Айвенго (1934)/XXXIX
← Раздзел XXXVIII | Айвенго. Раздзел XXXIX Раман Аўтар: Вальтэр Скот 1934 год Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819) Пераклад: Іван Гарбуз |
Раздзел XL → |
РАЗДЗЕЛ ХХХIХ
РЫЦАР, ад’ехаўшы ад Запаветнага Дуба, накіраваўся да суседняга манастыра, невялікага і небагатага і меўшага назву абацтва святога Батольфа, куды пасля падзення замка Торкільстона, пад наглядам вернага Гурта і разам з Вамбай быў адпраўлены паранены Айвенго. Хутка абат разаслаў пасланцоў у розныя бакі, а на другі дзень раніцою Чорны Рыцар сабраўся выязджаць з манастыра, узяўшы з сабою ў праваднікі блазна Вамбу. Перад ад’ездам рыцар звярнуўся да Айвенго і скззаў яму:
— Мы з табою ўбачымся ў Конінгсбургу, у замку памёршага Атэльстана, таму што твой бацька Седрык паехаў туды спраўляць памінкі. Я там пагляджу на тваю саксонскую радню, сэр Уільфрэд, і пазнаёмлюся з ёю бліжэй. І ты туды прыедзь, а я бяру на сябе памірыць цябе з бацькам.
Сказаўшы гэта, Чорны Рыцар ласкава развітаўся з Айвенго, які выказаў надзвычайнае жаданне праводзіць яго. Але аб гэтым Чорны Рыцар і слухаць не хацеў.
— Сёння адпачывай добра, — сказаў ён, — можа і заўтра яшчэ не зможаш пусціцца ў дарогу. Мне не трэба іншага правадніка, апрача сумленнага Вамбы, ён будзе адыгрываць пры мне ролю манаха або блазна, гледзячы па настрою майго духа.
— А я, — сказаў Вамба, — гатоў служыць вам ад усяго сэрца. Хацелася-б мне таксама прысутнічаць на пахавальным банкеце, і на памінках Атэльстана, таму што, калі яда будзе не вельмі сытная і небезупынная, ён абавязкова ўстане з мёртвых і пачне караць кухароў, прыслугу і краўчага; а гэта такое было-б відовішча, што варта паглядзець. Я ўжо буду спадзявацца на вашу мужнасць, сэр рыцар, каб заступіцца за мяне перад маім гаспадаром, Седрыкам, у выпадку, калі мае дасціпнасці нехопіць.
— А на што-ж табе мая мужнасць, блазен, у тым выпадку дзе нехапае твае вясёлае дасціпнасці? Вырашы мне гэту задачу.
— Бачыце, сэр рыцар, — сказаў блазен, — дасціпнасць годна шмат на што. Калі блазен дагодлівы і наглядальны, ён адразу заўважае, якім вокам сусед яго горш бачыць, і з гэтага боку ўжо і трымаецца, калі сусед пачынае тапырыцца і даваць волю сваім жаданням. А мужнасць — гэта дужы хлопец, які ідзе напралом. Яму нічога і прыліў, і бурны вецер, ведай сабе, грабі вяслом, і прываліць да берага… А таму, добры сэр рыцар, буду я карыстацца толькі ясным надвор’ем у душы майго шляхетнага гаспадара, а ў бурны час, ужо спадзяюся, што вы пастараецеся мяне выручыць.
— Сэр рыцар Вісячага Замка, калі так падабаецца вам называцца, — сказаў Айвенго, — баюся, што вы выбралі сабе ў праваднікі надзвычай балбатлівага і надакучлівага чалавека. Але праўда, што ён ведае кожную сцежку ў лесе не горш любога паляўнічага; і пры тым, як вы часткова і самі бачылі, небарака сумленны і надзейны, як булат.
— Нічога, — адказаў рыцар, — абы ён здолеў паказваць мне дарогу і не бяда, калі ён захоча пацешыць мяне ў дарозе… Ну, бывай, Уільфрэд, ачульвай, братка… і глядзі, я табе зусім забараняю выязджаць, прынамсі, да заўтра.
З гэтымі словамі ён працягнуў руку Уільфрэду, развітаўся з абатам, сеў на каня і разам з Вамбаю паехаў.
Айвенго сачыў вачыма за Рычардам і Вамбаю, покуль яны не схаваліся ў гушчары акружаючых лясоў, потым вярнуўся ў манастыр.
Але хутка, пасля ранішняй імшы, ён паслаў сказаць абату, што хоча яго бачыць. Стары прыбег спалоханы і адразу спытаўся, як ён сябе адчувае.
— Лепш, — адказаў ён, — значна лепш, чым мог спадзявацца ўпачатку; або мая рана была не так сур’ёзна, як я думаў, мяркуючы па вялікай колькасці страчанай крыві, або гаючы бальзам так цудоўна падзейнічаў на яе… Але я сябе так адчуваю, што як быццам магу і панцыр надзець, і гэта вельмі шчасліва, таму што ў мяне ў галаве блукаюць такія думкі, дзякуючы якім я не магу далей заставацца тут у бяздзейнасці.
— Крый божа, — сказаў абат, — каб сын Седрыка-Саксонца пакінуў наш манастыр раней, чым загаіліся яго раны. Сорамна нам будзе, калі мы дазволім гэта.
— Я і сам не падумаў-бы пакінуць ваш гасцінны манастыр, — сказаў Айвенго, — калі-б не адчуваў сябе здольным выправіцца ў дарогу.
— А хто-ж цябе прымушае да такога раптоўнага ад’езду?
— Усім вядома, што саксонцы недалюбліваюць нармандскай расы, і як ведаць, што можа здарыцца, калі ён раптам з’явіцца сярод іх у такую хвіліну, калі яны абураны смерцю Атэльстана, а галовы іх атуманены віном, якога яны вельмі шмат нап’юцца? Думаецца мне, што яго з’яўленне ў такі час можа мець надзвычай небяспечныя вынікі, і я рашыў папярэдзіць бяду. А для таго, каб я мог ажыццявіць маю думку, вельмі прашу цябе, дастань мне верхавога каня, у якога хада была-б больш мяккай, чым у майго баявога каня.
— Вядома, — адказаў шаноўны абат, — я табе ўступлю маю іспанскую кабылу: яна ходзіць ступою, шкада толькі, што ўсё-такі не так спакойна, як конік у прыёра Сент- Альбанскага манастыра… Магу аднак ручацца, што мая Мятла — так я заву свайго хадуна — самая спакойная, самая паслухмяная кабыла… хіба толькі ў вандроўнага фокусніка знойдзецца скаціна больш паслухмяная за маю… Але-ж тая нават вытанцоўвяе драпака, прабіраючыся між разложанымі яйкамі… А на Мятле я ствараў цэлыя пропаведзі ў часе язды на ёй сцежкамі-дарожкамі, і добрыя атрымоўваліся пропаведзі, навучальныя як для манастырскай браціі, так і для парафіян.
— Дык, калі ласка, вялебны айцец, загадайце зараз-жа асядлаць Мятлу і скажыце Гурту прынесці сюды маё ўзбраенне.
— Аднак, любы сэр, — сказаў абат, — я прашу вас прыняць пад увагу, што Мятла таксама неспрактыкаваная ў адносінах зброі, як і яе гаспадар; я не ручаюся за тое, што можа здарыцца, калі яна ўбачыць ваша ўзбраенне, а ў асаблівасці, калі адчуе іх цяжар на сабе… Мятла, я вам скажу, скаціна вельмі разумная і не стрывае на сябе ніякага лішняга цяжару. Аднойчы здарылася, што я ў суседняга свяшчэнніка пазычыў толькі адзін том латынскага твора „Плод Часу“, дык мая кабыла да таго часу не згаджалася выйсці за браму, покуль я не замяніў цяжкой кніжкі сваім малым трэбнікам.
— Паверце, святы айцец, — сказаў Айвенго, — я не буду турбаваць вашу кабылу лішнім цяжарам, а калі яна збунтуецца, дык ёй-жа будзе горш.
Гэтыя словы былі сказаны ў тую хвіліну, калі Гурт прывязваў да ботаў рыцара пару вялікіх пазалочаных шпор, ужыванне якіх напэўна магло пераканаць любога ўпартага каня, што для яго больш усяго выгадна безумоўнае паслухмянства волі конніка.
Даўгія і вострыя кольцы, якія тырчэлі цяпер на нагах Айвенго, зрабілі на абата такое ўражанне, што ён пачынаў каяцца, навошта так ласкава прапанаваў яму сваю кабылу.
— Дазвольце, ласкавы рыцар! — усклікнуў ён. — Мая Мятла зусім не церпіць шпор… а я і забыў папярэдзіць аб гэтым. Лепш пачакайце крыху, я пашлю за кабылаю нашага аканома, ён жыве тут блізка, на ферме… Вам прыдзецца пачакаць крыху больш гадзіны, а ўжо гэта кабыла, напэўна, будзе спакойная, таму што на ёй возяць нам дровы на зімовы апал, а аўса ніколі ёй не даюць.
— Дзякую вам, вялебны айцец, я лічу за лепшае прыняць вашу першую прапанову, тым больш, што бачу я, вашу Мятлу падвялі ўжо да брамы. Гурт павязе маё ўзбраенне асобна, што-ж датычыцца астатняга, будзьце спакойны, я не навалю ёй на спіну лішняга цяжару, так што спадзяюся, што і яна не выведзе мяне з цярпення. А цяпер бывайце!
Айвенго хутка і лёгка збег з ганка, чаго нельга было чакаць ад нядаўна параненага чалавека. Ён ускочыў на каня, жадаючы хутчэй унікнуць ад прыставанняў абата, які ішоў за ім так хутка, наколькі дазваляла яго тлустасць і старасць, і папераменна то хваліў сваю Мятлу, то прасіў рыцара абыходзіцца з ёй больш асцярожна.
— Яна, трэба вам сказаць, мае цяпер самы небяспечны ўзрост, — сказаў стары, смяючыся з свайго жарту, — таму што ёй нядаўна пайшоў пятнаццаты год.
Але ў Уільфрэда і без таго было шмат клопатаў і яму было зусім не да таго, каб выслухоўваць парады абата і яго жарты. Загадаўшы Гурту (узведзенаму ў сан зброяносца) не адставаць, Уільфрэд накіраваўся ў лес па слядах Чорнага Рыцара, а абат усклікваў, стоячы каля брамы манастыра і гледзячы ім услед:
— Якія порсткія і жвавыя гэтыя ваенныя людзі! І чаму я дзверыў яму сваю Мятлу; калі з ёю здарыцца што-небудзь нядобрае, як я без яе абыйдуся з маёю прастуднаю ламатою? А ўсё-такі, — прадаўжаў ён разважаць, схамянуўшыся, — можа яны палічаць наш бедны манастыр вартым якога-небудзь багатага ўклада або, прынамсі, прышлюць старому абату спакойнага каня. А цяпер, здаецца, самы час склікаць брацію на снеданне ў трапезную… Ох, здаецца мне, што на гэты клік яны зыходзяцца куды больш ахвотна, чым на звон да заутрані або абедні.
Настаяцель абацтва патупаў назад у трапезную, каб заняць месца старшыні за сталом, на які толькі што прынеслі вяленую трэску і піва на снеданне манахам. Аддуваючыся, з паважным відам усеўся ён за стол і пачаў закідваць туманныя намёкі наконт таго, што манастыр мае права чакаць цяпер шчодрых дароў.
У іншы час падобная гаворка абудзіла-б усеагульную цікаваць, але дзякуючы таму, што прынесеная трэска была вельмі салёная, а піва досыць моцнае, амаль ніхто не чуў намёкаў абата.
Тымчасам Чорны Рыцар і яго праваднік, не спяшаючы, ехалі наперад скрозь лясны гушчар. Адважны рыцар то напяваў сабе пад нос песню ўлюбёных трубадураў, то задаваў свайму спадарожніку задзёрыстыя пытанні, заахвочваючы яго да балбатлівасці.
Блазен быў у звычайным сваім фантастычным адзенні, але падзеі апошняга часу падбілі яго замяніць драўляны меч вострым палашом і прадоўжным шчытом. Пры штурме Торкільстона аказалася нават, што ён вельмі нядрэнна валодае гэтай зброяй. Па сутнасці хвароба яго мазга праяўлялася ў тым, што Вамба меў нейкую нервовую непаседлівасць, ні ў якім становішчы не мог заставацца спакойным, ні адно разважанне не мог весці паслядоўна, але на некалькі хвілін заўсёды быў здольны талкова выканаць заданне і быў жвавы і спрытны ў сваіх руках, абы не трэба было рабіць што-небудзь аднастайнае і працяжнае. Вандруючы конна, ён раз-по-раз паварочваўся на сядле, спаўзаючы то на шыю каня, та на самы круп, то абедзве нагі звешваў на адзін бок, то садзіўся перадам да хваста, засмучаўся, крыўляўся і ўрэшце так абрыдзеў свайму каню такімі дзіўнымі паводзінамі, што ён скінуў яго, і Вамба ва ўвесь рост распластаўся на зялёнай траве. Гэты выпадак вельмі пацешыў рыцара, але спадарожнік яго пасля гэтага стаў трымаць сябе больш смірна.
Рыцар і Вамба ад няма чаго рабіць спявалі харавую песню, гэта значыць рыцар Вісячага Замка спяваў яе досыць майстэрскі, а блазен толькі падцягваў прыемным басам:
О, Анна-Марыя, ўзышло ўжо сонца, |
— Цудоўная песня, — прагаварыў Вамба, — клянуся маёй дурной шапкай, вельмі прыгожая песня! Мы яе часта спявалі з Гуртам. Калісь мы з ім разам раслі і былі роўнапраўнымі таварышамі, а цяпер ён сам сабе пан і вольны чалавек! А аднойчы нам з ім дасталася здаравенная пачоска з-за гэтай самай песні. Мы так захапіліся ёю, што дзве гадзіны пасля ўсходу сонца пракачаліся ў ложку, спяваючы яе скрозь сон… З таго часу, як успомню гэты напеў, дык у мяне косці і заныюць…
Потым блазен сам зацягнуў другую песню, нешта падобнае да жартаўлівых прыпевак, а рыцар падхапіў матыў і стаў яму ўторыць.
Пайшла пагалоска паміж землякоў, |
— Шкада, — сказаў рыцар, — шкада што ваш гасцінны гаспадар з-пад Запаветнага Дуба або яго капелан — вясёлы манах — не чулі гэтай тваёй песні ў гонар іёменаў.
— Ну, аб гэтым я ніколі не шкадлую, — сказаў Вамба, — хіба толькі дзеля таго ражка, які вісіць у вас на перавязі…
— Гэта адзнака сяброўства з боку Локслі, але наўрад ці мне калі-небудзь давядзецца пакарыстацца ім. Аднак, я ўпэўнен, што ў выпадку патрэбы варта толькі пратрубіць умоўны знак, і цэлы атрад гэтых слаўных іёменаў з’явіцца на выручку.
— Я-б адмовіўся ад такога гонару, — сказаў блазен, — калі-б я не ведаў, што па міласці гэтага ражка яны ва ўсякі час прапусцяць нас без усякай крыўды.
— Што ты хочаш гэтым сказаць? — запытаў рыцар. — Ці ты думаеш, што каб не гэты заклад прыязні, яны-б на нас напалі?
— Я нічога не гавару, — сказаў Вамба, — таму што і ў зялёнага галля бываюць вушы, не ў адных каменных сцен… Але адгадай мне загадку, сэр рыцар: калі лепш мець пустую вінную бутэльку чым поўную, і лепш пустую каліту,чым туга набітую?
— Ды ніколі, я думаю,- адказаў рыцар.
— Ну, за такі просты адказ не варта-б ніколі не даваць табе ні поўнай бутэлькі, ні набітай каліты!.. Ведай-жа, што апаражніць бутэльку трэба перад тым, як перадаць яе саксонцу, а грошы высыпаць і пакінуць дома перад тым, як выпраўляцца ў зялёны лес.
— Гавары, што хочаш, Вамба, — сказаў рыцар, — а ўсё-такі гэтыя іёмены саслужылі верную службу твайму гаспадару Седрыку ў Торкільстоне.
— Гэта праўда, — адказаў Вамба. — А ўсё-такі, — дадаў ён, знізіўшы голас і пад’ехаўшы бліжэй да рыцара, — ёсць такія малайцы, з якімі лепш не сустракацца-б.
— Хто-ж такія гэтыя малайцы, таму што ні ваўкоў, ні мядзведзяў у нас-жа не водзіцца? — сказаў рыцар.
— Так, але ў нас водзіцца ўзброеная чэлядзь Мальвуазена, — сказаў Вамба, — і магу вас запэўніць, што ў часе міжсобіцы поўтузіны такіх малайцоў варта цэлай зграі добрых ваўкоў! У сучасны момант яны выехалі на здабычу, ды з імі-ж гойсаюць салдаты, што ўцяклі з Торкільстона. Так што, калі-б мы з імі сустрэліся, дорага прышлося-б заплаціць за адвагу, выказаную вамі ў Торкільстоне… А што, сэр рыцар, калі-б, напрыклад, папалася нам пара такіх малайцоў, што-б вы зрабілі?
— Прыгваздзіў-бы агіднікаў да зямлі маім кап’ём, Вамба, у выпадку, калі яны ўздумалі-б стаць нам упоперак дарогі.
— А калі-б яны аказаліся ўчатырох?
— І тых пачаставаў-бы тым-жа, — адказаў рыцар.
— А калі-б іх было шасцёра, а нас з вамі двое, вось як цяпер, — прадаўжаў Вамба, — вы-б урэшце затрубілі ў рог іёмена Локслі, ці так?
— Што-о? Буду я клікаць на дапамогу супроць падобнай брыды. Адзін путны рыцар можа іх пагнаць, як асенні вецер гоніць сухое лісцё! — усклікнуў рыцар.
— Ну, дык я ў вас папрашу дазволу разглядзець бліжэй гэты самы рог, які выдае такія магутныя гукі.
Рыцар адшпіліў засцёжку сваёй перавязі і задаволіў цікавасць свайго спадарожніка, перадаўшы яму ўвесь знарад разам. Вамба ўраз надзеў яго сабе на шыю.
— Тра-ліра-ля! — прасвістаў блазен. — Цяпер і я змагу пратрубіць сігнал, не горш каго іншага.
— Што-ж ты зрабіў, махляр? — сказаў рыцар. — Аддай мне рог.
— Будзьце спакойны, сэр рыцар, ён будзе ў мяне ў цэласці. Калі адвага вандруе поруч з дурнотаю, рог трэба надзяваць на дурноту, таму што яна лепш умее трубіць.
— Сцеражыся, шальмец, — сказаў Чорны Рыцар, — ты злоўжываеш сваімі прывілеямі… Глядзі, не выводзь мяне з цярпення.
— А вы лепш не пагражайце мне, сэр рыцар, — адказаў блазен, ад’ехаўшы на значную адлегласць ад нецярплівага рыцара, — а не то я дам цягу і пакіну адвазе самой шукаць дарогу па лесу, па ўласнаму погляду.
— На гэтым ты мяне злавіў, — сказаў рыцар, — пры тым, хоць гэта і вельмі крыўдна, няма часу мне з табою сварыцца. Лепш пакінь пры сабе рог, толькі паедзем хутчэй.
— А вы не будзеце мяне крыўдзіць? — сказаў Вамба.
— Я табе кажу, што не буду, шальмец ты гэтакі!
— Не, вы перш дайце мне ў гэтым сваё рыцарскае слова, — прадаўжаў Вамба, вельмі баязліва пад’язджаючы.
— Ну, даю табе сваё рыцарскае слова, а ты не марудзь, а паказвай дарогу.
— Добра, — сказаў блазен, пад’язджаючы да рыцара. — Значыцца, адвага з дурнотаю зноў папрыяцельску паехалі поруч. Справа ў тым, што я сапраўды не ахвотнік да такіх зубатычын, якую вы тады ўляпілі вясёламу пустэльніку… І пакацілася яго вялебнасць на траву, быццам хваёвая шышка. Ну, калі дурнота завалодала ражком, няхай адвага крыху распрастае свае члены, ды ўзмахне грывай… Калі не памыляюся, вось у гэтых кустах нас чакаюць добрыя малайцы… Засаду нам зрабілі.
— Скуль ты гэта ўзяў? — запытаў рыцар.
— З таго і ўзяў, што разы са два ці тры бачыў, як сярод зелені мільгацелі шышакі. Каб гэта былі чэсныя людзі, яны-б выехалі на бітую сцежку. Але гэты гушчар якраз падыходзячае месца для такіх прамыслоўцаў.
— А на гэты раз ты праў, прагаварыў рыцар, — засоўваючы наглуха забрала свайго шлема.
Толькі ён паспеў гэта зрабіць, як з кустоў вылецелі тры стралы, пушчаныя яму ў галаву і грудзі, і першая з іх, напэўна, пранізала-б яму мазгі, калі-б не адскочыла ад сталёвага забрала, дзве астатнія папалі ў нагруднік і ў шчыт, які вісеў у яго на шыі.
— Дзякуй збраёўніку, моцна зрабіў маё ўзбраенне! — усклікнуў рыцар, — Вамба, наперад! Схопімся з імі.
З гэтымі словамі ён паскакаў проста на кусты. Насустрач яму выскачыла з гушчару чалавек шэсць ці сем узброеных коннікаў і паімчалі ўскач на яго з коп’ямі на перавес. Тры коп’і, ударыўшыся аб яго, разляцеліся ўшчэнт. Вочы Чорнага Рыцара бліснулі гневам, што было відаць нават скрозь шчыліны забрала. Ён прыўзняўся на страмёнах і крыкнуў:
— Гэта што азначае, панове?
Замест адказу воіны выхапілі мячы і напалі на яго з усім бакоў з крыкамі:
— Памры, тыран!
— Ага! Вось табе, вось табе! — крыкнуў Чорны Рыцар, з кожным узмахам збіваючы на зямлю па чалавеку. — Дык у нас тут здраднікі завяліся?
Як не былі адважныя праціўнікі, аднак і яны адступілі назад ад магутнай рукі, кожны ўзмах якой нёс ім смерць; здавалася магчымым, што ён адзін адолее ўсіх ворагаў, але тут падаспеў рыцар у сінім узбраенні, які да гэтага часу трымаўся паводдаль; ён прышпорыў свайго каня і, накіраваўшы кап’ё не на конніка, а на яго каня, смяртэльна параніў жывёліну.
— Вось здрадніцкі ўдар! — усклікнуў Чорны Рыцар, калі яго конь паваліўся на бок, цягнучы і яго за сабою.
У тую-ж хвіліну Вамба затрубіў у рог. Раптоўны гук рога прымусіў забойцаў яшчэ раз адступіць назад, а Вамба, не гледзячы на сваё далёка не поўнае ўзбраенне, не задумваючыся, кінуўся ўперад і дапамог Чорнаму Рыцару ўстаць.
— Ці не сорам вам, агідныя трусы! — усклікнуў рыцар у сінім панцыры, які здавалася быў кіраўніком астатніх. — Няўжо вы пабяжыце ад простага ражка, на якім уздумаў пайграць блазен?
Падбадзёраныя гэтымі словамі, яны зноў напалі на Чорнага Рыцара, які палічыў за лепшае прысланіцца да ствала тоўстага дуба і адбівацца адным мячом. Вераломны рыцар узброіўся між тым другім кап’ём і, пачакаўшы тае хвіліны, калі яго праціўнік адбіваўся ва ўсе бакі, паімчаўся на яго, з намерам прыгваздзіць яго кап’ём да дрэва. Але і на гэты раз яму перашкодзіў Вамба. Маючы нязначную сілу, але вялікі спрыт, і карыстаючыся тым, што байцы не звярталі на яго ніякай увагі, блазен з вялікім поспехам адбіў фатальны напад Сіняга Рыцара, падрэзаўшы ногі яго каню ўдарам свайго мяча. Конь і коннік пакаціліся на зямлю.
Аднак становішча Чорнага Рыцара заставалася надзвычай небяспечным, таму што яго з усіх бакоў акружылі конныя воіны, узброеныя з галавы да ног, і ён пачынаў зморвацца ад безупыннага махання мячом, як раптам меткая страла палажыла на месцы аднаго з самых рослых яго праціўнікаў, і ў тую-ж хвіліну на палянку высыпаў натоўп іёменаў на чале з Локслі і вясёлым пустэльнікам. Яны прынялі чынны ўдзел у барацьбе, і хутка нягоднікі ўсе да аднаго паляглі мёртвымі або смяртэльна параненымі.
Чорны Рыцар падзякаваў сваіх збавіцеляў з такой павагай, якой яны да гэтага часу не заўважвалі ў ім.
— Перш чым выказаць усю маю ўдзячнасць маім адданым сябрам, — сказаў ён, — для мяне надзвычай важна даведацца, хто маглі быць мае нечаканыя ворагі. Вамба, рассунь забрала Сіняга Рыцара… Ён, здаецца, галоўны начальнік гэтай зграі.
Блазен падбег да правадыра забойцаў, які ляжаў, прыціснуты сваім канём, і так моцна разбіўся, што не мог ні ўцякаць, ні супраціўляцца.
— А ну, адважны воін, — сказаў Вамба, — дай я табе паслужу збраёўнікам, як паслужыў конюхам… Я цябе з каня зняў, я-ж з цябе і шлем зніму.
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Калі ласка, дадайце іх, кіруючыся даведнікамі Вікікрыніцы:Выявы і Даведка:Дадаванне выяў. |
З гэтымі словамі ён досыць бесцэрамонна сцягнуў шлем з галавы Сіняга Рыцара, і ўсе ўбачылі сівыя кучары і твар, які Чорны Рыцар ніяк не чакаў сустрэць пры падобных умовах.
— Вальдэмар Фіц-Урс, — усклікнуў ён у здзіўленні, — што магло падбухторыць чалавека, памятаецца, добрай рэпутацыі, узяцца за такую агідную справу?
— Рычард, — адказаў палонны, — дрэнна-ж ты ведаеш людзей, не ведаеш, да чаго могуць давясці ганарлівасць і мсцівасць.
— Мсцівасць? — паўтарыў Чорны Рыцар. — Але я ніколі не крыўдзіў цябе. За што-ж ты мне помсціш?
— За маю дачку, Рычард, на якой ты не захацеў жаніцца…
— Твая дачка? — сказаў Чорны Рыцар. — Вось дзіўная прычына для варожасці, давёўшая нават да крывавай расправы! Адыдзіце прэч, панове, мне трэба пагаварыць з ім сам-на-сам. Ну, Вальдэмар Фіц-Урс, цяпер гавары чыстую праўду, прызнавайся, хто цябе падбіў на гэта здрадніцтва?
— Сын твайго бацькі, — адказаў Вальдэмар.
Вочы Рычарда бліснулі гневам. Ён правёў рукою па лбу і з хвіліну стаяў, гледзячы на барона, у рысах якога гордасць змагалася з сорамам.
— Ты не просіш пакінуць сабе жыццё, Вальдэмар? — сказаў кароль.
— Хто папаў у лапы льва, той ведае, што гэта бескарысна, — адказаў Фіц-Урс.
— Дык бяры яе, няпрошаную, — сказаў Рычард, — леў не есць падлы. Дарую табе жыццё, але з той умовай, каб у працягу трох дзён ты пакінуў Англію і ніколі не ўспамінаў імя Іоана Анжуйскага ў сувязі з гэтым здрадніцтвам. Локслі, бачу я, што вашы іёмены паспелі палавіць ужо ўсіх разбегшыхся коняй. Дайце аднаго каня гэтаму рыцару і адпусціце яго.
— Каб у тваім голасе не пачулася мне, што нельга пярэчыць, — адказаў іёмен, — я-б з ахвотаю паслаў услед гэтаму агідніку добрую стралу… каб пазбавіць яго ад доўгага вандравання.
— Ты чуццём адгадаў, Локслі, — сказаў Чорны Рыцар, — што абавязан мяне слухацца. Я — Рычард, кароль Англіі.
Усе іёмены, як адзін чалавек, шаноўна выказалі сваю гатоўнасць служыць Рычарду, і прасілі даравання за свае злыя ўчынкі.
— Сябры мае! — сказаў Рычард, гледзячы на іх з вясёлай прыветлівасцю, якая паспела змяніць на яго твары выраз гневу. — Вашы прыгоды як па лесах, так і па чыстаму полю акупаюцца службаю, якую вы саслужылі маім няшчасным падданым пад сценамі Торкільстона, а таксама і тым, што сёння выручылі мяне з бяды. Устаньце, мае васалы і добрыя грамадзяне… А ты, адважны Локслі…
— Не завіце мяне больш Локслі, гасудар, і ведайце тое імя, якое атрымала тую шырокую вядомасць, што, можа, дайшло і да вашага слыху… Я — Робін Гуд з Шэрвудскіх лясоў.
— Значыцца, кароль вольніцы і правадыр добрых малайцоў? — сказаў Рычард. — Хто-ж не ведае твайго імя! Яно прагрымела да самай Палестыны!.. Але будзь упэўнены, мой слаўны ваяка, ні адна справа, зробленая ў маю адсутнасць і ў пароджаныя ёю неспакойныя часы, не будзе мною залічана табе за злачынства… Э-э, Вамба, і ты тут! Я так даўно не чуў твайго голасу, што думаў, што ты выратаваўся ўцёкамі.
— Гэта я выратаваўся ўцёкамі? Як-бы не так, — сказаў Вамба. — Калі-ж відана, каб дурнота добраахвотна раставалася з адвагаю? Вось ляжыць афяра майго мяча, слаўны шэры… мерын… Я-б меў за лепшае, каб ён быў здароў і стаяў на сваіх нагах, а на яго месцы валяўся-б яго гаспадар… Спачатку я крыху сплашаў, гэта праўда, таму што стракатая куртка не такая ўжо моцная абарона ад вострых коп’яў, як сталёвы панцыр. Але хоць я і не ўвесь час біўся мячом, згадзіцеся, што я першы пратрубіў на збор.
— І вельмі своечасова ты гэта зрабіў, сумленны Вамба, — сказаў Рычард. — Я не забуду гэтага.
— Каюся… каюся… — усклікнуў недалёка пакорны голас. — Ох, нават латынь уся з галавы вылецела…
Рычард аглянуўся і ўбачыў вясёлага пустэльніка, які збянтэжана перабіраў ружанец, а дубінка яго ляжала на траве побач з ім. Ён зрабіў такую міну, якая, паводле яго думкі, павінна была выказваць найглыбокую скруху, закаціў вочы, а вуглы рота апусціў уніз, быццам кутасікі каля ворота каліты, як кажа Вамба. Аднак усе гэтыя адзнакі надзвычайнага раскаяння былі тым больш падазроныя, што скрозь іх выглядвала моцнае жаданне разрагатацца, і вочы яго так блішчэлі, што і страх, і пакаянне былі, відавочна, прытворныя.
— Ты чаго засмуціўся, шалёны манах? — сказаў Рычард. — Ты баішся, што твой епіскап даведаецца, як старанна ты служыш малебны святому Дунстану?.. Не бойся, брат. Я ніколі не выдаю тых сакрэтаў, пра якія даведваюся за пляшкай віна.
— Нічуць не, — адказаў пустэльнік (брат Тук), — мне не страшны посах епіскапа. Падумаць страшна, што мой паганы кулак адважыўся дакрануцца каралеўскага вуха!
— Ха-ха, — рассмяяўся Рычард, — вось адкуль вецер дзьме! А я быў і забыўся пра твой тумак, хоць пасля таго ў мяне ўвесь дзень у вуху звінела. Праўда, аплявуха была выдатная, але я спашлюся на пасведчанне гэтых добрых людзей, хіба я не адплаціў табе гатоўкаю? Аднак, калі лічыш, што я ў цябе ў даўгу, я гатоў у гэту хвіліну…
— О, не, — адказаў манах, — я сваё атрымаў поўнасцю ды яшчэ з лішкам… А ўсё-ж, — сказаў пустэльнік, зноў зрабіўшы плаксівую міну, — я не ведаю, якое будзе наложана на мяне пакаранне за той удар.
— Пра гэта, брат, і гаварыць не варта, — сказаў Рычард. — Мне столькі даставалася ўдараў, што няма прычыны крыўдзіцца на адну-адзіную аплявуху ад такога святога чалавека, як алтарнік з Копмангерста. А ці не лепш будзе, мой сябра, калі я здабуду табе дазвол зняць з сябе духоўны сан і вазьму ў сваю варту, каб ты гэтак-жа старанна ахоўваў маю асобу, як раней ахоўваў алтар Дунстана?
— Пакорна прашу, — сказаў манах, — дараваць мне і зволіць ад такога рашэння… Калі-б вы ведалі, да чаго я разгультаіўся!.. Святы Дунстан стаіць сабе спакойна ў сваёй рамцы, хоць я і забываюся часам пра яго, палюючы за якім-небудзь аленем… І ноччу часам адлучаюся з келлі, займаючыся глупствам, а Дунстан ні гу-гу!.. Самы спакойны гаспадар, ужо сапраўды міратворац, хоць і выразаны з дрэва… Калі-ж буду я іёменам і целахраніцелем пры табе, яно, вядома, гонар вялікі… але варта мне крыху адхінуцца ў бок, ці пацешыць удавіцу дзе-небудзь у сціплым куточку, ці пастраляць дзічыну ў лесе, так і пойдуць пошукі: „Куды дзеўся гэты манах, сабачы сын?“… Або: „Хто ведае, дзе запрапасціўся пракляты Тук?“, а лясныя вартаўнікі будуць гаварыць: „Адзін гэты растрыга знішчае больш дзічыны, чым усе астатнія!“ або „Якую не ўбачыць баязлівую лань, адразу-ж у здагонку за ёю!“ Карацей кажучы, пакіньце вы мяне на ранейшым месцы. А калі будзе такая ваша ласка і захочаце вы аказаць мне, беднаму служку святога Дунстана ў Копмангерсце, якую-небудзь экстраную дабрачыннасць, дык усякі падарунак я прыму з найвялікшай падзякай.
— Разумею! — прагаварыў Рычард. — Дарую табе права палявання ў маіх варнкліфскіх лясах. Глядзі, аднак, я табе дазваляю забіваць не больш трох старых аленяў на кожную пару года; але гатоў аддаць у заклад сваё званне рыцара і караля, што ты выкарыстаеш гэта права, інакш і будзеш біць па трыццаці штук.
— Ужо гэта як водзіцца, — сказаў пустэльнік. — Малітвамі святога Дунстана я знайду спосаб памножыць ваш шчодры падарунак.
— Я ў гэтым не сумняваюся, братка, а дзеля таго, што дзічына не так смачна ў сухамятку, майму аканому будзе даны загад дастаўляць табе штогод бочку іспанскага віна, бочку мальвазіі, ды тры бочкі элю найлепшага гатунку. Калі і гэтым ты не ўтаймуеш сваю прагу, прыходзь у двор і пазнаёмся з маім дварэцкім.
— А што для самога Дунстана? — сказаў манах.
— Атрымаеш яшчэ камілаўку, стыхар і накрыццё для алтара, — закончыў Рычард.
Манах замест адказу, нізка пакланіўся і, адступіўшы, замяшаўся ў натоўпе.
У гэту хвіліну з’явіліся яшчэ дзве новыя асобы.