Авідзій
Авідзій Верш Аўтар: Язэп Пушча 1936 Крыніца: https://knihi.com/Jazep_Pusca/Viersy.html#chapter26 |
Ой, рана, рана на Дунаі,
Пад дубам пад старым,
Паэт на ліры не іграе,
Не ўспамінае Рым.
Вісіць цяжкі замок,
На вуснах спеў замоўк.
Між хваль у даль плывуць паданні
Не сціхлі галасы:
Авідзій жыў тут у выгнанні,
Маліўся, галасіў.
У роспачы штодзень
У даль на Рым глядзеў.
Ніяк паэт не мог сагрэцца
І наракаў на лёс.
Жаллівы спеў яго ад сэрца
Дунай на хвалях нёс.
На поўдзень, дзе сябры
Спяваюць да зары.
Ўзываў да літасці тырана,
Маліў яго, прасіў:
«Ты загаі на сэрцы раны,
Я — рымлянін, твой сын.
Пачуй, тыран, пачуй!
Табе я адплачу».
Не умаліць слязой тырана,
Хоць колькі ні малі;
Заўсёды будзеш пакараны
На бацькаўскай зямлі,
Спагады не сустрэць,
Пакуль не прыйдзе смерць.
Глядзеў журботнымі вачыма
На поўдзень цёплы свой.
«Мая каханая Айчына,
З дзявочаю красой,
Ты голас мой пачуй,
Цябе абняць хачу!
У смутку сонца ў небе ясным
І кветкі на зямлі.
Маё жыццё паволі гасне,
Не ўбачыць мне сям’і.
Я высах, як таран.
Праклён табе, тыран!»
Не ўбачыў роднага ён дома,
Хоць і прасіў, маліў,
І косці склаў пад дубам Томы
На чужой зямлі.
Вятры адпелі славу
І слёзы ў Рым паслалі.