Перайсці да зместу

Адказ на адказ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адказ на адказ
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1926
Крыніца: Беларуская Справа. 1926. 26 чэрв

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Калі выйшаў з друку зборнік вершаў без пары памершага паэта нашага К. Сваяка (кс. Стаповіча) пад назовам «Мая ліра», выдатны літаратурны крытык у пяцёх нумарох «Голасу Беларуса» (№№ 27—31) зьмясьцiў вельмі глыбокі аналіз душы песьняра і выкрыў першы раз тую глыбокую трагэдыю душы паэта-ксяндза, гарачае сэрца якога, поўнае любві да Бацькаўшчыны, не магло пагадзіцца з фармальнай верай у справядлівасьць Бога, дапускаючую ўсе перажываныя нашым народам зьдзекі і няволю. Ксёндз-паэт незвычайна балюча перажываў тую супярэчнасьць, якая існавала паміж тым, што ён бачыў і адчуваў, і тым, у што афіцыяльна мусіў верыць, ды больш таго — хацеў верыць... Аналіз гэны быў настолькі правільны і ачывісты, што не запярэчыў яму ані сам паэт, які тады йшчэ жыў і быў у краю, ані блізкія да яго людзі.

Ужо пасьля сьмерці паэта мне давялося напісаць невялічкую заметку аб Сваяку ў «Беларускай Справе». Зусім згаджаючыся з аўтарам памянёнае стацьці аб паэце і яго духовых перажываньнях, я толькi дапоўнiў дадзенае там асьвятленьне драмы Сваяка, адзначыўшы, што яна паўстала на грунце ня толькі нацыянальнае крыўды Беларускага Народу, але і сацыяльнае[1]. — I я глыбока перакананы, што аўтар «Маей ліры», калі б жыў, мог бы толькі пацьвярдзіць слушнасьць маіх вывадаў. Дый яе найлепш пацьвярджаюць пададзеныя мной адрыўкi зь вершаў Сваяка — тое, чаго ніхто і нішто зьмяняць ці фальшаваць ня можа.

Але ж тыя, што пры жыцьці Сваяка не маглі пратэставаць проці стацьці «Голасу Беларуса», — цяпер, пасьля сьмерцi паэта, узяліся за «работу». Як: каб каталіцкі ксёндз ды мог так думаць і тое перажываць, на што я зьвярнуў увагу ў сваёй стацьці?! Гэта ж «скандал» для ўсяго духоўнага стану!..

I вось знайшоўся «прафэсіянальны» крытык, які выступіў у хадэцкай «Віеlаr. Кrуnісу» з абшырнай стацьцёй, у якой «бароніць» Сваяка ад робленых быццам яму мной «закідаў» і прадстаўляе яго як найлепшага, найпакарнейшага сына касьцёлу, які і ня думаў нічога з таго, што гаворыцца ў прыведзеных мною ягоных вершах... Ня буду спрачацца з «прафэсіяналам»: шкада на гэта часу і энэргіі, бо ж трудна змушаць некага бачыць тое, чаго ён ня хоча бачыць. Адкажу толькі на некаторыя пункты выступленьня проці маей стацьці «Віеlаr. Кrуnісу».

Перадусім, не пісаў я гэтага, што думаў і думаю аб Сваяку, у мамэнт выхаду «Маей ліры», бо, як ужо сказаў на пачатку, зрабіў гэта лепшы за мяне знаўца літаратуры і крытык Сваяка. Гэта ж ведама дужа добра і рэдактару «Віеі. Кгуnісу»! Наадварот, — я запытаюся рэдакцыю хадэцкага органу: чаму гэта яна не пратэставала пры жыцьці Сваяка проці артыкулу «Голасу Беларуса», а так рашуча выступае цяпер проці мяне?! Ці няма тут часам крыху асабістае няпрыязьні іменьна да маей асобы, а ня толькі да маіх думак?!.

Другое: я і ня думаў, і ня думаю рабіць ніякіх «закідаў» Сваяку з прычыны яго драмы, паўстаўшае на грунце ўтраты веры ў бога і ягоную найвышэйшую справядлівасьць. Закіды ў гэтым маглі б рабіць толькі клерыкалы, якія ў сярэднія вякі палілі на агні кожнага, хто «асьмельваўся» ня верыць. З клерыкалізмам я ня маю нiчога супольнага і ня толькі нічога не закідаю Сваяку, а, наадварот, скланяю перад ім галаву з найвялікшай пашанай за тое, што не пабаяўся шчыра і адкрыта гаварыць аб тым, што перажываў. Магла б «Віel. Кrуnіса» нападаць на мяне за маю стацьцю тады якраз, калі б Сваяк жыў і калi б я, паставіўшы ўсе кропкі над «і», мог зашкодзіць яму ў вачох ягонае духоўнае ўлады. А цяпер ужо ніякая ўлада Сваяку ня страшна, і «бараніць» яго ні ад кога ня трэба!

Ня буду рэагаваць на спробы майго грознага крытыка «ператасаваць» мае словы і — пасьля такое «ператасоўкі» — прызнаць нелягічнымі і пярэчучымі самі сабе. На тое ж ён і «прафэсіянал», каб пабіць мяне, «дасужага» крытыка... Ня буду тлумачыць яму і таго, якая розьніца існуе паміж паняцьцем фармальнае веры i фактычнае: гэта ён напэўна ведае ня горш за мяне. Скажу толькі, што мушу цешыцца, што ўлада ў нас яшчэ не зусім у руках «чорнага інтэрнацыяналу»: тады пэўне ж ні «Мая ліра», ні ўсе крытычныя стацьці аб ёй не пабачылi б дзённага сьвятла[2].

  1. Матэрыялам да выяўленьня сацыяльнага аблічча Сваяка служылі мне выбаркі зь яго днеўніка, прачытаныя кс. Станкевічам у казаньні над труною нябожчыка. — А. Н.
  2. Адзiн з фэльетонаў аб «Маей ліры» ў «Голасе Беларуса» быў сканфіскаваны п. камісарам ураду на м. Вільню, але якраз не за тое, за што крыўдзяцца на мяне кіраўнікі «Віeł. Кrуnісу». — А. Н.