Перайсці да зместу

Апаведаньня (Галубок, 1913)/«Журавінка»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На вясельле «Журавінка»
Апавяданьне
Аўтар: Уладзіслаў Галубок
1913 год
Як Сымон у воласьці выкруціўся
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Журавінка».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




«Журавінка».

Аж дзіваваліся людзі, як жаніўся наш Рыгор: сам вялізарны, сутулаваты, як крук, а маладзіцу браў маленькую, чырвоненькую, бытцам журавінку. Вясельле згулялі, як сьлед, — ну і жылі сперша нішто.

Толькі ў скорасьці наш доўгі Рыгор са сваім сутулам стаў неяк цянець і гнуцца на перад, — с крука зрабіўся, як вуда, і с твары пачаў чарнець, а жонка «Журавінка» круглець… Бачыць яна, што мужык хірлее і слабее, дай і сама хвост аткінуць: — стала крэктаць і жаліцца на нейкую хваробу. Па сабе Рыгор не бедаваў, але за жонку спалохаўся, так ужо моцна ухляпаўся ў яе. Кінуўся туды-сюды: курыцу, пеўнем што пяе, дастаў; пашаптух і блізкіх, і далёкіх запрасіў; уселякае зельле гатавалі, палілі, курылі; качалкі праз вакно кідалі — і чаго не рабілі — не памагала. «Журавінка» — журавінкай: як на балоце узросшы, разбохалася, але паправы німа.

Ажно надарыўся нейкі стары знахар; Рыгор бух яму ў ногі: так і так, кажэ — ратуй маю «журавінку», — апошні хвост[1] прадам!

Знахар палядзеў, памацаў хворую, галавой паківаў: кепска, кажэ, «марматун» у ей; рада адна: лёду насушыць, ветру наскрабаць, камарынага сала назьбіраць і спарыць у бярэсьцяным гаршку, потым мазаць перад агнём грудзі і паясніцу хворай; хвароба пэўне адойдзе, а здароўе верніцца.

Зажурыўся Рыгор, бо не патрапіў гэткую прыправу зрабіць: аж тут жонка і каже: «Не маркоцься, мой ты аздабулечка, сама я лепш ведаю што мне трэба: пяску з мора прыцягні, як рукой усё зьніме».

Паскрабаў мужык патыліцу, паскрабаў, але папёр такі с торбай да мора. Цягнуўся небарака да поўдня, зьнібыткаваўся, прысеў атпачыць крыху, стаў смактаць люльку, — ажно тут надыходзіць даўнейшы яго сусед — Язэп, што пайшоў летась у прымы у другую вёску. Суседзі разгутарыліся, — Язэп і кажэ: «Паслухай ты мяне, Рыгорка, варочайся да хаты, і я с табой пайду і дам рады тваей бабі».

Пайшлі.

Позна вечэрам прывалакліся пад хату. Бачаць агонь у хаці блішчыць. Рыгор зірк у вакно, — ды аж выпрастаўся, як слуп: на стале яешня са скваркамі, бліны, верэшчака, як вір, і брыкалаўка у пляшцы, а побач яго «Журавінкі» сядзіць хлапец — Янка Канцавы…

Скрыгатнуў Рыгор зубамі, заціснуў кулакі, а тут Язэп і шепчэ: «Маўчы, ды лезь у мех, а я пайду прасіцца на ноч».

Ледзь упхнуў Язэп свайго таварыша ў мех, завязаў, успёр на плечы і пасунуўся ў хату прасіцца, каб пусьцілі перэначэваць.

Сперша гулякі ані блізка, але, нешта пашэптаўшыся, згодзіліся. Язэп убіўся ў кут і пачаў мех разьвязываць, тым часам тые за сталом пьюць і ядуць, а «Журавінка» яшчэ і завела: «Нема майго Рыгора, пайшоў па пясок да мора», а Янка, падхапіўшыся ў бокі, падцінае: «тунда, тунда, тундада!» А Язэп с кута і кажэ: ня вытрываю — запяю і я: «А мой жэ ты Рыгору, вылазь з меха на волю, вісіць бізун на сьцяне, дай ты Янку і жане: Янку раз, жонцы два, тунда, тунда, тундада!!…»

Мусіць хочэце ведаць, што было далей? — Вось, не скажу! хіба толькі тое, што наша «вуда́» цяпер стала прасьцей хадзіць, а гладкая скурачка «Журавінкі» пачала моршчыцца…



  1. Скацініну.