Перайсці да зместу

Адарваны ліст

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адарваны ліст
Проза
Аўтар: Мікола Ільяшэвіч
1921 год
Крыніца: Газэта «Маладое жыцьцё» (Вільня), 14 лютага 1921, № 1, б. 7

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Адарваны ліст.
(Апавяданьне вясковага вучыцеля.)

Быў у мяне вучань, Піліпкам клікалі. Добры быў хлапец, а здольны ай!.. Бывала вочкі як вугалькі гараць ад непасільных думак і працы, твар так і глядзіць напружана. Ня раз бывала забудзешся над гэтым разумным дзяціным узглядам і пачнеш гаварыць аб тым, што набалела ў цябе на сэрцы. Падпёршыся рукой і ўставіўшы на мяне свае спакойныя вочы, ён з прыемнасьцю слухаў маю гутарку, а на яго тварку відаць было як у люстру ўсе адчуваньні… Скончыў ён школу як ня можна лепш. На экзаміне ўсе дзіваваліся яго талковым адпавяданьням. Шкада мне было гэтага хлопчыка з талентам. Думаю: дзеля немагчымасьці аддаць яго ў вышэйшую школу аддам у мястовую. Скончыць, вучыцелям будзе. Пачаў я прасіць бацькоў Піліпкі памагчы іх сыну, але доўга не хацелі старыя і слухаць. Нпрэшце я іх умаліў. З вялікай труднасьцю даставіў я свайго прыяцеля ў першую клясу мейскае школы. Якраз у гэту самую восень мяне перавялі ў другі павет і я страціў з ваччу Піліпку.

Прайшло 5 гадоў. Здарылася мне праяжджаць няраз тую самую вёску, дзе я раней быў вучыцелям, і завярнуў у сваю быўшую школу. Стаіць пахіліўшыся, замкнутая на замок, паросшая мохам, як-бы ніколі і нічога й ня было. Нудна зрабілася ў мяне на сэрцы. Колькі тут перадумана!—думалася мне—Пакінуў я тутка частку сваёй душы. Успокніў я і аб Піліпку і зайшоў да яго бацькоў. Уваходзячы, я думаў атрымаць падзяку за добрую раду іхняму сыну. Але бацькі Піліпкі сустрэлі мяне суха і з няпрыемнасьцю…

— „Дзе Піліп? У хаце ён, ці скончыў ужо школу? Мо‘ мае і пасаду?

— „Бадай-жа Вас, пане вучыцелю, каб Вас ліха ня бачыла,—пачаў дзед,—„Сапсулі Вы нашага Піліпа, ня будзе з яго чалавека—вырадак які, хіба будзе!“

Нудную праўду я пазнаў. Такі разумны вясковы хлапец, пераняў хутка ўсе дурныя староны меставага жыцьця і стаўся першым распусьнікам.

— „Ён адмаўляецца працаваць, з сябе пана корчыць, лаецца на нас мужыкамі, або хамамі, сьмяецца над, нашай мовай, прастатой; патрабуе панскай яды, вопраткі“,—казалі з сьлязьмі бацькі.

— „Чаму-ж ён ня йдзе на службу? Паступіў-бы ў школу прасьветы—ўсёж Вам лягчой было б?

— „Вось, Вы, пагаварэце з ім… Я, кажа, ня стану за. якіх-небудзь 10-80 рублёў, грудзі рваць у нашай мужыцкай школе! Я ляпей на пошту, або на чыгунку паступлю, буду мець грошы і чыны, а пасьля…

— А добры дзень, пане пэдагог!—раптам аклікнуў мяне ззаду быўшы мой вучань, з грукатам уваходзячы ў хату. — „Я бачыў Вас каля школы, але не хацеў Вас чапаць.“

— Я паглядзеў на яго ў зьдзівіўся. Якая перамена! Калісьці прыемны твар, мілыя вочы, цяпер страцілі сваю ямнасьць, сваю праўдзівасьць.

Нешта няпрыемнае, жорсткае глядзела з яго вачэй. Сьціснулася мая душа…

Патрэбна асьвета. Эх, колькі яшчэ трэба працы, каб асьвяціць нашу вёску; о, як гэта цяжка!..

Лёгка сказаць: народная агульная асьвета; на дзеле што выходзе.

Закруціліся ў мяне ў галаве прыкрыя думкі.

— Піліп! Братка, што ты робіш Адумайся! Бацькі страцілі апошнія грошы, а ты…“

— „Перш наперш я Вам ня Піліп, а Піліп Васільевіч, а другое гэта тое, што я не патрабую ад Вас рады,“—перабіў ён мяне.

Стаў я тут даказываць, што я не хацеў яго зьняважыць і шмат чаго другога вырвалася ў мяне з грудзёў. Піліп слухаў і ў душы сьмяяўся нада мной. і ў

— Нудна тут у вёсцы, вось што!—перабіў ён мяне і пры гэтым пачаў апавядаць пра меставае жыцьцё…

Вось куды пайшлі твае найлепшыя духовыя сілы—думаў я…

Нявытрывала маё сэрца. Разьвітаўся я з Піліпкам і паехаў далей.

Быў вясёленькі дзень; сонца прыемна сьвяціла і грэла, сьпявалі птушкі, але нудна было на душы.

Чаму-ж — думалася мне, адарваны ліст, гэты Піліп, ад праўды жыцьця. Так сумаваў я заглядаючы ў сіняе неба, а далёка з званіцы нёсься звон, цавяваючы нуду і думкі.

М. Іль—ч.