Перайсці да зместу

Алесь Салагуб. Зборнік вершаў з Заходняе Беларусі «Лукішкі» (Куніцкі)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Алесь Салагуб. Зборнік вершаў з Заходняе Беларусі «Лукішкі»
Крытыка
Аўтар: Сымон Куніцкі
1929
Крыніца: Маладняк. — 1929. — №7

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Алесь Салагуб. Зборнік вершаў з Заходняе Беларусі Лукішкі". Беларускае Дзяржаўнае Выдавецтва. Менск, 1929 г. см. 126. Цана 85 кап.

Зборнік Алеся Салагуба, які ён прапанаваў увазе чытача, напісан ім часткай у Лукіскае турме, часткай на „волі" ў Заходняй Беларусі.

Па свайму зьместу зборнік зьяўляецца яскравай ілюстрацыяй жыцьця, змаганьня, пакут працоўнага люду Заходняй Беларусі пад панскайфашыцкай Польшчай. Кожны верш, гэта водгук „з грудзей мільёна", гэта „стогн катаваных", гэта — „звон Ланцугоў" на працоўнай моладзі, якая гарыць „агнём зары" якая „начамі будзіць Белавеж" і, якая кажа, што „у мурох сырых вастрогаў праб'ём для сонейка вакно".

Поэта ў простых вобразах і простай мовай, з усёй паўнатой перадае тыя зьдзекі і катаваньні дэфэнзывы над працоўнымі Заходняй Беларусі, якія прыкуты да сьцен панскіх турмаў, гнояцца ў цёмных карцарах, якім „цывілізованныя" паны ламаюць косьці.

„Чуеце? Жабры ламаюць!
Костак разносіцца хрусь.
Душаць, каб мы не спазналі
Вольнай сваю Беларусь".

Поэта, седзячы ў вастрозе з тысячмі працоўных, ня плача над тым, што трацяцца яго юнацкія сілы, што закованы ён у ланцугі, — яму толькі аб адным шкада: „адно жаль, мо' карысьці народу мае мукі зусім не дадуць... Ды жаль, што ланцуг распасьцягся над краем і гручыць перацёртая сталь".

У яго вершах вы ня знойдзеце ні суму, ні пэсымізму, чаго-б можна было б, нават, чакаць глянуўшы на вокладку зборніка, на яго назву „Лукішкі". Усе яго вершы прасякнуты бадзёрасьцю, яго вершы гэта:

„Дактары ад сухотаў, журбы,
Ад бязьдзеяньня, суму бясконцага,
Ад мярцьвечыны, сьлёз і нуды".

У поэты цьвёрдая ўпэўненасьць, што пачатая працоўнымі справа будзе жыць, „ня ўмрэ, не завяне ў казэматах Лукішскіх, труне" што:

„Хай зломяць жабры, ды з грудзей
Ня вырваць сэрца і імкненьняў,
Заветаў ленінскіх — вучэньня,
Вялікіх ленінскіх — ідэй!

што:

„Час помсты падойдзе, ён недалёка
Ня страць ты надзеі і веры".

Поэта ўпэўнены, што ніякія рэпрэсіі і экзакуцыі, ні турмы не задушаць у працоўных тых ідэй і тых імкненьняў, якія вядуць да праўды, якія вядуць народ да сьветлае будучыні.

„Я веру!
Ня здушаць
У „Лукішках“ сырых
Камуны Ўсясьветнай ідэю"!

Поэта разумее, што гэтых жаданых ідей не даб'ешся, што:

Бяз мукаў, поту і змаганьня
Ня ўбачым вольнае краіны.
Пасьля начы ідзе сьвітаньне,
Камуна йдзе пасьля руінаў".

Дзеля гэтага, поэта сваёй творчасьцю імкнецца ўзбудзіць прыгнечаную моладзь, імкнецца запаліць яе бадзёрасьцю для барацьбы. Ён кажа:

„Віхрыся, моладзь, мчыся ў даль.
Пакінь стагнаць, пакінь свой жаль.
Душой гары
Агнём зары.
Шукай жыцьця, шукай дабра
І зло зьнішчай усё з карня"!

З боку фармальнага, вершы Алеся Салагуба нічым не вызначаюцца. Праўда, сустракаюцца ўдалыя параўнаньні, прыгожыя вобразы, як: „гняздо зьвіла у грудзёх туга“, агністы пук, куль сонечнай саломы", „туману расплывісты кісель", „сонца крывёю рабіны ўмурзала неба", „калматыя хмары", „гучыш, як ціхі камэртон" і інш.

Але большасьць яго вобразаў і параўнаньняў занадта банальныя, якія ўжо сотні разоў выкарыстоўваліся нашымі рознымі поэтамі і пісьменьнікамі, якія сваёй трафарэтнасьцю ня робяць на чытача ўплыву. Некаторыя з іх ня зусім удалыя.

Сустракаецца часты паўтор некаторых слоў, як напрыклад такіх: смеяцца, сьмеяўся, краты, сінь.

Але ня трэба забывацца, што зборнік зьяўляецца першай спробай, першымі мастацкімі крокамі Алеся Салагуба.

Падругое, гэты зборнік, ці лепш сказаць вершы Салагуба, складаліся зусім пры іншых умовах і абставінах:

Рытмавалі іх шэрыя краты,
А тахт мераў жалезны запор.
Вось таму выглядаюць шурпатымі,
Ня блішчаць апрацоўкаю форм".

Зборнік Ал. Салагуба мы раім прачытаць кожнаму. Яго трэба набыць кожнай бібліятэцы.

С. Куніцкі.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.