Перайсці да зместу

Амок (1929)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Амок
Раман
Аўтар: Янка Маўр
1929 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Асноўныя факты і матэрыялы, на якіх пабудавана гэтая кніга, атрыманы намі непасрэдна з Явы і Голяндыі ад нашых таварышоў-эспэрантыстых.

Найноўшую літаратуру паведаміла «Научная Ассоциация Востоковедения при ЦИК СССР» у асобе вучонага сакратара т. Мышкоўскага, якому прыношу шчырую падзяку.

Апрача таго, выкарыстана ўся ранейшая літаратура і артыкулы ў розных газэтах і часопісах (у тым ліку і замежных).

Хоць і немагчыма было сабраць усе патрэбныя матэрыялы, хоць часам і адчуваўся недахват іх, але ў кожным разе ў кнізе сабрана сапраўдных фактаў (нават у дробязях) значна болей, чымся можа дапусьціць кожны чытач.

Аўтар.

Студзень 1927 г.
Кастрычнік 1928 г.
Менск.



*
Al proletaj esperantistoj, —
dank’al kiuj oni povas de malproksime
multon vidi kaj aŭdi.
*

Частка першая

[правіць]

ЧАСТКА ПЕРШАЯ


КАМУ — ПРЫГОДЫ,

КАМУ — БАРАЦЬБА


I. ТАМ, ДЗЕ КАЛІСЬЦІ ГРУКАТАЎ КРАКАТАУ.

У Зондзкай пратоцы. — Кракатау. — Напад на ваенны карабель. — Хто каго: машына ці вецер? Сьмелы мічман. — Чорныя і белыя. — Карабель захоплены. — „Справядлівы“ суд.

Невялікі голяндзкі ваенны карабель «Саардам» набліжаўся з поўначы да Зондзкай пратокі. З левага боку — Суматра, з правага — Ява паступова пасоўваліся ўсё бліжэй і бліжэй, нібы намерваліся зусім загарадзіць дарогу.

— Апусьціць парусы. Узмацніць пару! — загадаў капітан.

«Саардам» мог зьмяшчаць 2.000 тон грузу і быў прыстасаваны так, што мог плысьці і пры дапамозе ветру, і пры дапамозе пары. Пакуль ён быў у шырокім моры, ён карыстаўся парусамі, а цяпер у вузкай пратоцы, дзе вецер кожную хвіліну зьмяняў свой кірунак, парусы толькі перашкаджалі-б. Ды пад вечар і наогул вецер пачынаў сьціхаць.

— Значыцца, заўтра раніцою будзем у Батавіі, — сказаў лейтэнант Брэнд: — засталося толькі 200 кілёмэтраў.

— Няпрыемна толькі ісьці ўначы ў гэтым вузкім калідоры, — нахмурыўшыся сказаў капітан.

— Глупства! — весела адказаў Брэнд. — Мы-ж, можна сказаць, ужо дома, дарогу ведаем. Праўда, стары? — зьвярнуўся ён да боцмана Гуза, які стаяў побач і ссаў сваю неразлучную люльку.

Той, не сьпяшаючыся, выняў з рота люльку, плюнуў у мора і сказаў:

— Завяжэце мне вочы і я бяруся ў такім стане давесьці вас да Батавіі.

Праўду кажучы, і сам капітан ведаў, што ніякай небясьпекі ня можа быць. Сказаў ён гэта так сабе, па прывычцы, як адказны гаспадар, які павінен усё прадугледзець.

«Саардам» вёз у Батавію зброю: сотню кулямётаў, тысяч 30 вінтовак і адпаведную колькасьць іншых ваенных прыпасаў. Чатыры гарматы і 60 чалавек каманды складалі яго абарону.

Але аб небясьпецы ніхто і ня думаў, нават само начальства.

Ну, хто мог пагражаць дзяржаўнаму ваеннаму караблю ў моры?

Ці ня гэтыя вунь няшчасныя падняволеныя рыбакі, чаўны якіх відаць навакол у розных мясцох? Зразумела, такая думка не магла нікому прыйсьці ў галаву ў пачатку 1926 году.

Палова каманды складалася з салдат-тубыльцаў, набраных з розных выспаў і вымуштраваных ня горш ад голяндцаў. Тут былі і з Суматры, і з Борнэо, і з Цэлебесу, але большасьць была з Явы. Убраныя ў вайсковае адзеньне, яны мала адрозьніваліся ад белых; толькі колер ix цела быў або жаўцейшы, або цямнейшы.

Сярод іх вызначаўся баліец (з выспы Балі, на ўсход ад Явы) Салул, высокі, худы, з гаручымі вачыма. Дзесяць гадоў назад ён неяк трапіў на сталую работу ў ваенна-морскія майстэрні ў Сурабайі. Праз некалькі год ён ужо лічыўся кваліфікаваным рабочым і цяпер на «Саардаме» быў прызначаны па сваёй спэцыяльнасьці.

Як добры гаспадар, ён увесь час хадзіў па караблі, усё разглядаў, кратаў; там прыстукне, там падправіць. Начальства толькі цешылася, гледзячы на яго.

Тымчасам «Саардам» абмінаў некалькі голых выспак, сярод якіх адна была асабліва цікавая. Яна выглядала, як звычайная верхавіна гары, але з аднаго боку яна была нібы адсечана зьверху ўніз. Пасярэдзіне засталося паглыбленьне, нібы калісьці з-пад зямлі тут ішоў ход.

— Кракатау! — пачуліся галасы, і ўсе сталі глядзець на гару з нейкай асаблівай увагай.

Голая скала, бяз ніводнай зялёнай расьлінкі, была мертвая. Толькі некалькі чаек кружыліся над ёй. Вада ціха хлюпалася пад гарою. Здавалася, нейкая цішыня і супакой ішлі ад гары і захаплялі людзей.

— Хто-б мог падумаць, — прамовіў лейтэнант, — што гэта ціхая скала загубіла 40.000 людзей і зьнішчыла некалькі гарадоў? Шчасьлівец Гуз, здаецца, сам бачыў гэтае цікавае зьявішча? — зноў зьвярнуўся ён да боцмана.

Люлька Гуза задымілася яшчэ мацней. Відаць было, што ён перажываў жудасныя ўражаньні.

— Нікому не жадаю я такога шчасьця, — сказаў ён, сьціснуўшы зубы і ня вымаючы люлькі з рота.

— Раскажы, раскажы, як была справа! — пачалі прасіць з усіх бакоў.

Гуз засоп яшчэ болей, потым вынуў люльку з рота, вытрас яе аб борт, схаваў у кішэню і павольна пачаў:

— Мне было тады гадоў пятнаццаць[1]. Мы жылі вунь там у Анжэры. Ля гэтай выспы мне прыходзілася раз праяжджаць. Яна тады займала плошчу ў тры разы большую за цяперашнюю, але на ёй і тады ніхто ня жыў.

Ведалі мы, што гэта вулькан, што гадоў 200 назад ён дзейнічаў, што ў ім ёсьць тры невялікіх кратэры на 3-4 кілёмэтры адзін ад аднаго, але аб гэтым ніхто ня думаў, бо такіх вульканаў на адной толькі Яве ёсьць аж 121[2].

І вось аднаго разу Кракатау прачнуўся. Пачуўся грукат, над кратэрам падняўся воблачны слуп, як потым казалі, на 11 кілёмэтраў у вышыню. Уначы ён зьзяў праменьнямі; усё гэта мы маглі наглядаць з Анжэра, хоць ад нас да вулькану было 60 кілёмэтраў. Праз некаторы час пасыпаўся попел і ўкрыў зямлю і дрэвы нібы сьнегам.

Праз некалькі дзён стала цішэй; потым зноў пачалося. Так цягнулася тры месяцы. Мы прызвычаіліся, не непакоіліся і былі вельмі задаволены, што ён знаходзіцца далёка ад нас, у моры, і нікому ня можа пагражаць.

Але 26 жніўня ля поўдня пачуўся такі грукат, што мы не маглі чуць голасу адзін аднаго; зямля затрэслася, дамы абвальваліся. Над кратэрам быў ужо слуп у 30 кілёмэтраў вышынёй. Потым стала цёмна. Мора разбушавалася. Хвалі рынуліся на зямлю і зьнесьлі палову нашага гораду і некалькі вёсак. Наш дом застаўся.

Зьверху ўвесь час сыпаўся попел. Часам даляталі гарачыя каменьні. Зямля дрыжала без перапынку. Цемра была такая, што ў двух кроках нічога ня было відаць. Сярод гэтага пекла разгулялася навальніца. Хвалі ўсё напіралі, але яны былі густыя, ліпучыя ад попелу. Здавалася, што і неба, і зямля, і вада перамяшаліся. Дождж, зьмяшаўшыся з попелам, падаў на зямлю горачай гразьзю.

Зразумела, народ быў упэўнены, што прышоў канец сьвету. Людзі беглі, куды вочы глядзяць, натыкаліся ў цемры на дамы, дрэвы, падалі і тапіліся ў гарачай гразі.

Кажуць, што гэтая цемра цягнулася 18 гадзін, але для нас усіх гэта была цэлая вечнасьць. Усе, хто мог, уцякалі далей ад берагу, да ўзвышшаў. Спробвалі і мы, але зараз-жа пераканаліся, што тады будзе яшчэ горш. Па пояс у гразі, у цемры, усёроўна нельга было уцячы. А наш дом быў на самым высокім месцы і мы парашылі нікуды не уцякаць. Шмат суседзяў таксама сабраліся да нас.

Вось скончылася бура, праз жоўты туман крыху засьвяціла сонца. Усе мы аж закрычалі ад радасьці: скончана! выратаваліся! Але раптам пачуўся такі грукат і ўздрыг, што ўсе мы паваліліся на зямлю, а праз хвіліну я ўбачыў такое зьявішча, якога ніколі не забудуся.

На нас ішла гара, цёмная, рудая, а на яе верхавіне — карабель…

Гуз змоўк і палез за люлькай. Маўчалі і іншыя. З левага боку пасоўваўся Кракатау і рабіў выгляд, што ўся гэта гісторыя яго не датычыцца…

— Ну, а як-жа нарэшце ты выратаваўся?

— Ня ведаю. Калі я апамятаваўся, дык ляжаў на ўзгорку кілёмэтраў на шэсьць ад дому, ля мяне ляжаў дах ад нашага дому, а на сто крокаў далей — разьбіты карабель… Уся мая сям’я загінула. Ды і наогул з нашага горада засталося жывымі чалавек пятнаццаць.

І Гуз адышоў убок. Відаць, яму не хацелася больш аб гэтым казаць.

Мы можам дадаць, што марскія хвалі ад гэтага выбуху дакаціліся праз 15.000 км. да Амэрыкі, а грукат людзі чулі за 3.400 км. На дзесяткі кілёмэтраў навокала пласт попелу[3] дасягаў 20-40 мэтраў таўшчыні. У моры ён плаваў наверсе некалькі дзён, як лёд, у 2 мэтры таўшчыні, пакуль не пашоў на дно. Адзін карабель 6 дзён сядзеў у гэтай кашы, а пасажыры ледзь не памерлі з голаду.

Зразумела, пабярэжжа Суматры, асабліва-ж Явы, як ніжэйшае, — было зьнішчана дашчэнту. Заместа гарадоў, вёсак, палёў, лясоў зрабілася мешаніна з рэчаў, жывёлы, людзей, расьлін і гразі.

Праз некалькі месяцаў у Эўропе, таксама ў іншых мясцох зямлі, заўважылі, што перад захадам сонца неба прыймае нейкі асаблівы зялёны колер, нібы сонечны сьвет праходзіць праз пыл. Вучоныя растлумачылі, што гэта і ёсьць пыл ад Кракатау, што ўзьняўся на вышыню ў 60-70 клм.

«Саардам» ішоў далей. Кракатау застаўся ззаду. За ім пашлі другія выспы, маленькія, нізкія.

— Гэтыя выспачкі парабіў Кракатау, — сказаў лейтэнант. — А вось там далей ляжыць значная і людная выспа — Сэбезі, дык на ёй тады загінулі ўсе чыста жыхары.

Гэтыя ўспаміны ды жывыя і мёртвыя сьведкі жудасных падзей зрабілі ўражаньне на ўсю каманду «Саардаму». Нават ніхто не заўважыў, як зрабілася цёмна. Ды і наогул пад зваротнікамі ноч заўсёды надыходзіць неяк раптоўна, адразу, бяз змроку. Пакуль сонца сьвеціць — дзень, а як толькі зайшло — адразу цёмная ноч. Карабель быў якраз на экватары, дзе ўвесь год сонца ўзыходзіць акурат а 6 гадзіне і заходзіць таксама а 6 гадзіне.

Карабель асьвяціўся агнямі і накіраваўся бліжэй да явайскага берагу.

У самым вузкім месцы Зондзкай пратокі, якраз пасярэдзіне яе, ляжыць выспа, якой дадзена вельмі цікавая назва: «Поперак Дарогі».

— Можа, гэты самы Кракатау наўмысьля зрабіў гэту выспу поперак дарогі? — пажартаваў малады матрос.

— Не, яна тут была заўсёды, — усьміхнуўся Гуз: — Яна ўжо даўно перашкаджае тут усім.

Але, праўду кажучы, скардзіцца на яе ня прыходзілася. З абодвух бакоў яна пакідала вольны шлях, кілёмэтраў 8-10 шырыні.

Заблішчаў маяк з правага боку. За ім мітусіліся слабенькія агні Анжэру. Гуз задуменна глядзеў на свой родны горад, які быў для яго зусім новым, чужым.

— Ты быў у Анжэры пасьля таго? — запытаўся яго малады матрос.

Гуз адказаў не адразу. Выпусьціў з сваёй люлькі некалькі воблакаў дыму і толькі, калі яны зьніклі, — сказаў:

— Быў. Адзін раз. Але гэта ня толькі другі горад, другія людзі, але і зусім другая краіна. Я сябе там адчуваў, нібы нябожчык, які праз 100 гадоў вылез з труны і пашоў сабе хадзіць па горадзе, дзе яго ніхто ня ведае, ды і ён сам не знаходзіць нічога знаёмага.

Вось ужо і Анжэр застаўся ззаду. Сьпераду, крыху лявей, зацямнеўся абрыс «Поперак Дарогі». Бераг-жа Явы трохі завярнуў управа. Там было ўжо зусім цёмна; бераг балотны, бязьлюдны. Белы туман поўз адтуль і засьцілаў дарогу. І толькі далей праз туман ледзь мігалі аганькі Мэрока, гарадка, які знаходзіцца ад Анжэру на кілёмэтраў 25.

«Саардам» сьцішыў ход. Частка матросаў спусьцілася ў свае каюты, рэшта засталася на носе.

Толькі Салул з адным з сваіх таварышоў чамусьці засталіся на карме, пільна прыглядаючыся то да «Поперак Дарогі», то да берагу Явы.

Раптам наперадзе, з туману, пачуліся перапалоханыя крыкі.

— Што там такое? — запытаўся капітан.

— Здаецца, лодка на дарозе, — адказалі яму.

Зычны гудок прарэзаў начную ціш. Але вялізная, нязграбная лодка апынулася перад самым носам карабля. «Саардам» прыпыніўся.

— Прэч з дарогі!!! — закрычалі з карабля.

— Ды яна напалову заліта вадой! — крыкнуў нехта!

І сапраўды, лодка была напоўнена вадой, а ў гэтай вадзе крычалі ад жаху чатыры цёмных чалавекі, чатыры няшчасных тубыльцы.

Капітан раззлаваўся. Ён ужо хацеў закамандаваць «наперад», каб зусім утапіць гэтых «дзікуноў». Хай не становяцца на дарозе. Ня можа-ж быць, каб голяндзкі дзяржаўны ваенны карабель даваў дарогу лодцы гэтых стварэнняў!

Але зараз-жа ў яго зьявілася думка, што гэтая цяжкая вялізная лодка можа таксама пашкодзіць самому караблю. І замест «наперад» — ён скамандаваў «назад». Карабель зусім спыніўся і ціхенька стаў заварочваць, каб абмінуць лодку.

Зразумела, усе людзі на караблі былі зацікаўлены такім здарэньнем. Яны згуртаваліся на носе і ці сьмяяліся, ці шкадавалі гэтых людзей.

Толькі Салул і яго таварыш Барас быццам нічога ня чулі і ня бачылі. Яны нават і ня зірнулі ў той бок, а заместа гэтага чамусьці спусьцілі ззаду ў ваду два канцы вяроўкі і крэпка іх прывязалі. Ніхто гэтага не заўважыў.

Потым яны аб нечым пагаварылі, і Барас хутка пабег уніз.

«Саардам» тым часам абмінаў лодку.

Раптам патухла электрычнасьць.

— Зноў нешта здарылася?! — загрымеў зьверху голас капітана: — Расстраляю! Зараз-жа паправіць і пакуль што запаліць ліхтары! Каб сьвет быў праз адну хвіліну!

Хоць ліхтарні былі заўсёды падрыхтаваны, але на гэты раз іх чамусьці або ня было на сваім месцы, або яны былі папсаваны.

Паднялася сумяціца. Людзі бегалі на палубе, шукалі, крычалі, запальвалі запалкі, але ніякага толку не было.

Капітан ад зьдзіўленьня і абурэньня нават крычаць ня мог; некалькі хвілін ён стаяў, як скамянелы і ня верыў сваім вачом і вушам.

Як?! На ваенным караблі, уначы, у моры, побач з чужымі людзьмі такі непарадак, цемра, гармідар! Дык за гэта-ж трэба расстраляць усю каманду і яго самога разам з імі!

— Што гэта такое? Тут-жа ж чужыя!! Да зброі! — пачуўся голас лейтэнанта. Але зараз-жа ён адчуў страшэнны ўдар па галаве і зваліўся няпрытомным.

— Нікога тут з чужых няма, — сказаў спакойна Салул, — зараз будзе сьвет.

Але на палубе тым часам пачало тварыцца нешта незразумелае: барацьба, крыкі, тузаніна.

— Здрада! Баранецеся! — зноў пачуліся галасы, — і па ўсім караблі, у цемры, пачалася бойка. Праклёны, грукат барацьбы, злосны рык або сьмяротны хрып. Вось некалькі разоў плюхнулася вада за бартом; невядома толькі, ці па сваёй ахвоце кінуўся ратавацца чалавек, ці яго выкінулі.

Капітан з стырнікам былі адны на сваім мосьціку. Яшчэ пры першым крыку лейтэнанта, капітан выхапіў рэвольвэр і даў сыгнал:

— Трывога! Усе наверх!

Але ніякіх вынікаў яго загад ня меў. Ніхто зьнізу ня прыбег, і барацьба ішла сваім парадкам. Пачуліся некалькі стрэлаў, але толькі некалькі. Капітан адразу сьцяміў, што гэты непарадак можа загубіць іх. Трэба было, чаго-б гэта ні каштавала, сабраць сваіх у адно месца. Ён стрэльнуў з рэвольвэра і крыкнуў:

— Зьбірацца сюды, да мяне!

Ён ужо бачыў, што адбываецца нейкі напад, але хто нападае і колькі іх? Апрача тых чатырох тубыльцаў нікога, здаецца, ня было відаць. Няўжо-ж гэта толькі яны? А калі не, дык хто яшчэ, адкуль і як?

Але разважаць ня было часу. Ва ўсякім разе было відаць, што нападае шмат людзей.

На палубе пачало тварыцца нешта незразумелае.

— Сьвету, сьвету хутчэй! — зноў закрычаў капітан праз трубу, уніз, да механіка.

І зноў адказаў яму спакойны голас Салула: — Зараз, зараз, капітан!

Тымчасам рэшта каманды сабралася ў адно месца, пасярэдзіне, і адбівалася, чым папала. Ужо відаць было, што навакол вялікі натоўп чужых ворагаў. Можна было ўжо страляць у іх, не баючыся трапіць у сваіх.

— Дзе-ж ваша зброя, лайдакі вы, здраднікі! Чаму не страляеце? — крыкнуў ён да сваіх салдат і пачаў сам страляць у варожы натоўп.

Тады адтуль пасыпаліся кулі ў яго, — і праз хвіліну капітан захістаўся, паранены ў руку і ў бок.

Тады запаліўся сьвет і асьвятліў карабель. Тое, што ўбачыў капітан, зьдзівіла яго больш, чымсь кулі.

Уся палуба была занята тубыльцамі розных колераў ад чорнага да жоўтага. Іх было чалавек 60. Некаторыя апрануты, як і кожны белы, іншыя толькі ў штанах, а шмат і зусім голых, апрача маленькага хвартуха. Чалавек 20 трымалі напагатове стрэльбы, а рэшта мелі ў руках крысы (крывыя кінжалы). Наперадзе, як начальнік, стаяў Салул з лейтэнантавым рэвольвэрам у руцэ, а побач з ім 6 чалавек салдат з уласнай каманды «Саардама» ва ўсёй голяндзкай «каралеўскай» форме і пры зброі. Зразумела, салдаты гэтыя былі з тубыльцаў.

Побач сядзеў на палубе лейтэнант, які толькі што ачуняў і пазіраў навокала, не разумеючы, што гэта робіцца. У іншых мясцох ляжала чалавек пяць салдат, нібы забітых, і між імі два з нападаўшых.

А ля мастка зьбіліся ў гурток апошнія абаронцы, у ліку 15-20 чалавек, з якіх толькі 2-3 мелі зброю.

— Здраднікі! Што вы робіце? Вас-жа ж расстраляюць, як сабак! Пакайцеся, пакуль ня позна. Я абяцаю, што прынамсі хоць жыцьцё вам даруюць, — зьвярнуўся капітан да «сваіх» здраднікаў-матросаў.

Яны толькі засьмяяліся ў адказ, а Салул сказаў:

— Ведаем мы вашыя абяцаньні. З другога-ж боку нам зусім няма ахвоты каяцца, бо мы робім добрую справу, сьпіхаючы гаспадароў, што сядзяць на нашым карку.

Ад гэткай абразы капітан рвануўся, хацеў зноў ухапіцца за рэвольвэр, але не хапіла моцы. Галава закружылася, і ён апусьціўся на зямлю.

Унізе тымчасам заставалася. чалавек 30-35 народу. З самага пачатку нападу люкі[4] былі крэпка зачынены і замацаваны, і палова каманды засталася ўнізе ў палоне. Яны чулі, што наверсе ідзе бойка, чулі тупат, грукат, страляніну, але нічым не маглі памагчы, хоць і зброі ў іх было больш, чым патрэбна.

Яны маглі-б перагаварвацца праз слухавую трубу, якая ідзе з машыннага аддзяленьня да капітанскай будкі, але цяпер ня было каму з імі размаўляць.

Тады яны пачалі стукаць і ламаць сілком люкі, але гэта была безнадзейная справа. Апрача таго, яны добра ведалі, што там наверсе хапіла-б і двух чалавек, каб справіцца з усімі імі, калі-б яны пачалі высоўваць галовы праз люкі. Гак яны і прымушаны былі чакаць, пакуль іх лёс вырашаць там наверсе.

Больш паловы з іх былі тубыльцы. Яны мелі асобнае ад голяндцаў памяшканьне і заўсёды адчувалі сябе людзьмі «другога гатунку». Але яны былі так выхаваны і так прызвычаены да свайго становішча, што рэдка каму магла прыйсьці думка, што гэта несправядліва. І ўсё-ж такі ў такім нязвычайным становішчы голяндцы ня былі ўпэўнены, што іх «таварышы» будуць іх абараняць.

Тым часам на палубе Салул казаў матросам:

— Вы самі добра ведаеце, што абараняцца вы ня можаце, і зброі ў вас амаль зусім няма, і саміх вас менш чым нас. Здавайцеся хутчэй.

Справа была нагэтулькі ясная, што даводзіць доўга ня прышлося. Тубыльцы і самі хацелі так скончыць справу; толькі страх перад белымі прымушаў іх чакаць, пакуль тыя пачнуць першыя.

Праз хвіліну ўсё было скончана. Здаўшыхся адвялі ў бок і прыставілі варту.

Заставалася палова каманды ўнізе.

Салул падняўся на масток і зьвярнуўся да іх праз трубу:

— Карабель у руках явайскага народу. Каманда на палубе здалася і абязброена. Капітан ранены і патрабуе лекарскай дапамогі. Супраціўленьне з вашага боку немагчыма. Прапануецца вам здацца.

Там сярод голяндцаў, асабліва гарачыўся адзін малады дзяцюк, Мічман ван-Хорк[5]. Ён так і палаў жаданьнем пачаць бойку з «разбойнікамі».

Ён чытаў шмат кніжок, дзе голяндцы заўсёды былі героямі, заўсёды ўсіх перамагалі, асабліва розных там дзікуноў і піратаў. Ён і сам марыў аб такім геройстве, колькі разоў шкадаваў, што яму ні разу ня прыходзілася сустракацца з імі і нават гэтага не прадбачылася, бо ўсё навакол было так спакойна, будзённа і звычайна.

Урэшце, такая хвіліна наступіла, але — на табе: нават выкарыстаць яе нельга, сядзі тут і чакай нямаведама чаго.

За адсутнасьцю больш вышэйшага начальства, якое засталося наверсе, мічман ван-Хорк тут быў галоўным камандзірам. Ён ужо ўяўляў сабе, як са сваімі вернымі салдатамі ён вызваліць карабель, як праславіцца ня толькі на ўсю Голяндыю, але нават і на ўвесь сьвет.

— Браткі! — казаў ён свайму атраду: — нас 34 чалавекі, у нашых руках уся зброя і, можна сказаць, увесь карабель, машыны, прыпасы. Бяз нас яны ня змогуць пасунуць карабель ні на адзін крок. Нават, калі і без кіраўніцтва мы пусьцім машыны, дык усёроўна прыткнемся да якога-небудзь берагу, а там ужо прыдзе і дапамога. Мала таго, калі мы і нікуды не пасунемся, а пратрымаемся на месцы да раніцы, тады таксама нас заўважаць і прыдуць на дапамогу. Не забывайцеся, што мы знаходзімся ў людным месцы, ля сваіх берагоў.

Разважаньні былі слушныя і нават Гуз, які спакойна сядзеў і дыміў з сваёй люлькі, і той моўчкі кіўнуў галавой у знак згоды.

У гэты момант перадалі, што зьверху прышла прапанова здацца.

Ван-Хорк пабег да трубы.

— Хто вы такія і як вы асьмеліліся нападаць на ваенны дзяржаўны карабель?

— Мы — гаспадары тутэйшай краіны і жадаем пазбавіцца нежаданых гасьцей, — адказаў нейкі знаёмы голас, але мічман ня мог адразу спазнаць чый.

Ван-Хорк аж пазелянеў ад злосьці.

— Хутка мы ўбачым; хто тут гаспадары, — адказаў ён, ледзь стрымліваючы сябе, — а пакуль што, прапаную вам здацца. Бо праз некалькі гадзін вы будзеце хістацца на шыбеніцы.

— Вось табе і раз! — зьвярнуўся Салул да сваіх на малайскай мове: — бачце, яны нам прапануюць здацца!

Гэта толькі выклікала вясёлы сьмех сярод прысутных. Потым Салул зноў сказаў у трубу: — Ну, тады мы знойдзем спосабы супакоіць вас. Пакуль-што падумайце.

— Падумайце і вы, пакуль ня позна! — крыкнуў усьлед ван-Хорк.

«Саардам» увесь гэты час стаяў на месцы; машыны глуха гулі, ня рухаючыся. Нават карабель пачало адносіць крыху назад. Ззаду былі прычэплены чатыры лодкі, на якіх прыехалі інсургенты (паўстанцы). Электрычнасьць на палубе патухла: гэта зьнізу выключылі сьвет.

— Тым лепей, — сказаў Барас: — нам усёроўна няма інтарэсу вельмі асьвятляцца.

Надыходзіла поўнач. Да раніцы заставалася яшчэ восем гадзін. Навокала было ціха. Рух у Зондзкай пратоцы звычайна вельмі малы, бо вядзе яна ў паўднёвую пустынную частку Індыйскага акіяну. Зьлева цямнеўся «Поперак дарогі», справа далёка мільгаў агонь маяка.

Інсургенты зрабілі нараду. Стаяла пытаньне, што рабіць далей?

— Мы маем у сваім распараджэньні восем гадзін, — казаў Салул, — час досыць значны. Але, як аўладаць унутранасьцю карабля? Ці не папробаваць штурмам: рынуцца на іх?

Старэйшы з новапрыбыўшых, Гудас, паківаў галавой і сказаў:

— У гэтай справе ёсьць дзьве нявыгоды: па-першае, яны могуць усіх нас перабіць па чарзе, а па-другое, у такой бойцы ўнутры карабля лёгка могуць узарвацца ваенныя прыпасы, і тады ня толькі мы ўсе загінем, але загубім самае каштоўнае для нас — зброю.

У гэты момант з поўначы падзьмуў лёгкі ветрык. Барас раптам ускочыў і крыкнуў:

— Нічога гэтага ня трэба. Мы паставім парусы і паедзем назад. Праўда, вецер яшчэ вельмі слабы, але за восем гадзін мы можам ад’ехаць досыць далёка. Ды пад раніцу можна чакаць і больш значнага ветру. А яны хай сабе там сядзяць. У моры мы пасьпеем з імі справіцца.

Прапанова была простая і разумная. Пакуль-што, спыніліся на ёй.

Закіпела работа. Усе малайцы даўно ўжо вядомы, як здольныя і спрактыкаваныя маракі, — і праз некалькі хвілін усё было гатова.

«Саардам» пачаў патроху заварочвацца. Справа ішла марудна; вецер быў вельмі слабы, часам зусім сьцішаўся, і толькі праз поўгадзіны карабель шырокай дугою завярнуўся назад. Тады ўжо пашло лягчэй. Вецер дзьмуў у сьпіну і хоць ня моцна, але затое ўся яго сіла выкарыстоўвалася поўнасьцю. Вось зьнік «Поперак дарогі», вось пачаў набліжацца Анжэр. Так ехалі з гадзіну.

Але тут раптам застукала машына і… карабель пашоў назад!

— Ах, праклятыя! Яны сьцямілі, што мы ад’яжджаем і далі ход назад, каб перашкодзіць!

Пачалося нязвычайнае спаборніцтва: хто пераможа — ці машына ці вецер?

У гэты момант застагнаў капітан. Салул успомніў, што раненыя ляжаць бяз ніякай дапамогі і сказаў у трубу:

— Прышлеце доктара: вашаму параненаму капітану патрэбна дапамога.

Адтуль не адказалі, але было чутно, што там ідзе нарада. Урэшце ван-Хорк сказаў:

— А якая гарантыя, што гэта не провокацыя?

Салул падняў галаву, зірнуў наўкол і, убачыўшы лейтэнанта, сказаў яму:

— Вы згодзіцеся ад свайго імя запрасіць доктара да вашага капітана?

Лейтэнант таксама абмеркаваў становішча, як і ван-Хорк. Трэба было як мага болей выгадаць часу. Апрача таго, нельга было пакідаць без дапамогі і свайго капітана, хоць пэўна іх усіх гэтыя разбойнікі потым могуць расстраляць.

— Добра, — адказаў ён.

Тады Салул сказаў уніз:

— Зараз сам лейтэнант Брэнд скажа вам тое самае. Лейтэнанта падвялі да рупару.

— Я, лейтэнант Брэнд, сьцьвярджаю, што нашаму капітану неабходна хуткая дапамога.

Ван-Хорк пазнаў голас і згадзіўся, але з умовай, што доктару будзе дазволена вярнуцца назад. На гэта ахвотна была дана згода, бо ўсёроўна ўсе яны былі ў руках пераможцаў.

— А можа лейтэнант загадае ім, каб яны здаліся, — дадаў яшчэ Салул і прыставіў да галавы Брэнда рэвольвэр.

Лейтэнант, пабялеў, але, сабраўшы ўсе сілы, адказаў глухім голасам:

— Рабеце што хочаце, але я гэтага не магу зрабіць; ня маю права, пакуль жыве капітан.

— Шкада, — сказаў Салул: — так было-б лепей і для вас саміх. Мы-б вас усіх пусьцілі на волю, а так загінеце і вы, і яны.

— Хай будзе, што будзе! — адказаў Брэнд.

Умовіліся, што люк крыху адчыняць, каб прапусьціць аднаго чалавека і што з абодвух бакоў будуць прыняты меры перасьцярогі.

Так і зрабілі. Калі люк быў прыпадняты, зьверху і зьнізу ашчацініліся штыхі і стрэльбы, і сярод іх паказалася галава доктара. Са страхам вылез ён наверх са сваімі прыладамі, а люк зараз-жа зноў шчыльна зачыніўся.

Доктар перавязаў капітана, потым агледзеў другіх параненых. З іх былі мёртвымі адзін з нападаўшых і два з каманды: адзін голяндзец, другі — тубылец. Іншыя былі толькі паранены, у тым ліку і лейтэнант меў рану на галаве.

Потым такім-жа чынам доктар вярнуўся «дадому».

Праўда, заднім ходам карабель ня можа так хутка ісьці, як звычайным, але і вецер быў яшчэ слабы. А пакуль што «Саардам» зусім спыніўся і толькі варушыўся на месцы.

Вось машына пачала перамагаць: карабель стаў пасоўвацца назад.

— Поўнасьцю, поўнасьцю парусы! — камандаваў Салул.

Выпрасталі кожны кавалачак парусоў, нават проста праз палубу працягнулі брэзэнт. Вецер падзьмуў мацней — і карабель пасунуўся наперад. Потым зноў назад. Палонныя голяндцы з трывогай сачылі за гэтай дзіўнай барацьбой. Доўга ня было вынікаў ні ў той, ні ў другі бок. Але праз некаторы час стала вызначацца, што перамагае машына.

— Эх, ветру-б, ветру! — крычалі малайцы з роспаччу і нецярплівасьцю, у той час, як у сэрцы голяндцаў расквітала надзея.

— Апусьціць парусы! — неспадзявана загадаў Салул.

Усе так зьдзівіліся, што ніхто нават не крануўся, каб выканаць загад.

— Што? Што гэта азначае? — запыталіся яго таварышы.

— Адпусьціць і заварочваць карабель: машынай паедзем задам! — дадаў Салул.

Цяпер ужо ўсе зразумелі, у чым справа, і з рогатам узяліся за працу.

Праз некалькі хвілін карабель ішоў заднім ходам туды, куды жадалі паўстанцы.

— Паставіць парусы!

І да машыны дадалася яшчэ сіла ветру.

Салул паціраў рукі, яго таварышы пакатваліся ад сьмеху. «Саардам» ішоў так, што лепей і ня трэба. Голяндцы на палубе ў бясьсільнай злосьці сьціскалі кулакі.

Каб зразумець, як гэта можна было так ашукаць ніжнюю каманду, трэба памятаць, што яны там не маглі бачыць, куды ідуць, бо, па-першае, наўкол было цёмна, а па-другое, ілюмінатары[6] былі вельмі нізка над вадой.

З поўгадзіны так ішлі. Вось ужо паказаўся і Кракатау.

Але там унізе, відаць, зразумелі ў чым справа, бо вельмі ўжо шпарка і гладка пашоў «Саардам». І яны далі пярэдні ход.

Зноў пачалося ўсё спачатку. Але ўсё-ж такі было выйграна кілёмэтраў 10-15.

Як-бы там ні было, але гэтая тузаніна заняла шмат часу. Да дня заставалася толькі чатыры гадзіны, а карабель ўсё яшчэ быў у Зондзкай пратоцы, так сказаць, на людзях.

Трэба было так або іначай канчаць.

Што-ж рабілася за гэты час там, пад палубай?

Мічман ван-Хорк быў вельмі задаволены. Усё ішло так, як ён хацеў. Яны пратузаюцца так усю ноч, а ўдзень іх заўважаць, паведамяць, куды трэба, і тады прыдзе вызваленьне. І ён, мічман ван-Хорк, адразу зробіцца сусьветным героем.

Супакоіліся і маракі. Усім здавалася, што іначай ня можа і быць, бо добра ведалі, што калі яны ня могуць высунуць галаву наверх, дык затое і тыя таксама ня могуць сунуцца ўніз.

Толькі боцман Гуз быў няўпэўнен у гэтым.

— Не, — казаў ён, — такія справы такім сьмехам не канчаюцца. Усё галоўнае яшчэ наперадзе.

— А што яны могуць зрабіць з намі? — з запалам сказаў мічман: — самае горшае, што можа быць, гэта тое, што мы і яны разам узьляцім у паветра.

— Ну, яны могуць зрабіць так, што мы адны ўзьляцім, а самі яны будуць на лодках.

— Лепш загінуць на сваім пасту, чымся заганіць гонар голяндца! — сказаў мічман, але адразу пачуў, нібы нейкі холад прабег па сьпіне. Разам з тым яго ахапіў жаль, што тады ўсё яго геройства прападзе дарма: не пачуе ён і ня ўбачыць сваёй славы, ня будуць на яго пазіраць жанчыны з захапленьнем і жаданьнем…

Ціха і сумна зрабілася ў каюце. Кожны думаў пра сябе: што будзе? Але ніхто з іх, здавалася, так не пакутваў, як малады мэханік Гейс.

Гэта быў чалавек гадоў 26 з цёмным энэргічным тварам, але сьветлымі валасамі. Ён то бялеў, то чырванеў, то сядзеў нярухома з заплюшчанымі вачыма, то хадзіў з кута ў кут. Відаць было, што ў ім робіцца нешта нязвычайнае, што ён перажывае нешта большае ад усіх іншых.

Нават ван-Хорк заўважыў гэта і са сьмехам сказаў:

— Эге-ге, брацішка Гейс. Ня думаў я, што ты такая баба. Чаго гэта ты раскіс? Рана яшчэ. Убачыш яшчэ, як іх будуць расстрэльваць.

Гейс нэрвова ўздрыгануўся і вышаў за дзьверы, нічога не адказаўшы.

— Хто-б мог падумаць, што гэты Салул — здраднік! — задуменна сказаў доктар: — хто ведае, можа і сярод тых, якія ля нас, таксама знаходзяцца здраднікі?

— Дзікуны заўсёды застануцца няўдзячнымі, колькі-б дабра ім ні рабілі, — упэўнена адказаў мічман, — яны толькі таго будуць шанаваць і нават любіць, хто іх моцна трымае ў руках і каго яны баяцца. А ў нас, нажаль, пачалі аб гэтым забывацца.

А «дзікуны», тымчасам, у ліку 20 чалавек, сядзелі асобна ў сваёй каюце і прыслухоўваліся, што робіцца наверсе.

— Нічога ня будзе з гэтага, — казаў адзін. — Белыя вельмі магутныя. Колькі сот гадоў яны пануюць і ніхто ніколі ня мог іх перамагчы.

— Каб і ўдалося захапіць карабель, — сказаў другі, — усёроўна з адным гэтым караблём нічога ня зробіш. У іх ёсьць шмат другіх караблёў, і яны зловяць яго.

— А шкада Салула, ён быў такі добры сябра.

— Чаго-ж ты яго шкадуеш?

— Загубіў сваё жыцьцё, расстраляюць яго.

— Але пакуль што, ён сам можа расстраляць іх.

— Дык гэта-ж пакуль-што, а канец вядома які будзе. Што могуць зрабіць некалькі чалавек?

— А хто перашкаджае і нам далучыцца да іх?

— Ну, ды што-ж з гэтага? Заместа 30 чалавек расстраляюць 50, а карысьць тая самая.

— Вось калі-б усе разам падняліся, тады была-б зусім другая справа! Тады-б ужо яны нічога не маглі-б зрабіць, бо нас было-б прынамсі 1000 чалавек на аднаго.

Хапіла-б і двух чалавек на аднаго, абы толькі дружна, разам.

— Яно так, але як гэта зрабіць, каб усе адразу? Тады-б і я згадзіўся пайсьці.

— Ва ўсякім разе некаму трэба пачаць. Вось яны і пачалі. Ну, а мы… Няўжо-ж мы пойдзем супроць сваіх братоў?

Асьцярожна, азіраючыся па бакох, шапталі «дзікуны» ў форме каралеўскага голяндзкага флёту. Можа сярод іх ёсьць такі, — і напэўна ёсьць, — які пабяжыць да паноў і перакажа гэтую гутарку, але тыя, хто адважваўся выказваць такія рэволюцыйныя думкі, ужо парашылі далучыцца да сваіх і ведалі, што прынамсі ў гэты момант ім нічога ня могуць зрабіць.

— Няўжо-ж я павінен забіць майго брата Салула, каб абараніць жыцьцё мічмана ван-Хорка, які абодвух нас прыгнечвае?

— Мы і ня будзем яго забіваць, кожны чалавек жыць хоча. Я ня веру, каб некалькі чалавек маглі вызваліць усю краіну і не хачу дарма падстаўляць сваю галаву. — Мы можам спачуваць ім і нават чым-небудзь памагчы, але такім чынам, каб самому ня згубіць галавы. Каб усюды ўсе разам, — тады другая справа.

— А я лічу, што гэта проста рабунак. Захацелася чалавеку пажывіцца на чужы кошт, захацелася самому зрабіцца панам, — вось ён і пачаў.

Гэта сказаў Гоно, гультай і праныра, які ў сваім жыцьці цікавіўся толькі картамі і гарэлкай.

Усім зрабілася неяк няёмка, быццам зьявіўся нейкі чужы, незнаёмы чалавек. Гутарка спынілася, усе падумалі, што вось гэта і ёсьць той, які ўсё перакажа начальству.

Тады падняўся Сагур, адзін з лепшых сьвядомых матросаў.

— Слухай, Гоно! Твая сабачая душа не зразумее пачуцьця людзей. Лепш ты-б ішоў на сваё месца — каля парогу тваіх гаспадароў. Там ты патрэбен, а тут табе няма чаго рабіць.

Прысутныя задаволена загулі. Гоно ўбачыў, што ён даў маху, што яшчэ невядома, хто возьме верх, — і пачаў апраўдвацца.

— Чаго вы вызьверыліся? Я выказаў такую самую думку, як і іншыя, тыя, якія ня хочуць дарма лезьці ў пятлю. Але наогул я такі самы яваец, як і вы, і таксама жадаю дабра свайму народу.

— «Альлё, альлё!» — данёсься голас з машыннага аддзяленьня. Усе паўскаквалі і пашлі туды.

З другога боку ўжо падыходзіў мічман ван-Хорк са сваімі голяндцамі.

— Слухаем!

— Вось вам апошняя прапанова, — пачуўся з трубы выразны голас Салула: — калі вы праз 15 хвілін здадзіцеся, вы ўсе будзеце адпушчаны на волю без перашкоды. У іншым выпадку мы пакінем на караблі вашых зьвязаных таварышоў, ад’едзем на лодках і ўзарвём карабель разам з вамі ўсімі. Аніякіх перамоў з вамі больш весьці ня будзем і чакаем адказу роўна праз 15 хвілін.

Голас сьціх.

Ван-Хорк падышоў да рупару і няцьвёрдым голасам сказаў:

— Войска яе каралеўскае вялікасьці разбойнікам не здаецца. Прапануем вам самім пакінуць карабель.

Але адказу ніякага ня было. І гэта зьяўлялася жудаснай адзнакай таго, што час перамоў прашоў, што настаў час дзеяньня.

Віхрам заварушыліся думкі ва ўсіх галовах. У працягу некалькіх хвілін ніхто не прамовіў аніводнага слова, прыслухоўваючыся кожны сам да сябе.

Але думалі яны не аб тым, здацца, ці не, — нават сам мічман аб гэтым ня думаў, — а толькі аб тым, як гэта зрабіць.

Тубыльцы думалі, што ім трэба будзе паўстаць супроць голяндцаў, каб прымусіць іх здацца. Але тады і іх абвінавацяць у бунце. Пакуль можна, трэба было чакаць, ці не пачнуць першымі самі белыя.

А белыя матросы таксама баяліся ісьці супроць мічмана, каб і іх потым не абвінавацілі ў паўстаньні.

Слова, такім чынам, было за мічманам. Але як ён можа добраахвотна згадзіцца на здачу, калі толькі што сам казаў, што гонар голяндзкага мундзіра патрабуе лепш загінуць, чымся здацца?

Во, каб яго прымусілі, тады-б была зусім іншая справа! Ён тады-б застаўся героем, які так і прагнуў узьляцець у паветра, але яго гвалтам прымусілі здацца. Усе дзівіліся-б яму, гаварылі-б аб ім.

Але, як на злосьць, усе маўчалі. Хоць ты вазьмі ды сам прасіся, каб яны ўзбунтаваліся!

Дапамог неваенны, мірны чалавек, — доктар.

— Я думаю, — сказаў ён, — што тут і разважаць няма чаго. Нікому ня будзе аніякай карысьці, калі мы загубім сябе, і капітана, і ўсіх іншых. Мы нават ня маем права гэтага рабіць.

Сэрца мічмана закалацілася ад радасьці. Ён застанецца героем!

— Не забывайцеся, — сказаў ён сурова, — што мы на пасту. Не забывайцеся, што мы вязём зброю, якая трапіць у рукі ворага, і гэта можа адбіцца на становішчы ўсіх нашых колёній. Мы абразім гонар Голяндыі, гонар нашай каралевы, калі без барацьбы аддамося ў рукі бандытаў, як пацукі ў пастцы. Мы павінны са зброяй у руках зрабіць апошнюю спробу.

Гэтая гарачая прамова так захапіла мічмана, што ён усур’ёз пачаў верыць таму, што казаў. Прамова ішла ўсё шпарчэй і шпарчэй, мічман грозна трос кулаком і зусім не заўважваў, што яго воінства бяз слоў дагаварылася і — белыя і чорныя разам — пачало адпіхваць мічмана ад рупару.

— Альлё, — зноў пачуўся грозны голас: — ваш адказ?

Мічман спыніўся на паўслове і зьбялеў, як палатно. — Што будзе, калі яны ня згодзяцца здацца?! — неяк мімаволі мільганула ў яго галаве.

— Мы здаемся — адказаў Гейс, і ў мічмана разам адлягло ад сэрца. Нейкая гарачая хваля прыліла к горлу, вобраз сонца, зямлі паўстаў перад ім; ён нават зусім не заўважыў, хто даў адказ.

Тады ён адшпіліў корцік (кінжал), рэвольвэр, кінуў іх прэч ад сябе і горда сказаў:

— Калі вы ўсе так парашылі, я прымушан пакарыцца гвалту. Я зрабіў усё, што мог.

Тымчасам зьверху далі загад:

— Выходзіць па аднаму з паднятымі ўгору рукамі!

Пачалі выходзіць, — адны з радасьцю, другія з жудасьцю: мічман з чырвоным ад сораму тварам, але з лёгкім сэрцам; а Гейс вышаў, апусьціўшы галаву і стараючыся не глядзець у вочы, асабліва Салулу.

Калі каманда «Саардаму» сабралася ўся разам, Салул сказаў:

— Мы вас высадзім на Кракатау і пакінем вам спажывы на тры дні. За гэты час, напэўна, вас хто-небудзь заўважыць. А цяпер, — пачаў Салул ужо на малайскай мове, — зьвяртаюся да вас, браты, да вас, сыны нашай зямлі, нашага народу. Вы абдураны, вы напалоханы магутнасьцю белых, вы верай і праўдай служыце сваім гаспадаром, абараняеце іх і іхную нарабаваную маемасьць; з вашаю дапамогаю яны трымаюць у пакорнасьці вашых бацькоў і сясьцёр. Мы ведаем, што вы яшчэ несьвядомыя, але і сярод вас ёсьць досыць людзей, якія разумеюць і адчуваюць, якую агідную працу яны робяць. Дык вось тыя, якія гэта разумеюць, хай ідуць да нас, каб паслужыць народу.

Не пасьпеў ён скончыць, як Сагур і за ім яшчэ 7 чалавек выступілі наперад і ў радасным гомане зьліліся са сваімі. Тыя, што засталіся, нерашуча тупаліся на месцы, раіліся адзін з адным і ня ведалі, што рабіць.

Праз некаторы час вышлі яшчэ 5 чалавек, а яшчэ праз хвіліну вышаў… Гоно!

— І ты?! — разам ускрыкнулі Сагур, Барас і іншыя.

Гоно выступіў наперад, стукнуў сябе кулаком у грудзі і зычным голасам сказаў:

— Так, я! Вас гэта дзівіць? Бо вы ня ведаеце Гоно. Мяне надойчы папракнулі, быццам я чужы, быццам я ня сын свайго народу. Вось цяпер я хачу паказаць, што Гоно зусім не такі, якім вы сабе ўяўляеце яго.

— Ці абдумаў ты, што ідзеш на сьмерць? — запытаўся Салул.

— Добра абдумаў. Ва ўсякім разе я рызыкую ня больш ад вас усіх. А губіць мне няма чаго, апрача майго паганага жыцьця.

Гэтыя шчырыя словы зрабілі ўражаньне нават на Сагура.

— Хто ведае — падумаў ён: — можа з яго і сапраўды выйдзе добры таварыш? Бываюць такія вялікія моманты, калі чалавек зусім зьмяняецца. А гэты момант досыць вялікі.

Нарэшце, з голяндцамі засталося 9 чалавек верных тубыльцаў. Відаць было, што адчувалі яны сябе ня зусім добра: туліліся ў куток, хаваліся, не глядзелі ў гэты бок.

Тымчасам ішла падрыхтоўка да ад’езду. «Саардам» падышоў да Кракатау. Пачалі грузіць лодкі. Вось ужо сталі спускаць іх.

У гэты момант яшчэ адзін чалавек сказаў Салулу:

— І я з вамі!

Крык зьдзіўленьня з аднаго боку і абурэньня з другога — вырваўся з усіх 120 грудзей.

Чалавек гэты быў… белы, голяндзец!

— Гейс?! Божа! Які сорам! — загаманілі голяндцы.

— Што гэта такое? Ці не памылка, жарт або ашуканства? — казалі явайцы.

Салул падышоў да голяндца, абняў яго, пацалаваў і, зьвярнуўшыся да сваіх, сказаў:

— Таварышы! Я ведаю гэтага чалавека, хоць ён і белы, але наш, г. зн. усіх прыгнечаных. Мы тут ніколі ня бачылі такіх, а там, ў далёкай Эўропе, ёсьць шмат іх. Ёсьць нават магутная дзяржава, дзе жыве шмат мільёнаў нашых белых братоў.

— Ленін! Савет! Расія! — пачалі хваліцца сваімі ведамі малайцы.

— Ну, вось бачыце, і вы чулі! — засьмяяўся Салул, а Гейс на ламанай малайскай мове дадаў:

— Ёсьць і голяндцы шмат ёсьць!

— Хай жывуць такія голяндцы! — загрымелі галасы.

Гейс быў у Голяндыі звычайным рабочым, рэволюцыянэрам, і нават некаторы час быў у комуністычнай партыі. Цяжкія і складаныя сямейныя абставіны і матар’яльныя ўмовы перашкаджалі яго рэволюцыйнай працы, і ён мэханічна выбыў з партыі.

Потым ён трапіў на Яву і неспадзявана для сябе самога сам зрабіўся «панам», бо сярод голяндцаў на Яве няма аніводнага простага чалавека: адны толькі паны. На кожным кроку яму была пашана з боку тубыльцаў, аніякай крыўды ён ня меў з боку сваіх голяндцаў. І ён паступова пачаў супакойвацца і забывацца аб сваёй рэволюцыйнасьці.

Да тубыльцаў ён быў вельмі добрым, нікога ня крыўдзіў, чым мог — стараўся памагчы, і гэта супакойвала яго сумленьне. Яму пачало здавацца, што ў гэтай краіне, дзе ня трэба ні апалу, ні адзеньня, дзе прырода такая багатая, — усім тубыльцам лёгка жывецца, лепш, чымся рабочым у Голяндыі. Тутака ён сам не адчуваў той буржуазнай клясы, з якою там трэба было змагацца, бо сам ён быў нібы ў іх ліку. І пакрысе ён стаў забывацца аб барацьбе, аб тых мэтах і лёзунгах, якія былі яму такія блізкія раней.

Знаёмства з Салулам, з якім ён быў у вельмі добрых адносінах, адчыніла яму вочы на сапраўднае становішча і абудзіла яго ранейшы рэволюцыйны дух. Гэта-ж сьмелае паўстаньне голых, цёмных людзей выклікала ў ім поўную рэволюцыю. Ён адчуў сябе вінаватым перад тымі, каму раней хацеў служыць, і ў апошні момант парашыў на справе апраўдаць сваю віну.

Затое-ж колькі радасьці, гонару і ўпэўненасьці надало гэта цёмнаскурым паўстанцам! Падумаць толькі: сам голяндзец, белы перайшоў на іх бок! Ніколі ім і ў галаву не магла прысьці такая думка.

Тымчасам лодкі нагрузіліся і паехалі да Кракатау. З вялікай цяжкасьцю знашлі больш-менш зручнае месца, дзе можна было-б высадзіць палоньнікаў. І каманда «Саардаму» засталася на голай, мёртвай скале…

Адтуль яны наглядалі, як ўзьнімаўся чорны дым, як надзьмуліся парусы, як карабель стралой паплыў наперад.

І калі паказаліся першыя праменьні сонца, «Саардам» зьнік у прасторы Індыйскага акіяну.


∗     ∗

Праз некаторы час быў патайны суд над камандай «Саардама».

Капітан і два лейтэнанты былі звольнены з пасады за няздольнасьць і нядбайнасьць.

Ніжэйшыя чыны з голяндцаў былі разасланы па розных суднах на цяжкую працу.

А дзевяць верных тубыльцаў былі расстрэлены за здраду…

За компанію расстралялі яшчэ некалькі дзесяткаў рыбакоў, што жылі пасуседзтву з тым месцам, дзе адбыліся падзеі.

Толькі мічман ван-Хорк атрымаў павышэньне, як выдатны герой…

Дзеля таго, што ўся справа была вельмі няпрыемная для Голяндыі, у газэтах зьявілася наступнае офіцыйнае паведамленьне:

«У ноч на 16 лютага ў Зондзкай пратоцы наляцела на камень ваеннае судна «Саардам», якое накіроўвалася ў Батавію. Судна затанула. Большая частка каманды выратавалася».


ІІ. ПАВАЖАНЫ ПРАДСТАЎНІК ПАВАЖАНАЙ ФІРМЫ ВАН-БРОМ І К° Ў АМСТЭРДАМЕ

Мінгер ван-Дрэкер і мінгер Піп. — Старанны капялюш — Батавія. — Мітынг на рынку. — Пракляты чэрап і сьвятая хвіга. — Кій мае два канцы.

Ледзь золак, карабель «Глёрыя» з Сінгапуру падыходзіў да гавані Прыорк. Пасажыры замітусіліся, пачалі рыхтавацца да высадкі. І якога толькі народу тут ня было! Як у біблейскім каўчэзе: сухашчавы ганаровы ангелец, ня менш важны араб у чалме, жвавы француз, зморшчаны кітаец, задуменны індус, складны малаец і г. д., і г. д. Было і некалькі голяндзкіх сем’яў, якія зьвярталіся з водпуску.

Дарога ў Голяндыю займае прыблізна месяц, ды назад столькі-ж. Дзеля гэтага служачыя атрымліваюць водпуск у мэтрополію на цэлы год, але затое адзін раз у 10 год. Аднак, шмат голяндцаў нават зусім не карыстаюцца гэтым водпускам і сядзяць па гадоў 20-30. Вельмі ўжо ім тут добра жывецца сярод падняволеных.

Карабель ужо быў недалёка ад берагу, але там нічога ня было відаць, нават сам бераг ледзь высоўваўся з вады. Толькі далёка на небасхіле відаць былі два вульканы — Салака і Гэдэ.

— Няўжо-ж гэта Ява? — зьдзівіўся адзін з пасажыраў, які, відаць, першы раз пад’яжджаў да Явы.

— А то што-ж? — адказалі бывалыя.

— Тут-жа ж нічога ня відаць. Я спадзяваўся ўбачыць горы пальмы, пекны горад, а тут, відаць, адно балота.

— Гэта ёсьць толькі гавань Прыорк, а сама Батавія ляжыць за дзесяць кілёмэтраў ад яе.

Пасажыр узяў бінокль і пачаў прыглядацца да берагу. Разгляд, відаць, не задаволіў яго, бо ён так скрывіў твар, што стаяўшы побач пан усьміхнуўся і суцешыў яго:

— Не бядуйце, усё будзе: і пальмы, і трасца, і гарачыня, усё, што належыць.

— А тыгры і насарогі ёсьць? — жвава запытаўся першы пасажыр.

— Ну, гэтага вам баяцца няма чаго.

— Выбачайце, я не баюся, наадварот, жадаю сустрэцца з імі, — важна адказаў першы пасажыр.

Пан зьдзіўлена паглядзеў на яго, нібы думаючы: «вось ты які?» І сапраўды, той быў крыху асаблівы чалавек. Звалі яго Піп; ён быў гадоў трыццаці і меў нейкі вылінялы выгляд: даўгі, худы, бляды, з блакітнымі вачыма і сьветлымі валасамі. Здавалася, што ён увесь свой век прасядзеў недзе ў склепе, а цяперака ўпяршыню вылез на сонца. Наогул, ён выглядаў вельмі спакойным чалавекам, але ўбраны быў так, быццам зараз-жа яму пагражалі тыгры і насарогі: і кінжал, і рэвольвэр, а далей сярод яго рэчаў, ляжала стрэльба ў чахле.

— Відаць, вы паляўнічы? — запытаўся пан.

— Ня зусім, але еду галоўным чынам дзеля гэтага.

— Ну, дык вам доўга прыдзецца шукаць такіх зьвяроў.

— Чаму-ж так?

— Тут жыве столькі народу, што рэдка дзе, у глухіх куткох, захаваліся дзікія зьвяры, ды і то мала.

— Шкода! Дзеля чаго-ж тады ехаць у такія краіны? Але ўсёроўна я знайду іх.

— Жадаю посьпеху.

Тымчасам параход падышоў да каменнага ўзьбярэжжа. На беразе стаялі вялізныя сьвіраны-склады. За імі тулілася шмат маленькіх будынкаў-рэсторанчыкаў, дзе дзень і ноч гула сусьветная галота. Побач была і станцыя чыгункі.

Ледзь толькі параход спыніўся і былі спушчаны сходні, як на яго кінулася цэлая арава паўголых, бурых і жоўтых людзей. Яны крычалі на ўсіх мовах, штурхалі адзін аднаго і навыперадкі прапанавалі свае паслугі.

— Готэль Ява! Готэль Нідэрлянды! — Найлепшы! Найтаньнейшы!

— Туан, туан![7] Я паднясу! — і яны амаль сілком вырывалі з рук багаж. Каго сустракалі радня ці знаёмыя, або хто ехаў на пэўнае месца, — таму было мала гора, а навічкі адчувалі сябе сярод гэтага гвалту зусім бездапаможна. У тым ліку і мінгер[8] Піп закруціўся, як у віры, і зьнік з вачэй.

Толькі той пан, які надойчы размаўляў з Піпам, відаць, багаты эўропэец, гадоў 28, з чорнымі валасамі і чорнаю маленькай «гішпанскай» бародкай, — як быццам не належаў ні да тэй, ні да другой катэгорыі. Ён спакойна стаяў ззаду і толькі пільна прыглядаўся да натоўпу гэтых насільшчыкаў. Адзін малаец быў сунуўся да яго, але пан сурова крыкнуў:

— Ня трэба!

У гэты самы момант праціскаўся наперад другі малаец, таксама паўголы, але ў вялізарным капялюшы, прынамсі 2 мэтры навакол.

— Туан, туан! Я паднясу! — сказаў ён і ўхапіўся за рэчы.

Але першы насільшчык штырхануў яго і закрычаў:

— Прэч! Я першы!

Тады ўмяшаўся сам «туан» і перадаў рэчы капялюшу, што выклікала абурэньне ня толькі ў скрыўджанага, але нават і ў другіх.

Трэба было прайсьці праз мытны агляд. Процэдура гэта досыць доўгая і няпрыемная. Апрача праверкі рэчаў і дакумантаў, трэба было паказаць яшчэ «права на ўезд»: як мага болей грошай, асабліва гэта патрабавалася ад эўропэйцаў.

Бачыце, усе белыя тут — паны, і павінны быць панамі, хоць трэсьні! Калі падуладныя тубыльцы даведаюцца і ўбачаць, што белыя таксама могуць гараваць, дык яны перастануць шанаваць і баяцца голяндцаў. А гэта вельмі небясьпечна.

Зразумела, што ў першую чаргу прапусьцілі белых.

Вось наперадзе падняўся шум і спрэчкі. Адзін небарака прывёз замала грошай, і яго затрымалі, каб з наступным параходам адправіць назад.

— Я-ж магу працаваць! Я-ж ня буду сядзець ні на чыім карку! — Апраўдваўся бядак, але яго нават і слухаць не хацелі. І то праўда; ці-ж могуць голяндцы рызыкаваць сваім аўторытэтам з-за якогась там бедняка.

Дашоў чарод да нашага пана. Ён падаў дакуманты.

«Ван-Дрэкер, прадстаўнік фірмы ван-Бром і К° у Амстэрдаме», — прачытаў чыноўнік. З-за яго сьпіны сунуў таксама нос у дакумант і нейкі тып, відаць, шпег.

Але тымчасам ван-Дрэкер паказваў ужо «права на ўезд», — досыць значны зьвязак гульдэнаў. Чыноўнік адразу выказаў надзвычайную пашану, а шпег адразу перастаў цікавіцца дакумантам.

На вагзале, прымаючы ад ван-Дрэкера плату, капялюш сказаў:

— Калі туан дазволіць, я правяду туана да самага готэлю «Ява».

— Добра, — сказаў паважна ван-Дрэкер і сеў у вагон I клясы, а насільшчык пабег у III клясу.

Ад Прыорка да Батавіі ідуць некалькі каналаў, шаша, чыгунка і трамвай! Бязупынны рух ішоў і па каналах, і па шашы.

Але краявід быў зусім няцікавы, нудны. Затопленая нізіна, хмызьняк, нізенькія пальмы, падобныя да нашай папараці, купы бамбуку, дзе-ні-дзе банан з аграмаднымі лістамі, якія віселі па бакох, нібы рызьзё. Толькі какосавыя пальмы, вылятаўшыя з зямлі, як ракеты, ды гарачае вільготнае паветра, — прычына злоснай малярыі, — падкрэсьлівалі, што тут гарачая краіна.

Вось паказалася і сама Батавія, але зноў нічога цікавага. Мясцовасьць бадай што не павысілася, — тыя-ж каналы па вуліцах, толькі бруднейшыя, а ў іх мыюць бялізну ды купаюцца цэлыя сем’і малайцаў і кітайцаў.

Нездарма голяндцы ўцяклі адсюль і пасяліліся за некалькі кілёмэтраў далей, вышэй. З таго часу гэтая частка завецца Старой Батавіяй, а тэй далі назву Вэльтэврэдэн, што азначае прыблізна «добрае самапачуцьцё».

Там, сярод пышных садоў, у мармуровых палацах, яны сапраўды добра сябе адчувалі, а тут засталіся каляровыя, якія абслугоўвалі магазыны, канторы, фабрыкі, майстэрні і г. д.

Калі ван-Дрэкер выйшаў з вагона, да яго зноў падскочыў малаец у капялюшы і панёс рэчы. Ля вагзалу стаяў аўтомобіль з готэлю «Ява». Насільшчык паклаў туды багаж.

На момант ван-Дрэкер спыніўся, быццам ня ведаючы, што далей рабіць. Але насільшчык пачаў кланяцца і казаць:

— Хай туан едзе спакойна, хай не непакоіцца. Тугай усё зробіць.

Тады ван-Дрэкер сеў у аўтомобіль і паехаў, а Тугай крыху пастаяў, а потым пабег як мага па вядомых яму закавулках.

Калі ван-Дрэкер даехаў да готэлю, там яго ўжо чакаў Тугай. Ён так клапаціўся для свайго «туана», што нават гаспадар готэлю заўважыў і сказаў ван-Дрэкеру:

— Добрага, стараннага слугу вы маеце.

— О, ён у мяне маладзец! — паважна сказаў ван-Дрэкер. — Я з ім ніколі не разлучаюся, асабліва ў дарозе па Яве, калі патрабуецца перакладчык. Калі ласка, вы ўжо дайце яму дзе-небудзь куток, я заплачу.

Тугая зьмясьцілі ў агульнае памяшканьне, дзе былі ўсе слугі. Большасьць іх былі мэтысы[9], колеру «кавы з малаком», як звычайна гавораць тут. У адных было больш «кавы», у другіх больш «малака», але наогул народ досыць прыгожы, толькі крыху папсаваны, бо і яны ўжо лічылі сябе «панскай крыві», і звысака адносіліся да «цёмных».

Голяндцы падтрымліваюць гэта пачуцьцё, бо для іх яно карысна. У асобе гэтых «падпанкаў» яны маюць сваіх прыхільнікаў, якія не за страх, а за сумленьне служаць голяндцам, імкнуцца стаць бліжэй да паноў, паказаць, што яны няпростыя.

Тугай ня вельмі прыемна сябе адчуваў сярод гэтых мэтысаў. Яму трэба было-б пайсьці да ван-Дрэкера, але самому ісьці да туана нельга. Трэба чакаць, пакуль той сам пакліча.

— Ці добры твой туан? — запытаўся яго франт з бліскучымі гузікамі.

— О, бэсар[10] туан! — адказаў Тугай.

— Ці б’е ён цябе?

— О, дужа б’е! Бэсар туан! — з захапленьнем сказаў Тугай.

— Адкуль вы прыехалі?

Але званок з нумару туана вызваліў Тугая ад неабходнасьці адказваць на гэтае пытаньне. Ён хутка пабег і прабыў там значна болей, чымся гэта звычайна робіцца ў добрых паноў, якія не дазваляюць сабе дужа разважаць з рабамі.

— Ого, як доўга ты тамака сядзеў! — заўважылі слугі, калі Тугай вярнуўся, — ці ня вучыў ён цябе там?

Тугай уздрыгануўся, падазрона зірнуў наўкола, але, заўважыўшы, што гаварылі так сабе, без асаблівага сэнсу, — супакоіўся і адказаў:

— О, мудры туан! Бэсар туан!

Сярэдзіна дню ў Батавіі зьяўляецца такім часам, калі на вуліцы ня ўбачыш аніводнага эўропэйца. Сонца стаіць над самай галавой і пячэ, так, што толькі якая-небудзь надзвычайная патрэба можа прымусіць эўропэйца выйсьці на вуліцу.

Але выбачайце: я сказаў «выйсьці». Гэта няверна; голяндцы ніколі ня ходзяць, яны толькі езьдзяць. Іх стан не дазваляе ім хадзіць, як звычайным людзям; яны павінны на кожным кроку паказваць, што яны паны.

А ў поўдзень яны нават і ня езьдзяць, а ці дрэмлюць у сваіх канторах, ці ляжаць у сябе на вэрандзе або ў садзе, у крэслах-калысках, задраўшы дагары босы ногі і папіваючы што-небудзь халоднае.

Праўда, ёсьць і такія, якім у гэты час прыходзіцца працаваць, але іх надта мала.

Толькі каляровыя тубыльцы, большасьць з якіх носяць вялізарныя капялюшы, снуюць сабе под сонцам узад і ўперад, хоць-бы што.

Галоўнае адзеньне малайца — «саронг», або кавалак матэрыялу, на манер спадніцы. Ён абыяк спускаецца да кален і ўжываецца аднолькава, як жанчынамі, так і мужчынамі. А далей ужо хто як хоча: ці кашулю, кофту, хустку або мех на плечы, ці проста верхняя палова цела застаецца голаю. На галаве рознастайныя капялюшы, круглыя шапачкі, ці хустачкі і чалмы.

Ногі-ж заўсёды босыя. Голяндзкая ўлада нават клапоціцца аб тым, каб усе былі босыя. Гэта таксама зьяўляецца важнейшай адзнакай паноў ад падняволеных. Слугі паноў, нават лёкаі і швэйцары ў генэрал-губарнатара, убраныя ў параднае адзеньне з бліскучымі гузікамі, — усё-ж такі абавязкова павінны быць босымі. Нават тубыльцы-паліцэйскія, у сініх мундзірах з жоўтымі шнурамі, таксама босыя.

Тугай выйшаў з готэлю і пайшоў па вуліцах. Відаць было, што ён ідзе з пэўнаю мэтай. З шырокай вуліцы ён зьвярнуў у адзін-другі завулак і выйшаў на рынак.

Усюды на Ўсходзе рынак зьяўляецца галоўным месцам грамадзкага жыцьця. Гэта і клюб, і месца сходаў, месца, дзе заўсёды пачуеш усялякія навіны. Менш паловы народу ідзе сюды, каб што-небудзь купіць, большая-ж частка проста таўчэцца, здаецца, без усякага сэнсу.

На вялізнай плошчы цягнуліся шэрагі будак з пальмавага лісьця, травы і бамбуку. Будкі такія нізенькія, што чалавек можа ўвайсьці туды толькі схіліўшыся.

Сьмярдзючая сушаная рыба, розная гародніна, мяса, рыс і садавіна, зьяўляюцца галоўнымі спажывецкімі таварамі. Асабліва розныя плады, якія ляжаць вялікімі грудамі, і трэба толькі дзівіцца, хто іх раскуплівае.

Купляюць іх цэлымі галінамі, нізкамі больш за паўпуда вагаю і такой даўжыні, што ўскінутая на плечы гэтая нізка цягнецца другім канцом па зямлі.

Зразумела, галоўнымі з іх зьяўляюцца бананы, якія тут адыгрываюць такую-ж ролю, як у нас бульба. Яны маюць больш ста гатункаў рознай велічыні і з розным смакам. Потым ідзе плод хлебнага дрэва, самы вялізны з усіх пладоў — ён часамі бывае велічынёю з дзевяцігадовае дзіця.

Далей какосавыя арэхі, ананасы, апэльсыны, пампэльмусы велічынёю з гарбуз, а там і такія цудоўныя рэчы, аб якіх мы нават і ня чулі.

Вось нейкая дыня «папайя», якая расьце на дрэве; у сярэдзіне яе знаходзяцца зерняткі акурат як наша рыбная ікра. Вось «сау маніла», падобная да нашых сьліў.

Там нібы зялёная ігруша з дзіўнай назвай «адвакат». Сама яна амаль бяз смаку, але калі яе расьцёрці ды падліць лыжачку віна ці кавы, тады робіцца нешта такое смачнае, што калі хто раз яе пакаштаваў, дык потым ужо заўсёды будзе думаць аб гэтым «адвакаце».

Вось «дур’ян», падобны да гурка, велічынёю з дзіцячую галаву, з цьвёрдымі калючкамі на скуры, але такі сьмярдзючы, што ў готэлях яго нават не падпускаюць блізка да памяшканьня. Ён сьмярдзіць — і гнілым сырам, і гнілым мясам, і часнаком. Але ў сярэдзіне яго знаходзіцца нібы сьмятана, досыць смачная і орыгінальная па смаку. Кажуць, што нават сярод эўропэйцаў ёсьць такія аматары, што гатовы на край сьвету ехаць, каб толькі пакаштаваць гэтага дур’яну.

Вельмі каштоўным лічыцца «мангустан», на манер нашага яблыка. У сярэдзіне яго знаходзіцца «марожанае», якое ядуць лыжачкамі. Гэта вельмі далікатная садавіна, яна нават у лёдзе ня можа пратрымацца болей 48 гадзін.

Вось «манго» са смакам шпігінару, вось «рамбутан», як каштан, «дуку» на манер вінаграду і г. д. Але нашыя людзі кажуць, што ўсе гэтыя штукі ня варты аднэй добрай антонаўкі. Мусіць, таксама яванец не аддаў-бы свайго дур’яну за ўсе нашы яблыкі і ігрушы.

Большасьць гандляроў на рынку былі кітайцы, затым арабы. Малайцаў-жа зусім мала, галоўным чынам тыя, што прадавалі свае ўласныя сельска-гаспадарчыя продукты.

Вакол усяго Вялікага і Індыйскага акіянаў, мусіць, ня знойдзецца больш-менш значнага гораду, дзе-б кітайцы ня мелі свайго асобнага кітайскага кварталу. Таксама і ў Батавіі, дзе яны складаюць 30 тысяч чалавек.

І большасьць гандляроў на рынку былі кітайцы. Сярод іх ёсьць і вельмі багатыя, якіх голяндцы прызначаюць кіраўнікамі кітайскага кварталу з гучным званьнем «капітана» ці «маёра». І такі «капітан» так грае ў дудку голяндцам, што лепш ня трэба.

Кітайцы таксама зьяўляюцца і найлепшымі рамесьнікамі. Тут на рынку, або на вуліцы ля сваіх хат яны адчынілі і свае майстэрні.

Яшчэ болей ёсьць бяздомных кітайскіх рабочых — кулі, але яны расьсеяны па плянтацыях, прадпрыемствах і розных другіх мясцох, дзе патрабуецца танная падзённая праца. Усяго кітайцаў на Яве больш мільёну.

Значнае месца займаюць і арабы, якія таксама маюць асобны квартал.

Толькі гаспадары краіны — малайцы ня ўмеюць прыстасавацца да гандлю і розных прадпрыемстваў, а займаюцца галоўным чынам наёмнай працай.

Па бакох базару цягнуліся каналы, а па іх ўзад і ўперад снавалі гружаныя лодкі.

Тугай ішоў наўскасок і толькі трымаўся за свой капялюш, каб ён ня скінуўся. Сярод базару ён убачыў мінгера Піпа.

Нейкі араб настойліва прапаноўваў Піпу купіць саронг.

— Туан! Вы адзін выпадкова прыйшлі сюды, дык я хачу задаволіць вас. Купляйце гэты саронг. Ён прывезены з сярэдзіны краіны, паходзіць ад старадаўніх явайскіх цароў XVI стагодзьдзя. Прыгледзьцеся толькі, якая работа! У Эўропе вы атрымаеце за яго ў сто разоў болей. Карыстайцеся выпадкам! Усяго толькі 150 гульдэнаў.

Саронг сапраўды быў цікавы, рознакаляровы, яркі і сапраўды меў старажытны выгляд. І калі араб зьехаў на 80 гульдэнаў, Піп ня вытрымаў спакусы і купіў дзіўны саронг, які… фабрыкуецца ў Эўропе па 8 гульдэнаў за штуку!

Зараз пасьля гэтага народ адышоў, і перад Піпам зьявіўся чалавек, увесь абвешаны… гадзінамі! Яны варушыліся ва ўсе бакі, задзіралі свае галовы і высоўвалі языкі. Меншая з іх была таўшчынёю з руку.

— Туан! Купляйце боа! Добрыя боа! Па дзесяць гульдэнаў за штуку. Купляйце! Лепшых нідзе ня знойдзеце! Ну, па 5 гульдэнаў, а гэтага аддам за 3.

— Не, не, ня трэба! — замахаў рукамі Піп і хутка пашоў.

Гэтае здарэньне нават сапсавала яму настрой. Ён прагнуў сустрэцца з такімі гадзінамі дзе-небудзь у першабытным лесе, сярод гушчару, бамбукаў, і г. д., а тут — на табе! — прапануюць на рынку па 3 гульдэны, як каўбасы ў Амстэрдаме. Проста прыкра глядзець!

Тугай пашоў далей. На рагу базару ён заўважыў натоўп і нейкае хваляваньне сярод народу. Праціснуўшыся наперад, ён убачыў на зямлі хлопчыка гадоў 10, які ляжаў у няпрытомнасьці, а галава яго ўся была заліта крывёю.

Худы, паўголы малаец дрыжачым ад абурэньня голасам казаў:

Туан! Купляйце боа! Добрыя боа!


Туан! Купляйце боа! Добрыя боа!

— Маленькі Сідні сядзеў воддаль і глядзеў, як паны ў сваім садзе гулялі ў мяч. Сідні ня лез, не падыходзіў да іх. І вось мячык пераляцеў у суседні сад. Яны паклікалі Сідні і загадалі, каб ён палез у чужы сад і дастаў мячык. Сідні баяўся лезьці ў сад белых. Ён ведаў, што яго за гэта паб’юць. Ён пачаў прасіцца. Тады адзін паніч закрычаў: — Як ты асьмельваешся адмаўляцца, шчанё?! — і ўхапіўшы кій за тонкі канец ударыў Сідні па твары. І вось… у Сідні няма вока. Выбіта… зусім… Праклятыя! Прыйдзе і на вашу галаву помста!

Загулі навакол усе гэтыя бурыя, жоўтыя, паўголыя людзі, застагналі.

— Што-ж гэта такое?

— Дакуль-жа яны будуць зьдзеквацца?

— Літасьці ў іх няма!

— Якой літасьці ад іх чакаць? Зьнішчыць іх усіх трэба!

Кулакі сьціскаліся, вочы блішчалі, але пры апошніх словах людзі неяк палахліва азірнуліся. Няпрывычны былі такія словы супроць паноў, спрадвечных гаспадароў, магутных, белых, багатых!

Але тут ня вытрымаў Тугай, ускочыў на нейкую скрыню і загрымеў:

— Браты! Вы-ж бачыце падобнае на кожным кроку, вы-ж ведаеце, што вы рабы, а ўсё яшчэ баіцеся нават голасна сказаць гэта. Чаму? Бо прывыклі лічыць іх непераможнымі, магутнымі, блізка што багамі! Рабскія пачуцьці ўеліся вам у кроў. Дакуль-жа так будзе? Час ужо падняць галаву і заявіць, што і мы людзі. Мала гэтага, — сказаць, што мы гаспадары ў нашай краіне, і, нарэшце, зусім прагнаць незапрашаных гасьцей. Вы-ж ведаеце, што іх усяго жменя, што на кожнага з іх нас прыпадае тысячы. Падумайце толькі аб гэтым, і вы ўбачыце, што мы самі вінаваты ў сваім становішчы, мы самі несьвядомыя і разьяднаныя. Каб толькі мы ўсе захацелі, мы адразу сталі-б самі сабе гаспадарамі.

З захапленьнем слухаў народ гэтыя словы, дзівіўся, што яны такія сьмелыя і разам з тым зусім простыя і зразумелыя. І сапраўды, белых так мала, нават цяпер навакол аніводнага няма. І каб толькі ўсім адразу дагаварыцца…

Але «яны» зьявіліся. Спачатку бездапаможна мітусіліся паліцэйскія, але яны былі свае і на іх ня вельмі зьвярталі ўвагу.

А праз некалькі мінут зьявіліся ўжо «сапраўдныя» паны: белыя, узброеныя, на конях. І натоўп хутка пачаў разыходзіцца. Але заставалася яшчэ шмат рашучых, абарваных людзей, якія, здавалася, шкадавалі разлучацца са сваімі марамі і гатовы былі ўжо пачынаць…

Тугай загадзя ўсё прадугледзеў.

— Таварышы! Не рызыкуйце дарэмна, разыходзьцеся. Але памятайце аб адным: скора, вельмі хутка прыдзе час, калі прыдзецца выступіць усім адразу. Чакайце гэтага часу і рыхтуйцеся!

І Тугай зьнік у той час, калі падскакалі жандары. Па дарозе яны некалькі чалавек перахапілі, некалькіх выцялі бізунамі, а на месцы засталі толькі бацьку з Сідні на руках.

— Убірайся хутчэй са сваёй падлай! — крыкнуў адзін жандар і выцяў няшчаснага бацьку па плячы. Кроў пацякла са шраму і зьмяшалася з крывёю сына…

Тугай тымчасам скінуў свой капялюш, ускочыў у канал і пачаў сабе спакойна купацца сярод лодак, быццам уся гэтая справа яго не датычыцца.

Калі ён пашоў далей, на ім заместа капелюша была ўжо хустка, завязаная ззаду.

Праз некаторы час ён падышоў да старажытнай мураванай брамы, якая засталася ад былой некалі сьцяны, або крэпасьці.

На гэтай браме, на канцы пікі тырчаў скамянелы, заліты вапнай чэрап, як у людаедаў у некаторых дзікіх куткох зямлі. Але гэта цацка, відаць, была зроблена зусім не людаедамі, бо на ёй быў подпіс на голяндзкай мове:

«Так пакараў кароль здрадніка Пітэра Эльбэрвэльда. 14 красавіка 1722 г.».

Гэты Пітэр сам быў мэтыс, але ненавідзеў эўропэйцаў ня менш, чымся чыстакроўныя явайцы. Ён падрыхтаваў рашучае паўстаньне на ўсіх бліжэйшых выспах, быў ужо прызначаны дзень, але адна жанчына-явайка здрадзіла — і ўсё прапала.

Насустрач Тугаю ішлі два рабочыя. Зірнуўшы ўверх, адзін з іх сказаў:

— Вось каму трэ’ было-б пакланяцца замест тэй хвігі.

Другі таксама падняў галаву і задуменна дадаў:

— І будуць калі-небудзь. Але да гэтага часу чамусьці мала было ў нас такіх людзей.

Пры гэтых словах Тугай прыпыніўся і, відаць, хацеў загаварыць з імі, але тыя ўжо мінулі яго, і ён пашоў далей нацянькі, праз пустыр.

Там, відаць, быў нейкі гурток людзей, галоўным чынам, жанчын. Тугай падышоў бліжэй і ўбачыў нешта недарэчнае.

На зямлі ляжала якаясь сталетняя, кажуць, кітайская гармата, вярней, адзін ствол ад яе. Навакол яна была старанна абрукавана, а з канца была прыладжана вялізарная драўляная… хвіга! Навакол сядзела на зямлі шмат жанчын і моўчкі, урачыста глядзелі на хвігу. Вось падышла яшчэ адна жанчына, склала далонямі рукі, падняла іх вышэй галавы і пакланілася да зямлі перад хвігай. Потым палажыла ля яе нейкую істужку. Уся хвіга была абкладзена рознымі рэчамі: гаршкі з рысам, торбачкі, бляшкі, кавалкі тканіны, кветкі, садавіна і шмат іншага.

— Чакаеш? Хутка? — ціха запыталася новапрышоўшую суседка.

— Мусіць, хутка, — адказала тая.

— А мне вось бог не дае, — уздыхнула першая. — Колькі ўжо разоў я тутака была! Колькі ахвяр прыносіла! Відаць, ня прымае дух.

— Ну, а я дык сама ня ведаю, ці радавацца, ці гараваць. Мой, здаецца, просіць начальства, каб яму зьмянілі жонку. Куды я тады дзенуся з дзіцем?

— Дык яго-ж возьмуць выхоўваць на дзяржаўны кошт.

— Яно так, але цяжка разлучацца.

І жанчыны зноў сьціхлі.

Тугай стаяў побач і горка ўсьміхаўся. Ён добра ведаў усю гэтую штуку. Гэта гармата з хвігаю даўно ўжо лічыцца цудоўнай, і цёмныя жанчыны здаўна зварачаюцца да яе ў сваіх справах наконт дзяцей. Ня ведаў ён толькі, адкуль, як і чаму прыладжана была гэтая хвіга. Можа голяндцы пажартавалі? Ва ўсякім разе, яны не перашкаджаюць пакланяцца гэтай сьвятыні, бо ім выгадна падтрымліваць народную цемру.

Разумеў Тугай і размову дзьвюх жанчын. Адна з іх была «пайковая жонка» голяндзкага салдата. Разам з іншым утрыманьнем салдатам часова даюцца жонкі, зразумела, з «чорных». Яны гатуюць, мыюць бялізну, абслугоўваюць сваіх мужоў, а потым… застаюцца «на волі».

Тугаю так хацелася растлумачыць ім, якое глупства яны робяць, але ён добра ведаў, што гэта дарэмна. Тут ён з зьдзіўленьнем заўважыў, што сярод жанчын знаходзіцца адзін стары мужчына.

— І ты, дзядуля, прышоў пакланіцца гэтай хвізе? — сказаў Тугай.

— Ня думай, што гэта толькі жаночая справа, — паважна сказаў дзед: — гэта таксама справа агульная, дзяржаўная.

— Ну?! — зьдзівіўся Тугай.

— Ці-ж ты ня ведаеш? Эх, вы, моладзь сучасная! Ганьбіце ўсё старое, ня цікавіць вас нават лёс бацькаўшчыны.

— Ці-ж ад гэтай хвігі залежыць лёс нашай старонкі? — засьмяяўся Тугай.

— Можа і ад хвігі, а больш ад гарматы. Даўно-даўно, калі белыя толькі яшчэ пагражалі нам, Аллах паслаў нам дзьве такія гарматы, каб бараніцца. Але нашы, замест таго каб даць дружны адпор, пачалі сварыцца паміж сабой, — і тады, гарматы падзяліліся: адна засталася тут, другая апынулася недзе далёка, у сярэдзіне выспы. Але Аллах пры гэтым сказаў: — «Калі вы ўсе дагаворыцеся, памірыцеся, — тады гарматы зноў сыдуцца разам, і тады будзе канец белай уладзе. Вось і бачыш цяпер, што залежыць ад гэтай гарматы.

Тугай і сам ужо ўспомніў, што ён калісьці чуў гэтую легенду. Але цяпер яна зрабіла на яго асаблівае ўражаньне. Ён ужо не сьмяяўся, а, наадварот, — задумаўся.

— Праўда твая, дзядуля! — сказаў ён сур’ёзна.— Я гэта ведаю, і ўсе ведаюць. Але ці ведаеце вы, што гэты час ужо блізкі?

— Няўжо-ж? — ажывіўся дзед, і нават жанчыны зацікавіліся.

— Праўда! І другая гармата ўжо ідзе на злучэньне.

— Адкуль? Як? Хто бачыў?

— Шмат людзей бачылі, — упэўнена і цьвёрда казаў Тугай: — і я сам бачыў, сваімі ўласнымі вачыма, — дадаў ён неспадзявана для сябе самога.

— Дзе? Калі? Кажы!

— Спачатку яе бачылі ў акрузе Банджумас, потым — у Прэангеры, апошні-ж раз я сам бачыў у Бантаме. Больш падрабязна, пакуль што я ня маю права вам казаць, каб не даведаліся голяндцы. І вы таксама сьцеражэцеся, каб яны не даведаліся. Але паміж сваіх вы маеце права казаць, нават старайцеся распаўсюдзіць, што прароцтва ўжо спаўняецца, што ўладзе белых прыходзіць канец і што няма чаго ўжо іх баяцца.

Гэтыя словы Тугай вымавіў вельмі ўрачыстым голасам, потым раптоўна зьвярнуўся і пашоў далей, задаволена ўсьміхаючыся сабе пад нос.

— Кожны кій мае два канцы! — голасна прамармытаў ён сам сабе.

А «паклоньнікі хвігі» ад такой навіны нават забыліся аб сваіх уласных справах і хутка пачалі разыходзіцца, каб абвясьціць сваім знаёмым такую важную навіну.

— Дзякуй Аллаху, дачакаўся і я вызваленьня свайго народу! — казаў стары, кульгаючы дадому: — я заўсёды казаў, нядарма-ж усё гэта гаворыцца, нядарма-ж яна тут ляжыць, гэтая гармата, нядарма-ж перад ёю моляцца — вось бачыце, цяпер і збываецца прароцтва.

Тым часам Тугай дабраўся да самага апошняга, самага беднага кварталу, аб якім, відаць, забылася нават сама паліцыя, бо вельмі ўжо брудна было тут. Маленькія хаткі туліліся адна да аднэй, голая чорная дзетвара капашылася ў балоце ад учарашняга дажджу; гразь яшчэ і ня высахла толькі таму, што бязупынна папаўнялася новай гразьзю, толькі горшай, чалавечай. Усюды былі разьвешаны пялёнкі і іншае лахмоцьце.

Усё гэта парылася пад пякучым сонцам, якое стаяла акурат над галавой. Горш-жа за ўсё, што расьліннасьці амаль зусім ня было ў гэтым кутку. Ужо на што яна буяе ў гэтым краі на кожным кроку, але тут людзкая гушчара перамагла нават яе. І ня дзіва: каля 300 тысяч народу жыве ў Батавіі, а вялізных шматпавярховых камяніц у ёй куды менш, чымся ў эўропэйскіх гарадох.

І толькі блізкасьць мора, якое асьвяжае паветра і не дапушчае гарачыні падымацца звыш 35°, — дае магчымасьць сяк-так жыць у гэтым пекле, або раі (усёроўна, так і гэтак можна назваць гэты дзіўны край).

Тугай падышоў да аднэй хаты, таксама беднай, але крыху большай і лепш дагледжанай. Нават некалькі бананаў расло ля яе.

Насустрач Тугаю выйшаў мужчына гадоў 35, малаец, але ў штанах і сіняй расшпіленай блюзе. Увесь яго выгляд сьведчыў, што ён быў больш кваліфікаваны і вопытны рабочы, чымся звычайная малайская бедната.

— Прыехаў? — запытаўся ён у Тугая.

— Прыехаў.

— Усё добра?

— Лепш ня трэба. Зьбяруцца сёньня?

— Будуць усе. Ідзем пагаворым! Прыйдзецца пачакаць да цямна. І яны ўвайшлі ў хату.


III. САПСАВАНЫ БАЛЬ.

Некалькі рысак з колёніяльнай дзейнасьці голяндцаў. — Кававыя пляны ван-Дрэкера і спачуцьцё ван-Гука. — Баль у генэрал-губарнатара. — Каляровыя паны. — Слава мічмана ван-Хорка. — Мядовыя словы і бомба.

«Пэрл голяндзкай кароны» — так звычайна завуць Яву ў Эўропе. Цікава толькі, што сама карона 33 т. кв. клм., а «пэрл» на ёй — 133 тысячы, а разам з усімі іншымі пэрламі (Суматра, Цэлебэс, Борнэо, Новая Гвінэя) будзе больш за 2 мільёны кв. кілёмэтраў. Насельніцтва ў самой Голяндыі 8 мільёнаў, а на Яве — каля 40[11], у тым ліку саміх голяндцаў ня больш за 100 тысяч.

Як-жа такая маленькая карона здолела прычапіць да сябе такі вялікі пэрл?

Справа звычайная, гандлёвая. Пачалася яна з 1598 году, калі была заснавана Ост-Індзкая кампанія капіталістых з 6 мільёнамі гульдэнаў[12]. Прадпрыемства было зусім прыватнае і мела сваёй мэтай толькі гандаль.

Кампанія будавала ў розных мясцох «факторыі» — склады тавараў, палюбоўна дагаворвалася з мясцовымі князькамі. А потым і без палюбоўнасьці пачала запускаць свае кіпцюры ўсё глыбей і мацней. Дзеля гэтага кампанія мела нават сваё ўласнае войска. А калі жыхары ўбачылі, што мірныя гандляры робяцца ўладарамі і захацелі сапхнуць няпрошаных гасьцей, — тады ўжо прыйшла на дапамогу сама «карона». Краіна была абвешчана ўласнасьцю Голяндыі, зьявіліся губарнатары, генэралы, гарматы; пачаліся расправы са «здраднікамі».

А «здрады» бывалі розныя. Напрыклад:

У Эўропе падаражэў перац, за яго плацяць вялікія грошы. І вось даецца загад, каб насельніцтва палову сваёй зямлі засаджвала выключна перцам. Але некалькі чалавек засадзілі яго меней. Злачынства выкрылі, — і на другі дзень некалькі вёсак былі спалены, а ўсё насельніцтва іх, да апошняга чалавека, было зьнішчана.

Але гэта было даўно, гадоў 200 назад. Пазьней забівалі ня ўсіх, а толькі вінаватых; абавязковыя засевы зьмяншаліся да аднэй трэцяй часткі зямлі, потым — да аднэй пятай, а цяпер і зусім скасаваны.

Але было-б несправядліва казаць толькі аб зьверскіх учынках голяндцаў. Маюцца помнікі і культурнай працы іх. Так, праз усю выспу, ад Батавіі да Сурабайі, на працягу 800 клм. праведзена дасканалая шаша, якая каштавала ўсяго толькі сьмерці якіх-небудзь тысяч сто бурых людзей, а грошай ня страчана ніводнага гульдэну.

Аднак-жа і тут трэба адзначыць, што гэта было даўней, калі панаваў кулак, а цяпер пануе гульдэн, і справа ідзе іншым парадкам. Толькі мэта застаецца тая самая: выціснуць з пад’уладнага «дзікага» народу як мага болей грошай. За апошнія гады Голяндыя такім чынам выціснула 2 мільярды гульдэнаў.

Якім-жа спосабам жменька чужакоў трымае ў сваіх руках шматмільённы народ? Дзеля гэтага існуе шмат спосабаў. Найбольш карысна цемра народная, таму на асьвету «белых» выдаецца ў год 38 мільёнаў гульдэнаў, а на цёмных — 17 мільёнаў. Падлічэце самі, колькі выпадае на адну белую і на адну цёмную душу.

Другі памочнік — беднасьць. Сярэдні прыбытак явайца — 15 гульдэнаў у год, на нашыя грошы — адзін рубель у месяц. Пры гэтым абядненьне так добра ідзе, што сярод явайцаў нават зусім няма буржуазіі. Але трэба памятаць, што такі памочнік можа быць карысным да пэўнага часу, пакуль бедната ня прыдзе да адчаю і ня ўбачыць, што ёй няма чаго траціць, апрача сваёй беднасьці.

Затое вельмі карысны для ўлады мясцовыя паны, розныя былыя князькі. Усе яны атрымліваюць ад улады значную пэнсію «за перадачу Голяндыі сваіх правоў над народам». Апрача гэтага, яны-ж, пад назвай рэгентаў абавязкова прызначаюцца начальнікамі розных акругаў і провінцый і кіруюць народам бадай таксама, як і калісьці. Толькі побач з імі стаіць яшчэ рэзыдэнт, голяндзкі чыноўнік, які «раіць» рэгенту рабіць так і гэтак. Зразумела, гэта «парада» і зьяўляецца сапраўднай уладай, але ў вачох народа выглядае, нібы кіруе «свой». Нават дзьве «незалежных дзяржавы» яшчэ існуюць на Яве.

Вось гэтыя «свае» і памагаюць голяндцам трымаць у руках мільёны людзей.

Вышэйшай уладай лічыцца «яе вялікасьць Вільгэльміна, каралева голяндзкая», якая жыве за 17.000 клм. ад Явы і ні разу ня бачыла «свайго» народу. Замест яе кіруе яе намесьнік, генэрал-губарнатар, які і зьяўляецца на Яве царом і богам.

Зразумела, далей ідзе адпаведны апарат з тысячамі голяндзкіх чыноўнікаў, але бяз усякага ўдзелу 40-мільённага народу.

І вось у 1918 годзе далі, нарэшце, голас і «народу»: стварылі «Народную раду», куды ўваходзяць чалавек 30, з якіх палова эўропэйцаў. Палова рады назначаецца генэрал-губарнатарам, а другая палова «абіраецца» на мясцох праз тую-ж самую ўладу. І нават такая «Народная» рада мае толькі дарадчы голас пры генэрал-губарнатары.


∗     ∗

Пакуль Тугай валандаўся па Батавіі, яго туан накіраваўся ў Вэльтэврэдэн, у дзяржаўныя ўстановы. Аўтомобіль хутка вылецеў на вялізную Каралеўскую плошчу, вакол якой бялелі ў садох адносна невялікія, але прыгожыя будынкі. Кожны голяндзкі чыноўнік марыць аб тым, каб мець тут кватэру.

Ёсьць сярод іх такія, што не шкадуюць аддаваць палову сваёй пэнсіі, абы толькі жыць у панскім квартале.

Найлепшым будынкам, зразумела, быў палац генэрал-губарнатара, яскрава-белы, з мармуровымі колёнамі. Побач памяшканьне для вартаўнікоў і будкі для варты. Але генэрал-губарнатар тут рэдка жыве. Ён выбраў сабе месца ў вышэйшай і больш здаровай мясцовасьці, у Бэйтэнзоргу, кілёмэтраў 40 ад Батавіі.

Недалёка ад палацу ўздымаўся вялізны будынак дзяржаўных устаноў. Перад ім і спыніўся аўтомобіль ван-Дрэкера.

З важным выглядам увайшоў ван-Дрэкер у дом і запытаўся начальніка зямельнага дэпартаманту. Замітусіліся слугі, і праз хвіліну ван-Дрэкер уваходзіў у габінэт, дзе за сталом прэў круглы, лысы чалавек.

— Ван-Дрэкер, прадстаўнік фірмы ван-Бром і К° у Амстэрдаме, — прамовіў ван-Дрэкер, ветліва, але з гонарам, схіліўшыся.

— Калі ласка! Сядайце, — адказаў начальнік: — чым магу служыць?

— Бачыце, — пачаў ван-Дрэкер, выкладаючы свае паперы: — наша фірма намерваецца заснаваць на Яве кававыя плянтацыі, і мне даручана адшукаць дзеля гэтага зямлю.

— Нялёгкая справа, — задуменна сказаў начальнік: — усё, што можна, ужо занята, галоўным чынам пад цукровыя плянтацыі. Насельніцтва густое, зямлі мала, і з кожным годам усё цяжэй і цяжэй дастаць кавалак зямлі.

— Усё гэта мы ведаем, — адказаў ван-Дрэкер: — усё гэта мы ўлічваем, але маем і свае довады. Як вам вядома, за апошнія гады ўсе капіталы накіраваліся ў цукровую прамысловасьць, а кававая заняпала, і мы прадбачым крызіс на цукар і попыт на каву. Умовы дзеля гэтага вельмі спрыяючыя. Калі паставіць справу навукова, мы зможам даць каву, лепшую за Бразільскую. Дзеля гэтага фірма гатова ўкласьці досыць мільёнаў і ня бачыць перашкоды ў тым, калі прыдзецца заснаваць прадпрыемства ў якім-небудзь глухім кутку, напр., у Бантаме, або ў Суракарце ці Джоджакарце[13].

— Пры такіх умовах справа крыху палягчаецца. У Бантаме або ў Прэангеры можа і знойдзецца. Але ў Суракарце ці Джоджакарце залежыць ад мясцовых султанаў.

— І гэта мы ведаем. Вы толькі дайце рэкомэндацыю да тамтэйшых рэзыдэнтаў, а там ужо я сам аб’ежджу і выгляджу. Зразумела, перш за ўсё трэба і ваша прынцыповая згода.

— Супроць культурнага мерапрыемства мы нічога ня можам мець, — неяк нявыразна прамовіў начальнік: — але ўсё-ж такі справа ня зусім такая простая, як вам здаецца.

— Наадварот! — падхапіў ван-Дрэкер: — фірма дасканала ведае ўсю цяжкасьць справы. Гэта відаць з таго, што яна прызначыла ня меней 10 проц. з капіталу на гэты бок справы. Зразумела, адзін я нічога не зраблю; тут патрэбны аўторытэтныя людзі.

У вачох начальніка нешта бліснула. Ён адразу стаў больш уважлівым і лагодным. Ён выразна паглядзеў на Дрэкера і сказаў:

— Цяпер я бачу, што прадпрыемства задумана цьвяроза, што яно ў разумных і практычных руках. Бачу, што там у вас добра ведаюць перашкоды па гэтай дарозе. Ведаюць, што значыць угаварыць насельніцтва, каб яно ўступіла свае кавалкі зямлі. Ведаюць, які апарат дзеля гэтага прыходзіцца пускаць у ход.

— І не кажэце! — сьмяючыся перарваў ван-Дрэкер і дакрануўся да рукі начальніка: — ці-ж мы дзеці? Ці-ж мы ня ведаем рэальных умоў і абставін? Мне толькі трэба будзе аб’ехаць і аглядзець больш-менш зручныя месцы, а потым ужо прыдзецца зьвярнуцца да больш аўторытэтнага чалавека. Не асьмельваюся турбаваць вас, але каб вы згадзіліся памагчы ў гэтай культурнай справе, мы былі-б вельмі ўдзячныя.

— Што-ж? — нібы замысьліўшыся, прамовіў начальнік: — прыдзецца патурбавацца. Гэтага патрабуе і карысьць краіны, і карысьць нашай бацькаўшчыны.

Праз некалькі хвілін ван-Дрэкер меў паперу, у якой прапанавалася ўсім прадстаўніком мясцовай улады памагаць яму пры аб’езьдзе і аглядзе зямель.

Нарэшце ван-Дрэкер і начальнік дэпартаманту ван-Гук пасябравалі так, нібы яны былі старыя знаёмыя. Папіваючы ананасавую ваду з лёдам, яны гутарылі ўжо аб усялякіх прыватных рэчах і, відаць, спадабаліся адзін аднаму.

— Вы калі думаеце ехаць? — запытаўся ван-Гук.

— Калі ўдасца, дык хоць сягоньня.

— Сёньня ў генэрал-губарнатара офіцыйны баль. Дні тры, як ён прыехаў з Бэйтэнзоргу. Калі пацікавіцеся, я магу атрымаць для вас запрашэньне.

Спачатку ван-Дрэкер адмовіўся, але потым раздумаўся і згадзіўся.

— У такім разе, — казаў ван-Гук, праводзячы госьця да дзьвярэй, — прыяжджайце да мяне а восьмай гадзіне, і мы накіруемся разам.

На ганку ван-Дрэкер сустрэўся з Піпам. Яны прывіталіся як знаёмыя, і ван-Дрэкер запытаўся:

— Ну як вашы паляўнічыя справы, мінгер Піп?

— Вось трэба яшчэ атрымаць дазвол на падарожжа па краіне.

— А як падабаецца краіна?

— Пакуль што нічога цікавага: дамы, вуліцы, трамваі, аўтомобілі, як і ў нас; нават жулікі на рынку такія самыя. Толькі зьмеі прадаюцца на рынку, як каўбасы. Мусіць, сапраўдная прырода там далей.

— Вядома. Жадаю посьпеху!


∗     ∗

А палове дзевятай ван-Дрэкер пад’ехаў да палацу генэрал-губарнатара з ван-Гукам і яго сямействам: тоўстай жонкай і цыбатай дачкой.

Сярод цёмнай ночы палац зьзяў агнямі, нібы вогнішча. Дзесяткі аўтомобіляў і коней таўкліся ля пад’езду, а навакол стаяў натоўп простых гледачоў, якіх адціскалі паліцэйскія.

Па бакох мармуровых сходняў, пакрытых дыванамі, стаялі цёмныя лёкаі ў бліскучым парадным адзеньні, але… босыя. У пышных залях гулі госьці, якіх сабралася чалавек 600. Чакалі выхаду самога генэрал-губарнатара.

Апрача вышэйшых голяндзкіх чыноўнікаў і ваенных, былі і прадстаўнікі чужаземных дзяржаў: Англіі, Францыі, Бэльгіі і інш. Кідалася ў вочы, што прынамсі палова гасьцей былі мэтысы, а жонкі іх нават зусім чыстакроўныя явайкі. Вось прайшоў важны генэрал-мэтыс са сваёй бурай жонкай. Чужаземцы зірнулі адзін на аднаго і пачалі ціха перагаварвацца. Відаць было, што яны дзівяцца, як гэта дапушчаюць цёмнаскурых людзей у генэралы.

Ван-Гук заўважыў гэта і сказаў ван-Дрэкеру:

— Гэта галоўнакамандуючы явайскімі войскамі, таленавіты і верны чалавек. Але ўсё-ж такі на такую пасаду лепш было-б прызначыць каго-небудзь з нашых. Тут ён вялікі туз, а ў Голяндыі з ім нават пасаромеліся-б прывітацца.

— Гэта толькі сьведчыць, што мы няўдзячны адносна нашых верных слуг, — адказаў Дрэкер.

— Затое тут яны гэтага не адчуваюць, — адказаў ван-Гук.

Ван-Дрэкер паглядзеў на генэралаву жонку, такую прыгожую, маленькую, далікатную і, відаць, разумную і падумаў: — «ці ведаюць гэтыя мяхі, што гэта «бурая» жанчына стаіць вышэй за ўсіх іх аблезлых жанок і дачок?».

Вось заварушыўся народ, дзяжурны ад’ютант крыкнуў на ўсю залю: «Іх высокапрэвасхадзіцельства генэрал-губарнатар з жонкай!» — У глыбіні залі адчыніліся дзьверы, музыка зайграла голяндзкі гімн, — і паважна, павольна выплыў генэрал-губарнатар з жонкай.

Публіка паўскаквала, нізка схілілася. Генэрал-губарнатар у адказ ледзь-ледзь схіліў галаву, прывітаўся з некалькімі найважнейшымі людзьмі, перакінуўся некалькімі словамі і пашоў на сваё месца. Публіка падзялілася на гурткі і чакала адчыненьня балю.

Вось зайгралі полёнэз, генэрал-губарнатар запрасіў жонку францускага консула і пачаў танец. За ім нейкі туз з жонкай генэрал-губарнатара, а там наступныя па чыну. З вялікаю пашанаю, як у царкве, сачыла прасьцейшая публіка за танцам «самога» генэрал-губарнатара.

Баль быў адчынены. Праз некалькі хвілін генэрал-губарнатар вышаў з шэрагу і сеў у асобным кутку разам з вышэйшымі чынамі, а танцавала ўжо прасьцейшая публіка.

За полёнэзам пашлі іншыя «неофіцыйныя» танцы. Публіка мяшалася, зьмянялася. Усе вокны былі адчынены; за імі вабілі да сябе вэранды. Ван-Дрэкер з цікавасьцю назіраў за ўсім гэтым, але далікатнасьць прымусіла і яго пайсьці танцаваць з дачкой ван-Гука.

Потым ён вышаў на вэранду. Вакол быў сад, абгароджаны высокай сьцяной. Пальмы, бананы, і іншыя нязвычайныя расьліны пераносілі яго зусім у другі сьвет. Але музыка, парадная публіка ў сурдутах, фраках, мундзірах, і ўсе іншыя акалічнасьці паказвалі, што сьвет той самы, што і ў Гаазе, Вене, Лёндоне, Парыжы. І той самы ніжэйшы народ стаіць там на вуліцы і з зайдрасьцю пазірае, як весяляцца паны.

— Гляджу я на ўсё гэта і дзіўлюся, — пачуўся збоку голас ангельскага консула: — што сабе думае голяндзкая ўлада? Праз дзесяць-дваццаць год не застанецца аніводнага чыстакроўнага белага чалавека. Усё пяройдзе ў рукі бурых, жоўтых, кававых і іншых каляровых стварэньняў. І як голяндцам ня сорамна вадзіцца з гэтымі кававымі генэраламі і чыноўнікамі? У нас-бы іх і на парог ня пусьцілі, а тут яны роўнапраўныя. У нас, калі ангелец возьме сабе каляровую жонку, яго ўжо ня прымуць ні ў адным прыстойным доме. А тут, у доме самога генэрал-губарнатара цэлы зьвярынец.

— Яно так, — адказаў другі чалавек, відаць францускі консул: — але пакуль што ніякай шкоды ад гэтага для голяндцаў мы ня бачым. У працягу ста гадоў мы ня бачылі аніводнага сур’ёзнага паўстаньня. Бачачы сваіх, народ задаволены ўладай. Гэтыя каляровыя можа больш карысны для голяндзкай улады, чымся свае белыя.

— Мы таксама карыстаемся каляровымі, але гэта ня значыць, што мы павінны мяшацца з імі.

Нехта падышоў, і размова спынілася.

Калі ван-Дрэкер вярнуўся ў залю да ван-Гука, з ім гутарыў бэльгійскі консул.

— Ці ведаеце, прыём і паводзіны вашага генэрал-губарнатара куды пышней і ўрачысьцей, чымся нашага караля, — казаў консул.

— Не забывайцеся, — усьміхнуўся ван-Гук, — што генэрал-губарнатар якраз і замяшчае асобу нашае каралевы, і ўсё, што належыць ёй, тутака пераносіцца на яго. А па-другое, у гэтай дзікай краіне неабходна трымаць сьцяг улады на належнай вышыні.

— Праўда, — згадзіўся консул, — затое можна зазначыць, што ніводная дзяржава не дасягнула ў сваіх колёніях такіх посьпехаў, як голяндцы на Яве. Разьвіцьцё прамысловасьці, культуры, роўнапраўства (і ён паказаў рукою на мэтысаў), — усё гэта падняло краіну і стварыла спакойныя ўмовы жыцьця як для голяндцаў, таксама і для тубыльцаў. Вось чаму вы не адчуваеце тых трывог і небясьпекі, якія пагражаюць іншым дзяржавам ў іх колёніях.

— Так, наш народ ціхі і спакойны, — падцьвердзіў ван-Гук.

— Але-ж я чуў, — умяшаўся Дрэкер, — што існуюць нейкія незадаволеныя партыі: Сарэкат-Іслам, Сарэкат-Райят, нават комуністычная партыя.

— Ну, гэта толькі гульня, — засьмяяўся ван-Гук, — усюды знойдзецца некалькі нездаволеных людзей, а задаволіць іх заўсёды можна… дармовым памяшканьнем.

І ён гучна зарагатаў, задаволены сваім жартам. Падтрымаў яго і консул, усьміхнуўся і Дрэкер.

Баль тымчасам ішоў сваім парадкам. Маладыя танцавалі, старэйшыя гутарылі. Вось міма прайшоў малады флёцкі афіцэр. Дрэкер зірнуў на яго і нібы ўздрыгануўся.

— Ці ня ведаеце, хто гэта такі? — запытаўся ён ван-Гука.

— О, гэта цікавы чалавек, герой, — адказаў той. — З ім зьвязана адна таемная гісторыя, якая трымаецца ў сакрэце, але вам, я думаю, можна сказаць, вы — свой.

— Зразумела, — упэўнена сказаў ван-Дрэкер.

— Бачыце, — ціха пачаў ван-Гук: — некалькі месяцаў назад зьнік ваенны карабель. Можа чыталі, у газэце пісалася, што разьбіўся аб каменьні ваенны карабель «Саардам».

— Здаецца, чытаў, — звычайным тонам адказаў ван-Дрэкер.

— Ну, дык вось сапраўды ён не разьбіўся, а яго захапілі бандыты.

— Ня можа быць! — зьдзівіўся ван-Дрэкер: — каб бандыты ды захапілі ваенны карабель! Гэта-ж зьнявага!

— Вось затым і абвясьцілі, што нібы ён сам разьбіўся. Капітан, яго памочнік і каманда ганебна здаліся бандытам. Толькі вось гэты малады мічман, ван-Хорк, трымаўся да апошняга моманту і каб каманда ня прымусіла яго пакарыцца, ён-бы ўзарваў карабель разам з сабой і ўсімі.

— Вось які герой! — зьдзівіўся ван-Дрэкер.

— Ну, зразумела, усю каманду пакаралі, а ван-Хорка павысілі ў капітаны і прызначылі камандзірам мінаносцу.

— Ну, а «Саардам» куды дзеўся, ці вядома?

— Да апошняга часу ня ведалі, а цяпер, здаецца, даведаліся, бо ван-Хорк заўтра ці пасьлязаўтра ідзе за ім.

Між тым танцы спыніліся і гасьцей запрасілі на вячэру. Дзьве вялізных залі занялі госьці. Генэрал-губарнатар сеў за асобны стол і запрасіў да сябе самых пачэсных гасьцей. Калі ўсе расьселіся і ўціхамірыліся, генэрал-губарнатар устаў, падняў келіх і сказаў:

— Паважаныя госьці! Дазвольце падняць першы келіх за яе вялікасьць каралеву Вільгэльміну голяндзкую, уладарку Індонэзіі. Толькі яе ўважлівасьць, яе клопаты далі нам магчымасьць узьняць дабрабыт гэтай краіны, даць насельніцтву…

Страшэнны трэск раздаўся за акном. Затрэсьліся сьцены, зазьвінела і пасыпалася шкло, цэгла; кавалкі дрэва паляцелі на стол, а ў куту залі зрабілася вялікая шчыліна.

Нявыказная мітусяніна пачалася ў залі. Пачуліся галасы: «Выбух! Бомба! Салака![14]». Сталы, страва, людзі, крэслы — зьмяшаліся ў адну кучу. «Першы келіх» вываліўся з рук генэрал-губарнатара, і ён, падчапіўшы жонку, пабег праз дзьверы, разам з усімі людзьмі, забыўшыся аб сваім высокім званьні. Але ў дзьвярах была такая цісканіна, што нельга было прайсьці ні ўзад, ні ўперад. На падлозе галасіла некалькі жанчын, якіх тапталі звар’яцелыя людзі. Некалькі чалавек выскачылі ў акно, а ван-Хорк схаваўся ў куток пад столікам.

Тут пачуўся зычны голас «кававага» генэрала:

— Панове! Супакойцеся! Бачыце, што ўсё скончылася, што больш нічога не пагражае. Апамятайцеся, бо наробіце яшчэ больш бяды.

Першы апамятаўся генэрал-губарнатар і зрабіў выгляд, быццам ён кінуўся да дзьвярэй наводзіць парадак. Да яго далучыліся другія афіцэры.

Выскачыў і ван-Хорк і зараз-жа пачаў супакойваць публіку.

— Панове, супакойцеся! Мы на варце, мы не дапусьцім няшчасьця. Ратуйце жанчын.

А ван-Дрэкер стаяў увесь час, нібы скамянелы. Здавалася, нібы ён нават і ня бачыў мітусяніны, што ён зусім ня думаў аб небясьпецы, а быў заняты зусім іншым. Нахмураны твар сьведчыў, што ў галаве яго была сур’ёзная і цяжкая думка.

Вялікая была-б бяда, калі-б здарылася яшчэ якая-небудзь трывога. Але цяпер, убачыўшы, што ўсё ціха, што больш нічога не пагражае, людзі супакоіліся і пачалі разыходзіцца.

Вынікамі ўсёй гэтай гісторыі былі дзьве жанчыны раздушаныя на сьмерць, некалькі сур’ёзна параненых і з дзесятак людзей лёгка параненых і падрапаных.

Калі госьці разьехаліся, у генэрал-губарнатара адчынілася нарада. Выявілася, што нехта кінуў бомбу, але дзеля таго, што ўвесь палац пільнавалі, злачынец мог кінуць бомбу толькі здалёк, і яна разарвалася ў садзе, ля рагу будынку. Злавіць злачынцу не ўдалося. Праўда, наогул налавілі шмат людзей, але якіх папала.

— Гэта ўсё комуністыя! — заскрыгатаў зубамі генэрал-губарнатар: — прыдзецца іх добра пачысьціць!

Ня ведаў ён, што для комуністых гэта бомба была яшчэ болей шкодная і непажаданая чымся для генэрал-губарнатара…

Хутка ляцеў ван-Дрэкер дамоў. Па дарозе зайшоў на тэлеграф і паслаў у Тжылатджан тэлеграму:

«Вучастак для кававай плянтацыі знойдзены. Пастарайцеся сваячасова ачысьціць яго».

У готэлі ён перш за ўсё запытаўся, ці ёсьць Тугай. Яму адказалі, што няма.

— Прышлеце яго да мяне, калі ён вернецца, — загадаў ван-Дрэкер. Вярнуўся Тугай праз дзьве гадзіны.

— Будзе табе ад туана! — казалі яму слугі, але заснулі, не дачакаўшыся вынікаў, бо Тугай прасядзеў у нумары ван-Дрэкера да пятай гадзіны.

IV. ЖЫЦЬЦЁ ЯВАЙСКАГА НАРОДУ.

Дэза Банд‘ю. — Цукровая плянтацыя Більбо. — Бізуны дзеля дванаццаці чалавек адразу. — Звальненьне сяброў „разбойніцкіх банд“. — Па-Інго і яго сын. — Пажар на плянтацыі. — „Бунт“. — Прыезд рэгента. — Дур‘янам па галаве! — Няшчасьці Па-Інго. — „Амок“!

Дэза[15] Банд’ю знаходзіца ля самай чыгункі. У яе ўваходзяць некалькі кампонгаў[16], але яны стаяць так блізка адзін ад аднаго, што іх можна лічыць і за адзін кампонг. Зямлі на гаспадара прыходзіцца вельмі мала, ня болей паловы гектара. Дзеля гэтага кожны кавалак ля хаты засаджаны бананамі, пальмамі, мангустанамі, дур’янамі і іншымі пладовымі дрэвамі, і, урэшце, уся вёска хаваецца ў дрэвах, як у лесе. Здалёк вёску зусім нельга заўважыць: яна здаецца ляском сярод палёў.

Ёсьць гаспадаркі, якія складаюцца толькі з некалькіх пладовых дрэў. Але, калі гэтых дрэў налічваецца да 7 штук, дык гаспадар павінен плаціць 2,2 гульдэна падатку.

Сярод гэтых садоў раскіданы хаткі, якія можна назваць кошыкамі на слупкох. Усе яны сплецены з бамбуку і стаяць на «курыных ножках», на чатырох, часам болей, слупох, з паўмэтра вышынёю. Страха сплецена з «аланг-аланг» (трава з шырокім лісьцем), ці з пальмавага лісьця, або рысавай саломы. У сярэдзіне ложак ды рагожы на падлозе — і больш нічога. Пара гаршкоў ды «пліта» з каменьня дапаўняюць дамовую гаспадарку.

Побач такі самы сьвіран ды страха для быка і павозкі на двух колах, калі хто мае такое багацьце. Амаль уся гаспадарка, з прыладамі і нават начыньнем, зроблена з бамбуку.

Але большасьць ня мае ніякай гаспадаркі. Кавалак зямлі ў некалькі сажняў яны апрацоўваюць рукамі. Вылічана, што маёмасьць такіх гаспадароў ацэньваецца на нашыя грошы ў 4 рублі, у тым ліку «дом» каштуе… 1 руб. 20 кап.!

Усе двары і сады, калі іх можна так назваць, зарасьлі дзікай травой, якая ў гэтай краіне расьце так, што можа ўсё заглушыць. Ніколі людзі ня чысьцяць і не прыбіраюць вакол сваіх хат.

За вёскай ідзе «савах» (ральля), дзе яваец разводзіць «паді» (рыс). Гэтае паді, якое яванец на адным полі можа сеяць тры разы ў год, і зьяўляецца галоўным, можна сказаць, выключным сродкам існаваньня.

Сотні гадоў міралюбны яваец апрацоўваў свой савах, зьбіраў паді, нічога больш не жадаў, нікуды ня соваўся, але вось аднекуль прышлі белыя людзі і пачалі праводзіць «культуру»: спачатку, як мы бачылі, прымушалі садзіць тое, што явайцу ня трэба, а потым «палюбоўна» браць зямлю ў арэнду.

Такім чынам прадпрыемца Більбо і арандаваў тры чвэрці дэзы Банд’ю для сваёй цукровай фабрыкі. Арандаваў зусім палюбоўна і проста. Перш за ўсё пасябраваў з мясцовай уладай да «луры» (стараста дэзы) уключна. І пашло так, што, калі толькі ў гаспадара бяда, ці неўраджай, ці скаціна падохла, — якраз і падаткі трэба плаціць. Але разам з тым ішла і дапамога: агенты Більбо вельмі ахвотна пазычалі грошы, і ўрэшце зямля «палюбоўна» перашла да Більбо. А гаспадары з гэтага часу апрацоўвалі сваю зямлю ўжо на карысьць Більбо.

Некалькі гаспадарак яшчэ трымаліся, але канчатковы лёс іх быў ужо вырашаны.

А побач з першабытнай малайскай вёскай, дзе людзі жылі таксама, як 300 гадоў назад, — уздымаўся завод, пабудованы згодна апошняму слову эўропэйскай тэхнікі. І на палёх 400 чалавек працавала над цукровым трысьцём. Палова іх нават былі дзеці гадоў 12—15, бо ім трэба было плаціць менш. Праца складалася з таго, што трэба было абарваць лішнее ніжэйшае лісьце і абкапаць кожную расьліну.

У гэтай горнай краіне амаль зусім няма роўных прастораў. Даліны чаргуюцца з узвышшамі, часам уздымаюцца зусім скалістыя, стромкія горы, а там зноў ідзе даліна. У такой даліне была і цукровая плянтацыя.

На ўзвышшы, пад густым дрэвам, сядзелі тры даглядчыкі, служачыя Більбо. Два з іх былі голяндцы, трэці — мэтыс. Уся плянтацыя ляжала перад імі, як на далоні, толькі нельга было разгледзець кожнага рабочага, паасобку. Але дзеля гэтага ў іх быў бінокль. Час ад часу то адзін, то другі падносілі бінокль да ачэй і разглядалі поле. Побач ляжалі даўжэнныя бізуны, аб якіх самі даглядчыкі казалі, што яны «могуць абхапіць адразу дванаццаць чалавек».

— Набліжаўся поўдзень. Сонца стаяла над самай галавой і агнём смаліла голыя сьпіны рабочых. Нават даглядчыкам у цяньку было млосна.

— Вось ужо каторы час тыя хлапцы прыпыняюць работу, — бурчаў адзін з даглядчыкаў: — а ісьці да іх не ахвота. Во, зноў! Ах, паганыя!

— Нічога ня зробіш, трэба ісьці. Твая чарга, Грын, — сказаў другі.

— Ну, дык я ім пакажу за гэта! — злосна крыкнуў Грын і, узяўшы бізун, пашоў да рабочых.

Убачыўшы, што набліжаецца даглядчык з бізуном, усе чатырыста чалавек уздрыгануліся.

— Ці не да мяне? — мільганула ў кожнага з іх у галаве, і пад гарачымі праменьнямі сонца яны адчулі халадок.

Па дарозе даглядчыку трэба было абмінуць кавалак поля, засеянага рысам. Кавалак належыў Па-Інго, аднаму з тых гаспадароў, якія яшчэ трымаліся за сваю зямлю. Зразумела, даглядчык ня стаў абмінаць, а пашоў проста праз пасеў. Даўно ўжо прапанавалі гэтаму Па-Інго аддаць свой кавалак у арэнду, а калі ён ня хоча, тым горш яму самому. І праз рыс было ўжо пракладзена столькі сьцежак (кожны раз новая!), што беднаму Па-Інго ўжо нямнога заставалася карысьці.

Сярод рабочых быў і сын Па-Інго, дваццацігадовы дзяцюк Нонг. У бясьсільнай злосьці павінен быў глядзець ён, як на яго вачох гінула іх праца.

Схіліліся рабочыя над працай, заціхлі, утаропілі вочы ў зямлю, нібы не зьвяртаючы ўвагі на даглядчыка. А ў саміх сэрца стукае хутка, хутка.

— Можа не да мяне? — мільгае ў кожнага надзея.

Даглядчык падышоў да вінаватых дзяцей.

— Вы што-ж гэта гуляеце? А? — загрымеў ён: — вы гуляць наняліся, ці працаваць?

Сьвіснуў бізун і абхапіў адным махам «толькі» чатырох. Яшчэ сьвіст — і бізун абхапіў ужо шасьцёра.

Застагналі, заплакалі дзеці, паліліся салонныя сьлёзы на салодкую расьліну, а па худзенькіх сьпінах выступілі рыскі крыві. Зараз-жа кінуліся на кроў мухі — «леры», абляпілі раны, але адагнаць іх ня было магчымасьці: трэба было працаваць.

Некалькі чалавек дарослых, асабліва жанчыны, мімаволі спыніліся і паглядзелі на бедных дзяцей, але зараз-жа зноў сьвіснуў бізун і зрабіў тое самае на іх сьпінах.

— Ах, вы, гультаі! — крычаў дазорца: — вы толькі і думаеце аб тым, каб украсьці якую-небудзь хвіліну. Вы думаеце, мы гэтага ня бачым? Не, кожнага бачым; нас не ашукаеце!

У гэты момант пачуўся звон. Пасьля шасьцігадзіннай працы настаў перапынак на поўгадзіны, а там зноў шасьцігадзінная праца да цямна. Даглядчык пашоў. Рабочыя расправілі сьпіны, паваліліся на зямлю, сталі палуднаваць. Жменька рысу і некалькі пладоў былі іхнай адзінай стравай за ўвесь дванаццацігадзінны рабочы дзень.

Хай не падумае чытач, што гэта ёсьць першабытнае нявольніцтва. Наадварот: гэта ёсьць поўная свабода. Рабочыя дабраахвотна ўмовіліся працаваць па 12 гадзін у дзень і нават падпісалі ўмову. А тады ўжо, згодна закону, работадаўца мае права прымусіць іх выканаць умову, г. зн. працаваць поўных 12 гадзін, хвіліна ў хвіліну. У іншых выпадках рабочыя працуюць і 10, і 9, і нават меней гадзін, але ў кожным разе па згодзе. Ці-ж гэта прыгон?

Рабочыя адпачывалі. Значная частка іх нічога ня думала, нічога не адчувала, апрача асалоды адпачынку. Нават аб катаваньні яны не разважалі. Справа звычайная. Дзеля таго яны і паны. Заўсёды так было і, мусіць, павінна быць. Вось каб барджэй толькі скончылася праца! Тады можна будзе добра адпачыць і забыцца аб усіх згрызотах.

Затое іншыя не маглі супакоіцца.

— Добры дух пакінуў сэрца белых людзей.

— Аллах адвярнуў свой твар ад нас.

Але сярод гэтых слоў чуліся і зусім іншыя:

— Ніколі Аллах ня раіў цярпець гвалты чужаземцаў. Наадварот, ён загадвае весьці барацьбу з імі. Мы самі павінны аб’яднацца, і тады Аллах паможа прагнаць чужаземцаў. Дзеля гэтага і існуе партыя Сарэкат-Райят[17]. Каб мы ўсе ўвайшлі ў гэтую партыю, тады адным махам вызваліліся-б ад чужаземцаў.

Некаторыя зацікавіліся, пачалі пытацца, дзе і як гэта можна зрабіць. Аднэй незалежнасьці ад белых мала, — чулася ў другім гуртку: — зірніце навакол і вы ўбачыце, што і «свае» таксама зьдзекуюцца над намі. Не, для нас свае толькі тыя, хто працуе, як і мы, а хто п’е нашу кроў — усё чужыя, якая-б скура ў іх ні была — белая ці бурая.

Цікава было слухаць такія словы пад экватарам, сярод бурых паўголых «дзікуноў». Нават сюды дайшлі комуністычныя ідэі. А пану Більбо і ня сьнілася, што ў яго на плянтацыі нявольнікі кажуць такія рэчы. Ён, як і ўся Эўропа, прывык лічыць явайцаў «самым ціхім і спакойным народам у сьвеце».

Хутка прайшло поўгадзіны, і зноў пачалася цяжкая праца. Але вось на небасхіле пачалі зьбірацца хмары. Загрымеў гром, замільгала маланка. Набліжаўся экватарыяльны дождж, той дождж, які льле, як з вядра, тая бура, калі на працягу гадзіны, ці дзьвёх робіцца цёмная ноч.

— Вось, недарэчы гэты дождж, каб яго… — лаяліся даглядчыкі.

Але затое рабочыя былі задаволены: гэты дождж прынясе ім адпачынак.

І дождж пачаўся. Грымеў гром, бліскала маланка, ліліся з неба струменьні. Даглядчыкі схаваліся пад дрэвам, а рабочыя засталіся на полі. Але-ж затое адпачылі яны добра! Толькі праз дзьве гадзіны яны зноў узяліся за працу.

А шостай гадзіне, калі было зусім цёмна, вярнуліся яны ў свае баракі. Гэтыя баракі заместа месца адпачынку, можна было лічыць месцам пакуты. Нізкія, без акон, яны мелі некалькі паверхаў, паліц, і калі рабочыя занялі свае месцы, дык памяшканьне зрабілася нібы вялізнай скрыняй, ад падлогі да столі напакаванай людзьмі.

Мясцовыя рабочыя вельмі часта прасіліся нанач дадому, але іх ня пускалі, бо зранку лепей было гнаць на работу ўсіх разам.

Назаўтра, у час перапынку, на поле зьявіўся сам Більбо. З ім быў паліцэйскі і чалавек дваццаць новых рабочых.

Більбо загадаў усім рабочым сабрацца ля яго. Паліцэйскі выцягнуў паперу і выклікаў па прозьвішчу чалавек дваццаць рабочых.

— Вы члены Сарэкат-Райята? — грозна запытаўся ён.

— Не, не, — пачуліся спалоханыя галасы.

— Што? Яшчэ маніць? — тупнуў нагой паліцэйскі: — зараз-жа ідзіце прэч на ўсе чатыры бакі, пакуль я вас не арыштаваў!

Рабочыя пастараліся зьнікнуць, радуючыся яшчэ, што справа так добра скончылася. Замест іх былі пастаўлены новыя.

— Заўважце добра і вы ўсе, — сказаў Більбо, — што так будзе з кожным, хто ўваходзіць у розныя разбойніцкія банды, асабліва комуністычныя.

Дваццаць чалавек уцяклі, прапрацаваўшы тры тыдні, а заработак іх застаўся ў кішэні пана Більбо і яшчэ некага.

У ліку гэтых дваццаці быў і Нонг, сын Па-Інго.

Праз тыдзень праца па ўпарадкаваньню плянтацыі была скончана. Рабочых распусьцілі. Цяпер заставалася толькі чакаць, пакуль трысьцё пасьпее, а тады здымаць і звозіць на фабрыку.

Кампонг ажываў. Жыхары, што працавалі на плянтацыі, вярнуліся да хаты і зусім забыліся аб катаржнай працы, біцьці і зьдзеках. Як дзеці, яны цешыліся сьвятам і тымі невялікімі грашыма, што зарабілі. Цяпер ужо наўрад ці думаў хто з іх аб ворагах-чужаземцах і аб барацьбе супроць іх. Толькі ў хаце Па-Інго было сумна. У кутку ляжала хворая жонка і лячыць яе ня было за што. Рыс увесь даўно ўжо зьелі, жывіліся аднымі пладамі. А новы ўраджай гінуў на вачох. Адна надзея была на заработак Нонга, а цяпер і заработак увесь прапаў.

— Лепш-бы ты ня зьвязваўся з усім гэтым, — з дакорам сказаў ён сыну.

Сын нічога не адказаў і апусьціў галаву, нібы вінаваты. Ён яшчэ сам ня мог разабрацца ў сваіх пачуцьцях. Зразумела, крыўда і злосьць на прыгнятацеляў былі галоўным пачуцьцём, але сямейнае становішча, гора мімаволі выклікалі думку: каб ён быў убаку ад усяго гэтага, ня было-б такога няшчасьця ў доме.

З дванаццаці год прымаў ён удзел у працы на прадпрыемстве Більбо. Але праца была часовая, сэзонная. То некалькі дзён, то месяц на полі, потым выпадкова на заводзе. Там ён сустракаўся з рознымі бывалымі рабочымі і ад іх пачуў, што трэба змагацца з чужаземцамі за вольнасьць бацькаўшчыны, што лепшыя людзі гэта даўно ўжо робяць, што дзеля гэтага перш за ўсё трэба аб’яднаньне. Нібы новы сьвет адчыніўся перад вачыма Нонга, ён захапіўся новымі ідэямі і нядаўна запісаўся ў Сарэкат-Райят.

Толькі адзін раз і пасьпеў ён пабываць на сходзе сяброў партыі. Сабраліся ў горах. Прысутнічала чалавек сто. З прамовай выступіў прыежджы мулла ў белай чалме і чорнымі вогненнымі вачыма.

— Прававерныя! — грымеў ён гучным голасам: — дакуль мы будзем цярпець ярмо чужаземцаў? Дакуль няверныя будуць панаваць над дзецьмі прарока? Ці мы ня можам жыць і кіравацца самі, без чужаземцаў, як калісьці? Хіба ня маем мы сваёй слаўнай гісторыі? Ці ня мелі мы сваёй незалежнай дзяржавы? Прававерныя, рыхтуйцеся да барацьбы, асьвятляйце цёмны народ, заклікайце ў нашыя шэрагі, і тады мы прагонім чужаземцаў, зажывем вольным жыцьцём.

«Прававерныя» слухалі гэтыя словы і разумелі з іх толькі тое, што трэба прагнаць чужаземцаў. Слаўнай гісторыяй яны ня цікавіліся і аб прароку мала думалі.

Сапраўды, калісьці ў XII-XV стагодзьдзях на Яве былі незалежныя дзяржавы. Панавалі спачатку індыйскія цары, якія ўвялі буддыйскую веру, а потым арабскія, якія перавярнулі народ на магомэтанскую веру. Урэшце, у сучасных явайцаў засталася нейкая мяшаная вера, хоць на паперы яны лічацца магомэтанамі. Ды і наогул верай яны цікавяцца мала.

Ва ўсякім разе, словы «незалежнасьць» і «вольнае жыцьцё» стварылі ўражаньне на слухачоў. Яны нецярпліва чакалі, калі прыдзе час змаганьня.

І вось замест гэтага, Нонг сядзіць у сваёй хаце і сэрцам пакутуе за сваіх бацькоў.

К хаце падышоў «лура» (стараста).

— Па-Інго, — сказаў ён строга: — ты абяцаў заплаціць з заработку Нонга. Дзе гэты заработак?

Па-Інго маўчаў.

— Калі Па-Інго не ўнясе грошы праз тры дні, яго «сапі» (вол) зьменіць гаспадара, — казаў далей лура.

Ізноў ніякага адказу.

— «Лоло» (благая трава) вырасла ў вушах Па-Інго і перашкаджае яму слухаць голас розуму, — гучаў спакойны голас луры: — каб аддаў зямлю ў арэнду, ня было-б такога клопату.

— Пачакай, пакуль сабяру рыс, — прамовіў нарэшце Па-Інго.

— Шмат разоў усходзіла і заходзіла сонца, пакуль цябе чакалі. Больш ужо нельга. Падумай. Я сказаў.

І важна, павольна пашоў.

Па-Інго застаўся нярухомы. Толькі Нонг саскочыў і нэрвова пачаў хадзіць вакол хаты.


∗     ∗

Ноч праходзіла. Зашарэла на ўсходзе, і выразьней вырысаваліся верхавіны гор. Вось яны ўжо пазалаціліся, але ў лагчыне яшчэ цёмна. Патрывожаны туман заварушыўся і неахвотна, павольна пачаў уздымацца з плянтацыі.

Дэза спала, спаў і завадзкі пасёлак. Толькі дзе-ні-дзе ўстаў адзін-другі чалавек. Раптам пачуўся трывожны звон і крыкі:

— Пажар на плянтацыі!

Нібы мурашнік, заварушыўся пасёлак. Частка людзей кінулася на плянтацыю, а другая частка — у кампонг. У апошняй групе былі і даглядчыкі са сваімі бізунамі, і паліцэйскія, і нейкія чыноўнікі.

Загрымеў барабан на вёсцы, разьбегліся па вуліцы заводзкія людзі…

— Марш гасіць пажар! Жыва! Усе!

Спалоханыя жыхары ўскочылі, чухаліся, стаялі, нічога не разумеючы. Але бізуны прымусілі іх ачухацца. Зьявіўся лура, бегаў, крычаў з усіх сіл.

Плач дзяцей і жанчын, незадаволеныя крыкі мужчын, сьвіст бізуноў, лаянка, — стварылі такое ўражаньне, нібы на вёску напалі бандыты.

Няма чаго казаць, — насельніцтва ня мела аніякай ахвоты бегчы ратаваць панскае дабро. Людзі разьбегліся ва ўсе бакі, пачалі хавацца, гвалтаўнікі пачалі яшчэ больш злаваць.

— Стой! Куды ты? Я табе пакажу! — крычалі яны, не шкадуючы бізуноў.

Нарэшце, толькі чалавек пятнаццаць былі злоўлены і загнаны на поле. Там ужо агонь ішоў сьцяной, сухое трысьцё трашчала, асаблівы пах разносіўся ў паветры ад гарэлага цукровага соку. Толькі на невялічкім кавалку раней прыбегшыя людзі пасьпелі зрабіць прасеку, каб ня пусьціць агонь далей.

Пачалася агульная барацьба з агнём. Але людзей не хапала. Пакуль у адным месцы затрымаюць агонь, у другім ён абыдзе бокам.

Сам Більбо прыбег і бегаў, як шалёны зьвер:

— Ах, сволачы! Бунтаваць надумаліся? Мы з іх выб’ем гэты дух! — крычаў ён па адрасу тых, што не зьявіліся.

Толькі праз гадзіны тры агонь быў затрыманы. Чвэрць плянтацыі была зьнішчана. Але і ад рысу Па-Інго і некаторых іншых бліжэйшых суседзяў нічога не засталося: увесь ён быў вытаптаны.

Праз дзень у дэзу зьявіліся важныя госьці. Наперадзе ехаў стары з сівой барадой у чалме і белым халаце. Конь быў накрыты шоўкавай папонай з рознакаляровымі кутасамі. Побач ехаў Більбо і некалькі чыноўнікаў. Узброеныя коньнікі абкружалі старога, а ззаду ехаў воз са слугамі і рознымі рэчамі.

Більбо і голяндзкія чыноўнікі трымалі сябе перад старым пакорна і ўсім сваім выглядам выказвалі пашану да яго. А сам ён трымаў сябе, нібы цар.

Жыхары, якія трапляліся па дарозе, рабілі «дьонг-кок», знак вышэйшай пашаны. Рабіўся гэты знак вельмі проста: чалавек адыходзіў у бок і прысядаў, нібы па сваёй патрэбе, пакуль важная асоба не праедзе міма. Гэты дьонг-кок просты народ павінен рабіць перад кожным чыноўнікам, а перад белымі ўсімі, хто-б ён ні быў. Трэба адзначыць, што ў гарадох і нават такіх пунктах, як Банд’ю, дьонг-кок цяпер ужо ня выконваецца. Але перад такой вялікай асобай, як рэгент, прыходзілася вяртацца да старога звычаю.

Як мы ўжо казалі, рэгентам заўсёды бывае які-небудзь князь, патомак ранейшых уладароў краіны. Праз яго голяндзкая ўлада праводзіць усе сваё загады. Праўда, вышэй яго стаіць голяндзкі рэзыдэнт, губарнатар, але гэтыя рэзыдэнты кіруюць не народам, а рэгентам. Як усе чыноўнікі, яны мяняюцца, служаць толькі па некалькі год, а рэгенты ўсё жыцьцё сваё застаюцца на пасадзе і нават перадаюць яе ў спадчыну свайму сыну (зразумела, са згоды голяндзкай улады).

Яны памятаюць, што яны былыя ўладары, жывуць пышна ў сваіх палацах, маюць сотні слуг і жонак, маюць свой уласны ганаровы атрад войска. На ўсё гэта трэба грошы. Іх дае голяндзкі ўрад, і за гэта рэгенты служаць голяндцам не за страх, а за сумленьне.

Але і гэтых грошай не хапае. Тады яны пачынаюць рознымі спосабамі выціскаць з народу сокі на сваю карысьць, так што нават голяндзкаму рэзыдэнту прыходзіцца абараняць народ ад «іхняга» уладара.

І нарэшце, голяндцы кажуць явайцам:

— Чаго-ж вы хочаце болей? У вас свая ўлада. І, як бачыце, часам ня вельмі добрая. Прыходзіцца абараняць вас. Ці вам лепей будзе, калі мы пакінем вас адных з вашымі ўласнымі князямі?

Але разам з тым голяндцы старанна падтрымліваюць аўторытэт рэгента. У інструкцыі рэзыдэнту проста сказана, каб ён быў далікатным і ўважлівым да «малодшага брата».

Вось чаму і цяпер рэгент быў на першым месцы. Пад высокім дур’янавым дрэвам паставілі пекнае крэсла, слугі кінуліся памагаць рэгенту зьлезьці з каня. Калі рэгент сеў, побач сталі салдаты. Голяндцы нават не садзіліся.

Тымчасам загадалі, каб сабраўся ўвесь народ. Адчувалася, што будзе нешта важнае, мусіць, у зьвязку з пажарам. Са страхам сабраліся людзі і сталі навакол.

Стала ціха. Толькі высока над галавой рэгента шуршала лісьце, а сярод іх віселі плады.

Тады рэгент устаў, агледзеў народ і сказаў:

— Дзеці майго народу! Засмуцілася сэрца маё, калі я пачуў, што вы пашлі супроць закону. Сорамна мне, старому, глядзець у вочы нашым дабрадзеям. Два злачынствы вы зрабілі: па-першае, падпалілі плянтацыю, а па-другое, адмовіліся ісьці тушыць пажар.

— Мы не падпальвалі! Мы ня ведаем, хто падпаліў! — пачуліся галасы.

— Усёроўна, — перабіў рэгент: — калі злачынца і будзе знойдзены, вы ўсе адказваеце за страту, тым болей, што вы адмовіліся ісьці тушыць.

— Мы не адмаўляліся, — сказалі некалькі чалавек.

— Ва ўсякім разе, — казаў далей рэгент, — па закону, які вам усім добра вядомы, адказнасьць за страты павінна несьці ўся дэза. Гэта значыць, што арандаваная зямля затрымліваецца на адзін сэзон бяз усякай платы. На гэты-ж самы сэзон забіраецца зямля і ў тых, хто ў арэнду яшчэ не аддаў. Гэта ёсьць самая мяккая кара. Але, гэтага мала. Не дзеля гэтага я прыехаў да вас. Я хачу вас папярэдзіць…

Уверсе нешта храснула, — і праз міг на галаву рэгента зьляцеў плод. Глухі моцны гук, — і плод разьляцеўся на пяць кавалкаў. Востры няпрыемны пах, падобны да паху гнілога часнаку, напоўніў паветра.

Рэгент крыкнуў, пахіснуўся, а на чалме зачырванеліся плямы крыві. Крык зьдзіўленьня, жаху, а часткай і сьмеху вырваўся з усіх грудзей. Рэгента падхапілі, пасадзілі на крэсла. Паднялася мітусяніна, пабеглі за вадой, пачалі абмываць кроў, а потым пасадзілі яго на воз, дзе ехалі яго слугі, — і ўсе незапрошаныя госьці паехалі туды, адкуль прыехалі.

Як ні засмучоны быў народ, але ня мог ўстрымацца ад сьмеху. Агульны рогат пракаціўся па кампонгу, дасягаючы да вушэй прадстаўнікоў улады.

Такія здарэньні часта бываюць тут. Жыхары Банд’ю памятаюць нават сьмерць чалавека ад такога выпадку. І сапраўды, гэта штука вельмі небясьпечная. Уявеце сабе вялізную прадаўгаватую дыню, якая ляціць з вышыні мэтраў 20. Але гэта яшчэ ня ўсё: уся гэта дыня ўкрыта вельмі крэпкімі і вострымі калючкамі, даўжынёю ў сантымэтр. Ня дзіва, што рэгент скрывавіўся і самлеў.

Сьмех сьмехам, але справа жыхарства Банд’ю была дрэнная. Праўда, нічога новага і неспадзяванага ў гэтым ня было[18], але ўсё-ж такі патрэбен быў час, каб прывыкнуць да няшчасьця. Бо цяпер ужо ў працягу некаторага часу жыхарству цалком прыдзецца жыць на заработкі ў Більбо. Ну, а калі ўсім працы ня хопіць? Калі Більбо зробіць «свабодную конкурэнцыю» і яшчэ болей зьменшыць плату? Калі возьме чужых рабочых, якіх на Яве больш, чымся трэба?

Прыходзілася сьпяшацца, каб захапіць якую-небудзь работу. Набліжалася жніво, і ўсё насельніцтва рынулася ў кантору Більбо. Хоць мы ня вельмі шануем пана Більбо, але павінны прызнацца, што ніякага гвалту ён не рабіў. Ён толькі прапанаваў умовы, а воля кожнага была згадзіцца ці не. Ён нават папярэджваў:

— Добра падумайце, каб потым ня крыўдзіцца. Памятайце, што калі сам дабрахвотна згадзіўся, дык павінен выканаць усе ўмовы поўнасьцю. А калі не, дык прымусім.

І рабочыя згаджаліся.

У лепшых умовах знаходзіліся тыя, хто меў свайго ўласнага «сапі» (вала). Яны патрэбны былі для перавозкі трысьця з поля на завод. Дзеля таго, што такіх уласьнікаў было нямнога, з імі ўтваралі асобныя складаныя ўмовы.

Перш за ўсё рабочаму прапанавалі, каб ён часова нібы прадаў сваю. жывёлу, і аб гэтым продажы складалася ўмова. Рабочы зараз-жа атрымліваў і грошы. Потым складалі другую ўмову, дзе было зазначана, што рабочы будзе працаваць на пазычанай ад прадпрыемства жывёле. Пасьля работы вылічваецца тое, што дадзена рабочаму нібы за жывёлу, а ўмова касуецца.

Цяпер выходзіць так: калі рабочы кіне працу і адыдзе з «чужым» валом, яго зараз-жа пасадзяць у турму, як злодзея. Калі-ж ён уцячэ без вала, апошні застанецца прадпрыемству.

Пакуль лура ня прышоў за сапі, Па-Інго ўжо падпісаў такую ўмову. Нонг,

Уверсе нешта храснула — і на галаву рэгента зьляцеў плод.
зразумела, ня мог атрымаць работы і застаўся ля хворай маткі, сьмерці якой трэ’ было чакаць кожны дзень.

Пачалася праца, упартая, гарачая. Трэба было, як мага хутчэй, перарабіць трысьцё на цукар. З поля на завод была пракладзена вузкакаляёвая чыгунка, але вагоны па ёй цягнулі сапі. Нязграбныя явайскія вазы на двух колах цягнуліся з усіх бакоў да чыгункі, а там перагружаліся на пляцформы.

Бязупыннай ракой цякло трысьцё на завод, ішло спачатку ў так званы «млын», а адтуль з аднаго боку выходзіла пакрамсаная маса, а з другога — па цэмантаваму раўку ішоў мутны сок з жоўтым шумам. Далей сок праходзіў праз вапну, сярчаныя газы, кіпеў у вялізных чапох, фільтраваўся, выпарваўся, згушчаўся, — і нарэшце выходзіў цукар, які зараз-жа грузіўся ў вагоны, потым на карабель, і разыходзіўся па ўсяму сьвету.

Па-Інго на сваім «запазычаным» сапі вазіў вагончыкі па рэйках. Поле, як мы ведаем, ляжала ў лагчыне, значыша, вагоны прыходзілася вазіць уверх. Бедны сапі выбіваўся з сіл, але спыніцца нельга было ні на хвіліну, бо ішла гарачка, ззаду напіралі другія вагоны, даглядчыкі крычалі, не дазваляючы апамятавацца.

Назад з парожнімі вазамі было ня лепш: вагончыкі хутка каціліся ўніз, білі жывёліну па нагах, тармазы не памагалі. І так дванаццаць гадзін.

Праз некалькі дзён «сапі» ледзь цягаў ногі. Ён ня мог вытрымліваць такой працы, якую вытрымлівалі людзі.

І нарэшце ён паваліўся апошні раз і болей не ўставаў…

Па разрахунку-ж выходзіла, што Па-Інго яшчэ павінен быў адпрацаваць за «чужога» вала.

Кінуў Па-Інго працу і самавольна пашоў дадому. Там яго спаткаў заплаканы Нонг: маці памерла.

Тады Па-Інго сеў у куток і скамянеў. Ён глядзеў наперад, але нічога ня бачыў і ня чуў. Не паварушыўся ён нават і тады, калі прышлі і ўзялі яго жонку, каб пахаваць.

Як ні клікалі яго, штурхалі, ён нічога не адказваў і застаўся сядзець на сваім месцы. Так без яго і пахавалі; закапалі і паставілі рубам камень.

Мінуў дзень, прышла ноч, а ён усё яшчэ сядзеў нярухомы. Колькі ні стараўся Нонг разварушыць яго, загаманіць з ім, — нічога ня выходзіла. Змораны Нонг прытуліўся і заснуў, а калі прачнуўся, бацька сядзеў таксама, як і ўчора. Таксама шырока былі расчынены яго вочы і таксама нічога ён ня бачыў.

Нонг пашоў да суседзяй параіцца, што рабіць.

Праз некалькі хвілін Па-Інго заварушыўся, нешта сказаў і пачаў трэсьціся. Вочы заблішчалі, ажывіліся, але ў іх была адна толькі дзікая злосьць. На губах зьявілася пена. Нарэшце, ён ускочыў і дзіка стаў аглядацца. Потым ухапіў са сьцяны «крысу» (нож, кінжал) і выскачыў з хаты. Размахваючы нажом, ён панёсься па вёсцы і кінуўся на першага сустрэчнага. Той зваліўся на зямлю, паранены ў руку, а Па-Інго пабег далей па дарозе да заводу.

— Амок! Амок! Па-Інго! — пачалі крычаць па ўсёй вёсцы, затрашчалі трашчоткі, усе кінуліся хавацца, хто куды.

Пачуў гэты крык Нонг і кінуўся сьледам за бацькам. За ім другія мужчыны, узброеныя чым папала.

— Амок! Амок! — неслася па вёсцы; трашчалі трашчоткі, грукалі кіямі.

А тымчасам Па-Інго зваліў адну жанчыну, якая ішла з вадою. Яна была забіта на сьмерць.

Па-Інго бег так шпарка, што даганяўшыя яго ня толькі не набліжаліся, але адставалі ўсё болей і болей. Трэба было дзівіцца, адкуль у старога Па-Інго ўзялося столькі сілы? Урэшце, ён зусім схаваўся з вачэй. Мужчыны змарыліся і пачалі спыняцца. Толькі Нонг, колькі мог, бег далей.

Праз некалькі хвілін наперадзе пачулася страляніна. Нонг прыныніўся. Позна! Справа скончана!

Калі Нонг падышоў бліжэй, ён убачыў застрэленага бацьку, а побач забітага даглядчыка Грына.

Гэты «амок» зьяўляецца асаблівасьцю явайцаў, і эўропэйцы да гэтага часу ломяць галаву, што гэта такое; ці простае шалёнства, ці нейкая новая хвароба? Ва ўсякім разе амок ніколі не здараецца са шчасьлівым чалавекам. Ён заўсёды зьяўляецца ў выніку пакуты і цяжкага становішча. Калі такога «оранг-гіля» (шалёны чалавек) затрымаць сваячасова, дык прыпадак часта праходзіць. Але закон кожнаму дазваляе забіць «оранг-гіля».

Забываюшца толькі эўропэйцы, што явайцы хоць і «самыя цярплівыя і ціхія», але ўсё-ж такі людзі. Якім-бы ціхім і цярплівым ні быў чалавек, але пры пэўных умовах нават такому цярпеньню можа прыйсьці канец.

Да апошняга часу гэта цярпеньне канчалася «амокам», ну, а надалей яно ўжо скончыцца чым-небудзь іншым.


V. ПА ДАРОЗЕ Ў НЕВЯДОМУЮ БУДУЧЫНЮ.

Нонг у дарозе. — Сустрэча з Піпам. — Клясава сьвядомая жывёліна. — Нонг на службе ў Піпа. — Каму сьмех, а каму гора. — Прыезд у Тэнанг.

І Нонг пашоў, куды вочы глядзяць. Накіраваўся на захад, у пушчы Бантаму, дзе яшчэ, як ён чуў, захаваўся дзікі, але вольны народ, куды ўцякаюць тыя, каму немагчыма жыць дома.

Перад адыходам ён ліквідаваў сваю зямлю і гаспадарку, разьлічыўся з даўгамі, пасьля чаго яму засталося яшчэ дзесяткі са два гульдэнаў. Прыемна было і Більбо атрымаць кавалак зямлі, які так перашкаджаў яму. Задаволены быў і лура, які за свой клопат атрымаў ад Більбо ўзнагароду. А ў дэзе стала меней яшчэ на адну гаспадарку.

Дарога то ўздымалася на ўзвышшы, то спускалася ў лагчыны, — і ўсюды капаўся народ, усюды пад дрэвамі туліліся кампонгі. Уся краіна здавалася аднэй суцэльнай вёскай. Нездарма гушчыня насельніцтва складае тут 700 чалавек на адзін квадратовы кілёмэтр, у той час, як нават у найболей заселеных мясцовасьцях Заходняй Эўропы яна не перавышае 400 чалавек.

Кожны кавалак зямлі старанна апрацованы, галоўным чынам, пад рыс. Як вядома, рыс садзяць расадай у ваду, або інакш сказаць, пасадзіўшы, заліваюць вадой. І вось явайцы ўмудрыліся нават па бакох гор зрабіць такія палі-сажалкі. Яны разьмяшчаюцца тэрасамі, адно над другім, агароджаны вузенькімі грэблямі, і вада паступова залівае верхнія, потым ніжэйшыя. Уся гэтая справа дасканала разьмяркована. Дажджавая вада зьбіраецца ў адно месца і разьмяркоўваецца па пэўнаму пляну.

Быў час жніва. Народ у сьвяточных адзеньнях зьбіраў ураджай. Адны адразалі па каласку і зьвязвалі ў пучкі, другія на карамыслах, як у нас ваду, адносілі гэтыя снапы дадому. Кожная зернятка ўлічвалася. Клапаціліся і пярэстыя птушкі-рыжоўкі, але супроць іх была організавана складаная тэхніка: на палёх былі пастаўленыя колікі, на іх паначапляна рознае рызьзё, ад яго працягнуты ніткі; потым былі пабудованы маленькія шалашыкі, а ў іх сядзелі дзеці, якія ўвесь час краталі ніткі, каб пудзіла рухалася і адганяла птушак.

Сям-там відаць былі прадпрыемствы каліталістых: плянтацыі чайныя, кававыя, какававыя, хінавыя. Гэтая апошняя расьліна прывезена сюды з Паўднёвай Амэрыкі, і так тут добра пачала расьці, што цяпер Ява вырабляе хіны больш за ўвесь сьвет.

Па дарозе на кожным кроку трапляўся «рэсторан». Кітаец ставіў дзе-небудзь пад дрэвам два маленькіх столікі: на адным неяк прыладзіў жароўню, якую разьдзімаў лістамі, накшталт кавальскага меху; на другім стаяў гатаваны рыс і розныя прысмакі да яго. Прысмакаў шмат; ад некаторых у нас вочы павылазілі-б на лоб, але тубыльцы вельмі любяць іх. Заместа талерак лісьце. Нонг адчуваў сябе вялікім панам, бо меў грошы, і мог паабедаць у такім рэсторане.

Ля поўдня пачалася звычайная навальніца, якая на Яве ў кожныя 100 дзён бывае 61 раз. Але нашага падарожніка гэта не палохала, бо ён заўсёды мог перачакаць дождж пад страхой і пераначаваць таксама.

Так ішоў Нонг два дні. Спачатку ён адчуваў сябе вясёлым, вольным, але чым далей, тым часьцей сьціскалася яго сэрца. Куды ён ідзе? Чаму? Што яго там чакае? Што ён там знойдзе? Ці ня лепш было-б застацца на месцы? Ён чуў, што туды ўцякаюць людзі, але дасканала нічога ня ведаў. Спадзяваўся толькі, што там ён знойдзе куток, дзе не пануюць белыя, і знойдзе таварышоў, з якімі можна будзе весьці барацьбу супроць прыгнятацеляў.

На другі дзень, пад вечар, ён увашоў у вёску, дзе мерыўся пераначаваць. Неспадзявана ён заўважыў наперадзе эўропэйца, які нібы шпацыраваў па кампонгу. Відаць было, што ён нікуды не сьпяшаецца, да ўсяго прыглядаецца.

Відаць, і жыхары нячаста бачылі эўропэйца, бо з цікавасьцю пазіралі на яго з розных кутоў.

Вось насустрач едзе воз на двух колах, запрэжаны «сапі». На возе «капок» — бавоўна з асобнага малайскага дрэва. Убачыўшы

…Гроана засоп і… кінуўся на бэлага разам з возам.

эўропэйца, сапі занепакоіўся, грозна засоп і… кінуўся на белага разам з возам. Эўропэец спачатку падумаў, што вол чагосьці спудзіўся, але зараз-жа прышлося пераканацца, што ён нясецца проста на чалавека. Той адскочыў у бок, — сапі за ім; у другі бок, — і вол за ім.

— Пэганг! Пэганг! (Стой! дзяржы!), — крычаў ззаду спалоханы гаспадар, але разьюшаны бык насіўся за белым, нібы сабака, і гатоў быў ужо прыперці яго да плоту. Але тут Нонг ухапіў жменю пяску, сыпнуў валу ў вочы і затрымаў яго. Сапі спыніўся, але ўсё косіўся на чужака. Падбег гаспадар, ухапіў вала, пачаў прасіць выбачэньня і паехаў далей.

— Што гэта такое? — абурана запытаўся Піп (гэта быў ён) на ламанай малайскай мове.

— Гэта, бачыце, нашыя валы заўсёды так нападаюць на чужых, ня любяць іх, — адказаў Нонг на голяндзкай мове, хоць і таксама ламанай.

Толькі не сказаў Нонг, што гэтымі чужымі зьяўляюцца выключна эўропэйцы. Гэта цікавая асаблівасьць явайскіх сапі даўно ўжо вядома і нарабіла нямала бяды.

— Няўжо-ж заўсёды так бывае? — запытаўся Піп.

— Бадай заўсёды.

— Вось якія патрыёты! — прабурчэў Піп. — Ва ўсякім разе ты малайчына, — выратаваў мяне. Ды яшчэ па-галяндзку гутарыш. На табе за гэта, — ён даў Нонгу монэту.

І толькі калі Піп адышоў, Нонг схамянуўся, навошта ён выратаваў гэтага белага пана?

«Што мне абыходзіла? Хай-бы сабе выпусьціў яму кішкі. Нават жывёла ведае нашых ворагаў».

Але вельмі шкадаваць ня было чаго, тым болей, што і монэта спатрэбіцца на абеды са два ў кітайскім рэсторане.

А Піп, адышоўшы некалькі крокаў, раптам спыніўся і павярнуўся да Нонга.

— Ты тутэйшы? — запытаўся ён.

— Не, — адказаў Нонг.

— Ты маеш працу?

— Не, — я іду шукаць яе.

— Куды?

— У Бантам.

— Вось і я туды еду! — сказаў Піп: — ці ня згодзішся ты пайсьці да мяне служыць? Мне патрэбен чалавек сьмелы, бо я еду ў дзікія месцы на паляваньне. Ты, здаецца, добры хлапец, ды яшчэ голяндзкую мову ведаеш.

Нонг адразу сьцяміў, што лепшага выпадку для яго і быць ня можа. Але, каб не паказаць сваёй радасьці, ён запытаўся:

— А колькі туан будзе плаціць?

— Аб гэтым не непакойся. Усё будзе залежаць ад цябе самога. У такой справе патрэбны вернасьць, сьмеласьць і чэснасьць. Калі ўсё гэта выявіш, дык не пашкадуеш. Пакуль што магу табе абяцаць 20 гульдэнаў за месяц на маім утрыманьні. А калі дагодзіш, дык можа быць і ў два разы болей.

Каб зразумець, як павінен быў Нонг аднесьціся да гэтай прапановы, трэба ведаць, што за катаржную працу на плянтацыі Нонг атрымліваў 12 гульдэнаў на сваіх харчох[19].

— Я згодзен, — адказаў Нонг, — і пастараюся апраўдаць давер’е туана.

— А як цябе завуць?

— Нонг.

— Ну, тады ідзем са мной, — сказаў Піп, і Нонг пашоў за ім на некаторай адлегласьці, як належыць слузе.

Мінгер Піп накіраваўся ў Тэнанг, невялікі гарадок у рэзыдэнцтве (акруга) Бантам. Як казалі Піпу, там пачыналіся пушчы, дзе яшчэ можна было спадзявацца знайсьці першабытныя куткі прыроды. Піп наняў «кахарбалон» (закрыты воз на двух колах), запрэжаны тройкай маленькіх явайскіх коняй і з нецярплівасьцю чакаў, калі ён убачыць «сапраўдную» Яву. Але пакуль што нічога «сапраўднага» ня было: усё палі, ды вёскі, і ўсюды многа беднага народу. Зусім ня так уяўляў ён сабе гэтую дзіўную Яву.

Ён нават ня вельмі цікавіўся жыцьцём незнаёмага народу і спыніўся ў гэтай вёсцы толькі таму, што быў прымушаны пераначаваць. Спыніўся ён у багатага гаспадара, які разам з тым быў і гандляром і карчмаром. Але апошняя профэсія давала мала карысьці: праежджых было нямнога, а гарэлкі і віна насельніцтва ня ўжывае, бо яны магомэтане.

Дом быў пабудованы на эўропэйскі лад: і сьцены з бярвэньняў, і вокны, і вэранда. Піпу адвялі досыць добры пакой з мэбляю. Пакуль гатавалі каву, ён пашоў пахадзіць па вёсцы і там, як мы бачылі, адбылося здарэньне з буйвалам. Гэты выпадак напомніў Піпу, што час ужо мець сабе слугу ў такой дарозе. Ён і парашыў наняць Нонга, які, відаць, быў спрытны хлапец ды яшчэ і голяндзкую мову ведаў.

Нонг прымасьціўся пад павецьцю, разам з фурманом і коньмі.

— Якім гэта чынам ты трапіў да яго на службу? — зьдзівіўся фурман.

— Мусіць затым, што выратаваў яго ад сапі ды крыху ведаю голяндзкую мову, — адказаў Нонг.

— Ці добра будзе плаціць?

— Абяцае шмат, але ня ведаю, як будзе.

— Ну, і пашанцавала табе! — сказаў фурман з зайздрасьцю. — Я-б ахвотна кінуў свайго араба ды перайшоў на такую пасаду.

— А калі будзем у Тэнангу? — запытаўся Нонг.

— Заўтра пад вечар.

Раптоўна пачуўся жудасны крык з пакою Піпа:

— Ай, памажэце! Нонг, сюды!

Нонг рынуўся ў пакой, за ім фурман, потым гаспадар. Яны ўбачылі, што Піп скача па хаце, як вар’ят, увесь час хапаецца за сваё вуха. А за вухам сядзела шэрая яшчарка. Некалькі разоў Піп пробаваў адарваць яе, але яна так упілася, што, здавалася, толькі разам з вухам можна было-б яе адарваць.

— Што рабіць? — з адчаем крыкнуў Піп. — Яе нават адарваць нельга! Памажэце!

Але тубыльцы зусім не спалохаліся, а, наадварот, весела зарагаталі. Піп абурана паглядзеў на іх.

— Што гэта? Ці не наўмысьля вы гэта зрабілі? — грозна крыкнуў ён.

— Ня бойцеся! — сказаў Нонг, — гэта зусім бясьпечна. Ня трэба толькі яе рваць. Пачакайце крыху, і яна сама саскочыць.

— А калі яна ўкусіць?

— Не, ня ўкусіць. Стойце толькі спакойна, ня рухайцеся. Мы-ж гэта добра ведаем.

Піп спыніўся, уцягнуў галаву ў плечы, зморшчыўся ад агіднага пачуцьця і стаў чакаць. Спачатку, калі гэта яшчарка звалілася на яго са столі, ён пачуў, нібы яго апякло. Цяпер гэта ўжо прашло, адчувалася толькі, што нешта халоднае прыклеілася.

Вось яшчарка напружылася, раздулася і пачала шыпець, нібы насьценны гадзіньнік перад боем. Піп зноў заскакаў.

— Ціха, ціха! Ня рухайцеся! Ня бойцеся! — закрычалі прысутныя. Піп яшчэ глыбей уцягнуў галаву; на лобе выступіў пот. Ён гатоў быў падумаць, што над ім зьдзекуюцца, але тры чалавекі казалі яму вельмі сур’ёзна. Мусіць, так і трэба.

Але вось над вухам пачуліся выразныя словы:

— Ток-кэй! Ток-кэй! Ток-кэй!

Спачатку Піп не разабраў, адкуль і хто гэта. А калі сьцяміў, што гэта яшчарка, дык гатоў быў зноў заскакаць. Але тубыльцы папярэдзілі яго:

— Ня бойцеся! Ня рухайцеся! Зараз канец.

Восем разоў сказала яшчарка гэтыя словы, а потым, неяк задаволена закрактала, нібы стары дзед на печы, — і саскочыла на зямлю.

— Вось і ўсё, — сказалі тубыльцы.

Піп пакратаў сваё вуха.

— Будзьце спакойны, — сказаў Нонг: — ніякай шкоды і ніякага сьледу ня будзе. Токэ няшкодная, свойская жывёла.

— Дзякую, — буркнуў Піп, сёньня я ўжо пазнаёміўся з дзьвюма вашымі свойскімі жывёламі. Але як-жа ж мне тут начаваць? Гляньце, што робіцца.

Па сьценах, па столі бегалі яшчаркі, так жвава і лёгка, нібы па падлозе. Гора тым мухам і камаром, якія трапляліся ім на вочы. Зараз-жа яшчаркі наганялі і лавілі іх. Вось у куту закукавала яшчэ адна яшчарка, але на гэты раз ужо: «Гэк-ко!» «гэк-ко!».

Але тубыльцы ня бачылі ў гэтым нічога дзіўнага. Для іх гэты гук азначаў тое самае, што для нашых сялян гук цвыркуноў за печчу. Гэтыя яшчаркі нават лічацца пажаданымі кватарантамі, і кожны гаспадар, пабудаваўшы новы дом, з нецярплівасьцю чакае, пакуль паселіцца гэкко.

— Гэтыя яшчаркі вас ня будуць чапаць, — сказалі Піпу, — тая звалілася на вас выпадкова, ды яна і зьявілася знадворку, а гэтыя зусім няшкодныя.

І ўжо пасьля таго, як усе вышлі. Піп успомніў, што ён нават чытаў аб гэтых гэкко ў кніжцы, што яны досыць распаўсюджаны, нават у паўднёвай Эўропе, што гэтых гэкко (або гэкконаў) налічваецца каля 50 парод. Але ўсё вычытанае з кніжкі вылецела з галавы, калі на вуха зваліўся сапраўдны гэккон.

Назаўтра выехалі да сьвятла. «Кахар-балон» хутка каціўся па вузкай дарозе. Піп сядзеў пад балдахінам, але гэтая павець была прыстасована так нізка, што доўгі пасажыр павінен быў сядзець скурчыўшыся, бо галава выпірала тканіну. Нонг сядзеў наперадзе побач з фурманом.

Пачала ўжо зьмяняцца і мясцовасьць. Узвышшы рабіліся больш камяністымі, няпрыгоднымі для зямляробства, а нізіны ўсё больш балотнымі. Адпаведна гэтаму і насельніцтва значна парадзела.

Пад вечар прыехалі ў Тэнанг. Уласна кажучы, у ім была толькі адна вуліца, шырокая, чыстая, прыгожая. Па бакох стаялі бялюткія домікі, дзе разьмяшчаліся офіцыйныя ўстановы і крамы. Тут быў дом асыстэнт-рэзыдэнта (памочніка рэзыдэнта), пошта, суд, казармы для салдат, якіх было 100 чалавек, але ўсе з тубыльцаў, за выключэньнем камсаставу. А навокал былі раскіданы ў беспарадку халупкі тубыльцаў.

Зразумела, усё гэта хавалася пад пальмамі, бананамі і іншымі дрэвамі. А далёка на поўдзень ішлі таемныя лясістыя горы, куды ўлада голяндзкая, можна сказаць, і не дасягала.

Піп заехаў да асыстэнт-рэзыдэнта ван-Дрона. Гэта быў сухі, жоўты ад трасцы чалавек, гадоў пад 40. Яму трэба было яшчэ адслужыць 3 гады, каб звольніцца зусім і атрымоўваць пэнсію. Дзеля гэтага ён і сям’ю сваю ўжо адправіў у Голяндыю і дажываў гэтыя гады адзін.

Рэдка бачыў ён прыежджых эўропэйцаў, дзеля гэтага ахвотна і радасна прыняў Піпа.

— Значыцца, вы падарожнічаеце так сабе, дзеля забавы? — сказаў ён, калі ўсё было ўпарадкавана, і яны абодвы сядзелі на вэрандзе.

— Так, — адказаў Піп, — галоўным чынам, каб паглядзець сапраўдную першабытную прыроду і папаляваць на дзікіх зьвяроў.

Дрон паківаў галавой.

— І ахвота людзям пакутваць! Я, напрыклад, кожны дзень думаю толькі аб тым, каб уцячы адсюль.

— Вядома, калі вы ўсё бачылі і перажылі, — сказаў Піп.

— Нічога я ня бачыў і бачыць не жадаю! — з запалам сказаў Дрон, — а перажыў і перажываю толькі трасцу.

— Ад гэтага-ж ёсьць ратунак — хінін.

— Не паможа і ён, калі доўга жыць у гэтых праклятых мясцох.

— Ну, а я ня зьбіраюся вельмі доўга жыць тут, значыцца, на маю долю застанецца толькі цікавае.

— Ды нічога цікавага тутака няма!

— Ці няпраўда, што ў вашай краіне захаваліся яшчэ некаторыя першабытныя абшары?

— Ёсьць такія праклятыя месцы але мне няма патрэбы туды совацца, — панура сказаў Дрон.

— Таму, што вы тут жывеце. А мы часам гатовы і на край сьвету паехаць, каб уласнымі вачыма ўбачыць тое, аб чым столькі пішацца ў кніжках.

Ван-Дрон паглядзеў на яго з усьмешкай.

— Эх, паважаны мінгер Піп! Няўжо-ж вы ня ведаеце, што калі сядзіш у сябе дома і чытаеш кніжку, усё гэта зьяўляецца зусім інакшым?

— Але-ж ня я першы і ня я апошні так раблю, — цьвёрда сказаў Піп.

— Не разумею я гэтага, — задуменна сказаў Дрон, — можа яно і так.

Вакол было цёмна. На стале гарэла лямпа. Розная машкара ляцела на агонь і сыпалася на стол і на падлогу, а там ужо ганяліся за імі яшчаркі. Вось прыляцеў вялізны матыль, велічынёй з птушку, потым жук з дзіцячы кулак. А тут і адзін храбры гэккон забраўся на стол.

— Вось бачыце, якая цікавасьць у нас, — сказаў Дрон. — Пойдзем лепш у пакой, а то гэтая погань жыцьця ня дасьць. Ды і гэта ня ўсё яшчэ. Часам і зьмяя можа прыйсьці ў госьці. Добра, калі заўважыш яе ды спудзіш, тады ўцячэ. А бывае, што наступіш на яе, тады ўжо бяда. Толькі затым і жыць можна, што першыя яны ніколі не нападаюць, ды вось гэтыя гэкконы лезуць да іх і перашкаджаюць ім тутака разьмяшчацца. Не глядзеце, што яны малыя, але аднаго разу так сашчапіліся з мэтравай зьмяёй, што людзі забралі яе ў палон.

Перайшлі ў пакой. Слуга падаў вячэру.

— Вось бачыце, колькі тут цікавага для новага чалавека, — сказаў Піп.

— Паглядзець раз-другі можа і цікава, але жыць сярод усяго гэтага гадаўя зусім няцікава.

— Гэта і я разумею, — згадзіўся Піп. — А скажэце, калі ласка, што за краіна ідзе на поўдзень ад вас? Што там знаходзіцца? Ці жыве там хто? Як організаваць туды экспэдыцыю?

— Жывуць там яшчэ так званыя бадувісы, якія лічацца старэйшымі і чысьцейшымі явайцамі. Яны схаваліся там яшчэ ў ХV стагодзьдзі ад арабаў, каб толькі не пераходзіць у магомэтанскую веру. Дзеля гэтага яны называюць сябе «д’елема», што азначае — «людзі, якія захоўваюць веру дзядоў».

— Няўжо-ж сапраўды яны да гэтага часу незалежныя? — зьдзівіўся Піп.

— Незалежныя ў тэй меры, у якой незалежны тыгры, насарогі і іншыя зьвяры, што там захаваліся. Бадувісаў вельмі мала, ня болей 2000 чалавек, пашкодзіць яны ня могуць, а ганяцца за кожным з іх няма сэнсу.

— А як яны адносяцца да белых?

— Ня толькі белых, але ўсіх чужых яны ня пушчаюць да сябе.

— А ці бывалі там нашы экспэдыцыі?

— Спробы былі, але дасканала нічога не даведаліся. Ды і ня варта рызыкаваць і траціць грошы дзеля такога глупства.

— Ну, а наогул пры звычайным паляваньні яны не перашкаджаюць?

— Яны жывуць досыць далёка і туды звычайна ніхто з паляўнічых не даходзіць. Апрача таго, яны ня маюць добрай зброі, каб самім нападаць. Ну, а калі дабрацца да іх жыльля, тады маўчаць ня будуць. Ці не зьбіраецеся вы туды ісьці? — запытаўся нарэшце Дрон.

— Пакуль што ня думаю, але ўсё-ж такі цікава, — адказаў Піп.

— Ці ведаеце вы ўсю тую небясьпеку, якая пагражае пры падобных паляваньнях?

— Я ведаю толькі тое, што магу трапіць куляй у кулю на адлегласьці ў 70 крокаў, — з гонарам сказаў Піп.

— Гэта рэч добрая, але і без таго бываюць розныя выпадкі.

— Дзеля гэтага я маю слугу і апрача таго хацеў-бы наняць тут яшчэ аднаго правадніка-паляўнічага з мясцовых. Можа параіце каго?

— Ёсьць тут адзін тубылец-паляўнічы, які заўсёды бадзяецца там. Ён нават мае дазвол мець стрэльбу, бо зьнішчае тыграў. А наш урад плаціць за кожнага забітага тыгра 200 гульдэнаў. Дзеля гэтага патрэбна прад’явіць галаву і лапу, а скура застаецца паляўнічаму. Завуць гэтага чалавека — Хаон. Заўтра паклічам яго, калі ён тут. Але я забыўся яшчэ аб адным папярэдзіць вас: апрача зьвяроў і бадувісаў, у лясох ёсьць яшчэ адзін вораг, — гэта бандыты. Яны нават больш небясьпечная, чымся бадувісы, бо складаюцца з элемэнтаў варожых да ўлады, і нападаюць выключна на белых і прадстаўнікоў улады наогул. Нават сярод насельніцтва яны маюць прыхільнікаў, якія ім памагаюць. Але на ваша шчасьце за апошнія два месяцы аб іх нічога ня чуваць. Мабыць, зьніклі пасьля таго, як 12 чалавек з іх злавілі і павесілі. На кожны выпадак вы і гэта павінны мець на ўвазе.

— Дзякую вам за параду, — сказаў Піп, — буду ўсё гэта памятаць.

— У той-жа самы час Нонг пытаўся аб становішчы ў слуг і даведаўся прыблізна аб тым-жа, што і яго пан. Але адчувалася, што яны больш ведаюць, чымся кажуць, ды ня хочуць казаць усяго новаму незнаёмаму чалавеку, ды яшчэ слузе белага туана.


VI. У ПЕРШАБЫТНЫМ ЛЕСЕ.

Паляўнічая экспэдыцыя. — Дзівы дзіўныя. — Краска — падла. — Жарт малпы. — Мул у ботах. — Чароўныя агні.

Бантамскія пушчы зьяўляюцца, можна сказаць, адзіным кутком на Яве, дзе захавалася яшчэ першабытная прырода ў тым самым выглядзе, як і сотні гадоў назад. Гэтаму спрыяюць, галоўным чынам, непраходныя балоты, якія акаляюць раён з трох бакоў, а з чацьвертай ідуць яшчэ болей непраходныя, зусім недасьледаваныя горы. Мала знойдзецца на зямлі такіх месц, дзе-б у адным месцы злучыліся і балоты, і горы, і лясы.

Сюды часам наяжджалі на паляваньне рэзыдэнты, рэгенты, нават адзін раз сам генэрал-губарнатар, але яны не заходзілі вельмі далёка, бо гэта было цяжка, ды і патрэбы ня было. І наогул такія наезды былі вельмі рэдкія, адзін-два разы за некалькі год. Разы са два прыяжджалі прыватныя багатыя асобы, у тым ліку адзін ангелец; таму ніхто ня зьдзівіўся, калі цяпер прыехаў яшчэ адзін чалавек.

Праз некалькі дзён наладзілася экспэдыцыя ў складзе пяцёх чалавек. Апрача Піпа і Нонга ў яе ўвайшлі вышэйпамянёны Хаон, малаец гадоў пад 40, спрактыкаваны і каштоўны памочнік, і яшчэ два тубыльцы, якія былі ўзяты, галоўным чынам, для гаспадарчых спраў. Мелася на ўвазе, што яны будуць несьці рэчы, абслугоўваць месца прыпынку і г. д.

Абсталявана была экспэдыцыя дасканала. Мелася ўсё, што патрэбна было ў такіх справах, і разам з тым разьлічана, каб усё гэта займала найменей месца і мела найменшую вагу. На кожны выпадак узяты быў і адзін мул[20].

Усе атрымалі ад Піпа зброю. Асабліва быў рады гэтаму Нонг, які да гэтага часу ня трымаў у руцэ ні стрэльбы, ні рэвольвэра. Пад кіраўніцтвам Хаона ён так старанна пачаў вучыцца страляць, што праз некалькі дзён амаль што не зраўняўся з самім Хаонам.

І вось, нарэшце, экспэдыцыя сабралася ў дарогу. Уся мясцовая ўлада прышла праважаць Піпа. Кожны даваў якую-небудзь карысную параду.

— Не забывайцеся кожны дзень прымаць хінін, — казаў адзін.

— Ці ўзялі сеткі і рукавіцы, каб абараніць сябе ад маскітаў[21]? — пытаўся другі.

— Не паглыбляйцеся далёка, — раіў ван-Дрон, — памятайце аб усіх небясьпеках, аб якіх я вам казаў. Жадаю посьпеху.

Піп дзякаваў усім, разьвітаўся, і экспэдыцыя кранулася на поўдзень. Наперадзе, побач з Хаонам, ішоў Піп у вялізных ботах вышэй кален, са стрэльбай за плячыма, з рэвольвэрам і кінжалам за поясам. Хаон меў толькі сваю нязьменную дубальтоўку ды крысу (яванскі крывы кінжал). За імі ішоў Нонг, нарэшце, два тубыльцы з мулам.

Дзесяць кілёмэтраў дарога ішла між кампонгаў, палёў і садоў. Потым пачалося камяністае ўзвышша, а за ім лес. Сапраўдны лес, прыродны, бязьлюдны, якога Піп да гэтага часу ня бачыў.

Сэрца Піпа калацілася крыху мацней; ён адчуваў нейкую ўрачыстасьць, уздым; праз некалькі хвілін ён будзе ў незнаёмым, таемным, зваротнікавым лесе, аб якім мільёны людзей з захапленьнем чытаюць кніжкі, але бачылі яго толькі адзінкі, і ў тым ліку будзе ён, Піп. Ён сустрэнецца з небясьпечнымі тыграмі, зьмеямі, насарогамі, якіх людзі бачаць толькі ў зоолёгічных садох, за кратамі, а на волі бачылі толькі адзінкі з адзінак і ў тым ліку будзе ён, Піп. Яго чакаюць хоць і небясьпечныя, але цікавейшыя прыгоды, здарэньні, якія вабяць усіх людзей, што чытаюць кніжкі аб гэтым і, лежачы на ложку, гатовы рызыкнуць сваім жыцьцём, каб толькі апынуцца ў такім становішчы. Але мары іх назаўсёды застаюцца марамі, у той час, як ён, Піп, падыходзіў ужо да рачаіснасьці. Зусім зразумела, як усё гэта павінна было хваляваць і ўздымаць паважаннага мінгера Піпа.

Вось ужо зьнікла дарога. Хаон вядзе экспэдыцыю па знаёмай толькі яму сьцежцы. Вось уздымаецца шэраг явайскіх дубоў, нібы вартаўнікоў, якія абараняюць уваход у лес. Магутныя, з гладкім лісьцем, яны асабліва цікавы сваімі сплюшчанымі жалудамі. Побач з імі разрасьліся лаўровыя дрэвы, фікусы і розны хмызьняк. Яшчэ некалькі крокаў, — і дарогу загарадзілі ротангавыя пальмы. Тонкія ствалы іх не таўсьцей рукі, дасягаюць сотні мэтраў даўжыні, уюцца і круцяцца, нібы зьмеі, і па зямлі, і ў паветры, і па верхавінах дрэў, чыім сокам яны жывяцца. Піп сунуўся быў, каб пралезьці між іх, але зараз-жа пачуў, што нехта сьцягнуў з яго шапку. Азірнуўся, — шапка хістаецца ў паветры.

— Што гэта за д’ябал такі! — вылаяўся ён.

— Асьцярожней! Назад, — крыкнуў Хаон. — З гэтымі ротангамі справу мець небясьпечна.

Піп павярнуўся, каб зьняць сваю шапку, але ззаду яго ўжо трымалі і калолі з дзесятак нейкіх круччаў. Ён пачаў вызваляцца ад іх, але напароў рукі на нейкія вострыя ражны. Паказалася кроў; справа рабілася зусім няпрыемнай.

— Не варушэцеся! Пачакайце! — сказаў Нонг і падбег на дапамогу. Асьцярожна, калючку за калючкай адрэзаў ён сваім крысам, і тады толькі Піп вызваліўся.

— Ці ўсюды ў лесе так будзе? — зьвярнуўся зьбянтэжаны Піп да правадніка.

— Ня ўсюды, але і нярэдка, — адказаў той. — Тут на кожным кроку можна чакаць перашкод.

Толькі некалькі крокаў яны прайшлі, а ўжо няпрыемныя перашкоды, а што будзе далей? Нездарма гэты край застаецца няпрыступным. Нездарма сюды ніхто ня ходзіць.

Але праз некалькі хвілін Піп забыўся аб здарэньні. Перад ім зьяўляліся ўсё новыя і новыя расьліны. Адных толькі пальмаў колькі парод! І высокія, і нізенькія; у адных лісьце недзе на недасяжнай вышыні, у другіх вылазяць проста з зямлі. І сярод іх славутная явайская пальма «гебанг», якая цьвіце толькі адзін раз у сваім жыцьці на 50-м годзе, а потым памірае.

Калі на аднэй палянцы Піп заўважыў гэтую пальму, на верхавіне якой сярод лісьця (больш за 2 мэтры шырыні), сабранага ў адзін пук, уздымалася кветка, нібы вялізны яскравы слуп, калі Піп убачыў гэты момант, які здаецца адзін раз у 50 год, дык спыніўся з нейкай пашанай і падумаў: «Дзеля аднаго гэтага варта ехаць з Эўропы!».

Але ўрачысты настрой быў сапсаваны страшэнным смуродам, які, здавалася, ішоў ад пальмы.

— Ці ня падла якая? — сказаў Піп і падышоў бліжэй. Але смурод ішоў аднекуль ззаду, з-за пальмы. Піп зрабіў яшчэ некалькі крокаў і, заместа падлы, убачыў на зямлі вялічэзную кветку, чырвонага колеру з белымі і ружовымі плямамі. Велічынёй яна была з добрае кола; некалькі бутонаў, якія яшчэ не расьцьвілі, выглядалі, як качаны капусты. Дзіўная, прыгожая кветка прыкавала да сябе ўзрок Піпа, але затое нос яго ўпарта адварочваўся ўбок. Зграі мух насіліся над ёй, як над сапраўднай падлай.

— Няўжо-ж гэта яна так сьмярдзіць? — прамовіў Піп.

— Яна, туан, — адказаў Хаон. — Гэта «крубута».

У навуцы гэта кветка завецца рафлезія і жывіцца карэньмі другіх дрэў. З-за яе калісьці загінуў адзін вучоны, які так зацікавіўся ёю, так старанна пачаў вывучаць яе, што захварэў і праз 14 дзён памёр. Цікава яшчэ адзначыць, што гэта самая вялікая кветка мае самае маленькае насеньне, якое можна, разглядзець толькі праз павялічальнае шкло.

І нашыя падарожнікі пастараліся хутчэй адыйсьціся ад гэтай прыгожай кветкі. Лес рабіўся ўсё гусьцей, так што зусім нельга было разабрацца, якая галіна да якога дрэва належыць. Вызначаліся волаты-расаламы, якія часам былі на 5 мэтраў вышэй за вядомую званіцу Івана Вялікага ў Маскве. Потым каштоўнейшыя тэкавыя дрэвы, якія даюць такі моцны матэрыял, што яго не бярэ сякера. Але дзе-ж там пералічыць дрэвы, якіх у явайскім лесе расьце больш за 1500 парод?

Апрача таго, і не да разгляду было, калі трэба ня толькі праціскацца, але нават высякаць сабе дарогу. Горш за ўсё дапякалі ліяны, якія часам так апляталі ўсе дрэвы, што без сякеры ніяк нельга было прайсьці. Справа ўскладнялася яшчэ тым, што мул ня мог прайсьці там, дзе мог пралезьці чалавек. Часта прыходзілася спэцыяльна для яго высякаць дарогу. Трэба ўсё-ткі сказаць, што наогул лес здаваўся ціхім, нібы мёртвым. Ня чуваць было таго вясёлага птушынага шчэбету, як у нашых лясох. Тыя нешматлікія птушкі, што падавалі свой голас, хаваліся недзе наверсе. З. жывёлаў бачылі толькі невялікіх малпаў — «будэнг», прыгожых, чорных, машаставых, з капой валос на галаве, нібы ў шапцы. Пры набліжэньні людзей яны ўздымалі такі галас і гармідар на дрэвах, нібы там адбывалася бойка. А потым зноў цішыня.

Паветра цёплае, душнае, вільготнае. Уся зямля зарасла мохам і папарацьцю, дзе час ад часу мільгалі ні то зьмеі, ні то яшчаркі, але пакуль што нічога небясьпечнага не сустракалася. Ня кажучы ўжо аб Піпу, нават тубыльцы, здавалася, былі прыгнечаны гэтым цяжкім маўклівым лесам. Адзін толькі Хаон адчуваў сябе, як дома.

Праз некалькі гадзін усе вельмі змарыліся і спыніліся адпачыць. Тым болей, што набліжаўся штодзенны паўдзённы дождж. Паставілі палатку, разьвялі агонь і пачалі гатаваць страву.

— Вось дык паляваньне! — бурчаў Піп. — Заместа дзічыны прыходзіцца з сабою несьці ежу. Аніводнай жывёліны ня бачылі, калі ня лічыць гэтых малпаў. Няўжо-ж увесь час так будзе?

— Спажыўнай жывёлы ў такім гушчары наогул мала, — адказаў Хаон. — Апрача гэтага, яна хаваецца далей.

Тымчасам надышла навальніца. Заблішчала маланка, загрукатаў гром, зашумеў лес, паліліся струменьні вады. Тут ўжо ўсе адчулі радасьць і задавальненьне, што сядзяць у палатцы.

Праз некаторы час дождж зусім перастаў, а з дрэў усё яшчэ лілася вада. Была трэцяя гадзіна. Да цямна заставалася толькі тры гадзіны. Піп ня ведаў, што рабіць: ці сядзець, ці ісьці далей па такой вадзе? Запытаўся Хаона.

— Як туан захоча, — адказаў той. — Павінен толькі папярэдзіць, што тут нічога не дачакаемся.

— У такім разе пойдзем далей, — парашыў Піп, і экспэдыцыя зьнялася з месца.

На гэты раз падарожжа ўжо не здавалася Піпу цікавым. Зьнізу вада, зьверху вада, мокрае гальлё б’е па твары. Хутка прайшлі тры гадзіны, надышоў вечар. Спыніліся на начлег.

Увесь мокры сядзеў Піп каля агню, падстаўляючы то адзін, то другі бок, каб абсохнуць. Ад зморанасьці ламала ўсё цела; кроплі ўсё яшчэ капалі зьверху. Увесь уздым і цікавасьць прайшлі. «І чаго я тут сяджу? — неяк мімаволі думалася Піпу. — Які чорт мяне загнаў сюды? Ці ня лепш было-б сядзець цяпер дома?»

— Ці доўга нам прыдзецца так ісьці? — нарэшце запытаўся ён Хаона.

— Калі туан хоча напэўна сустрэць дзікіх зьвяроў, дык трэба прайсьці яшчэ балоты і падыйсьці да прадгор’яў. Калі тут і ёсьць зьвяры, дык зусім мала і вельмі цяжка сустрэць іх.

— А можа і наогул захаваўся адзін, ці два, вось цяпер і ганяйся за імі.

— Пацярпеце, туан, — усьміхнуўся Хаон, — можа і яны будуць ганяцца за вамі.

Была толькі сёмая гадзіна, а навакол стаяла чорная ноч. Піп зірнуў убок і ўздрыгануўся. Што гэта? Нібы вочы зьвяроў блішчаць. Вось яны рухаюцца, носяцца з аднаго месца на другое.

— Зірні, Хаон, што там такое?

— Дзе? — спакойна запытаўся Хаон.

— Ды вось сьвецяцца, нібы вочы тыграў.

— Гэта грыбы такія, — спакойна адказаў Хаон, — а тыя, што лётаюць, — начныя мухі, якія сьвецяцца.

Піл нават засаромеўся, што выявіў сябе такім навічком перад гэтым дзікуном. І калі пасьля гэтага заўважыў нешта яшчэ болей дзіўнае, дык нічога не сказаў. А заўважыў ён, што лес нібы ўбраўся ў сьветлыя гірлянды, накшталт таго, як убіраюць у сьвята горад ланцугамі электрычных лямпачак. Толькі сьвет быў фосфорычны, бляды, слабы. Піп і сам цяпер сьцяміў, што гэта таксама былі грыбкі, або цьвіль на ліянах і ротангах.

— Ваў! Ваў! — пачуўся недзе выразны крык. Піп пытліва зірнуў на Хаона.

— Гэта «ваўваў», малпы такія, — сказаў той.

Потым пачуўся нібы рогат, там нешта запішчала, там прарэзьліва крыкнула нейкая птушка; вось затрашчалі цыкады[22], да іх далучыліся жабы на дрэвах; пачыналася ночнае жыцьцё лесу, якое звычайна здаецца больш таемным і нават страшным, чымся ўдзень.

— Ці не пагражае нам які-небудзь напад уначы? — ізноў запытаўся Піп.

— Не, асабліва, калі будзе гарэць агонь, — адказаў Хаон. — Галоўны вораг, тыгра, першы не нападзе.

Пачалі рыхтавацца да сну. Палатку паставілі, асабліва не замацоўвалі, бо ніякі вецер не пагражаў. Палатка мела асобнае аддзяленьне для Піпа, а рэшта зьмясьцілася ў другой палове. Назапасілі паліва. Умовіліся на кожны выпадак вартаваць па чарзе, але праз гадзіны тры ўсе заснулі. І ніякай бяды ад гэтага ня было. Ноч прайшла спакойна. Пачало ўжо сьвітаць.

І вось тут здарылася нешта незразумелае. Нехта пачаў кратаць і хістаць палатку. Людзі паўскаквалі, пачалі перці вочы і азірацца, а тымчасам палатка пачала ўздымацца ўверх! Яшчэ момант, — і людзі апынуліся пад адкрытым небам, а палатка калыхалася ў паветры.

— Што за цуд такі! — закрычаў Піп. Тубыльцы таксама разявілі раты ад зьдзіўленьня. Нават Хаон быў зьбянтэжаны, але праз хвіліну зарагатаў, як шалёны.

— Сіаманг! Сіаманг! — закрычалі тубыльцы і таксама пакаціліся ад сьмеху.

Тут і Піп заўважыў, што палатку цягне ўверх вялізная малпа, —

.. Палатка калыхалася ў паветры.

гібон, галоўная з явайскіх малпаў. Зараз-жа і другая далучылася да яе, а ззаду было відаць яшчэ некалькі. Са свайго дрэва яны заўважылі нязвычайную белую рэч, якая так прывабна тарчала ўверх. Як было не пацікавіцца такой цацкай? Зьвесіліся галавой уніз, кранулі сваімі даўжэннымі рукамі, — варушыцца і нават здаецца лёгкай. Ну, і пацягнулі да сябе.

Піп зараз-жа ўхапіў стрэльбу, нацэліўся, — і адзін з гібонаў паляцеў на зямлю разам з палаткай. Рэшта малпаў закрычала такім моцным голасам, што Піп мімаволі падняў рукі да сваіх вушэй. Усьлед за гэтым яны зьніклі.

На зямлі-ж застаўся свавольнік, які заплаціў жыцьцём за свой жарт. Ён быў ростам адзін мэтр, затое шырыня распасьцёртых рук была больш за два мэтры. Высокія грудзі і моцныя плечы сьведчылі аб сіле, але далей уніз ён параўнаўча быў вельмі тонкі. Нават сярод малпаў гібон вызначаецца сваёй брыдкасьцю, але затое лічыцца найлепшым сьпеваком перад усімі іншымі малпамі. Дзеля гэтага пад падбародкам у яго вісіць мех, які ў час крыку надзімаецца, як пузыр.

— Цікава будзе мець яго на памяць, — казаў задаволены Піп і загадаў асьцярожна зьняць скуру і галаву, каб захаваць іх.

Праз дзьве гадзіны рушыліся далей. Усё было яшчэ мокрае ад учарашняга дажджу, але сонца сьвяціла весела і настрой у падарожнікаў быў вельмі добры. Паступова мясцовасьць пачала паніжацца, усё вільготней рабілася зямля, часьцей і гусьцей рос бамбук. Пачалося балота. Хоць і добра ведаў Хаон мясцовасьць, але і яму прыходзілася ламаць галаву, каб знайсьці больш-менш даступную дарогу. Ён круціў і ўправа, і ўлева, амаль-што не вяртаўся назад, вышукваючы сушэйшыя мясьціны. Бяда толькі была з мулам, які сваімі капытамі загразаў глыбей за ўсіх.

— Ці прабярэмся мы з ім? — трывожыўся Піп.

— Паспрабуем, — адказаў Хаон. — Мне здаецца, да бліжэйшага сухога абшару, як-небудзь дабярэмся.

— А ці ня лепей будзе абматаць яму ногі лісьцем ды травой, каб ён меней загразаў? — прапанаваў Нонг.

— Гэта добрая думка! — адазваўся Хаон. — Давайце паспрабуем. Праз некалькі хвілін мул быў «абуты» у шырачэзныя боты. Хоць і няёмка было яму ісьці ў такіх куксах, хоць і ўпіраўся ён спачатку, але загразаў значна меней. Праўда, ён хутка знасіў свае боты, але зусім проста было абуць яму другія. Адзін раз прышлося пераходзіць такое месца, дзе і боты не маглі памагчы, бо людзям прыходзілася ісьці па жэрдках. Тады для мула спэцыяльна зрабілі з бамбуку грэблю.

Дарога цягнулася вельмі доўга. Нават спыніцца ня было дзе, каб адпачыць. Шчасьце яшчэ, што надвор’е спрыяла: у гэты дзень зусім ня было дажджу. Нарэшце, а гадзіне чацьвёртай, вышлі на сухое месца, дзе нават былі ўзвышшы і скалы.

Выбралі прытульнае месца пад скалой, ля крыніцы, і разьмясьцілі свой лягер.

— Гэта будзе нашым домам, — сказаў Хаон. — Адсюль мы ўжо адны будзем хадзіць ва ўсе бакі. Мне самому можа трэба будзе патрапіць дзень ці два, каб высачыць зьвера.

— У такім месцы прыемна пажыць і болей, — прамовіў Піп, здаволена азіраючыся навакол. Хоць і тут быў лес, але пасьля хмурага вільготнага гушчару было значна сушэй, радзей і весялей, Над галавой, на скале лесу ня было; вузенькая камяністая лагчынка, дзе булькала крынічка, зарасла толькі невялічкімі кустамі. Досыць было і сонца, і сьвежага паветра.

У гэты вечар, седзячы ля вогнішча, Піп ужо не шкадаваў, што забраўся сюды.


VII. НЯЗВЫЧАЙНЫЯ ПРЫГОДЫ МІНГЕРА ПІПА.

Піп на паляваньні. — Спынены абед. — „Зьмяя ў капялюшы“. — Гульня з „бадакам“ на сьмерць. — Хітры „мат‘ян“.

Назаўтра Хаон сказаў:

— Я пайду туды, на захад, каб высачыць логава «мат’яна» (тыгры). Гэта зойме ўвесь дзень, а можа нават і болей. Часам бывае што трэба хадзіць тыдзень, каб знайсьці, высачыць, вывучыць усе яго сьцежкі, звычаі. Ва ўсякім разе так або інакш я заўтра вярнуся. Вы-ж за гэты час палюйце сабе самі, але ня ідзіце ў мой бок, каб ня спужаць зьвера стрэламі.

— Няўжо-ж нельга так сустрэць яго ў лесе? — запытаўся Піп.

— Можаце сустрэць яго толькі тады, калі ён сам гэтага пажадае. Але на гэта спадзявацца нельга. Толькі мат’ян — людаед, г. зн. такі, каму ўжо трапілася разарваць чалавека, можа рызыкнуць зноў напасьці, ды і то, тады толькі, калі абставіны для яго будуць спрыяючыя. Звычайна-ж ён ухіляецца ад сустрэчы, як і кожны іншы зьвер, і высачыць яго цяжка.

Хаон пайшоў сваёй дарогай, а праз некаторы час выправіліся і Піп з Нонгам у процілеглы бок. Дома былі пакінуты два тубыльцы з даручэньнем ачысьціць і высушыць гібонавую скуру.

Пахадзіць, такім чынам, бяз клопату, была зусім іншая справа, чымся надойчы ў дарозе. Усё навакол выглядала неяк прыгажэй і цікавей. Піп мог ужо зьвярнуць увагу і на такія дробязі, на якія ў дарозе не зьвярталася ўвагі: ці птушка, ці матыль, ці нязвычайны грыб, ці краска, ці новае цікавае дрэва, напрыклад, іглістае, але з лісьцем. Толькі добра прыгледзеўшыся можна было заўважыць, што сапраўды ліст складаецца з іголак, якія зрасьліся разам.

Над галавою чапляліся і дражніліся невялічкія шэрыя малпачкі. Піп ня вытрымаў і застрэліў адну для колекцыі. Вось мякка шмыгнуў невялічкі доўгі зьвярок — вівэра, накшталт нашага тхара. У другім месцы з гушчару выбег спуджаны дзік. Піп стрэльнуў, але ня трапіў.

На аднэй палянцы яны заўважылі, што пад дрэвам нешта варушыцца.

Асьцярожна пачалі падыходзіць і спыніліся ня ведаючы, што рабіць далей. Перад імі быў боа, мэтраў 6 даўжыні і адпаведнай таўшчыні. Вольна раскідаўшы свае колцы, ён абедаў і так быў заняты гэтай справай, што нават не заўважыў гасьцей.

Ды зразумела: ён трымаў у роце жывёліну, якая была разоў у дзесяць шырэй з яго горла. З рота толькі былі відаць заднія ногі, хвост і частка цела. Гледзячы на гэты абед, цяжка было вырашыць, каго шкадаваць ці жывёліну, ці зьмяю. Здавалася, што зьмяя зусім удавілася: глотка яе была так расьцягнута, што здавалася вось-вось разарвецца; сківіцы стаялі па простай лініі зьверху ўніз; вачэй ня было відаць, ды і наогул нельга было пазнаць зьмяінай галавы. Напружанасьць была такая, што жудасна глядзець.

Вось крыху адпачыўшы, пачала яна варушыць горлам. Страшэнным усілкам пасунула яна здабычу на які-небудзь сантымэтр, а потым зноў замерла.

— Пры такіх умовах няма чаго яе баяцца, — сказаў Піп і падышоў бліжэй.

— Асьцярожней, туан! У яе яшчэ хопіць сілы, каб абкруціцца хвастом, — папярэдзіў Нонг.

Бао ўжо заўважыў гасьцей і, не адварочваючы ад іх галавы, пачаў сунуцца далей. Сьмешна было глядзець на галаву, якая сама цярпела страшэнную пакуту, а другім нібы пагражала. Тады Піп нацэліўся і пусьціў у яе кулю. Забілася страшыдла так, што гальлё паляцела навакол, а абодва паляўнічыя кінуліся назад. Яшчэ куля-другая, і зьмяя стала нярухомая.

— Адзін раз у два тры месяцы прыходзіцца беднай абедаць, ды і то перашкодзілі, — сказаў Піп, кратаючы яе нагой.

Праўду кажучы, гэтыя страшэнныя зьмеі, з пароды пітонаў (удавы, душыцелі), зьяўляюцца для людзей самымі няшкоднымі. Атруты яны ня маюць, задушаць, праглынуць якую-небудзь жывёліну ды ляжаць сабе адзін-два месяцы. На чалавека могуць напасьці толькі тады, калі іх раздражняць, або якім-небудзь чынам ён сам трапіць да іх у абнімак. У гэтых адносінах куды больш небясьпечны тыя невялікія гадзюкі, якія сваім выглядам не палохаюць людзей, але хутка адпраўляюць на той сьвет.

Праз некалькі крокаў яны ўбачылі і страшную, і небясьпечную.

Над крушняй каменьня кружылася птушка. Кружылася навакол, перапалохана крычала, білася крыльлямі, але ўвесь час не адводзіла вачэй ад нейкага пункту на зямлі.

А там ляжала зьмяя, мэтраў паўтара даўжынёю і, крыху падняўшы галаву, не адхіляла вачэй ад птушкі. Зьмяя была чырвона-жоўтага колеру, а на галаве выразна вызначыліся два злучаныя кружочкі, вельмі падобныя да акуляраў.

— Акулярніца! — прашаптаў Нонг.

— Тсс!.. — штурхануў яго Піп, з захапленьнем наглядаючы гэтую сцэну.

Няшчасная птушка хоць і адлятала, але кожны наступны раз падлятала ўсё бліжэй і бліжэй. Спакойны, пільны, ледзяны погляд зьмяі, нават з боку гледзячы, рабіў жудаснае ўражаньне. Галава ціха паварочвалася ўсьлед за птушкай, высунуты язык варушыўся. Птушка, відаць, добра ведала, што ёй пагражае, жалобна ціўкала, але не магла адарвацца і падлятала ўсё бліжэй і бліжэй.

— Шкода птушкі, — сказаў Піп і зрабіў крок наперад, каб стрэльнуць.

Рух, шолах і трэск галінкі былі заўважаны зьмяёй, і яна зірнула ў гэты бок. Птушка, якая амаль што не ўляцела ўжо ў рот зьмяі, — выкарыстала момант і з радасным шчэбетам паляцела прэч.

Але-ж затое кобра раззлавалася. Звычайна яна ўцякае ад людзей, але цяпер падняла сваю галаву на поўмэтра, раздула ўшыркі сваю шыю і рушылася на Піпа. Па бакох шыі выпрасталіся нейкія зморшчкі і надалі галаве выгляд апалоніка. Нездарма першыя португальцы далі ёй назву «кобра дэ капелло», што азначае — «зьмяя ў капялюшы». Вочы яе заместа птушкі, уперыліся цяпер у Піпа, і нават той на момант адчуў нешта асаблівае.

Ды і ня дзіва, — зьявішча было незвычайнае. Трэцяя частка цела зьмяі ўздымалася ўверх проста і нярухома, як слуп, і разам з тым хутка рухалася наперад. Погляд, язык і асабліва шырокі «капялюш» рабілі ўражаньне чагосьці магутнага і жудаснага, нават і ўзброенаму чалавеку было чаго спалохацца.

Нонг першы стрэльнуў і, відаць, зачапіў толькі край гэтага капялюша, бо акулярніца толькі крыху хіснулася і яшчэ мацней напружылася, каб скокнуць у апошні раз. Але ўсьлед за Нонгам стрэльнуў Піп, і галава зьмяі павольна схілілася да зямлі. Тут кобра пачала круціцца і біць хвастом, пакуль новая куля зусім не супакоіла яе.

— Вось гадзіна! — сказаў Піп, зьняўшы свой шлём і выціраючы пот. — Ледзь мяне не зачаравала, як тую птушку.

— О, туан! Гэта ёсьць самая небясьпечная зьмяя, горш за ўсіх вялікіх боа. Выздаравець ад яе ўкусу амаль немагчыма.

— Трэба будзе з яе зьняць скуру на памяць. Вазьмі яе з сабой.

Нонг павесіў зьмяю сабе на шыю, і яны пашлі далей. Калі прыняць пад увагу, што Нонг яшчэ нёс забітую малпу, дык прыдзецца сказаць, што далейшая хада была для Нонга ня вельмі прыемная і пажаданая. Яны і так адышлі ўжо ад сваёй стаянкі кілёмэтраў на дзесяць.

— Ці ня думае туан вярнуцца назад перад дажджом? — дыплёматычна сказаў Нонг.

Піп зірнуў на неба, потым на свой гадзіньнік. Было 11 гадзін.

— Пасьпеем яшчэ, — сказаў ён, — здаецца, і сёньня дажджу ня будзе. Дойдзем яшчэ да тых вялікіх дрэў, адпачнем і тады назад. Можа сустрэнем яшчэ што-небудзь цікавае.

Паляваньне ў першабытным лесе на незвычайных зьвяроў так спадабалася Піпу, што ён хацеў выкарыстаць увесь час і нават не адчуваў зморанасьці (тым болей, што цяжар нёс другі). Уражаньні былі такія цікавыя! З аднаго боку, усё было так, як пісалася ў кнігах, але з другога — нешта зусім іншае, і ў чым справа — нельга было пазнаць.

Прайшлі яшчэ кілёмэтраў са два і спыніліся на беразе маленькай няглыбокай рэчкі. Гэты бераг быў сушэйшы і парос рэдкім, але высокім лесам. Той бераг быў балотны, заросшы бамбуком і хмызьняком. З прыемнасьцю паляглі на траву. Нават агню не раскладалі, а падмацаваліся консэрвамі.

З паўгадзіны ляжалі моўчкі гэтыя чужыя адзін аднаму сябры. Праўда, абставіны былі такія, што Піп зусім забыўся, што побач з ім цёмнаскуры чалавек ніжэйшай пароды. Ён нават палюбіў Нонга, як добрага слугу, але зусім ня цікавіўся ім, як чалавекам. А Нонг таксама прызвычаіўся да Піпа, убачыў, што гэта чалавек дабрадушны, няшкодны, толькі крыху асаблівы. І калі Нонг успамінаў усе крыўды і няшчасьці, якія даводзіцца цярпець ад белых уладароў, калі ў ім абуджалася вострая агіда да іх, то гэтая агіда ня мела дачыненьня да Піпа.

Піп і сапраўды быў чалавек няшкодны, мусіць, затым, што стаяў далёка ад жыцьця. Бацька яго быў багаты, але скупы гандляр селядцамі, тымі самымі голяндзкімі селядцамі, якія вядомы на ўвесь сьвет. Для свайго адзінага сына ён нічога лепшага не жадаў, хай бы толькі той быў такім самым добрым гандляром селядцамі, як і бацька. Ён даў сыну сярэднюю адукацыю, а далей прымушаў сына мець справу толькі з бочкамі ды рыбакамі. Але рыбакі, мора, караблі абудзілі ў маладым Піпе цікавасьць да далёкіх краін, да прыгодаў, аб якіх ён чуў ад маракоў.

І чым болей бацька стаяў на сваім, тым болей ён імкнуўся далей у сьвет. Начамі, хаваючыся ад бацькі, ён чытаў кніжкі аб дзіўных краёх, падарожжах, цікавых паляваньнях, прыгодах, і гэтае імкненьне захавалася ў ім да таго часу, калі бацька памёр.

Калі сын атрымаў спадчыну ды падлічыў яе, то ўбачыў, што яму зусім няма патрэбы гандляваць селядцамі. Грошай было столькі, што на адны процанты ён мог жыць увесь век без клапот. І ён ліквідаваў прадпрыемства, палажыў грошы ў банк і адчуў сябе вольнай птушкай. Такім чынам, ён і трапіў на Яву.

Зразумела, усе знаёмыя дзівіліся такому ўчынку, ніяк не маглі зразумець, як гэта можна дабраахвотна адмовіцца ад далейшага ўзбагачэньня, і лічылі Піпа нават дурнаватым. І сапраўды, з гандлёвага пункту погляду ён быў непрактычны, няспрытны фантазёр, але, як чалавек, быў і добры і разумны.

А калі мы захацелі-б ахарактарызаваць яго з нашага пункту погляду, дык можна было-б сказаць, што гэта быў чалавек, як у нас кажуць, ні рыба, ні мяса. Ён адарваўся ад гандляроў, але ня прыстаў ні да якой іншай катэгорыі людзей. Ён сьвядома ніколі нічога дрэннага не рабіў бедным, простым людзям, часта, калі трапляўся выпадак, памагаў ім, але разам з тым яму ніколі ня прыходзіла думка, як жывуць гэтыя людзі, якое іх становішча. Наогул кажучы, ён нібы плаваў на паверсе жыцьця.

Раптам на другім беразе нешта затрашчала. Абодва зірнулі ў той бок і ўбачылі, што праз зарасьнік праціскаецца да вады насарог.

— Бадак! — шапнуў Нонг, і абодва ўхапіліся за стрэльбы.

Але трывожыцца ім ня было чаго. Становішча іх было такое выгаднае, што лепей і прыдумаць нельга. Гэты бераг быў сушэйшы і вышэйшы, тут можна было спакойна ляжаць, схаваўшыся ў траве, а зьвер быў за рэчкай. Піп нават дрыжаў ад хваляваньня і нецярплівасьці. Насарог спакойна падыходзіў, апусьціўшы галаву, і нічога ня бачыў. Вось паказалася яго галава з адным рогам на носе.

Піп ня вытрымаў і стрэльнуў, крыху зарана і дрэнна прыцэліўшыся. Скура насарога такая тоўстая, што нават куля не заўсёды можа яе прабіць, асабліва, калі трапіць хоць трохі наўскасок. Дзеля гэтага спрактыкаваныя паляўнічыя стараюцца трапіць пад пахі. А цэліцца ў пакаты лоб яшчэ болей нязручна, бо ў такім выпадку можна чакаць, што куля сьлізгане. Так яно і зрабілася.

Не пасьпелі яны стрэльнуць яшчэ раз, як насарог узьняў галаву, зароў і кінуўся проста на людзей. Адным махам пераскочыў ён праз неглыбокую ручаіну і апынуўся на другім беразе, супроць паляўнічых. Усё гэта здарылася з такой хуткасьцю, што яны ледзь пасьпелі ўскочыць на ногі, ужо ня думаючы аб абароне. Не памятаючы сябе ад жаху, кінуліся яны ў лес, адчуваючы за сабой тупат зьвяругі. Піп нават не пасьпеў схапіць стрэльбу, а Нонг хоць і схапіў, але па дарозе пас ад яе зачапіўся за куст і прыйшлося выпусьціць яе з рук.

Ужо праз дзесятак крокаў стала відавочным, што ўцячы ад зьвера нельга. Нонг дык той яшчэ аперадзіў Піпа на некалькі крокаў, але апошні зараз павінен быў загінуць. І калі насарог ужо ледзь не дакрануўся да плячэй Піпа, той у апошні момант, неяк несьвядома, схаваўся за тоўстае дрэва.

Насарог з разгону прабег міма і заўважыўшы перад сабой другога чалавека, пабег далей ужо за ім. Праз некалькі крокаў і Нонг зрабіў тое самае, што і Піп. Насарог і цяпер прабег міма, але зараз-жа завярнуўся назад. Нонг схаваўся за другі бок, — насарог за ім і ўбачыў Піпа, які быў на гэтым баку.

І вось утварылася становішча, якое было-б нават сьмешным, каб ня было нагэтулькі небясьпечным. Насарог апынуўся між двума дрэвамі, за кожным з каторых хаваўся яго вораг, і ён пачаў кідацца то да аднаго, то да другога. Часам ён так круціўся вакол якога-небудзь з іх, што жудасна было глядзець, але ўсё-ж такой вялізнай і нязграбнай жывёліне немагчыма было злавіць чалавека, які, трымаючыся за дрэва, мог спрытней пераходзіць з аднаго на другі бок.

Але напружанасьць у людзей была такая вялікая, што каб так працягнулася доўгі час, дык не хапіла-б моцы. На шчасьце, «працавалі» па

Насарог апынуўся між двума дрэвамі.

чарзе, і тады адзін мог адпачыць. Нарэшце насарог змарыўся, спыніўся між дрэвамі і толькі пазіраў то ў адзін, то ў другі бок сваімі налітымі крывёю вачыма. Пара ішла ад яго цела, дыхаў і соп ён, як кавальскі мех.

Тады пачалі супакойвацца і нашы небаракі-паляўнічыя. Яны ўбачылі, што непасрэдная небясьпека мінула, што ў такім становішчы насарог ім ужо нічога ня зробіць. Нават добры гумар вярнуўся.

— А што далей будзем рабіць, брацішка Нонг? — весела крыкнуў Піп.

— Мусіць, чакаць, — адазваўся той з-за свайго дрэва.

Гэтыя гукі напомнілі насарогу аб яго ворагах, і ён зноў узяўся за сваю працу. Хоць і ўпэўнены былі людзі ў сваёй небясьпецы, але на справе гэта было ня так проста. Насарог нібы паразумнеў і ня бегаў ужо вакол дрэва, а схіліўшы галаву бокам, стараўся дасягнуць ворага сваім страшэнным рогам. Колькі разоў стукаўся рог аб дрэва зусім побач з чалавекам, так што кавалкі кары ляцелі! Колькі разоў ён ледзь не скалечыў рукі, якімі трэба было трымацца за дрэва. А часам нацэліцца насарог сваім рогам і стаіць некалькі хвілін нярухомы. Вось побач гэты рог, вось блізка-блізка морда, сапе проста ў твар, зубы ашчэраны. Бегчы ў другі бок нельга: прыходзіцца сачыць за кожным рухам гэтай галавы. Так і стаяць скамянелыя ў працягу некалькі хвілін, а там зноў пачынаецца… Ды яшчэ жах бярэ пры думцы, што можна зачапіцца і паваліцца.

Прайшла гадзіна. Становішча не зьмянялася.

— Ну, а што-ж усё-такі нам рабіць, Нонг? — зноў крыкнуў Піп у часе перапынку.

Крыху падумаўшы, Нонг адказаў:

— Вось што, туан: я перабягу да суседняга дрэва і пастараюся прывабіць яго да сябе. А потым яшчэ далей. А вы тады бяжэце па стрэльбу.

— Малайчына, Нонг! — ажывіўся Піп. — Гэта сапраўды найлепшы спосаб!

Нонг выбраў сабе дрэва, улучыў момант, выскачыў з-за дрэва так, каб насарог яго заўважыў, і пабег. Адбылося якраз так, як і чакалася. Праз некаторы час такім-жа чынам Нонг перабег да трэцяга дрэва.

А Піп тымчасам пабег за стрэльбай. Праз некалькі хвілін, ён, хаваючыся па-за дрэвамі, падкраўся з другога боку і ўсадзіў кулю пад лапатку. Захістаўся насарог і апусьціўся на пярэднія калені. Другая куля пад вуха скончыла справу.

— Ну і задаў-жа ён нам страху! — казаў Піп млосным голасам. Трэба хоць выламаць гэты рог сабе на памяць.

Хоць і вельмі зморанымі вярнуліся яны ў свой лагер, але Піп адчуваў сябе героем. Колькі прыгод перажыў ён за гэты дзень?! Нават лепшых за тыя, што ён чытаў у кніжках.

Назаўтра нікуды не пашлі, а сталі ўпарадкаваць сваю здабычу ды чакаць Хаона.

А той тымчасам вандраваў па лесе, вышукваючы па вядомых яму адзнаках логава тыгра. Сустракаў і ён зьмеяў, малпаў, ды не зварочваў на іх увагі. Ён абышоў некалькі знаёмых яму месц, але нідзе не знашоў адзнак прысутнасьці патрэбнага яму зьвера.

Тады ён пашоў у найдалейшае, але пэўнае месца. Гэта быў яр, які ўвесь зарос хмызьняком, і выходзіў к рэчцы. З яру выцякала сьцюдзёная крынічка і ўлівалася ў раку. Відаць, сюды прыходзілі зьвяры на вадапой, дзеля чаго тыгр і аблюбаваў сабе гэтае месца. Сьляды сьведчылі, што зьвер тут яшчэ жыве.

Хаон натрапіў на гэта месца, калі быў тут апошні раз. Але ён тады ўжо вяртаўся дадому са здабычай і парашыў выкарыстаць гэты куток у наступны раз.

Ён пашоў назад, але зараз надышла ноч, і ён прымушаны быў пераначаваць у лесе. Для яго гэта было звычайнай справай. Калі не трапляўся прытульны куток між каменьнямі, дзе можна было-б пераначаваць пад аховай агню, — ён узьбіраўся на дрэва, ламаў там гальлё і спакойна праводзіў ноч па суседзтву з малпамі. Так зрабіў ён і на гэты раз, а зранку ўжо быў у лягеры.

— Вось што мы нарабілі за гэты час! — з гонарам сказаў Піп, паказваючы Хаону свае трофэі. — А ў цябе як?

— Знашоў, — адказаў Хаон, — але досыць далёка. Трэба ісьці зараз-жа.

Праз поўгадзіны экспэдыцыя рушылася ў дарогу. Адлегласьць была, мусіць, кілёмэтраў 10-15, але для экспэдыцыі патрабавалася на гэта ў два разы больш часу, чымся аднаму Хаону. Зноў пачаліся гушчары, ліяны, зноў прышлося прасякаць сабе дарогу.

Дjбра яшчэ, што час ад часу трапляліся камяністыя бязьлесныя ўзвышшы. Тады наперадзе адкрываліся горы; то лясістыя, то з лысінамі, яны ішлі паступова павышаючыся, часам наваленыя, нібы крушні вялізарных каменьняў, — і нарэшце губляліся ў сіняй імгле.

Вось на аднэй з гор уецца нібы дымок.

— Што гэта? — запытаўся Піп.

— Вулькан, — адказаў Хаон.

— Можа дзейнічае?

— Не, крыху дыміцца. Заўсёды ён так.

У другім месцы верхавіна прыняла выгляд нейкай вежы, або царквы. Піп заўважыў гэта і зацікавіўся.

— Гэта і ёсьць царква бадувісаў, — сказаў Хаон. — Вунь па схілах гор параскіданы іхныя пасёлкі.

Піп задумаўся. Дык вось дзе яна, гэтая старажытная жменька народу, які схаваўся ад цывілізацыі, каб захаваць свой першабытны ўклад жыцьця!

— Ці яны ніколі не ўваходзяць у зносіны з іншымі людзьмі? — зноў запытаўся Піп.

— Амаль што не. Іхняя ўлада сочыць, каб гэтага ня было. А калі хто зьвяжацца з нашым сьветам, дык таму ўжо прыходзіцца зусім уцякаць адтуль.

— Якая-ж такая ў іх улада?

— Вышэйшы жрэц Гіранг-Ту-Ун. Але яго ніхто ня можа бачыць, апрача 40 памочнікаў. Гэты лік — сорак — заўсёды застаецца аднолькавы. Калі хто памрэ, заместа яго абіраецца другі. Нават месца, дзе жыве гэты Гіранг-Ту-Ун, застаецца нікому невядомым.

— А табе здаралася быць у іх?

— Быў разы са два. Нават адзін знаёмы ёсьць, які прыходзіў да нас.

— А ці можна было-б нам наведаць іх? Не забіваюць яны ўсіх чужынцаў?

— Не, бяз прычыны не нападаюць, асабліва, калі з імі абысьціся лагодна. Але наогул на чужынцаў глядзяць скоса.

Усё гэта так зацікавіла Піпа, што ён нават забыўся аб сваіх тыграх. Ён парашыў абавязкова наведаць гэтых бадувісаў.

— Няўжо-ж наша ўлада ніколі не прабавала падпарадкаваць іх? — пытаўся ён далей.

— Прабавалі. Нават налажылі на іх падатак. Але што з іх возьмеш? Дабраахвотна ніхто не панясе, хоць-бы і затым, што нічога ня маюць. Пасылалі салдат, дык жыхары ўсе паўцякалі. А трымаць там салдат заўсёды, — няма рацыі, бо трэба ім дастаўляць усё неабходнае для жыцьця, а дзеля гэтага трэба цягнуцца дні тры па гэтых пушчах, балотах ды горах.

Толькі пад вечар наблізіліся яны да патрэбнага ім месца. Каб не спалохаць зьвера, зрабілі прывал за поўкілёмэтра ад яру. Але ўсе былі так стомлены, што самае паляваньне прышлося адкласьці на другі дзень.

Удзень пашлі на разьведку, каб абмеркаваць плян паляваньня.

— Мат’ян хітры і небясьпечны зьвер, — казаў Хаон. Трэба мець шмат цярплівасьці, часу і асьцярожнасьці, каб падпільнаваць яго. Асабліва важна, каб вецер ня дзьмуў да яго з нашага боку. Ад гэтага залежыць усё. Мы зробім насьціл вунь на тым дрэве і засядзем на ім нанач. Тыгр выходзіць праз гадзіны 2—3 пасьля захаду сонца. А калі ня выйдзе ў гэты час, тады выйдзе за гадзіны 2—3 перад усходам.

Ля выхаду з яру стаяла шырокае, купчастае дрэва, вельмі добрае для гэтай мэты. Недалёка ад яго ўнутр яру ішла камяністая, незаросшая лагчынка, па якой гурчэла крынічка. З абодвух бакоў берагі ўздымаліся, і тыгр абавязкова павінен быў прайсьці гэтую лагчынку. Ззаду выхад пашыраўся і пераходзіў у нізкі бераг, паросшы трысьцём.

Пабудавалі на дрэве нібы вялікае буславае гняздо, паадламалі галіны, што перашкаджалі бачыць лагчынку.

— А што, калі ён пачуе, што тут гаспадарыць чалавек, ды ня пойдзе? — заўважыў Нонг.

— Цяпер ён сьпіць, схаваўшыся далёка ў гушчары і не пачуе. Сьлядоў нашых ён таксама пакуль што ня бачыў. Усё залежыць цяпер ад ветру.

З захадам сонца Піп, Хаон і Нонг разьмясьціліся на дрэве. Два тубыльцы з мулам засталіся на прывале.

Піпа ахапіў нібы сьвяточны настрой. Ён-жа сядзеў з сапраўднымі дзікунамі ў сапраўдным зваротнікавым лесе і пільнаваў сапраўднага тыгра! Гэта-ж ня жарт!

Пацягнуліся доўгія хвіліны, гадзіны… Залёталі, зашуршалі і запішчалі розныя ночныя стварэньні. Вось і нейкая вялізная жывёліна затупала ззаду.

Але ня было часу азірацца. Уся ўвага была накірована наперад. Лагчынка ледзь была відаць у цемры; трэба было вельмі пільна сачыць, каб не прапусьціць той кароткі момант, калі зьвер пройдзе па ёй. Напружанаму, стомленаму воку ўвесь час здавалася, нібы вось-вось ён ужо крадзецца.

Мінулі дзьве гадзіны, тры, а зьвер не паказваўся. Хаон трывожна заёрзаў.

— Вось няўдача! — сказаў ён нарэшце, прыслухоўваючыся да паветра. — Здаецца ветрык дзьме ззаду.

Але ён быў такі слабы і няпэўны, што толькі Хаон мог яго заўважыць. Ва ўсякім разе, напэўна нельга было сказаць, ці ветрык перашкодзіў, ці так што.

— У такім разе прыдзецца чакаць другой паловы ночы, хоць і мала ўжо надзеі, — сказаў Хаон, — а цяпер мы нават можам крыху паспаць.

Але які там мог быць сон! Нават сам Хаон, хоць і вывучыў тыгравыя звычаі, але і сам ня спускаў вачэй з лагчынкі. Усё здавалася, што вось-вось тыгр зьявіцца. А дванаццатай гадзіне паляўнічыя пачалі ўжо дзюбаць сваімі насамі, а Піп зусім страціў свой урачысты настрой. Ён адчуваў толькі нуду, як дзе-небудзь на станцыі, чакаючы поезду. Больш бадзёра трымаўся Хаон, бо лічыў сябе адказным за ўсю гэтую справу. Толькі Нонгу было ўсё роўна, як ідуць справы, і ён заснуў звычайным моцным сном.

Падняўся месяц, і крыху асьвятліў лагчыну. Хаон расштурхаў сваіх таварышоў. Сну, як ня было. Яны зноў напружана пачалі ўглядацца ў лагчынку…

І вось ззаду пачуўся шолах, трэск, мільганула ў паветры нешта цёмнае і з глухім урчаньнем кінулася на паляўнічых. Але адлегласьць, вышыня і галіны перашкодзілі: тыгр толькі драпануў сваёй лапай насьціл, разам з нагой Хаона, і паляцеў уніз з гальлём. Хаон ускрыкнуў, выпусьціў стрэльбу і зьвесіўся, трымаючыся за галіну. Піп таксама страціў роўнавагу і ледзь утрымаўся. Толькі Нонг, які сядзеў асобна, у разьвіліне, застаўся нярухомы. І калі тыгр зваліўся на зямлю, Нонг пасьпеў паслаць яму кулю ў сьпіну.

Жудасны рык прарэзаў ноч, скокнуў драпежнік яшчэ раз, а тут ужо і Піп дадаў сваю кулю. А зьверху на тыгра струменем лілася кроў Хаона. Калі небараку зьнялі з дрэва і агледзелі рану, дык аказалася, што тыгр вырваў кавалак лыткі. Рана была вялікая і небясьпечная, але, на шчасьце, жыцьцю не павінна была пагражаць, калі яе даглядзець, як сьлед.

Пакуль што, каб затрымаць кроў, перавязалі нагу лісьцем ды сьціснулі пад каленам. Нонг пабег да стаянкі, прынёс матэрыялы для перавязкі, прывёў абодвух таварышоў. Праз некаторы час рушылася процэсія: наперадзе, на зробленых з гальля насілках несьлі Хаона, а ззаду Піп з Нонгам несьлі на жардзіне забітага тыгра. З першымі праменьнямі сонца прышлі яны ў свой лягер.

— Як-жа ж усё гэта магло здарыцца? — запытаўся Піп.

— Гэта самая лёгкая кара Хаону за яго глупства, — адказаў ён з прыкрай усьмешкай. — Па-першае, трэба было ведаць, што ветрык ужо сапсаваў нам усю справу, а, па-другое, — і самае галоўнае — трэба было ведаць, што наша дрэва стаяла ў яру, а побач уздымаўся высокі бераг, з якога можна было дасягнуць да нас. Каб адлегласьць была крыху меншая, — нам-бы ня тое яшчэ было. Мат’ян хітры: ён пачуў нас, і, абышоўшы навакол, напаў на нас ззаду. Сорам Хаону: анак (дзіця) гэтак не зрабіў-бы. Бодок (дурны) Хаон!

Стары паляўнічы на тыграў, здавалася, больш пакутаваў ад сваёй хібы, чымся ад раны.

— Што-ж цяпер будзем рабіць? — нерашуча запытаўся Піп.

— Туан казаў, што хоча навясьціць бадувісаў, — адказаў Хаон. — Калі ён не пакінуў свайго жаданьня, можна было-б накіравацца туды. Там мяне хутка вылечаць. Ды туды і значна бліжэй, чымся ў Тэнанг.

Піп ахвотна згадзіўся, бо гэта якраз адпавядала і яго жаданьню.

Прайшло некалькі гадзін, пакуль падрыхтаваліся ў дарогу. Трэба было ўпарадкаваць тыгра ды і наогул усю сваю здабычу. Потым трэба было зрабіць для Хаона добрыя насілкі. Ды і адпачынак для паляўнічых быў патрэбен пасьля такой ночы.

Пасьля поўдня зьняліся з месца. Хаон, лежачы на насілках, кіраваў дарогай, за ім ішоў Піп, а ззаду Нонг з мулам, які ўжо адчуваў, што цяжар яго значна павялічыўся.

Калі экспэдыцыя зьнікла ў гушчары, з-за кустоў вышлі два явайцы ў накідках і хустках на галаве. У руках яны трымалі добрыя вінтоўкі.

— І навошта нам валаводзіцца з ім? — сказаў адзін з іх — ці ня лепш было-б адразу скончыць. Усёроўна ён наш вораг.

— Калі загадалі, — значыцца, ведаюць, дзеля чаго гэта патрэбна, — адказаў другі, — ды і мы самі можам зразумець, што нам неабходна стварыць уражаньне, нібы нікога з нас тут няма. Ці-ж ты ня чуў, што оранг-улянда[23], ужо супакоіліся і радуюцца, што ўсё ціха.

І яны павольна накіраваліся ўсьлед за экспэдыцыяй.


VIII. ЗАХАВАЛЬНІКІ ВЕРЫ ДЗЯДОЎ.

У госьцях у бадувісаў. — Пад аховай „табу“. — Сьвята малпаў. — Дыплёматы Піпа. — Цуды пяцёхрукага бога. — Дабраахвотны пакутнік. — Правадыр-здань. — Экскурсія ў ваколіцы. — Даліна гейзэраў. — Спакуса. — Піп зьнік.

Марудная і цяжкая была дарога, асабліва з насілкамі і ацяжараным мулам. У дадатак зноў пачаліся балоты. Толькі пасьля захаду сонца выбраліся яны на сухое месца.

— Цяпер я ўжо добра ўразумеў, чаму гэтыя бадувісы захавалі сваю незалежнасьць, — сказаў Піп, калі яны спыніліся нанач.

— Гэта ўжо апошняе балота, — суцешыў Хаон. — Далей ужо пойдзе гарыстая мясцовасьць.

І сапраўды, далей дарога падымалася ўсё вышэй і вышэй. Бадувіскія пасёлкі здаваліся ўжо зусім блізкімі, але ішлі гадзіна за гадзінай, а яны ўсё здаваліся таксама блізкімі, як і раней. Трэба яшчэ ведаць, што ў сапраўднасьці і дарогі ніякай ня было. Прыходзілася ўвесь час круціцца між скал, каб знайсьці праход, або караскацца па каменьнях. А тут яшчэ насілкі і мул. Усе выбіліся з сілы, хоць адпачывалі дзесяць разоў.

Дрэнна адчуваў сябе і Хаон, хоць і зусім з іншай прычыны. Ён лічыў сябе зусім здаровым, толькі што ісьці ня мог. І яму было вельмі няпрыемна глядзець, з якімі ўсілкамі цягнуць яго ўгару, нібы мерцьвяка.

Мусіць ня болей 15-ці кілёмэтраў трэба было ім прайсьці, а заняло гэта ўвесь дзень ды палову наступнага дню.

Нарэшце, падышлі к пасёлку. Але зблізку яго і пасёлкам нельга было назваць. Гэта былі раскіданыя на значнай адлегласьці адна ад аднэй хаткі. Яны займалі значны абшар па бакох узвышшаў і толькі здалёку здаваліся адным пасёлкам. Пабудованы яны былі, галоўным чынам, з каменьня, а некаторыя нават проста выдзеўбаны ўгары. Вакон ніякіх ня было; заместа дзьвярэй дзіркі, якія, відаць, ніколі і не зачыняліся.

Усё поле гаспадара было вакол яго хаты. Там расьлі кукуруза і рыс, які бадувісы разводзяць «сухім спосабам», але ніякіх іншых адзнак сельскае гаспадаркі ня было відаць: ні жывёлы, ні колаў, ні прылад. Толькі плецены сьвіран сьведчыў, што ўсё-ж такі ў ім нешта кладуць.

Ля кожнага дому быў сад, калі можна так назваць раскіданыя бяз усякага парадку між скал пладовыя дрэвы. А можа іх ніхто і не садзіў? Можа яны самі так растуць, як і іншыя дрэвы, што пачыналіся далей за сялібамі.

Згодна ўказаньням Хаона, падарожнікі накіраваліся да бліжэйшай крайняй хаты, што стаяла на водшыбе. Насустрач вышаў зьдзіўлены гаспадар; з-за яго сьпіны выглядала спалоханая жонка. Яны ніяк не маглі дапусьціць думкі, што гэткі атрад ды яшчэ з «оранг путіх» (белы чалавек) і мулам, — маглі накіроўвацца менавіта да іх. Але госьці спыніліся ля іх хаты і Хаон сказаў:

— Добры дзень, Того! Прымай гасьцей.

Гэтыя словы яшчэ больш зьдзівілі гаспадароў, бо нікога з прыбыўшых яны ня ведалі, а між тым пачулі сваё імя. Хаона, які ляжаў высока на насілках, яны пазнаць не маглі.

— Ну, што дзівішся? — зноў сказаў Хаон. — Ці не пазнаеш Хаона?

Цяпер ужо Того пазнаў яго. Тымчасам падышлі бліжэйшыя суседзі і ўтаропілі свае вочы ў нязвычайных гасьцей.

З надворнага выгляду ўвесь гэты народ ствараў добрае ўражаньне. Высокія, складныя, хоць і сухашчавыя постаці выяўлялі трываласьць. Ды яшчэ кідалася ў вочы, што колер скуры іх быў значна сьвятлейшы ад іншых явайцаў. Мусіць, гэта было вынікам шматвяковага жыцьця на горах. Апрануты яны былі ў звычайныя саронгі, толькі ў большасьці саматканыя.

Можна было яшчэ заўважыць, што рухі іх былі больш стрыманыя, ня гэтак жвавыя, як яно звычайна бывае ў іншых падобных да іх людзей. Дзівіліся яны на незнаёмых людзей неяк паважна, сур’ёзна, нібы абмяркоўваючы, якія могуць быць з гэтай гісторыі вынікі.

Гэтых бадувісаў трэба лічыць самым чыстым карэнным насельніцтвам Явы[24], бо яны і дагэтуль захаваліся такімі, якімі былі 500 год назад. У той час, як акаляючае насельніцтва даўно ўжо зьмяшалася з малайцамі, індусамі, арабамі.

Того прапанаваў гасьцём сваю хату, але адразу было відаць, што ўсе пяць чалавек у ёй ня зьмесьцяцца; тут зноў дапамагла Піпава палатка.

І нарэшце, усе былі задаволены, як госьці, таксама і гаспадар, бо на выпадак абвінавачаньня яго ў цеснай сувязі з нечасьцівымі чужынцамі, ён мог адказаць, што яны толькі спыніліся ля яго хаты.

Того паклікаў нейкага старога дзеда, які палажыў на рану Хаона нейкіх зёлак. Тымчасам надышоў вечар і змораныя падарожнікі паснулі, як забітыя.

А ў гэты час ад хаты да хаты паляцелі чуткі аб нязвычайных госьцях. Апрача «оранг путіх» зьдзівіў яшчэ і мул, які носіць на сваёй сьпіне цяжар. Большасьць бадувісцаў нават ні разу ня бачылі такога зьвера. Ня менш зьдзівіліся і «беламу дому», які гэты мул прывёз на сваёй сьпіне і нават так, што зусім і ня відаць было яго, а цяпер вунь якая будыніна стаіць.

Паляцелі чуткі ад хаты да хаты і даляцелі да царквы, якая стаяла далёка на другім канцы пасёлку. А далей пачыналася вобласьць «табу»[25]. Але для чутак няма ніякіх «табу». Яны пераляцелі на забароненую тэрыторыю і ўсхвалявалі 40 несьмяротных мужоў.

Там за царквой, у цяністым гаі, было іхнае жыльлё, выдзеўбанае ў скалах. Блытаныя калідоры разыходзіліся ва ўсе бакі і злучалі розныя пакоі: і паасобныя для аднаго ці двух чалавек, і агульныя, вялізныя. Тут былі і каморы-кладоўкі, паўнюсенькія рознага дабра: рысу, мукі, бабоў, пладовага віна, масла і г. д.

Але самым цікавым было тое, што ўсе гэтыя пакоі і калідоры асьвятляліся роўным сьвятлом. Бамбукавыя трубкі разыходзіліся ва ўсе бакі і адводзілі з нейкай агульнай крыніцы газ. А крыніцай гэтай была падземная нафта, якая ў значнай колькасьці знаходзіцца на Малайскіх астравох[26]. Каб канцы трубак не гарэлі, на іх былі прыладжаны гліняныя наканечнікі.

Будынкі гэтыя знаходзіліся крокаў за сто ад царквы і зусім хаваліся ад людзкога вока. Апрача таго ад задняй сьцяны царквы ў абодва бакі цягнулася сьцяна, якая і вызначала мяжу «табу». Але сьцяна гэтая была вельмі ўмоўная: калі ля самай царквы яна яшчэ і мела выгляд сапраўднай сьцяны, дык далей было проста накідана каменьне, якое ніякай перашкодаю для чалавека не магло быць, а далей ужо нічога ня было. Ды гэтага і не вымагалася: не каменьні абаранялі жрацоў ад людзкой цікавасьці, а жудаснае слова «табу» ды кара сьмерцю.

Ад уваходу ў падземнае памяшканьне разыходзіліся галярэі, якія вялі ў падземныя пакоі, адна з іх нават злучалася з царквою. З боку пасёлку царква мела агульныя дзьверы для народу, але сама сьвятая братва ўваходзіла ў царкву з задняга боку праз свой падземны ход. Праз гэты-ж ход «зьнікала» з царквы і ўсё тое дабро, што ахвяраваў народ вялікаму богу Багара Тунгалю, і якое нарэшце зьбіралася ў падземных складах.

Святыя д’елемы[27] жылі тут адны, як манахі. Але ў пасёлку яны мелі досыць сем’яў, нават больш, чымся трэба. Кожны лічыў за гонар парадніцца з сьвятым чалавекам.

— З якою мэтаю яны прыбылі? Ці надоўга? — пачаліся сярод іх пытаньні.

— Аднаго з іх, паляўнічага Хаона, пакалечыў тыгр, — адказаў той, хто прынёс весткі. — Вось яны і знашлі прытулак у Того, пакуль хворы выздаравее.

— Гэты Того вельмі ўжо якшаецца з нечасьцівымі; трэба было-б сур’ёзьней папярэдзіць яго, — заўважыў стары д’елема.

— За ім сочаць, — адказаў другі.

— А якія намеры ў гэтага белага? — ізноў зьвярнуліся да прышоўшага. — Ці нельга было што-небудзь распазнаць?

— Паколькі можна меркаваць па словах яго слуг ды па абліччу яго самога, — ён, здаецца, нічым ня цікавіцца, апрача паляваньня. Прыехаў ён часова здалёку, каб пабавіцца паляваньнем — і больш нічога.

— Ці ня з тых яны лясных людзей, што трапляюцца ў нас?

— Не, яны прыбылі з Тэнанга.

— У кожным разе трэба параіцца з Гіранг-Ту-Унам, — парашылі яны, і некалькі чалавек накіраваліся некуды з памяшканьня.

Калі раніцою Піп устаў і вышаў з палаткі, ён некалькі хвілін любаваўся краявідам. Сонца толькі-што паказалася з-за лесу і асьвятляла толькі верхавіны гор. На поўнач распасьцёрлася лясістая нізіна, адкуль яны прышлі. Плямы туману, нібы вазёры, бялеліся сярод лясоў. Нідзе аніякіх адзнакаў жыльля чалавека. Неяк ня верылася, што ўсяго толькі праз некалькі дзесяткаў кілёмэтраў знаходзяцца мясцовасьці, нават занадта заселеныя.

А ззаду, на поўдзень, беспарадачна групаваліся горы, дзікія, няпрыступныя. Бакі іх былі пакрыты лесам. Ня болей, як за 50 кілёмэтраў па простай лініі знаходзіўся Індыйскі акіян, але колькі знойдзецца людзей, якія прайшлі гэтую адлегласьць? З эўропэйцаў, мусіць, няма аніводнага.

«А што, каб паспробаваць прайсьці? — падумаў Піп. Але тут яму прышла думка, што тады яму прыдзецца страціць свае паляўнічыя трофэі, бо з імі не перабярэшся праз гэтыя дзікія горы.

Ва ўсякім разе, пасьля таго, як Піп крыху здаволіўся паляваньнем, ён адчуў жаданьне пазнаёміцца і з іншымі рэчамі і зьявамі гэтай краіны.

Вось стаіць цікавая старажытная царква. Яна пабудована з вялізных каменьняў, моцна, цяжка. Ідзе ўверх прыступачкамі і аканчваецца невялікай круглай вежай. Па прыступках прылеплены маленькія будачкі, нібы гнёзды ластаўкі. Відаць, царква гэта стаіць тут некалькі стагодзьдзяў. «Захавальнікі веры дзядоў», мусіць, захавалі нешта цікавае са старажытнай індускай рэлігіі.

А крыху далей, за царквой, уздымаецца прыгожая гара, нібы зробленая чалавекам. Круглая, правільнай формы, зялёная і нібы адсечаная зьверху.

Вышаў Того. Піп з дапамогай некалькіх слоў, а больш на мігі, запытаўся, як лепей прайсьці туды. Але Того з жахам заматаў галавой і залапатаў:

— Тіда дапат! Тіда дапат[28]! Табу! Мат’ян[29]!

Слова «табу» выявіла Піпу, у чым справа, але цікавасьць яго ад гэтага толькі павялічылася.

Пасьля сьнеданьня Піп з Нонгам пашлі паглядзець на пасёлак. Гэты пасёлак займаў прастору, як добры горад, але, як і спачатку, усе сялібы былі раскіданы абыяк, у залежнасьці ад таго кавалку зямлі, які гаспадар апрацоўваў. Няма чаго і казаць, як дзівіліся жыхары на нязвычайнага госьця.

Недалёка ад царквы, дзе, здаецца, пачынаўся некрануты лес, раптам пачулася нейкая траскатня, быццам былі кіямі па дрэвах. Зірнуўшы туды, Піп убачыў натоўп народу, з кошыкамі, торбачкамі, нізкамі бананаў. Частка людзей сапраўды барабаніла ўва што толькі можна.

Падарожнікі падышлі бліжэй. У гэты момант з дрэў пазлазіла некалькі малпаў і ўмяшалася ў натоўп. Далей-болей, малпы ўсё прыбывалі ды прыбывалі. Вось ужо іх некалькі дзесяткаў, вось сотня, вось дзьве…

Гэта былі невялікія малпы, так званыя «моньет», з пароды макакаў. Яны зьмяшаліся з людзьмі, вырывалі з іх рук бананы, совалі насы ў кошыкі, адным словам, адчувалі сябе, як свае.

— Што гэта такое? — зьвярнуўся Піп да Нонга.

— Мусіць, нейкі дзень, малпаў, або сьвята. Я чуў, што ў некаторых мясцох шануюць гэтых малпаў.

Тым часам адна з малпаў падышла да Піпа і, заўважыўшы бліскучы гузік, пацягнула за яго лапай.

— Ах ты, паскудзтва! — раззлаваўся Піп і намерыўся быў, як сьлед, правучыць яе. Але Нонг схапіў яго за руку.

— Не чапайце, туан! Можа быць бяда! Людзі абразяцца.

Піп зараз-жа супакоіўся, і яны абодва ўжо лагодна пачалі знаёміцца з малпамі. І гэта прынесла ім значную карысьць. Людзі ўбачылі, што чужыя госьці пасябравалі з іхнымі малпамі, нібы свае, і ад гэтага сталі крыху прыхільней глядзець на чужынцаў.

А ля царквы быў другі натоўп. Там адчынілі сваю краму сьвятыя д’елемы і за малпаў кошт зьбіралі ахвяру для вялікага бога Багара Тунгаля. Жменька за жменькай напоўнілі ўжо мяхі. А тут яшчэ яйкі, кавалкі тканіны, скуры зьвяроў.

Раптам Піпу прышла да галавы нейкая думка. Ён сказаў нешта Нонгу на вуха, і яны падышлі да жрацоў. Адзін з іх быў досыць малады чалавек, а другі — стары з сівой барадой, але абодва былі аднолькава сур’ёзныя і строгія. Белыя цюрбаны[30] і доўгія белыя балхоны рэзка вызначалі іх сярод простых паўголых людзей.

Піп выняў дзьве залатых монэты і ўрачыста паклаў іх перад д’елемамі. А Нонг тымчасам растлумачыў:

— Вялікі туан здаўна ўжо шануе адзіную праўдзівую старадаўнюю веру. Ён вельмі рады, што бачыць народ, які захаваў гэтую веру, і ў адзнаку пашаны просіць прыняць яго ахвяру.

Жрацы зьдзівіліся. — Ахвяра была сапраўды значная; нават стары не памятаў, каб хто-небудзь калі ахвяраваў золата. Але з другога боку і падазрона неяк.

Піп заўважыў, што яны дзівяцца і ня вераць і з дапамогай тых нямногіх слоў, якія ведаў, дадаў:

— І ў нашых краёх, хоць і вельмі мала, але ёсьць такія людзі, якія не прызнаюць новых выдуманых рэлігій. Яны чулі, што існуе старадаўняя, праўдзівая вера, але не сустракаюць яе. Вось чаму я радуюся, што сустрэў сапраўдных насіцеляў веры дзядоў.

Піп хацеў быў дадаць яшчэ, што вельмі хоча азнаёміцца з гэтай верай, але падумаў, што яны тады дагадаюцца, дзеля чаго гэтая ахвяра. Ён парашыў адкласьці гэта да другога выпадку, а пакуль што паказаць, што ён робіць гэта выключна з пашаны; нават павярнуўся, каб ісьці.

Тады стары сказаў:

— Ніколі ня бачылі мы такіх людзей з чужынцаў, асабліва белых. Але, калі ты праўду гаворыш, хай твая ахвяра дойдзе да вялікага Багара Тунгаля.

Піп адышоў, але яму так рупіла азнаёміцца з гэтай «адзінай праўдзівай верай», што ён нават шкадаваў, чаму не папрасіўся паглядзець царкву і рэлігійную цырымонію. Аднак-жа ўсё тое, што ён зрабіў, аказалася вельмі ўдалым.

Калі ён адышоў, жрацы зірнулі адзін на аднаго, і малодшы сказаў:

— Гэты чужаземец даў ахвяру і пашоў сабе, нічога ня просячы. З якою мэтаю ён мог гэта зрабіць?

Стары задумаўся.

— Ня ведаю, — адказаў ён нарэшце, — можа затым, каб пралезьці куды ня трэба?

— Дзеля гэтага існуе табу. А можа ён і сапраўды шануе нашу веру? Можа пусьціць яго ў царкву на маленьне? Усёроўна ён убачыць ня больш, чымся кожны з нашых простых людзей. А можа, нарэшце, і сапраўдным прыхільнікам зробіцца?

— Ва ўсякім разе цікавы чалавек, — прамовіў стары. — Я лічу, што на агульнае маленьне дапусьціць можна. Тут мы нічым не рызыкуем. Трэба будзе з ім перагаварыць.

А пад вечар да Того прышоў чалавек і перадаў, што калі чужаземец захоча, ён можа сёньня прысутнічаць на агульным маленьні.

Дазвол быў дадзены аднаму Піпу. Яго спадарожнікі хоць былі і тубыльцамі, але не маглі і спадзявацца на дазвол, бо былі магомэтане. А да магомэтан бадувісы адносіліся з большай пагардаю, чымся да хрысьціян, бо голяндцы ня вельмі ганяліся за тым, каб перавярнуць усіх тубыльцаў у хрысьціянства, а магомэтане ў свой час усіх заганялі ў сваю веру сілком.

Калі зусім сьцямнела, ад царквы пачуўся глухі гул барабану, і Піп пад кіраўніцтвам Того пайшоў на сьвята.

Ноч была вельмі цёмная. Адусюль выходзілі цёмныя постаці і накіроўваліся ў адзін бок. Піп ужо пачаў хвалявацца…

Вось паказалася цёмная будыніна, вось каменныя прыступкі. Наперадзе чорная дзірка, а праз яе ледзь блішчыць сьвятло. Падышлі да дзьвярэй. Тут стаяў адзін з д’елемаў і аглядаў уваходзячых. Відаць было, што нават ня кожны з тубыльцаў мог увайсьці ў царкву. Невядома толькі, ці была якая чарга, ці прапускаліся толькі тыя, хто даваў добрую ахвяру. Зразумела, Піп і Того былі прапушчаны без перашкоды.

Калі ўвашлі ў сярэдзіну, Піп зразумеў, чаму ня ўсіх дапушчалі. Заля была значна меншая, чымся можна было чакаць па надворнаму выгляду. Затое па бакох было шмат розных цёмных куткоў ды, відаць, у самых мурох былі розныя ходы і пераходы. Некалькі каменных слупоў (колёны) падтрымлівалі, столь. Уся пабудова была надзвычайна масыўная і, мусіць, вытрымала не адно зямлятрасеньне.

Усё памяшканьне асьвятлялася толькі двума сьвяцільнікамі, таксама газавымі, як і ў жыльлі д’елемаў. Ужо адно гэта асьвятленьне для народу было цудам, бо яны ня ведалі, скуль і як яно робіцца.

Між сьвяцільнікамі, бліжэй да пярэдняй сьцяны, стаяў аўтар з паглыбленьнем, дзе раскладваўся агонь.

Народ разьмясьціўся на зямлі, паўкругам вакол аўтара. Змрок, таемнасьць, урачыстасьць зрабілі ўплыў нават на Піпа. А тут яшчэ розныя, выдзеўбаныя ў мурох фігуры нейкіх страшыдлаў. Разглядзець іх у змроку было нельга, толькі бліжэйшая чарапаха выразна вызначалася, але, відаць, усе сьцены былі пакрыты рознымі скульптурамі. Толькі пярэдняя была чамусьці гладкая.

Тут Піп адчуў нейкі смурод, які нібы ішоў з бліжэйшага, цёмнага кута. Смурод быў вельмі выразны і нагадваў нібы гніль, ці нешта яшчэ горшае. Доўга цярпеў і адварочваў свой нос Піп, але, нарэшце, ня вытрымаў і, паказваючы ў той бок, запытаўся Того, што гэта там такое?

— Факір, — адказаў Того з вялікай пашанай.

— Можна падысьці?

— Можна, але нельга трывожыць.

Але Піп ужо пасунуўся ў той бок. За ім ціхенька рушыўся і Того.

Піп заўважыў у сьцяне дзьверы з дзіркай-вакенцам, як у турме. Адтуль і ішоў смурод. Сашчапіўшы вусны, ня дыхаючы, глянуў туды Піп, але нічога ня ўбачыў, апрача чорнай дзіркі. Праз хвіліну вочы некалькі прывыклі, і ён мог заўважыць, што гэта была каморка ў сьцяне, велічынёй з шафу. Зірнуў у бок і з жахам адхіснуўся: на яго глядзелі два вялікіх бліскучых вокі. Больш нічога не пасьпеў ён разглядзець і пашоў назад.

— Пасаджаны? — запытаўся Піп.

Того зірнуў на яго са зьдзіўленьнем.

— Не. Сам. Сьвяты чалавек.

Тымчасам чалавек 20 жрацоў падышлі да аўтара, узяліся за рукі і пачалі хадзіць навакол, як у карагодзе. Разам з тым зацягнулі нейкую песьню. Народ, седзячы на зямлі, падцягваў. Праз хвіліну падышоў старэйшы жрэц і паклаў на аўтар вугольле, потым нешта пахучае. Карагод тымчасам усё кружыўся. Часьцей за ўсё чуліся словы «Багара» і «Тунгаль». Сьпеў рабіўся ўсё мацнейшым і хутчэйшым. Карагод таксама вярцеўся ўсё шпарчэй. Вось ужо паўскаквалі некаторыя людзі і далучыліся да яго. Жрацы ўжо так лёталі, што нельга было разглядзець іх паасобку. За імі пусьціўся народ. Каму не хапіла месца ў шэрагу, той круціўся паасобку. Вочы блішчалі, пот ліўся струменямі. Того, побач з Піпам, таксама ня вытрымаў і пачаў прытоптваць і нешта выкрыкваць.

Піп спалохаўся: ці не звар’яцелі ўсе яны разам?

Вось жрэц паклаў яшчэ больш вугольля, дадаў наверх нейкай травы і завыў такім голасам, нібы хто пачаў цягнуць з яго кішкі. Прысутныя таксама паддалі духу і завярцеліся так, што ў Піпа ўваччу пацямнела. Крыкі «Багара-Тунгаль» рабіліся ўсё мацнейшымі і настойлівымі. Піп уразумеў нават слова «зьявіся».

Трава загарэлася вялікім полымем і асьвятліла ўсю царкву, але хутка патухла. Патухлі і сьвяцільнікі. Адразу зрабілася цёмна, як у склепе.

І вось пярэдняя сьцяна пачала паступова рассоўвацца. Шчыліна ўсё павялічвалася. Паказаўся пакой, падняты нібы сцэна, а пасярэдзіне — вялізная статуя. Яна сядзела на падставе, склаўшы ногі; па бакох было 5 рук, а на вялізнай галаве трэцяе вока ў лобе.

Нідзе ня было агню, але водбліск нейкага сьвятла ішоў аднекуль збоку.

Перад статуяй стаяў другі аўтар, але на ім нічога ня было.

Скокі спыніліся. Народ паваліўся на зямлю. Настала цішыня. Толькі жрацы стаялі ў шэраг, падняўшы ўверх рукі і нешта казалі ціхім голасам.

Праз некалькі хвілін зноў пачаўся шум. Народ пачаў ціскацца наперад, чагосьці вымагаць. Жрацы стрымлівалі яго. Потым падняўся на сцэну галоўны жрэц, а за ім прапусьцілі аднаго з людзей. Той падышоў да аўтара і паклаў на яго руку.

І вось паднялася адна з рук статуі, з нажом у кулаку, і — апусьцілася на руку чалавека, а потым крыху паднялася, каб аслабаніць яе. Пырскнула кроў; народ зароў:

«Гіранг-Ту-Ун! Гіранг-Ту-Ун!»

Праз некалькі хвілін прапусьцілі яшчэ аднаго чалавека. Адбылося тое самае. Але, відаць, ня толькі ў гэтым была ўся справа. Народ усё чагосьці чакаў, вымагаў. Часьцей чулася слова «Гіранг-Ту-Ун!» Трэці чалавек зрабіў тое самае, — і зноў нічога не адбылося.

Тады народ загаманіў нешта іншае і накіраваў свае вочы на… Піпа. У таго валасы сталі дыбам…

«Няўжо-ж мяне яны думаюць прынесьці ў ахвяру? — пранеслася ў яго галаве.

Народ тымчасам нешта патрабаваў і нават паказваў на Піпа рукамі. А потым… на чале з жрацом накіраваліся ў той бок…

У Піпа ногі падкасіліся. Уцякаць? Але куды цяперака ўцячэш? Ды і ногі адмовіліся служыць.

«Значыцца, усё гэта зроблена было наўмысьля, каб загубіць мяне! — дагадаўся небарака, і адчуў на лобе халодны пот.

Натоўп набліжаўся да яго. Вось жрэц, той самы, якому Піп даў грошы. Але, мусіць, яго сумленьне не дазваляе глядзець Піпу ў вочы, бо ён прыкідваецца, што не глядзіць на Піпа і ідзе міма. За ім наваліўся на Піпа натоўп, зьбіў яго з ног і… таксама прашоў міма.

Усе спыніліся ля каморкі факіра…

Не адразу Піп зразумеў, у чым справа. Але затое, зразумеўшы, быў гатоў скакаць таксама, як і яны.

Жрэц адчыніў дзьверы каморкі, сказаў нейкую прамову і з вялікай пашанай вывеў адтуль чалавека. Але ці можна было назваць гэту істоту чалавекам?

Гэта быў шкілет, абцягнуты скурай. Здавалася нават, нібы косьці яго ляскалі ад руху. Даўгія чорныя валасы і барада закрывалі ўвесь твар і адтуль глядзелі толькі вялізныя белыя вочы. Адзеньня на ім ніякага ня было, але затое, заместа адзеньня, на шыі была прыстасавана нейкая калода, якія ў Кітаі і Манголіі надзяюць буйным злачынцам.

Усё цела яго было залеплена брудам, у якім капашыліся вошы і чэрві. Трэба было дзівіцца, як ён наогул мог жыць. Але вочы сьведчылі аб надзвычайнай сіле волі гэтага фанатыка, і гэта воля падтрымлівала яго жыцьцё…

Яны, гэтыя дабраахвотныя пакутнікі, выхоўваюць у сабе такую сілу духу, што могуць прымусіць нават цэлы натоўп людзей бачыць тое, чаго ў сапраўднасьці няма. Некаторыя індыйскія факіры (якія сярод сваіх таварышоў лічацца «здраднікамі») і цяпер ў розных гарадох Эўропы паказваюць свае «цуды». Ня кажучы ўжо аб тым, што яны могуць сябе калоць, рэзаць, смаліць, яны яшчэ могуць зрабіць, напр., так, што людзі ў цырку бачаць ваду, якая іх затапляе, падымаюць ногі, крычаць, верашчаць, нават адчуваюць холад, у той час, як другая палова гледачоў сьмяецца. А праз хвіліну адбываецца наадварот.

Нездарма ў народзе кажуць, што можна «напусьціць туману ў вочы». А гэты «туман» зьяўляецца хвалямі мазгоў, накшталт хваляў радыё. І гэтую сілу мазгоў адпаведным практыкаваньнем можна разьвіць таксама, як і кожную іншую частку нашага цела. Пры гэтым цікава адзначыць, што такая сіла мазгоў зусім не адпавядае сіле розуму. Такі «усясільны» факір часам бывае дурнейшы за цёмнага чалавека. Падобным-жа практыкаваньнем можна было-б разьвіць, напр., вялізную галаву і моцны («мядзяны») лоб, але не разьвіць розуму.

А ўсе іхныя «цуды» да гэтага часу не далі чалавецтву ані каліва карысьці. Нават на сваёй радзіме, Індыі, факіры не змаглі «напусьціць туману» ў вочы ангельцам, каб пазбавіцца іх. Тыя сядзяць сабе на карку 300 мільённага народу і бяз усякіх цудаў спакойна ссуць з яго сок. Нічога добрага не далі яны і акаляючай іх галоце, якая корміць іх сваёй апошняй жменяй рысу.

Але ва ўсякім разе, пакуль мы добра ня ведаем іх спосабаў самавыхаваньня, факіры могуць зрабіць на нас вялікае ўражаньне. Таксама, як і тыя штукары, якія могуць праглынуць адразу два вядры вады з рыбамі і жабамі, а потым выпусьціць гэта назад. Розьніца паміж імі будзе толькі тая, што першы разьвіў свае мазгі, а другі — вантробы.

Ня ўсе факіры выхоўваюць сябе так, як сусед Піпа. Іншыя стаяць падняўшы уверх рукі ў працягу некалькіх год, іншыя столькі-ж часу вісяць на дрэве, другія стаяць на аднэй назе або закопваюць сябе па шыю ў зямлю, пакуль расьліны ня пусьцяць свае карэньні ў іх цела і г. д.

Піп досыць чуў пра факіраў, нават бачыў у цырку, але гэты сапраўдны факір, зрабіў на яго куды мацнейшае ўражаньне. Піп чакаў, што пры такіх «прыродных» абставінах адбудзецца нешта зусім асаблівае.

Урачыста павялі факіра да аўтара, дзе ён, як і папярэднія простыя людзі, працягнуў сваю руку. Відаць, трэба было пачаставаць бога сьвятою крывёю. Але вось бяда: крыві ў факіра бадай зусім ня было.

З вялікім усілкам выціснулі кроплю і… цуд адбыўся.

Раптам засьвяціліся ў бога усе трое вачэй і нават пачалі рухацца. Разам з тым з аўтара, нібы з коміна, паваліў густы, чорны дым.

Народ радасна пачаў пець, крычаць: «Гіранг-Ту-Ун!».

І вось здарылася нешта зусім незразумелае нават і для Піпа: у дыме пачаў вызначацца нейкі вобраз. Мільгануў раз, мільгануў другі і нарэшце спыніўся ў паветры, сярод дыму, нібы здань. Ён хістаўся разам з дымам, то расплываўся, то выразьнеў і паступова прымаў чалавечае аблічча. Мільганула доўгае адзеньне, потым строгі голены твар. Нават можна было пазнаць, што гэта мужчына гадоў пад 40. На галаве яго быў цюрбан, з яго высоўваўся нібы султан (пушысты пук пер’я), а пад ім яскравіўся, відаць, брыльлянт. Праўда, усе гэтыя адзнакі можна было злавіць з перапынкамі, часткамі, бо вобраз увесь час хістаўся. Але ў канцы канцоў факт заставаўся фактам.

«Што гэта такое?!» — дзівіўся Піп. — «Мусіць, гэта факір нарабіў!»

Але, зірнуўшы на яго, Піп павінен быў пераканацца, што факір тут ні пры чым.

Ён сядзеў сабе збоку, нібы сонны, і нават ні на каго не глядзеў. А такія справы гэтак ня робяцца.

Самае цікавае для Піпа было ў слове «Гіранг-Ту-Ун», якое так часта выклікалася прысутнымі. Піп прыпомніў, што ён недзе чуў гэтае слова. Здаецца, Хаон казаў, што гэты Гіранг-Ту-Ун ёсьць кіраўнік бадувісаў. Але няўжо-ж гэтая здань у дыме і зьяўляецца кіраўніком?

«Нездарма гэтыя захавальнікі вядуць сваё пахаджэньне ад старадаўняй індускай рэлігіі, — разважаў сам сабой Піп. — Яны захавалі тут такую чартоўшчыну, якой, мусіць, нідзе больш ня знойдзеш. Усю гэтую сцэну, рухі ідала і іншую мэханіку ўразумець яшчэ можна. Але гэтага правадыра ў дыме»…

Раптам зьявішча зьнікла. Вочы ідала патухлі, засталося толькі тое самае невядомае поўсьвятло. Цырымонія скончылася. Народ пачаў разыходзіцца.

— Здаецца, чужаземец добра адчуў усю веліч нашага цырымоніялу, — прамовіў адзін жрэц свайму таварышу.

— Здаецца. Я за ім сачыў, — адказаў той.

Піп сапраўды вярнуўся дадому з вялікім уражаньнем. Уся гэта нязвычайная таемная цырымонія, гэта векавая царква і ідал, адрэзаны ад ўсяго сьвету народ, — усё гэта выклікала ўспаміны аб розных старадаўных казках. Крыху сьмешна была іх няхітрая мэханіка з ідалам і са сцэнай, але-ж затое здань гэтага Гіранг- Ту-Уна ня выходзіла з галавы Піпа.

Нават ува сьне ён бачыў яе.

Назаўтра Піп парашыў зрабіць экскурсію ў ваколіцы. Ён узяў з сабой Нонга, і яны са стрэльбамі на плячах накіраваліся на ўсход. Вельмі вабіў да сябе поўдзень, дзе была вобласьць «табу», але і Того, і Хаон вельмі шчыра папярэджвалі Піпа, каб ён ня ішоў туды. Піп абяцаў, што ня пойдзе.

Праз некалькі часу яны ўжо апынуліся ў дзікай мясцовасьці, нібы пасуседзтву ня было аніякіх сьлядоў чалавека. Гушчар, скалы, крыніцы, вадаспады, — усё гэта надавала мясцовасьці суровую прыгожасьць. Ня гледзячы на тое, што зямля складалася з каменя, ногі падарожнікаў мякка ступалі па імшару, як па дывану. Гэты рознай пароды мох пакрываў ня толькі скалы, але і ўсе вялікія дрэвы наогул.

Вось на галіне аднаго дрэва вялізнае гняздо, нібы кошык з лісьця, даўжынёю ў два мэтры. Ці ня дзіўная якая птушка там жыве, а мо’ іншая жывёла? Але гэта толькі нейкая спэцыяльная папараць так прыстасавалася.

Вось прыгожы кветкавы рознакаляровы збан з накрыўкай, а ў сярэдзіне вада. Берагі збана такія гладкія, што якая-б муха ці жук ні селі на яго, як зараз-жа сьлізгаюцца ўніз і знаходзяць сабе сьмерць. Зазірнуў туды Піп, убачыў там шмат розных казявак і сьцяміў, што гэты збан і зроблены дзеля таго, каб лавіць і жывіцца казяўкамі.

Тут нехта зьверху шпурнуў у іх шышкай ці пладом. Паднялі галовы ўверх — крывяцца морды малпаў, нібы дражняцца.

— Я вам дам дражніцца! — засьмяяўся Піп і кінуў у іх камяком зямлі. Адтуль адказалі. Пачалася гульня, у якой і Нонг прыняў удзел. Але хутка малпы заверашчалі, задралі свае хвасты і зьніклі ў гальлі.

Піп заўважыў, што наогул зьвярынае насельніцтва тут, побач з людзьмі, здавалася ніколькі ня меншым, чымся ў далёкіх пушчах. Відаць, бадувісы не чапалі сваіх суседзяў. Піп вельмі жадаў папоўніць свае трофэі прыгожай скурай пантэры, якой яму не хапала. Ён сказаў аб гэтым Нонгу, і яны абодва ўсю ўвагу зьвярнулі на ўсе цёмныя куткі, дзе можна было спадзявацца знайсьці гэтага зьвера. Але без Хаона на посьпех было мала надзеі, бо ня мелі яны тэй практыкі і ведаў, якія патрэбны ў такой справе.

Ва ўсякім разе, яны адыходзілі ўсё далей і далей, кіруючыся на поўдзень, каб абмінуць гару «табу». Звычайная, нават нявысокая, яна ў другі час, мусіць, зусім не зьвярнула-б на сябе ўвагі Піпа, каб ня гэта «табу», гэты таемны заказ. Адсечаная верхавіна яе, відаць, мела паглыбленьне, нібы кратэр вулькану. Што-б там такое магло быць? А што, каб глянуць туды хоць адным вокам?

У гэты момант да вушэй іх даляцеў нейкі гул, нібы ад якой фабрыкі ці заводаў. І зараз яны заўважылі, што наперадзе з лясістай лагчыны ўздымаецца ні то дым, ні то пара.

— Зноў нейкае дзіва! — прамовіў Піп. — Чаго добрага, яшчэ знойдзем тут які-небудзь завод па вырабу аўтомобіляў ды самалётаў!

Зразумела, яны накіраваліся туды. Грукат узмацняўся, але з кожным крокам усё выразьней было чуваць шыпеньне, нібы ад паравозу.

Калі яны падышлі да краю лагчыны, дык убачылі, што ўся яна сапраўды напоўнена парай. Пасярэдзіне была гарачая рачулка, а з бакоў вырываліся з-пад зямлі гарачыя струмені вады. Яны выбіваліся ўверх, нібы з труб, шыпелі, сьвісьцелі, пішчалі, хлюпалі; часам два струмені з процілеглых бакоў скрыжоўваліся і стваралі нібы браму. А ў яме, гуло і сапло, як быццам туды быў засаджаны нейкі вялізны зьвер, які імкнуўся вырвацца на волю.

І вось ён вырваўся. Задрыжала зямля, загрукаталі каменьні, — і вялізны слуп вады ўзьняўся на 20 мэтраў у вышыню. Узьняўся і зараз-жа схаваўся. І зноў пачалося ўрчэньне ў яме.

— Гейзэры! — ускрыкнуў Піп. Але для Нонга гэтае слова было пустым гукам. Хоць гэтае зьявішча адбывалася і на яго бацькаўшчыне, але ён зьдзівіўся болей за Піпа, бо ніколі ня бачыў гейзэраў і ня ведаў, што гэта такое.

Доўга яны цешыліся ўсім гэтым малюнкам. Спусьціліся ўніз, абышлі і абгледзелі ўсе фонтаны, кожны момант рызыкуючы, што іх абліе вар або трапяць у яго нагой. Калі Нонг прызвычаіўся ды асьмяліўся, дык нават выказаў карысную думку:

Тут нават можна было-б згатаваць сабе абед.

— Гэта будзе вельмі дарэчы! — весела падхапіў Піп.

А праз поўгадзіны ў адным з прыродных чугуноў ужо гатавалася птушына. І падарожнікі паабедалі з вялікім смакам.

— Не хапае толькі гарбаты ці кавы, каб адчуваць сябе, як дома, — сказаў Піп, расьцягнуўшыся па траве на краю даліны.

Гара «табу» паказалася з другога боку. Значыцца, яны абмінулі яе і апынуліся ззаду. І нідзе аніводнага чалавека.

«Няўжо-ж яны ўвесь час пільнуюць яе? — думаў Піп. — Дзеля гэтага патрэбен быў-бы цэлы полк салдат. А тут зусім нікога няма. Нават, відаць, і ніякай мяжы няма. Апрача гэтага вядома наогул, што «табу» гэтае трымаецца не затым, што хто пільнуе, ці ня пушчае, а затым толькі, што цёмны настрашаны народ сам баіцца і верыць, што іхны бог ці чорт пакарае парушыцеля.

— Я думаю, адсюль можна было-б ціхенька ўспаўзьці і паглядзець, што там робіцца, — сказаў Піп, паказваючы рукой на гару.


І вось здарылася нешта зусім незразумелае нават і для Піпа

Нонг і сам ня верыў у моц бадувіскага «табу», але ніякай цікавасьці не адчуваў і ня меў жаданьня дзеля гэтага нават турбавацца.

— Усё-ж ткі ня варта рызыкаваць, туан, — адказаў ён. — Можа здарыцца, хто і заўважыць і тады будзе няпрыемнасьць.

— Няма каму нават і заўважваць, — упэўнена сказаў Піп. — Ды з другога боку і рызыка невялікая; калі трэба будзе — ізноў дам іхнаму богу ахвяру. Нездарма яны пусьцілі мяне нават у сваю царкву. Апрача ўсяго і гэты бок гары вельмі зручны: ён увесь зарос хмызьняком.

Нарэшце ўмовіліся, што Піп пойдзе адзін а Нонг застанецца, каб пільнаваць. Калі-ж убачыць што-небудзь падазронае, дык папярэдзіць стрэлам. Да гары заставалася досыць значная адлегласьць, таму парашылі падысьці бліжэй.

Так і зрабілі. Нонг схаваўся за высокай скалой, а Піп накіраваўся да гары. Ён спусьціўся ўніз і зьнік у гушчары. Праз хвілін пятнаццаць Нонг заўважыў яго ля падножжа гары. Потым ён зноў зьнік. Потым зноў паказаўся, ужо вышэй. Зноў схаваўся між расьлін і, нарэшце, ледзь значна заварушыўся ўжо на краю верхавіны.

Усе гэтыя рухі былі такія няпрыметныя, што Нонг мог заўважыць іх толькі таму, што меў добрыя вочы ды ведаў, дзе сачыць. Навакол-жа ж усё было таксама, як і раней: ніякіх адзнак прысутнасьці чалавека.

Ціха мінула гадзіна, другая… трэцяя… Надышоў вечар; схавалася сонца; настала ноч.

Піп зьнік…

Нонг пачакаў яшчэ гадзіны са дзьве, а потым вярнуўся ў даліну гейзэраў.


IX. У НЕТРАХ СТАРАДАЎНАГА ХРАМУ.

Неспадзяваны госьць. — Жывая здань. — Мудрая пастанова. — Сьвяты жывасілам. — Замагільны сусед. — Разьвязаньне „цудаў“. — Найлепшы цуд у жыцьці Піпа.

Што-ж здарылася з Піпам?

Дапоўзшы да краю гары, ён убачыў, што яна сапраўды мела выгляд вулькану. Круглая дзіра апускалася ўніз стромкімі сьценамі. Але пакуль ён глядзеў на гэта збоку, нельга было заўважыць, ці глыбока ідзе яна, і што там на нізе.

Затое было ясна, што наогул нічога асаблівага няма. Звычайны кратэр — і больш нічога. І нідзе ніводнага чалавека. Піп зусім супакоіўся і нават забыўся, што ён робіць нешта нязвычайнае, што ён парушае «табу», што ён нечым рызыкуе.

Ён падняўся з зямлі і ўжо як сьлед схіліўся над кратэрам. Цяпер ён ужо ўбачыў, што тамака сажалка, а па берагох яе густа расьце хмызьняк і дрэвы. Гэта было ўжо цікавей, але ўсё такі нічога асаблівага. Відавочна толькі было, што гэта ня кратэр, а правал, якіх шмат ёсьць на сьвеце. Гара складалася ня з суцэльнага каменю, а з вульканічнага туфу, г. зн. таго попелу і іншай дробязі, якія выкідвае вулькан у час дзейнічаньня. Відаць, падземная вада размыла ў сярэдзіне зямлю, — і гара зьверху правалілася. Стварылася сажалка, якая бязумоўна павінна была з аднаго боку прымаць у сябе крыніцу, а з другога — дзе-небудзь выпушчаць яе. Адсюль ясна, што сажалка не магла займаць усю пустату, а толькі глыбейшую частку; па бакох-жа засталіся берагі і можна было думаць, што яны пашыраюцца далей пад зямлёй.

Але з першага погляду выгляд быў вельмі просты: стромкая яма мэтраў 50 шырынёю і 10-15 глыбінёю, а на дне — сажалка з заросшымі берагамі. Пры гэтым яе аніяк нельга было дасягнуць. Паглядзеў Піп з аднаго боку, паглядзеў з другога, — і вось яму здалося, што па-за кустамі нібы хто варушыцца. Потым мільганулі нібы нейкія слупы. Тут ужо Піп забыўся аба ўсім на сьвеце. Пачаў поўзаць па ўскраі, вышукваючы больш зручнае месца і з аднаго такога пункту заўважыў маленькі, але выразны куток жыльля.

Па-за кустамі, між дзьвюх галін, стаялі два слупы, якія, відаць, падтрымлівалі зямлю, каб яна болей не асыпалася. Па-за імі быў кавалак зямлі-падлогі, засланы яскравымі дыванамі, скурамі зьвяроў. А на іх, абапёршыся на падушкі, ляжала прыгожая жанчына! Блакітны шоўкавы саронг шчыльна ахопліваў яе цела, пачынаючы з-пад пахаў, а плечы і рукі заставаліся голымі. У руцэ яна трымала доўгі танюсенькі цыбук люлькі і, выпусьціўшы дым, задуменна сачыла, як ён зьвінаўся і разьвінаўся.

Чорныя валасы яе былі гладка зачэсаны, а паверх іх блішчала нейкая каштоўная аздоба. Строгі пекны твар быў амаль белы; толькі ён быў больш смуглы і гэтым яна адрозьнівалася ад эўропэйскіх жанчын. А вельмі чорныя бровы і скроні асабліва падкрэсьлівалі прыгожасьць і выразьлівасьць яе вялікіх вачэй.

У Піпа закалацілася сэрца. «Акурат, як у арабскіх казках!» — падумаў ён. Не хацелася даваць веры, што ў наш ХХ век могуць быць такія таемныя куткі, зачарованыя красуні і г. д. А вока між тым не магло адарвацца ад гэтага вобразу.

Раптоўна ззаду нешта шаснула. Піп азірнуўся і самлеў… З кінжалам у зубах да яго поўз тубылец. Убачыўшы, што Піп ужо заўважыў яго, ён устаў, узяў кінжал у рукі, схіліўся і, гледзячы Піпу проста ў вочы сваім гаручым поглядам, — кінуўся на небараку.

Піп паляцеў уніз.


Піп паляцеў уніз.

Піп нават не пасьпеў апамятацца, зьбялеў, затросься, інстынктыўна адхіснуўся ўзад і… паляцеў уніз. Моцны ўдар аглушыў яго але апынуўшыся ў халоднай, як лёд, вадзе ён адразу ачухаўся, пачаў плысьці і выплыў наповерх.

Першае, што ён убачыў, зьдзівіла яго нават болей, чымся ўсё папярэдняе. Перад ім стаяў смуглы, голены мужчына гадоў пад 40, у белым доўгім адзеньні і цюрбане, з якога высоўваўся ўверх белы султан, а пад ім зьзяў вялізны брыльлянт…

«Гэта-ж ён, правадыр-здань Гіранг-Гу-Ун!» — зараз-жа мільганула ў галаве Піпа, хоць становішча яго было такое, што яму было ўжо не да цікавасьці. Ён падплыў да берагу. Гіранг-Ту-Ун спакойна стаяў на месцы і глядзеў на Піпа з надзвычайнай суровасьцю і пагардаю.

— Гора табе, нечасьцівы чужаземец! — прамовіў ён нарэшце, а ў гэты момант падскочылі два чалавекі, падхапілі Піпа і павялі яго ў сярэдзіну. Па дарозе ён убачыў, як жанчына, з вялікай зацікаўленасьцю сачыла за нязвычайным госьцем, які так неспадзявана зваліўся з неба. Але Піп адчуваў сябе ня героем, а мокрай курыцай.

Яго абязброілі, увапхнулі ў нейкі закатулак і зачынілі. А праз некаторы час пачала зьбірацца нарада «сарака».

Памяшканьне правадыра, або, вярней сказаць, вярхоўнага жраца, сапраўды было цікавым, але разам з тым і зусім звычайным. Правал быў звычайным зьявішчам прыроды, сажалка — таксама, тое, што пустата, або пячора, паглыблялася далей у бок — зноў зьяўлялася справай простай. На долю чалавека заставалася толькі зрабіць уваход у сярэдзіну ды пашырыць і замацаваць гэтую пячору. Яна ўваходзіла пад зямлю толькі з аднаго боку; з другога ўздымалася ад вады стромкая сьцяна, але і гэтага было досыць. Той, хто знаходзіўся ў сярэдзіне, мог адчуваць сябе, нібы на вэрандзе дому: над ім столь на слупох, сьпераду садок, які хаваў жыльлё ад цікавых вачэй, а за садам — возера. А ў выніку ўсяго гэтага стварылася нешта надзвычайнае, таемнае, такое, што магло нават мець некаторую ролю ў справах агульнага значэньня.

Памяшканьне, дзе зьбіралася нарада, таксама асьвятлялася газам. Сьвятло было дзень і ноч, бо ня трэба было экономіць дармовага продукту. Мэблі ніякай ня было, але затое ўся падлога і сьцены былі абіты дыванамі і скурамі.

Ля аднэй сьцяны стаяла статуя Багара-Гунгаля, а ля яе маленькая мяккая прыступачка. На ёй і ўсеўся Гіранг-Ту-Ун.

— Браты! — пачаў ён, калі ўсе сабраліся. — Вы ўжо ведаеце, што да нас прышло няшчасьце. Нечасьцівы чужаземец адплаціў нам за нашу гасьціннасьць тым, што парушыў табу і нават забраўся сюды. Лёс яго вырашаны. Але жыцьцё гэтага паганага сабакі нішто перад тэй бядой, што ён нарабіў. Вы-ж ведаеце наш закон: калі хто запаганіць наша жыльлё, яго мы павінны пакінуць. Апошні раз такі выпадак быў пры Ту-Уне-Самнамбунгу, 128 гадоў назад. Тады ён пакінуў сваё памяшканьне і перасяліўся сюды. І вось цяпер зноў перад намі паўстала такая самая задача.

Ён спыніўся, але ніхто нічога не адказаў. Кожны ўявіў сабе ўвесь той клопат, які вынікае з гэтай гісторыі. Гэта значыць, што трэба ні за што ні пра што пакінуць найлепшае месца, якое толькі можа быць на сьвеце. Але і ня ў гэтым бяда; хай-бы сабе Гіранг жыў, дзе хоча. Але дзеля гэтага патрабуецца вялікая праца, а выконваць яе прыдзецца ім, сарака чалавекам. Бо ня могуць будаваць яго тыя, хто нават ведаць не павінен аб гэтым месцы. Калісьці гэта рабілі палоньнікі, рабы, крымінальнікі, якіх потым можна было і забіць, а цяпер ня тое. Ім самім прыдзецца працаваць можа ў працягу некалькіх год. А ад працы яны ўжо зусім адвыклі. І мімаволі ім прыходзіла да галавы думка: «А праваліся гэты закон і той, хто яго выдумаў!»

Ня лепей адчуваў сябе і сам Гіранг-Гу-Ун. Яму пакідаць гэта дасканалае памяшканьне не хацелася больш чым ім. Такога добрага жыльля больш ня знойдзеш, нідзе. І, падумаць толькі, што ўся гэтая бяда з-за якогась паганага чужаземца! Забіць-бы яго, — і справа скончаная. І ўсёроўна ніхто ня будзе ведаць гэтага месца. Але закон! Вялікая крыўда ахапіла Гіранг-Ту-Уна, ня столькі на гэтага злачынцу, колькі на гэты дурацкі першабытны закон.

Тут устаў старэйшы з прысутных і сказаў:

— У 7-й кнізе дапаўненьняў да Мудрасьці сапраўды сказана, што калі месца знаходжаньня Ту-Уна запаганена чужым чалавекам, дык трэба пакінуць гэтае месца. Але ў 13-й кнізе ёсьць указаньне наогул, што калі якая-небудзь сьвятыня запаганена чужым чалавекам, дык гэта можна ачысьціць крывёю злачынцы пасьля ўрачыстага набажэнства ў маладзік. Ці ня можна прыстасаваць гэта да нашага выпадку?

Такое тлумачэньне было так прыемна для ўсіх, што ніхто і не падумаў больш падрабязна высьветліць яго, справіцца ў кнігах, дасканала вывучыць.

— Зразумела можна! Нават трэба! Жыльлё Ту-Уна таксама сьвятыня! — загулі мужы.

Сам Гіранг-Ту-Ун ледзь стрымліваў сваё задавальненьне.

— Мудры брат правільна кажа, — сказаў Гіранг урачыста. — Я сам аб гэтым ужо думаў, але спачатку хацеў выявіць, як глядзяць на гэта нашы мудрыя мужы. Значыцца, на маладзік зробім ахвяру. Абвясьцеце аб гэтым народ, каб усе ведалі, якая кара пагражае непаслухмяным.

Піп добра ведаў, што яго чакае праклінаў сваю цікавасьць, якая давяла яго да такога жудаснага канца. Усё навакол выглядала такім звычайным, бясьпечным; і бадувісы аказаліся звычайнымі людзьмі, і са жрацамі ён пасябраваў так, што нават яго запрасілі ў царкву, ды і ўсё жыцьцё наогул нічым, здаецца, не адрозьнівалася ад жыцьця іншага падобнага народу, — а, нарэшце, ён трапіў у такое нязвычайнае становішча, нібы апынуўся за 300 год назад. Побач, кілёмэтраў за 50, эўропэйцы, тэлеграф, аўтомобілі, а ён тут чакае сьмерці ні за што, ні пра што ды яшчэ пры якіх дзікіх умовах! І ніхто ня можа яму памагчы…

Вось падышлі людзі, адчыняюць дзьверы.

«Мусіць ужо. Канец», — думае небарака.

— Слухайце, людзі добрыя! Пачакайце! Я-ж зараз уеду, і нікому ніякай шкоды ня будзе. Я аддам вам усё, што маю. Я-ж нікому ніякай шкоды не зрабіў, — зьвярнуўся Піп да людзей, што вялі яго некуды па калідорах, але ці яго малайская мова кульгала, ці наогул не разумелі яе, ці проста не хацелі слухаць, — ва ўсякім разе яны маўчалі. Хутка Піп і сам уразумеў, што гэта справа дарэмная. Вось, каб можна было з гэтым Гіранг-Ту-Унам пагутарыць! Але на гэта было мала надзеі.

Некалькі хвілін ішлі яны па розных блытаных калідорах, потым вышлі на сьвет. Убачыўшы сонца, дрэвы, Піп адчуў, нібы ён даўно-даўно ўжо ня бачыў гэтай пекнаты. Хвілін 15 ішлі яны па лесе, ці садзе, і ўвесь гэты час у галаве Піпа сьвідравала думка: «Можа ўжо апошні раз бачу сонца і дрэвы?».

Потым зноў увашлі ў падзямельле, сустрэлі іншых мужоў, у тым ліку таго маладога, якому Піп даў ахвяру ў час сьвята малпаў. Але ўсе глядзелі на яго злосна, воража.

Далей зноў пашлі блытаныя калідоры. Вось адчыніліся дзьверы, далей сходні, закатулкі, — і нарэшце Піп пазнаў, што яны знаходзяцца ў царкве.

Падвялі яго да сьцяны, увапхнулі ў каморку і зачынілі на замок дзьверы. Потым крокі пачалі сьціхаць, — а ён застаўся адзін. Слабое сьвятло ад агню ці ад сонца расплывалася ў царкве і давала той самы змрок, які ён раней бачыў, Праз 5-10 хвілін вока яго прызвычаілася, і ён пачаў разглядаць навакол сябе.

Перш за ўсё ён заўважыў, што каморка яго была такая, што ў ёй можна было толькі або стаяць, або сядзець. Потым убачыў, што ў дзьверы яго каморкі ёсьць дзірка, праз якую і праходзіў змрок. Далей пачуў пад нагамі бруд і адпаведны пах. І тады толькі ён успомніў, што знаходзіцца ў той самай каморцы, дзе быў той факір.

«Няўжо-ж і мяне будуць таксама трымаць тут 15 год? — падумаў ён з жахам. — Лепей ужо тады сьмерць адразу!

Дзірка ў дзьвярах была такая, што хоць і ня ўсю галаву, але твар праціснуць можна было. Ён высунуўся і пазнаў тое самае месца, дзе ён надойчы стаяў, але па яго меркаваньнях факір павінен быў быць ня ў гэтай каморцы. Піп зірнуў убок і адхіснуўся.

Супроць яго, крыху ўбок, былі такія самыя дзьверы, і адтуль пазіралі на яго белыя вочы факіра…

Дык вось якое суседзтва! Няўжо-ж гэтак прыдзецца правесьці ўсё жыцьцё? Няўжо-ж яны жывасілам хочуць зрабіць з Піпа сьвятога?

Нэрвы ня вытрымалі, — і Піп заплакаў. Плакаў ён досыць доўга і досыць моцна хліпаў. Затое пасьля гэтага адчуў сябе крыху лепш, лягчэй. І вось пачуўся яму нейкі замагільны голас. Гэта суцяшаў яго факір!..

Але ад гэткай уцехі мурашкі пабеглі па ўсім целе.

Гэта быў сапраўдны голас з таго сьвету. Глухі, аднастайны, нейкі скрыпучы, — гэты голас прамовіў нешта даўгое, нібы малітву або цытату з кнігі, і з гэтых слоў, а больш тону. Піп усё-ж такі зразумеў нешта накшталт таго, што жыцьцё і сьмерць тое самае, што ўсё на сьвеце марнасьць і што шчасьлівы толькі той, хто здолее загубіць сваё цела, каб узьняць і ўдасканаліць свой дух.

Але дзіўная рэч: ці гэтыя мудрыя думкі, ці аднастайны голас, ці нават непасрэдны ўплыў факіра — зрабілі тое, што Піп пачаў адчуваць сябе спакайней. Усё тое, што з ім здарылася, пачало здавацца не такім ужо жудасным, нават думка, што яму прыдзецца прасядзець тут увесь век, яго ня пужала. Зараз-жа і яму палезьлі ў галаву розныя мудрыя думкі.

— «Вось, — думаў ён, — гэты факір дабраахвотна сядзіць тут пятнаццаць год і адчувае сябе шчасьлівым. Мусіць, гэта нездарма, мусіць, у гэтым сапраўды ёсьць нешта добрае. Іначай навошта-б людзі так рабілі? Усе мы з дзяцінства ведаем, што ўсё акаляючае мы ўспрымаем так, як сябе адчуваем. Калі я адчуваю сябе прыгнечаным, няшчасным, маркотным, дык усё навакол — і людзі, і надвор’е, і хата, і самае жыцьцё здаецца брыдкім, няпрыемным, нудным, няцікавым. А калі я адчуваю сябе задаволеным і шчасьлівым, дык самае дрэннае надвор’е, хата і людзі, — усё здаецца прыемным, цікавым, добрым. Значыцца, наша самапачуцьцё робіць нас шчасьлівымі. Значыцца, калі ствараць у сябе такое самапачуцьцё, як у гэтага факіра, тады, можна нядрэнна і тут пражыць свой век».

Падобныя думкі і настрой так супакоілі яго, што ён стоячы задрамаў, а потым прысеў і заснуў. Колькі часу ён так спаў, — невядома. Але прачнуўся ён з вельмі няпрыемным пачуцьцём: ногі яго здрантвелі, у рукаве і па шыі нешта поўзала. Ухапіўся рукой — нешта накшталт вошы, у другім месцы — чарвяк!

Усе мудрыя думкі разьляцеліся, нібы дым. Халодны, бясконцы роспач ахапіў усю душу. Не памятаючы сябе, ён стукнуўся ў дзьверы і… яны расчыніліся. Дзеля таго, што гэтыя каморкі прызначаліся для факіраў, то, відавочна, не разьлічвалі на тое, што факіры будуць стукаць у дзьверы, і ня вельмі крэпкія рабілі завесы.

Піп вышаў. Невядома, які быў час, але, відаць, была позьняя ноч, бо, ня гледзячы на той самы шэры змрок, цені па куткох былі чарнейшыя. Зірнуў на акно свайго суседа, — той стаіць, нібы ня кратаўся з месца за ўвесь гэты час, а ў вачох яго нібы дакор: «Чаго ты, дурань, уцякаеш ад свайго шчасьця?» Піп пастараўся хутчэй адыйсьціся ад яго.

Ён пачаў бадзяцца па бажніцы. У кожны іншы час такая экскурсія была-б для яго сьмяротнай пакутай, але пасьля ўсяго таго, што ён паражыў, яна была для яго прыемнай забавай. Разгледзеў ён розныя куткі, заўважыў некалькі дзірак-уваходаў, але доўга ня мог асьмеліцца лезьці туды. Хто ведае, можа трапіш у яшчэ горшую бяду? А запалак ня было, змоклі.

«Але-ж усёроўна, горшага нічога ня можа быць!» — парашыў ён нарэшце і палез у адну дзірку. Пасоўваючыся вобмацкам, ён дайшоў да нейкіх сходняў, падняўся ўверх, а далей ніякага выйсьця ня было. І нават нельга было знайсьці якіх-небудзь дзьвярэй. Прышлося варочацца назад.

Тут ён абмацаў нейкую дзірку збоку. Там ужо сходні вялі ўніз. З надзвычайнай асьцярожнасьцю пачаў ён спускацца, але раптам прыступкі скончыліся і Піп адчуў, што ён нібы вісіць пад бяздоньнем. Нават нейкая вільгаць і цьвіль адчувалася адтуль.

Але вось унізе пачуўся нейкі рух, незразумелае шуршаньне, нібы хто месіць цеста. Рух павялічваўся, набліжаўся. Вось быццам нешта захісталася ля яго ног.

Валасы ўсталі дыбам на галаве Піпа. Кінуўся ён назад, зачапіўся нагой, паваліўся, нага сьлізганула ўніз, дакранулася да чагосьці мяккага. Але гэта было толькі на адзін міг. Ён пасьпеў падняць нагу і вылезьці назад.

Доўга ён сядзеў у царкве, і ламаў галаву, што-б гэта такое магло быць. Галоўнае, — ні гуку, ні груку ня было чуваць. Але нарэшце супакоіў сябе тым, што ва ўсякім разе гэта былі ня людзі.

«Відаць, без сьвятла нічога ня будзе!» — сказаў ён сам сабе і парашыў чакаць дня. Але праз некалькі хвілін сьцяміў, што ўдзень можа і зусім нельга будзе выходзіць, бо напэўна людзі будуць швэндацца.

Прышлося зноў ісьці. Зноў знашоў адзін уваход. Ён зноў вёў уніз; далей заварочваў налева. Піп хацеў пайсьці туды, але ў гэты момант зачапіў рукой за клямку направа. Паціснуў — адчыняецца. А далей відаць нібы сьвятло.

Адзін-другі заварот, — і ён апынуўся ў нейкім памяшканьні, накшталт майстэрні, дзе былі якіясь скрыні, колы, вяроўкі, нават трубы. А аднекуль збоку ішло сьвятло.

«Ці ня людзі там?» — ёкнула сэрца, але Піп усё-ж такі пачаў асьцярожна ісьці туды. Па дарозе за нешта зачапіўся, пахіснуўся і, каб не зваліцца, інстынктыўна ўхапіўся за якуюсь вяроўку. Вяроўка падалася. Ён выпусьціў яе з рук, — і вось наверсе пачуўся стук… Рэха пакацілася па ціхіх куткох, як здавалася Піпу, нібы гром. Хоць у сапраўднасьці гук быў зусім слабы.

Піп схаваўся ў нейкую шчыліну і пачаў чакаць сьмерці. Але ўсё было ціха, як і раней.

Адлягло ад сэрца. Папоўз далей. Сьвятло ўсё ўзмацнялася. Вось ход зноў наверх. Падняўся, зірнуў — і ўбачыў таго самага пяцёхрукага ідала. Хоць і ведаў Піп, што гэта за зьвер такі, але ўсё-ж ткі ў першы момант неяк жудасна стала сустрэцца з ім адзін на адзін.

Збоку быў пакінуты адзін сьвяцільнік, мусіць, каб ня спусьціць агонь. Тады Піп падышоў да ідала, пакратаў яго, пастукаў, — гудзе, значыцца, пусты ў сярэдзіне. Падняў тую руку з нажом, апусьціў, — той самы стук, які толькі што яго напалохаў. Значыцца, тая вяроўка была прыладжана, каб падымаць і апускаць гэтую руку! Сапраўды няхітрая мэханіка.

Піп спусьціўся ўніз, каб лепей разглядзець прылады. Вось колы і блёкі, каб «цудоўна» адчыняць дзьверы перад ідалам. Вось шнурочкі, каб вочы ідала лупалі. Вось газавая трубка, каб вочы сьвяціліся. Вось комін-аўтар, адкуль ідзе цудоўны дым. Усё гэта так. Але адкуль бярэцца здань Гіранг-Ту-Уна?

Піп так захапіўся навуковым дасьледваньнем, што нават забыўся аб сваім становішчы. Ён зноў падняўся наверх, абглядзеў сцэну і заўважыў дзьве цікавыя і каштоўныя рэчы. Гэта былі два вялізныя срэбныя люстры, круглыя і ўгнутыя, накшталт акуляраў. З аднаго боку яны былі адпаліраваны, як шкло, угнутасьць была матэматычна правільнай. Піп узяў адну з іх у рукі і зараз-жа заўважыў, як бліснула на сьцяне сьветлая пляма (як мы робім на столі «зайчыкаў»), а ў ёй нявыразны, але прыметны адбітак ідала, толькі ўніз галавой. Піпу ўсё стала ясна: такі самы адбітак яны накіроўвалі на дым, а каб вобраз ня быў уверх нагамі, яго адбівалі другі раз ад другой люстры. Трэба аддаць справядлівасьць жрацом: гэты «цуд» патрабаваў ужо надзвычайнай спрытнасьці і практыкі.

Усё гэта было-б вельмі цікава, калі-б ня тое становішча, у якім знаходзіўся Піп. Заняты дасьледваньнем, ён на хвіліну забыўся аб сваім лёсе, а цяпер роспач ахапіў яго з новай сілай.

Тымчасам пачало днець. Гэта відаць было, як па сіняватаму сьвятлу, якое аднекуль праходзіла, таксама і па гуках знадворку. Трэба было сьпяшацца «дадому», каб хто-небудзь не захапіў яго тут. Са сьціснутым сэрцам пашоў ён назад у сваю каморку. Добра, калі яго таксама пакінуць яшчэ надалей, тады ён яшчэ прадоўжыць свае шуканьні, а калі не…

Піп падышоў да сваіх дзьвярэй, але не сьпяшаўся ўвайсьці. Факір як і раней глядзеў на яго, і вочы яго, здавалася, казалі: «Ці не казаў я табе, што нідзе ня знойдзеш лепшага месца, чымся тут? Вось ты і вярнуўся».

Піп нарэшце пачаў баяцца гэтага тагосьветнага погляду. Ён рабіў на яго ўплыў падобны таму, як калісьці погляд кобры.

«Але-ж ён скажа ім, што я выходзіў!» — бліснула ў ім жудасная думка. — «Напэўна скажа. Тады ня будзе ўжо ніякай надзеі!».

І ён паглядзеў на факіра жаласным поглядам.

Той, відаць, зразумеў, бо зноў нешта прамовіў сваім замагільным голасам. І ад гэтага зноў стала лягчэй на душы Піпа.

Калі пачуліся крокі людзей, Піп увашоў у сваю каморку, прыставіў дзьверы і з трывогай стаў чакаць, што будзе. Тры небясьпекі пагражалі яму цяпер: першая, — што яго пакараюць сьмерцю, другая, — што заўважаць паломаныя дзьверы, і трэцяя — што факір выдасьць яго.

Узяць яго не ўзялі, а толькі прасунулі рысавы коржык. Дзьвярэй не заўважылі. Рашучы момант настаў, калі панесьлі такі самы коржык факіру… Але той прамаўчаў.

Бо ня меў ніякага дачыненьня да спраў гэтага сьвету. Ці варта нават дзеля такога глупства рухаць языком? Што яму? Хай сабе яны там капошацца, гэтыя неразумныя людзі. Ён мае свае вышэйшыя інтарэсы, якія запаўняюць усё яго шчасьлівае жыцьцё.

Пацягнуўся дзень, доўга, марудна. Некалькі часу Піп выгадаў тым, што крыху паспаў. Але які гэта быў сон? Некалькі раз ён выходзіў, але адлучацца далёка баяўся, каб мець магчымасьць уцячы ў сваю каморку. Ва ўсякім разе добра было і тое, што ён мог не сядзець увесь час у сваёй клетцы. Большую частку дня ён правёў ля парога сваёй хаты. І аднаго разу нават задрамаў…

Праз некаторы час ён адчуў, што нешта цягне яго, перашкаджае. Адчыніў вочы і зараз-жа ўбачыў погляд факіра. А ўсьлед за гэтым пачуў, што нехта ідзе. Ледзь пасьпеў ён схавацца. Затое-ж якім удзячным поглядам зірнуў ён на факіра. А той, здаецца, і не заўважыў гэтага. Навошта яму ўсе гэтыя дробязі жыцьця?

Нарэшце прышла ноч. Пачакаўшы яшчэ гадзіны са дзьве, пакуль усё знадворку сьціхне, Піп зноў пачаў вандраваньне. На гэты раз ён быў сьмялейшы і, апрача таго, меў пэўны плян.

Ён адразу пашоў у памяшканьне пад сцэнай і набраў тамака ахапак трэсак, што былі падрыхтаваны для «цудаў». Запаліў адну з іх ад агню і пашоў ужо са сьвятлом. Спачатку ён накіраваўся туды, дзе ўчора набраўся страху.

Калі ён спусьціўся з агнём, дык убачыў яшчэ больш страшное, чымся ўчора ў цемры. У яме былі зьмеі, страшныя кобры. Закруціліся гады, патрывожаныя агнём, пападнімалі свае галовы ў капялюшох. Але выпаўзьці па гладкіх сьценах не маглі. І колькі іх тутака было! Дык вось куды трапіў ён учора?…

Зьмеі заўсёды гралі важную ролю ў старажытніх індускіх вераваньнях, і вельмі часта мелі дачыненьне да цэркваў, асабліва, калі яшчэ іх вымуштраваць. Адсюль з аднаго боку пашло муштравальнае мастацтва, вельмі распаўсюджанае на Ўсходзе, а з другога — ушанаваньне іх, як сьвятых жывёлаў.

«Можа і мяне думаюць аддаць гэтым зьмеям?» — прышла Піпу думка, праўду кажучы, вельмі праўдападобная. Разам з жахам гэта надало і больш энэргіі, каб шукаць выйсьця.

На гэты раз Піп парашыў шукаць яго ўверсе, бо там ён знадворку бачыў вокны і маленькія вежы. Але ня так лёгка было знайсьці выхад туды. Нарэшце, у адным з калідораў ён знашоў зачыненыя дзьверы і парашыў выламаць іх. У гэтай справе дапамог яму добры бог Багара Тунгаль; у яго вантробах Піп знашоў моцны мэталёвы прэнт. Гэтай прыладай Піп хутка высадзіў дзьверы і палез уверх. Але там у мурох пашлі круціцца такія калідоры, што Піп зусім заблытаўся, а акна ніякага так і не знашоў, хоць выламаў яшчэ некалькі дзьвярэй.

У адным месцы ён пачуў над сваёй галавой нібы крокі. Прыслухаўся — праўда! Нават можна было распазнаць, што там некалькі чалавек. У Піпа нібы ногі прырасьлі да зямлі. Ён пасунуў іх толькі тады, калі недзе зусім блізка пачуўся нават шэпт і водбліск сьвятла.

І пабег Піп назад, як мага. Па дарозе патухла яго лучына, але Піп нічога ня меў супроць гэтага, бо ведаў, што калі ён будзе з агнём, дык яго хутчэй заўважаць. Пачалася блытаніна. Крокі чуліся то з аднаго боку, то з другога, то зьверху, то зьнізу. Некалькі разоў там і сям мільгала сьвятло. І нарэшце, калі ён пазнаў дарогу і падышоў да выйсьця ў царкву, — было ўжо позна: людзі вышлі туды раней за яго!

Можа яны ішлі спэцыяльна за ім, каб весьці на сьмерць? Тады ён нават выграў некалькі хвілін жыцьця.

Тады адбыўся для Піпа самы вялікі пуд з усіх тых, якія ён бачыў ня толькі ў гэтым храме, але наогул у сваім жыцьці. Да яго вуха выразна данесьліся словы на чыстай голяндзкай мове:

— Мінгер Піп! Калі вы чуеце, адгукнецеся! Мы прышлі вас выратаваць!

І Піп адгукнуўся; адгукнуўся нейкім зусім незнаёмым яму голасам і выбег на сярэдзіну. Там ён убачыў шэсьць чалавек з рэвольвэрамі ў руках і сярод іх… мінгера ван-Дрэкера!..

А з каморкі спакойна пазіраў на гэтую сцэну факір, і вочы яго нібы казалі: «І навошта ўсё гэта? Ці варта турбавацца, падымаць гармідар, калі побач знаходзіцца самае галоўнае з таго, чаго толькі чалавек можа пажадаць?..»


Х. ЛЁС МІНГЕРА ПІПА ЗЬВЯЗВАЕЦЦА З ЛЁСАМ ЯССР.

Мінгэр ван-Дрэкер і Тугай у іншай ролі. — Сустрэча з Нонгам. — Ад‘езд Піпа. — Лягер інсургентаў. — Нарада. — З агня ды ў полымя.

За некалькі дзён перад гэтым, па тэй-жа самай дарозе, па якой раней ехаў Піп з Нонгам, — ехалі другія два падарожнікі, і якраз белы туан са слугой-малайцам. Яны ехалі таксама ў кахар-балоне, але не даяжджаючы Тэнанга кілёмэтраў за дзесяць, спыніліся ля аднэй халупы, што стаяла на водшыбе, а падводу адпусьцілі.

У гэтых падарожніках мы-б пазналі паважанага мінгера ван-Дрэкера, прадстаўніка паважанай фірмы ван-Бром і К° у Амстэрдаме, і яго слугу Тугая.

— Падрыхтаваў? — зараз-жа запытаўся Тугай гаспадара, які вышаў ім насутрач і дапамог несьці пакункі.

— Ёсьць, — адказаў той. — Зараз паедзеце?

— Зараз-жа.

Праз хвіліну ля халупы стаялі два маленькіх явайскіх конікі.

— А мне ці ехаць? — запытаўся гаспадар.

Тугай задумаўся.

— З аднаго боку трэба было-б, каб паляўнічая экспэдыцыя мела належны выгляд, — адказаў Тугай, — але з другога — ты і тут патрэбен. Ці Сэлім накіраваўся?

— Ён ужо там.

— Ну, тады паедзем, тым болей, што без цябе і прайсьці мы ці зможам.

А яшчэ праз хвіліну па палявой дарожцы рухалася паляўнічая экспэдыцыя ў складзе трох чалавек. На чале, вярхом, узброены з ног да галавы, ехаў ван-Дрэкер, а за ім пехатою ішлі два тубыльцы, таксама ўзброеныя. Апрача гэтага, яны несьлі яшчэ рэчы, а рэшта рэчаў была на другім кані. Ехалі яны, відаць, у тыя самыя Бантамскія пушчы, але з другога боку, са ўсходу.

Сустрэчныя тубыльцы, спаткаўшы белага туана, рабілі «дьонг-кок». Туан моршчыўся і паважна ківаў галавою. Але апошні раз, калі яны ўжо пад’яжджалі да лесу, ён ня вытрымаў і зьвярнуўся да такога шанавальніка на малайскай мове:

— І чаго ты, дурань, пнешся? Навошта табе зьняважацца перад чужым чалавекам толькі затым, што ў яго скура белая? Сорамна гэтак рабіць! Лічы і сябе чалавекам.

Слугі зарагаталі, а сустрэчны, як сядзеў на корачках, дык і апусьціўся на зямлю, разявіўшы рот. Ужо падарожнікі зусім схаваліся з вачэй, а ён усё сядзеў і глядзеў ім усьлед. І ня дзіва: мусіць, ад стварэньня востраву Явы ня было такога выпадку, і гэты выпадак якраз трапіў на гэтага шчасьліўца.

Калі ўвашлі ў лес, ван-Дрэкер зьлез з каня і сказаў:

— А цяпер, таварышы, разьмяркуемся лепей. Пакладзеце свае рэчы на гэтага каня і пойдзем, як сапраўдныя паляўнічыя.

— Ну, і зьдзівіў-жа ты таго чалавека! — сказаў Тугай, пакатваючыся ад сьмеху. — Мусіць, увесь век будзе памятаць і трубіць на ўвесь сьвет.

— Шкада, што няможна гэтага на кожным кроку рабіць, — спакойна адказаў Дрэкер.

Можа чытач ужо здагадаўся, хто такі быў «паважаны мінгер ван-Дрэкер, прадстаўнік паважанай фірмы ван-Бром і К° у Амстэрдаме?»

Калі не, дык прыдзецца прыпомніць драму на моры, «Саардам», мэханіка Гейса і яго таварыша Салула, які цяпер зваўся Тугай. Ня трэба доўга тлумачыць, чаму яны гэтак перавярнуліся. Мы самі ўжо бачылі, якія выгоды мае «прадстаўнік фірмы ван-Дрэкер» на Яве. Ён можа ўсюды езьдзіць, усё бачыць і ведаць, усюды яму пашана, а за яго сьпіною і яго слуга адчувае сябе лепей і бясьпечней. Мы ўжо бачылі, што Гейс у доме генэрал-губарнатара даведаўся, нават, што ўлада нешта пранюхала аб «Саардаме», і папярэдзіў аб гэтым таварышоў тэлеграмай.

Апрача таго, перад Гейсам і Салулам стаяла ня меншая задача. Трэба было разьмеркаваць зброю, якая была захоплена на «Саардаме». А гэта справа нялёгкая. Зброі было шмат; абы куды яе нельга было пхнуць.

Перапіскай усё гэта організаваць немагчыма. Неабходна было дасьледваць і падрыхтаваць на мясцох. Дзеля гэтага яны і накіроўваліся ў Батамскія пушчы, дзе меркавалася зрабіць галоўны склад зброі.

Нарэшце, агульныя пытаньні паўстаньня патрабавалі аб’яднаньня. Патрэбна было высьветліць становішча на мясцох, апрацаваць плян, вызначыць тэрмін і г. д. Дзеля гэтага нічога лепшага нельга было прыдумаць, як вандраваньне «прадстаўніка фірмы ван-Бром і К°» з нікчэмным слугой Тугаем.

Трэба адзначыць яшчэ, што Гейс ня быў галоўным кіраўніком у гэтай працы. Нават Салул, які граў ужо вялікую ролю, таксама ня быў галоўным. Галоўны штаб быў у Батавіі, потым камітэты ў горадзе Бантаме, Сурабайі і іншых мясцох.

Але галоўныя кіраўнікі ня мелі магчымасьці вандараваць; яны патрэбны былі на месцы. Апрача таго, за імі больш сачылі. Такім чынам на долю Салула і Гейса прышлася самая сур’ёзная і адказная праца.

Можа паўстаць пытаньне, якім чынам яны так прыстасаваліся, але на гэтым ня варта спыняцца. Досыць ведаць, што за грошы ўсё можна зрабіць у капіталістычных краёх, а для гэткай мэты знашліся грошы на «Саардаме».

Такім чынам, у Бантамскіх пушчах апынулася і другая «паляўнічая экспэдыцыя». Але зьвяры маглі быць спакойнымі: гэтыя паляўнічыя не зварачалі на іх аніякай увагі, яны сьпяшаліся па сваёй справе.

Праз два дні яны праходзілі ў 3-4 кілёмэтрах ад гары «табу», накіроўваючыся далей на поўдзень. І тут напаткалі Нонга, які, пераначаваўшы ў даліне гейзэраў, блытаўся, ня ведаючы, што рабіць, і такім чынам адбіўся крыху ў бок.

Неспадзявана ўбачыўшы трох новых людзей і сярод іх белага, Нонг нават ня ведаў, што і думаць. Але падарожнікі ніколькі ня зьдзівіліся: яны былі ўпэўнены, што гэта адзін з іх таварышоў. Хто іншы, ня лічачы бадувіса, мог тут быць? Ды яшчэ добра ўзброены.

— Хутчэй праводзь нас на месца! — зьвярнуўся Салул да Нонга.

— Куды? — зьдзівіўся Нонг.

— Ды ня бойся, мы свае! — нецярпліва сказаў Салул.

— Да бадувісаў? — запытаўся Нонг.

— Ды годзе, будзе ўжо! — раззлаваўся Салул. — Ці-ж ты ня бачыш, што нас толькі трое. Нават, каб і ворагі былі, дык бясьпечныя.

— Ды я нічога не разумею, што вы хочаце, — шчыра адказаў Нонг.

— Малайчына, таварыш! — сказаў Гейс, стукнуўшы яго па плячу. — Надзейны хлопец. Вядзі!

— Праўду кажучы, я і сам крыху зблудзіў і добра ня ведаю, куды ісьці. Здаецца, у той бок, — паказаў ён рукой у бок паселішча.

Нашы падарожнікі выразна пераглянуліся.

— Хто ты такі будзеш? — ужо строга запытаўся Салул.

— Я — Нонг з дэзы Банд’ю.

— Як ты сюды трапіў?

— Прыбыў з белым туанам на паляваньне.

— А як завецца твой туан? — запытаўся Гейс, успомніўшы Піпа.

— Ня ведаю.

— А як ён выглядае?

— Досыць высокі і худы, з сьветлымі валасамі.

— Так і ёсьць! — ускрыкнуў Гейс. — Гэта напэўна той дзівак, з якім мы сустракаліся ў Батавіі. Памятаеш, Салул?

— Памятаю, — усьміхнуўся той. — А якім чынам ты з ім сустрэўся? — зноў зьвярнуўся Салул да Нонга.

— У дарозе, — пачаў Нонг. — Я ішоў, куды вочы глядзяць, накіроўваючыся ў гэты бок. Матка памерла, бацька загінуў, уся маемасьць прапала. Мне нічога не заставалася, як ісьці куды-небудзь, дзе…

— Тут ён зірнуў на Гейса і спыніўся.

— Кажы, кажы, ня бойся! — супакоіў яго Салул. — Гэты чалавек наш.

Пры гэтым слове Нонг яшчэ болей зьдзівіўся. Як гэта можа быць? Белы чалавек, — ды «наш»!

І Салул, і Гейс добра ўразумелі, што думае Нонг.

— Ну, добра, — сказаў тады Салул. — У такім разе мы скажам табе, хто мы такія. Мы тыя, хто вядзе барацьбу з белымі і рознымі туанамі наогул.

Нонг зноў зірнуў на Гейса з-пад ілба.

— Асабліва з белымі туанамі, — дадаў, усьміхаючыся, Гейс.

Нонг убачыў, што людзі гэтыя, здаецца, добрыя і сказаў:

— Я і хацеў далучыцца да такіх.

Адразу адчувалася, што Нонгу нельга было ня верыць.

— Ну, дык ідзем з намі, — сказаў Салул.

— Ахвотна, — адказаў Нонг, — але трэба было-б скончыць з маім туанам, ды вось якая справа…

І Нонг падрабязна расказаў усю гісторыю.

— Шкода чалавека, — сказаў Гейс задуменна. — Ва ўсякім разе ёй ня з тых, каго мы можам лічыць ворагамі.

— Гэта праўда, — згадзіўся Салул, — і трэба будзе падумаць, каб яго выратаваць. Але спачатку нам трэба абмеркаваць нашыя справы. Ідзем хутчэй, там паглядзім.

Усе чацьвёра пашлі далей і праз дзьве гадзіны былі ўжо ў лягеры інсургентаў[31].

Лягер разьмяшчаўся ў даліне між гор, на беразе рачулкі, і меў выгляд звычайнай малайскай вёскі, бо для таго, каб пабудаваць такую вёску, патрэбна ўсяго толькі некалькі гадзін. Тут было чалавек 300 народу, усё адданыя сьвядомыя барацьбіты.

Яны складалі нібы вайсковую школу будучых чырвоных камандзіраў. Дзеля таго да тых неорганізаваных «бандытаў» (як іх звалі голяндцы), што былі тут раней, далучылі новых таварышоў і пад кіраўніцтвам былога афіцэра, мэтыса Пуана, пачалі навучаць ваеннаму мастацтву[32].

З таго часу і прыпыніліся тыя напады, аб якіх казаў Піпу асыстэнт-рэзыдэнт у Тэнангу. Гэтым і тлумачыцца тое, што ніхто не чапаў Піпа ў часе яго паляваньня.

Прыбыцьце новых таварышоў узварушыла ўвесь лягер. Асаблівы энтузіязм выявіўся, калі даведаліся, што сярод іх ёсьць Гейс і Салул, тыя самыя, што захапілі карабель. Аб гэтым-жа сярод іх, ды і сярод усяго рэволюцыйна настроенага народу хадзілі ўжо легенды. І ў гэтых легендах не апошняе месца займаў «оранг-путіх», які далучыўся да явайскага народу. На яго глядзелі, як на нейкае дзіва.

Зараз-жа ў аднэй з пячораў адчынілася нарада. Пакуль што, у ёй прымалі ўдзел чатыры чалавекі: Салул, Гейс, Пуан, — прыгожы малады чалавек з выразным тварам, у вайсковай форме, і Сэлім. Апошні меў выгляд чыстага араба са смуглым тварам, вострым носам і чорнай барадой. Ён меў гадоў пад 45, карыстаўся вялікім аўторытэтам, асабліва сярод магомэтанскага насельніцтва, усё сваё жыцьцё прысьвяціў справе рэволюцыі, але яго задачы значна адрозьніваліся ад задач яго таварышоў.

Ён быў спачатку сябрам чыста мусульманскай партыі, потым далучыўся да агульна-нацыянальнай партыі «Сарэкат-Райят». У гэтай ён уваходзіў у лік меншасьці, якая стаяла за рашучае дзеяньне, але рэволюцыю ён мысьліў сабе толькі як нацыянальную, толькі каб прагнаць голяндцаў і стварыць незалежную дзяржаву. А соцыяльныя пытаньні ён адкладваў «напотым». Але гэта пакуль, што ня шкодзіла ісьці ўсім па аднаму шляху. Ён стаяў на чале рэволюцыйнага руху ў Бантаме.

Спачатку падаў інформацыю Салул:

— Карабель да апошняга часу меў прытулак ля паўднёвага берагу ў шчыліне так званых «Скал ластаўскіх гнёздаў». Ён павінен быў выгрузіць зброю ў адпаведным месцы. Частка гэтай працы ўжо выканана, але што далей пасьпелі зрабіць — ня ведаем яшчэ. Вось Гейс даведаўся, што ўлада аб нечым даведалася і накіроўвае туды мінаносец пад камандай ранейшага мічмана на «Саардаме» — ван-Хорка. Ў Батавіі і ваколіцах справа ідзе добра. Калі Сэлім не пакрыўдзіцца, — усьміхнуўся Салул, — я магу сказаць, што за апошні час шмат рабочых з «Сарэкат-Райят» далучаецца да комуністых.

— Хай сабе далучаюцца, куды хочуць, абы толькі не сядзець, склаўшы рукі! — бліснуў вачыма Сэлім.

— А наконт дзейнічаньня, — казаў далей Салул, — справа стаіць так, што нават ужо цяжка стрымліваць народ. Асноўнае ядро з рабочых організавана. Выступленьне намячаецца ў лістападзе, калі на мясцох ня будуць пярэчыць.

— Але трэба дадаць, — сказаў Гейс, — што ў Вэльтэўрэдэне пры мне адбылося адно няпрыемнае здарэньне: нейкі вар’ят кінуў бомбу ў палац генэрал-губарнатара. Яму шкоды ніякай не зрабіў, а нам вялікую. Можна чакаць узмацненьня рэпрэсій, узмоцненага наступу на нас наогул. Я нават гатоў падумаць, ці ня зроблена гэта наўмысьля агентамі ўлады?

— Гэта рэч няпрыемная, — сказаў Сэлім, — але спыняцца перад гэтым няварта. У Бантаме, напрыклад, падымаецца ўвесь народ. Разам з Батавіяй будзе ахоплена ўся заходняя Ява. А там ужо пойдзе ўсюды. Галоўнае — пачатак. Я згаджаюся на лістапад. Часу яшчэ хапае.

— Нам яшчэ трэба наладзіць справу ў Цэнтральнай Яве. Там ёсьць глеба. Мы адсюль туды і едзем, — сказаў Салул.

— Тым лепей!

— А я павінен сказаць наконт сваёй справы, — выступіў Пуан. — Не забывайцеся аб самым галоўным, — аб зброі. Неабходна сконцэнтраваць спачатку яе ў адпаведных пунктах, а потым ужо вызначаць тэрміны.

— Не забывайцеся, — горача адказаў Сэлім, — што мы падрыхтоўваліся і бяз гэтай зброі. Нават, каб яе і ня было, мы выступілі-б, а цяпер тым болей.

— Яно так, — адказаў Пуан, — але ўсё-ж такі гэта трэба абгаварыць у першую чаргу.

— Дзеля гэтага-ж галоўным чынам мы і прыехалі сюды, — перарваў Салул.

— Ну, і добра, — казаў далей Пуан. — Зразумела, што лепшага пункту, як гэтае месца, быць ня можа. Па сваіх умовах яно нібы і вельмі далёка і разам з тым вельмі блізка: на адлегласьці толькі двух дзён. Але ўсё-ж такі рабіць вялікі склад зброі ў гэтай лагчыне вельмі рызыкоўна. Калі яны надумаюцца паслаць сюды значны атрад, дык і ўсёй справе канец, — не пасьпееш усё схаваць. Значыцца, трэба знайсьці такое месца, дзе-б і шукаючы не маглі знайсьці. Можа такое месца і знойдзецца там далей, у горах, але-ж мы ведаем, што зброя павінна быць пад бокам.

— Ці нельга было-б дагаварыцца як-небудзь з гэтым бадувісамі? — прапанаваў Салул. — У іх напэўна ёсьць такія месцы.

— Гэтага нельга, — сказаў Сэлім. — Я іх добра ведаю. Гэтыя фанатыкі, — я маю на ўвазе іх кіраўнікоў, асабліва гэтага таемнага Гіранг-Ту-Уна, — ну, дык вось яны больш нічога не жадаюць, каб толькі іх не чапалі. І яны рады, што голяндцы да іх ня соваюцца. Ды яны першыя выдадуць усё, калі прыдзе войска! Ім непатрэбна вызваленьне краіны, ад якой яны самі адмяжаваліся. Ім важна толькі свая ўласная незалежнасьць, якою яны фактычна і карыстаюцца і якою яны ня будуць разыкаваць дзеля нейкіх там спраў, аб якіх нават нічога і ня ведаюць.

— Гэта праўда, — падтрымаў Пуан. — Нават больш яшчэ можна сказаць. Яны так ухіляюцца ад усіх людзей, што апрача вядомага «табу» ў іх ёсьць закон, што калі-б хто, нават з сваіх, але простых, бадувісаў трапіў-бы туды, дзе жыве гэты таемны Гіранг-Ту-Ун, дык месца лічыцца запаганеным, і гэты Гіранг павінен кінуць яго і шукаць іншага месца.

— А дзе ён жыве цяпер? — запытаўся Салул.

— А ліха яго ведае! Іначай ня было-б і тэй таемнасьці, аб якой кажам. Гэтага-ж нават ніхто з бадувісаў ня ведае, апрача тых 40. Эх! Вось добрае месца было-б для нашай зброі! — з зайздрасьцю скончыў Пуан.

— У такім разе, таварышы, — з жартаўлівай урачыстасьцю сказаў Гейс, — я знайшоў спосаб, каб аўладаць ім.

— Адкуль? Якім чынам? Жартуеш! — закрычалі таварышы.

— А вось як: учора адзін небарака, здаецца, трапіў туды і зьнік. Значыцца, згодна закону, трэба чакаць, што гэты Оранг-Утанг, — ці як там яго, — павінен пакінуць сваю кватэру, а мы тады і зоймем яе.

І ён пераказаў усё тое, што яны чулі ад Нонга.

— Ведаем мы яго, — сказаў Пуан. — Але скуль ты ведаеш, што ён трапіў акурат да гэтага Гіранга? А па-другое, як нам наогул аб усім гэтым даведацца?

— А вось зараз даведаемся, — сказаў Гейс і паклікаў Нонга.

— Скажы, ці ты сапраўды хацеў быць з намі?

— О, так, туан!

— Вось што, дарагі таварыш! Пастарайся назаўсёды забыцца пра слова «туан» і памятаць, што ты такі самы туан, як і я, — незадаволена сказаў Гейс.

— Слухаю. Я ўжо казаў, што я ўцёк дзеля гэтага.

— Ну, дык вось табе спроба. Калі добра выканаеш яе, мы прымем цябе ў свае шэрагі. Бяжы зараз-жа ў пасёлак, даведайся падрабязна, што там чуваць адносна твайго туана і зараз-жа, хоць уначы, вяртайся сюды.

— Слухаю, — адказаў Нонг і зараз-жа накіраваўся ў той бок. Таварышы працягвалі сваю нараду, потым сабралі агульны сход інсургентаў і высьветлілі ім агульнае становішча. Гэта было асабліва важна таму, што яны, седзячы ў гэтай глушы, нічога ня ведалі, што робіцца на сьвеце, ці рухаецца там іх агульная справа, і ад гэтага ў некаторых часам западала думка, ці не дарэмная ўся іх праца? Пасьля бадзёрых вестак паднялася іх бадзёрасьць і энэргія. Асабліва яны радаваліся таму, што хутка будзе цікавая праца па здабываньню і перанясеньню сюды зброі, ды яшчэ ў вялікай колькасьці.

Такім чынам, у дзелавых гутарках няпрыметна скончыўся дзень, прышоў вечар. Запалалі вогнішчы, засмажылася дзічына.

— Ці прыдзе гэты Нонг? — час ад часу чуваць было сярод чатырох таварышоў. — А калі прыдзе, дык ці пасьпее сёньня?

Але праз гадзіну пасьля захаду сонца Нонг зьявіўся, засопшыся, змораны, абшарпаны.

— Маладзец, Нонг! — пахвалілі яго таварышы. — Экзамен вытрымаў! Ну, садзіся і расказвай!

— У пасёлку толькі і гутараць аб белым чалавеку і яго злачынстве, — пачаў Нонг. — Кажуць, што ён ня толькі парушыў «табу» наогул, але запаганіў сьвятое месца, дзе знаходзіцца Гіранг-Ту-Ун.

— Вось мы і ведаем, цяпер гэтае месца! — сказаў Гейс.

— Жрацы абвясьцілі, — казаў далей Нонг, — што ачысьціцца ад запаганеньня можна толькі крывёю злачынцы.

— Як гэта? — ня ўстрымаўся Гейс. — Па закону-ж жрацы павінны пакінуць запаганенае месца зусім!

— Вось так і казаў наш гаспадар Того і ўсе іншыя бадувісы. Усе яны ведаюць гэты закон. Але жрацы тлумачаць, што можна зрабіць іначай. Толькі дзеля гэтага трэба нейкая асабліва ўрачыстая цырымонія ў царкве, у час маладзіка, гэта значыцца, праз пяць дзён. А ўсім нам, спадарожнікам туана, загадана было пакінуць пасёлак зараз-жа, але ў зьвязку з хваробай Хаона дазволілі яшчэ пабыць тры дні. А туана на гэтыя пяць дзён пасадзілі ў царкву, нібы для нейкай падрыхтоўкі.

— Вось табе і раз! — з абурэньнем сказаў Гейс. А як-жа ж закон? А? Чаго-ж гэта яны самі ня выконваюць яго, а другіх вучаць?

— Гляньце, які прыхільнік іхнага закону! — засьмяяўся Сэлім. — Але, бачыш, яны знашлі і другі закон. Бо не такія дурныя, каб пакідаць наседжанае месца. Можа калісьці іхныя дзяды так рабілі, а цяпер народ разумнейшы пашоў. Не глядзі, што ў пушчы сядзяць.

— Пачакайце! — сказаў Салул з хітрай усьмешкай. — Ну, а калі, дапусьцім, ахвяра ўцячэ і ня ўдасца зрабіць гэтае ачышчэньне крывёю? Тады што павінна быць?

— Выходзіць, што тады яны павінны пакінуць сваё гняздо! — сказаў Сэлім пад агульны сьмех.

— Значыцца, нам прыдзецца паклапаціцца аб гэтым, — сказаў далей Салул. — Мы з Гейсам ахвотна дапаможам свайму прыяцелю. Тым болей, што яго лёс цяпер ужо некаторым чынам зьвязаны з лёсам будучай Явайскай Савецкай Соцыялістычнай Рэспублікі.

— Ну, ужо адразу і Савецкай! — ня ўстрымаўся Сэлім.

— Эх, каб узяць 50 чалавек, дык ня трэба было-б і ўсіх гэтых манэўраў ды хітрыкаў! Усё захапілі-б! — сказаў Пуан.

— А яны пабеглі-б і сказалі голяндцам, дзе мы сядзім, — дапоўніў Гейс.

Ва ўсякім разе перад інсургентамі паўстала зусім неспадзяваная задача: вызваліць нейкага там Піпа, ды вызваліць асьцярожна, каб ня ведалі, хто гэта зрабіў.

Пачалі абмяркоўваць плян. Каб не рызыкаваць жыцьцём каго-небудзь з таварышоў, парашылі заўтара к ночы згрупаваць у лесе, бліжэй да царквы, чалавек 50 таварышоў. Яны павінны былі ўмяшацца толькі тады, калі ўжо ніяк нельга будзе абыйсьціся паціху.

— Хай ужо лепш плян прападае, чымся страціць таварыша. У крайнім выпадку знойдзем і бяз іх якое-небудзь месца, — казаў Салул.

Другія-ж таварышы павінны былі якім-небудзь чынам падняцца ўверх на першую, а калі трэба, дык і на другую тэрасу царквы, а там ужо ёсьць розныя дзіркі, каб пралезьці ў сярэдзіну.

— Галоўная бяда будзе ня ў тым, каб узьлезьці наверх, — сказаў Пуан, — а ў тым, каб не заблытацца там у сярэдзіне, бо гэтая старадаўная масыўная царква, відаць, мае шмат розных закавулкаў.

— А калі будуць вартаўнікі? — сказаў Сэлім.

— Наўрад ці будуць, бо, няма ад каго ім пільнаваць. А калі і былі-б, дык у нас хопіць людзей, каб ціхенька пазатыкаць ім раты. Наогул кажучы, я-б ахватней згадзіўся выступіць у бойцы супроць у два разы большага атраду, чымся лезьці ў гэтую чортаву пастку.

— Затое мы і бяром столькі народу, каб у выпадку неабходнасьці можна было-б пачаць сапраўдную вайну, — сказаў Салул.

Абмеркаваўшы яшчэ ўсе тэхнічныя бакі справы, таварышы ляглі спаць.

А назаўтра ўначы адбылося ўсё тое, што мы ўжо ведаем.

Справа прайшла гладка. Спэцыяльных вартаўнікоў ня было, бо жрацы добра ведалі, якою няпрыступнаю крэпасьцю зьяўляецца іх царква. А ўцячы з сярэдзіны для палоньніка было яшчэ больш немагчыма.

Стаўшы адзін аднаму на плечы, інсургенты хутка замацавалі наверсе вяроўку і ўзьлезьлі на першую тэрасу. Не знашоўшы з гэтага боку адпаведнай дзіры, яны ўзьлезьлі і на другую тэрасу, выламалі ў адным вакне краты і пралезьлі ў сярэдзіну.

Тут выявілася, што яны выканалі самую нязначную частку сваёй працы, бо знайсьці дарогу ў сярэдзіне было куды горш, чымся папасьці ў царкву. Ва ўсякім разе, як мы бачылі, задача была выканана з посьпехам.

Апынуўшыся на волі, Піп ня ведаў нават, якімі словамі выявіць сваю ўдзячнасьць Дрэкеру, але той упарта адхіляў гэта.

— Ці варта столькі казаць аб гэтым? Гэта-ж зразумела само сабою.

— Але якім чынам вы апынуліся тут? Як вы даведаліся аба мне? Адкуль вы ўзялі памочнікаў для гэтай справы? Можа разам вернемся назад? — пасыпаліся пытаньні з боку Піпа.

— Я павінен тут яшчэ застацца, — адказваў Дрэкер-Гейс. — Мне даручана абсьледваць тут зямлю для плянтацыі. Гэта і ёсьць таварышы з маёй экспэдыцыі, — паказаў ён на чатырох (апрача Нонга) таварышоў. Зразумела, атраду ён не паказваў.

Але ня было часу доўга разважаць. Заставалася яшчэ ня меней цяжкая задача — выехаць адсюль. Салул адвёў Нонга ў бок і сказаў яму:

— Табе, мусіць, прыдзецца скончыць гэтую справу, праводзіць яго назад, бо, як ты казаў, у вас ёсьць нават адзін хворы. За ноч вы пасьпееце досыць адысьці, а там, калі нават будувісы і пагналіся-б, чаго я ня думаю, бо сам народ у гэтым не зацікаўлены, — з вашай зброяй вы лёгка справіцеся з імі.

— Я-б хацеў застацца з вамі, — пачаў Нонг.

— Ведаю. Ты і вернешся праз некалькі дзён. Але апрача гэтага, ты можаш яшчэ выявіць нам сваю вернасьць. Знайдзі слугу асыстэнт-рэзыдэнта, Рагу, і перадай яму гэтую рэч. Памятай, што гэта вялікі сакрэт. Калі што здарыцца, дык зьнішчы яе.

І ён перадаў Нонгу нейкую трэсачку з зарубінкамі.

Праз некаторы час экспэдыцыя Піпа ціхенька выехала з пасёлку. Дзякуючы таму, што хата Того была апошняй, ніхто не заўважыў ад’езду. Усе Піпавы трофэі і нават палатку прышлося пакінуць гаспадару, бо мул патрэбен быў для Хаона, які яшчэ ня мог хадзіць. Але пасьля ўсяго таго, што адбылося, Піп не шкадаваў свайго багацьця. Яму «на памяць» і бяз гэтага заставалася досыць уражаньняў.

На сьвітаньні яны прашлі першае балота, ля поўдня ўжо былі ля першай сваёй стаянкі і тут з радасьцю напаткалі атрад голяндзкіх салдат.

Піп гатоў быў нават кінуцца абнімацца з імі, але яны нацэлілі ў яго свае вінтоўкі, а афіцэр выступіў наперад і сказаў:

— Кідайце сваю зброю! Вы арыштаваны!..


ХІ. ЗА КОШТ БОГА БАГАРА-ТУНГАЛЯ.

Закон перамог! — Шуканьне ўваходу. — Дапамога прыроды. — Навасельле. — На далейшую працу.

Адправіўшы Піпа, таварышы вярнуліся ў лягер і пачалі чакаць вынікаў сваёй працы. Каб быць у курсе спраў, яны пакінулі ў пасёлку аднаго з інсургентаў, які меў там добрых сяброў.

— Калі праўду сказаць, ідучы на гэту авантуру, я не спадзяваўся на тое, што яны пакінуць нам свой прытулак, — казаў Салул. — Каб ня гэты Піп, я ніколі не пашоў-бы спэцыяльна на такое глупства.

— Што і казаць, — згадзіўся Гейс, — гісторыя дзіцячая. Але што нам абыходзіць? Паглядзім. Усёроўна вызваліць гэтага бедака трэба было.

— Затое, я вельмі спадзяюся на посьпех, — сказаў Сэлім, — бо ведаю такіх фанатыкаў. Для іх закон — усё.

Гэтай-жа думкі прытрымліваўся і Пуан.

Пад вечар прышоў разьведчык, а разам з ім і Того, і расказалі наступнае. Аб зьнікненьні палоньніка даведаліся досыць позна і, здаецца, спачатку хацелі захаваць сакрэт, каб абмеркаваць, як трымаць сябе далей перад народам. Але гэта не ўдалося; вестка мігам абляцела ўвесь пасёлак. Усе загулі, што Гіранг-Ту-Ун павінен будзе пакінуць сваё памяшканьне.

Трэба мець на ўвазе, што народ, хаця і ня бачыў памяшканьня Гіранг-Ту-Уна, але ведаў, што яно павінна быць недзе там на гары, ці ў самой гары. Немагчыма-ж было захаваць сакрэт ад усяго народу на працягу шмат дзесяткаў год, тым болей, што сьвятыя мужы ўсё-ткі мелі дачыненьне да народу. Справа ішла не аб тым, каб ніхто ня ведаў аб існаваньні Гіранг-Ту-Уна, а толькі аб тым, каб надаць яму таемнасьці і боскай моцы.

Калі ўжо народ пачаў казаць, што Гіранг-Ту-Уну прыдзецца пакінуць сваю кватэру, дык жрацом немагчыма было замазаць гэтую справу. Як апошні сродак захаваць становішча, зьявілася была думка замясьціць непасрэднага віноўніка яго дапаможнікам Того, але ён аб гэтым прачуў і загадзя ўцёк.

Зноў адбылася нарада ў Гіранг-Ту-Уна, але ўжо зусім у іншым тоне. На гэты раз старэйшы і мудрэйшы муж сказаў прамову зусім іншага зьместу:

Браты! Мы памыліліся. І ня толькі памыліліся, але нават разгнявілі вялікага духа. Мы ня мелі права пасвойму тлумачыць закон, якім кіраваліся нашы продкі. Яны-ж былі мудрэйшыя ад нас і ведалі, што рабілі. Вялікі Самнамбунгу нездарма-ж рабіў так, а ня іначай. Яны ня тлумачылі закон пасвойму. І вось Багара-Тунгаль паказаў нам, што ён не прызнае нашага самавольнага тлумачэньня, што ён патрабуе, каб мы выконвалі закон, як ён ёсьць, без усялякіх хітрыкаў. Ці-ж іначай ён мог папусьціцца, каб гэты чужаземец уцёк з царквы? Ці мала такіх людзей было за сотні год, але мы ні разу ня чулі, каб яны ўцякалі адтуль. І вось цяпер чамусьці гэта здарылася. І здарылася акурат тады, калі мы адступіліся ад закону. Ці можа быць лепшы довад, каб паказаць нам наш грэх? Браты! Няма чаго нам болей разважаць. Мы павінны толькі пакаяцца і выканаць закон. Не забывайцеся, што мы лічымся адзінымі захавальнікамі вялікай рэлігіі нашых дзядоў, — грозна скончыў стары.

І зноў, як і тады настала цішыня. Зноў ніхто не хацеў гаварыць. Але думкі ўсіх былі зусім іншыя. Асабліва было няпрыемна тым, хто тады ў глыбіні душы не згаджаўся з правідловасьцю і мудрасьцю закону.

Становішча склалася досыць цікавае: выдумалі закон для другіх, а цяпер самім прыходзіцца мець ад яго няпрыемнасьці. І ня выканаць закону нельга, бо народ ужо ведае ўсю гісторыю. А калі сам ня выканаеш, дык тады і народ збэсьціца.

… На другі дзень Гіранг-Ту-Ун перасяліўся ў агульнае памяшканьне «сарака». Хоць і добрыя пакоі яму адвялі, хоць і абсталявалі іх пацарску, але ўсё-ж такі гэта было зусім ня тое, што там. І больш за ўсіх шкадавала свайго месца і пралівала сьлёзы жонка Гіранг-Ту-Уна, адзіная жанчына, якая мела права жыць сярод сьвятых мужоў…

................

У лягеры, зразумела, зараз-жа даведаліся аб гэтым праз сваіх разьведчыкаў і вельмі былі задаволены.

— Цяпер і я ўжо буду лічыць старадаўныя законы вельмі мудрымі і карыснымі, — сьмяяўся Пуан.

— Для каго-небудзь яны абавязкова бываюць карысны, — дадаў Гейс.

— Галоўным чынам для тых, хто ўмее іх выкарыстаць, — скончыў Салул.

— Усё гэта добра, — сказаў Сэлім, — але якім чынам заняць нам гэтае памяшканьне? Калі мы зьявімся на верхавіне гары і пачнем там працаваць перад усім белым сьветам, дык увесь наш сакрэт прападзе.

— Пачакай. Мы нават яшчэ ня бачылі яго. Пойдзем спачатку абгледзім.

Чатыры таварышы накіраваліся ў дарогу. Яны асьцярожна ўспаўзьлі на гару і ўбачылі ўсё тое, што бачыў спачатку Піп.

— Але-ж тут нічога асаблівага няма! — зьдзівіўся Гейс. — Сажалка — і больш нічога.

— Тым лепей, — сказаў Салул. — Значыцца, мы недарма стараліся. Значыцца, гэта месца сапраўды такое, што ніхто не зацікавіцца. Трэба толькі знайсьці ўваход, якім карыстаўся ранейшы гаспадар. Ён, зразумела, павінен быць з таго боку.

Абышлі навакол і сапраўды знашлі месца, дзе, відаць, быў уваход, але ён быў зруйнаваны і сьвежая зямля старанна выраўнена, каб ня было знаку. Праз некалькі тыдняў месца гэта зарасьце, і нікому не падумаецца, што тут быў нейкі падземны ход.

Хлынула вада…

Таварышы пачалі радзіцца. Зразумела, уваход патрэбен і трэба будзе яго зрабіць, але рызыкоўна зноў капаць гэты самы. Напэўна, хто-небудзь з іх калі-небудзь трапіць сюды і, убачыўшы такі рамонт, сапсуе ўсю справу. Можа з другога боку знойдзецца месца, дзе можна было-б зрабіць зусім новы ход?

Пачалі шукаць далей. Вось трапілі ў даліну, якая якраз ішла ў напрамку да гары. Потым яна перашла ў вузкую заросшую цясьніну, па якой бегла крынічка. Цясьніна звужвалася ўсё болей і болей і глыбока ўразалася ў бок гары.

— Чаго-ж нам лепшага? — сказаў Гейс. Яна, здаецца, так урэзалася, што нам застаецца толькі пракапаць, мабыць, дзесяткі два-тры крокаў. Апрача таго, я ўпэўнены, што гэта крыніца выцякае з унутранага возера і ўжо сама прарабіла выхад, што палегчыць нам працу.

Там, дзе выбівалася крыніца, былі крушні каменьня; усе дробныя часткі зямлі вада зьнесла далей.

Усе ўмовы складаліся вельмі добра. Капаць заставалася вельмі мала. Ды яшчэ па працярэбленай дарозе! Сама цясьніна-шчыліна была такой вузкай, заросшай і няпрыметнай, што яе было цяжэй заўважыць, чымся той ранейшы ўваход. І, нарэшце, яна была з процілеглага боку гары, з поўдня, значыцца, яшчэ далей ад людзкога вока. Мабыць, таму толькі гэтае месца і ня было выкарыстана ранейшым гаспадаром, што было вельмі далёка.

Праз некалькі гадзін дваццаць чалавек працавалі ў цясьніне. Але ледзь толькі адвярнулі галоўную масу каменьня, як грозна заурчэла вада і хлынула з сярэдзіны, уносячы з сабой і каменьні, і зямлю і людзей. Шмат таварышоў пацярпела, стукнуўшыся аб каменьні, дрэвы, але вялікай бяды ня было, бо зачапіцца і выпаўзьці была поўная магчымасьць.

З гадзіну бурліла і неслася вада; потым пачала сьціхаць і, нарэшце, застаўся маленькі ручаёчак. Калі пасьля таго падышлі да выхаду, дык убачылі, што там між двух кавалкаў скал утварылася дзіра, праз якую было лёгка пралезьці чалавеку, а далей ужо ішоў шырокі, вольны ход аж да самай сярэдзіны.

Абрадаваліся сябры, што прырода сама ім дапамагла і навыперадкі палезьлі ў сярэдзіну.

— Эге-ге! Во як добра абсталяваўся гэты Оранг-Утанг! — крыкнуў Гейс, калі яны ўбачылі ўсё памяшканьне.

Але з другога боку была і няпрыемная рэч: зьнікла сажалка, а на яе месцы ў глыбокай яміне засталася толькі невялікая лужына.

— Гэта мне не падабаецца, — паскроб патыліцу Сэлім. — Гэта надае ўжо зусім іншы выгляд. Калі раней нікому не магла прыйсьці да галавы думка, што ў возеры нехта жыве, дык цяперака ўжо можна гэта дапусьціць.

Але гэтая труднасьць нядоўга непакоіла іх, бо выйсьце з яе само лезла ў галаву. Зараз-жа некалькі чалавек адразу прапанавалі зрабіць маленькую грэблю, каб падняць ваду.

— Гэта нават яшчэ лепей будзе, чымся раней, — казаў Гейс. — Мы зможам тады нават рэгуляваць узровень вады, наколькі нам будзе патрэбна. Напрыклад, калі мы будзем цягаць сюды нашыя рэчы, мы можам спусьціць ваду, а потым зноў падняць, нават вышэй за ранейшае.

Праз некалькі дзён самае пільнае вока нічога не заўважыла-б у ваколіцах бадувіскага пасёлку. Лягер апусьцеў. 250 чалавек, пад кіраўніцтвам Пуана, пашлі праз горы на паўднёвы бераг да «Скал ластаўкіных гнёздаў» па зброю. Салул і Гейс пусьціліся ў свае далейшае падарожжа. Сэлім вярнуўся ў Бантам, а рэшта засталася ў «палацы» Гіранг-Ту-Уна.


XII. АПОШНЯЯ ПРЫГОДА МІНГЕРА ПІПА.

За чужую віну. — Турма адпаведна колеру скуры. — Допыт. — Таемны сьведка. — Мядзьвежжа паслуга. — Вызваленьне.

В. сакрэтна.

АСЫСТЭНТ-РЭЗЫДЭНТУ Ў ТЭНАНГУ, МІНГЕРУ ВАН-ДРОНУ.

«Згодна атрыманых вестак, у Бантамскія пушчы накіраваўся здраднік і злачынца Гейс, мэханік з карабля «Саардам», разам з другім злачынцам — Салулам, які зьяўляецца галоўным віноўнікам захвату гэтага карабля. Відаць, яны маюць на ўвазе

організаваць там бандыцкі цэнтр. Трэба прыняць усе захады, каб перашкодзіць гэтаму, а дзеля таго, чаго-б гэта ні каштавала, трэба злавіць іх. Зразумела, яны хаваюцца пад фальшывымі прозьвішчамі, якія пакуль што намі ня выяўлены. Але ва ўсякім разе Гейса прыблізна можна пазнаць па наступных адзнаках: гадоў 26-28, рост вышэй сярэдняга, валасы сьветлыя, вочы блакітныя. Салул звычайны тубылец такіх-жа год. Калі яны будуць злоўлены, накіруйце іх у Батавію».

Такую паперу атрымаў ван-Дрон праз некалькі дзён пасьля ад’езду Піпа. Ці трэба дзівіцца, што першая думка яго накіравалася на свайго нядаўнага госьця?

Узрост, сьветлыя валасы, рост, — усё гэта вельмі адпавядала дадзеным адзнакам. Разам з тым ван-Дрон зараз-жа ўспомніў, што і паводзіны госьця былі нейкія дзіўныя. Чалавек прыехаў з Голяндыі проста ў Бантамскія пушчы, каб толькі папаляваць! Нават і тады паважанаму ван-Дрону кінулася ў вочы гэтая недарэчнасьць. Але хто мог падумаць, што тут крыецца такая сур’ёзная справа?

Праз некалькі хвілін адбылася нарада між асыстэнт-рэзыдэнтам, начальнікам гарнізону і начальнікам паліцыі. Ван-Дрон расказаў, у чым справа, выказаў свае меркаваньні і паставіў пытаньне, што рабіць далей.

— Ці можам мы думаць напэўна, што гэта той самы? — паставіў ён пытаньне.

— Зразумела! — упэўнена адказаў начальнік паліцыі. — Я нават тады з першага погляду заўважыў, што ў ім нешта такое ёсьць, нібы бандыцкае. Але не адважыўся выказацца, бо ён быў вашым госьцем.

Начальнік гарнізону хоць гэтага не заўважыў, але таксама згаджаўся.

— Мне здаецца, — сказаў ён, — што доўга ламаць галаву тут няма чаго. Тым болей, што і адзнакі падыходзяць. Нам нічога не застаецца, як паслаць за ім атрад. Можа па яго сьлядох натрапім і на гняздо разбойнікаў, асабліва, калі прыняць пад увагу, што ён упэўнены, што нас ашукаў.

Гэты атрад і спаткаў Піп. Дарэмна ён прасіўся, даводзіў, што гэта памылка і г. д.

— Гэта не мая справа, — адказаў афіцэр. — Там разьбяруцца. Я раблю тое, што мне загадана.

І атрад задаволены тым, што ня трэба ісьці далей, вярнуўся назад. Такім чынам, Піп несьвядома адплаціў сваім вызваліцелям, бо калі-б атрад пашоў далей, дык магло быць шмат няпрыемнасьці для інсургентаў нават і тады, калі-б яны і перамаглі салдат.

— Добры дзень, Гейс! — зьвярнуўся ван-Дрон да Піпа, калі яго прывялі ў Тэнанг. — А гэта значыцца Салул? — паказаў ён на Нонга.

Абодва вылупілі вочы, нічога не разумеючы.

— Вы дзівіцеся, што мы вас ведаем? — казаў далей ван-Дрон. — Вы ўжо думалі, што нас ашукалі? Не, гэтага ня можа быць. Здраднікаў і злачынцаў улада заўсёды знойдзе.

— Мінгер ван-Дрон! Вы памыляецеся! Я нічога ня ведаю, ня маю ніякага дачын…, — пачаў Піп, але ван-Дрон адвярнуўся і загадаў засадзіць іх у турму.

— Усіх? — запытаўся начальнік.

Ван-Дрон падумаў крыху і сказаў:

— Пакуль што ўсіх. Можа гэтыя людзі былі ў згаворы з імі. Але гэтых двух трымаць пад спэцыяльным наглядам. Іх прыдзецца адправіць у Батавію.

Па голяндзкіх законах нават да злачынцаў, — голяндцаў і тубыльцаў, — адносіны розныя. Нават у турме голяндцы карыстаюцца лепшым памяшканьнем, лепшымі харчамі і наогул лепшымі ўмовамі, чымся явайцы. Таму Піп і Нонг былі пасаджаны ў розныя месцы, а Хаон з таварышамі асобна ад іх.

Дзеля таго, што злачынства Гейса і Салула мела агульна-дзяржаўны характар і належала да разгляду вышэйшых устаноў, іх непасрэдна трэба было накіраваць ў Батавію.

Але пакуль ішлі, як кажуць, суд ды справа, прайшло два тыдні і тады толькі накіравалі іх у Батавію. Там зноў пасядзелі тыдзень, пакуль іх выклікалі на допыт.

Спачатку прывялі Піпа. За сталом сядзеў сьледчы ў вайсковай форме. Побач стаялі яшчэ два чалавекі, а з боку былі напалову адчыненыя дзьверы ў суседні пакой.

— Станьце крыху далей, — чамусьці сказаў сьледчы, калі Піп падышоў бліжэй да стала.

— Ваша прозьвішча?

— Піп, Ганс Піп.

— Ну, а сапраўднае ваша прозьвішча якое? — з націскам сказаў сьледчы і паглядзеў на Піпа такім поглядам, што той нават уздрыгануўся.

— Вось ужо другі раз я бачу, што мяне прымаюць за кагосьці другога! — энэргічна адказаў Піп. — Няўжо-ж за нечую памылку я павінен столькі цярпець?

У гэты момант дзьверы з суседняга пакою адчыніліся шырэй, і адтуль вышаў нейкі тубылец у добрым адзеньні, малады, з вострымі рысамі твару і няпрыемнымі бегаючымі вочкамі.

— Пан палкоўнік! — зьвярнуўся ён да сьледчага. — Гэта ня ён. Я яго зусім ня ведаю.

— Прывядзеце тады другога! — загадаў палкоўнік.

Увашоў Нонг. Той чалавек на гэты раз зусім адкрыта паглядзеў на Нонга і сказаў:

— А гэты дык нават нічога агульнага ня мае. У параўнаньні з тым гэта хлопчык.

Прысутныя зірнулі адзін на аднаго, паціскалі плячыма, крыху парадзіліся, і тады сьледчы зрабіў прыемную міну і сказаў:

— Выбачайце, мінгер Піп! Мы ўжо пазналі сваю памылку. Як голяндзец, вы зразумееце, што калі мы на гэта пашлі, значыцца, мелі прычыны.

Сьледчы ўстаў, падышоў да Піпа і паціснуў яму руку.

— Зразумела, вы вольны. Можаш і ты сабе ісьці, — зьвярнуўся ён да Нонга.

— Дазвольце, пан палкоўнік, адно пытаньне! — умяшаўся тубылец-сьведка. — Ці не сустракалі яны там каго-небудзь?

Нонг адразу сьцяміў, куды ідзе справа, і з дурным выглядам затараторыў:

— Мы былі ў бадувісаў. Такі дзіўны народ. Сядзяць у пушчы. Ні з кім ня маюць зносін…

— Пачакай, пачакай! — спыніў яго палкоўнік. — Мы пытаемся, ці ня бачылі вы там якога голяндца? — зьвярнуўся ўжо ён проста да Піпа.

У Нонга закалацілася сэрца… Зараз Піп несьвядома выдасьць свайго дабрадзея!..

— Сустрэў аднаго чалавека, дай бог яму здароўя! — адказаў Піп. — Каб ня ён, дык ня было-б ужо мяне на сьвеце.

Усе прысутныя настаражыліся, як сабакі.

— Як яго завуць? — запытаўся палкоўнік.

— Праўду сказаць, ня ведаю добра, бо сустракаўся з ім два ці тры разы ў дарозе. На параходзе разам прыехалі. Ды потым сустрэўся на ганку ўстановы. І нарэшце там. Здаецца, прозьвішча накшталт ван-Дэйк ці ван-Дэкер. Ведаю толькі, што ён прадстаўнік нейкай фірмы і па даручэньні яе шукае зямлі пад кававыя плянтацыі.

— А як ён выглядзе?

— Майго ўзросту і росту. Чорныя валасы і чорная маленькая бародка.

Палкоўнік пытліва паглядзеў на сьведку. Той паціскаў плячыма і сказаў:

— Ва ўсякім разе гэта варта ўвагі.

— Ці ня бачылі з ім яшчэ якога-небудзь народу, апрача тамашняга насельніцтва? — зноў запыталіся Піпа.

— З ім было яшчэ чатыры чалавекі слуг, якія складалі экспэдыцыю па адшуканьні зямлі?

— Ну, а ты што бачыў? — зьвярнуўся тады сьледчы да Нонга.

— Тое самае, бо заўсёды быў разам з туанам, — адказаў Нонг.

— Ну, дык яшчэ раз выбачайце! — сказаў палкоўнік і разьвітаўся з Піпам.

Хоць і ніякай віны ня меў Піп, але апынуўшыся на волі, адчуў сябе, нібы на сьвет нарадзіўся. Ён ня толькі забыўся аб крыўдзе, але нават адчуваў удзячнасьць, што яго выпусьцілі.

— Ну, дарагі Нонг, разьлічымся цяпер! Дзякую табе за шчырую службу! Бывай шчасьлівы!

Ён даў Нонгу 100 гульдэнаў і шчыра разьвітаўся, нават за руку.

А праз некалькі дзён ён ужо ехаў у Голяндыю з няясным пачуцьцём: ці радавацца, ці шкадаваць, што столькі перацярпеў.

Нонг-жа застаўся адзін у вялікім незнаёмым горадзе.



Частка другая

[правіць]

ЧАСТКА ДРУГАЯ

ПЕРШЫ ПАЧЫН

I. СКАЛЫ „ЛАСТАУКІНЫХ ГНЁЗДАЎ“.

Паўднёвы бераг Явы. — „Саардам“ пад кіраўніцтвам босага капітана. — Прыяцелі ці ворагі? — Абсьледваньне фіёрду. — Далікатная сустрэча з ангельскім дрэдноутам. — З караблём праз бар‘ер. — Пад аховай птушак. — Выгрузка зброі. — Гібель Гоно.

Паўднёвы бераг Явы значна вышэй за паўночны і стромка спускаецца ў Індыйскі акіян. На ўсім сваім працягу, блізка 1000 кілёмэтраў, — ён няпрыступны, і на ім няма прыморскіх гарадоў. Толькі ў адным месцы, прыблізна пасярэдзіне, мясцовасьць зьніжаецца, і там знаходзіцца невялікі порт Тжыладжап, да якога нават пракладзена чыгунка. Але і порт, і чыгунка ня маюць вялікага значэньня, бо, па-першае, мясцовасьць надта нездаровая, а па-другое, з гэтага боку на Яву не заходзяць караблі. Усе зносіны з Явай адбываюцца з паўночнага берагу, а паўднёвы ўпіраецца ў бязьлюдны Індыйскі акіян, дзе, апрача дзікіх выспаў, нічога няма. Нават караблі з Аўстраліі, якая ляжыць на паўднёвы ўсход ад Явы, — ідуць да яе з паўночнага боку, у Сурабаю або Батавію.

Галоўны чыгуначны шлях, які пераразае Яву з захаду на ўсход, у некаторых мясцох ідзе зусім блізка ад Індыйскага акіяну, але да самага берагу не даходзіць. Нават некалькі спэцыяльных чыгуначных ліній, праведзеных ад галоўнай лініі проста на поўдзень, — спыняюцца за 10-20 кілёмэтраў ад берагу. Ужо гэта адно сьведчыць аб тым, які характар мае гэты бераг.

Усе галоўныя горы Явы знаходзяцца на паўднёвым беразе, згуртаваліся тут беспарадачным натоўпам, і адразу спыніліся, нібы баючыся ступіць далей у глыбіню акіяну. А ззаду іх другія горы, яны налазяць адна на адну, нібы хочуць праз галовы адна другой глянуць у сінія воды. Шмат розных невядомых куткоў, шчылін, цясьнін, пячораў і дзірак захоўваюць у сабе гэтыя крушні гор — скал. І ўсюды, дзе хоць як-небудзь можна зачапіцца, — усюды ўціснулася пышная расьліннасьць гэтай пышнай краіны. А над усім гэтым там-сям дымяцца вульканы, нібы фабрыкі і заводы невядомага падземнага царства.

Шмат прытульных закавулкаў ствараюць стромкія скалістыя берагі, але на працягу дзесяткаў кілёмэтраў ня сустрэць людзей, бо гэтыя прыгожыя і прытульныя закавулкі ня маюць ані кроку зямлі, дзе-б чалавек мог жыць. І тыя рэдкія людзі, што пасяліліся наверсе, на беразе, фактычна знаходзяцца далей ад мора, чымся іншыя з тых, хто жыве далёка. Яны могуць ува-ўсю цешыцца і пазіраць на веліч акіяну, але каб даступіцца да яго, павінны былі-б абсталяваць экспэдыцыю.

Ды і ззаду, з зямлі, даступіцца да іх цяжка. Хаос гор, скал і пушчаў абараняе іх ад гасьцей ня горш, чымся няпрыступныя берагі. Нездарма шляхі спыняюцца, не даходзячы некалькі кілёмэтраў да берагу. Зразумела, каб вельмі трэба было, іх можна было-б працягнуць да мора, не зважаючы на ўсе перашкоды. Але пакуль што ня варта, бо няма экономічнай выгады ад гэтага.

Апрача таго, бераг мае яшчэ абарону ў выглядзе шэрагу падводных і надводных скал-рыфаў. Яны цягнуцца ўздоўж берагу на сотні кілёмэтраў і затрымліваюць чалавека нават і там, дзе бераг згадзіўся-б падпусьціць яго. Яны нават мора ня хочуць падпусьціць; вось чаму паміж імі заўсёды ідзе барацьба, вось чаму між рыфаў заўсёды бурліць, шуміць і пеніцца вада. Нібы белая стужка атачае бераг з захаду на ўсход.

Зразумела, на тысячакілёмэтравым працягу знойдуцца і яшчэ месцы (апрача вышэйпамянёнага Тжыладжапа), дзе ёсьць голяндзкія адміністрацыйныя ўстановы, галоўным чынам, вайсковая варта. Але іх нядужа ды толькі ў такіх мясцох, дзе больш-менш можна спыніцца ля берагу. Рэшта-ж вартуецца рыфамі і скаламі. А з якім посьпехам яны выконваюць гэты абавязак, можна бачыць з таго, што нават контрабандыстыя і тыя ўхіляюцца гэтага берагу.

У адным з такіх месц і знаходзяцца тыя «Скалы ластаўкіных гнёздаў», аб якіх казалі Гейс і Салул.

Калі «Саардам» вышаў у Індыйскі акіян, адразу паўстала пытаньне, куды дзецца і што рабіць далей? Нарада адбылася агульная, тут-жа на палубе. Каманда цяпер складалася ўжо больш як з сотні чалавек, ды якіх яшчэ! Кожны з іх ведаў напамяць калі ня ўсё мора вакол Явы, дык прынамсі пэўнае месца. А ўсе яны складалі такую каманду, якой ня мог пахваліцца ніводзін іншы карабель. А сярод іх найбольш спрактыкаваны быў стары Гудас, які неяк мімаволі, нават бяз выбараў, зрабіўся капітанам карабля. Шмат мінгераў пазелянелі-б ад злосьці і абурэньня, каб убачылі, што капітанам дзяржаўнага ваеннага карабля зьяўляецца гэты худы, стары «дзікун» з пучком сівой барады, бяз шапкі, у брудных сподніках і кашулі, да гэтага яшчэ босы.

Але значная частка старой каманды былі ўпэўнены, што камандзірам будзе Гейс. Нават і тут яны не маглі сабе ўявіць, як гэта белы чалавек, голяндзец, ды застанецца на другім месцы. Яны асьцярожна і выказалі гэтую думку, але зараз-жа супакоіліся, калі Салул і сам Гейс растлумачылі, што з іх усіх самы «вадзяны» і ведаючы чалавека будзе Гудас; апрача таго, Гейсу і Салулу прыдзецца пакінуць карабель, а Гудас застанецца назаўсёды.

Капітанам дзяржаўнага карабля зьяўляўся гэты стары „дзікун“.


Капітанам дзяржаўнага карабля зьяўляўся гэты стары „дзікун“.

Гэты Гудас правёў на моры ўсё сваё жыцьцё, пачынаючы з 8-мі год, калі ён памагаў бацьку ў рыбацтве. А потым паспытаў усё: быў і лаўцом пэрлаў на астравох Ару, служыў і на голяндзкім гандлёвым караблі і нават на кітайскім контрабандыцкім судне. Таму ён ведаў ня толькі ўсе берагі Явы, але нават усе закавулкі Малайскага архіпэлягу.

Гудас перш за ўсё запытаўся, які запас вугалю ёсьць на «Саардаме».

— На пяць дзён дарогі, калі ісьці выключна пад параю, — паведаміў Салул.

— Мала, — паматаў галавой Гудас. — Ну што-ж, тады прыдзецца больш ужываць парусы, а машыну пускаць у ход толькі ў выпадку небясьпекі. Пакуль што наша галоўная задача — выгрузіць зброю. Трэба паспрабаваць спыніцца каля «Скал ластаўкіных гнёздаў». Трэба сьпяшацца, бо нас могуць дагнаць.

— Шукай ветра ў моры, — сказаў Салул. — Ды яны і ня будуць шукаць нас сярод Індыйскага акіяну. Яны лепш будуць пільнаваць ля берагоў.

— Мусіць так яно і будзе, — згадзіўся Гудас. — У кожным разе трэба сьпяшацца. Наколькі сядзіць «Саардам» у вадзе?

— На 13 футаў, — адказаў Гейс.

— Ці пройдзем? — няўпэўнена сказаў Гудас. — Таварышы, хто з вас ведае рыфы ля «Скал ластаўкіных гнёздаў»?

— Я! — адгукнуўся адзін марак.

— Ці можна будзе нам як-небудзь праплысьці праз рыфы?

— Гэтага ўжо не магу сказаць. Баюся, што не.

— Там ўбачым. Ідзем на ўсход, — загадаў Гудас. — Заўтра ўвечары павінны быць там. Шкада толькі, што прыдзецца паліць вугаль, бо паўднёва-ўсходні пасат[33] перашкаджае.

Надвор’е было добрае. Роўны ветрык дзьмуў насустрэч. Акіян мерна калыхаўся. У чорнай вадзе адбіваліся зоркі. На небе зьзяў прыгожы «Паўднёвы крыж[34]». Усё навокал было так ціха і мірна, што нашы паўстанцы гатовы былі зусім забыцца, у якіх умовах яны знаходзяцца. Пасьля ўсёй тэй напружнасьці, якую яны перажылі, яны адчулі вялікую стому і моцна заснулі. Толькі Гудас і старнавы засталіся на палубе. Гудас сьвядома адпусьціў усіх спаць, бо ў дарозе нічога асаблівага нельга было чакаць. Глыбокі акіян ня меў тут ні вастравоў, ні скал. А самае галоўнае, — у гэтай частцы Індыйскага акіяну не праходзіць ні адзін морскі шлях і на няпрыемную сустрэчу з якім-небудзь караблём нельга было спадзявацца.

Нават калі настаў дзень, людзі не сьпяшаліся ўставаць, памятаючы, што трэба запасацца сіламі на блізкае будучае. Спакойна прайшоў і дзень; нідзе аніводнага судна ня бачылі. Зразумела, і ад Явы трымаліся на такой адлегласьці, каб іх ня ўбачылі.

Пад вечар прыпыніліся на тым месцы, супроць якога, па іх меркаваньнях, павінны былі быць «Скалы ластаўкіных гнёздаў».

Але што рабіць далей? Ці можна было рызыкаваць прайсьці ўначы там, дзе нават удзень нельга прайсьці? А ўдзень спыняцца таксама небясьпечна, бо з высокага берагу карабель можна будзе бачыць за паўсотні кілёмэтраў. А калі прыняць пад увагу, што карабель наогул у гэтых мясцох рэч рэдкая, ды яшчэ калі ён будзе старацца падыйсьці да берагу праз рыфы, — дык усё гэта будзе такім здарэньнем, аб якім загамоняць нават і тыя, хто гэтым і зусім ня цікавіцца. Праўда, вартавых пунктаў блізка ня было, ня было і паселішчаў, але на такой адлегласьці, як кілёмэтраў 80 з абодвух бакоў, адкуль можа быць відны карабель, — людзі ўсё-ж такі маглі трапіцца.

Пасьля доўгіх меркаваньняў парашылі адправіць спачатку катэр на разьведку. Ён павінен быў знайсьці і добра абсьледваць праход між рыфамі такім чынам, каб можна было адважыцца сунуцца сярод іх і ўначы. Разам з тым трэба было абсьледваць і бераг, ці няма там каго непатрэбнага.

— Цяпер вызначым, каму ехаць, — сказаў Гудас.

— Я паеду! Я! — пачуліся галасы, у тым ліку і Гоно.

— Пачакайце. Па-першае, трэба паслаць таго, хто ведае гэта месца, і ў кожным разе нельга пасылаць нікога з старой каманды. Калі, напрыклад, што-небудзь здарылася-б, тады можна будзе павярнуць справу так, нібы гэтыя людзі прыбярэжныя тубыльцы і ніякага дачыненьня да «Саардама» ня маюць. А калі будзе хто-небудзь з каманды, гэтага ўжо нельга будзе зрабіць.

— У такім разе, — заўважыў Гейс, — нельга пасылаць і моторны катэр, бо пазнаюць, адкуль ён.

— Правільна! — сказаў Салул, — нават парус трэба ўзяць, каб лодка мела звычайны рыбацкі выгляд.

— Але тады зноў нязручна, — казаў далей Гудас. — Каб нас не заўважылі з берагу, нам трэба будзе стаць прынамсі за 40 кілёмэтраў ад берагу, а для лодкі гэта будзе вялізнае падарожжа ды і марудная справа.

— Тады мы да сьвятла пад’едзем бліжэй, спусьцім лодку, а самі ад’едзем. А ўвечары зноў пад’едзем на спатканьне.

Апоўначы карабель, патушыўшы агні, паплыў да берагу. Праз некалькі часу наперадзе паказалася няясная, цёмная лінія. Яна ўсё набліжалася і павышалася. Вось недзе далёка справа мігціць агонь. Але насупроць пакуль што ня відаць нічога. Чорныя муры пасунуліся яшчэ бліжэй. Вось ужо чутно, як гудуць буруны між рыфаў.

— Усе добрыя людзі заўсёды, як мага, уцякаюць ад рыфаў, а мы павінны набліжацца да іх, — прамовіў Гейс.

— Затое, калі нам удасца іх узяць, дык яны самі будуць служыць нам абаронай, — сказаў Салул.

А ўзяць іх мог адважыцца толькі той, хто не шкадуе ні сваёй галавы, ні карабля. Тыя ціхія невялікія хвалі, што пяшчотна калыхалі карабель сярод акіяну, тут адразу рабіліся вялікімі, разьюшанымі. Карабель павінен быў даць задні ход, каб яго ня прыбіла да рыфаў.

Хвалі кідаліся на скалы, адбіваліся назад, зноў кідаліся, круціліся, раўлі і пеніліся, каб толькі прарвацца на той бок агарожы. Але тыя, каму гэта ўдавалася, адразу трацілі сваю моц і злосьць і рабіліся ціхімі, як авечкі. Яны пяшчотна плюхаліся ля падножжа муроў, нібы просячы выбачэньня за тое, што нахрапам праціснуліся сюды.

Усё гэта адбывалася ў добрае, ціхае надвор’е. Што-ж тады павінна быць у буру?

Спусьцілі шлюпку. У ёй разьмясьціліся 12 чалавек пад кіраўніцтвам Гудасава памочніка — Сідана.

— Рабеце сваю справу, таварышы, — сказаў на разьвітаньні Гудас. — Заўтра ўвечары мы будзем тут.

У гэты момант высока на беразе заблішчаў агонь…

Усе ўздрыгануліся. Хто гэта можа быць? Голяндзкая варта? Ці тутэйшыя жыхары? А можа нават і свае?

— Я думаю, гэта не голяндзкая варта, — сказаў Салул, — бо яна не запальвала-б агонь, які можа нас папярэдзіць.

— І я так думаю, — адазваўся Гейс. — Ну, а калі не? Тады, значыцца, мы самі палезем ваўку ў пастку.

— Усёроўна, так або іначай, а спыняцца нам ужо нельга, — сказаў Гудас. — Бязумоўна, яны нас заўважылі. Нам нічога не застаецца, як толькі высьветліць пытаньне да канца.

І, схіліўшыся за борт, ён крыкнуў таварышом у лодцы:

— Калі здарыцца, што там вораг, зараз-жа сьпяшайцеся назад; мы будзем недалёка чакаць. Ня зьвязвайцеся з імі, хоць-бы іх было і менш чым вас.

І карабель пашоў далей.

Праз некалькі хвілін з берагу данесьліся ледзь чутныя стрэлы.

— Страляюць!? Дрэнная справа! Дарэмна толькі таварышоў пакінулі ў небясьпецы.

Паўстала вострае пытаньне, што рабіць: ці пакінуць таварышоў і чакаць вынікаў, альбо забраць іх і зусім уцякаць ад гэтых берагоў?

Пасьля нядоўгіх разважаньняў парашылі да сьвятла прыпыніцца тут і чакаць далейшых падзей. Згодна загаду, таварышы павінны былі вярнуцца, калі выкрыюць ворагаў. А калі ня вернуцца, значыцца, усё добра, і тады трэба будзе ад’ехаць і чакаць, як умовіліся.

Напружана праходзілі хвіліны на караблі. Ніхто ня спаў, кожны прыслухоўваўся, ці не страляюць яшчэ, ці не набліжаецца лодка. Але ўсё было ціха. Вось зачырванеў усход. Трэ’ было ад’яжджаць. Выходзіла, што справа стаіць добра.

Але трывожна было на душы ў паўстанцаў. У кожнага мільгала думка: «А што, калі яны ўсе загінулі?» І ніхто не адважыўся выказаць гэтай думкі голасна.

Адчуваў гэта і Гудас, ведаў, аб чым думаюць яго таварышы і, каб падбадзёрыць іх, спакойным голасам сказаў:

— Ну, вось і ўсё добра. Таварышоў нашых мы ведаем. Нават, калі-б здарылася якое няшчасьце, дык тады хто-небудзь прыплыў-бы і бяз лодкі, калі ня жывы, дык мёртвы. Праўда, таварышы?

— Вядома! — дружна адказалі гаспадары карабля і адчулі сябе крыху спакайней.

Пакінутыя таварышы таксама былі зьбянтэжаны стрэламі. А калі карабель і пасьля стрэлаў ня спыніўся і зьнік у цемры, дык нават у гэтых сьмелых людзей сьціснулася сэрца. Агню наверсе ужо ня было відаць.

— Ці варта цяпер лезьці, калі справа высьветлілася? — сказаў адзін з іх.

— Ну, не, брат, нічога ня высьветлена! — адказаў Сідан. — А можа гэта нашы таварышы даюць знак?

І лодка пачала шнырыць узад і ўперад каля сьмяротных рыфаў. Зоркі ды белыя грабяні хваляў служылі асьвятленьнем. Кожны момант можна было чакаць, што лодка-трэска стукнецца аб камень. Але маракі спакойна і ўпэўнена рабілі сваю справу.

Нарэшце знашлі патрэбны ім праход. Ад’ехалі крыху назад, паставілі лодку носам на скалы і паляцелі проста на бар’ер…

Якая павінна была быць упэўненасьць, каб так сьмела кінуцца на каменьні! Узьляцела лодка на хвалю, так што нос яе на момант застаўся ў паветры, — і праз міг апынулася на тым баку. Пад’ехалі да самай сьцяны, накіраваліся ўздоўж яе. Вось заварот налева, у маленькую бухтачку, потым направа, — і нарэшце, яны ў нейкім калідоры, або шчыліне.

Гэтая шчыліна (або, як кажуць, фіёрд) і мелася на ўвазе, калі гаварылася аб «Скалах ластаўкіных гнёздаў». Яна мела шырыню і даўжыню ня болей за добры карабель, знаходзілася ў недаступным месцы, дзеля ўсяго гэтага зусім ня лічылася за прытулак; нават на картах, не адзначалася, бо такіх нязначных фіёрдаў было шмат.

Стромкія сьцены ўздымаліся ўверх мэтраў на 300-400. Тут заўсёды панавала цішыня, нават шум бурунаў ледзь дасягаў сюды. Затое-ж кожны гук адгукаўся рэхам, нібы ў пустой бочцы. Калі заехалі ў сярэдзіну, дык зноў заўважылі наверсе агонь. Але як пазнаць, хто там?

— Вось што: я крыкну голасам «ваў-ваў», — прапанаваў адзін таварыш. — Калі свае, дык пазнаюць.

— Але-ж гэта і рызыкоўна, — супярэчылі другія. — Калі ворагі, дык таксама зьвернуць асаблівую ўвагу, бо адкуль у цясьніне, ля вады, сярод голых скал можа быць малпа? А яны, мусіць, ня ведаюць, што мы тут, бо бачылі, як карабель пашоў назад.

— Каб хоць крыху падняцца дзе-небудзь вышэй пад дрэвы, тады было-б праўдзівей.

— Ці ня лепш было-б ціхенька ўзьлезьці да іх?

— Па гэтых сьценах, ды ў цямноце — немагчыма.

— А трэба высьветліць гэта да сьвятла. Засталося толькі 2-3 гадзіны.

— Ды нам нарэшце і патрэбы няма занадта пускацца на хітрыкі, — сказаў Сідан. — Ня ў тым справа, ці ворагі пазнаюць нас, ці не, а ў тым, каб мы іх пазналі, — вось і ўсё. Крычы!

І сярод ночнай цішыні пачуўся праразьлівы крык ваў-ваў…

Замільгалі наверсе цені, вось нехта схіліўся над самым абрывам, але з такой вышыні нічога нельга было разгледзець. Потым і адтуль у адказ пачуўся такі самы крык.

— Мусіць, нашы! — абрадаваліся таварышы. Зноў крыкнулі два разы. Зноў такі самы адказ. Потым зьверху паляцела галавешка з агнём. Доўга яна ляцела, пакуль зашыпела ў вадзе, і за гэты час пасьпела асьвятліць чорнае бяздоньне.

— Хто вы? — ледзь данёсься зьверху голас.

— А вы?

— Мы вас чакаем.

— Адкуль вы нас ведаеце?

— «Саардам».

— Свае! — радасна загаманілі ўнізе.

— Але для пэўнасьці яшчэ задалі пытаньне:

— А хто з нашых знаёмых ёсьць сярод вас?

Чалавек захістаўся ў паветры на доўгай вяроўцы.


Чалавек захістаўся ў паветры на доўгай вяроўцы.

— Сурат, таварыш Сідана.

— Злазь сюды, калі можаш.

— Зараз! Чакайце ў правым куту.

Вось агонь засьвяціўся ўжо над гэтым кутом, але сьвятло ледзь дасягала толькі да сярэдзіны сьцяны. Пазіралі таварышы ўгору і ня верылі, што адтуль можна спусьціцца.

Але праз некалькі хвілін яны неспадзявана заўважылі, што чалавечая постаць варушыцца на нейкай прыступачцы ўжо пасярэдзіне сьцяны. Яшчэ некалькі хвілін — і чалавек захістаўся ў паветры на доўгай вяроўцы. І, нарэшце, новы таварыш апынуўся ў лодцы. Няма чаго і казаць, якая была радасьць з абодвух бакоў!

— Мы былі ўпэўнены, што гэта «Саардам», — казаў Сурат, — але ніякім чынам, апрача агню, не маглі даць знаць аб сабе. Крыкаў ня чуваць, а страляць баяліся, каб ня спудзіць. Толькі калі карабель пачаў адыходзіць, мы з роспачы пачалі страляць з рэвольвэраў, бо стрэльбаў у нас няма.

— Колькі вас тут?

— Пяць чалавек. Мы сядзім ужо тыдзень. Паслалі нас сюды на кожны выпадак, бо пэўнага месца ня было вызначана. Уздоўж берагу яшчэ сядзяць таварышы ў некалькіх пунктах, якія больш-менш абгаворваліся. Мы зусім не спадзяваліся на такую ўдачу. Ну, як у вас? Ці гарачая была справа? Ці дужа нашых загінула?

— Два таварышы. Затое мы маем 100 кулямётаў і 30.000 вінтовак.

— Ого! — аж падскочыў Сурат. — На цэлую армію хопіць!

— Ці знойдзецца тут добрае месца, каб схаваць усё гэта?

— Нагэтулькі, мусіць, не. Але пашукаўшы, знайсьці можна будзе. Толькі-б было што хаваць. Напрыклад, тая дзіра, праз якую я прышоў, вельмі добрая, толькі для ўсяго багацьця будзе замалая. А цяпер запрашаю вас у госьці да нас. Начаваць усім у лодцы будзе надта цесна.

— Ахвотнікаў ісьці, або, вярней, лезьці ў госьці знашлося больш, чымся трэба. Прышлося чатырох пакінуць прымусова, а рэшта палезьлі ўгору.

— Як бачыце, мы самі тут і вяроўку даўжэнную зьвілі і нават вузлоў нарабілі, каб лягчэй было лезьці, — тлумачыў гасцінны гаспадар і першы палез уверх.

З тэй прыступачкі ўбок ішла шчыліна, а далей адчыняўся нібы тунэль між наваленых адна на адну скал. Але прабірацца паміж іх ня было аніякай прыемнасьці. Увесь час прыходзілася то каціцца ўніз, то стукаць галавой аб верх, то паўзьці на каменьні; на кожным кроку то адна, то другая нага трапляла паміж каменьняў і рызыкавала калецтвам. Добра яшчэ, што насустрач вышлі таварышы з агнём, а то зусім было-б дрэнна.

— Калі нам прыдзецца тут цягаць наш груз, дык мы яго ўвек не перацягнем, — заўважыў Сідан.

— Нічога. Можна прызвычаіцца, — адказалі гаспадары. — А можа прыдумаем што-небудзь і іншае.

Нарэшце, павылазілі вон, абагнулі некалькі скал, падняліся яшчэ вышэй і апынуліся ля стаянкі. Каля скалы быў пабудованы з гальля шалаш, супроць яго гарэла вогнішча. Пры гэтым яно было разьмяркована так, што сьвяціла толькі на мора, а з бакоў ня было відаць.

Акіян чарнеўся і дыхаў недзе далёка і глыбока. Шум хваляў ледзь даносіўся зьнізу. А ззаду ў дзікім беспарадку грамазьдзіліся горы. Хоць і нельга было разглядзець іх выразна, але неяк адчувалася, што яны нібы лезуць і праціскаюцца да берагу.

— Як вы дабраліся да гэтага месца? — запытаўся Сідан.

— Калі трэба, усюды пройдзеш, — усьміхнуўся таварыш.

— Ці ёсьць блізка людзі? Ці наведваюша сюды голяндзкія сабакі?

— Хоць гэтыя горы і заросшыя, але засяліць іх няма магчымасьці, тым болей, што доступу да мора няма. Дзе-ні-дзе сустракаюцца толькі 2—3 халупкі, куды голяндцы без патрэбы ня соваюцца. Да бліжэйшага больш-менш значнага пункту па простай лініі будзе ня болей 20—30 кілёмэтраў, але каб прайсьці гэты кавалак, патрэбны 3—4 дні.

— Тым лепей, — задаволена сказаў Сідан.

Доўга яшчэ гутарылі таварышы і паляглі толькі перад сьвітаньнем. Але з усходам сонца былі ўжо на нагах.

Пры дзенным сьвятле мясцовасьць рабіла яшчэ больш моцнае ўражаньне. Лёгкі сьвежы ветрык моршчыў цёмна-сінюю паверхню акіяну, і яна зіхацела пад праменьнямі сонца, нібы рыбіная луска. Ля рыфаў паранейшаму пеніліся буруны. Скалы страцілі сваю таемнасьць, але заместа гэтага выявіліся розныя дэталі, якіх нельга было разгледзець у цемры: розныя надбудовы, дабудовы. Крыху далей на захад віўся дымок вулькану.

У самых недаступных шчарбінах, з боку мора, былі прымацованы тысячы гнёздаў ластавак-салянганаў. Зьверху яны былі адкрытыя, не замурованыя, як у нашых ластавак, і нагадвалі місачкі. У некаторых нават можна было ўбачыць па два белых яечкі. У другіх сядзелі самкі. Рэшта лётала хмарамі і аглушала паветра сваім крыкам.

— Ды тут і спажыва ёсьць, — сказаў Сідон, паказваючы на гнёзды. — Калі ня будзе чаго есьці, дык можна будзе і за гнёзды ўзяцца.

— Ня вельмі, — адказаў Сурат. — Гэта не сапраўдныя салянганы, яны прымешваюць у свае гнёзды расьліны. Каб гэта былі чыстыя, дык ня было-б тут такога бязьлюдзьдзя.

«Чыстыя» салянганы лепяць сваё гняздо толькі з аднэй сьліны. Калі яна {{Абмылка}засхне|засохне}}, дык мае выгляд халадца. Салянганы чатыры разы ў год выводзяць дзяцей (па двое) і кожны раз лепяць новае гняздо. Лепшымі гнёзды бываюць тады, калі птушаняты толькі што пачынаюць абростаць пухам; тады гнёзды бываюць белыя, празрыстыя. Да гэтага часу гнёзды лічацца горшымі, а калі птушаняты абрастуць пер’ем, тады гнёзды чарнеюць і зусім ня ўжываюцца. Эўропэйцы кажуць, што смак салянганавых гнёздаў ня надта ўжо цікавы, але кітайцы плацяць рублёў 80 за кілёграм (а на яго ідзе каля 140 гнёздаў).

Але самым прыемным для нашых таварышоў было тое, што нідзе ня відаць быхо сьлядоў чалавека. Можна было падумаць, што яны заехалі недзе на край сьвету.

— Усё гэта добра, — сказаў нарэшце Сідан, — але ці зможам мы тут схавацца з нашым караблём?

— Вось зірні, — адказаў Сурат і падвёў яго да краю берагу. З гэтай вышыні адкрылася, як на далоні, ня толькі ўсё прыбярэжжа, але і самае дно мора. Вызначыліся паасобныя камні над вадой, якіх звычайна нельга заўважыць. Відаць сталі глыбокія і мелкія месцы, і на сотню крокаў управа вызначыўся досыць добры праход паміж рыфаў.

— Нават ня трэба спэцыяльнага абсьледваньня рабіць, — казаў Сурат. — Адсюль усё відаць лепш, чымся адтуль.

— Але якая шырыня і глыбіня праходу?

— Гэта ўжо можна вымераць.

Сідан падышоў да другога краю і гукнуў таварышоў у лодцы.

— Пад’яжджайце вунь туды і вымерайце глыбіню і шырыню праходу!

Лодка паехала. Пад кіраўніцтвам зьверху пачалі рабіць прамеры. Шырыню праходу зьмералі лёгка; яна была выстарчальнай для карабля. Але глыбіню дасканала зьмераць ня было магчымасьці, бо лодка ў гэтым віры не магла прыпыніцца. Зьмералі прыблізна, вяслом наўскасок.

— Футаў з 8! — крыкнулі зьнізу.

— Дрэнна! — нахмурыўся Сідан. — А карабель сядзіць на 13. У якім стане зараз прыліў?

— Ды якраз цяпер самы адліў, — адказаў Сурат. — Прыліў павінен быць пасьля паўдня. Значыцца, наступны — пасьля поўначы. Вы самі прыехалі ў часе прыліву.

— Ці высока ён падымаецца?

— Ды ўчора, напрыклад, зусім схавалася вунь тая скала.

Сідан зірнуў на яе і павесялеў: скала выглядала досыць высокай.

— Хлопцы! Прыкіньце там вышыню вунь тэй скалы! — зноў крыкнуў ён уніз.

— Футаў з 10! — адказалі зьнізу.

Сідан з задавальненьнем пацёр рукі. Гэта, значыцца, разам дасьць 18 футаў!

Потым прасачылі глыбіню ў іншых мясцох, па дарозе ў фіёрд. Зьмералі адлегласьць ад бар’еру да прыбярэжнай сьцяны, каб паглядзець, ці зможа карабель павярнуць убок. Гэты вынік быў ня вельмі здавальняючы: адлегласьць мала перавышала даўжыню карабля; значышца, ня вельмі тут разгорнешся.

— Ну, што-ж? — сказаў адзін з таварышоў. — Нічога ня зробіш. Прыдзецца браць крыху наўскос, ды, апрача таго, цягнуць канатамі. Вунь за тую ды за тую скалу можна будзе іх зачапіць.

Такім чынам абмеркавалі ўсе магчымасьці, падрыхтаваліся і сталі чакаць вечара. А гадзіне першай, ці другой надышоў прыліў і сапраўды заліў тую скалу. Значыцца, з гэтага боку ўсё было добра.

А тымчасам таварышы ляглі спаць, каб падмацаваць сябе да рашучай ночы.

Пад вечар лодка выехала ў мора. Прайшло поўгадзіны, гадзіна, а наперадзе нікога ня было. Яшчэ гадзіна прайшла, зрабілася ўжо зусім цёмна, але ні карабля, ні катэра нідзе ня было…

Рукі з вёсламі самі апусьціліся, лодка спынілася.

— Зброя! Столькі зброі загінула! — прастагнаў Сідан і тая-ж самая думка адбілася ў сэрцы яго таварышоў.

І толькі пасьля гэтага падумалі яны аб лёсе і тых, што былі на караблі…


∗     ∗

Карабель ціха калыхаўся па спакойным прасторы Індыйскага акіяну. Час ад часу ён пад’яжджаў некалькі кілёмэтраў, бо яго адносіла ўбок плынь ды ветрык, а потым зноў стаяў на месцы, бы сонны. Навакол ні душы.

Але гэты спакойны дзень для каманды «Саардама» быў больш трывожны, чымся ранейшыя бурныя дні. Хоць і супакойвалі яны сябе, што, мусіць, усё добра, калі таварышы не вяртаюцца, але ўпэўненасьці ня было. Можа яны ўсе захоплены? Можа ў гэты час сьпяшаюцца сюды голяндзкія сілы? А яны тут стаяць і чакаюць…

Пасьля паўдня неспадзявана раздаўся крык вартавога:

— Дым зьлева! — І гэты крык разануў усю каманду, нібы электрычны ток. Кінуліся на левы бок, накіравалі падзорныя трубы. На поўдні ледзь віднеўся карабель, але распазнаць яго было немагчыма, нават нельга было заўважыць, у які бок ён ідзе.

Каманда пазірала на кіраўнікоў, чакаючы загаду: ці ўцякаць, ці падрыхтоўвацца да бойкі?

Тыя напружана сачылі за караблём і абменьваліся думкамі.

— Рэгулярныя караблі тут ня ходзяць. Значыцца, гэта ёсьць нейкі выпадковы.

— Але ён, як відаць, ідзе з боку Аўстраліі, значыцца, ня з тых, што маглі быць пасланы за намі ўздагон.

— Гляньце — гэта-ж ангельскі дрэдноут! І ідзе ён на паўночны захад. Да нас ён ніякага дачыненьня ня можа мець.

— Але ён потым можа сказаць, што бачыў нас ля берагу каля «Скал ластаўкіных гнёздаў», а гэта будзе зусім дрэнна.

— Тады нам трэба паказаць, што мы ідзем зусім у другі бок.

І праз некалькі хвілін «Саардам» накіраваўся на паўднёвы захад, у бок Афрыкі. Шляхі абодвух караблёў павінны былі скрыжавацца. Магутнае сталёвае, чатырохтрубнае страшыдла набліжалася так хутка, што сустрэча павінна была адбыцца бліжэй, чымся гэта была пажадана.

— Гэта ўжо занадта! — нездаволена бурчэў, Гудас.

— Цяпер ужо нічога ня зробіш, — казаў Салул, — назад ужо ня пойдзеш. Але тым таварышом, якія ўбраны не ў вайсковае адзеньне, прыдзецца хутчэй схавацца. У тым ліку, выбачай, і табе самому. Бо калі заўважаць такога капітана ды такую каманду на ваенным караблі, дык могуць заарыштаваць нас.

Гудас ня мог не згадзіцца з гэтым і, са сьмешным выглядам, чухаючы патыліцу, палез са свайго высокага паста. Яго месца заняў Гейс. Схаваліся і Гудасавы малайцы, на першае месца высунулі «сапраўдную» каманду.

Дрэдноут перасек дарогу мэтраў на сто наперадзе. Нібы гмахі, уздымаліся на ім вежы, з якіх высоўваліся даўжэнныя гарматы. Вялізныя белыя хвалі ўздымаліся ля носу карабля. На палубе відаць былі белыя постаці каманды.

Якім маленькім і нікчэмным здаваўся перад гэтым волатам «Саардам» з яго цёмнаскурай камандай!

Але па морскіх звычаях абодва караблі віталі адзін аднаго флагамі: дрэдноут — ангельскім, «Саардам» — голяндзкім, і разьехаліся, як і ўсе добрыя людзі.

Калі дрэдноут ад’ехаў, вылез і капітан са сваёй камандай.

Якім маленькім і нікчэмным здаваўся перад гэтым волатам „Саардам“!

— Крыўдна, чорт пабяры, першаму адміралу незалежнай Явайскай Рэспублікі хавацца ад суседняй дзяржавы! — пажартаваў Салул.

— Для пачатку досыць і таго, што мы салютавалі адзін аднаму, як роўныя, — адказаў Гудас.

Паступова «Саардам» пачаў зьмяншаць ход, але прашло яшчэ шмат часу, пакуль дрэдноут зусім зьнік з вачэй.

А калі «Саардам» вярнуўся назад, была ўжо ноч.

Можна сабе ўявіць, як абрадаваліся асірацелыя таварышы ў лодцы, калі ўбачылі свой карабель!

Рашучы момант набліжаўся. Карабель падышоў да рыфаў.

— Каб яшчэ сьветла было, дык поўбяды, а так ужо занадта рызыкоўна, — разважалі маракі. — Нават сваім сьвятлом вельмі асьвятляцца ня прыходзіцца, каб не зьвярнуць на сябе непатрэбнай ўвагі.

На Гейса быў ускладзены тэхнічны, інжынэрны бок справы. Ён загадаў запаліць 3 ліхтары: 2 па бакох і адзін наперадзе. Бакавыя трэба, было засланіць зьверху і накіраваць сьвятло толькі на скалы па бакох праходу. Пярэдні такім самым чынам павінен быў асьвятляць дарогу перад носам карабля. Калі, нарэшце, запалілі ўсе тры ліхтары, дык засталіся вельмі задаволенымі: толькі тры яскравыя плямы блішчалі на вадзе, а ўвесь карабель губляўся ў цемры.

— Гэтак і за поўкілёмэтра не заўважыш яго, — казаў Гудас.

Потым замацавалі два тросы[35] на беразе: адзін якраз наперадзе, а другі далей, убок. Гэтыя тросы павінны былі наматваць машыны («лябёдкі»), і карабель павінен быў пасоўвацца наперад павольна, цьвёрда і пэўна, крыху наўскасок і не адхіляючыся ў бакі. На долю каманды заставалася толькі кіраваць кармой карабля, каб яна ня стукнула аб каменьні. Але гэтае «толькі» было цяжэй і небясьпечней за ўсё іншае.

Заставалася яшчэ адна небясьпечная магчымасьць. Калі карабель павольна цягнуць наперад двума напружанымі тросамі, ён, вядома, адхіляцца ня будзе і пойдзе па сярэдняй лініі. Але што будзе, калі хвалі штырхануць яго ззаду і прымусяць пайсьці хутчэй, чымся трэба?

— Значыцца, трэба будзе ўвесь час падтрымліваць задні ход, каб карабель не пасунуўся наперад, — адказаў Гейс. — Іначай кажучы, трэба будзе адначасова карыстацца абедзьвюма процілеглымі сіламі і даваць перавагу першай настолькі, наколькі гэта патрэбна. Разам з тым гэта значна паслабіць і рухі кармы ўбок.

Доўга ішла падрыхтоўчая праца. Асабліва цяжка было замацаваць тросы. Вада тымчасам усё прыбывала. А другой гадзіне яна заліла ўжо і той камень, які служыў меркай прыліву.

Карабель стаяў нарыхтаваўшыся, носам наперад, і чакаў апошняй хвіліны. Сто чалавек каманды прымасьцілася па бакох, узброеныя чым толькі магчыма. Значная частка сядзела на трапах[36] з надворнага боку карабля. Усе трымалі ў руках што-небудзь, каб адпіхнуцца ад скалы. Нават мяхі з мукой пусьцілі ў ход; яны віселі па бакох на вяроўках, і два чалавекі трымаліся за канцы яе, каб, у выпадку неабходнасьці, апусьціць мяхі ў ваду між караблём і скалой.

— Пачынай! — закамандаваў Гейс.

Затарахцелі лябёдкі, нацягнуліся тросы, — і карабель папоўз наперад. Але чым бліжэй да рыфаў, тым мацней былі хістаньні карабля. Гудас стаяў ля старна. Босы, цёмнаскуры, з голай галавой, у расшпіленай падранай кашулі, з палаючымі вачыма, — ён здаваўся адным з тых капітанаў-зданьняў на зачарованых караблёх, аб якіх ходзіць столькі легенд сярод маракоў усяго сьвету.

Гейс кіраваў машынамі. Яго рукі і зьвінючы голас здаваліся зусім спакойнымі, але больш уважлівае вока магло-б заўважыць, як дрыжаў кожны нэрв, кожны мускул на яго твары і ў руках.

— Задні ход!

— Аслабіць тросы!

— Аслабіць ход!

— Узмацніць тросы!

Вось ужо сярэдзіна карабля ў праходзе. Каманда з посьпехам адпіхваецца ад скал. Вось самы рызыкоўны момант: у праходзе хістаецца карма. Вось яна адхіснулася налева, на камень. Шчаціна з жардзей, кіёў утыкаецца ў камень, сьлізгаецца.

Вось адзін з людзей паляцеў з трапа ў ваду, ледзь ня трапіў паміж караблём і скалой, упаў і выплыў к носу карабля. Ратаваць яго ня было часу ды і ня трэба было: ведалі, што ня ўтопіцца.

Потым раптам кінула карму направа. Людзі не пасьпелі, ці не маглі, устрымаць яе сваімі жэрдкамі… Пачуўся штурх, лёгкі: два мяхі з мукой апынуліся між караблём і каменем.

Лягчэй уздыхнулі сотні грудзей. І яшчэ лягчэй усе ўздыхнулі, калі карабель шугануў праз бар’ер. Але праз момант радасьць была сапсавана другім штыршком, цьвёрдым, злым. Трэснула наперадзе, ля носа…

Гейс кінуўся наперад. Але нос карабля не дакранаўся да берагу. Значыцца, карабель штырхануўся аб нейкі падводны камень ля сьцяны.

Тымчасам зьнізу паведамілі, што ў левай насавой частцы, на поўмэтра ніжэй ватэрлініі[37] прабіта дзірка на шчасьце невялікая, бо рух карабля быў вельмі слабы. Пакуль што запхнулі яе, пусьцілі ў ход насосы і пачалі сунуцца далей.

— У параўнаньні са ўсёй справай такая бяда, — зусім не бяда, — весела казаў Гейс. — А калі разгрузім карабель, дык прабоіна падымецца над вадой, і яе лёгка будзе паправіць.

Далейшая праца была ўжо лягчэйшай. Паціху заехалі ў фіёрд, паставілі карабель, замацавалі яго. Але, на жаль, увесь ён не схаваўся, і карма яго крыху высоўвалася. Праўда, высоўвалася яна ня ў мора, а ў такі самы фіёрд, але ўсё-ж такі, калі хто-небудзь з мора захацеў-бы пільна прасачыць бераг, дык мог-бы заўважыць.

— Нічога! — супакоіў Гудас. — Мы так прыбяром гэты канец зялёным гальлём і дрэвамі, што нават зблізку не пазнаюць.

Гэтую ноч правялі, як кажуць, нібы пшаніцу прадаўшы. Кожны адчуваў спакой, упэўненасьць. Важнейшая праца была зроблена, зброі не пагражае непасрэдная небясьпека. Нават, калі-б цяпер і зьявіліся голяндцы, з імі можна было-б уступіць у бойку, як роўны з роўным.

Каб выгрузіць зброю пры такіх нязручных умовах, знайсьці для яе месца, перанесьці, разьмеркаваць, а потым яшчэ паправіць карабель, — патрабавалася шмат часу, можа некалькі месяцаў. А тымчасам трэба было падрыхтаваць справу і з другога боку — увайсьці ў сувязь з організацыямі па ўсёй краіне.

Дзеля гэтага ўжо на другі дзень Гейс і Салул пакінулі карабель і накіраваліся праз горы. А там яны разлучыліся: Салул паехаў у Батавію, а Гейс — у Сурабайю. Адтуль ён паехаў у Сінгапур і прыехаў у Батавію ўжо ў якасьці паважанага мінгера ван-Дрэкера. Далейшае нам ужо вядома.


∗     ∗

Каманда «Саардаму» прыступіла да працы. Спачатку «ўпрыгожылі» карабель: так схавалі яго за зелянінай, што выкрыць яго можна было-б толькі пад’ехаўшы зусім шчыльна.

Потым пачалі прыстасоўвацца да выгрузкі. Прыладзілі блёкі, каб падымаць цяжары ўгору, але ў той-жа дзень прышлося ня толькі прыпыніць падрыхтоўку, але нават прыбраць тое, што было зроблена.

На захадзе, ля берагу заўважылі чорную кропку. Праз некаторы час убачылі, што гэта паравое невялікае судна. А яшчэ праз некалькі хвілін пераканаліся, што гэта голяндзкі мінаносец.

Паводле таго, што ён ішоў ад захаду, уздоўж берагу і нібы часам прыпыняўся, — можна было дагадацца, што ён пасланы спэцыяльна, каб абсьледваць паўднёвы бераг Явы, а можа і іншых вастравоў, і знайсьці сьлед «Саардама».

— Схаваць усе адзнакі прысутнасьці людзей і самім схавацца! — раздалася каманда Гудаса. Разам з тым загадана было падрыхтаваць зброю на выпадак бойкі.

Праз момант «Скалы ластаўкіных гнёздаў» апусьцелі, заціхлі. Толькі буруны гулі ля рыфаў ды салянганы гарланілі. А іншыя птушкі нават асьмеліліся настолькі, што пачалі лётаць па дрэвах, што засланялі карму «Саардаму». І стары Гудас за гэта быў ім вельмі ўдзячны.

Мінаносец наблізіўся. Убачыўшы маленькую затоку, ён нават павярнуў бліжэй да берагу, але пеністыя буруны папярэдзілі яго, што сюды набліжацца нельга. Вакол бязьлюдзьдзе; толькі птушкі шчабечуць ды лётаюць па дрэвах.

Ці магло каму прыйсьці ў галаву, што тут хаваецца вялікі карабель, што дзьвесьце вачэй напружана сочаць за кожным рухам мінаносца? І ён паехаў сабе далей.

Пасьля гэтага, у працягу некалькіх тыдняў, бачылі толькі адно паруснае судна ды адзін параход па небасхіле. Можна гэта таксама быў голяндзкі ваенны карабель, які шукаў іх вакол Явы, — але пасьля першай удалай спробы каманда «Саардаму» бадай зусім ня трывожылася.

Праца-ж ішла сваёй чаргой. Марудна, скрыня за скрыняй, падымаліся ўгору вінтоўкі, патроны; паднялі некалькі кулямётаў. Доўга прышлося радзіцца, ці чапаць карабельныя гарматы. Адны казалі, што «Саардаму» з яго чатырма невялікімі гарматамі ўсёроўна немагчыма ўступаць у бойку з добрымі ваеннымі караблямі, а на зямлі яны спатрэбяцца. Другія даводзілі, што і на зямлі іх нельга будзе выкарыстаць, бо перацягнуць іх праз гэтыя горы ды з належнай колькасьцю снарадаў — ня хопіць сіл. Досыць будзе, калі ўдасца даставіць усе вінтоўкі, кулямёты і патроны. Чатыры гарматы ўсёроўна ня вырашаць лёсу вайны, а на караблі могуць спатрэбіцца хоць-бы супроць таго самага мінаносца. Трэція прапанавалі падзяліць гарматы папалам.

Але брацца за гэтую справу было яшчэ зарана, бо выявілася, што і тэй часткі зброі, якая ўжо выгружана, няма куды дзець. Тая дзірка, праз якую тады лез Сідан з таварышамі, была ўжо зусім поўная, што надзвычайна перашкаджала зносінам з верхавінай гары. Некалькі суседніх невялікіх шчылін таксама былі запоўнены, а між тым ня было выгружана і трэцяй часткі ўсяго дабра. А тымчасам дажджы пагражалі зусім папсаваць баявыя прыпасы.

Прышлося падумаць аб тым, каб знайсьці больш адпаведны «склад» для зброі.

Пачалі кожны дзень пасылаць па некалькі чалавек на разьведку, каб знайсьці якую-небудзь пячору. Абшукалі ўсе ваколічныя горы, але ня так лёгка было знайсьці такое падзямельле, каб зьмясьціць усю зброю.

У час аднэй з такіх экскурсій нават згубілі таварыша.

Група ў пяць чалавек заблыталася ў горах. Круціліся яны паўдня, змарыліся, выгаладаліся і, нарэшце, апынуліся перад бяздоньнем, якое далёка ішло ўправа і ўлева. Перайсьці нельга, трэба абыйсьці, але з якога боку? Парашылі паслаць двух чалавек у абодва канцы, каб выглядзець лепшую дарогу.

Але ісьці нікому не хацелася, бо ўсе змарыліся і аднаму ісьці ў такім выпадку небясьпечна. Гады адзін вызваўся пайсьці дабраахвотна; гэта быў Гоно, той самы забулдыга, у якім прачнулася сумленьне ў часе захопу «Саардаму».

— Малайчына, Гоно! — пахвалілі таварышы. Добры сябра! А другому ўжо прыдзецца пайсьці па жэраб’ю.

Пайшлі таварышы ў розныя бакі. Праз поўгадзіны пачуўся стрэл з боку другога таварыша. Гэта азначалася, што дарога знойдзена. Тады пачалі страляць, каб даць знаць Гоно, што можна вярнуцца. Але адказу ніякага ня было. Зноў пачалі страляць, пачакалі і нарэшце прымушаны былі ісьці шукаць яго.

— Вось табе і выгадалі! — бурчалі таварышы. — Усёроўна прыходзіцца хадзіць, ды можа яшчэ няшчасьце якое здарылася.

Увесь час страляючы, пашлі яны ў той бок і ў адным месцы, на вострым вузкім беразе бяздоньня знашлі… кавалак кашулі Гоно.

Справа ясная: небарака зваліўся ў бяздоньне.

Каб супакоіць сумленьне, пастралялі яшчэ. Спробвалі абыйсьці навакол, каб знайсьці цела, але ніяк нельга было даступіцца. Так і вярнуліся ні з чым.

Калі на караблі даведаліся аб няшчасьці, то вельмі шкадавалі небараку.

— Шмат за ім было грахоў, але шчыры быў хлапец. Адразу перайшоў да нас, хоць гэтага ад яго і не чакалі.

Асабліва засмуціўся Сагур, былы памочнік Салулаў. Ён падышоў да Гудаса і доўга аб нечымсь размаўляў з ім.


II. ПА ЦЭНТРАЛЬНАЙ ЯВЕ.

Далейшае падарожжа ван-Дрэкера. — „Незалежны“ султан і „малодшы брат“. — Яснавяльможнае пужала. — Самы вялікі імпэратар у сьвеце. — Страўная процэсія. — Нарада ў настаўніка.

Цягнік павольна рухаўся на ўсход. Дарога ўздымалася, закручвалася, абмінала горы, перасякала цясьніны. Па бакох то засаджаныя рысам тэрасы, то шырокія даліны, падзеленыя на «савахі» (вучасткі), нібы шахматы. І ўсюды, бы мурашкі, — народ; ён ідзе пехатою побач з цягніком, таўчэцца па станцыях, капошыцца на палёх, туліцца ў сваіх кампонгах.

Вышыня мясцовасьці — больш тысячы мэтраў, таму, ня гледзячы на поўдзень, гарачыня крыху меншая, чымся звычайна бывае ў гэтых краёх. Вось Бандунг, галоўны горад рэзыдэнцтва Прэангер. Ён таксама галоўны ва ўсім сьвеце па здабычы хіны. Гэта расьліна, прыехаўшая з Паўднёвай Амэрыкі, вельмі добра адчувае сябе тут. Усе горныя тэрасы засаджаны хінавымі дрэвамі. Адны толькі-што пасаджаны, другія падрастаюць, а трэція дасягнулі сваіх 8 год, і іх сякуць, абдзіраюць кару і вязуць на фабрыку.

У вагоне 1 клясы едуць чалавек 15 пасажыраў і сярод іх знаёмы нам мінгер ван-Дрэкер, паважаны прадстаўнік фірмы ван-Бром і К° у Амстэрдаме. Супроць яго сядзіць круглы голяндзкі плянтатар і дае яму парады:

— Вы крыху спазьніліся, мінгер ван-Дрэкер са сваёй справай. Умовы цяпер значна пагоршыліся. Зямлю цяпер вельмі цяжка знайсьці. Можа толькі дзе-небудзь у дзікім кутку, далёка ад чыгункі.

— Наша фірма мерыцца шырока паставіць справу, — важна казаў ван-Дрэкер. — Яна ня спыніцца нават перад тым, каб пабудаваць сваю ўласную чыгунку.

— Вось такія прадпрыемцы нам цяпер і патрэбны! — падхапіў сусед, па выгляду, нейкі значны голяндзкі чыноўнік. — Нам трэба несьці культуру ў глыбіню краіны. Шмат яшчэ ёсьць куткоў, куды не дасягнула цывілізацыя, дзе яшчэ ня ведаюць усёй тэй карысьці, што прыносіць тубыльцам голяндзкая ўлада.

— Становішча пагоршылася яшчэ з другога боку, — казаў далей плянтатар. — За апошнія 6-8 год нейкае паветра занесла такія настроі, аб якіх раней і паняцьця ніхто ня меў: нейкія саюзы, організацыі, партыі. Можаце ўявіць сабе, як усё гэта падыходзіць да тутэйшага насельніцтва!

Ван-Дрэкер зірнуў на другую лаву, дзе сядзелі прадстаўнікі «тутэйшага насельніцтва» — маладая прыгожая явайка ў шаўковым сорангу і чалавек, убраны па-парыску, але босы. Яны гутарылі паміж сабой па-голяндзку.

Плянтатар заўважыў погляд Дрэкера, усьміхнуўся і сказаў:

— Не непакойцеся! Не аб такіх ідзе гутарка. Гэта вышэйшая, культурная кляса. Яны самі разумеюць усё тое, аб чым я кажу.

Да явайцаў падышоў бліскучы голяндзкі афіцэр, і пачалася вясёлая гутарка. Явайка паблісквала вачыма, памахваючы вахляром; яе босы кавалер жартаваў з афіцэрам, бы са сваім братам.

— «Тут ужо сапраўднае роўнапраўства», — падумаў ван-Дрэкер-Гейс.

Пад вечар прыехалі на станцыю Маос. Тут поезд спыняецца на ўсю ноч, і пасажыры павінны шукаць начлег у мястэчку. Амаль усе спадарожнікі Дрэкера ехалі ў Сурабайю і павінны былі чакаць разам з ім.

— Едзем разам у адзін готэль; я пакажу вам лепшы, — прапанаваў ласкавы плянтатар.

— Гэта будзе залежаць ад майго слугі, які вязе мяне па краіне і адказвае за ўсё добрае і нядобрае, — адмовіўся Дрэкер.

Яму зусім ня было цікава важдацца з гэтымі панамі, асабліва ў Маосе. Ад Маоса ішла дарога ў Тжыладжап, да якога было толькі 15 кілёмэтраў. Тут былі таварышы, якім ён даваў тэлеграму аб небясьпецы для «Саардама». Трэба было даведацца, ці папярэдзілі Гудаса, ці выратаваўся ён з караблём, ці пасьпеў выгрузіць зброю і наогул даведацца, як стаяць іхныя справы ў гэтым раёне.

— Не забудзьцеся прыняць хінавыя пілюлі, — параіў напасьледак плянтатар. — Гэта гіблая мясьціна зьяўляецца цэнтрам трасцы.

— Дзякую, — адказаў Дрэкер, выходзячы з вагону.

Там яго ўжо чакаў Тугай-Салул. Ён падхапіў пакункі, пасадзіў свайго «пана» на хурманку і праз пяць хвілін яны спыніліся ў маленькім заезным доме. Ледзь толькі яны апынуліся адны, Салул сказаў:

— Я думаю нам абодвум ня варта ехаць у Тжыладжап. Я адзін паеду.

— Нічога супроць гэтага ня маюць, — жартаўліва адказаў Гейс. — Адпачыць мне не пашкодзіць.

Салул вярнуўся а трэцяй гадзіне і расказаў, што тэлеграму атрымалі і зараз-жа паслалі двух надзейных таварышоў. Аб далейшым нічога яшчэ невядома.

— Ну, а які настрой людзей тут?

— Ды што-ж? — матнуў рукой Салул. — Як і ўсюды: церпяць, маўчаць і чакаюць збавеньня з неба. Зразумела, калі штурхануць іх, дык заварушацца.

— Ці хопіць людзей для гэтага штуршка?

— Вельмі цяжка назваць пэўны лік. Думаюць, што на першы пачын знойдзецца чалавек сто.

Раніцою паехалі далей. Дрэкер знайшоў у сваім вагоне бадай усіх тых пасажыраў, з якімі ехаў учора. Плянтатар, чыноўнік, афіцэр і нават явайскі франт сустрэлі Дрэкера, як знаёмага.

— Зараз паедзем заграніцу, — сказаў плянтатар, калі поезд рушыў з месца.

Гейс ведаў, аб чым ён кажа, але трэба было прыкідвацца, што ён першы раз на Яве і не дагадваецца, у чым справа. Ён нібы незразумела зірнуў на свайго суседа. Той зараз-жа пачаў тлумачыць:

— Зараз пачнецца незалежная дзяржава Джоджакарта.

— Чуў аб гэтым, — казаў Дрэкер, — але добра не разумею, як гэта выходзіць. Ці сапраўды яна незалежная?

— А як-жа ж? Свой уласны султан, урад. Свае ўласныя вельмі яскравыя саноўнікі. Свая ўлада на мясцох. Чаго-ж вам болей трэба? А вось вам і прадстаўнік гэтай улады. Палюбуйцеся!

Поезд стаяў на нейкай маленькай станцыі. Як звычайна, таўклося шмат народу, галоўным чынам, гледачы. Брудныя прадаўцы, большай часткай кітайцы, бегалі з бананамі, гатаваным рысам, малаком і рознымі іншымі падазронымі па якасьці стравамі.

Паміж іншым, можна было заўважыць, што тутэйшы народ, явайцы, некалькі адрозьніваюцца ад жыхарства Заходняй Явы, сунданэзцаў. Явайцы меншага росту, але складнейшыя. Колер скуры сьвятлейшы. Гейс адразу прыпомніў бантамскіх бадувісаў.

Вось натоўп рассунуўся. Над галовамі закалыхаўся яскравы, пярэсты «пайёнг» (парасон). Нёс яго паўголы тубылец, пасоўваючыся задам да вагону. А пад пайёнгам важна рухаўся чалавек, які, здавалася, толькі што ўцёк са сцэны тэатру. Стракаты шоўкавы саронг блішчаў рознымі цацкамі; з-пад яго відаць былі шырачэзныя шоўкавыя штаны з жоўтымі і чорнымі палосамі, а ногі былі босыя. Галава была абкручана рознакаляровай хусткай, а на ёй яшчэ сядзеў нейкі каўпак («кулук»).

На «кававым» твары гэтага чалавека чорнай тушшу былі намалёваны маленькая бародка, вострыя, закручаныя вусікі і бровы ад самага пераносься блізка што да вушэй. У малайскага племя, як вядома, амаль зусім не расьце расьліннасьць на твары, а між тым у культурных эўропэйцаў ёсьць і барада, і вусы. Дык вось, каб быць падобнымі да культурных голяндцаў, вышэйшая явайская кляса сама сабе малюе бараду, вусы і ў дадатак яшчэ бровы да вушэй.

Але народ зусім ня дзівіўся з гэтага пужала. Наадварот, яшчэ, склаўшы рукі далонямі і працягваючы іх наперад, яны схіляліся перад гэтым панам з самай шчырай пашанай.

Ля дзьвярэй вагона адбылося непаразуменьне. Пайёнганосец ня мог пралезці ў вагон са сваім парасонам, а скласьці яго ня было магчымасьці. Відаць, гэты пачэсны і заслужаны пайёнг рабіўся тады, калі яшчэ не прадбачылі такой штукі, як вагон.

Эўропэйская культура перамагла азіяцкую.


Эўропэйская культура перамагла азіяцкую.

Пайёнганосец спробваў ціскацца і так, і гэтак, але нічога ня мог зрабіць. Між тым далі сыгнал на адход паезда. І бедны саноўнік адаслаў пайёнг назад і ўлез у вагон адзін.

Эўропэйская культура перамагла азіяцкую!

— Гэта які-небудзь «адзіпаці» ці «паці», — казаў тымчасам плянтатар. — Шмат у іх розных чыноў, кожны мае свае адзнакі, спэцыяльнага колеру пайёнг. У адносінах паміж сабой яны строга прытрымліваюцца старажытных цырымоній. Нават мова ў розных выпадках ужываецца розная. З вышэйшымі такі «адзіпаці» гаворыць на аднэй мове, з ніжэйшымі — на другой, а з роўнымі — на трэцяй.

Саноўны пужала ўвайшоў у вагон. Усе пасажыры, у тым ліку і голяндцы з пашанай пасунуліся, каб даць яму лепшае месца.

— Але, як я бачу, вы і самі шануеце іх, — заўважыў Дрэкер.

Плянтатар паціскаў плячыма.

— Хай сабе гуляюць! Нам гэта не пашкодзіць, — і схіліўшыся бліжэй, ціха дадаў. — Усёроўна, усёй краіны мы засяліць ня можам, асабліва гэтыя вільготныя і нездаровыя мясьціны. На ўсю гэтую дзяржаву з некалькімі мільёнамі чалавек нас набярэцца некалькі соцень. Вядома, у такім выпадку лепш сябраваць, чым ваяваць. Пакуль што, хай сабе гуляюць у незалежнасьць!

Гейс ведаў усё гэта лепш ад плянтатара і не працягваў гутаркі.

Мясцовасьць была балацістая. Зьвяртала на сябе ўвагу вялікая колькасьць палёў, засаджаных цукровым трысьцём, і шмат труб цукровых заводаў. Але і сярод агульнай беднаты ўсяго явайскага народу гэта краіна вызначалася сваёй беднасьцю. Прычына гэтаму вельмі простая: тут, апрача голяндцаў, цягнулі сокі яшчэ «незалежны» султан і ўсе яго «паці» ды «адзіпаці».

Апоўдзі пад’ехалі да Д’окьі, сталіцы Джоджакарты. Гарадок хаваўся ў зеляніне, сярод якой вызначаўся «кратон» — палац султана, абнесены сьцяною. Гэта цэлы горад з войскам, садамі, зьвярынцам, слугамі, — разам 15 тысяч чалавек. Жыцьцё тут ідзе таксама, як і сотні гадоў назад; таксама, як і раней султан зьяўляецца богам для свайго народу.

Толькі ёсьць маленькі, нязначны дадатак: збоку стаіць дом і крэпасьць «малодшага брата», голяндзкага рэзыдэнта. Адтуль выглядаюць гарматы якраз на кратон. Дзякуючы гэтаму, між султанам і «малодшым братам» заўсёды пануе згода. Малодшы брат вельмі шануе старэйшага, а старэйшы ўважліва слухае «парады» малодшага.

У Д’окьі вышлі некалькі пасажыраў, у тым ліку і паважаны адзіпаці. Поезд крануўся далей.

— А цяперака паедзем у другую, яшчэ болей магутную незалежную дзяржаву — Суракарту, — сказаў плянтатар. — Кіруе ёю вялікі імпэратар — «сусухунан» Паку-Бувоно-Сэнопаці…э…э…

— Інгнаголого, — адказаў са сьмехам чыноўнік.

— Нгабдур, — дадаў афіцэр.

— Так, так, — Інгнаголого-Нгабдур і Рахман, здаецца, — тужыўся плянтатар.

— І яшчэ — Саўдын-Панотогамо, — скончыў босы джэнтльмэн.

— Ну, скажэце, ці не вялікі сусухунан? — зьвярнуўся плянтатар да Дрэкера.

— Павінен прызнацца, што больш вялікага імя я ня чуў у сваім жыцьці, — адказаў Дрэкер.

Усе ў вагоне засьмяяліся.

Нават не заўважылі, як апынуліся ў другой дзяржаве. І тут, таксама, як і ў Джонджакарце, адчувалася большая беднасьць, чымся ў іншых мясцох Явы. Але разам з тым заўважваліся адзнакі мінулай культуры. Відаць былі руіны даўнейшых цэркваў; часам каменны ідал на полі. У XV стагодзьдзі тут было вялікае Матарамскае царства.

— Станцыя Соло! — абвясьціў кандуктар.

Гэта і быў галоўны горад Суракарты. Дрэкер сабраў свае рэчы, разьвітаўся з сваімі выпадковымі знаёмымі і вышаў з вагона.

Станцыя маленькая, запушчаная, брудная. Мітусіцца і шуміць розны абарваны і голы люд. Няма ўжо голяндзкай чыстаты і парадку. Але для Гейса з Салулам гэта было нават прыямней: прынамсі, лягчэй быць няпрыкметным у гэтым дзікім натоўпе.

Вуліцы вузкія, заваленыя сьмецьцем і гноем. Дамы і халупы дрэнныя, дзіравыя. На вуліцах, на рынку, на плошчы, між дамоў, нібы чэрві, капошыцца народ. Толькі нанач хаваюцца яны ў свае шчыліны, а ўдзень усё дамовае жыцьцё адбываецца пад адкрытым небам. Ня відаць ні магазынаў, ні майстэрняў, бо няма каму прадаваць і рабіць рэчаў. Жывуць усе гэтыя людзі толькі бананамі ды жменяю рысу, што каштуе таней таннага.

Але далей, як належыць, ёсьць панскі квартал. Гейс і Салул выехалі на вялікую плошчу, вакол якой стаяць два готэлі, голяндзкая кірха, клюб, магазыны і дамы голяндцаў. Сюды-ж падыходзіць і сьцяна імпэратарскага кратону, а насупроць яго, як і ў Джоджакарце, крэпасьць «малодшага брата».

На плошчы ім трапілася ўрачыстая процэсія, якая накіроўвалася ад палацу ў рэзыдэнтаў кратон. Павольна, сур’ёзна, па два чалавекі ў рад, рухалася некалькі дзесяткаў чалавек, у рознакаляровых каўпакох з рыбінага пузыра, у яскравых саронгах і шараварах, з крывымі крысамі за сьпіною. У паднятых над галавою руках яны несьлі залатыя і срэбныя блюды, міскі з пакрыўкамі. Наперадзе ішоў важны чалавек і строгімі рухамі адганяў у бок сустрэчных людзей, а з бакоў процэсіі спэцыяльныя асобы трымалі над гэтым начыньнем жоўтыя шоўкавыя пайёнгі, якія зьяўляліся выключна імпэратарскімі адзнакамі. Наогул, па гэтых пайёнгах на Яве можна пазнаць стан чалавека, бо кожнаму чыну належыць пайёнг спэцыяльнага колеру.

— Абед сусухунану нясуць, — прамовіў хурман, паказваючы на процэсію.

Гэты звычай мае сваю цікавую гісторыю. Як і ў кожным добрым царскім палацы, у Суракарце таксама бываюць інтрыгі, змовы, забойствы. І вось калісьці аднаго такога імпэратара блізкія людзі атруцілі. Наступнік, баючыся такога самага лёсу, папрасіў у рэзыдэнта, каб ён дазволіў гатаваць стравы ў рэзыдэнцкай кухні. Рэзыдэнт ахвотна згадзіўся, і з таго часу ўсе сусухунаны гатуюць страву ў рэзыдэнта. Самі голяндцы гэтага жадалі: хоць і кухонная, а ўсё-ж такі політыка, усё-ткі народ бачыць, што іхны пар просіць ласкі ў голяндцаў.

Праз некалькі крокаў ля аднаго дому ўбачылі звычайнага, па-эўропэйску ўбранага голяндца, над якім таксама пойёнганосец нёс парасон.

Тут ужо і Гейс зьдзівіўся.

— Глянь, які «адзіпані» знашоўся! — зьвярнуўся ён да Салула.

— Ды тут яны ўсе так робяць, — адказаў той. — Чым-жа ж яны горш ад тутэйшых паноў? Сама ўлада разьмеркавала паміж іх пайёнгі адпаведна чыну і стану кожнага.

Прыехалі ў готэль.

— Калі ласка, дайце мне такі пакой, каб побач быў другі пакойчык для майго слугі, — сказаў Гейс гаспадару, сухарляваму, рухляваму голяндцу.

— Ці доўга будзеце ў нас?

— Некалькі тыдняў, але часта буду адсутнічаць па некалькі дзён, бо мае справы патрабуюць выездаў з гораду. Дарэчы, можа і вы, як тутэйшы, ведаеце, у якім раёне лягчэй будзе заарандаваць зямлі пад плянтацыі для вялікай голяндзкай фірмы? Вашы паслугі не застануцца без узнагароды.

— Пастараюся, пастараюся, шаноўны пане! — яшчэ ласкавей замітусіўся гаспадар.

Пад вечар Гейс вышаў на вуліцу. На некалькі крокаў за ім пакорна ішоў яго «слуга» і нёс «панскае» паліто.

Недалёка ад готэлю яны спыніліся ля адных дзьвярэй, над якімі была шыльда: школа.

Азірнуўшыся яны ўвайшлі ў гэтыя дзьверы.

Настаўнік-яваец Пандо быў свой чалавек і зьяўляўся галоўным зьвяном для сувязі ў рэволюцыйнай працы. З вялікай радасьцю сустрэў ён гасьцей, адвёў іх у далейшы пакой, пазачыняў усе дзьверы і вокны і, вярнуўшыся да таварышоў, пачаў распытвацца, як стаяць справы.

З захапленьнем праслухаў ён, як быў захоплены «Саардам», адведзены пад «Скалы ластаўкіных гнёздаў», як ужо выгружаюць зброю, ды яшчэ колькі! Якая база створана ў Бантаме і г. д.

— Ну, а цяпер раскажы, што ў вас тут робіцца? — скончыў Салул.

— Патрохі варушымся, — адказаў Пандо, — але надта павольна. Вельмі ўжо цёмны і забіты народ у нас. І самая горшая бяда, што ўлада «свая». У вас прынамсі бачаць чужынцаў, незапрашаных гаспадароў, супроць якіх нават ня трэба падбухторваць народ. А тут, бачце, жыцьцё «незалежнае», свае ўласныя сусухунаны, адзіпаці і розныя чэрці, якія існуюць у працягу стагодзьдзяў. І калі яны самі ня скардзяцца на голяндцаў, дык хто-ж тады пойдзе наперадзе іх? А растлумачыць, што трэба ісьці супроць сваіх — вельмі цяжка.

— Тады трэба ісьці пад лёзунгам «супроць чужых», — сказаў Гейс. — Ёсьць-жа ж у вас досыць гэтых чужых прадпрыемцаў?

— Так мы і робім. Калі што яшчэ зроблена, дык галоўным чынам пад гэтым лёзунгам. Але гэта магчыма толькі там, дзе досыць яскрава выяўляецца прыгнечаньне з боку белых. Часьцей-жа яны хаваюцца за сьпіну мясцовай улады. Ва ўсякім разе, організаваных таварышоў знойдзецца чалавек 400, але яны вельмі раскіданы, і сувязь паміж іх падтрымліваць вельмі цяжка. Ну, вядома, калі пачаць, дык за імі пойдзе шмат тысяч.

— Ну, а з мясцовай улады, ці няма незадаволеных існуючым становішчам? — запытаўся Салул.

— Вядома ёсьць, асабліва сярод вышэйшых. Можна быць упэўненым, што і сам сусухунан ня вельмі задаволены сваім становішчам. Адзін з яго бліжэйшых саноўнікаў, міністар фінансаў Радан-Бого зьяўляецца нават актыўным дзеячом у гэтай справе.

— Добра было-б на пачатак і іх уцягнуць, — усьміхнуўся Салул, — а там, калі разгарыцца пажар, мы ўжо разьбярэмся, што нам рабіць далей.

— Мы гэта і самі тут абмяркоўвам, — падхапіў Пандо, — нават увайшлі ў зносіны з адным муллою, блізкім прыяцелем Радан-Бого. Але, пакуль што, справа гэта зусім яшчэ не наладжана.

— Я думаю, — заўважыў Гейс, — калі ўваходзіць з імі ў зносіны, дык не адкрываць ім усіх нашых карт і ня зьвязвацца організацыйна.

— Вядома, — сказаў Пандо, — мы так і мерыліся. Такія самыя інструкцыі мы атрымалі з Сурабайі. Усюды ўжо больш-менш справа наладжана, застаецца толькі наша цэнтральная Ява. Тут ужо вам прыдзецца прыняць удзел, каб узгодніць плян.

— Дзеля гэтага мы і прыехалі, — адказаў Салул. — Гейсу, як вышэйшаму стварэньню, прыдзецца заняцца ў вышэйшых колах, а я ўжо паеду «шукаць кававыя плянтацыі» глыбей.

Было ўжо а поўначы, калі Гейс з Салулам вярнуліся ў свой готэль.


III. ЗЬМЯІНАЕ ПАДЗЯМЕЛЬЛЕ.

Шуканьне памяшканьня для зброі. — Вульканічнае гняздо. — Дзік ці чорт? — Шкляны палац. — Паляваньне пад зямлёй. — Зьмяінае царства. — Таемныя стрэлы. — Пякельнае зьявішча. — Неспадзяваная матэматыка. — Фордызацыя. — Два новых сябры. — Трывожная тэлеграма. — Ад‘езд „Саардаму“.

Нарэшце, разгрузку зброі прышлося зусім спыніць, бо ўжо ня было дзе складаць яе. А «склад» усё не знаходзіўся. Тады адправілі чалавек 20 у далёкую экспэдыцыю.

— Бадзяйцеся там хоць тыдзень, але адшукайце памяшканьне, — сказаў ім Гудас.

Экспэдыцыя накіравалася на захад, туды, дзе дыміўся вулькан. Спадзяваліся, што ён за сваё жыцьцё павінен быў нарабіць досыць розных пячораў.

Каб ня блытацца, пашлі па беразе мора. Але ня надта выгадалі. Усёроўна прыходзілася круціцца, абмінаць скалы і фіёрды. Зразумела, ня міналі выпадку, каб адыйсьціся ўбок, зірнуць у кожную шчыліну.

У адным месцы знайшлі вельмі добрую пячору, але занадта малую.

— Ва ўсякім разе, заўважце яе добра, таварышы, — сказаў Сідан. — Можа спатрэбіцца і яна.

Толькі пад вечар падышлі да вулькану і спыніліся ля яго на начлег. Вулькан быў нявысокі, але затое вельмі шырокі. Уласна кажучы, гэта было нібы вульканічнае гняздо. Складалася яно прынамсі з шасьці вульканаў, з якіх дзейнічаў толькі адзін. Рэшта даўно ўжо патухла.

— Выгляд іх падае надзею на посьпех, — казаў Сурат. — Вельмі ўжо дзіка яны раскіданы. Вунь колькі таемных цясьнін!

Калі сьцямнелася, падарожнікі маглі палюбавацца зарывам, нібы ад пажару.

— А ўсё-ж такі я лічу, што такое месца ня вельмі падыходзіць для складу ваенных запасаў, — са сьмехам сказаў Сідан. — Я думаю, што яшчэ нікому ў сьвеце ня прыходзіла ў голаву шукаць месца для пораху ў вулькане.

— Затое ня прыдзе нікому ў галаву і шукаць яе там, — заўважыў другі.

— Зарана мяркуеце, — сказаў трэці. — Невядома яшчэ, ці знойдзем што добрае.

Назаўтра падняліся на галоўны вулькан. Але ня так лёгка было гэта зрабіць, як сказаць. Патрабавалася чатыры гадзіны, пакуль яны праціснуліся праз пушчы, пералезьлі праз скалы і цясьніны ды ўзышлі наверх. Затое атрымалі і добрую ўзнагароду для вачэй і ўражаньня.

Кратэр вулькану зьяўляўся возерам на кілёмэтр навакол. У гэтым возеры, нібы ў чугуне, кіпела лява. У адным месцы яна была пакрыта цьвёрдай карой, нібы лёдам, у другім — лёгка, павольна кіпела і пукала, як каша. Пры гэтым кожны раз уздымаўся слуп пары і газу.

Вось вецер падзьмуў з другога боку, і падарожнікаў ледзь не асмаліла. У дадатак пачуўся яшчэ шкодны серкавы пах.

Усе пакаціліся ўніз.

— Ого! Кепскія жарты! — закрычалі яны.

— Гэтак ён калі-небудзь нас зусім загубіць, калі мы прытулімся да яго. Ён-жа ж можа і заліць нас сваёй кашай.

— Будзем спадзявацца, што ён устрымаецца некалькі тыдняў, а там мы і самі пакінем яго. Ды і наогул, такія вульканы вельмі рэдка выліваюцца.

Трэба дадаць, што гэткія вульканы сапраўды дзейнічаюць спакайней. Звычайна яны ня грукочуць, ня руйнуюць. Пакіпяць сабе паціху — і ўсё. Такімі вульканамі асабліва славяцца Гавайскія выспы ў Ціхім акіяне. Зразумела, гэта ня значыць, што яны ніколі ня могуць нарабіць бяды. У гэтым самым гнязьдзе раней, відаць, адбываліся вялікія і грозныя падзеі.

— Прымаймася, таварышы, за працу! — загадаў Сідан.

Трэба сказаць, што праца аказалася надта цяжкою. Усё гэтае гняздо мела, прынамсі, 10 кілёмэтраў удаўжкі і ўшыркі, а гэта складала 100 квадратовых кілёмэтраў плошчы, якую трэба было абсьледваць. Ды як яшчэ абсьледваць! Глянуць за кожны камень, нават пад корч, пралезьці ў кожную шчыліну, спусьціцца ў кожную цясьніну, у бяздоньне. Нават, калі тут і ёсьць патрэбны куток, дык натрапіць на яго можна толькі выпадкова. А ў горшым выпадку можа і зусім яго ня быць.

Першы дзень шукалі з палам, другі дзень — з упартай энэргіяй, а на трэці пачуліся галасы: «ці не дарэмная праца?»

А тут яшчэ і харчы вышлі.

— Таварышы! — падбадзёрвалі Сідан, Сурат і некаторыя іншыя. — Усёроўна, так альбо іначай, нам трэба знайсьці прытулак; ці тут, ці там, але шукаць трэба. Ну, добра калі тут не спадзяецеся, шукайце ў іншым месцы, гэта ўсёроўна. Але зусім спыніць нашу ўсю справу, рызыкаваць такім вялікім для нас багацьцем, як зброя, — мы ня можам.

Доўга даводзіць ня прышлося, бо кожны і бяз гэтага добра разумеў становішча. Вылучылі пяць чалавек на паляваньне, а самі зноў прыняліся за працу.

Як на зло і паляўнічым не пашанцавала. Валандаліся яны паўдня і, апрача некалькіх маленькіх малпаў, нічога ня бачылі. Ля аднэй крыніцы заўважылі былі сьляды насарога, але яго самога знайсьці не маглі.

— Нічога ня зробіш, прыдзецца тады малпаў пастраляць.

— Ды і іх ужо ня відаць. Вось дык не вязе! — скардзіліся паляўнічыя.

Адпачылі крыху і зноў пачалі хадзіць. Па няглыбокай лагчыне, пакрытай вульканічным туфам, накіраваліся яны далей ад вульканаў, у бок мора. Яны ішлі так сабе, абы толькі ісьці, нават стрэльбы закінулі за плечы.

І вось, зусім неспадзявана, з нейкай папараці выскачыла дзікая сьвіньня і пабегла па лагчыне. Пакуль паляўнічыя зьнялі стрэльбы, яна павярнула ўбок і зьнікла.

Ледзь ня плачучы ад прыкрасьці, пабеглі нашы паляўнічыя ўсьлед. Завярнулі — і ўбачылі лясок з вялізарных тамарындаў. Ён цягнуўся направа і налева крокаў на сто, а далей уздымаліся спарахнелыя скалы. Прайшлі крокаў з дваццаць наперад, і напароліся ўжо на цьвёрдую, стромкую скалу.

— Таварышы! Хутчэй назад! Станьма з таго боку! Яна павінна быць тут! Яна нікуды не магла ўцячы! — абрадваліся паляўнічыя.

Яны выстраіліся ў шэраг уздоўж адкрытага боку і са стрэльбамі напагатове пачалі пасоўвацца наперад. З вялікім хваляваньнем, ледзь дыхаючы, пасоўваліся яны наперад, высьледжваючы кожны крок. З кожнай хвілінай напружанасьць узмацнялася. Вось засталася некалькі крокаў да сьцяны, а зьвера няма.

Нарэшце падышлі да яе шчыльна і — усёроўна нічога.

— Ня можа быць! Што гэта такое? Куды-ж яна магла дзецца? Пашлі назад, абгледзелі кожны куст, кожнае дрэва — і зноў нічога не заўважылі.

— Пачакайце! Куды-ж яна магла ўцячы? На пярэднюю стромкую сьцяну ўзьлезьці яна бязумоўна не магла. Застаецца пашукаць бакавыя скалы, яны, здаецца, крыху спарахнелыя.

Уважліва абгледзелі гэтыя скалы — і таксама ніякіх сьлядоў не заўважылі.

— Можа гэта нам так здалося? Можа гэта ня сьвіньня, а нейкі чорт? — ні то жартуючы, ні то сур’ёзна сказаў адзін з таварышоў.

— Хай будзе і сам чорт, а мы павінны яго знайсьці, — сказаў другі.

— З галадухі можна будзе і яго падсмажыць і зьесьці, — засьмяяўся трэці, — я ні разу ня еў смажаных чарцей.

— Можа на дрэва ўзьлезла? — пажартаваў чацьверты.

— Але ўсё-ж такі, што нам рабіць?

— Пачнем калупаць кожную пядзю зямлі, асабліва каля карэньняў, — абавязкова знойдзем.

Пачалі зноў шукаць і, нарэшце, пад вялікім коранем тамарында, ля тых спарахнелых скал, што былі па бакох, нават ня ў куту, а ля самага краю, — сапраўды заўважылі нару.

— Вось куды ён дзеўся! — абрадваліся паляўнічыя і пачалі пашыраць дзіру.

Адгрэблі пясок, потым нейкае, нібы шкляное, каменьне.

— Эге! Ды там, відаць, нейкае вялізнае, пустое памяшканьне!

— Можа, чаго добрага, і для нашай мэты годнае?

Жарты-жартамі, а справа рабілася сур’ёзнай. За зямлёй пашлі крушні гэтага каменьня ці шкла. Самае-ж галоўнае, — яны ня былі суцэльнымі, і іх лёгка было цягаць кавалкамі. Трапляліся часамі вельмі цікавыя і прыгожыя слупкі з гэтага дзіўнага шклянога каменьня.

Нарэшце, шчыліна зрабілася такою, што ў яе можна было пралезьці. На момант таварышы нерашуча спыніліся: ліха яго ведае, куды яшчэ трапіш?

— Ну, калі вяпрук пралез, дык мы — тым болей! — сказаў першы і асьцярожна пачаў спускацца.

Але і асьцярожнасьці ніякай не патрэбна было; крушні каменьня, зямлі спускаліся ў сярэдзіну паступова.

— Хадзеце сюды! Нічога асаблівага няма! — крыкнуў той знутры.

Праз хвіліну ўжо ўсе там былі.

— У каго ёсьць запалкі? Запальвайце!

Мільгануў агоньчык, — і нашы таварышы аж зьдзівіліся. Перад імі была вялічэзная заля, якая нават гублялася недзе там, у цемры. Але дзіўней за ўсё было, што яна здавалася шкляною ды яшчэ з рознакаляровага шкла. Сьцены, столь, падлога — усё было з шкла; зьверху яшчэ віселі шкляныя нацёкі. Усё гэта ад сьвятла зайграла рознымі колерамі і зусім нагадвала казачны палац.

— Ну, вось, я-ж казаў, што гэта быў чорт. А гэта яго палац, — сказаў той самы таварыш, і на гэты раз здавалася, што ўжо на тры чвэрці ён гаворыць сур’ёзна.

— У такім разе трэба будзе падзякаваць яму за дасканалае памяшканьне для нашай зброі.

— А дзе-ж наша сьвіньня дзелася?

— Ну, цяпер аб ёй няма чаго думаць. Ды яна і не ўцячэ. Хай хто-небудзь ідзе за нашымі таварышамі. Вось парадуюцца яны!

Праз некаторы час таемная пячора напоўнілася вясёлым людзкім гоманам. Пасярэдзіне гарэла вогнішча, ад якога дзіўна яскравіліся шкляныя сьцены і цацкі на столі. Але там далей жудасна чарнелася таемная цемра.

— Пойдзем, таварышы, на паляваньне, а разам з гэтым абгледзім наш палац, — прапанаваў Сідан.

Хоць і змораныя былі нашы падарожнікі, але перад такім нязвычайным паляваньнем забыліся аб усім на сьвеце. Зараз-жа наламалі смольнага гальля, зрабілі факелы і рушыліся ў дарогу.

Наколькі казачны быў палац, настолькі і процэсія была казачная. Наперадзе, у шэраг, ішло 10 чалавек з вінтоўкамі напагатове, рэшта ішлі ззаду, падняўшы высока над галавой факелы. Агонь крок за крокам расьсякаў цемру і адчыняў усё новыя і новыя пакоі, залі, калідоры, закавулкі, — і ўсе яны былі з шкла, усе цудоўна яскравіліся рознымі колерамі.

Наверсе замітусіліся кажаны, нават нейкія птушкі, унізе забегалі яшчаркі, нейкія зьвяркі; вось пачуўся тупат буйнога зьвера, але ўбачыць яго ня было магчымасьці.

— Вось ён дзе, наш вяпрук, — весела гутарылі таварышы, — па справядлівасьці трэба было-б пашкадаваць яго за тое, што прывёў нас у гэты палац, але, на жаль, есьці вельмі хочацца.

Так прайшлі, мусіць, мэтраў з дзьвесьце, а наперадзе ніякага канца ня было відаць. Нарэшце, заўважылі збоку завулак.

— Давайце глянем сюды!

Завярнулі. Завулак быў значна меншы за галоўную вуліцу і далей вельмі хутка зьніжаўся і звужваўся. Нарэшце, застаўся маленькі куток, а ў ім нешта варушылася.

— Вяпрук! — закрычала некалькі галасоў разам.

Раздаліся стрэлы. Рэха пакацілася па падзямельлі. Дзік быў забіты. Хоць і хацелася вярнуцца назад і зараз-жа пакаштаваць сьвяжыны, але цікавасьць была мацней. Палажылі здабычу ля ўваходу ў завулак, а самі пашлі далей.

Вось яшчэ адзін завулак, з другога боку. Але там нічога цікавага не знайшлі. Яшчэ прайшлі некалькі крокаў. Падлога панізілася, запахла вільгацьцю і яшчэ нейкім незразумелым, але няпрыемным пахам.

Але што гэта там шуршыць і варушыцца?

— Зьмеі! — закрычалі наперадзе.

У змроку хістаўся цэлы лес галоў, блішчалі вочы, рухаліся джалы. Злое сіпеньне ўсё ўзмацнялася.

— Што рабіць? — запыталіся ўзброеныя. — Ці страляць?

— Не, не, ня варта, — пачуліся галасы. — Невядома яшчэ, колькі зможаце забіць адразу, а рэшта, раззлаваныя, ды натоўпам могуць нарабіць вялікай бяды. Потым справімся з імі; зброі ў нас хопіць.

І неяк мімаволі хутка пасунуліся назад. І добра зрабілі, бо ўступаць у бойку з гэткай масай зьмеяў, ды яшчэ ў цемры, было рызыкоўна. Вярнуліся назад.

Засмажылі кабаніну і доўга разважалі і дзівіліся з усяго таго, што бачылі. Начаваць з гэткімі суседзямі пабаяліся і вышлі напаверх.

Над вульканам блішчала зарыва, а недзе блізка гуло мора. Паляглі вясёлыя і задаволеныя і зараз-жа моцна заснулі.

Але ўначы яны былі разбуджаны нейкім грукатам, нібы гарматнымі стрэламі, а пасьля гэтага пачуўся нейкі сьвіст і сіпеньне.

Мігам усе былі на нагах, ухапіліся за зброю, пачалі прыслухоўвацца, але больш ужо нічога ня чулі. Пасунуліся сюды-туды, прыгледзеліся, прыслухаліся, — ды так нічога асаблівага і не заўважылі.

— Што-б гэта такое магло быць? — дзівіўся Сідан. — Я-ж сам добра чуў стрэл, а потым нейкі сьвіст і сіпеньне.

— І я гэта самае чуў, — сказаў Сурат.

Тое самае пацьвердзілі і іншыя таварышы.

— Значыцца, прыходзіцца дапусьціць, што гэта быў стрэл з гарматы, а сьвіст — гэта палёт снараду?

— Нічога іншага нельга прыдумаць.

— Тады-ж хто і адкуль страляў?

— Голяндцы, з мора.

— Пабяжым да берагу! — кінулася некалькі чалавек. Ня ўстрымаліся і ўсе іншыя. Але куды там бегчы, — ісьці нельга было ў цемры, па скалах, паўзьці прыходзілася. Можа таму на моры нічога і не пасьпелі ўбачыць.

— Калі, скажам, гэта быў мінаносец, ды, скажам, аднекуль ведаў, што мы тут знаходзімся, — дык чаму-ж ён разок стрэльнуў і ўцёк? Вось гэта растлумачце мне, калі ласка, — прыставаў да Сурата адзін хлапец.

— Я, браток, столькі сама ведаю, колькі і ты, — сказаў Сурат.

Адным словам, было тут шмат гутаркі. Нарэшце, павінны былі згадзіцца, што гэта, мусіць, вялізны камень грукнуўся з гары ці з берагу. На гэтым і супакоіліся.

На карабель вярнуліся ўсе. Каманда так абрадавалася і зацікавілася, што зараз-жа прыступіла да пераноскі цяжару.

З першай партыяй зброі прыступілі да зьнішчэньня зьмеяў. Але зараз-жа выявілася, што і гэта ня так проста. Калі кінуць у іх бомбы, дык можна разбурыць сьцены падзямельля.

— Пусьцім на іх атрутны газ, у нас ёсьць на караблі, — прапанаваў адзін з старых матросаў «Саардаму».

Гэта думка вельмі падабалася, але другі таварыш, які стаяў бліжэй да гэтай справы, папярэдзіў, што газ у гэтым падзямельлі будзе трымацца некалькі тыдняў, калі ня болей. Значыцца, і яны самі ня змогуць уваходзіць сюды.

— Тады нічога іншага не застаецца, як ісьці на іх вайной з вінтоўкамі, — парашыў Сідан.

— Вельмі небясьпечная справа, — паківаў галавой Сурат. — Дзе ты іх трапіш якраз у галаву, а параненыя ў другое месца, яны стануць яшчэ больш небясьпечнымі. Тым болей, што іх такая плойма: страляць у іх прыдзецца здалёк, а тады асьвятліць іх нельга будзе як сьлед і г. д.

Разважаньні Сурата таксама мелі рацыю. Але нічога больш не заставалася рабіць.

Тут адзін з таварышоў прапанаваў новы спосаб.

— Ахвяруем вядро, ці два бэнзіны, абліем іх, падпалім, — і будзе проста, карысна і цікава.

Прысутныя аж заскакалі і рукамі запляскалі ад задавальненьня.

— Гэта-ж будзе найлепшы «вайянг[38]»!

У наступны раз і прыступілі да выкананьня гэтага пляну. Спачатку, без агню, два таварышы прайшлі наперад з няпоўнымі вёдрамі бэнзіны. За імі некалькі таварышоў з вінтоўкамі, а ўжо далей запалілі факелы. Нельга было набліжацца з агнём да бэнзіны, таму пярэднія таварышы былі ў змроку, а зьмеі ўжо зусім у цемры.

Вось ужо зноў пачулася шуршэньне і сіпеньне, ледзь значна захісталіся ў цемры галовы. Справа спрашчалася тым, што зьмеі былі ў нізіне. Спачатку ціхенька сталі ліць бэнзін на зямлю, і яна сама пацякла да зьмеяў. А рэшту плюхнулі на іх зьверху, і хутка пабеглі назад.

Заварушыліся гады, засіпелі так, што ў прысутных дрыжыкі пашлі па целе.

— Пачынай!

Усе адышліся яшчэ болей назад, а наперад выступіў адзін з факелам, размахаў яго і кінуў…

Шуганула полымя, заблішчалі шкляныя сьцены, асьвятліліся ўсе куткі падзямельля, і сярод гэтага агню пачалося нешта такое, што нават і ўявіць сабе цяжка. З захапленьнем наглядалі таварышы гэта нязвычайнае зьявішча.

Сярод белага полымя чорныя кольцы зьмеяў стварылі вялізны клубок, які круціўся так, што ў вачох мільгала. Некаторыя высока падскоквалі і віліся ў паветры, другія кідаліся на сьцены.

Сіпеньне перайшло ў сьвіст і нават піск. Час ад часу чулася, як трэскае скура, скварыцца мяса. Вось разьбегліся яны ў розныя бакі і здалёк відаць, як у цемры круцяцца вогненныя зьмеі. Некалькі такіх вогненных зьмеяў кінуліся і ў бок людзей, але цяпер яны ўжо былі ня страшны. Некалькі сканалі па дарозе, а дзьвюх прыстрэлілі.

Нават пашкадавалі, што нарэшце ўсё гэта так хутка скончылася.

— Ну, а цяпер скончым абсьледваньне нашага палацу, — сказаў Сідан.

З агідным пачуцьцём перайшлі праз зьмяіную кучу, па дарозе забілі некалькі зьмеяў, якія не згарэлі, абгледзелі яшчэ некалькі завулкаў, а канца падзямельлю ўсё яшчэ ня было.

— Ліха яго ведае, куды яно вядзе, — гутарылі таварышы. — Можа некалькі дзён прыдзецца блытацца.

А тут яшчэ факелы згарэлі.

Прышлося вярнуцца назад, бо ня было часу гэтым займацца: чакала больш важная праца. І сапраўды, праца гэта была вельмі марудная, ня кажучы ўжо аб тым, што вельмі цяжкая. Прапрацавалі тыдзень, а перанесьлі толькі 1.500 вінтовак. Выходзіла так, нібы для пераноскі ўсіх 30.000 патрэбна будзе больш 4-х месяцаў. Ды апрача гэтага, трэба перанесьці кулямёты, патроны і г. д.

Узяліся за падлікі і ўбачылі, што пры сучасных умовах іначай і быць ня можа. Перш за ўсё дзень у гэтых краёх мае заўсёды 12 гадзін і столькі-ж прыпадае на ноч. Можна было-б для працы захапіць яшчэ гадзін 6 ад ночы, але сярод гэтых скал і пушчаў зусім немагчыма хадзіць уначы. Такім чынам, гінула шмат часу. Хада туды з цяжарам займала гадзін 9-10 і зараз-жа назад ісьці было немагчыма, бо надыходзіла ноч. Назад, бяз грузу, можна было прысьці за гадзін 7-8, але таксама ў гэты-ж дзень нельга было несьці новы груз.

Па дарозе прыходзілася ісьці па скалах, пераходзіць цясьніны, паўзьці, скакаць і г. д. Пры такіх умовах за раз больш як 5 вінтовак нельга было несьці чалавеку. Значыцца, 100 чалавек маглі перанесьці 500 вінтовак у 2 дні, а каб перанесьці 30.000 вінтовак трэба 120 дзён. Ды столькі-ж на патроны, кулямёты і розныя іншыя рэчы.

— Дык вось што выходзіць?! — дзівіўся стары Гудас. — А справа здавалася такой простай. Нас-жа 117 чалавек.

— А вось бачыш, што робіцца. Мы нават самі не ўяўлялі сабе, якое багацьце мы маем, — казаў Сагур, які, як памочнік мэханіка, зьяўляўся самым адукаваным з усёй каманды. Ён і разьлікі гэтыя рабіў.

Сярод белага полымя чорныя кольцы зьмеяў стварылі вялізны клубок

— Тады, ці нельга выкарыстаць нашы лодкі? — сказаў Сурат.

— Я аб гэтым ужо думаў, — адказаў Гудас, — але рыфы не прапусьцяць лодку прайсьці ля берагу. Прыдзецца выйсьці ў мора, а адтуль праз тыя-ж рыфы нельга будзе вярнуцца зноў.

— Спрабуем тады вось што, — сказаў Сагур. — У нас часта пагружалі і разгружалі карабель ланцугом, гэта значыць, станавіліся ў шэраг і перадавалі рэчы адзін аднаму ў рукі. Ну, а тут ланцуг прыдзецца зрабіць доўгі. Мне здаецца, праца пойдзе хутчэй. Колькі можа быць кілёмэтраў да нашага складу?

— Ды ня болей 15, але…, — пачаў Сідан.

— Добра, — перарваў яго Сагур. — Цяпер падзелім гэтыя 15 кілёмэтраў на 109 частак. Выйдзе па 150 мэтраў на кожнага. Разьмяркуем людзей так, каб у лёгкіх мясцох прыходзілася 200 мэтраў на чалавека, а ў цяжкіх 50 і нават менш, іначай кажучы, каб кожнаму патрэбен быў аднолькавы час на свой кавалак. Цяпер, скажэце, колькі патрэбна часу, каб хутка прайсьці 200-250 мэтраў?

— Лічачы, што ў гадзіну можна прайсьці 6 кілёмэтраў, на 1 кілёмэтр прыпадае 10 хвілін, а на 200 мэтраў выходзіць 2 хвіліны, — вылічыў Сідан.

— Так. Дамо 5 хвілін туды і назад. Значыцца, там на месцы праз кожныя 5 хвілін будуць атрымліваць 5 вінтовак. За гадзіну гэта дасьць 60, а за 10 гадзін, улічваючы адпачынак, будзе 600 заместа сучасных 250.

— Ого! Адразу ў два разы болей! — сказаў Гудас.

— Пачакай, гэта яшчэ ня ўсё, — з выглядам вучонага выкладаў далей Сагур. — Калі трэба будзе, мы зможам адпачываць толькі 4 гадзіны, а працаваць усе 20.

— І ўначы?!

— І ўначы. Бо кожны таварыш увесь час будзе на сваім месцы. Будзе мець свае рэчы, нават шалаш, раскладзе вогнішча. Апрача гэтага, ён так вывучыць свае 100 ці колькі там крокаў, што і са сплюшчанымі вачмі будзе магчы бегчы па іх. Пры такіх умовах мы павялічым колькасьць вінтовак ня меней, як да 1.000 у дзень. А калі што будзе пагражаць, дык і да 2.000.

У Гудаса аж вочы заблішчалі.

— Ну, і малайчына ты, Сагур! — стукнуў ён яго па плячы.

— Нават і пры такіх умовах прыдзецца працаваць месяцы са два, — задуменна сказаў Сурат. — Невядома, ці пасьпеем усё схаваць, бо нас, вядома, шукаюць. А што было-б бяз гэтага?

Зараз-жа сабралі агульны сход, высьветлілі становішча, пазнаёмілі з падлікамі і прапанавалі новы плян.

— Наўрад ці пры такіх умовах пасьпеем перанесьці ўсю зброю. Будзем памятаць, што толькі тая вінтоўка нашая, якая будзе на нашым складзе, а рэшта кожны дзень можа загінуць, — скончыў Гудас.

Трэба сказаць, што да гэтага дня ніхто, як сьлед, не ўяўляў сабе становішча. Ніхто і не падумаў, што будзе патрэбна столькі часу на ўпарадкаваньне. Кожнаму здавалася, што праз некалькі дзён яны ўсё скончаць, а там хай сабе шукаюць. Апрача таго, бачачы навакол такое бязьлюдзьдзе, яны неяк мімаволі забыліся аб тым, што можа пагражаць небясьпека. Адкуль яна возьмецца? З мора — бясьпечна, яны ў гэтым ужо пераканаліся, а з зямлі — тым болей, цяпер толькі яны ўбачылі, якая вялікая праца ім застаецца і сур’ёзна падумалі аб тым, што не заўсёды можа быць так ціха, як цяпер. У адзін голас усе патрабавалі, каб працаваць без перапынку ня менш 20 гадзін.

Увесь наступны дзень заняла падрыхтоўка. 5 чалавек паставілі, каб складаць і ўпарадкаваць рэчы ў падзямельлі, 12 чалавек пакінулі на караблі, для разгрузкі, а 100 чалавек разьмеркавалі па дарозе, як казаў Сагур. Кожнаму далі цёплае адзеньне, харч; у тых пунктах, дзе ня было вады, паставілі вёдры з вадой. Два чалавекі з карабля павінны былі абходзіць «фронт» кожны дзень і задавальняць патрэбы таварышоў.

Усе былі папярэджаны, што можа прыдзецца стаяць на месцы некалькі тыдняў, а харчавацца прыдзецца як папала, нават без гарачай вады. Але ці прывыкаць было явайцам да гэтага?

Нарэшце, усё было скончана. Да захаду сонца заставалася яшчэ гадзіна. Усе гарэлі ад нецярплівасьці пусьціць «машыну» ў ход.

Але «інжынэр» Сагур папярэдзіў:

— Не забывайцеся, што апошні атрымае пасылку толькі праз 4 гадзіны.

— Нічога, нічога! — загулі ўсе. — Пусьцім хоць некалькі пасылак. Затое апошнія заўтра пачнуць пазьней на 4 гадзіны.

На спробу паслалі 5 штук, просячы паведаміць, як, ідзе справа, асабліва ад сярэдніх. Бліжэйшыя адказы паказалі, што ў некаторых мясцох былі перабоі, але часткай гэта тлумачылася тым, што было цёмна.

Назаўтра першую пасылку адправілі а 3 гадзіне ночы, каб там атрымалі яе ў 7, а «інжынэр» сам пайшоў па фронце. Прышлося сям-там паправіць, пасунуць бліжэй ці далей, але наогул «машына» працавала нядрэнна. Самі таварышы былі вельмі зацікаўлены і бегалі так, што пасьля паўдня пасылкі пачалі паступаць на месцы нават праз кожныя 3 хвіліны. Увесь час так працаваць, вядома, нельга было. За дзень было зроблена З перапынкі па гадзіне, але затое самі таварышы папрасілі для спробы пусьціць машыну і ўначы. На гэты раз і ў цемры яна добра працавала. Спынілася а 12 гадзіне.

Дзень за днём ішла ўпартая, бязупынная праца. Спынялася яна на 4—5 гадзін уначы ды ў дождж. Вось ужо тыдзень прастаялі таварышы на сваіх мясцох, вось другі. У часе перапынку зараз-жа валіліся на зямлю і тут-жа спалі. Але ніхто не паскардзіўся, ніхто не вымагаў большага адпачынку.

Жывучы адзінокім у лесе, кожны адчуваў сябе зьвяном аднаго і вялікага ланцуга. Кожны ведаў, што калі гэтае зьвяно папсуецца, дык спыніцца ўся машына. І кожны ведаў, што робіць ён усё гэта дабраахвотна, не для сябе і не для гаспадароў, а для ўсіх. Кожны ўяўляў сабе, як вось гэтымі вінтоўкамі ўзброяцца тысячы прыгнечаных братоў і пойдуць супроць тых, якія цяпер пануюць над імі…

Аднаго разу машына неспадзявана спынілася. Потым прышла «тэлеграма», што ля фронту зьявіліся два тубыльцы і што таварышы «апрацоўваюць» іх. Потым другая тэлеграма: яны ідуць памагаць.

Праз некаторы час зьявіліся два чалавекі і, відаць, з радасьцю заўважылі, што тут, пачынаючы ад капітана, усе свае.

— Таварышы! — зьвярнуўся да іх Гудас. — Вось ваш карабель, ваша зброя, памажэце нам упарадкаваць яе.

Гэтыя простыя словы, відаць, зрабілі на іх мацнейшае ўражаньне.

— Заўсёды з вамі! — адказалі яны ўзрушаным голасам і з палаючымі вачыма. І ланцуг павялічыўся на два зьвеньні.

У часе перапынку запыталіся, адкуль яны, як сюды трапілі і што наогул там чуваць?

— Нашу зямлю адабраў рэгент сабе пад сялібу. Мы тады прышлі сюды ў горы, пабудавалі шалаш, бадзяемся і шукаем спажывы. Некалькі часу назад мы натрапілі на аднаго чалавека, мусіць, з вашых. Ён зблудзіў, пабіўся і поўз ледзь жывы. Мы яго ўзялі ў свой шалаш і даглядалі да таго часу, пакуль ён паправіўся. Толькі учора ён пашоў ад нас.

— Як яго зваць?

— Ня ведаем.

— Гэта, мусіць, Гоно, — сказаў Сідан. — Чаму-ж ён назад не вярнуўся?

— Наша справа не для яго, — адказаў Сагур. — Я нават ня зьдзіўлюся, калі ён прывядзе сюды голяндцаў.

— Ну, гэта ўжо занадта! — прамовіў Сурат.

— Паглядзімо, — буркнуў Сагур.

І пасьля гэтага яшчэ шпарчэй пусьціў машыну.

Аднаго разу зноў заўважылі голяндзкі ваенны карабель. Ён трымаўся далей, чымся тады мінаносец, але задача яго была, відаць, тая самая. Спынілі працу, схаваліся і перачакалі таксама, як і мінулы раз.

Потым прышла новая «тэлеграма»: ля пячоры зноў чулі гарматныя стрэлы і зноў нічога не заўважылі. Няўжо-ж зноў зваліўся камень? А можа гэта вулькан страляе? Ва ўсякім разе, відаць, што на іх пакуль што ніхто не нападае.

Здаецца, нічога асаблівага ня здарылася, але нейкая трывога ахапіла інсургентаў. Нібы ў паветры яна насілася. Нават па ланцугу перадалася. Праца ішла шалёным тэмпам; таварышы проста з ног валіліся ад стомы.

Тады Гудас сабраў нараду з бліжэйшых таварышоў.

— У нас яшчэ засталося, — сказаў ён, — 10.000 вінтовак, 30 кулямётаў, палова патронаў і шмат іншых рэчаў. Баюся, што нават машына наша не пасьпее справіцца з гэтым. Я думаю, ці ня лепш было-б часова скласьці ўсё гэта ў тую бліжэйшую невялікую пячору, а адтуль ужо потым пераносіць далей. Мы-б тады падрыхтаваліся, каб уцячы адсюль з караблём, а зброю можна было-б упарадкаваць і без карабля. Нават з посьпехам можна было-б і абараняцца.

— І я гэта самае хацеў прапанаваць, — сказаў Сагур.

Ніхто не супярэчыў. Сабралі таварышоў, растлумачылі, у чым справа, і пераладзілі машыну. На гэты раз зьвеньні стаялі бадай што поруч адзін з адным, і праца так закіпела, што праз тры дні ўсё было перанесена ў малую пячору. Нават не хапіла месца ў ёй, і прышлося частку рэчаў скласьці побач, пад брэзэнтам. Пасьля гэтага змораныя працаўнікі, ня гледзячы ні на што, праспалі 12 гадзін.

Пачалі падрыхтоўваць карабель, нават распалілі печы. Прабоіна, вядома, была папраўлена раней. Выгрузілі на кожны выпадак адну гармату.

А раніцою прышлі два пасланцы і прынесьлі вядомую нам тэлеграму Гейса.

— Гэта справа Гоно! — заскрыгатаў зубамі Сагур.

— Цяпер нам ужо ўсё роўна чыя, — адказаў Гудас. — Трэба ўцякаць, пакуль ня позна.

Выехаць адсюль было яшчэ цяжэй, чымся заехаць. Нельга было завярнуцца, трэба было ехаць задам. Але былі і перавагі: першая — гэта тое, што разгружаны карабель быў вышэй над вадой і лягчэй, а другая — што выяжджаць можна было ўдзень. Бліжэйшы прыліў павінен быць аб адзінаццатай гадзіне, засталося чакаць 3 гадзіны.

Але-ж якое гэта было чаканьне. Кожную хвіліну магло зьявіцца варожае судна. Што, калі яно прыдзе перад прылівам? Тады прыдзецца сядзець, як пацуку ў пастцы. Праўда, камандзе пагражае ня большая небясьпека, чымся тым таварышом, якія застаюцца на беразе, але карабля шкода. Падумаць толькі: першы і адзіны карабель явайскага народу!

Разьмеркавалі людзей. На беразе пакінулі 100 чалавек пад камандай Сурата. Галоўныя спэцыялістыя, накшталт Сагура і Сідана, засталіся на караблі. Усяго на «Саардаме» засталося каманды 21 чалавек.

Пакуль-што хопіць, — казаў Гудас, — а там яшчэ набярэм. Шкода толькі, што радыё сапсавана ў часе захопу ды няма ў нас чалавека, Які разумее гэтую справу. А было-б вельмі цікава паслухаць, што яны там гавораць.

Пачалі выводзіць карабель. Нават лодкі і катэр упрагліся, а можа і яны адхіляць які-небудзь штуршок? Паставілі карабель кармой да праходу, завезьлі наперад якар і, падпільнаваўшы самую высокую ваду, рушыліся між скал. Па бакох, як і раней, паначапляліся ўсе 100 чалавек, з жэрдкамі, вязкамі гальля. Гэтыя вялізныя вязкі і абаранілі карабель ад двух вельмі небясьпечных штуршкоў. І вось карабель шчасьліва выскачыў у акіян.

Пачалося шчырае разьвітаньне, палкія пажаданьні.

— Трымайцеся, таварышы! — казаў Гудас. — Калі прыдзе час, да вас прышлюць за зброяй. Дзе трэба будзе, прыдзём на дапамогу і мы.

Праз некалькі хвілін сто чалавек вярнуліся на бераг і з нейкім нявыразным сумам сачылі, як іхны карабель зьнікае ў блакітным прасторы.

Што яго там чакае? А што чакае іх тут? Ці сустрэнуцца яны калі-небудзь? Неяк апусьцела навакол, нібы яны страцілі свой дом.

А ў гэты час з другога боку, далёка-далёка на небасхіле, ледзь-ледзь вызначаўся маленечкі слупок дыму…


IV. У ДЗЯРЖАВЕ ІМПЭРАТАРА ПАКУ-БУВОНО-СЭНОПАЦІ-ІНГНАГОЛОГО-НГАБДУР-РАХМАН-САЙДЫН-ПАНОТОГАМО.

Яго вялікасьць ня мае грошай. — Запасны імпэратар. — Узаемаадносіны „братоў“. — Царскае сьвяткаваньне. — Бойка зьвяроў. — Яснавяльможныя рэволюцыянэры. — Адказная паездка.

Яго вялікасьць сусухунан Паку-Бувоно… і г. д. сядзеў у сваім пакоі і разглядаў альбом з ордэнамі і мэдалямі ўсяго сьвету. Сусухунан вельмі любіў гэтыя цацкі і вывучыў напамяць усе мэдалі і пачэсныя знакі, якія толькі існуюць на сьвеце. Нават і цяпер на ім было паначапляна шмат ордэнаў, у тым ліку нядаўна атрыманы ордэн Нідэрляндзкага льва.

Імпэратар меў гадоў пяцьдзесят з гакам, але па выгляду нельга было даць яму столькі, бо намалёваныя тушшу барада, вусы і бровы чарнеліся, бы ў маладога. Убраны ён быў у пярэстыя шаравары, саронг, паверх якога была яшчэ накінута чорная аксамітная куртка. На босых нагах — пантофлі з дыямэнтамі, на галаве — высокая чорная шапка, якую насілі яшчэ португальцы 300 год назад.

Пакой быў убраны старажытнаю явайскаю мэбляю, дыванамі, зброяй, а побач з гэтым — эўропэйскія столікі, крэслы, парыскія статуйкі і г. д.

Ціхенька адчыніліся дзьверы, і ў пакой, з адзнакамі вялікай пашаны, упоўз важны стары муж.

— Хай бароніць Аллах вялікага сусухунана!

— Што скажаш, Радан-Бого?

— Выбачай, вялікі імпэратар! — казаў Радан-Бого, працягваючы наперад складзеныя далонямі рукі. — Мае паганыя вусны павінны скрыўдзіць твае царскія вушы.

— Што, што такое? — занепакоіўся сусухунан.

— На сьвята, якое мяркуе ваша вялікасьць праз пяць дзён, ня хопіць грошай.

Сусухунан з няпрыемнасьцю скрывіў твар.

— Няўжо-ж ты ня можаш сам упарадкаваць усё гэта?

— Хай будзе сьведкай Аллах, усё што можна было зрабіць, я зрабіў, але патрэбных грошай здабыць не магу.

— Зьвярніся тады да рэзыдэнта, хай ён дасьць у лік таго, што належыць, — нецярпліва адказаў сусуханан.

— О, вялікі цар цароў! За гэты год нам нічога не належыць: усе 800.000 гульдэнаў мы ўжо атрымалі, а да канца году застаецца яшчэ чатыры месяцы.

— Ці ня мог ты наскрабсьці з якіх-небудзь падаткаў? Ня ісьці-ж мне самому зьбіраць грошы сярод падданых? — ужо зусім незадаволена сказаў сусухунан.

— Хай Аллах уцішыць твой справядлівы гнеў, о магутны ўладар нашага жыцьця! На гэтыя-ж грошы мы жывем увесь апошні час. Усё, што можна было выціснуць, — выціснута.

Сусухунан нэрвова пачаў перакідваць старонкі альбому, а потым кінуў яго далёка ад сябе.

— Ну, дык што-ж ты параіш рабіць? — утаропіўся ён на Радан-Бого.

Той схіліўся яшчэ ніжэй.

— Ці можа раіць тваёй вялікасьці твой нікчэмны слуга? Мудрасьць твая сама ведае, што прыдзецца патрабаваць грошай у рэзыдэнта яшчэ наперад.

— Ну, дык зьвярніся ад майго імя. Я напішу яму.

— О, непараўнаная сьветласьць! Твой слуга ня здолее ўгаварыць рэзыдэнта. Толькі твая магутнасьць можа гэта зрабіць. Асабліва, калі трэба браць за наступны год.

Па-за сьпіной Радан-Бого зьявіўся новы чалавек, яваец гадоў 35, убраны ў голяндзкую вайсковую форму. Ён ледзь матнуў рукой у знак прывітаньня і спыніўся, ляскаючы па ботах стэкам[39].

— Мангко Нэгоро, мусіць, зусім забыўся, да каго зьявіўся і перад кім стаіць, — з нянавісьцю зірнуў на яго сусухунан.

— А вялікі сусухунан, мусіць, забываецца, што падпалкоўнік голяндзкай арміі ня можа сябе трымаць так, як трымаюць вось яны, — задзірліва адказаў Мангко Нэгоро, паказваючы бізуном на распасьцёртага Радан-Бого.

Сусухунан зьбялеў і, здавалася, гатоў быў зрабіць нешта рашучае, але з вялікім усілкам устрымаўся і глуха сказаў:

— Пад гэтым мундзірам ты хаваеш усё нядобрае. Ну, кажы чаго табе трэба?

— Я чуў, што ты ня будзеш сьвяткаваць сьвята Сурах. Калі гэта праўда, дык ці не прадасі мне свайго тыгра для бойкі зьвяроў?

Сусухунан устаў і з гонарам адказаў:

— Ты заўсёды падбіраеш самыя паганыя і злосныя чуткі. Тыгра мне самому патрэбны для бойкі зьвяроў у сьвята Сурах.

Ён адвярнуўся і адышоў у бок, даючы ўразумець, што размова скончана.

— Як хочаш, — сказаў Мангко Нэгоро, паціснуўшы плячыма і вышаў вон.

— Гэтая гадзіна зьбірае ўсе плёткі. Адкуль яны пашлі? — грозна зьвярнуўся сусухунан да Радан-Бого.

Той зусім прыліп да зямлі.

— Хай гаспадар мой зараз-жа адсячэ мне галаву, калі я маю да гэтага якое-небудзь дачыненьне, — прастагнаў небарака.

— Ідзі і папярэдзь рэзыдэнта, што я хачу наведаць яго, — загадаў сусухунан і пачаў нэрвова хадзіць з кута ў кут.

Радан-Бого задам выпаўз за дзьверы.

Маленькая «сямейная» сцэна з Мангко Мэгоро зьяўляецца адным з шматлікіх вынікаў голяндзкай політыкі. Гэты Нэгоро быў пляменьнікам сусухунана і офіцыйна лічыўся яго насьледнікам. Дзякуючы таму, што ў Суракарце ня было сталага закону аб тым, хто павінен быць насьледнікам, голяндцы самі абіралі яго з сям’і сусухунана і «прапанавалі» імпэратару, каб ён офіцыйна зацьвердзіў гэтага наступніка.

Няма чаго і казаць, што голяндцы абіралі такога насьледніка, які целам і душой належаў да іх. Яму голяндцы таксама плацілі грошы (тысяч 200 гульдэнаў у год), давалі пад яго каманду спэцыяльны атрад войска, а каб сусухунан ня мог чапляцца да яго і вымагаць агульных надзвычайных знакаў пашаны, — зрабілі яго голяндзкім падпалкоўнікам, з абавязкам насіць гэты мундзір заўсёды. Ён меў асобны палац, асобную гаспадарку і наогул не залежаў ад імпэратара.

Нельга думаць, што голяндцы былі асабліва прыхільны да насьледніка. Не, да абодвух яны адносіліся аднолькава, але сусухунан вельмі выразна адчуваў, што калі ён страціць ласку ў голяндцаў, дык на другі дзень лёгка і зусім законна на яго месцы апыніцца яго заступнік. А сам заступнік заўсёды быў рады дапамагчы імпэратару страціць гэтую ласку.

Пачуліся гарматныя стрэлы: гэта было знакам таго, што яго вялікасьць выяжджае з кратону. Гэтыя стрэлы давалі сусухунану найвялікшае задавальненьне. Падумаць толькі: самі голяндцы так шануюць яго! Паводле нейкіх там голяндзкіх правілаў, нельга страляць пасьля захаду сонца. Дзеля гэтага сусухунан ніколі не выяжджаў пасьля захаду, каб толькі ня страціць гэтую прыемнасьць. І голяндцы шчодра ахвяравалі на гэтую справу некалькі кілё пораху. Трэба яшчэ дадаць, што сусухунан наогул рэдка выяжджаў з свайго кратону. Дзеля гэтага кожны раз трэба было «параіцца з малодшым братам», а гэты брат вельмі часта «ня раіў» выяжджаць. Таму вялікі імпэратар бадай увесь век сядзеў у сваім кратоне, нібы пад арыштам.

Адчынілася брама, і на плошчу высыпала цэлая арава прыдворнага народу ў самым рознастайным, і рознакаляровым убраньні, нібы карнавал нейкі. Воіны з пікамі і шчытамі, царскія зброяносцы, саноўнікі пад сваімі пайёнгамі, розныя слугі, з якіх двое несьлі залатыя царскія плявальніцы.

Імпэратар сядзеў у высокай пазалочанай карэце, запрэжанай шасьцёркай коняй. На кожным кані сядзеў вярхом слуга. На перадку — два фурманы, ззаду — пайёнганосец з жоўтым пайёнгам. Адным словам, кожнаму было відаць, які вялікі і магутны імпэратар Паку-Бувоно… і г. д.

Рэзыдэнт вышаў насустрач пачэснаму госьцю і спаткаў яго на ганку. Абодва «браты» павольна, царамонліва і нізка пакланіліся адзін аднаму, а потым рэзыдэнт узяў імпэратара пад ручку і павёў у пакой. Дзеля таго, што сусухунан прыехаў не надоўга, па справе, — ён загадаў сваім людзям застацца і чакаць яго на вуліцы.

Калі «браты» апынуліся адны ў габінэце, паводзіны абодвух адразу зьмяніліся. Старэйшы брат адразу страціў усю сваю важнасьць і неяк лісьліва пазіраў на малодшага, а малодшы, наадварот, пакінуў лісьлівасьць і дзелавіта запытаўся:

— Чым магу служыць вашай вялікасьці?

— Я заўсёды рады навясьціць майго брата і протэктара, — соладка адказаў сусухунан.

— Вельмі прыемна. Мне самому заўсёды прыемна бачыць вашу вялікасьць, — абыякім тонам прамовіў рэзыдэнт.

— Праз пяць дзён будзе наша вялікае сьвята — Сурах. Паміж іншым, я хачу паставіць цікавую бойку зьвяроў. Думаю, вы не адмовіцеся паглядзець на гэта.

— Вельмі дзякую вашу вялікасьць. Гэта, мусіць, вельмі цікава.

— Толькі вось… бачыце… э-э… бачыце, крыху грошай не хапае.

— Гэта няпрыемна, — пашкадаваў рэзыдэнт.

— Дык вось я і хачу папрасіць вас адпусьціць крыху ў лік маёй пэнсіі, — скончыў сусухунан нават з нейкім хваляваньнем.

— А ці вы ведаеце, ваша вялікасьць, што ўсе грошы за гэты год ужо ўзяты?

— Ведаю. Мне міністар фінансаў надойчы сказаў, — апусьціў вочы імпэратар. — Але я спадзяюся, вы не адмовіцеся даць мне крыху наперад.

— Ваша вялікасьць! — з дакорам сказаў рэзыдэнт. — І так ужо заўсёды наперад бераце. Немагчыма-ж аж за наступныя гады даваць. Павінен быць нейкі парадак, нейкая мяжа.

— Ведаю ўсё гэта, паважаны рэзыдэнт, але ўжо так прышлося. Дайце ўжо апошні раз, болей ня буду прасіць. Прызнаюся вам пад сакрэтам, ёсьць акалічнасьць, якая прымушае мяне шукаць грошай, чаго-б гэта ні каштавала. Я думаю, нават вас гэта датычыцца.

— Што-ж гэта такое? — ужо больш уважліва запытаўся рэзыдэнт.

— Ня ведаю, адкуль пашлі чуткі, што я ня маю грошай, каб адсьвяткаваць належным чынам наша сьвята — Сурах. Гэтыя чуткі падхапіў Мангко Нэгоро і нават адважыўся прапанаваць мне, каб я прадаў яму свайго тыгра. Бачыце, заместа мяне Нэгоро зробіць урачыстае сьвята! Што-ж тады скажа народ? Гэта-ж будзе памяншэньне майго аўторытэту, а паколькі я ведаю, гэта і ня ў вашых інтарэсах.

У вачох рэзыдэнта бліснула ледзь значная ўсьмешка.

— Ваша вялікасьць павінны былі загадзя прадугледзець такое становішча.

— Яно так, — уздыхнуў сусухунан, — але-ж я толькі цяпер даведаўся аб гэтым. Гэта Радан-Бого дацягнуў да апошняга моманту. Ва ўсякім разе, цяпер ніякага іншага выхаду няма. Я ўпэўнены, што вы не дапусьціпе, каб пахіснуўся мой аўторытэт сярод народу.

— А колькі-б вы жадалі? — запытаўся рэзыдэнт, пастукваючы пальцамі па стале і гледзячы некуды ўбок.

— Ды тысяч сто.

— Не, ваша вялікасьць, гэта немагчыма. Гэта-ж будзе бадай за два месяцы на наступны год.

— Ці вы баіцеся, што я не дажыву да таго часу? — скрывіўся імпэратар.

— Усе мы пад Аллахам ходзім, — задуменна адказаў рэзыдэнт.

— Ну, тады хоць восемдзесят.

— Болей пяцідзесяці даць не магу, — цьвёрда адказаў рэзыдэнт.

— Надбаўце яшчэ хоць дзесяць — жаласна прасіў імпэратар.

— Не магу. Нават гэтыя даю толькі ў знак асабістай павагі да вашай вялікасьці, дзеля падтрыманьня вашага аўторытэту.

— Хай будзе хоць так, — нібы з жалем сказаў сусухунан, а ў самога адразу лёгка зрабілася на сэрцы.

Перакінуўшыся яшчэ некалькімі словамі, яны накіраваліся да выйсьця.

Ледзь толькі пераступілі парог, рэзыдэнт зноў зрабіўся надзвычайна ўважлівым, лагодным, вывеў госьця на ганак, доўга кланяўся на разьвітаньні.

Сусухунанава дружына замітусілася, выстраілася ў парадак. Надзвычайная веліч, здавалася, вылучалася ад усёй асобы сусухунана.

І гледзячы на гэту ўрачыстую працэсію, народ схіляўся і дзівіўся славе і магутнасьці свайго вялікага імпэратара Паку-Бувоно-Сэнопаці-Інгнаголого-Нгабдур-Рахман-Сайдык-Панотогамо.


∗     ∗

Задні бок сусухунанскага палацу выходзіў у сад. Тут і была пляцоўка-арэна для бойкі зьвяроў. Моцныя жалезныя краты агараджілі авальную арэну; толькі з правага боку яе была сьцяна з некалькімі жалезнымі дзьвярыма. Гэта было памяшканьне для зьвяроў.

Дзеля такога ўрачыстага сьвята імпэратарскі сад быў адчынены для ўсяго народу. Яшчэ задоўга да прадстаўленьня пярэсты натоўп абступіў краты. Нізенькая агарожа перад кратамі ледзь стрымлівала націск. Узброеныя царскія слугі сачылі за парадкам.

З боку палацу сюды выходзіла шырокая вэранда з мармуровымі калёнамі і шырокімі мармуровымі-ж ступенямі ўніз. На вэрандзе, пад аксамітным палагам стаялі два крэслы, аднолькавыя як адзін. На вэрандзе таўклася прыдворная чэлядзь, чакаючы выхаду імпэратара.

На ступенях разьмясьцілася варта — страшэнныя, паўголыя малайцы з вялікімі крывымі крысамі напагатове. Тут-жа ўнізе чакаў «гамэлянг» струнная явайская оркестра.

Раздаўся гук гонга[40]. Усе ўскочылі, выстраіліся ў шэраг, сьцішылі дыханьне. Нават з боку народу ня чутно было ані гуку.

Расчыніліся нахлашч дзьверы, зьявіўся нейкі дзіўны цырымонімэйстар з вялікім кіем, а за ім паважна выплылі «два браты». Ішлі яны побач і можна было заўважыць, што кожны стараўся, каб яго сусед не апынуўся хоць на сантымэтр наперадзе. Цікавае было злучэньне мяшанага, напалову фантастычнага адзеньня сусухунана з дасканалым белым эўропэйскім гарнітурам рэзыдэнта.

Зайграў гамэлянг, зароў народ, бліжэйшыя распасьцёрліся на зямлі, — пад гэты шум, з лагоднымі ўсьмешкамі «браты» накіраваліся да сваіх крэслаў. Кожны з іх меў падставу думаць, што гэтыя шумныя прывітаньні адносяцца, галоўным чынам, да яго.

Браты селі. Зараз-жа па бакох стала варта, а ззаду двое слуг з вахлярамі, каб ахалоджваць сваіх уладароў. Жонкі сусухунана, у ліку некалькіх дзесяткаў, ішлі ззаду і разьмясьшіліся побач на падлозе, на мяккіх дыванах. Толькі галоўная з іх мела крэсла. Мангко-Нэгоро таксама меў збоку сваё асобнае крэсла.

Рэшта прыдворных разьмясьцілася, як хто хацеў: частка стаяла навакол, а большая частка прысела на карачкі. Ад стракатых саронгаў, шырачэнных рознакаляровых шаравараў, яскравых шапак-стажкоў, рознакаляровых дарагіх каменьняў, якімі былі ўсыпаны ня толькі адзеньне і зачоскі жанчын, але нават і валасы мужчын — ад усяго гэтага аж у вачох мітусілася.

Народ тымчасам пачаў выяўляць нецярплівасьць. Усім хацелася хутчэй убачыць цікавую бойку.

Нарэшце, па знаку сусухунана, падняліся ўверх дзьверы зьвярынага будынку, і на арэну вышаў дужы чорны дзікі буйвал. Радасныя галасы народу спалохалі яго, ён спыніўся і з неразуменьнем пачаў азірацца навакол. Потым ступіў некалькі крокаў, зноў спыніўся. Так ён зрабіў некалькі разоў, пакуль прызвычаіўся і пачаў хадзіць спакойна, нават з цікавасьцю прыглядаючыся да нязвычайных для яго абставін.

Тады падняліся другія дзьверы, і з-пад іх высунулася галава тыгра. Але зараз-жа схавалася назад. Яго спаткалі яшчэ большымі крыкамі. Прайшло з паўхвіліны, а тыгр не паказваўся, толькі часам з цемры блішчалі яго вочы. Тады з клеткі яго нечым штырханулі. Ён злосна зарыкаў і высунуўся на арэну задам. Але, калі народ зноў загуў, тыгр зноў схаваўся ў сваім памяшканьні. Зноў прышлося яго штырхаць, і калі ён увесь высунуўся з дзьвярэй, яны апусьціліся, і тады толькі тыгр застаўся на пляцоўцы.

— Э, мат’ян! Стыд і сорам! Што гэта ты туляешся, як мокрае шчанё! — падбадзёрваў яго народ.

Мат’ян толькі жмурыўся і злосна азіраўся.

Потым, крадучыся, ступіў некалькі крокаў да кратаў, нібы жадаючы кінуцца на людзей. Адтуль у яго кінулі бананам. Тады і ён пачаў злаваць: выскаліў зубы, пачаў біць хвастом.

А буйвал у гэты час стаяў на другім баку арэны, схіліўшы галаву, біў аб зямлю капытамі, глуха бурчаў і не адводзіў вачэй ад тыгра.

Нарэшце, і тыгр заўважыў яго. Прыціснуўшыся да зямлі і пляскаючы сябе па бакох хвастом, ён пачаў красьціся да буйвала збоку.

Надыходзіў рашучы момант. Настала такая цішыня, нібы тут, апрача зьвяроў, больш нікога ня было. Напружыліся і «браты». Сусухунана мімаволі, несьвядома, пасунуў неяк свае крэсла крыху наперад. Але нават і ў такі напружаны момант рэзыдэнт не забыўся пра аўторытэт голяндзкай улады: ён на столькі-ж сама пасунуўся і са сваім крэслам.

У глыбіні вэранды, асобна ад іншых стаялі Гейс, Радан-Бого, настаўнік Пандо і мулла. Пандо шмат паклапаціўся, пакуль зьвёў іх усіх разам. Радан-Бого і мулла аніяк не маглі сабе ўцяміць, як гэта голяндзец можа быць іх прыхільнікам, аднамысьнікам і нават ісьці супроць голяндзкай улады.

Пандо ня мог адкрыта сказаць, што мэта іх — вызваліцца наогул ад усіх паразітаў, у тым ліку і такіх, як мулла і Радан-Бого. Прышлося толькі тлумачыць, што ў Голяндыі народ таксама прыгнечаны сваёй уладай, як і явайскі, і калі гэтая ўлада аслабее тут, дык аслабее і там, і тады, значыцца, у Голяндыі лягчэй будзе скінуць яе.

Гэты довад для іх ужо быў больш зразумелым. А самым галоўным довадам быў сам Пандо, якога яны добра ведалі і якому давяралі. Пасьля некалькіх паасобных сустрэч, цяпер яны першы раз былі ўсе разам.

Гейс адчуваў сябе неяк няёмка сярод гэтых зусім чужых людзей, але трэба было паспробваць выкарыстаць і такіх «рэволюцыянэраў». У такой забітай і цёмнай краіне можа знайсьціся шмат людзей, якія ахватней пойдуць за сваімі панамі, чымся за сапраўднымі рэволюцыянэрамі.

Зразумела, абгаварваць свае справы тут ня прыходзілася. Дзеля гэтага вызначылі другое месца і час. Цяпер перакінуліся толькі некалькімі словамі і сачылі за бойкай зьвяроў з няменшым захапленьнем, чымся і ўсе прысутныя.

Тыгр падкрадваўся. Буйвал паварочваўся за ім, увесь час трымаючы напагатове свае рогі. Вось ужо тыгр падрыхтаваўся да апошняга падскоку. Але буйвал папярэдзіў і кінуўся на яго сам першы.

Тыгр гэтага зусім не чакаў і ледзь пасьпеў адскочыць у бок.

Народ весела зарагатаў. Спачуцьцё людзей усё-ж такі было на баку буйвала.

— Маладзец, «кербаў»! Трымайся! Задай яму перцу! — падахвочвалі буйвала з усіх бакоў.

Вочы буйвала наліліся крывёю, з храпы ішла пара, нават пена паказалася з рота ад напружаньня. Ён ужо сам імкнуўся перайсьці ў наступ. Тыгра-ж, наадварот, яшчэ болей сьціснуўся і туляўся.

І вось раптам публіка ўбачыла тыгра ў паветры. Ён ляцеў наўскасок, проста на карак буйвалу. Але той матнуў галавой і… памог тыгру пераляцець на другі бок. З карка быў вырваны кавалак скуры, а тыгр параніў аб рогі нагу.

Але зараз-жа, з нязвычайнай хуткасьцю, нібы ў паветры яшчэ, тыгр завярнуўся назад і апынуўся ў буйвала на карку.

Сусухунан яшчэ пасунуўся наперад, а за ім, не адводзячы вачэй ад сцэны, і рэзыдэнт…

Жудасны роў вырваўся з грудзей буйвала.

Але ў адзін міг ён зваліўся на бок і прышчаміў ніжнюю палову тыграва тулава да кратаў.

Пачуўся хруст. Гэта пакрышыліся косьці тыгра.

Але галава і пярэднія лапы яшчэ рабілі сваю справу…

Буйвал закідваў назад галаву, каб зачапіць ворага рогам. Гэта яму слаба ўдавалася, але і тыгр паступова слабеў і сьцішаўся.

Нарэшце, тыгр сканаў, а буйвал хоць і быў яшчэ жывы, але ўжо ня устаў…

— Вельмі цікавая бойка! — задаволена казаў сусухунан рэзыдэнту, уваходзячы ва ўнутраныя пакоі. — Рэдка здараецца, каб абодва разам перамаглі адзін аднаго.

— Так, цікава, — адказаў рэзыдэнт, хоць сапраўды яму ня вельмі падабалася такая пацеха.

Працяг сьвяткаваньня адбываўся ў залі. Галоўным нумарам былі явайскія танцы — «срымпі» і «бэдойо». Зайграў гамэлянг цягучую, сумную, аднастайную мэлёдыю, і на сярэдзіну вышлі танцоркі, выключна прынцэсы імпэратарскага роду.

Як вядома, танцы ўсходніх народаў зусім непадобны да нашых. Няма там такіх подскакаў, як у нашых халодных краёх, дзе мы часта прымушаны скакаць нават супроць нашага жаданьня. Там танцы выяўляюць тую млявасьць, пяшчоту, якія ўласьцівы гарачым краём.

Увесь танец складаўся з павольных рухаў, нібы шпацыраваньня ўзад і ўперад, з прысяданьнямі, выгінаньнямі, падобнымі да зьмяіных рухаў. Ва ўсякім разе, тулава і рукі больш рухаліся, чымся ногі. Асабліва выкручваліся рукі, суставы, пальцы выкручваліся нязвычайна, ненатуральна.

Нязвычайныя абставіны, публіка, танцоркі, іх зьмяіны танец, аднагучная, ціхая музыка, — усё гэта рабіла на Гейса моцнае ўражаньне, але з цягам часу пачало нібы зачароўваць, наводзіць сон. Тым болей, што прайшло поўгадзіны, гадзіна, паўтары, — а ўся гэта гісторыя ўсё цягнулася ды цягнулася.

Сусухунан сядзеў ля стала, пацягваў халоднае піцьцё, курыў і, відаць, з прыемнасьцю сачыў за танцамі. Вось ён кашлянуў і зараз-жа збоку падпаўзла на карачках дзяўчына з залатой царскай плявальніцай. Атрымаўшы порцыю царскай сьліны, яна, таксама на карачках, але ўжо задам, пасунулася назад, трымаючы плявальніцу над галавой.

Але рэзыдэнт пакутваў. Шмат разоў бачыў ён гэтыя аднастайныя танцы. Калі спачатку яны вельмі цікавяць эўропэйца, дык потым ужо робяцца нуднымі. Асабліва, калі гэта цягнецца на працягу бадай што дзьвюх гадзін. Рэзыдэнт бязупынна пазіхаў, і сяк, і так варушыўся, каб толькі не заснуць, і быў надзвычайна рады, калі справа скончылася.

Надыходзіў вечар. Госьці вышлі на вэранду, у сад.

— А што будзе далей? — запытаўся Гейс у Радан-Бого.

— Мусіць, эўропэйскія танцы, а ў дванаццатай гадзіне — вячэра.

— Ну, дык я ня буду чакаць. Хоць і цікава, але што занадта, то нядобра.

— З якой бы прыемнасьцю і я пашоў-бы! — уздыхнуў міністар. — Але нельга. Ну, дык заходзьце з Пандо. Буду чакаць.

— Не падабаецца мне гэта кампанія, — казаў Гейс Пандо па дарозе дадому. — Нічога агульнага ня можа быць з імі.

— А ці-ж ты гэтага сам ня ведаў? — адказаў Пандо. — Іх-жа ж мэта нам добра вядома: скінуць голяндзкую ўладу і адрадзіць ранейшую дэспотычную дзяржаву, дзе народу жылося-б нават горш, чымся цяпер. Гэты самы Радан-Бого абсталяваўся ў сябе дома, як маленькі сусухананчык: таксама поўзаюць перад ім слугі, таксама падносяць плявальніцы. Адна толькі розьніца: прыдворная чэлядзь разбэшчана, нічога ня робіць і жыве паразытамі, а Радан-Бого сьсе з сваіх слуг апошнія сокі. А аб паўстаньні ён думае таму, што ня можа забыцца аб ранейшай магутнай Матарамскай імпэрыі, дзе ён быў-бы яшчэ большай шышкай. Але-ж ты гэта і сам добра ведаеш.

— Ведаю, але сумняваюся, ці могуць яны мець якую-небудзь рэальную сілу. Можа ня варта з імі і зьвязвацца.

— Гэтага не кажы. Сіла ў іх можа быць, толькі неогранізаваная. А калі, напрыклад, усе муллы разам узьнімуць агітацыю пад лёзунгам незалежнасьці, дык змогуць падняць больш народу, чымся нават мы. Гэта табе не Эўропа.

Праз дзень у Радан-Бого адбылася нарада з удзелам Гейса, Пандо, і чалавек восем главароў з партыі Радан-Бого…

А яшчэ праз два дні да Пандо зьявіўся пасланец ад Салула. На кілёмэтраў пятнаццаць ад Соло, у лесе, у руінах старажытнай царквы заўтра павінны былі сабрацца актыўнейшыя рэволюцыянэры з усёй Суракарты. Пасланец павінен быў правесьці туды Гейса і Пандо.

Паўстала пытаньне, якім чынам прайсьці туды Гейсу? Ці неўзаметкі, ці адкрыта, у якасьці «пана». Панам быць у даным выпадку было вельмі нязручна, бо ў дарозе будуць зьвяртаць на яго большую, чымся трэба, увагу. Але і цішком, пешшу, таксама немагчыма былое ісьці, бо «белы пан» у такім простым выглядзе зьверне да сябе яшчэ большую ўвагу.

— Вось калі мае перавагі ня толькі не карысны, але нават шкодны! — жартаваў Гейс.

Выбралі сярэдняе: ехаць звычайна, у выглядзе маленькіх чыноўнікаў. У готэлі паведаміць, што едуць аглядаць зямлю пад плянтацыі, а ў дарозе будуць мець выгляд чыноўнікаў, якія едуць на паляваньне.

Нанялі падводу бяз возьніка (за возьніка сеў пасланец) і па паўдні рушыліся ў дарогу. Усё навакол мела звычайны выгляд. Капашыліся тубыльцы. Часам праходзіў, ці праяжджаў эўропэец, ківаўся ў паветры пайёнг якога-небудзь саноўніка. Гарачыня яшчэ не зьмяншылася, і вуліцы былі сонныя, млявыя. Ніхто, здавалася, не зьвярнуў на падарожнікаў увагі.

І ні ў якім разе нельга было-б падумаць, што за імі наглядае нават цэлы хвост зацікаўленых людзей…


V. СЯБРЫ МІМАВОЛІ.

Неспадзяваны прыяцель. — Воўк і авечка. — Кітайскія хаўтуры. — Трагікомэдыя на могілках. — Па аднаму сьляду. — Сьмерць здрадніка.

Нонг першы раз быў у вялікім горадзе. Апынуўшыся на вуліцах Батавіі, ён з зьдзіўленьнем пазіраў навакол: на вялізныя будынкі, вокны магазынаў, на незнаёмыя каштоўныя рэчы ў іх, на трамвай, на гарадзкую публіку. Ён быў нібы ўва сьне. Усё, што адбылося з ім, было такім неспадзяваным, нязвычайным.

Якім чынам і чаму ён апынуўся тут? І што рабіць далей? Апрача таго, ён зрабіўся багатыром. Меў цэлых сто гульдэнаў! Нязвычайнае багацьце! Ён ня мог даць сабе веры, што ўсё гэта праўда. Зноў і зноў аглядаў грошы — выходзіла, што праўда.

Бантам, лясы, таемныя таварышы — усё гэта засталося, як цьмяныя, нявыразныя ўспаміны. Яго жаданьне і абяцаньне зьвязаць свой лёс з імі адышлі на задні плян, здаваліся ўжо непатрэбнымі.

Навошта ўсё гэта, калі ён цяпер багатыр! Ён цяпер можа наладзіць сваё жыцьцё зусім інакш. Сто гульдэнаў — гэта-ж ня жарты! Яны, здавалася, палілі яго рукі. Яму здавалася, што ўсе навакол гэта бачаць і зайздросьцяць яму. Можа нават хочуць адабраць. І ён схаваў свае грошы глыбей.

— Што, браток, рады, што вырваўся? — пачуў ён над вухам голас, і чыясь рука папрыяцельску апусьцілася на яго плячо.

Нонг уздрыгануўся. Перад ім стаяў той самы чалавек, які там у судзе пасьведчыў, што «гэта ня ён».

— Гэта я пашкадаваў цябе, — казаў далей чалавек. — Бачу, хлапец добры, несапсаваны. Дарма, думаю, ён пакутуе, трэба памагчы. Ну, і сказаў ім, што трэба цябе выпусьціць. А то прышлося-б табе доўга яшчэ пакутваць. У такіх справах нялёгка аслабаніцца без дапамогі збоку, нават хоць ты і тысячу разоў будзеш невінаваты.

Нонг слухаў гэта прыяцельскае лапатаньне і адчуваў сябе неяк няёмка. Востры твар гэтага чалавека, лісіны голас, шустрыя вочы рабілі на Нонга агіднае ўражаньне.

«Чаму ён такі ласкавы? Чаго яму трэба ад мяне? Ці ня хоча ён выманіць ад мяне грошы?» — думалася яму.

Але новы прыяцель ня толькі ня зарыўся на яго грошы, але наадварот — сам прапанаваў пачаставаць яго.

— Хадзем, брат, пачастую. Ты тут чалавек новы, і я магу быць для цябе карысным. А то можа яшчэ здарыцца так, што вызваліўшыся з бяды, трапіш у другую, і тады я буду вінаваты, што вызваліў цябе.

І ён весела засьмяяўся.

Усьміхнуўся і Нонг. Гэты дзівак пачаў нават цікавіць яго.

«Ну, што-ж», — думаў Нонг, — «калі ты такі ласкавы, — добра. Але і мяне, брат, не абдурыш. Бачу, якая ты цаца».

Апрача таго, Нонг быў упэўнены, што гэты чалавек ня ведае пра яго, Нонгава, багацьце. Нават, калі-б і бачыў, як туан даваў яму грошы, дык усё роўна ня мог ведаць, колькі.

Селі ў трамвай і паехалі ў гавань Прыорк. Усю дарогу новы таварыш забаўляў яго, жартаваў.

— Цябе як завуць? Я забыўся.

— Нонг.

— А мяне — Като. Павінен цябе папярэдзіць, што ў нас у горадзе жулік на жуліку едзе і жулікам паганяе. Сам убачыш. Вось чаму мне прыемна пазнаёміцца з чэсным чалавекам. Пакуль ты яшчэ не сапсаваўся ў горадзе, — падміргнуў ён з хітрай усьмешкай.

Але гэта самае здаровае, несапсаванае пачуцьцё якраз і казала Нонгу, што ён мае справу з адным з такіх жулікаў. Пачуцьцё было інстынктыўнае, але моцнае, выразнае. Можа гэтаму Като нават і ўдалося-б перамагчы гэта пачуцьцё, каб ня тая таемная роля, якую ён граў там, на сьледзтве.

Нонг гэта добра памятаў. Чым болей ён прыпамінаў усе падрабязнасьці, тым болей пераконваўся, што гэты тып вядзе тут нейкую нядобрую політыку. А «сяброўства» яго, напэўна, мае якую-небудзь шкодную мэту.

Нонг добра бачыў і разумеў, што Като там быў сьведкай, што ён ведае «тых», таму і ня прызнаў Нонга і яго туана. Ясна было, што «тых» шукаюць і, відаць, натрапілі на нейкі сьлед. І таксама ясна было, што галоўным выведнікам быў гэты самы Като. І, нарэшце, Нонгу лёгка было зразумець, куды вядзе ўсё гэтае «сяброўства».

Пасьля гэтага з галавы Нонга адразу вылецеў увесь той туман, усе тыя новыя ўражаньні, што адбыліся з ім за апошні час. І горад, і грошы, і пляны свайго ўласнага жыцьця адсунуліся ўбок. Першае месца заняла іншая, большая справа. Выразьней паўсталі яго ранейшыя пачуцьці, выразьней прыпомніў і «тых» таварышоў у лесе, прыпомніў, з якой ахвотай ён ішоў дах, як абяцаў служыць іхнай справе. І, нарэшце, самае галоўнае, што надавала яму духу і гонару, — гэта тое, што яму цяпер трапляецца адказны выпадак самастойна памагчы «тым», адхіліць небясьпеку.

А якім чынам — гэта ўжо залежыць ад яго самога і ад абставін.

Калі яны вышлі з трамваю, Нонг ужо адчуваў сябе вальней, упэўненей, ён ведаў, як сябе трымаць.

У гавані стаяла шмат караблёў з розных канцоў сьвету. Выгружаліся эўропэйскія тавары, пагружаліся мясцовыя: кава, хіна, цукар, цынамон, мушкат, перац г. д. Пад палючымі праменьнямі сонца бегалі па сходнях жоўтыя, бурыя, чорныя паўголыя насільшчыкі з вялікімі пакамі і скрынямі на сьпіне. Дзіўным здавалася, як гэтыя маленькія, худыя, стомленыя людзі маглі насіць такія цяжары. Скурчыўшыся бадай да зямлі, з павылазіўшымі на лоб вачыма, з гікам нясецца такі насільшчык і, відаць, што гэты гік зьяўляецца яго апошнім сродкам для падтрыманьня сілы.

А ўвечары большая частка заробкаў гіне у нязьлічоных тавэрнах[41], якія, нібы пасткі, расстаўлены навакол. Толькі кітайскія насільшчыкі, або як іх звычайна завуць — кулі, больш стрыманы і берагуць кожны грош. Павячэраўшы жменькай рысу ды бананам, яны так і застаюцца начаваць на ўзьбярэжжы да наступнага дню. Тым болей, што рабочых так многа, што яны ўжо з вечара павінны станавіцца ў чаргу, каб атрымаць работу назаўтра.

Като і Нонг зайшлі ў адну такую тавэрну. У брудным нізенькім пакойчыку, за бруднымі столікамі сядзелі голяндзкія, ангельскія, японскія, кітайскія, францускія матросы.

Шум, гам і моцныя словы на розных мовах сьведчылі, што прысутныя ўжо досыць падвіпілі. Ад дыму і розных пахаў паветра было такое густое, што, здавалася, праз яго трэба было праціскацца. Нонг нават крыху спалохаўся, упяршыню апынуўшыся ў такім месцы.

— Кітаёза, віскі[42]! — закамандаваў Като гаспадару-кітайцу.

З прагнасьцю наліў Като дзьве шклянкі, стукнуўся з Нонгам і мігам апаражніў сваю. Нонг дакрануўся вуснамі да сваёй, але спыніўся: моцным і няпрыемным здалося яму гэтае піцьцё.

— Што-ж гэта ты, брат, здрэйфіў? — засьмяяўся Като. — Прывучайся.

— Не магу, — адазваўся Нонг.

— Ну, не, брат, гэтак нельга! Гэтак з цябе ніколі ня выйдзе чалавек. А я жадаю табе дабра і хачу з цябе зрабіць чалавека. Ну, бяры. Калі хочаш, я вось сабе другую нальлю. Ну, разам! Сьмялей, ня бойся! Вось гэтак.

І ён са смакам, павольна, пачаў смактаць з сваёй шклянкі. Нонг крыху адпіў, а рэшту, выкарыстаўшы момант, няпрыкметна выліў пад стол.

— Вось і добра! — пахваліў Като, не заўважыўшы гэтага. — Калі хочаш мець посьпех у жыцьці, трэба ўмець піць. Хто ўмее піць, той умее жыць. Колькі ў мяне было таварышоў, якія ня ўмелі ні таго, ні гэтага. Яны цяпер недзе дарма пакутуюць, а я, як бачыш, жыву і табе жадаю такога самага жыцьця. Прызнавайся, ты, мусіць, зацікавіўся, чаму гэта я выказваю да цябе прыхільнасьць, і, мабыць, ня верыш мне, а?

— Праўду кажучы, я нічога яшчэ, ня думаў. Бачу, добры чалавек — і ўсё, — адказаў Нонг з прасьцецкім выглядам.

— Вядома, добры. І зараз ты ў гэтым пераканаешся.

Като нахіліўся бліжэй і ціха запытаўся.

— Скажы, як выглядае той другі туан, якога ты бачыў у Бантаме?

«Пачынаецца», — падумаў Нонг, і ўвесь напружыўся.

— Ды я-ж, казаў ужо, — адказаў ён голасна. — Досыць высокі, гадоў пад 35, ці болей, з чорнымі валасамі і барадой.

Здаецца, Като не заўважыў, што Нонг цяпер накінуў гадкоў з пяць.

— Чорны? — зноў запытаўся Като.

— Але. Што-ж тут дзіўнага?

— А якія з ім былі людзі?

— Зноў-жа я казаў: некалькі праваднікоў, слуг.

— А што ён там рабіў?

— Ня ведаю. Я бачыў яго мімаходзь. Здаецца, паляваў; апрача гэтага, я адным вухам чуў, што ён шукае нейкія плянтацыі.

— А ты-б пазнаў яго, калі-б убачыў зноў?

На гэты раз Нонг задумаўся, як лепей адказаць.

— Ня ведаю. Я яго зусім мала бачыў, — нерашуча прамовіў ён.

— Ну, дык я табе адкрыю сакрэт, чаму я так цікаўлюся гэтым панам. Ты кажаш, што ён хоча знайсьці зямлю ў арэнду. Сам ведаеш, справа гэта нялёгкая. Ну, а я якраз ведаю адпаведны вучастак. Калі мы знойдзем гэтага пана і прапануем зямлю, дык можна будзе добра зарабіць ад яго і ад таго, хто здае, бо пан гэты, відаць, багаты і грошай не пашкадуе. Заработак падзелім папалам — вось і ўся справа. Разумееш цяпер?

Нонг зразумеў: Като хоча выкарыстаць яго, каб знайсьці «тых». І надумаў плян нядрэнны. Ну, што-ж? Лепш будзе, калі Нонг будзе ўвесь час поруч з гэтым шпіёнам, чымся той будзе рабіць сваю агідную справу самастойна. Пры такіх умовах можна будзе знайсьці выпадак і назаўсёды пазбавіцца яго.

— Гэта было-б вельмі добра! — нібы радасна адказаў Нонг.

— І гэта ў значнай меры залежыць ад цябе. Мы-б паехалі разам. Калі-б ты мог пазнаць яго, асабліва, калі-б ты хоць прыблізна мог ведаць, дзе яго шукаць, тады мы хутка зрабілі-б сваю справу.

Нонг неяк чуў тады, нават не зьвяртаючы на гэта ўвагі, што тыя два зьбіраюцца ехаць у Суракарту. Але сказаць гэта шпіёну ён не адважваўся. А што, калі ён, пачуўшы гэта, накіруецца адзін? Тады Чонг будзе злачынцам, здраднікам.

— Гэтага ня ведаю, — адказаў ён, падумаўшы.

— А ты больш падумай, можа што-небудзь чуў? Хоць прыблізна. Табе-ж лепш будзе.

Крыкі і сварка сярод матросаў вызвалілі Нонга ад адказу. Усе паўскаквалі; у куту заблішчалі нажы, рэвольвэры. Але зараз-жа зьявілася паліцыя і спыніла сварку.

Сьледам за гэтым Като зацікавіўся другім зьявішчам. На ўзьбярэжнай, супроць тавэрны, з карабля выгружалі труну. Група кітайцаў сустракала яе, плакала, галасіла. За труной з сумным выглядам спускаўся з карабля кітаец, які, відаць, прывёз нябожчыка.

— Ян-Фу?.. — пазваў яго Като і нібы зьдзівіўся гэтаму.

Кітайцы вельмі шануюць сваю бацькаўшчыну. Дзе-б кітаец ні быў, ён ніколі ня траціць з ёй сувязь. Заўсёды ён імкнецца вярнуцца дадому. І калі памірае, дык галоўным яго жаданьнем зьяўляецца, каб хоць яго труп перавезьлі і пахавалі на бацькаўшчыне. Зразумела, такое жаданьне могуць выканаць толькі багатыя кітайцы, але ў агульным ліку на ўсім сьвеце такіх набіраецца досыць, таму падарожжа кітайскіх мерцьвякоў зьяўляецца досыць звычайным зьявішчам.

З працягам часу гэты звычай пачаў ужывацца і ў тых выпадках, калі кітаец нарадзіўся ня ў Кітаі, а на чужыне. Тады ўжо ён такім самым чынам імкнецца на сваю радзіму. Таму і прывоз кітайскага мерцьвяка на Яву быў звычайнай справай.

Але Като, відаць, зацікавіўся іншым.

— Ідзем! — крануў ён за руку Нонга.

Падышоўшы да процэсіі, Като зьвярнуўся да аднэй жанчыны, якая надта старанна выяўляла роспач.

— Каго везяце?

— Ой-ой-ой. Бацька, бацька вяртаецца ў такім выглядзе! — адказала яна праз сьлёзы.

Потым падышоў да Цянь-Фу.

— Добры дзень, Цянь-Фу! Каго вязеш?

— Бацьку прашлося прывезьці. Вялікае няшчасьце. І каштуе колькі!

Като адышоў і ўсьміхнуўся. Па-першае, Цянь-Фу, як ведаў Като, быў не такі ўжо багаты, каб дазваляць сабе такую роскаш. Па-другое, тая жанчына ня была ні сястрой, ні жонкай Цянь-Фу. І, па-трэцяе, бацька Цянь-Фу нарадзіўся і жыў у Кітаі.

— Ідзем праваджаць гэтага нябожчыка. Грошы заробім, — падышоў Като да Нонга.

Той зьдзіўлена глянуў на Като.

— Чаго дзівіцся? Сам убачыш. Я-ж казаў, што навучу цябе, як жыць на сьвеце.

І яны далучыліся да процэсіі.

Вечарэла ўжо, калі яны падышлі да кітайскіх могілак. Хутка, абыяк засыпалі труну і разышліся. Але Като нават і не чакаў канца. Ён павёў Нонга назад, у горад і купіў… дзьве рыдлёўкі!

Нонг дагадаўся, што задумаў гэты жулік…

— Ну, не! На такія справы я не пайду! — запротэставаў ён.

— Дурны! Кажу-ж табе, што зарабіць можна.

— Гэткіх заработкаў я не жадаю. Ідзі сабе сам.

— І пайду! — упарта сказаў Като. — А ты шкадаваць будзеш. Ты нават яшчэ ня ведаеш, у чым тут справа, а ўжо адмаўляешся.

— У чым-жа ж?

— Пойдзем, дык убачыш.

Што тут было рабіць? Пакінуць яго наогул — немагчыма, бо трэба сачыць за ім, трэба быць з ім заўсёды, пакуль ня здарыцца выпадак пазбавіцца яго зусім. Лёс зьвязаў Нонга з гэтым падлюгай такім чынам, што трэба альбо загубіць «тых», альбо «сябраваць» з гэтым да канца. Загубіць «тых» Нонг ня мог — і пашоў за Като.

Было ўжо зусім цёмна, калі яны вярнуліся на могілкі. Падышлі зусім з другога боку і, натыкаючыся ў цемры на магільныя каменьні, пачалі ціхенька падкрадвацца да сьвежай магілы.

Сэрца Нонга сьціскалася ад жаху. Ужо адно гэтае бадзяньне ўначы па нейкіх кітайскіх могілках чаго было варта. А тут яшчэ невядомая, падазроная і, мусіць, небясьпечная мэта. Але мэта Нонга была больш сур’ёзная, і, сьцяўшы зубы, ён ішоў за Като.

Нарэшце падышлі да сьвежай магілы.

— Цяпер давай капаць, толькі хутчэй, — загадаў Като і ўзяўся за працу. Але Нонг ня рухаўся з месца.

— Мне гэта не патрэбна, — адказаў ён рашуча.

— Ды тут-жа багацьце!

— Якое багацьце?

— Контрабанда.

Цяпер толькі Нонг зразумеў, у чым справа!

У гэты момант побач паднялася нейкая цёмная фігура і шпарка пабегла прэч.

— Дзяржы яго! — крыкнуў Като і кінуўся ўздагон.

Нонг застаўся на месцы, ня ведаючы, як трымаць сябе ў гэтых нязвычайных падзеях.

Праз некалькі хвілін вярнуўся засопшыся Като.

— Уцёк, халера на яго галаву! Гэта быў, відаць, іхны вартаўнік. Цяпер ён іх папярэдзіць і, пэўна, прывядзе сюды.

— Значыцца, нам трэба ўцякаць, пакуль ня позна, — сказаў Нонг.

— І ня думаю, — рашуча адказаў Като. — Мы яшчэ з імі паспрачаемся.

— Ну, а я дык зусім ня маю ахвоты ні спрачацца, ні сустракацца з імі — сказаў Нонг і накіраваўся прэч.

— Пачакай крыху! — спыніў яго Като. — Добра, я згодзен, ідзі сабе, але ня выходзь зусім, пачакай, схаваўшыся, там далей. Калі тут што здарыцца, пачуюцца стрэлы, ці што, тады бяжы і прывядзі паліцыю. А калі ўсё будзе, ціха, я сам прыду да цябе, мы спакойна сабе выйдзем, а ты атрымаеш сваю долю. Як бачыш, ты нічым не рызыкуеш. Згодзен?

Нонг ахвотна згадзіўся. Гэтая прапанова зусім адпавядала яго жаданьням. Па-першае, і ён не разлучаўся з Като назусім, па-другое, не рызыкаваў, а па-трэцяе, меў надзею, што кітайцы заб’юць яго. Гэта быў-бы найлепшы выхад. А паліцыю Нонг пазваў-бы толькі тады, калі пераканаўся-б, што яго «сябра» забіты; нават сам даканаў-бы яго, калі патрэбна было-б.

А Като таксама быў задаволены сваім плянам…

Праз поўгадзіны ён заўважыў, што наперадзе нешта варушыцца. Асьцярожна, ад каменя да каменя, паўзьлі цені. Трэба было альбо быць сьмелым да шаленства, альбо хітрым, задзірлівым і ўпэўненым у сваім пляне, каб трымацца так спакойна, як трымаў сябе Като.

— Гэй! Пачакайце! — крыкнуў ён да ценяў. — Я адзін. Давайце перагаворым.

Адтуль ніякага адказу.

— Гэй! Цянь-Фу! Не хавайся. Ня варта. Ваш вартаўнік, пэўна, сказаў вам, што нас двое. Ну, дык вось адзін з нас знаходзіцца па-за могілкамі і чакае вынікаў. Калі-б вам удалося мяне забіць, дык праз некалькі хвілін ён прывядзе паліцыю, і тады ня толькі вы атрымаеце кару, але і загіне ўвесь ваш тавар. Апрача гэтага, я маю рэвольвэр, нараблю шуму, можа і з вас некалькіх заб’ю. Такім чынам, самі бачыце, бойка не прынясе вам аніякай карысьці. Нават, калі пераможаце, дык будзеце мець: страту тавару, сьмерць аднаго ці двух чалавек і суд для рэшты. Давайце лепш пагаворым папрыяцельску. Хай падыдзе адзін з вас бліжэй. Ня рухайцеся! Ня рухайцеся! Зараз страляць буду. Хай адзін падыходзіць!

Усё гэта Като сказаў досыць ціхім голасам, каб ня было чуваць далей, чымся трэба. Але ўсе словы былі выразны і добра чутны. Нонг знаходзіўся значна далей і нічога ня чуў, толькі напружана чакаў стрэлаў.

Некалькі хвілін усё было ціха. Като з рэвольвэрам у руцэ сачыў навакол, каб ніхто не падкраўся.

— Ну, Цянь-Фу, хутчэй! Ці-ж ты дурны, ці-ж ты ня можаш падлічыць усе выгады ад маёй прапановы?

Нарэшце, падняўся адзін цень і падышоў на некалькі крокаў.

— Якія-ж твае ўмовы? — прамовіў кітаец, і ў голасе яго было столькі стрыманай злосьці, што нават Като крыху жудасна стала.

— Прыяцельскія, па знаёмству толькі, — адказаў ён. — Ты-ж ведаеш, што заместа таго, каб рызыкаваць і набыць сабе ворагаў, я мог-бы ціхенька сказаць на вуха, каму трэба, і без усялякага клопату атрымаць трэцюю частку ўсяго тавару. Ты трапіў-бы пад суд і нават ня ведаў-бы, адкуль табе прышло гэткае шчасьце, ды і на мяне ня меў-бы злосьці. Згодзен ты, што я мог-бы так зрабіць?

— Такі, як ты, вядома, мог-бы, — прахрыпеў Цянь-Фу.

— Згодзен ты, што ў такой труне можна зьмясьціць опіуму і іншых рэчаў тысячы на тры гульдэнаў.

— Куды там на тры тысячы! — жыва адказаў кітаец. — Ды ў мяне і ўсяго капіталу ня будзе трох тысяч.

— Ва ўсякім разе, пустую труну ніхто ня будзе везьці з-за мора, — дзелавіта заўважыў Като. — Ну, дык вось мая прапанова: я атрымліваю замест тысячы толькі пяцьсот і тваю шчырую падзяку, а ты спакойна робіш што хочаш. Згодзен.

— Не, ты занадта ўжо налічыў; там і на тысячу ня будзе.

— Хоць-бы і так, але-ж іначай ты і гэтага не атрымаеш, дый у турму трапіш. Падумай сам, што лепш.

— Уступі крыху, — буркнуў Цянь-Фу. — Трыста вазьмі.

— Ну, добра, згодзен, але з аднэй умовай.

— Якой?

— Што ты шчыра ня будзеш на мяне злаваць.

Кітаец нават засьмяяўся.

— Хай будзе так. Ну, і жулік-жа ты! — падышоў і палез за грашыма.

— Затое сумленны з гонарам адказаў Като і запаліў агонь, каб можна было адлічыць грошы.

Нонг-жа тымчасам аж млеў ад нецярплівасьці. Чаму гэта нічога ня чуваць так доўга? А калі справа скончана мірам, дык час ужо вярнуцца. А можа гэты жулік узяў ды ўцёк ад яго, каб не дзяліцца грашыма? Дарма Нонг не папярэдзіў яго, што на такія грошы ня квапіцца. Дарма ён спалохаўся гэтай брыдкай справы і спусьціў з вачэй свайго «таварыша». Цяпер справа значна ўскладніцца. Як знайсьці яго? Адна толькі надзея засталася: можа ён ціхенька забіты.

І Нонг папоўз да магілы.

А калі падпоўз, дык убачыў, што два кітайцы закопваюць магілу, а больш нікога няма. А можа яны за адным разам закопваюць і забітага Като? Як аб гэтым даведацца? Паказацца ім рызыкоўна, бо яны могуць зьнішчыць і другога сьведку.

Пакуль Нонг ламаў галаву, кітайцы скончылі сваю справу і пашлі. Нонг адзін застаўся на сьвежай магіле. Было, мусіць, а другой гадзіне ночы. Сядзець у такі час аднаму на невядомых могілках незнаёмага гораду было ня вельмі прыемна. Але ня гэта мучыла Нонга. Больш за ўсё мучыла пытаньне: ці пахаваны Като ў гэтай магіле, ці так пашоў? Хоць ты рукамі разграбай зямлю, каб даведацца аб гэтым! А ведаць абавязкова трэба.

Да сьвятла заставалася гадзіны чатыры. Пасьпець яшчэ можна. Ды яшчэ Нонг прыпомніў, што кінуў тады ўбок сваю рыдлёўку. Пэўна, ніхто аб ёй ня думаў і ня шукаў. Так яно і было. А знайшоўшы рыдлёўку, Нонг ужо ўпэўнена ўзяўся за працу.

Зямля на гэтай няшчаснай магіле сёньня столькі разоў перакідвалася, што капаць было зусім лёгка. Вось ужо рыдлёўка стукнулася аб труну. Вось Нонг яе адчыняе…

Мусіць, Като так моцна не жадаў знайсьці ў гэтай труне багацьце, як Нонг — знайсьці труп Като. Але труна была пустая…

Нонг ледзь не заплакаў. Што цяпер рабіць? Дзе яго шукаць? Можа ён ужо накіраваўся па сьлядох? Як папярэдзіць «тых», калі Нонг сам ня ведае, дзе яны? І вінаваты ў гэтым сам Нонг. З-за яго можа быць няпрыемнасьць «тым»…

Праз некаторы час Нонг адзін ехаў у Суракарту.

Зноў ён апынуўся ў незнаёмым горадзе, ды яшчэ з мэтай, да якой нават ня ведаў як прыступіцца. Ён не распытваўся ў готэлях, таму што не асьмельваўся адкрыта пытацца аб нейкім белым туане, якога ён і сам ня ведае. Ён баяўся, што такія роспыты будуць падазронымі і могуць пашкодзіць справе.

Ён знайшоў прытулак у нейкай начлежцы і ўсе дні бадзяўся па вуліцах ды па галоўнай плошчы. Асьцярожна, патроху ён і распытваў, ці няма тут якога прыежджага туана. Сэрца яго забілася мацней, калі ён праз некалькі дзён выпадкова даведаўся, што аднаго новага, туана бачылі на сьвяце ў кратоне.

Але яшчэ мацней забілася сэрца, калі ён ўбачыў Като, які таксама «шпацыраваў» па вуліцы. У першы момант Нонг хацеў падысьці да яго, каб такім чынам аднавіць сваё «сяброўства». Але потым раздумаўся, бо такое неспадзяванае зьяўленьне Нонга ў гэтым горадзе можа выклікаць падазрэньне і на самога Нонга. Лепш будзе тайком сачыць за ім.

Като быў у вялізарным капялюшы, з якога спускалася яшчэ хустка. Відаць, ён хацеў, каб яго не пазналі. Таксама відаць было, што хадзіў ён з пэўнай мэтай, не адыходзіў далёка і ўвесь час пазіраў на адзін дом.

Вось да гэтага дому пад’ехала падвода, і да яе вышлі два чалавекі. У адным з іх Нонг адразу пазнаў туана з Бантаму, але другога, з тубыльцаў, ён ня ведаў. Не пасьпеў Нонг падумаць, што яму цяпер рабіць, як яны селі на павозку і павозка рушылася.

За ёю накіраваўся Като, а за Като — Нонг…

Завярнуліся ў адну, другую вуліцу і вышлі на простую, доўгую, якая, відаць, непасрэдна пераходзіла ў шлях.

Тут Като неспадзявана спыніўся і павярнуў убок.

Зьбянтэжаны Нонг ня ведаў, ці сачыць за ім, ці гнацца за тымі? Крыху паразважаўшы, ён палічыў за лепшае ісьці наперад.

Пара маленькіх явайскіх коняй шпарка везла павозку; хутка пыл схаваў яе з вачэй Нонга. Як было яму дагнаць яе? А тымчасам ззаду кожную хвіліну трэба было чакаць небясьпекі. Тады Нонг пусьціўся бягом…

Роўнымі, мернымі крокамі, захоўваючы сілы, бег Нонг, нібы ў спортыўным спаборніцтве. Праз некалькі хвілін ён нават заўважыў, што адлегласьць памяншаецца. Зьдзіўлена пазіралі пешаходы на дзівака, які бяжыць у такую гарачыню.

— Куды ты ляціш? — пыталіся яго.

— Сапі зьбег. Ці ня бачылі часам? — адказваў Нонг.

І заўсёды знаходзіліся людзі, якія бачылі і ўпэўнівалі, што гэта якраз Нонгаў сапі.

Праз дзесяць хвілін Нонг быў вымушан спыніцца. Каб ня траціць дарма часу, ён папрасіўся ў аднаго дзеда пад’ехаць. Дзед павольна цягнуўся на двух колах, запрэжаных параю буйвалаў.

У гэты момант Нонг пачуў ззаду тупат капытоў, і праз хвіліну міма пранёсься Като, вярхом на кані. Нонг толькі сьцяў зубы ў бясьсільнай злосьці.

Але вось наперадзе вялікі ўзгорак. Павозка падарожнікаў паехала ціха. Като апынуўся ўжо зусім блізка ля яе, але спыніўся і пачаў чакаць, пакуль яна ад’едзе далей.

Нонг уздыхнуў вальней: значыцца, Като толькі сочыць за ёй, а ў такім разе Нонг пасьпее і пазьней падысьці да яе.

Вось павозка пераехала праз узгорак і паехала хутчэй. За ёй схаваўся з вачэй і Като. Тады Нонг зьлез і, надзіва дзеду, зноў пусьціўся бегчы.

За ўзгоркам пачынаўся пералесак, які паступова пераходзіў у досыць густы лес. Бегчы стала лягчэй. З заваротаў мільгаў коньнік, за ім часам віднелася падвода. Але Като ўвесь час трымаўся на значнай адлегласьці ад яе.

Калі Нонг значна ўжо паглыбіўся ў лес, ён пачуў ззаду яшчэ больш моцны конскі тупат. Азірнуўшыся, ён ледзь не самлеў: за ім ехала чалавек дваццаць жандараў. Але яны зусім не сьпяшаліся; ехалі ўвесь час шагам, так што Нонг заўсёды быў наперадзе.

Такім чынам прайшлі яшчэ кілёмэтраў з пяць. Раптам Нонг пачуў, што нехта едзе насустрач. Ледзь пасьпеў ён схавацца ў кустох, як міма яго праехаў Като. Ён пад’ехаў да жандараў і пачаў нешта казаць. Тыя спыніліся, зьлезьлі з коняй і адвялі іх глыбей у лес. Зьлез з каня і Като і пакінуў яго там-жа.

Праз хвіліну жандары зьніклі, усё заціхла, а назад ужо пашоў пешшу адзін Като.

Нонг зразумеў, у чым справа: Като павінен быў спачатку высачыць, а потым ужо паклікаць жандараў.

Нонг адчуў сябе спакайней, нават задаволена ўсьміхнуўся.

«У такім разе пасьпеем», — падумаў ён і пашоў усьлед за Като.

Надыходзіў вечар. Наперадзе чуліся галасы: відаць, блізка было жыльлё. Паказалася палянка, а на ёй некалькі хатак. Ля аднэй з іх стаяла павозка падарожнікаў. Саміх іх ня было відаць, а круціўся там Като.

Потым ён накіраваўся ў лес. За ім пашоў і Нонг.

У гушчары было ўжо досыць цёмна. Трэск і шолах наперадзе паказвалі Нонгу дарогу, па якой ідзе Като. Як тыгр, краўся ззаду Нонг, трымаючы ў руцэ свой крыс.

Вось лес крыху парадзеў, і сярод зарасьніку вызначыліся вялізныя руіны старажытнай царквы. Навакол было ціха і бязьлюдна, толькі некалькі цёмных фігур мільганула ля сьцен.

Вышаўшы на ўскрай лесу, Като прыпыніўся. У гэты момант за яго сьпіной трэснула галіна. Мігам ён выхваціў рэвольвэр, адвярнуўся і ўбачыў перад сабой Нонга.

— Ты?! — зьдзівіўся Като.

Такая неспадзяваная сустрэча на момант зьбіла яго з панталыку. Гэта і выкарыстаў Нонг. Ён ужо загадзя абмеркаваў, што

Нонг садануў яго крысам па руцэ з рэвольвэрам.

самай галоўнай справай цяпер зьяўляецца — не дапусьціць стрэлу, бо ён можа выклікаць сюды жандараў. Нельга было сумнявацца, што стрэл павінен быў быць умоўным сыгналам, каб прысьці па дапамогу.

Не пасьпеў Като апамятацца, як Нонг садануў яго крысам па руцэ з рэвольвэрам. Рэвольвэр вываліўся.

— А! Вось што? — закрычаў Като і, не зважаючы на рану, кінуўся, каб падняць рэвольвэр левай рукой. Тады Нонг ударыў яго крысам у плячо.

Аднак Като не зваліўся і шугануў у зарасьнік.

— Сюды! На дапамогу! — крыкнуў Нонг і ўхапіў Като за кашулю, але толькі кавалак кашулі застаўся ў руках.

А Като тымчасам сам пачаў крычаць, спадзяючыся, што можа пачуюць жандары. Праз два скокі Нонг зноў ухапіў яго і на гэты раз думаў толькі аб тым, каб запхнуць Като рот. Той драпаўся, кусаўся, але ў гэты час навакол было ўжо досыць народу, у тым ліку Гейс і Салул.

Акрываўлены Като ляжаў зьвязаны з запхнутым ротам.

— Гоно?! — ўскрыкнуў Гейс, схіліўшыся над палоньнікам. — Як гэта здарылася?

— Потым раскажу, — адказаў Нонг, — а цяпер трэба ратавацца: недалёка адсюль у засадзе атрад жандараў, якіх прывёў гэты шпіён.

— Гадзіна! Здраднік! — не памятаючы сябе ўскрыкнуў Салул і глыбока ўсадзіў свой крыс у грудзі Гоно…


VI. УЦЕКАЧЫ.

Рыбацкая лодка. — Рыбы ў паветры. — Уцекачы. — Бойка на моры. — Шквал. — Калі сонца засьвяціла зноў… — А ўсё-ж такі паехалі. — Рыбін концэрт. — Зноў у бядзе. — Пячора з музыкай. — У бутэльцы. — А вада ўсё прыбывае…

Індыйскі акіян яскравіўся пад паўднёвым сонцам. Паўднёва-ўсходні пасат дзьмуў неяк няроўна, часам зусім сьцішаўся.

Уздоўж берагу на захад плыла рыбацкая лодка пад косым парусам. Вецер наогул быў спадарожны, але паступова сьціхаў; тады парус бездапаможна хістаўся, і лодка ня рухалася.

Гэта, відаць, вельмі нэрвавала двух тубыльцаў, што сядзелі ў лодцы, бо яны сьпяшаліся і разам з тым пільна сачылі за берагам. Па краёх лодкі ляжаў падрыхтаваны невад, але рыбакі больш цікавіліся берагам, чымся сваім невадам.

— Не падабаецца мне гэта, — сказаў адзін з іх, прыглядаючыся да неба. — Можа быць ці штыль[43] ці шквал.

— Мусіць, спачатку штыль, а потым шквал, — адказаў другі.

І сапраўды, хутка вецер зусім сьцішыўся.

— Нічога ня зробіш, прыдзецца брацца за вёслы, — уздыхнулі рыбакі і схіліліся, каб узяць іх.

Раптам у паветры пачуўся нейкі шум, і над галавой пераляцела чарада рыб. З разяўленымі ратамі, апушчанымі хвастамі, яны старанна і нязграбна варушылі сваімі шырокімі плаўнікамі, з якіх высоўваліся доўгія косьці-іглы. Вытарашчаныя вочы надавалі ім нейкі сьмешны і спалоханы выгляд. Ім сапраўды было чаго палохацца: рыбакі нават пасьпелі заўважыць, як ззаду соўвалася вялізная зубатая галава нейкай драпежнай рыбіны. Некалькі рыб ня здолелі пераляцець: і ўпалі ў лодку.

— Вось і ня трэба будзе турбавацца — самі наляцяць у лодку, — засьмяяліся рыбакі. — Вунь іх яшчэ колькі!

На значнай прасторы вакол лодкі заблішчалі ў паветры рыбы. Некаторыя апускаліся, дакраналіся да вады і зноў падскаквалі, нібы камень, пушчаны па паверхні вады. Некаторыя праляталі значную адлегласьць, мэтраў пяцьдзесят, на вышыні двух-трох мэтраў[44]. Відаць, лодка натрапіла на цэлае стада такіх рыб у час нападу драпежнікаў.

Раптам зьявіліся птушкі і пачалі лавіць рыбу ў паветры. Ціхае мора ажывілася, падняўся шум, гам.

— Шкада, што на нашу долю больш не перападае, — скардзіліся рыбакі. — А нам трэба было паказаць, што недарма мы тут знаходзімся.

Праз некалькі хвілін гармідар спыніўся. Зноў стала ціха. Вецер часамі пачаў дзьмухаць нават насустрач, з захаду. Тубыльцы ўзяліся за вёслы.

— Зірні, ці не яны? — сказаў адзін.

На высокім беразе зьявіліся два чалавекі і рабілі ім розныя знакі.

— Яны!

І лодка на вёслах накіравалася да берагу, Але пад’ехаць да самай зямлі не магла.

— Ня трэба! — крыкнулі з берагу. — Мы самі падплывем.

І праз хвіліну ў лодку ўлезьлі мокрыя Гейс і Салул.

— Ці ёсьць зброя? — адразу запытаўся Салул. — Мы нічога ня маем.

— Ёсьць, ёсьць, — супакоілі рыбакі і паказалі пад снасьцямі пяць вінтовак і два рэвольверы.

— Ну, едзем далей ад берагу.

— Ці гоніцца хто за вамі? — запытаўся адзін з рыбакоў.

— За апошнія два дні нам нібы ўдалося замесьці сьлед. Але спадзявацца на гэта ня прыходзіцца. Можа і цяпер хто-небудзь бачыць нашу лодку, а Тжыладжап недалёка. Могуць пацікавіцца, што гэта за лодка.

Чатыры чалавекі маглі ўжо плысьці шпарчэй. Паехалі наўкос: на захад і разам з тым далей ад берагу. Дружна наляглі на вёслы. З трывогай азіраліся назад, ці ня гоніцца хто. На шчасьце, усё было спакойна. Паказалася было на небасхіле невялічкае судна, але хутка выявілася, што гэта мірная рыбацкая лодка.

Моўчкі плылі таварышы. Бераг паступова адсоўваўся. Часам дапамагаў ветрык, але быў ён няпэўны, ненадзейны, а праз некаторы час і зусім супакоіўся.

Аднак, у гэтым пакоі адчувалася нейкая напружанасьць.

— Будзе бура! — загаманілі ў лодцы. — Ці варта ад’яжджаць ад берагу? Невядома яшчэ, якое ліха горшае.

З гэтым усе былі згодны і ўжо накіраваліся да берагу, як сярод цішыні пачуліся глухія гукі — «та-та-та-та…»

Усе зразу сьцямілі ў чым справа.

Але доўга і пільна прышлося прыглядацца, пакуль заўважылі малюсенькую кропку.

— Прымаймася за невад, хай думаюць, што рыбакі, — крыкнуў «рыбак».

— Не паможа, — сказаў Гейс. — Моторная лодка дарма ў мора не паедзе: яны едуць да нас з пэўнай мэтай. Трэба рыхтавацца да бойкі.

— Колькі іх там можа быць? — тужыўся разгледзець Саул.

— Ва ўсякім разе ня болей за восем чалавек, — адказаў Гейс.

Катэр набліжаўся. Вось ужо відаць нацэленыя вінтоўкі. Справа была ясная.

— Паставім лодку носам да іх, каб цэль была меншая, — загадаў Гейс.

— І пакладзем наперадзе жмутом наш невад, — дадаў Салул. — Напэўна, кулі ў ім затрымаюцца.

Катэр пад’ехаў бліжэй і прыпыніўся. Цяпер выявілася, што ў ім было аж дванаццаць чалавек. Становішча рабілася больш сур’ёзным, чымся думалі раней.

— Імем закону вы арыштаваны! — крыкнуў адтуль маладзенькі голяндзкі пагранічнік. — Рукі ўгору.

— Нічога ня зробіш, — адказалі з лодкі, — угору, дык угору.

І сьледам за гэтым адтуль затарахцелі стрэлы. Пачалася агульная страляніна. Вось адзін чалавек на катэры зваліўся забіты, вось два чалавекі крыху паранены. А на лодцы, як і чакалі, страт ня было: кулі або застравалі ў снасьці або выляталі адтуль зусім аслабленыя.

На катэры заўважылі нявыгоду свайго становішча, ад’ехалі назад і пачалі заходзіць збоку.

— Заварочвайце! — крыкнуў Гейс, але нязграбная рыбацкая лодка на вёслах не магла раўнацца з катэрам.

Тады жмут снасьцей перацягнулі да краю і прытуліліся за ім.

— Сарваць парус! — крыкнуў Саул і кінуўся да яго з нажом.

Праз момант другі жмут далучыўся да першага.

Зноў пачалася страляніна. Праз некаторы час бакі лодкі засьвіціліся, нібы рэшата, але людзі атрымалі толькі некалькі драпінак. Былі дзіркі і на катэры, але значна менш, бо сам ён быў меншым, ды супроць яго было толькі чатыры вінтоўкі, а там адзінаццаць. Праўда, хутка яшчэ адна вінтоўка вышла з строю; але ўсё-ж такі іх заставалася дзесяць супроць пяці.

Спадзяючыся на сваю колькасьць і на тое, што рыбацкая лодка была большай для прыцэлу, — катэр адсунуўся яшчэ далей.

Апрача таго, на катэры, відаць, сьцямілі, што вораг абараняе сябе жмутамі паруса і снасьцей, і абышлі з другога боку. Таварышом пад абстрэлам прышлося перацягваць на другі бок сваю заслону.

Хай непасрэднай бяды і ня было яшчэ відаць, але становішча нашых герояў было няпрыемнае. Катэр манэўраваў, як хацеў: то аддаляўся, то набліжаўся, заходзіў то з аднаго, то з другога боку, а нязграбная лодка ня мела аніякай ініцыятывы і магла толькі абараняцца ў залежнасьці ад чыннасьці ворага.

— Гэтак можа цягнуцца бяз конца! — злаваў Гейс. — Гэтак яны могуць узяць нас зморам. Будзе лепш цэліцца ніжэй ватэрлініі: у нашым становішчы будзе больш карыснаю дзірка ў сподзе катэра, чымся нават у галаве ворага.

І з гэтага часу ўся ўвага таварышоў накіравалася на тое, каб прабіць дзірку пад вадой. Праз некаторы час заўважыліся і вынікі. На катэры пачалася мітусяніна. Потым стала відаць, як адтуль пачалі выліваць ваду.

Дзякуючы таму, што катэр меў падлогу, нельга было заўважыць дзірку пад ёй адразу. Заўважылі толькі тады, калі вада пачала выбівацца напаверх. А тады і знайсьці яе цяжка, каб заткнуць.

Каб паправіць аварыю, катэр ад’ехаў на кілёмэтры два і спакойна пачаў сябе ўпарадкаваць. А яго вораг прымушаны быў стаяць на месцы і чакаць, пакуль той упарадкуецца. У бясьсільнай злосьці Салул нават заскрыгітаў зубамі.

— Няўжо-ж нам так і прыдзецца стаяць і чакаць, як дурням, пакуль яны паправяцца і зноў нападуць на нас?

— А мы тымчасам пазатыкаем свае дзіркі, — сказаў Гейс, — а там паглядзім, што рабіць. На кожны выпадак пасунемся бліжэй да берагу. Усёроўна хавацца цяпер ўжо няма чаго.

Адны пачалі затыкаць дзіркі, а другія ўзяліся за вёслы. Так прайшло з поўгадзіны. А потым зноў затарахцеў мотор, і страляніна пачалася зноў…

Заняты сваёй сур’ёзнай справай, абодва бакі зусім забыліся аб трэцяй сіле, якая пільнавала час, каб умяшацца ў барацьбу.

Заўважылі гэта толькі тады, калі загрымеў гром, і пачалася навальніца. Зьявішча было нагэтулькі цікавым і жудасным, што людзі мімаволі прыпынілі страляніну.

Палова кругавіду была ахоплена чорнымі хмарамі, якія клубіліся, нібы дым. У гэтым чорным хаосе бязупынна блішчала маланка. Ад хмараў, нібы заслона, спускалася на моры шэрая дажджавая сьцяна, а пад ёй пенілася і бялелася мора, быццам сьнежнае поле.

А ў гэты самы час з другога боку, мора спакойна ласьцілася пад сонцам, ня думаючы аб тым, што яго чакае.

Сьцяна шпарка набліжалася. Паперадзе, нібы разьведчыкі, наслася атара «баранчыкаў[45]».

Яшчэ хвіліна — і навала праглынула абедзьве лодкі…

................

Гадзіны праз паўтары выглянула сонца і ўсё навакол прыняло ранейшы выгляд. Толькі акіян цяжка дыхаў, нібы змораны барэц.

Варожых лодак ня было ўжо відаць: прырода «памірыла» іх. Вось у адным месцы высоўваецца з вады галава і зноў апускаецца пад ваду. Бурбалкі сьведчаць, што справа гэтага чалавека скончана. Там далей валтузяцца разам два чалавекі, чапляюцца адзін за аднаго, перашкаджаюць адзін аднаму, боруцца, каб расчапіцца. Гэта мацнейшыя з каманды катэра. Але моц іх ужо страчана ўся за гэтыя паўтары гадзіны. Цяпер яны капошацца амаль у няпрытомнасьці. Зараз будзе і іх канец.

Дасканалы катэр, з моторам і іншымі жалезнымі рэчамі затануў. А вось простая драўляная лодка, здаецца чарнеецца. Так, гэта яна, але перавернутая. Горб яе спакойна калышыцца на вадзе, нібы кіт.

Побач з ёй галовы. Адна… дзьве… чатыры… Усе!

Плаўцы ледзь варушацца. Але рухі спакойныя, упэўненыя. Здаецца, людзі не змагаюцца за сваё жыцьцё, як тыя, а нібы адпачываюць. Так яно і было. Яны прадбачылі такое здарэньне і прывязалі да краёў лодкі вяроўкі. Калі лодка перавярнулася, яны прымацаваліся да яе гэтымі вяроўкамі. Але і ў такім стане ня кожны здолеў-бы ўтрымацца.

Шквал ахапіў нязначную частку мора і прайшоў хутка. Таму і хваляваньне супакойвалася досыць хутка.

— А дзе-ж яны? — прамовіў нарэшце Салул і, зачапіўшыся за лодку, прыпадняўся, каб зірнуць навакол.

— Няма. Нічога ня відаць.

— Туды ім і дарога.

Але трэба было падумаць і аб сябе, бо і іх становішча было ня надта прыемным.

— Давайце паспрабуем перавярнуць лодку, — сказаў Салул. — Я думаю, з дапамогаю вяровак мы зможам гэта зрабіць. Кіньце сюды праз верх вашы канцы і вазьмеце падыспадам нашы. Мы ня толькі зможам цягнуць, але яшчэ і ўпірацца нагамі ў процілеглы бок. Сюды хай цягнуць тры чалавекі, а падыспадам хопіць і аднаго.

Так і зрабілі. Пачалося гоцканьне, нібы гульня. Некалькі разоў лодка станавілася рубам, вось-вось перавернецца, але не хапала сілы — і зноў прыходзілася пачынаць спачатку. У адзін з такіх момантаў з-пад лодкі вывалілася вясло, якое нейкім цудам затрымалася пад лавамі. Гэтае вясло спаткалі такімі гукамі радасьці, быццам гэта «Саардам» прышоў на дапамогу.

Мужчыны і так былі вельмі змораныя, а гэтая праца выцягнула з іх апошнія сілы. Хацелася піць і таму, што плавалі ў халоднай, чыстай вадзе, смага мучыла яшчэ мацней.

Яшчэ і яшчэ напружыліся і, нарэшце, лодка перавярнулася.

— Ух! — вырвалася з грудзей, і сябры, зачапіўшыся за свае вяроўкі далі сабе адпачынак.

Вады ў лодцы было многа. Небясьпечна было нахіліць яе, каб яшчэ болей не набралася. Ці вытрымае яна аднаго чалавека? Наўрад.

Тады разьмясьціўшыся па бакох, пачалі выліваць ваду рукамі. Марудная была праца. Здавалася, ніколі ніякага знаку ня будзе. Але праз гадзіну Салул ужо мог улезьці ў сярэдзіну. Праца пашла шпарчэй. Праз поўгадзіны ўжо другі ўлез. Там трэці і, нарэшце, апошні.

— Добра яшчэ, што дзіркі пасьпелі заткнуць, — заўважыў Салул, калі ўся вада была выліта.

Да захаду сонца заставалася гадзіны са дзьве. Змораныя таварышы паваліліся на дно лодкі і пад пяшчотнымі праменьнямі сонца сагрэліся, высахлі і паспалі. Праз гадзіну прачнуліся бадзёрымі, толькі голад і смага дапякалі.

Пад вечар падзьмуў ветрык з усходу.

— Эх, каб быў парус! — сказаў Салул. — Можна было-б ехаць далей, быццам нічога і ня было. А так, відаць, прыдзецца шукаць прытулку на беразе.

— Гэта будзе вельмі няпрыемна, — прамовіў Гейс. — І высадзіцца цяжка і марудна, і бадзяцца на беразе доўга прыдзецца, і небясьпечна, асабліва, калі ў нас няма зброі. Пакінем гэта на выпадак, калі, нічога іншага не застанецца. А цяпер трэба як-небудзь выкарыстаць спадарожны вецер. Кавалак мачты ў нас застаўся, прывяжам да яго вясло.

— А парус?

— А парус зробім з нашага адзеньня. Вяроўкі дадуць магчымасьць наладзіць гэтую справу.

Сонца ўжо апусьцілася ў мора, калі лодка рушылася ў дарогу. Дзіўны парус, зьвязаны з рознакаляровых кашуляў, штаноў, апраўдаў сябе: лодка рухалася з хуткасьцю каля чатырох кілёмэтраў у гадзіну. Калі сьцямнелася, пад’ехалі бліжэй да берагу і пасоўваліся ўздоўж яго.

— Калі гэтак будзе ісьці ўсю ноч, дык заўтра раніцою даедзем, — размаўлялі маракі. — Што там цяпер робіцца? Дзе «Саардам»? Ці захована зброя? Ці перапраўлена ў Бантам? Ці падрыхтована выступленьне? А адцягваць нельга, бо ўстрывожаная ўлада зараз павядзе рашучы наступ.

І шмат чаго было абгаворана, пакуль лодка ціха рухалася ўздоўж высокіх цёмных берагоў. Вось бліснуў на беразе агоньчык. Хта там: вораг ці свой? Але ўсёроўна — трэба ісьці міма.

З правага боку ціха гудуць буруны, пад лодкай хлюпае вада. Вось ззаду вылез з мора месяц, вялізны-вялізны, чырвоны. І так блізка, што, здаецца, трапіў-бы ў яго каменем. Заблішчалі пасмы вады, выразьней выступілі скалы.

— А ну яго к ліху! — вылаяўся Салул на сьвятло.

Вось ветрык зусім сьцішыўся, і лодка спынілася.

— Гэта ўжо зусім не дарэчы! — сказаў Гейс.

— Можа гэта ён пашкодзіў? — пажартаваў адзін з рыбакоў, паказваючы на месяц.

— Ціха! Слухайце! — прашаптаў Салул.

Таварышы прыслухаліся. І вось аднекуль да іх данёсься гоман натоўпу. Гоман глухі, далёкі, але досыць выразны. Можна было разабраць, што гудзе ўсхваляваны народ. Праўда, ніводнага слова, нават асобнага голасу, нельга было ўчуць, але агульны трывожны гоман быў выразны.

— Адкуль-жа ж гэта? — зьдзівіліся таварышы і накіравалі свае вушы і вочы на бераг. Але там нічога асаблівага нельга было заўважыць. Звычайныя скалы, цясьніны, лес, а гул ішоў не адтуль, а аднекуль ніжэй, нібы ад падножжа скал.

— Няўжож-ж недзе ў фіёрдзе сабраўся народ?

Але побач і фіёрду ніякага ня было відаць.

Вось сярод гоману пачуўся далёкі звон, а потым нібы пяяньне.

— Што за цуд такі? — паціскаў плячыма Гейс. — Ці набажэнства якое?

— Калі набажэнства, — заўважыў Салул, — дык у кожным разе эўропэйскае, бо ў нас звону і пяяньня няма.

— Значыцца, дзіва яшчэ большае. Няўжо-ж зноў прыдзецца вяртацца да бога і розных цудаў?

Прыглядаючыся да берагу, яны схіліліся ніжэй і дакрануліся вухам да краю лодкі. Гукі ўзмацніліся!

— Ці не ў вадзе ўсё гэта робіцца?!

— Гэтага толькі не хапала! — пляснуў рукамі Гейс.

— Пачакайце, я паслухаю, — сказаў адзін з рыбакоў, перахіліўся і апусьціў у ваду галаву. Потым, высунуўшыся, сказаў:

— Там!

Тады і другія апусьцілі галовы ў ваду.

Гукі сталі мацней, выразьней і рознастайней. Чуваць было, як яны складаліся з розных, асобных галасоў. Вось нібы курыца квокча, вось голуб туркоча, там нібы струны мэлёдычна гудуць, а потым зноў гоман.

— Дык, значыцца, гэта праўда! — неспадзявана сказаў другі рыбак.

— Што праўда?

— Ды бацька мне казаў, што ёсьць такія рыбы, барабаншчыкі, якія робяць гэтыя гукі. Але я сам да гэтага часу іх ня чуў.

— Як-жа ж яны гэта робяць?

— А ліха іх ведае.

Тады ўжо і Салул успомніў, што дзесьці-калісьці таксама чуў аб гэтым, але палічыў за байкі[46].

— Ах, каб іх! — засьмяяўся Гейс. Ну, едзем шукаць ветру.

На шчасьце, шукаць доўга ня прышлося. Ужо праз некалькі крокаў яны выехалі з зацішша, і лодка паехала далей. Падарожжа было такім спакойным, што, разьмеркаваўшы час варты, тры чалавекі маглі спаць. Дзеля таго, што яны былі голыя, прышлося шчыльна прыціскацца адзін да аднаго, каб сагрэцца.

А гадзіне чацьвертай, калі на варце быў адзін з рыбакоў, лодка падышла да «Скал ластаўкіных гнёздаў». Было вядома, што інсургентаў трэба шукаць далей, таму таварыш праехаў міма. На беразе было таксама ціха і бязьлюдна, як і ў іншых мясцох, і нішто ня сьведчыла аб мінулых падзеях.

Прайшла яшчэ гадзіна. Вецер пачаў слабець, падняўся лёгкі туман. Трэба было будзіць Салула і Гейса, якія павінны былі ў апошні момант узяць кіраўніцтва ў свае рукі.

— Ці праехалі «Скалы ластаўкіных гнёздаў»? — запыталіся яны, прачнуўшыся.

— Мінулі.

— Чаму не разбудзіў нас?

— Вы-ж казалі, што нам трэба ехаць далей.

— Яно так, але можа там былі таварышы?

— Як я ні прыглядаўся, нічога нельга было заўважыць. Каб быў хто, дык сам здагадаўся-б і гукнуў нас.

— Ну, дык будзем сачыць цяпер. Самае галоўнае — знайсьці месца, дзе можна было-б прыстаць.

Праехалі яшчэ з гадзіну, але зручнага месца ня было відаць. Усё тыя-ж стромкія скалы і рыфы перад імі. Ззаду ўжо засьвятлелася неба, але-ж затое навакол пачаў павялічвацца туман і разам з тым зусім спыніўся вецер. Хутка зрабілася такая цемра, што на некалькі крокаў нічога нельга было разгледзець.

— Гэта ўжо зусім нядобра, — незадаволена прамармытаў Гейс.

— Дарма. Зараз падзьме прадранішні вецер і разгоніць туман, — суцешыў Салул.

— Але-ж вельмі холадна. Зьнімем наш парус і апранемся. Усёроўна нам ехаць далей ня трэба, а толькі шукаць, дзе-б прыстаць.

Гэта прапанова ўсім спадабалася, і яны дружна ўзяліся «дзяліць» парус. У гэты момант з левага боку, ад мора, пачулася ціхае, мернае плюханьне вады. Таварышы прытаіліся, замерлі.

Плюханьне набліжалася. Сумненьня не магло быць: гэта была лодка. Але якая? Чыя? Свая ці варожая? і што рабіць з голымі рукамі, калі варожая?

Гэтыя думкі мігам пранесьліся ў галовах таварышоў. Хоць яны ўжо прызвычаіліся да ўсялякіх нечаканасьцяй, але сэрца сьціснулася ад жаху… Бяззбройныя, нярухомыя, бездапаможныя — яны павінны былі загінуць у той момант, калі ўжо прыехалі на месца.

А можа гэта свае таварышы, ці якія-небудзь тубыльцы?.. Але знаку не падасі; трэба чакаць.

І вось падзьмуў першы лёгкі ранішні ветрык. Заклубіўся туман, рассунуліся ў ім шчыліны, зноў ссунуліся. Але гэтага кароткага мігу досыць было, каб заўважыць тры рэчы: варожую лодку, на некаторай адлегласьці ад яе голяндзкі ваенны карабель і з другога боку, на беразе, нейкую чорную дзіру.

— За мной! — крыкнуў Салул і кінуўся ў ваду.

— Стой! — пачулі яны ўсьлед, і разам з тым раздаліся стрэлы. Але туман зноў ссунуўся, стрэлы спыніліся і зноў стала ціха.

Салул накіраваўся праз заўважаны ім праход між двума рыфамі, за ім гужам рухаліся яго таварышы. Праз дзьве хвіліны яны ўбачылі ў скале пячору, у якую паплылі непасрэдна па вадзе.

Праз 20-30 мэтраў яны намацалі дно. Лепш сказаць, гэта было ня дно, а рознай вышыні слупы, якія то высоўваліся з-пад вады, то заставаліся ўнізе, нібы палі пад мастом. Такія самыя слупы былі і па бакох пячоры. Спачатку нічога нельга было разгледзець, але потым вочы прызвычаіліся і выявілася, што ўся пячора пабудована з такіх слупоў, нават зьверху яны зьвешваліся. Яны былі роўныя, большай часткай шасьцікантовыя, канцы іх былі таксама роўна зламаныя і, здавалася, уся пабудова зроблена рукамі чалавека. Сапраўды-ж гэта былі прыродныя, так званыя базальтавыя слупы з астыўшай лявы, размытыя вадой[47].

Слупы былі мокрыя, сьлізкія, і трымацца на іх было вельмі цяжка. Уцекачы як-ні-як узьлезьлі на іх і сталі чакаць.

Цяпер толькі заўважылі яны, што ў пячоры чуліся гармонічныя прыгожыя гукі. Здавалася, тысячы малюсенькіх срэбных званочкаў зьвінелі ва ўсіх куткох. Гучэла ўсё: і паветра, і сьцены, і вада, і столь. Але паасобнага гуку нельга было распазнаць: усе яны зьліваліся ў дзіўную мэлёдыю. Мімаволі хацелася сядзець нярухома і слухаць гэтую таемную, чароўную музыку.

— Зноў музыка? — ускрыкнуў Гейс. — Няўжо-ж зноў рыбы даюць нам концэрт?

— Не, — засьмяяўся Салул, ня гледзячы на сур’ёзнасьць становішча, — гэта кроплі капаюць зьверху і разносяцца рэхам.

Але ім было не да музыкі. Трэба было чакаць сур’ёзных падзей. Знадворку з кожнай хвілінай рабілася ўсё сьвятлей і сьвятлей. Відаць, узышло сонца. Наперадзе віднелася палова ўваходу ў пячору, праз які можна было бачыць толькі бліжэйшы кавалак вады. Адбітае ад вады блакітна-шэрае сьвятло стварала ў пячоры таемны змрок.

— А што мы будзем рабіць, калі яны сунуцца сюды? — прамовіў адзін з рыбакоў. — Ці знойдзецца выйсьце адсюль?

Пры гэтым усе азірнуліся назад, дзе чарнеўся далейшы ход пячоры.

— Тут мы яшчэ пазмагаемся! — сурова сказаў Салул.

— Пры такіх умовах лезьці сюды і непасрэдна нападаць ім няма сэнсу, — дадаў Гейс. — Вось толькі яны могуць заперці нас тут і пільнаваць.

— Ва ўсякім разе, мы будзем мець час, а там паглядзім.

Знадворку было ціха, нібы нікога ня было і нічога ня здарылася. Праз поўгадзіны ўцекачы заўважылі, што вада дасягнула таго месца, дзе яны сядзелі.

— Прыліў пачынаецца, — заўважылі яны і падняліся крыху вышэй. Але праз некаторы час і туды вада дасягнула.

— Дакуль-жа ж ён будзе ўздымацца? — ужо з трывогай загаманілі яны. — І невядома, у якім цяпер стане прыліў: пачынаецца ці канчаецца, або ў сярэдзіне?

Узьлезьлі яшчэ вышэй. Далей-болей. Вось ужо вада запоўніла ўвесь уваход. Таварышы забраліся ў самы далёкі кут пячоры. Тут ужо ня было слупоў, але заместа гэтага высоўваліся вострыя рогі застыўшай лявы.

Вада ля ўваходу клекатала. Праз некаторы час людзі адчулі, што ім стала неяк няёмка: цяжэй стала дыхаць, загуло ў вушах.

— Ціск паветра ўзмацняецца, — сказаў Гейс. — Прыдзецца вытрымаць яшчэ адну няпрыемнасьць.

Раптам пачуўся страшэнны грукат, нібы выбух. Зямля затрэслася, вада забушавала, кінулася на іх і ледзь ня зьнесла. На хвіліну лягчэй стала дыхаць.

— З гарматы страляюць, хочуць разбурыць пячору, — прамовіў Салул.

— Не разумею я іх, — задуменна сказаў Гейс. — Няўжо-ж яны з-за некалькіх чалавек думаюць зруйнаваць скалы. Дзеля гэтага ў іх ня хопіць гармат і снарадаў. Ды цяпер, калі ўваход зачынены, яны павінны страляць проста па суцэльнай гары. Не разумею.

А ціск зноў пачаў павялічвацца. У самы цяжкі момант зноў пачуўся выбух і зноў пасьля гэтага на некаторы час стала лягчэй дыхаць. Але ад кожнага выбуху ў пячоры рабілася нешта нязвычайнае. Вада кідалася ўверх, нібы пад ёй разарвалася міна, а ў паветры ўздымаўся такі віхор, што нельга было ўтрымацца на месцы.

— Няўжо-ж яны пушчаюць на нас міны? — зьдзівіліся таварышы.

Але не заўважвалася руйнаваньня, якое павінна было-б быць ад міны. Зноў стала цяжэй дыхаць, цяжэй, нават, чымся раней. І зноў выбух асьвяжыў паветра. Так паўтарылася некалькі разоў. Перапынак між выбухамі рабіўся ўсё даўжэйшым, але разам з тым і няпрыемнасьць ад ціска паветра рабілася мацнейшай. Самае-ж галоўнае, — пасьля кожнага выбуху вада падымалася ўсё вышэй і вышэй. Уцекачы лезьлі ўсё далей і далей, а вада ўсё іх даганяла.

— Разумею цяпер, у чым справа! — сказаў нарэшце Салул. — Мы знаходзімся нібы ў пустой бутэльцы, якая павернута бокам і напаўняецца вадою. Выбухі — гэта бульканьне ў вялікім маштабе. Кожны раз выходзіць паветра (таму нам тады і дыхаць лягчэй), але-ж затое на яго месца ўваходзіць вада.

— Значыцца?.. — выразьліва сказаў Салул.

— Значыцца, усё залежыць ад таго, ці падвысіцца прыліў настолькі, каб напоўніць нашу бутэльку. Ёсьць яшчэ надзея, што паветра ў тым кутку, дзе мы знаходзімся, ня будзе мець такой моцы, каб вырвацца вон.

Нарэшше, яны дапаўзьлі да канца пячоры. Выбухі спыніліся.

— Можа ўжо прыліў скончыўся? — абрадаваліся небаракі.

Адзін з іх спусьціўся да вады, пастаяў некаторы час і з прыкрасьцю пераканаўся, што яна яшчэ падымаецца.

— Але добра, выбухаў болей няма, — суцяшаў Гейс. — Можа рэшта паветра захаваецца і затрымае ваду.

Тут яны пачулі нібы сьвіст, нібы шыпеньне.

— Зьмяя!

У гэткай цемры такое суседзтва было ня вельмі прыемным. Пачалі прыслухоўвацца, адкуль ідзе шыпеньне. Ішло яно аднекуль зьверху і пры гэтым было аднастайнае, роўнае, бязупыннае. Значыцца, гэта была не зьмяя.

— Гэта-ж паветра выходзіць праз нейкую шчыліну! — ускрыкнуў Салул. — Можа выйсьце ёсьць?

Але Гейс толькі паківаў галавой.

— Каб было выйсьце, — сказаў ён, — дык ня было-б ні выбухаў, ні гэтага самага шыпеньня. Тут, відаць, толькі маленечкая дзірачка. Гэта надае надзею нават працерабіць сабе праход. Але з другога боку, гэтая самая дзірачка і загубіць нас, калі вада будзе падымацца далей, бо тады паветра не затрымае яе, калі яно само выходзіць.

— У такім разе, давайце зараз-жа церабіць сабе праход.

Прыняліся за працу. З першых-жа крокаў намацалі, што з бакоў сьцены суцэльныя, але наперадзе былі навалены каменьні і зямля. Відаць, тут пячора калісьці абвалілася.

Энэргічна ўзяліся выварочваць каменьні, адграбаць зямлю. Калечылі рукі, паадбівалі ногі. Надавала бадзёрасьці тое, што ўсё-ж такі каменьні і зямля падаваліся.

А вада ўсё прыбывала…

— Таварышы! — сказаў нарэшце Гейс. — Дарэмная праца! Мы-ж капаем зямлю, фундамант, а не сьцяну. Выйсьце можа быць наверсе, там, дзе шчыліна.

— Але як туды дабрацца?

Гэта была задача!

А вада ўсё прыбывала…

І вось паверсе пачуўся стрэл! Адзін, другі… А потым пашла страляніна, як на вайне. Бухнула гармата з мора…

— Нашы! Нашы там змагаюцца! А мы тут як у пастцы. Гэй! Таварышы! Сюды!

Але дзе там было пачуць падземны голас ў часе страляніны!

А вада павольна, але няўхільна ўсё падымалася…


VII. БАРАЦЬБА ЗА ЗБРОЮ.

Першая перамога. — Новыя ваенныя опэрацыі. — Адзін аднаго абышлі! — Крытычны момант. — Неспадзяваная дапамога. — „Нерат“. — Машына зноў пушчана. — Хоць бачыць вока, але зуб не бярэ.

Калі «Саардам» схаваўся за небасхілам, інсургенты вярнуліся да першага часовага складу зброі, каб пераправіць яе ў галоўную пячору. Пачалі былі ўжо рыхтаваць сваю «машыну», як пачуліся галасы:

— Ваенны карабель!

З захаду набліжаўся чорны мінаносец. Ішоў ён павольна, прыглядаючыся да берагоў. Пад’ехаць ён павінен быў не раней, як праз гадзіну. Можна было падрыхтавацца.

— Закідаць скрыні зялёным гальлём! — крыкнуў Сурат. — Узброіцца і схавацца па-за скаламі!

Вось ужо мінаносец насупроць. На палубе відаць узброеная каманда. Вядомы нам мічман, а цяпер капітан ван-Хорк разглядае бераг праз бінокль. Але нічога, апрача скал і дрэў, ён ня бачыць…

Павольным, спакойным ходам мінаносец пашоў далей.

— Да «Ластаўкіных гнёздаў» паехаў, — казалі таварышы. — Спазьніўся, браток.

Сурат вызначыў дзесяць найбольш спрытных таварышоў, растлумачыў ім заданьне і, хаваючыся па-за скаламі, яны папаўзьлі ўсьлед за мінаносцам. Астатнім было сказана, каб яны ня рухаліся і маўчалі, хоць-бы нават пачулі стрэлы.

Мінаносец пад’ехаў да «Скал ластаўкіных гнёздаў» і спыніўся. Па рухах камандзіраў і каманды было відаць, што яны зьдзіўлены, дзе тут мог быць прытулак для досыць вялікага карабля?

Сурат з таварышамі тымчасам пашоў на свой ранейшы наглядальны пункт.

Мінаносец нерашуча пастаяў на месцы, потым пад’ехаў крыху наперад, пасунуўся назад, дасьледуючы бераг. Урэшце, стаў супроць фіёрду і спусьціў шлюбку. У яе ўвайшло дванаццаць чалавек з вінтоўкамі напагатове. На палубе выстраілася ў баявой гатоўнасьці ўся каманда. Накірованы былі на бераг кулямёты і тыя невялікія гарматы, што былі на мінаносцы. Відаць, не давяралі гэтай цішыні і спакойству.

Лодка праскочыла праз праход і ўвайшла ў фіёрд.

— Добра было-б іх цяпер пастраляць! — казалі таварышы наверсе, адкуль яны ўсё добра бачылі, а самі былі схованыя па-за скаламі і дрэвамі.

— Ні ў якім разе нельга! — прашаптаў Сурат. — Хай яны лепш думаюць, што тут ня толькі нікога няма, але нават і ня было.

Але апошняя надзея была дарэмная. З лодкі адразу заўважылі ў ціхім фіёрдзе сьляды прысутнасьці чалавека: паламанае гальлё, кавалкі дрэва, дошчачкі, паперу і іншае сьмецьце, якое павінна было застацца пасьля такой вялікай стаянкі.

Матросы ўвесь час пазіралі ўгору, шукаючы месца, дзе-б можна было высадзіцца. Але, апрача той шчыліны, праз якую па вяроўцы ў першы раз падымаліся інсургенты, — нічога іншага не маглі знайсьці. І, відаць, дзівіліся, якім чынам тут можна было прыстаць ды яшчэ праз рыфы?

У такім сэнсе і далажылі ван-Хорку, калі вярнуліся на мінаносец. Што «Саардам» тут прыпыняўся і ўцёк, — было зусім ясна. Але ці выгрузіў ён зброю? Па ўсіх адзнаках гэтага зрабіць нельга было.

— А між тым гэты Гоно казаў, што яны выгружаліся, — ламаў галаву ван-Хорк. — Шкода, што ня пусьцілі яго са мной, а паслалі на нейкую іншую працу.

Але так кідаць справу нельга было. Трэба было абавязкова высадзіцца і абсьледваць бераг.

Тады мінаносец пачаў шукаць адпаведнага месца. Доўга езьдзіў ён узад і ўперад, пакуль знайшоў, дзе сяк-так можна было зачапіцца. І месца гэта было між малой і вялікай пячорамі.

Сурат і яго дзесяць таварышоў так змарыліся, сочачы і поўзаючы сьледам за мінаносцам, што ледзь маглі рухацца. Калі канчаткова выявілася, што вораг мерыцца тут высаджвацца, Сурат даў загад, каб усе бліжэйшыя таварышы разьмясьціліся вакол гэтага пункту і каб ніхто не страляў, пакуль ён ня дасьць сыгналу.

Цяжка было зрабіць гэта разьмяшчэньне пад пільным наглядам ворага. Але спрытныя інсургенты з дапамогай скал і дрэў выканалі заданьне. Цішыня і бязьлюдзьдзе ў працягу некалькіх гадзін супакоілі нават супраціўнікаў. Яны дзейнічалі значна сьмялей і з меншай асьцярожнасьцю.

Вось над берагам ускінуўся канец вяроўкі з крукам, раз, другі. Вось ён замацаваўся. Вось паказалася галава першага салдата. Азірнуўся ён ва ўсе бакі, вылез, лёг і наставіў вінтоўку наперад. За ім другі, трэці. Бачачы, што ўсё спакойна, рэшта трымала сябе зусім вольна; стаяла, памагала таварышом узьлезьці. Паменшылася напружанасьць і на мінаносцы.

У інсургентаў аж рукі сьвярбелі ад нецярплівасьці. Сурат баяўся, што хто-небудзь ня вытрымае. Баяўся ён яшчэ, што таварышы забудуцца аб накірованых з мінаносца вінтоўках і кулямётах і высунуцца ў часе бойкі з-за сваіх прыкрыцьцяў. Дзеля гэтага ён перадаў па лініі новы загад аб асьцярожнасьці.

Калі ўсе дванаццаць чалавек высадзіліся, Сурат хацеў ужо даць сыгнал, як заўважыў, што ад мінаносца адыходзіць новая лодка, таксама з дванаццацю чалавекамі.

— Эге! — падумаў Сурат. — І яны ня дурныя. Не давяраюць цішыні. Тым горш для іх. Нас хопіць і на дваццаць чатыры чалавекі.

І ён пачаў чакаць, пакуль і тыя высадзяцца.

Але вось адзін з салдат здрыгануўся, штырхануў пад бок свайго суседа, нешта крыкнуў і стрэльнуў. Відаць, заўважыў якогась неасьцярожнага інсургента.

У адказ затарахцелі стрэлы з сотні вінтовак, і праз некалькі хвілін адзінаццаць чалавек дрыгалі на беразе, прабітыя кулямі, а дванаццаты скуліўся ў ваду.

Дождж куляў пасыпаўся з мінаносца, забухалі гарматы. Пачалася бойка, як сьлед. Але дзе там было дасягнуць па-за скаламі паўстанцаў! Яны нават маглі не адстрэльвацца; усёроўна вораг ня мог да іх падыйсьці. А тымчасам сам мінаносец быў добрай цэльлю. На ім ужо зьявілася некалькі забітых і параненых.

Ван-Хорк хутка ўбачыў, што пры такіх умовах біцца немагчыма і ад’ехаў далей. Тым, болей, што па стрэлах было відаць, што інсургентаў значная колькасьць. Бойка спынілася. З мінаносца паляцела радыё аб здарэньні…

Тады інсургенты ўспомнілі, што ў іх ёсьць гармата. Яе не маглі перанесьці таксама, як іншую лёгкую зброю, і павінны былі цягнуць навакол па лагчынах. У аднэй такой лагчыне і стаяла яна цяпер.

— Ваяваць, дык ваяваць! — жартавалі інсургенты, прымаючыся за гармату.

Зараз-жа вылучылі найлепшых артылерыстых, якія і пачалі прыстасоўваць гармату. Але адразу выявілася, што ў іх не хапае ведаў для такой справы. Проста страляць яны ўмелі, але тут трэба было страляць з лагчыны па цэлі, якой ня было відаць. Трэба было рабіць матэматычныя вылічэньні. Адна толькі была важная перавага: мінаносец стаяў на месцы і ня думаў аб такой неспадзеўцы.

Перш за ўсё, трэба было вылічыць адлегласьць да цэлі. Прылада для гэтага была, але ўжываць яе нашы ваякі ня ўмелі. Пачалі колектыўна абмяркоўваць, як яе выкарыстаць. Адзін бачыў, як ёй карыстаўся афіцэр, другі бачыў бліжэй, трэцяму нават самому трапілася мэханічна яе ўжываць у часе вучэньня. Калі склалі разам усе веды ды папрактыкаваліся, дык нарэшце вылічылі адлегласьць.

Але вось, калі дайшла справа, пад якім кутом страляць, бо гармата стаяла ў лагчыне, — дык тут ужо зусім не хапала ведаў.

А цэль стаяла на месцы, ня рухалася…

Мудравалі доўга, прыпомнілі ўсю сваю практыку, наставілі бадай наўгад, дзесяткі разоў прыгледжваліся, наладжвалі, і… бухнулі!

Невядома, хто болей зьдзівіўся: інсургенты ці голяндцы, калі знарад неспадзявана зьнёс палову трубы і радыёвыя мачты. «Артылерыстыя» нават вачом сваім ня верылі.

— Бываюць-жа такія выпадкі! — дзівіўся Сурат.

— Значыцца, шчасьце на нашым баку! — радасна казалі неспадзяваныя героі.

Але-ж затое і ўзьеўся мінаносец! Так пачаў дзяўбсьці з гарматаў скалы, за якімі схавалася «артылерыя», што нават прышлося ўцякаць адтуль. А потым ледзь-ледзь завярнуўся і папоўз дадому.

Інсургенты зусім забыліся аб асьцярожнасьці, павыскакалі з-за скал, пачалі крычаць, страляць, і за гэта двое былі паранены.

Першая бойка выйграна! І выходзіць зусім нястрашна, нават лёгка. Як-жа ж пасьля гэтага не спадзявацца на канчатковы посьпех?

— Ну, ну! Ня надта радуйцеся, — уціхамірваў Сурат. — Гэта было яшчэ глупства. А вось праз некалькі дзён што будзе?

— Не баімся! Хай толькі сунуцца! — храбрыліся хлапцы.

— А цяпер адпачнем крыху, ды возьмемся за далейшую працу. Невядома, ці пасьпеем да таго часу зьнесьці ўсю зброю ў адно месца.

— Машыну, машыну наладжваць! — весела загулі таварышы. Відаць, яна ім вельмі падабалася, хоць і вымагала надзвычайнай працы і напружнасьці. Пакуль яе наладзілі, прайшло гадзіны са тры.

Тымчасам група таварышоў падышла да забітых ворагаў. З адзінаццаці чалавек толькі два былі белыя. Рэшта былі свае браты, тубыльцы. Праўда, з розных месц — з Борнэо, Цэлебэса, Балі, Мадуры, але ўсё-ж такі свае.

— Якая прыкрасьць! Як гэта не разумець, што лепш загінуць у бойцы з ворагам, чымся з сваім братам? — прамовіў адзін з тых двух тубыльцаў, што нядаўна далучыліся.

— А чаму-ж ты ня ішоў, пакуль цябе ня скрыўдзілі і ня выгналі? — усьміхнуўся Сурат.

— Дурны быў, несьвядомы.

— Вось і яны такія самыя. Супроць такіх нам лепш было-б выступаць са словам, чымся са зброяй. Я вельмі шкадую, што мы ня спробвалі гэтага зрабіць.

Небаракаў спусьцілі ў мора.

У гэты дзень прышлося працаваць толькі дзьве гадзіны. Затое ўвесь наступны дзень праца ішла толькі з адным невялікім перапынкам.

А на трэці дзень разьведчыкі заўважылі ворага, які набліжаўся ўжо з поўначы, з сярэдзіны востраву. Спачатку было заўважана чалавек дзесяць. Калі іх абстралялі і затрымалі, то праз некалькі часу да іх далучылася ўжо чалавек сорак, нават з кулямётам. Гэта была ўжо спэцыяльная ваенная экспэдыцыя.

Але нашы таварышы зусім не спалохаліся яе. Усе перавагі былі на баку інсургентаў: і колькасьць, і зброя, і мясцовасьць.

Праз некалькі гадзін на кілёмэтры тры ад лягеру інсургентаў стварыўся фронт. Восемдзесят чалавек, схаваныя па-за скаламі, у цясьнінах з кулямётамі, лёгка затрымалі далёйшы наступ варожага атраду. Толькі дваццаць чалавек былі пакінуты на беразе ля зброі.

Два дні ішла перастрэлка. Інсургенты былі ўпэўнены, што такім чынам яны могуць трымацца доўга, хоць-бы нават вораг павялічыўся ў некалькі разоў.

Але чакаць, пакуль ворагу прыдзе падмацаваньне, было небясьпечна. Трэба было цяпер, карыстаючыся сучаснай перавагай, прагнаць яго. Нарада актыўных таварышоў, пад кіраўніцтвам Сурата, пастанавіла самім перайсьці ў наступ. Дзеля гэтага вылучылі сорак чалавек і накіравалі іх на ўсход, каб ахапіць ворага з левага крыла. У гэтай справе надзвычайную карысьць маглі даць тыя два новыя таварышы-тубыльцы, якія жылі ў гэтай мясцовасьці.

Яны абяцалі праз ноч правесьці атрад ня толькі ў бок, але нават у тыл ворага.

Дзеля рашучага наступу Сурат узяў з берагу яшчэ пятнаццаць чалавек, лічачы, што з мора ня можа быць пагрозы.

Гэтую ноч ніхто ня спаў. Усе рыхтаваліся да рашучых падзей, перамяшчаліся бліжэй да ворага.

Раніца была імглістая, ціхая. Ніякіх стрэлаў нідзе ня было. Нават вораг маўчаў. Аднаго разу нібы пачулася некалькі стрэлаў ззаду, але болей яны не паўтараліся. З нецярплівасьцю прыслухоўваліся, ці ня чуць стрэлаў з правага боку, куды таварышы пашлі ў абход.

Але… заместа правага крыла, пачуліся стрэлы з левага, з захаду! Далей-далей. Нарэшце, неспадзявана грукнула гармата з мора… Зараз-жа распачаў страляніну вораг наперадзе і пачаў выяўляць актыўнасьць, нібы рыхтаваўся перайсьці ў наступ.

Жах ахапіў таварышоў на фронце. Што гэта такое? Адкуль яно? Чаму маўчаць тыя, што пашлі ў абход?

Страляніна зьлева ўсё ўзмацнялася, наперадзе таксама; вось ужо то адзін, то другі перабягаюць па-за скаламі, каб падыйсьці бліжэй.

У гэты момант пачуліся стрэлы з правага боку. Вораг наперадзе прыпыніўся і замітусіўся.

— Нашы, нашы пачалі ім даваць збоку! — радасна закрычалі таварышы.

Але Сурата і яго памочнікаў гэта мала радавала. Гарматныя стрэлы з мора ня вельмі непакоілі. Высадку з мора маглі затрымаць нават тыя пяць таварышоў, што засталіся на беразе. Але гэта страляніна на левым крыле?.. Тут прыбег, засопшыся, таварыш.

— З левага боку наступае новы атрад, вялікі, куды болей за наш! Нашы адсоўваюшца сюды, — прамовіў ён спалохана.

— Значыцца, мы адзін аднаго разам абышлі! — сказаў Сурат. — Але-ж адкуль новыя сілы, ды яшчэ столькі, калі гэта праўда?

Страляніна зьлева хутка набліжалася. Шчасьце яшчэ, што таварышы справа стрымліваюць пярэдніх!

Сурат пабег на левае крыло і ўбачыў, што наперадзе, ад скалы да скалы, перабягаюць сапраўды шмат людзей, мусіць, ня меней ста чалавек. Дваццаць чалавек інсургентаў паступова, крок за крокам, адыходзілі назад.

Фронт усё адхіляўся і нарэшце стаў ужо поперак. З левага боку было мора, а з правага — той атрад, што быў у абхопе. Але ён быў на некаторай адлегласьці, і непасрэднай сувязі з ім ня было.

Вораг між тым злучыўся. Карабель, ня ведаючы і ня бачачы, куды страляць, прыпыніў пальбу. Але ў ворага і бяз гэтага было досыць зброі, кулямётаў, у тым ліку тры, адабраных у інсургентаў.

— Таварышы! — крычаў Сурат. — Разьмяшчайцеся вунь там! Нічога яны нам ня зробяць