Перайсці да зместу

Альвазія

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Альвазія
Аўтар: Язэп Драздовіч
31 студзеня 1933

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Што бачыў у Краіне Альвазія, асьветленай ноччы Зямлёю.

Бачыў тры гарады па ўзьбярэжжу нейкага ня надта шырокага, але вельмі даўгога ціхаводнага возера, якое прыпамінала нашыя зямныя шырачэзныя рэкі.

А пачыналася гэтае возера на паўдзённым усходзе цёмнай плямы так званага Mare Vaporum даўгім крутабярэжным міжгорным вадазборным басэйнам зь няроўнымі крутымі гарыстымі берагамі і цягнулася спачатку на паўночны захад, дзе, выбіўшыся з гарыстага краю на больш роўную краіну, рабіла павольны малазначны паварот, штораз чым далей на поўнач агібаючы і перакраяваючы сабою нейкае вялікае раўніннае места, а памінуўшы гэтае места і дайшоўшы да нейкага гладка-роўнага з паўночнага заходу плаўнаадкосістага схону нейкай узвышы, на якім цемнавацелі вялікія прасторныя цёмныя плямы лясоў, паварачавалася дугой да паўночнага ўсходу, а далей ня ведаю, бо ня бачыў.

Усіх спрэс берагоў гэтага вадазборнага басэйну аглядаць не давялося, бо аглядаць яго прыходзілася ня днём, а ноччу, у пачатках маладзіка, пад раніцу, па луннай поўначы, калі найболей характэрнымі паказаваюцца кліматычныя асаблівасьці пааддзельных лунных краін.

Наагул напрамкавая лінія гэтага пацяглаватага вадазборышча прадстаўлялася як нешта ў родзе дугі або падковы, агбаю на захад, а сугбою на ўсход.

Распачалося і закончылася агляданьне ўзьберажжаў гэтага дзіўнага азярэчча наступнымі мільгам пралятаючымі, як у кіновым фільме, абразкамі:

Зьверху, як бытцам крыху ззаду наўперад, чуць што ня стоць, падала ясна-серабрыстае месяцавастае сьвятло, аднак жа, як яно ні здавалася на ўзбліжжу ясным, а наводдальлях яно было цьмяна-слабым, і кругом, як ад таго электрычнага ліхтара, калі пад ім стаяць і глядзяць наводдаль, цемнавацела запраўдная цёмная ноч.

1

Здавалася, што як бытцам я паплыў на вышыні як у пару сажон па-над нейкаю чорна-сызаю гладзьдзю пласкадоннай даліны. Але, прыгледзеўшыся ляпей, я заўважыў пад сабою гладка-роўную паверхню нейкай ціхай стаячай вады.

Справа наводдальлі вада гэтая пераходзіла ў чыста чорную цемру.

Зьлева ж маляваўся цёмна-папялятаю фарбай досыць прыткі адкосісты роўны бераг, які ўзьнімаўся штораз то вышэй, хаваючыся ў бескалерную цьмярань ночы.

А па гэтаму адкосу ўзьберажжа рос нейкі дзіўны лес, які прыпамінаў на першы пагляд нашыя зямныя нізкаватарослыя пальмовыя гаі.

Але, прыгледзеўшыся да гэтага “пальмовага гаю”, аказалася, што пааддзельныя дрэвы гэтага лесу былі надта падобны да нашага вазановага з тоўста-мясістымі пілаваста-калючкавымі лістапёрамі буйнарослага шматгадовага альвасу.

Былі тут, між гэтымі луннымі дрэваальвасамі, і вялікія, як у два і тры сажні вышынёй, і малыя, як у рост чалавек, і ўсе яны сваімі стваламі чамусьці нахіляліся ў бок нізу, на даліну, залітую вадой.

2

І праплыўшы ў паветры па-над цёмнаю гладзьдзю ціхастойнай вады, удоўж паросшага альвасам узьберажжа, якое заканчавалася ў бок поўначы кутавым мысам, я перанёсься далей і апынуўся перад нейкім высокім і даўгім белавацеючым справа ўзбоччам нейкае гары.

Уся гара гэтая ад самай ейнай грывы аж да самых надводных нізоў была як бытцам усаджана нейкімі правідловакутнымі беламармурыстымі кубамі, спасярод якіх мейсцамі высоўваліся ўгору падвойна- і патройнакубыя высокія геамэтрычныя белыя фігуры, ясна адбіваючыя ад сябе прамяні начнога земнасьвету.

Што прадстаўлялі сабою гэтыя белыя кубічныя фігуры, спачатку я так і ня ўцяміў. Але, прыгледзеўшыся да высока ўзьнятай просталінейнай грывы гэтай гары, я заўважыў, што па ўсяму даўжу гэтае грывы рысаваліся досыць высокія, густавата пастроеныя ў шар круглыя вежы з выразна выражанымі ў сваіх каронах байнічнымі зубцамі.

Толькі ўбачыўшы гэтыя высокія круглыя байнічназубыя белыя вежы, прыпамінаючыя агароды замкаў нашага зямнога Сярэднявечча, я спанатрыў, што ўсё паўднёвае ўзбочча гэтае гары было забудавана абведзеным вежавымі абароннымі сьценамі цесна скучаным надузьберажным горадам.

А будоўлі гэтага скучанага гораду празь цеснату ўзводзіліся, як відалася, так, каб як найболей захапіць сабою прас[тору] не ў бакі, а як у тых амэрыканскіх небаскробаў, — угору.

А глянуўшы на нізы гораду, якія агранічаваліся просталінейным, знаць, штучна абладжаным берагам ціхастоенай чорнай вады возера, я заўважыў наводдальлі трохсьценны паўвостраў, які выпінаўся ад роўналінейнага ўзьберажжа на цёмнае возера белым квадратам або прастакутнікам і ўвесь быў забудованы высокімі вежавастымі кубічнымі будоўлямі — дамамі.

Горад гэты, наколькі помніцца, я аглядаў з вышыні над паверхняю вадастою — ад паўсотні да сотні мэтраў.

Адляцеўшы ж ад гэтага беламурнага гораду, які як бытцам сам празь сябе сьвяціўся сваімі беласьценнымі мурамі на цёмным аж да чарнаты фоне акружаючага яго прастору зь неба, з возера вады і цёмных гор, я перанёсься, не зьмяняючы вышыні палёту, па-над цёмнымі водамі возера на захад, на супрацьлежнае, левае ўзьберажжа.

3

А праляцеўшы па-над левым узьберажжам цёмных водаў, я ўзнова наўрэў на нейкі таксама беласьценны, але ўжо шмат меншы за папярэдні горад — невялічкі гарадок.

Гарадок гэты, як відалася, быў такога самага горнага тыпу, як і папярэдні, і быў пабудован таксама на крутаватым узбоччы вострахрыбецістай гары, але нашмат ніжэйшай. Так што самую грыву гэтай гары прышлося аглядаць ня зьнізу, ня з поўвышыні самой гары, як папярэдняй, а нават крыху згары, зьверху.

Бальшыня гэтага гораду, як відалася, хавалася ад земнасьвету ў цяні. Толькі самая рабравастая хрыбціна гэтай гары была асьветлена сьвятлом ад нашае зямлі, і на ёй ясна вырысоўваліся, як бытцам пастроеныя ў шар з усходу на захад жаўнеры або гімнасты, — белыя, высакаватыя з байнічнымі каронамі круглыя вежы абвадной сьцяною цесна скучанага, награмаджонага кубавастымі ды тэрасістымі будоўлямі па крутому адкосу гары, знаць, старадаўнейшага ўмацованага гораду.

4

Лятучы па-над уздоўжжу левага берагу возера з напрамкам з усходу на захад і пералятаючы калі ня сотні, то цэлыя дзясяткі вёрст адлегласьцяў усё далей і далей па-над цёмнымі шараватымі не адбіваючымі сьвятла земнасьвету начнымі луннымі краявідамі, апрыч пачуцьця меры адлегласьцявага прастору, далечыні, я не наўрэў анічога такога, што б магло пабудзіць да зацікаўленьня ды й пазастацца праз гэта надоўга ў маей памяці.

5

Толькі ўзьляцеўшы на нейкую шырокапраторную раўнядзь, перада мной узнова засьвятліліся муры нейкага вялікага, ужо ня горнага, цесна скучанага, а прасторнага раўніннага гораду, які перацінаўся, як відалася, у адным мейсцы шырокім і даўгім просталінейнага напрамку цемнаводным каналам.

Роўналінейныя берагі гэтага каналу былі штучна абладжаны, абмурованы. Ці былі на ім якія плавальныя судны, добра не прыкмеціў. Толькі помню, што па роўнаму гладкаму ўзьберажжу гэтага каналу з абодвых бакоў цягнуліся шыракаватыя цемнаватыя палосы партавога характару надузьберажніц, на якіх там ды сям знакаваліся ўздоўжныя лініі як бытцам пакатога чыгункавага шляху.

А побач відаліся нейкія агромныя плазкастрэхія дварцавога, палацовага выгляду адзінотныя будоўлі, якія па свайму апшырнаму выгляду прыпаміналі вялізарных памераў вакзалы.

Па агульнаму выгляду, з будоўлі, горад гэты быў чыста раўніннага характару. Не відалася ў ім тэй цеснаты, у якую былі замкнуты папярэднія, горныя. І будынкі гэтага гораду ня пнуліся, не імкнуліся ўгору, як тыя амэрыканскія небаскробы, падобна дрэвам густога лесу, якія імкнуцца толькі ўгору, — а як тыя адзінотныя вольна растучыя палявыя дубы, расшыраліся найбольш ушыр, у бакі, чымся ўвыш, угору.

Будоўля гэтага гораду прыпамінала нашыя старажытныя грэцкія хорамы, ня так высокая, як прасторна-шырокая. А па сваей прыгажосьці не ўступала нашым найпрыгажэйшым заходнеэўрапейскім палацам.

Пааддзельныя карпусы дамоў-палацаў гэтага гораду не былі мнагастольны і замыкалі ў сябе, знаць, прасторныя салі. На вонкавых паверхнях чатырохсьценьня гэтых дамоў-палацаў відаліся цемнаватыя стацявыя палосы калі не ад калянадаў, то ад стаўпавастых сьценных выступаў, зь якіх мне ўдалося пазьней падмеціць на гладкай сьветла-папялятай, знаць, тыкованай і малёванай сьцяне аднаго вялізнага дому-палацу, але толькі ў самай аснове, у базысе. Яны былі зь цёмнакалёрнага вішнёва-каштанаватага матэр’ялу, мелі на сваей паверхні жалабавастыя зьверху ўніз палоскі, а базіраваліся на прыгожаконтуральных буйных буйнасарнамэнтованых росшырах.

6

Пранёсшыся, пераляцеўшы па-над цемнаводным каналам перак гэтага, відаць, вялікага гораду, — і праляцеўшы так высока па-над агорнутымі начною полуцемраю цьмяна-шэрымі нізамі лунных раўнінных краявідаў, з напрамкам як бытцам у бок ні то поўначы, ні то паўночнага захаду — я ўзнова апынуўся на ўзьберажжу нейкай вады, але ўжо не ціхастойнай, а ўзаралёванай, знаць, цякучай па камяністаму дну шырокай цемнаводнай ракі, якая, як адчувалася, павінна была цячы з поўначы або з паўночнага ўсходу, робячы паваротку на паўдзён.

7

Спыніўшыся ля асьветленага проста згары нашаю Зямлёй правага берагу гэтай цякучай вады, які ад мяне быў зьлева, я заўважыў, што ўся сухапуць далей ад берагу была цёмнай, а сам жа бераг па-над самай вадою быў бел, як абсыпаны сьнегам.

А з-над гэтага белага берагу з нахіламі ў бок вады тарчэла, зьвісала беласьнежнымі касьнікамі аб’інівацелыя, абшэрашэўшыя пярыстымі крышталамі белага сьнегу даўгое ценкае гальлё надузьберажнай нейкай куставой расьліннасьці.

8

А наводдальлі, у бок поўначы, белавацелі, знаць, таксама аб’інівацелыя, шырокія, прынізістыя аркі нейкага даўжэзнага мосту перак гэтай цякучай шырокай ракі, левага берагу якой не відалася.

Затрымаўшыся на аглядзінах гэтага прыгожага, з шырокімі лукавастымі аркамі на прынізістых быках, даўгога белага мосту не даўжэй як сэкунд дзесяць, я ўзнова паплыў, як на самалёце, высока-высока па-над нейкімі шырокімі цёмнымі палямі.

9

Справа пада мною расьсьцілалася шырокая раўнядзь, а зьлева мільгацела невысокімі ўзваламі, паросшы цёмнымі групкамі стугаравастых дрэў, нейкае ўзгор’е.

А спыніўся і гэтым закончыў сваю паветралётную вандроўку па-над дзіўнаю луннаю краінай Альвазіяй на нейкім гладка-плоскім плаўнаадкосістым адгор’і, якое павінна знаходзіцца, як тады мне адчувалася, у паўночна-заходнім баку ад апісанага тут мною далінна-раўніннага гораду.

10

На зьвернутым к паўдню ці то паўдзённа-ўсходняму боку гладкаватаму шэраму адкосу гэтага адгор’я зрок мой прызастанавіўся на нейкім досыць прасторным чарнавата-цёмным квадраце.

А прыгледзеўшыся добра да гэтага цёмнага квадрату, аказалася, што гэта была плошча, пакрытая буйнарастучымі густавятлістымі стагавастымі дрэвамі лесу.

На асяродку гэтага лесу сьветлавацела круглаватая прагаліна з рэдка раскінутымі па ёй сыльвэткамі вялізных стагавастых дрэў.