Антон Грыневіч (Грамыка)
Антон Грыневіч Артыкул Аўтар: Міхайла Грамыка 1964 Крыніца: Грамыка, М. Родная пушча: П'есы, вершы, паэмы, успаміны, лісты / Уклад. С.П. Шушкевіч; аўтар прадм. С.С. Лаўшук. - Мн.: Маст. літ., 1987. - с. 371 |
Паўстае ў вобразе высокі стары чалавек, крыху сутулы. Сівая бародка, сівы досыць доўгі волас, «па-тургенеўску» адкінуты на патыліцу. Уся гэтая акуратная сівізна як бы рама да інтэлігентнага выразу твару. Агульнае ўражанне — «народнік» канца мінулага стагоддзя, толькі не ў «чырвонай кашулі», а ў звычайным пінжаку. Размераны спакойны рух — адзнака чалавека, які знайшоў сваю жыццёвую справу і ўпэўнены, што справа гэтая значная, патрэбная, можа, не для кожнага зразумелая.
Ён прыйшоў да нас на кватэру пазнаёміцца бліжэй. Я назаўжды перад гэтым пераехаў з Адэсы ў Мінск, і Грыневічу было, мусіць, цікава... пазнаёміцца.
Памятаю: у руцэ трубачкай складзеныя ноты. У нас у той час не было музычнага інструмента, і «дзядзька» Грыневіч запрасіў да сябе, каб паслухаць народныя песні.
Адна з вулачак напалову драўлянага ў той час Мінска, звычайны ашалёваны дамок. Грыневічу ў ім належаў, мусіць, адзін, праўда, досыць вялікі пакой: з вокнамі ў сад, з нізкай столяй. Амэбляваны небагата, але чыста прыбраны, пакой гэты сумяшчаў спальню, кабінет, сталовую. Галоўная рэч у ім — фісгармонія. Гаспадар пачаставаў чаем з чайніка, які прынёс з кухні, і хутка сеў да фісгармоніі. Паліліся гукі адной, другой векавой народнай песні... А вось і свае ўласныя творы на словы беларускіх паэтаў. Якіх паэтаў, якія песні? — не захавала памяць. Захаваўся праз гады толькі воблік старога, які жыў усёй сваёй духоўнай істотай у народнай стыхіі, што вылілася ў форме музычных песенных гукаў. І колькі трэба было самаадданай любові да свайго народа, каб ад краю да краю, па вёсках, слабодках і выселках, дзе пешкі, дзе на коніку, які рыссю сяк-так трасе калёсы, аб’ехаць, абысці Беларусь, і час ад часу спыняцца ў хаце ці на прызбе, і слухаць, слухаць, занатоўваць спевы працы і змагання, спевы радасці і гора!
А па звароце ў горад падсесці да фісгармоніі і пачаць прыводзіць у парадак сабранае.
Не памятаю каля старога ў яго кватэры жаночага вобліку, «падругі дней суровых» ці дачкі... Здавалася, жыве дзядзька Грыневіч адзінотай... Ці ж так? А творчая радасць? А душэўная блізкасць да народа?
Аб далейшым лёсе і канцы жыцця гэтага выдатнага дзеяча беларускай культуры, збіральніка песеннага фальклору я не ведаю.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.