Адкрый, пані, добра пані…
Адкрый, пані, добра пані… Верш Аўтар: Алаіза Пашкевіч (Цётка) Крыніца: http://rv-blr.com/verse/show/59053 |
* * *
Адкрый, пані, добра пані,
Цісавы вароты:
Нясуць жнейкі, нясуць жнейкі
Вянец шчыра-злоты.
Сонца грэе, сонца грэе,
Пасьпела пшаніца.
Ясна пані, добра пані,
Красна маладзіца.
Ой, час табе, сэрца сьпела,
Час вам, пшонны зёрны,
Пахіліцца, палажыцца
Пад каменны жорны.
Ой, час табе, сэрца сьпела,
Жарам запылаці,
І, як колас залаценькі,
Ураджай нам даці.
Сэрца кліча, сэрца кліча,
Як зязюлька шэра.
На той голас адгукніся,
Наша пані, шчэра.
Сьцеражыся праспаць, пані,
Веснавы дзянёчкі
І той сэрца голас ціхі,
Што заве уночкі.
Наша панна ня слухае
Той далёкай весьці,
Бо на што ёй свае дзеткі.
Калі нашы песьціць,
Бо на што ёй свае дзеткі
І сямейка ўласна,
Калі нас, як дзетак, любіць
Наша пані ясна.
Хоць паненцы міла, люба
З намі ў добрай радзе,
Але лёс, адвечны бацька,
Скора ад нас скрадзе.
Ідзе вораг-панявольца,
Нясе злоты сеці,
Выйдзі, выйдзі, каралеўна,
Выйдзі ка мне з клеці.
Ой, як табе расьці, кветка,
Расьці-красаваці,
Калі гром-пярун і бура
Могуць ця зламаці.
Ой, як сэрцу маладому
Задаваць атруту,
Калі просіць, моліць шчасьця
Хвіліну, мінуту.
Будзь шчасьліва, будзь шчасьліва,
Красуй ўсім надзіва,
А мы пані не забудзем,
Пакуль будзем жывы.
(1915)