Перайсці да зместу

Адозва Т. Касцюшкі да літоўскага войска з Гродна

З пляцоўкі Вікікрыніцы
30 верасня. Адозва Т. Касцюшкі да літоўскага войска з Гродна
Аўтар: Рэч Паспалітая
Крыніца: http://pravo.by/pravovaya-informatsiya/pomniki-gistoryi-prava-belarusi/kanstytutsyynae-prava-belarusi/akty-rechy-paspalitay/akty-pa-stannya-i-vayny-1794-goda/30-verasnya-adozva-t-kastsyushki-da-lito-skaga-voyska-z-grodna/

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




30 верасня. Адозва Т. Касцюшкі да літоўскага войска з Гродна

Таго, чаго я, калегі і суабывацелі, даўно так горача і моцна прагнуў, толькі зараз абставіны дазволілі нацешыцца. Нарэшце бачу вас, спраўныя ваяры, а пазіраючы на збройныя рады літоўскага рыцарства, гледзячы на абывацеляў, з кім лёс дазволіў нарадзіцца на адной зямлі, пазіраючы на ўсё гэта, на людзей, ваюючых у святой справе, у справе пакрыўджанай і разадранай Айчыны, верна вам тлумачу, якія пачуцці гэты від абуджае ў маім сэрцы вуснамі жаўнера, кахаючага добрасумленнаець і праўду.

Брацця і таварышы мае! Калі вынікі вашых прац і бітваў дагэтуль не адпавядалі цалкам вашай мужнасці і смеласці байцовага люду, то я не прыпісваю гэта перавышаючаму ваярству нашых непрыяцеляў, а тым больш недахопу ў вас адвагі, бо хто ж мужней польскага войска, а прыпісваю гэта недаверу ўласным сілам і адвазе, гэтым фальшывым і няшчасным уяўленням аб перавазе непрыяцеля, якія быццам бы нейкі фаталізм пасеяў у вашых радах. Жаўнеры, байцоўскія і вольныя! Сцеражыцеся гэтых памылковых і крыўдзячых нас думак, штурхайце іх ад сваіх сардэц, як не вартых вольным людзям і якія замест перамогі і славы рыхтуюць вам згубу і ганьбу. Прыгадайце, колькі разоў вашыя продкі і вы самі кідаліся і перамагалі той люд, які баязлівыя і непрыязныя да Айчыны асобы так імкнуліся прадставіць вам магутным, колькім тысячам вашых продкаў удалося заваяваць усю маскоўскую дзяржаву, прывезці ў аковах яе цароў і пастаўленых правіцеляў, а вы, нашчадкі тых жа палякаў, спрабуеце ўсумніцца, што ў барацьбе за Айчыну і вольнасць, за дамы, кроўных і сваіх сяброў не зламаеце, не пераможаце тыя драпежныя купкі, якія будуюць свае перамогі і карысці толькі на вашай коснасці. Толькі пакажыце ім сваю смеласць, не ступайце ні шагу з пляца бітвы, вытрымайце хаця бадзін іх наступ, і, ручаюся вам, вы ўбачыце, як яны ганебна пабягуць. Памятайце, што толькі на адвазе і нязломнасці трэба засноўваць цэласць сваёй Айчыны, вашу вольнасць і шчасце, што не баронячы ўсімі сіламі свой край, праз знешні дыктат наклічам на сябе няволю, смутак, нястачу і пагарду ўсяго свету. Таму папярэджваю ўсё войска, што калі хто створыць ці падтрымае тое словамі, што маскалям не падабае супраціўляцца, або закрычыць у час боя, што тыл наш забраны, што ўсе перарэзаны і таму падобнае, такі па данясенні па камандзе будзе аддадзены пад палявы суд закаваным у ланцугі і па перакананні расстраляны.

Загадваю генералу камандуючаму Макраноўскаму выслаць у час бітвы частку пяхоты з гарматамі, набітымі карцеччу, у тыл лініі і тымі страляць па ўцекачах. Няхай кожны ведае, што ідучы наперад, атрымае перамогу і славу, а ганебна падаючы тыл, няўмольна напаткае сорам і смерць. Калі ж сярод ваеннаслужачых маюцца такія, хто перакананы, што маскалёў немагчыма пабіць, якім абыякавая Айчына, вольнасць і слава, то няхай такія спярша заявяць аб сваім звальненні са службы, няхай не забіраюць месц ваюючых, няхай не трывожаць другіх у час бітвы ўцёкамі. Бо кожнаму мужчыне сорамна ўцякаць, а для вольнага чалавека сорам нават падумаць аб уцёку. 3 жалем у сэрцы мне прыходзіцца ўстанаўліваць гэтыя суровыя правілы, але голас Айчыны і яе цэласць патрабуюць іх неадкладна.

Звяртаюся да баязліўцаў, якія бадай ніколі не выўляліся, гавару зараз вам, байцовым рыцарам, якія выконвалі абавязкі адважных жаўнераў і клапатлівых абывацеляў, якія праганялі непрыяцеля аж да марскіх берагоў і там яго рассейвалі, гавару тым, хто праз столькі розных сутычак і іншых бітваў пашыраў славу польскага імя — прыміце з маіх вуснаў шчырую падзяку народа. І вам, і ўсім тым, хто смела і адважна будзе біцца, абвяшчаю і завяраю імем Айчыны, што прагну толькі забяспечыць лёс і шчасце вашае.

Заяўляю, што па завяршэнні вайны і вызваленні ад непрыяцеля нашага края, кожны афіцэр, кожны жаўнер, які хвалебна і дзейсна выканае свае абавязкі, атрымае ў падзяку выдзеленую яму з нарадовых уладанняў частку зямлі, якой будзе валодаць у вечнай спадчыне. Для болынай пэўнасці ім зараз жа будзе выдавацца пісьмовае заручэнне такіх узнагарод.

Яшчэ раз паўтараю вам, мае брацця і калегі, што шчасце Айчыны і вас саміх спачывае толькі ў вашай адвазе і нязломнасці. Асяняю крыжом вас, дзейныя мае калегі! Богу і вашай баявітасці давяраю лёс Айчыны, заклікаю вас да еднасці, адвагі і трываласці. Захавайце гэтыя дабрадзействы і вы заслужыце сабе салодкае і плённае імя абаронцаў і вызваліцеляў Айчыны. Ідзіце смела польскія жаўнеры, толькі б афіцэры, на чале вас стаўшы, натхнялі сваім прыкладам і бясстрашна павялі на непрыяцеля.

Гродна, дня 30 месяца верасня 1794 года.

Тадэвуш Касцюшка

Ріsma Таdeusza Коsciuszki. Warsz., 1947. С. 152-154;

Анішчанка, Я. К. Збор твораў: у 6 т. / Яўген Канстанцінавіч Анішчанка. — Мінск: В. Хурсік, 2004.

Т.2: Імем Айчыны: Дакументы паўстання 1794 г. у Літоўскай правінцыі. — 2004. — С. 177—180.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).


Падрабязней гл. у дакументацыі.