Перайсці да зместу

Адраджэньне нацыі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адраджэньне нацыі
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1920
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Углядаючыся да нашае старое правадаўства (нашы законы), раўнуючы яго да законаў, паводле каторых жылі сучасныя нам дзярджавы, мы, беларусы, маема права прад усім сьветам пышацца нашай констытуцыяй XVI сталецьця якую зьмяшчае ў сабе "Статут Вялікага Князьства Літоўскага", уложаны і друкаваны пабеларуску. Так, у першым артыкуле (глядзі выданьне 1588 году) вялікі князь дае гэткую прысягу:

"Напрод мы, господар, обецуем и шлюбуем под тою ж присегою, которую учынили есмо всим обывателем всих земль паньства нашого, великого князства литовского, иж всих княжат панов рад, духовных и светских, панов хоруговных, шляхту, места и всих подданых наших и всих станов в том панстве нашом Великом князстве Литовском и иных всих земль, здавна ку тому паньству прислухаючых, почоншы от вышшого стану аж до нижшого, тыми одными правы и артыкулы, в том же статуте нижей писаными и от нас даными, судити и справовати маем".

І гэта было на дзьвесьце гадоў раней чымся французы на руінах Бастыльлі абяшчалі сьвету прынцыпы волі, роўнасьці і брацтва!

Многа гаворыцца ў нас аб нязвычайных дабрадзействах, якія нам прынесьлі заходнія ўплывы. Бясспорна, ў сфэры духовае культуры мы многа ўзялі адтуль. Але разам з духовай культурай да нас ішлі ( - дарогай праз Польшчу) і тыя прынцыпы палітычнага ладу, які даваў магчымасьць "вышэйшым" станам бесклапотна занімацца навукай і любавацца творамі мастацтва - пад той час, як аб будны хлеб для іх рупіліся іх падданыя, прымушаныя нават веру тую вызнаваць, якую вызнаваў іх пан. І вось і ў нас нараджаецца можнаўладзтва, нараджаецца панаваньне дужых і можных, для якіх "закон ня пісаны". Магнаты, а за імі і шляхта, ўзіраючыся на суседнюю Польшчу, забіраюць усю законадаўчую ўласьць у свае рукі і, што далей - болей, праводзяць глыбокі разьдзел прад законам паміж сваім станам і народам "простым". А разам з тым, падпадаючы ўсё болей пад уплыў польскае культуры, яны перажываюць працэс дэнацыяналізацыі, пачынаюць, замест беларускае, ўжываць выключна польскую мову, лічаць, што яны ўжо "natione polone" і польскі "gentre rutheni" ("па нацыянальнасьці палякі, па роду русіны"), і зусім зрываюць стары жывы зьвязак з суцэльным арганізмам беларускага народу. Праўда, йшчэ нейкі час - і даволі доўгі - рэшткі захаваўшае сваю нацыянальнасьць беларускае інтэлігенцыі вядуць барацьбу за беларускую мову і нацыянальную ідэю. Але ў гэтай барацьбе пераважывае аканчальна сіла польшчыны, і ў канцы XVIII сталецьця - як раз тады, калі творыцца "la nation" у Францыі, - беларуская нацыя перастае істнаваць. Астаецца толькі адна частка яе - дэмос, сялянства і дробнае мяшчанства, і хоць гэта частка лікам пераважывае шмат разоў іншыя станы, однак, бяз свяйго інтэлекту - сваей нацыянальнай інтэлігенцыі - ня можа ўжо жыць поўным жыцьцём, ня можа тварыць і разьвіваць сваю культуру. І беларускі "народ просты" чуць-што ня два вякі жыў жыцьцём нейкага прымітыўнага, найпрасьцейшага жывога арганізму, ўсе чыннасьці каторага обмяжуюцца толькі здабываньнем хлеба дзеля падтрыманьня свайго жыцьця.

Трывала гэта ажно датуль, пакуль на Беларусі не пачалася новая дыффэрэнцыяцыя на соцыяльныя групы.

Аглядаючыся на гісторыю беларускага адражэньня, мы бачым доўгі сьцяг іменьняў, што адзначыліся на працягу XIX схалецьця, як працаўнікі на беларускай ніве.

Аднак, усе яны былі лішне слабыя, каб стацца і інтэлектам нашага народу, былі адзінкамі - а дзеля выпаўненьня функцыі напыянальнага інтэлекту патрэбна была сільная сваёй чысленасьцю і культурнасьцю інтэлігенцыя. Якімі-б волатамі інтэлекту і волі яны ні былі, ўзятая імі на сабе задача была ім не пад сілу.

Гэта ня значыць, быццам іх праца была дарэмнай. Не: "gutta cavet lapidem non vi, sed saepe cadente" (кропля прабівае камень ня сілай, а частымі ўдарамі), - і кіданыя імі зярняты, падаючы на народную глебу, не засыхалі, а толькі не маглі зараз узыйсьці.

Дзеля гэтага былі патрэбны асаблівыя варункі, варункі, пры каторых магла-бы вытварыцца новая народная інтэлігенцыя, - народная, значынца, зьвязаная з народам, выявляючая яго душу, яго думкі і жаданьні, прамаўляючая яго мовай, як сваёй роднай. Ясна, што пад той час, як увесь беларускі сяланскі люд стагнаў пад цяжкім прыгонам, як сыны мужыцкія ня мелі ніякае магчымасьці вырвацца з вёскі і пайсьці ў сьвет па навуку, як яшчэ і пасьля волі расейскі ўрад ажно да 90-х гадоў забараняў прынімаць у гімназіі "кухаркіных дзяцей", - нельга было і думаць аб нарадзінах нашай народнае інтэлігенцыі. Затым то і ўсе прызывы піонэраў беларускага адраджэньня, якіе працавалі да скасаваньня паншчыны, не маглі дайсьці свае мэты. І толькі ў меру агульнае эволюцыі соцыяльных і экономічных адносін у нашай бацькаўшчыне вытварыліся тыя варункі, нястача каторых затрымлівала адраджэньне нашага народу ажно да пачатку XX сталецьця.

Новую эпоху ў нашым нацыянальным жыцьці адкрывае вызваленьне нашага сялянства ад прыгону. На ўсім сьвеце людзі былі ўжо вольны, і толькі ў межах Расейскае імперыі захаваўся быў яшчэ той від рабства, які называўся "паншчынай". Але пад націскам дэмократычных ідэй былі прымушаны да ўступак нават і маскоўскія "самадзержцы", - і на прыгон прыйшоў канец. Праўда, рэформа 1861 году мела багата хіб і шмат у чым пакрыўдзіла сялян, - усё-ж яна дала магутны імпульс народным масам да ўсестароннага разьвіцьця і поступу. Ведама, пакаленьні, якія ўзрасьлі пад прыгонам, а таксама іх дзеці, ўзгадаваныя ў атмосфэры рабства, - гэта ўсё йшчэ людзі мінуўшчыны. Толькі новыя пакаленьні, якія нарадзіліся і ўзрасьлі ў новых варунках, пачынаюць пачуваць сябе вольнымі людзьмі і болей таго: гаспадарамі на сваей зямлі, ў сваей старонцы. Дабрабыт сялянства памяншаецца, раўнуючы да прыгонных часоў. Кардон, які аддзяляў вёску ад места, разрываецца пад націскам сялянскіх мас, каторыя пасылаюць у сьвет шырокі сваю моладзь заваёвываць недаступную ім дагэтуль навуку, здабываць грамадзянскія і палітычныя правы. Беларусь - разам з усімі складовымі часьцямі старое Расеі - перажыьае вядомы пэрыод "народніцтва", калі адначасна з наплывам сялянскіх элемэнтаў да мест адбываецца адплыў у вёскі мястовае дэмакратычнае інтэлігенцыі. Але ў Беларусі да агульна-расейскага народніцкага руху чыста соцыяльнага характару далучаюцца элемэнты нацыянальныя. Ня глядзячы на бязмала сталетнюю абрусіцельную работу расейскага ўраду, меўшую на мэце вытравіць у народнай душы пачуцьцё нацыянальнае асобнасьці, - пачуцьцё гэнае, маючы ў аснове гістарычныя традыцыі незалежнага палітычнага істнаваньня, у беларусаў не замерла, а як-раз пачало выяўляцца вельмі ярка калі ў народных масах прабудзілася ўрэшце гордасьць чалавека, сьвядомага сваіх правоў. У канцы 80-х і пачатку 90 гадоў мы бачым закладзіны першых беларускіх дэмакратычных арганізацый з нацыянальным духам, каля каторых гуртуецца толькі што нараджоная народная інтэлігенцыя. Гэтыя гурткі творацца паміж першымі студэнтамі - сялянскімі сынамі. Прадстаўнікі першых інтэлігентаў, выйшаўшых спад вясковае стрэхі, выдаюць першую беларускую рэвалюцыйную часопісь "Гоман" у Менску. У канцы 90-х гадоў арганізуюцца ўжо гурткі школьнае моладзі, з каторых і выходзяць найбольш выдатныя дзеячы беларускага руху. Калі ў 1903 годзе завязываюцца арганізацыі "Беларускае Рэвалюцыйнае Грамады" - першай беларускай палітычнай партыі, яны знаходзяць даволі чынных членаў па ўсей Беларусі - як з мястовае інтэлігенцыі, так і з фабрычных работнікаў - эмігрантаў з вёскі, дык асабліва з так-званай вясковай поўінтэлігенцыі. Як сьнежны камок, кінуты з вяршыны высокае гары, шыбка коціцца ўніз і, аблепліваючыся сьнегам, вырастае ў вялізарную глыбу, каторая часта гоніць у даліну грозную сьнежную лявіну, - так і рух беларускі, распачаты жменькай ідэалістаў, у меру разьвіцьця беларускае ідэі прыцягавае да сябё ўсё больш і больш сьвядомых інтэлігентаў - беларусаў, маючы нявычарпаную крыніцу сьвежых сіл у многамільённых сялянскіх масах. Гэтыя масы дыфэрэнцыруюцца, выдзяляюць сваю інтэлігенцыю - свой мозаг, і вось пачынае ізноў формавацца беларусная нацыя з усімі атрыбутамі сучаснае нацыі.

Ад самых першых дзён сваіх беларускі рух ідзе пад чырвоным штандарам. Галоўны кіраўнік да другога дзясятку гадоў нашага сталецьця - гэта Беларуская Соцыялістычная Грамада (б. Рэвалюцыйная). Беларускі нацыянальны ідэал зьліваецца і ідэнтыфікуецца з ідэалам партыйным.

Але ўжо ў 1912 годзе мы бачым яўны знак таго, што ў беларускім грамадзянстве пачынаюць тварыцца новыя групы, якія твораць свае кіраўнічыя арганізацыі, выдаюць свае часопісі і т. п.

На першым месцы стаіць тут каталіцкая клерыкальная група з яе органам "Bielarus", выдаваным у Вільні да самае сусьветнае вайны. За час вайны і расейскае рэвалюцыі гэты кірунак разьвінуў шырокую працу паміж каталіцкім духавенствам усходняе Беларусі, аб'яднаўшы больш за сотку нацыянальна сьвядомых ксяндзоў беларусаў. І цяпер гэты кірунак мае сваю моцную хрысьціянска-дэмакратычную арганізацыю ў Менску, мае сваю тыднёвую газэту "Krynica" ў Вільні, мае шмат дзе свае дробные арганізацыі і гурткі. У часе нямецкае окупацыі ў Вільні-ж утварылася была партыя клерыкальна-консэрватыўная з учасьцем выдатных прадстаўнікоў зямельнай буржуазіі, але, як яўны анахронізм, хутка замерла. Урэшце, аналёгічную апошняй арганізацыю прабавалі закласьці эвакуяваныя з Беларусі праваслаўныя сьвяшченікі, якія сабраліся на зьезд у Маскве ў ліку каля 800 душ, - але і тут быў той самы рэзультат, што і ў партыі клерыкальна-консэрватыўнай.

Другі новы кірунак адзначвае утварыўшаяся ў падмаскавскай Беларусі ў 1917 годзе "Беларуская Народная Грамада". Яе праграма, соцыяльна даволі ўмеркаваная, дала магчымасьць згуртаваць беларускія нацыяльныя элемэнты, якія не стаяць на соцыялістычнай плятформе, але ўсё-ж настроены шчыра дэмакратычна. Пазьней - у апошнія дні нямецкае окупацыі - залажылася ў Вільні блізкая ей па духу "Беларуская Народная Партыя" (цэнтр яе ў Віленшчыне).

Расейская рэвалюцыя 1917 дае новы імпульс дзеля дыфэрнцыяцыі беларускага грамадзянства. Побач з утварэньнем мяшчанснае групы ў Менску ("Беларускае Прадстаўніцтва" ў часе нямецкай окупацыі) паўстае да жыцьця антытэза яе: Беларуская Камуністычная Партыя. Але найбольш ярка гэта дыфэрэнцыяцыя беларускага грамадзянства выяўляецца у Радзе Беларускае Народнае Рэспублікі: тут мы бачым прадстаўнікоў самых рожнародных арганізованых соцыяльных груп з правымі, партыямі цэнтру, кадэтамі, народнай партыяй і чатырма соцыялістычнымі фракцыямі: соцыяль-дэмакратаў, соцыяль-рэвалюцыянераў, соцыялістаў-фэдэралістаў і народных соцыялістаў.

Усё гэта - знак таго, якім многабочным і скомплікованым становіцца беларускае нацыянальнае жыцьцё: кожная партыя - гэта выяўленьне істнаваньня асобнае грамадзкае групы з яе асаблівымі соцыяльнымі інтарэсамі.

І наш нацыянальны арганізм, рожнародныя функцыі каторага выпаўняюць розныя групы нашага грамадзянства, ў гэткай дыфэрэнцыяцыі мае пэўнае забясьпечаньне жыцьця і правільнага разьвіцьця.

Антон Навіна. Вільня, 1920 г.