Апавяданні (Колас, 1940)/Соцкі падвёў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Соцкі падвёў
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1940 год
Чорт
Іншыя публікацыі гэтага твора: Соцкі падвёў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СОЦКІ ПАДВЁЎ

I

Важна ходзіць па мястэчку ўраднік[1], пакручваючы рыжыя вусы. Пры баку ў яго целяпаецца трапло-шабля, чырванеюць шнуры і наплечнікі, і блішчаць на сонцы наваксаваныя боты. Ён толькі што прыехаў на службу; у яго галаве мітусяцца тысячы думак, — думак аб тым, як звясці крамолу[2]. Яму толькі што данёс стражнік[3], што ў вёсцы Галадранцы нядаўна з’явіўся падазроны чалавек. А раз чалавек падазроны, то ён, напэўна, соцыяліст[4], або, па меншай меры, забастоўшчык. І ўрадніцкая галава строіць замыславатыя планы, тчэ хітрыя сеці, у якія павінна заблытацца крамола. Яму здаецца, што ён выкрыў «праступнае саобчаства», захапіў лісты, рэвальверы і бомбы, і ўсё гэта даставіў да начальства. Яму даюць павышэнне, пасылаюць у горад, робяць акалодачным[5], потым прыставам[6], а потым… і пайшоў наш ураднік угару, як цыган па драбінах на неба.

Пры гэтым ураднік аж засмяяўся сам сабе і ляснуў рукамі па сваіх тоўстых кумпяках.

— Гм! ты кажаш «падазрыцельны» чалавек? — пытаў вечарам ураднік сваю правую руку — гарбатага стражніка.

— Бясспрэчна падазрыцельны! — сказаў стражнік таемным, паніжаным голасам.

— І ты яго бачыў?

— Бачыў, гаспадзін ураднік. І цікава тое, што ён — малады чалавек і астрыжаны! Звычайна ўсе крамольнікі кудлатыя і абарваныя. А гэты нішто сабе адзеты, у чорнай кашулі, падпяразан шырокім поясам… Гатоў у заклад ісці, што гэта самы настаяшчы «сіцыліст».

— А ты не пытаўся аб ім? Не наводзіў справак у мужыкоў?

— Дык вам мужык так і скажа, асабліва галадранскі мужык. Гэта — гадаўё!

— Калі з’явіліся пракламацыі ў Галадранцы?

— На той нядзелі ў пятніцу.

— Вось што, браце, — пачаў, памаўчаўшы, ураднік голасам начальства: — заўтра ты паедзеш у Галадранку і навядзеш дакладныя спраўкі аб гэтым рэволюцыянеры. Мы яму пакажам свабоду! Зайдзі да соцкага[7] Рамана Камлюка. Але не надта выкладай яму ўсё на талерку: трэба помніць, што ён — галадранец, забастоўшчык.

II

— Скажы, брат, пытаўся адзін худы, высокі, як цапільна, галадранскі селянін, гаворачы «брат» усёй грамадзе, — што гэта за чалавек? пэўна «сіцыліст!»

— Гэтакі ён «сіцыліст», як ты маёй кабыле дзядзька! — адказаў яму Андрэй Падгорны, чалавек лёгкі на язык.

Усе зарагаталі.

А ты, мусіць, знаешся на «сіцылістах», як мая свіння на пастах?

— Разумны напаў на разумнага, — сказаў стары Базыль, не выпушчаючы з зубоў люлькі.

— Знайшлі за штэ сварыцца, — умяшаўся Карусь з-пад карчмы. — Андрэй гаворыць праўду. Ці-ж «сіцыліст» пойдзе да папа або будзе лаяць сам сябе?

Галандранскі соцкі, Раман Камлюк, замысліў, як відаць, нешта хітрае, бо засмяяўся: сам сабе ў доўгія вусы, але нікому не сказаў, чаго засмяяўся, і пайшоў дахаты.

Да сялянскай грамады падыходзіў Янка Дудар. Яму было надта весела, ён спяваў на ўсю вуліцу:

А ты, Янка, не зважай
На кажух падраны…

Ногі не слухалі Янкі, а ішлі, як хацелі: адна ўлева, другая ўправа, а сам Янка падаваўся то ўзад, то ўперад, то ў адзін бок, то ў другі.

Прадам бульбу, прадам жыта,
Абы было шыта-крыта…

зачаў Янка другую песню.

— Глядзі, каб не падашукалі! — перасцярог яго Андрэй Падгорны.

— Чаго ты смяешся? — накінуўся на яго Янка, — куст ты альховы! Ты знаеш, хто я? Я — дэмакрат і забастоўшчык першай гільдыі… Хлопцы! браткі маё родныя! Хадзем бунтавацца…

— А вунь ураднік! пастрашыў яго стары Базыль.

— Дзе ён?! — крыкнуў Янка, азіраючы вуліцу. — Падайце мне яго сюды!

Людзі пацяшаліся, а Янка, згарнуўшы кулакі біў імі па ветры, мясіў нагамі пясок, як-бы там ляжаў ураднік, а ён яго мясіў нагамі.

— Вось падла, Янка! глядзі ты, што ён вычварае!

Невядома, што зрабіў-бы Янка са сваім ураднікам, каб не прышла жонка. Яна трымала пад пахай мешалку.

— Вось, брат, папаўся! жартавалі сяляне.

— Спяваў, што «няма каму бараніць», бараніся-ж сам.

— А каб ты смалы напіўся, гад! — крыкнула жанчына, і мешалка мільганула ўгары і гладка прыстала да сярэдзіны худога Янкавага цела.

— Што робіш? — крыкнуў, нібы сярдзіта, старыБазыль на Дударыху. — Не бачыш, ці што? Ён зямлі і свабоды дабіваецца людзям, а яна яго мешалкаю!

Мешалка паддала Янку сілы, і ён даволі борзда стаў на ногі.

— Арыштую! — крычаў ён на жонку: не палагаецца насіць аружжа! У арыштанскія роты аддам па 25 стацці!

— Так, так, Янка! — падтрымлівалі яго суседзі.

— Ваенна-палявым судом судзіць буду! — бушаваў Янка. — Я — забастоўшчык, а ты хто? Чорнасоценец[8]! От, хто ты! — гаварыў Янка сваёй жонцы, ужо ідучы дадому.

III

— Скажы мне, Раман, што гэта ў вас за чалавек з’явіўся? — пытаў стражнік у соцкага.

— А ці я ведаю?

— Можа-ж чуў што пра яго?

— Чуць-та чуў, ці мала што людзі гавораць!

— Прызнавайся, Раман, нечага адвільваць. Што ты чуў?

Раман агледзеўся навокал і ціха сказаў:

— Соцыяліст!

— Ну?

— Такія рэчы гаворыць, што ў Сібір саслаць і то мала. Дае кніжкі і лісты раскідае. Вось пабач!

І Раман дастаў з-за пазухі пракламацыю, якую ён знайшоў два гады таму назад, будучы ў павятовым горадзе на першых выбарах.

У стражніка так і заблішчэлі вочы.

— А мужыкі яго слухаюць?

— Дзе там слухаюць! — цара лае.

— А што ён, прымерна, казаў?

— Казаў, што наш цар — дурань.

— Цыц прамовіў стражнік і азірнуўся.

— А дзе начуе ён?

— Усюды. Раз нават у папа начаваў.

— Як-та ў папа?

— Абмануў; сказаў, што яго кансісторыя[9] паслала, і нейкі знак паказаў.

— Заўтра ўначы чакай нас тут з дзесяцкімі. А калі ён ўцячэ — ты адказваць будзеш,

Стражнік вышаў, а Раман, стоячы, весела пасмейваўся…

IV

Ціха, асцярожна краўся ўраднік са стражнікам да вёскі Галадранкі. Вёска ўжо спала. Адзінокі месяц плыў над ёю, як срэбраны круг. Абросшая вербамі, спакойна цякла рэчка каля самых хат, і дробныя хвалі, як жывыя, пераліваліся і блішчэлі на месяцы.

Соцкі і два дзесяцкіх стаялі на дварэ, чакаючы «начальства». Прыехаўшы да соцкага, ураднік распытаўся аб «сіцылісту». А гэты «сіцыліст» спаў сабе, як пшаніцу прадаўшы. Ён начаваў у папа:

У ўрадніка пранеслася ў галаве думка арыштаваць і папа за пакрыванне крамольніка. Але перадумаў і знайшоў, што не варта, бо хітры соцыяліст не толькі папа, але і чорта абмане. Апрача таго, поп скора не ўздымаецца і ўцякаць яму няма куды.

Ураднік, стражнік, соцкі і дзесяцкія ўзышлі на ганак папоўскага дома і пастукалі.

Поп вышаў босы, накінуўшы на сябе шырокі каптан.

— У чым дзела?

— У вас, бацюшка, праступнік начуе! — сказаў ураднік.

— Не можа быць!

— Аб гэтым будзем талкаваць потым… звольце паказаць, дзе ён.

Поп пабялеў і стаяў, як укапаны, толькі губы яго дрыжэлі, і ён шаптаў:

«Ад вешчы, ва цьме прахадзяшчыя, ад беса палудзеннага»…

Увайшлі ў пакой, дзе спаў «сіцыліст». А таму і гора мала: спіць сабе на баку, толькі носам свішча і храпе, як пшаніцу прадаўшы. Ураднік прыставіў да яго караул, а сам запусціў руку ў яго дарожную раменную торбу і выцягнуў цэлую жменю лісткоў. Нікому і ў галаву не прышло паглядзець, што гэта былі за лісткі.

А «сіцыліст» усё спіць — проста ўраднік не ведае, як арыштаваць соннага чалавека. На помач яму прышоў соцкі. Ён папароў соцыяліста, як мядзведзя, кіем. Схапіўся «соцыліст», вырачыў вочы — і рукою пад падушку, дзе ляжаў рэвальвер. Тут на яго накінуліся стражнікі і дзесяцкія. Усе зляпіліся ў адзін клубок і некалькі часу мітусіліся па пакоі. У канцы адзін дзесяцкі вырваўся з гэтай кучы, папляваў на рукі, скамандаваўшы сам сабе: «Ну, Сымон! вазьмі папраўдзе»! — згроб і стражніка і «сіцыліста», падняў іх «на жывот», потым спрытна падставіў ножку і аблажыў абодвух.

— Каторы тут з вас «сіцыліст»? — пытаў ён, седзячы наверсе.

Стражніка аслабанілі, а «сіцыліста», якому ўраднік палічыў: сваім абвязкам даць у зубы за супраціўленне, — звязалі.

— Як вы смееце? — крычаў «сіцыліст». — Я — член «саюза рускага народу»[10].

— А гэта што? — паказаў ураднік на лісткі і рэвальвер.

— Цягні яго, хлопцы!

— «Яко ісчэзае воск ад ліца агня» — маліўся поп.

V

«Сіцыліста» вялі па пустой вуліцы. Цікавы месяц выплыў з-за белай хмаркі і, глянуўшы на гэтую працэсію, мусіць, засароміўся людскога глупства, бо зараз-жа схаваўся ў другой хмарцы; ды яшчэ сучка старога Базыля была сведкай камедыі, што разыгралася ў Галадранцы.

Усю дарогу думаў ураднік, якую карысць на свеце прыносяць людзям ўраднікі,

«От, — думаў ён, — усе спяць, а ты валачыся цэлую ноч, бойся кожны момант за сваё жыццё. Ласне тут ёсць што-небудзь труднае — дастаць сабе ў лоб кулю? А якая падзяка? Ну, прыстаў можа падаць руку і заклікаць на шклянку гарбаты».

Але дзесьці, на дне душы яго, варушыліся другія думкі, і яму прадстаўлялася цэшка і прыстаўскія наплечнікі. Стражнік, соцкі, дзесяцкія і сам «сіцыліст» таксама думалі, — кожны на свой фасон. Але трудна залезці ў чужую душу і ведаць, хто што думае. Усе маўчалі.

VI

— А ты добра зрабіў, што дагадаўся зайсці да мяне! — такімі словамі сустрэў прыстаў урадніка. — Бачыш, сюды прыслан член «Саюза рускага народу».

— Ваша высокаблагароддзе! Я арыштаваў і прывёў да стану «соцыяліста», аб чым і маю чэсць асабіста далажыць вам! — перабіў ураднік прыстава.

— Дзела добрае. Дзе арыштаваў?

— У Галадранцы, ваша высокаблагароддзе!

Тут прыставу нешта цюкнула. Ён глянуў на ўрадніка. Той стаяў і пазіраў на прыстава так, як-бы ён, ураднік, схапіў з неба зорку або японскага мікаду[11] забраў у палон.

— Пашпарт у яго ёсць?

— Не спраўляўся.

— Дзе арыштаваны? Пазваць сюды!

Ураднік кінуўся на двор.

Соцкі і дзесяцкі ўвялі «сіцыліста»,

— Як дапушчаеце вы такое безабраззе і свавольства вашых падначаленых?! Я самому губернатару жалавацца буду! Я — член «Саюза рускага народу»! Вот, мае дакументы!

— Звініце, — сказаў прыстаў «сіцылісту», — тут абмылка.

Прыстаў грозна зірнуў на ўрадніка. Ураднік апусціў вочы і зірнуў на стражніка, стражнік — на соцкага.

Соцкі стаяў бокам і смяяўся ў рукаў.


  1. Ніжні чын былой царскай пfліцыі. Ураднікі былі непасрэднымі памочнікамі станавых прыставаў, у прыватнасці па кіраўніцтву на мясцах соцкімі і дзесяцкімі.
  2. Загавор, мяцеж.
  3. Ніжні чын павятовай паліцыі.
  4. Чалавек, які выступае за замену класавага капіталістычнага грамадства бяскласавым соцыялістычным грамадствам. У простанароддзі соцыялістам называлі ўсякага рэволюцыйна-настроенага чалавека.
  5. Чын гарадской паліцыі. Падчынён прыставу.
  6. Паліцэйскі чыноўнік у царскай Расіі. Начальнік паліцыі ў станах, спецыяльна паліцэйскіх падраздзяленнях паветаў.
  7. Ніжні чын сельскай паліцыі ў дарэвалюцыйнай Расіі (выбарчая мірская павіннасць).
  8. Член контррэволюцыйнай пагромнай арганізацыі „Саюза рускага народу“.
  9. Орган у дарэволюцыйнай Расіі, створаны для кіраўніцтва царквой і суда над царкоўнымі асобамі. Падпарадкаваўся архірэю.
  10. Самая буйная чорнасоценная арганізацыя ў царскай Расіі, аснаваная ў кастрычніку 1905 г. у Пецербургу. Аб’ядноўваў памешчыкаў, домаўладальнікаў, чыноў паліцыі, гандляроў і іншыя групы гарадскога мяшчанства. Кіруючая роля належала дваранам памешчыкам. Праграма „Саюза рускага народу“: адзінства і непадзельнасць імперыі, цвёрдая царская ўлада. Арганізатар яўрэйскіх пагромаў.
  11. („Высокія вароты“) старажытнейшы тытул японскага імператара.