным выглядам, як бацька.
Хейвард з вялікай цікавасцю і здзіўленнем назіраў за ўсім, што адбывалася перад ім. Яму здавалася, што паміж жыхарамі лясоў існуе нейкае патаемнае разуменне, якое ўслізгвае ад яго розуму. Замест паспешната вялікага расказу, у якім белы юнак стараўся-б перадаць, — а магчыма, і пераўвялічыць, — падзеі, якія адбыліся на цёмнай раўніне, малады воін, відавочна, задавальняўся ўсведамленнем, што яго справы самі будуць гаварыць за яго. Сапраўды, для індзейца ў даны момант не было выпадку пахваліцца сваімі подвігамі, і, напэўна, калі-б Хейвард не запытаў, не было-б сказана ні слова аб гэтай справе.
— Што здарылася з вашым ворагам, Ункас? — запытаў Дункан. — Мы чулі ваш стрэл і спадзяваліся, што вы стралялі не дарэмна.
Малады воін адкінуў складкі свайго паляўнічага адзення і спакойна паказаў фатальны пук валасоў — сімвал сваёй перамогі. Чынгачгук узяў у руку скальп і ўважліва разглядаў яго на працягу некалькі хвілін; потым ён кінуў скальп, і страшэнная агіднасць паказалася на яго твары.
— Онеіда! — прамовіў ён.
— Онеіда! — паўтарыў разведчык. Ён падышоў, каб зірнуць на крывавую эмблему. — Барані богі! Калі па нашаму следу ідуць онеіды, то гэтыя д’яблы акружаць нас з усіх бакоў! Для вачэй белых няма розніцы паміж скурай аднаго або другога індзейца, а вось Сагамор кажа, што гэта скура з галавы мінга, і нават называе племя, да якога належаў гэты небарака, так упэўнена, як калі-б скальп быў лістом кнігі, а кожны валасок — літарай. Ну, а што скажаш ты, хлапец? Да якога народу належыць нягоднік?
Ункас глянуў на разведчыка і адказаў сваім мяккім голасам:
— Онеіда!
— Зноў онеіда! Калі нават адзін індзеец што-небудзь сцвярджае, гэтае сцвярджэнне звычайна з’яўляецца справядлівым; але калі яго падтрымліваюць людзі яго племя, тут не можа быць памылкі.
— Небарака палічыў нас за французаў, — сказаў Хейвард, — ён не стаў-бы рабіць замаху на жыццё сяброў.
— Каб ён палічыў магікана ў ваеннай расфарбоўцы за гурона! Гэта ўсёроўна, як калі-б вы палічылі грэнадзёраў Манкальма ў белых мундзірах за чырвоныя курткі англійскіх гвардзейцаў, — запярэчыў разведчык. — Не, не, змяя вельмі добра ведала сваю справу, і вялікай памылкі не было, бо дэлевары і мінгі недалюбліваюць адзін аднаго, на чыім-бы баку ні змагаліся іх плямёны ў часе міжсобіцаў белых. Таму, хоць онеіды служаць англічанам, я не задумаўся-б і сам прыстрэліць нягодніка, калі-б шчаслівы выпадак прывёў яго на мой шлях.
— Гэта было-б парушэннем нашага дагавору.
— Калі чалавеку даводзіцца часта мець зносіны з якім-небудзь народам, — казаў далей Сакалінае Вока, — і людзі там сумленныя, а сам ён не машэннік, то паміж імі ўзнікае любоў. Але любоў паміж магіканам і мінгам вельмі падобна да прыязні чалавека да змяі.
— Сумна чуць гэта!
— Ну, што датычыць мяне, то я паважаю справядлівасць; і таму я не скажу, каб я ненавідзеў мінгаў. А ўсё-ж такі толькі ноч перашкодзіла майму «аленебою» пусціць кулю ў вываротлівага онеіду.
Сакалінае Вока змоўк і адвярнуўся ад агню. Хейвард пайшоў на вал. Ён не прызвычаіўся да ваеннага жыцця ў лясах і таму не мог аставацца спакойным, думаючы пра матчымасць такіх каварных нападаў.
Дункан дастаткова добра ведаў звычаі індзейцаў, каб зразумець, чаму агонь быў раскладзены зноў і чаму воіны, не выключаючы Сакалінага Вока, селі на свае месцы каля дымлівага кастра так важна і ўрачыста. Ён таксама сеў на краі вала, каб бачыць сцэну, якая была перад ім, і пільна назіраць за небяспекай, што магла з’явіцца кожны момант.
Пасля кароткага многазначнага перапынку Чынгачгук закурыў люльку з драўляным цыбуком, вытачаную з мяккага каменя. Нацешыўшыся пахам заспакойлівага зелля, ён перадаў люльку ў рукі разведчыка. Люлька абышла такім чынам прысутных тры разы сярод поўнай цішыні. Ніхто не прамовіў ні слова. Потым Сагамор, як старэйшы па ўзросту і стану, выклаў план дзеянняў у некалькіх словах, сказаных спакойна і з важнасцю. Яму адказаў разведчык. Чынгачгук пачаў гаварыць зноў, бо яго субяседнік не згаджаўся з яго думкай. Малады Ункас сядзеў моўчкі з пачцівасцю слухаючы старэйшых, пакуль Сакалінае Вока не запытаў яго думкі з ветлівасці. Па манерах размаўляючых Хейвард зразумеў, што бацька і сын прытрымліваюцца аднолькавай думкі ў спрэчцы, у той час як белы настойвае на іншым. Спрэчка рабілася ўсё больш ажыўленай.
Словы Ункаса выслухоўваліся з такой-жа вялікай увагай, як і поўныя больш сталай мудрасці словы яго бацькі. Ніхто не выяўляў ніякай нецярплівасці, і кожны адказваў толькі пасля некалькіх хвілін маўклівага раздум’я.
Гутарка магікан суправаджалася такімі яснымі, натуральнымі жэстамі, што Хейвард лёгка ўлоўліваў сэнс іх разважанняў. Па частых жэстах індзейцаў ясна было, што яны настойваюць на праследаванні па сухазем’і, па слядах, у той час як Сакалінае Вока ўвесь час працягваў руку ў напрамку Гарыкана, з чаго можна было заключыць, што ён стаіць за пагоню па вадзе.
Разведчык, як відаць, пачынаў прыходзіць у замяшанне, і пытанне, напэўна, вырашылася не ў яго карысць, як раптам ён устаў на ногі, і скінуўшы апатыю, пачаў гаварыць з усім майстэрствам туземнага красамоўства. Ён паказаў на шлях сонца, падымаючы руку столькі разоў, колькі дзён неабходна для выканання яго плана. Потым ён абрысаваў доўгі, цяжкі шлях сярод гор і водараздзелаў. Старасць і слабасць Мунро, які спаў і нічога не падазраваў, былі апісаны знакамі, вельмі зразумелымі для таго, каб памыліцца ў іх значэнні. Дункан заўважыў, што і пра яго ўспаміналі; разведчык працягнуў далонь і прамовіў імя «Шчодрая Рука» — мянушка, якую далі Дункану ўсе прыяцельскія плямёны за яго шчодрасць. Потым пайшло апісанне знакамі лёгкіх рухаў лодкі, у процівагу аслабелым крокам стомленага чалавека. Ён скончыў спасылацца ца скальп онеіда і, як відаць, настайваў на неабходнасці пайсці быстра, не пакідаючы за сабой слядоў.
Магікане слухалі ўважліва. Упэўненая гутарка Сакалінага Вока аказала сваё дзеянне, і пад канец словы разведчыка суправаджаліся звычайнымі ўхвальнымі ўсклікамі. Карацей кажучы, Ункас і яго бацька, цалкам перакананыя довадамі Сакалінага Вока, адмовіліся ад думкі, выказанай імі раней. Як толькі пытанне было вырашана, усе спрэчкі ўмомант былі забыты. Сакалінае Вока, не звяртаючы ўвагі на ўхваленне, якое выяўлялася ў вачах яго слухачоў, спакойна выцягнуўся на ўвесь свой высокі рост перад патухаючым агнём і заплюшчыў вочы.
Магікане, якія ўвесь час былі занятыя чужымі інтарэсамі, скарысталі гэты момант, каб падумаць і пра сябе. Голас суровага індзейскага правадыра адразу зрабіўся мякчэйшым, і Чынгачгук пачаў размаўляць з сынам пяшчотным, ласкавым, жартаўлівым тонам. Ункас радасна адказаў на прыязныя словы бацькі, і перш чым цяжка захроп разведчык, апавясціўшы, што ён заснуў, у абліччы яго спадарожнікаў адбылася поўная перамена.
Немагчыма выказаць музычнасць іх мовы, асабліва прыкметную ў часе смеху і ў ласкавых словах; дыяпазон іх галасоў — у асаблівасці голаса юнака — быў здзіўляючым: ад самага глыбокага баса ён пераходзіў да тонаў амаль жаночай далікатнасці. Вочы бацькі з яўным захапленнем сачылі за плаўнымі, гнуткімі рухамі сына; ён усміхаўся ўсякі раз у адказ на захапляючы ціхі смех Ункаса. Пад уплывам пяшчотных бацькаўскіх пачуццяў усякае адценне лютасці знікла з твара Сагамора.
На працягу цэлай гадзіны індзейцы выказвалі адзін аднаму свае лепшыя пачуцці; потым Чынгачгук абвясціў намеры легчы спаць, ухутаў галаву шарсцянай коўдрай і выцягнуўся на сырой зямлі. Весялосць Ункаса ўмомант знікла. Юнак старанна сабраў вугалле так, каб іх цяпло сагравала ногі бацькі, і знайшоў сабе месца прылегчы сярод руін.
Хейвард, падбадзёраны пачуццём бяспекі, якое выяўлялі вопытныя жыхары лясоў, паследаваў іх прыкладу, і задоўга да поўначы людзі, якія ляжалі сярод руін крэпасці, заснулі моцным сном.
РАЗДЗЕЛ ХХ
На небе яшчэ блішчэлі зоркі, калі Сакалінае Вока разбудзіў людзей, якія спалі. Мунро і Хейвард ускочылі на ногі, як толькі пачулі яго голас ля ўваходу ў шалаш, дзе яны правялі ноч. Вышаўшы са свайго прытулку, яны ўбачылі разведчыка, які чакаў іх. Замест усякага прывітання іх разумны праваднік зрабіў многазначны жэст, заклікаючы да маўчання.
— Не кажыце ні слова, — шапнуў Сакалінае Вока, калі яны падышлі бліжэй. — Голас белага рэдка можа прыстасавацца да цішыні лесу, як мы бачым гэта на прыкладзе гэтага вартага жалю спевака. Ну, — казаў ён далей, накіроўваючыся да закрытага месца крэпасці, — спусцімся ў роў з гэтага боку. Старайцеся ступаць па каменнях і па бярвеннях.
Спадарожнікі выканалі яго загад, хоць прычына такіх незвычайных перасцярог была для іх невядомай. Калі яны спусціліся ў нізкую ўпадзіну, якая абкружала з трох бакоў земляны форт, то знайшлі яе амаль зусім заваленай руінамі. Дзякуючы асцярожнасці і цярпенню, ім удалося выбрацца ўслед за разведчыкам на пясчаны бераг Гарыкана.
— Гэта след, які можна выявіць толькі носам, — сказаў разведчык, азіраючыся на пройдзены цяжкі шлях. — Трава — здрадніцкі дыван для бегляцоў, а на дрэве і на камені не астаецца сляда макасінаў. Калі-б вы былі абутыя ў вашы ваенныя боты, можна было-б, бадай, трывожыцца; але ў абутку з аленяй скуры, вырабленай як належыць, чалавек можа спакойна адпраўляцца на горы. Падштурхні лодку бліжэй, Ункас; тут на пяску сляды вельмі прыкметныя. Цішэй, хлапец, цішэй; яна не павінна дакранацца да берагу, а то нягоднікі даведаюцца, якой дарогай мы пайшлі адсюль.
Малады чалавек асцярожна пад’ехаў да берагу; разведчык перакінуў на карму дошку, якая асталася ад руін крэпасці, і жэстам запрасіў афіцэраў у лодку. Пасля гэтага ўсё зноў было старанна прыведзена ў ранейшы беспарадак. Сакалінаму Воку ўдалося дабрацца да берасцянага чаўна, не пакінуўшы пасля сябе слядоў. Хейвард маўчаў, пакуль індзейцы, асцярожна грабучы вёсламі, не адплылі на некаторую адлегласць ад крэпасці пад шырокі цёмны цень, які падаў з гор на люстраную паверхню возера.
— Навошта гэты патаемны паспешны ад’езд? — запытаў ён нарэшце.
— Калі-б кроў онеіды магла афарбаваць такую прастору чыстай вады, як тую, па якой мы плывем, — адказаў разведчык, — вашы вочы самі адказалі-б на гэтае пытанне.
— Але-ж вы казалі, што ён адзін, а мерцвякоў няма чаго баяцца.
— Так, ён быў адзін у сваёй д’ябальскай справе! Але індзейцу рэдка даводзіцца баяцца, што яго кроў пральецца без таго, каб хутка не пачуўся прадсмяротны крык каго-небудзь з яго ворагаў.
— З ворагамі наперадзе і ззаду наша падарожжа будзе, як відаць, вельмі небяспечным.
— Небяспечным? — спакойна паўтарыў Сакалінае Вока. — Не, яно будзе не такім ужо небяспечным. Дзякуючы пільнаму слуху і востраму зроку мы можам перагнаць нягоднікаў на некалькі гадзін; а калі давядзецца звярнуцца за дапамогай да стрэльбы, то па крайняй меры трое з нас умеюць карыстацца ёю таксама-ж добра, як любы з тых, каго вы можаце сустрэць у гэтых месцах. Не, не; пра небяспеку няма чаго гаварыць, але, напэўна, давядзецца ісці фарсіраваным маршам, як сказалі-б вы; магчыма, здарыцца напад і сутычка або іншая забава ў гэтым родзе, але схавацца будзе ўсюды зручна, і баявыя прыпасы ў нас ёсць у дастатковай колькасці.
Магчыма, што паняцці Хейварда аб небяспецы некалькі адрозніваліся ад паняццяў разведчыка. Замест таго, каб адказаць паляўнічаму, ён сядзеў моўчкі, пакуль лодка плыла па вадзе. На досвітку яны прыплылі да праліваў возера і пачалі шпарка і асцярожна прабірацца сярод бязлікіх астраўкоў.
Чынгачгук паклаў сваё вясло. Ункас і разведчык вялі лёгкае судно па заблытаных, звілістых пралівах, дзе кожны лішні фут, зроблены імі, мог наблізіць іх да якой-небудзь небяспекі. Уважлівы позірк Сагамора пераходзіў з астраўка на астравок, з аднаго зарасніка на другі; калі-ж больш чыстая прастора вады дазваляла, яго востры позірк накіроўваўся ўдоўж аголеных скал і грозных лясоў, якія нахмурыліся над вузкімі пралівамі.
Хейвард, які быў зацікаўлены прыгажосцю месца і ў той-жа час адчуваў трывогу, уважліва сачыў за ўсім і толькі што падумаў, што трывога яго не мае дастатковых падстаў, як вёслы пакінулі рухацца па сігналу, дадзенаму Сагаморам.
— Хуг! — ускрыкнуў раптам Ункас амаль у той-жа момант, як лёгкі ўдар яго бацькі па барту лодкі папярэдзіў аб набліжэнні небяспекі.
— Што такое? — запытаў разведчык. — Возера такое гладкае, нібы ветры ніколі не дулі, і я магу бачыць за цэлыя мілі па яго паверхні.
Індзеец падняў вясло і паказаў у той бок, куды быў накіраваны яго пільны позірк. Дункан паглядзеў у тым-жа напрамку. У некалькіх дзесятках футаў ад лодкі знаходзіўся адзін з нізкіх лясістых астраўкоў; ён здаваўся такім спакойным і мірным, як быццам нага чалавека ніколі не парушала яго адзіноты.
— Я нічога не бачу, — сказаў ён, — апрача сухазем’я і вады; гэта вельмі прыгожы від.
— Цс! — перабіў яго разведчык. — Так, Сагамор, у цябе ёсць разумная прычына для кожнага ўчынку. Гэта толькі цень, але ён ненатуральны. Бачыце, маёр, воблака пары, якое ўздымаецца над востравам?
— Гэта выпарэнні, якія ўздымаюцца над вадой.
— Так можа сказаць толькі дзіця. А што гэта за цёмная паласа, падобная да дыму? Яе можна прасачыць да гушчару арэшніка. Яна ідзе ад агню, але які патухае ўжо.
— Ну, дык пад’едзем да гэтага месца і вырашым нашы сумненні, — сказаў нецярплівы Дункан. — Людзей павінна быць не многа, калі яны могуць размясціцца на такім кавалачку зямлі.
— Калі вы будзеце меркаваць аб хітрасці індзейцаў па правілах, знойдзеных вамі ў кнігах, то гэта прывядзе вас да памылак, калі не да смерці, — адказаў Сакалінае Вока, аглядаючы прыкметы мясцовасці з уласцівай яму праніклівасцю. — Калі мне дазволена будзе гаварыць, то я сказаў-бы, што нам астаецца на выбар: або вярнуцца і адмовіцца ад праследавання гуронаў…
— Ніколі! — ускрыкнуў Хейвард голасам, занадта моцным пры даных акалічнасцях.
— Ну-ну, — казаў далей Сакалінае Вока, робячы паспешны жэст, каб спыніць парыў нецярплівасці маладога чалавека, — у мяне такая самая думка, але лічу, што я павінен сказаць усё. Значыць, мы павінны плыць далей і, калі ў пралівах знаходзяцца індзейцы або французы, павярнуць лодку і прабіцца паміж тымі навіслымі скаламі. Ці праўду я кажу, Сагамор?
Індзеец, замест адказу, апусціў вясло ў ваду і быстрэй пагнаў лодку. Паколькі ён кіраваў яе ходам, то гэты рух ясна выражаў яго рашэнне. Усе моцна наляглі на вёслы і цераз некалькі хвілін даплылі да месца, адкуль перад імі быў відзён увесь паўночны бераг вострава, скрыты да таго часу.
— Вось яны, — прашаптаў разведчык, — дзве лодкі і дым. Нягоднікі яшчэ не разгледзелі нас дзякуючы туману, а то мы пачулі-б ужо баявы кліч. Налягайце мацней, сябры… Мы адыходзілі ад іх і амаль адышлі ад іх куль.
Добра знаёмы трэск стрэльбы, куля якога слізганула па спакойнай паверхні праліва, і праразлівы крык, які прагучэў з вострава, спынілі яго словы і паказалі, што іх лодку заўважылі. Цераз некалькі хвілін яны ўбачылі дзікуноў, кідаўшыхся ў лодкі, якія хутка заскакалі па вадзе ў пагоні за бегляцамі. Наколькі мог бачыць Дункан, нішто не змянілася ні ў абліччы, ні ў руках трох праваднікоў, толькі ўдары іх вёслаў зрабіліся даўжэйшымі і больш роўнымі, і невялічкая лодка неслася наперад, нібы атрымаўшы жыццё і волю.
— Трымай іх на такой адлегласці, Сагамор, — сказаў Сакалінае Вока, спакойна азіраючыся цераз левае плячо і па-ранейшаму працуючы вяслом, — іменна на такой адлегласці. У гэтых гуронаў ва ўсім племі не знойдзецца стрэльбы, з якай можна папасці на такой адлегласці, ну, а на майго «аленебоя», можна цалкам разлічваць.
Пераканаўшыся, што магікане могуць удваіх падтрымаць патрэбную дыстанцыю, разведчык рашуча паклаў вясло і падняў фатальную стрэльбу. Тры разы ён ускідваў яе к плячу і тры разы, калі таварышы чакалі стрэлу, апускаў яе, патрабуючы, каб індзейцы далі наблізіцца ворагам. Нарэшце, яго дакладны і патрабавальны позірк, здавалася, быў задаволены, і, паклаўшы левую руку на ствол, ён пачаў павольна падымаць дула, як раптам усклік Ункаса, які сядзеў на носе лодкі, прымусіў яго зноў устрымацца ад стрэлу.
— Што такое, хлапец? — запытаў Сакалінае Вока. — Ты выратаваў аднаго з гуронаў ад прадсмяротнага крыку. Ці ёсць у цябе якое-небудзь апраўданне для гэтага?
Ункас паказаў на камяністы бераг некалькі наперадзе іх лодкі, адкуль вылецела другая баявая лодка, якраз наперарэз ім.
Цяпер небяспека стала відавочнай. Разведчык паклаў стрэльбу і ўзяў вясло. Чынгачгук накіраваў нос лодкі бліжэй да заходняга берагу, каб павялічыць адлегласць паміж сабой і новымі ворагамі. У той-жа час нападаўшыя на бегляцоў ззаду напаміналі ім аб сваёй прысутнасці дзікімі крыкамі. Гэтая жудасная сцэна вывела з апатыі нават Мунро.
— Высадзімся на бераг, — сказаў ён з выглядам вопытнага воіна, — і дадзім бой дзікунам.
— Хто хоча выйграць у вайне з індзейцамі, не павінен быць настолькі ганарлівым, каб адмаўляцца ад хітрасці, — адказаў разведчык. — Трымайся бліжэй да берагу, Сагамор. Мы абыходзім машэннікаў, і, можа яны паспрабуюць перагарадзіць нам дарогу.
Сакалінае Вока не памыліўся. Гуроны павярнулі з простага шляху і страцілі на гэтым у хуткасці. Лодкі ішлі на адлегласці двухсот ярдаў адна ад адной. Цяпер гэта зрабілася спаборніцтвам на шпаркасць. Лёгкія лодкі рухаліся так шпарка, што вада возера ўскіпала наперадзе іх, і яны качаліся на хвалях, што ўздымаліся быстрынёй іх руху. Мабыць, па гэтай прычыне і ў выніку неабходнасці ўсім быць ля вёслаў гуроны не стралялі. Бегляцам прыходзілася ўжываць шмат намаганняў, і яны пачалі ўжо стамляцца. Праследавальнікі перавышалі іх лікам. Дункан з непакоем заўважыў, што разведчык пачаў трывожна азірацца, нібы шукаючы якіх- небудзь спосабаў дапамагчы бегству.
— Павярні крыху ў бок ад сонца, Сагамор, — сказаў упарты жыхар лясоў, — я бачу, машэннікі вырашылі афяраваць аднаго чалавека. Павярні далей ад сонца, і мы паставім востраў паміж сабой і імі.
Гэты манеўр аказаўся ўдалым. У недалёкай адлегласці знаходзіўся доўгі нізкі востраў.
Лодка бегляцоў прайшла ўдоўж аднаго берагу, праследавальнікам давялося плысці ўдоўж другога. Разведчык і яго таварышы скарысталі гэтую перавагу і пад прыкрыццем кустоў падвоілі свае намаганні, і без таго ўжо здзіўляючыя. Абедзве лодкі абышлі апошні, самы нізкі пункт вострава, нібы два рысакі, якія нясуцца на ўвесь дух; бегляцы былі наперадзе.
— Ты не дарэмна выбраў іменна гэтую лодку, — сказаў разведчых. — Д’яблы зноў кладуць усю сваю сілу ў вёслы, і нам даводзіцца адстойваць свае скальпы пры дапамозе кавалкаў абструганага дрэва замест стрэльбаў, ахутаных дымам, і вернага позірку. Ну, усе разам, сябры!
— Яны рыхтуюцца страляць, — сказаў Хейвард, — а паколькі мы на адной лініі з імі, то стрэл трапіць абавязкова.
— Дык кладзіцеся на дно лодкі, — сказаў разведчык, — вы і палкоўнік; тады будзе меншая мішэнь.
Хейвард адказаў, усміхаючыся:
— Дрэнны быў-бы прыклад, калі-б старшыя па чыну кідаліся на хітрасці, калі воіны знаходзяцца пад агнём!
— Божа! Божа! Вось яна, мужнасць белага чалавека! — ускрыкнуў разведчык. — Няўжо вы думаеце, што Сагамор або Ункас, або нават я, чалавек без прымесі якой-небудзь чужой крыві, сталі-б раздумваць, ці трэба прыбягаць да хітрасці, калі нельга змагацца адкрыта?
— Усё, што вы кажаце, зусім правільна, мой друг, — адказаў Хейвард, — але нашы звычаі не дазваляюць нам рабіць, як вы хочаце.
Залп са стрэльбаў гуронаў спыніў гэтую гутарку; калі кулі засвісталі вакол іх, Дункан убачыў, што Ункас павярнуўся і паглядзеў на яго і Мунро. Не гледзячы на блізасць непрыяцеля і небяспеку, якая пагражала яму асабіста, на твары маладога воіна не было відаць ніякага хвалявання; на ім можна было бачыць толькі здзіўленне, што ёсць людзі, якія хочуць падстаўляць сябе бескарыснаму рыску. Чынгачгук, як відаць, быў больш знаёмы з паняццямі белых людзей, бо ні разу не глянуў у іх бок і не адрываў вачэй ад прадмета, да якога накіроўваў лодку. Куля ў хуткім часе выбіла з рук правадыра лёгкае, гладкае вясло; праляцеўшы ў паветры, яно ўпала ў ваду далёка ад лодкі. Ункас зрабіў па вадзе дугу лопасцю свайго вясла; лодка вільнула ўбок, і Чынгачгук злавіў сваё вясло, высока падняў яго ў паветра, выгукнуў баявы кліч магікан і зноў узяўся за сваю важную справу, укладаючы ў яе ўсю сваю сілу і майстэрства.
З лодак ззаду пачуліся моцныя крыкі: «Вялікі Змей!», «Доўгі Карабін!», «Быстраногі Алень!» Здавалася, гэтыя выкрыкі надалі яшчэ больш стараннасці праследавальнікам. Разведчык схапіў «аленебой» у левую руку і, падняўшы яго над галавой, з трыумфам трос ім у паветры. Дзікуны адказалі на знявагу дзікімі крыкамі, і зараз-жа прагучэў новы залп. Кулі ўдаралі вакол невялічкага судна, і адна з іх нават прабіла яго кару. Ніякага хвалявання не было відаць у магікан у гэты крытычны момант; іх скамянелыя твары не выяўлялі ні надзеі, ні трывогі; але разведчык зноў павярнуўся і сказаў Хейварду з сваім бязгучным смехам:
— Машэннікі любяць слухаць гукі сваіх стрэльбаў; але сярод мінгаў не знайсці вока, якое магло-б верна прыцэліцца ў лодку, якая скача! Вы бачыце, д’яблы знялі з вёслаў аднаго з людзей, каб зараджаць стрэльбы, а па самаму скромнаму разліку мы праходзім тры футы ў той час, як яны робяць два.
Дункан узрадаваўся, убачыўшы, што іх лодка значна апярэдзіла дзікуноў. Гуроны зноў стрэлілі, і адна з куль трапіла ў лопасць вясла Сакалінага Вока, не зрабіўшы ніякай шкоды.
— Добра, — сказаў разведчык, з цікаўнасцю разглядаючы лёгкую выемку, — гэта не абдрапала-б і скуры дзіцяці. Ну, маёр, калі вы паспрабуеце справіцца з гэтым кавалкам абструганага дрэва, я прымушу «аленебой» прыняць удзел у гутарцы.
Хейвард схапіў вясло і ўзяўся за справу са стараннасцю, якая замяняла майстэрства, а Сакалінае Вока стаў аглядаць крэмні стрэльбы, потым хуценька прыцэліўся і стрэліў. Гурон, які знаходзіўся на носе пярэдняй лодкі, устаў, збіраючыся страляць, але зваліўся на спіну, і стрэльба вывалілася ў яго з рук у ваду. Аднак, праз момант ён зноў ускочыў на ногі з дзікімі, вар’яцкімі жэстамі. У тую-ж хвіліну яго таварышы апусцілі вёслы, лодкі скучыліся і спыніліся. Чынгачгук і Ункас скарысталі выпадак, каб паставіць лодку па ветру, а Дункан па-ранейшаму працаваў вяслом з нястомнай энергіяй. Бацька і сын абмяняліся спакойнымі запытальнымі позіркамі, каб даведацца, ці не атрымаў хто-небудзь з іх ранення ад стрэлаў; абодва вельмі добра ведалі, што ні адзін не дазволіў-бы сабе крыкнуць або сказаць хоць слова, калі-б што-небудзь здарылася з ім у такі важны момант. Некалькі буйных кропель крыві сцякалі з пляча Сагамора. Калі ён заўважыў, што вочы Ункаса спыніліся на гэтых кроплях, ён чарпануў вады ў далонь і змыў пляму, паказаўшы такім спосабам на нязначнасць раны.
— Цішэй, цішэй грабіце, маёр, — сказаў разведчык; за гэты час ён зноў зарадзіў стрэльбу. — Мы адышлі занадта далёка для таго, каб стрэльба магла паказаць усе свае якасці, а вы бачыце, мінгі радзяцца між сабою. Няхай яны падыйдуць на адлегласць стрэлу — майму воку можна верыць ў даным выпадку, — і я прымушу машэннікаў плысці за намі праз увесь Гарыкан, прычым абяцаю, што, у горшым выпадку, іх кулі толькі падрапаюць нам скуру, мой-жа «аленебой» з трох жыццяў возьме два.
— Мы забываемся на нашу справу, — заўважыў Дункан. — Скарыстаем лепш нашу перавагу і адыйдзем далей ад ворага.
— Аддайце мне маіх дзяцей, — хрыпла прамовіў Мунро, — не жартуйце з горам бацькі, аддайце мне маіх дзяцей.
Пачуўшы гэтыя словы, разведчык кінуў апошні позірк на далёкія лодкі, паклаў стрэльбу ўбок і, змяніўшы стомленага Дункана, узяўся за вясло. Магікане падтрымалі яго намаганні, і некалькіх хвілін было дастаткова, каб паміж імі і ворагамі аказалася такая вялікая адлегласць, што Хейвард зноў уздыхнуў свабодна.
Возера рабілася шырэйшым, і шлях лодкі пралягаў цяпер удоўж высокага, скалістага берагу. Астравы сустракаліся рэдка і на такой адлегласці, што іх можна было ўнікнуць. Удары вёслаў сталі больш павольнымі і правільнымі; грабцы, уцёкшы ад пагоні, якая пагражала ім смерцю, грэблі так спакойна, нібы перад тым займаліся спортам, а не выратоўвалі сваё жыццё.
Так цягнулася, пакуль падарожнікі не пад’ехалі да бухты на паўночным канцы возера. Тут лодку падвялі да берагу. Сакалінае Вока і Хейвард вышлі на бліжэйшую кручу. Першы з іх зірнуў на прастору вады, якая рассцілалася пад яго нагамі, і паказаў маёру на маленькі чорны прадмет ля мыса, што знаходзіўся на адлегласці некалькіх міль.
— Бачыце гэта? — запытаў разведчык. — Ну, за што-б вы палічылі гэтую пляму?
— Калі-б не адлегласць і не велічыня гэтага прадмета, я палічыў-бы, што гэта птушка. Няўжо гэта жывая істота?
— Гэта лодка з добрай бярозавай кары, і грабуць на ёй лютыя, каварныя мінгі. Машэннікі прыкідваюцца, быццам яны занятыя сваёй вячэрай, але як толькі сцямнее, яны пойдуць па нашых слядах, як сабакі, якія чуццём шукаюць звера. Нам трэба збіць іх з толку або адмовіцца ад праследавання Хітрай Лісіцы. Гэтыя азёры бываюць іншы раз карыснымі, у асаблівасці калі на вадзе сустракаецца дзічына, — казаў далей разведчык, азіраючыся навакол з заклапочаным выглядам, — а ўкрыцца тут нельга нікому, апрача рыб. Апрача таго мне вельмі не падабаецца дымок, які паўзе ўдоўж кручы над лодкай. Гатоў паставіць у заклад сваё жыццё, гэта — сігнал, які бачаць яшчэ нейчыя вочы, не толькі нашы. Ну, словамі справы не паправіш, пара дзейнічаць.
Сакалінае Вока сышоў з кручы на бераг у глыбокім раздум’і. Ён паведаміў на дэлаварскай мове вынікі сваіх назіранняў таварышам; пасля гэтага адбылася кароткая сур’ёзная нарада. Пагаварыўшы між сабой, яны паднялі лодку і панеслі на плячах. Усе пайшлі ў лес, стараючыся пакідаць за сабою вялікія, ясныя сляды. Яны хутка дайшлі да ручая, прайшлі праз яго і ішлі далей да вялікай аголенай скалы. З таго месца, дзе можна было чакаць, што не будзе відаць слядоў, яны пайшлі зноў да ручая, увесь час старанна адступаючы назад. Па рэчышчу ручая яны дабраліся да возера, і на гэтае возера зараз-жа спусцілі сваю лодку. Невялікі ўзгорак хаваў іх ад мыса, а край берагу быў на значнай адлегласці ўкрыты густымі кустамі, якія навісалі над вадою. Пад прыкрыццем гэтай прыроднай заслоны падарожнікі цярпліва і асцярожна пасоўваліся наперад, пакуль разведчык не сказаў, што, па яго думцы, трэба зноў сыйсці на бераг.
На беразе пачакалі да таго часу, пакуль абрысы берагоў не расплыліся ў няверным вячэрнім святле. Тады бегляцы зноў рушылі ў дарогу. Цемра спрыяла ім, і яны, маўкліва і моцна налягаючы на вёслы, панесліся да заходняга берагу. Суровыя абрысы гары, да якой яны накіроўваліся, не мелі ніякіх асаблівых прыкмет у вачах Дункана, але магікан увайшоў у выбраную ім гавань з упэўненасцю і дакладнасцю вопытнага кормчага.
Лодку зноў паднялі і занеслі ў лес, дзе старанна схавалі пад кучай галля. Падарожнікі ўзялі сваю зброю і рэчы, і разведчык заявіў Мунро і Хейварду, што і ён і індзейцы, нарэшце, гатовы ісці далей.
РАЗДЗЕЛ ХХІ
Бегляцы сыйшлі на бераг на граніцы мясцовасці, нават у цяперашні час менш вядомай жыхарам Штатаў, чым Аравійская пустыня або Сярэднеазіяцкія стэпы. Гэта была бясплодная, няроўная краіна, якая аддзяляла вобласць Шамплена ад вобласцей Гудзона, Магаука і св. Лаўрэнція. З тых часоў, пра якія гаворыцца ў нашым апавяданні, дзейны дух жыхароў абкружыў яе цэлым поясам багатых, квітнеючых паселішчаў, але ўглыб яе нават цяпер пранікаюць толькі паляўнічыя і дзікуны.
Аднак, Сакалінае Вока і магікане часта праходзілі па горах і далінах гэтай абшырнай пустыні і таму ўвайшлі ў яе з упэўненасцю людзей, якія прызвычаены да гэтых месц. Шмат гадзін прабіраліся падарожнікі па цяжкай дарозе, то кіруючыся зорамі, то ідучы ў напрамку якога-небудзь ручая. Нарэшце, разведчык выказаў прапанову спыніцца, і пасля кароткай нарады індзейцы расклалі агонь і пачалі рабіць усе неабходныя падрыхтаванні, каб правесці рэштку ночы на гэтым месцы.
Ужо выпарылася раса, і сонца, разагнаўшы туманы, палівала лес праменнямі яркага, моцнага святла, калі падарожнікі зноў рушылі ў дароту.
Сакалінае Вока ішоў наперадзе ўсіх. Прайшоўшы некалькі міль, ён стаў ісці асцярожней, часта спыняўся, прыглядаючыся да дрэваў, да цячэння ручаёў, да колеру іх вады. Паколькі ён не давяраў сваім назіранням, то часта звяртаўся да Чынгачгука і ўважліва выслухоўваў яго думку. У часе адной з такіх нарад Хейвард заўважыў, што Ункас, які стаяў моўчкі і цярпліва, з цікавасцю прыслухоўваецца да гутаркі старэйшых. Яму вельмі хацелася пагаварыць з маладым правадыром, але па спакойных паводзінах туземца ён заключыў, што той, як і сам ён, цалкам спадзяецца на праніклівасць і разважлівасць старэйшых. Нарэшце, разведчык загаварыў па-англійску і адразу растлумачыў цяжкасць іх становішча.
— Калі я ўбачыў, што дарога да паселішча гуронаў ідзе на поўнач, — сказаў ён, — я адразу зразумеў, што яны пойдуць далінамі і будуць трымацца паміж водамі Гудзона і Гарыкана, пакуль не наткнуцца на вытокі канадскіх рэк, якія прывядуць іх у цэнтр французскіх уладанняў. Але вось мы ўжо блізка ад Скаруна і не бачылі ні аднаго сляда! Чалавечая прырода слабая, і мы, быць можа, пайшлі па нявернаму следу.
— Барані нас божа ад такой памылкі! — усклікнуў Дункан. — Пойдзем назад па нашых слядах і будзем аглядаць усё як можна больш пільна. Ці не параіць што Ункас у такім цяжкім становішчы?
Малады магікан кінуў позірк на бацьку, але па-ранейшаму маўчаў, захоўваючы ўсё той-жа спакойны, стрыманы выгляд. Чынгачгук заўважыў гэты позірк і даў сыну знак рукою, дазваляючы яму гаварыць. У той-жа момант спакойны, сур’ёзны выгляд твара Ункаса змяніўся, прамень радасці мільгануў на ім. Скачком, падобным да скачка аленя, ён кінуўся да невялікага касагора на адлегласці некалькіх дзесяткаў футаў, наперадзе таго месца, дзе яны стаялі, і падняўся з радасным выглядам на ўзгорак, дзе свежая зямля, здавалася, была толькі што ўскапана нейкай жывёлай. Вочы ўсіх накіраваліся на маладога чалавека, які зрабіў гэты нечаканы рух.
— Гэта след! — крыкнуў разведчык, падыходзячы да месца, дзе стаяў Ункас. — У хлапца добры зрок і востры розум.
— Паглядзіце, — сказаў Ункас, паказваючы ў напрамку поўначы і поўдня на відавочныя адзнакі слядоў у абодва бакі ад яго, — цёмнавалосая пайшла ў бок марозу.
— Сабака ніколі не бег па лепшаму следу! — адказаў разведчык, кідаючыся адразу на паказаны шлях. — Нам пашанцавала, вельмі пашанцавала, і мы можам ісці цяпер, высока задраўшы нос. Так! Вось сляды вашых абодвух інаходцаў! Гэты гурон падарожнічае, як генерал. З ім здарылася няшчасце, — ён звар’яцеў! Пашукай слядоў ад колаў, Сагамор, — казаў ён, паварочваючыся і смеючыся ад задавальнення, — вар’ят хутка будзе падарожнічаць у карэце, а за ім будуць сачыць тры пары лепшых вачэй, якія толькі ёсць у Амерыцы.
Добры настрой разведчыка і здзіўляючы поспех пагоні, у часе якой яны зрабілі кружным шляхам больш сарака міль, мімаволі зарадзілі надзею ў сэрцах усяго атрада. Індзейцы пайшлі наперад з такой упэўненасцю, з якой падарожнік ідзе па шырокай праезнай дарозе. Калі здаралася, што якая-небудзь каменная глыба, ручай або кавалак зямлі больш цвёрдай, чым навакольная глеба, перарывалі звенні сляда, па якім яны ішлі, зоркае вока разведчыка нязменна знаходзіла след на некаторай адлегласці, прычым для гэтага рэдка патрабавалася прамаруджванне больш чым на адну мінуту. Магуа, аднак, не адмовіўся ад хітрасцей, да якіх звычайна прыбягаюць туземцы, калі адступаюць ад непрыяцеля. Усюды, дзе гэтаму спрыяў ручай або характар глебы, сустракаліся ілжывыя сляды і нечаканыя павароты; але гэта рэдка ашуквала праследавальнікаў, і яны заўсёды заўважалі памылку раней, чым накіравацца па непраўдзіваму следу.
К сярэдзіне дня яны перайшлі цераз Скарун і рушылі ў бок заходзячага сонца. Спусціўшыся з аднаго ўзвышша ў нізіну, дзе працякаў быстры ручай, яны неспадзявана апынуліся на месцы стаянкі Лісіцы. Вакол ручая ляжалі патухшыя галавешкі; навакол былі раскіданы рэшткі аленя, а на дрэвах ясна відаць былі знакі конскіх зубоў. На некаторай адлегласці Хейвард заўважыў шалаш і з пяшчотнасцю паглядзеў на яго; напэўна, тут адпачывалі Кора і Аліса. Але хоць зямля навакол была вытаптана і адбіткі ног людзей і жывёл былі відаць зусім ясна, след, здавалася, раптам тут абрываўся.
Лёгка было знайсці сляды нараганзетаў, якія, як відаць, ішлі без усякіх праваднікоў і без пэўнай мэты, занятыя толькі пошукамі харчу. Нарэшце, Ункас, які разам з бацькам шукаў дарогу, па якой ішлі коні, натрапіў на след іх нядаўнага прыпынку. Перш чым пайсці па сляду, ён паведаміў таварышоў аб сваім поспеху, і, пакуль тыя раіліся між сабой, юнак з’явіўся зноў, вядучы двух кабыл з паломанымі сёдламі і перапэцканымі папонамі; як відаць, яны бегалі на волі на працягу некалькіх дзён.
— Што гэта значыць? — запытаў Дункан, бляднеючы і азіраючыся навакол, нібы баючыся, што кусты і лісцё выдадуць зараз нейкую жахлівую тайну.
— Гэта значыць, што наша падарожжа падыходзіць к канцу, — адказаў разведчык. — Калі-б нягодніка праследавалі і слабым жанчынам нехапала коней, каб не адстаць ад атрада, Магуа мог-бы скальпіраваць палонніц; але калі непрыяцель не ідзе па пятах, Магуа не закране валаска на іх галовах. Той, хто думае, што мінг можа дрэнна абыходзіцца з жанчынай, не ведае ні індзейцаў, ні закона лясоў. Праўда, коні тут, але гуроны пайшлі адсюль; трэба шукаць дарогу, па якой яны накіраваліся.
Сакалінае Вока і магікане палка ўзяліся за справу. Правялі круг у некалькі сот футаў у папярочніку, і кожны з членаў атрада ўзяў на сябе абавязак даследаваць пэўную частку яго. Але даследаванне не дало ніякіх вынікаў. Слядоў ног было многа, але, здавалася, яны належалі людзям, якія блукалі вакол гэтага месца, не маючы намеру пайсці ад яго. Разведчык і яго таварышы яшчэ раз абышлі вакол стаянкі, ідучы адзін за адным, і апынуліся яшчэ раз у цэнтры, не выявіўшы нічога новага.
— Што за д’ябальская хітрасць! — усклікнуў разведчык. — Мы павінны дабіцца толку, Сагамор; трэба пачаць з крыніцы і прайсці ўсю мясцовасць дзюйм за дзюймам. Няхай гурон не выхваляецца ў сябе ў племі, што ў яго нага, якая не пакідае сляда.
Разведчык сам паказаў прыклад і ўзяўся за справу з падвоенай стараннасцю. Ні адзін ліст не астаўся некранутым. Было паднята ўсё галлё, зрушаны ўсе каменні. Вядома, што індзейцы часта ўжываюць гэтыя прадметы, з надзвычайнай цярплівасцю і лоўкасцю прыкрываючы імі свае сляды. Але ўсё было дарэмна. Нарэшце, Ункас, які скончыў раней за ўсіх сваю частку работы, стаў капаць зямлю вакол мутнага ручайка, што выцякаў з крыніцы і накіраваў яго цячэнне па іншаму рэчышчу. Як толькі высахла вузкае рэчышча пад плацінай, Ункас нахіліўся і стаў разглядаць яго праніклівым, вострым позіркам. Радасны крык зараз-жа апавясціў удачу маладога воіна. Усе кінуліся да гэтага месца, і Ункас паказаў адбітак макасіна на сырой наноснай зямлі.
— Хлапец прынясе славу свайму народу і шмат клопатаў гуронам, — сказаў Сакалінае Вока, гледзячы на след з такім зачараваннем, з якім паглядзеў-бы любы натураліст на клык маманта або рабро мастадонта. — Але гэта не след індзейца! Нага занадта абапіраецца на пяту, і наскі празмерна чатырохвугольныя, нібы які-небудзь французскі танцор падбадзёрваў сваіх супляменнікаў! Бяжы назад, Ункас, і прынясі мне мерку нагі спевака. Ты знойдзеш выдатны адбітак яе якраз насупроць вунь той скалы.
Пакуль юнак выконваў даручэнне, разведчык і Чынгачгук уважліва разглядалі сляды. Памеры цалкам падыходзілі, і Сакалінае Вока ўпэўнена заявіў, што гэта след ног Давіда, якога зноў прымусілі перамяніць боты на макасіны.
— Цяпер я магу прачытаць усё так ясна, як калі-б сам бачыў усе штукі Хітрай Лісіцы, — дадаў ён. — Паколькі галоўныя вартасці спевака заключаюцца ў яго глотцы і ў нагах, то яго пусцілі першым, а астатнія прайшлі па яго слядах.
— Але, — ускрыкнуў Дункан, — я не бачу слядоў!..
— Далікатных слядоў слабых жанчын? — перабіў яго разведчык. — Машэннік знайшоў спосаб пераправіць іх, спадзеючыся, што такім чынам саб’е праследавальнікаў са следу. Гатоў паставіць у заклад сваё жыццё, што мы ўбачым сляды іх прыгожых ножак цераз некалькі дзесяткаў футаў.
Увесь атрад пайшоў удоўж ручайка, трывожна ўглядаючыся ў сляды. Вада хутка вярнулася ў сваё рэчышча, але жыхары лясоў спакойна разглядалі глебу з абодвух бакоў ручая, упэўненыя ў тым, што сляды знаходзяцца пад вадой. Прайшлі больш поўмілі да таго месца, дзе працякаў ручаёк, якраз ля асновы вялікай сухой кручы. Тут падарожнікі спыніліся, каб пераканацца, ці пакінуў гурон ваду.
Шчасце спрыяла ім. Жвавы, дзейны Ункас хутка знайшоў след нагі на шматку моху, куды, як відаць, неасцярожна ступіў адзін з індзейцаў. Ён прайшоў у напрамку, паказанаму прытоптаным мохам, увайшоў у суседні гушчар і натрапіў на след, такі-ж свежы і ясны, як той, па якім яны ішлі да крыніцы. Новы моцны крык паведаміў таварышоў аб удачы юнака, і пошукі адразу, скончыліся.
— Так, гэта было задумана лоўка, што ўласціва індзейцам, — сказаў разведчык, калі ўсе сабраліся вакол гэтага месца.
— Пойдзем мы далей? — запытаў Хейвард.
— Не спяшайцеся. Мы ведаем нашу дарогу, але трэба ўсё-ж добра даследаваць становішча рэчаў. Усё ясна, апрача аднаго: як удалося машэнніку пераправіць жанчын удоўж ручая? Нават гурон не дапусціў-бы, каб іх далікатныя ногі дакраналіся да вады.
— Ці не дапаможа гэта высветліць цяжкасць? — сказаў Хейвард, паказваючы на нешта падобнае да насілак, груба зробленых з галін, перавязаных лыкам і, як відаць, кінутых за непатрэбнасцю.
— Усё зразумела! — у захапленні крыкнуў Сакалінае Вока. — Машэннікі патрацілі па крайняй меры некалькі гадзін, каб зрабіць такую штуку, якая прымусіла-б згубіць іх след. Мне здаралася бачыць, як яны трацілі цэлыя дні на падобныя штукі і з такім-жа вынікам. Вось тры пары макасінаў, і дзве пары невялічкіх ног. Дзіўна, як чалавечая істота можа хадзіць на такіх маленькіх нагах. Дай мне скураны рамень, Ункас, каб вымераць даўжыню гэтай нагі. Божа ты мой! Не больш нагі дзіцяці, а дзяўчаты-ж высокія і статныя.
— Далікатныя ногі маіх дачок не створаны для такіх пакут, — сказаў Мунро, гледзячы з бацькаўскай любоўю на лёгкія адбіткі ног, — баюся, мы знойдзем іх ледзь жывымі.
— Гэтага няма чаго баяцца, — адказаў разведчык, ківаючы галавой, — хада цвёрдая і прамая, хоць і даволі дробная. Паглядзіце: пятка ледзь дакраналася да зямлі; а вось тут цёмнавалосая пераскочыла з кораня на корань. Не, не; наколькі я ведаю, ні адна з іх не аслабела. Вось у спевака пачалі балець ногі, і ён стаміўся; гэта ясна відаць па яго слядах. Бачыце, вось тут ён паслізнуўся; тут ішоў, шырока расставіўшы ногі, і спатыкаўся; а тут зноў ішоў, нібы на лыжах. Так, так, чалавек, які заўсёды пускае ў справу глотку, не можа добра валодаць сваімі нагамі.
Дзякуючы ўсім гэтым бясспрэчным доказам спрактываны жыхар лясоў дайшоў да ісціны амаль з такой упэўненасцю і дакладнасцю, нібы сам быў сведкай гэтых падзей. Падарожнікі, падбадзёраныя гэтымі запэўненнямі і задаволеныя такімі яснымі і ў той-жа час простымі довадамі, прыселі, каб на скорую руку паесці, і затым адправіцца далей.
Разведчык зірнуў на сонца, якое ўжо заходзіла, і пайшоў наперад са шпаркасцю, якая прымусіла Хейварда і Мунро напружыць усе сілы. Цяпер іх дарога ішла лагчынай, пра якую ўжо гаварылася раней. Рух праследавальнікаў быў упэўнены, бо гуроны нават не спрабавалі хаваць свае сляды. Аднак, менш чым цераз гадзіну Сакалінае Вока значна зменшыў хуткасць хады; ён пачаў прыглядацца то ў адзін, то ў другі бок, нібы адчуваючы набліжэнне небяспекі. Нарэшце, ён спыніўся, чакаючы астатніх.
— Я чую гуронаў, — сказаў ён, — там відаць неба скрозь верхавінкі дрэў, і мы падыходзім вельмі блізка да іх лагера. Сагамор, ідзі з боку гары, Ункас пойдзе налева ўдоўж ручая, а я паспрабую ісці па следу. Калі здарыцца што-небудзь, тры разы каркне крумкач. Я бачыў адну з гэтых птушак, якая ляцела якраз над сухім дубам, — вось яшчэ адна адзнака, што мы падыходзім да лагера.
Індзейцы, нічога не адказаўшы, пайшлі кожны ў свой бок, а Сакалінае Вока з двума джэнтльменамі пайшоў асцярожна наперад. Хейвард хутка далучыўся да правадніка; у яго было надзвычайнае жаданае хутчэй глянуць на ворагаў. Разведчык загадаў яму прабрацца да краю лесу і чакаць там яго прыходу, бо ён хацеў даследаваць некаторыя падазроныя адзнакі збоку. Дункан падпарадкаваўся і хутка апынуўся на такім месцы, адкуль перад ім паказалася зусім новае для яго відовішча.
Дрэвы былі ссечаны на прасторы многіх акраў, і мяккае летняа вячэрняе святло асвятляла расчышчаную паляну. У недалёкай адлегласці ад места, дзе стаяў Дункан, паток утварыў маленькае возера, якое ўкрывала амаль усю нізіну ад гары да гары. Вада выцякала з гэтага абшырнага басейна вадападам так правільна і ціха, што каскад здаваўся хутчэй стварэннем рук чалавека, чым прыроды. Каля сотні будынкаў з гліны размяшчаліся на краі возера і нават у вадзе яго, як быццам возера вышла з сваіх звычайных берагоў. Іх круглыя стрэхі добра ахоўвалі ад дрэннага надвор’я, паказвалі, што на пабудову гэтых хацін было пакладзена шмат працы і старанняў, — больш, чым звычайна затрачваюць туземцы на пабудову свайго жылля. Карацей кажучы, уся вёска або горад — як-бы ні называлася гэтае паселішча — мела ахайны выгляд і, здавалася, была пабудавана па пэўнаму плану, што не адпавядае, па думцы белых людзей, звычаям індзейцаў. Але паселішча здавалася пустынным. Па крайняй меры, так думаў Дункан на працягу некалькіх хвілін; нарэшце, яму здалося, што ён бачыць некалькі чалавечых фігур, якія набліжаюцца да яго паўзком; як відаць, яны цягнулі цяжкі і, як хутка са страхам заўважыў Дункан, страшны прадмет. У тую-ж хвіліну некалькі цёмных галоў вытлянула з хацін, і паляна раптоўна ажыла, напоўнілася істотамі, якія, аднак прабіраліся ад аднаго прыкрыцця да другога так быстра, што немагчыма было разгледзець ні іх дзеянняў, ні іх саміх. Хейвард, устрывожаны гэтымі падазронымі і незразумелымі рухамі, толькі што хацеў даць умоўны сігнал — закаркаць крумкачом, — як раптам шолах лісця паблізу прымусіў яго азірнуцца ў другі бок.
Юнак уздрыгануўся і адступіў на некалькі крокаў, убачыўшы на адлегласці некалькіх сотняў ярдаў нейкага незнаёмага індзейца. Але ён зараз-жа апамятаўся і замест таго, каб даць сігнал, астаўся на месцы, уважліва сочачы за рухам незнаёмага.
Яшчэ момант і Дункан пераканаўся, што прысутнасць яго не выкрыта. Туземец, падобна да яго, як відаць, разглядаў нізкія будынкі пасёлка і бясшумныя рухі яго жыхароў. Скрозь груба размалёваную маску немагчыма было разгледзець аблічча дзікуна, але Дункану яно ўсё-ж здалося хутчэй сумным, чым лютым. Галава яго была, па звычаю індзейцаў, пастрыжана, за выключэннем жмутка валасоў на макаўцы; у валасах свабодна віселі тры-чатыры сакаліныя пяры. Падраны паркалёвы плашч прыкрываў яго цела: ніжняе адзенне складалася са звычайнай кашулі, рукавы якой замянялі туземцу штаны. Ногі яго былі голыя і страшна зраненыя цярноўнікам. Ступні іх былі прыкрыты макасінамі з добрай аленевай скуры. Агульны выгляд дзікуна быў сумны і варты жалю.
Дункан з дапытлівасцю разглядаў свайго суседа, калі да яго ціха і асцярожна падышоў разведчык.
— Вы бачыце, мы дайшлі да іх пасёлка, — шапнуў малады чалавек. — А вось тут і дзікун, які, магчыма, перашкодзіць нам прабрацца далей.
Разведчык уздрыгануўся і ледзь не выпусціў з рук стрэльбы, калі Дункан паказаў яму пальцам на незнаёмага. Потым ён апусціў дула і выцягнуў сваю доўгую шыю, разглядаючы дзікуна.
— Гэты нягоднік не з гуронаў, — сказаў ён, — і не належыць ні да аднаго з канадскіх плямён; аднак, па яго адзенню відаць, што ён абрабаваў белага. Вам не відаць, куды ён паклаў сваю стрэльбу або лук?
— У яго, як відаць, няма зброі; ды і наогул ён, здаецца, не мае дрэнных намераў. Калі толькі ён не дасць сігналу сваім прыяцелям, якія, як вы бачыце, круцяцца ля вады, нам няма чаго яго баяцца.
Разведчык павярнуўся да Хейварда і глядзеў на яго некаторы час з несхаваным здзіўленнем. Потым ён шырока разявіў рот і рассмяяўся нястрымным, бязгучным смехам, да якога яго прывучыла прывычка знаходзіцца заўсёды ў небяспецы.
— Прыяцелі, якія круцяцца каля вады! — паўтарыў ён і дадаў: — Вось яно што значыць вучыцца ў школах і жыць у гарадах! Але ў гэтага хлапца ногі доўгія, і яму нельга давяраць. Трымайце яго на прыцэле, а я падбяруся да яго ззаду праз кусты і вазьму жывым. Не страляйце ні ў якім разе.
Сакалінае Вока ўжо напалову скрыўся ў гушчары, калі Хейвард раптам працягнуў руку, каб спыніць яго, і сказаў:
— А магу я выстраліць, калі ўбачу, што вам пагражае небяспека?
Сакалінае Вока глядзеў на яго некаторы час як быццам не ведаючы, як зразумець яго пытанне, потым паківаў галавой і адказаў, смеючыся па-ранейшаму нячутным смехам:
— Страляйце хоць за цэлы ўзвод, маёр.
У наступны момант ён знік сярод лісця. Дункан правёў некалькі хвілін у напружаным чаканні, перш чым зноў убачыў разведчыка. Ён поўз цяпер па зямлі ззаду дзікуна, якога ён намеціў узяць у палон. На адлегласці некалькіх футаў ад незнаёмага ён падняўся на ногі павольна і бязгучна. У гэтую хвіліну пачулася некалькі гучных удараў па вадзе. Дункан азірнуўся якраз упару, каб убачыць, як сотня цёмных фігур адразу кінулася ва ўсхваляваную паверхню вады. Ён зноў схапіў стрэльбу і перавёў позірк на індзейца, які стаяў паблізу. Дзікун, які нічога не падазраваў, зусім не спалохаўся і, выцягнуўшы шыю, здавалася, глядзеў на возера з тупой дапытлівасцю. У гэты момант над ім узнялася рука Сакалінага Вока; але раптам яна апусцілася без усякай бачнай прычыны, і ўладальніка яе ахапіў новы прыпадак смеху. Калі скончыўся гэты выбух нястрымнага смеху, Сакалінае Вока замест таго, каб схапіць за горла сваю афяру, злёгку ўдарыў яе па плячы і моцна крыкнуў:
— Гэта што, друг мой? Ці не збіраецеся вы толькі вучыць спевам псалмоў баброў?
— Вось іменна, — пачуўся быстры адказ.
РАЗДЗЕЛ ХХІІ
Чытач можа хутчэй уявіць сабе здзіўленне Хейварда, чым мы апісаць яго. Яго цішком паўзучыя індзейцы неспадзявана ператварыліся ў чацвераногіх жывёлін; возера — у пруд баброў; вадапад — у плаціну, пабудаваную гэтымі працавітымі і разумнымі жывёламі, а невядомы вораг — у выпрабаванага сябра, Давіда Гамута, настаўніка псалмаспеваў. Прысутнасць яго ўзбудзіла столькі неспадзяваных надзей наконт лёсу двух сясцёр, што малады чалавек выскачыў з засады і падбег да двух галоўных дзеючых асоб гэтай сцэны.
Весялосць Сакалінага Вока спынілася не хутка. Груба, без усякай цырамоніі ён круціў Гамута ва ўсе бакі і некалькі разоў паўтараў, што гуроны выявілі вялікі поспех у выбары для яго адзення. Потым ён схапіў руку ціхамірнага Давіда, паціснуў так моцна, што ў яго паказаліся слёзы на вачах, і пажадаў яму поспеху ў яго новай справе.
— Вы толькі што збіраліся папрактыкаваць вашу глотку сярод баброў, ці не праўда? — запытаў ён. — Хітрыя д’яблы ўжо некалькі знаёмыя з гэтай справай, бо адбіваюць такт хвастамі, як вы самі чулі зараз; я ведаў людзей, якія ўмелі чытаць і пісаць, але былі значна дурнейшымі за старога, вопытнага бабра; што-ж датычыць голаса, то яны нарадзіліся нямымі! А як вам падабаецца вось такая песня?
Давід затуліў свае далікатныя вушы, і нават Хейвард, які быў папярэджаны загадзя, зірнуў уверх, шукаючы птушкі, калі ў паветры пачулася карканне крумкача.
— Бачыце, — сказаў са смехам разведчык, паказваючы на астатніх падарожнікаў, якія з’явіліся ўдалечыні, як толькі пачуўся сігнал, — вось гэтая музыка мае свае бясспрэчныя вартасці: яна дае мне дзве добрыя стрэльбы, не кажучы ўжо аб нажах і тамагауках. Але мы бачым, што вы ў бяспецы; раскажыце-ж, што здарылася з маладымі дзяўчатамі?
— Яны ў палоне ў язычніка, — сказаў Давід, — і хоць моцна прыгнечаны духам, карыстаюцца выгодай і бяспекай.
— Абедзве? — задыхаючыся, запытаў Хейвард.
— Вось іменна. Хоць шлях наш быў цяжкі і харчы мізэрныя, нам не было на што скардзіцца, апрача гвалту над нашымі пачуццямі, калі нас вялі палоннымі ў далёкую краіну.
— Няхай благаславіць вас бог за гэтыя словы! — ускрыкнуў, дрыжучы, Мунро. — Я атрымаю назад маіх дзяўчатак здаровымі і непашкоджанымі!
— Не ведаю, ці хутка ім удасца вызваліцца, — запярэчыў Давід. — Правадыра гэтых дзікуноў апанаваў злы дух, якога не можа ўціхамірыць ніхто, апрача ўсемагутната. Я спрабаваў падзейнічаць на яго і наяве і ў часе сну, але, як відаць, на яго не робяць уплыву ні гукі, ні словы.
— Дзе гэты нягоднік? — рэзка перабіў разведчык.
— Сёння ён хадзіў на паляванне на аленяў са сваімі людзьмі; а заўтра, як я чуў, яны пойдуць далей у гэтыя лясы і бліжэй да граніц Канады. Старэйшая дзяўчына адпраўлена да суседняга племя, хаціны якога знаходзяцца за чорнай вяршыняй той гары; малодшая-ж пакінута з жанчынамі гуронаў, жыллё якіх размешчана на адлегласці толькі двух міль адсюль, на пласкагор’і.
— Аліса, мая бедная Аліса! — прамармытаў Хейвард. — Яна страціла апошняе суцяшэнне — падтрымку сястры!
— Вось іменна. Але калі хвала і боскія псалмы могуць уцешыць засмучаную душу, яна не пакутвала.
— Хіба музыка прыносіць ёй задавальненне?
— Самае сур’ёзнае, самае ўзвышанае задавальненне; хоць я павінен прызнацца, што, не гледзячы на ўсе мае старанні, дзяўчына плача часцей, чым смяецца. У такія хвіліны я ўнікаю настойваць на свяшчэнных спевах; але бываюць салодкія, спакойныя гадзіны добрага настрою, калі вушы дзікуноў здзіўляюцца ўзнашэннем нашых галасоў.
— А чаму вам дазваляюць хадзіць усюды бесперашкодна?
Давід прыняў выгляд скромнай пакорлівасці, адказваючы:
— Такому чарвяку, як я, няма чым выхваляцца. Але хоць сіла псалмаспеваў загубілася ў страшным крывавым полі, цераз якое нам давялося прайсці, яна аказала свой уплыў нават на душы язычнікаў, і мне дазваляюць прыходзіць і ісці, куды хочаш.
Разведчык рассмяяўся і, пастукаўшы сябе па ілбе, даў, быць можа, больш здавальняючае тлумачэнне дзіўнай спагадлівасці дзікуноў:
— Індзейцы ніколі не чапаюць чалавека, калі ён не ў сваім розуме. Але чаму, калі перад вамі быў вольны шлях і вы маглі-б вярнуцца па сваіх уласных слядах (яны-ж крыху яснейшыя, чым сляды вавёркі), вы не прынеслі вестак каму трэба?
Давід адказаў усё з тым-жа ціхамірным выглядам:
— Хоць душа мая ўзрадавалася-б, калі-б мне давялося яшчэ раз наведаць жыллё хрысціян, ногі мае не маглі вяртацца назад, калі даручаныя мне далікатныя душы мучыліся ў палоне і смутку.
Цяжка было зразумець замыславатую мову Давіда, але шчыры, поўны цвёрдасці выраз яго вачэй і румянец, які ўспыхнуў на яго сумленным твары, не пакідалі ніякага сумнення. Ункас падышоў бліжэй да Давіда і ўхвальна зірнуў на яго. Сакалінае Вока падаў спеваку псалмоў яго каштоўны інструмент.
— Вось, друг, я хацеў распаліць агонь тваёй свістулькай, але калі яна дарагая табе, бяры і валяй ва-ўсю.
Гамут узяў свой камертон, выказаўшы сваё задавальненне настолькі, насколькі дазвалялі, па яго думцы, выконваемыя ім важныя абавязкі. Паспрабаваўшы некалькі разоў яго вартасці і параўнаўшы са сваім голасам, ён пераканаўся, што камертон не сапсаваўся, і выказаў сур’ёзны намер праспяваць некалькі радкоў з невялічкай кніжачкі, пра якую мы так часта ўспаміналі.
Але Хейвард паспешна спыніў яго набожнае імкненне і пачаў задаваць пытанні пра становішча дзяўчат; ён распытваў пра ўсё значна падрабязней, чым у пачатку гутаркі, калі не мог гаварыць ад хваляваўшата яго пачуцця. Давід, хоць і пазіраў прагным позіркам на свой скарб, вымушаны быў адказваць, тым больш, што бацька маладых дзяўчат таксама прыняў удзел у гутарцы. І разведчык таксама ўстаўляў пытанні, калі трапляўся зручны выпадак. Такім чынам, не гледзячы на частыя перапынкі, запоўненыя гукамі зноў знойдзенага інструмента, праследавальнікі ўсё-ж пазнаёміліся з галоўнымі акалічнасцямі, якія маглі аказацца карыснымі для дасягнення іх мэты. Расказ Давіда быў просты і не багаты фактамі.
Магуа пачакаў на гары, пакуль не мінула небяспека, потым спусціўся і пайшоў па дарозе ўдоўж заходняга боку Гарыкана, у напрамку да Канады. Лоўкі гурон добра ведаў усе сцежкі, ведаў таксама, што ім не хутка пагражае пагоня, і таму пасоўваўся наперад павольна і не стамляючыся. З простага расказу Давіда відаць было, што яго прысутнасць не падабалася індзейцам; спевака цярпелі, бо нават сам Магуа не быў цалкам пазбаўлены таго пачуцця пачцівасці, з якім індзейцы ставяцца да ўсяго, што датычыць таямнічасці рэлігіі.
Уночы яны асабліва клапаціліся аб палонніцах, аб тым, каб засцерагчы іх ад лясной сырасці і перашкодзіць іх уцёкам. Ля крыніцы, як ужо вядома, коні былі пушчаны на волю і былі скарыстаны ўсе хітрасці, каб схаваць сляды. Калі прышлі ў лагер, Магуа, згодна звычаю гуронаў, падзяліў палонніц. Кору адаслалі да нейкага племя, якое займала адну з суседніх далін. Давід быў вельмі мала знаёмы са звычаямі туземцаў і не мог вызначыць, што гэта за племя. Ён ведаў толькі, што яны не прымалі ўдзелу ў апошнім нападзе на крэпасць Уільям-Генры, але былі саюзнікамі Манкальма, таксама як гуроны.
Магікане і разведчык слухалі яго няясны, блытаны расказ з цікавасцю, якая ўсё больш павялічвалася. У той час як Давід спрабаваў растлумачыць, чым займаецца племя індзейцаў, дзе жыла Кора, разведчык раптам перабіў яго пытаннем:
— Ці не бачылі вы, якія ў іх нажы? Англійскага ці французскага ўзору?
— Мае думкі не былі накіраваны на такія марныя рэчы; яны былі накіраваны на тое, каб уцешыць дзяўчат.
— Прыдзе час, калі вы пакінеце лічыць нож дзікуна марнай рэччу, заўважыў разведчык. — А бываюць у іх святы ў гонар сканчэння жніва? Ці не ведаеце вы якіх-небудзь татэмаў[9] гэтага племя?
— Я магу толькі сказаць, што хлебных зерняў у іх многа; размочаныя ў малаку, яны даюць яду, прыемную на смак і карысную для страўніка. Татэмаў ніякіх не ведаю. Што датычыць музыкі індзейцаў, то пра яе не варта казаць. Яны ніколі не злучаюць свае галасы ў хвале богу і, як відаць, належаць да ліку самых паганых з ідалапаклоннікаў.
— Вы ўзводзіце паклёп на індзейцаў. Нават мінгі чакаюць міласці і дапамогі толькі ад Вялікага Духу.
— Магчыма, — сказаў Давід, — але я бачыў у іх дзіўныя, фантастычна расфарбаваныя малюнкі, якія ўзбуджалі ў іх духоўнае захапленне і карысталіся асобнымі клопатамі; у асаблівасці адзін малюнак нячыстага, агіднага прадмета.
— Змяі? — паспешна запытаў разведчык.
— Падобна да гэтага. Гэта быў малюнак поўзаючай чарапахі.
— Хуг! — ускрыкнулі ў адзін голас абодва магіканы, якія ўважліва прыслухоўваліся да расказу, а разведчык пакачаў галавой з выглядам чалавека, што зрабіў важнае, але непрыемнае адкрыццё. Потым Чынгачгук загаварыў на дэлаварскай мове спакойна і з ганарлівасцю, што зараз-жа прыкавала да яго ўвагу нават тых, каму былі незразумелыя яго словы. Жэсты яго былі выразныя і часамі энергічныя. Адзін раз ён высока ўзняў руку; калі ён апускаў яе, то гэты рух адкінуў складкі яго лёгкага плашча; ён прыклаў палец да грудзей, як быццам жадаючы пацвердзіць значэнне сваіх слоў гэтым жэстам. Вочы Дункана сачылі за рухамі дзікуна, і ён убачыў вельмі добра, хоць і бледна намаляваны сіняй фарбай малюнак толькі што названай жывёлы на смуглых грудзях правадыра.
Разведчык адвярнуўся ад свайго чырвонаскурага сябра і сказаў:
— Мы выявілі тое, што, па волі неба, можа прынесці нам дабро або зло. Наш друг Чынгачгук — Сагамор дэлавараў і вялікі правадыр Чарапах! З слоў спевака ясна, што некаторыя індзейцы гэтага племя знаходзяцца сярод народа, пра які ён гаворыць; мы ідзем па небяспечнаму шляху, бо прыяцель, які зрабіўся здраднікам, часта бывае мацнейшым за ворага.
— Растлумачце, — сказаў Дункан.
— Гэта даўняя, сумная гісторыя, і я не люблю думаць пра яе, бо нельга адмаўляць, што галоўнае зло было зроблена тут людзьмі з белай скурай. Але скончылася ўсё тым, што браты паднялі тамагаукі супроць братоў, а мінгі і дэлавары пайшлі па аднаму шляху.
— Дык вы мяркуеце, што Кора жыве сярод гэтага племя?
Разведчык сцвярджальна кіўнуў галавой, хоць, як відаць, хацеў унікнуць далейшай гутаркі на гэтую цяжкую тэму. Нецярплівы Дункан стаў спехам прапаноўваць адважныя спробы для вызвалення сясцёр. Мунро, страсянуўшы з сябе апатыю, выслухоўваў вар’яцкія планы маладога чалавека з павагай, якая не падыходзіла да яго сівых валасоў і сталага ўзросту. Разведчык даў магчымасць закаханаму выказаць сваю палкасць і потым знайшоў спосаб пераканаць яго ў тым, што спяшацца ў справе, якая патрабуе поўнага спакою і найвялікшай мужнасці, было-б проста вар’яцтвам.
— Добра было-б, — дадаў ён, — калі-б гэты чалавек вярнуўся ў лагер індзейцаў і паведаміў маладых дзяўчат аб нашым набліжэнні; калі спатрэбіцца, мы выклічам яго сігналам на нараду. Вы здолееце адрозніць карканне крумкача ад світу казадоя, друг мой?
— Гэта прыемная птушка, — адказаў Давід, — у яе далікатныя, сумныя ноты, але спявае яна вельмі адрывіста і не ў такт.
— Ну, калі вам падабаецца яе свіст, то няхай ён будзе вам сігналам. Памятайце-ж: калі вы пачуеце тры разы падрад свіст казадоя, вы павінны прыйсці ў кусты, дзе, можна меркаваць, знаходзіцца гэтая птушка.
— Пачакайце, перапыніў яго Хейвард, — я пайду з ім.
— Вы! — здзіўлена ўскрыкнуў Сакалінае Вока. — Хіба вам надакучыла бачыць, як заходзіць сонца і як яно ўсходзіць?
— Давід — жывы доказ, што гуроны могуць быць літасцівымі.
— Так, але Давід можа пускаць у справу сваю глотку так, як гэтага не зробіць ні адзін чалавек у сваім розуме.
— Я таксама магу разыграць вар’ята, шалёнага героя, наогул каго і што хочаце, каб вызваліць тую, якую кахаю. Не супярэчце мне, усёроўна я зраблю так, як вырашыў.
Сакалінае Вока глядзеў некаторы час на маладога чалавека ў маўклівым здзіўленні. Але Дункан, які да гэтага часу амаль цалкам падначальваўся разведчыку з пашаны да яго спрыту і аказаных паслуг, цяпер набыў выгляд начальніка, пярэчыць якому было нялёгка. Ён махнуў рукой у знак таго, што не хоча выслухоўваць далейшых пярэчанняў, і потым гаварыў больш спакойным тонам:
— Я магу пераапрануцца; змяніце мой выгляд; размалюйце мяне, калі жадаеце; адным словам, ператварыце мяне ў каго хочаце, хоць-бы нават у дурня!
— Калі вы пасылаеце атрады на вайну, я думаю, што вы, па крайняй меры, лічыце патрэбным устанавіць пэўныя знакі і месцы для прыпынкаў, каб тыя, хто змагаецца на вашым баку, маглі ведаць, дзе і калі яны могуць сустрэць прыяцеля, — прамармытаў разведчык.
— Выслухайце мяне, — спыніў яго Дункан. — Ад гэтага вернага спадарожніка вы даведаліся, што індзейцы належаць да двух плямён, калі не да двух розных народаў. У аднаго з гэтых плямён, у таго, якое вы лічыце галіной дэлавараў, знаходзіцца тая, каго вы называеце «цёмнавалосай»; другая, малодшая, безумоўна, у нашых адкрытых ворагаў, гуронаў. Мой абавязак — яе вызваліць. Таму, пакуль вы будзеце весці перагаворы аб вызваленні адной з сясцёр, я зраблю ўсё, каб выратаваць другую, або памру.
Агонь мужнасці блішчэў у вачах маладога воіна, уся фігура Дункана набыла ўнушальны выгляд. Сакалінае Вока, які вельмі добра ведаў хітрасці індзейцаў, прадбачыў усе небяспекі, што пагражалі маладому чалавеку, але не ведаў, як супраціўляцца гэтаму раптоўнаму рашэнню.
Быць можа, яму і спадабалася адважнасць юнака. Як-бы там ні было, замест таго, каб супярэчыць намеру Дункана, ён раптам змяніў свой настрой і стаў дапамагаць выкананню яго плана.
— Ну, — прамовіў ён з дабрадушнай усмешкай, — алень, які хоча ісці ў ваду, павінен ісці наперадзе, а не ззаду іншых. У Чынгачгука хопіць фарбаў усякіх колераў. Сядайце на бервяно, і, я гатоў паставіць у заклад жыццё, ён хутка зробіць з вас сапраўднага дурня, так што дагодзіць вам.
Дункан згадзіўся, і магікан, які ўвесь час уважліва прыслухоўваўся да іх гутаркі, ахвотна ўзяўся за справу. Спрактыкаваны ва ўсіх хітрасцях свайго племя, ён быстра і лоўка размаляваў юнака ўзорамі, якія на мове індзейцаў азначаюць дружбу і весялосць. Ён старанна ўнікаў усякіх ліній, якія маглі быць палічаны за патаемную схільнасць да вайны; з другога боку, дзікун старанна намаляваў усе адзнакі, якія выражалі дружбу.
Пасля гэтага Дункан быў адзеты належным чынам, так што сапраўды яго можна было палічыць за штукара, які бадзяецца сярод саюзных і прыязных плямён.
Калі вырашылі, што Дункан дастаткова размаляваны, разведчык даў яму некалькі парад, умовіўся наконт сігналаў і прызначыў месца спаткання. Разлука Мунро з яго маладым сябрам была сумная, хоць стары перанёс разлучэнне з раўнадушшам, не ўласцівым яго палкаму, сумленнаму характару пры больш здаровым душэўным стане. Разведчык адвёў Хейварда ўбок і сказаў яму, што збіраецца пакінуць старога ў якім-небудзь бяспечным месцы пад назіраннем Чынгачгука, а сам пойдзе з Ункасам на разведку сярод народа, які ён мае падставу лічыць дэлаварамі. Потым ён зноў аднавіў свае навучанні і парады і скончыў іх, сказаўшы ўрачыста і цёпла:
— А цяпер няхай благаславіць вас неба! Вы выявілі мужнасць, і яна мне падабаецца, бо гэта дар юнасці з палкай крывёю і адважным сэрцам. Але паслухайце перасцярогі спрактыкаванага чалавека. Каб перамагчы мінга, вам давядзецца пусціць у справу ўсю сваю мужнасць і розум, больш востры, чым той, якога можна набрацца з кніг. Няхай благаславіць вас бог! Калі гуронам удасца зняць ваш скальп, паверце чалавеку, якога падтрымаюць два храбрыя воіны. За кожны валасок яны возьмуць жыццё аднаго з ворагаў.
Дункан з палкасцю паціснуў руку следапыту, яшчэ раз даручыў яму свайго старога сябра і зрабіў знак Давіду ісці наперад. Сакалінае Вока на працягу некалькіх хвілін з яўным зачараваннем глядзеў услед адважнаму маладому чалавеку; потым у раздум’і паківаў галавой, павярнуўся і павёў сваю частку атрада ў лес.
Дарога, выбраная Дунканам і Давідам, ішла праз месца, расчышчанае бабрамі, і ўдоўж краю іх пруда. Калі Хейвард астаўся ў кампаніі з гэтым прастаком, які так мала падыходзіў для таго, каб аказаць падтрымку ў адважнай справе, ён упершыню ясна ўявіў сабе ўсе цяжкасці ўзятай на сябе задачы. У густых прыцемках яшчэ больш страшнай здавалася пустынная, дзікая мясцовасць, якая цягнулася далёка з абодвух бакоў ад яго; было нешта страшнае нават у цішыні гэтых маленькіх хацін.
Абышоўшы пруд, Дункан з Давідам пачалі падымацца на невялікае ўзвышша ў лагчыне, па якой яны ішлі. Праз поўгадзіны яны дайшлі да прасторнай паляны, таксама ўкрытай пабудовамі баброў, але пакінутай жывёламі. Зусім натуральнае пачуццё прымусіла Дункана на хвіліну прыпыніцца, перш чым пакінуць прыкрытую кустамі сцежку; так чалавек спыняецца, каб сабраць сілу, перш чым адважыцца пайсці на рызыкоўную справу.
На процілеглым баку прасекі, паблізу таго месца, дзе ручай спадаў з гор, відаць было пяцьдзесят-шэсцьдзесят хацін, груба пабудаваных з бярвенняў і галля, змешанага з глінай. Яны стаялі ў беспарадку, і пры пабудове іх, як відаць, ніхто не звяртаў увагі ні на чыстату, ні на прыгажосць; у гэтых адносінах яны так значна адрозніваліся ад паселішча баброў, што Дункан стаў чакаць якога-небудзь іншага, не менш дзіўнага сюрпрыза. Гэтае чаканне зусім не паменшылася, калі пры няверным святле змяркання ён убачыў дваццаць або трыццаць фігур, якія ўставалі па чарзе з высокай травы перад хацінамі і знікалі, нібы яны правальваліся скрозь зямлю. Яны з’яўляліся і знікалі так раптоўна, што здаваліся Дункану хутчэй нейкімі цёмнымі, бліскучымі зданямі, чым істотамі, створанымі з плоці і крыві. На адзін момант з’явілася худая голая фігура; яна дзіка размахвала рукамі ў паветры, і хутка месца, на якім яна стаяла, аказалася пустым; фігура раптам паказалася ў другім месцы; а можа гэта была другая. Давід, заўважыўшы, што яго таварыш спыніўся, паглядзеў у напрамку яго позірку і загаварыў, прымусіўшы Хейварда прыйсці да прытомнасці.
— Тут многа пладаноснай глебы, яшчэ не апрацаванай, — сказаў ён, — і магу дадаць, не выхваляючыся, што за час майго кароткага пражывання ў гэтых месцах язычнікаў шмат добрага насення было рассеяна па дарозе.
— Гэтыя плямёны больш любяць паляванне, чым які-небудзь іншы род заняткаў, — заўважыў Дункан, які нічога не зразумеў, па-ранейшаму пазіраючы на дзіўныя фігуры.
— Я правёў тут тры ночы, і тры разы я збіраў дзяцей, каб яны прынялі ўдзел у свяшчэнных спевах; і яны адказвалі на мае старанні крыкамі і выццём, якія халадзілі мне душу.
— Пра каго вы кажаце?
— Пра дзяцей д’ябла, якія праводзяць каштоўныя хвіліны вунь там у пустых крыўляннях. Ах! У гэтай краіне нідзе не відаць дубца, і таму для мяне няма нічога дзіўнага, што найвышэшае дабро лёсу марна траціцца на такія крыкі!
Давід затуліў вушы, каб не чуць страшэнных, праразлівых крыкаў моладзі, якія напаўнялі лес. На губах Дункана з’явілася пагардлівая ўсмешка.
— Ідзем далей, — цвёрда прамовіў ён.
І яны пайшлі да «палатак філісцімлян», як казаў Давід.
РАЗДЗЕЛ XXIII
Індзейцы не маюць такога звычаю, як белыя, каб ставіць вартавых для аховы сваіх паселішчаў.
Таму, калі Дункан і Давід апынуліся сярод натоўпу дзяцей, якія забаўляліся гульнямі, з’яўленне іх было зусім неспадзяваным. Як толькі куча дзяцей заўважыла іх, яна дружна выгукнула праразлівы перасцярожны крык і затым, нібы цудам, знікла з вачэй прышэльцаў. Аголеныя смуглыя целы хлапчукоў, якія прыляглі на зямлю, так супадалі па афарбоўцы з павяўшай травой, што спачатку здавалася, быццам зямля сапраўды паглынула іх. Але калі Дункан прыгледзеўся больш уважліва, ён заўважыў, што на яго з усіх бакоў накіраваны чорныя быстрыя вочы.
Дапытлівыя, непрыязныя позіркі пахіснулі на момант адважнасць маладога чалавека, але адступаць было позна. На крык дзяцей з бліжэйшай хаціны вышлі чалавек дзесяць воінаў, якія натоўпам сталі ля парога змрочнай, ваяўнічай групай, з цвёрдым спакоем чакаючы набліжэння чужых людзей.
Давід, які да некаторай ступені прызвычаіўся да гэтага відовішча, накіраваўся проста да іх з цвёрдасцю, якую, як відаць, нялёгка было пахіснуць. Яны сабраліся ля ўваходу ў галоўную хаціну паселішча — грубы шалаш з кары і галля. У гэтым шалашы адбываліся нарады і сходкі племя. Дункану цяжка было надаць свайму твару такі неабходны выгляд раўнадушша ў момант, калі ён прабіраўся паміж цёмнымі магутнымі фігурамі індзейцаў. Але, разумеючы, што жыццё яго знаходзіцца ў залежнасці ад ступені яго самаўладання, ён усклаў надзею на разважлівасць свайго таварыша, услед, за якім ішоў, стараючыся прывесці ў парадак свае думкі. Кроў стыла ў яго ў жылах ад усведамлення непасрэднай блізкасці лютых і бязлітасных ворагаў, але ён настолькі валодаў сваімі пачуццямі, што нічым не выказаў сваёй слабасці. Беручы прыклад з мудрага Гамута, ён выцягнуў вязку пахучага галля з кучы, якая знаходзілася ў кутку хаціны, і моўчкі сеў на яе.
Як толькі іх госць прайшоў у хаціну, воіны, якія стаялі ля парога, пачалі таксама ўваходзіць туды і, размясціўшыся вакол яго, цярпліва чакалі, калі чужаземец пачне гаварыць. Яшчэ большая колькасць іх у лянівых, нядбайных позах стаяла, прыхіліўшыся да слупоў, якія падтрымлівалі стары будынак. Трое або чацвёра самых старых і славутых правадыроў размясціліся на падлозе крыху наперадзе.
Запалілі факел, які загарэўся яркім полымем, і пры чырванаватым святле яго, якое калыхалася ў паветры, са змроку выплывалі то адны, то другія твары і фігуры. Дункан стараўся прачытаць на тварах сваіх гаспадароў, якога прыёму ён можа чакаць ад іх. Але індзейцы, якія сядзелі наперадзе, амаль не глядзелі на яго; вочы іх былі апушчаны ўніз, а твары мелі такі выгляд, які можна было вытлумачыць і як пашану і як недавер’е да госця. Людзі, якія знаходзіліся ў ценю, былі менш стрыманымі. Дункан хутка заўважыў іх пільныя і ў той-жа час уніклівыя позіркі; яны вывучалі яго твар і адзенне; ні адзін яго жэст, ні адзін штрых у расфарбоўцы, ні адна падрабязнасць у кроі яго адзення не ўслізгвалі ад іх увагі.
Нарэшце, адзін сіваваты індзеец, мускулісты і дужы, выступіў з цёмнага кута хаціны і пачаў гаварыць. Гутарку вёў ён на мове вейандотаў, або гуронаў, словы яго былі незразумелымі Дункану. Мяркуючы па жэстах, якімі суправаджаліся гэтыя словы, можна было думаць, што яны мелі хутчэй прыяцельскі, чым варожы сэнс. Хейвард пакачаў галавой і жэстам даў зразумець, што не можа адказаць.
— Хіба ніхто з маіх братоў не гаворыць ні па-французску, ні па-англійску? — сказаў ён па-французску, аглядаючы па чарзе ўсіх прысутных з надзеяй, што хто-небудзь сцвярджальна кіўне галавой.
Хоць многія павярнулі галовы, нібы жадаючы ўлавіць сэнс яго слоў, але адказу не было.
— Мне было сумна пераканацца, — прамовіў Дункан па-французску, павольна, выразна выгаворваючы словы, — што ні адзін прадстаўнік гэтага мудрага і храбрага народу не разумее мовы, на якой «вялікі бацька» гаворыць са сваімі дзецьмі. Ён быў-бы вельмі засмучаны, калі-б даведаўся, што яго чырвонаскурыя воіны так мала паважаюць яго.
Адбыўся працяглы, цяжкі перапынак, на працягу якога ні адзін рух, ні адзін позірк індзейцаў не выказалі ўражання, зробленага гэтай заўвагай. Нарэшце, той-жа самы воін, які звяртаўся да яго раней, суха адказаў яму на канадскай мове:
— Калі наш вялікі бацька гаворыць са сваім народам, то хіба ён размаўляе на мове гуронаў?
— Ён не робіць розніцы паміж сваімі дзецьмі, які-б не быў у іх колер скуры — чырвоны, чорны або белы, — адказаў Дункан унікліва, — хоць больш за ўсё ён задаволены храбрымі гуронамі.
— А што ён скажа, — запытаў асцярожны правадыр, — калі пасланцы падлічаць перад ім скальпы, якія пяць начэй таму назад раслі на галовах інгізаў?[10]
— Яны былі яго ворагамі, — сказаў, мімаволі ўздрыгануўшыся, Дункан, — і няма сумнення, што ён скажа: «Гэта добра, мае гуроны — вельмі храбры народ».
— Наш бацька ў Канадзе так не думае. Замест таго, каб, клапоцячыся пра будучыню, узнагароджваць індзейцаў, ён звяртае свае позіркі ў мінулае. Ён бачыць мёртвых інгізаў, але не гуронаў. Што можа гэта значыць?
— У такога вялікага правадыра, як ён, больш думак, чым слоў. Ён клапоціцца пра тое, каб на яго шляху не было ворагаў.
— Яго вушы адкрыты дэлаварам, ворагам нашым, і яны напаўняюць іх хлуснёй, — панура запярэчыў індзеец.
— Гэтага не можа быць. Слухай, ён загадаў мне, чалавеку, якому вядома майстэрства лячэння, пайсці да яго дзяцей, чырвонаскурых, якія жывуць па берагах вялікіх азёр, і запытаць, ці няма ў іх хворых.
Пасля гэтых слоў Дункана зноў надышло маўчанне.
Вочы ўсіх адначасова накіраваліся на яго, нібы жадаючы дазнацца, праўда або хлусня крыецца ў яго словах, і такі розум і праніклівасць свяціліся ў гэтых вачах, што Хейвард уздрыгануўся. Але з гэтага непрыемнага становішча яго вывеў індзеец, які толькі што гаварыў з ім.
— Хіба вучоныя людзі з Канады расфарбоўваюць сваю скуру? — холадна казаў гурон. — Мы чулі, як яны выхваляюцца, што іх твары белыя.
— Калі індзейскі правадыр прыходзіць да сваіх братоў белых, — запярэчыў Дункан з вялікай упэўненасцю, — ён знімае сваё адзенне з буйвалавай скуры, каб надзець кашулю, якую яму дадуць. Мае браты расфарбавалі мяне, і таму я хаджу расфарбаваным.
Стрыманыя галасы ўхвалення паказалі, што гэты камплімент іх племю зрабіў спрыяючае ўражанне. Пажылы правадыр зрабіў ухвальны жэст, які паўтарыла большасць яго таварышоў. Дункан пачаў дыхаць вальней, адчуваючы, што самая цяжкая частка яго іспыту прайшла; а паколькі ён падрыхтоўваў ужо прасты расказ, які павінен быў надаць праўдападобнасць яго выдумцы, то яго надзеі на поспех умацаваліся.
Маўчанне, якое цягнулася некалькі хвілін, індзейцы захоўвалі нібы для таго, каб прывесці ў парадак свае думкі і даць прыстойны адказ на заяву іх госця. Пасля гэтага другі воін падняўся са свайго месца, прыняўшы позу, якая сведчыла аб яго жаданні гаварыць. Але ледзь ён раскрыў рот, як з лесу данёсся ціхі, але жахлівы гук услед за якім зараз-жа пачуўся высокі, праразлівы крык, падобны да жаласнага завывання ваўка. Гэтая нечаканая і страшная перашкода прымусіла Дункана ўскочыць са свайго месца і забыцца на ўсё, апрача ўражання, зробленага на яго жахлівым крыкам. У той-жа самы момант воіны натоўпам вышлі з хаціны, і паветра напоўнілася моцнымі крыкамі, якія амаль заглушалі жудасныя гукі, што звінелі яшчэ пад лісцём дрэў. Дункан, які не мог валодаць сабою, сарваўся з месца і стаў у самай сярэдзіне нястройнага натоўпу. Мужчыны, жанчыны і дзеці, старыя, хворыя і дужыя — усе вышлі з хаціны; адны моцна крычалі, другія з шалёнай радасцю пляскалі рукамі, — адным словам, усе выказвалі дзікую радасць з прычыны нейкай неспадзяванай падзеі. Дункан, аглушаны спачатку крыкамі, хутка зразумеў прычыну гэтага радаснага ўзбуджэння.
Святла з неба было яшчэ дастаткова для таго, каб можна было бачыць яркія прасветы паміж верхавінамі дрэў там, дзе некалькі сцежак вялі ў глыбіню пустыні. На адной з гэтых сцежак паказалася група воінаў, якія павольна ішлі да жылля.
Адзін з іх, што ішоў наперадзе, нёс кароткую жэрдку, на якой, як выявілася потым, вісела некалькі чалавечых скальпаў. Дзіўныя крыкі, якія чуў Дункан, былі тым, што белыя даволі трапна называюць «клічам смерці», і кожнае паўтарэнне гэтага крыку мела мэтай абвясціць племю аб лёсе ворага. Да гэтага часу веды, якія меў Хейвард пра жыццё індзейцаў, дапамагалі яму разумець сэнс таго, што адбывалася перад яго вачыма. Паколькі ён ведаў, што перапынак у яго гутарцы з індзейцамі адбыўся дзякуючы звароту пераможнага вайсковага атрада, то зусім супакоіўся і ў душы павіншаваў сябе з нечаканым паляпшэннем свайго становішча, бо індзейцы, вядома, забыліся на яго.
Воіны, якія прышлі, спыніліся на адлегласці некалькіх сот футаў ад жылля. Іх жаласныя, страшныя крыкі, якія апавяшчалі адначасова аб сумным лёсе забітых і аб трыумфе пераможцаў, змоўклі. Адзін з воінаў моцна пракрычаў нейкія словы, у якіх, як відаць, не было нічога страшнага, але зразумець іх было таксама-ж цяжка, як і ранейшыя шалёныя крыкі. Немагчыма даць правільнае ўяўленне аб дзікім захапленні, з якім была прынята паведамленая навіна. Увесь лагер у адзін момант зрабіўся арэнай самай вар’яцкай мітусні і перапалоху. Воіны выхаплялі свае нажы і, размахваючы імі, пастроіліся ў дзве лініі, між якім аставаўся праход, што цягнуўся ад толькі што прыбыўшага атрада да хацін. Жанчыны схапілі дубіны і сякеры і ў сваю чаргу накіраваліся да радоў індзейцаў, каб прыняць удзел у жахлівай гульні, якая павінна была зараз пачацца. Нават дзеці не з’яўляліся выключэннем; хлопчыкі выцягнулі тамагаукі з-за паясоў сваіх бацькоў і пракраліся ў рады, пераймаючы варварскія звычаі сваіх бацькоў.
Каля краю лесу былі раскіданы вялікія вязкі галля; пажылая жанчына падпальвала іх. Пры святле ўспыхваўшага полымя пабляднела святло дагараючага дня, абрысы ўсіх прадметаў зрабіліся ў адзін і той-жа час і больш выразнымі і больш страшнымі. Уся сцэна нагадвала сабой дзіўную карціну, рамкай якой з’яўлялася цёмная і высокая кайма з хвой. На самым аддаленым фоне гэтай карціны былі відаць фігуры толькі што прыбыўшых воінаў. Крыху спераду стаялі двое мужчын, якія, як відаць, павінны былі разыграць галоўную ролю ў відовішчы, якое мела быць. Святло вогнішча было недастаткова моцным для таго, каб можна было разгледзець іх абліччы. Аднак, было відаць, што адзін з іх стаіць цвёрда і проста, гатовы сустрэць свой лёс, як герой; галава другога была апушчана на грудзі, нібы ён быў паралізаваны жахам або прыгнечаны сорамам. Дункан адчуў прыліў сімпатыі да першага з іх. Ён пільна назіраў за ўсімі, нават самымі нязначнымі, рухамі незнаёмага. Углядаючыся ў абрысы яго на дзіва прапарцыянальна складзенай гнуткай фігуры, Дункан стараўся пераканаць сябе, што малады палоннік павінен выйсці пераможцам са страшнага іспыту, які чакаў яго. Непрыкметна для самога сябе малады чалавек наблізіўся да цёмных радоў гуронаў і з цікавасцю, затаіўшы дыханне, чакаў відовішча. Пачуўся страшны крык: то быў сігнал. Умомант мёртвая цішыня змянілася выбухам крыкаў, якія далёка перавышалі па сіле ўсё чутае раней. Палонны агіднага вонкавага выгляду астаўся нерухомым; другі-ж, пачуўшы крык, сарваўся са свайго месца з жвавасцю і быстрынёй аленя. Замест таго, каб бегчы сярод радоў ворагаў, як гэтага чакалі, ён толькі ступіў у вузкі праход і, раней чым хто-небудзь паспеў нанесці яму ўдар, крута павярнуў назад і, пераскочыўшы цераз голавы натоўпу дзяцей, адразу апынуўся на надворным, менш небяспечным баку грозных радоў. Гэтая хітрасць была спаткана праклёнамі сотні галасоў, і ўвесь узбуджаны натоўп, пакінуўшы рады, у дзікім беспарадку рассеяўся па паляне.
Дзесятак палаючых куч галля асвятляў сваім злавесным святлом мясцовасць, якая была падобна да нейкай пякельнай, фантастычнай арэны, дзе сабраліся злыя духі для выканання сваіх крывавых і паганых абрадаў.
Фігуры на заднім плане былі падобны на нейкія здані, што слізгаюць перад вачыма і рассякаюць паветра шалёнымі, бяссэнснымі жэстамі; зверскія інстынкты дзікуноў, якія прабягалі міма палаючых вогнішчаў, са страшнай выразнасцю выяўляліся на іх узрушаных тварах.
Зусім зразумела, што бяглец пасярод такога шматліката натоўпу пераможных ворагаў не меў магчымасці хоць крыху адпачыць. Быў адзін момант, калі здавалася, што ён дасягнуў лесу, але цэлы натоўп яго ворагаў забег яму наперарэз і пагнаў яго назад, у самую гушчу бязлітасных праследавальнікаў. Крута павярнуўшы ўбок, з быстрынёй стралы, пушчанай з лука, бяглец панёсся да вогнішча, адным скачком пераскочыў цераз слуп полымя і, бясшкодна мінуўшы цэлы натоўп праследавальнікаў, паказаўся на процілеглым баку прасекі. Але і тут яго сустрэлі і прымусілі павярнуць назад. Тады ён яшчэ раз зрабіў спробу прарвацца праз натоўп, нібы шукаючы саюзніка. Затым паследавала некалькі хвілін, на працягу якіх Дункан лічыў лоўкага і мужнага юнака загінуўшым.
Нічога нельга было адрозніць, апрача цёмных чалавечых фігур, якія насіліся па ўсіх напрамках у шалёным перапалоху. У паветры мільгалі ўзнятыя рукі, бліскучыя нажы і страшныя дубіны, але ўдары падалі, як відаць, наўдачу. Праразлівыя крыкі жанчын і лютае выццё воінаў яшчэ больш узмацнялі жахлівае ўражанне ад гэтай сцэны. Часамі Дункану ўдавалася ўлавіць позіркам лёгкую фігуру, якая рассякала паветра якім-небудзь адважным скачком, і ён хутчэй спадзяваўся, чым верыў, што палонны па-ранейшаму валодае сваімі дзіўнымі мускуламі. Раптам натоўп павярнуў назад і наблізіўся да месца, дзе стаяў Дункан. Нейчая цяжкая фігура ўрэзалася ззаду ў групу жанчын і дзяцей, якія пазвальваліся ад штуршка на зямлю. У агульнай мітусні зноў з’явіўся палонны. Аднак, чалавечая трываласць не магла далей вытрымліваць суровага іспыту. Здавалася, незнаёмы разумеў гэта. Скарыстаўшы на момант стварыўшыйся праход, ён стралою пранёсся міма воінаў і зрабіў адважную і, як здавалася Дункану, апошнюю спробу дасягнуць лесу. Высокі, здаравенны гурон, які збярог сваю сілу, бег за ім амаль па пятах, і яго ўзнятая рука была ўжо гатова нанесці ўдар, але Дункан падставіў яму нагу, і дзікун, які шалёна імчаўся, грукнуўся аб зямлю на адлегласці некалькіх футаў ад намечанай ім афяры. Хоць на ўсё гэта пайшло не больш аднаго імгнення, тым не менш палонны з выгодай скарыстаў гэты момант; ён павярнуўся, зноў бліснуў, як метэор, перад вачыма Дункана і ў наступны-ж момант ужо стаяў, спакойна прыхіліўшыся да татэма — маленькага расфарбаванага слупа, укапанага ў зямлю перад галоўнай хацінай.
Баючыся, каб удзел, які ён прыняў у пазбаўленні палоннага ад небяспекі, не аказаўся фатальным для яго самога, Дункан зараз-жа пакінуў гэтае месца. Ён накіраваўся за натоўпам індзейцаў, які падыходзіў да хаціны; натоўп гэты быў змрочным і маўклівым, як усякі натоўп, які расчараваўся ў сваім чаканні відовішча смяротнай кары. З прычыны дапытлівасці або, быць можа, іншага, больш благароднага пачуцця, Дункан наблізіўся да незнаёмага. Апошні стаяў, абхапіўшы адною рукой слуп, што рабіў яго недакранальным, і дыхаў цяжка і з вялікім намаганнем пасля перанесенай ім напружанасці, але ні адным жэстам не выяўляў адчуваемых ім пакут. Ён быў цяпер пад заступніцтвам свяшчэннага звычаю да таго часу, пакуль племя на сваёй нарадзе не абмяркуе і не вырашыць яго лёсу. Аднак, няцяжка было прадбачыць вынікаў гэтай нарады.
Не было такой лаянкі ў слоўніку гуронаў, якой расчараваныя жанчыны не кінулі-б у твар незнаёмаму. Яны насміхаліся над яго намаганнямі, казалі яму, што яго ногі лепш за яго рукі, што яму трэба было-б мець крыллі, бо ён не знаёмы з ужываннем лука і нажа. На ўсе гэтыя знявагі палонны не адказваў ні адзіным словам; яго твар выяўляў толькі пачуццё ўласнай вартасці і пагарды. Лаянка жанчын рабілася ўсё больш бяссэнснай і суправаджалася праразлівым, рэзкім выццём. Жанчына, якая прадбачліва запаліла кучы галля, праціснулася праз натоўп і ачысціла сабе месца перад слупом, ля якога стаяў незнаёмы. Агідная, высахлая фігура гэтай жанчыны мімаволі наводзіла на думку аб тым, што гэтая жанчына — чараўніца. Гэтай рэпутацыяй яна і карысталася сярод свайго племя. Адкінуўшы назад сваё лёгкае адзенне, яна з насмешкай выцягнула кастлявую руку і, гаворачы на мове ленапаў, пачала свае здзекі.
— Паслухай, дэлавар! — сказала яна, шчоўкаючы пальцамі перад яго тварам. — Ваша племя — бабскае племя, і лапата больш падыходзіць да вашых рук, чым стрэльба. Вашы жанчыны — маткі аленяў, і калі-б мядзведзь або дзікая кошка, або змяя нарадзілася паміж вамі, мы кінуліся-б на ўцёкі. Гуронскія дзяўчаты пашыюць табе спадніцу, а мы знойдзем табе мужа.
Гэтая выхадка выклікала выбух дзікага смеху, у часе якога больш далікатныя і музычныя галасы маладых жанчын дзіўным чынам змешваліся з хрыплым голасам іх старой сяброўкі. Але незнаёмы быў вышэй усіх гэтых здзекаў. Ён нібы не заўважаў, што абкружаны ворагамі. І толькі аднойчы яго ганарысты позірк накіраваўся на воінаў, маўклівых і панурых сведак гэтай сцэны.
Даведзеная да шаленства самаўладаннем палоннага, жанчына ўзяўшыся ў бокі і, прыняўшы задзёрыстую позу, зноў пачала ліць патокі лаянкі. Аднак, яна дарэмна траціла свой запал. Хоць старая славілася сярод сваіх супляменнікаў надзвычайным уменнем лаяцца і дайшла да такой ступені шаленства, што пена выступіла ў яе на губах, ні адзін мускул не дрогнуў на нерухомым твары незнаёмага. Дзеянне, ствараемае яго раўнадушшам, пачало распаўсюджвацца і на гледачоў. Нейкі юнак, які ледзь вышаў з хлапчукоўскага ўзросту, паспрабаваў быў дапамагчы ведзьме. Размахваючы тамагаукам перад тварам афяры, ён далучыў да яе лаянкі свае недарэчныя выхвальныя словы. Палонны павярнуў твар да святла і паглядзеў на юнака зверху ўніз з выразам крайняй пагарды. У наступны момант ён ужо авалодаў сабой і па-ранейшаму спакойна стаяў, прыхіліўшыся да слупа. Але перамена становішча дала магчымасць Дункану абмяняцца позіркам з мужным, праніклівым позіркам Ункаса.
Надзвычай здзіўлены і глыбока засмучаны крытычным становішчам свайго сябра, Хейвард адступіў назад пад гэтым позіркам, баючыся якім-небудзь чынам паскорыць лёс палоннага. Тым не менш, ніякай грунтоўнай прычыны для падобных страхаў не было. У гэты час адзін воін праклаў сабе дарогу ў раздражненым натоўпе. Суровым жэстам адсунуўшы ўбок жанчын і дзяцей, ён узяў Ункаса за руку і павёў яго да дзвярэй хаціны, дзе адбываліся нарады племя. Туды пайшлі ўсе правадыры і большая частка славутых воінаў; заклапочаны Хейвард знайшоў спосаб увайсці туды ў натоўп індзейцаў, не прыцягваючы да сябе іх небяспечнай увагі.
На працягу некалькіх хвілін прысутныя размяшчаліся ў хаціне адпаведна ўплыву, якім яны карысталіся ў племі. Наогул захоўваўся той самы парадак, у якім адбываўся допыт Хейварда; пажылыя воіны і галоўныя правадыры занялі сярэдзіну прасторнага памяшкання, асветленую моцным святлом палаючай паходні, у той час як больш маладыя размясціліся ззаду, склаўшы цёмны круг смуглых і расфарбаваных твараў. У цэнтры хаціны, пад самай адтулінай у страсе, праз якую відно было мігаценне зорак, стаяў Ункас, спакойны, высокі са сканцэнтраванай увагай у абліччы.
Яго высокамерны і ганарысты выгляд не маглі не заўважаць яго ворагі; позіркі іх часта спыняліся на яго твары з выразам, які хоць і сведчыў аб непахіснасці іх намеру, але ясна выдаваў іхнае здзіўленне парад адважнасцю палоннага.
Зусім інакш абстаяла справа з чалавекам, якога Дункан бачыў побач з Ункасам да яго адважнага скачка. Сярод шуму і мітусні, выклікакых гэтымі нечаканымі ўцёкамі, ён аставаўся нерухомым, нібы статуя, якая паказвае ганьбу. Хоць ні адна рука не працягнулася да яго, ні адна пара вачэй не сачыла за яго рухамі, ён усё-ж увайшоў у хаціну, нібы вымушаемы да гэтага лёсам, волі якога ён падпарадкоўваўся, як відаць, без барацьбы. Хейвард скарыстаў першы выпадак, каб глянуць яму ў твар, у глыбіні душы баючыся пазнаць у ім каго-небудзь з сваіх сяброў. Але твар аказаўся незнаёмым яму і, што было яшчэ больш дзіўным, меў усе адметныя адзнакі гуронаў. Аднак, замест таго, каб змяшацца са сваімі супляменнікамі, ён сеў збоку ў сагнутай і прыніжанай позе, нібы стараючыся заняць як можна менш месца. Калі ўсе індзейцы паселі і ў хаціне зрабілася ціха, сівавалосы правадыр, ужо знаёмы чытачу, пачаў гутарку моцным голасам на мове лені-ленапаў.
— Дэлавар, — сказаў ён, — хоць ты і належыш да племя жанчын, тым не менш ты вёў сябе, як мужчына. Я накарміў-бы цябе; але той, хто падзеліць свой абед з гуронам, павінен зрабіцца яго сябрам. Аставайся спакойна да ўсходу сонца, калі мы паведамім табе сваё рашэнне.
— Семь начэй і столькі-ж летніх дзён я пасціў, праследуючы гуронаў, — холадна запярэчыў Ункас. — Дзеці ленапаў умеюць ісці праўдзіваю дарогаю, не сумуючы па ядзе.
— Двое маіх воінаў праследуюць твайго таварыша, — казаў далей правадыр, не звяртаючы ўвагі на хвальбу палоннага. — Калі яны вернуцца назад, нашы старэйшыны скажуць табе: жыць або памерці.
— Хіба ў гурона няма вушэй? — пагардліва ўсклікнуў Ункас. — Два разы з таго часу, як дэлавар стаў вашым палонным, ён чуў стрэл з знаёмай яму стрэльбы. Вашы воіны ніколі не вернуцца назад.
За гэтым смелым сцвярджэннем надышоў кароткі і пануры перапынак. Дункан, які разумеў, што магікан намякае на фатальную стрэльбу разведчыка, нахіліўся наперад, уважліва назіраючы за ўражаннем, якое гэты намёк мог зрабіць на пераможцаў, але правадыр задаволіўся простым супярэчаннем:
— Калі ленапы такія лоўкія, то чаму адзін з іх храбрэйшых воінаў знаходзіцца тут?
— Ён ішоў па пятах за ўцякаўшым баязліўцам і трапіў у лавушку. Мудры бобр, і той можа быць злоўлены.
Кажучы так, ён паказаў пальцам на гурона, які сядзеў збоку. Позіркі ўсіх сярод агульнага маўчання накіраваліся на гэтага чалавека і ціхі пагражальны шэпт пранёсся па натоўпу. Злавесныя гукі прыцягнулі ў хаціну жанчын і дзяцей; зрабілася так цесна, што не было ні аднаго прамежка паміж плячыма прысутных, адкуль не выглядаў-бы чый-небудзь смуглы твар.
Тым часам пажылыя воіны ў сярэдзіне хаціны абменьваліся адзін з другім кароткімі, адрывістымі сказамі. Потым зноў надышоў працяглы, урачысты перапынак. Усе замерлі, чакаючы сурёзнага і важнага рашэння. Тыя, што стаялі ззаду, узняліся на цыпкі, каб бачыць, што адбываецца, і нават падсудны забыўся пра свой сорам пад уплывам яшчэ больш глыбокага пачуцця і, падняўшы галаву, паказаў прысутным свой агідны твар, каб кінуць трывожны і баязлівы позірк на пануры сход правадыроў. Нарэшце, маўчанне было нарушана правадыром. Устаўшы з падлогі і прайшоўшы міма Ункаса, ён спыніўся перад злачынцам у ганарлівай позе. У гэты момант кастлявая жанчына павольна і неяк бокам, падскокваючы, увайшла ў сярэдзіну схода, трымаючы ў руках факел і мармочучы нейкія незразумелыя словы, быць можа заклінанні, якія цяжка было разабраць. Хоць яе прыход з’явіўся зусім няпрошаным умяшаннем у цырамонію суда, на яе ніхто не звярнуў увагі.
Наблізіўшыся да Ункаса, яна трымала сваю палаючую галавешку так, каб асвятліць чырванаватым святлом яго твар і зрабіць прыкметнымі праявы самага нязначнага хвалявання на ім.
Магікан захаваў сваю цвёрдую і высокамерную позу, і яго вочы былі нязменна накіраваны ў прастору, як быццам яны, перамагаючы ўсе перашкоды, глядзелі ў будучыню. Задаволеная сваім аглядам, жанчына адышла ад Ункаса і асвятліла сваёй галавешкай твар баязлівага гурона.
Гурон насіў баявую расфарбоўку. Адзенне ледзь прыкрывала яго выдатна складзеную фігуру. Пры святле факела ён быў ясна відзён увесь, з галавы і да ног. Дункан з пачуццём жаху адвярнуўся, убачыўшы, як сударгава траслося яго цела. Жанчына, убачыўшы гэтае сумнае і ганебнае відовішча жаласна ўскрыкнула, але ў гэты час правадыр, працягнуўшы наперад руку, ціха адстараніў яе.
— Хісткае Трысцё, — сказаў ён, звяртаючыся да маладога злачынца на яго роднай мове і называючы яго па імю, — хоць Вялікі Дух даў табе прывабны вонкавы выгляд, тым не менш было-б лепш, калі-б ты не нарадзіўся на свет. Твой голас моцна гучыць у вёсцы, у баі-ж яго не чуваць. Ні адзін з маіх маладых воінаў не ўсаджвае тамагаука глыбей, чым ты, у слуп для ваенных практыкаванняў. Але непрыяцель ведае, як выглядае твая спіна, і ніколі не бачыў, якога колеру твае вочы. Тры разы выклікалі цябе на бой, і тры разы ты забываўся даць адказ. Тваё імя ніколі не будуць вымаўляць людзі твайго племя — яно ўжо забытае.
У той час як правадыр казаў гэтыя словы, спыняючыся пасля кожнага сказа, каб узмацніць іх уражанне, злачынец з павагі да яго рангу і ўзросту падняў галаву.
Выраз сораму, жаху і ганарлівасці бесперапынна змяняліся на яго твары. Вочы, якія звузіліся ад душэўнай пакуты, блукалі, спыняючыся то на адным, то на другім з людзей, ад якіх залежаў яго лёс. Ганарлівасць у апошні момант перамагла. Ён устаў і, агаліўшы грудзі, цвёрда зірнуў на востры бліскучы нож, які ўжо быў занесены над ім няўмольным суддзёй. Ён нават усміхнуўся, калі зброя пракалола яго сэрца, нібы радуючыся, што смерць аказалася менш страшнай, чым ён думаў, і цяжка паваліўся ніцма да ног Ункаса, які па-ранейшаму стаяў сурова і непахісна.
Жанчына ўскрыкнула і, загасіўшы факел аб зямлю, напоўніла хаціну змрокам. Натоўп гледачоў паспешна пакінуў месца суда, і Дункану здалося, што ў хаціне не асталося нікога, апрача яго і дрыглівага цела гурона.
РАЗДЗЕЛ XXIV
Але ўжо ў наступны момант Дункан пераканаўся ў сваёй памылцы. Цяжкая рука апусцілася на яго плячо, і ён пачуў ціхі голас Ункаса, які шаптаў яму на вуха:
— Гуроны — сабакі. Відовішча крыві не запалохае воіна. Сівая галава і Сагамор непашкоджаныя, і карабін Сакалінага Вока не спіць. Ідзі, Ункас і Шчодрая Рука не ведаюць адзін аднаго. Даволі.
Хейвард быў-бы рад пачуць больш, але лёгкі штуршок рукі сябра прымусіў яго накіравацца да дзвярэй і напомніў яму пра небяспеку, якую магла выклікаць іх гутарка, калі-б яна была заўваўжана. Павольна і неахвотна саступаючы неабходнасці, ён пакінуў хаціну і перамяшаўся з натоўпам, які сноўдаў паблізу. Патухаючыя вогнішчы на прасецы кідалі цмянае і нявернае святло на смуглыя фігуры індзейцаў, якія моўчкі хадзілі каля хаціны; выпадкова ўспыхнуўшае яркае полымя асвятліла хаціну, і на момант стала відаць фігура Ункаса каля мёртвага цела.
Група воінаў хутка зноў увайшла ў хаціну і, вышаўшы адтуль, яны аднеслі амярцвелае цела гурона ў суседні лес. Дункан пайшоў хадзіць паміж хацінамі, стараючыся знайсці якія-небудзь сляды той, дзеля каго ён пайшоў на небяспеку. Ніхто не звяртаў на яго ўвагі, ён мог-бы лёгка ўцячы і далучыцца да сваіх таварышоў, калі-б такое жаданне з’явілася ў яго. Але, не кажучы ўжо аб бесперапыннай думцы пра Алісу, новая, хоць і больш слабая, цікавасць да лёсу Ункаса ўтрымлівала яго ў лагеры індзейцаў. Таму ён як і да таго хадзіў ад хаціны да хаціны, заглядаючы ў кожную з іх толькі для таго, каб пераканацца ў канчатковай бясплоднасці сваіх пошукаў. Так абышоў ён усю вёску. Адмовіўшыся ад бескарысных расшукванняў, ён па той-жа дарозе пайшоў назад да хаціны, дзе адбываюцца нарады, вырашыўшы знайсці Давіда.
Дашоўшы да будынка, які з’яўляўся адначасова і судзілішчам і месцам кары, малады чалавек убачыў, што ўзрушэнне індзейцаў ужо сунялося. Воіны зноў сабраліся ў хаціну і цяпер спакойна курылі люлькі, паважна размаўляючы пра апошні паход да вярхоўя Гарыкана. Калі вярнуўся Дункан, гэта, як відаць, напомніла ім пра яго професію і пра падазроныя акалічнасці яго з’яўлення. Да гэтага часу акалічнасці спрыялі планам Хейварда, і яму не трэба было ніякага іншага дарадчыка, апрача яго ўласных пачуццяў, каб пераканацца ў тым, што надышоў час дзейнічаць.
Не выяўляючы нічым сваёй няўпэўненасці, ён увайшоў у хаціну і сеў з важным выглядам, які адпавядаў манерам яго гаспадароў. Аднаго хвіліннага, але дапытлівага позірку было для яго дастаткова, каб пераканацца ў тым, што, хоць Ункас усё яшчэ аставаўся на тым-жа месцы, дзе ён яго пакінуў, але Давід кудысьці бясследна знік. Ніякіх іншых сцясненняў, апрача пільных позіркаў маладога гурона, які размясціўся каля яго, палонны не адчуваў, хоць узброены воін і стаяў, прыхіліўшыся да касяка дзвярэй. У астатнім палонны, здавалася, карыстаўся поўнай свабодай; ён не прымаў удзелу ў гутарцы і быў падобным значна больш на прыгожую каменную статую, чым на чалавека, уладаючага жыццём і воляй.
Хейвард, які яшчэ так нядаўна назіраў тую шпаркасць, з якой індзейцы распраўляюцца са сваімі ворагамі, зразумеў, што не павінен прыцягваць да сябе іх увагі якой-небудзь неасцярожнай выхадкай. Таму ён лічыў за лепшае больш маўчаць і раздумваць, чым размаўляць; аднак, хутка пасля таго, як ён сеў на сваё месца, якое разважліва выбраў у ценю, адзін з пажылых правадыроў звярнуўся да яго на французскай мове:
— Мой канадскі бацька не забывае сваіх дзяцей, — сказаў правадыр. — Я ўдзячны яму. Злы дух усяліўся ў жонку аднаго юнака. Ці можа ўмелы чужаземец выгнаць яго?
Хейвард ведаў пра шарлатанскае лячэнне, якое ўжываюць індзейцы ў падобных выпадках. Ён зразумеў адразу, што гэтае запрашэнне можна будзе скарыстаць для дасягнення сваёй мэты. Цяжка было-б у даны момант зрабіць прапанову, якая была-б для яго больш прыемнай. Аднак, ведаючы аб неабходнасці падтрымліваць вартасць сваёй мнімай прафесіі, ён стрымаў свае пачуцці і адказаў з адпаведнай для гэтага таямнічасцю:
— Некаторыя духі паддаюцца сіле мудрасці.
— Мой брат — вялікі лекар, — сказаў індзеец, — няхай ён паспрабуе.
Дункан адказаў жэстам згоды. Індзеец задаволіўся гэтым знакам і, закурыўшы люльку, чакаў моманту, калі можна будзе накіравацца ў дарогу, не трацячы важнасці. Нецярплівы Хейвард, праклінаючы ў душы цырамонныя звычаі індзейцаў, вымушаны быў зрабіць такі-ж раўнадушны выгляд, які быў у правадыра. Мінуты цягнуліся адна за адной і здаваліся Хейварду гадзінамі. Нарэшце, гурон паклаў убок люльку і перакінуў плашч цераз плячо, маючы намер накіравацца ў жыллё хворай. У гэты самы час праход у дзвярах засланіла магутная фігура нейкага воіна, які нячутнай хадою моўчкі прайшоў паміж насцярожанымі воінамі і сеў на вольны канец нізкай вязкі галля, на якой сядзеў Дункан. Апошні кінуў нецярплівы позірк на свайго суседа і адчуў, як непераможны жах ахапляе яго; побач з ім сядзеў Магуа.
Нечаканае з’яўленне каварнага і страшнага правадыра затрымала гурона. Некалькі патухшых люлек былі запалены зноў; той, што толькі што прышоў, не кажучы ні слова, выцягнуў з-за пояса свой тамагаук і, напоўніўшы табаком адтуліну ў яго абуху, пачаў уцягваць табачны дым цераз пустую ручку тамагаука з такім раўнадушшам, нібы ўтомнае паляванне, на якім ён правёў два апошнія дні, было для яго глупствам. Так прайшло, быць можа, мінут дзесяць, якія паказаліся Дункану векамі; воіны былі ўжо зусім ахутаны воблакамі белага дыму, перш чым адзін з іх адважыўся, нарэшце, пачаць гутарку.
— Вельмі рады табе! Ці знайшоў мой друг дзічыну?
— Юнакі хістаюцца пад цяжарам свайго бярэмя, — адказаў Магуа. — Няхай Хісткае Трысцё пойдзе па паляўнічай сцежцы; ён сустрэне іх.
Глыбокае і суевернае маўчанне надышло пасля таго, як было названа забароннае імя. Усе вынялі з рота свае люлькі, як быццам у гэты момант яны ўдыхалі нешта нячыстае. Дым тонкімі струменьчыкамі клубіўся над іх галовамі і, звіваючыся ў кольцы, падымаўся праз адтуліну ў страсе, дзякуючы чаму паветра ў хаціне зрабілася чыстым, і смуглявыя твары індзейцаў сталі ясна бачнымі. Позіркі большасці накіраваны былі на падлогу; некаторыя з больш маладых воінаў скасілі вочы на сівавалосага індзейца, што сядзеў паміж двума самымі паважанымі правадырамі. Ні ў асанцы, ні ў адзенні гэтага індзейца не было нічога, што магло-б даць яму права на такую выключную ўвагу. Асанка яго, з пункту гледжання туземцаў, не ўяўляла нічога выдатнага; адзенне было такім, якое звычайна насілі простыя члены племя. Падобна большасці прысутных, ён больш мінуты глядзеў у зямлю; калі-ж адважыўся падняць вочы, каб цішком зірнуць на навакольных, то ўбачыў, што з’яўляецца прадметам агульнай увагі. Сярод агульнага маўчання ён устаў.
— Гэта была хлусня, — сказаў ён. — У мяне не было сына. Той, каго так называлі, забыты; у яго была бледная кроў. Гэта не кроў гурона; злы, хітры чыпевей спакусіў маю жонку. Вялікі Дух сказаў, што род Уіс-ен-туша павінен скончыцца; Уіс-ен-туш шчаслівы, што зло яго роду скончыцца разам з ім. Я скончыў.
Гэта быў бацька баязлівага маладога індзейца. Ён азірнуўся навакол, нібы шукаючы ўхвалення свайму стаіцызму ў вачах сваіх слухачоў. Але суровыя звычаі індзейцаў ставілі патрабаванні, занадта цяжкія для слабога старога. Выраз яго позірку супярэчыў яго вобразным і выхвальным словам; кожны мускул маршчыністага твара дрыжэў ад пакуты. Прастаяўшы хвіліну, нібы цешачыся сваім сумным трыумфам, ён павярнуўся, нібы аслабеўшы ад позіркаў людзей, і, затуліўшы твар плашчом, вышаў з хаціны бясшумнаю хадою.
Індзейцы, якія вераць у спадчынную перадачу дабрадзейнасцзй і недахопаў характару, далі яму магчымасць выйсці сярод агульнага маўчання. Затым адзін з правадыроў адцягнуў увагу прысутных ад гэтага цяжкага відовішча і сказаў вясёлым голасам, звяртаючыся з ветлівасцю да Магуа, як да толькі што прыбыўшага:
— Дэлавары бадзяюцца вакол маёй вёскі, як мядзведзі каля гаршкоў з мёдам. Але хіба каму-небудзь удавалася засцігнуць гурона ў часе сну?
Лоб Магуа быў хмурней за хмару, калі ён усклікнуў:
— Дэлавары з азёр?
— Не. Тыя, якія жывуць на сваёй роднай рацэ. Адзін з іх вышаў за межы свайго племя.
— Скальпіравалі яго мае юнакі?
— Яго ногі аказаліся вынослівымі, хоць яго рукі лепш працуюць лапатай, чым тамагаукам, — адказаў другі, паказваючы на нерухомую фігуру Ункаса.
Замест таго, каб выявіць жаночую цікавасць і хутчэй нацешыцца сузіраннем палоннага, Магуа як і да таго курыў з задумлівым выглядам. Хоць у душы ён быў здзіўлены фактамі, пра якія паведаміў у сваёй прамове стары-бацька, тым не менш ён не дазволіў сабе задаваць пытанняў, адклаўшы іх да больш зручнага моманту. Толькі пасля таго, як прайшоў значны прамежак часу, ён страсянуў попел са сваёй люлькі, засунуў тамагаук за пояс і ўстаў з месца, у першы раз кінуўшы позірк на палоннага, які стаяў крыху ззаду яго. Пільны Ункас, хоць і здаваўся няўважлівым, заўважыў гэты рух; ён раптам павярнуўся да святла; позіркі іх сустрэліся. Амаль цэлую мінуту абодва гэтыя воіны з смелаю і неўціхаміранаю душою цвёрда глядзелі адзін аднаму ў вочы, і ні той, ні другі не адчуваў ніякага замяшання перад лютым позіркам праціўніка. Фігура Ункаса зрабілася нібы яшчэ большай, а ноздры яго расшырыліся, як ноздры загнанага звера, які падрыхтаваўся да адважнай абароны; але такой цвёрдай і непахіснай была яго поза, што ўяўленню гледачоў няцяжка было-б ператварыць яго ў выдатную фігуру бога вайны яго племя. Ахопленыя ўздрыгамі рысы твара Магуа аказаліся менш паслухмянымі; задзёрысты выраз змяніўся выразам злараднасці, і ён гучна вымавіў грознае імя:
— Быстраногі Алень!
Усе воіны ўскочылі на ногі, калі было вымаўлена гэтае добра ім вядомае імя, і на некаторы час здзіўленне перамагло стаічны спакой індзейцаў. Ненавіснае і тым не менш паважанае імя было паўторана воінамі аднагалосна і прагучэла нават за межамі хаціны. Жанчыны і дзеці, якія чакалі ля ўваходу ў хаціну, падхапілі яго дружным водгуллем, за якім пачулася праразлівае і жаласнае выццё.
Гэтае выццё не сунялося яшчэ канчаткова, калі ўзрушэнне мужчын ужо зусім прайшло. Усе зноў селі на свае месцы, нібы саромячыся свайго хвалявання, але прайшло яшчэ многа часу, перш чым выразныя позіркі пакінулі накіроўвацца на палоннага; усе з дапытлівасцю разглядалі воіна, які так часта даказваў сваю доблесць у бітвах з гуронамі.
Ункас цешыўся сваёй перамогай, але радасць яго не выявілася ні ў чым, апрача спакойнай усмешкі, якая гаварыла аб пагардзе. Магуа заўважыў гэтую ўсмешку і, падняўшы руку, патрос ёю перад палонным; сярэбраныя ўпрыгожанні, падвешаныя да яго браслета, брынчэлі, калі голасам, поўным пачуцця помсты, ён усклікнуў па-англійску:
— Магікан, ты памрэш!
— Лекавыя воды ніколі не вернуць да жыцця мёртвых гуронаў, — адказаў Ункас дэлаварскай пявучай гаворкай, — быстрая рака абмывае іх косці; іх мужчыны — бабы, іх жанчыны — совы. Ідзі, клікні сваіх гуронскіх сабак, каб яны маглі паглядзець на воіна. Маё абанянне зняважана, яно чуе пах крыві баязліўца.
Апошні намёк глыбока абразіў індзейцаў, — пакрыўджанне было вялікім. Многія разумелі дзіўную мову, на якой гаварыў палонны. Хітры Магуа зразумеў зручнасць моманту і зараз-жа выкарыстаў яго. Скінуўшы са свайго пляча лёгкае адзенне са скуры, ён працягнуў наперад руку, і яго небяспечнае і каварнае красамоўства палілося бурным патокам. Як-бы ні быў аслаблены яго ўплыў на племя выпадковымі промахамі, заўсёднымі недахопамі і дэзертырствам з радоў племя, яго мужнасць і яго талент як прамоўцы былі вялікімі. У яго заўсёды знаходзіліся слухачы, і рэдка яму не ўдавалася пераканаць іх. Цяпер-жа яго талент падмацоўваўся ахапіўшай яго прагай помсты.
Спачатку ён расказаў пра падзеі, якія мелі месца пры нападзе на востраў ля Глена, пра смерць сваіх таварышоў і бегства самых небяспечных ворагаў племя. Затым ён апісаў прыроду і размяшчэнне гары, куды ён адвёў тых палонных, якія трапілі ў іх рукі. Пра свае ўласныя зверскія намеры ў адносінах да дзяўчат і пра сваё каварства, якое пацярпела няўдачу, ён не сказаў, але расказаў пра неспадзяваны напад атрада Доўгага Карабіна і яго сумныя вынікі. Тут ён крыху спыніўся і глянуў навакол. Як заўсёды, вочы ўсіх былі накіраваны на яго. Усе гэтыя смуглыя фігуры здаваліся статуямі: настолькі нерухомы былі іх позы і так моцна напружана ўвага.
Затым Магуа панізіў голас, да гэтага часу моцны і звонкі, і адзначыў заслугі памершых. Ні адной якасці, якая была здольна ўзбудзіць сімпатыю ў індзейца, ён не выпусціў з-пад увагі. Адзін ніколі не вяртаўся з палявання з пустымі рукамі; другі быў няўтомны ў пагоні за непрыяцелем. Гэты быў храбры, той шчодры. Адным словам, ён так умела даваў свае характарыстыкі памершым, што здолеў абудзіць спачуванне ў кожным з членаў племя.
— Ці ляжаць косці маіх юнакоў, — заключыў ён, — на могілках гуронаў? Вы ведаеце, што не. Іх душы пайшлі ў бок заходзячага сонца і перасякаюць ужо вялікія воды на шляху да шчаслівай краіны вечнага палявання. Але яны накіраваліся ў дарогу без запасаў яды, без стрэльбаў, без нажоў, без макасінаў, голымі і жабракамі. Ці можна да гэтага дапусціць? Ці павінны іх душы ўвайсці ў краіну справядлівасці, падобна да галодных іракезаў і баязлівых дэлавараў, або яны сустрэнуць сваіх сяброў са зброяй у руках і з адзеннем на плячах? Што падумаюць нашы бацькі, убачыўшы, чым сталі плямёны вейандотаў? Яны кінуць на нашых дзяцей хмуры позірк і скажуць ім: «Ідзіце адсюль, пад імем гуронаў прышлі сюды чыпевеі». Браты, мы не павінны забывацца на памёршых! Нагрузім спіну гэтага магікана, пакуль ён не захістаецца пад цяжарам нашых дароў, і пашлем яго ўслед за маімі юнакамі. Яны просяць у нас дапамогі; яны гавораць: «Не забывайце нас». Калі яны ўбачаць душу гэтага магікана, якая ідзе ўслед за імі, выбіваючыся з сіл пад сваім бярэмем, яны зразумеюць нашы намеры. Тады яны будуць ісці далей сваім шляхам шчаслівымі, і нашы дзеці скажуць: «Так абыходзіліся нашы бацькі са сваімі сябрамі, таксама і мы павінны абыйсціся з ім». Што значыць адзін інгіз? Мы забілі многа інгізаў, але зямля ўсё яшчэ не насыцілася іх крывёю. Пляма на імені гурона можа быць змыта толькі крывёю індзейца. Гэты дэлавар павінен памерці.
Магуа так умела закрануў у сваёй прамове сімпатыі сваіх слухачоў у спалучэнні з іх рэлігійнымі вераваннямі, што ўсякае пачуццё гуманнасці было канчаткова знішчана прагай помсты. Адзін воін з дзікім і лютым выглядам праяўляў асабліва гарачую ўвагу да слоў прамоўцы. На яго твары пазменна адлюстроўваліся ўсе пачуцці, якія яго хвалявалі, і нарэшце, яго аблічча набыло выраз смяротнай злосці. Калі Магуа скончыў, воін устаў са свайго месца, ускрыкнуў, і ў той-жа момант пры святле факела бліснула яго маленькая сякера з паліраванай рукаяткай, якой ён быстра ўзмахнуў над сваёй галавой. Яго рух і крык былі такімі неспадзяванымі, што словамі ўжо нельга было перашкодзіць яго крывяжэрным намерам. Здавалася, быццам яркі прамень святла раптам бліснуў з яго рукі, і ў той-жа момант яго перасекла нейкая цёмная магутная лінія. Першым быў тамагаук, другая — рука, якую Магуа працягнуў, каб адхіліць яго ад цэлі. Быстры і лоўкі рух правадыра не зусім спазніўся. Вострая зброя перасекла баявое пяро на галаўным уборы Ункаса і прайшла праз крохкую сцяну хаціны, як быццам яна была пушчана якой-небудзь страшнай кідальнай машынай.
Дункан, бачачы пагражаючы жэст індзейца, ускочыў на ногі, маючы самыя благародныя намеры ў адносінах да свайго сябра. Яму было дастаткова аднаго позірку, каб пераканацца, што ўдар не дасягнуў мэты, і яго жах змяніўся здзіўленнем: Ункас усё яшчэ стаяў, пазіраючы ў вочы свайму ворагу холадна, спакойна і цвёрда. Затым, нібы шкадуючы аб шчаслівым для яго промаху ворага, ён усміхнуўся і прамармытаў некалькі пагардлівых слоў на сваёй уласнай мове.
— Не, — сказаў Магуа, пераканаўшыся, што яго палонны непашкоджаны. — Сонца павінна асвятліць яго ганьбу; жанчыны павінны бачыць, як будзе трапятаць яго плоць, інакш наша помста будзе падобна да дзіцячай забаўкі. Адвядзіце яго туды, дзе пануе маўклівасць; паглядзім ці можа дэлавар спакойна праспаць ноч, ведаючы, што ў наступную раніцу ён павінен памерці.
Маладыя людзі, на абавязку якіх было пільнаваць палоннага, зараз-жа звязалі яму рукі вяроўкамі, звітымі з лыка, і павялі яго з хаціны сярод глыбокай і злавеснай маўклівасці. Толькі ў той момант, калі фігура Ункаса стаяла ў дзвярах, у яго цвёрдай хадзе выявілася ваганне, і ў быстрым і высокамерным позірку, які ён кінуў на ворагаў, Дункан з радасцю заўважыў выраз, які сведчыў аб тым, што надзея на ратунак не канчаткова пакінула яго.
Магуа быў вельмі задаволены сваім поспехам і заняты сваімі патаемнымі планамі, каб далей распытваць; ён таксама вышаў з хаціны, не працягваючы гутаркі, якая магла аказацца пагібельнай для яго суседа. Не гледзячы на абурэнне, якое ўсё больш павялічвалася, на прыродную цвёрдасць і на трывогу за лёс Ункаса, Хейвард адчуў вялікае аблягчэнне, калі гэты небяспечны і хітры вораг знік. Узрушэнне, створанае прамовай, паступова сунялося. Воіны занялі свае месцы, і воблакі дыму зноў напоўнілі хаціну. Мінула з поўгадзіны, ніхто не прамовіў ні слова, амаль ніхто не павярнуў галавы. Панавала важнае, засяроджанае маўчанне, якое заўсёды надыходзіла пасля бурнай сцэны сярод гэтых людзей, што былі такімі палкімі і ў той-жа час адзначаліся вялікім самаўладаннем.
Калі правадыр, які прасіў дапамогі Дункана, выкурыў сваю люльку, ён зрабіў канчатковую і на гэты раз паспяховую спробу выйсці з хаціны, запрасіўшы маўклівым жэстам мнімага лекара ісці за ім.
Замест таго, каб пайсці паміж хацінамі, дзе Хейвард рабіў свае бясплодныя пошукі, спадарожнік яго павярнуў убок і пайшоў проста да падножжа гары, якая панавала над паселішчам; падымацца на гару даводзілася па звілістай вузкай сцежцы. На прагаліне хлопчыкі аднавілі свае гульні. Полымя вогнішчаў асвятліла шлях правадыра і Дункана, надаючы яшчэ больш пануры характар суроваму пейзажу. Яны ўвайшлі ў шчыліну, зарослую кустамі. Якраз у гэты момант успыхнуўшае магутнае полымя вогнішча ярка асвятліла ўсё навакол, і нейкая цёмная, таямнічая істота нечакана ўстала на іх дарозе.
Індзеец спыніўся.
Вялікі чорны шар пачаў рухацца незразумелым для Дункана чынам. Полымя зноў узмацнілася, яго святло трапіла на таямнічую істоту. Цяпер нават Дункан спазнаў яго па яго неспакойных і нязграбных рухах цела. Гэта быў мядзведзь. Ён моцна і люта завыў, але не выказваў іншых адзнак варожасці. Гурон быў, як відаць, упэўнены ў мірных намерах дзіўнага прышэльца; уважліва паглядзеўшы на яго, ён спакойна ішоў далей сваёй дарогай.
Дункан ведаў, што свойскія мядзведзі часта жывуць у індзейцаў, і таксама спакойна ішоў за сваім спадарожнікам, лічачы, што гэты мядзведзь — любімец племя. Гурон прайшоў міма звера, не трацячы часу на далейшыя назіранні. Але Хейвард мімаволі азіраўся на мядзведзя, баючыся нападу ззаду. Яго трывога зусім не паменшылася, калі ён заўважыў, што мядзведзь бяжыць па сцежцы ўслед за імі. Ён хацеў загаварыць, але ў гэты момант індзеец, адчыніўшы дзверы з драўлянай кары, увайшоў у пячору, якая знаходзілася ў глыбіні гары.
Дункан накіраваўся ўслед за ім, радуючыся магчымасці паставіць хоць-бы лёгкую перашкоду паміж сабой і мядзведзем, як раптам адчуў, што дзверы вырываюць з яго рук, і зноў убачыў касматую фігуру. Яны знаходзіліся цяпер у вузкай доўгай галерэі сярод двух скал; выйсці адтуль, не сустрэўшыся з жывёлай, было немагчыма. Малады чалавек шпарка ішоў наперад, стараючыся трымацца як мага бліжэй да свайго правадніка. Мядзведзь роў час ад часу, ідучы за ім, і разы два клаў яму на плечы свае вялізныя лапы.
Цяжка сказаць, як доўга вытрымалі-б нервы Хейварда, які трапіў у такое незвычайнае становішча, але, на шчасце, перад вачыма яго замігцела слабае святло, і хутка яны дайшлі да месца, адкуль яно свіцілася.
Вялізная пячора ў глыбіні скалы была груба прыстасавана для жылля. Перагародкі былі зроблены з каменняў, галін і драўлянай кары. Адтуліны наверсе памяшканняў давалі доступ дзённаму святлу, а ўночы жыллё асвятлялася вогнішчамі і факеламі, якія замянялі дзённае святло. Сюды гуроны складвалі большую частку сваіх каштоўных рэчаў, агульную маёмасць усяго племя. Сюды-ж, як аказалася, была перанесена і хворая жанчына, якую лічылі афярай звышнатуральных сіл. Думалі, што чорту, які яе мучыў, будзе цяжэй рабіць свае напады на яе праз каменныя сцены, чым праз стрэхі хацін, зробленых з галін. Праваднік падышоў да пасцелі хворай; каля яе стаяла некалькі жанчын. Сярод іх Хейвард са здзіўленнем заўважыў Давіда.
Аднаго позірку на хворую было дастаткова для мнімага ўрача, каб пераканацца, што яе хвароба патрабуе медыцынскіх пазнанняў, якія далёка перавышалі яго мізэрныя веды. Яна ляжала нібы ў паралічы, раўнадушная да ўсяго акаляючага. Хейвард не адчуваў пачуцця сораму, бачачы, што жыццё хворай зусім не залежыць ад поспеху або няўдачы яго лячэння. Лёгкія дакоры сумлення, якія ён адчуваў раней, адразу сціхлі, і ён стаў падрыхтоўвацца да выканання сваёй ролі. Ён заўважыў, што перад яго прыходам блізкія хворай вырашылі паспрабаваць на ёй магутнасць музыкі.
Гамут у той момант, калі ўвайшлі наведвальнікі, рыхтаваўся выказаць сваю душу ў спевах; пачакаўшы крыху, ён пачаў спяваць гімн, які мог-бы стварыць цуд, калі-б толькі вера магла ў даным выпадку мець якое-небудзь значэнне. Яму дазволілі даспяваць да канца, бо індзейцы ставіліся з павагай да яго дапамогі, якую, як ім здавалася, ён аказвае хворай. Калі заміраючыя гукі гімна дайшлі да слуху Хейварда, ён мімаволі адскочыў, пачуўшы, што нехта ззаду яго паўтарае іх замагільным голасам. Азірнуўшыся, ён убачыў, што калматае страшыдла, седзячы ў ценю пячоры, трывожна пахістваецца з уласцівай мядзведзю манерай і паўтарае ціхім рыканнем гук гімна.
Цяжка апісаць уражанне, зробленае на Давіда такім дзіўным водгуллем. Вочы яго шырока расплюшчыліся, нібы ад неўразумення; голас раптам абарваўся ад здзіўлення. Пад уплывам пачуцця, хутчэй падобнага на страх, чым на здзіўленне, ён моцна крыкнуў Хейварду: «Яна блізка і чакае вас!» і імкліва выбег з пячоры.
РАЗДЗЕЛ XXV
Гэтая сцэна ўяўляла сабою дзіўную помесь смешнага з урачыстым. Жывёла як і да таго пагойдавалася, як відаць, зусім не стамляючыся; але яе смешныя спробы пераймаць мелодыю, якую напяваў Давід, спыніліся, як толькі апошні пакінуў поле дзеяння. Да пасцелі хворай падышоў правадыр і даў знак выйсці жанчынам, якія сабраліся натоўпам, каб паглядзець на майстэрства незнаёмага. Жанчыны падпарадкаваліся без пярэчанняў, але неахвотна. Калі змоўкла водгулле, разбуджанае дзвярыма, якія ляснулі ў воддалі, правадыр паказаў на хворую і сказаў:
— Няхай брат мой пакажа сваю сілу.
Закліканы так загадна да выканання ўзятай на сябе ролі, Хейвард з трывогай падумаў, што самае нязначнае ваганне можа аказацца небяспечным. Ён пастараўся ўспомніць тыя своеасаблівыя чары і нязграбныя абрады, якімі індзейскія чараўнікі прыкрываюць звычайна сваё невуцтва і бяссілле. Больш чым мажліва, што пры замяшанні яго думак ён хутка выявіў-бы якую-небудзь падазроную, калі не пагібельную для сябе памылку, калі-б грознае рыканне чацвераногай жывёліны не спыніла яго слабых спроб у самым пачатку. Тры разы ён аднаўляў свае спробы і ўсякі раз сустракаў тое самае незразумелае супраціўленне, прычым пры кожным перапынку рыканне жывёліны здавалася ўсё больш дзікім і грозным.
— Д’яблы рэўнуюць, — сказаў гурон, — я выходжу. Брат, гэтая жанчына — жонка аднаго з маіх самых храбрых воінаў, будзь да яе справядлівым. Цішэй, сказаў ён раздражненаму зверу, — я іду адсюль.
Дункан астаўся ў дзіўным пустынным памяшканні адзін з бездапаможнай хворай і небяспечным зверам. Апошні прыслухоўваўся да рухаў індзейца з тым разумным выглядам, які характэрны для мядзведзяў, пакуль новы гук рэха не апавясціў, што правадыр вышаў з пячоры. Тады мядзведзь павярнуўся, падышоў, перавальваючыся, да Дункана і сеў супроць яго ў сваёй звычайнай позе.
Малады чалавек азірнуўся навакол, шукаючы якога-небудзь прадмета, каб адбіць напад, якога ён чакаў.
Але настрой жывёлы, як відаць, раптам змяніўся. Ён ужо не бурчэў, не выказваў ніякіх іншых адзнак гневу; усё яго вялізнае калматае цела траслося, нібы ад нейкага дзіўнага ўнутранога хвалявання, нязграбныя пярэднія лапы недарэчна вазіліся вакол усмешлівай морды. Хейвард з небяспекай не адрываў вачэй ад яго рухаў і раптам убачыў, як страшная галава звалілася набок і на яе месцы з’явіўся дабрадушны твар разведчыка.
— Цс! — сказаў асцярожна жыхар лясоў, перабіваючы ўсклік Хейварда. — Нягоднікі бадзяюцца навакол.
— Скажыце, што азначае гэты маскарад і чаму вы адважыліся на такую рызыкоўную справу.
— Ах! Бываюць выпадкі, калі даводзіцца адкінуць у бок і разважлівасць і разлік, — адказаў разведчык. — Але паколькі ўсякая гісторыя павінна пачынацца з пачатку, то я раскажу вам усё па-парадку. Пасля таго, як мы разлучыліся, я змясціў каменданта і Сагамора ў старой хаціне бабра; тут яны ў большай бяспецы ад гуронаў, чым у крэпасці Эдуард: паўночна-ўсходнія індзейцы па-ранейшаму шкадуюць баброў, бо сярод іх яшчэ не з’явіліся гандляры. Потым мы з Ункасам, як было дагаворана, пайшлі да індзейскага лагера; вы не бачылі Ункаса?
— Бачыў, на свой вялікі жаль. Ён узяты ў палон і прысуджаны да смерці пры ўзыходзе сонца.
— Я прадбачыў, што такім будзе яго лёс, — прамовіў разведчык ужо не такім вясёлым тонам, як раней. Але неўзабаве голас яго набыў звычайную цвёрдасць, і ён казаў далей: — Яго няшчасце, уласна, і прывяло мяне сюды, таму што нельга афяраваць гуронам такога цудоўнага хлапца. Вось узрадаваліся-б гуроны, калі-б маглі прывязаць адразу да аднаго слупа Быстраногага Аленя і Доўгі Карабін, як яны называюць мяне. Хоць я ніколі не мог зразумець, чаму яны называлі мяне так, бо паміж стрэлам з «аленебоя» і стрэламі з канадскіх карабінаў такая-ж розніца, як паміж крэйдай і крэменем.
— Расказвайце па парадку, — нецярпліва прамовіў Хейвард, — мы-ж не ведаем, калі могуць вярнуцца гуроны.
— Няма чаго баяцца іх. Мы таксама-ж забяспечаны ад усякай перашкоды, як прапаведнік у пачатку двухгадзіннай прамовы. Ну, мы з Ункасам сустрэліся з машэннікамі; хлопчык зайшоў занадта далёка для разведкі; аднак, яго нельга і асуджаць за гэта, бо кроў у яго гарачая; апрача таго адзін з гуронаў аказаўся баязлівым, уцякаў і такім чынам завёў яго ў засаду.
— Дорага ён паплаціўся за сваё захапленне!
Разведчык многазначна правёў рукой па горле і кіўнуў галавой, нібы кажучы! «Я разумею сэнс вашых слоў».
Затым ён гаварыў далей:
— Пасля таго, як знік хлопчык я, як вы можаце меркаваць, кінуўся на гуронаў. Паміж мной і адным-двума з гуронаў, якія асталіся, адбылася сутычка; але гэта да справы не адносіцца. Дык вось, пасля таго, як я застрэліў гэтых чарцянят, я падышоў без усякай перашкоды да хаціны. Шчасце спрыяла мне і прывяло якраз да таго месца, дзе адзін з самых славутых чараўнікоў гэтага племя апранаўся, як мне добра вядома, для сур’ёзнай барацьбы з д’яблам. Лоўкі ўдар па галаве ашаламіў ашуканца; потым я набіў яму рот арэхамі, каб ён не надумаўся крычаць, прывязаў яго паміж двума дрэўцамі, скарыстаў яго рэчы і ўзяў на сябе ролю мядзведзя, каб мець магчымасць рабіць далей справу.
— І вы выканалі ролю на дзіва добра; сам мядзведзь быў-бы зняслаўлены вашай ігрой.
— Божа мой, маёр, — адказаў жыхар лясоў, якому прыемна было выслухаць пахвалу, — дрэнны быў-бы я паляўнічы, калі-б, вывучаючы так доўга ў пустыні звычкі і норавы жывёл, не здолеў-бы іх паказаць. Калі-б была гэта дзікая кошка або сапраўдная пантэра, я паказаў-бы вам відовішча, на якое варта было-б паглядзець. А такую нязграбную жывёліну прадставіць і зусім няцяжка. Але дзе-ж маладая дзяўчына?
— Бог ведае! Я абышоў усе хаціны паселішча і не знайшоў самага нязначнага сляда яе.
— Вы чулі, што сказаў спявак, пакідаючы нас: яна блізка! Дурань спалохаўся і зблытаў даручэнне, але яго словы маюць глыбокі сэнс. Мядзведзь павінен умець лазіць; таму я гляну праз сцены. Быць можа, у гэтых скалах схаваны гаршкі з мёдам; а я, як вам вядома, — жывёла, якая любіць паесці салодзенькага.
Разведчык азірнуўся, смеючыся над сваім уласным жартам, і пачаў узлазіць на перагародку, пераймаючы нязграбныя рухі мядзведзя. Але ледзь ён дабраўся да верху, як зрабіў знак Хейварду, каб той маўчаў, і спусціўся ўніз вельмі паспешна.
— Яна тут, — шапнуў ён, — і вы знойдзеце яе за гэтымі дзвярыма. Я сказаў-бы некалькі слоў суцяшэння бядачцы, ды баюся, каб яна не звар’яцела, убачыўшы такое страшыдла, хоць трэба прызнацца, што і вы, маёр, не вельмі прывабныя ў гэтай расфарбоўцы.
Дункан, які кінуўся ўжо да дзвярэй, спыніўся умомант, збіты з панталыку гэтымі словамі.
— Хіба я ўжо такі агідны? — запытаў ён з сумным выглядам.
— Ваўка вы не спалохаеце і англійскім гвардзейцам не перашкодзіце даць залп; але я бачыў вас больш прыгожым; ваш твар, расфарбаваны рознакаляровымі палосамі, можа, бадай, паказацца нядрэнным для індзейскіх жанчын, але беласкурыя дзяўчаты аддаюць перавагу людзям аднолькавага колеру з імі. Глядзіце, — дадаў ён, паказваючы на шчыліну ў скале, адкуль выцякала вада, утвараючы невялічкую крыніцу крыштальнай чыстаты; вы лёгка можаце пазбавіцца ад мазні Сагамора, а калі вернецеся, я паспрабую расфарбаваць вас на новы лад. Чараўніку таксама-ж прывычна змяняць сваю афарбоўку, як франту мяняць сваё адзенне.
Ён яшчэ гаварыў, а Дункан пачаў ужо мыцца. У адзін момант з яго твара знікла ўся страшная і камічная расфарбоўка, і юнак зноў з’явіўся ў тым выглядзе, які надала яму прырода. Падрыхтаваўшыся такім чынам да спаткання з сваёй каханкай, ён паспешна развітаўся з таварышом і знік у паказаным яму напрамку. Разведчык спагадліва глядзеў яму ўслед, ківаючы галавой і мармочучы ўсякія пажаданні; потым ён вельмі спакойна заняўся даследаваннем багацця кладоўкі гуронаў. Пячора, між іншым, ужывалася для захоўвання здабычы палявання.
У Дункана не было іншага правадніка, апрача цмянага святла, які мігацеў здалёк, але гэтае святло з’яўлялася палярнай зоркай для закаханага. Пры дапамозе яго ён дабраўся да мэты сваіх імкненняў — другога аддзялення пячоры, прызначанага для ўтрымання такой важнай палонніцы, якой была дачка каменданта крэпасці Уільям-Генры. Памяшканне гэтае было застаўлена шматлікімі рэчамі, здабытымі пры разгроме няшчаснай крэпасці. Сярод усяго гэтага хаоса Дункан знайшоў тую, якую шукаў, — бледную, устрывожаную, перапалоханую, але прыгожую. Давід падрыхтаваў ужо яе да яго наведвання.
— Дункан! — ускрыкнула яна голасам, які дрыжаў, нібы спалоханы сваімі ўласнымі гукамі.
— Аліса! — адказаў ён, пераскокваючы цераз чамаданы, скрынкі, зброю і мэблю.
— Я ведала, што вы не пакінеце мяне, — сказала яна, зірнуўшы на яго, і румянец паказаўся ка момант на яе сумным твары. — Але вы адзін! Як ні ўдзячна я вам за памяць, мне ўсё-ж хацелася-б, каб вы былі не адны.
Дункан, заўважыўшы, што яна дрыжыць так, што не можа трымацца на нагах, пяшчотна прымусіў яе сесці і расказаў ёй усе галоўныя падзеі, ужо вядомыя чытачу. Аліса слухала яго, задыхаючыся ад хвалявання; калі малады чалавек упамянуў пра гора няшчаснага бацькі, слёзы пацяклі па шчоках дачкі ў такім збытку, нібы яна ніколі не плакала раней. Але пяшчотнасць Дункана хутка супакоіла выбух яе пачуццяў, і яна выслухала яго да канца ўважліва, хоць і не зусім спакойна.
— А цяпер, Аліса, — дадаў малады чалавек, — многае залежыць толькі ад вас. Пры дапамозе нашага спрактыкаванага і каштоўнага друга, разведчыка, мы можам пакінуць гэтае дзікае племя, але для гэтага патрабуецца ўся ваша мужнасць. Памятайце, што вы вернецеся ў абдымкі вашага бацькі, памятайце, што яго шчасце, таксама як і ваша, залежыць ад намаганняў, якія вы зробіце.
— Я на ўсё гатова дзеля бацькі, які так многа зрабіў для мяне!
— І дзеля мяне таксама, — казаў далей малады чалавек, пяшчотна паціскаючы руку, якую трымаў у сваіх руках.
Нявінны, поўны здзіўлення позірк, кінуты на Дункана, пераканаў яго ў неабходнасці аб’ясніцца.
— Тут не месца і не час для таго, каб затрымліваць вас сардэчнымі прызнаннямі, — прамовіў ён, — але чыё сэрца, перапоўненае, як маё, не пажадала-б скінуць цяжару? Кажуць, няшчасце звязвае людзей больш, чым што-небудзь іншае; нашы агульныя пакуты з-за вас пакінулі мала нявысветленага паміж вашым бацькам і мною.
— А дарагая Кора, Дункан? Напэўна, Кора не была забытай?
— Не забыта, не; аб ёй шкадуюць, яе аплакваюць, як рэдка аплакваюць жанчыну. Ваш бацька не робіць розніцы ў сваіх дзецях; але я, Аліса, вы не пакрыўдзіцеся, калі я скажу, што яе якасці былі крыху зацемнены…
— Дык, значыць, вы не ведаеце якасцей маёй сястры, — сказала Аліса, прымаючы руку. — Пра вас яна заўсёды гаворыць, як пра самага свайго дарагога друга.
— Я з радасцю буду лічыць яе сваім другам, — паспешна прамовіў Дункан, — але адносна вас, Аліса, ваш бацька даў мне дазвол спадзявацца на яшчэ больш блізкія і дарагія сувязі.
Аліса моцна ўздрыганулася і павярнула на момант твар, паддаўшыся хваляванню; але яна авалодала сабой настолькі, каб не выявіць яго.
— Хейвард, — сказала яна, гледзячы яму проста ў твар з выразам чуласці, нявіннасці і мальбы, — не настойвайце раней, чым я не пабачуся з бацькам і не атрымаю ад яго благаславенне.
«Я не павінен казаць больш, але менш не мог», хацеў сказаць малады чалавек, але лёгкі ўдар па плячы перапыніў яго словы. Ён ускочыў на ногі, азірнуўся, і позірк яго трапіў на цёмную фігуру і люты твар Магуа. Глыбокі гартанны смех дзікуна гучэў у гэтую хвіліну для Дункана пякельнай насмешкай д’ябла. Калі-б паддаўся ён раптоўнаму парыву шаленства, ён кінуўся-б на гурона і знайшоў-бы выхад у смяротнай барацьбе. Але без зброі, не ведаючы, якую дапамогу можа паклікаць яго вораг, вымушаны аберагаць тую, якая зрабілася больш чым калі-небудзь дарагой яго сэрцу, малады чалавек таксама-ж хутка пакінуў гэты адважны намер, як паддаўся яму.
— Што вам патрэбна? — запытала Аліса, пакорліва складваючы на грудзях рукі. Стараючыся не выявіць свайго смяротнага страху за Хейварда, яна надала свайму твару халодны, ганарысты выгляд, з якім звычайна сустракала свайго злодзея.
Узрадаваны індзеец надаў свайму твару зноў строгі выгляд, але асцярожна адступіў назад перад грозным позіркам маладога чалавека. Адзін момант ён пільна глядзеў на абодвух сваіх палоннікаў, потым адышоў убок і загарадзіў бервяном дзверы, але не тыя, праз якія ўвайшоў Дункан. Малады чалавек зразумеў цяпер, чаму дзікун мог засцігнуць яго неспадзявана, і, лічачы сябе беззваротна загінуўшым, прытуліў да сябе Алісу, рыхтуючыся сустрэць лёс, пра які ён амаль не шкадаваў, бо павінен быў чакаць яго ў такіх абставінах. Але Магуа, як відаць, не меў намеру прыбягаць да неадкладнага гвалту. Яго першыя захады былі зроблены для таго, каб затрымаць новага палоннага; ён нават не глянуў у другі раз на нерухомыя фігуры ў сярэдзіне пячоры, пакуль не пазбавіў іх усякай магчымасці ўцячы праз уваход, які ён сам выкарыстаў. Хейвард сачыў за кожным яго рухам. Ён аставаўся цвёрдым, па-ранейшаму тулячы да сэрца кволую фігуру Алісы, занадта ганарлівы, каб прасіць літасці ў ворага. Калі Магуа скончыў сваю работу, ён падышоў да палонных і сказаў па-англійску:
— Бледнатварыя ловяць у пасткі разумных баброў, але чырвонаскурыя ўмеюць лавіць інгізаў.
— Гурон! — крыкнуў раззлаваны Хейвард, забываючыся, што справа ідзе аб жыцці двух людзей. — І ты і твая помста варты пагарды.
— Ці скажа гэтыя словы белы чалавек, калі будзе стаяць каля слупа катаванняў? — запытаў Магуа. Насмешлівая ўхмылка, якая суправаджала гэтыя словы, ясна паказвала, як мала ён давярае рашымасці маладога чалавека.
— Як тут, у твар табе, так і перад усім тваім народам!
— Хітрая Лісіца — вялікі правадыр! — адказаў індзеец. — Ён пойдзе і прывядзе сваіх воінаў глядзець, як бясстрашна можа смяяцца бледнатвары над сваімі пакутамі.
З гэтымі словамі ён павярнуўся і хацеў ісці па праходу, якім ішоў Дункан, але нейкае рыканне даляцела да яго слуху і прымусіла яго прыпыніцца. У дзвярах з’явіўся мядзведзь. Ён стаяў, пахістваючыся як звычайна з боку на бок. Магуа некаторы час уважліва глядзеў на яго. Ён стаяў значна вышэй забабонаў свайго племя і хацеў прайсці міма з халоднай пагардай, як толькі спазнаў добра знаёмае адзенне чараўніка. Але новае, больш моцнае і грознае рыканне прымусіла яго спыніцца. Потым ён раптоўна, нібы вырашыўшы не жартаваць далей, рашуча рушыў наперад. Жывёла павольна адступіла і, дайшоўшы да праходу, пачала біць лапамі па па-ветру.
— Дурань! — крыкнуў правадыр па-гуронску. — Ідзі забаўляйся з дзецьмі і жанчынамі!
Ён яшчэ раз паспрабаваў прайсці міма мяркуемага шарлатана, не думаючы нават прыстрашыць, што пусціць у справу нож або тамагаук, які вісеў ля яго пояса. Раптам жывёла выцягнула рукі, або, пэўней, лапы, і схапіла яго ў абдымкі, якія па моцы можна было параўнаць з абдымкамі мядзведзя. Хейвард, ледзь дыхаючы, схапіў скураны рамень, якім быў завязаны нейкі скрутак, і, калі ўбачыў, што разведчык нібы прыкаваў сваімі жалезнымі мускуламі рукі ворага да тулава, кінуўся на дзікуна і звязаў яму рукі і ногі, абвязаўшы іх рамнём шпарчэй, чым мы паспелі расказаць аб гэтым. Калі гурон быў канчаткова звязаны, разведчык пакінуў трымаць яго, і Дункан паклаў свайго ворага на спіну ў зусім бездапаможным стане.
Магуа змагаўся з усёй моцы, пакуль не пераканаўся, што ён у руках чалавека значна больш дужага. У часе змагання ён не прамовіў ні слова. Але калі Сакалінае Вока, жадаючы кароценька растлумачыць свае паводзіны, зняў калматую галаву жывёлы і перад вачыма гурона з’явіўся яго суровы сур’ёзны твар, спакой гурона прапаў, і ён здзіўлена прамовіў звычайна індзейскае «хуг!»
— Ага! Да цябе вярнулася здольнасць гаварыць! — усміхнуўся пераможца. — Ну, для таго, каб ты не ўжываў яе на шкоду нам, я заткну табе рот.
— Адкуль увайшоў гэты д’ябал? — запытаў разведчык, скончыўшы работу, якой займаўся з вялікай стараннасцю. — Ні адна душа не праходзіла міма з таго часу, як вы пайшлі.
Дункан паказаў на дзверы, праз якія ўвайшоў Магуа.
— Ну, дык выводзьце дзяўчыну, — казаў яго сябра, — мы павінны выбрацца ў лес.
— Гэта немагчыма! — сказаў Дункан. — Ад страху яна абяссілела. Аліса! Мая любая Аліса, апрытомнейце! Усё дарэмна! Яна чуе мяне, але не мае сілы ісці за мной. Ідзіце, благародны друг: ратуйцеся і пакіньце мяне майму лёсу.
— Усякі след мае канец, і ўсякае няшчасце з’яўляецца ўрокам! — сказаў разведчык. — Вось, захутайце яе ў гэтую індзейскую адзежу. Схавайце ўсю яе маленькую фігурку. А то ў пустыні не знойдзецца другой такой ножкі; яна выдасць яе. Захутайце яе з усіх бакоў. Ну, цяпер бярыце яе на рукі і ідзіце за мной.
Дункан паспешна выконваў усе яго загады, і не паспеў той кончыць сваіх слоў, як ён падняў на рукі Алісу і пайшоў услед за разведчыкам да выхаду па зробленай самой прыродай галерэі. Калі яны падышлі да маленькіх берасцяных дзвярэй, галасы знадворку паказалі ім, што там сабраліся сябры і сваякі хворай, цярпліва чакаючы дазволу ўвайсці ў пячору, дзе ляжала хворая.
— Калі я раскрыю рот, каб загаварыць, — прашаптаў Сакалінае Вока, — мая англійская мова пакажа машэннікам, што сярод іх знаходзіцца вораг. Вы павінны пагаварыць з імі на вашай мове, маёр; скажыце, што мы заперлі злога духа ў пячоры, а жанчыну нясем у лясы, каб пашукаць там лячэбных карэнняў. Скарыстайце ўсю вашу хітрасць.
Дзверы крыху адчыніліся, як быццам хтосьці прыслухоўваўся знадворку да таго, што рабілася ў сярэдзіне, і разведчыку прышлося спыніць свае навучанні. Раз’юшанае рыканне прагнала таго, хто падслухоўваў, і разведчык, смела расчыніўшы дзверы, вышаў з пячоры, па-ранейшаму выконваючы ролю мядзведзя. Дункан ішоў за ім па пятах і неўзабаве апынуўся ў сярэдзіне кучкі ўстрывожаных сваякоў і сяброў хворай.
Натоўп адступіўся крыху, даючы дарогу бацьку і, як відаць, мужу хворай.
— Прагнаў брат мой злога духа? — запытаў бацька. — Хто гэта на руках у яго?
— Тваё дзіця, — урачыста адказаў Дункан. — Злы дух вышаў з яе; ён заперты ў горах. Я аднясу жанчыну на некаторую адлегласць, каб умацаваць яе і не дапусціць другіх прыпадкаў. Яна будзе ў вігваме воіна, калі ўзыйдзе сонца.
Калі бацька перавёў словы чужаземца на гуронскую мову, стрыманы шэпт сярод дзікуноў выявіў задавальненне, выкліканае гэтай весткай. Сам правадыр зрабіў Дункану знак ісці далей і прагаварыў моцна, цвёрдым голасам, з велічным жэстам:
— Ідзі… Я мужчына і ўвайду ў горы, каб схапіцца ў бойцы са злым духам.
Хейвард з радасцю падпарадкаваўся і прайшоў ужо міма маленькай групы, калі яго здзівілі гэтыя словы.
— Хіба мой брат звар’яцеў, — ускрыкнуў ён, — што так гаворыць? Ён сустрэнецца са злым духам, і той увойдзе ў яго! А магчыма брат мой выгане злога духа, і ён паімчыцца за дачкой майго брата ў лясы! Не… Няхай дзеці мае чакаюць ля пячоры і, калі пакажацца дух, лупяць яго дубінамі. Ён хітры і схаваецца ў горах, калі ўбачыць, колькі людзей гатовы ўступіць з ім У бой.
Гэтая дзіўная прапанова аказала жаданае дзеянне. Замест таго, каб увайсці ў пячору, муж і бацька хворай вынялі тамагаукі і сталі ля ўваходу, гатовыя спагнаць свой гнеў, схапіўшыся з уяўляемым катам хворай. Жанчыны і дзеці наламалі галін і набралі каменняў для той-жа мэты. Мнімыя чараўнікі скарысталі гэты момант, каб знікнуць.
Сакалінае Вока, хоць і адважыўся скарыстаць забабоны індзейцаў, аднак, ведаў, што больш разумныя з правадыроў не вераць у іх, а толькі цярпіма да іх адносяцца. Ведаў ён і цану часу ў падобных выпадках. Як-бы не ашуквалі сябе індзейцы і як-бы іх самаашуканства ні дамапагала яго планам, дастаткова было самага нязначнага поваду для падазрэння, якое закралася ў душу хітрага індзейца, каб справа аказалася пагібельнай. Таму ён пайшоў сцежкай, па якой менш за ўсё можна было чакаць праследавання, і абышоў паселішча, не ўваходзячы ў яго. Воддаль, пры святле вогнішчаў відаць былі яшчэ воіны, якія пераходзілі ад хаціны да хаціны. Але дзеці ўжо кінулі свае гульні, і начная цішыня патроху пачынала заглушваць шум і ўзрушэнне клапатлівага і поўнага надзей вечара.
Аліса ажыла пад уплывам свежага паветра, а паколькі страціла фізічную сілу, а не разумовыя здольнасці, то ёй не прышлося растлумачваць аб тым, што здарылася.
— Дайце я паспрабую ісці сама, — сказала яна, чырванеючы таму, што не магла раней вызваліцца ад абдымкаў Дункана, — мне, сапраўды, лепш.
— Не, Аліса, вы яшчэ вельмі слабыя.
Дзяўчына далікатна старалася вызваліцца, і Хейвард быў вымушаны разлучыцца са сваёй каштоўнай ношай. Чалавек, што выконваў ролю мядзведзя, вядома, не перажываў цудоўных адчуванняў закаханага, які нясе сваю каханку на руках; магчыма, яму было невядома і пачуццё нявіннай сарамлівасці, якая ахапіла дрыготную Алісу. Калі ён апынуўся на дастатковай адлегласці ад хаціны, ён спыніўся і пачаў гутарку аб прадмеце, які ведаў у дасканаласці.
— Гэтая дарога прывядзе вас да ручая, — сказаў ён, — ідзіце па яго левым беразе, пакуль не дойдзе да вадапада; узыйдзіце на ўзгорак направа, і вы ўбачыце агні другога племя. Ідзіце туды і прасіце аховы; калі гэта сапраўдныя дэлавары, то вы будзеце знаходзіцца ў бяспецы. Уцякаць далёка немагчыма. Гуроны дагоняць нас і завалодаюць нашымі скальпамі, перш чым мы зробім дзесятак міль. Ідзіце!
— А вы? — са здзіўленнем запытаў Хейвард. — Мы-ж не разлучаемся з вамі?
— Гуроны трымаюць у палоне гордасць дэлавараў: апошні патомак магікан захоплены імі. Калі-б яны ўзялі ваш скальп, маёр, за кожны яго валасок загінула-б па машэнніку, як я абяцаў вам; але калі да слупа павядуць маладога Сагамора, то індзейцы ўбачаць, як можа паміраць чалавек белага колеру, друг магікан.
Дункан, зусім не пакрыўджаны рашучай перавагай, якую аддаваў жыхар лясоў Ункасу, па-ранейшаму пераконваў яго адмовіцца ад такога надзвычай адважнага ўчынку. Яму дапамагала Аліса; яна далучыла сваю просьбу да просьбаў Хейварда, упрошаючы разведчыка адмовіцца ад намеру, які з’яўляўся такім небяспечным і меў так мала надзеі на поспех. Усё іх красамоўства было дарэмным. Разведчык слухаў іх нецярпліва і скончыў гутарку тонам, які зараз-жа прымусіў змоўкнуць Алісу і даказаў Хейварду, якімі бескарыснымі будуць усе далейшыя пярэчанні.
— Я чуў, — сказаў ён, — што ў маладосці бывае пачуццё, якое прывязвае мужчыну да жанчыны больш, чым бацька прывязаны да сына. Магчыма. Вось вы рызыкавалі жыццём і ўсім, што каштоўна для вас, каб вызваліць мілую дзяўчыну, і я думаю, што такое-ж пачуццё знаходзіцца і ў аснове вашага ўчынку. Што датычыць мяне, то я вучыў юнака абыходзіцца са стрэльбай, і ён шчодра адплаціў мне за гэта. Я змагаўся побач з ім у многіх крывавых схватках, і пакуль я чуў трэск яго стрэльбы з аднаго боку і трэск стрэльбы Сагамора з другога, я ведаў, што ззаду мяне няма ворага. Зімою і летам, уночы і ўдзень хадзілі мы разам па пустыні, елі з адной пасуды, адзін з нас спаў, пакуль пільнаваў другі, і перш, чым сказаць, што Ункаса павялі на пакуты, а я быў паблізу… Раней, чым юнак загіне з-за адсутнасці друга, вернасць знікне на зямлі, і „аленебой“ зробіцца бясшкодным, як свістулька спевака.
Дункан выпусціў руку разведчыка, той павярнуўся і пайшоў цвёрдымі крокамі назад, да хацін гуронаў. Хейвард і Аліса, сумныя, не гледзячы на шчасце спаткання, некаторы час глядзелі яму ўслед, потым пайшлі да аддаленага паселішча дэлавараў.
РАЗДЗЕЛ XXVI
Не гледзячы на поўную рашымасць выканаць свой намер, Сакалінае Вока вельмі добра разумеў усе цяжкасці і небяспеку, якія стаялі перад ім. Вярнуўшыся ў лагер, ён напружыў увесь свой востры розум, каб прыдумаць, як ашукаць пільнасць і падазронасць ворагаў. Магуа і чараўнік, вядома, зрабіліся-б першымі афярамі, прынесенымі ім дзеля сваёй асабістай бяспекі, калі-б разведчык не лічыў такога ўчынку зусім нявартым белага чалавека. Таму ён накіраваўся проста да цэнтру лагера, спадзеючыся на моцнасць вяровак, якімі ён звязаў індзейца.
Крокі яго рабіліся ўсё больш рашучымі па меры таго, як ён падыходзіў да жылля, а яго пільны позірк не прапускаў ні адной адзнакі варожых або прыяцельскіх намераў індзейцаў. Наперадзе астатніх стаяла невялічкая хаціна; здавалася, яна была кінутай напалову гатовай, не прыстасаванай для жыцця ў ёй. Аднак, праз шчыліны праходзіла слабае святло, паказваючы, што хаціна, хоць і недабудаваная, але з’яўлялася жылой. Разведчык накіраваўся туды, як асцярожны генерал, які знаёміцца з авангардам варожай арміі, перш чым пайсці ў атаку.
Сакалінае Вока прыняў позу, падыходзячую да выконваемай ім ролі мядзведзя — апусціўся рукамі на зямлю — і пайшоў да невялікай адтуліны, праз якую можна было бачыць, што робіцца ўнутры хаціны. Яна аказалася жыллём Давіда Гамута. У ёй настаўнік спеваў адасобіўся з усім сваім смуткам і страхамі.
Якой-бы сляпой ні была вера Давіда ў цуды, якія адбываліся ў старажытнасці, ён адмаўляў магчымасць простага ўмяшання звышнатуральнай сілы ў сучасны свет. Ён, безумоўна, верыў у тое, што асліца Валаама магла загаварыць, але ставіўся крыху скептычна да магчымасці пачуць спевы мядзведзя, а між тым ён пераканаўся ў гэтым, на вялікае сваё здзіўленне. Кінуўшы позірк на спевака, Сакалінае Вока адразу ўбачыў, што ў розуме ў яго пануе поўнае замяшанне: Давід сядзеў у сумным раздум’і на кучы галля, з якой браў іншы раз некалькі галін, каб падтрымаць мізэрны агонь. Адзеты быў прыхільнік музыкі ўсё таксама-ж, толькі ў дадатак да свайго ўбрання ён прыкрыў яшчэ лысую галаву трохкутным капелюшом, які аказаўся недастаткова прывабным, каб узбудзіць прагнасць каго-небудзь з злодзеяў.
Здагадлівы Сакалінае Вока ўспомніў, як шпарка пакінуў Давід сваё месца ля пасцелі хворай, і зразумеў, аб чым раздумвае цяпер спявак. Ён абышоў вакол хаціны, пераканаўся, што яна стаіць зусім асобна ад астатніх, і адважыўся ўвайсці ў яе. Увайшоўшы ў нізкія дзверы, ён апынуўся проста перад Гамутам. Іх раздзяляла вогнішча; Сакалінае Вока сеў, і на працягу цэлай мінуты абодва моўчкі глядзелі адзін на аднаго. Неспадзяванае з’яўленне звера вельмі перапалохала Давіда. Ён пашукаў у кішэні камяртон і ўстаў з намерам пусціць у справу музычнае заклінанне.
— Змрочнае і таямнічае страшыдла! — усклікнуў ён, хапаючы дрыготнымі рукамі свой інструмент. — Я не ведаю ні тваёй пароды, ні тваіх намераў, але калі ты замышляеш што-небудзь супроць самага пакорлівага са служак храма, то выслухай натхнёную прамову ізраільскага юнака і пакайся!
Мядзведзь затросся ўсім сваім калматым тулавам. Затым добра знаёмы Гамуту голас прамовіў:
— Пакладзі ўбок сваю свістульку і навучы сваю глотку ўстрыманню. Пяць простых, зразумелых англійскіх слоў варты цэлай гадзіны крыку.
— Хто ты? — запытаў Давід, задыхаючыся.
— Такі-ж чалавек, як ты, кроў якога таксама-ж мала заплямлена крывёю мядзведзя, як і твая. Няўжо ты так хутка забыўся, ад каго атрымаў той ідыёцкі інструмент, што ў цябе ў руцэ?
— Няўжо гэта можа быць? — усклікнуў Давід. Ён дыхаў лягчэй з таго часу, як ісціна пачала выяўляцца перад ім.
— Ну, ну, — сказаў Сакалінае Вока, адкідваючы мядзведжую галаву і паказваючы свой сумленны твар, каб пераканаць свайго нерашучага таварыша; вы можаце ўбачыць скуру, хоць і не такую белую, як у далікатных дзяўчат, але ўсё-ж такую, чырвонае адценне якой вынікае ад нябесных вятроў і ад сонца. А цяпер за справу.
— Раскажыце мне пра дзяўчыну і пра юнака, які знайшоў яе так смела.
— Яны шчасліва ўніклі тамагаўкаў. Але ці не можаце вы паказаць мне, дзе Ункас?
— Малады чалавек у палоне, і я вельмі трывожуся, што лёс яго вырашаны. Я моцна шкадую, што чалавек з такімі добрымі схільнасцямі павінен памерці невукам. Я знайшоў надзвычай добры гімн…
— Ці можаце вы правесці мяне да яго?
— Задача не цяжкая, — нерашуча адказаў Давід, — але я баюся, што ваша прысутнасць хутчэй пагоршыць, чым палепшыць, яго няшчаснае становішча.
— Не трацьце слоў, а вядзіце мяне, — сказаў Сакалінае Вока, хаваючы зноў твар. Ён паказаў прыклад Давіду, першым выйшаўшы з хаціны.
Хаціна, у якой быў памешчаны Ункас, знаходзілася ў самым цэнтры паселішча і была размешчана так, што да яе нельга было ні падыйсці, ні выйсці з яе незаўважаным. Але Сакалінае Вока і не думаў хавацца. Разлічваючы на сваё перадзяванне і на ўменне выканаць узятую ім на сябе ролю, ён пайшоў па адкрытай простай дарозе. Позні час быў для яго аховай. Дзеці іх ужо спалі глыбокім сном; усе жанчыны і большасць воінаў разышліся на ноч па хацінах. Толькі чацвёра-пяцёра воінаў аставаліся яшчэ ля дзвярэй цямніцы Ункаса, пільна назіраючы за палонным.
Калі воіны ўбачылі Гамута ў суправаджэнні істоты, апранутай у маскараднае адзенне ўсім вядомага чараўніка, яны ахвотна прапусцілі іх абодвух, але не выявілі ніякага жадання адыйсці. Наадварот, іх, напэўна, цікавіла, што будуць рабіць тут дзіўныя прышэльцы — чараўнік і вар’ят.
З прычыны таго, што разведчык не мог размаўляць з гуронамі на іх мове, яму прышлося даручыць Давіду весці гутарку. Не гледзячы на ўсю сваю наіўнасць, Гамут вельмі добра выканаў данае яму даручэнне і нават перавысіў усе чаканні свайго настаўніка.
— Дэлавары — баязлівыя жанчыны! — крыкнуў ён, звяртаючыся да індзейца, які не вельмі добра разумеў мову, на якой ён гаварыў. — Інгізы, мае дурні землякі, загадалі ім узяцца за тамагаук і забіваць сваіх бацькоў у Канадзе, і яны забыліся свой род. Жадаў-бы мой брат бачыць, як Быстраногі Алень будзе плакаць перад гуронамі, стоячы ля слупа?
Усклік «хуг!» выразіў задавальненне, якое ад чуў-бы гурон, убачыўшы такую слабасць.
— Дык няхай-жа мой брат адыйдзе ўбок, і чараўнік напусціць злога духа на гэтую сабаку.
Гурон растлумачыў словы Давіда сваім таварышам; яны ў сваю чаргу выслухалі гэтую прапанову са здавальненнем. Дзікуны адышлі крыху ад уваходу ў хаціну і далі знак чараўніку ўвайсці туды. Але мядзведзь, замест таго каб паслухацца, астаўся на месцы і зароў.
— Чараўнік баіцца, што дыханне яго трапіць таксама і на яго братоў і адбярэ ў іх мужнасць, — гаварыў далей Давід, — ім трэба стаць трохі далей.
Гуроны, для якіх такая падзея была-б найвялікшым няшчасцем, адступілі ўсе адразу і занялі такое палажэнне, што не маглі нічога чуць і ў той-жа час маглі назіраць за ўваходам у хаціну. Разведчык, зрабіўшы выгляд, што пераканаўся ў іх бяспецы, устаў і павольна пайшоў у хаціну. У ёй панавала панурая цішыня; апрача палоннага, там нікога не было; асветлена была хаціна толькі патухаючым вугаллем вогнішча.
Ункас, звязаны вяроўкамі з лыка па руках і нагах, сядзеў у дальнім кутку, прыхіліўшыся да сцяны. Малады магікан нават не глянуў на страшыдла, якое з’явілася перад ім. Разведчык пакінуў Давіда ля дзвярэй, каб пераканацца, ці сочаць за імі, і разважліва вырашыў іграць далей сваю ролю, пакуль не ўпэўніцца, што яны адны з Ункасам. Таму замест таго, каб гаварыць, ён пачаў вырабляць усе штукі, уласцівыя ўяўляемай жывёле. Малады магікан падумаў спачатку, што ворагі падаслалі да яго сапраўднага мядзведзя, каб мучыць яго і выпрабоўваць яго мужнасць; але, прыгледзеўшыся больш уважліва, ён заўважыў у выкрутах звера, якія здаваліся Хейварду такімі дасканалымі, некаторыя промахі, якія адразу выдалі непраўдзівасць. Калі-б ведаў Сакалінае Вока, як нізка ацэньваў зоркі Ункас яго мядзвежыя таленты, ён, напэўна, пакрыўдзіўся-б на яго.
Як толькі Давід даў умоўны сігнал, у хаціне замест грознага рыкання мядзведзя пачулася шыпенне змяі.
Ункас увесь час сядзеў, прытуліўшыся да сцяны хаціны, і заплюшчыў вочы, як быццам не жадаючы бачыць мядзведзя. Але як толькі пачулася шыпенне змяі, ён устаў, азіраючыся навакол, то нізка нахіляючы галаву, то павяртаючы яе ва ўсе бакі, пакуль яго праніклівыя вочы не спыніліся на калматым страшыдле, нібы прыкаваныя нейкімі чарамі. Зноў пачуліся тыя-ж гукі: відавочна, яны выляталі з зеву мядзведзя. Юнак яшчэ раз абвёў вачыма ўсю ўнутраную частку хаціны і зноў павярнуўся да мядзведзя.
— Сакалінае Вока! — прамовіў ён глыбокім, стрыманым голасам.
— Разрэжце вяроўкі, сказаў Сакалінае Вока Давіду, які толькі што падышоў.
Спявак выканаў загад, і Ункас адчуў сябе на волі. У той-жа момант сухая скура жывёлы затрашчала, і Сакалінае Вока зняў сваю вопратку, для чаго яму прышлося толькі распусціць скураныя рамні. Потым ён выняў доўгі бліскучы нож і даў яго ў рукі Ункаса.
— Чырвоныя гуроны стаяць паблізу хаціны, — сказаў ён, — будзем напагатове.
У той-жа час ён шматзначна паказаў другі такі-ж нож; абодва нажы былі ўдала здабыты ім у гэты вечар, праведзены сярод ворагаў.
— Пойдзем, — сказаў Ункас, — да Чарапах, яны дзеці маіх продкаў.
— Эх, хлапец, — прабурчэў разведчык па-англійску, — я лічу, тая-ж кроў цячэ ў тваіх жылах, толькі час змяніў некалькі яе колер. Што нам рабіць з мінгамі, што стаяць каля дзвярэй? Іх шасцёра, а ў нас спявак не ідзе ў лік.
— Гуроны ўмеюць толькі выхваляцца, — пагардліва сказаў Ункас, — іх татэм — алень, а бегаюць яны, як слімакі. Дэлавары — дзеці чарапахі, а бегаюць шпарчэй аленя.
— Так, хлопчык, ты кажаш праўду, я не сумняваюся, што бегучы ты апярэдзіў-бы ўсё іх племя. А ў белага чалавека рукі больш здольныя, чым ногі. Што-ж датычыць мяне, я магу разбіць галаву гурону не горш за ўсякага іншага; але ва ўменні бегаць я не здолею паспрачацца з нягоднікамі.
Ункас падышоў ужо да дзвярэй, каб паказаць дарогу, але адхіснуўся пры гэтых словах і зноў заняў ранейшае месца ў кутку хаціны. Сакалінае Вока, вельмі задуманы, каб заўважыць гэты рух, працягваў гутарку:
— Між іншым, Ункас, ты ўцякай, а я зноў надзену скуру і паспрабую ўзяць хітрасцю там, дзе не магу ўзяць шпаркасцю ног.
Малады магікан нічога не адказаў, але спакойна склаў рукі і прыхіліўся да аднаго са слупоў, якія падтрымлівалі сцяну хаціны.
— Ну, — сказаў разведчык, паглядзеўшы на яго, — чаго-ж ты марудзіш? У мяне астанецца дастаткова часу, бо нягоднікі кінуцца спачатку за табой.
— Ункас астаецца, — пачуўся спакойны адказ.
— Чаму?
— Каб змагацца разам з братам майго бацькі і памерці з братам дэлавараў.
— Так, хлопчык, — сказаў Сакалінае Вока, сціскаючы руку Ункаса сваімі жалезнымі пальцамі, — калі-б ты пакінуў мяне, гэта быў-бы ўчынак, больш варты мінга, чым магікана. Але я лічыў патрэбным зрабіць табе гэтую прапанову, бо маладосць любіць жыццё. Ну, там, дзе нічога не зробіш баявой храбрасцю, даводзіцца пускаць у справу хітрасць. Надзявай скуру мядзведзя; я не сумняваюся, што ты можаш выканаць гэтую ролю амаль таксама добра, як і я.
Ункас моўчкі і хутка апрануўся ў скуру жывёлы і пачаў чакаць распараджэнняў свайго старога таварыша.
— Ну, прыяцель, — сказаў Сакалінае Вока, звяртаючыся да Давіда, — перамена адзення будзе вельмі выгаднай для вас, бо вы дрэнна падрыхтаваны для жыцця ў пустыні. Вось вазьміце маю паляўнічую кашулю і шапку і дайце мне вашу коўдру і капялюш. Вы павінны даверыць мне вашу кнігу, акуляры і свістульку. Калі сустрэнемся калі-небудзь у лепшы час, вы атрымаеце ўсё гэта назад і вялікую падзяку ў прыдачу.
Давід разлучыўся з усімі пералічанымі рэчамі з такой ахвотай, якая магла-б зрабіць вялікі гонар яго шчодрасці, калі-б не тая акалічнасць, што перамена гэтая была яму выгодна ў многіх адносінах. Сакалінае Вока зараз-жа надзеў вопратку Гамута; калі акуляры схавалі яго трывожныя вочы, а на галаве з’явіўся трохкутны капялюш, ён лёгка мог пры святле зорак сыйсці за спевака, бо па росту яны не вельмі адрозніваліся адзін ад аднаго.
— Скажыце, вы схільны паддавацца пачуццю баязлівасці? — запытаў ён спевака, жадаючы