Адзінокі курган
Адзінокі курган Апавяданне Аўтар: Якуб Колас |
Ніхто не запамятуе, з якога часу стаяў тут адзінокі курган. Таксама ніхто не ведае, кім ён быў насыпаны і з якога поваду. Кажу «стаяў», бо зараз яго няма на свеце. Што ж з ім здарылася? Які лёс напаткаў яго? Пра гэта я і хачу расказаць.
Год за годам плыў час, праходзілі вякі, мяняўся выгляд зямлі. Месцамі зарастала яна лесам, непраходнымі пушчамі. Лес таксама стаяў на працягу вякоў. А потым людзі высякалі яго. Ссечаны лес выкарчоўвалі, а рэшткі таго, што раней называлася лесам, выпальвалі, а попел рассявалі па зямлі. Звяры пакідалі свае логавы і норы, пераходзілі ў другія мясціны, дзе было зацішней і дзе можна было знайсці прытулак. Разляталіся і птушкі. А курган, немы сведка вялікіх змен і падзей, што адбываліся на свеце, стаяў і стаяў, не прымаючы ўдзелу ва ўсіх гэтых праявах, стаяў маўклівы, строгі і замкнёны. За доўгія часы аброс ён густым, шчыльным дзірваном, сатканым з розных травінак, зёлак і кветак.
Мне вельмі хацелася б пранікнуць у таямніцы старажытнага кургана, якога ўжо няма на свеце, але які жыве ў людскіх паданнях. Хацелася б ведаць і тое асноўнае, што трымала яго на свеце і звязвала з жыццём.
А курган быў дужа цікавы. Верх яго, нібы круглая шапка-кучомка, кідаўся здалёку ўсім у вочы і вабіў да сябе вольных птушак. На курган прылятаў зоркі арол, садзіўся на самы верх яго, азіраў далечы, выглядаючы сабе спажыву. Залятаў сюды вечарамі бяздомнік бусел, якому не давялося знайсці сабе дружачку або які страціў яе, калі яна была ў яго. На верхавіне кургана ён часта начаваў, падзяляючы адзіноту маўклівага волата, — курган быў высокі, магутны. Як апавядае легенда аб гэтым кургане, у яго было сваё асабістае жыццё. Яно звязвала яго з зямлёю і з небам. Толькі людзі не ведалі пра гэта.
У адну ясную ноч, калі неба ўсё было ўсеяна зорамі, адзінокі курган заўважыў, што з недасяжнай нябеснай вышыні над ім свеціцца яркая, бліскучая, нібы дыямент, прамяністая зорка. Яна бесперастанку мігацела дзівосным бляскам, пералівалася разнастайнымі, як вясёлка, колерамі праз лёгкую туманнасць, нібы вока праз расніцы самай прыгожай дзяўчыны ў свеце. Свяцілася яна незлічоныя гады, калі і кургана не было на свеце. Яна зачаравала яго, і ён не зводзіў з яе свайго позірку. У кожную ясную ноч, калі запальвалася цудоўная зорка ў далёкім небе, адзінокі курган толькі і бачыў адну яе, толькі пазіраў на яе. Удзень, калі зоры пагасалі, ён жыў думкамі аб зорцы, што свяцілася над ім з глыбіні бяздоннага неба. Сумаваў старадаўні адзінокі курган, чаму такая далёкая-далёкая адлегласць, непераадольная, непраходная аддзяляе яго ад зоркі. Але сумоту таіў ён глыбока ў сваім нутры. Ён дужа засмучаўся, калі над зямлёю наплывалі хмары і засланялі сабою неба і далёкія зоры на ім. Тады ён быў хмуры, невясёлы, пануры. Яго сумоту злёгку разганяў паважны бусел, што прылятаў каратаць з ім ночы. Часамі ў іх і гутарка сякая-такая вялася, хоць, праўда, маўклівая.
— Ці даляцеў бы ты, буслік, да неба, дзе свеціцца унь тая зорка, што над намі? — хацелася гэтак запытаць бусла.
Бусел адмоўна ківаў сваім доўгім носам.
Асабліва цяжкая пара для адзінокага кургана была ўвосень, калі хмары наўсцяж і на доўгі час засцілалі неба, а яго падсуседнік — бусел — вылятаў у вырай. Але вось і хмурыя дні праходзілі. Неба раз’яснялася і свяцілася ўночы незлічонымі халоднымі агнямі зорак, а бусел варочаўся з выраю. Адзінокі курган весялеў. Ён адзяваўся ў новае ўбранне з маладзенькай траўкі, зелля і кветак. Як радасна было яму пазіраць на сваю зорку, што мігацела над ім у глыбі неба! Як многа хацелася яму сказаць ёй!
У нядоўгім часе дзівосная праява напаткала адзінокі курган. Аднойчы, калі ён дужа пільна пазіраў на сваю чараўніцу-зорку, яму здалося, што ад яе нібы адарваўся кавалачак, такі ж бліскучы і далёкі. Курган увесь замлеў ад нечаканай, няяснай радасці: няўжо зорка пасылае аб сабе вестачку яму, самы дарагі падарунак? І хіба ж ён не заслужыў гэтага сваёй адданасцю недасяжнай зорцы? А можа, гэта здалося яму? Можа, гэта зман? Ці то сапраўды самая затоеная, самая светлая мара становіцца праўдаю, рэчаіснасцю?
Ноч скончылася, зоркі пагаслі пры дзённым святле. Дзівоснае ачараванне знікла, як міраж. Але ў наступную ноч здарылася нешта яшчэ болей цікавае. Брыльянцісты кавалачак, што, як здалося кургану, скінула зорка, падаў уніз, на зямлю, і ўсё набліжаўся і набліжаўся, і так хутка, што за ім цяжка было сачыць. Толькі яркі блакітны след пакідаў ён за сабою. Курган увесь заміраў, яго радасці не было граніцы. А потым пачуў шум высока над зямлёю, а следам гудзенне, нібы гром садрыгаў надземныя прасторы і нібы дзесь у вышыні ігралі невядомую песню нябачаныя ў свеце арганы. Прайшоў яшчэ момант, і раптам непадалёку грукнуў выбух страшэннай сілы. Бусел ледзь управіўся зляцець з кургана, а на курган пасыпаліся асколкі распаленага жалеза і гарачы попел. Верх яго зваліўся на зямлю. Дзірвановае ж убранне было ўшчэнт апалена. Калі ўсё заціхла, бусел пакружыўся над адзінокім курганам і сам сабе падумаў: «Тое, што ты так горача любіў і да чаго так прагна імкнуўся, цябе і загубіла, мой друг стары».