Перайсці да зместу

Ад мора да мора

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ад мора да мора
Публіцыстыка
Аўтар: Юры Кучынскі
1921 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЮРЫ КУЧЫНСКІ



Ад мора да мора.


1921


Za pozwoleniem cenzury wojskowej
Białystok, Drukarnia „Promień“.

I.

Хто ня пры моры—тым ад усіх горы, так кажыцца пра тыя дзяржавы, якія не прыпіраюцца да мора, а значыцца—не гранічуцца з вялікім сьветам, бо мора даходзіць да ўсіх граніц сьвету і даець магчымасьць стыкацца проста з найбольшымі дзяржавамі ўсяго сьвету. Прыстанішча для караблёў пры берагу сваей дзяржавы сьцягніць сюды ўсё, што каму трэба ад людзей далёкіх і ад нас людзям далёкім. У людзей німа лесу дык мы ім даём, а ў нас німа карасіны дык яны нам даюць; у іх німа лёну дык мы ім даём, а ў нас німа жалеза дык яны нам даюць; у іх німа шарсьціньня дык мы ім даём, а ў нас німа солі дык яны нам даюць; у іх німа яек дык мы ім даём, а ў нас німа цукру дык яны нам. даюць; у іх німа пянькі дык мы ім даём; у іх німа грыбоў дык мы ім даём; у іх німа ягад дык мы ім даём; у іх ніхват масла ці дабра якага дык мы ім даём, а яны нам даюць тое, чаго у нас ністаець: гарбаты, ці ваты, ці віна, ці якой прыкрасы. Не задарма пэўна-ж абдзеляць адны другіх прыходзіцца: яны з нас грошы бяруць за іхнія тавары; а з іх грошы бяром за нашы тавары; і каб мы ня мелі чаго каму прадаць і раздабыць грошы дык не маглі-б нічога ніадкога купіць. Значыцца—калі будзем мець зашто купіць і калі будзем мець вялікі сьвет даступным да нашага берагу дык пасулюць і здалёку павязуць нам усяго-чыста, абытолькі мы хацелі купляць; а мы будзем выбіраць — што нам лепш падабаецца ці што нам таней ўступаецца; Ведама, гэтак рабіць можам толькі тады, калі ад нашай волі будзе залежыць распараджацца нашым дабром і нашымі закупкамі. Ну і ведама—ня зможам а ні прадаць з выгадай а ні купіць па мысьлі, калі граніца із вялікім сьветам будзе пад чужым дазорам, як гэта ёсьць цяпер. Маем таму ўжо добрую навуку. Вось, пад дыктатарствам польскага служкі пана Жэлігоўскага Віленшчына корміцца чорнай сольлю (польскай), а пры Асмалоўскім кармілася чырвоным цукрам (польскім), бо каб мець, што лепшае трэба было-б прывязьці з заграніцы: соль з Нямеччыны, а цукер з Украіны або ад Чэхаў, як гэта калісь і рабілася. Але прыгробшы ўладу ў свае рукі палякі хочуць зарабіць ад беларусаў—на сваім хоць благім тавары. І калі для коопэратываў Віленшчыны захацеў Саюз даставіць з заграніцы лепшай, белай і танейшай солі і цукру дык з Варшавы забаранілі прапусьціць праз граніцу, кажучы—з вялікай маной—што ў Польшчы збытак солі і цукру дык німа патрэбы прывазіць з заграніцы… Значыцца — пад польскай апекай беларусам трэба тым абхадзіцца, што з ласкі палякі прапусьцяць да беларусаў, а таго дабра, што заграніца мае і што нам пара мець дык Польшча не прапускае. І прадаць нам проста заграніцу, каб выгадней прадаць, дык і гэтага ня можна беларусам, бо толькі панскай хэўры пад фірмай „Лен крэсовы“ выдана права вывазу з Беларусі лёну, толькі яны, такім парадкам, маюць права мець выгаду з беларускага лёну ад перапрадажы заграніцу. А пакуль іншыя хэўры завядуцца для манапольнага гандлю беларускім дабром, дык тымчасам ня толькі да граніцы трудна дабрацца, але нават да Вільні: каб што прывязьці з дабра на продаж, дык шмат перашкод трэба паканаць, аж не адважышся болі туды з таварам ехаць. Такія добрыя парадкі пад уладай палякаў. А гэта яшчэ толькі пачатак, бо асьцерагаюцца, каб не адстрашыць народ, пакуль яго яшчэ ня моцна заграблі і пакуль яшчэ вядзецца торг з Літвой за Віленшчыну. Але польскія паны хочуць заграбсьці ня толькі Віленшчыну пад Польшчу а і ўсю Літву апанаваць: каб літоўскія жаўнеры і загранічныя дзяржавы ня спынілі, дык-бы Жэлігоўскі пёрся-б далей на чужую яму зямельку—на літоўскую. А якая пагібель яго сюды прэць? Лапчывасьць польскай шляхты, лапчывасьць нажывацца на ўсякім манапольным гандлю, які толькі ім удаецца ад польскай улады вырабляць, бо яны лаўчакі: хочуць паддабрухацца польскай уладзе хвалючыся, што яны „скаштаваўшы салодкага ня маюць ахвоты да горкага“, а гэта значыць, што да беларускай ці да літоускай долі ім німа ахвоты, а да польскай—да хвалёнай дык яны ласа прыгарнуліся. З лапчывасьці да літоўскага мора — да Мэмэля, да Палонгі—ім вялікая ахвота, бо каб нажыцца на загранічным гандлю, дык ім мала прыстанішча у Гданьску, які яшчэ ня польскі і нет ведама ці будзе польскім. А больш надобнага, даступнага марскога берагу ў Польшчы німа, дык літоўская Палонга і Мэмэль на берагу Бальтыцкага мора ім і ахвота заграбсьці пад уладу Польшы, а там яны паны! А каб так блізка ад Лібавы апынуліся дык-бы пэўнаж-бы не сьцярпелі каб заграбсьці і Лібаву, неяк-бы нашлі на тое прычэпку да латышоў: сталі-б даказываць усяму сьвету, што ў Лібаве найбольш літвіны жывуць, якія трэба каб былі пад аднэй уладай — пад польскай… Так, бераг літоўскага мора ім назарэз патрэбны, бо ў Гданьску ім мала панаваньня, дзе нямецкі горад і парадкі; а ў Літве ім-бы хацелася запанаваць морам, там народ меншы ад нямецкага, дык яго лягчэй апанаваць. Мора для палякаў пакуса. А на іншы дагавор з Літвой ісьці ня хочуць, як толькі на такі, які з бойкі дастаецца асіліўшы суседа. Беларусы-ж з літвінамі пашлі на міравы дагавор; і па гэтаму дагавору маюць права карыстаць з літоўскага берагу мора як і літвіны. На літоўскім берагу мора у Мэмэлі і ў Палондзы добрае прыстанішча для загранічных караблёў; а ад гэтага берагу кароткая дарога да Беларускага Краю: праз Коўну, Вільню, Менск, Бабруйск, Жлобін аж да Гомля—простая дарога. Для паўночнай Беларусі найбліжэйшы бераг мора у Латвіі (Рыга, Віндава, Лібава), куды вядзець простая дарога праз Дзьвінск, Полацак, Віцябск, аж да Смаленску. З гэтага добра відаць, з кім беларусам трэба дружбу вясьці і з кім сябравацца: з літвінамі і з латышамі нам да кумпаніі прыстаць трэба, да саюзу, каб нам і ім карыстацца з добрага суседзтва і з добрай гасьціннасьці адны ў другіх, а значыцца—каб нам мець аднальковы з імі доступ да мора—да граніцы з усім сьветам. Што палякам хочацца зласаваць кусок беларускага краю—то-ж відаць як лапчыва пакусюцца на гэта, бо знаюць яму цану—цану вялікую; але-ж і мы сабе цану павінны ведаць і не папушчацца, і не падавацца на чыюсь ласку, калі самі сабой астаўшыся можам па свайму хаценьню распараджацца сваім дабром, сваей зямелькай і сваей воляй. Авечка якая ўжо дурная, а ўсё-ж сама ваўку ў лапы ня лезіць. Ці-ж ня дзіўна, што палякі вялікі і карысны для іх і для беларусаў кусок беларускай зямелькі захопліваюць пад сваё распараджэньне для сваіх салдат ці для сваіх служкаў, ці-ж ня дзіва каб беларусы маўчалі, ці-ж ня дзіва каб беларусы самахоць у польскія лапы на іх ласку і волю здаваліся і дзеля якой карысьці? дзеля солі, ці дзеля цукру, ці дзеля карасіны? А ці-ж мы ня мелі ўсяго гэтага даўней: ад украінцаў і з заграніцы, ды куды шмат лепшага гатунку? Ды мець можам і далей, калі толькі будзем вольнымі і будзем па сваей волі на граніцы свайго краю з суседзямі абменівацца грашмі і таварам. З ласкі на пацеху ці для нашага пекнага аблічча ніхто нам тавару дарма ня дасьць, а за грошы дык усякі нам служка, ня голькі польскі хцівец, ахвочы пажывіцца з беларусаў, недапусьціўшы нас саміх да загранічных рынкаў. Зямля наша — багацьце наша, праца наша — багацьце наша, стараньне наша — багацьце наша, а за гэта — ўсё можам мець, абы нам да гэтага воля свая над усім сваім бяз чужога шляхоцкага „не позвалям“…

∗          ∗

II.

Павінна быць ведама, што перавоз па вадзе караблямі танейшы ад перавозу чыгункай, ці коньмі. На адзін карабель зьмясціць можна тавару столькі, сколькі дзесяць паяздоў чуць павязуць. Значыцца, адным заходам робіцца, дастаўка аж за дзесяць паяздоў, і шмат скарэй, чымся паяздамі, і па танейшай дарозе — бо на вадзе, ня трэба рэяк класьці, і мастоў рабіць, і горы знасіць ці лагчыны засыпаць—на ўсё гэта ня трэба, кошту панасіць. Вось і таней, і скарэй, і бяспячней, адным словам: выгаднейшы перавоз вадой ад іншых дарог. Вось дзеля гэтага карысна мець бераг мора дагодны для прыстанішча караблёў. А як вядома бераг праз вольнае мора гранічыцца з берагамі ўсяго сьвету, што даець вольны доступ да суседзяў блізкіх і далёкіх. Выгаду—мець добры бераг мора—разумныя людзі даўна пазналі. Затое ніраз гасударствы калацілася за доступ да мора і дабіваліся мора вайной, як гэта рабіў Пётра Вялікі са Шведамі, або Сэрбія з суседзямі, або як гэта цяпер робіць Польшча з Літвой, дзе ёсьць добры бераг: Мэмэль і Палонга, хоць лепшы бераг — Лібава, але да яе праз Літву дарога… Так, відавочная выгада мець бераг мора і прыстанішча для караблёў усяго сьвету. Але беларусы пры боку свайго краю ня маюць мора, затое продкі нашы, князі Полацкія, мелі дагавор з Рыгай, праз каторую і таргавалі з заграніцай;, а князі паўдзённай Беларусі (Навагрудзкія, Пінскія, Слуцкія) і ўсходняй Беларусі (Смаленскія, Аршанскія, Мсьціслаўскія),—вялі торг з заграніцай праз Украіну (праз Кіяў) і праз Чорнае мора. Вось доля Беларусі перапляталася доўгі час з доляй Украіны. Ды ня толькі дзеля гэтага, а і дзеля багацьця самой Украіны, дзе як ведама зямля — чарназём, на сажань у глыбіню; родзіць і пшаніцу, і цукровыя буракі, а ў зямельцы ёсьціка сколькі хочаш і жалеза, і каменнага вугля, і солі, і вапеньніку, і крэйды і шмат якога багацьця. З Украіны да вайны цукер мы мелі, праз Украіну, Чорным морам з Каўказу карасіну мы мелі, і праз Украіну Чорным морам усё-чыста з усяго сьвету атрымаць можам. Вось з такой старонкай суседаваць і здружыцца—і да саюзу прыстаць дык ёсьць выгада відавочная і вялікая. Такая старонка, як Украіна, што сама ўсім-чым багата, ня гоніцца каб пажывіцца і выцягнуць дабро ад суседа, ды яшчэ сама даць можыць найтаней крупчаткі, цукру, жалеза, солі, карасіны—такая багатая хаўрусьніца нам усягды патрэбна. Мы яе і павінны старацца мець. Дзеля гэгага беларусы, дабіваючыся вольнай Беларусі, памагаюць украінцам дабіцца вольнай Украіны: дзеля гэтага беларусы шчыра трымаюцца дружбы з украінцамі, якія — ёсьць ведама — ацанілі і цэнюць нашу дружбу як запраўды шчырую, І ня толькі дзеля якой карысьці але ўкраінцы мілы беларусам і дзеля характару суседзкага і таварыскага. Нам з імі ня прыходзіцца калаціцца за межы, і ня было аб тое ніякай спрэчкі, — бо нашы гаворкі падобныя і асыміляцыя ці наварот беларусоў на украінцаў, а ўкраінцаў на беларусоў ня робіць нам ніякага страху. Па шмат прыкметам — дружба наша з імі можыць быць моцнай і трывалай, і да гэтай дружбы беларусы павінны гарнуцца сьвядома і з ахвотай. Маючы тады з дружбы з Украінай вольны прывоз да нас усякага яе дабра і багацьця, а праз яе—вольны для нас прывоз Чорным морам усяго нам патрэбнага з усіх бакоў вялікага сьвету, — можам тады жыць запэўненымі на выгоды і ад недахваткі. І хоць можа далекавата троху ад Беларусі Чорнае мора, можа малавата карыстацца прыдзіцца ім, пакуль будзе прачышчаны Днепр (Дняпро), але затое пасьля прачысткі Дняпра, калі пойдуць караблі з Чорнага мора па Дняпру праз Кіяў на Рэчыцу, Жлобін, Рагачоў, Магілёў, Оршу аж да Смаленску; або з Дняпра па Сожы на Гомаль; або па Бярэзіне на Бабруйск і Барысава,—дык тады будзем мець дарогу праз Украіну на ўвесь сьвет, абы толькі мець вольную дарогу па Дняпру праз Украіну. Такі-сякі розум падказывае кожнаму, хто над гэтым задумляецца, што сяброўства з Украінай трэба нам дабівацца. Маючы тады вольны прыступ праз Украіну да Чорнага мора, а праз Літву, ды можа удасца, і праз Латвію вольны прыступ да Бальтыцкага мора—будзем з гэтага шчасьлівы. і забясьпечаны за вольны наш гандаль праз мора з вялікім сьветам. Пры такой дружбе нашай ад Чорнага мора да Бальтыцкага — ад мора да мора — наша сяброўства з Украінай і з Літвой ды з Латвіяй даець нам найбольшыя выгады, даець нам можнасьць мець усё-чыста, што толькі ад людзей мець патрабуем. Ніякая іншая комбінацыя, з іншай кумпаніяй сяброўства не даець беларусам столькі выгад, сколькі гэна сяброўства з Украінай і з Літвой ды з Латвіяй. Не здарма, значыцца, беларусы горнуцца да гэтай дружбы, сябруюцца з Літвінамі, шукаюць сяброўства з Латышамі, стараюцца дабіцца вольнага дзяржаўнага жыцьця сваей бацькаўшчыне Беларусі і шчыра дапамагаюць таго-ж самага дабіцца і для Украіны.

∗          ∗

III.

Ад Бальтыцкага мора—ад Рыгі, Лібавы, Мэмэля, — і да Чорнага мора — да Адэсы, Мікалаява, — на паласе сухапуці месьцюцца народы: латыскі, літоўскі, беларускі і украінскі; зусім у бок ад іх, на захад,—народ польскі, а на ўсход—народ вялікароскі. І як ведама, з Вялікаросіі да гэных мораў дарога простая толькі праз Украіну, або праз Беларусь і Літву, ці праз Латвію. А з Польшчы свая дарога да Бальтыцкага мора праз Гданьск, і да Чорнага мора праз Румынію на Констанцу. Гонючыся за чужымі абшарамі зямлі на Беларусі і на Ўкраіне, ўбіўшыся як скула ў бок клінам паміж Беларусяй і Літвой ад Беластока, Брэст-Літоўска і Пінска аж да Дзісны і Дзьвінска, цяпер Польшчы досіць гэтага, каб падавіцца, але—як кажуць людзі—большым куском лягчэй падавіцца, дык і Польшчы мала яшчэ заграбленага і яна масьціцца узсесьці на Літву, бо пасьля захвата беларускага кліна ёй адгэтуль з беларускім дабром найбліжэйшая дарога заграніцу праз Літву. Ня было-б такога вялікага дзіва з гвалту Польшчы, каб сюды ішла дарога з самой Польшчы, але-ж каб мець да гэтай дарогі прычэпку, дык яна перш пака пад воляй беларусаў, захапіўшы ў іх клін зямлі, праз паноў-шляхтуноў, якія тут і запанавалі над сялянамі—беларусамі, азяўшы ў свае рукі ўладу ў паліцыі, ў па казёных канцылярыях як чыноўнікі, і як начальнікі. Згвалтаваўшы волю беларусаў і пакуль-што бяз вялікага для сябе страху, відаць ні на вялікі страх лічуць палякі кінуўшыся заграбсьці Літву. Лапчывасьць польскай шляхты так бяздонна, іх шляхоцкая натура так праніктнута панствам: панаваць над мужыкамі і над слабейшымі, — што з іх боку, як і ад бальшавікоў, роўна спадзявацца можна ўсякай авантуры і гвалту. Добра відзючы, што польскай палітыкай у нашым краю кіруюць толькі паны-шляхта, добра пазнаўшы панскую ласку і розум кароткі за даўнейшых і за цяперашніх часаў,—німа дзіва, што і беларусы і літвіны як мага працівюцца паддавацца польска-панскай-шляхоцкай сіле… І гэта будзіць да таго часу аж пакуль паны-шляхта адстануць прыставаць да беларускага народу і да літоўскага — з сваей польскай апекай. З польскім народам дружбу завясьці можна будзе тады, калі ён перастаніць скуваць на нас сваё войска і калі сам недапусьціцца, каб паны-шляхта скувалі яго на нас. Народы могуць і павінны згаварывацца па добрай волі і бяз ваеннага гвалту. Калі-ж палякі дявераюць больш ваеннай сіле як праву і справядлівасьці, дык ведама, на яе і павінны пакладацца, а там паглядзім што пераможыць: ці польская куля ці дух беларускага і літоўскага народу. Бальшавікі ў Расеі, вун як храбацца сілай, вун як папісываюцца гвалтам і пострахамі — аж да турмы, аж да загубы за непаслушнасьць і непакорнасьць іхняй уладзе, а й то спакою утрымаць ня могуць і нет-ведама ці абароняцца ад неспакою і ці ўтрымаюцца пры сіле. Калі-ж Польша спадзяецца папісацца горшым рэжымам ад бальшавіцкага, дык і то нет-ведама ці загубіць непакорных і ці прысьмірэюць нездаволеныя; скарэй будзе тое, што ад нязноснага рэжыму скарэй помста выбухніць, скарэй выбухнуць паўстаньні, скарэй завядуцца героі за народнае вызваленьня з-пад чужога панаваньня. Як вядома, пад уціскам народ бяднеіць, але нацыянальны дух тым больш прабіваецца і гартуецца, чым больш крыўды зносіць народ. За астатнія часы нацыянальная сьвядомасьць пашырылася скрось па Беларусі, чаго ні-так скора ўдалося-б дабіцца агітацыяй за нацыянальны рух, але таму дапамаглі наезныя начальнікі і прывазныя чужыя парадкі, добра даўшыяся ў знакі беларускаму народу, так як і паны-шляхта, паказаўшыя свае зубы йзноў, як і даўней за паншчынай. Народ астаецца быдлам, патрэбным адбываць стойку, павіннасьці, прыгон на прымусовыя работы, плаціць налогі грашмі, дабром і кормам, адкупляцца ад прычэпак шаяхтуноў-кручкоў паліцейскіх, ваенных і усякіх чыноўнічкаў—даючы хабара, і гасьцінцы бо за гэта дык і ў ксяндза ласка знайдзецца. А ксяндзы польскія цяпер — ні ксяндзы сталі — а хэўра панска-шляхоцкая; не Хрыстусова, а польская войска, з формай і з чынамі, замест дзесянцёра прыказаньня „ні забівай“ дабаўляюць „душы“, дзеля таго, што не ўпамінаецца там цела, дык яко значыцца ні забараняецца забіваць… На амбоні польскі ксёндз як бальшавік на падмостках: абодва роўна заядла палітыку спадабаўшы даводзяць з усіх сіл, што вядомая ім палітыка калі возьміць верх дык у людзей шчасьця будзіць аж праз край поўна. Каб так як за польскую палітыку ды за Боскую Эванэлію так заядла ксяндзы гарлавалі, дык можа быць абыйшліся-б людзі зусім без палітыкі і ўжо даўна з Боскай Эванэліі мелі-б людзі шчасьця аж праз верх з коптарам. Так, касьцёл і амбона касьцельная—для палякаў—праз ксяндзоў дасталася і за зьнявагу польскай палітыкай касьцёла і амбоны — народ яшчэ суд знойдзіць. Гэтым і ўдаецца польскай сіле яшчэ ўтрымлівацца на Беларусі, што польскія ксяндзы народ за ей цягнуць; але за ксяндзамі народ відзіць лапчывых паноў-шляхтуноў цэлую араву, так што не надаўга ксяндзоўскай павагі хваціць уцягваць народ пад польска-панскую апеку і ласку. Апроч „шляхэтнай польскай мовы“ карыснага дабра даць Польшча нічога не маіць. Усё, што з вялікім трудом дастаецца на Беларусь з Польшчы, дык гэта найбольш чужое з заграніцы прывазное, што беларусы і самі проста з заграніцы атрымаць могуць бяз варшаўскіх перакупшчыкаў. Тое-ж сваё, што у Польшчы знайдзіцца з багацьця краёвага, дык Польшчы самой больш патрэбна чымся яна выцягнуць з зямлі можыць, так што невядомыя лішкі беларусаў не здаволюць, хоць паляком і паквапна, прынамся у цяперашні галодны час, кінуць на Беларусь патрэбных рэчы (жалеза, карасіны, солі і інш.), за каторыя можна было-б сьцягнуць з беларусаў вялікія грошы і пахваліцца — што і праз Польшчу мець можна. Але самае страшное для беларусаў—дык гэта апека польская над беларускай зямелькай. Што мае быць вырашана і які будзе распарадак з зямлёй на Беларусі, гэта залежыць ад Варшаўскага Сэйму, які ўжо закон зямельны вырашыў без беларусаў. Але каб і належылі беларусы ў Варшаўскім Сэйме да суда над зямлёй, дык усё роўна верх астаецца за палякамі бо іх у Сэйме больш. Ось той распарадак зямлёй, які можыць быць па іх польскай волі і бяз нашай, тое нешчасьце, што законы пойдуць не па нашай мысьлі, а па іхняй хітрасьці,—гэта нас раз’едніць аж да таго часу, пакуль беларусы ні здабудуцца на сілу і на права—распараджацца сваей зямелькай і сваей воляй па самімі сабе уложаных законах, гэта значыцца — у Вольнай і Незалежнай Беларускай Народнай Рэспубліцы.

IV—1921.