Перайсці да зместу

Агні (1930)/Сябры мае каханыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сябры мае каханыя
Верш
Аўтар: Юлі Таўбін
1930 год
Краіне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сябры мае каханыя…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Сябры мае каханыя,
Браты і дружбакі…
Я часта сьню нязнаныя
Далёкія шляхі.

Мы ўсе знаёмы з бурамі,
Ўзрасталі ў барацьбе
І часта трубадурамі
Ўзьвялічваем сябе…

Ах, песьні нашы звоністы,
Ў іх — радасьць і вясна, —
На новы лад разгоністы
Наведзена струна.

Ды песень шмат пастаўлена
На новыя лады
І ў песьнях тых услаўлены
Агнёвыя гады,

І ў песьнях тых узьнесена
На сонечны пасаг
Краіна шумаў песенных —
Жывых дарог прасьцяг.

З вятрамі-веснаходамі
Памкнемся мы ў абшар,
Каб новыя мэлёдыі
Прынесьці краю ў дар…

Змаганьню буйнавіраму,
Адвазе перамог —
Тады вітаньне шчырае
Мы ў песьнях аддамо.
І будуць па інакшаму
Іх людзі спатыкаць,
І будуць гімны нашыя
Ў грымотах дзён сьпяваць.

І шчырасьцю ласкаваю
Нам кожны скажа ўсьлед:
— „Хвала табе і слава,
Змаганец
І поэт!..“

Сакавік 1928.