Адзін (Сарока)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адзін
Верш
Аўтар: Сяргей Сарока
1929 год
Крыніца: Часопіс «Студэнская думка», № 1 (12), лістапад 1929 г., б. 12

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





АДЗІН.

Памяці Ів. Луцкевіча ў 10 ўгодкі Яго сьмерці.

Ля высяў гор сьвежных забыта,
Ў далёкай зямлі адзінока,
Ад родных старонак далёка
Наш Волат зьлёг — сьмерці здабытам…

Ня плачуць над ім там тужліва
Бярозак радзімых галінкі
Магіл ня крывавяць калінкі,
Ні сонцавых іскрын разьлівы…

Там птушкі і нівы, і людзі
Ні песьняй, ні казкай, ні словам —
Старой яго матчынай мовай,
Ня цешуць збалелыя грудзі…

І зоры мігцяць там бяз блескаў
Чароўных, што ў высь парывалі,
Там рэчак бурлівыя хвалі
Ня знаюць размараных плескаў.

Ляжыць ён чужым там, нязнаным
Бяз братняй малітвы уздыхаў,
Бяз сьлёзкі спагадных ўскалыхаў,
Бяз памяці сьветлай, пашаны…

І душыць яму грудзь чужына
Ды пасынкам горнець нялюбым.
І рвецца ён з гэтай загубы
У свой край, дзе стогне Айчына,

Дзе ўзрос ён, змагаўся заўзята,
Дзе сьмела йшоў праўду ўзьнімаці,
Дзе сьпяць яго прадзеды, маці,
Дзе ў роднай зямельцы — заплата…

Ля высяў гор сьнежных забыта,
Ў далёкай зямлі адзінока,
Ад родных старонак далёка,
Наш Волат зьлёг — сьмерці здабытам…

С. Сарока.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.