Перайсці да зместу

Айвенго (1934)/XXIV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XXIII Айвенго. Раздзел XXIV
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XXV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XXIV

РЭВЕКА чакала вырашэння свайго лёсу, замкнутая ў далёкай адасобненай вежы. Сюды прывялі яе двое замаскаваных зладзеяў, і калі яны ўштырхнулі яе ў невялікі пакой, яна апынулася твар у твар са старою жанчынай, якая, седзячы за пражаю, мармытала сабе пад нос саксонскую песню, у такт верацяну, якое гудзела па падлозе. Пры ўваходзе Рэвекі старая ўзняла галаву і ўставілася на дзяўчыну з такой злоснай зайздрасцю, з якой старасць і брыдота глядзяць на юнацтва і хараство.

— Вымятайся прэч адсюль, стары цвыркун! — сказаў адзін з праваднікоў Рэвекі, — так загадаў нам шляхетны гаспадар. Ачысць гэты пакой, ён спатрэбіўся для госці чысцей за цябе.

— Так, — прабурчэла старая, — вось як цяпер узнагароджваюць за службу. Быў час, калі аднаго майго слова было досыць, каб лепшага воіна з вашага брата ссадзіць з месца і прагнаць з двара; а цяпер мне прыходзіцца выбірацца па загаду першага прайдзісвета-конюха.

— Тут разважаць няма чаго, панна Урфрыда, — сказаў другі, — выходзь і ўсё тут. Барскія загады трэба выконваць хутчэй. Быў твой час, ды мінуў. Ты цяпер усёроўна, што стары баявы конь, пушчаны пасвіцца на голы верасок: у былыя гады ўсякія курбеты вырабляла, а цяпер хоць трушком хадзі і то добра. Ну ну, пашавельвайся!

— Абодва вы паганыя сабакі, — сказала старая, — і пахаваюць вас у сабакарні! Забі мяне гром, калі я пайду з свайго ўласнага пакоя раней, чым скончу сваю пражу.

— Наконт гэтага можаш сама гаварыць з гаспадаром, — сказаў конюх і пайшоў разам са сваім таварышом, пакінуўшы Рэвеку адну з старою, якой мімаволі навязалі яе кампанію.

— Што за д’яблавы справы яны яшчэ задумалі? — гаварыла старая, бубнячы сабе пад нос і скоса паглядаючы на Рэвеку злоснымі вачыма. — Аднак, здагадацца няцяжка: прыгожыя вочы, чорныя кучары, скура, як белая папера. Чужаземка, здаецца, — гаварыла яна далей, аглядваючы гарнітур і галаўны ўбор Рэвекі. — З якой краіны? Сарацінка будзеш ці егіпцянка? Што-ж ты не адказваеш? Калі ўмееш плакаць, нябось, умееш і гаварыць?

— Зрабі вялікую ласку, — сказала Рэвека, — скажы мне, чаго мне яшчэ чакаць; мяне прыцяглі сюды сілком, але я не ведаю, ці не забіць яны мяне хочуць.

— Узяць тваё жыццё, мілая? — адказала старая. — Што-ж ім за радасць пазбаўляць цябе жыцця? Не, павер майму слову, для твайго жыцця ніякай небяспекі не будзе. А зробяць з табою тое, што зрабілі з радавітымі саксонскімі дзяўчатамі.

— Ці нельга як-небудзь выратавацца? Хіба няма спосабаў уцячы адсюль? — сказала Равека.

— І не думай, — сказала старая, — адсюль толькі і ёсць адзін спосаб пайсці — памерці. Бывай. Маё прадзіва скончылася, а тваё толькі пачынаецца.

— Пастой, пачакай, — узмалілася Рэвека, — застанься тут, сварыся на мяне, лайся, толькі не ідзі…

— Прысутнасць самой маткі боскай не была мне абаронай, — адказала старая, паказваючы на стаяўшы ў куце вобраз. — Вось яна стаіць… паглядзім, ці выратуе яна цябе ад лёсу, які цябе чакае!

Старая пайшла. Выходзячы, яна замкнула за сабою дзверы, і Рэвека чула, як яна павольна спускаючыся са сходаў, бурчэла і праклінала круцізну кожнай ступенькі.

Рэвецы ўяўляўся лёс, яшчэ больш жахлівы, чым Равене, таму што не было чаго чакаць, каб з ёю асабліва цэрамоніліся. Затое на баку яўрэйкі была тая перавага, што прывычка разважаць і прыроджаная характару лепш падрыхтавалі яе да барацьбы з небяспекамі.

Перш на перш яна ўважліва агледзела пакой; але пераканалася, што тут няма адкуль чакаць ратунку: ні патаемных дзвярэй, ні патаемнага ходу ў падлозе не аказалася, і пакой, відаць, не меў сувязі з астатнімі пабудовамі, а быў акружаны круглымі сценамі адзінокай вежы. З сярэдзіны дзверы не запіраліся ні на ключ, ні на зашчапку. Адзінае акно адчынялася на агароджаную пляцоўку наверсе вежы, і ў першую хвіліну гэта было Рэвецы надзеяю на магчымасць уцячы адсюль. Але яна той-жа час пераканалася, што адтуль не было ходу ні ў якія іншыя будынкі, а было гэта нешта ў выглядзе балкона ці адзінокай тэрасы, агароджанай балясамі з дзіркамі або бойніцамі, дзе можна было паставіць некалькі стралкоў і з іх дапамогаю абараняць сцяну замка з гэтага боку.

Дзверы ціха адчыніліся, і ў пакой павольна ўвайшоў мужчына высокага росту, апрануты таксама, як бандыты, што захапілі яе ў палон. Увайшоўшы, ён зачыніў за сабою дзверы. Яго капялюш, насунуты на лоб, скрываў верхнюю частку яго твара, а астатнюю ён закрываў крысою свайго плашча. У такім выглядзе стаяў ён перад перапалоханай Рэвекай, і, здавалася, сам не мог растлумачыць прычыну свайго з’яўлення, так што Рэвека прымусіла сябе адважыцца пачаць гутарку. Спешна зняўшы з сябе два дарагія бранзалеты і маністы, яна працягнула іх разбойніку, натуральна мяркуючы, што задаволіўшы яго хцівасць, яна можа задобрыць яго.

— Вось вазьмі, мой сябра, — сказала яна, — і злітуйся над мною і маім старым бацькам! Гэтыя рэчы каштоўныя, але яны нішто ў параўнанні з тым, што ён дасць табе, калі ты адпусціш нас з гэтага замка чэсна і бяскрыўдна.

— Прыгожая кветка Палестыны, — адказаў разбойнік, — гэтыя ўсходнія перлы уступаюць белаце тваіх зубоў; гэтыя маністы блішчаць, але ім не зраўняцца з тваімі вачамі, а я з таго часу, як узяўся за гэтае вольнае рамяство, даў за рок заўсёды цаніць хараство вышэй багацтва.

— Вазьмі выкуп і адпусці нас! — сказала Рэвека. — Наша золата купіць табе ўсякія радасці, а калі ты нас пакрыўдзіш, ты сам будзеш каяцца. Мой бацька з ахвотаю дасць табе ўсё, што ні папросіш, і калі ты зможаш добра распарадзіцца нашым багаццем, з дапамогаю яго можаш дабіцца даравання ўсіх мінулых правінасцей і паставіць сябе ў такое палажэнне, каб больш не спатрэбілася здабываць сродкі для жыцця незаконным шляхам.

— Добра сказана, — прагаварыў разбойнік пафранцузску, не умеючы, відаць, добра падтрымліваць гутарку, пачатую Рэвекай пасаксонску, — але ведай, светлая лілея з даліны Бака, што твой бацька знаходзіцца ў руках спрактыкаванага алхіміка, які зможа ператварыць у срэбра і золата нават іржавыя краты турэмнай печы. Шаноўнаму Ісааку робяць цяпер такую аперацыю, якая выцісне з яго ўсё, што ёсць у яго каштоўнага, і для гэтага не трэба ні мае просьбы, ні твайго малення. Твой-жа выкуп павінен быць выплачаны хараством і каханнем, і я іншай манеты не прызнаю.

— Ты не разбойнік, — сказала Рэвека таксама пафранцузску. — Ні адзін разбойнік у гэтым краі не ўмее гаварыць на тваёй мове. Ты не разбойнік, а проста нармандзец, можа нават, шляхетнага паходжання… Будзь-жа сапраўды шляхетным на справе, і скінь гэту маску крыўды і гвалту!

— Ты добра ўмееш адгадваць, — сказаў Брыян дэ-Буагільбер, аднімаючы плашч ад твара. — Так, я не разбойнік. Я такі чалавек, які хутчэй здольны ўвешаць твае рукі і шыю перламі і брыльянтамі, чым пазбавіць цябе гэтых упрыгожанняў.

— Дык чаго-ж табе трэба ад мяне? — сказала Рэвека.

Вочы храмоўніка бліснулі.

— Слухай, — сказаў ён, — я цябе заваяваў уласнай зброяй, і ты абавязана мне павінавацца, па законах усіх краін і народаў.

— Адыдзі, — сказала Рэвека, — адыдзі і выслухай мяне. Ты можаш перамагчы мяне гвалтам, але я праслаўлю тваю подласць, храмоўнік, з аднаго канца Еўропы да другога! Забабоны тваіх сабратаў зробяць для мяне тое, чаго я не дамаглася-б ад іх літасці. У кожнай прэсепторыі, кожнаму капітулу твайго ордэна будзе вядома, што ты, як ерэтык, саграшыў з яўрэйкаю.

— Вось дасціпная яўрэйка! — ускрыкнуў храмоўнік, добра разумеючы, што яна гаворыць праўду; у статуце яго ордэна сапраўды былі такія артыкулы, якія самым дакладным чынам асуджалі і строга каралі за інтрыгі, падобныя той, якую ён пачаў цяпер, і былі нават выпадкі, калі за гэта выганялі рыцараў з ордэна, пакрываючы іх ганьбаю.

— Ты вельмі разумная, — сказаў ён, — але моцна-ж прыдзецца табе крычаць, калі хочаш, каб твой голас быў чутны за жалезнымі сценамі гэтага замка. А ў сярэдзіне гэтых сцен усёроўна — плач, заклікай да правасуддзя, кліч на дапамогу, твой лямант замрэ і нікому не будзе чуваць. Толькі адно можа выратаваць цябе, Рэвека: падначалься свайму лёсу.

— Падначаліцца майму лёсу! — сказала Рэвека. — Ты — подлы чалавек, вералом і трус! Пагарджаю табою, брыджуся цябе!.. Вось мой сродак выратавання… нават адсюль!

З гэтымі словамі яна адчыніла акно, ускочыла на балясы і спынілася на самым краі над бяздоннем. Буагільбер не чакаў ад яе такога адважнага ўчынку.

Ён рвануўся ўперад, але яна ўскрыкнула:

— Заставайся на месцы, горды рыцар, або падыдзі, калі хочаш… але ведай, што калі ты падступіш яшчэ на адзін крок, я кінуся адсюль уніз.

Храмоўнік здрыгануўся: яго рашучасць, якая ніколі не адступала ні перад чыімі пакутамі, змянілася здзіўленнем перад мужнасцю дзяўчыны.

— Сыдзі, — сказаў ён, — сыдзі назад. Клянуся, я не зраблю табе ніякай крыўды!

— Я табе не веру, храмоўнік, — сказала Рэвека, — ты навучыў мяне шанаваць па заслузе дабрачыннасць твайго ордэна.

— Ты несправядліва да мяне! — ускрыкнуў храмоўнік з шчырым запалам. — Клянуся, што ты не будзеш мною пакрыўджана!.. Калі не для сябе, хоць дзеля бацькі твайго перастань… Я буду яму сябром… а тут, у гэтым замку, яму патрэбен будзе магутны абаронца.

— Гора маё, — сказала Рэвека, — гэта я ведаю… але ці можна табе паверыць?



— Няхай мой герб перавернуць навыварат і зганьбяць маё імя, — сказаў Брыян дэ-Буагільбер, — калі дам табе повад на мяне скардзіцца. Я свайму слову не здраджваў ніколі.

— Ну, добра, я табе паверу… да некаторай ступені, — сказала Рэвека, саскочыўшы з краю балясаў і спыніўшыся каля аднае з бойніц. — Тут я і буду стаяць, — прадаўжала яна, — а ты заставайся там, дзе стаіш, і калі ты хоць на адзін крок скароціш адлегласць між намі, то ўбачыш, што я хутчэй памру, чым паверу сумленню храмоўніка!

Голас яе не здрыгануўся і шчокі не пабялелі ад жаху перад блізкасцю смерці; наадварот, упэўненасць, што яе лёс цяпер у яе ўласных руках і што яна зможа знайсці ў смерці ратунак ад здзекаў, надала яшчэ больш жывы румянец яе смугламу твару і яшчэ большы бляск яе бліскучым вачам. Буагільбер падумаў, што ніколі яшчэ не бачыў такога адухоўленага хараства.

— Памірымся, Рэвека, — сказаў ён.

— Памірымся, калі хочаш, — адказала яна, але толькі на такой адлегласці.

— Табе больш няма чаго баяцца мяне, — сказаў Буагільбер.

— Я і не баюся цябе, — сказала яна, — з літасці таго, хто пабудаваў гэту вежу так высока, я цябе не баюся.

— Ты несправядліва да мяне, — сказаў храмоўнік. — Я ад прыроды зусім не такі, якім ты мяне бачыла. Жанчына навучыла мяне жорсткасці, і я помсціў заўсёды жанчынам… але не такім як ты. Выслухай мяне, Рэвека. Ні адзін рыцар не браўся за баявое кап’ë з сэрцам больш адданым сваёй даме, чым я быў адданы той, якую любіў. Яна была дачка дробна-маянтковага барона, і ўсё іх багацце заключалася ў поўразбуранай вежы, у бясплодным вінаградніку, ды ў некалькіх дзесяцінах неўрадлівых пясчаных раўнін у ваколіцах Бардо; але імя яе стала вядома ўсюды, дзе адбываліся баявыя геройствы і прагучала мацней, чым імёны многіх дзяўчат, за якімі абяцалі ў пасаг цэлыя графствы… Так, — гаварыў ён далей усхвалявана, ходзячы ўзад і ўперад па вузкай пляцоўцы і як-бы забыўшыся аб прысутнасці Рэвекі, — так, мае геройскія ўчынкі, небяспека, пралітая кроў мая праславіла імя Адэлаіды дэ-Монтэмар ад Кастыліі аж да Візантыйскага двара! І як-жа яна мне адплаціла за гэта? Калі я вярнуўся да яе з трафеямі, купленымі цаною ўласнае крыві і цяжкае працы, я застаў яе замужам за гасконскім дваранінам, імя якога было нават невядома за межамі яго ўбогага маёнтка. А я шчыра кахаў яе і горка адплаціў за сваю зганьбаваную вернасць! Але мая помста адбілася ўсё-ж цяжэй на мне самім. З таго дня я адмовіўся ад жыцця і ўсіх вязей, якія прывязвалі да яе чалавека… Я не буду мець свайго прытулку… я пазбаўлены ўцехі мець каханую жонку… На старасць у мяне не будзе свайго цёплага кута. Пахаваюць мяне самотна… Я памру без патомства, і не будзе каму прадаўжаць старадаўні род Буагільбераў. Каля ног майго апекуна я склаў усе правы на самастойнае жыццё… адмовіўся ад свае незалежнасці. Храмоўнік толькі па імені не раб — ён жыве, дзейнічае і дыхае па волі і загадах другой асобы.

— Якую карысць вам дае такое поўнае адмаўленне, — сказала Рэвека.

— Магчымасць помсты, — ускрыкнуў храмоўнік, — і яшчэ шырокія гарызонты шукання сабе пашаны!

— Дрэнная ўзнагарода.

— Не гавары гэтага! — сказаў храмоўнік. — Не, помста ёсць радасць багоў! І калі праўда, як упэўніваюць папы, што багі захоўваюць гэта права для сябе саміх, то гэта таму, што яны яго лічаць вельмі каштоўнай перавагай, каб аддаваць яго простым смяротным…

— А пашана да сябе! Гэта такая спакуса, якая здольна трывожыць чалавечую душу нават сярод шчасця…

Памаўчаўшы з хвіліну, ён пачаў гаварыць далей:

— Рэвека, тая, што аддала перавагу смерці перад ганьбою, павінна мець душу гордую і сільную. Ты павінна стаць маёю… Не, не палохайся, — дадаў ён, — я разумею не інакш, як з тваёй згоды і па тваёй добрай волі. Ты павінна згадзіцца падзяліць са мною надзеі больш шырокія чым тыя, што прадстаўляюцца з вышыні трона. Выслухай мяне, перш, чым адкажаш і абмяркуй перш, чым адмаўляцца… Рыцар храма траціць, як ты праўдзіва сказала, усе грамадскія правы і ўсякую магчымасць самастойнай дзейнасці; але за тое ён становіцца дзейным членам такой магутнай карпарацыі, што перад ёю пачынаюць дрыжэць самыя троны… Я далёка не з апошніх членаў магутнага ордэна, але з’яўляюся ў ім адным з галоўных камандораў і маю права прэтэндаваць з часам на посах гросмайстра. Рыцары храма не здавальняюцца тым, што могуць стаць пятою на шыю распластанага манарха; гэта можа і ўсякі манах, які носіць вераўчаныя пантоплі. Не, нашы браняносныя стопы паднімуцца па ступенях трона, і нашы жалезныя пальчаткі будуць вырываць скіпетры з рук каралёў. Я шукаў толькі роднай мне душы, з кім-бы падзяліць свае мары, і ў табе я знайшоў такую душу.

— І гэта гаворыш ты жанчыне майго племені! — усклікнула Рэвека. — Адумайся!

— Не гавары мне, — перапыніў яе храмоўнік, — аб розніцы нашых веравызнанняў; на патайных нарадах нашага ордэна мы смяемся над такімі паняццямі і лічым іх дзіцячымі казкамі. Не думай, каб мы доўга заставаліся сляпыя ад бяссэнснага глупства нашых заснавальнікаў, якія прадпісалі нам адмовіцца ад усіх радасцей жыцця і са здавальненнем прымаць пакутніцкі вянок, паміраючы ад голаду, ад смагі, ад чумы, або ад рукі дзікуноў, дарэмна абараняючы сваімі целамі голую пустыню, якая мае каштоўнасць толькі ў вачах забабонных людзей. Наш ордэн досыць хутка прысвоіў сабе больш смелыя і шырокія погляды і знайшоў іншую ўзнагароду за ўсе нашы афяры. Нашы велізарныя маёнткі ва ўсіх каралеўствах Еўропы, наша ваенная слава, якая грыміць ва ўсіх краінах і прыцягвае ў наша асяроддзе кветкі рыцарства з усяго хрысціянскага свету — усё гэта служыць такім мэтам, пра якія і не снілася нашым пабожным заснавальнікам. Але мы захоўваем гэта ў тайне ад слабых галоў, якія ўступаюць у наш ордэн на аснове старадаўняга статута; яны застаюцца з старымі забабонамі, а мы імі карыстаемся як пасіўнай зброяй нашай волі… Але я не буду больш выкрываць перад табою нашы тайны. Я чую гукі трубы… можа мая прысутнасць там патрэбна… Падумай пра тое, што я табе сказаў. Бывай!.. Не прашу выбачэння за тое, што пагражаў табе гвалтам, таму што гэта было патрэбна для высвятлення твайго характару. Толькі на пробным камені пазнаецца чыстае золата. Я вярнуся і мы яшчэ пагутарым.

Ён прайшоў праз пакой і накіраваўся ўніз па сходах, пакінуўшы Рэвеку адну. Нават блізкасць смерці не прыводзіла Рэвеку ў такі жах, які адчула яна пры мыслі аб бязмежнай жорсткасці і ненасытнай ганарлівасці гэтага чалавека.