Перайсці да зместу

Алесь Гарун (Бядуля)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Алесь Гарун
Артыкул
Аўтар: Змітрок Бядуля
1920

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нейкі лёс няшчасця вісіць над беларускімі паэтамі і пісьменнікамі. Шмат з нашых выдатнейшых сіл, маладых і таланных, пайшлі ў нябыт за час вайны і рэвалюцыі. Цэлы рад магіканаў беларускага адраджэння, з эпохі «Нашае нівы», без пары перайшоў у царства вечнасці, як, напр., М. Багдановіч, Цётка, Ігнат Буйніцкі, Каганец, Петрашкевіч, Лявон Гмырак, Ів. Луцкевіч і інш.

Гэтыя беларускія літаратары ў большай часці згінулі ад сухот, як ахвяры беднаты і кепскіх варункаў жыцця.

Яшчэ магілкі іхнія такія свежыя. яшчэ раны ў нас не загаіліся ад гэтых вялікіх страт, яшчэ іх недахват чуецца ў нас на кожным кроку, — ажно дайшла да нас новая сумная вестка — памёр у Швейцарыі ад сухот адзін з выдатнейшых нашых паэтаў Алесь Гарун (Аляксандр Прушынскі).

Аляксандр Прушынскі радзіўся ў 1887 г. у Менску. Бацькі яго былі бедныя чорнарабочыя. І вось з самага маленства Прушынскаму прыходзілася цярпець гора і недахваты. Вучыўся будучы пясняр у пачатковай школе, але доўга вучыцца сыну гарапашных людзей было немагчыма, і, каб здабыць сабе кавалак хлеба, ён пайшоў у сталяры. Але муза беларускіх лясоў і балот, якая пры раджэнні хлопчыка налажыла яму на чало паэтыцкі вянок, не давала яму супакою з самых малых гадоў — усё нашэптвала яму на вуха свае вабныя, чароўныя казкі:

«Аглядайся на прыгожы Божы свет… Вучыся… Скарбы багатыя захаваны ў сэрцы тваім…»

І вось маленькі хлопчык, як галодны, рваўся да кніг і чытаў іх без разбору, якія толькі пападаліся яму ў рукі. Гэтакім чынам будучы пясняр развіваўся вельмі рана, нягледзячы на самыя жудасныя абставіны голаду і холаду.

Рэвалюцыя 1905 г. застала яго ўжо ў партыі с.-р., у якую ўступіў у Менску ў 1904 г., і тады ён пачаў цікавіцца сацыяльна-палітычным і нацыянальным рухам. Тады ён зрабіўся гарачым заступнікам сялян і рабочых. У адплату за сваю рэвалюцыйную працу меў ён царскую турму, а потым вечную ссылку ў Сібір. Там пясняр пражыў аж да рэвалюцыі 1917 г.

Сацыялістычныя вершы Алесь Гарун пачаў пісаць яшчэ ў Менску, а потым у астрозе.

Аб сваёй паэтыцкай творчасці сталяр-паэт так кажа:

Часамі праца ўдзень кіпіць, —
Цярплю і я прыгон —
Аж косць аб косць ў плячу рыпіць…
Пачуеш ў сэрцы звон…
Ухопіш зык, за ім — другі,
За тымі больш ідуць.
Зліюцца ў шых даўгі-даўгі
І цэлы дзень гудуць.
Загасне дзень. іду дамоў,
Кладуся спаць. І ўноч
Цякуць радкі звінючых слоў
І сон адходзіць проч,
Тагды пішу…

Меў і ён гаротную долю большасці беларускіх паэтаў: заняты цэлы дзень мазольнай працай, ён краў час для сваёй творчасці ў сну і адпачынку і пісаў урыўкамі. І як большасць беларускіх паэтаў, ён за кароткія хвілі сваёй творчасці плаціў цэлымі гадамі жыцця і зрабіўся ахвярай сухот. Але ці хто-колечы з беларускіх паэтаў эры адраджэння лічыўся з сваім жыццём і сваім дабрабытам? — не лічыўся з гэтым і нябожчык Алесь Гарун. І нягледзячы на цяжкія варункі жыцця ў сібіры, ён з самага пачатку друкавання газ. «Нашае нівы» ў Вільні даваў туды свае вершы, у якіх пышыць агонь закахання да няшчаснай, далёкай бацькаўшчыны, да пакрыўджанага нявольніка-мужыка.

Ужо пасля рэвалюцыі 1917 г. у менску ў 1918 г. выйшаў яго зборнік вершаў «Матчын дар» (думы і песні, пісаныя ад 1907 да 1914 г.). Потым у 1920 г. выйшаў яго другі зборнік драматычных твораў для дзяцей: «Жывыя казкі».

Уся паэзія Гаруна пранікнута кволай і далікатнай лірыкай, сумам-тугой па далёкай бацькаўшчыне.

Паэт марыць аб бацькаўшчыне:

Як надарыцца мінута,
Што ад працы адарвуся,
І жыццёвая атрута
Не пячэ і прахаплюся,
Ды цябе, мой Родны Краю,
Шчырай думкай аблятаю.

Або:

Часам я ўночы сны дзіўныя бачу:
Роіцца нейкі нязведаны край.
Повен то шчасця, то жаласці, плачу,
То зло-хмурлівы, то светлы, як рай.
Бачу вялікія стэпы з-над Нёмна;
Туліць у слёзах матуля сынка;
Сцелецца пушча глухая і цёмна;
Косці з магілы глядзяць бедака…

Абразкі яго засмучоныя, акропленыя болем змучанай, пакутнай душы. Гэтакі тон яго досыць часта паўтараецца. І не дзіва, — бо Сібір, няволя гняце яго душу і падломвае скрыдлы:

На чужой староначцы
Заняпаў душой
І згубіў здароўейка,
І згубіў спакой…

Але ў гэтым смутку чуецца часам магутнасць і размах. Клічам надзвычайнай сілы і пекнай формай аддаюць яго песні тады, калі ён гаворыць аб адраджэнні краю, аб роднай мове:

Гэй, ты маці — родна мова,
Гэй, ты звон вялікі, слова,
Звон магучы,
Звон бліскучы,
З срэбра літы,
З злота збіты,
Загрымі ты,
Загрымі!

Нягледзячы на нявольнае жыццё на чужыне, на пастаянныя чары-летуценні аб бацькаўшчыне далёкай, — паэт часта ў забыцці захопліваецца акружаючай яго прыродай суровай сібіры, дзе самабытнае хараство дышыць шырынёй і веліччу. Паэт — у палоне тайгі і снягоў. Чуецца ў яго магутнасць, рытмічныя акорды чароўнай музыкі і багатая форма:

Снягі, ляды,
Абрус жуды,
На заўсягды,
На вечны час
Ляглі.
Гара, скала
Наўкол лягла
І узрасла
Паўскрайны пас
Зямлі… і г. д.

Але гэткія хвілі здаровага шчасця мала чуюцца ў яго паэзіі. Пяўцом сібірскіх абшарынаў паэт зрабіцца не мог. У той час, калі расейскія паэты, Пушкін і Лермантаў, быўшы ў выгнанні на Каўказе, яны там абшырна і добра жылі: ім здабываць сабе куска хлеба не трэба было. І ў іх гэтае прабыванне на Каўказе было прыемнай экскурсіяй, так што ім лёгка было аддавацца чарам каўказскай прыроды і тварыць свае каўказскія паэмы, песні і легенды.

Не так жылося Гаруну ў Сібіры. Апрача таго, нябожчык так быў захоплены беларускім адраджэннем, што мог думаць толькі аб роднай зямельцы. Гэта ў яго даходзіла да хваравітай упартасці яшчэ дзеля таго, што ён быў пэўны ў тым, што ніколі не вернецца з сібірскіх снягоў у родны край. Ад вялікай роспачы з прычын сваёй жыццёвай трагедыі ён дайшоў у сваёй творчасці да месіянства, да чулай рамантыкі роднай зямлі, да народніцтва васьмідзесятнікаў. Ён пачынае апрацоўваць беларускія народныя казкі і легенды («Канец Паўлючонка», «Шчасце Мацея» і інш.).

Вельмі ўдала выйшла ў яго засцянковая аповесць «Варажба», дзе відаць мастацкі стыль і вытрываласць тону. Малюнак выйшаў выразны і тыпічны. апрача вершаў ёсць у Гаруна спробы добрай прозы («П’еро і Каламбіна» і інш.). Ён меў вялікі нахіл да апавяданняў, але ўсё гаварыў, што яму часу няма пісаць.

І праўда, як толькі ён прыехаў з Сібіры ў Менск, дык на яго навалілі шмат грамадзянскай і палітычнай працы, якая, можна сказаць, і даканала яго зусім. ужо апошні год ён бадай не выходзіў з сваёй кватэры. Яго «Жывыя казкі» яму прыходзілася пісаць лежачы ў пасцелі, бо сядзець яму было цяжка. Блізка стоячым да яго беларускім дзеячам чуць удалося ўгаварыць паэта кінуць працу і выехаць на лекі за граніцу.

І вось няшчасны беларускі паэт памёр на чужыне ў восень 1920 г. Гэтак скончылася сумная аповесць аднаго з найлепшых беларускіх паэтаў, які змагаўся ўсё сваё жыццё за лепшую долю, за волю роднай зямлі.

І новай страніцай узбагаціўся жалобны летапіс беларускіх маладых адраджэнцаў, якія без пары пайшлі ў нябыт. Але той фундамент, які яны палажылі для адбудовы краю, ніколі не згіне.

1920