Адкрыцьцё сьвятога апостала Яна (Дзекуць-Малей, Луцкевіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search

Шаблон:Раздзелы


Разьдзе́л 1[правіць]

1 Адкрыцьце Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаў раба́м Сваім, што́ мусіць стацца ў хуткім часе, і даў знак, паслаўшы праз Ангела Свайго рабу́ Свайму Іоану, 2 які пасьве́дчыў слова Божае і сьве́дчаньне Ісуса Хрыста, ды тое, што сам бачыў. 3 Шчасьлівы, хто чытае і хто слухае словы прароцтва ды захоўвае напісанае ў ім: бо час блізкі. 4 Іоан да сямёх цэркваў, што ў Азіі: ласка на вас і мір ад Таго, што е́сьць і што быў і што прыдзе, ды ад ся́мёх духаў, што перад пасадам Ягоным, 5 і ад Ісуса Хрыста, сьве́дкі верыго́днага, першака́ із мёртвых і павадыра цароў зямных; Яму, палюбіўшаму нас ды ў крыві Сваёй абмыўшага нас ад грахоў нашых, 6 (ды зрабіў нас царамі й сьвяшчэньнікамі Богу і Айцу Свайму), хвала́ і дзяржава на ве́чныя вякі́. Амін. 7 Вось, ідзе з хмарамі, і ўгледзіць Яго кожнае вока і тыя, што пракалолі Яго; і загалосяць перад Ім усе роды зямлі. Але́, амін. 8 Я ёсьць Альфа і Омэга, пачатак і канец, кажа Госпад, Які ёсьць і быў і прыдзе, Уседзяржыцель. 9 Я Іоан, і брат ваш і таварыш у горы і ў царстве і ў цярпе́ньні Ісуса Хрыста, быў на востраве, называным Патмос, дзеля слова Божага і сьве́дчаньня Ісуса Хрыста. 10 Я быў у духу ў дзе́нь Гасподні і пачуў ззаду за мной вялікі голас, як-бы трубы́, мовячы: 11 Я ёсьць Альфа і Омэга, Пе́ршы й Апошні; і: што бачыш, напішы ў кнігу ды пашлі цэрквам, што ў Азіі: у Эфэс і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыатыру, і ў Сарды, і ў Філядэльфію, і ў Ляодыкію. 12 І я павярнуўся, каб пабачыць голас, што гутарыў са мною, і, павярнуўшыся, угле́дзіў се́м залатых сьве́тачаў 13 і сярод сямёх сьве́тачау́ — падобнага да Сына Чалаве́чага, апранутага ў доўгую ша́ту і падперазанага праз грудзі залатым паясом; 14 а галава й валасы ў Яго бе́лыя, як бе́лая воўна, як сьне́г; і вочы ў Яго, як полымя агністае; 15 і ногі ў Яго падобныя да ме́дзі, быццам у пе́чы распа́леныя; і голас у Яго быццам гук водаў многіх; 16 і ме́ў Ён у правай руцэ сваёй се́м зорак; і із вуснаў Ягоных выходзіў ме́ч двусе́чны востры; і аблічча ў Яго быццам сонца сьве́ціць у сіле сваёй. 17 І, калі я ўгле́дзіў Яго, я паваліўся к нагам Ягоным, быццам мёртвы; і Ён паклаў на мяне́ Сваю правіцу, мовячы да мяне́: Не палохайся: Я ёсьць Пе́ршы і Апошні ды Жывы; 18 і быў Я мёртвы і вось жыву на ве́чныя вякі́; амін. І маю ключы пе́кла і сьме́рці. 19 Напішы, што ўбачыў ды што ёсьць і што ма́е стацца пасьля гэтага: 20 тайна сямёх зорак, што бачыў ты ў правіцы Маёй, ды се́м сьве́тачаў залатых: се́м зорак — Ангелы сямёх цэркваў, а се́м сьве́тачаў, што ты бачыў, ёсьць се́м цэрквау́.

Разьдзе́л 2[правіць]

1 Ангелу Эфэскае царквы́ напішы: Вось што кажа Той, што дзяржы́ць се́м зорак у правай руцэ сваёй ды што ходзе сярод сямёх залатых сьве́тачаў: 2 Ве́даю ўчынкі тваі і труд твой і цярплівасьць тваю, ды што ня можаш сьцярпе́ць нягоднікаў і дасьве́дчыў тых, што называюць сябе́ апосталамі і ня ёсьць, ды знайшоў іх брахунамі, 3 і пакутаваў, і маеш цярплівасьць, ды дзеля іме́ньня Майго трудзіўся й не зьнямогся. 4 Але маю проці цябе́ тое, што пакінуў ты пе́ршую любоў тваю. 5 Дык прыпомні, скуль выпаў, і пака́йся ды рабі пе́ршыя дзелы твае́; калі-ж не́, дык хутка прыйду да цябе́ і зрушу сьве́тач твой з ме́сца ягонага, калі не пакаешся. 6 Адно тое маеш, што ненавідзіш дзелы́ Мікалаітаў, якія й Я ненавіджу. 7 Хто ма́е вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора: хто пераможа, дам таму спажываці ад дрэва жыцьця, што пасярод раю Божага. 8 І ангелу Сьмірнскае царквы́ напішы́: Вось што кажа Пе́ршы й Апошні, што быў паме́ршы і ажыў: 9 Ве́даю ўчынкі тваі і тугу й убожства (ты-ж багаты), ды ганьбаваньне ад тых, што называюць сябе́ Жыдамі й ня ёсьць, а ёсьць сынагога сатаны. 10 Ня бойся нічога, што маеш выцярпець. Вось д’ябал маніцца кідаці спаміж вас, каб спакусіць; і зазна́еце гора дзе́сяць дзён. Будзь ве́рны да сьме́рці, і дам табе́ вянок жыцьця. 11 Хто ма́е вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора: Хто пераможа, не дазна́е крыўды ад паўторнае сьме́рці. 12 І ангелу царквы, што ў Пэргаме, напішы: Вось што кажа Той, што ма́е ме́ч двусе́чны востры: 13 Ве́даю ўчынкі тваі, ды што жыве́ш там, дзе пасад шатана, і дзяржы́ш імя Мае́ ды не адрокся ад ве́ры Мае́й у тыя дні, калі забіты быў у вас, дзе жыве́ сатана, ве́рны Мой сьве́дка Антыпа. 14 Ды маю проці цябе́ няшмат, бо маеш тамака такіх, што дзяржа́цца навукі Валаама, які навучыў кінуць спакусу перад сынамі Ізраілявымі, каб е́лі жэртвы ідалавыя ды жылі ў блудзе. 15 Такжа маеш і ты такіх, што дзяржа́цца навукі Мікалаітаў, якую ненавіджу. 16 Пакайся: бо як не́, хутка прыйду да цябе́ і ваява́ціму з імі мячом вуснаў Маіх. 17 Хто ма́е вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора: Хто пераможа, дам таму спажываці ад манны ўкрытае і дам яму камень бе́лы й на ка́мені імя новае напісанае, якога ніхто ня ве́дае, толькі хто дастаў. 18 І Ангелу царквы́ ў Тыаты́ры напішы: Вось што кажа Сын Божы, Які ма́е вочы Свае́, як полымя агністае, а ногі Яго да ме́дзі падобныя: . 19 Ве́даю ўчынкі тваі і любоў, і служэньне, і ве́ру, і цярплівасьць тваю, і ўчынкі тваі, ды што апошніх бале́й, чым пе́ршых. 20 Але маю крыху проці цябе́: бо дае́ш жанчыне Езаве́лі, што называе сябе́ прарочыцай, вучыць і баламуціць рабоў маіх, жыць распусна ды е́сьці жэртвы ідалавыя. 21 І даў Я е́й час, каб пакаялася ў распусьце сваёй, ды не пакаялася. 22 Вось я кідаю яе́ на ложак і палюбоўнікаў яе ў вялікую тугу́, калі не пакаюцца ў дзело́х сваіх. 23 І дзяце́й яе́ на сьме́рць заб’ю. І даве́даюцца ўсе́ цэрквы, што Я ёсьць разьве́дчык нутра й сэрца. І дам вам кожнаму паводле дзе́л вашых. 24 Вам-жа кажу ды рэшце Тыатырцаў, якія ня маюць гэтае навукі і якія не пазналі так-званых глыбіняў шата́на, што не ўзвалю на вас іншага цяжару, 25 адно тое, што маеце, дзяржы́це, ажно пакуль ня прыду. 26 І хто пераможа й пілнаваціме дзелы́ мае́ да канца, таму дам уладу над паганамі, 27 і будзе пасьвіць іх па́ліцай зяле́знай; як судзьдзе глінянае, пакрышацца яны, як і Я прыняў ад Айца Майго; 28 і дам яму зорку ранічную. 29 Хто ма́е вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора.

Разьдзе́л 3[правіць]

1 І Ангелу царквы́ ў Сардах напішы: Вось што кажа Той, што ма́е се́м духаў Божых ды се́м зорак: Ве́даю ўчынкі тваі, што маеш імя, што жыве́ш, ды ёсьць мёртвы. 2 Чувай і ўзмацняй рэшту, што мані́цца ўме́рці: бо не знайшоў Я, каб дзелы́ твае́ былі споўнены перад Богам. 3 Дык прыпомні, як ты прыняў ды чуў, і пілнуй ды пакайся. Калі-ж ня будзеш чува́ць, прыду на цябе́, быццам злодзей, і ня будзеш ве́даць, у якую гадзіну прыду на цябе́. 4 Мала маеш у Сардах імёнаў, што не запэцкалі вопраткі сваёй; яны будуць хадзіць са Мною ў бе́лым, бо годны гэтага. 5 Хто пераможа, апра́нены будзе ў бе́лыя ша́ты; і ня вычыркну імя ягонага з кнігі жыцьця, і вызна́ю імя яго перад Айцом Маім і перад Ангеламі Яго. 6 Хто ма́е вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора. 7 І ангелу царквы́ ў Філядэльфіі напішы: Вось што кажа Сьвяты, Запраўдны, Які ма́е ключ Давідавы, што адмыкае — і ніхто не замкне́, ды замыкае — і ніхто не адамкне́: 8 Ве́даю ўчынкі тваі; вось, Я даў перад табою дзьве́ры адамкнёныя, і ніхто ня можа замкнуць іх; малую маеш сілу, ды захаваў слова Маё і не адрокся ад іме́ньня Майго. 9 Вось, я даю: із сынагогі шата́на, з тых, што называюць сябе́ Жыдамі, ды ня ёсьць, а ілгуць, — вось, я зро́блю, каб яны прыйшлі й сукланіліся перад нагамі тваімі, і даве́даюцца, што Я ўлюбіў цябе́. 10 А што ты захаваў слова цярплівасьці Мае́й, дык і Я захаваю цябе́ ад гадзіны спакушэньня, што ма́е прыйсьці на ўсе́нькі сьве́т, каб спакусіць жы́хараў зямлі. 11 Вось, Я йду хутка; дзяржы́, што маеш, каб ніхто не забраў вянка твайго. 12 Хто пераможа, зро́блю таго стаўбом у храме Бога Майго, і ўжо ня выйдзе вонкі; і напішу на ім імя Бога Майго і імя ме́ста Бога Майго, новага Ерузаліму, што зыходзе з не́ба ад Бога Майго, ды Маё новае імя. 13 Хто ма́е вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора. 14 І ангелу Ляодыкійскае царквы напішы́: Вось што кажа Амін, сьве́дка ве́рны й справядлівы, пачатак тварэньня Божага: 15 Ве́даю ўчынкі тваі, што ты ані сьцюдзёны, ані гарачы; о, каб-жа ты быў сьцюдзёны або гарачы! 16 Дык вось, дзеля таго, што ты цёплы, а не сьцюдзёны ані гарачы, Я выкіну цябе́ із вуснаў Маіх. 17 Бо кажаш: я багаты і разбагаце́ў і ні ў чым ня маю патрэбы, і ня ве́даеш, што ты гаротны і мізэрны, і ўбогі, і сьляпы, і голы. 18 Раджу табе́ купіць у Мяне́ золата, ачы́шчанае ў вагні, каб разбагаце́ў; ды бе́лую вопратку, каб апрануўся, ды каб ня выявіўся сорам на́гасьці твае́й; ды мазяй вочнаю памаж вочы твае́, каб бачыў. 19 Я, каго люблю, дакараю й караю; дык будзь старэнны й пакайся. 20 Вось, стаю пры дзьвярох і стукаюся; калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзьве́ры, Я выйду да яго і буду вячэраць з ім, дый ён са Мною. 21 Хто пераможа, дам яму се́сьці са Мною на пасадзе Маім, як і Я перамог і се́ў з Айцом Маім на пасадзе Ягоным. 22 Хто ма́е вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора.

Разьдзе́л 4[правіць]

1 Пасьля гэтага я глянуў, і вось дзьве́ры расчыненыя на не́бе, і пе́ршы голас, які я чуў, быццам голас трубы, гукаючы са мною, сказаў: узыйдзі сюды, і пакажу табе́, што́ мусіць стацца пасьля гэтага; 2 І я ўраз быў у духу; і вось пасад стаяў на не́бе, а на пасадзе — Сідзя́чы. 3 І Сідзя́чы з выгляду падобны быў да ка́меня ясьпісовага й сардыновага; і вясёлка навакол пасаду, з выгляду падобная да шмарагдовае. 4 І навакол пасаду дваццаць чатыры пасады; і на пасадах угле́дзіў я се́дзячы дваццаць чатырох старыкоў, апра́неных у бе́лыя вопраткі, і на галовах у іх былі залатыя вянкі. 5 І із пасаду выходзяць маланкі й грымоты й галасы́; і се́м сьве́тачаў агністых гараць перад пасадам і е́сьць се́м духаў Божых. 6 І перад пасадам мора шкля́нае, падобнае да крышталу, і ўсярэдзіне пасаду ды навакол пасаду чатыры жывёлы, поўныя вачэй спераду і ззаду. 7 І пе́ршая жывёла падобная да ле́ва, і другая жывёла падобная да цяляці, і трэцяя жывёла ме́ла аблічча, як чалаве́к, і чацьве́ртая жывёла падобна да арла лятучы́. 8 І чатыры жывёлы, кожная па сабе́, ме́лі па шэсьць крыльляў наўкола і ўсярэдзіне поўны вачэй; і ўдзе́нь і ўначы ня маюць супачынку, гаворачы: Сьвят, Сьвят, Сьвят Госпад Бог Уседзяржыцель, што быў і што ёсьць і што йдзе. 9 І калі жывёлы аддаюць хвалу і чэсьць і падзяку Сідзя́чаму на пасадзе, Жыву́чаму на ве́чныя вякі́, 10 упадаюць дваццаць чатыры старыкі перад Сідзя́чым на пасадзе і кланяюцца Жывучаму на ве́чныя вякі́ і кідаюць свае́ вянкі перад пасадам, кажучы: 11 Госпадзе! Ты годзен узяць хвалу і чэсьць і сілу, бо Ты стварыў усё, і воляй Твае́й яно ёсьць і створана.

Разьдзе́л 5[правіць]

1 І ўгле́дзіў я ў правіцы Сідзя́чага на пасадзе кнігу, запісаную ссярэдзіны і зьве́рху, запячатаную сямёма пячацямі. 2 І ўгле́дзіў я Ангела дужога, абвяшчаючы голасам вялікім: Хто го́дзен разгарнуць кнігу і зьняць пячаці яе́? 3 І ніхто ня здолеў на не́бе ані на зямлі, ані пад зямлёй разгарнуць кнігу й глянуць у яе́. 4 І я ве́льмі плакаў, што не знайшлося нікога, годнага разгарнуць і прачытаць кнігу, ці глянуць у яе́. 5 І адзін із старыкоў кажа мне́: Ня плач! Вось, ле́ў, што з роду Юдавага, карэ́нь Давідавы, перамог, каб разгарнуць кнігу й зьняць се́м пячацяў яе́. 6 І глянуў я, і вось пасярод пасаду й чатырох жывёлаў ды пасярод старыкоў Ягня́ стаіць, быццам заколенае, маючы се́м рагоў і се́м вачэй, што ёсьць се́м духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю. 7 І прыйшло ды ўзяло кнігу з правіцы Сідзячага на пасадзе. 8 І, як узяло кнігу, чатыры жывёлы й дваццаць чатыры старыкі ўпалі прад абліччам Ягня́ці, маючы кожын гусьлі й чары залатыя, поўныя пахнідлаў, што ёсьць малітвы сьвятых; 9 і пяюць новую пе́сьню, мовячы: Ты годзен узяць кнігу ды зьняць пячаці з яе́, бо Цябе́ закалолі, і Ты Крывёю Свае́й адкупіў нас Богу із кожнага роду й языка і народу ды паганаў, 10 і зрабіў нас Богу нашаму царамі й сьвяшчэньнікамі; і будзем цары́ць на зямлі. 11 І глядзе́ў я і чуў голас множства ангелаў навакол пасаду й жывёлаў і старыкоў; і лічба іх была мірыяды мірыядаў і тысячы тысячаў, 12 мовячы голасам вялікім: Годна Ягнятка заколенае ўзяць сілу й багацьце, і мудрасьць, і моц, і чэсьць, і хвалу, і багаслаўле́ньне. 13 І ўсякае стварэньне, што на не́бе й на зямлі, і пад зямлёй, і ў моры, дый усё, што ў іх, чуў я, мовячы: Сідзячаму на пасадзе й Ягняці багаслаўле́ньне і чэсьць, і хвала, і сіла на ве́чныя вякі́. 14 І чатыры жывёлы гаварылі: Амін. І дваццаць чатыры старыкі ўпалі і сукланіліся Жывучаму на ве́чныя вякі́.

Разьдзе́л 6[правіць]

1 І ўбачыў я, што Ягня́ зьняло адну з пячацяў, і пачуў адну з чатырох жывёлаў, мовячы быццам грымотным голасам: Ідзі ды глядзі. 2 І я паўзіраўся, і вось бе́лы конь, і коньнік на ім ды з лукам; і далі яму вянок, і выйшаў пераможнік, каб перамагчы́. 3 І, калі зьняло Яно другую пячаць, я пачуў другую жывёлу, мовячы: Ідзі ды глядзі. 4 І выйшаў другі конь ры́жы, і коньніку на ім да́дзена ўзяць мір із зямлі, ды каб адны адных забівалі; і да́дзены яму ме́ч вялізарны. 5 І, як зьняло трэцюю пячаць, пачуў я трэцюю жывёлу, мовячы: Ідзі ды глядзі. І я паўзіраўся, і вось конь вараны́, і коньнік на ім, маючы ў руцэ сваёй вагу́; 6 і пачуў я голас спасярод чатырох жывёлаў, мовячы: Ме́ра пшаніцы за дынар, і тры ме́ры ячме́ню за дынар; і алівы й віна не марнуй. 7 І, як зьняло чацьве́ртую пячаць, пачуў я голас чацьве́ртае жывёлы, мовячы: Ідзі ды глядзі. 8 І я паўзіраўся, і вось конь бляды́, і коньнік на ім, што імя яму сьме́рць, і пе́кла сьле́дам за ім; і да́дзена ім улада забіваці на чацьве́ртай часьці зямлі мячом і голадам, і сьме́рцяй, ды зьвярыма зямнымі. 9 І, як зьняло Яно пятую пячаць, убачыў я пад ахвярнікам душы забітых за слова Божае ды за сьве́дчаньне, што ме́лі; і загаманілі голасам вялікім, мовячы: 10 Дакуль, Валадару Сьвяты і Праўдзівы, ня судзіш і ня мсьцішся за кроў нашу над жыхарамі зямлі? 11 І далі кожнаму бе́лыя вопраткі і сказалі, каб супачывалі яшчэ крыху часу, пакуль не дапоўняць суслужнікі іхнія ды браты іхнія, што маюць быць забіты, як і яны. 12 І паўзіраўся я, як зьняло Яно шостую пячаць. І вось зрабілася вялікае ўстрасе́ньне, і сонца пацямне́ла, як валася́ніца, і ме́сяц зрабіўся, як кроў, 13 і зоркі нябе́сныя паспадалі на зямлю, як смакоўніца, устраса́ная вялікім ве́трам, скідае недасьпе́лыя смоквы свае́; 14 і не́ба счэзла, як скручаны лісток, і кожная гара́ і востраў скрануліся з ме́сц сваіх; 15 і цары зямныя, і магнаты, і багатыры́, і тысячнікі, і асілкі, і кожын раб ды кожын вольнік паўкрываліся ў пячорах і ў горных расколінах 16 дый кажуць горам і скалам: Звале́цеся на нас і ўкрыйце нас ад аблічча Сідзя́чага на пасадзе ды ад гне́ву Ягняці: 17 бо настаў вялікі дзе́нь гне́ву Ягонага, і хто́ здолее ўстаяці?

Разьдзе́л 7[правіць]

1 І пасьля гэтага ўгле́дзіў я чатырох ангелаў, якія, стоючы на чатырох вуглох зямлі, дзяржалі чатыры вятры́ зямлі, каб ня дзьмуў ве́цер ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва. 2 І ўгле́дзіў я другога ангела, які ўзыходзіў ад усходу сонца, маючы пячаць Бога Жывога; і гукнуў ён вялікім голасам да чатырох ангелаў, якім дадзена шкоду чыніці зямлі й мору, мовячы: 3 Ня шкодзьце ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль не папячатаем рабоў Бога нашага на лабох іхніх. 4 І пачуў я лічбу папячатаных: сто сорак чатыры тысячы папячатаных із усіх родаў сыноў Ізраілявых. 5 Із роду Юдавага дванаццаць тысяч папячатаных; з роду Рувімавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Га́давага дванаццаць тысяч папячатаных; 6 із роду Асіравага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Нэфталімавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Манасьсіявага дванаццаць тысяч папячатаных; 7 із роду Сымэонавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Ле́віявага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Ізаха́равага дванаццаць тысяч папячатаных; 8 із роду Завулёнавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Язэпавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Бэніямінавага дванаццаць тясяч папячатаных. 9 Пасьля гэтага глянуў я, і вось вялізарны натоўп, палічы́ць якога ніхто ня мог, із усіх пляме́ньняў і родаў, і народаў, і языкоў, стаіць перад пасадам і перад Ягнём, апрануўшыся ў бе́лыя шаты, і пальмы ў руках іхніх; 10 і загукалі вялікім голасам, мовячы: Спасе́ньне Богу нашаму, што сядзіць на паса́дзе, ды Ягняці. 11 І ўсе́ ангелы стаялі навакол пасаду і старыкоў і чатырох жыве́лаў і ўпалі перад пасадам на твар свой і сукланіліся Богу, 12 мовячы: Амін! Багаслаўле́ньне і хвала́, і мудрасьць, і падзяка, і чэсьць, і моц, і сіла Богу нашаму на ве́чныя вякі́! Амін! 13 І азваўся адзін із старыкоў, мовячы да мяне́: Гэтыя апра́неныя ў бе́лыя шаты — хто яны і скуль прыйшлі? 14 І я сказаў яму: Ты ве́даеш, пане. І сказаў ён мне́: Гэта тыя, што прыйшлі з вялікага гора; яны памылі вопраткі свае́ і вы́белілі вопраткі свае́ ў крыві Ягняці. 15 Дзеля гэтага яны перад пасадам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы́ ў храме Ягоным; і Сідзя́чы на пасадзе жы́ціме ў іх; 16 і ня будуць яны ўжо хаце́ць е́сьці ані піці, і не падзе́ на іх сонца ані жадная сьпе́ка. 17 Бо Ягня́, што пасярод пасаду, будзе іх пасьвіць і вадзіць іх да жывы́х крыніцаў вод. І абатрэ Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх.

Разьдзе́л 8[правіць]

1 І, як зьняло Яно се́мую пячаць, настала маўчаньне на не́бе блізу на паўгадзіны. 2 І ўгле́дзіў я се́м ангелаў, што стаялі перад Богам, і да́дзены ім се́м труб. 3 І прыйшоў іншы ангел і стануў перад ахвярнікам, маючы кадзільню залатую; і далі яму багата пахнідлаў, каб паклаў з малітвамі ўсіх сьвятых на залаты ахвярнік, што перад пасадам. 4 І ўзьняўся перад Богам дым ад пахнідлаў з малітвамі сьвятых із рукі ангела. 5 І ўзяў ангел кадзільню й напоўніў яе́ агнём з ахвярніку ды кінуў на зямлю; і сталіся галасы́, і грымоты, і маланкі, і трасе́ньне. 6 І се́м ангелаў, што ме́лі се́м труб, нарыхтаваліся трубіць. 7 І затрубіў пе́ршы Ангел, і стаўся град і агонь, зьме́шаныя з крывёю, і вы́палі на зямлю; і траціна дзярэў згарэла, і ўся трава зялёная вы́гарэла. 8 І затрубіў другі Ангел, і быццам гара́ вялізарная, пала́ючая агнём, звалілася ў мора; і траціна мора сталася крывёй; 9 І вы́мерла траціна стварэньняў у моры, што ме́лі дух, і траціна судзен пагібла. 10 І трэці Ангел затрубіў, і звалілася з не́ба вялізная зорка, як паходня пала́ючая, і ўпала на траціну рэк ды на крыніцы водаў; 11 і імя зоркі чытаецца Палы́н; і траціна водаў перакінулася ў палын, і многа людзе́й паме́рла ад тых водаў, бо прагорклі. 12 І чацьве́рты Ангел затрубіў, і была паражо́на траціна сонца і траціна ме́сяца і траціна зорак, каб траціна іх зацьмілася, ды каб дзе́нь траціну не сьвяціў і таксама ночка. 13 І бачыў я і чуў, як адзін Ангел ляце́ў пасярод не́ба і вялікім голасам гаварыў: Гора, гора, гора жы́харам зямлі ад рэшты трубных галасоў трох Ангелаў, што маюць трубіць!

Разьдзе́л 9[правіць]

1 І пяты Ангел затрубіў, і ўгле́дзіў я зорку, якая ўпала з не́ба, і да́дзены быў е́й ключ ад калодзежа бяздоньня; 2 І адамкнула яна калодзеж бяздоньня, і ўзьняўся з калодзежа дым, быццам дым з вялізарнае пе́чы; і зацьмілася сонца й паве́тра ад дыму з калодзежа. 3 І з дыму выйшла на зямлю саранча́, і дадзена е́й улада, як маюць уладу скарпіоны зямныя; 4 І сказана е́й, каб не рабіла шкоды траве́ зямной, ані зе́льлю ніякаму, ані дрэву ніякаму, а толькі адным людзям, якія ня маюць пячаці Божае на лабо́х сваіх; 5 І да́дзена е́й, каб іх не забівала на сьме́рць, але каб мучыла пяць ме́сяцаў; і му́ка ад яе́, як му́ка ад скарпіона, калі ўкусе чалаве́ка. 6 І ў гэтыя дні шука́цімуць людзі сьме́рці і ня знойдуць яе́; і жада́цімуць паме́рці, ды сьме́рць будзе ўцякаці ад іх. 7 І выгляд саранчы́ падобны да кане́й, прыгатаваных да бітвы, і на галовах у яе́ быццам вянкі, падобныя да золата; і твары ў яе́ быццам твары чалаве́чыя. 8 І валасы ме́ла, як валасы ў жанок; і зубы ў яе́ як у львоў былі. 9 І ме́ла па́нцыры, быццам панцыры зяле́зныя; і гук ад крыльляў яе́ быццам гук ад вазо́ў, калі множства кане́й бягуць на бітву. 10 І ма́е хвасты, падобныя да скарпіонавых, і ў хвастох у яе́ джа́ла было; і ўлада яе́ — шкодзіць людзям пяць ме́сяцаў. 11 І ма́е над сабою за цара ангела бяздоньня: імя́ яму па-жыдоўску Аваддон, а пагрэцку ма́е імя́ Апольліон. *) 12 Адно гора прайшло; вось, ідуць яшчэ два горы за ім. 13 І шосты Ангел затрубіў, і пачуў я адзін голас із чатырох вуглоў залатога ахвярніку, што перад Богам, 14 які мовіў да шостага Ангела, што ме́ў трубу: Разьвяжы чатырох Ангелаў, што зьвязаны над вялікай ракой Эўфратам. 15 І разьвязаны былі чатыры ангелы, што былі прыгатаваны на гадзіну і дзе́нь, і ме́сяц, і год, каб забіці траці́ну людзе́й. 16 І лічба коннага войска дзьве́ мірыяды мірыяд; і я чуў лічбу іх. 17 І гэтак бачыў я коні ў прыві́дзе і коньнікаў на іх, што ме́лі па́нцыры агністыя і гіяцынтавыя і се́ркавыя; і галовы ў кане́й, як галовы у львоў, і із рато́ў іх выходзе агонь і дым і се́рка; 18 трыма́ гэтымі была забіта траціна людзе́й: агне́м і дымам і се́ркай, што выходзілі із рато́ў іхніх. 19 Бо сіла іхняя у рато́х іх; бо хвасты ў іх падобныя да зьме́яў, маюць галовы ды імі шкодзяць. 20 І рэшта людзе́й, што ня былі пазабіваны плягамі гэтымі, не пакаяліся ў дзело́х рук сваіх, каб не пакланя́цца дэманам ды ідалам залатым і сярэбраным, і мядзя́ным, і каме́нным, і драўля́ным, што ані бачыць ня могуць, ані чуць, ані хадзіць; 21 і не пакаяліся ў забойствах сваіх, ані ў чараваньнях сваіх, ані ў распуснасьці сваёй, ані ў крадзежах сваіх.

Разьдзе́л 10[правіць]

1 І ўбачыў я іншага Ангела, дужога, зыходзячы з не́ба, які апра́нены быў у хмару, і над галавою ягонай была вясёлка, і аблічча ў яго быццам сонца, і ногі ў яго быццам слупы́ вагністыя; 2 І ме́ў ён у руцэ сваёй кніжыцу разгорненую; і паставіў ён правую нагу́ сваю на мора, а ле́вую на зямлю, 3 ды гукнуў ён голасам вялікім, быццам ле́ў рычы́ць; і, як гукнуў ён, прамовілі се́м грымотаў галаса́мі сваімі. 4 І, як прамовілі се́м грымотаў галаса́мі сваімі, я маніўся пісаць; і пачуў голас з не́ба, які гаварыў мне́: Запячатай, што́ прамовілі се́м грымотаў, і ня пішы гэтага. 5 І Ангел, Якога бачыў я стоючы на моры й на зямлі, узьняў руку сваю да не́ба 6 І пакляўся Жыву́чым на ве́чныя вякі́, Каторы стварыў не́ба і што ў ім, ды зямлю і што ў ёй, ды мора і што ў ім, што ня будзе ўжо часу, 7 адно ў дні голасу сёмага Ангела, калі той затрубіць, ды споўніцца тайна Божая, як Ён абвясьціў раба́м сваім Прарокам. 8 І голас, які чуў я з не́ба, ізноў прамовіў да мяне́ і сказаў: Ідзі, вазьмі кніжыцу разгорненую ў руцэ Ангела, што стаіць на моры й на зямлі. 9 І пайшоў я к Ангелу, кажучы яму: Дай мне́ кніжыцу. І кажа мне́: Вазьмі ды зье́ш яе́; і зробіць яна горка табе́ ў жываце́, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд. 10 і́ ўзяў я кніжыцу з рукі Ангела ды зье́ў яе́; і, як зье́ў яе́, прагорк жывот мой. 11 І кажа ён мне́: Ты мусіш ізноў прарочыць аб народах, і плямёнах, і языкох, і царох многіх.

Разьдзе́л 11[правіць]

1 І да́дзена мне́ трысьціна, падобная да па́ліцы; і Ангел, стоючы, сказаў: Паўстань і паме́рай храм Божы і ахвярнік і тых, што ў ім пакланяюцца; 2 а панадворак, што перад храмам, кінь вонках ды ня ме́рай яго, бо ён да́дзены паганам: і ме́ста сьвятое тапта́цімуць сорак два ме́сяцы. 3 І дам двум сьве́дкам маім, і будуць прарочыць тысяча дзьве́сьце шэсьцьдзесят дзён, апрануўшыся ў палатніну. 4 Гэта ёсьць дзьве́ аліўкі і два сьве́тачы, што перад Богам зямлі стаяць. 5 І, калі хто схоча зрабіці ім крыўду, агонь выйдзе із вуснаў іх ды пажарэ ворагаў іхніх; і калі хто схоча зрабіці ім крыўду, мусіць быць гэтак забіты. 6 Яны маюць уладу замкнуці не́ба, каб ня падаў дождж у дні праро́чаньня іхняга; і маюць уладу над во́дамі — ператвараць іх у кроў і біці зямлю ўсякімі плягамі, колькі-б хаце́лі. 7 І калі скончаць сьве́дчаньне сваё, зьве́р, што выйдзе з бяздоньня, учыніць вайну з імі і пераможа іх ды пазабівае іх. 8 І трупы іх на вуліцы вялікага ме́ста, што называецца духоўна Садом і Эгіпет, дзе́ і Госпад наш быў распяты. 9 І із народаў, і родаў, і языкоў, і плямёнаў бачыць будуць трупы іхнія ў працягу трох дзён і паўдня́, і не пазволяць пакласьці трупы іхнія ў магілы; 10 і жы́хары зямлі будуць це́шыцца над імі й весяліцца; і пасылацімуць адны адным падарункі, бо гэтыя два прарокі мучылі жы́хараў зямлі. 11 І цераз тры дні і паўдня́ дух жыцьця зыйшоў на іх ад Бога, і паўсталі на ногі свае́, і страх вялікі напаў на тых, што бачылі іх. 12 І пачулі голас вялікі з не́ба, мовячы да іх: Узыйдзе́це сюды. І ўзыйшлі на не́ба ў хмары, і бачылі іх ворагі іхнія. 13 І ў гэну гадзіну зрабілася трасе́ньне вялікае, і дзесятая частка ме́ста завалілася, і забіты ў трасе́ньні се́м тысяч імёнаў чалаве́чых; а рэшта былі зьняты жа́хам і аддалі хвалу Богу нябёсаў. 14 Другое гора прайшло; вось, хутка йдзе трэцяе гора. 15 І сёмы Ангел затрубіў, і сталіся вялікія галасы́ на не́бе, якія мовілі: Царствы сьве́ту сталіся Госпада нашага і Хрыста Ягонага, і будзе цары́ць на вякі́ ве́чныя. 16 І дваццаць чатыры старыкі, што перад Богам сядзе́лі на пасадах сваіх, паваліліся на твар свой і пакланіліся Богу, 17 мовячы: Дзякуем Табе́, Госпадзе Божа Ўседзяржыцелю, Які ёсьць і быў і йдзе́ш, што прыняў Ты сілу Сваю вялікую і запанаваў. 18 І ўзлаваліся пагане, і прыйшоў гне́ў Твой і пара́ судзіці мёртвых і даць нагароду раба́м Тваім прарокам і сьвятым, і бая́чымся іме́ньня Твайго, малым ды вялікім, і вынішчыць тых, што нішчаць зямлю. 19 І расчыніўся храм Божы ў не́бе, і паказалася скрыня запаве́ту Яго ў храме Ягоным; і былі маланкі й галасы́, і грымоты, і трасе́ньне, ды град вялізарны.

Разьдзе́л 12[правіць]

1 І знак вялізны паказаўся на не́бе: жанчына, апра́неная ў сонца, і ме́сяц пад нагамі ў яе́, і на галаве яе́ вянок із дванаццацёх зорак. 2 І, быўшы ўцяжку, крычэла ад болю і мукаў радзільных. 3 І паказаўся другі знак на не́бе: вось зьме́й вялізарны, як агонь чырвоны, з сямёма галовамі й дзесяцьма́ рагамі, і на галовах яго се́м дыадэмаў; 4 І хвост ягоны ўвалок траціну зорак з не́ба ды кінуў іх на зямлю. І зьме́й стануў перад жанчынай, што ме́лася радзі́ць, каб, як уродзе, зжэрці дзіця яе́. 5 І ўрадзі́ла сына, хлопчыка, што ма́е пасьвіць усе́ народы па́ліцай зяле́знай; і ўзята дзіцятка яе́ да Бога й пасаду Ягонага, 6 І жанчына ўцякла ў пустыню, дзе ма́е ме́сца, ад Бога прыгатаванае, каб кармілі яе́ тамака тысяча дзьве́сьце шэсьцьдзесят дзён. 7 І ўзьнялася вайна на не́бе: Міха́л і Ангелы ягоныя ваявалі са зьме́ем, і зьме́й ваяваў ды ягоныя Ангелы, 8 ды не асілілі, і не знайшлося ўжо ме́сца для іх на не́бе. 9 І скінены быў той зьме́й вялізарны, вужака стараве́чны, называны д’ябалам і сатаной, што зводзе з дарогі простай усе́нькі сьве́т, — скінены на зямлю, і з ім разам скінены ангелы ягоныя. 10 І пачуў я голас вялікі, мовячы ў не́бе: Цяпе́р настала спасе́ньне і сіла і царства Бога нашага, ды ўлада Хрыста Ягонага: бо скінены паклёпнік на братоў нашых, што дзе́нь і ноч вінаваціў іх брахліва перад Богам нашым. 11 І яны перамаглі яго Крывёю Ягняці і словам сьве́дчаньня свайго ды ня ўлюбілі душ сваіх ажно да сьме́рці. 12 Дзеля гэтага радуйцеся, нябёсы і тыя, што жывуць у іх! Гора жы́харам зямлі і мора, бо зыйшоў да вас дябал у гне́ве вялікім, ве́даючы, што ня шмат ма́е часу. 13 І, як угле́дзіў зьме́й, што ён скінены на зямлю, пачаў ён перасьле́даваць жанчыну, што ўрадзіла хлапчанё. 14 І да́дзены жанчыне двое крыльляў вялікага арла, каб ляце́ла ў пустыню на ме́сца сваё ад аблічча вужакі, дзе-б кармілася пару́, по́ры ды паўпары́. 15 І пусьціў вужака за жанчынай ваду із роту свайго, быццам раку́, каб рака́ пане́сла яе́. 16 І памагла жанчыне зямля, і расчыніла зямля вусны свае́ ды праглынула раку́, што пусьціў зьме́й із роту свайго. 17 І разьюшыўся зьме́й на жанчыну і пайшоў ваяваць з рэштай із насе́ньня яе́, што захоўваюць за́паведзі Божыя і маюць сьве́дчаньне Ісуса Хрыста.

Разьдзе́л 13[правіць]

1 І стануў я на пяску марскім; і ўгле́дзіў зьве́ра, выходзячы з мора, які ме́ў се́м галоў і дзе́сяць рагоў; і на рагох у яго дзе́сяць дыадэмаў, і на галовах ягоных імёны блюзьне́рскія. 2 І зьве́р, якога я ўбачыў, быў падобны да рыся, і ногі ў яго, як у мядзьве́дзя, і рот у яго, як рот у ле́ва. І даў яму зьме́й сілу сваю і пасад свой і ўладу вялікую. 3 І бачыў я адну із галоў яго, быццам на сьме́рць забітую, і рана яе́ сьмяротная зале́чана, і дзівілася ўсе́нька зямля́ ззаду за зьве́рам. 4 І пакланіліся зьме́ю, што даў уладу зьве́ру, і пакланіліся зьве́ру, гаворачы: Хто падобны да гэтага зьве́ра? Хто здольны бароцца з ім? 5 І да́дзены яму вусны гаварыць вялікае і блюзьне́рскае; і да́дзена яму ўлада вясьці вайну сорак два ме́сяцы. 6 І расчыніў ён вусны свае́ дзеля блюзьне́рства проці Бога, каб блюзьніць проці іме́ньня Ягонага і сялібы Ягонае і тых, што жывуць у не́бе. 7 І да́дзена яму вясьці вайну з сьвятымі ды перамагчы іх; і да́дзена яму ўлада над усякім родам і языком і народам. 8 І паклоняцца яму ўсе́ жы́хары зямлі, імёны якіх не запісаны ў кнігу жыцьця Ягняці заколенага ад стварэньня сьве́ту. 9 Калі хто ма́е вуха, слухай! 10 Хто вядзе́ ў палон, у палон пойдзе; хто мячом забівае, сам мусіць быць мячом забіты. Тут цярплівасьць і ве́ра сьвятых. 11 І ўгле́дзіў я другога зьве́ра, выходзячы із зямлі, і ме́ў ён двое рагоў, падобных да ягнячых, ды гукаў, як зьме́й; 12 і ўсю ўладу пе́ршага зьве́ра зьдзейсьня́е ён перад ім: прымушае зямлю і жы́хараў яе́ пакланяціся пе́ршаму зьве́ру, у якога зале́чана сьмяротная рана яго. 13 І робіць знакі вялікія, так што й агонь прымушае зыходзіць з не́ба на зямлю перад людзьмі, 14 ды баламуціць жы́хараў зямлі знакамі, якія да́дзена яму рабіць перад зьве́рам, ды кажа жы́харам зямлі рабіць абра́з зьве́ра, што ма́е рану ад мяча́ і выжыў. 15 І дадзена яму надзяліць абра́з зьве́ра духам, каб абра́з зьве́ра і гаварыў, і рабіў, каб тыя, хто толькі не паклоніцца абразу́ зьве́ра, былі-б забіты. 16 І робіць, каб усім — малым і вялікім, і багатым і бе́дным, і вольным і рабом — дадзена было ім кляймо на правай руцэ іх або на лобе іх, 17 ды каб ніхто ня мог ні купляць ні прадаваць, апрача толькі тых, што маюць кляймо, або імя зьве́ра, або лічбу іме́ньня ягонага. 18 Вось дзе мудрасьць. Хто ма́е розум, аблічы́ лічбу зьве́ра; бо гэта лічба чалаве́ка. І лічба яго шэсьцьсот шэсьцьдзесят шэсьць.

Разьдзе́л 14[правіць]

1 І глянуў я, і вось Ягня́ стаіць на гарэ Сыоне, і з ім сто сорак чатыры тысячы, якія маюць імя Айца Ягонага напісанае на лобе іх. 2 І пачуў я голас з не́ба, быццам гук ад множства водаў, ды быццам гук грымоту вялікага; і чуў я голас гусьляроў, на гусьлях сваіх іграючых; 3 І пяюць яны як-бы пе́сьню новую перад пасадам і перад чатырма́ жывёламі і старыкамі; і ніхто ня мог навучыцца пе́сьні гэнае, апрача тых ста сараку чатырох тысячаў, што вы́куплены ад зямлі. 4 Гэта тыя, што не апаганіліся з жанчынамі, бо яны чыстыя; гэта тыя, што йдуць сьле́дам за Ягнём, куды-б Яно ні пайшло. Яны выкуплены ад людзе́й, першакі́ Богу й Ягняці. 5 І ў вуснах у іх няма́ хітрава́ньня: бо беззага́нныя яны перад пасадам Божым. 6 І ўгле́дзіў я другога Ангела, лятучы́ пасярод не́ба, які ме́ў ве́чнае Эвангельле, каб абвяшчаць жы́харам зямлі і ўсім плямёнам і родам і языкам і народам, 7 ды гаварыў вялікім голасам: Бойцеся Бога і аддайце хвалу Яму, бо прыйшоў час суду Ягонага; і паклане́цеся Стварыцелю не́ба й зямлі, і мора, і крыніцаў вод. 8 І другі Ангел ішоў сьле́дам, мовячы: Упаў, упаў Вавілён, ме́ста вялізнае, бо юрным віном блуду свайго напаіў усе́ народы. 9 І трэці Ангел ішоў сьле́дам за імі, мовячы вялікім голасам: Калі хто паклоніцца зьве́ру й абразу́ ягонаму ды пры́ме кляймо на лоб свой ці на руку сваю, 10 той пі́ціме віно гне́ву Божага, налітае без даме́шкі ў чару гне́ву Ягонага, і будзе мучы́цца ў вагні ды ў се́рцы перад сьвятымі Ангеламі і перад Ягнём; 11 і дым му́кі іх будзе ўзьнімацца на ве́чныя вякі́, і няма́ супакою ўдзе́нь і ўначы тым, што пакланяюцца зьве́ру й абразу́ ягонаму, ды хто прыняў кляймо іме́ньня ягонага. 12 Тут цярплівасьць сьвятых; тут тыя, што захоўваюць за́паведзі Бога і ве́ру Ісу́саву. 13 І пачуў я голас з не́ба, які казаў мне́: Напішы: адгэтуль шчасьлівыя мёртвыя, што ўміраюць у Госпадзе. Запраўды́, кажа Дух: каб супачылі ад трудоў сваіх, і ўчынкі іх ідуць сьле́дам за імі. 14 І глянуў я: і вось хмара бе́лая, і на хмары сядзіць падобны да Сына Чалаве́чага, маючы на галаве́ Свае́й вянок залаты і ў руцэ Свае́й востры се́рп. 15 І выйшаў із храму другі Ангел ды гукнуў вялікім голасам да Сідзя́чага на хмары: Пашлі се́рп Твой ды жні; бо прыйшла для Цябе́ гадзіна жніва́, бо жніво́ зямлі дасьпе́ла. 16 І кінуў Сідзя́чы на хмары се́рп Свой на зямлю, і зямля́ была пажа́та. 17 І другі Ангел выйшаў із храму, што на не́бе, ды сам маючы востры се́рп. 18 І выйшаў із ахвярніку іншы Ангел, што ма́е ўладу над агне́м, і вялікім крыкам крыкнуў маючаму востры се́рп, мовячы: Пашлі твой востры се́рп ды зьбяры гронкі вінаграду зямлі, бо ўжо дасьпе́лі я́гады яго. 19 І кінуў Ангел се́рп свой на зямлю, і сабраў вінаград зямлі, і кінуў у ступу вялізную гне́ву Божага; 20 І патапталі ў ступе́ вонках ме́ста, і выйшла кроў із ступы ажно да ву́здаў конскіх на тысячу шэсьцьсот стадыяў.

Разьдзе́л 15[правіць]

1 І ўгле́дзіў я другі знак на не́бе — вялікі й дзіўны: се́м Ангелаў, маючых се́м плягаў апошніх, якімі канчаўся гне́ў Божы. 2 І ўбачыў я нібы шклянае мора, зьме́шанае з агнём, і тых, што перамагалі зьве́ра і абра́з ягоны, і кляймо ягонае, і лічбу іме́ньня яго, якія стаялі на шкляным моры, маючы гусьлі Божыя; 3 і пяюць яны пе́сьню Майсе́я, раба Божага, і пе́сьню Ягняці, мовячы: Вялікія і дзіўныя ўчынкі Твае́, Госпадзе Божа Уседзяржыцелю! Справядлівыя й праўдзівыя шляхі́ Тваі, Цару сьвятых! 4 Хто не ўбаіцца Цябе́, Госпадзе, і не пахваліць імя Тваё? Бо-ж адзін Ты сьвяты: бо ўсе́ народы прыйдуць і паклоняцца Табе́, бо выявіліся суды́ Тваі. 5 І пасьля гэтага глянуў я: і вось раочыніўся храм скініі сьве́дчаньня на не́бе, 6 І выйшлі із храму се́м Ангелаў, маючы се́м плягаў, апра́неныя ў чыстую і сьве́тлую ільняную вопратку ды падпераза́ныя праз грудзі залатымі паясамі. 7 І адна із чатырох жывёлаў дала́ сямём Ангелам се́м залатых ча́р, поўных гне́ву Бога, жывучага на́ ве́чныя вякі́. 8 І напоўніўся храм дымам ад хвалы́ Божае і ад сілы Ягонае; і ніхто ня мог увайсьці ў храм, пакуль ня скончыліся сем плягаў сямёх Ангелаў.

Разьдзе́л 16[правіць]

1 І пачуў я голас вялікі з храму, мовячы да сямёх Ангелаў: Ідзе́це й вы́ліце ча́ры гне́ву Божага на зямлю. 2 І пайшоў пе́ршы і выліў ча́ру сваю на зямлю: і зрабіліся благія й агідныя раны ў людзе́й, што ме́лі кляймо зьве́ра, дый у тых, што пакланяліся абразу́ ягонаму. 3 І другі Ангел выліў чару сваю ў мора: і зрабілася кроў, быццам мёртвага, і ўсякая душа жывая паме́рла ў моры. 4 І трэці Ангел выліў чару сваю ў рэкі й крыніцы водаў: і зра́білася кроў. 5 І пачуў я Ангела водаў, мовячы: Справядлівы Ты, Госпадзе, Які ёсьць і быў і сьвят, што прысудзіў гэтак: 6 бо яны пралілі кроў сьвятых і прарокаў, дык і Ты даў ім кроў піці; яны-ж варты гэтага. 7 І пачуў я другога, які мовіў з ахвярніку: Але́, Госпадзе Божа Ўседзяржыцелю: суды Тваі правільныя і справялівыя. 8 І чацьве́рты Ангел выліў чару сваю на сонца: і да́дзена яму паліць людзей у вагні. 9 І палі́ла людзе́й вялікая сьпе́ка, і блюзьнілі яны проці йме́ньня Бога, Які ма́е ўладу над усімі плягамі, ды не адумаліся даці хвалу Яму. 10 І пяты Ангел выліў чару сваю на пасад зьве́ра: і зацьмілася царства ягонае, і яны кусалі языкі свае́ ад болю 11 І блюзьнілі проці Бога Нябе́снага ад мукаў сваіх ды ран сваіх, ды не пакаяліся ў учынках сваіх. 12 І шосты Ангел выліў чару сваю ў вялікую раку́, у Эўфрат: і высахла вада́ ў ёй, каб прыгатавана была дарога для цароў, што ад усходу сонца. 13 І ўгле́дзіў я з вуснаў зьме́я і з вуснаў зьве́ра і з вуснаў фальшывага прарока тры духі нячыстыя, падобныя да жабаў: 14 бо гэта духі дэманаў, што робяць знакі́, ды што выходзяць на цароў зямлі ды ўсе́нькага сусьве́ту, каб сабраць іх на вайну ў той дзе́нь вялікі Бога Ўседзяржыцеля. 15 Вось, іду, як злодзей: шчасьлівы, хто ня сьпіць ды хавае вопратку сваю, каб не хадзіці яму голаму, і каб ня бачылі сораму яго. 16 І сабраў ён іх у ме́сцы, што пажыдоўску называецца Армагеддон. 17 І сёмы Ангел выліў чару сваю на паветра: і выйшаў голас вялікі із храму нябе́снага, ад пасаду, мовячы: Ста́лася! 18 І ўзьняліся галасы́, і грымоты, і маланкі, і трасе́ньне зрабілася вялікае, якога ня бывала ад часоў, як зьявіліся людзі на зямлі. Гэткае трасе́ньне! Такое вялізарнае! 19 І распалася ме́ста вялікае на тры часьці, і ме́сты паганскія заваліліся; і Вавілён, ме́ста вялікае, прыпомніўся перад Богам, каб даці яму чару віна яраснага гне́ву Ягонага. 20 І кожын востраў счэз, і ніводнае гары́ не зна́йшлося. 21 І выпаў град вялікі, як тале́нты* з не́ба на людзе́й; і блю́зьнілі людзі проці Бога за ўдары ад граду, бо ўдар ад яго надта цяжкі.

Разьдзе́л 17[правіць]

1 І прыйшоў адзін із сямёх Ангелаў — тых, што ме́лі се́м ча́раў, і прамовіў да мяне́, кажучы мне́: Хадзі, я пакажу табе́ суд над распусьніцай вялікай; што сядзіць над водамі многімі, 2 з якою блудзілі цары зямныя, і віном распуснасьці яе́ ўпіваліся жыхары зямлі. 3 І павёў мяне́ ў духу ў пустыню. І ўгле́дзіў я жанчыну, сядзючы́ на зьве́ру чырвоным, поўным імёнаў блюзьне́рскіх, з сямёма галовамі і дзесяцьма рагамі, 4 І жанчына апрануўшыся ў порфіру і пурпур і аздобленая золатам і дарагім каме́ньнем ды пэрламі, маючы ў руцэ свае́й чару залатую, поўную агіды й бруду распусты яе́; 5 і на лобе ў яе напісана слова: та́йна, Вавілён вялікі, маці распусьніц і агіды зямное. 6 І ўбачыў я, што жанчына ап’янела ад крыві сьвятых і ад крыві сьве́дкаў Ісусавых; і, ба́чучы яе́, дзівіўся я задзіўле́ньнем вялікім. 7 І сказаў мне́ Ангел: Што́ ты дзівуешся? Я табе́ скажу тайну жанчыны і зьве́ра, што носіць яе́ ды мае се́м галоў і дзе́сяць рагоў. 8 Зьве́р, якога ты бачыў, быў і няма, і выйдзе з бяздоньня і пойдзе на пагібель; і задзі́вяцца жы́хары зямлі (імёны якіх не запісаны ў кнігу жыцьця ад пачатку сьве́ту), бачучы зьве́ра, што быў і няма, хаця ёсьць. 9 Тут розум, які ма́е мудрасьць. Се́м галоў ёсьць се́м гор, дзе́ жанчына сядзіць на іх, ды ёсьць се́м цароў: 10 пяць упалі, і адзін ёсьць, другі яшчэ ня прыйшоў; калі-ж прыйдзе, нядоўга ма́е быць. 11 І зьве́р, які быў і няма, сам ёсьць восмы ды із сяме́х і на пагібель ідзе́. 12 І дзе́сяць рагоў, што ты бачыў, ёсьць дзе́сяць цароў, якія йшчэ царства не ўзялі, але возьмуць уладу, як цары, на адну гадзіну разам са зьве́рам; 13 яны маюць адну думку і сілу ды ўладу сваю аддадуць зьве́ру. 14 Яны будуць вясьці вайну з Ягнём, і Ягня́ пераможа іх, бо Яно Госпад валадароў і Цар цароў, і тыя, што з Ім, пакліканыя і выбраныя і ве́рныя. 15 І кажа мне́: Воды, што ты бачыў, дзе́ сядзіць распусьніца, ёсьць народы й грамады, і плямёны й языкі. 16 І дзе́сяць рагоў, што бачыў ты на зьве́ру, тыя зьненавідзяць распусьніцу і спустошаць яе́ ды аголяць, і це́ла яе́ будзе зье́дзена, і спаляць яе́ ў вагні́; 17 бо Бог даў у сэрца ім учыніць волю Ягоную ды ўчыніць аднадумна і даць царства іхняе зьве́ру, дакуль ня споўняцца словы Божыя. 18 І жанчына, якую ты бачыў, ёсьць ме́ста вялікае, што ма́е царства над царамі зямнымі.

Разьдзе́л 18[правіць]

1 І пасьля гэтага я ўбачыў Ангела, зыходзячы з не́ба, які ме́ў вялікую ўладу; і зямля асьвяцілася ад славы ягонае; 2 і крыкнуў ён крэпка, мовячы голасам вялікім: Паў, паў Вавілён, вялікая (распусьніца), і стаўся памяшканьнем дэманаў і прыпынкам для ўсіх духаў нячыстых і прыстанішчам для ўсякага птаства нячыстага і агіднага; 3 бо юрным віном распуснасьці свае́й напаіла яна ўсе́ народы, і цары зямныя сваволілі з ёю, і купцы зямныя разбагаце́лі ад сілы раскошы яе́. 4 І пачуў я другі голас з не́ба, мовячы: Выйдзі з яе́, мой народзе, каб ня быць учасьнікамі ў грахо́х яе́ і ня прыняці ўдараў яе́; 5 бо дайшлі грахі́ яе́ ажно да не́ба, і ўспомніў Бог аб няпраўдах яе́. 6 Аддайце е́й, як і яна аддавала вам, і падвойце е́й удвая́ паводле ўчынкаў яе́; у чары, у якой яна мяшала (віно), мяшайце е́й удвая́. 7 Колькі ўслаўляла яна сябе́ й раско́шавалася, гэтулькі дайце е́й мукаў і суму; бо яна кажа ў сэрцы сваім: Сяджу царыцай, і не ўдава́ я, і суму не пабачу. 8 Дзеля гэтага ў вадзін дзе́нь прыйдуць на яе плягі: сьме́рць і туга і голад; і будзе спа́лена ў вагні: бо дужы́ Госпад Бог, што судзіць яе́. 9 І заплачуць і загалосяць па ёй цары зямныя, што сваволілі й раско́шаваліся з е́ю, калі ўгле́дзяць дым ад пажару яе́, 10 сто́ючы здалёк дзеля страху ад му́кі яе́ ды гаворачы: Гора, гора (табе́), ме́ста вялікае Вавілён, ме́ста магутнае, бо ў вадну гадзіну прыйшоў суд твой! 11 І купцы зямныя заплачуць ды засумуюць па ёй, бо ніхто ўжо ня купляе тавару іхняга, 12 тавару із золата й серабра, і каме́ньня дарагога і пэрлаў, і віссону й порфіры, і шоўку й пурпуру, ды ўсякага дрэва паху́чага, і ўсякіх вы́рабаў із косьці сланёвае, і ўсякіх вы́рабаў із дрэва дарагога і ме́дзі й зяле́за і мармару, 13 і цынамону, і пахнідлаў, і міра, і ла́дану, і віна, і алівы, і мукі́, і пшаніцы, і скаціны й аве́чак, і кане́й ды вазоў, і це́лаў дый душ чалаве́чых. 14 І плады́ пажаданыя душы тваёй адыйшліся ад цябе́; і ўсё ўкормленае ды бліскучае адыйшлося ад цябе́, і ты ніколі ўжо ня знойдзеш гэтага. 15 І таргаваўшыя гэтым, што разбагаце́лі ад яе́, воддаль стая́цімуць дзеля страху прад му́каю яе́, плачучы й галосячы 16 ды мовячы: Гора, гора (табе́), ме́ста вялікае, у віссон і порфіру і пурпур апра́ненае, аздобленае золатам і каме́ньнем дарагім і пэрламі: 17 бо ў вадну гадзіну спустошана гэткае багацьце! І ўсе́ кармачы́, і ўсе́ людзі на караблёх, і карабе́льнікі, і ўсе́ працаўнікі на моры воддаль стаялі 18 і, бачучы дым ад пажару яго, крычэлі, мовячы: Якое падобна да ме́ста вялікага? 19 І сыпалі по́пел на галовы свае́ і крычэлі, плачучы й галосячы, ды мовілі: Гора, гора (табе́), ме́ста вялікае, у якім разбагаце́лі ад скарбаў тваіх усе́, хто ма́е караблі на моры: бо ў вадну гадзіну ты спустошана! 20 Узьвесяліся над ім, не́ба ды сьвятыя апосталы і прарокі: бо прысудзіў Бог прысуд ваш на яго. 21 І адзін дужы́ Ангел падняў камень, вялікі, як млыновы, і кінуў у мора, мовячы: Гэтак з размахам кінены будзе Вавілён, ме́ста вялікае, і ўжо больш ня знойдуць яго; 22 і ня будзе ўжо чутно ў табе́ голасу гусьляроў і сьпява́каў ды жале́йнікаў і трубачоў, і ня знойдзецца ўжо ў табе́ ніводнага мастака́ ніякага мастацтва, — і гук млыновы не пачуецца ўжо ў табе́; 23 і не зазьяе ўжо ў табе́ сьвятло́ сьве́тача, і голасу жаніха й няве́сты не пачуюць ужо ў табе́: бо купцы тваі былі магнатамі зямнымі, бо чарамі тваімі абаламучаны ўсе́народы. 24 І знойдзена ў ім кроў прарокаў ды сьвятых і ўсіх забітых на зямлі.

Разьдзе́л 19[правіць]

1 І пасьля гэтага пачуў я быццам голас вялікі множства народу ў не́бе, які казаў: Алілуя! Спасе́ньне і хвала́ і чэсьць і сіла Госпаду Богу нашаму: 2 бо правільныя і справядлівыя суды́ Яго. Бо засудзіў Ён вялікую распусьніцу, што пага́ніла зямлю блудам сваім, і адплаціў за кроў рабоў Сваіх ад рукі яе́. 3 І паўторна сказалі: Алілуя! І дым яе́ ўзьнімаецца на ве́чныя вякі́. 4 І ўпалі дваццаць чатыры старыкі й чатыры жывёлы ды пакланіліся Богу, сідзя́чаму на пасадзе, мовячы: Амін! Алілуя! 5 І выйшаў з пасаду голас, мовячы: Хвале́це Бога нашага, усе́ рабы́ Яго ды хто баіцца Яго, і малыя і вялікія! 6 І пачуў я быццам голас вялікае таўпы́ і быццам шум множства водаў і быццам гук грымотаў сільных, мовячы: Алілуя! бо запанаваў Госпад Бог Уседзяржыцель! 7 Радуймася й весялімася і хвалу Яму давайма: бо прыйшло вясе́льле Ягняці, і прыгатавалася жонка Яго. 8 І дадзена ёй, каб апранулася ў віссон чысты і сьве́тлы; 9 І кажа мне́: Напішы: Шчасьлівыя тыя, што пакліканы на вячэру вясе́льную Ягняці. І кажа мне́: Словы гэтыя ёсьць запраўдныя Божыя. 10 І я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму. І кажа мне́: Глядзі, не рабі гэтага: бо я суслужнік і твой і братоў тваіх, што маюць сьве́дчаньне Ісусавае. Богу пакланіся: бо сьве́дчаньне Ісусавае ёсьць дух прарочы. 11 І ўгле́дзіў я не́ба расчы́ненае: і вось конь бе́лы, і коньнік на ім, называны Ве́рным і Праўдзівым, што па праўдзе судзіць і ваюе. 12 А вочы ў яго быццам полымя агністае, і на галаве́ ў яго многа дыадэмаў. Ме́ў імя́ напісанае, якога ніхто ня ве́даў, апрача Самога. 13 І быў апранены ў шату акрываўленую. І імя Ягонае называецца: Слова Божае. 14 І йшлі за ім войскі нябе́сныя на бе́лых канёх, апра́неныя ў віссон бе́лы і чысты. 15 І з вуснаў Ягоных выходзе ме́ч востры, каб ім пабіць паганаў. І Сам пасе́ць іх па́ліцай зяле́знай. І Сам топча ступу́ віна ярасьці і гне́ву Бога Ўседзяржыцеля. 16 І ма́е на вопратцы і на сьцягне Сваім напісанае імя: Цар цароў і Госпад валадароў. 17 І ўгле́дзіў я аднаго Ангела, стоячы на сонцы. І крыкнуў ён вялікім голасам, прамаўляючы да ўсяго птаства, што лётала пасярод не́ба: Хадзе́це, зьбірайцеся на вячэру Вялікага Бога, 18 каб е́сьці це́лы цароў і це́лы тысячнікаў, і це́лы дужых, і це́лы кане́й ды коньнікаў на іх, і це́лы ўсіх — вольных і рабоў, малых і вялікіх. 19 І ўгле́дзіў я зьве́ра і цароў зямных і войскі іх, сабраныя дзеля вайны з Сідзя́чым на кані ды з войскам Ягоным. 20 І быў схоплены зьве́р і з ім прарок фальшывы, што знакі рабіў перад ім, якімі баламуціў тых, што прынялі кляймо́ зьве́ра і пакланяліся абразу́ ягонаму. Абодвух жыўцом кінулі ў возера вагністае, пала́ючае се́ркаю. 21 І рэшта пазабіва́на мячом Сідзя́чага на кані, што выходзіў з вуснаў Ягоных. І ўсё птаства насыцілася це́ламі іхнімі.

Разьдзе́л 20[правіць]

1 І ўбачыў я Ангела, зыходзячы з не́ба, які ме́ў ключ ад бяздоньня і ланцу́г вялікі ў руцэ сваёй. 2 І схапіў ён зьме́я, вужаку адве́чнага, што ёсьць д’ябал і сатана́, ды спутаў яго на тысячу гадоў 3 І кінуў яго ў бяздоньне і замкнуў яго ды прыпячатаў зьве́рху, каб ня зводзіў больш народаў, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў; а пасьля гэтага мусіць быць разьвязаны на нядоўгі час. 4 І ўгле́дзіў я пасады, і пасядалі на іх, і быў ім дадзены суд; і ду́шы сьця́тых за сьве́дчаньне Ісусавае і за слова Божае, і тых, што не пакланіліся зьве́ру ды абразу́ ягонаму і ня прынялі кляйма́ на лоб свой ані на руку сваю; і ажылі і панавалі з Хрыстом тысячу гадоў. 5 Рэшта-ж паме́ршых не ажы́ла, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў. Гэта пе́ршае ўскрасе́ньне. 6 Шчасьлівы й сьвяты той, хто ма́е частку ў пе́ршым ускрасе́ньні: над імі сьме́рць паўторная ня ма́е ўлады, але будуць яны сьвяшчэньнікамі Бога і Хрыста ды панава́цімуць з Ім тысячу гадоў. 7 І, як скончыцца тысяча гадоў, вы́зваліцца сатана із вязьніцы сваёй 8 і выйдзе звадзіць народы на чатырох кутох зямлі, Гога і Магога, ды зьбіраць іх на вайну; лічба-ж іх, як пясок у моры. 9 І выйшлі на шырыню зямлі ды акружылі табор сьвятых і ме́ста ўлю́бленае; і зыйшоў ад Бога агонь з не́ба ды зжор іх. 10 І д’ябал, што зьвёў іх, быў кінены ў возера агністае ды се́ркавае, дзе́ і зьве́р і фальшывы прарок; і будуць яны мучыцца ўдзе́нь і ўначы на ве́чныя вякі́. 11 І ўбачыў я вялікі бе́лы пасад і Сідзячага на ім, ад аблічча Якога ўцякла, зямля і не́ба, і не знайшлося ме́сца для іх. 12 І ўбачыў нябожчыкаў, малых ды вялікіх, стоячы перад Богам, і былі разгорнены кнігі; і разгарнулі іншую кнігу, што ёсьць жыцьця, і су́джаны былі мёртвыя, як напісана ў кнігах, паводле ўчынкаў іхніх. 13 І аддала мора нябожчыкаў, што ў ім, і сьме́рць ды пе́кла аддалі нябожчыкаў, што ў іх; і суджаны быў кожны паводле ўчынкаў сваіх. 14 А сьме́рць і пе́кла кінены ў возера вагністае. Гэта другая сьме́рць. 15 І каго не знаходзілі запісанага ў кнізе жыцьця, кідалі яго ў возера вагністае.

Разьдзе́л 21[правіць]

1 І ўбачыў я новае не́ба і новую зямлю, бо пе́ршае не́ба й пе́ршая зямля мінулі, і мора ўжо няма. 2 І я, Іоан, убачыў ме́ста сьвятое, новы Ерузалім, які зыходзіў ад Бога з не́ба, прыгатаваны быццам няве́ста, прыбраная дзеля мужа свайго. 3 І пачуў я голас вялікі з не́ба, мовячы: Вось скінія Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі; і людзі будуць Ягонымі, і сам Бог будзе з імі, іхні Бог. 4 І абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхніх; і сьме́рці ўжо ня будзе, і ня будзе ўжо ані плачу, ані галошаньня, ані труду, бо пе́ршыя мінулі. 5 І сказаў Сідзя́чы на пасадзе: Вось, ро́блю ўсё новае. І кажа да мяне́: Напішы, бо гэтыя словы праўдзівыя і ве́рныя. 6 І сказаў мне́: Ста́лася. Я Альфа і Омэга, пачатак і кане́ц. Пра́гнучаму дам Я дар з крыніцы вады жывое; 7 хто пераможа, возьме ў спадчыну ўсё, і буду яму Богам, і ён будзе Мне́ сынам. 8 А для палахлівых і няве́рных, і для нягоднікаў і душагубаў, і для распусьнікаў і чарадзе́яў і слуг і́далавых, і для ўсіх ілжывых — доля іх у возеры, пала́ючым агнём ды се́ркаю, што ёсьць другая сьме́рць. 9 І прыйшоў да мяне́ адзін із сямёх Ангелаў, тых, што ме́лі се́м ча́раў, напоўненых сямёма апошнімі плягамі, і загутарыў са мною, мовячы: Хадзі, пакажу табе́ жанчыну, няве́сту Ягня́ці. 10 І панёс мяне́ ў духу на вялікую ды высокую гару, і паказаў мне́ ме́ста вялікае, сьвяты́ Ерузалім, што зыходзіў з не́ба ад Бога 11 І ме́ў хвалу Божую. І сьвятло́ ягонае падобнае да найдаражэйшага ка́меня, быццам крыштальнага ка́меня ясьпісовага; 12 І ме́ў ён мур вялікі й высокі, і ме́ў дванаццаць варотаў, і на вароцех двана́ццаць Ангелаў і імёны напісаныя, якія ёсьць дванаццацёх родаў сыноў Ізраілявых. 13 І ад усходу трое варотаў, і ад поўначы трое варотаў, і ад паўдня́ трое варотаў, і ад за́хаду трое варотаў. 14 І мур мястовы ме́ў дванаццаць падва́лінаў, і на іх імёны дванаццацёх Апосталаў Ягняці. 15 І той, што гутарыў са мною, ме́ў трысьціну залатую, каб абме́рыць ме́ста і вароты яго і сьце́ны яго. 16 І ме́ста ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня ягоная такая-ж, як і шырыня. І абме́рыў ме́ста трысьцінай на дванаццаць тысячаў стадыяў; і даўжыня ягоная і шырыня і вышыня аднолькавыя. 17 І абме́рыў мур ягоны на сто сорак чатыры локці ме́ры чалаве́чае, якая і а́нгельская. 18 І мур быў пабудаваны з ясьпісу; і ме́ста чыста залатое, падобнае да чыстага шкла. 19 І падваліны муру мястовага прыаздоблены ўсякім каме́ньнем дарагім: пе́ршая падваліна ясьпіс, другая сапфір, трэцяя халькедон, чацьве́ршая шмарагд, 20 пятая сардонік, шостая сард, сёмая хрызалі́т, восмая бэрыль, дзявя́тая тапа́з, дзяся́тая хрызапра́с, адзінаццатая гіяцы́нт, дванаццатая амэтыст. 21 І дванаццаць варотаў — дванаццаць пэрлаў: а кожныя вароты із аднае́ пэрлы. І вуліца ме́ста чыста залатая, быццам шкло празры́стае. 22 І храму ў ім ня ўгле́дзіў я: бо храм ягоны ёсьць Госпад Бог Уседзяржыцель і Ягня́. 23 І ме́ста ня ма́е патрэбы ў сонцы ані ў ме́сяцу, каб асьвятлялі яго: бо хвала́ Божая асьвяціла яго, і сьве́тач ягоны — Ягня́. 24 І народы збаўлёных хадзі́цімуць у сьвятле́ ягоным, і цары зямныя прынясуць у яго славу й чэсьць сваю. 25 І вароты ягоныя ня будуць замыкацца ўдзе́нь, а ночы там ня будзе. 26 І прынясуць у яго славу й чэсьць народаў. 27 І ня ўвойдзе ў яго нішто нячыстае ды ро́бячае агіду й ілжу, а толькі запісаныя ў кнізе жыцьця Ягня́ці.

Разьдзе́л 22[правіць]

1 І паказаў мне́ чыстую раку́ вады́ жыцьця, сьве́тлую, як крыштал, што выходзіла із пасаду Бога й Ягня́ці. 2 Пасярэдзіне вуліцы яго, наабапал ракі́, дрэва жыцьця, што дае плады́ дванаццаць разоў, даючы́ на кожын ме́сяц ягоны плод; і лісьці дзе́рава на ле́к народам. 3 І ня будзе ўжо нічога вы́клятага; і будзе ў ім пасад Бога й Ягня́ці, і рабы́ Ягоныя служы́цімуць Яму. 4 І ўгле́дзяць аблічча Ягонае і імя Ягонае на лабо́х іхніх. 5 І ня будзе тамака ночы; і няма ў іх патрэбы ў сьве́тачу і ў сьвятле́ сонца, бо Госпад Бог асьвятляе іх. І цары́цімуць на ве́чныя вякі́. 6 І сказаў мне́: Словы гэтыя ве́рныя і праўдзівыя; і Госпад Бог сьвятых прарокаў паслаў Ангела Свайго паказаць рабо́м Сваім, што́ мусіць хутка стацца. 7 Вось, хутка прыходжу. Шчасьлівы, хто хавае словы прароцтва кнігі гэтае. 8 І я, Іоан, той, што бачыў гэта і чуў. І калі я пачуў ды пабачыў, я паваліўся пакланіціся перад нагамі Ангела, што паказваў мне́ гэта. 9 І кажа ён мне́: Глядзі, не́: бо я суслужнік твой і братоў тваіх прарокаў і хаваючых словы кнігі гэтае; Богу пакланіся. 10 І кажа мне́: Не запячатывай слоў прароцтва кнігі гэтае: бо блізка час. 11 Крыўдзіцель няхай яшчэ крыўдзіць, і нячысты няхай яшчэ апага́ніваецца, і справядлівы няхай яшчэ чыніць справядлівасьць, і сьвяты́ няхай яшчэ асьвячаецца. 12 І вось хутка прыходжу, і заплата Мая са Мною, каб аддаці кожнаму, як будзе дзе́ла ягонае. 13 Я Альфа й Омэга, пачатак і кане́ц, Пе́ршы і Апошні. 14 Шчасьлівыя, што выпаўняюць за́паведзі Яго, каб была ўлада іх на дрэва жыцьця, ды каб увайшлі праз вароты ў ме́ста; 15 а вонках сабакі й чарадзе́і, і распусьнікі ды забойцы і служкі і́далавы, і ўсе́, што любяць і чыняць няпраўду. 16 Я, Ісус, паслаў Ангела Майго пасьве́дчыць вам гэта ў цэрквах. Я карэ́нь і род Даві́давы, зорка сьве́тлая і ра́нічная. 17 І Дух і няве́ста кажуць: Прыхо́дзь! І, хто пра́гне, няхай прыходзе; і, хто хоча, няхай бярэ ваду́ жыцьця дарма́. 18 І я разам сьве́дчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва кнігі гэтае: калі хто даложа да гэтага, узложыць на яго Бог плягі, напісаныя ў кнізе гэтай; 19 І калі хто ады́ме ад слоў кнігі прароцтва гэтага, ады́ме ў яго Бог долю ягоную з кнігі жыцьця і з ме́ста сьвятога і з напісанага ў гэтай кнізе. 20 Той, што сьве́дчыць гэта, кажа: Але́, хутка прыходжу! Амін. Але́, прыходзь, Госпадзе Ісусе! 21 Ла́ска Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі ўсімі. Амін.