Антырэлігійныя частушкі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Антырэлігійныя частушкі
Аўтар: Паўлюк Трус
Крыніца: http://exussr.ru/vershy/antyreligiinyya-chastus

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Пад гарой цячэ крыніца,
На гары ды дзве сасны.
Не пайду ў царкву маліцца,
Бо нямашака дурных.

               Селі гусі каля броду,
               Селі-палі на ваду…
               Ой, няма папу даходу, —
               Людзі ў цэркву не ідуць.

Расце мята ў агародзе,
А на градах цвіце мак.
«Багародзіца» не ў модзе,
Прызнаецца сам і дзяк.

               Над ракой стаіць каліна,
               А над возерам вярба.
               У мяне сёння акцябрыны,
               Абышоўся й без папа.

Абыйдуся без крапідла,
Бо не знаюся з «айцом»…
Мяне-ж маці не хрысціла,
Не была я й пад вянцом.

               Вецер вее ды з-за гаю,
               Зацалоўвае зямлю.
               Дзе была царква старая,
               Там красуецца ўжо клуб.

А у клубе — не здзівіцца:
Б’е ад рання да цямна
Жыватворчаю крыніцай
Маладняцкая вясна.