Перайсці да зместу

Апаведаньня (Колас, 1912)/Чорт

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Васіль Чурыла Чорт
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1912 год
Калодка пчол
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чорт (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧОРТ.

I.

— Братка ты мой, Іван! Ты знаеш, як я цябе люблю! Ну, дай — пацалуемся! Во, гэтак!.. Назавеш ты Міхася сабакою, лайдаком, калі пачуеш ат каго, што я табе кепска мыслю.

— Братка ты мой, Міхаська! Забій мяне Пярун, во тут, у гэту ночку, на гэтай дарозі, калі я не люблю цябе. Дай, і я цябе пацалую!

І сябры зноў сталі цалавацца.

Міхась і Іван — лясьнікі. Зашлі яны да цёткі Хрумы і трынкнулі, што называецца. А цяпер йшлі да дому.

— Не магу, братко, ісьці, - прызнаўся Іван.

— Дык што-ж мы будзем рабіць?

— Дай, ляжэм, паляжым.

— Ну, давай.

І яны ляглі.

— Што-ж мы будзем так лежаць? — Кажэ Міхась. Давай клясці ляснічаго!

Іван замарматаў нешта пад нос і… заснуў.

— Ужо сьпіш? Уставай, пойдзем.

— Не магу, братко.

— Садзіся мне на плечы: панясу катла.

Міхась стаў ракам і падставіў сьпіну. Іван узяўся за плечы. Сталі падымацца. Міхась крэктаў, пяўся, і ніяк не ўстануць. Паваліўся ён сьпіною на Івана, і ляжаць абодва. Яны зноў абняліся. Ім здавалося, што не было і німа на сьвеці гэтакіх сяброў, як яны.

Палежалі трохі. Іван захроп, як пшаніцу прадаўшы.

— Сьпіць, сказаў Міхась і ўстаў.

Яму хацелося сьпеваць. Міхась быў чэлавек вясёлы. А ешчэ быў вясялейшы, як хмель пачынаў туманіць яго лахматую галаву. Тагды ён быў штукар на ўсе рукі.

— «І гээээй ты, гарээээлачка!..»

Прабаваў Міхась выдумаць песьню пра гарэлку. Далей нічога ня мог прыдумаць і сьціх. У лесі было ціха. Толькі эха пакацілося! І — далёка-далёка паняслося „гарээээлачка“ і прапало недзе за гарою ў «Белых Крыніцах.» Аж страшна стала Міхасю.

II.

Не бэз прычыны страшна зрабілося Міхасю: былі яны як раз нідалёка ад Кірылавай Магілы.

От што чуў я ад людзей пра Кірылаву Магілу:

У князя Р. быў слуга Кірыла. Князь любіў езьдзіць на палеваньне і заўсягды браў з сабою і Кірылу. Адзін раз кажэ яму князь:

— От што каханы: я паеду да пана абедаць, а ты садзіся вярхом на каня, і колькі лесу аб’едзеш на каню, пакуль я паабедаю, усесь той лес дарую табе, бо ты добры слуга.

Падзякаваў Кірыла князю, ўзяў самаго лепшаго каня, сеў і паехаў. Каб князь бачыў, сколькі ён аб’едзе, ўзяў ён з сабою шаблю і рабіў ён на хвоях лысінкі.

Як пабачыў князь, сколькі Кірыла лесу аб’ехаў, аж за галаву ўзяўся.

— От што, коханы, кажэ князь: — цяпер ты палезь на дуб ды паглядзі аттуль, як многа у цябе лесу.

Кірыла палез на самы верх.

Зьняў князь з плеч стрэльбу.

— Ну, мой каханы, закукуй цяпер, як зязюлька.

Кірыла закукаваў.

— Бух! выстрэліў князь.

І скінуўся на зямлю бедны Кірыла з прабітаю навылет галавою…

Пад тым дубам яго і пахавалі.

Мейсцэ тое і стала звацца Кірылаваю Магілаю.

І цяпер ешчэ ў тым лесі відаць на хвоях лысіны.

Заплылі яны смалою, і завуць іх Кірылавымі знакамі.

Расказывалі людзі, што ў поўнач каля магілы нехта плакаў, праклінаў панскую несправядлівасць.

Страшна было тут у ночы.

III.

Многа расказаў чуў Міхась пра чарцей. Знаў ён што пьяных часта водзяць па лесі чэрці. Знаў што можна атхрысьціцца, і яму было і страшна, і вясёла.

І от Міхась, як яго хто падбіў, ўзяў і загукаў на ўвесь лес:

— Чэрці, трасца вашэй галаве, сюды ідзеце!

Эха паняслося па дарозі, пашло па кругламу балоту к Белым Крыніцам і сціхло каля Кірылавай Магілы.

Міхась стаяў і слухаў, як яно гудзела.

І ізноў ўсё стало ціха.

Блішчасты месяц, як кружок залаты, стаяў ўжо высока над лесам. Ціха было ў густым бары закрыла ніз цемната. У Белых Крыніцах нудна перэклікаліся совы. Далёка-далёка, як с пад зямлі, данасіўся сабачы брэх.

І чуе Міхась: нешта загрукатало па дарозі. Прыслухаўся. Гук не сьціхаў і быў ўжо бліжэй. Ужо можна распазнаць, што нехта едзе. Колы біліся аб карэньня і скрыпелі.

Міхась пасьмялеў.

Гук і скрып калёс саўсім ужо бліска.

Міхась скінуў кажух, вывярнуў у верх шэрсць і накінуў на сябе. У шапку наткнуў дзве палачкі заміж рожак і прытуліўся пад хвоей.

Іван спаў, як забіты.

Пад’ехаў воз.

На возі лежалі мяхі з мукой, а на мяхох сядзеў мужык. То быў Пятрусь Гвозьдзь, той самы Пятрусь, што летась украў у Міхася з лесу тры вазы. Пятрусь ехаў з млына; сядзеў ён на возе без шапкі і маліўся Богу, едучы цераз гэтае страшнае месца.

IV.

— Стой! Крыкнуў Міхась, выскачыўшы с пад хвоі і схапіўшы каня за аброць.

Пятрусь так і абамлеў.

— Дык вот ён які чорт! Гаварыў Міхась: — ах, ты халера!

Пятрусь трохі апомніўся. К яму вярнуўся язык і памяць.

— Уцекай з дарогі, бо канём раздушу!

— Як?! ты мяне з дарогі гоніш?

— Уцекай кажу, а то ешчэ нюхаўку сабью.

— Ты мне?! Ды ты знаеш, то я?

— Ну, хто ж ты?

— Ага! Хто я! Папробуй выцяць.

Пятрусь ужо падняў пугу, але не асмеліўся выцяць «чорта».

Ну годзі! пайшоў з дарогі!

— Не, не пайду!

— Чаго ты прывязаўся, як смала? Тфу! Згінь, прападзі, нячыстая сіла! Уцекай, хрысьціць буду!

— Ну, перэхрысьці!

Зноў Пятруся страх узяў. А што, як крыж не паможэ? Тагды што?

Пакуль яны крычэлі, конь пачуў волю і стаў па-маленьку заварачывацца назад, шчыпаючы траву. У сварцы Пятрусь саўсім не бачыў, што конь яго завярнуўся.

А Міхась як падскочыць к Пятрусю ды як запішчыць! ды так моцна, што аж Іван падняў галаву. А конь шчыпаў траву каля Івана. Як заварушыўся Іван, конь спудзіўся і паскакаў назад у млын.

Га-га-га-га!… Зарагатаў Міхась (ён чуў, што чорт рагочэ, падмануўшы чэлавека).

Пятрусь і ня думаў спыняць каня: скарэй бы ад гэтаго нячыстаго месца!

Але, як ён дзівіўся, як ізноў прыехаў у млын.

А на заўтра Пятрусь Гвоздзь усім як у звон званіў, што бачыў чорта каля Кірылавай Магілы.