Перайсці да зместу

Алёйзія Пашкевіч-Кейрысовая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Алёйзія Пашкевіч-Кейрысовая
Некралог
Аўтар: Антон Луцкевіч
1916
Крыніца: Homan. 1916. 18 лют

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Яе жыцьцё — то была безупынная праца для свайго Народу. Праца, каторая Ей не магла даць ніякай карысьці, апрача пачуцьця споўненай павіннасьці: бо Яе родны Народ, што ўсю душу Яе забраў у палон, бедны і цёмны, пакрыўджаны Богам і людзьмі, ня меў чым Ей аддзякаваць.

І не для падзякі, не для славы працавала Яна: усе сілы свае аддала на служэньне Сьвятой Ідэі адраджэньня Беларускага Народу, бо гэта Ідэя запанавала ў Яе душы, захапіла Яе думкі, Яе сэрца.

Між «шэрымі» людзьмі, там, дзе гора-нядоля залажыла царства свае, дзе крыўда людзкая выціскае з вачэй сьлёзы, — там Яе добра зналі. Зналі ў роднай Лідчыне, зналі ў Вільні.

Цётка...

Пад такім прозьвішчам вядома была між віленскімі работнікамі ад 1905 году.

Тады толькі пачынаў будзіцца Беларускі Народ. Тады першы раз публічна — на сходах і мітынгах — зазьвінела беларускае слова, слова пратэсту проці ўціску і зьдзеку над працоўным народам, проці расейскай няволі.

Толькі што пакінуўшы школьную лаву, Яна ўжо рвалася да грамадзкай работы. Сіл сваіх не берагла, не шкадавала. І вось бачыць Яе можна было то на публічных засяданьнях, то ў рабочых кружках, як справу народную бараніла.

Была паэткай. Пісала зь вялікім размахам. Перажытыя здарэньні давалі багата матэрыялу. І вось з-пад Яе пяра выходзіць рад вершаў, каторыя друкуюцца і дзясяткамі тысяч разьлятаюцца па Вільні, ідуць па ўсім Краю. То вершы палітычныя.

Не было пад той час чалавека ў Вільні, хто не чытаў бы іх, ня ўмеў бы на памяць.

Калі скончылася забарона беларускага друку, Цётка была пры народзінах «Нашай Долі», пасьля «Нашай Нівы» і працавала ў іх.

Цётку добра памятаюць віленскія работнікі: Яна прыстала на службу ў шпіталі новавілейскім, каб вясьці палітычную работу. Тут Ей давялося сустрэцца з расейскаю ўладаю...

Зь Яе таварышаў працы шмат каго арыштавалі. Пачалася справа ў судзе. І Цётка змушана была ўцякаць за граніцу.

Апынулася ў Львове: між братамі ўкраінцамі разлука з Бацькаўшчынай была меней горкая. Запісалася ў унівэрсытэт.

Але аслабеўшыя сілы не давалі працаваць. Як сьлед надмернай работы, ла хвароба — сухоты.

Прыйшлося ехаць у горы — у Татры, дзе Цётка прабыла колькі месяцаў і крыху ўзмацавалася. Але і пасьля была хваравітая, слабая.

Ды працы не пакідала. Выйшла замуж за ідэйнага таварыша-літвіна, і зьмена найменьня дала ёй можнасьць вярнуцца ў Родную Старонку.

Яшчэ ў Львове пачала працаваць над пэдагогікай і апрацовываць кніжкі для беларускай школы. Вярнуўшыся адтуль, выпусьціла сваё «Першае чытаньне» для дзяцей.

Многа працавала над беларускай этнаграфіяй. Рыхтавалася да дактарату, узяўшыся апрацаваць беларускія батлейкі. А побач з гэтым не было справы, датыкаючай Беларускі Народ, да каторай Яна не прылажыла бы сваей рукі. Арганізовывала беларускія тэатры і хоры, сама іграла ў іх. У Мінску наладзіла месячнік для беларускай маладзёжы — «Лучынку». Пісала ва ўсіх беларускіх часопісях, друкавала свае літаратурныя творы ў «Маладой Беларусі».

Калі настала вайна, калі ваеннае палажэньне ўстрымала ўсялякую грамадзкую работу ў Беларусі, Цётка запісалася ў міласэрныя сёстры. Нейкі час была на фронце, памагаючы ахвярам вайны — раненым і пакалечаным, не затрымліваўшыся перад кулямі, перад небасьпечнасьцю, — быццам страху ня знала. А пасьля, вярнуўшыся ў Вільню, запісалася да бараку для хворых — і працавала тут усю тую зіму, Але, ідучы між салдатаў, Цётка не забывалася аб глаўнай задачы свайго жыцьця: аб беларускай справе. Вышуківала салдатаў-беларусаў, гаварыла зь імі, давала беларускія кніжкі і газэты, будзячы нацыянальную сьвядомасьць. І тыя калекі-інваліды, што вярталіся на вечны ўжо час у родныя вёскі, нясьлі туды з сабой закінутыя ў іх душы рукой Цёткі зярняты беларускай ідэі, — а з хат слалі ёй шчырыя словы падзякі ў простых, няхітрых словах беларускіх, выціскаўшых з вачэй сьлёзы пры чытаньні...

Урэшце змучылася, змарадавалася. Папрасілася на адпачынак.

Ня толькі дзеля адпачынку скінула зь сябе апратку сястры: набліжаўся час адыходу расейцаў зь Вільні, час вызваленьня Беларусі ад сталетняга ўціску, — і Цётка пастанавіла астацца на месцы, каб у новых варунках вясьці сваю работу.

Новыя варункі скора насталі: скончылася старая няволя, і беларускае грамадзянства кінулася да будаваньня фундамэнтаў для далейшага бытаваньня.

Работа была цяжкая. Тыя, каму гэта было не да спадобы, не шкадавалі «шпілек», каторымі дзень па дню стараліся нішчыць энэргію беларускіх працаўнікоў.

Цётка гэта адчувала больш чым хто. Але з усіх сіл працавала, арганізуючы беларускія народныя школы, курсы для вучыцялёў, чытаючы на іх лекцыі. Вярнулася і да старых знаёмых: узялася за работу ў работніцкай кухні, дзе навакол Яе адразу згуртаваліся работнікі-беларусы.

Цэлы дзень на нагах, цэлы дзень за работай на людзях, а ўначы — укладаньне беларускіх школьных кніжак, падгатоўка лекцый і т. д.

Сілы ўбывалі шыбка: не было чым узмацаваць іх... А поруч з гэтым доля ліхая не шкадавала цяжкіх удараў: загінуў на вайне брат яе, а яшчэ сьлёзы па ім не абсохлі на вачах, як сьмерць забрала старэнькага бацьку — у вёсцы, у Лідзкім павеце.

Нядзелі тры таму назад Цётка паехала хаваць бацьку. І назад у Вільню ўжо не вярнулася.

У ноч з 10 на 11 лютага Цёткі ня стала.

Пахавалі Яе ў Роднай Зямліцы, каторую так крэпка любіла, — між пакрытымі сьнегам мёртвымі палямі.

Сьпі спакойна, шчырая работніца, пад белым пластом сьнегавым, што спавіў нашу Зямліцу: прыгрэе сонейка яснае, скіне зямля путы зь лёду, зарунеюць ізноў амярцьвеўшыя палі, — і ўзыдуць, і закрасуюць у душах людзей зярняты, што кідала Ты сваею рукой. А ў сьветлы мамэнт, калі настане для Твайго ўмілаванага Народу новае, лепшае жыцьцё, — Ты ўваскрэсьнеш у памяці людзкой, як успамін аб вялікай ахвяры — самай поўнай, якую чалавек можа злажыць на аўтар Ідэі.