Аповесці нябожчыка Івана Петровіча Белкіна/Трунар

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мяцеліца Аповесці нябожчыка Івана Петровіча Белкіна/Трунар
Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін
Станцыйны даглядчык

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




«Не зрим ли каждый день гробов,
Седин дряхлеющей вселенной?»

Державин[1]


Апошні скарб трунара Адрыяна Прохарава быў узвалены на пахавальныя драбы, і худая пара ў чацверты раз пацягнулася з Басманнай на Нікіцкую[2], куды трунар перасяляўся ўсім сваім домам. Запёршы краму, прыбіў ён да варот аб’яву аб тым, што дом прадаецца і здаецца ў наймы, і пехатою адправіўся на новаселле. Набліжаючыся да жоўтага доміка, які так даўно спакушаў яго мары і які нарэшце куплены ім за немалую суму, стары трунар адчуў са здзіўленнем, што сэрца яго не радавалася. Пераступіўшы за незнаёмы парог і знайшоўшы ў новым сваім жыллі гармідар, ён уздыхнуў па старой халупцы, дзе на працягу восемнаццаці гадоў усё было заведзена самым строгім парадкам; стаў лаяць абодвух сваіх дачок і работніцу за іх марудлівасць і сам узяўся ім дапамагаць. Неўзабаве парадак наладзіўся; ківот з абразамі, шафа з пасудаю, стол, канапа і ложак занялі ім вызначаныя куткі ў заднім пакоі; у кухні і гасцінай памясціліся вырабы гаспадара: труны ўсіх колераў і рознага памеру, таксама шафы з жалобнымі капелюшамі, мантыямі і факеламі. Над варотамі ўзнялася шыльда з намаляваным на ёй таўстым Амурам з перакуленым факелам у руцэ[3], з надпісам: «Тут прадаюцца і абабіваюцца труны простыя і фарбаваныя, таксама аддаюцца на пракат і правяцца старыя». Дзяўчаты пайшлі ў сваю святліцу. Адрыян абышоў сваё памяшканне, сеў каля акна і загадаў грэць самавар.

Асвечаны чытач ведае, што Шэкспір і Вальтэр Скот[4] абодва падалі сваіх грабакопаў людзьмі вясёлымі і жартаўлівымі, каб гэтай процілегласцю мацней здзівіць наша ўяўленне. З павагі да ісціны мы не можам ісці іх прыкладам і змушаны прызнацца, што нораў нашага трунара зусім адпавядаў пахмураму яго рамяству. Адрыян Прохараў звычайна быў пануры і задуменны. Ён разрываў маўчанне хіба толькі для таго, каб журыць сваіх дачок, калі заставаў іх без работы, паглядаючых праз акно на прахожых, або каб запрашваць за свае вырабы пераўвялічаную цану ў тых, якія мелі няшчасце (а часам і прыемнасць) мець у іх патрэбу. Такім чынам Адрыян, седзячы каля акна і выпіваючы сёмы кубак чаю, як звычайна, быў апанаваны сумным раздум’ем. Ён думаў пра заліўны дождж, які, тыдзень таму назад, сустрэў каля самай заставы пахаванне адстаўнога брыгадзіра[5]... Шмат мантыяў[6] ад таго звузілася, шмат капелюшоў пакарабацілася. Ён прадбачыў немінучыя выдаткі, бо даўні запас дамавінных нарадаў прыходзіў у яго ва ўбогі стан. Ён спадзяваўся спагнаць страту на старой купчысе Трухінай, якая ўжо каля года знаходзілася пры смерці. Але Трухіна памірала на Разгуляі[7], і Прохараў баяўся, каб яе наследнікі, не гледзячы на сваё абяцанне, не паленаваліся паслаць па яго ў такую даль і не старгаваліся-б з бліжэйшым падрадчыкам.

Гэтае раздум’е было перапынена нечакана трыма фран-масонскімі ўдарамі[8] ў дзверы.

— Хто там? — спытаўся трунар. Дзверы адчыніліся, і чалавек, у якім з першага погляду можна было пазнаць немца рамесніка, увайшоў у пакой і з вясёлым выглядам наблізіўся да трунара. — Прабачце, любы сусед, — сказаў ён тым рускім говарам, які мы без смеху дагэтуль чуць не можам, — прабачце, што я вам перашкодзіў... я хацеў хутчэй з вамі пазнаёміцца. Я шавец, імя маё Готліб Шульц, і жыву ад вас праз вуліцу, у гэтым дамку, што насупроць вашых акон. — Заўтра святкую маё срэбранае вяселле[9], і я прашу вас і вашых дачок адабедаць у мяне па-сяброўску. — Запрашэнне было прыхільна прынята. Трунар прасіў шаўца садзіцца і выпіць кубачак чаю, і, дзякуючы адкрытаму нораву Готліба Шульца, неўзабаве яны разгаварыліся прыязна.

— Як гандлюе ваша міласць? — спытаўся Адрыян.

— Э-хе-хе, — адказаў Шульц, — і так, і сяк. Паскардзіцца не магу. Хоць, вядома, мой тавар не тое, што ваш: жывы без ботаў абыйдзецца, а мёртвы без труны не жыве.

— Шчырая праўда, — заўважыў Адрыян;—аднак- жа калі жывому няма за што купіць ботаў, то, не прагневайся, ходзіць ён і босы; а ўбогі мярцвяк і дарма бярэ сабе дамавіну. — Такім чынам гутарка цягнулася ў іх яшчэ некалькі часу; нарэшце шавец устаў, развітаўся з трунаром, паўтараючы сваё запрашэнне.

На другі дзень, роўна а дванаццатай гадзіне, трунар і яго дочкі вышлі з форткі новакупленага дома і накіраваліся да суседа. Не стану апісваць ні рускага жупана Адрыяна Прохарава, ні еўрапейскага адзення Акуліны і Дар’і, адступаючы ў гэтым выпадку ад звычаю, прынятага цяперашнімі раманістамі. Думаю, аднак-жа, не лішнім заўважыць, што абедзве дзяўчыны надзелі жоўтыя капелюшы і чырвоныя чаравікі, што бывала ў іх толькі ва ўрачыстыя выпадкі.

Цесная кватэрка шаўца была напоўнена гасцямі, большай часткай немцамі рамеснікамі з іх жонкамі і чаляднікамі. З рускіх чыноўнікаў быў адзін будачнік[10], чухонец Юрко, які здолеў набыць, не гледзячы на сваё незавіднае званне, асаблівую прыхільнасць гаспадара. Гадоў дваццаць пяць служыў ён у гэтым званні верай і праўдаю, як паштальён Пагарэльскага[11]. Пажар дванаццатага года, знішчыўшы першапрастольную сталіцу, змёў і яго жоўтую будку. Але зараз-жа, пасля выгнання ворага, на яе месца з’явілася новая, шэранькая з белымі калонкамі дарычнага ордэна[12], і Юрко стаў зноў пахаджаваць каля яе з сякірай і ў броне сярмяжнай[13]. Ён быў знаёмы большай частцы немцаў, якія жывуць каля Нікіцкіх варот: некаторым з іх здарылася нават начаваць у Юркі з нядзелі на панядзелак. Адрыян зараз-жа пазнаёміўся з ім, як з чалавекам, у якім рана ці позна можа здарыцца мець патрэбу, і як госці пайшлі за стол, дык яны селі разам. Пан і пані Шульц і дачка іх, семнаццацігадовая Лотхен, абедаючы з гасцямі ўсе разам, частавалі і дапамагалі кухарцы прыслугоўваць. Піва лілося. Юрко еў за чатырох; Адрыян яму не ўступаў; дочкі яго трымаліся сціпла; гутарка на нямецкай мове час-ад-часу рабілася ўсё больш шумнай. Раптам гаспадар патрабаваў увагі і, адкаркоўваючы засмоленую бутэльку, голасна вымавіў па-руску:

— За здароўе маёй добрай Луізы! — Поўшампанскае запенілася. Гаспадар пяшчотна пацалаваў свежы твар саракагадовай сваёй сяброўкі, і госці шумна выпілі за здароўе добрай Луізы.

— За здароўе любых гасцей маіх! — агаласіў гаспадар, адкаркоўваючы другую бутэльку — і госці дзякавалі яго, асушваючы зноў свае чаркі. Тут пачаліся здароўі ісці адно за адным: пілі за здароўе кожнага гасця паасобку, пілі за здароўе Масквы і цэлага тузіна германскіх гарадкоў, пілі за здароўе ўсіх цэхаў наогул і кожнага паасобку, пілі за здароўе майстроў і падмайстраў. Адрыян піў старанна, і да таго развесяліўся, што сам прапанаваў нейкі жартаўлівы тост. Раптам адзін з гасцей, тоўсты булачнік, падняў чарку і ўскрыкнуў:

— За здароўе тых, на якіх мы працуем, unserer Kundleute![14] — Прапанова, як і ўсе, была прынята радасна і аднадушна. Госці пачалі адзін аднаму кланяцца, кравец шаўцу, шавец краўцу, булачнік ім абодвум, усе булачніку, і так далей. Юрко, сярод гэтых узаемных паклонаў, закрычаў, павярнуўшыся да свайго суседа:

— Што-ж? пі, бацюхна, за здароўе сваіх мерцвякоў. — Усе зарагаталі, але трунар палічыў сябе пакрыўджаным і нахмурыўся. Ніхто таго не заўважыў, госці не спынялі піць, і ўжо званілі на вячэрню, калі ўсталі з-за стала.

Госці разышліся позна, і ў большасці падвыпіўшыя. Тоўсты булачнік і пераплётнік, якога твар здаваўся ў чырвоненькім саф’янавым пераплёце, пад рукі адвялі Юрку ў яго будку, пільнуючыся, у гэтым выпадку, рускай прыказкі: «долг платежом красен»[15]. Трунар прышоў дадому п’яны і сярдзіты.

— Што-ж гэта, сапраўды, — разважаў ён уголас, — чым рамяство маё чарней за іншыя? Хіба трунар брат кату? З чаго смяюцца басурманы? Хіба трунар гаер святочны?[16] Хацелася было мне паклікаць іх на наваселле, задаць ім баль гарой; ды не бываць-жа таму! А склічу я тых, на якіх працую: мерцвякоў праваслаўных.

— Што ты, бацюхна? — сказала работніца, якая ў гэты час разувала яго; — што ты гэта гародзіш? Перахрысціся! Склікаць мёртвых на наваселле! Якое страхоцце!

— Яй-богу, склічу, — не ўнімаўся Адрыян, — і на заўтрашні-ж дзень. Будзьце ласкавы, мае добрадзеі, заўтра ўвечары ў мяне пабаляваць, пачастую, чым бог паслаў. — З гэтым словам трунар накіраваўся на ложак і ў неўзабаве захроп.

На дварэ было яшчэ цёмна, як Адрыяна разбудзілі. Купчыха Трухіна сканала ў гэтую самую ноч, і пасланец ад яе прыказчыка прымчаў к Адрыяну конна з гэтаю весткай. Трунар даў яму за тое грыўню на гарэлку, апрануўся наспех, узяў рамізніка і паехаў на Разгуляй. Каля варот нябожчыцы ўжо стаяла паліцыя, і пахаджвалі купцы, як вароны, пачуўшы мёртвае цела. Нябожчыца ляжала на стале жоўтая як воск, але яшчэ не зуродаваная тленнем. Каля яе тоўпіліся сваякі, суседзі і свае хатнія. Усе вокны былі адчынены; свечы гарэлі; свяшчэннікі чыталі малітвы. — Адрыян падышоў да пляменніка Трухінай, маладога купчыка ў модным сурдуце, паведамляючы яму, што труна, свечы, пакрыцце і іншыя пахавальныя прылады зараз-жа будуць яму дастаўлены ва ўсёй спраўнасці. Наследнік дзякаваў яму безуважна, сказаўшы, што за цану ён не спрачаецца, а ва ўсім пакладаецца на яго сумленне. Трунар, як звычайна, пабажыўся, што лішняга не возьме; значным поглядам абмяняўся з прыказчыкам і паехаў за справай. Цэлы дзень раз’язджаў з Разгуляя да Нікіцкіх варот і назад; пад вечар усё ўладзіў і пайшоў дамоў пешшу, адпусціўшы свайго рамізніка. Ноч была месячная. Трунар добра дайшоў да Нікіцкіх варот. Каля Вазнясення[17] гукнуў на яго знаёмец наш Юрко і, пазнаўшы трунара, пажадаў яму добрай ночы. — Было позна. Трунар падходзіў пад свой дом, як раптам здалося яму, што нехта падышоў да яго варот, адчыніў фортку і ў яе знік. «Што-б гэта значыла? — падумаў Адрыян. — Каму зноў да мяне патрэба? Ужо ці не злодзей да мяне залез? Ці не ходзяць палюбоўнікі да маіх дурніц? Чаго добрага!» І трунар думаў ужо гукнуць сабе на дапамогу прыяцеля свайго Юрку. У гэтую хвіліну нехта яшчэ падышоў да форткі і збіраўся ўвайсці, але бачачы, што бяжыць гаспадар, спыніўся і зняў трохраговы капялюш. Адрыяну твар яго здаўся знаёмым, але спяшаючыся не паспеў ён парадкам яго разгледзець.

— Вы да мяне, — сказаў засопшыся Адрыян; — уваходзьце-ж, зрабіце ласку.

— Не цырамонься, бацюхна, — адказаў той глуха; — ідзі сабе наперад; паказвай гасцям дарогу! Адрыяну і некалі было цырамоніцца. Фортка была адпёртая, ён пайшоў на лесніцу, і той за ім. Адрыяну здалося, што па пакоях яго ходзяць людзі. «Што за д’ябальшчына!» падумаў ён, і спяшаўся ўвайсці... тут ногі яго падкасіліся. Пакой поўны быў мерцвякамі. Месяц праз вокны асвятляў іх жоўтыя і сінія твары, паўпадалыя раты, мутныя, поўзаплюшчаныя вочы і вытаркнутыя насы... Адрыян з жахам пазнаваў у іх людзей, пахаваных яго стараннямі, і ў госці, які з ім разам увайшоў, брыгадзіра, пахаванага ў час заліўнога дажджу. Усе яны, дамы і мужчыны, абкружылі трунара з паклонамі і вітаннямі, акрамя аднаго беднага, нядаўна дарма пахаванага, які, саромячыся свайго рыззя, не падыходзіў і стаяў пакорліва ў кутку. Іншыя ўсе апрануты былі прыстойна: нябожчыцы ў чапцах і стужках, мерцвякі чыноўныя ў мундзірах, але з бародамі нябрытымі, купцы ў святочных жупанах.

— Ці бачыш, Прохараў, — сказаў брыгадзір ад імя ўсёй сумленнай кампаніі, — усе мы падняліся на тваё запрашэнне; засталіся дома толькі тыя, якім ужо не пад сілу, якія зусім разваліліся, ды ў каго засталіся адны косці без скуры, але і тут адзін не сцярпеў — так хацелася яму пабываць у цябе...

У гэтую хвіліну маленькі шкілет прабраўся скрозь натоўп і падышоў к Адрыяну. Чэрап яго ласкава ўсміхаўся трунару. Шматкі светлазялёнага і чырвонага сукна і старой палатніны там-сям віселі на ім, як на жардзіне, а косці ног біліся ў вялікіх батфортах, як таўкачыкі ў ступах.

— Ты не пазнаў мяне, Прохараў, — сказаў шкілет. — Ці помніш адстаўнога сержанта[18] гвардыі Петра Петровіча Курылкіна, таго самага, якому ў 1799 годзе ты прадаў першую сваю труну — і яшчэ сасновую за дубовую? — З гэтым словам мярцвяк прасцёр да яго касцяныя абыймы, але Адрыян, сабраўшы сілы, закрычаў і адпіхнуў яго. Пётр Петровіч пахіснуўся, упаў і ўвесь рассыпаўся. Паміж мерцвякамі ўзняўся гоман абурэння; усе заступіліся за гонар свайго таварыша, прысталі да Адрыяна з лаянкаю і пагрозамі, і бедны гаспадар, аглушаны іх крыкам і амаль заціснуты, страціў усякую сілу, сам упаў на косці адстаўнога сержанта гвардыі і страціў прытомнасць.

Сонца даўно ўжо асвятляла пасцель, на якой ляжаў трунар. Нарэшце адплюшчыў ён вочы і ўбачыў перад сабою работніцу, якая распальвала самавар. З жахам успомніў Адрыян усе ўчарашнія здарэнні. Трухіна, брыгадзір і сержант Курылкін няясна паўсталі ў яго ўяўленні. Ён моўчкі чакаў, каб работніца пачала з ім гутарку і сказала пра вынікі начных прыгод.

— Як ты заспаўся, бацюхна, Адрыян Прохаравіч, — сказала Аксіння, падаючы яму халат. — Да цябе заходзіў сусед кравец, і тутэйшы будачнік забягаў з паведамленнем, што сёння часны[19] імяніннік, ды ты спачываў, і мы не хацелі цябе разбудзіць.

— А прыходзілі да мяне ад нябожчыцы Трухінай?

— Нябожчыцы? Ды хіба яна памерла?

— Якая дурніца! Ды ці не ты падсабляла мне ўчора ўладжаваць яе пахаванне?

— Што ты, бацюхна, ці не з глуздоў з’ехаў, або хмель учарашні яшчэ ў цябе не прайшоў? Якое было ўчора пахаванне? Ты цэлы дзень баляваў у немца, вярнуўся п’яны, заваліўся ў пасцель, ды і спаў да гэтага часу, як ужо на абедню адзванілі.

— Няўжо! — сказаў узрадаваны трунар.

— Вядома так, — адказала работніца.

— Ну, калі так, давай хутчэй чаю, ды пакліч дачок.

Зноскі[правіць]

  1. Г. Р. Дзержавін (1743 — 1816) — славуты рускі паэт XVIII века. Эпіграф узяты Пушкіным з яго оды «Водопад» (не зусім дакладна: трэба — «всякой день»).
  2. Басманная, Нікіцкая — вуліцы ў старой Маскве, вельмі аддаленыя адна ад другой
  3. Амур — бог кахання; перакулены факел у руцэ Амура — сімвал смерці.
  4. Шэкспір (1564 — 1616) — славуты англійскі драматург. Вальтэр Скот (1771 — 1832) — славуты англійскі пісьменнік, пачынальнік гістарычнага рамана
  5. Брыгадзір — ваенны чын у старой царскай арміі — паміж палкоўнікам і генералам.
  6. Мантыя — накідка пахавальнага прыслужніка.
  7. Разгуляй — мясцовасць у Маскве, блізка ад Басманнай, дзе жыў раней Прохараў.
  8. Фран-масонскія ўдары — асобыя ўмоўныя знакі, па якіх пазнавалі адзін аднаго члены тайных масонскіх гурткоў
  9. Дваццаціпяцігоддзе шлюбнага жыцця.
  10. Будачнік — старадаўняя назва паліцэйскага, які жыў у спецыяльнай будцы.
  11. Пагарэльскі —псеўдонім пісьменніка А. А. Пероўкага (1787 — 1836); «паштальён» — герой аднаго з яго апавяданняў «Лафертовская маковница».
  12. Дарычны ордэн — асобы стыль старагрэчаскай архітэктуры, які адзначаецца прастатой і строгасцю ліній.
  13. Сякіра — старадаўняя зброя ў выглядзе сякеры; броня — ваеннае металічнае адзенне. «С секирой и в броне сермяжной» — з верша «Дура Пахомовна» паэта і байкапісца А. Е. Ізмайлава (1779 — 1831).
  14. Нашых кліентаў (спажыўцоў, пакупнікоў).
  15. Дар за дар.
  16. Гаер святочны — балаганны паяц (камедыяншчык) які выступаў на народных гуляннях у часе калядных свят.
  17. Былая царква каля Нікіцкіх варот.
  18. Сержант — вайсковы чын, які ідзе непасрэдна перад афіцэрскім.
  19. Часны — часны прыстаў, назва паліцэйскага начальніка гарадской часці, гэта значыць данага гарадскога раёна.