Адвечны шлях — гэта ёсьць шлях Скарыны
Адвечны шлях — гэта ёсьць шлях Скарыны Артыкул Аўтар: Тамаш Грыб 1935 Крыніца: Юрэвіч Лявон. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія. - Мінск, 2015. - с. 46-50 (першакрыніца: Iskry Skaryny. №5. Travien, 1935. С. 1-4) |
Ён быў сьветач, які гарэў і сьвяціў.
Эвангельле ад Яна, 5, 35.
Перажываем эпоху, калі ў завірусе розных падзеяў, вялікіх і малых пераваротаў, сацыяльных і нацыянальных рэвалюцый, агульнай зблутанасьці і зьбянтэжанасьці людзі і народы, нібы страціўшы свой шлях падарожны, блукаюць па вузкіх сьцежках і дарожках, усім стала цесна, усе хочаць выйсьці на шырокі шлях праўды і волі.
Дзе-ж той праўдзівы шлях?
Па якому шляху мае пайсьці наш беларускі народ, усе мы, беларусы, каб не заблудзіцца, каб не загінуць?
З глыбядзі стагодзьдзяў пазірае на нас Францішак Скарына. Ён таксама вагаўся, таксама сумаваў, мучыўся і цярпеў у сваіх сумнівах, нарэшце перамог, знайшоў той шлях праўдзівы.
Ігнат Канчэўскі, паводле мянушкі Абдзіраловіч, адзін з выдатнейшых прадстаўнікоў нашай народніцкай інтэлігенцыі, уяўляў сабе вобраз Скарыны як вольнага і незалежнага духа: «Гэта — праўда, што мы мала маем, гэта — праўда, што мы шукалі па чужых дарогах і, не знайшоўшы, або здрадзілі бацькаўшчыну і шлі да чужынцаў, або вагаліся паміж варожымі кірункамі. Але зараз прыходзяць часы, калі багач зрабіўся бедаком і пойдзе на вялікі шлях шукаць з намі, гаротнымі, новага багацьця, новага чалавечага ідэалу. А з глыбіні вякоў пазірае на нас Скарына, такі ж вагаўшыйся, шукаючы, і, жадаючы нас, кажа: Над зімнымі хвалямі Дзьвіны я быў бізантыйцам — Юрым, а ў Кракаве, куды мяне пацягнула за эўрапэйскаю ведай, — лацінікам Францішкам. А дапраўды, я ня быў ні Юрым, ні Францішкам, а быў вольным, незалежным духам, якога вы шукаеце, духам агульначалавечым толькі ў беларускай скуры. Шукайце ж!».
Так, Францішак Скарына быў вольны і незалежны дух, агульналюдзкі дух, толькі ў беларускай вопратцы.
«Ваганьне паміж захадам і усходам», — кажа Канчэўскі, — «і шчырая непрыхільнасьць ні да аднаго, ні да другога зьяўляецца асноўнай адзнакай гісторыі беларускага народу. Прыклад Скарыны, аб якім да гэтай пары няведама хто ён быў такі, ці каталік, ці праваслаўны, і напэўна, што ён быў і той, і другі разам, адбівае гэта зьявішча беларускага духу ў індывідуальнасьці, у душы нашага першага інтэлігэнта. Гэтую рысу беларускага беларуская народная інтэлігэнцыя захавала і да нашай пары».
Нам не залежыць на тым, да якіх мэтрыкаў быў запісаны Францішак Скарына, — да праваслаўных ці да каталіцкіх. Мэтрыкаваных каталікоў і праваслаўных сярод беларусаў і цяпер ёсьць многа. Нам ідзе аб тое, кім уважаў сябе Скарына.
Францішак Скарына казаў: мы — хрысьціяне; ён ніколі не казаў: мы — каталікі або мы — праваслаўныя. З усёй яскравасьцю гэта бачымо ў яго векапомных прадмовах да зробленага ім перакладу Бібліі на беларускую мову.
Што знача быць хрысьціянінам?
«Мы, хрысьціяне», — кажа Скарына, — «ведаючы ўсе навукі мінуючыя, патрабуемо рэчы вечнае: збаўленьня душы. Чытайма няўстанна Сьвятое Эвангельле, а чытаючы, насьлядуйма прыклады нашага збаўцы Езуса Хрыстуса, і так зь яго дапамогаю ўвойдземо ў жыцьцё вечнае».
Гэтым ёсьць цаны адказ на пытаньне, што знача быць хрысьціянінам.
Быць хрысьціянінам — гэта не абавязкова быць каталіком або праваслаўным.
Каталіцтва і праваслаўе ёсьць толькі формы ўшанаваньня Езуса Хрыстуса. Гэта ёсьць абраднасьці рэлігійнага культу, канфэсыі. А хрысьціянства — гэта рэлігія, адвечны шлях жыцьця.
Разважаньне аб сьмерці і пазнаньне самога сябе, — кажа Скарына, — гэта ёсьць найвышэйшая мудрасьць.
Каханьне дабра — гэта ёсьць найвышэйшая дасканаласьць.
Форма рэлігійнага культу як найвышэйшая дасканаласьць мае служыць дабру паспалітага люду.
Ці можамо гэта сказаць аб каталіцтве і праваслаўі на Беларусі?
Хіба каталіцтва і праваслаўе на Беларусі зьяўляюцца найвышэйшай дасканаласьцю беларускага рэлігійнага культу?
Каталіцтва і праваслаўе на Беларусі як формы рэлігійнага культу ёсьць наносныя і зусім чужыя беларускаму народу.
Беларускі народ мае сваю народна-традыцыйную форму рэлігійнага культу. Наяўна гэта бачымо пры ўсіх народных урачыстасьцях.
Ідэал найвышэйшай дасканаласьці ў сьвядомасьці беларускага народу як ідэал чыстай красы, абсалютнага дабра і справядлівасьці ня ёсьць ідэалам праваслаўнай царквы на Беларусі, ня ёсьць таксама ідэалам і каталіцкага касьцёлу на Беларусі.
У гэтым корань супярэчнасьцяў і няўхільнае змаганьне беларускага народу як з праваслаўем, так і з каталіцтвам на Беларусі.
Беларускі народ заўзята абараняе ад касьцёльна-царкоўнага напору сваю ўласную форму рэлігійнага культу, узіраецца на праваслаўную царкву і на каталіцкі касьцёл як на ўрадова-афіцыяльныя ўстановы, дзе трэба хрысьціць, вянчацца, спраўляць хаўтуры. З усёй яскравасьцю мы гэта бачымо на вёсцы, дзе селянін, адбыўшы ўсе касьцёльныя або царкоўныя павіннасьці, спраўляе ў сваёй хаце ўрачыстасьць так, як гэта трэба: зусім па-свойму, па-нашаму, па-беларуску, як за дзядоў і прадзедаў было.
Наш селянін ідзе адвечным шляхам.
На гэты шлях — на шлях адвечнага жыцьця — павінна ўзыйсьці і наша народная інтэлігэнцыя. Годзе блудзіць па чужых сьцежках-дарожках!
Францішак Скарына ачысьціў хрысьціянства ад касьцёльна-царкоўнага навучаньня, даў свой выклад і тлумачэньне Сьвятога Пісьма. Гэта было ў эпоху, калі ўсе народы Эўропы прабуджаліся да новага жыцьця: ухілялі сярэднявечны касмапалітызм і ўзыходзілі на шлях будаўніцтва свае ўласнае народнае культуры; закладалі свае нацыянальныя веравызнаньні як найбольш дасканальныя формы свайго нацыянальнага рэлігійнага культу.
Ян Гус палажыў пачатак чэскага хрысьціянства, Лютэр — нямецкага, Кальвін — швэйцарскага, а Францішак Скарына палажыў пачатак беларускага хрысьціянства.
У іншых краёх, як у Польшчы, напрыклад, рымскае каталіцтва стала нацыянальным веравызнаньнем; Бізантыйскае праваслаўе асымілявалася ў Расіі і стала рускім нацыянальным веравызнаньнем.
Беларускае хрысьціянства, вядомае ў гісторыі пад агульнай назваю — Рэфармацыя, ня ўтрымалася так доўга пад націскам чужых і варожых сіл, як чэскае гусіцтва, нямецкае лютэранства, швэйцарскі кальвінізм; было зьнявечана ў раз'юшанай навале касьцёльна-царкоўнай рэакцыі.
Пад жорсткім націскам каталіцка-праваслаўнай рэакцыі зьнявечана была наша мінуўшчына, збэшчана мова, культура: беларускі народ заняпаў.
Па ўсім абшары беларускае зямлі гудзеў хаўтурны звон.
Скарына ўжо ня жыў, забыты быў Скарына.
Беларуская інтэлігенцыя, адарваная ад родных карэньняў, пачала хістацца паміж Усходам і Захадам.
Тодар Дастаеўскі, родам зь Віцебшчыны, шукае агульначалавечы ідэал у праваслаўі, а ў рэчаістасьці стварае рускі мэсіянізм, аснову рускага вялікадзяржаўніцтва.
Адам Міцкевіч, родам з Наваградчыны, шукае агульначалавечы ідэал у каталіцтве, а ў рэчаістасьці стварае польскі мэсіянізм, аснову польскага вялікадзяржаўніцтва.
Людвік Сыракомля-Кандратовіч, родам зь Меншчыны, сумна-тужліва ўзіраецца на родны край, плача яго ліра, сьпявае песьні-жальбы расчэплянай душы.
Гэтак жыла наша інтэлігэнцыя, што выйшла з асяродзьдзя шляхты і мяшчанства, зблудзіла й загінула.
Пачалася пара адраджэньня.
З глыбядзі нэтраў народных выходзе новая беларуская інтэлігэнцыя.
І што-ж мы бачымо?
Ізноў хістаньне прдаўжаецца: адны ідуць шляхам Дастаеўскага і робяць «общерусское дело», другія ідуць шляхам Міцкевіча і будуюць «ойчызну», а іншыя ў бязьдзейнасьці сумуюць з расчэплянай душой.
Але ўзыходзіць золак новых дзён.
Адбываецца магутны ўздым беларускай народнай рэвалюцыі. Сярод інтэлігэнцыі назіраецца ўсеагульная зблутнасьць і поўная зьбянтэжанасьць.
У гэты час грыміць прарочы голас: «Хай будзе нашым правадыром і сьветачам Францішак Скарына!».
«Уплывы Захаду і Ўсходу», — кажа Канчэўскі, — «у перакручаных, [...] часамі карыкатурных выразах круцілі і гвалцілі душу беларуса, толькі прымушаючы яго ўбачыць, што ў чужой скуры заўсёды дрэнна, што трэба вытвараць нешта сваё, роднае, блізкае, архаічнае. Шмат вякоў беларусы вялі змаганьне з чужынскімі варожымі ўплывамі за сваю душу, [...] прыбліжаюцца часы, што будзе яна вольнай».
Браты беларусы!
Стварайце сваё роднае, блізкае, архаічнае, стварайце сваю ўласную беларускую нацыянальную форму рэлігійнага культу!
Хай нашым сьветачам і правадыром будзе Францішак Скарына!
Адвечны шлях жыцьця — гэта ёсьць шлях Скарыны!