Перайсці да зместу

Айвенго (1934)/XLIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XLII Айвенго. Раздзел XLIII
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Заўвагі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XLIII

КАЛІ агульнае здзіўленне некалькі ўляглося, Уільфрэд Айвенго запытаў у гросмайстра, як вярхоўнага суддзі паядынку, ці так мужна і правільна выканаў ён свой абавязак, як патрабавалася статутам спаборніцтва?

— Мужна і правільна адбылося спаборніцтва, — адказаў гросмайстар, — абвяшчаю дзяўчыну вольнай і невінаватай.

Тут пачуўся тупат шматлікіх конскіх капытоў. У тую-ж хвіліну на бегавішча прыімчаўся Чорны Рыцар, а за ім атрад конных воінаў і некалькі рыцараў у поўным узбраенні.

— Я спазніўся, — сказаў ён, аглядаючыся вакол, — мне хацелася, каб Буагільбер упаў ад мае рукі… Айвенго, хіба табе добра было браць на сябе такую справу, калі сам ты ледзь трымаешся ў сядле?

— Яму не суджана было памерці тою смерцю, якую вы прызначылі яму, — адказаў Айвенго.

— Скончана! — прагаварыў Рычард, пільна ўглядаючыся ў твар памёршага. — Але няма чаго дарма траціць час… Богун! Выконвай свой абавязак.

З дружыны Рычарда выступіў рыцар і, палажыўшы руку на плячо Альберта Мальвуазена, сказаў:

— Арыштую цябе, як дзяржаўнага здрадніка.

Да гэтага часу гросмайстар моўчкі дзівіўся на раптоўнае з’яўленне такога мноства воінаў; але цяпер загаварыў:

— Хто асмельваецца арыштоўваць рыцара сіёнскага храма ў межах яго прэсепторыі і ў прысутнасці гросмайстра?

— Я арыштую яго, — адказаў рыцар, — я, Генры Богун, граф Эсекс, лорд галоўнакамандуючы войскам Англіі.

— І арыштуе ён Мальвуазена, — сказаў Рычард, адкрываючы забрала свайго шлема, — па загаду Рычарда Плантагенета, які тут прысутнічае. Конрад Мон-Фітчэт, шчасце тваё, што ты не радзіўся маім падданым… Ты, Мальвуазен, і брат твой Філіп падлягаеце кары смерцю да таго покуль міне гэты тыдзень.

— Я пярэчу твайму прыгавору, — сказаў гросмайстар.

— Горды храмоўнік, ты не маеш сілы гэта зрабіць, — сказаў Рычард, — паглядзі на вежы твайго замка і ўбачыш, што замест вашага ордэнскага сцяга там ужо развяваецца дзяржаўны сцяг Англіі! Будзь разважным, Бомануар, і не рабі бескарыснага супраціўлення…

— Я падам на цябе скаргу ў Рым, — сказаў гросмайстар, — абвінавачу цябе ў парушэнні правоў і вольнасцей нашага ордэна.

— Рабі, як хочаш, — адказаў Рычард, — але дзеля тваёй уласнай бяспекі лепш не гавары цяпер аб парушэнні правоў. Распусці членаў твае рады, вазьмі сваю прыслугу і едзь у іншую прэсепторыю… Аднак, калі хочаш, заставайся, карыстайся нашай гасціннасцю і паглядзі, як мы будзем рабіць правасуддзе.

— Як мне быць госцем там, дзе я быў уладаром? — сказаў гросмайстар. — Ніколі гэтага не будзе! Рыцары, зброяносцы і служкі святога храма, следуйце за сцягам нашага ордэна Босэан!

Граф Эсекс, бачачы, што храмоўнікі выстраіліся ў баявым парадку, даў шпоры свайму каню і паімчаўся ўдоўж сваіх радоў, строячы іх так, каб яны гатовы былі пачаць бойку з праціўнікам. Адзін Рычард ціха праязджаў каля фронта храмоўнікаў, выклікваючы зычным голасам:

— Што-ж, панове, з асяроддзя так шматлікіх харобрых рыцараў няўжо не адзін не адважыцца зламаць кап’ё з Рычардам? Гэй, панове храмоўнікі!

— Брацтва святога храма, — сказаў гросмайстар, выязджаючы наперад, — не б’ецца з-за пустых і марных прычын… А з табою, Рычард Англійскі, ні адзін храмоўнік не зломіць кап’я ў маю прысутнасць. Няхай папа і манахі Еўропы рассудзяць нас з табою. Калі нас не зачэпяць, мы паедзем, нікога не крануўшы. Твайму сумленню давяраем зброю і гаспадарскае дабро нашага ордэна, якое пакідаем тут.

З гэтымі словамі, не чакаючы адказу, гросмайстар даў знак да ад’езду. Трубы іх заігралі ваяўнічы марш усходняга характару, які служыў звычайным сігналам да выступлення храмоўнікаў у паход. Яны перамянілі фронт і, выстраіўшыся калонаю, рушылі ўперад так ціха, як дазваляла хада іх коняй, як быццам хацелі паказаць, што выязджаюць толькі па загаду свайго гросмайстра, а ніяк не ад страху перад выстаўленымі супроць іх сіламі.

— Шкада, — сказаў кароль Рычард, — што гэтыя храмоўнікі такі ненадзейны народ, а ўжо выпраўкаю і адвагаю яны могуць пахваліцца.

У часе мітусні, звязанай з ад’ездам храмоўнікаў, Рэвека нічога не бачыла і не чула, яна была ў абдымках свайго старога бацькі, ашаломленая і амаль непрытомная ад мноства перажытых уражанняў. Але раптам ад аднаго слова, прагаворанага Ісаакам, яна схамянулася і апомнілася.

— Пойдзем, — гаварыў ён, — пойдзем, дарагая дачушка мая, скарб мой дарагі… падзякуем добрага юнака!

— Не… не! — сказала Рэвека. — О, не, не цяпер, у гэту хвіліну я не адважуся загаварыць з ім… Гора мне, я магу прагаварыцца… Не, бацька! Лепш пакінем хутчэй гэта злавеснае месца.

— Але як-жа, дзіця маё, — сказаў Ісаак, — як можна не падзякаваць мужнага байца, які, пагараджаючы сваім жыццём, адважна выступіў з кап’ём і шчытом, каб выкупіць цябе з палону? Гэта такая паслуга, за якую трэба быць удзячным.

— О, так, о, так!.. Удзячным звыш усякай меры, — сказала Рэвека, — толькі не цяпер. Дзеля твае каханае Рахілі, прашу цябе, выканай маю просьбу, не цяпер!

— Нельга-ж так, — настойваў Ісаак, — а то яны скажуць, што мы няўдзячныя!

— Але хіба ты не бачыш, дарагі мой татка, што… што тут сам Рычард?

— Праўда, праўда, мая разумніца, мая наймудрая Рэвека! Пойдзем адсюль… Хадзем хутчэй!.. Яму цяпер грошы спатрэбяцца!.. Таму што ён толькі што вярнуўся з Палестыны, ды кажуць яшчэ, што вырваўся з турмы!.. А калі-б яму патрэбна была зачэпка, каб абабраць мяне, досыць і таго, што я меў справу з яго братам Іоанам… Пойдзем-жа адсюль па дабру, па здароўю…

І, узяўшы Рэвеку, ён спешна павёў яе з бегавішча да прыгатаваных насілак і шчасліва прыбыў з ёю ў дом рабіна Натана.

*

— А якія весткі з Іёрка, грэф Эсекс? — запытаў Айвенго. — Там не чакаюць нас загаворшчыкі?

— Не больш, чым студзеньскія снягі чакаюць ліпеньскага сонца, — адказаў граф, — яны разбягаюцца. І як ты думаеш, хто паспяшаўся прывезці нам гэтыя весткі? Сам Іоан.

— Здраднікі, — сказаў Айвенго. — І як-жа абышоўся з ім Рычард?

— О, ён яго так прыняў, як быццам сустрэўся з ім пасля палявання, — сказаў граф. — Паказаў на мяне і на нашых воінаў і сказаў яму: „Вось бачыш, брат, са мною тут сярдзітыя малайцы… дык ты едзь лепш да матулі, перадай ёй маю сынаву любоў і пашану і заставайся з ёю, пакуль не ўстанавіцца ў галовах больш мірны настрой“.

— Толькі гэта ён і сказаў? — падхапіў Айвенго. — Шмат хто скажа, што Рычард сам напрошваецца на здраду!

— Іменна, — адказаў Эсекс, — але-ж можна сказаць і тое, што чалавек сам напрошваецца на смерць, калі ідзе ў бойку, не паспеўшы загаіць небяспечную рану.

— Дарую табе кпіны, граф, — сказаў Айвенго.

— Аднак паедзем хутчэй у замак, таму што Рычард, памілаваўшы самага галоўнага зачыншчыка, задумаў прыкладна пакараць некаторых другарадных членаў загавара.

*

Шлюб Айвенго і Равены адбыўся ў кафэдральным саборы горада Іёрка.

Гурт, апрануты вельмі раскошна, выконваў абавязак зброяносца пры маладым гаспадары. Тут-жа быў і Вамба ў новым каптуры з надзвычайным наборм срэбных званочкаў.

Мінула два дні пасля шлюбу, і лэдзі Равена сядзела ў сваім пакоі, калі Эльгіта, яе пакаёўка, прыйшла далажыць ёй, што нейкая дзяўчына жадае яе бачыць і просіць дазволу пагаварыць з ёю без сведак. Равена здзівілася, падумала, здрыганулася… але яе цікавасць абудзілася, і яна загадала прасіць незнаёмку, а слугам загадала выйсці.

Увайшла дзяўчына высокага росту і шляхетнага выгляду. Даўгое белае пакрывала хутчэй абрысоўвала, чым хавала хараство і веліч яе постаці. Манеры яе былі пачцівыя, але без усялякай прымесі страху і падлыжнасці. Равена ўстала і хацела ўзяць госцю за руку, каб павесці яе да крэсла. Але тая яшчэ раз паглядзела на Эльгіту і паўтарыла просьбу аб дазволе пагутарыць сам-на-сам з лэдзі Равенай.

Эльгіта выйшла.

— Я тая няшчасная яўрэйка, з-за якое ваш муж рызыкаваў жыццём на паядынку на бегавішчы ў Тэмальстоу, — загаварыла незнаёмка.

— Любая дзяўчына, — сказала Равена, — у той дзень Уільфрэд Айвенго толькі ў малой меры адплаціў вам за вашы клопаты аб ім тады, калі ён быў бездапаможным. Скажыце, чым я магла-б заплаціць вам за ўсё гэга?

— Тым, — адказала Рэвека спакойна, — што перадасце яму адвітальнае выражэнне мае ўдзячнасці і найлепшых пажаданняў.

— Хіба вы выязджаеце з Англіі? — запытала здзіўленая Равена.

— Я выязджаю, мілэдзі, да канца гэтага месяца, у майго бацькі ёсць брат, які карыстаецца асаблівай прыхільнасцю Махамеда Баабділя ў Грэнадзе…[1] Туды мы і накіроўваемся, упэўненыя, што будзем жыць спакойна, заплаціўшы тую даніну, якую мусульмане заўсёды бяруць з людзей нашага племя.

— Значыцца ў Англіі вы не маеце такога спакою? — сказала Равена.

Рэвека некаторы час маўчала.

— Бывайце, — раптам загаварыла яна зноў, — але на адвітанне выканайце маю просьбу. Ваш твар завешаны фатою: дайце мне ўбачыць рысы твара, якія ўслаўлены пагалоскаю.

— Яны наўрад ці такія, каб варта на іх глядзець, — сказала Равена, — але спадзяючыся, што і ты зробіш тое-ж, я адкіну фату.

Яна зняла пакрывала і пры гэтым так пачырванела, што яе шчокі, лоб, шыя і грудзі пакрыліся румянцам. Рэвека таксама ўспыхнула, але толькі на момант.

— Лэдзі, — сказала яна, — рысы, якія вы мелі ласку мне паказаць, надоўга будуць жыць у маёй памяці. Доўга, доўга буду я ўспамінаць ваш твар і рада, што пакідаю майго збавіцеля на апеку той…

Яна змоўкла, і вочы яе напоўніліся слязамі. Яна хутка выцерла іх і на трывожныя роспыты Равены адказала:

— Не, я здарова, лэдзі, зусім здарова. Я яшчэ не маю сілы спакойна ўспомніць Торкільстон і бегавішча ў Тэмпльстоу. Бывайце! Я не выканала яшчэ аднаго, найменш важнага з маіх абавязкаў. Прыміце гэту скрыначку… і не дзівіцеся таму, што знойдзеце ў ёй.

Равена адкрыла невялікую скрыначку ў срэбнай аправе і ўбачыла маністы і завушніцы з брыльянтаў, відаць, велізарнай каштоўнасці.

— Гэта немагчыма, — сказала яна, падаючы ёй назад скрыначку. — Я не магу прыняць такі буйны падарунак.

— Пакіньце яго ў сябе, лэдзі, — сказаля Рэвека. — Для вас гэты падарунак не асабліва каштоўны, а для мяне тым больш. Мне гэтыя бліскучыя каменьчыкі больш не патрэбны. Я не буду насіць каштоўнасці.

— Вы пакутуеце? — сказала Равена, здзіўленая тонам, якім Рэвека прагаварыла апошнія словы. — Заставайцеся ў нас. Я буду вам сястрою.

— Не, лэдзі, — адказала Рэвека з тым-жа спакойным сумам у мяккім голасе. — Гэта немагчыма. Ды і няшчасная я не буду. Сярод нашага народу, з часоў Аўраама і да нашых дзён, заўсёды былі жанчыны, якія афяроўвалі сябе любві да людзей, якія даглядалі хворых, кармілі галодных, дапамагалі бедным. Я буду рабіць тое-ж. Скажыце яму, калі ён запытае, што сталася з Рэвекай, якую ён выратаваў ад смерці…

Голас дзяўчыны міжвольна здрыгануўся, і ў ім адчулася тая пяшчотнасць, якая выкрыла нешта большае, чым яна думала выказаць. Яна паспяшалася развітацца з Равенай.

— Бывайце, — сказала яна. — Карабель, на якім мы адплываем адсюль, будзе гатоў раней, чым мы даедзем да прыстані.

Яна выбегла з пакоя. Равена расказала аб гэтым наведванні яе Рэвекай мужу, на якога расказ яе зрабіў глыбокае ўражанне.


Айвенго доўга і шчасліва жыў з Равенай, але ўспамін аб харастве і вялікадушшы Рэвекі прыходзіў яму ў галаву куды часцей, чым гэта магло быць прыемна гордай Равене.



  1. Грэнада — правінцыя паўднёвай Іспаніі.