Перайсці да зместу

Апаведаньня (Галубок, 1913)/У сваты

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вада памагла У сваты
Апавяданьне
Аўтар: Уладзіслаў Галубок
1913 год
Чужое смачней

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У сваты.

— Чаго ты так рана успароўся, ўнучак? — спытаўся дзед Мешалка свайго ўнука, лежучы на печы, — яшчэ ніхто і ўставаць ня думаў, а ён ужо снуе то ўзад то ўперад; ідзі ляж, пакуль сьвет. —

Але Буфацаму ні спалася; з лямпачкай у руках ён усё хадзіў па хаці і поркаўся то ў куфры, то ў шафі.

— Буфацы! — адазваўся дзед, — падай ты мне піпку. Нешта і мне ня сьпіцца: млосна зрабілася, сьверб па скуры, аж вочы на лоб лезуць. —

Буфацы рад быў гэтым разам дагадзіць дзеду, каторы сягоньня меўся ехаць з ім за свата, дык напхнуўшы піпку поўна тытуном падаў яе дзеду.

Дзед, узяўшы піпку, запыкаў яе, лежучы на печы і пушчаючы дым пад столь.

— Глядзі, дзетка, — адазваўся ўзноў дзед, — добра паднядзелься, каб дзяўчынка ўпадабала, а тады, з ласкі Боскай, у мясаедзі можа і вясельля справім. —

Буфацы, слухаючы гэта, так задумаўся, што выпусьціў неяк з рук вечка ад вялізнага куфра, а яно зненацку як грукане сярод ночы, аж хата затраслася.

Татка Буфацага, сплючы на палацях, так перапалохаўся, што зваліўся на зямлю і ледзь галавы не разьбіў.

— Чаго ты рыесься тут? — накінуўся ён не сваім голасам на сына. — Чаго цябе нячыстая носіць па начы, каб цябе кінула ды не падняло! Трэба-ж гэдак спужаць, да памяці ніяк не дайду. —

Ідзі да Тарэсы, ніхай перапалохі твае змые, — агрызься сын, выцягіваючы с куфра камашы, што пашыў калісь-та нябошчык Сымон, габляванку, бравэрку, і пачаў прыбірацца.

Ні цярпелася яму, — першы раз у сваім жыцьці зьбіраўся у сваты.

— Во што значыць маладая кроў! — гаварыў сам с сабой Мешалка. Ноч ня сьпіць, кідаецца, як той жарабок піразімак. Праўда, некалісь і я быў ня лепшы, а цяпер што? ляжы вот на печы, ды плюй у чэрап. —

— Гэ! наш інтэрас старэцкі! — адазваўся бацька Буфацага. — Нам вось косьці усе ныюць. Напрацуісься за дзень, глядзіш каб дзе у куток зашыцца, а ён от, ноч ня сьпіць, усё думаіць якбы лепі у сваты прыбрацца. Я, як быў у яго веку, то ні разу і барады не галіў, а ён, глядзі, ужо мохры гэтые абцірабіў і сядзіць, як тая варона загуменная. —

— Праўда, — адазваўся Мешалка, — цікава навіт было глядзець, як ён скрабаў сваю бараду, ужо так стараўся, што аж ногі хадуром хадзілі, — і дзед пры гэтым стукнуў піпкай аб комін, вытрасаючы аттуль попіл, ды пацёр рукавом зрэбнай кашулі пасінеўшы, як сліўка, нос.

— Ведаїш, браце! — ізноў сказаў Мешалка, — мусіць мы сягоньня добра хлабысьнём, бо мой нос аж цокаецца сьвярблючы, нібы кароста на яго узьбілася, пэўне прачувае, што выпіўка будзе. —

— А пэўне будзе, — атказаў гаспадар, — мы-ж Лісуна добра знаїм: чэлавек ён і багаты і гасьцінны, будзе усяго столькі, што да хаты ні захочэцца варочацца. —

Тым часам надыйшла і раніца, пачало днець. Гаспадыня ужо тупала каля печы, гатовіла сьнеданьне, а мужчыны ладзіліся ў дарогу.

Буфацы першы раз усклаў габляванку з вялізным каўняром і, задзёршы галаву, як прадла, круціў шыяй, як вол у ярме, бо яму з непрывычкі задавалася, што каўнер безміласэрна рэжэць яму на шыї скуру.

Скора гняды жарабок шпарка панёсься па мёрзлай дарозе і, як вокам глянуць, мінаў вёскі.

Ехалі гадзіны са дзьве і ў рэшці на узгорачку убачылі засьценак. Тут жыў Лісун. Праехаўшы пяреплаць, сваты ўехалі у двор, дзе їм на спатканьне вышоў сам гаспадар і павёў гасьцей у хату.

Малады ня сьмела піраступіў парог і сеў недалёка ад дзьвярэй на тапчане с самага краю, трымаючы шапку ў руках. Вайшлі і дзед Мешалка і бацька маладога. Пачалася гаворка, пытаньня, як жонка, дзеткі, ці ўрадзіла сёліта збожжа, а тым часам дзяўчынка, прыбраўшыся па сьвяточнаму, увайшла у хату.

Буфацы украдкам пазіраў на дзяўчыну, як кот на сала, і пакручываў пальцамі тоя мейсца, на каторым павінны быць вусы, а сват Мешалка усё паглядаў на дзьверы, чэкаючы выпіўкі і закускі.

— Ну, дачушка, — адазваўся гаспадар, — трактуй гасьцей, бо яны спадарожыліся пакуль прыехалі! —

Пашла маладая у сьвіран і ў момэнт на стале зьявілася гарэлка, хлеб, грыбкі заліваные, рэзанае сало, і паміж усяго пекны у масьлі засмажэны певінь.

Госьці, як згледзілі такі трактамэнт, аж сьлюнькі папусьцілі, а сват Мешалка зразу пакінуў гамонку пра маладых, а пірайшоў да гарэлкі, хвалючы яе, што яна і кроў грэе і ўселякіе нямоцы лечыць.

Гаспадар, узяўшы вялізны нож, ушчаміў пеўня ў таўстых пальцах і толькі хацеў краянуць, а певінь як сьлізьне с талеркі на стол, ды чуць чуць не апынуўся пад сталом.

— О, злодзі! ляцець хочэ! — зжартаваў сват.

— Не паляціць, — атказаў гаспадар і, ушчаміўшы зноў пеўня меж пальцаў, пакраіў яго на талерцэ.

Гасьцей многа упрашываць не прышлося, ведама з дарогі, дык не ўважаючы елі так, што аж насы їх гнуліся.

— Дачушка! — зьвярнуўся да дачкі гаспадар: — пячы нам яешню, а я вось скокну гарэлкі ды сала яшчэ прынясу. —

Але неспадзеванае здарэньне сапсавала дальш увесь інтэрэс. Толькі стары вышоў с хаты па сала ды гарэлку, дзяўчына палезла па яйкі у падпечак. Туды яна залезла спрытна, але як прышлося вылазіць назад, тагды толькі, бедная, сьцяміла, што бяз сораму вылезьці нельга, бо падпечак, як на грэх, быў цесны, павярнуцца ў їм трудна, дык прыхадзілася вылазіць адным толькі спосабам, на которы іна ніяк не магла пры гасьцях адважыцца.

Меж гасьцьмі зрабілася замешаньне.

Адзін толькі сват, дзед Мешалка, не страціў прытомнасьці. Зірнуўшы, як вылазіла маладая ён сказаў:

— Ну, дзеткі, глядзіце: месяц усходзіць, едзьмо да дому! — і пакуль гаспадар вярнуўся ды агледзіўся, гасьцей і сьлед прастыў.