Перайсці да зместу

Апаведаньня (Колас, 1912)/У балоце

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Соцкі падвёў У балоце
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1912 год
Калядны вечэр
Іншыя публікацыі гэтага твора: У балоце.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У БАЛОЦЕ.

(Праўдзівае здарэньне).

I.

Загразла ў балоце панская брычка разам с панскаю сямьёю, слугамі, коньмі, са ўсім панскім скарбам. Урэзалася яна ў гразь па самые калодкі, засела на сярэдзіне балота. Паляглі на чэравах коні і… ні тпррру!.. ні но!

Ніхто не чакаў такога здарэньня. Сядзяць, бедные, як мурашкі на купіне сярод лужыны. Бе прылучылася, як з грому! Але ня век жэ сядзець, злажыўшы рукі, — трэба-ж даваць якую раду. Першы апомніўся пан і ўзяўся за работу. Перш-на-перш трэснуў і ён кулаком хурману у сьпіну, вылаяўся на ўсё балота і пусьціў у ход усю машыну. Хурман, узяўшы пугу, высьвенцаў коні. Коні задрыгалі нагамі, заварушыліся з аднаго боку на другі, і… машына стала.

Ясна, што трэба злазіць з воза. Злез хурман, слугі, пан, пані, паненкі. Месяцца па гразі, як мухі па сьметане, тупаюць вакруг брычкі, бядуюць, ахкаюць, охкаюць. Адзін радзіць тое, другі — другое; крычаць, таўкуцца, толькі ходзіць па балоце.

Больш за ўсіх працаваў хурман: ён махаў рукамі, аддаваў каманду, аж сам пан пачуў нейкі страх пад хурманову дудку.

— Пхайце ў зад! — крыкнуў хурман ва ўсё горла і сам уляпіўся за аглоблю.

Пан упёрся плячом з боку; лякай, пані і паненкі ўзад пхалі.

— Ррразам! — крыкнуў хурман.

Ніхто не разшчычытаў свае сілы: пані так моцна налягла, што ў гразь уляцела па калені; хурман сарваўся з аглоблі і ляпнуўся чэравам у балота, аж капялюш з галавы скінуўся. А пан як павярнуў плячом, дык аж брычку сарваў са шворна і аблажыў яе на бок.—Цяпер абраз змяніўся: пані, цераблючыся з гразі, згубіла чаравік; хурман поўзаў ракам па балоце, а пан стаяў, ўзяўшыся у бокі, і сам сабе не даваў веры, што ён абярнуў брычку. Беда, як бачыце разрасталася: коні ў гразі, брычка на боку бяз шворна, і толькі два колы пазіралі ў неба, як бы просячы ратунку.

II.

А ратунак прышоў ня з неба, а з вёскі у образі простых мужыкоў. Мужыкі даўно ўжо стаялі каля балота, збіўшыся ў кучу, на ўзгорку.

— Ось нялёгкая ўнесла яго сюды!

— Папаўся як у нерад: ні ў зад, ні ў перад!

— Як ты думаеш: вылязуць яны, ці не? — пытаў адзін барадаты другога вусатаго.

— Бяз помачы самі ня вылязуць,—важна гаварыў вусаты.

У другой кучы жартавалі с пана.

— Кепскае мейсца абабралі яны для адпачынку!

— Ці ня думалі яны з брычкі рыбу лавіць?

— Як відаць, прыехалі сюды траву жаць целятам!

Карты сыпаліся за жартамі, толькі сьмех разліваўся па балоці.

— Скідай, Андрэй, боты, ці што; ідзі хоць паненак вынясі на бераг.

Худы, высокі Андрэй вынуў з зубоў люльку, выпусьціў з рота дым і засьмеяўся, замахнуўшыся цыбуком над тым, хто падаў яму такую раду.

— А ўсё ж такі трэба памагчы пану, — сказаў стары Пятрусь.

— Пойдзем, паможэм!

І с пяцьдзесят мужыкоў паскідалі лапці, падкасаліся і сьмела сунуліся ў балота; толькі пырскі ляцелі с пад ног, ды ўздымаліся булбаткі.

— Памагай Бог! — гукнулі мужыкі.

— Дзякуй вам хлопцы.

Мужыкі ня скора прыступілі да работы. Яны сталі распытывацца: як? чаму? чаго? Ці ня выпіўшы быў хурман? Адзін разглядаў панскую брычку, шараваў рукою, хваліў, што добра памалёвана.

— Ну, хлопцы, годзі зыкі мянціць! — сказаў стары Пятрусь: — а то і сонцэ нам зойдзе ў балоце. Бярэцеся.

— Бярэмся! Куды ж ты возьмешся?

— І як ты ездзіш, каб ты жыватом ездзіў?

Гдзе твае вочы? — накінуўся Антось на хурмана.

— А ты не лайся…

— Не лайся, не лайся!—перакрывіў яго Антось:—дурня павучыць ня шкодзіць.

— Калі прышоў, Антось, памагаць, то памагай, бо вас ніхто не прасіў; важна сказаў пан.

— Годзі, хлоццы, сварыцца, — ўмяшаўся ізноў стары Пятрусь. — Грыгор! камандуй ты.

З мужыцкай чарады выступіў Грыгор, шырокаплечы мужык з рудою барадою.

III.

Грыгор борзда павёў дзела.

— Хлопцы, адвернем наўперад каляску, Ну, жыва! Вы, Антось, Яська, Базыль і Кірыла бярыце з боку, а ты, Ігнась, Карусь, Даніла і ты, Алесь, і Гаўрыла — з другога. О так! А цяпер ты, Гілёрык і Хлёрка, пад зад патрымайце. Ну, рразам!

Мужыкі дружне падхапілі каляску і адвярнулі, а, адварочваючы, выкінулі панскае сядзэньне, аткуль пасыпаліся бутэлькі з выпіўкамі і вэндліна, заверчэная ў папер.

— Мядзьведзі вы!—крыбнуў пан:мтолькі шкоды наробіце!

— Эх, пане, гдзе чубы трашчаць, там і пэйсы ляцяць, — сказаў Грыгор.

— Пусьці свіньню пад стол, то яна захочэ і на стол, — ня вытрымаў і хурман.

— Ад свіньні чуем,—кажуць мужыкі.

— Ну, годзі, — работа ня скончэна,—камандаваў Грыгор: адцягнем покі што брычку, а перадок ніхай тут пабудзе. Жыва, хлопцы, жыва, — будзе водка і піва.

— На што цягнуць?! — зыкнуў пан. — Прышварнуйце толькі яе да перадка…

— Не, панок: так будзе горш—стаяў Грыгор на сваём, а мужыкі яго падтрымывалі: — наўперад адцягнем брычку на груд, каб аслабаніць мейсцо, бо каней трэба скарэй выцягаць. Ня выпрагшы, нічога ня будзе.

— На што іх выпрагаць?..

— Але ж мы, пане, лепей ведаем…

— Да што вы ведаеце? з носа ды ў рот…

— Але-ж ніхай пан паслухае, — сказаў Грыгор—мы жыва адцягнем брычку на груд, выпражэм коні бо з брычкаю яны не ўстануць. Сам пан бачыш, як гразь разварушэна.

— На што нам у брод ісьці, калі кладка ёсць!? Рабіце, што я вам кажу!

— Прышварнаваць то можна, але нічога ня будзе.

Брычку прышварнавалі да перадка. Пан узяў пугу і скамандаваў:

— Пхайце, хлопцы, — а сам бье коні ды крычыць: Но! но! но!

Бедные коні варушыліся ўсім целам, біліся галавамі аб балота і адзін аб другога, ўсхватваліся, зноў кідаліся і ешчэ глыбей у гразь лезьлі.

— Да слухай пан людзей! што пан робіш? — ня вытрываў стары Пятрусь: — мы выцягнем самы!..

— Пхайце, прахвосты! чаму не пхаеце?

— Куды пхаць? — раззлавалісь мужыкі: — гэта-ж і не гладкая дарога. можэ. Тут панская каманда нічога не паможэ. Трэба с толкам…

— Або слухайце вы мяне, або убірайцеся к чортавай мацеры! — крыкнуў пан.

— Не, мы да дому пойдзем, — сказалі мужыкі:—а покі што — добрай ночы!

І пашлі.

На зямлю ціха апускалася ноч…

А брычка і коні ўсё глыбей у гразь лезьлі…