Адозва да амэрыканскіх беларусаў (1921)
Адозва да Амэрыканскіх беларусаў Адозва Аўтары: Аляксандр Карабач, Міхаіл Кахановіч 1921 год Крыніца: Газэта «Наша Думка», № 8, 25 лютага 1921 г., б. 1 |
Адозва да Амэрыканскіх беларусаў.
Грамадзяне! Віленскі Беларускі Нацыянальны Камітэт, ведаючы, што множства, беларусаў, якія жывуць у Новым Сьвеце, з вялікім почуцьцём і інтарэсам цікавяцца нашым змаганьнем з чужынцамі за нацыянальнае адраджэньне бацькаўшчыны і вызваленьне яе ад няволі,—даводзіць да вашага ведама, што гэта барацьба наша знаходзіцца ў вельмі цяжкіх варунках і патрабуе ад вас ў як найхутчэйшым часе перш-на-перш матар‘яльнае дапамогі.
Браты! Вы ўжо з газэт ведаеце, што на тэрыторыі Беларусі (безперастанку ідзе сем гадоў вайна, і наш край за апошні час зусім абгалеў: ёсьць месцы, дзе зьнішчаны і спалены ўсе пасёлкі, начыста парыты на акопы ўсе палі, і людзі павінны жыць ці ў зямлянках, ці ў часовых, напасьпех скалочанных халупах. Жывёла часткай была рэквізована, часткай зусім прапала ад бяскорміцы. Няма ні хлеба дзеля людзей, ні корму дзеля скаціны, усё рэквізована ці проста забрана, і зьедзена акупацыйным войскам. Куды ні зьвернешся—усюды голад: шмат людзей чакае толькі, каб хутчэй растаў сьнег і можна было-б дастаць для мябе якога-кольвек зельля з зямлі.
Зразумела, што ў самым горшым становішчы знаходзяцца дзеці. Трэба іх вучыць, але недзе прытуліцца, няма грошы плаціць вучыцялём, няма паперы і падручнікаў. Трэба было-б накарміць іх, калі дома нечага есьці, але няма ні дзяціных харчэўняў, ні якой другой дапамогі збоку. Тэй дапамогі, якую дае Амэрыканмкі народ, не хапае, бо яна цалком ідзе на падтрыманьне дзяцей ў гарадох і польскіх школах, а да беларускіх вясковых дзяцей нічога не даходзіць.
Вось дзеля гэтага Нацыянальны Камітэт зварочваецца да вас з просьбаю аб дапамозе.
Вы павінны ведаць, што гэтая дапамога ад вас будзе мець ня толькі матар‘яльнае, але і моральнае значаньне: яна падтрымае нашу пазіцыю аб‘яднаньня ўсіх беларусаў ў адну магутную сям‘ю, з катораю павінны будуць усе лічыцца. Апроч таго, ваша дапамога вызваліць ад голаду, хваробы і сьмерці дужа многа дзяцей, утрэ ў многіх абяздоленых сьлёзы ідасьць тысячам дзяцей магчымасьць стаць на ногі і атрымаць пачаткі асьветы.
Рабіць гэту дапамогу можна праз Віленскі Беларускі Нацыянальны Камітэт, каторы возьме на сябе абавязак падзяліць паміж патрабуючымі атрыманыя сумы.
Але хто мае сваіх родных і знаёмых у Віленшчыне, ці наагул у Беларусі, няхай таксама сьпяшыць з дапамогаю і няхей не баіцца, што ахвяра малая: амэрыканскія грошы стаяць тут вельмі высока: колькі-небудзь доляраў вызваляць цэлую сям‘ю ад апошняга зьнішчэньня і голаду,
Усе, каму дорага справа беларуская, ідзіце на помач як найхутчэй, час не чакае. Няхай кожны з вас ведае, што дапамога вашым братом ёсьць доўг ваш перад сваей бацькаўшчынаю.
Да тых беларусаў, да каторых дойдзе гэтая адозва, Камітэт зьвяртаецца з просьбаю пашырыць яе праз сваіх знаёмых, а асабліва было-б пажадана памесьціць гэтую адозву ў той прэсе, якая чытаецца сярод беларускага грамадзянства ў Амэрыцы.
Віцэ-Старшыня Віленскага Беларускага Нацыян. К-ту А. Карабач.
Сэкрэтар М. Кахановіч.