„Гарыць зара, Дынамаю зьяднаная, Круціць вал Нашых дум. І пырскаюць словы ў агнёвым накале, Адбіваюць ў акордах зару“…
ПЕСЬНЯ ПЕРШАЯ
Сьвітае раньне,
Вуліца грахоча
Уздымам руху,
Акордамі дзён.
Спавіта дратамі
Воблакаў клочча,
І пажаўцелы лісьцем
Клён.
Краіна росквіту,
Ня знанага нікім, —
Краіна дзён,
Бурлючых
Ў жэрлі сэрца,
Імчышся ты
Дынамікай гадзін,
Організуючы
Сталецьці!
І захоплены
Тваімі хвалямі…
Праз нажы
І праз выстрал
Абрэзаў, Ідуць
Магутнымі вяліканамі
Паўстанцы новыя,
Гарэзныя…
Ідуць…
І зоры
Плавяць у сэрцы.
Ідуць адзіным
Крокам дзён…
І пераплываюць
Сталецьці
Новы Рубікон.
Гарыць зара,
Дынамаю зьяднаная,
Круціць вал
Нашых дум.
І пырскаюць словы
Ў агнёвым накале,
Адбіваюць ў акордах
Зару…
*
У барацьбе
Ці сьмерць
Ці жыцьцё.
Гудуць грымотныя
Рэволюцыі
Загады…
Ці сок жыцьця;
Ці вострае асьцё
Упіваецца ў сэрцы
Атрадаў…
Рэволюцыя!
Я слухаю
Твой загад.
За атрадам
Атрад,
За варштатам
Варштат
У бой ідуць
Вялізарныя сілы:
Міліён
Кілёват
Наліваем
Ў зарад
Там, дзе былі
Крыжы
І магілы.
Раз
Два
Пллі!
Направа
І налева
Ббі!
Дарогаю простай
Ідзі!
Зброю
Вострай
Дзяржы!..
Хто з намі,
За нас —
Пайшлі!
На сустрэчу
Чырвонай зары.
Раз
Два
Пллі!
Направа
І налева
Ббі!.. Спатыкнуўся адзін.
Загінуў другі,
А мільёны ідуць
На сустрэчу вякоў…
............
Партызанскі мой,
Баявы карабін
Устарэў
Сівізною гадоў.
На завод-бы
цябе
Ў пераплаўку пусьціць…
Эх, радзімы!
І шкода,
А трэба —
Устарэўшае ўчора
Ня можа жыць
І шумець
Пажаўцелаю вербай.
*
Дніпростан…
Асінбуд…
О, краіна!
Ці ты сьніла,
Ці марыла ты: —
Зямля трактар,
Як роднага
сына,
Прытуліла
да грудзей.
Квітней,
Краіна!
Ня бойся
Здрады,
Пажоўклых восеньню
Лістоў, —
Ідуць мільёны
У тваіх атрадах
Кастрычніка
Сыноў…
Ідуць
І зоры
Плавяць ў сэрцы…
Ідуць
Адзіным
Крокам дзён
І пераплываюць
Сталецьці
Новы Рубікон…