Перайсці да зместу

Антыхрыст

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Антыхрыст
Публіцыстыка
Аўтар: Змітрок Бядуля
1919
Крыніца: Звон, 1919.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




(Абразок з натуры)

— Як гэта ён адважыўся гэтак зрабіць, малакасос, паганец! Пры чым-жа мы астанёмся? Хлеб у нас забралі, сыноў забралі, а цяцер яшчэ і Бога нашага забіраюць у нас.

Гэта крычалі старыкі і кабеты каля школы, дзе настаўнік выкінуў сьвятые абразы і прыказаў дзецям Богу не маліцца.

Не фанатызм, а вялікая крыўда аграбленых людзей блішчэла у іх вачох.

— За што гэткіе зьдзекі над намі?

Кулакі былі у іх сьціснуты. Яны гатовы былі на усе, каб адбараніць свае право маліцца Богу.

Настаўнік выйшаў на ганак супакоіць народ:

Таварышы! Гэта я зрабіў вам на карысьць. Гэта вы Богу паншчыну служылі дагэтуль. Бог абаронца буржуяў і духавенства, каторыя вас абдзіраюць да апошняй капейкі.

— А цяпер вы яшчэ спрытней тых абдзіраеце нас да апошняй капейкі!—грымнула грамада.

— Не патрэбны нам прымусы Богу маліцца, вон абразы са школы!—крыкнуў настаўнік.

— А прымусы сьпяваць марсэльезу у школе трэба? А замест абразоу сьвятых, партрэты Леніна і Троцкага павінны вісець? — занепакоіўся народ.—Замест хрысьціянскага Бога, вы нам нейкіх антыхрыстаў тыкаеце! Вон, лайдацтва, малакасос з нашай школы!! Школа на нашые грошы будавалася мы тут гаспадары!

Грамада буйнай хваляй налезла на вучыцеля. Ен троху пабэкау- памэкаў на Бога і змоўк, бо старые бабы замкнулі яму рот сваімі кулакамі...

Потым настаўнік яшчэ крычаў, але ужо не ад праціунасьці к Богу, а проста ад болі -старые кабеты вельмі спрытна церлі яму косьці.

Прайшло колькі дзён, а настаўніка і сьлед прастыў—уцек ад сораму.

А у ваколіцы разнасіліся чуткі, нібы гэта быў сам антыхрыст, прысланы дыябалам муціць вясковых людзей:

Адна старая бабуля сваімі вачыма угледзіла у настаўніка рогі і хвост, угледзіла, як ен апоўначы у пекло паляцеў.

„Гэта быў антыхрыст, ліхо на яго!“.