Перайсці да зместу

Апаведаньня (Галубок, 1913)/На кермашы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чужое смачней На кермашы
Апавяданьне
Аўтар: Уладзіслаў Галубок
1913 год
Вясковые астраномы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На кермашы.

На шырокім шляху, каля хаты сядзельца, і справа, і злева гусьцінька стаялі падводы, прыехаўшые на кермаш.

Як машына чэкае званка, так усе гаспадары, вышоўшы посьлі абедні с цэрквы, чэкалі той хвілі, калі пан сядзелец атчыне дзьверы і задаволіць їхняе жаданьне прагнаць сьмягу.

Але, як на ліха, дзьверы не краталіся, а сьмяга горш і горш данімала ўсіх.

— Што за ліха? — пыталіся адзін у другога селяне, — час прайшоў, а дзьверы замкнуты. Захварэў ён, ці што? —

Маруднасьць сядзельца грызла ўсіх, а больш маркоціўся шчыры прыхільнік бутэлькі, Міхась Чорнагуз.

Седзючы на возе нідалёчка ля дзьвярэй, ён з ніспакою дзесяты ўжо раз пірасьлібізаваў вывеску, піралічыў колькі было літэр на ей, і нарэшце пачаў лічыць дошкі у футраных дзьверах.

Толькі справіўся піралічыць у ваднэй палавіне і перайшоў да другой, аж бач яна са скрыпам адчынілася і апоўзлая хфігура сядзельца паказалася ў дзверах.

Як апарэны сарваўся з возу Міхась і пабег у манапольку, а за ім як авечкі і другіе. Дзьверы не зачыняліся. Адзін вылазіў, а на яго мейсцэ дзесяць старалася ўлезьці і сядзелец, хістаючыся з боку на бок, ледзьве упраўляўся піраймаць трудавыя капеечкі, выдаючы за їх уселякіх гатункаў бутэлькі.

Усе стараліся — і сядзелец і селяне. Было відаць, як кожны вылазіў з дзьвярэй упацеўшым, моцна сьціскаў у руках шкляннога шчупака і з давольным відам адыходзіў к возу. Тут ён аткурковываў бутэльку, стукаючы даланёй у дно, і папіваў з яе, задзёршы галаву.

Ажыўленьне расло. Селяне, пазьбіраўшыся гурткамі ля вазоў, віталіся, жычылі адзін аднаму лепшых варункаў у жыцьці, абнімаліся, а дзе дык і ва̀дзіліся. Недалёчка ад усяго гэтага сядзелі двое убогіх. Затаіўшы у сэрцы жуду, цярпліва сядзелі яны пад дуплявай бярозай і сьпевалі Лазара, падцінаючы на лірэ.

Але пабожнае настраеньне ад їх скора уцякло, як прыблізіліся да їх вясёлые, добра лыкнуўшые, малайцы.

Шкода їм стала калек. Вось адзін з їх вывалак на волю бутэльку, што коса пагледала з кішані у неба, і ну трактаваць лірнікаў.

Сьціхла песьня; замоўкла ліра. Конаўка піраходзіла то з рук сляпога ў рукі храмога, то на адварот, аж пакуль у ей асушылося дно.

— Ну, братцы! — адазваўся Паўлюсь, — цяпер рэжце лявоніху, хто з вас майстар. Каліж пагуляць, як ні сягоньня? —

Сьляпы хоць і добра дзюбнуў, але доўга не здаваўся на просьбы хлапцоў, а посьле махнуў рукой, бардзей закруціў корбу, залапатаў клявішамі і вясёлая лявоніха заступіла мейсцэ Лазара. Дзяцюкі не дрэмалі і пусьціліся скакаць, падхапіўшы с сабой храмога старца, што стаяў без работы у старане.

Той ні спрэчаўся. Трымаючыся за плячо Міхася, ён як конь круціў пакрыўленым задам і прытопываў шырокім, як заслонка, лапцем. Відаць было, што ён стараўся з усіх сіл. Яму хацелася так сама даказаць, што і ён нешта ўмее, асабліва тады, як выпье.

— Калісь я ня гэткія танцы ўваліваў на гульбішчах, — хваліўся ён, абціраючы выступіўшы на лбе пот.

Сьляпы, лупаючы патухшымі вачыма, бардзей завіхаўся круціць корбу, атбіваючы тахт нагой і радуючыся ў сэрцы, што хоць на астатку жыцьця, а трапілася гульнуць з добрымі людзьмі, што не пачураліся їх, бяздольных калек.