Перайсці да зместу

Айвенго (1934)/XIX

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XVIII Айвенго. Раздзел XIX
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XX

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XIX

ПАДАРОЖНІКІ пад’ехалі да ўскраіны лясістай прасторы і ўязджалі ў лес, які у той час лічыўся небяспечным месцам. Тут бадзялася лясная вольніца, якой развялося шмат у краі. Выгнаныя надзвычайным жабрацтвам і безнадзейнасцю, гэтыя людзі пайшлі ў лясы і стварылі там такія шматлікія і моцныя банды, што з імі ўраду змагацца было не па сіле. Аднак, Седрык і Атэльстан не баяліся нападу, таму што пры іх было дзесяць чалавек узброенай прыслугі, не лічачы Вамбы і Гурта, якія не браліся ў разлік, таму што адзін быў блазен, а другі — звязаны арыштант.

Едучы сваёю дарогаю, нашы падарожнікі былі ўстрывожаны крыкамі, час-ад-часу клікаўшымі на дапамогу. Пад’ехаўшы да таго месца, адкуль чуліся галасы, яны ўбачылі на лузе кінутыя конныя насілкі; каля іх на траве сядзела маладая жанчына ў раскошным яўрэйскім гарнітуры, а стары, мяркуючы па жоўтай шапцы, таксама яўрэй, бегаў узад і ўперад, ламаў сабе рукі і голасна стагнаў…

На роспыты Атэльстана і Седрыка Ісаак з Іёрка (гэта быў ён) так-сяк растлумачыў, што ў Ашбі ён наняў шэсць чалавек узброенай варты і конныя насілкі для перавозкі аднаго хворага сябра. Нанятыя людзі ўзяліся праводзіць яго да Донкастэра, і дагэтуль яны ехалі зусім спакойна, але сустрэнуты дравасек сказаў ім, што тут у лесе засела вялікая банда рабаўнікоў, і нанятыя слугі так спужаліся, што і самі ўцяклі, і коняй, якія везлі насілкі, павялі за сабою. Так што яўрэй і яго дачка засталіся ў лесе без усякіх сродкаў для абароны і кожную хвіліну чакалі нападу бандытаў, якія маглі іх забіць і абрабаваць.

— Калі-б пажадана было вашай вяльможнасці, — маліў Ісаак, — дазволіць нам далучыцца да вашай партыі і ехаць далей пад вашай аховай, ні адзін яўрэй не плаціў за паслугу так шчодра, як мы вам адплоцім за такую ласку.

— Дадзім ім дваіх людзей з нашай дружыны, — прагаварыў Седрык, — і пару коняй, няхай праводзяць іх да бліжэйшага паселішча. Наша партыя ад гэтага не шмат страціць, а з дапамогаю вашага добрага мяча, шляхетны Атэльстан, і астатняй прыслугі, нам няцяжка будзе справіцца з двума дзесяткамі бандытаў.

— Гэты старык такі слабы і бездапаможны, — сказала з свайго баку Равена свайму апякуну, — а дзяўчына такая маладая… прытым у іх тут небяспечна хворы… што мы не павінны кідаць іх у хвіліну такой крайнасці. Загадайце зняць клункі з двух мулаў і змясціць паклажу за спіну ў двух слуг. Мулаў можна запрагчы ў насілкі, а старому і яго дачцы даць пару запасных верхавых коняй.

Седрык ахвотна згадзіўся на гэта распараджэнне, а Атэльстан дадаў умову, каб яўрэі ехалі ззаду і каб прыставіць да іх у праважатыя Вамбу.

— А я свой шчыт пакінуў на бегавішчы, — адказаў блазен. — Такі-ж быў лёс і шмат іншых рыцараў лепшых за мяне.

Атэльстан пачырванеў, бо такі-ж лёс быў і яго самога на другі дзень турніру. Равена, здаволеная выбрыкам Вамбы, папрасіла Рэвеку ехаць поруч з ёю.

Перамяшчэнне клункаў адбылося вельмі хутка; адной чуткі аб тым, што блізка ёсць разбойнікі, было досыць для абуджэння ў прыслугі паваротнасці; а прыцемак, які ўсё больш згушчаўся, надаваў гэтай чутцы яшчэ большую ўплывовасць. У часе агульнай мітусні Гурта знялі далоў з каня, і ён улучыў хвіліну, каб папрасіць блазна паслабіць вяроўкі, якімі былі звязаны яго рукі. Вамба выканаў яго просьбу і, мабыць, з намерам так неахайна завязаў новыя вузлы, што Гурт без асаблівай цяжкасці вызваліў свае рукі і, шмыгнуўшы ў кусты, уцёк ад атрада.

Сцежка рабілася такой вузкай, што нельга было праехаць па ёй больш, чым дваім у рад. У дадатак яна крута спускалася пад гору, што парасла частым хмызняком, а пад гарою цёк быстры ручай з абрывістымі і багністымі берагамі, аброслымі нізкарослаю лазою. Седрык і Атэльстан, якія ехалі спераду ўсіх, зразумелі, як будзе небяспечна, калі на іх нападуць у гэтым цесным праходзе. Дзякуючы таму, што ні адзін, ні другі не мелі дастатковай баявой практыкі, яны думалі, што найлепшы спосаб пазбегнуць засады будзе ў тым, каб як мага хутчэй мінуць гэту лагчыну. Таму, не трымаючы ніякага парадку, яны паспешна рушылі ўперад, але ледзь паспелі перабрацца ў брод цераз ручай, з часткаю свае дружыны, як на іх напалі спераду, ззаду, і з абодвух бакоў, разам, прытым з такім імпэтам, што пры сваёй непадрыхтаванасці да атакі, яны былі захоплены зусім неспадзявана і не маглі аказаць колькі-небудзь сапраўднага супраціўлення. З усіх бакоў пачуліся крыкі:

— Белы дракон! Белы дракон! Святы Георгій пастаіць за старую Англію!

Гэта былі выкрыкі нападаючых, якія адыгрывалі ролю вольніцы саксонскага племені і, нечакана з’явіўшыся з гушчару, які акружаў хмызняк, кінуліся на падарожнікаў так адважна і расправіліся з імі так хутка, што здаваліся значна больш шматлікімі, чым былі на самай справе.

Абодва саксонскія правадыры папалі ў палон адначасова.

Слугі, абцяжараныя клункамі, дзіўленыя і перапужаныя лёсам сваіх паноў, нават не супраціўляліся. Лэдзі Равена, якая ехала ў цэнтры атрада, і яўрэй з дачкою, якія былі ў тылу, таксама былі ўзяты ў палон.

З усёй партыі толькі Вамбе ўдалося выратавацца: ён выказаў у гэтым выпадку куды больш рашучасці і мужнасці, чым тыя, хто лічыўся разумней яго. Адзін з слуг вяла і няўмела выцягваў з ножан свой меч. Вамба ўбачыў гэта, выхапіў у яго з рук зброю і, размахваючы ім з найвялікшай энергіяй, з поспехам адбіў напад некалькіх байцоў, з усіх сіл стараючыся прабіцца на дапамогу Седрыку, але яму не ўдалося. Бачачы колькасць нападаючых, блазен улучыў зручны момант, скаціўся з свайго каня на зямлю, выслізнуў у гушчар кустоў і, карыстаючыся ўсеагульнай мітуснёй, уцёк.

Аднак, апынуўшыся ў бяспецы, харобры блазен некалькі разоў спыняўся ў нерашучасці і раздумваў, ці не лепш вярнуцца назад.

„Чуў я, як людзі ўсхвалялі дабрадзейства волі, — думаў ён пра сябе, — а вось цяпер мне хацелася-б, каб які-небудзь мудрэц падаў думку мне, што рабіць з гэтай атрыманай мною воляй?“

Напэўна, ён прагаварыў гэтыя словы голасна, таму што пачуў раптам вельмі блізка ад сябе голас, які асцярожна і ціха прагаварыў: „Вамба!“. І ў тую-ж хвіліну чорны сабака, у якім ён адразу спазнаў Фангса, кінуўся да яго лашчыцца.

— Гурт! — адказаў Вамба тым-жа асцярожным шэптам, і свінапас тойчас з’явіўся перад ім.

— Што гэта значыць? — запытаў Гурт, спяшаючы. — Што там за крыкі і як-быццам стук мячоў?

— Звычайная гісторыя, — адказаў Вамба, — усіх забралі ў палон.

— Каго забралі? — ускрыкнуў Гурт нецярпліва.

— Нашага барына і лэдзі Равену, і Атэльстана, і Гундыберта, і Освальда… усіх!

— Як-жа яны папалі ў палон і хто іх забраў? — сказаў Гурт.

— Наш барын адразу кінуўся ў бойку, — сказаў блазен, — Атэльстан не паспеў, а астатнія і подаўна. А забралі іх людзі ў чорных масках і ў зялёных каптанах. І цяпер усе нашы ляжаць звязаныя на зялёнай мураве, быццам дзікія яблыкі, калі ты патрасеш у лесе дрэва на корм сваім свіням. Нават смешна, дапраўды, і я-б смяяўся, каб не слёзы.

І ён расплакаўся ад гора. У гэты час перад імі, як з зямлі, вырас трэці чалавек. Мяркуючы па вопратцы і ўзбраенні, Вамба спачатку палічыў яго за аднаго з тых разбойнікаў, якія ўзялі ў палон яго гаспадара. Але гэты чалавек быў без маскі; бліскучая перавязь, перакінутая цераз яго плячо, і раскошны паляўнічы рог, які вісеў на ёй, спакойная манера валадарная постаць і голас прымусілі прызнаць у ім таго самага іëмена, па прозвішчу Локслі, які перамог на спаборніцтве стралкоў.

— Што значыць увесь гэты шум? — сказаў ён. — І хто асмельваецца ў тутэйшых лясах учыняць рабунак, гвалт і браць у палон?

— Паглядзі на іх бліжэй, — адказаў Вамба, паглядзі добра, ці такія на іх каптаны, як на табе, і ўбачыш, што яны гэтак-жа падобны, як два зялёныя стручкі.

— Гэта я зараз даведаюся, — сказаў Локслі, — а пакуль забараняю вам кратацца з месца. Заставайцеся тут, покуль я не вярнуся. Калі паслухаецеся майго загаду, гэта будзе добра і для вас, і для вашых паноў… Аднак пачакайце, спачатку трэба зрабіць так, каб я як мага менш адрозніваўся ад іншых.

Гаворачы гэта ён зняў з сябе перавязь разам з рогам, выцягнуў пяро з свае шапкі і ўсё гэта перадаў у рукі Вамбе. Потым выняў з сумкі маску, надзеў яе і, паўтарыўшы ім загад не кратацца з месца, пайшоў на выведкі.

— Будзем чакаць яго ці што, — сказаў Вамба, — ці паспрабуем даць цягу? Штосьці вельмі хутка ператварыўся ён у разбойніка і, на маю дурную галаву, ён таксама павінен быць іх поля ягадка.

— А хоць-бы ён аказаўся самім чортам, што за ліха! — сказаў Гурт. — Нам не будзе горш ад таго, што мы яго пачакаем. К таму-ж я пераканаўся за апошні час, што сапраўдныя лясныя разбойнікі далёка нядрэнныя людзі.

Праз некалькі хвілін іëмен вярнуўся.

— Сябра мой Гурт, — сказаў ён, — я зараз пабыў сярод тых малайцоў і цяпер ведаю, чые яны людзі і куды накіроўваюцца. Я думаю, што яны не маюць намеру забіваць сваіх палонных. Нападаць на іх утраіх пры цяперашніх абставінах было-б самым сапраўдным вар’яцтвам, таму што яны сапраўдныя воіны і, як людзі вопытныя, расставілі вартавых, якія тойчас узнімуць трывогу, калі хто падыдзе з боку. Але я хутка сабяру такую дружыну, якая можа іх зламаць, не гледзячы ні на якія перасцярогі. Пойдзем са мною, покуль я буду збіраць атрад.

Ён хутка пайшоў праз лес, а свінапас і блазен рушылі за ім. Але Вамбе цяжка было доўга маўчаць.

— Мне здаецца, — сказаў ён, разглядаючы перавязь і рог, якія ўсё яшчэ заставаліся ў яго руках, што я сам бачыў, як ляцела страла, што выйграла вось гэты слаўны прыз, і было гэта не далей, як на святах леташняю зімою.

— А я, — сказаў Гурт, — гатоў прысягнуць, што чуў голас таго добрага іёмена, які выйграў прыз, і чуў я яго і ўдзень і ў начны час, і ніяк не далей, як тры дні таму назад.

— Любыя мае сябры, — сказаў іёмен, — цяпер не час разбіраць, хто я і што за чалавек. А як мяне завуць і ці ўмею я страляць з лука лепш быдлячага пастуха, і калі люблю гуляць удзень ці ўначы, гэта ўсё такія пытанні, якія вас не датычаць, а таму вы лепш не ламайце над імі сваіх галоў.

— Вось папалі мы галовамі ў ільвіную ляпу, — шэптам сказаў Вамба свайму таварышу, — цяпер выкручвайся, як ведаеш!

— Цс… змоўкні ты, калі ласка! — сказаў Гурт, — не гняві яго сваёю дурною балбатнею, і ўбачыш, што ўсё скончыцца добра.