Перайсці да зместу

Айвенго (1934)/XXII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XXI Айвенго. Раздзел XXII
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XXIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХXII

ІСААКА з Іёрка кінулі ў падземную цямніцу, падлога якой прыходзілася значна ніжэй паверхні глебы і нават глыбей, чым дно акружаючага рова, так што там было вельмі вільготна. Святло праходзіла толькі праз адну або дзве невялікія шчыліны, да якіх палонны не мог дастаць рукою. Гэтыя шчыліны прапускалі вельмі мала святла нават у яркі поўдзень. Іржавыя ланцугі і кайданы, якія засталіся ад папярэдніх вязняў, віселі на сценах цямніцы, а ў кольцах аднаго такога кайдана тырчэлі дзве поўразбураныя косці.

У адным канцы гэтага злавеснага падзямелля зроблены быў шырокі камінак, на якім былі прымацаваны жалезныя краты, напалову з’едзеныя іржою.

Агульны выгляд цямніцы мог-бы ўстрашыць і больш мужнага чалавека, чым Ісаак, але ён быў значна спакайней цяпер, бачачы сапраўдную небяспеку, чым быў у той час, калі знаходзіўся пад уплывам няпэўных страхаў і выабражаемых жахаў.



Падабраўшы пад сябе сваю вопратку, каб не так было вільготна, стары ўсеўся ў адным з кутоў падзямелля. У такім палажэнні яўрэй прасядзеў гадзіны тры, калі ўрэшце на сходах, якія вядуць у падзямелле, пачуліся крокі. Зарыпелі завалы, завішчэлі іржавыя завесы, нізкія дзверы адчыніліся, і ў цямніцу ўвайшоў Рэджынальд Фрон дэ-Бёф разам з двума сарацінскімі нявольнікамі храмоўніка.

Фрон дэ-Бёф, чалавек высокага росту і моцнага целаскладу, усё жыццё праводзіў на вайне або ў прыватных спрэчках і пабоішчах, і ніколі не спыняўся ні перад якімі сродкамі ў пашырэнні свае феадальнае магутнасці. Грозны барон быў апрануты ў скураную куртку, якая шчыльна аблягала яго цела, усю скрэсленую пісугамі і іржавымі плямамі ад яго панцыра. З левага боку за поясам у яго быў кінжал, а з правага вісела цяжкая вязка іржавых ключоў.

Чорнаскурыя нявольнікі, якія прыйшлі разам з баронам, былі не ў звычайнай сваёй раскошнай вопратцы, а ў адных вузкіх сарочках і штанах з грубага палатна, і рукавы іх былі закасаны вышэй локцяў, як у мяснікоў, калі яны бяруцца за работу на бойні. У абодвух былі ў руках кошыкі. Увайшоўшы ў цямніцу, яны сталі паабапал дзвярэй, якія Фрон дэ-Бёф уласнаручна замкнуў, двойчы павярнуўшы ключ. Зрабіўшы такую перасцярогу, ён павольна пайшоў праз усё сутарэнне да Ісаака, пільна гледзячы на яго і гэтым поглядам як бы жадаючы адабраць у яго апошнія пробліскі волі.

Ён спыніўся на тры крокі ад старога і рухам рукі паклікаў аднаго з нявольнікаў. Чорнаскуры прыслужнік падышоў, выняў з свайго кошыка вялікую вагу і некалькі гір, палажыў усё гэта каля ног рыцара Фрон дэ-Бёф і зноў пачціва адышоў да дзвярэй, дзе яго таварыш стаяў усё гэтак-жа нерухома.

— Бачыш ты гэтую вагу? — сказаў барон няшчаснаму палоннаму. Стары слабым голасам адказаў станоўча.

— На гэтай самай вазе, — сказаў бязлітасны барон, — адважыш ты мне тысячу фунтаў срэбра па дакладнаму падліку і вазе, якія азначаны каралеўскай рахунковай палатай у Лондане.

— Праайцец Аўраам! — ускрыкнуў Ісаак, — нечуваная справа вызначыць такую суму. Нават і ў песнях менестрэляў не чуваць аб тысячы фунтах срэбра!.. Ды ў цэлым горадзе Іёрку, абшукай хоць увесь мой дом і дамы ўсіх маіх супляменнікаў, не знойдзецца і дзесятай долі той сумы срэбра, якую ты з мяне патрабуеш!

— Я чалавек разумны, — адказаў Фрон дэ-Бёф, — і калі ў вас нехапае срэбра, буду задаволены і золатам. Лічачы па адной мерцы золатам за кожныя шэсць фунтаў срэбра, можаш выкупіць сваю шкуру ад такой кары, якая табе яшчэ і не снілася.

— Злітуйся нада мною, шляхетны рыцар! — ускрыкнуў Ісаак. — Я стары і бедны і бездапаможны. Што табе за карысць спраўляць урачыстасць нада мною?.. Не вялікая заслуга раздушыць чарвяка!

— Што ты стары, гэта верна, — сказаў рыцар, — што ты слабы, гэта таксама праўда, але што ты багаты, гэта ўсім вядома.

— Клянуся вам, шляхетны рыцар… — ускрыкнуў стары.

— Не кляніся, — перапыніў яго нармандзец. — Гэта падзямелле не месца для жартаў. Тут былі вязні ў дзесяць разоў больш важныя і каштоўныя за цябе і паміралі тут, і ніхто аб гэтым не даведаўся ніколі! Але для цябе прыгатавана смерць павольная і цяжкая, у параўнанні з якой яны паміралі лёгка.

Ён зноў рухам рукі паклікаў нявольнікаў і сказаў ім штосьці ўпоўголаса. Сараціны вылажылі з сваіх кошыкаў некаторую колькасць каменнага вугалю, раздувальныя мяхі і бутлю з алеем. Покуль адзін з іх крэсівам высякаў агонь, другі разлажыў вуголле на прасторным камінку, і да таго часу раздуваў мяхамі, пакуль вуголле не разгарэлася дачырвана.

— Бачыш ты, Ісаак, — сказаў Фрон дэ-Бёф, — гэтыя жалезныя краты над распаленым вуголлем? Цябе паложаць на гэты цёплы ложак, распрануўшы нагала, як быццам ты сабраўся легчы на мяккую пярыну. Адзін з гэтых нявольнікаў будзе падтрымліваць агонь пад табою, а другі стане паліваць цябе алеем, каб не вельмі падгарэлі твае члены. Выбірай, што лепш: лажыцца на гарачы ложак, ці заплаціць мне тысячу фунтаў срэбра. Клянуся галавою майго бацькі, іншага выбару табе не будзе.

— Немагчыма! — ускрыкнуў Ісаак. — Не можа быць, каб такім быў сапраўдны ваш намер!

Нявольнікі, павінуючыся знаку, зноў падышлі да Ісаака, паднялі гаротніка з долу і, трымаючы яго пад рукі, глядзелі на гаспадара, чакаючы далейшых распараджэнняў. Перапужаны стары з жахам пераводзіў вочы з твара барона на твары прыслужнікаў, у надзеі ў кім-небудзь заўважыць хоць іскру жалю, але Фрон дэ-Бёф глядзеў на яго з халоднай і панурай усмешкай. Зірнуўшы на разложаны агонь, над якім збіраліся распяць яго, і пераканаўшыся, што яго кат неўмалімы, Ісаак страціў усю рашучасць.

— Я заплачу тысячу фунтаў срэбра, — прагаварыў ён упалым голасам і, крыху памаўчаўшы, дадаў: — заплачу, зразумела з дапамогаю маіх сабратоў, таму што мне прыдзецца, як жабраку, прасіць міласцыню каля дзвярэй нашай сінагогі, каб сабраць такую нечуваную суму… Калі і куды трэба яе ўнясці?

— Сюды, — адказаў Фрон дэ-Бëф, — вось тут ты яе і ўнясеш… прытым я буду прымаць яе на вагу, разумееш? Вагою і падлікам вось на гэтай самай падлозе… Можа ты думаеш, што я з табою расстануся раней, чым атрымаю выкуп?

— А што будзе мне зарукай у тым, што я атрымаю волю, калі выкуп будзе заплочаны? — запытаў стары.

— Досыць з цябе і чэснага слова нармандскага двараніна, — адказаў Фрон дэ-Бёф.

У яўрэя вырваўся глыбокі стогн.

— Разам з маёй воляй, — сказаў ён, — дай ужо мне і волю тых, якія былі маімі спадарожнікамі.

— Калі ты маеш на ўвазе тых саксонскіх балванаў, дык ведай, за іх будуць патрабаваць іншага выкупу, чым за цябе, — сказаў Фрон дэ-Бёф. — Ведай сваю справу, а ў чужыя справы не мяшайся.

— Значыцца, — сказаў Ісаак, — ты адпускаеш на волю толькі мяне ды майго параненага сябра?

— Няўжо, — усклікнуў Фрон дэ-Бёф, — я павінен два разы паўтараць табе, каб ты ведаў сваю справу, а ў чужыя не мяшаўся? Табе застаецца толькі выплаціць выкуп, ды хутчэй.

— Няхай дачка мая Рэвека паедзе ў Іёрк, — прагаварыў Ісаак, — вядома з пропускам ад вашага імя, шляхетны рыцар, і так хутка, як толькі можна коннаму чалавеку вярнуцца адтуль назад, увесь скарб будзе дастаўлены сюды, вы можаце яго зважыць і змераць вось тут, на падлозе.

— Твая дачка!.. — сказаў Фрон дэ-Бёф, як быццам з здзіўленнем. — Дальбог, Ісаак, шкада, што я гэтага не ведаў. Я думаў, што гэта чорнабровая дзяўчына чужая табе, і прыставіў яе служанкаю да сэра Брыяна де Буагільбера…

Стогн, які вырваўся з грудзей Ісаака, адгукнуўся ва ўсіх кутах скляпення і так здзівіў абодвух сарацінаў, што яны міжволі выпусцілі з рук гаротнага яўрэя. Ён выкарыстаў гэты момант, каб упасці і абняць калені Рэджынальда Фрон дэ-Бёф.

— Сэр рыцар, — ускрыкнуў ён, — бяры ўсё, што патрабаваў; бяры ў дзесяць разоў больш… разбурай мяне, давядзі да жабрацтва… не! Забі мяне сваім кінжалам, сасмаж на гэтым агні… толькі пашкадуй маю дачку, адпусці яе з чэсцю, без крыўды!.. Заклінаю цябе той жанчынаю, якая цябе нарадзіла. Яна жывы партрэт мае памёршае Рахілі, апошні заклад яе кахання, які мне застаўся… а іх было ў мяне шасцёра… Не пазбауляй адзінокага ўдаўца яго адзінае уцехі…

— Я не магу змяніць таго, што здарылася, або павінна здарыцца. Я ўжо даў слова свайму таварышу па зброі, а слова свайго я не змяню. Да таго ж чаму ты думаеш, што з дзяўчынай здарыцца няшчасце, калі яна застанецца Буагільберу?

— Немінуча здарыцца! — ускрыкнуў Ісаак, ламаючы сабе рукі. — Чаго-ж іншага чакаць ад храмоўніка, як не жорсткасці!

— Сабака! — закрычаў Фрон-дэ Бёф, бліснуўшы вачыма, — не смей блюзніць супроць ордэна рыцараў сіёнскага храма.

— Разбойнік, нягоднік! — закрычаў стары, забываючы на сваю поўную бездапаможнасць і не маючы сілы стрымаць свайго палкага парывання, — нічога табе не дам! Ні аднаго срэбнага пені не ўбачыш ад мяне, покуль не вернеш мне дачку!

— Ці маеш ты розум? — сурова адказаў нармандзец.

— Мне ўсёроўна! Рабі са мною, што хочаш. Мая дачка мне ў тысячу разоў даражэй майго беднага цела, якое ты пагражаеш разарваць. Не бачыць табе майго срэбра!.. Толькі расплаўленым ім заліў-бы я тваю хцівую глотку… Ні аднае срэбнае манеты табе не дам! Бяры маё жыццё, калі хочаш, а потым расказвай, як яўрэй, не гледзячы ні на якія катаванні, пляваў у твой твар.

— А вось паглядзім, — сказаў Фрон дэ-Бёф. — Ты ў мяне паспрабуеш і агня і вострай сталі!.. Распранайце яго, нявольнікі, і разапніце ланцугамі паверх кратаў!

Не гледзячы на слабое супраціўленне старога, сараціны сарвалі з яго верхнюю вопратку і толькі што збіраліся распрануць нагала, як пачуліся гукі трубы, двойчы паўтораныя, і такія галосныя, што пранікнулі нават у глыбіню падзямелля. У тую-ж хвіліну пачуліся галасы, якія клікалі сэра Рэджынальда Фрон дэ-Бёф. Люты барон даў знак нявольнікам зноў адзець яўрэя і разам з прыслужнікамі выйшаў з цямніцы.