Апошняе спатканьне (1919)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Апошняе спатканьне
Драма
Аўтар: Уладзіслаў Галубок
1919 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УЛАДЫСЛАУ ГАЛУБОК.


АПОШНЯЕ СПАТКАНЬНЕ

ДРАМА у 4 АКТАХ.



ВІЛЬНЯ1919 г.

Выдавѐцтва Мѐнскага Народнага Камисарыяту Асьвѐты.




АПОШНЯЕ СПАТКАНЬНЕ

ДРАМА у 4 АКТАХ.


УЛАДЫСЛАВА ГАЛУБКА.



ВІЛЬНЯ1919 г.

Друкарня „Промень“.

АСОБЫ:

БАЦЬКА, 50 г.
МАЦІ, 45 г.

РЫГОР 19 г.
ЯКІМ

БУТРЫМ, 40 г., хросны.
АЛЬЖБЕТА, 35 г., яго жонка.
НАТАЛКА, 18 г., іх дачка.

ВАУЧАНСКІ, 25 г. Студэнты.
ВАСІЛЕК, 20 г.
ГРАБЯНЕК, 20 г.
ДЗІУНЫ, 20 г.

НАСТА, 35 г., сялянка.
АКСІНЬНЯ, 18 г., яе дачка.
СЕЛЯНІН, 40 г.
СТОРАЖ ТУРМЫ, 45 г.
НАГЛЯДНІК, 25 г.

Статысты:

3—4 СТРАЖНІКІ.
5—6 САЛДАТ.
КАТ
ДОКТАР
ЧЫНОУНІК.
НАЧАЛЬНІК ТУРМЫ.

Рэквізыт.

Кнігі
Клумак
Абразок
Пісьмы
Гітара
Леварвэр
Проклямацыі
Сьвечка
2 калы
Гроб
Званочак

Акт I[правіць]

АКТ І.


ЗЬЯВА І.

У ХАЦЕ: стол, на стале кнігі, ложак, лавы, у старане зьвязаны клумак.

МАЦІ. Вось і прычакала шчасьця, гадавала, гадавала, вырас, бывай маці здарова, сабраўся і гайда ў сьве́т, і куды спытацца… у сьве́т да людзе́й чужых, незнаёмых… (плача).

БАЦЬКА. Да чужых, незнаёмых у сьве́т за навукай; (кратае кнігі) вось тут яго ўсё, рос, вучыўся, а цяпе́р пае́дзе, пакіне нас старых (плача). Застае́цца Рыгорка, але што-ж калі ён без Якіма знудзе́е, яны-ж гэтак згодна жылі.

МАЦІ. Як-жа ня згодна, яны-ж блізьняткі, у адзін дзе́нь на сьвѐт прышлі, а цяпе́р разыходзяцца.

ЗЬЯВА II.
ЯКІМ.

ЯКІМ. Матуленька, плачаце, ды пакіньце, не на ве́к жа я пае́ду; праўда, дарога ў чужы край, але сьве́т ня могільнік, спаміж жывых жыць буду. Дасьць Бог скончу навукі, выйду на ле́пшую дарогу, прынясу карысьць нашаму сярмяжнаму брату. Можа мы пад гэтай страхой жыць пасьля ня будзем, але як бы ні было, вас не пакіну, як не пакіну думаць пра ўсіх братоў сваіх — сялян.
Буду вучыцца, буду змагацца і бараніць, пакуль сіла, нашую дарагую бацькаўшчыну. (Да бацькі) і татка то-ж рымзае, раскіс зусім, кіньце, тату, не сядзе́ць-жа мне на вузкім загончыку, калі Бог даў магчымасьць вучыцца. Праўда, трудна будзе плыць проціў вады, але нічагутка, як-не́будзь паплывем. Кіньце думкі, часу ня многа пройдзе, 4—5 гадоў, а там здабудзем права, будзем жыць і ня дрыжаць ні перад кім.

МАЦІ. Але, сыночку, паплыве́ш, здае́цца так, але цяжка плыць проціў вады, ой як цяжка, ні адзін з вас плыў, плыў і…

ЯКІМ. Ну, матуленька, нашто дапушчаць чорныя думкі, як-не́будзь з аддышай так сяк.

БАЦЬКА. Сынку, родны мой, ты разумны чалаве́к, трымайся заўсёды такога пагляду, ідзі звольна жыцьцёвай сьце́жкай, азіраючыся, бо часам на дарозе людзі хціўныя капаюць воўчыя ямы.

ЯКІМ. Бог ласкаў, не дапусьце чалаве́ка, то ніякія сілы не перамогуць волі Яго.

МАЦІ. Ве́р, сынку, у Бога найвышэйшага і маліся Яму так, як вучыла цябе́.

ЯКІМ. Ве́ру, матуленька, і буду маліцца.

ЗЬЯВА III.
БУТРЫМ і АЛЬЖБЕТА.

АБОЕ. Дай Божа добры дзе́нь у хату.

УСЕ. Добры дзе́нь.

БУТРЫМ. І так, сынку, у сьве́т…

ЯКІМ. Ня йначай.

БУТРЫМ. Яно сабе́ добра, вёска нашая нічога даць ня можа, трэба шчасьця шукаць на старане́, але знайшоўшы тое шчасьце, каб не забыцца свайго роднага.

МАЦІ (да Альжбе́ты). Сядзь, Альжбе́тка, не вясёла ў нас, сына ў дарогу выпраўляю, а мне́ здае́цца, хаўтуры спраўляю.

АЛЬЖБЕТА. Што ты, што ты, кумка, крэй нас Божа, выпраўляеш, то ве́даеш зачым.

ЯКІМ (да Бутрыма). Казалі, дзядзька, каб не забыўся свайго роднага… забыцца можа толькі той, у каго няма ні душы, ні сэрца, а ніякага пачуцьця.

БУТРЫМ. І я кажу, што той не чалавек, каторы выйдзе з сялянскае хаты, сароміцца прызнацца, што ён сын вёскі і сароміцца ня толькі свайго брата, але часта і бацькоў. Колькі маю прыкладаў, ой, ой, узяць хоць-бы сына Гаўрыленка, Мікіту Качаргу э… і ўспамінаць ня хочацца.
Гадаваўся ў вёсцы, ганяў на пасту, а пасьля, як скончыў школу, выехаў і толькі бачылі… ліст раз напісаў да бацькі і падпісаўся: быўшы ваш сын, а ныне памочнік валаснога пісара не́йкай там воласьці, Ніколай Кочэргін. Фамілію і тую перакруціў. А Мікола Васілёў, што ў чыноўнікі ўбіўся ў зье́зд, той ужо так распане́ў, што да свайго бацькі ня прызнаўся, калі той зьявіўся да яго ў лапцёх у зье́зд — кажа: ня хораша было мне́, кале́цкаму рагістрату, гаварыць з табой — мужычком пры людзёх вялікай важнасьці. —
Хоця-ж да цябе́, сынку, гэта не стасуецца, але трэба слухаць, што старыя кажуць, бо жыцьцё — гэта акадэмія добрых і благіх прыкладаў. Жыві, вучыся, дай Божа табе́ быць шчасьлівым і багатым.

ЯКІМ. Дзякую, дзядзечка, за жаданьні — буду памятаць, пакуль не памру.

БАЦЬКА. Мой сын якраз не такі, ці будзе ён вучоны, ці чыноўнік які, бацькі свайго не адчураецца.

ЯКІМ. О! Ніколі, ніколі!

БАЦЬКА. Гэта мяне́ ня страшыць, аднаго толькі баюся, што сам сабою е́дзе ў сьве́т, а цяпе́р якраз несупакой такі.

БУТРЫМ. Вось-жа аб тое, жыцьцёвы шлях не адзін, у ім, бач, ёсьць шмат дарожак, і чалаве́к, ідучы гэтым шляхам, бывае трапіць на блудную сьцѐжку і… прапаў… Не кажу я, што ён сам пойдзе на тое, каб зблудзіць, ня зробіцца ўсё гэта зьнячэўку.

ЯКІМ. А я не сьпяшаючыся ды распытаваючыся пайду і пайду намале́ньку.

АЛЬЖБЕТА. Толькі-ж так, сынку, толькі-ж так, не сьпяшаючыся ды памале́ньку.

МАЦІ. А маё сэрца вельмі неспакойнае. Вось як успомню, што яшчэ часінка і сынка няма, то душа сьцюдзяне́е, здае́цца ніколі-б ня спушчала з воч, аж пакуль і рукі не сашчапіла.

БУТРЫМ. Ня варта разважаць, можа і добра будзе.

АЛЬЖБЕТА. Што-б ня было, а трэба супакоіваць сябе́, што добра будзе… Вось-жа і мая Наталка на вясну канчае школу і так сама хоча е́хаць вучыцца далей.

БУТРЫМ. Ве́льмі рад гэтаму, ве́льмі рад! з Богам! ня можна спыняць ахвоту тады, калі яна жыве́.

ЯКІМ. Наталка пае́дзе, мы ўдваіх будзем вучыцца і пойдзем па шляху да ле́пшага жыцьця.

АЛЬЖБЕТА. Шкода, што ня разам е́дзеце… удваіх сьмяле́й.

ЯКІМ. Спаткаемся, цётачка, спаткаемся, адна школа, адзін горад, гэта нашая ўмова.

АЛЬЖБЕТА. Ну, калі так, то й добра…

БУТРЫМ. Ня былі-б то вучоныя людзі, глядзі які плян абмяркавалі.

МАЦІ. А гдзе-ж дачка, чаму ня йдзе́ сюды?..

АЛЬЖБЕТА. А зараз падойдзе разьвітацца з Якімкай, гэта-ж, бачыш, найле́пшыя сябры.

МАЦІ. Згоднае жыцьцё людзём прыклад — бацьком паце́ха.

ЯКІМ. А яшчэ ні разу не сварыліся і сварыцца ня будзем.

БУТРЫМ. За вошта, дзе́ці, вам сварыцца, няхай нашыя злосьнікі сварацца, а дзе́ці нашыя згодна жыць будуць.

БАЦЬКА. Сорам вялікі быў-бы, каб дзе́ці нашыя ды сварыліся, здаецца-ж мы благіх прыкладаў у жыцьці не давалі, ве́к зжываем, а з Бутрымом ні разу спрэчкі ня было, дык за вошта дзе́ці нашыя спрачацца будуць.

ЗЬЯВА IV.
РЫГОР.

РЫГОР (вітаецца з цёткай і дзядзькам).

ЯКІМ (глядзіць на гадзіньнік). А час той блізка… яшчэ часіна і роднае гняздо будзе ад мяне́ далёка-далёка.

МАЦІ. Лёгка, сыночак, сказаць, але цяжка перажыць.

РЫГОР. Якім! каб ве́даў ты, як балюча чуць гэтыя словы, ты хіба не жале́еш маткі, калі кратае́ш яе хворае сэрца.

ЯКІМ. Ну, а як-жа іначай сказаць, пае́ду, прые́ду цябе́ ўбачу, ты вырасьцеш яшчэ большы, будзеш яшчэ дужэйшы, ломіш цяпе́р падкоўкі, валіш бычка за рогі, сіла твая будзе яшчэ большая прыгода ў гаспадарцы, шануй бацькоў, не давай працаваць, сам бале́й да працы бярыся, а пасьля прые́ду я, зашануем старых на доўга, на доўга.

РЫГОР. Ляпе́й-бы ты ня е́хаў, мы-бы з табой удваіх працавалі і жылі-б.

МАЦІ. Сыночак, а можа і праўда ты не пае́дзеш — падумай.

ЯКІМ. Не, матуленька, паеду, што я ў вёсцы буду рабіць, працаваць з плугам не магу, то ле́пш спрабую іначай кіравацца ў жыцьці… Выйду я за вучыцеля, значыць пацягнем да асьве́ты нашых братоў, — на каморніка, буду ме́раць зямлю князеўскую, каб ве́даць колькі ён яе́ мае, і каб мы ве́далі на ўсякі выпадак.

БАЦЬКА. На каго-б ні вышаў абы не дзяньгубіць[1].

БУТРЫМ. І я кажу, абы не дзяньгубіць. Будзеш каморнікам — добра, зьме́раеш князеўскую зяме́льку і нам скажаш колькі ёсьць у яго, будзеш вучыцель, яшчэ ле́пш — дзе́ці сялянскія пойдуць к табе́ ў школу. Як не кажы, а добра, дай Божа табе́ быць вольнай птушкай і даляце́ць у тую вышыню, куды дазволяць сілы.

ЯКІМ (дзякуе).

МАЦІ. Праўду ён кажа, здароўя ў яго няма, і да гаспадаркі ня здатны, вось Рыгорка, дзякаваць Богу, здароў, а ён слабы.

АЛЬЖБЕТА. Здараецца так, што блізьняткі ня роўнай сілы бываюць, адзін жасьце́йшы, а другі слабшы.

БУТРЫМ. Зусім зразуме́ла… той скарб, каторы прырода дала-б аднаму, яна дае́ць двум, аднаму розум, за тое сілы ме́ньш, другому сілу, розуму ме́ньш, як не глядзі, а Рыгор у цябе́ надзвычайнай сілы чалаве́к, — у навуцы слабы, у Якіма сілы ме́ньш, галава пракурорская.

МАЦІ. Адно з другім складаецца, каб матчына сэрца бале́ла. Ня мае ён сілы — цяжка, ня мае грошы, яшчэ цяжэй.

ЯКІМ. Матуле́нька, грошы будуць, абы здароўе, той чалаве́к, каторы хоча працаваць, з голаду не памрэ. На які гадок грошы ёсьць, а там, Бог ласкаў.

БУТРЫМ. Не бядуй, маці, не бядуй, не прападзе́ Якім, не прападзе́, — гдзе-ж ён прападзе́, калі ў яго вачох гарыць надзвычайны агонь. Не, такі агонь ня згасьне.

ЯКІМ. Да пары будзе гарэць, а посьле і згасьне… ну, матуленька, благаславе́це мяне́…

МАЦІ. Не хаце́ла-б я, каб дзіця маё па сьве́це бадзялася, ой не хаце́ла-б… (здымае абразок) будзь шчасьліў сынок, Бог з тобою, не забудзься нас, як мы не забываліся цябе́.

ЯКІМ (да бацькі) Благаславі, тату.

БАЦЬКА. Будзь жыў і здароў, сынку, няхай матачка найсьвяце́йшая апякуецца над табою і не папушчае ніколі.

ЯКІМ (да Рыгора). Брат, ты і гаспадар, ты і апякун, бацька стары, маці і гутаркі няма, і вось дзеля гэтага ўсю надзе́ю пакладаю на цябе́, абавязак твой працаваць і шанаваць старых, як родны сын, бывай здароў.

РЫГОР. Бывай здароў… (да бацькі) Бяры, тату, клумкі, глянем ці каня запрэглі.

БАЦЬКА, выходзяць.
РЫГОР і
МАЦІ

БУТРЫМ. Ну, дзіцятка, благаслаўляю і я, як свайму роднаму зычу шчасьця і здароўя. Калі часам будзе цяжка, ня будзе грошы, гукай да нас — памагу, а вось гэта табе́ на дарогу і на скляпе́ньня новае будовы жыцьця (дае грошы, да Альжбе́ты), пойдзем і мы глянем.

АЛЬЖБЕТА. Ну, дык бывай здароў, сынку, дай Божа табе́ дайсьці да вялікіх навук і быць вялікім чалаве́кам (пайшлі).

ЯКІМ (адзін). Што-ж яна ня йдзе́ (думае).

ЗЬЯВА VII.
НАТАЛКА.

ЯКІМ. Наталка! які я шчасьлівы, што ты прышла.

НАТАЛКА. А якая я нешчасьлівая, што ты е́дзеш і адзін.

ЯКІМ. Наталка, мы разлучаемся толькі вясны, а там…

НАТАЛКА. А што там?..

ЯКІМ. Ты скончыш школу, прые́дзеш у тое самае ме́ста, паступіш на курсы і будзем разам, мы будзем моцна, моцна кахаць адзін аднаго. Праўда, мая зорачка, кажы?

НАТАЛКА (думае).

ЯКІМ. Ці праўду я кажу?

НАТАЛКА. Толькі-ж ты не забудзься мяне́, не забудзься, што я шчыра кахаю цябе́ і жыву толькі табой (цалуе). Якімка; як шчасьліва, як багата я, што мы так кахаем адзін аднаго… Божа мой, ці будзе калі шчасьлівая часіна цэлым жыцьцём і жыцьцём нашым уласным.

ЯКІМ. Наталка, будзе, толькі скончу навуку, і мы будзем так шчасьлівы, як ніхто другі.

НАТАЛКА. Буду чакаць таѐ часінкі, калі мы, зможам, сьме́ла сказаць: Якімка мой…

ЯКІМ. А Наталка мая… (абнімаюцца).

НАТАЛКА. Якімка, пішы да мяне́, не давай сумаваць, бо згіну не дачакаўшы тае́ шчасьлівае часіны.

ЯКІМ. І пісаць буду і прычакаем нашага шчасьця.

НАТАЛКА. А скажы, Якіме, ці будзеш помніць ты, гдзе рэчка нашая, гдзе луг, гдзе мора красак, і птушкі гдзе пяюць, і бор шуміць, а тыя казкі векавога бору, ці будзеш помніць ты?

ЯКІМ. Ні рэчкі нашае, ні казак векавога бору я не забудуся да скананьня, яны мне́ будуць сьвятымі ўспамінамі шчасьлівага дзяцінага жыцьця.
Я буду цягам помніць, што вёска, рэчка, бор зялёны, магільнік, сонныя бярозкі і крыж, гдзе зыходзяцца дарогі, — сьвятое ме́йсца для мяне́. У часе сьме́рці я буду рад сканаць пад соннай пажаўце́ўшаю бярозкай і слухаць у апошні раз хаўтурны напе́ў лісьця. — Наталка ве́р маім словам.

НАТАЛКА. Мой любы Якімку, як Богу, як не́бу, я ве́ру і малюся, глѐдзячы ў вочанькі твае́, у іх, як у блакітным небе, я бачу зорку свайго шчасьця, касу сонца, што абагрэе душу маю…
Яны мае́, мае́ сінія нябёсы, сама буду глядзе́ць, нікому не аддам — ніколі, вѐк неразлучныя са мной… (цалуе і плача).

ЯКІМ. Наталка, плачаш?

НАТАЛКА. Не, мой любы, не, ня плачу, ня плачу, я толькі так — я не магу скрыць тае́ радасьці, што бачу, і суму цяжкога, што можа на заўсёды… разлучаюць… нас.

ЯКІМ. Ну супакойся… чую, брат здаецца йдзе́?

НАТАЛКА. І так Якім, з Богам родны мой… (цалуе). Пішы… будзь шчасьліў (вышла).

ЯКІМ. Ну цяпе́р усё… З усімі разьвітаўся… і з табою, хатачка мая — гэтыя абгніўшыя скляпѐньні, накрытыя саломай цяпе́р пакідаю, але сэрцам з табой… душа мая тут жыла і будзе жыць, я сюды вярнуся.

ЗЬЯВА VIII.
РЫГОР.

РЫГОР. Можна е́хаць, сусе́д падвязе́ цябе́.

ЯКІМ. Бывай здароў (цалуюцца, выходзе).

РЫГОР. Ой, як цяжка мне́ разлучыцца з ім, быццам на заўсёды выправіў яго… вось не́йкае прачуцьцё як камень цісьне грудзі і жыве́ страх. Памятую дзяцьмі былі мы, Божа мой, як згодна жылі, а падрасьлі разыйшліся…
Ні з тваёй, братка, душой памыкацца ў сьве́т, ні з тваёй, у цябе́ сэрца слабое, няпраўды ня зносіш, а хто няпраўды ня зносе, той на сьвеце доўга ня людзяе (за сцэнай чуцен званок калёс). Пішы, браце, эх, Якіме, Якіме, нудна мне́ браце без цябе́.

ЗЬЯВА IX.
НАСТА.

НАСТА. Пае́хаў Якімка?

РЫГОР. Пае́хаў.

НАСТА. Чаго-ж ты спахмурне́ў так?

РЫГОР. І сам ня ве́даю, ве́льмі трывожуся…

НАСТА. Нічагутка, усё добра абыйдзецца… людзі мы ўжо гэткія, хочам каб нашыя родныя ве́к разам былі.

РЫГОР. А я-бы і кроку з хаты ня ступіў, гдзе можа быць ляпе́й, як ня дома.

НАСТА. Людзі ня птушкі, — птушка вывядзе дзяце́й, узгадуе і толькі іх бачыла, а тут, тады спакойны будзеш, калі вечка дамавіны вочы закрые.
Ня сумуй, дзе́ткі, ве́рнецца Якім жыў і здароў.

РЫГОР. Ходзяць чуткі быццам, што па мясцох забастоўкі пануюць — людзей ве́шаюць…

НАСТА. Кажуць людзі… дый газэты пішуць.

РЫГОР. Вось-жа аб тое — а Якім за ве́льмі мяце́жны… дападзе́ і прападзе́.

НАСТА. Бог ласкаў… не папусьце. А ве́даеш, Рыгорка, гэта-ж і маю дачку Аксіньню хаце́лі да паноў у не́йкае ме́ста на службу ўзяць?

РЫГОР. І што?

НАСТА. Не аддала…

РЫГОР. Я ве́льмі рад гэтаму… і шчыра дзякую вам… аддаць Аксіньню, усё роўна, што адабраць ад мяне́ ўсё… я, цётачка, вам нічога не казаў, скажу посьля, бо цяпѐр мне́ цяжка, горка, сьлёзы душаць горла… Аксіньню не аддавайце нікому, нікому… я прашу, пашкадуйце мяне́… я адзін.

ЗЬЯВА Х.
БАЦЬКА — МАЦІ — БУТРЫМ — АЛЬЖБЕТА.

МАЦІ (плачучы). Няма майго сыночка, няма…

БУТРЫМ. Ах, матка, пакінь плакаць ня рві душы, і так сумна на сэрцы, а ты без супачыўку плачаш і плачаш.

МАЦІ. Бо не магу іначай, не магу.

АЛЬЖБЕТА. Годзе, кумка, годзе…

НАСТА. Супакойся… пакінь плакаць.

БУТРЫМ. Ад’яжджаў калісь я ў сьве́т, — нябошчык татка мой ня плакаў, а запяяў нудную-нудную пе́сьню, словы каторае на ве́к запалі ў маю душу, вось паслухайце: (пяе́).

У нядзе́лю раненька
Узыйшло сонца нізенька,

і г. д. (гл. беларускі пе́сеннік з нотамі).

(Усе́ плачуць.)

Занаве́с паціху апушчаецца.

Акт II[правіць]


АКТ II.

ЗЬЯВА I.
Кватэра Якіма, — ён піша ліст — ля стала гітара.

ЯКІМ. — Пішу дамоў ліст і можа апошні.
Выяжджаў, думаў адно, а пажыў у ме́сце — думаю другое…, а ці пасылаць яго? (думае). Вось пачакаю Наталкі, яна павінна падыйсьці, і паслухаю, што казаць будзе.
Ме́ста і вёска, што неба і зямля. Жывуць людзі ў вёсцы, адчуваюць няпраўду, але ня ве́даюць, хто разсадзіў яе́, хто даглядае яе́, а тут, бы ў вадзе́, адбіваецца тое дрэва зла; і відаць карэньне ўпіўшаеся ў це́ла замучаных людзе́й. Эх, дрэва, дрэва, што-бы было, каб не падрубалі цябе́ — тваё карэньне заглушыла-б уве́сь сьве́т (хавае ліст).

ЗЬЯВА II.
НАТАЛКА.

ЯКІМ. Наталка, я пра цябе́ думаў, а ты тут.

НАТАЛКА. Тут, мой, братка, тут, (убач. ліст), што гэта, Якімка, ліст не́йкі…

ЯКІМ. Але, ліст.

НАТАЛКА. А да каго, можна глянуць?

ЯКІМ. Можна, можна.

НАТАЛКА. Дамоў?..

ЯКІМ. Дамоў, толькі не адважыўся паслаць, чакаў цябе́, што скажаш ты.

НАТАЛКА. Напісала і я, ды не адважуся паслаць, што скажаш ты?

ЯКІМ. Я скажу: пашлем…

НАТАЛКА. — Вось дажылі, дык дажылі, ліст да бацькоў мяркуем як паслаць.

ЯКІМ. Паслаць лісты я не баюся, боязна толькі іх на сьле́д навясьці… бацькі лісты атрымаюць, прые́дуць сюды, а тут сына павялі на шыбеніцу.

НАТАЛКА. Не да рэчы чаўпе́ш, мой хлопчык, лісты пашлем, а пра шыбеніцу забараняю гаварыць табе́.

ЯКІМ. Сягоняшні дзе́нь пакажа нам пуцявіну, ці жыць, ці гніць.

НАТ. Эх, Якіме, Якіме, шорахна становіцца мне́ як- успомню, што ты павінен сягоньня зрабіць.

ЯКІМ. Жэрабі выпаў і рэчы няма… павінен…

НАТ. Якім, а можа хто другі, а можа ты якраз ня можаш забіць таго, каторы для цябе́ нічога благога не зрабіў.

ЯКІМ. Наталка, не кажы мне́ гэтага… я слухаць ня буду… чужыя сьлёзы раняць маё сэрца, я ня жыву толькі для сябе́… павінен і зраблю…

НАТ. (задумалася).

ЯКІМ. Аб чым задумалася?

НАТ. Я думкамі перанеслася пад страху роднае хаткі.

ЯКІМ. Успомні што-не́будзь, я супачыну душой.

НАТ. Пра гай, што на гарэ з прад ве́ку стаіць і шаптаў нам казкі, чароўныя казкі, пра сонца, ме́сяц, не́ба зоры.

ЯКІМ. Успомні… мне́ хутчэй — пра ўсё, пра ўсё, што ўзбагаціць маю душу, успомні.

НАТ. Якім! Ці помніш ты пра тыя зоры, каторыя ўглядаліся на нас, як мы сядзе́лі з табою на курганчыку і ты пе́ршы раз сказаў, што кахаеш мяне́, а сенажаткі, а тыя кве́ткі, а сьпе́вы шчасьлівых птушак, а тую каплічку, гдзе мы маліліся і тоя рэха ад званоў, што працяжна плыло над борам… Якім, Якім, ці помніш ты?

ЯКІМ. Рэха ад званоў, ці помню я? і той курганчык, гдзе застыла як сфінкс слова мае́ прысягі — помню…
Наталка! ніколі, пакуль буду жыць, я не забудуся — той звон з каплічкі, як гымн вясны, у промежку з птушыным сьпе́вам гудзіць і па сягоньня ў маіх вушах, я ім жыву, я вёскай дыхаю, мне́ не́ба ме́ста нічога не дало… я бе́дзен тут, тут стогн пакутны людзе́й замучаных цяжбой… Я там, гдзе рэха ад званоў, я там…

НАТ. А там, цяпе́р вясна, і птушкі ў чароўным ле́се прывітаюць хараство яе́, і поруч з гэтым сьпе́вам у хатцы, гдзе жывуць бацькі, уторыць пакутны стогн старых аб дзе́тках заблудзіўшыхся ў нязнаных пуцявінах жыцьця. Якім, калі ты памятуеш словы тае́ прысягі, калі ты цэніш той спрадве́чны курганок, паслухай аб адным… паслухай, яшчэ ня позна, яшчэ магчымасьць ёсьць.

ЯКІМ. І што?

НАТ. Пакінем усё, пакінем гэтае шэрае сцюдзёнае не́ба і ўцячом туды, гдзе кожны кусьцік, кожная галінка, нашае роднае, і сэрцу роднае ўсё. —
Якім, — я заклінаю цябе́ ве́рай прадзедаў, я заклінаю ўсімі тымі ўспамінамі, ня йдзі, пакінь — яшчэ ня позна.

ЯКІМ. Наталка, хто-ж па твойму я, прадажная душа, каторая пагляд свой зьмяняе, як адзе́жу, ці вёскі шчыры сын?..
Даволі вызнаў я жыцьцё, каб стаць у рады абаронцаў бе́днага загнанага народу, — даволі бачыў сьлёз сірот, пакінутых сярод дарогі, даволі мне́ ўсяго… я шчыры паслугач галодных і грозны біч сытых…
Цябе́ кахаю шчыра, шчыра, а слова і ўміраючы ніколі не зьмяню…
Прысяга…

НАТАЛКА (на бок). Позна… позна.

ЗЬЯВА III.
ДЗІУНЫ — BАУЧАНСКІ — ГРАБЯНЕК.

УСЕ. Вось і мы.

НАТ. Сядайце…

ВАУЧ. Трэба спачыць, ногі натаміліся.

ЯКІМ. А гдзе-ж ты быў?

ВАУЧ. Ідучы вуліцай за мной шпе́г ні ў знак цікаўся, я яго згле́дзіў і з дарогі зьвярнуў, каб сьле́д страціў.

ЯКІМ. Нюхаюць, значыцца.

ДЗІУНЫ. Блага таму нюхаць, у каго нюхала заткана.

ЯКІМ. Ну, і як-жа той сыскны камэрдынэр?

ВАУЧ. Страціў сьце́жку і зьнік, як дым.

ГРАБ. Паміж іх ёсьць патэнтованыя дурні.

ЯКІМ. І ве́льмі многа… мяне́ раз адзін шпе́г вёў аж у кане́ц места… іду я, паўзе́ ні ў знак і ён… і быццам адзін аднаго ня бачым. Урэшце прышлі пад самую рэчку, ісьці дале́й няма куды, я павярнуўся да яго і кажу: сэр, ве́рнемся назад… Пачырване́ў ён, як рабіна, прамыкаў не́шта і зьнік, як воўк.

ВАУЧ. Дзіўлюся, як мог сышчык пачырване́ць. На мой розум, сышчык такая жывёлінка, каторая сваё сумле́ньне прадае́ разам з скурай у пе́ршы дзе́нь паступле́ньня на службу.

НАТ. А можа той шпе́г якраз у той дзе́нь толькі дастаўся на службу і частка сумле́ньня яшчэ была пры ім.

ВАУЧ. Хіба-ж толькі так.

ЯКІМ. Не́шта-ж Васіля няма.

НАТ. Прыдзе, нідзе́ дзе́нецца.

ДЗІУНЫ (бярэ гітару — пяе́). Рабіна, рабіначка, рабіна мая, чаму ты, рабіначка, рана адцьвіла?

НАТ. Як не ў пару ты заіграў, браце.

ДЗІУНЫ. А што па твойму, се́сьці ды плакаць? Не, гэтаму ня быць, я ніколі ня плакаў і плакаць ня буду, няхай па тым плачуць, каму хаўтуры сяньня будуць, а я пяяць буду. (пяе́). Дзяўчына, дзяўчыначка, дзяўчына мая, чаму ты, дзяўчыначка, засмуцілася.

ЯКІМ. У гэтай пе́сьні сьвятыя словы і мэлёдыі, а колькі жалю і суму чуецца ў ёй. Хто можа не зразуме́ць яе́, толькі ня сын вёскі, чужым яна будзе чужою, а мне́ мілыя родныя абразы блізкія сэрцу.
Пе́сьня гэтая перанесла думкі мае
пад страху роднае хаткі к родным ме́жам дарагое бацькаўшчыны. О бацькаўшчына, як кахаю і ве́чна думаю аб табе́, а ці вярнуся калі, п ўбачу сваю матуленьку эх, доля — доля…

НАТ. Якім, — ве́рнемся… і хутка.

ДЗІУНЫ. Мы не павінны ве́рыць, што будзе ноч, што ня будзе дня, ня будзе сьве́ту!

ГРАБЯН. Бяз ве́ры ня можна жыць. Хоць і жыве́ такое пачуцьцё, што ня будзем жыць, ня будзем бачыць родных загонаў, мілых абразоў, але такое пачуцьцё трэба гнаць і ве́рыць, моцна ве́рыць, што будзем жыць, будзем бачыць усіх.

ДЗІУНЫ. Каб я, Якім, ня знаў цябе́, як знаю, то мог-бы сьмела сказаць, што ты…

ЯКІМ. Што я?

ДЗІУНЫ. Ды проста спужаўся, што пе́ршаму табе́ выпала страляць у…

ЯКІМ. Ты так думаеш?

ДЗІУНЫ. Ну, а як-жа іначай… ты ў апошнюю часіну так крута падаўся думкамі да родных ме́жаў, як дзіця да маткі.

ЯКІМ. Як хочаш разумей, а родны загон і мілыя абразы ніхто і ніколі ня выганіць, калі яны рысуюцца ў вачох маіх.

НАТ. Я зусім разуме́ю Якіма, родныя абразы бацькі, маткі дарагі так, як родны край, скажэце мне, што варт той чалаве́к, каторы не кахае бацькаўшчыны.

ГРАБЯН. Той чалаве́к бяз сэрца, бяз душы, гнілое дуплё я шмат чуў пра людзе́й, каторыя ве́к зжывалі на чужыне, а паміраць прыходзілі на родную зяме́льку.

ВАУЧ. Жыды пе́ршыя… яны раскінуты па цэлым сьве́це, а зямля Ерузалімская ў іх ёсьць як памятка, памірае з іх хто, жме́нечку зямліцы тэй кідаюць у магілу… А ўзяць хоць-бы касту Брамінаў, у іх закон такі: пакінуў родны край, выехаў, то назад ня вѐрнешся, бо закон кажа такога разглядаць як не́прыяцеля і караць сьмѐрцю.

ЯКІМ (да Дзіўнога). Я, брат, і ня думаў палохацца, прыгавор напісан, падпісан, застае́цца толькі выпаўніць, ну і выпаўню, рука ня дрыгне́, калі сэрца кажа мсьціцца.

ДЗІУНЫ. Помста — страшная помста. Чулі, Бяздомнага павесілі?

УСЕ. Чулі…

ДЗІУНЫ. Забыцца не магу, так перад вачыма і стаіць худы з уваліўшыміся вачыма… замарылі і паве́сілі… я выляцеў, а ён завіс.

ЯКІМ. Колькі ён сядзе́ў?

ДЗІУНЫ. Гады два не́шта.

ЯКІМ. Цэлая ве́чнасьць.

ДЗІУНЫ. Праўду кажаш, цэлая ве́чнасьць, сядзе́ў я ў той час па сусе́дзтву з яго камерай, ноч, турма сьпіць, а ні шэлесту, ня спалася мне́… чую… стук, стук, клікае… усхапіўся я, даю адказ: ня сплю.
Вось і пачаў ён выстуківаць, што быў яго суд — суд скоры і справядлівы і не задоўга будзе кане́ц жыцьця… жанаты, і дзе́так двое, казаў, ёсьць, адрэс даў: прасіў зайсьці. Ня мог я дале́й слухаць стуку, падбе́г к дзьвярам, і пачаў валіць кулакамі што было сілы. Падняўся шум, па калідорах забе́галі, скрыгануў замок, адчыніліся мае́ дзьве́ры…

НАТ. Ну і што?

ДЗІУНЫ. Я дзіка глянуў на іх, се́ў на ўслончыку і сказаў: к чорту пайшлі сукіны дзе́ці…

ЯКІМ. А што было дале́й?

ДЗІУНЫ. Я ня ве́даю.

ГРАБЯН. Цябе́ пэўне палічылі за вар’ята і годзе, падумалі адно з двух, — ці звар’яцеў, ці захварэў…

ДЗІУНЫ. Палічылі хворым… бо на заўтра прышоў доктар і пытаўся што баліць мне́.

ЯКІМ. А што было далѐй?

ДЗІУНЫ. Пасьля таго ночы я ня спаў… пільнаваў усё, калі прыдуць браць Бяздомнага, і вось, ня памятую на каторы дзе́нь, чую цікаюцца… адчыніліся ў яго дзьве́ры… О Божа, калі пачаў я крычаць, калі пачаў крычаць, то ўся турма на ногі стала, чую крычаць там, і там, папрачыхаліся ўсе́… усім было вядома, што пакорныя паслугачы павялі шкоднага ім чалаве́ка.

ЯКІМ. Т-а-а-к, ці аднаго завялі, каб іх сьляпых вадзілі.

НАТ. Ну, а ці быў-жа ты па адрэсу ў жонкі Бяздомнага?

ДЗІУНЫ. Быў. О, ляпе́й-бы я памер, чымся ішоў туды.

НАТ. Кажы, кажы.

ДЗІУНЫ. Прыходжу, у сырым сутарэньні за машынай сядзіць маладая заплаканая жонка, худы твар выглядаў, ох, не магу расказаць, двое дзе́так гулялі на падлозе, я ступіў і замер… ме́ньшы сынок яго падбег да мяне́, абняў мае́ кале́ні і нямым голасам закрычаў: мама, мама, татулька наш прышоў, — я ня вытрываў абамле́ў… адняло мову, і доўга ня мог выказаць, хто я і чаго прышоў.

ВАУЧ. О! як балюча чуць усё гэта!..

НАТ. І так ты нічога ёй не сказаў?

ДЗІУН. Не сказаў.

ЯКІМ. Не сказаў і добра… хто-не́будзь другі скажа… Усё роўна ня ве́рнеш.

ЗЬЯВА IV.
ВАСІЛЬ.

УСЕ. Ага… зьявіўся?!

ВАСІЛЬ. Выбачайце… быццам і запазьніўся на часінку, але ў гэтым не мая віна, выглядаў усё. Пункт а пятай… трэба быць на мейсцы… будзе е́хаць тут ля нас.

УСЕ. (глядзяць на гадзіннікі).

ЯКІМ. Ну, то і пойдзем… (устае́, перакладае леварвэр з кішані ў кішаню).

УСЕ. Пойдзем.

НАТ. Якім… затрымайся на часіну… хачу папытацца… сядзь…

ЯКІМ. Не сяду… сядзе́ць можа толькі той, каторага трымаюць за зяле́зным засовам, а я, пакуль што, на свабодзе.

УСЕ. (да Нат.) І так бывайце здаровы.

НАТ. Ну што-ж — ідзе́це, зычу шчасьлівага канца.

Ваўчанскі (Вышлі).
Грабянёк
Дзіўны

ВАСІЛЬ. А я, цётка, разьвітаюся з вамі на заўсёды, не спамінайце благім словам (цалуе руку).

НАТ. Што ты?.. што ты?..

ВАС. Кажа мне́ прачуцьцё, што больш я не вярнуся. Пойдзем, Якім… мы з табою пачынаем пе́ршыя… (к дзьвярам).

НАТ. Ня ве́ру я, ня ве́ру, — мы будзем жыць!..

ВАС. (пайшоў).

НАТ. (к Якіму). На часінку ня больш… Якім, які кане́ц, што будзе, калі, крый Божа, няўдача…

ЯКІМ. Кане́ц вядомы.

НАТ. Якімка, чаму ты такі сумны.

ЯКІМ. Я не магу ме́ць іншага твару… ты ве́даеш, што будзе зараз.

НАТ. (бярэ за рукі Якіма і ўгляд. ў твар).

ЯКІМ. Углядаешся, мая радасьць?..

НАТ. Углядаюся, маё сонца, углядаюся… хачу, каб абраз твайго твару запаў у маю жалобную душу. Стой-жа, мая зорка, стой, не зварухніся, дай налюбавацца табою, пакуль ізноў ня зробішся сумным (цалуе вочы). Вочанькі мае ясныя, мае вочанькі (плача).

ЯКІМ. Ня плач… я йду… (выбег).

НАТ (усьле́д). Якім… Якім… пайшоў, няма… позна… сама пусьціла… не змагла ўгаварыць… (плача).
Які цяжкі абавязак, падумаць толькі, а ці ўдасца шчасьліва давясьці да канца… О! не́ба справядлівае.
А можа ўсё добра будзе, ня буду аб гэтым думаць.
Які ён добры, Божа мой, ці можа быць хто другі… і як ня любіць такога чалаве́ка… жывучы ў вёсцы, я цаніла яго даражэй за дыямэнты і толькі чакала тае́ часіны, калі буду неразлучна з ім, аж вось тая часіна надыйшла… хто ве́дае, быць можа, з выхадам Якіма за дзьве́ры, расчынілася вялікая пропасьць між намі.
Божа, дай сілы прыждаць шчасьлівага канца… мы пакінем усё, пае́дзем далёка, каб забыцца, супачыць… але куды ж мы паѐдзем мяце́жныя душы, гдзе можам жыць спакойна, там, гдзе жыве́ праўда, а гдзе жыве́ праўда?
Няма праўды на сьве́це, няма нам ме́йсца ў сьве́це. (Становіцца на кале́ні, вялікая пауза).

(За сьцяной чуецца выстр. — адзін, другі).

ЗЬЯВА V.
ЯКІМ.

ЯКІМ. (З леварв. у руках — акрываўлены).

НАТ. Якім, што з табою, ці ранены?

ЯКІМ. Лёгка, дай вады.

НАТ. Ось прычувала маё сэрца, прычувала (дае́ ваду).

ЯКІМ. Не́прыяцель наш ня жыве́… Bасіля шкода, забілі і не скрануўся…

НАТ. Васілёк, Васілёк — як прычуваў, што ня ве́рнецца (абвязвае галаву).

За сцэнай шум.

ЗЬЯВА VI.
СТРАЖНІКІ.

СТРАЖ. Ні з места…

НАТ. (Засланіўшы сабой Якіма, хапае з стала левар.). Я не аддам Якіма, не аддам! (страляе — адзін падае).

ЗАСЛОНА.



Акт III[правіць]


АКТ III.

ЗЬЯВА I.

Дэкор. I-га акту. Маці за адным сталом — бацька за другім.

МАЦІ. І так няма ве́стачак ад Якіма… Бог сьвяты ве́дае, што з ім… пѐрш пісаў калі не калі, а цяпе́р і сьле́д страцілі… нічога ня піша, думай маці, што хочаш.
А цяпер-жа неспакой такі, бунты ўзьняліся, забастоўкі, ой, ой. Хлапе́ц малады, заўзяты, натрапіць на бяду, зложа галоўку.

БАЦЬКА. Але́, часы неспакойныя, нашто ўжо ў нашай вёсцы, і то што творыцца. Сяляне арэнды ня плоцяць, ле́с князя сякуць, а той стражнікаў на іх падсылае… Скажы ты мне́, гдзе Рыгор?

МАЦІ. Мала ён у хаце стыкаецца, з забастоўшчыкамі ў дружбу ўвайшоў, афішкі прыносіць, сялянам раздае́ць, вось і сюды частку прынёс.

БАЦЬКА. Дай сюды, гляну.

МАЦІ (падносе). Нічога не спазнаеш — няграматны.

БАЦКА. Няграматны і сляпы родныя браты. Вось пачакаю Бутрыма, або дачку Насты, тыя прачытаюць.

МАЦІ. Успомніў ты пра дачку Насты.

БАЦКА. Пра Аксіньню?

МАЦІ. Але-ж.

БАЦЬКА. Добрая дзяўчына, маю на ўвазе яе́.

МАЦІ. Жонка для Рыгора — хоць куды.

БАЦЬКА. А чаму-ж? Якіма ажэнем з Наталкай, а Рыгора з Аксіньняй… няхай-бы жылі, як людзі добрыя жывуць.

МАЦІ. Нічога няма ле́пшага, як дзяце́й паставіць на ногі.

БАЦЬКА. Ці дажджом мы гэтага?

МАЦІ. Вось-жа пра тое, няма Якіма, хата пустая і чорных думак поўна галава, як ні гляну ў цёмны кут, заўсёды це́нь бачу яго, ні то ён хвор, ні то ён ня жывы.

БАЦЬКА. Надумаешся за дзе́нь, а ўве́чары мітусяцца це́ні.

МАЦІ. Стараюся другі раз ня думаць, усё роўна зьяўляецца сынок мой.

БАЦЬКА. Зусім зразуме́ла, твае́ думкі бягуць да яго, а яго да цябе́ і ў той мамэнт, калі ты бачыш це́нь яго, ён бача це́нь твой.

МАЦІ. Каб-жа так, тады ўве́сь неспакой на бок.

БАЦЬКА. Ліст-бы папасьці ў рукі, стопудовы ціжар з грудзе́й зваліўся-б.

ЗЬЯВА II.

СЕЛЯН. Добрага дня ў хату!

БАЦ. і МАЦІ: (адказ) Добры дзе́нь!

БАЦЬКА. Гдзе быў, сусе́дзе?

СЕЛЯН. У воласьці, клікалі, каб арэнду нёс, а то казалі — выкідаць будуць.

БАЦЬКА. Ну і што-ж занёс?

СЕЛЯН. Пакуль што не, але занесьці трэба, няхай будзе спакой у маёй хаце і ў палацы князя.

БАЦЬКА. Вядомая рэч, што так, дзеля спакою апошнюю злыбяду аддасі, абы ня грызла думка.

СЕЛЯН. Гэта-ж я і не кажу, далі мне ў воласьці (пачынае шукаць), а… гдзе ж запрапасьціўся, вось ня была-б то савіная галава, пра арэнду кажу, а пра тое, што далі, і маўчу сабе́ (шукае).

БАЦКА. Аб чым, суседзе, гутарыш?

СЕЛЯН. Ды пра тое, паклаў і сам ня ве́даю, гдзе… а… гдзе-ж ён… А, ёсьць… для вас ліст.

МАЦІ і БАЦЬКА (бяручы ліст). Для нас, для нас?..

МАЦІ. Ад Якіма, здае́цца?

БАЦЬКА. Так і ёсьць, ад яго, і кручочкі і літаркі ўсе́ яго…

МАЦІ. Дай сюды (вырывае з рук).

БАЦЬКА. Чакай, чакай, дай паўзірацца.

МАЦІ (выхапіўшы). Пе́рш я, а пасьля ўжо ты.

БАЦЬКА. І гутаркі няма ад яго… вось табе́ і це́нь, ты ўсё думала пра яго, а ён, адчуваючы тваю думку, шле́ць да цябе́ сваю.

МАЦІ (да селяніна). Можа граматны?

СЕЛЯН. Гдзе тая грамата, адну тую літарку ўсяго і ве́даю, што на абаранак падобна, як яна (думае) вось пахваліўся — і ўспомніць не магу, а больш граматы ані ў зуб.

БАЦЬКА. Як на бяду ні Рыгора, ні Бутрыма, нікога няма.

МАЦІ (разгляд. ліст). Гусьценька як, сыночак мой піша да нас, хоць-бы баржджэЙ прыйшоў хто.

СЕЛЯН. А пра якога, цётка, Бутрыма ўспаміналі?

МАЦІ. Ды пра нашага засьцянкоўца.

СЕЛЯН. Ага, ве́даю, дык кажаце ён прыдзе сюды?

МАЦІ. Павінен быць, ён што дня тут.

СЕЛЯН. Крыху пачакаю, каб дарэмна ног ня біць.

БАЦЬКА. А што, і да яго які інтэрас маеш?

СЕЛЯН. Такі самы, як і да вас.

МАЦІ. Ліст?

СЕЛЯН. А ўжо-ж, ён.

БАЦЬКА. Ну, пакажы, браце, будзь ласкаў.

СЕЛЯН (дастае́).

БАЦЬКА. Наталка піша…

МАЦІ. Яна, яна, а мае́ дзе́ткі, разам пэўне пісалі, разам і да нас прышлі, а як-жа я рада; Божа мой…

БАЦЬКА. З радасьці, браце, і ня ве́даю як дзякаваць табе́.

СЕЛЯН. Ці будуць дзе́ці з нас так рады, як мы з іх?

БАЦЬКА. Аб гэтым якраз забываеися…

СЕЛЯН. А хто гэта тая Наталя, што ліст піша?

МАЦІ. Дачка таго Бутрыма, разам з Якімом вучыцца.

СЕЛЯН. Ве́даю, ве́даю, навука рэч добрая.

ЗЬЯВА III.
БУТРЫМ.

БУТРЫМ. Вось і я.

БАЦЬКА. Бачым, бачым…

БУТРЫМ. А можа Якім пісаў?

МАЦІ. Каб ве́даў ты, Бутрым!

БАЦЬКА. Чакай, я скажу…

МАЦІ. Стрывай, я пе́ршая пачала… каб ве́даў ты, Бутрым, якое ў нас сьвята, глянь… (дае́ ліст) ліст ад Якіма і ад Наталкі, чалаве́к гэты прынёс.

БУТРЫМ. Праўда, што сьвята… гэты ліст ад Якіма, пазнаю яго выкрутасы, а гэты ад Наталкі… рад як ніколі.

МАЦІ. Ну, хутчэй чытай.

БУТРЫМ. Але ж каторы пе́рш чытаць?

БАЦЬКА. Ну хоць-бы той, што ў правай руцэ.

БУТРЫМ. Пачнем з яго… „Дарагія бацькі і брат Рыгор, я жыў, здароў, навука йдзе́ нішто, рэдка пішу, бо ве́льмі заняты, у нас ўсё добра, Наталка здарова, зьбіраемся ў другое ме́ста на вышэйшыя курсы“.

МАЦІ. Ну, і чаго-ж яшчэ?

БАЦЬКА. Здаровы, ну і дзякуй Богу!

БУТРЫМ. Ну, а цяпе́р — што мая зязюля піша? (чытае). Якраз тое самае… па ўсім відаць, што ўсё добра…

СЕЛЯН. Дай Божа табе́ гэткае багацьце, як ты ўзбагаціў нашую душу.

БАЦЬКА. Ве́льмі-ж прыемныя ве́сткі прынёс, — што і казаць.

БУТРЫМ. Здае́цца, дзіця сваё бачу, гле́дзячы на ліст.

МАЦІ. Гляджу я на ліст, а ў маіх вачох літары скачуць, вось што значыць матчына сэрца — і дрыжыць і ные, разам да радасьці і да жалю даводзіць.

БУТРЫМ. Рыгор, пэўне, ня ве́дае нашае радасьці?

МАЦІ. Не́шта ня пільнуецца хаты.

БАЦЬКА. З забастоўшчыкамі пасябраваў.

БУТРЫМ. Каго-ж ды каго, кума, лічыш забастоўшчыкамі: вучыцеля нашага або каморніка?

МАЦІ (дае проклямацыі). Вось глянь, тады ўбачыш.

БУТРЫМ. Бачылі ўжо, бачылі дый чыталі разоў колькі… рэч не благая… праўду рэжа, слухаць толькі.

СЕЛЯН. Як ні глядзі, а бе́дным людзём дыхаць цяжка, ні сказаць, ні зрабіць нічога ня можна, і голасу твае́ прануднае пе́сьні ніхто не пачуе… няўрода была, помачы не далі, хаты пагнілі, сасонкі шкадуюць, а жыць трэба, — дык вось мала гаманім мы, лісткі за нас гаманяць.

БАЦЬКА. Вядомая рэч, ня ле́зьці ў магілу.

БУТРЫМ. Без пары ў магілу? ле́пш узяць сяке́ру, і паваліць у ле́се сасонку-другую, калі падрубы згнілі… а посьле цішком да дому і толькі, не згале́е ад гэтага князь ці граф… жыў будзе… вось гэтай ночкай нашыя засьцянкоўцы дрэў з паўсоткі павалілі ды да хаты завезьлі… няма ве́дама ці зьявяцца абаронцы князя.

БАЦЬКА. Пытаешся, як дзіцянё… вядомая рэч, што зьявяцца… а ты-ж у ле́се быў?

БУТРЫМ. Быць сабе́, ня быў, толькі коней сваіх даў для тых, у каго ня было.

ЗЬЯВА VI.
НАСТА.

НАСТА. Вось і прычакалі бяды…

УСЕ. Якое бяды?

НАСТА. Божа мой, і казаць баюся…

БАЦЬКА. Ну, кажы-ж, кажы…

НАСТА. Гляньце ў вакно, стражнікі, як зьвяры па прыгуме́ньнях нясуцца проста да нас у вёску… (вышла).

БАЦЬКА. Лёгкі на ўспамін…

БУТРЫМ. Ня мінулі, каб іх мара.

МАЦІ (кідае проклямац. ў пе́ч.)

БАЦЬКА. Во пяке́льная моц, як з ланцуга сарваліся…

МАЦІ. Хоць-бы бяды ня было… Бутрым, хавайся!..

БУТРЫМ. Што? хавацца? Гэтага ня будзе!..

СЕЛЯН. Зусім зразуме́ла, сусе́д, пе́рш вось спрабуем бараніцца, а посьле ужо што будзе, а ну, суседзе, пазыч на часінку калка, пайду няпрошаных гасьцей прыму. (бярэ кол).

МАЦІ. Чалаве́ча, куды ты, падумай што робіш?

СЕЛЯН. Даруйце, але іначай нельга… (пайшоў).

БУТРЫМ. Па мойму, далі Бог па пойму, гэта праўдзівы рыцар…

ЗЬЯВА VII.
АЛЬЖБЕТА.

АЛЬЖБЕТА. Бутрым, хавайся, цябе́ стражнікі шукаюць…

БУТРЫМ. Кажаш хавацца?

АЛЬЖБ. А то як-жа іначай, хіба ня ве́даеш, што з гэтага будзе… што, ты ня ве́даеш крывапіўцаў гэтых.

БАЦЬКА (ля вакна). Ой, ой; пачалі не́кага біць…

БУТРЫМ. Ве́даю… і дзеля гэтага іду… гдзе Рыгор?

МАЦІ. Што ты, кум… з глузду зье́хаў, ці якое ліха… як можна Рыгора вызываць на такую бяду…

АЛЬЖБ. Сядзь табе́ кажу…

БУТРЫМ. Як-то сядзь, хто можа сядзе́ць, га?

МАЦІ (да бацькі). А ты адступіся ад вакна… учарэпіўся, як п‘яны за плот.

АЛЬЖБ. Ты паслухаеш ці не? куды ты выбіраешся, ці маракуе твая галава?

БУТРЫМ. Ты хіба жартуеш?

АЛЬЖБ. Якія тут жарты. Сядзь, кажу табе.

БУТРЫМ. І ня думаю… Пусьці мяне́…

АЛЬЖБ. Ня пушчу.

БУТРЫМ. Ле́пей я памру, ле́пей хай маё хворае це́ла разарвуць сабакі, чымся я спакойна буду глядзе́ць, як зде́куюцца над маім братам… пусьці мяне…

БАЦЬКА. Кумок, куды-ж ты, падумай!..

АЛЬЖБ. Ці ёсьць у цябѐ розум…

БУТРЫМ. Есьць, паміраць дык усім я пѐршы трупам лягу (выбег).

АЛЬЖБ. (за ім). Куды ты, куды ты?

МАЦІ. Во гдзе няшчасьце, дык няшчасьце.

БАЦЬКА. Будзе бяда, — хоць-бы Рыгор ня трапіў на гэта… матачка найсьвяце́йшая, не папусьці нас!..

ЗЬЯВА VIII.
РЫГОР з АКСІНЬНЯЙ.

РЫГОР. Матуленька, вось перад вамі пара шчасьлівых у сьве́це людзе́й.

МАЦІ Ве́льмі рада гэтаму, сынку.

РЫГОР. Вось гэта цыганё вельмі кахае мяне, і праз гэта я шчасьлівы…

МАЦІ. Вельмі рада гэтаму, дзе́ткі.

РЫГОР. Матуля, глянь на яе́, глянь, колькі дабраты ў гэтых цыганскіх вачох… Аксіньня родная… ці праўда ўсё гэта?...

АКСІНЬ. Як Бог на не́бе!

РЫГОР. Ну сядзь, сядзь, мая галачка чарнавокая… (убачыў ля вакна бацьку). А… тату, і вы ў хаце, а я ўжо і прытомнасьць страціў… не ўбачыў зусім.

БАЦЬКА. Нічагутка… гдзе-ж быў, сынку?

РЫГОР. У лузе кве́ткі рвалі, варажылі, хто каго любіць… і як ня круціў, — то ўсё выходзе, яна мяне́ лыбіць а я яе́ не… цыганё… што скажаш ты на гэта? хачу чуць слова шчырае пры бацьку пры матцы… кажы… любіш?

АКСІН. Люблю…

РЫГОР. Трохі сароміцца, але нічагутка, я чуў шчырэйшы адказ… (да бацькі) а што гэта, татка, выглядаеце ў вакне?

БАЦЬКА. Так, пазіраю на сьве́т Божы.

МАЦІ (засланяючы). Ды так стары глядзіць, — не зважай, сынку…

БАЦЬКА. Несупакой, сынку, у сьве́це, — вось бяда.

МАЦІ. Які там несупакой, старому дзівы наладзіліся, а ён не супакой угле́дзіў… няслухай яго, можа папалуднуеш, сынку, згаладаў нябось?

РЫГОР. З ахвотай — калі ласка.

МАЦІ. Папалуднуй ды вось ліст прачытай, што Якім прыслаў.

РЫГОР. Што кажаце: ліст, Якім прыслаў ліст?

МАЦІ. Прыслаў, прыслаў, чакай, дай жа пе́рш стравы ўліць…

РЫГОР. Э! Не, цяпе́р не да яды… я е́сьці нічога ня буду, дайце мне́ ліст, дайце мне гэтае шчасьце ў рукі, дайце яго.

МАЦІ. Вось паглядзі, пачытай…

РЫГОР (да Аксін). Ну, сарока-белабока, дзівіся, чытаць буду…

АКСІН. Чытай, чытай, паслухаю…

РЫГОР. Ага, я і забыўся… сягоньня нараніцы бачыў сон, быццам то я йшоў ноччы праз пушчу і ўгле́дзіў перад сабою таемны агоньчык — я за ім, ён дале́й, я за ім, ён дале́й, і урэшце шырэй я шагануў, і аганьчык апынуўся ў маіх руках. Дык вось ён таемны, папаўся ў мае́ рукі… добра…

МАЦІ. Праўдзівы твой сон, ой праўдзівы.

ЗЬЯВА IX.
НАСТА.

НАСТА. Галоўка мая нешчасьлівая, што парабілася ў нас… стражнікі наляце́лі, людзе́й б’юць… Сініцу забілі, Бутрыма акале́чылі (выбягае).

РЫГОР. Што? стражнікі Бутрыма б’юць? (устае́).

МАЦІ. Рыгорка, сынку, куды ты?

БАЦЬКА. Ня йдзі, паслухай… нас…

РЫГОР. Пусьце́це мяне́, я толькі гляну, пусьце́це.

АКСІН. Рыгор… што з табою…

РЫГОР. Даруйце, але я не зьнясу зьдзе́ку, (бярэ кол) стражнікі людзе́й б’юць; а я сядзе́ць буду.

МАЦІ (на кале́нях). Рыгорка, пабойся Бога, шануй маю старасьць.

БАЦЬКА. Паслухай, ня йдзі, цябе́ заб’юць, ня йдзі.

РЫГОР. Пусьце́це, я адамшчуся, аж зямля задрыжыць (пабе́г).

АКСІН (моцна крыкн.). Рыгор, падумай, што робіш! (выбягае).

УСЕ (плачуць).

МАЦІ. Што за няшчасьце абрушылася на нас Божа… Божа…

БАЦЬКА (ля вакна). Ой, ой, (закрывае твар).

ЗЬЯВА X.
(Сяляне ўносяць Бутрыма, Альжбе́та прыгаварваючы).

БУТРЫМ (стогне).

АЛЬЖБ. А мой-жа ты сакалок, а мой-жа ты галубок, на каго-ж ты мяне́ пакідаеш? (і так уве́сь час).

БАЦЬКА. У мяне́ мову адняло…

МАЦІ. Матачка найсьвяце́йшая, ратуй нас, ня дай загінуць (станов. на кале́ні).

АЛЬЖБ. Ай… памірае… памірае…

БАЦЬКА. Сьве́чку… сьве́чку… (падносіць сьвечку).

АЛЬЖБ. Божа, Божа, за што пакута гэтакая, за што, за якія грахі…

УСЕ (на кале́нках пры Бутрыму).

ЗЬЯВА XI.
РЫГОР (з калом у руках).

РЫГОР. (дзіка) Што? памер? (ставіць кол) Бацька, я адамшчуся за цябе́, каб мог ты ўстаць і глянуць (стан. на кале́ні), як пакорна ляжаць царскія паслугачы.

ЗЬЯВА XII.
АКСІНЬНЯ.

АКСІН. Рыгорка, Рыгорка, уцякай, стражнікі па цябе́ йдуць…

РЫГОР. І ня думаю… (устае́, бярэ кол і ставіць ля сябе́).

ЗЬЯВА XIII.
СТРАЖНІКІ.

РЫГОР. Па мяне́? Ні з ме́сца сабачыя сыны, а то… (хапае кол) я сам… прыду… чакайце на дварэ…

АКСІН.
БАЦЬКА і
МАЦІ.
)
)
)
Рыгор… Рыгор… на каго ты
нас пакідаеш?.. (гістэрычна
плача апе́ршыся на пле́чы
)

РЫГОР. Суджана пэўне так… ня плачце аба мне́… Якіму нічога ня пішэце. (становіцца на калѐна пры Бутр.) Бацька, дарагая твая кроў ох, дарагая (к дзьвярам).

АКСІН. (гістэрычна) Рыгор, Рыгор!

УСЕ. (плачуць).

ЗАВЕСА.


Акт IV[правіць]


АКТ IV.

(Турма… у вакне́ Якім… нагляднік стаіць на лаўцы, стораж сядзіць).

ЯКІМ. Вось цяпе́р будзе спакой. Праз колькі дзён маё цягучае жыцьцё будзе скончана і ў памяць аба мне́ застане́цца курганок насыпаны чужой рукою. Ня скажуць гэтыя нямыя сьве́дкі, няпрыступныя муры, матцы ці бацьку калі-б часам падыйшлі сюды, што там на зялѐзным круку хістаўся іх любы сын.
Ніхто ня будзе відзець, гдзе пахована скорчыўшаеся ад сударгі це́ла, бацькі і тыя згубілі сце́жку ка мне́.
Не шкадую жыцьця, ня страшуся сьме́рці, але тая думка, думка што, ня ўбачу бацькоў, брата, страшна гняце́ мяне́.
О! каб ве́далі, хто я такі, то тым бацьком ня было-бы ме́йсца на сьве́це, але ня ве́даць ім, хто я.

СТОР. Эх, маліна, радуешся, што фаміліі ні ведаем, ні усё роўна, заслуга адна… як на мой розум прозвішчэ аткрыць трэба, прышлі бы бацькі, паспавядаўся-бы, жыць жэ, сам ведаеш, ні так многа.

ЯКІМ. Ня кратайце старых, ня ве́даюць — спакайне́й дыхаць…

СТОР. Вашага брата бунтаўшчыка ня так лёгка ўгаварыць… з вас рэдка хто гавора, як чалаве́к, а то ўсё зверам накідаюцца.

ЯКІМ (кашляе). Якое пустое жыцьцё, ні сколькі не шкадую яго… толькі дзяціныя часы стаяць перад вачыма.
О вёска, вёска, колькі багацьця ў цішы тваёй, у патухаючых маіх вачох рысуюцца не́ба, ляскі, хмызьнячкі, гдзе сонныя бярозкі ў новым узору прывітаюць вясну… манячы да сябе́ мятлікоў і вясёлых птушак, зарніцы, зялёныя стагі, жне́і і родныя пе́сьні.
І тая восень, што ў пышным вянку з жоўтага лісьця бродзіць па лясох зьмяняючы колеры, падве́шаваючы павучыньне і сьне́г… што посьцілкай вялікай засьцілае ме́жы дарагой бацькаўшчыны. —
Успаміны, успаміны, якія вы мілыя, да- рагія… (глядзіць на не́ба).
Зорачка ясная, ці ня ты будзеш правадырка ў маім цягучым жыцьці, ты, як вартаўнік, зьзяеш на цёмным не́бе і сьве́ціш людзём зблудзіўшымся ў нязнаных пуцінах жыцьця… Ты сьвѐціш мне́, ты сваім прыхільным паглядам углядаешся на страху нашае хаткі, гдзе матуля ў гэтую часіну пралівае горкія сьлёзы і моліцца, каб сын іх наблукаў на сьце́жку, на каторай магла-б знайсьці яго.
Ты сьве́ціш мне́ тут, а заўтра твой блеск будзе іскрыцца на жоўтым пясочку магілы мае́. Ты будзеш сьве́дка, куды сьцягнуць задушанае маё це́ла і там ты зазьзяеш, але вочы маѐ ня спаткаюцца з паглядам тваім.

(За сцэнай ле́дзь чуваць зык іскрыпкі).


ЯКІМ. Чароўныя зыкі… а кроў стыгне… стыгне.

(Больш ў вакне́ не паказваецца).

СТОР. Цікавыя людзі… колькі я бачыў за сваю службу такіх рызыкантаў, усѐ яны галосяць, жале́юць жыцьця… а сюды, глядзіш, ідуць.
Ня раз я глядзе́ў на іх і думаў: чаго трэба ім… Якой скулы ні хапае ім… сытыя, здаровыя, жыць і ня думаць пра турму, дык нябось, абрыдне салодкае жыцьцё, падай сюды горкае, кіслае, салёнае, у турму пастукаю, мо’ адчыняць, а нашая справа такая: стукаецца начлежнік, адчынай дзьве́ры шырэй.
І хто іх бацькі, уразуме́ць трудна, гэта каб ні расталкаваць дурням, што забіваць нікога ня можна, што сьвятыя Божыя заповедзі забараняюць рабіць гэта, — дык-жа не, бацькі нічога ня кажуць, а яны рады стараюцца, ломяць направа і нале́ва галовы людзём (плюе́). Учора так сама прыве́зьлі не́йкага разбойніка, той стражнікаў набіў, ды кажуць так азьвярэў, што ле́дзь супакоілі, асілак, відаць, адзін пяцярох калком паклаў.

НАГЛ. Праўду кажаце, гаспадзін старшы, ачмурэла маладзе́ж.

СТОР. І ўсё як ні глянеш студэнты, студэнты, людзі вучоныя, ні салапякі якія, алісьцікраты.

НАГЛ. З нас, людзе́й прастых, ніхто так ня робіць, наш брат пехота ці з п’яна каго абязьвечыць, ці так у морду дасьць, ну а калі адзін аднаго абкрадуць, дык на гэтым і ўсё.

СТОР. 20-ць гадоў мае́ службы у сьце́нах гэтае турмы і 20-ць гадоў ваюем з бунтаўшчыкамі. Пе́рш нам здавалася, калі аднаго-другога акуратна паве́сім, то на гэтым і скончыцца іх рызыка, а вось цяпе́р праканаліся, што не памагае нічога.
Ці ўспомне ўсіх галава, каго толькі з гэтае каморкі вывелі, студэнта з чорнай барадой паве́сілі, нейкага так сама сухотніка, паве́сілі, пане́нку, што ў губэрнатара страляла — паве́сілі — а там не́йкага жыда і гдзе там успомніць усіх — дый памяць аслабе́ла, ня жартачкі 20 гадоў службы.

НАГЛ. Як мне́ здае́цца, усё гэта дарэмшчына.

СТОР. Не разуме́ю цябе́?

НАГЛ. Па мойму, хто ве́дае, што тут у мурох каго паве́сяць, гэта каб на пляц выцягнуць, да сабраць людзе́й… грамаду…

СТОР. Дурны, дурны і дурны, не разуме́еш, што можа быць ад такое публічнае кары.

НАГЛ. А што?

СТОР. Бунт, ды які, разьнясуць ня толькі турму, але і хату тваю, гдзе схаваешся… а самага, як казу, паве́сяць за заднія ногі.
Трэба цішком прыціснуць, ды і павёз па пацёмках.

НАГЛ. (ціха) А калі гэта? (паказ. на шыю і на камеру Якіма).

СТОР. Сягоньня ўночы.

НАГЛ. А… не здарма-ж ён так успамінаў і вёску і матулю… з мужыкоў нябось.

СТОР. Тым больш дурны, нагаварыў не́хта.

НАГЛ. Будзе, значыцца, работы.

СТОР. Б-у-у-д-з-е. Таго, што стражнікаў пабіў — раз, гэтага — два, пане́начку — тры, і трох вучоненькіх студэнтаў… усяго шэсьць душ-душачак.

НАГЛ. (чухае галаву).

СТОР. Чаго чухаешся, даўно ў лазьні быў?

НАГЛ. Быць то быў, так штось засьвярбе́ла… вусьцішна, за вельмі многа.

СТОР. Маладзён яшчэ, пажыве́ш, ашмуляешся, я вось 20 гадоў адзваніў, ве́даю, гдзе страх жыве́. (пазяхае) У… ух… а спаць захаце́лася… (глядзіць на гадзіннік) поўнач, (к камеры Якіма) сьпіць… наш рызыкант, самая звычайная рэч, усе́ яны перад сьме́рцю сьпяць, бывае так, што тыдзень, другі ня сьпіць, а ў тую ноч, калі душа з це́лам павінна разлучыцца, засьне́, ды так моцна, што доўга будзіць прыходзіцца.

НАГЛ. Душа чалавѐка прачувае кане́ц.

СТОР. І наводзіць сон…

НАГЛ. Шкода душы тэй, пры чым яна тут, хто каго біў, а душа павінна боль зносіць.

СТОР. Боўдзіла ты, душа ня мучыцца і не памірае… чалаве́к толькі, а яна ідзе́ сваёй дарогай ці туды, ці туды, (паказ. на не́ба і зямлю).

НАГЛ. А па мойму ні адна з турмы не патрапіць у рай, а ў пе́кла…

СТОР. (сур’ёзна). Душы стоража, начальніка, і памочніка і з турмы ў рай трапляюць, а рыштантаў у чысьцец.

НАГЛ. А мая, наглядніка, сверхсрочнага фэльтфэбэля?

СТОР. (падумаўшы) І наглядніка.

НАГЛ. Куды-ж, куды?

СТОР. Разам з начальствам.

НАГЛ. А… дзякую вам… гаспадзін старшы.

СТОР. За што дзякуеш, законы не я пісаў.

НАГЛ. Ну, хоць ня вы, але ўсё-ж… слова.

СТОР. Батюшка так казаў.

НАГЛ. Добры чалаве́к наш бацюшка.

СТОР. Не благі чалаве́к. А ці дасі ве́ры, што за маю службу і бацюшка адзін марынаваўся тут.

НАГЛ. Х-т-о-о Баацюшка…

СТОР. Але, бацюшка.

НАГЛ. (зьняўшы шапку) Міца, Міца, Царыца Нябе́сная, што я чую? — За што-ж?

СТОР. А вось за што, пе́рш чужую жонку пакахаў, а посьле з мужам біліся.

НАГЛ. І за гэтую нікчэмнасьць?

СТОР. За гэтую.

НАГЛ. Ну і што было?

СТОР. А тое, што бацюшка дужэйшы быў.

НАГЛ. І…

СТОР. І даў так, што той і капыты задзер, памер.

НАГЛ. А? Дужы чалавек відаць быў… Ну, а скажэце куды трапіць душа таго забітага?

СТОР. Бацюшкіна душа ня толькі з турмы, але і з катаргі ў рай трапляе.

НАГЛ. Так яго і трэба… ну, а скажэце той нябошчык куды пойдзе?

СТОР. Як куды? ды ты глух быў чы якое ліха, што таго нябошчыка прыбраў бацюшка.

НАГЛ. Я ве́даю, але душа, душачка куды трапіць?

СТОР. У рай.

НАГЛ. Не йначай, а то крыўдна бедаку было-б, мала таго, што тут бакі нагрэлі яшчэ чэрці ў чысцы грэць будуць.

СТОР. Ня будуць.

НАГЛ. Ну, а жонка таго нябошчыка ня добрае імя павінна насіць?

СТОР. Імя вядомое такім асобам.

НАГЛ. І трэба-ж так з другім… шашні строіць.

СТОР. У іх гэта часта — густа бывае, вось і мая сумэра віславухая у моладасьці грэху ме́ла.

НАГЛ. Хіба-ж быў прыяцель?

СТОР. Быў…

НАГЛ. І вы з ім біліся?

СТОР. Біўся.

НАГЛ. І ён вас не забіў?

СТОР. Пэўне, што не, бачыш тут сяджу.

НАГЛ. А на чым кончылася?

СТОР. Я яму бакі наламаў.

НАГЛ. О! я разуме́ю… сіла салому ломіць… А вашая разлюбезная, ну жонка значыцца, пойдзе па сьме́рці ў рай ці…

СТОР. Прыдзецца не́як разам у рай, ня добра будзе бадзяцца аднаму. А скажы ты мне́, у цябе́ ўсё ў парадку, начальства надойдзе.

НАГЛ. Парадак пе́ршы сорт.

СТОР. То-ж ба то… дзяржы хвост дудой.

НАГЛ. Я дзяржу…

(За сцэнай раздае́цца лёгкі сьвіст, стораж і нагл. раўняюцца, на сцэну прыходзе начал. турмы і падае́ знак, каб выводзіць Якіма).

ЗЬЯВА II.
НАЧАЛЬНІК ТУРМЫ.

СТОР. (ідзе́ ў кам. Як.). Гаспадзін, гаспадзін… до спаць, нада праснуцца, як па закону палагаецца… уставайце.

ЗЬЯВА III.

(Начал. турмы, чыноўнік, доктар, кат, 3-4 наглядн. 5-6 салдатоў).
За імі

Якім, Грабянёк, Дзіўны, Ваўчанскі і Наталка.

З другога боку

Салдаты і Рыгор.

НАТ. (плача і ўсё хоча кінуцца к Якіму, але салдаты ня пушчаюць яе́).

ЯКІМ. (кашляе) Браты ня страшыцеся сьме́рці, адважна глядзе́це ў вочы ёй, няхай бачаць тыраны, як паміраем мы. (на бок) О не́ба, як фігура таго прыяцеля ўспамінае мнѐ брата, гдзе ён цяпер і што з ім.

ЧЫНОУН. (чытае). По указу Е. И. В. Могилевский Окр. Суд. за убийство Государственных лиц, студенты: Аркадий Дзіўны, Пав. Волчанский, Иван Гребенек и неоткрывший своего прозвища, осуждены на смертную казнь через повешение.

НАТ. (плача апершыся на плячо Дзіўнога). О! крывапіўцы, зьвяры дзікія.

ЧЫН. По указу Е. И. В. приговором Могилевскаго Окр. Суда за разбойное нападение и убийство Государственных охранников, крестьянин села Вышек, Сенненскаго уезда Григорий Сухобыльник, приговорен к смертной казни…

ЯКІМ (кінуўшыся). Брат мой, Рыгор, у часе сьмѐрці мы спаткаліся з табой.

САЛД. (кідаюцца к Рыгору, вырываюць з яго рук Якіма, Якім выпадае мёртвым).

НАТ. (крыкам). Якім! Якім!

ЗАСЛОНА.


  1. Марнаваць час.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.