Перайсці да зместу

Антонавае няшчасце

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Антонавае няшчасце
Апавяданне
Аўтар: Леанід Рудніцкі
Крыніца: Беларусь № 48 — 13 лістапада 1919
У дужках // варыянты прачытання

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




— Ай, татачка, гусак мяне за язык укусіў!

Хлопец уціраў слёзы кулаком, ледва вымаўляючы словы: відаць, добра яму гусак пашкодзіў. Бацька не верыў.

— Ну, што ты брэшаш? Як-то можна?

— Ды не, сапраўды,— равеў хлопец; — я падышоў, язык высалапіў, пачаў дражніцца, а ён і ўкусіў.

— Во, ліха яму, — сказаў бацька, жалеючы сына, але не перастаў сумлявацца.

— Ды як гэта ён мог укусіць за язык? Здаецца мне, што ты вымышляеш.

— Гы-ы-гы,— плакаў сын,— а вы самі папробуйце, калі не верыце

— Ну, ціха, ціха, дзетухна, во ўжо мы дадзім гэтаму гусаку: будзе ён помніць, як кусацца за язык.

Цікава было Антону, як гэта птушка мела столькі розуму, каб ухапіць проста за язык, ды гэтак пакараць хлопца. Каб уціхамірыць сына, лёг Антон на бервяно і пачаў дражніцца з гусаком.

— Во, толькі ён падойдзе,— кажаць,— дык тагды ўжо мы яму дадзім.

Ён і сам высунуў язык. Тым часам гусаку гэта камэдыя не спадабалася. Трохі-па трохі падышоў ён да бервяна, і не ўспеў Антон схаваць свайго языка, як гусак моцна ўляпіўся за язык, ледва яго не вырваў.

Антон аж заплакаў. Ён цяпер толькі паверыў свайму сыну, што ён не брэшаць.

— Во, трасца яго матары,— вылаяўся Антон,— дык ён і запраўды можа чалавека за язык укусіць.

Ён пагнаўся за гусаком, але ўжо гэта не трэба было: хлопец саўсім супакоіўся і рагатаў цераз слёзы, бачучы, як бацька лаяўся ды не мог ачухацца ад болю.

Гэта было ўжо даўно, але цяпер успомнілася Антону. Калі ж то было? Колькі год прайшло з тых пор! Тагды сын быў хлопцам, а цяпер вырас, і яго ўзялі на вайну. Ужо шмат народу з’ела вайна. Шмат было ахвяр вайны. Антон ахвяраваў свайго сына. Адзін ён быў у бацькі і маткі і таго ўзялі. А цяпер, во, і немец быў недалёка. Грымелі гарматы, як гром. Усё бліжэй ды бліжэй ён падходзіў. У вёсцы цэлы дзень быў гром і гул. Бывае ціха, а то калі як загрыміць, дык так і не перастае праз ноч.

Зажурыўся бацька па сваім сыне. Сапраўды, і жонка журбу наганяла на Антона.

— Ну, ча ўжо, ча? Завыла, як воўк! — казаў Антон. — Тута і так журба вялікая, а ты выеш, падбаўляеш суму.

Жонка хліпала.

— Як жа не выць? Адзін сыночак, як перст, і таго ўзялі. А што, як заб’юць? Што тагды будзе? — І яна горш усхліпавала ды прычытывала.

— Дужа ты стала плаксіва, — казаў Антон, — во, вернецца, вайна сціхне, тагды не будзеш плакаць. Бог міласцівы. Няўжо ж апошняга сына не стане. Не можа таго быць.

А ў самога сумна на душы.

Дзе ўжо жонцы сцярпець. Яна горш сумуе ды прычытывае па сыне, як па нябошчыку.

— Ах, ты, мой сыночку! Дзе ж ты цяпер застаўся? Ці я ж цябе не радзіла? Ці я ж цябе хлебам не карміла? Ці я ж цябе малаком не паіла? Сама не ела ды табе апошняе аддавала.

— Ізноў завыла, цьфу! — пляваўся Антон, выходзіў з хаты ды курыў махорку.


II.

Раз прышоў салдат у вёску з места і сказаў, што іх сын цяпер праездам у месце пражывае, і пісульку перадаў. Матка паехала. Пабачыла сына. Тагды і Антон захацеў пабачыцца з сынам, ды яшчэ і другія справы былі ў яго ў месце.

Паехаў ён, але сына не застаў: з эшалонам сын некуды далёка паехаў.

Мягкае сэрца было ў Антона. Сумна стала яму на душы. Успомніў ён, як і ў яго быў бацька колісь і матка, ды даўно памерлі /памёрлі?/. І патрэта ніякага ў Антона няма ні бацькі ні маткі. У арандатара Антон бачыў раз партрэт яго бацькі і дзівіўся яму.

Памысліў Антон цяпер

— А што, каб у мяне быў патрэт майго бацькі, як жывы, вісеў бы на сцяне.

Прышла яму ў галаву цікавая думка. Тута ў месце жыў яго знаёмы „жывапісец і маляр“, як значылася на вывесцы. Ён купляў у Антона і бульбу, і муку, і сала. Ці не напіша ён патрэта Антонавага бацькі?

Так памысліўшы, Антон звярнуўся к гэтаму „жывапісцу і маляру“ і пачаў яго прасіць:

— Ну, паночку, напішэце мне партрэт майго бацькі нябошчыка. Няхай ён, як жывы, у мяне ў хаце будзе вісець.

— Як жа я табе напішу, браціку мой, — здзівіўся жывапісец: — каб ён быў жыў, дык я б яго і спісаў з натуры, а так ніяк няможна.

Антон усміхнуўся.

— Ну, як жа няможна? На то ж вы вучоны чалавек. Напішэце, паночку — ізноў пачаў прасіць Антон.

— Ды я ж яго не бачыў ніколі, я ж не ведаю, які ён быў.

— Ну, ведама які і стары, сівы, з лысінай, з барадой, — ведама мужык. Напішэце, паночку, а я вам ужо бульбы, ці чаго захочаце, прывязу.

— Ну, добра, — кажаць жывапісец, — я ўжо табе напішу. Дык, кажаш, сівы быў твой бацька?

— Але, паночку, сівы.

— І з лысінай?

— Але, і з лысінай. Добрая была лысіна. Толькі па краёх былі валасы.

— Ага, а якія ж у яго былі вочы?

— Ну, ведама, вочы. Ён сляпы не быў. Трохі падслепават быў, але бачыў да смерці.

— Так, — кажа жывапісец, — а барада якая была?

— Ведама і барада была, кажу паночку, і вусы, — усё, як следавала было.

— Ну, добра, дык я ўжо напішу партрэт, а толькі вы мне ўжо бульбы прывязеце.

Яны ўгаварыліся і пра бульбу і пра тое, што партрэт будзе саўсім гатовы цераз два дні.

Праз гэты час і прыехаў Антон па партрэт ды прывёз бульбу.

Прышоў да жывапісца.

— Ну, як, паночку, партрэт майго бацькі?

— Партрэт гатоў, — кажа жывапісец, — ось пабачыце. Калі спадабае, дык і бярэце.

Ён прынёс патрэт.

— Гэта я напісаў маслянымі хварбамі.

Ён паставіў патрэт на падстаўку.

Антон доўга разглядаў гэты патрэт. Ён, запраўды, убачыў мужыка некага і з барадою, і з вусамі, і з лысінай, але дужа худога.

У Антона і ў мыслі не было сумлявацца, што гэта не напэўна партрэт яго бацькі. Ён бачыў перад сабою бацьку, а што ён яго не прызнаваў, дык віною таму было тое, што ён запомніў, які быў яго бацька.

Так ён мысліў, ківаў галавою і з вялікаю жаллю казаў, разглядаучы /?/ партрэт:

— Але і змяніўся ж ты, але ж і пахудаў. Ці жарты гэта? Каб мне сказалі, што гэта мой родны бацька, дык бы я і не прызнаў цябе! Ды й не дзіва, колькі год прайшло, як мы не бачыліся.

Асцярожна художнік закруціў партрэт у паперу і перадаў яго Антону, а астаўшыся адзін, ён аж рукі пацёр ад радасці, ды ў душы пасмяяўся над сваім заказчыкам.


III.

Не дужа шмат тыдняў прайшло, а немец тым часам наступаў. Даждаўся Антон з жонкай і таго, што яго вёска апынулася пад абстрэлам. Тут з Антонам прыдарылася няшчасце. Не мог ён вытрымаць гуку гармат, сядзеў, як каменны ды нічога не разумеў. Тагды пабег з хаты. Жонка пабегла за ім, клікала яго, а ён усё бег ды бег, усё далей і далей. Калі ён быў каля ракі, разарваўся знарад, узрушыў зямлю і закапаў Антона зямлёю. Збегліся людзі на крык Антонавай жонкі. Адкапалі Антона хутка, бо неглыбока засыпала яго зямлёй.

Як прышоў Антон да памяці, дык усе ўбачылі, што з ім нешта некае зрабілася. Сядзеў ён на зямлі і нікога, як быццым не бачыў.

Жонка да яго:

— Антоська! Што з табою?

Антон глядзіць і вачмі дзіка паводзіць.

Антоська! Радзімы! Ну, ты ж паглядзі на мяне. Гэта я, Параска, твая жонка. Ну, пойдзем да хаты.

Глядзіць, як акамянелы.

Спужалася жонка і загаласіла, прычытываючы:

— А, Божа ж мой, Божанька! А Антонічка ж мой, Антонічка! А што ж гэта з табой зрабілася?

Антон усміхнуўся, шаптаў нешта сам сабе ды дзіка глядзеў па бакох.

Крыкнула на ўвесь голас Параска, затраслася ўся і, як падкошаная, звалілась на землю.

Антон нічога не сказаў, толька дзіка зарагатаў.

Усе пазналі, што ён розум загубіў. Жонку адлілі вадой. Павялі яе да хаты. Крычала ды галасіла.

Немцаў адагналі адтуль, і яны не былі ў той вёсцы. Антон астаўся без розуму. Лячылі яго ды не вылячылі. Дактары прызналі ў яго слабае памяшацельства.

Што сказаць яшчэ?

Жонка скора памерла /памёрла?/, казалі, ад гора, калі пачула пра смерць роднага сына, што памёр ад раны.

Антона ўзялі ў манастыр. Ён — нічога, працуець батраком, але саўсім без розуму зрабіўся. Во, нясець вядро; вынес, паставіў ды глядзіць на вялікі будынак манастырскі, на той верхні этаж /атаж?/, што настаяцель жыве. Глядзіць, як дурны на вакно настаяцелевай кватэры, а вакно адчынена.

— Чаго ты нешта ўгледзеўся? — пытае манах, убачыўшы Антона.

Тагды Антон пачынае на ўсю моц крычаць:

— Сала мне, сала! Дайце мне сала!

— Чаго ты — крычыш? — адзываюць яго.

— Гы-гы, усміхаецца Антон, ды яшчэ горш пачынае /начынае?/ крычаць:

— Сала мне! Сала!

І ніхто не ведае, чаго ён крычыць пра сала. Ці мо ён галодны, ці можа яму сала не давалі. Вядома чалавек загубіў розум, дык і крычыць тое, што яму ў галаву прыдзе.

Так судзяць пра Антона і лічаць яго за дурня; і ніхто не ведае, чаму ён стаў такім, бо і сам Антон ніколі і нікому пра сваё гора не кажаць і не можа казаць.


2 лістапада 1919 году.

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.