Перайсці да зместу

Айвенго (1934)/XXVII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XXVI Айвенго. Раздзел XXVII
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XXVIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XXVII

КАЛІ Урфрыда пагнала Рэвеку назад у пакой хворага, яна сілком пацягнула за сабою Седрыка ў асобную каморку і, увайшоўшы туды, моцна заперла дзверы. Пасля гэтага яна дастала з палічкі бутэльку і дзве шклянкі, паставіла іх на стол і сказала не як пытанне, а хутчэй зацвярджальным тонам:

— Ты саксонец, айцец мой. Не супярэч, не супярэч, — прадаўжала яна, заўважыўшы, што Седрык не спяшаецца супярэчыць ёй. — Прыемна мне чуць тваю гаворку.

— Хіба духоўныя асобы з саксонцаў не заходзяць сюды? — запытаў Седрык.

— Не, не заходзяць, — адказала Урфрыда, — а калі і заходзяць, дык больш за тым, каб банкетаваць за сталом заваёўнікаў… Так, прынамсі, гавораць пра іх; сама-то я мала каго бачу. Вось ужо дзесяць год, як у гэтым замку не было ні аднаго свяшчэнніка, выключаючы таго распуснага нармандца, які быў тут капеланам і начамі піў разам з Рэджынальдам Фрон дэ-Бёф… але і той даўно адправіўся на той свет. А ты — саксонец, ды яшчэ саксонскі свяшчэннік, і мне трэба задаць табе адно пытанне.

— Так, я саксонец, — адказаў Седрык, — адпусці мяне, калі ласка… Клянуся, што прыду ў другі раз або прышлю да цябе другога духоўніка, які больш мяне варты выслухаць тваю споведзь.

— Пачакай яшчэ крыху, — сказала Урфрыда, — хутка, хутка голас мой зусім змоўкне. Трэба аднак выпіць віна, каб мець сілы расказаць табе ўсе жахі майго жыцця.

Яна наліла сабе шклянку і з прагнасцю асушыла яе да дна, як-бы баючыся ўпусціць хоць адну каплю. Выпіўшы віно, яна ўзняла вочы ўверх і прагаварыла:

— Яно адурманьвае, але падбадзёрыць ужо не можа. Выпі і ты, айцец мой, інакш не вытрымаеш і ўпадзеш на дол ад таго, што я збіраюся расказаць табе.

Седрык ахвотна адмовіўся-б ад такога злавеснага запрашэння, але яна звярнулася да яго так нецярпліва і з такім адчаем у поглядзе, што ён згадзіўся: узяў шклянку і таксама выпіў, чым, як відаць, значна супакоіў яе і яна пачала расказваць.

— Нарадзілася я, — сказала яна, — зусім не такою гаротнаю, як ты бачыш мяне, айцец мой. Я была вольная, шчаслівая, мяне паважалі, кахалі, і сама я кахала. Цяпер я няшчасная і зняважаная; покуль была прыгожаю — была цацкаю ў руках свайго гаспадара, а з таго часу, як хараство маё завяла, я стала прадметам усеагульнай апрыкрасці, нянавісці і знявагі. Хіба дзіўна, айцец мой, што я зненавідзела людзей? Я дачка тана Торкільстонскага, перад якім дрыжэлі тысячы васалаў.

— Ты дачка Торкіля Вольфгангера! — сказаў Седрык, адступаючы ад яе. — Ты… ты дачка сябра майго бацькі і яго ратнага таварыша?

— Сябра твайго бацькі? — ускрыкнула Урфрыда. — Значыцца, ты Седрык, па мянушцы Саксонец.

— Усёроўна, хто-б я ні быў, — сказаў Седрык, — прадаўжай. Напэўна без злачынства не абышлося ў тваім жыцці.

— Так, ёсць злачынствы, — адказала старая. — Так, у гэтых самых пакоях, запляменых крывёю майго бацькі і маіх братоў, у гэтым доме я жыла нявольніцай жадобаў іх забойцы, удзельніцай яго распустваў.

— Няшчасная жанчына! — ускрыкнуў Седрык.

— І ў мяне бывалі гадзіны помсты: я падбівала нашых ворагаў на сваркі, распякала іх палкасць, сярод п’янай гульбы абуджала смяротную варожасць… Я бачыла, як лілася іх кроў. Чула іх перадсмяротныя стогны! Паглядзі на мяне, Седрык… ці не засталіся на маім зблеклым твары якія-небудзь рысы, што напамінаюць Торкіля?

— Не пытай пра гэта, Ульрыка.

— Доўга разгаралася глухая варожасць паміж тыранам бацькам і яго лютым сынам… доўга песціла я ўпотайкі іх узаемную нянавісць… і ўрэшце полымя ўспыхнула ў нядобрую часіну п’янай гульбы, і за сваім уласным сталом мой крыўднік упаў ад рукі роднага сына!.. Вось якія сакрэты хаваюцца пад гэтым дахам!..

— Што-ж здарылася з табою? — сказаў Седрык.

— Адгадай, але не пытай… Я тут засталася і жыла, покуль заўчасная старасць сваёю цяжкаю рукою не сказіла майго аблічча. І тады мяне пачалі асыпаць крыўдамі і ганьбіць там, дзе раней слухаліся і гнуліся перад мною. З вышыні сваёй святліцы, у самотнай вежы я асуджана была слухаць водгукі банкетовак, у якіх раней сама ўдзельнічала, ды крыкі і стогны новых ахвяр уціску!

— Ульрыка, — сказаў Седрык, — мне здаецца, што ў глыбіні сэрца ты ўсё яшчэ не перастала шкадаваць аб страце тых асалод, якія купляла цаною злачынства; як-жа ты ў такім становішчы духу адважылася звярнуцца да чалавека, апранутага ў гэту святую вопратку?

— Пачакай, не адварочвайся ад мяне, суровы праракальнік, — выклікнула яна.

— Я не свяшчэннік, — сказаў Седрык, — я не свяшчэннік, хоць і апрануў вопратку манаха. Я не магу далей заставацца з табою.

— Пачакай яшчэ хвілінку, — сказала Ульрыка, — не пакідай мяне цяпер, сын сябра майго бацькі, інакш прымусіш мяне зграшыць, адпомсціўшы табе за тваю пагарду… Як ты думаеш, ці доўга давялося-б табе жыць на свеце, калі-б Фрон дэ-Бёф застаў Седрыка-Саксонца ў сваім замку ў такім гарнітуры?.. Ён і так ужо паглядваў на цябе, як драпежны сокал на здабычу.

— Што ж, няхай! — сказаў Седрык. — Няхай ён і дзюбаю і кіпцюрамі разарве мяне, і ўсё-такі мой язык не прагаворыць ні аднаго слова, якога не апраўдала-б маё сэрца. Я памру саксонцам, праўдзівым у словах і адкрытым на справе… Адыдзі прэч! Не затрымлівай мяне. Сам Рэджынальд Фрон дэ-Бёф не такі агідны для маіх вачэй, як ты!

— Ну, няхай будзе патвойму, — сказала Ульрыка, не перапыняючы яго больш, — ідзі сваёю дарогаю і забудзь у сваёй ганарлівай праваце, што тая, што стаяла перад табою была дачка сябра твайго бацькі. Ідзі сваёю дарогаю, а я астануся адна з маімі пакутамі, адлучаная ад свету… разлучаная і з тымі, у кім думала мець свае надзеі… Затое і помста мая будзе зусім асаблівай і цалкам будзе належыць мне. Ніхто не стане мне дапамагаць, але ўсе пачуюць аб тым, на што я адважуся. Да гэтага дня ў маіх высахшых грудзях поруч з помстай змагалася яшчэ другое імкненне. Цяпер яно адно валодае мною цалкам, і ты сам скажаш потым, што якім-бы ні было жыццё Ульрыкі, яе смерць была вартай дачкі Торкіля… Перад сценамі гэтага праклятага замка сабралася баявая дружына; ідзі, вядзі іх хутчэй у атаку, і калі ўбачыш чырвоны сцяг над бакавой вежай, ва ўсходнім куту крэпасці, смялей наступай на нармандцаў, ім будзе досыць работы і ў сярэдзіне сцен, так што ты можаш узяць сцяну, не гледзячы на іх стрэлы і прашчы. Ідэі, прашу цябе! Выконвай сваё прызначэнне, а мяне пакінь майму лёсу.

Седрык з ахвотаю распытаў-бы яе падрабязна наконт яе сумных планаў, але ў гэту хвіліну пачуўся суровы голас Рэджынальда Фрон дэ-БёФ:

— Куды дзеўся гэты валында-манах? Клянуся кампастэльскай вустрыцай, я зраблю з яго пакутніка, калі ён уздумае сеяць здрадніцтва сярод маіх чэлядзінцаў!

— Ідзі хутчэй да сваіх! — прашаптала Ульрыка. — Выклікні баявы покліч саксонцаў, і няхай яны заспяваюць сваю ваяўнічую песню, калі захочуць. Мая помста будзе ім прыпевам.

Сказаўшы гэта, яна знікла ў бакавыя дзверы, а Рэджынальд Фрон дэ-Бёф увайшоў у пакой. Седрык не без цяжкасці прымусіў сябе пакорна пакланіцца гордаму барону, на што той адказаў адным кіўком.

— Доўга-ж цябе затрымалі каючыяся грэшнікі, мой айцец! Аднак, ты лепш для іх, таму што на іх вяку другой споведзі ім не будзе. Ты прыгатаваў іх да смерці?

— Калі я прыйшоў да іх, — сказаў Седрык, так-сяк стараючыся гаварыць пафранцузску, — яны ўжо чакалі смерці, таму што ведалі, пад чыёй уладай яны знаходзяцца.

— Гэта-ж што такое, сэр манах? Твая мова падобна на саксонскую гаворку! — сказаў Фрон дэ-Бёф.

— Я выхоўваўся ў манастыры святога Вітольда, што ў Буртоне, — адказаў Седрык.

— Вось як! — прагаварыў барон. — Было-б лепш для цябе, калі-б ты быў нармандцам, ды і мне было-б спадручней, але няма чаго рабіць, пашлю цябе пасланцом, таму што больш няма каго. Гэты Вітольдаў манастыр у Буртоне проста савінае гняздо, і пара яго разбурыць канчаткова. Хутка настане такі час, што ні рыза, ні кальчуга не выратуюць саксонца.

— Хай будзе твая воля, — прагаварыў Седрык голасам, які дрыжэў ад стрыманай ярасці, але Фрон дэ-Бёф прыняў гэта за адзнаку страху.

— Бачу, — сказаў ён, — што ў цябе душа ў пяткі схавалася і ты ўжо ўявіў сабе, што нашы ваякі ўварваліся ў вашу сталовую і гаспадараць у вашых паграбах. Але зрабі мне паслугу, і што-б ні тварылася з астатняй браціяй, абяцаю табе, што ты будзеш у такой-жа бяспецы ў сваёй келлі, як улітка ў сваёй чарапашыне.

— Калі ласка, загадвайце, — сказаў Седрык, прыдушаючы хваляванне.

— Дык ідзі за мною гэтым калідорам, я цябе правяду ў бакавую фортку.

— Фрон дэ-Бёф быстраю хадою пайшоў уперад і па дарозе пачаў навучаць уяўнага манаха, які ішоў за ім следам, як яму трымаць сябе ў ролі пасланца.

— Ці бачыш, сэр манах, гэтае стада саксонскіх свіней, якія адважыліся акружыць мой замак Торкільстон? Нагавары ім, чаго хочаш наконт нямоцнасці гэтай цвярдыні або наогул скажы, што ўздумаецца, толькі-б яны яшчэ суткі прастаялі перад сценамі, не кратаючыся з месца. А ты, між тым, аднясі гэты ліст… Аднак пачакай… скажы, ты умееш чытаць?

— Ні капелькі, — адказаў Седрык, — толькі і ведаю чытаць свой трэбнік, але гэта таму, што я яго ведаю напамяць.

— Ну, тым лепш для маіх мэтаў. І так, аднясі гэты ліст у замак Філіпа дэ-Мальвуазена; скажы, што гэты ліст ад мяне, а пісаў яго храмоўнік Брыян дэ-Буагільбер, і што я прашу яго адаслаць гэты ліст у Іёрк як можна хутчэй. Скажы яму, каб ён аб нас не турбаваўся, што напэўна ён застане нас цэлымі і непашкоджанымі ў сценах нашай крэпасці… Я табе гавару, манах, ухітрыся выдумаць якую-небудзь зачэпку, каб утрымаць на месцы гэту погань, покуль не падаспеюць нашы прыхільнікі з сваімі коп’ямі. Мая помста абудзілася, а гэта такі сокал, які не засне, покуль не наесца здабычы!

— Клянуся маім святым апекуном, — сказаў Седрык з такою энергіяй, якой нельга было чакаць ад такога паслухмянага манаха, якім ён прадстаўляўся, — клянуся і ўсімі астатнімі святымі ўгоднікамі, што жывуць і памерлі ў Англіі, вашы загады будуць выкананы. Ні адзін саксонец не пойдзе з-пад гэтых сцен, калі маё майстэрства і ўплыў будуць мець сілу утрымаць іх на месцы.

— Эге, манах, — сказаў Фрон дэ-Бëф, — ты перамяніў тон і адразу так падбадзёрыўся, як быццам усёю душою жадаеш знішчэння саксонскага стада, а між тым гэтыя-ж свінні табе радня?

Седрык быў не майстар прыкідвацца і ў гэту хвіліну для яго было-б асабліва дарэчы, калі-б апынуўся пад рукою Вамба і навучыў-бы яго, як трэба адказваць на такое пытанне. Але патрэба вывастрае розум, а таму ён прамармытаў штосьці ў такім сэнсе, што калі людзі разбойнічаюць, дык царква адлучае іх, а дзяржава ставіць па-за законам.

— Ты гаворыш зусім праўду, — сказаў Фрон дэ-Бёф. Рыцар вывеў Седрыка праз фортку да рова з вадою, упоперак якога перакінута была ў гэтым месцы адна дошка. Перайшоўшы роў па дошцы, яны апынуліся ў невялікім выступе знадворнай сцяны, якая абаранялася бойніцамі, адкуль быў падземны выхад у чыстае поле.

— Цяпер ідзі хутчэй, — сказаў Фрон дэ-Бёф. — Чакай, вось што, паслухай… ты, здаецца, досыць вясёлы поп, дык прыходзь пасля пабоішча: я цябе пачастую мальвазіяй па горла… Я выстаўлю столькі віна, што хапіла-б напаіць дап’яна ўвесь ваш манастыр.

— Разумеецца, мы яшчэ сустрэнемся, — сказаў Седрык.

— А покуль вось табе, — дадаў нармандзец, сілком сунуўшы ў руку Седрыка залатую манету. — Памятай-жа, калі не выканаеш майго даручэння, я з цябе здзяру і рызу і тваю ўласную шкуру.

— Можаш і тое і другое, — адказаў Седрык, выйшаўшы з падземнага ходу і радасным поступам ідучы па чыстым полі.

Ён павярнуўся ў бок замка, з усёй сілы кіну назад залатую манету і прагаварыў:

— Праваліцца-б табе, фальшывы нармандзец, прападай разам са сваімі грашыма!

Фрон дэ-Бёф не расчуў гэтых слоў дакладна, але бачыў рух, які суправодзіў іх, і ён здаўся яму падазроным.

— Гэй, стралкі, — крыкнуў ён вартавым, што стаялі на варце каля знадворнага басціёна, — пусціце стралу на ўздагон гэтаму манаху!.. Але, не, чакайце, — дадаў ён, бачачы, што яны ўжо нацягнулі лукі, — не трэба страляць… няхай занясе ліст, акрамя яго няма каго паслаць. Я думаю, што ён не адважыцца мне здрадзіць… У горшым выпадку прыдзецца заключыць дагавор з тымі саксонцамі, што сядзяць у мяне на ланцугу. Гэй, Жыль, турэмшчык! Загадай, каб прывялі да мяне Седрыка Ротэрвудскага і таго… другога балвана, яго таварыша… Як-то яго?.. Конінгсбургскага… Атэльстана ці што! Дай мне пляшку віна, прапаласкаць рот пасля гэтых імён, як гаворыць вясёлы прынц Іоан. Падай віно ў збраёўню і скажы туды-ж прывесці палонных.

Загад быў выкананы: увайшоўшы ў вызначаную ім гатычную залу, увешаную мноствам рознай зброі, адбітай у ворагаў часткова ім самім, часткова яго бацькам, ён застаў там абодвух саксонскіх палонных, пад канвоем чатырох яго слуг. Віно ўжо стаяла на масіўным дубовым стале. Фрон дэ-Бёф спачатку выпіў адным духам вялікую шклянку віна, потым звярнуўся да палонных.

Вамба так насунуў сабе шапку на вочы, прытым перамена вопраткі так змяніла агульны характар яго выгляду, што пры цмяным асвятленні праз запыленыя і каляровыя шыбы і пры недастатковым знаёмстве барона з вонкавым выглядам Седрыка (які рэдка выязджаў з межаў свайго маёнтка і не меў прыяцельскіх адносін са сваімі нармандскімі суседзямі), Фрон дэ-Бёф спачатку не заўважыў, што галоўнага з захопленых палонных тут не было.

— Ну, англійскія храбрацы, — сказаў Фрон дэ-Бёф, — як вам падабаецца гасцяваць у Торкільстоне? Ці скемілі вы цяпер, што значыць грэбаваць гасціннасцю прынца? Запамяталі вы, як адплацілі за ласкавы прыём нашаму царуючаму Іоану! Клянуся, калі вы не заплоціце выдатнага выкупу, я павешу вас за ногі на жалезных кратах вось гэтых самых вокан, і будзеце вы там вісець, покуль коршуны і крумкачы не зробяць вас голымі шкілетамі!.. Гаварыце, ці шмат вы дасце за выратаванне свайго жыцця? Спачатку гаварыце вы, Ротэрвудскі.

— Я то ні капейкі не дам, — адказаў Вамба, — а што да павешання за ногі, дык гэта, бадай нядрэнна: у мяне, гавораць, мазгі перавярнуліся ўверх нагамі з той хвіліны, як на мяне надзелі дзіцячы каптур. Дык калі мяне павесіць галавою ўніз, можа мазгі і стануць зноў як належыць.

— Што ён такое плявузгае? — крыкнуў Фрон дэ-Бёф.

Рухам рукі ён збіў шапку Седрыка з галавы яго блазна, расшпіліў яго каўнер і знайшоў на шыі срэбны нашыйнік.

— Жыль! Клімент! — крыкнуў раз’юшаны нармандзец, — каго вы мне прывялі?

— На гэта я, здаецца, магу адказаць, — сказаў дэ-Брасі, толькі што ўвайшоўшы ў залу. — Гэта пацешны дурань з дружыны Седрыка; ён таксама спрачаўся з Ісаакам з Іёрка з-за лепшага месца на галярэі бегавішча.

— Ну, гэта я за іх вырашу, — сказаў Фрон дэ-Бёф, — павешу іх на адной шыбеніцы, і няхай вісяць побач. А то няхай яго гаспадар і гэты кабан з Конінгсбурга выкупваюць іх жыццё дарагою цаною. Але аднымі грашыма яны ад мяне не выкруцяцца: няхай абавяжуцца адвесці за сабою бадзяг, што акружылі замак, падпішуць адмаўленне ад сваіх правоў і вольнасцей і з гэтага часу жывуць у залежнасці ад нас, як законныя нашы васалы. Мы тут усё перавернем па- свойму, і тады яшчэ шчаслівы будуць тыя з іх, каму мы дазволім дыхаць на свеце. Ідзіце, — звярнуўся ён да слуг, — прывядзіце мне сапраўднага Седрыка, і я на гэты раз не буду з вас узысківаць за памылку, тым больш, што сапраўды цяжка адрозніць простага дурня ад саксонскага франкліна.

— Як-жа так, ваша рыцарская вяльможнасць, — сказаў Вамба, — між намі дурняў-то засталося куды больш, чым франклінаў.

— Што за глупства балбоча гэты блазен? — сказаў Фрон дэ-Бёф, гледзячы на слуг, якія пераміналіся з нагі на нагу і здзіўлена выказвалі дапушчэнне, што калі гэта не Седрык, дык яны не ведаюць, куды той дзеўся.

— Напэўна ён уцёк, пераапрануўшыся манахам! — выклікнуў дэ-Брасі.

— Ці чорт! — крыкнуў Фрон дэ-Бёф. — Значыцца ротэрвудскага кабана сам я праводзіў да форткі і сваімі рукамі выпусціў з замка!.. А ты, — звярнуўся ён да Вамбы, — сваім блазенствам перахітрыўшы ідыётаў, яшчэ больш цябе бязмозглых, я табе задам манахаўскі ордэн! Я загадаю, каб табе агалілі чуб па ўсёй форме! Гэй хто там, садраць яму скуру з галавы і шыбануць яе з вышыні вежы за сцяну! Ага! Паглядзім, як ты далей будзеш жарты жартаваць!

— Што-ж, шляхетны рыцар, — вашы ўчынкі лепш вашых слоў, — захныкаў Вамба, па прывычцы прадаўжаючы жартаваць нават адчуваючы блізкасць смерці, — калі вы прыбярэце мяне ў чырвоную шапачку, значыцца з простага манаха я зраблюся кардыналам.

— Небарака, — прагаварыў дэ-Брасі, — ён здаецца, да апошняга ўздыху будзе верны свайму прызначэнню… Фрон дэ-Бёф, не карай яго, лепш падаруй мне, няхай цешыць сваімі прыгаворкамі маю вольную дружыну. Што ты на гэта скажаш, блазен? Згодзен ты сабрацца з духам і адправіцца са мною на вайну?

— Чаму-ж не, толькі трэба ў гаспадара запытаць, таму што, ці бачыш, — сказаў Вамба, паказваючы на свой нашыйнік, — мне нельга знімаць гэтай штукі без яго дазволу.

— Э, нармандская піла ў момант распілуе саксонскі нашыйнік, — сказаў дэ-Брасі.

— Яшчэ-б, ваша светласць, — сказаў Вамба, — ад таго, бадай, і пайшла ў нас пагаворка: „нармандская піла на англійскім дубе, а на англійскай шыі — нармандскае ярмо“.

— І ты добры, дэ-Брасі, — сказаў Фрон дэ-Бёф, — стаіш і цешышся дурнымі байкамі, тады як нам пагражае сур’ёзная бяда! Хіба ты не бачыш, што яны нас перахітрылі, і наша меркаванне аб пасылцы да нашых саюзнікаў не збудзецца, дзякуючы гэтаму самаму стракатаму блазну, з якім ты ўздумаў жартаваць! Таго і глядзі, пачнуць штурмаваць сцены.

— Дык пойдзем да бойніц, — сказаў де-Брасі. — Пакліч храмоўніка, а сам, сваёй велічэзнай асобай лезь на вежу. І я, з свайго боку, пастараюся што-небудзь зрабіць, як умею. А калі лічыш за лепшае ўступіць у перагаворы з бандытам, чаму-б не выкарыстаць пасрэдніцтва гэтага шаноўнага франкліна, які так паглыбіўся ў сузіранне пляшкі з віном?.. Гэй, саксонец, — прадаўжаў ён, звяртаючыся да Атэльстана і падаючы яму келіх з віном, — прамачы сабе глотку гэтым шляхетным напіткам, збярыся з духам і скажы, што ты нам дасі за сваё вызваленне?

— Тое, што я магу заплаціць, — адказаў Атэльстан, — толькі-б гэта-не было супраціўна гонару і мужнасці. Адпусці мяне на волю разам са ўсімі маімі спадарожнікамі, і я дам тысячу марак выкупу.

— І, акрамя таго, адказваеш нам за безадкладнае адступленне бандытаў, якія цэлымі зграямі раяцца вакол замка? — сказаў Фрон дэ-Бёф.

— Наколькі гэта будзе ў маёй уладзе, пастараюся адвесці іх, і не сумняваюся, што Седрык дапаможа мне ў гэтым.

— Значыцца, справа зладжана, — сказаў Фрон дэ-Бёф, — цябе і іх мы адпусцім з мірам і не будзем больш ваяваць, а ты за гэта заплоціш нам тысячу марак. Сума досыць нязначная, і ты павінен быць нам удзячны, саксонец, за тое, што мы згадзіліся прыняць такую дробязь у замен на вашы асобы. Толькі вось што, гэта згода не датычыцца яўрэя Ісаака.

— Ні дачкі Ісаака, — сказаў увайшоўшы ў залу храмоўнік.

— Пытанне аб выкупе не датычыцца таксама і лэдзі Равены, — сказаў дэ-Брасі. — Няхай ні хто не скажа, што я адмовіўся ад такой здабычы, не паспеўшы добра пабіцца з-за яе.

— Наша умова, — умяшаўся Фрон дэ-Бëф, — не датычыць таксама і гэтага праклятага блазна. Я пакіну яго за сабою, і маю намер паказаць на ім прыклад таго, як са мною жарты жартаваць.

— Лэдзі Равена, — сказаў Атэльстан тонам непарушнага супакою, — мая нявеста. Я дам сябе разарваць дзікімі коньмі, перш чым згаджуся расстацца з ёю. А нявольнік Вамба выратаваў сёння Седрыка; таму я хутчэй сам загіну, чым дазволю хоць-бы крыху яго пакрыўдзіць.

У гэты час увайшоўшы слуга далажыў, што каля варот стаіць манах і просіць упусціць яго.

— Хацеў-бы я ведаць, ці сапраўдны гэта манах, ці зноў пераапрануты ашуканец? — сказаў Фрон дэ-Бёф. — Абшукайце яго, нявольнікі, і калі выявіцца, што вы ў другі раз дапусцілі сябе ашукаць, я загадаю вырваць вам вочы і ў раны забіць гарачых вугалляў.

— Няхай я перацярплю ўсе вынікі вашага цяжкага гневу, мілорд, калі гэты манах не сапраўдны, — сказаў Жыль. — Ваш зброяносец, Джослін, спазнаў яго і гатоў ручацца, што гэта не хто іншы, як айцец Амвросій, манах з служыцеляў прыёра Эймера, з абацтва Жарво.

— Упусціць яго! — загадаў Фрон дэ-Бёф. — Напэўна, ён прынёс весткі ад свайго вясёлага гаспадара. Завядзіце назад палонных; а ты, саксонец, добра падумай над тым, што тут чуў.

— Я патрабую, — сказаў Атэльстан, — каб мяне трымалі ў зняволенні з пашанаю і каб клапаціліся як мае быць аб маёй ядзе і начлезе, як належыць абыходзіцца з людзьмі, што падлягаюць выкупу. Акрамя таго, няхай той з вас, хто лічыць сябе вышэй астатніх, возьме на сябе асабістую адказнасць за супроцьзаконнае затрыманне мяне, я пасылаў ужо табе выклік праз твайго дварэцкага, значыцца, ты ўжо ведаеш, чаго я патрабую і абавязан адказаць мне. Вось мая пальчатка.

— Я не адказваю на выклік свайго палоннага, — сказаў Фрон дэ-Бёф, — і ты таксама не павінен адказваць, Морыс дэ-Брасі… Жыль, — прадаўжаў ён, — павесь пальчатку франкліна на адзін з аленявых рогаў там, на сцяне: няхай яна застаецца там да таго часу, пакуль яе гаспадар будзе выпушчаны на волю. А тады, калі ён уздумае патрабаваць яе назад або скажа, што я супроцьзаконна ўзяў яго ў палон, ён будзе мець справу з чалавекам, які ніколі яшчэ не адмаўляўся ісці насустрач ворагу, усёроўна, пешаму або коннаму, адзін на адзін або разам з сваімі васаламі!

Саксонскіх палонных павялі і ў тую-ж хвіліну ўпусцілі манаха Амвросія, які быў вельмі перапалоханы.

— Вось гэта сапраўды, „мір вам“, — сказаў Вамба, мінаючы духоўную асобу, — а то ўсе фальшывыя!

— Маці святая!.. — сказаў манах, аглядаючыся на сабраўшыхся рыцараў, — урэшце-то я ў бяспецы і сярод сапраўдных хрысціян!

— У бяспецы, гэта верна, — сказаў дэ Брасі, — а што датычыць сапраўдных хрысціян, дык вось табе магутны барон Рэджынальд Фрон дэ-Бёф, які адчувае самую глыбокую агіду да язычнікаў. А гэта — рыцар храма Брыян дэ-Буагільбер, бязлітасны знішчальнік сарацінаў… Калі гэта недастатковыя доказы хрысціянства, ужо не ведаю, чаго яшчэ табе трэба!

— Вы сябры і саюзнікі вялебнага айца нашага прыёра Эймера, з абацтва Жарво, — сказаў манах, не заўважаючы іроніі ў адказе дэ-Брасі, — і павінны яго выручыць і па рыцарскаму зароку, і па міласэрнасці.

— Да д’ябла ўсё гэта! — перапыніў яго Фрон дэ-Бёф. — Ты лепш проста скажы, у чым справа, сумленны манах?

— Святая Мар’я! — ускрыкнуў айцец Амвросій. — Як гэтыя міране хутка раздражняюцца! Але хай будзе вам вядома харобрыя рыцары, што нейкія лютыя зладзеі, што запамяталі і страх божы і павагу да царквы, і не збаяліся ўказаў святога папскага прастола…

— Слухай, ойча, — сказаў храмоўнік, — усё гэта мы самі ведаем або наперад адгадваем, а ты скажы проста, што здарылася з тваім гаспадаром? Ці не ў палоне ён і хто яго захапіў?

— Вядома, — адказаў Амвросій, — ён цяпер у руках язычнікаў; яны кішма кішаць у тутэйшых лясах і ведаць зусім не хочуць, што ў пісанні сказана: „не датыкайся да памазанніка майго і прарокам маім не чыні ніякага зла“.

— Вось яшчэ новая работа для нашых мячоў, панове, — сказаў Фрон дэ-Бёф сваім таварышам. — І так, замест таго, каб прыслаць людзей на падмогу, прыёр Эймер ад нас-жа чакае дапамогі. Гэтыя леныя царкоўнікі заўсёды так: у самую спешную і патрэбную хвіліну глядзяць, каб адарваць ад справы ў сваю карысць! Але гавары-ж манах, скажы толкам, чаго чакае ад нас твой гаспадар?

— Бачыце, — сказаў Амвросій, калі нахраплівыя рукі ўчынілі гвалт над нашым вялебным настаяцелем, не гледзячы на вышэйпамянёную забарону, гэтыя вырадкі абрабавалі ўсе яго чамаданы, распатрашылі сумкі, адабралі ад яго дзвесце марак чыстага золата і цяпер патрабуюць яшчэ вялікую суму грошай, а без гэтага не згаджаюцца выпусціць яго з сваіх паганскіх рук. А таму, вялебны наш айцец звяртаецца да вас, як да бліжэйшых сябраў сваіх, з просьбаю выручыць яго, гэта значыць заплаціць за яго патрабуемы выкуп або адбіць яго ў ворага сілаю зброі, як вы палічыце лепшым.

— А каб чорт забраў твайго прыёра! — сказаў Фрон дэ-Бёф. — Напэўна, ён сёння нашча хлебануў цераз край. Дзе-ж гэта чуваць, каб нармандскі барон раскашэльваўся ў карысць якой-небудзь духоўнай асобы; усім вядома, што ў яго грошай у дзесяць разоў больш, чым у нас! І што можам зрабіць мы для выручкі яго сілай зброі, калі нас акружае натоўп ворагаў, які ў дзесяць разоў большы за нас колькасна, і мы з хвіліны на хвіліну самі чакаем іх наступу.

— Я і пра гэтых хацеў далажыць вам, — сказаў манах, — ды вы так спяшаецеся, што не даеце мне дагаварыць… Я ўжо стары, а гэтыя богапраціўныя бойкі зусім збілі з ладу мяне, старога. Аднак шчырая праўда, што яны размяшчаюцца лагерам і пачалі насыпаць вал каля сцен гэтага замка.

— Дык пойдзем на сцены, — закрычаў дэ-Брасі, — паглядзім, што робяць гэтыя нягоднікі!

З гэтымі словамі ён адчыніў кратчастае акно на пляцоўку аднаго з выступаў, агароджаных сценкаю ў выглядзе балкона, і тойчас крыкнуў адтуль тым, хто застаўся ў зале:

— Клянуся, стары манах прынёс нам зусім праўдзівыя весткі! Яны цягнуць мантлеты і павісы[1], а стралкі іх на ўскраі лесу стварылі суцэльны натоўп і цямнеюць, як хмара перад навальніцаю.

Рэджынальд Фрон дэ-Бёф таксама глянуў у поле, схапіў свой рог, моцна і працяжна загучэў і загадаў сваім людзям станавіцца на месцы наверсе сцен.

— Дэ-Брасі, вартуй усходні бок, дзе сцены ніжэй астатніх… Шляхетны Буагільбер, ты даўно спрактыкаваны ў навуцы нападу і абароны, вазьмі на сябе нагляд за заходняй сцяной… Я сам стану каля бойніцы. Але прашу вас, адважныя сябры мае, не абмяжоўвацца абаронаю аднаго толькі пункта: сёння мы павінны пабыць усюды, замяняць сабою многіх і па магчымасці імкнуцца туды, дзе наша прысутнасць можа падбадзёрыць людзей у хвіліны крайняй небяспекі. Нас вельмі мала.

— Шляхетныя рыцары, — выклікнуў айцец Амвросій сярод мітусні і шуму, які ўзняўся ў часе падрыхтоўкі да абароны, — няўжо ніхто з вас не выслухае даручэння вялебнага айца нашага, прыёра Эймера з Жарво? Заклінаю цябе, шляхетны рыцар, сэр Рэджынальд, выслухай мяне!

— Ідзі, мармычы свае закліканні да нябёс, — адказаў распалены нармандзец, — а нам, на зямлі няма калі іх слухаць. Гэй, Ансельм! Загадай, каб гатавалі смалу і алей, каб гатовы былі, калі спатрэбіцца ліць на галовы гэтых дзёрзкіх здраднікаў! Глядзі, каб у самастрэлаў нарыхтавана было пабольш балтоў[2]. Выставіць на вежы мой сцяг… той, стары, на якім бычачая галава!.. Яны хутка спазнаюць, з кім сёння будуць мець справу.

— Адважны пан, — прыставаў да яго айцец Амвросій, які імкнуўся ўсё-такі звярнуць на сябе ўвагу гаспадара, — я даў зарок паслухмянства, павінен-жа я выказаць волю майго настаяцеля… Дазволь далажыць табе…

— Убярыце гэтага балтуна! — крыкнуў Фрон дэ-Бёф. — Запрыце яго ў капліцы, няхай перабірае свой ружанец, покуль не скончыцца пабоішча… Вось здзівяцца нашы каменныя святыя, калі пачуюць малітвы ды акафісты; такога гонару ім не аказвалі, бадай, з таго часу, як выразбявалі іх. А добра-б прыцягнуць іх да бойніц ды скінуць на галовы абложнікаў. Там ёсць адзін святы Хрыстафор, такі моцны ды цяжкі, што адзін можа прыдушыць цэлы атрад.

Тымчасам храмоўнік наглядаў за рухам ворага куды больш уважліва, чым грубы Фрон дэ-Бёф ці яго лёгкадумны бяседнік.

— Клянуся гонарам майго ордэна, — сказаў ён, — гэтыя людзі набліжаюцца ў такім узорным парадку, якога цяжка было чакаць ад іх, хто-б яны ні былі. Паглядзіце, як майстэрскі яны карыстаюцца кожным дрэвам або кустам і з якім поспехам хаваюцца ад нашых самастрэлаў! Я не бачу між імі ні сцягаў, ні значкоў, але гатоў закласці свой залаты ланцуг, што імі кіруе які-небудзь рыцар або шляхетны дваранін, спрактыкаваны ў ваеннай справе.

— А я бачу яго, — сказаў дэ-Брасі, — вунь мільгаюць пёры рыцарскага шлема і блішчыць панцыр… Ці бачыце вы высокага чалавека ў чорнай кальчузе?.. Ён накіроўвае той далёкі атрад гэтых ашуканцаў іëменаў… Клянуся святым Дзенісам, гэта, напэўна, той самы рыцар, якога мы празвалі Чорным Гультаём… Памятаеш, Фрон дэ-Бёф, яшчэ ён выбіў цябе з сядла на турніры ў Ашбі?

— Тым лепш, — сказаў Фрон дэ-Бёф, — значыцца, ён сам з’явіўся даставіць мне выпадак адпомсціць яму.

Гэтыя меркаванні былі перапынены яўнымі адзнакамі намеру ворага рушыць на прыступ. Кожны з рыцараў накіраваўся на свой пост і, разам з тымі нямногімі людзьмі, якіх удалося набраць і колькасць іх была далёка недастатковая для абароны сцен ва ўсю іх даўжыню, спакойна і цвёрда сталі чакаць пагражаўшага ім нападу.


  1. Мантлеты і павісы — прылады (шчыты), за якімі хаваліся абложнікі, ідучы на прыступ.
  2. Балты — тое, чым стралялі з самастрэлаў, у адрозненне ад стрэл, якімі стралялі з лукаў.