Перайсці да зместу

Адраджэньне Беларусі і Польшча (1921)/VII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
VI.Спробы конкрэтнага развязаньня беларуска-польскіх ўзаемаадносін VII. Вывады
Публіцыстыка
Аўтар: Аляксандр Цвікевіч
1921 год
Літэратура

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VII. Вывады.

1. Нацыональна-культурнае адраджэньне Беларусі і польская дзяржава. Вартасьць констытуцыйных гарантый. Прудон аб старой Польшчы. Што сьведчыць сеняшні дзень? 2. Спінны хрыбет беларускага адраджэньня. Немагчымасьць соцыальнага вызваленьня Беларусі пры залежнасьці яе ад Польшчы. 3. Немагчымасьць экономічнага адраджэньня Беларусі пад сучаснай Польшчай. 4. Сьвядомасьць сілы і сьвядомасьць слабасьці польскага імпэріалізму.

Для таго, каб зрабіць агульны вывад з папярэдняга агляду і адказаць на пытаньне аб характару адносін сучаснай Польшчы да беларускага адраджэньня, трэба угаварыцца аб разуменьні беларускага вызвольчага руху.

1. Адраджэньне Беларусі можна разумець з аднаго боку як эволюцыйны, культурны процэс, які ў дацяперашні час быў гвалтоўнымі захадамі паліцэйскай дзяржавы прыдушан, і які цяпер, у варунках вольнай дэмократычнай дзяржаўнасьці, павінен развівацца нормальна і ў канечным рэзультаце прывесьці да самастойнай беларускай культуры. Процэс гэты, па істоце сваей спакойны і знайходзіцца ў залежнасьці ў першую чаргу ад узроста інтэлектуальных сіл краю, якіе нельгя стварыць адпаведным распараджэньнем дзяржаўнай улады; ад палітыкі ён залежыць нагэтулькі, насколька ў дзяржаве можа быць пастаўлена пытаньне: ці ёсьць, ці німа беларускай нацыональнасьці. Калі на гэтае пытаньне дзяржава адказвае нэгаціўна, дык німа мовы аб гарантыях для ея развіцьця, а ёсьць простая забарона яе; калі-ж на пытаньне гэтае адказываюць згодна, дык у сучаснай эўропэйскай дзяржаве звычайна ужо не імкнуцца да спыну культурнага ўзросту народу; можнасьць развіцьця разумеецца сама сабой, і ідзе гутарка аб як найлепшым забаспечаньні такога ўзросту.

Як мы бачылі з папярэдняга раздзелу, проэкты аб'еднаньня Беларусі з Польшчай, ці то ў форме рэальнай уніі — „гістарычнай Літвы", ці то ў форме фэдэратыўных кантонаў - дапускаюць развіцьцё беларускай нацыональнай культуры і даюць для гэтага пэўные констытуцыйные гарантыі. Даецца право роўнасьці беларускай мовы, ў некаторых выпадках нават як мовы урадовай; пытаньня асьветы, нацыональнага культа і г. д. - амаль поўнасьцю перэдаюцца компетэнцыі месцовых органаў урадаваньня: краёваму сойму, як законадаўчаму абаронцу месцовых інтэрасаў, і краёваму ураду, як органу выканаўчай месцовай палітык

Сучасная Польшча лічыць сябе заходна-эўропэйскай дзяржавай і дзеля гэтага вызнае патрэбу вольнага развіцьця беларускай культуры.

Але галоўная прычына, заразумела, ляжыць ня ў тым, што Польшча лічыць беларускі народ за асобную нацыю. Як было зазначано вышэй, сярод польскага грамадзянства больш популярна пераконаньне, што беларусы - гэта этнографічна teren przejsciowy, а беларусы-каталікі гэта амаль што звычайные палякі.

Галоўнае аб'ясьненьне крыецца ў тым, што развіцьцё беларускай культуры ляжыць ў інтэрасе польскай дзяржавы, і калі польская палітыка ідзе на сустрэч дамаганьням беларусаў аб национальнай школе, мове, звычаях і г. д. - дык гэтые пляны можна лічыць даволі шчырымі. Трэба толькі даваць ім належнае аб'ясьненьне і не надта імі захоплівацца.

Старая Расея не баялась Польшчы і дзеля таго не ганялась за тым, каб прывярнуць беларусаў да сябе і тымі, ці іншымі уступкамі абернуць іх супроць Польшчы. Да таго-ж, беларускі народ быў заўсёды этнографічна бліжэй да яе, нічым да Польшчы, і паддаваўля пэўнай асыміляцыі. З яго ня трэба было нават рабіць свайго саюзьніка супроць каталіцызму, як гэта мела месца ў грунтоўна рознай этнографічна Літве. І таму на Беларусі была палітыка не уступак, але наймацнейшага гвалту.

Сучасная Польшча, па першае, баіцца Расеі, баіцца магчымай „усходнай навалы", і, па другое, яна бачыць, што нацыональна розную Беларусь не ў яе сілах перэтварыць ў нацыональна польскі край. І таму яна ідзе шляхам уступак ў дзедзіне нацыональнай культуры, зацікаўлена ў нацыональным ўзросьце Беларусі і зьвертаньні яе фронтам супроць ўсходу. Польскай дзяржаўнай думцы ясна карысьць ад беларусаў, як саюзьнікаў; ясна карысьць ад стварэньня паміж ей і Расеяй нацыональна-асобнага беларускага барьеру, які хоць крыху мог бы бараніць яе ад „навалы са ўсходу" і прыняць на сябе адтуль першы удар.

Вызнаючы крысьць ад беларускага нацыональнага адраджэньня і даючы яму пэўные гарантыі, польская палітычная думка ставіць яго аднак у залежнасьць ад двох варункаў:

а) адраджэньне беларускай нацыі павінна абхапіць сабой увесь магчыма поўны этнографічна-беларускі абшар на ўсход, але павінна адмовіцца ад заходных яго частак. Горадзеншчына і Віленшчына, ня толькі ў каталіцкай сваей частцы, але наагул, павінны быць прызнаны за абшар польскі і тут цалком павінна запанаваць польская культура.

b) адраджэньне беларускай нацыі павінна адбывацца ў межах польскай дзяржаўнасьці, г. зн. ў тэй, ці іншай залежнасьці ад польскай дзяржавы.

Апроч мяркаваньняў чыста палітычнага характару, аб якіх мы мелі зручнасьць ўспамянуць, гаворучы аб тэорыі „гістарычных граніц“ ў вылажэньню п. Галецкага, прыводзяцца яшчэ і іншые мяркаваньня. У Польшчы прынята думаць, што Беларусь культурна, духоўна больш збліжана да Польшчы, чым да ўсходу, што ў ей больш моцны культурные традыцыі захаду, што яна больш „цягне“ да Варшавы. Польская сучаснасьць у гэтым сенсе не далёка адыйшла ад точкі погляду месцовага польскага патрыотызму 30-60 г.г., і ў ей жыве перакананьне, што дзякуючы сувязі Беларусі з Польшчай ў мінулым, якой сувязі не магла парваць 150-гадовае панаваньне Маскоўшчыны, і дзякуючы прысутнасьці на Беларусі польскай меншасьці, уасабляючай польскі „культурны капітал", — на Беларусі „пламянее польскі дух", нават да ўсходніх рубяжоў Магілеўшчыны і Вітэбшчыны.

З другога боку, пэўная частка палякаў лічыць, што беларускае адраджэньне цесна зьвязана з Польшчай і што, ласьне, дзякуючы апошней, беларускі рух набываў увесь час сілы для змаганьня з расейскім царызмам. Польшча ў гэтым сенсе лічыць сябе ня толькі саюзьнікам адраджаючайся Беларусі, але нават яе апекункай. „Калі толькі беларусы не захочуць стапіцца ў ўсерасейскім моры, дык яны павінны зразумець практычную абавязковасьць аўтаномнай сувязі сваей з Польшчай"—кліча п. Недзялкоўскі.

Вось на гэткі „практычны грунт" і становіцца ідэолёгія, лічучая патрэбным абаперці адраджэньне Беларусі на Польшчу.

Польшча, сьведчыць яна, — дзяржава з адносна невялікім насяленьнем.

Калі нават не згадзіцца, што Польшча больш нацыональна толерантна, чым Расея, і прызнаць, што здольнасьць польскай культуры датычна дэнацыоналізацыі Беларусі адналькова са здольнасьцю Paceі, то ўсё-ж такі, прыймаючы пад увагу лік насяленьня абедзьвех старон, напор дэнацыоналізуючых сіл з боку Польшчы будзе заўсёды ў 4, а нават і ў 5 раз меншы, чым з боку Раceі.

Спрыяйлівае развіцьцё беларускай культуры пад Польшчай забаспечваецца яшчэ тым, што працілегласьці беларускай і польскай культуры, выцекаючые з іх нацыональнай адлегласьці, неўпараўнаньню вялікшые, чым культуры беларускай і расейскай. Беларус этнографічна бліжэй вялікаросу, ён два апошніе сталецьця жыў з ім ў аднэй дзяржаве, прывык да яго; мова беларуса неўпараўнаньню бліжэй да мовы расейскай, чым да польскагай — і ў гэтым схована аграмадная небаспека для адраджэньня беларускай культуры, калі яна павінна будзе развівацца „ў аўтаномічным звязку з маскоўшчынай".

Небаспека денацыоналізацыі з боку Польшчы зменшаецца так сама таму, што польская культура ў параўнаньню з расейскай — слабая. Каб перэканацца ў гэтым даволі параўняць лік кніг на польскай і расейскай мове. Ня гледзючы на сваю адсталасьць, Расея ўсё-ж такі мае да распараджэньня нагэтулкі значны рэзэрвуар культурных сіл — учыцельства, чыноўніцтва і інш., — што адбіцца ад наплыва іх Беларусі заўсёды будзе трудна. Расея ужо сотні гадоў валадзела Беларусьсю, paсейская культура пранікла ў тоўшчу народа, ва ўсе галіны беларускага жыцьця, яна амаль што зусім дэнацыоналізавала беларускі горад і ў значнай меры дэнацыоналізавала беларускую вёску, — яе трэба будзе з аграмаднымі высілкамі выкарчоўваць, ў той час, калі польская культура павінна будзе нанова заваёўваць Беларусь.

Да таго-ж, Польшча — дзяржава заходнай культуры і, як Беларусь ў часе свайго росквіту ў мінулым, бярэ свой пачатак ад крыніц рымска-романскай цывілізацыі. Польшча, як і Беларусь, заўсёды стаяла тварам на захад, а не на ўсход, і толькі гвалтоўніцкая палітыка маскоўскага царызма прымусіла яе завязнуць ў нятворчым візантызме і глядзець на поўазіяцкую Маскву, як на другі Рым. Дзеля гэтага і сëніка, пасьля таго як парвана сувязь Беларусі з Расеяй, і Беларусь пачынае уваскрашаць сваю мінулую славу, яна павінна зьвязаць свой лёс з Польшчай, як бліжэйшай заходнай суседкай. Добра і тое, што адраджэньне беларускага народу адпавядае польскім інтэрасам, бо яно можа абаперціся ня толькі на плятонічные сымпатыі, ці антыпатыі, якіе граюць у дзяржаўным жыцьці даволі зьняверную ролю, і могуць зьнікнуць пад уплывам прыпадковых абставін, а на факторы сталые, ад сымпатый незалежные.

Апошнім і галоўным довадам на карысьць збліжэньня Беларусі з Польшчай, зьяўляецца ссылка на констытуцыйнасьць польскага народу і яго дзяржавы. Расея — гэта старана без дзяржаўнага розуму ў эўропэйскім разуменьні, старана няўроўнаважаная, старана палітычных крайнасьцяў. Гэта — дзяржава ці „скованных рабов", калі на чале яе сядзіць цар, ці — дзяржава „рабов взбунтовавшыхся", калі ў ей пануець самая дзікая, нестрыманая анархія. Зьвязываць свой лёс з ей — гэта значыць рабіць скок у невядомасьць і падвадзіць Беларусь пад рызыку загінуць ў грамадзянскай вайне, ці зноў трапіць у старую „турму народаў".

Як бы там ні было, але ўсе проэкты дзяржаўнага аб'еднаньня Беларусі з Польшчай гарантуюць ей свабоднае развіцьцё культуры. Хоць гэта і програма-мінімум, але яна рэальна, вядзе да добрых мэт, урэшці, адпавядае удзельным суадносінам сіл абедзьвех старон. Правы, якіе прыпадаюць Беларусі згодна гэтых програм, можна ў рэспубліканскай Польшчы замацаваць у адпаведнай констытуцыі і быць пэўным на будучыну, што яны ня будуць зьменяны пад уплывам якіх небудзь часовых, пераходзячых падзей.

Некаторым з вышэйнаведзяных аргумэнтаў ня можна адмовіць ў слушнасьці, але агульна кажучы, ў іх зашмат гістарычнага ідэалізму і, па другое, яны занадта вялікае значэньне прыдаюць пісанаму закону.

Спрэчацца з тым, што старая беларуская культура шла з заходу і была з ім арганічна зьвязана — нельга. Даволі успомніць хоць бы біографію Др. Францышкі Скарыны. Так сама нельга спрэчацца з тым, што лепшая частка польскага грамадзянства за часоў рэвалюцыйнай барацьбы за свае вызваленьне, уплыла на беларускае адражэньне і нават у апошніе годы царызму ідэйна дапамагала беларускаму руху. Але гэтые факты надта мала, а мо' і зусім нічога не гавораць на карысьць палітычнага аб'еднаньня Беларусі з Польшчай. Гісторыя сьведчыць хутчэй наадварот, што культурнаму беларускаму адраджэньню трэба унікаць палітычнай сувязі з польскай дзяржавай. Мы ведаем, што занепад беларускай культуры пачынаецца акурат з тэй пары, калі Беларусь пайшла на гэткае аб'еднаньне (канец 16 веку). Так сама ведаем, што ўсю доўгую гісторыю сумеснага жыцьця, Беларусь нічым добрым памянуць Польшчу ня можа.

Па-другае, тэорыя беларуска-польскага збліжэньня занадта вялікае значэньне ў міжнацыональных адносінах прыдае констытуцыйным гарантыям.

Ня кажучы ужо аб тым, што апроч грамадзкіх спроб і плянаў паасобных партый (якіе мы вылажылі ў папярэдні разделе), польская дзяржаўнасьць за ўсе тры гады свайго істнаваньня не зарэкомендавала сябе адпаведнымі проэктамі, і што дзеля гэтага авансаваньне ей даверра ні на чым рэальным не аснована — ня кажучы ужо аб гэтым, мы наагул ня згодны углядаць у констытуцыйных гарантыях панацэю ўсяго благога, калі за гэтымі пісанымі гарантыямі не стаіць констытуцыйна выхованая нацыя, што гістарычна прызвычаілась шанаваць закон і забаспечаные гэтым законам чужые правы.

Ўся гісторыя шляхоцкай Польшчы пераконвае нас, ласьне, у тым, што патрэбнага шанаваньня чужога права ў ей не было. Прыймаючы-ж пад увагу, што сучасная Польшча ёсьць так сама панска-шляхоцкай, што жыцьцëм яе кіруець магнацка-капіталістычны кляс, — мы думаем, што вымаганай пашаны ня будзе і ў сучасным, і што констытуцыйные гарантыі будуць гарантыямі паперовымі.

Каб ня быць голаслоўным, прыпомнім вельмі цікавую характарыстыку старой Польшчы, зробленую вядомым французкім соцыолëгам і публіцыстам Прудонам, і параўнаем яе з некаторымі фактамі сучаснасьці.

Прудон, які зьяўляецца ў гісторыі эўропэйскай думкі адным з першых, што выступіў ў абарону малых народаў і абаснаваў прынцыпы дзяржаўнага фэдэралізму, ставіўся да Польшчы вельмі непрыхільна. Ён добра ведаў яе гісторыю, як палітычную, так і соцыальную. Свой пагляд на польскую справу ён вылажыў ў спэцыальным артыкуле „La Pologne", напісаным з прычыны дамаганьняў палякаў, ў часе другога паўстаньня 63 году, перад Эўропай аб адбудове незалежнай Польшчы ў граніцах 1772 r. („Sі les traіtes de 1815 ont cessé d'exіster?" Parіs, 1863).

Ўсе няшчасьця Польшчы, Прудон углядае ў шляхце, якая ўяўляла сабой увесь польскі народ:

„Ўсе няшчасьця Польшчы маюць свой пачатак ў шляхоцкім стане. З першага пагляду на гісторыю Польшчы можна убачыць, што польскі народ складаецца выключна са шляхты. Гэты стан, ў праціўнасьць прынцыпам заходнай арыстокрацыі (асабліва англійскай), не разумеў, што яго высокае становішчэ ў дзяржаве яго забавязвае. Разбэшчаная ад ураджэньня, ня маючая ўласнага гэнія, — шляхта істнавала толькі для пленьня народу, для зніштажэньня дзяржавы і для национальнага сораму". (Стр. 71).

І таму Прудон пытаецца: „Што агульнага мае гэта каста з Эўропай дэмократычнай, роўнапраўнай і констытуцыйнай? Ці маець яна свае месца ў сучаснай Эўропе — Эўропе Рэвалюцыі? Ці не зьяўляецца яна прыродным ворагам ўсіх народаў, асабліва славянскіх?"

„Забабоны шляхецкай ідэі, даведзяные да дзяцінства і вар'ятства, недысцыплінаванасьць, уведзяная ў прынцып гонару, — ўсё гэта робіць палякаў фальшывымі арыстакратамі, фальшывымі дэмакратамі, фальшывымі каталікамі, фальшывымі рэвалюцыонэрамі, так сама як яны былі фальшывымі шляхцічами. Яны будуць верны толькі іезуітам". Польскую рэспубліку старых часоў Прудон называе „опэрнай дэкорацыей", і падзел Польшчы ў 1772 г., ён разглядае як акт справядлівы: „гэты падзел для польскага плебса быў эмансыпацыей". „Гэты падзел з другога боку прычыніўся адраджэньню народаў, над якімі Польшча панавала".

Свой знаменіты лëзунг, што „уласнасьць — гэта грабеж“, Прудон поўнасьцю прыстасоўвае да старой Польшчы:

„Натуральнае право вымагае ад польскай шляхты ня толькі асвабаджэньня іх рабоў (якіе зрабіліся свабоднымі і без яе) але і звароту забраных калісь ці зямель, несправедлівае ўладаньне якімі было першай прычынай няшчасьцяў іх бацькаўшчыны. Калі ёсьць на зямлі месца, дзе можна было-б сказаць, ня толькі з пункту гледжаньня абстрактнай крытыкі, але пазытыўнай практыкі, што ўласнасьць гэта грабёж, дык гэта ў Польшчы".

І вось аўтар „Du Prіncіpe federatіf" .., што горача заяўляў, што „усе нацыі маюць роўнае право на істнаваньне", што „кожная нацыя, як бы ні была малая яе тэрыторыі, мае право на сувэрэнітэт“, — гэты аўтар на пытаньне аб праве Польшчы на адбудову ў граніцах 1772 г. адказывае рышуча негаціўна.

„Па прыкладу вашых дзядоў, я налагаю свае veto французкага грамадзяніна. Палякі! Мінуўшчына, сучаснасьць, будучына; свабода, прогрэс, право; рэвалюцыя і трактаты — ўсё вас засуджаець. Вы хочаце уваскрэснуць, — але па за межамі сучаснага жыцьця. Ад гэтага часу ваша адзіная слава — гэта прыняць засуд... Успомніце моцнае слова жаўнера да Нэрона: Usque adeone morі mіserum est? Ці-ж гэта нешчасьце — ўмерці" ?

Прудону, як і шмат каму з сучасных дасьледчыкаў, не былі вядомы запраўдные адносіны на т. зв. „старых польскіх" землях. Але ўсё-ж такі ён рышуча заяўляе, што Польшча, якая ўвесь час жыла на прынцыпе гвалту і эксплуатацыі, не мае права на панаванье над народамі, што жывуць з ей побач.

„Дык-жа літоўцы, - гэта не палякі. Дык-жа беларусы (les Ruthenes) - гэта так сама не палякі."!

„Анархісты, якімі зрабіла вас прырода, вы маеце іншые мэты, інакш дзеля чаго гэтая гутарка аб нацыональнасьці, на што гэтае паўстаньне Польшчы ў старых межах? Тое, чаго вы хочаце сёньня, як і раней, як і заўсёды, - бо вы шляхта — гэта ўладаць, гэта эксплуатаваць."

Агульны вывад Прудона, што нацыя, якая ня мела пашаны да чужога права, да чужой нацыональнасьці, — ня мае права, каб гэтае права прыстасоўвалі да яе. Народ, які складаецца з аднэй толькі шляхты, што дусіць ніжэйшы кляс — селянства, і ў якім гэтае селянства не мае голасу, — гэты народ не мае дзяржаўнае будучыны і да яго трэба ставіцца вельмі крытычна.

Так Прудон характарызуе старую Польшчу. Сëняшні дзень дабаўляе да яго характарыстыкі мала чаго добрага.

Мы ведаем, з якой упартасьцю працівілась польская дзяржава ў асобе сойма і ураду зусім натуральным вымаганьням дзяржаў заходу аб гарантыі правоў нацыональных меншасьцей ў Польшчы. Той факт, што Вэрсальская умова вызнала Польшчу толькі пад варункам падпісаньня знамянітага трактату аб правох нацыональных меншасьцей, сьведчыць, як мала веры даюць заходные дзяржавы „констытуцыйнаму характару" сучаснай Польшчы.

Артыкул першы гэтае умова, ратыфікаванай польскім соймам 1 жніўня 1919 г. катагарычна забавязвае Польшчу, каб „яго пастановы былі вызнаны Польшчай як правы прынцыповые (fondamentales), каб ніводная установа, распараджэньне, ніводная урадовая чыннасьць ня йшла супроць гэтых пастаноў і што ўсё тое, што йдзе супроць іх будзе лічыцца не маючым сілы". Дзевяцьнадцаць артыкулаў гэтага трактату гавораць, ласьне, аб праве народаў, трапіўшых дзякуючы вэрсальскай мове пад польскую ўладу, на свабоднае нацыональнае развіцьцё, на свабоду культуры, школы, культаў і г. д., як і наагул на роўные грамадзкіе і палітычные правы, ня гледзючы на рожніцу нацыональнасьці і рэлігіі. Артыкул 12 трактату гаворыць аб тым, што за выконаньнем Польшчай абавязкаў, прынятых на сябе згодна трактату датычна национальных меншасьцей, будзе даглядаць Ліга Народаў, і што нават зьмена гэтых пастаноў ў Ліге Народаў вымагае кваліфікаванай большасьці галасоў.

Такім чынам мы бачым, што констытуцыйная гарантыя самых элемэнтарных право жыхароў ня польскай нацыональнасьці, ўзмацняецца гэтым трактатам ў форме падвойнай міжнароднай гарантыі. І ўсё-ж такі, ня гледзючы на гэткую кваліфікаваную гарантыю, становішчэ ня польскіх жыхароў ў Польшчы ў данны момант далёка ад нормальнага.

Другім прыкладам нетрваласьці констытуцыйных гарантый служыць абарона інтэрасаў працоўнага селянства ў Польшчы, якая мелася быць праведзянай зямельным законам 10 ліпеня 1919 г. Ня гледзючы на тое, што аб гэтай маленькай уступцы шляхецкіх станаў працоўнаму люду польская прэса шмат крычала (асабліва у нас на Беларусі), але яна, як і трэба было спадзявацца, засталася мёртвай літэрай і, ёсьць грунт думаць, застанецца ей і надаль.

Гарантыі, якіе можа даць польская дзяржава Беларусі, ня будуць, трэба думаць, замацаваны ў акце міжнароднага значэньня. у лепшым здарэньню яны будуць вынікам згоды абедзьвех старон (у выпадку скліканьня беларускага устаноўчага сойму, але, ясна, не ў разуменьню п. Недзялкоўскага); ў горшым — будуць „падарункам", дэкрэтаваным ў аднастароннім акце польскага сойму.

Паскольку за вольным развіцьцём беларускай культуры будзе даглядаць месцовы сойм, пастольку можна гаварыць аб больш лепшым становішчы жыхароў Беларусі ў параўнаньні з непалякамі — жыхарамі Польшчы. Але ні першая, ні другая форма констытуці не гарантуе Беларусь, што гэтая констытуцыя можа быць „папраўлена", і што беларускі сойм можа быць... разагнаны. Усё будзе залежыць ад суадносін сіл абедзьвех краін і, фактычна, ад добрай волі Польшчы, як значна мацнейшай.

Нават пры найлепшых пісаных гарантыях, нават пры найспагадаючых настроях Варшавы, становішча беларускага Менску ў хаўрусе с сучаснай Польшчай будзе заўсёды загроджана, калі ўспомніць аб ролі польскага „крэсовага элемэнту". Гэты „крэсовы элемэнт", гэтая зямельная арыстокрацыя, шляхоцка - эксплёатуючы стан пры ўсіх добрых плянах цэнтра, абярне Беларусь у „крэсы", і пытаньне аб беларускім культурным адраджэньні абярне ў пытаньне „окраинной", „крэсовай" палітыкі. Беларусь ператворыцца ў Польшчы на кшталт Галіцыі ў Аўстрыі, ці Фінляндыі у Расеі. Дзякуючы прывілейнаму палажэньню ў крае, дзякуючы экономічнай перавазе і перавазе культурнай, ўсе адпаведные мейсцы ў урадовых установах, а ў значнай меры ў краёвым сойме, безварункова захопіць крэсовая шляхта.

Практыка беларускага жыцьця будзе ў руках магнатаў. Пачнецца барацьба, пачнецца змаганьне паміж двох культур - польскай і беларускай, і калі перамога ня будзе на баку першай, то напэўна можна сказаць, што развіцьцë другой будзе згальмована, скалечана.

Такая доля чакае Беларусь цэнтральную і ўходнюю — праваслаўную, (Менск-Магілеў-Вітэбск). Што-ж датыча заходнай Беларусі (Горадні і Вільні), асабліва яе каталіцкіх частак, дык тут вынік аб'еднаньня перадбачыў, як ведаем, нават „соцыаліст" п. Недзялкоўскі: праз 10-20 гадоў яна будзе „этнографічна" польскай зямлей. Не дарма-ж прадстаўнік польскага соцыалізму дзеліць беларускі народ па рэлігійнай азнацы і са ўсей сілай „соцыалістычных" аргумэнтаў бьець у грудзі Беларусі ласьне ў гэтым слабым месцу. Ён ведае, што рэлігійнае пытаньне, — гэта наша няшчасьце, наша гістарычная хвароба, і сьвядома карыстае з гэтага беларускага няшчасьця. Мы так сама пераконаны, што праз 10-20 гадоў беларускі селянін-каталік Горадзеншчыны і Віленшчыны пад уражаньнем жандарскай нагайкі, памешчыцкага прыгону і ксяндзоўскага казаньня „выкажа адпаведную волю" і заявіць сябе з дзеда-прадзеда палякам.

Да страты двох мільёнаў беларусаў заходных губэрній вядзе плян беларуска-польскага еднаньня.

ІІ. Адраджэньне нацыональнай культуры, разумеемай вузка, у форме адраджэньня мовы, літэратуры і навукі, становіць аднак толькі адну з мэт беларускага вызвольчага руху.

Нагэтулькі-ж важным заданьнем яго зьяўляюцца — соцыальнае вызваленьне працоўных мас Беларусі, экономічнае адраджэньне краю і, як вышэйшая праява нацыональнай свабоды, — ўзмацненьне самаістнай нацыональнай дзяржаўнасьці.

Ніводная з гэтых мэт ня будзе на Беларусі асягнена ў выпадку палітычнай залежнасьці яе ад сучаснай Польшчы.

Социальная вызваленьне мысьліцца намі як рэвалюцыйны процэс, што павінен асвабадзіць селянства ад яго прыгнечанага палажэньня ў крае, вырваць яго з рук жаброўства і стварыць з яго той моцны, творчы кляс, на каторы магла-б абаперціся адраджонная беларуская дзяржаўнасьць.

Беларускае селянства павінна зьявіцца тым аснаўным станам, які утрымае на сваіх плячох гэту вялікую будоўлю, — толькі адзіна гэты кляс здольны выканаць нагэтулькі цяжкую задачу.

Беларусь павінна быць дзяржавай працоўнага селянства. Калі Беларусь ня будзе дзяржавай селян, дык яна наагул ня будзе істнаваць як дзяржава.

На Беларусі німа другога стану апроч селянства, на які можа разрахоўваць дзяржаўная ўлада: нячысляны процэнт месцовага пролетаріату ня можа пацягнуць за сабой многамільённае жыхарства, хоць бы нават яму часова, пры дапамозе староннай сілы пашчасьціла устанавіць сваю дыктатуру на Беларусі. (Тое, што мы маем цяпер на Беларусі ў глыбокай меры ненормальна. Дзякуючы дапамозе Масквы і маскоўскай чырвонай арміі, на Беларусі пануе невыразны рэжым гаспадарства маленечкай партыі, лічучайся з партыйнай шпаргалкай, апрацаванай ў Маскве, і адсуваючай беларускае селянства далёка на другі, ці нават трэці плян. Ня дзіва, што гэткі парадак выклікае з боку селянства рашучую барацьбу супроць жменькі маскоўска-жыдоўскага пролетаpіaтy.)

Яшчэ ў меншай меры можа абаперціся беларуская ўлада на месцовым мешчанстве, дробнай сельскай шляхце і інтэллігэнцыі, — сілы ў палітычным значэньню вельмі невыразные і здольные адыграць ў арганізацыі краю толькі падсобную ролю.

Другім доказам таго, што толькі селянства павінна зьявіцца клясам, на якім будзе збудована адраджаючаяся Беларусь служыць той факт, што толькі яно захавала да цяперашняга часу сваё нацыональнае аблічча, захавала родную мову, звыча, што толькі яно зьяўляецца запраўднай крыніцай беларускай нацыональнай энэргіі. Месцовае мешчанства, інтэлігэнцыя і, ў значнай меры, вясковая шляхта ў нашые дні грунтоўна здэнацыоналізаваны, і іх прыдзецца вертаць у лоно нацыональной стыхіі. Для таго, каб зрабіць беларускае места запраўды беларускім, трэба прыблізіць яго да вёскі, ці лепш, трэба каб беларуская вёска стала домініруючай сілай ў краю і палітычна апанавала места.

Для таго, каб селянства магло перэтварыцца з забітых бядотай, матэр'яльна слабых і залежных ад памешчыка працаўнікоў - ў кляс працаўнікоў моцных матэрэяльна, у кляс культурнатворчы, здольны выдзяліць з сябе даволі актыўных сіл для апанаваньня места і дзяржаўна-палітычнага апарату Беларусі, — трэба падвесьці пад яго экономічную базу, трэба ў поўным маштабе вырашыць аграрную проблему на Беларусі.

Зямельнае пытаньне на Беларусі зьяўляецца спінным хрыбтом беларускага адраджэньня. Калі яно будзе вырашано полумерамі, і нязгодна з жыцьцёвымі інтэрасамі беларускага селянства — ўвесь рух будзе ў вачах шырокіх працоўных мас скомпромітован і адраджэньне Беларусі будзе разьбіта ў шчэнт.

Дзеля гэтага соцыальна-рэвалюцыйны момант беларускага руху трэба зрабіць цэнтральным, і весьці барацьбу за вырашэньне зямельнага пытаньня да тае пары, пакуль селянства не ўзмацуецца ў новым сваім палажэньні, пакуль ня знікнуць апошніе сьляды старога соцыальнага ладу.

У раздзеле аб мерах зацікаўленасьці польскага капіталу на Беларусі мы мелі магчымась убачыць, што добрая палавіна беларускай зямлі належыць польскім памешчыкам. Лёс гэтай зямлі непакоіць польскую думку, і яна дае спробы вырашаньня аграрнае проблемы на Беларусі так, каб не парушыць інтэрасаў Польшчы. Усе спробы сводзяцца да палавінчатых компромісаў і задаволіць беларускае селянства ня могуць. Так напр., проф. З. Людкевіч[1] разважаючы аб варунках вырашэньня проблемы, невыразна зазначае экономічную і грамадзкую старану справы і сьвядома пакідае без адказу палітычную яе старану:

„Аграрная рэформа мае дзьве стараны - экономічную (zagadnienie gospodareze) і грамадзкую (strona spoleczna). Паскольку ідзе гутарка аб гаспадарчую, экономічную старану, трэба давясьці да утварэньня самаістных здаровых гаспадарскіх адзінак, на якіх месцовае рольнае жыхарства могло-б абаперціся. Прыймаючы пад увагу грамадзкую старану справы, трэба каб рольнае жыхарства ня толькі знайшло дастатачны лік працы, але так сама каб стала экономічна незалежнай, г. зн. каб атрымала ўласные самадзельные варстаты працы".

За гэтымі нічога не значнымі „вытычнымі“, пад якімі можа распісацца ўсякі, хто хочучы, ідуць указаньня на патрэбу парцэляцыі і асьцярожны намёк на тое, што гаспадарам лятыфундзій прыдзецца ўступіць вымогам часу і ... інтэрасам польскае дзяржавы. Аб інтэрасах Беларусі, аб патрэбе аддачы заграбованай памешчыкамі зямлі працоўнаму селянству, аб абавязкова скасаваньня сучаснага прыгону у новых капіталістычных формах - аўтар маўчыць, і гэтае маўчаньне лепш за ўсё сьведчыць, чыі інтэрасы ён бароніць.

Слова у напрамку палітычнай стараны зямельнага пытаньня кідае п. Маеўскі, апрацоўваючы мэты „Стражы Крэсовай" на Беларусі.

Ен кажа: „Не у імя дзікага нацыоналізму, ці жаданьня дэнацыоналізаваць літвіноў, ці беларусаў; не ў імя ненавіднасьці да гэтых народаў, ці захватніцкага гакатызму; не ў імя заграбленьня жывучых там народаў, шляхам пазбаўленьня іх гаспадарчых вастатаў — ідзем мы сюды. Нам гэта не патрэбна. у польскіх руках на „Літве" ёсьць даволі зямлі для зьмяшчэньня на ей лішку польскага насяленьня з этнографічных зямель. З гэтай польскай зямлі можна выкраіць тысячы варстатаў, на якіх беззямельны і малазямельны польскі селянін з Каралеўства, Галіцыі і Познані зможа знайсьці для сябе аснову для сня і развіцьця".[2]

Вось ў чым крыецца сэкрэт польскага аграрнага радыкалізму, вось якую палітычную мэту цікуе польская зямельная рэформа на Беларусі! Беларускай і літоўскай зямлёй, захоплянай „літоўскімі" магнатамі-эксплуататарамі, хочуць збіць з толку галіцкіх і познанскіх селян, і адвесьці іх увагу ад абшарніцкіх маёнткаў ў Галічыне і Познані.

Тут мы ў першы раз сустрэчаемся з шырока вядомай спэцыфічна польскай тэорыей нацыональнага ўладаньня зямлей: тая зямля, якая знайходзіцца ў руках польскіх памешчыкаў на Беларусі — ёсьць зямля польская, і право распараджэньня ей належыць Польшчы. Калі дзяржаўная патрэбнасьць прымусіць Польшчу пайсьці на падзел гэтай зямлі, то гэтая зямля павінна быць падзеляна не між месцовым жыхарствам, а паміж польскім элемэнтам, што будзе насланы сюды з этнографічнае Польшчы.

Тэорыю нацыональнага уладаньня зямлёй, ёсьць грунт думаць, парадзіў стара-шляхоцкі пагляд на зямлю, як сваю вотчыну, незалежную ад дзяржавы, у якой польская шляхта адчувала сябе як бы экстэрыторыальнаю, - калі паняцьцю дзяржаўнай тэрыторыі проціставілась паняцьце прыватнага ўладаньня. На стварэньне гэтага погляду ўплыў так сама факт бездзяржаўнасьці польскае нацыі ў апошніе сталецьця, калі сярод палякаў на Беларусі сьвядома ўзмацоўвалося пераконаньне, што ўладая зямлёю, яны захоўваюць хоць нейкую зьвязь з страчанай дзяржаўнасьцю.

Прынцып нацыональнага ўладаньня і процістаўленьне прыватнай зямельнай уласнасьці прэрогатывам дзяржавы, заходзіць ў палякаў нагэтулькі далёка, што яны напр., лічуць суседнюю самастойную дзяржаўную ўладу ня ў праве распараджацца лёсам тых зямель, якіе належаць грамадзянам гэтай дзяржавы польскай нацыональнасьці, без згоды на то ураду Польшчы. Гэткі выпадак, як ведама, быў з Латвійскай рэспублікай.

У прылажэньні да Беларусі, якую кожны паляк з Каралеўства, ці Пазнаншчыны лічыць сваей часткаю, гэты погляд на землю мае асобліваю моц. Лёгка можна, дзеля гэтага сабе ўявіць, якіе „магчымасьці" соцыальнага адраджэньня стануць перад Беларусьсю, калі яна ня толькі будзе лічыцца, але запраўды зробіцца гэткаю часткаю. Чы зможа пры гэтым поглядзе на справу зрабіць што небудзь кантональная ўлада і той самы краëвы сойм, які даецца Беларусі польскай палітычнай думкай як найбольшая гарантыя яе правоў? Мы маем падставу думаць, што ня зробіць нічога.

Беларусь ніколі ня зможа вырашыць зямельнае пытаньне і падняцца на ногі, калі на пульсе яе жыцьця будзе ляжаць цяжкая рука польскага импэріалізму. Нават тагды, калі Беларусь будзе ад Польшчы незалежна, барацьба з польскім абшарнікам будзе цяжкая. Калі-ж будзе залежна, то барацьба гэтая будзе безнадзейная. Бо ня гледзючы на законы сойму - ні беларускаму селяніну, ні нават польскаму селяніну, калі-б ён рашыўся кінуць сваю ўласную гаспадарку і вымандраваць на эміграцыю на Беларусь, - польскі магнат зямлі ня даст. У гісторыі не было таго прыкладу, каб пачуцьцё нацыональнае, ўзяло гару над пачуцьцём клясавым. Асабліва гэта датыча польскай шляхты, як паказала яна сябе ў мінулым. Заўсёды інтэрасы клясу, скурные інтэрасы капіталу кіравалі жыцьцём і палітыкай нацыі і дзяржавы. З самай магчымасьцю выданьня соймам закона аб аграрнай рэформе на Беларусі — магнат будзе змагацца ўсіма сіламі, і мы пэўны — ён не дапусьціць да выданьня такога закону.

Пашто гаварыць аб Беларусі і аб лёсе беларускага селянства, калі, як мы дакладна ведаем, лёс польскага малазаможнага селянства, заслужвае шчырага спачуцьця. Абецанкі дзяржавы, вылажаные у законе сойма аб зямельнай рэформе, аказалісь маной: ўсе захады, ўсе пастановы, маючые на мэці хоць крыху палепшыць становішча польскага селянства, сустрэчаюць дружны, арганізаваны адпор з боку абшарніцкага капітала і разбіваюцца аб сьцяну рожных перашкод, каторые гэты капітал творыць ў практыцэ польскага жыцьця. Датычна Беларусі гэты адпор і гэтая практыка будуць ў шмат разоў мацнейшымі, асабліва таму, што будуць падмацованы мяркаваньнямі нацы ональнага характару.

І таму не шляхам саюзу з польскім імпэріалізмам, не шляхам скліканьня „Краёвага" Сойму, знайходзячагася пад кіраваньнем Варшавы, — а шляхам арганізацыі незалежнай Селянскай Беларускай дзяржавы, шляхам стварэньня законадаўчага органу, ў якім паразітарны стан шляхецкага земляўладцтва ня меў бы месца — трэба ісьці да вырашэньня аграрнай проблемы на Беларусі.

У напрамку барацьбы са ўсемагутным абшарнікам і магнатам беларускае селянства павінна сустрэнуць ў селянстве польскам толькі свайго саюзьніка. Калі гэта зьдзейсьніцца, калі гэтые дзьве сілі пойдуць супроць агульнага ворага адным супольным фронтам, толькі тагды можна будзе мець надзею, што справа будзе выграна і для польскага селяніна.

Селяніну з Галічыны, Познані і Каралеўства трэба ведаць, што яго збавеньне ня ў тым, каб перабрацца ў чужы яму национальна і палітычна край, ня ў тым, каб нанова завадзіць гаспадарку на беларускай зямлі, а ў тым, каб сваю родную, старую гаспадарку палепшыць коштам памешчыцкай зямлі, што ляжыць у яго побач.

Селяніну з Галічыны, Познані і Каралеўства трэба ведаць, што галоўнай цытадэльлю магнацка-памешчыцкага капіталу, што душыць сучасную Польшчу, зьяўляецца, ласьне, магнацкая цытадэль на Беларусі. Усе свае сілы для змаганьня з працоўнымі селянскімі масамі ў этнографічнай Польшчы, абшарнічаства чэрпае з сваіх беларускіх рэзэрваў. Толькі зваліўшы супольнымі сіламі панаваньне зямельнага капіталу на Беларусі, польскі селянін зможа выбіцца з сваей бядоты на родных загонах.

Што датыча Беларусі, дык захаваньне памешчыцкага земляўладцтва небаспечна для яе ня толькі таму, што пры ім беларускае селянства не ператворыцца ў дзяржаўна-творчы стан, але так сама таму, што пры ім застаецца на будучыну найбольш упарты фактар дэнацыоналізацыі Беларусі.

Багатые двары ў селянскай Беларусі да апошняга часу былі уасабленнем „вышэйшай" польскай культуры ў параўнаньню з „ніжэйшай" беларускай. Калі яны застануцца, дык заўсёды будуць падтрымліваць у акружаючых вёсках — адзінай надзее адраджаючайся Беларусі — сьвядомасьць рожніцы паміж панскім — польскім, і мужыцкім — беларускім выхованьнем і асьветай. У сьвядомасьць масы гэты факт будзе ўплываць разьедаючы: ён будзе аслабляць волю да захоўваньня і тварэньня свайго нацыональнага беларускага. Карыстаючыся сваей матэр,яльнай заможнасьцю і сваімі ўплывамі як сярод месцовых, так і цэнтральных ўрадовых устаноў (ў Варшаве), памешчыцкая кляса будзе дусіць акружаючае селянства безспасрэдна і пасрэдна — праз працу ў „панскім двару", — будзе кіраваць яго увагу увесь час не свае, беларускіе мэты, не на Менск і Вільню, а на Варшаву і Кракаў.

Асабліва небаспечны будзе „панскі двор" для каталіцкай часткі Беларусі, дзе на падмогу абшарніку прыдзе польскі ксёндз. Тут-ка створыцца непераможны хаўрус панскага двара з касьцëлам, для якога слабое экономічна і духоўна беларускае каталіцкае селянства будзе ўдзячным об'ектам дэнацыоналізацыі, мерамі ўключна да рэлігійнай анафэмы і жандарскага тэррору. Барацьба вызвольчай беларускай ідэі з гэтым хаўрусам будзе няроўная і будзе вымагаць шмат ахфяр. Для таго, каб унікнуць гэтых ахфяр трэба ісьці не шляхам компромісаў з сучасным польскім імпэріалізмам, але простай дарогай рышучай барацьбы з ім.

Толькі тады, калі Беларусь здолее пазбавіцца памешчыцкага земляўладцтва і вырваць з карэньнямі тые ракавые язвы, што точуць цела народа і поэтычна завуцца хіжацкім польскім імпэріалізмам „рожамі на мужыцкай беларускай ніве", — толькі тады Беларусь можа быць спакойна і за развіцьцё сваей национальнай культуры і за развіцьцё сваей селянскай дзяржаўнасьці.

ІІІ. Трэцьцяй, чароднай задачай беларускага вызвольчага руху ёсьць — экономічнае адраджэньне краю.

ў першую чаргу мэта экономічнага адраджэньня будзе асягнута праз соцыальнае вызваленьне працоўных мас Беларусі, праз перадачу беззямельнаму і малазямельнаму селянству памешчыцкай зямлі. Сотні тысяч і мільёны рабочых рук, што былі заняты працай на памешчыцкіх маёнтках, ці, за бракам зямлі, павінны былі ісьці на эміграцыю, — атрымаюць уласную гаспадарку, застануцца на месцу. Тая надвартасьць працы селяніна, занятага на памешчыцкай зямлі, што ішла раней ў кішэню памешчыка, пойдзе селяніну і колосальна павялічыць заможнасьць селянскай масы, павялічыць пакупную яго здольнасьць. Калі нават агульная продукцыя краю часова крыху зменшыцца, то селянства як стан, і кожны селянін, як частка гэтага стану, - узмацняцца ў сваім экономічным становішчу. Дабрабыт краю ў цэлым паднімецца на аграмадную вышыню.

Апроч зніштажэньня асноў старога парадку, апроч нішчаньня таго нэгаціўнага, што перэшкаджала Беларусі развінуць свае творчые сілы — экономічнае адраджэньне краю павінна ісьці шляхам актуальным, шляхам адпаведнай экономічнай палітыкі.

І зноў, як ў пытаньні соцыальнага будаўніцтва, мы павінны адзначыць, што палітычная залежнасьць Беларусі ад сучаснай Польшчы будзе гальмаваць яе экономічнае адраджэньне.

Дарма некаторые польскіе экономісты імкнуцца давесьці, што калі Беларусь пойдзе на сувязь з Польшчай, яе чакае шчасьлівая будучына: будзе зьдзейсьнена асушка пінскіх балатаў, будуць праведзяны вельмі важные для экономічнага жыцьця Беларусі каналы, пачнецца інтэнсыўная разработка аграмадных запасаў торфу на Беларусі, расцве прамысловасьць, будзе паднята на патрэбную вышыню лесная і вясковая гаспадарка, прыйдуць да парадку чугункі і г. д.

Для ўсякага, хто хоць крыху разумеецца ў пытаньнях экономікі, хто хоць крыху знаëм з экономічнымі сіламі і цяжкім экономічным занепадам сучаснай польскай дзяржавы, ясна, што ўсе гэтые абецанкі — адна мана. Лепш за ўсё ведаюць гэта тые самые польскіе экономісты, што абецаюць Беларусі залатые горы.

Калі згадзіцца, што ў нашу перахадовую дабу капітал павінен да пэўнай меры захаваць свае значэньне ў экономічным жыцьцю народа, то усё-ж ня трэба забывацца, што сучасны капітал мае пэўные градацыі ў сенсе формы свайго прылажэньня і тых мэт, якіе перад сабой ставіць. Найгоршай формай капіталу зьяўляецца так зв. капітал колёніальны, які чуж інтэрасам тэй стараны, якую ён апаноўвае, і які мае на мэці толькі зыск з калёніі, а ніяк ня творчасьць і арганізацыю месцовых прадпрыемств. Колëніальны капітал імкнецца захапіць заўсёды тую старану, якая не мае сваей уласнай прамысловасьці і якая багата на сырэц. Забраны ў калёніі сырэц, гэткі капітал перерабляе не тут на месцу, у калёніі, але вывозіць яго дамоў, ў мэтрополію, для пераробкі на сваіх фабрыках; у калёнію вертаецца ужо гатовы фабрыкат. Дзякуючы гэтаму, ў калёніі не ўзьнікаюць свае ўласные фабрыкі, яна нічога для сябе ня можа вырабіць, ня гледзючы на тое, што маë патрэбны сырэц; дзеля гэтага яна ніколі ня можа вырвацца з- пад экономічнай залежнасьці ад мэтрополіі. Колёніальны капітал сьвядома ня творыць месцовай прамысловасьці, бо гэтая прамысловасьць, парадзіўшы конкурэнцыю, абапертую на ўласны сырэц, які ня трэба было-б вывазіць на старану і плаціць за гэта асобную цану, убіла-б колёніальны капітал.

Колёніальны капітал расквітае пышным цьветам галоўным чынам ў аграрных краінах, развіваючы сваю ўласную прамысловасьць коштам гэтых аграрных краін. Аграрные краіны дзякуючы гэтаму ня могуць нават стварыць кадры сваей нацыональнай буржуазыі, якой хоць бы крыху хадзіла аб месцовые інтэрасы.

Развіцьцё колëніальнага капіталу звычайна зьвязана з сістэмай экономічнага протэкцыонізму, які праводзіцца урадам метрополіі і мае тую ж мэту - барацьбу з імкненьнем калёніі, стварыць сваю прамысловасьць. На сустрэч колёніальнаму капіталу ідзе дзяржава.

Сістэма протэкцыонізму мае месца там, дзе колёніальны капітал слабы. Каб ён ня ўпал — яго штучна патрымоўвае дзяржава. Гэта вядзе безумоўна да нездаровага палажэньня ўсяго экономічнага жыцьця мэтрополіі: буржуазыя яго развіваецца ненормальна, апіраючысь не на ўласные сілы, а на падачкі дзяржавы. Сістэма протэкцыонізму звычайна вядзе да упадку прамысловай ініцыатывы, пры ей найбольш часта здараюцца выпадкі, калі з чыста палітычных мяркаваньняў, а часам дзякуючы асабістым зьвязам, падтрымоўваюцца яўна нежыцьцёвые галіны прамысловасьці, скарбовые кошты кідаюцца ў прорву рожных спекулятыўных опэрацый. Ня трэба казаць, што найбольш дрэнна адбіваецца гэтая сістэма на экономічна - залежных краёх, якімі зьяўляюцца калёніі.

Беларусь у складзе старой Расеі, роўна як Украіна, Каўказ і інш., была калёніей для расейскага (маскоўскага) і, па часьці, польскага капіталу. Яна давала расейскаму цэнтру (маскоўшчыне) свой сырэц (лён, пеньку, лес і г. д.), каторы, ці перерабляўся на расейскіх фабрыках, ці прадаваўся заграніцу. Амаль што ўся прамысловасьць старой расейскай дзяржавы была скучана ў цэнтральна-прамысловым paіoнe (так зв. „Маскоўскі цэнтральна-прамысловы paіoн" — 15 губэрній, на чале з Масквой). Старая Расея цягнула ў свае цэнтры дабро „окраин“, жывілась іх коштам і сокам. Расейскі капітал вырастаў як капітал колёніальны, ўселякімі захадамі падтрымоўваўся расейскім урадам. Колёніальны маскоўскі капітал не развіваў месцовай — беларускай, украінскай і г. д. прамысловасьці; памянёные народы не маглі жыць „для сябе" —яны жылі для Масквы. Не магла на Беларусі развівацца месцовая, нацыональна-беларуская буржуазыя, і таму не вырастала сіла, якая ў варунках старога рэакцыйнага парадку магла ўзяць на сябе рэпрэзэнтацыю іднацыональнага адраджэньня.

Беларусь, так сама як Украіна, Каўказ і другіе староны, не магла экономічна развівацца не таму, што яна экономічна была слабая, а таму што яна падпала пад палітычнае панаванье Масквы і Пецябурга; гэтая ласьне залежнасьць, парадзіла стан агульна гаспадарскага занепаду Беларусі.

Палітычнае паняволеньне ішло наўперадзі паняволеньня экономічнага. Яно зрабіла з Беларусі найперш „окраину", а пасьля маскоўскую калёнію, і як калёнія Беларусь не магла выбіцца з пад экономічнай апекі Масквы, не магла стварыць уласнай прамысловасьці. Толькі ў апошні час, калі гвалтоўна —цэнтралізуючая сіла расейскай дзяржавы пачала слабець, калі ўсё мацней прымушалі адчуць сябе чыста экономічные фактары і законы, -цэнтр экономічнага жыцьця Расеі пачаў перадвігацца з цэнтру дзяржавы на „окраины" — ў першую чаргу на поўдзень, у напрамку Чорнага мора.

Разам з тым, сістэма дзяржаўнага протэкцыонізму, што шырака практыкавалась ў Расеі, прывяла да таго, што прамысловасьць яе, ня гледзючы на колосальнае багацьце сыраўцоў, была нездаровая, штучная. Расейскі капітал ня мог экономічна апанаваць тые аб шары, якіе захапіла улада маскоўскіх цароў.

Калі Беларусь прымушана будзе пайсьці на палітычнае аб'еднаньне з Польшчай, экономічнае развіцьцё яе пападзе яшчэ ў горшае становішчэ, ніж гэта было за часоў расейскага панаваньня.

У старой Расеі Беларусь хоць і была фактычна калёніей, але за гэткую офіцыальна не лічылась. Польшча наўперад, нават не маючы Беларусі, ужо лічыць яе за сваю калёнію. Гэтая псыхолёгічная рожніца павінна прымусіць паставіцца да плянау збліжэньня з Польшчай з вялікай асьцярожнасьцю.

Па другое, польскі капітал, ў параўнаньню з старым расейскім, ў шмат разоў слабейшы. Даводзіць гэтага ня трэба, дзеля таго, што гэта ведама кожнаму чытачу. Калі г. ч. зьдзейсьніцца плян польска-беларускага аб'еднаньня, дык экономічна слабая польская дзяржава пропорцыональна захопіць нагэтулькі вялікіе абшары, што з імі ніколі не справіцца слабы польскі капітал.

Польскіе палітыкі не дарма гавораць аб тым, што Беларусь павінна стацца „калëніей" Польшчы: яна стане гэтай калёніей у найгоршым разуменьню гэтага слова, бо ня будзе нават об'ектам эксплёатацыі польскага колёніальнага капіталу, але коцэссіонна-колёніальнага. Слабы польскі капітал ня знойдзе ў сябе магчымасьці, каб выцягнуць з Беларусі ўласнымі сіламі той сырэц, які ёсьць на Беларусі. Ён ня будзе здольны нават на тое, каб уласнымі сіламі арганізаваць эксплёатацыю натуральных багацьцяў Беларусі і перэварыць гэтые багацьця на сваіх фабрыках. Ён павінен будзе безварункова аддаць большую частку Беларусі на эксплуатацыю загранічнаму капіталу ў форме концэссій, пры чым сам адыграе ролю звычайнага комісіонэра-пасрэдніка.

Ўсе карысьці гэткага парадку рэчы прыпадуць Польшчы і ўся шкаднасьць - Беларусі. Польскі капітал, што арганізуе на Беларусі концессіі для загранічнага капіталу, будзе атрымоўваць за гэта свой комісіонны процэнт, як з аднэй, так і з другай стараны. У сваю чаргу, концэссіонны капітал, каб аплаціць выданы Польшчы комісіонны процэнт, павінен будзе сьцягнуць гэты процент з Беларусі, ў форме паніжэньня цаны на беларускі сырэц. Цана на беларускі сырэц будзе такім чынам паніжацца падвойна. Беларусь падпадзе пад падвойны прэсс, які, як зазначана ў разд. V. - будзе выкачваць з яе для заграніцы вельмі важные сыраўцы (лён, пеньку, лес, скуру) і будзе выкідываць на яе рынак нічога не вартые польскіе маркі.

Польская прамысловасьць, слабая для таго каб даць Беларусі ўсе патрэбные для яе спажывецкага рынку тавары, ня толькі ня будзе мець магчымасьці (і ахвоты!) арганізаваць ў новастворанай „калёніі" месцовую прамысловасьць, але сьвядома будзе перашкаджаць арганізацыі гэтай прамысловасьці з боку концэссіоннага капіталу. Беларусь, г. ч. будзе пазбаўлена магчымасьці развіваць сваю прамысловасьць, як таму, што яе конкурэнцыя будзе пагражаць Польшчы, так і таму, што прад загранічным капіталам, які мог бы пры другіх варунках арганізаваць беларускую прамысловасьць, будзе вісець адпаведная забарона. Ўся увага польскай дзяржавы будзе скірована на тое, каб падняць на патрэбную вышыню прамысловасьць на этнографічна-польскіх землях, пры чым гэта падняцьце будзе ісьці шляхам нетворчай эксплёатацыі Беларусі. Іншымі словамі будзе тое самае, што было з Беларусьсю пад Расеей, але шмат горэй.

Змагацца з гэткім станам рэчы, г. зн. весьці экономічную палітыку самастойна, цікуючы свае карысьці, Беларусь зможа толькі тады, калі будзе незалежнай ад Польшчы. Як экономічна слабейшая за Польшчу, яна магла-б весьці магла-б весьці пры палітычнай залежнасьці больш-менш самастойную эконономічную палітыку толькі тады, калі-б мела да распараджэньня свой ўласны нацыональны капітал, — чаго мы пра Беларусь сказаць ня можам.

Ня можна оптымістычна лічыць, што Беларусь можа наагул абайсьціся без староннага капіталу. Загранічны капітал на Беларусь прыдзецца дапусьціць, і ён безварункова пранікне на Беларусь, але гэтае пранікнавеньне павінна будзе адбывацца ў залежнасьці ад мэт беларускай дзяржавы, пры пэўнай яе коррэктуры. Коррэктаваньне пранікнавеньня капіталу на Беларусь будзе выражацца ў тым, што, па першае, ён будзе дапускацца на прынцыпе вольнай конкурэнцыі і, па другое, ён будзе дапускацца пры варунку абавязковай арганізацыі месцовай прамысловасьці.

Беларуская нацыональная ўлада павінна будзе аддаць пэўные галіны сваей гаспадаркі (якіе, мы аб гэтым не гаворым), у концэссію загранічнаму капіталу, але яна зробіць як выбар таго, якіе ласьне концессі можна даць, так і на якіх варунках; каб ня толькі не перашкаджаць ўзросту беларускай прамысловасьці, але выклікаць гэты ўзрост. Так напр., беларуская ўлада можа аддаць пэўную концэссію на эксплёатацыю лесу, але з тым, каб разработка гэтага лесу, у найбольш інтэнсыўных формах, адбывалась на месцу (арганізацыя фанернага выробу, сухой перагонкі, выроб мэблі і г. д.). Так сама беларуская ўлада можа прапанаваць загранічнаму капіталу правядзеньне каналаў і разработку торфу, але таму, які згодзіцца на найбольш выгодные варункі і хто зробіць гэта па найбольш таннай цане.

Калі ў парадку вольнай конкурэнцыі польскі капітал пранікне на Беларусь, дык супроць гэтага ніхто нічога мець ня можа. Другая справа, што пры гэтым варунку польскі капітал ніколі на Беларусь ня прыйдзе — для гэткай конкурэнцыі ён ня мае ні адпаведнай валюты, ні адпаведных тэхнічных сіл.

Інтэрасы экономічнага адраджэньня Беларусі вымагаюць толькі таго, каб Польшча не стала комісіонерам для Беларусі, каб на беларускай экономіке не была збудована паразітарная надстройка. Але строіць сваю экономічную палітыку так, каб забараніць польскаму капіталу наагул доступ на Беларусь, да гэтаго ніхто імкнуцца ня будзе. Наадворот, Беларусі, як і Польшчы ходзіць аб тое, каб магчыма бліжэй і мацней арганізаваць свае экономічные ўзаёмаадносіны.

Для польскага капіталу зусім даволі абшар этнографічнае Польшчы; тут ён можа даць тое, на што здольны, без штучнага падтрыманьня з боку дзяржавы. Захопленьне Беларусі перэтварыло-б яго ў капітал хіжацкі, патрабуючый для свайго нездаровага росту сістэматычных субсідзій ад народнага скарбу. Польскіе капіталісты могуць быць зацікаўлены ў гэтым, але польскі народ ў цэлым і асабліва польскі пролетаріат, для якога больш за ўсё важна нормальнае развіцьцё прамысловасьці — будуць ад гэтага толькі цярпець. У сенсе развіцьця сваей капіталістычнай гаспадаркі, Польшча павінна браць прыклад не са старой Раceі, а з індустріальна развітых дзяржаў заходу.

Што датыча спэцыальна польскага пролетаріату, дык разам з польскім селянінам, ён павінен стаць у вызвольчай барацьбе Беларусі з Польшчай на бок Беларусі ня толькі з чыста ідэйных мяркаваньняў, ня толькі з прынцыпу, што пролетаріат павінен быць заўсёды на баку паняволенага супроць гвалтоўніка, але з мяркаваньняў чыста практычнага характару.

Далучэньне да Польшчы чыста аграрнай Беларусі, вельмі пагоршыць становішча польскага пролетаріату. Малазямельнае і беззямельнае беларускае селянства створыць вялікі рэзэрвуар незанятых рабочых рук, і зьявіцца фактарам, сур'ёзна ўплываючым на зьмяншэньне заработнай платы ў Польшчы. Яно створыць той трудавы рэзэрв, які сілай жыцьця будзе перашкаджаць польскаму пролетаріату барацьбу з польскім капіталам, які пазбавіць экономічные страйкі (забастоўкі) польскага пролетаріату іх вострасьці, дзеля таго, што капіталіст заўсёды знойдзе ў беларускім беззямельным селянстве танную рабочую сілу, што пойдзе на якіе хочучы прапазіцыі, толькі-б не ўмерці з голаду.

Аб справе гандлю беларускімі таварамі мы мелі зручнасьць сказаць некалькі слоў вышэй. (Разд. V.) Да іх можна дабавіць толькі, што правільная пастаноўка гандлю ў выпадку залежнасьці Беларусі ад Польшчы магчыма толькі пры варунку, калі Польшча знойдзе выхад да Балтыцкага мора праз Літву і Латвію. Беларусь — дзяржава балтыцкая, асабліва заходна-паўночная; рэалізацыя запасаў беларускага сырца магчыма толькі на Балтыку. Выхад туды можа быць зьдзейсьняны ці ў форме аружнага захвату гэтых дзяржаў і далучэньня іх да Польшчы на асновах больш - менш сходных з Беларусью (сістэма кантонаў), ці ў форме скрытай гегемоніі над латвійскімі і літоўскімі портамі — шляхам заключэньня адпаведных гандлёвых умоў. Тое самое, што з Прыбалтыкай, павінна было-б стацца з Украінай, каб магчыма была рэалізацыя аграмаднага леснага гомельскага рынку, якая адбывалась да апошняга часу на поўдзень (Одэса, Мікалаеў).

У праціўным выпадку беларускі сырэц трэба было-б цягнуць надзвычайна даўгім шляхам на Гданск, што страшэнна ўздаражыла-б яго і закрыла-б прад ім загранічны рынак. Захопленьне Беларусі польскім гандлёвым капіталам без захопленьня ўсей Прыбалтыкі, паставіла-б пад вельмі рэальную пагрозу увесь беларускі гандаль, стварыла-б цягнучыйся экономічны крызіс ў крае і, ўрэшці, прычыніла ся-б поўнаму экономічнаму занепаду Беларусі.

Чым менш рэальна будзе для Польшчы магчымасьць захапіць дзяржавы Прыбалтыкі, — тым больш Беларусі трэба знайходзіць сіл для змаганьня з польскім імпэріалізмам.

ІV. Беларускаму адраджэньню, што пачынае буйна варушыць масы, трэба ведаць сілу напора польскага імперіалізму на Беларусь. Трэба ведаць вялікасьць небаспекі і глядзець ей проста ў вочы, каб не абмыліцца ў смертэльнай барацьбе.

Скрываць ня можна — сіла гэтага напору вялікая.

На падмогу добра завуалірованым інтэрасам капіталу прыходзіць ўсё, што толькі капітал можа купіць: палітычные партыі, прэса, грамадзкая апінія, навука і нават мастацтва і рэлігія. Усе захады маюць месца ў абароне скурных інтэрасаў польскіх магнатаў.

Палітычные партыі зьвертаюць увагу народу на небаспеку, што быццым пагражае Польшчы з боку Нямеччыны і з боку Рaceі, і імкнуцца пераканаць ўсіх, што збавеньне ад гэткай небаспекі адзіна — ў захопленьні Беларусі. Вайсковая стратэгія кажа, што толькі на абшарах Беларусі можна знайсьці "стратэгічные лініі", патрэбные для вайны вайны са ўсходам.

Статыстыка творыць сьвядома фальшывые данные аб перавазе „польскага" элемэнту на Беларусі; вылічае сколькі жыхароў прыпадзе Польшчы, з якіх можна было-б набраць не адну дывізію для абароны польскіх дзяржаўных меж. Разам з навукай экономікі - падрахоўвае лік беларускага лесу, беларускага лёну, што могуць павялічыць багацьця Польшчы; вырахоўвае, сколькі польскі скарб можа атрымаць з Беларусі падаткаў, якіе комэрцыйные комбінацыі можна стварыць, дзякуючы захопленьню Беларусі, для экономічнага апанаваньня Балтыкі, Чорнага мора і ўсяго ўсходу.

Юрыдычна-дзяржаўная думка прыстасоўвае для захопленьня Беларусі - ці то скрытага, ці то яўнага — адпаведные дзяржаўнапраўные концэпцыі.

Гістарычная навука узмацоўвае гэтые мяркаваньня ссылкамі на гісторыю, на „гістарычные правы" Польшчы на Беларусь; творыць тэорыі, апраўдываючые захопленьне на аснове волі дынастый, што істнавалі сотні гадоў таму назад.

Поэты і пісьменьнікі, служачые тым жа мэтам, складаюць легенды аб мінулай славе „літоўскіх палякаў", што гэтак прывольна жылі на Беларусі, і косьці якіх завуць на новае паняволеньне яе; мастацкім вершам, каляровым плакатам будзяць волю грамадзянства для аружнага змаганьня з беларускім селянінам.

Уваскрашаюцца старые настроі, старые прэтэнсыі. Навука, палітыка і мастацтва варочаюцца да старых паняцьцяў і тэрмінаў: хапаюцца як і ў старыну з якой-сь конвульсіўнай цэпкасьцю за пахаваную жыцьцём назову „Літвы".

Урэшці рэшт на сцэну выходзіць польскі нацыональны касьцёл і з натхнёным казаньнем паказывае каталіку-беларусу сьвятым крыжом на Варшаву.

Сіла капіталу творыць аграмадны неп ахітны арсэнал аргумэнтаў, ў сотня тысячах літэратурных пісаній і за граніцу, на падмогу урадовым установам, што маюць на мэці перэканаць Эўропу у праўнасьці пахода Польшчы на селянскую Беларусь.

І ўсё-ж такі, ня гледзючы на гэты страшэнны напор, на гэты непахітны арсэнал, Беларусь спакойна глядзіць ў будучыну.

У барацьбе селянскай Беларусі з магнацкай Польшчай перамога будзе на баку першай. Трэба толькі, каб працоўные масы Беларусі сьвядома пайшлі на барацьбу, каб сіла народу не была збіта на рожнага гатунку компромісные сьцежкі.

Шансы гэткай перамогі трэба шукаць не у слабасьці самай польскай дзяржавы. Слабасьць гэта, у параўнаньню з тымі заданьнямі, якіе ставіць ей капітал - вочавідны. Каб захапіць і утрымаць больш за 250 тысяч кв. кілём. этнографічна чужой тэрыторыі з 15 мільёнамі жыхароў, Польшчы ня хопіць ея 25 мільёнаў, нават і падагрэтых нацыональным шовінізмам на 100º.

Ня трэба забывацца, што сучасная Польшча не зьяўляецца моцнай дзяржавай: яна толькі на днях склалася з трох дзяржаўна - розных адзінак, якіе трэба яшчэ стапіць; цэнтрабежные сілы будуць яшчэ доўга даваць сябе адчуваць. Яна экономічна вельмі слабая, аб чым сьведчыць хоць бы вышыня яе валюты. Яна слабая соцыально, бо соцыальные проблемы, між іншым нагэтулькі важнае пытаньне, як пытаньне зямельнае, у ей ня вырашаны і соцыальные супярэчнасьці ў ей надта вялікіе. Ей незадаволены і супроць яе вядуць барацьбу амаль што ўсе яе суседзі - украінцы, чэхі, немцы, літвіны. Увесь дзяржаўны апарат Польшчы толькі цяпер пачынае будавацца і на гэта ясна ў ей не хапае тэхнічных сіл і г. д.

Калі Польшча зьдзейсьніць свае мары аб звароце граніц 1772 г., яна будзе многанацыональнай дзяржавай: апроч 10-12 мільёнаў беларусаў, пад ей апыніцца 6 міл. украінцаў Валыні і Падоліі, 6 міл. галічан са Ўсходнай Галічыны і больш 5 міл. жыдоў. Абшар гэты, як паказвае гісторыя, Польшча не магла утрымаць 150 гадоў таму назад, калі варункі для такога утрыманьня былі вельмі спрыяючые — маса была палітычна безпраўна, экономічна прыдушана, нацыональна невядома; не на кожную тысячу людзей можна было знайсьці граматнага. Не утрымае яна гэты абшар і ў нашу эпоху, калі масы прачнулісь і дышуць рэвалюцыйнымі настроямі.

„Ахілесава пята" польскага імпэріалізму крыецца ў іншым.

Слабасьць сучаснай польскай экспанзыі на Беларусь, як і раней, крыецца ў тым, што яна выклікаецца не жыцьцёвымі, арганічнымі патрэбамі польскае нацыі, - але клясавымі інтэрасамі адносна невялічнай купкі людзей.

Беларусь імкнецца захапіць не польскі народ, а тых дзесяць тысяч памешчыкаў, якіе на ей сідзяць.

Калі-б не было польскага памешчыцкага стану на Беларусі, дык не было-б пытаньня аб беларуска-польскіх адносінах ў тэй вострай форме, як гэта мы бачым сёньня. І Польшча таму толькі уцягіваецца ў барацьбу з працоўнымі масамі Беларусі, што на гэта штурхаюць ея магнаты, беларускіе абшарнікі, каторым ходзіць аб уратаваньне сваіх багацьцяў ўсім, што толькі можа паслужыцца, — ў першую чаргу крывёю польскіх селян і рабочых.

Апроч купкі абшарнікаў, на Беларусі німа ніводнай шырокай групы насяленьня, якая магла-б быць зацікаўлена ў паняволеньні Беларусі. Гэтая купка абшарнікаў нічога на Беларусі ня творыць і стварыць ня можа. Як стан шляхоцка-магнацкі, не абаперты на шырокіе масы народу, яны безжыцьцёвы, і раней, ці пазней, але павінны шчэзнуць. Яны заўсёды шукаюць асягнуць сваей мэты чужымі рукамі.

Сукоснае прызнаньне гэтага факту мы знайходзім ў аналізу грамадзкага становішча польскіх груп у заходнай Беларусі, зробленым п. Сьвехоўскім.

„Палякі на „Літве“, цікуючы адзіна аб'еднаньне свае з Польшчай і заботу аб гэтым аб'еднаньні складаючы на яе плечы, ў арганізацыі гэтых зямель з пункту погляду дзяржаўнага далі сябе перэмагчы: не патрафілі праціставіць на гэтых землях дзяржаўнай мысьлі літоўскай, ці беларускай — мысьлі уласнай, Не патрафілі, ці не маглі стварыць хоць бы суррогату ўласнага ураду, кшталтам такога як народная рада познанская, ці галіцыйская ліквідацыйныя камісія, і ня ўсьціглі дзеля гэтага перэканаць эўропэйскую апінію ў польскасьці зямель паміж Коўнам і Менскам, Падлясьсем і Дзьвінскам".[3]

Гэта — так. Было-б дзіўна, калі было-б інакш.

Мы згодны з тым, што польская шляхта на Беларусі нічога не стварыла, і мы пераконаны ў тым, што яна наагул нічога іншага ня можа стварыць, апроч ганебнага уцягіваньня Варшавы ў авантурнае заваеваньне Менска і Коўна. Яны нічога ня могуць стварыць кшталтам Познані, ці заходнай Галічыны, дзеля таго, што там ёсьць народ, на які можна ў сваей дзяржаўнай працы абаперціся, а тут на Беларусі і на „Літве“ гэтага народу німа. Тут ёсьць памешчыцкіе двары, ёсьць тысяча-другая добра выхованых і ўскормленных на беларускім хлебе паноў, — але і толькі.

Беларускі вызвольчы рух справіцца з гэтым чорным станам; гэтая чорная сіла утоне ў сьветлым моры беларускага адраджэньня. І тады паміж Беларусьсю і Польшчай ня будзе стаяць перашкода, што сварыць гэтые два народы паміж сабой.

Далей. Беларускае адраджэньне імкнецца, як зазначана, да арганізацыі ўласнай нацыональнай дзяржавы. Беларуская дзяржава павінна будавацца на прынцыпе этнографічным, павінна абхапіць сабой увесь беларускі народ, ўсю беларускую зямлю. Гэтага вымагае і чалавечая лëгіка і чалавечае суменьне.

Сьмешна было-б даводзіць польскаму грамадзянству, асабліва яго соцыалістычнаму крылу, што беларускае адраджэньне ніколі не адмовіцца на карысьць Польшчы ад 2-х мільёнаў каталікоў. Бо што-ж тады прыйшлось бы рабіць з беларусамі — праваслаўнымі? Хіба аддаць іх пад „единовѣрчую Россію"? Іншымі словамі пахаваць самую ідэю адраджэньня і паставіць крыж над будучынай народа.

Ясна, што гэтага ніколі ня будзе. Наадварот, — каталіцкая частка Беларусі, як больш нацыональна сьвядомая (што мы з пэўным правам можам констатаваць) зьявіцца, як і зьяўлялась да сёняшняга дня, забаспечаньнем уваскрасеньня, а ня сьмерці сваей Бацькаўшчыны.

І таму першае, што вымагае адраджэньне Беларусі ад сучаснай Польшчы, — гэта пагадзіцца з фактам існаваньня беларускага народу як адзінага цэлага, кінуць дзяліць яго па рэлігійнай азнацэ і не распаўсюджваць сваіх дзяржаўных прэтэнсый далей сваіх этнографічных граніц.

Беларускае адраджэньне вітае ідэю пястоўскай Польшчы, але ніколі не пагодзіцца з ідэяй ягеллёнскай Польшчы, як трактуе яе польская думка. Калі Польшча хоча міру з адраджаючайся Беларусьсю, яна павінна вярнуцца да прэдрэвалюцыйнага лёзунгу: „польская зямля там, дзе яе арэ рука польскага селяніна". Гэта ў вышэйшай ступені справядлівая формула.

Рэвалюцыя, што вярнула Польшчу да жыцьця, не магла ей даць права забіраць тое, што ей не належыць. Калі польская дзяржава пойдзе супроць той сілы, якая яе парадзіла, супроць Рэвалюцыі і яе прынцыпаў, яна упадзе пад яе ударамі.

Беларускі селянін перажыў ліхо шляхоцкай няволі ад 1569—1772 г., перажыў ліхо царска- жандарскай няволі з 1772—1917 г. - перажыве і новатвораны (а па істоце вельмі стары!) польскі імперіалізм, хоць бы яго падпіралі дзесяць тысяч памешчыкаў, ў хаўрусе з правадырамі ура-патрыотычнага касьцельнага "соцыалізму".

Другая вымога, якую можна зазначыць ў стасунку адраджаючайся Беларусі да польскай дзяржавы, гэта поўнае няўмешваньне Польшчы ў справу беларускага адраджэньня. Яму ня трэба апякунаў. Яно здолее зьдзейсьніць свае мэты ўласнымі сіламі.

Проэкты "фэдэратыўнага аб'еднаньня" - найбольшае, што дае Беларусі польская думка (не дзяржава!) гэта тая самая "фэдэрацыя", якую пару гадоў таму проэктавала Расея і з-за якой Беларусь разыйшлася з Масквой. Пашто-ж было разыходзіцца з Масквой, калі тую-ж комбінацыю проэктуе Варшава? Пашто было разрываць дзяржаўные зьвязі і скідаць апошнее (фэдэратыўнае) ярмо расейскае, какі замест яго рыхтуецца новае польскае ярмо і куюцца ланцугі польскай "сувязі".

Беларускі вызвольчы рух імкнецца да стварэньня нацыональнай незалежнай дзяржавы. Толькі незалежная Беларуская Рэспубліка дасьць беларускаму народу можнасьць быць нацыональна свабодным, толькі ўласная самаістная дзяржава пазбавіць яго ад усіх ранейшых форм залежнасьці — духоўнай, палітычнай, матэр'яльнай і інш., што выклікала папярэдняя няволя.

Хто можа спрэчацца супроць гэтага законнага імкненьня, апроч тых, каму свабода беларускага народа становіцца косьцю наўпоперак глоткі?

Калі польская працоўная дэмокрацыя жадае чэсна пайсьці рука у руку з вызволенай Беларусьсю, яна разам з вызнаньнем пра беларускага народа на этнографічные граніцы, павінна поўнасьцю і да канца вызнаць дзяржаўную незалежнасьць Беларусі.

У сваю чаргу, беларускае адраджэньне ідзе насустрэч законным вымогам Польшчы аб вольным развіцьці польскай культуры на беларускіх абшарах. Усе патрэбные гарантыі Беларусь гатова для гэтага даць яшчэ з большай ахвотай, ніж гэта робіць Польшча. Але пры адным варунку.

Як зазначаюць аўтары фэдэратыўных тэорый, "для польскай творчай ідэі ня трэба абавязкова уладаньня зямлёю суседніх з Польшчай народаў." Адраджаючаяся Беларусь цалком годзіцца з гэтым прынцыпам, і таму пазбаўляе польскіх памешчыкаў на Беларусі зямлі і перэдае яе працоўнаму селянству. Інакш гэтага прынцыпу разумець ня можна — і супроць гэткага кроку беларускай дзяржавы польская апінія пратэставаць ня можа. Польская культура будзе уплываць на беларускае жыцьцё, як ўсякая іншая культура, сваей вышынёй, сваей дасканаласьцю, а не матэр'яльнымі засобамі. Бо што сказалі-б, напрыклад, польскіе селяне аб дасканаласьці нямецкай культуры і ці маглі-б хваліцца немцы ўплывамі сваей культуры на Польшчу, калі-б яны разсадзілі на 45% польскай зямлі сваіх памешчыкаў?

Рэч ясная.

* * *

Беларускае адраджэньне не маніць сябе надзеяй на хуткае і шчырае паразуменьне з сучаснай польскай дзяржавай. Барацьба ужо ідзе і будзе адбывацца далей.

У барацьбе з польскім імпэріалізмам Беларусь не адзінока: суседніе з ей народы і, ў першую чаргу, народ літоўскі, знайходзяцца ў стасунку да Польшчы ў аднальковым становішчы. Безварунковае аб'еднаньне дзяржаўных імкненьняў гэтых двох народаў дыктуецца ня толькі ўсей іх добрай мінуўшчынай, ня толькі ўзаемнай экономічнай залежнасьцю, аднальковым соцыальным ладам і нацыональнай нэйтральнасьцю, - але і агульнай небаспекай, што насоўваецца на нашых вачах з заходу.

Пытаньне аб'еднаньня іх — справа бліжэйшага часу.

Ў роўным становішчы знайходзяцца Украіна, (асабліва Галічына), Латвія і па часьці Эсьція. Памянёные народы пойдуць на хаўрус з Беларусьсю запраўды як роўны з роўным, не хаваючы камень за пазухай. І на іх дапамогу ў змаганьні з польскімі апэтытамі Беларусь можа сьмела рахаваць.

Але першая сіла, якая пазбавіць Беларусь новай няволі, і якая вывядзе беларускае адраджэньне на шлях нічым не загальмованага развіцьця, адзіная сіла, на якую гэта адраджэньне павінна абаперціся і якая ніколі не здразіць, — гэта беларускі народ.

Будучына Беларусі - у руках беларускага селяніна. Адраджэньне яе - яго ўласная справа.

  1. Prof. Zodzislaw Ludkiewicz: „Wytyczne reformy agrarnej na Bialej Rusi", Warszawa, 1920.
  2. St. Majewski: „O kresach wschodnich i Straży Kresowej", Lublin, 1918.
  3. M. Świedowski: "O program w stosunku do ziem litewsko-białoruskich".