Апошняе жаданне
Апошняе жаданне Аўтар: Стары Улас |
Крыніца: Крыніца, 1924, №1 |
Век цэлы біўся я, трапятаўся,
Бо гэтак, мусіць, судзіў мне Бог...
І тады толькі я ужо здаўся,
Калі мяне немач зваліла з ног.
Ляжу ў пасцелі я адзінокі...
Пакой вялікі, быццам стадол,
А мае думкі блудзяць далёка,
Хоць дакучае пракляты боль.
Цісне і ломіць старыя косці,
Ды сэрца ные цяжэнька тут.
І як бы шэпча на вуха хтосьці,
Што ўжо прыходзіць скора капут.
Ноч доўга... Сумна, о мой ты Божа!
Ў маім хароме мёртвая ціш.
А гэтай цішы не патрывожа
Ні звонам муха, ні бегам мыш...
Ляжу і ныю адзін - бяздольны,
Чужыя людзі, чужы куток.
Пара ўжо скончыць свой труд мазольны,
Шкада мне толькі жонкі, дзяток.
Адно, прызнацца, хацеў бы штосьці
(Такія думкі ў мяне былі),
Каб после смерці ды свае косці
У беларускай злажыць зямлі.
Дык пахавайце гдзе на кургане
Паміж зялёнай кучкі дзярэў,
Гдзе разлягацца будзе ў тумане
Наш беларускі тужлівы спеў.
Толькі пастаўце крыжык дубовы
Мне на магілцы, прашу я вас,
А на крыжы напішыце словы:
«Тут пахаваны Стары Улас».