Перайсці да зместу

Адозва літоўскай рады паўстання пад начальствам Т. Касцюшкі да рускіх салдат

З пляцоўкі Вікікрыніцы
2(13) мая. Адозва літоўскай рады паўстання пад начальствам Т. Касцюшкі да рускіх салдат
Аўтар: Рэч Паспалітая
Крыніца: http://pravo.by/pravovaya-informatsiya/pomniki-gistoryi-prava-belarusi/kanstytutsyynae-prava-belarusi/akty-rechy-paspalitay/akty-pa-stannya-i-vayny-1794-goda/2-13-maya-adozva-lito-skay-rady-pa-stannya-pad-nachalstvam-t-kastsyushki-da-ruskikh-saldat-bel-/

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




2(13) мая. Адозва літоўскай рады паўстання пад начальствам Т. Касцюшкі да рускіх салдат

Салдаты Расіі, з існасці чалавека за людзей намі шануемыя і строгай уладзе камандзіраў падлеглыя. Мы вас лічым за братоў, за блізкіх і спачуваем вашай долі, што вы, жадаючы вольнасці, пад варварскім праўленнем атрымаць яе і карыстацца ёю не можаце. Вы знойдзеце ў душы палякаў чалавекалюбства і хутка зразумееце, што тыран ваш стан амаль да жывёльнага давёў, а калі пажадаеце лепшае і выгоднейшае сабе выбраць, то знойдзеце дапамогу і шчырае братэрства сабе і дзеткам вашым.

Зараз вы нясеце агонь і меч і самыя гнюсныя бедствы на людзей вам непавінных, якія ў сваіх хатах наравілі вам і, з прыстойнасцю саміх сябе шкадуючы, кармілі вас хлебам, сваёю працай набытым.

Але не вас, не вас служывыя справядлівы паляк лічыць віноўнікам гэтых бедстваў, а тыя лютыя і змрочныя душы без уяўлення вернага гонару і воінскай славы вашых афіцэраў і камендантаў, якія ў процівагу вядомым нам чэсным камендантам, са зброяй у руках храбра выконваючых сваю пасаду і якія ўтрымліваюцца пустошыць, мучыць, рабаваць, тады як гэтыя, ухіляючыся ад воінскай бітвы, дасюль не могуць утаймаваць прагі крадзяжу, карыстаюцца грабяжом, зладзействам, разбоем і пажарамі, а замест мужнасці і храбрасці агонь на памешчыкаў кідаць і кроў непавінную бяззбройных людзей праліваць загадваюць з дапаўненнем брыдкіх, не ўласцівых ні богу, ні самым дзікім людзям паскудных беззаконняў.

На гэтых, на гэтых Тучковых і іншых яго каманды і яму падобных і назвы чалавека невартых зверападобных камендантаў і вашых афіцэраў накіроўваецца бязлітасная помста войска польскага і памешчыкаў па ўсёй акружнасці зямлі польскай і тая помста нязбежным полымем разам з крывёю аказана будзе. Што ж тычыцца вас, служылых, прымушаных тварыць беззаконні супраць людзей хрысціян, то прыхільнасць палякаў прабачаць і не адмовіць вам у жаданні аховы і розных спосабаў падаяння на вольнай польскай зямлі. Але зверападобныя каменданты вашы не павінны сладзявацца на такую ж прыхільнасць у палякаў, калі здарыцца па лёсу божай справядлівасці трапіць ім у нашыя рукі — гонарам ім будзе срамата і на якую заслужаць смерць.

Паслухайце гэтай адозвы лютыя і зверападобныя афіцэры. Учынкі вашы варварскія, ужо вядомыя з часоў дзікасці маёнткаў і асоб абывацеляў польскай зямлі, пры карыстанні могуць паслужыць узорам долі вашых братоў, што ў руках нашых знаходзяцца. Улічыўшы гэта, жахніцеся, калі самі апынецеся ў руках тых, хто ў процівагу вам кіруецца моцным жаданнем памерці або перамагчы і якія намерваюцца даказаць з часам, што хісткі трон тырана, заснаваны на пакутах і процьме трупаў, трымаецца мноствам дзікіх і сляпых нявольнікаў.

Даны на пасяджэнні 2(13) месяца мая 1794 года.

Міхаіл Агінскі, прэзідэнт

Юзаф Пац, стараста вілейскі

Юзаф Несялоўскі, ваявода навагрудскі

Міхаіл Грабоўскі, канюшы літоўскі

Мікалай Храпавіцкі, маршалак аршанскі

Бенедыкт Марыконі, пісар ВКЛ

Томаш Ваўжэцкі, эксхарунжы ВКЛ

Станіслаў Валовіч, падкаморы рэчыцкі

Бенедыкт Карп, харунжы ўпіцкі

Антон Хлявінскі, генерал-маёр

Міхаіл Брастоўскі, стараста мінскі

Мікалай Мараўскі, экспісар вайсковы

ксёндз Міхаіл Карповіч, архідзьякан смаленскі

Самуэль Корсак, палкоўнік

Антон Тызенгаўз, харунжы, прэзідэнт Вільна

Валенці Гарэцкі, вайсковы віленскі

Дамінік Нарбут, войскі лідскі

Тадэвуш Высагерд, войскі прэнскі

Антон Лахніцкі, віцэ-прэзідэнт Вільна

Томаш Умастоўскі, дэлегат ашмянскі

Ігнат Кастравіцкі, дэлегат лідскі

Фульгенд Камінскі, дэлегат эйшышскі

Ежы Забела

Антон Прозар, дэлегат ковенскі

Вінцэнт Камінскі Мінкевіч, дэлегат месца Вільна

Юзаф Нарбут, сакратар Найвышэйшай рады літоўскай

Рэдактарскі пераклад з польскага. РДАСА, ф. 16, с. 758, ч. 2, л. 46-47

Стогн: Паўстанне і вайна 1794 г. ў Літоўскай правінцыі: Дакументы / Дзяржаўны камітэт па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, Археаграфічная камісія; пад рэд. Яўгена Анішчанкі. — Мінск: Пейто, 2002. — С. 100—101.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).


Падрабязней гл. у дакументацыі.