Адозва Вышэйшай рады літоўскага народа да земляробаў і сельскіх жыхароў
31 красавіка. Адозва Вышэйшай рады літоўскага народа да земляробаў і сельскіх жыхароў Аўтар: Рэч Паспалітая Крыніца: http://pravo.by/pravovaya-informatsiya/pomniki-gistoryi-prava-belarusi/kanstytutsyynae-prava-belarusi/akty-rechy-paspalitay/akty-pa-stannya-i-vayny-1794-goda/31-krasavika-adozva-vysheyshay-rady-lito-skaga-naroda-da-zemlyaroba-i-selskikh-zhykharo-bel-/ |
Страшную вайну з народам Масква нам ужо як два гады абвясціла. Здраднікі Айчыны яе ўвялі. Слабасць з нявернасцю злучыліся яе прытлуміць. Цяперашні ўціск і людская няволя ў апошняй роспачы абудзілі ў сэрцах абывацеляў адпор гэтай вайне. Калі справа ідзе аб агульным усім дабры або пагібелі, там дапамога і агульны паратунак адзін аднаму з права чалавека і людской супольнасці быць павінны. Бог благаславіў мужнасць народа. Ужо Кракаў, Варшава і Вільня ад Масквы вольныя. Узяты генералы маскоўскія, гарматы іх, зброя нязмерная, касы, магазіны і тысяча нявольнікаў. Тысячам трупаў укрытая айчынная зямля атрымала суцяшэнне адпомшчанай крыўдзе народа. Рэшткі люта раз’юшаных салдат край агнём і мечам пачалі нішчыць. Брацця земляробы! Давяршыце адважна, што нашае рыцарства і абывацелі прадпрынялі мужна. Адкінем погляды на розніцу станаў — усе мы людзі і абывацелі краю. Кроў людскую вораг пралівае, маёнткі і дамы агнём нішчыць. Выратуемся побач хто як можа. Абаронім усе сваё жыццё. Бацькоў, сыноў вашых люты маскаль мучыць і забівае. Дзеткі! Бацькоў вашых дзікі казак працінае і рассякае. Мацярок вашых на ганьбу і агіду тыранскі салдат цягне, навашлюбных сясцёр і крыўных вашых пахабны звер сарамаціць і распусна мардуе. Людзі! Дзетак вашых і малалетак на піках абрыдлае казацтва рве і разрывае. Глядзіце, сыны, на кроў нявінную, спушчаную сваіх бацькоў. Глядзіце, мужы, на кроў і смерць сваіх сем’яў, крыўды і ўціскі. Глядзіце, людзі, на дзікасць тыранаў. Пажар і страшнае полымя вакол паліць маскаль, вёскі, мястэчкі і корчмы забірае і рабуе, нішчыць усіх земляробаў, мяшчан і шляхту. Страшней чорных аблокаў узлятае з хат агонь, пажыраючы вёскі і хаты няшчаснага люду. Пацешайцеся, душы, не разарваныя жалем і апошняй роспаччу. Дакуль рукі вашыя будуць страхам звязаны? Дакуль літасць недарэчная стрымоўваць нас будзе ад помсты найлюцейшай над здзічэласцю і так абрыдлай тыраніяй маскалёў? Дакуль сухім вокам і здзіцвялым намерам толькі смерці чакаць будзем ад раз’юшаных салдат і дзікага казацтва? Бараніцеся, абывацелі, ад ворагаў, Айчыну і жыццё ў вас адбіраючых. Гэта права чалавека. Бараніцеся, абывацелі, ад ворага народ ваш у няволю пакараючага. Гэта права супольнасці і чалавека.
Людцы вясковыя і земляробы! Вы — брацця нашыя, чыім крывавым потам апрацаванае поле жывіць народ. Выбірайце паміж сабой моладзь, узбройвайце яе хутчэй стрэльбамі, косамі насаджонымі, бердышамі і што толькі знайсці можна здольным для жадання смерці ворагам, апытвайце аб пераходах ворагаў па лясах, грэблях і мастах. Запальвайце лясы і паліце вакол ворага, дзе б толькі яго не заспелі, пільнуйце і сачыце па дарогах казацтва, для рабунку і палення вас насланае. Няхай гіне люты вораг. Не шкадуйце крыві рабаўнікоў і тыранаў, якія дамы вашыя паляць, а дзетак нявінных забіваюць і мардуюць. Пакіньце ў дамах альбо ў лясах схаваных з сем’ямі толькі тых, хто зямлю на засеў абрабіць здольны, а астатнія, хто толькі здольны да зброі, да мяча, да кос асаджоных і да ўсялякай зброі, бярыцеся бараніць і ратаваць Айчыну. Адныя ахвочых, дзе толькі пазваны будзеце, высылайце гатовымі да войска нарадовага, якое так вялікую справу ў Вільна з божай дапамогай шчасліва даказала, што пачатак вольнасці ўжо заснавала і ўставу 3 мая, якая вам вольнасць і свабоду дала, вярнуць пастанавіла. Другія па хатах, дварах і вёсках лучыцеся са стараннай шляхтай і ахвотнікамі, а ў карнасці, парадку і ў страху божым замінайце ворагам дзе толькі можаце. Скарачайце лік тых наезнікаў і забойцаў якім толькі можна чынам. Бог з вамі.
Брацця найлюбыя. Справа наша добрая. Вольнасць нашу пры правах незалежнага народа вораг адбірае, раду нарадовую не дазваляе, абывацеляў дабрадзейных і нявінных у няволю забірае і патаемна вывозіць, войска нашае рассыпаць і зброі пазбавіць, арсеналы і гарматы нашыя забраць, увесь скарб, даходы і падаткі нашыя знішчыць і здраднікам Айчыны раздаць загадаў. У межы нашыя маскаль наехаў, край наш нявінны без вайны па-здрадніцку забраў, іншых суседзяў раздзіраць Айчыну нашу падбівае, зараз агнём і мечам усюды ўсё пустошыць. Ратуйцеся, брацця! Бараніцеся, абывацелі. Спакой ваш вам ужо не дапаможа. Мужнасць і адвага няхай бяруць помсту хаця б у згубе непрыяцеля.
Ураднікі маёнткаў і старостваў, камісары, губернатары, аканомы, адвакаты, кіруючыя маёнткамі ад імя паноў вашых, загадваем вам пад найсуровейшай адказнасцю гэтую адозву простаму народу, сабранаму па эканоміях і ключах, чытаць і тлумачыць, каб плябаны ў парафіях ад імя найвышэйшай рады да народа давялі чытаннем і тлумачэннем запар 4 тыдні з амбонаў па касцёлах і каб яе з загаду двароў і магістратаў абвясцілі на рынках, таргах і кірмашах у мястэчках. А калі тым часам надыйдзе збор рэгулярнага рэкрута, тады ўсе дазорцы і ўраднікі для кожнай аселай хаты, а войты, бурмістры і радцы на месцах усім жыхарам мястэчак здатныя дзіды і бердышы каб зрабілі і раздалі і да выніку тое як мага хутчэй стараліся давесці пад найсуровейшай экзекуцыяй з ведама любого якога-нібудзь чалавека, а бронь і стрэльбы, пазабіраныя вамі пад рознымі ўмовамі, зараз жа ім вярнуць або новую стрэльбу за тое ім даць, інакш суровай карай накажам па даносах і скаргах пакрыўджаных.
Хто не з намі і народам — той вораг народу. Няма зараз партый, а калі хто партыю ўчыніць — смерцю ганебна пакараны будзе. Ратуйцеся ад ворага, бараніцеся як толькі можна і сіл стане ад лютых наезнікаў і падпальшчыкаў, сцеражыцеся здраднікаў Айчыны і даносьце на іх хутка ў крымінальны суд народа, бараніце сваё жыццё, бараніце родзічаў, кроўных, дзетак і вашыя сем’і. Вольнасць на правах і свабода для вас ад народа ўжо прыгатаваныя. Будзем усе біцца з ворагам, ратуемся ўсе і баронімся. Цяпер ужо час або змагаючыся жыць у вольнасці або загінуць разам з Айчынаю і славаю.
Юзаф Несялоўскі, прэзідэнт
Бенедыкт Марыконі, пісар
Міхаіл Брастоўскі, мінскі стараста
Станіслаў Мірскі, пісар
Дамінік Нарбут, вайсковы пісар
Міхаіл Грабоўскі, канюшы Вялікага княства Літоўскага
Станіслаў Валовіч, падкаморы рэчыцкі
Мікалай Храпавіцкі, маршалак аршанскі
Валенці Гарэцкі, войскі віленскі
Бенедыкт Карп, харунжы ўпіцкі
Юзаф Коцел, палкоўнік
Каетан Нагурскі, харунжы шавельскі
Тадэвуш Высагерд, віленскі землнін
Мікалай Мараўскі, экспісар вайсковы
ксёндз Міхаіл Карповіч, архідз’якан смаленскі
Самуэль Корсак, палкоўнік
Ежы Белапятровіч
АЗПРІ, ф. 79, воп. 6, с. 1837, л. 20-204. Надрукавана: Я. Анішчанка «Паўстанне 1794 года: змаганне за народ» // Полымя. 1995. № 5. С.236—237.
Стогн: Паўстанне і вайна 1794 г. ў Літоўскай правінцыі: Дакументы / Дзяржаўны камітэт па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, Археаграфічная камісія; пад рэд. Яўгена Анішчанкі. — Мінск: Пейто, 2002. — С. 80—83.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).
Падрабязней гл. у дакументацыі.