Перайсці да зместу

Ад чаго высахла рэчка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ад чаго высахла рэчка
Казка
Аўтар: народ
Крыніца:http://bellib.org/legenda/item/legenda/legenda-106.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На канцы вёскі Дзеракі, каля самага лесу, стаяла старая маленькая хатка з адным акенцам ад ляснога боку. Побач з гэтай хаткай бегла невялікая рэчка. Выцякала яна з Лаўцова балотца. Шмат было ў ёй рыбы ўсялякай і іншага жывога міру. Купаліся ў рацэ дзеці цёплаю парой.

А ў той хаце, з адным акенцам, што стаяла на беразе рэчкі, жыла жанчына-чарадзейка, год пад сорак, жыла адна са сваім сынам. Мар'ян быў добры плывец: плаваў ён надзіва хутка, проста па вадзе каціўся, не было роўнага яму плыўца ва ўсёй ваколіцы.

У адзін летні дзень, калі на небе з'явілася чорная хмара і загрымеў гром, захацелася Мар'яну пакупацца і паказаць сваю ўдаласць сябрам. Доўга ён плаваў, пакуль не трапіў у вір. Хлопец знік. Так і не дачакаліся, каб ён выплыў.

Даведаўшыся аб смерці сына, маці пракляла гэтую рэчку. З таго часу рэчка пачала мялець, а праз два ці тры гады і зусім высахла.

Тое месца, дзе была рэчка, пакрытае цяпер спрэс высокай травой, і называецца Мар'янавым лугам.