Аб чым шэпацелі лісьця (1913)/Аб чым шэпацелі лісьця
Аб чым шэпацелі лісьця Апавяданьне Аўтар: Таўрус 1913 год |
Банкет → |
Аб чым шэпацелі лісьця.
Зараз-жа за глухім мястэчкам Н…, на крутых пакатых двух пагорках, раскінуўся густы, захаваўшыйся ад даўных часаў гай. Шырокая бітая дарога праходзіць праз самую гушчару гэтага гая. Гай не так вялікі, як густы і пануры, а высокіе кашлатые яліны, шмат выдаючыся над другімі дрэвамі, яшчэ больш дадавалі цемрадзі і непрытульнасьці старому гаю. Ціхі то быў гай і нелюдзімы, і не на добрым ён шчоці быў у людзей. Дзеці баяліся хадзіць туды гуляць; а каму здарывалася ісьці праз гай позна вечэрам, той надбаўляў кроку, шоў борзда і стараўся не азірацца ні назад, ні па баках, бо нядобрые слыхі хадзілі пра гай, і много было такіх, каторые сваімі вушамі чулі тут дзіцячы плач і прычытаньне:
«Чамуж ты, маманька, ня йдзеш да мяне?» І яшче гаварылі — калі верыць людзям, што тут часта спатыкаўся высокі страшны чэлавек, каторы нічога не гаварыў, ні на каго ні глядзеў, а хадзіў, як непрытомны, і чагось-то шукаў і рваў на сабе валасы.
Так гаварылі людзі.
∗
∗ ∗ |
Іх часта можна было відзець у нашых кутох — старога жабрака, абвешанага торбамі, і маленькага павадыра — хлопчыка. Мерна йшлі яны, рука ў руку, два прэдстаўнікі двух канцоў чэловечага веку, па селах і мястэчках. Захадзілі яны і ў гарады. Усё абліччэ хлопчыка кожнаму нейк кідалася ў вочы. Навет убогая жабрацкая опратка не магла закрыць яго прыстойнасць. Што гэта быў за хлопчык, сказаць трудна; ён і сам ня ведаў, хто ён і хто яго бацькі. Ды і ніхто пра гэта не знаў. А зьявіўся ён у нашых кутох ужо двухгоднім хлопчыкам, і зьявіўся нейк раптам у старцаў, мужа і жонкі, каторые жылі ў вадным з нашых мястэчак. Некаторые, праўда, дагадываліся, што хлопчык гэты украдзены. Другіе казалі, што яго падкінулі. Але напэўна ніхто добра ня ведаў нічога. Адно толькі можна было сказаць пра хлопчыка: зваўся ён Казюком.
Падросшы трохі, Казюк апынуўся у старога дзеда, у каторага ён і быў павадыром. Старэц палюбіў мальца. Дзіўна тут было тое, што старэц у часе іх подарожаў, невядома чаму, часта завадзіў з Казюком гаворку об яго прошласьці. Сваімі частымі дапытамі старэц будзіў у памяці хлопчыка неясные мы і абразы самага раньняга дзяцінства. Часам у памяці Казюка, як праз туман, вырысовываўся сад, прыветны жаночы твар, вялікая кніга з рысункамі… Старэц задумываўся, уздыхаў, відаць, ламаў сваю старую галаву над тым, як трапіць на вароты гэтаго сада. Хлопчык жа ня доўга думаў аб тым: яго цікавіла ўсё, што траплялася ім на дарозі, і ён ня мог ісьці так спакойна і стала, як старэц: раз-по-раз пакідаў ён руку сьляпога старца, зьбегаў з дарогі, лавіў жучкоў, харошэнькіх матылёчкаў, або зьбіраў ягады, краскі ці шчыпаў арэхі. А калі рухавасьць хлопца заходзіла лішне далёка у справе яго павадырскай павіннасьці, старэц клікаў яго; а як гэта не памагала, ён страшыў павадыра, што пакіне яго аднаго.
— Ха-ха-ха! — сьмеяўся Казюк с кустоў кажучы: — як жэ-ж ты без мяне пойдзеш, дзедка? — і вясёла падбегаў да дзеда, а каб задобрыць яго, суваў яму ў руку ягады ці арэх. Старэц зьлегка журыў хлопчыка і гладзіў па галоўцы, кажучы, што такога слаўнага хлопца ён не бачыў ніколі. І яны ізноў ішлі далей, рука ў руку, у найлепшай згодзе.
Але жыцьцё маленькага Казюка зьмянілася, пагоршала, як яго добры старэц памёр, не знайшоўшы дорогі да варот сада, і тым самым на векі закрыў хлопчыку гэтые вароты.
С першага-ж дня пачуў хлопчык страшнага свайго ворага ў новым старцу, да каторага папаў ён зноў павадыром.
Не прайшлі яны і вярсты ад горада, як новы старэц, здаравенны, плячысты мужчына з воспаватым тварам, раптоўна паваліўся каля дарогі.
Глядзі, Казюк: там едзе карэта. Ты плач і крычы, што я захварэў ад голаду! — пры гэтым старэц грозна лупнуў вачыма. Хлопчык разявіў рот ад дзіва, ды дзіцячэму розуму трудна было разабрацца ў гэтым сьляпым і разам відзючым. Тым часам пад’ежджала карэта. Казюк стаў галасіць, а старэц стагнаць.
— Што тут? — запытаў пан з карэты, спыніўшыся.
— Паночэк! ён з голаду стаў відзючым, — сказаў Казюк у ватказ пану і раздумаўшы зараз, што выпаліў вялікае глупство, ён усьміхнуўся.
Пан вылез з карэты і падыйшоў да «відзючага сьляпога».
— Ды з яго, лайдака, яшчэ і гарэлкай нясе, як с падлы! — закрычаў разгневаны пан і пачаў сьвяньціць старца пугай. Як усхопіцца старэц, як панясецца ён ад пана, — і с сабакамі не дагнаць. Казюк схаваўся за пень і дрыжаў ад страху.
— А лайдакі! пся-маць ваша, — крычаў пан, ганяючыся з пугай за старцэм.
Як толькі карэта ад’ехалася, прад Казюком, як с пад зямлі, вырасла грозная хвігура старца.
— Ах, ты шчанë! дык ты уздумаў жарты строіць з мяне?! — заскрыгітаў зубамі старэц і — трах хлопчыка па твару. Нешчаснае дзіця звалілася з ног. Разьюшэны жабрак стаў біць яго нагамі без усякай увагі. Хлопчык абліваўся слязьмі і кроўю, крычаў нема, прасіў ратунку, але ніхто ня чуў яго крыку.
— Сьціхні, паганец! А задумаеш уцекаць, дык — вот! — і перад хлопчыкам бліснуў нож, каторага ён яшчэ не бачыў у старца. Спуджэны, зьбіты, стаяў хлопчык амярцьвелы, пазіраючы поўнымі страху вачыма на разбойніка-старца. Ён навет не плакаў, толькі ўздыхаў і ўсхліпываў.
— Вядзі мяне! — грозна сказаў старэц і сунуў свою лапу у Казюкову ручку.
— Ды глядзі — маўчок! — дабавіў старэц.
Чуючы сваю ручку у руцэ гэтага зьвера, Казюк тросься ўсім целам, усхліпываючы час ад часу. На захадзі сонца зайшлі яны ў сялібу да гаспадара на ноч.
— Ня снуйцеся ў ноччы каля будынку, — сказаў гаспадар вядучы іх у пуню і паказаў на стрэльбу: не так даўно я падстрэліў аднаго, каторы пад відам старца начаваў у мяне і дабіваўся да стайні. — Гаспадыня зьвярнула увагу на змучэнага хлопчыка, прысела перад ім на цыпачкі, паўгледалася і заплакала: у яе недаўна памёр сынок такога-ж ўзросту, і яна, як часта бывае у такіх выпадках, знайшла у гэтым хлопчыку падобство з сваім нябошчыкам.
— Чаго-ж ты такі маркотненькі? — запытала яна Казюка. Хлопчык горка заплакаў: ён так даўно чуў добрае жаночае слова.
— Сабакі спужаўся, — сказаў жабрак: — укусіў мяне за нагу, дык яму шкода мяне. —
— А мо-б ён тут перэначэваў, у хаці? —
— О не, ён будзе маркоціцца па мне, добрая пані. Ён у мяне адзін сыночэк і плачэ, калі не са мной, — жаласьліва, як найлепшы бацька, сказаў старэц.
Выпраўляючы ў пуню, гаспадыня сунула ў ручку хлопчыка акрайчык пірага, каторы на дварэ зараз-жэ апынуўся ў руках «жаласьлівага бацькі». Улёгшыся поруч са старцэм, Казюк доўга на мог заснуць, ён ціханька плакаў, моцна закрыўшы рот, каб не пачуў старэц. Плакала і дрыжала ўсё нутро яго, і сьлёзы, здавалася яму, капалі на сэрцэ, каторае разрывалася ад жалю і ад бязсходнага гора. Наплакаўшыся ён заснуў. Хоць сон пацешыў і парадаваў яго, безпрытульнага і нешчаснага хлопчыка. Прысьніўся яму сьветлы, прасторны дом, сад, дзе гуляў ён з добрай паняй, каторая ласкала яго, неставала, цэлавала і гаварыла яму: «Мой сыночэк» і была яго мамаю. Ён пазнаў яе і, палажыўшы галоўку на яе калені, плакаў ад радасьці. Але набеглі страшные людзі ў сермягах і схапілі яго, заткнулі яму рот, і ён с крыкам абудзіўся.
Дарогай, на другі дзень, старэц стаў вучыць Казюка сьпеваць песьні і прэдстаўляць розные жабрацкіе штукі. Хлопчык тоненькім галаском цягнуў за старцэм:
«Ў Мосары, касьцёл мурваны, |
Гэтые песьні складаў сам жабрак з мешаніны розных слоў. Не такіе песьні былі у нябошчыка старца, ад катораго Казюк навучыўся сьпеваць. У новых песьнях старца почувалася нейкая злосьць і хвальш, але Казюк ня сьмеў сказаць гэтага і пакорна цягнуў за старцам, каторы выў, як воўк.
Людзі не надта былі прыхільны да гэтага старца і глядзелі на яго адны са страхам, другіе з недаверкай, а ў цэлым усе яго не любілі. І ўсім здавалася, што пад жабрацкімі лахманамі туляецца душа злодзея. Пры добрым здарэньні старэц не ганьбіўся нічым, што блізка лежала каля яго рук. Украўшы, ён неколькі вёрст пёр так, што малы хлопчык падбегаў, каб не адстаць ад яго. Любіў гэты старэц і выпіць, і ў яго часта дзе-небудзь у рызманох боўтала пляшка з гарэлкай. Выпіўшы, старэц станавіўся зьвяром і зьдзекаваўся з малога хлопчыка, катораму ледзьве было шэсьць гадкоў; ён неяк ня мог забыць, як падвёў яго малы Казюк. Старэц меў страшэнную ўласьць над гэтым нешчасным дзіцём, каторае пакорна шло усюды за сваім катам і ня мела сілы кінуць яго. Так пташка кружыцца каля зьмяі, ня могучы адляцецца ад яе, і знаходзіць сьмерць у яе пасьці.
Гэта была лесная рэчка, заваленая карчамі і вываротамі, з мелкім, гразкім дном. Старэц разлёгся на мяккім мху і заснуў, а Казюк сядзеў. У лесі было ціха. Высокіе панурые елкі маркотна шумелі калматымі лапамі, і шумелі так ціха, што чуць-чуць можна было разслухаць іх смутны шэпат. У неколькіх кроках стаяла асіна, шырока раскінуўшы сваю круглую верхавіну над невялікімі елкамі і хвоямі і, стыкаючы лісьця з лісьцямі бярозы, што-сь-то шэптала, ды так жаласна, што дрыгаценьне лістоў, с каторага складаўся гэты сумны шэпат, залетала ў самае сэрцэ адзінокага дзіцяці і там знаходзіла адгалос. Аб чым же шэпацелі лісьця? Што казалі яны? Іх паволі калыхаў летні ветрык, і яны шумелі. Толькі малы хлопчык укладываў у гэты іх шэпат асобны змысл і чуў у ім байку аб сваім жыцьці. Ці-ж не праўда? Гэта аб ім шэпацелі лісточкі, аб яго маленькім нерадасным жыцьці. Хлопчык доўга сядзеў і слухаў, маркотны і нерухомы, і ў яго думках бродзілі далекіе-далекіе неясные образы, але хлопчык і сам ня ведаў ці ён іх запраўды бачыў, і перажыў, ці толькі бачыў іх у сьне. Прабег сьмялей ветрык над галавой леса, закалыхаў яловые лапы і дужэй затрос асінавые лісьця. Яны боязна задрыжалі, закалаціліся і яшчэ жаласьней і мацней засьпевалі сваю жальбу-думку аб неўдачнай дзіцячай долі. У гэтым шуме лісьцяў хлопчыку пачулася добрая рада кінуць нямілага старца і ўцячы. Першы раз яму прышла такая думка, і ён сам боязна задрыжаў і зірнуў на старца, як бы ў яго непрыветным твару хочучы прачытаць сваю долю. Старэц спаў крэпка. Нясьмела падняўся хлопчык, азірнуўся і стаў памалу, задам, атхадзіць у глыб леса. Хлопчык дрыжаў усім сваім целам. Вот-вот, здавалася яму, прачнецца жабрак і прыдушыць яго тут і кіне ў рэчку. А рэчка цекла такая сьцюдзёная, непрыветная. Перад вачыма Казюка бліснуў нож, той нож, каторым старэц страшыў яго зарэзаць, калі ён уздумае ўцекаць, і ён застыў, прытуліўшыся да асіны. Уся яго змардаваная душа ўскалыхнулася да самага дна. Хлопчык ня ведаў, што рабіць і заплакаў, прыхіліўшыся да дзерэва. Але яно было моўчаліва і глуха на пакуту малога хлопчыка. Зноў ён вярнуўся да ненавіснага старца, выцер вочкі і сеў. Тут ён пачуў, што не мае сілы ўцячы ад гэтага чэлавека. Казюку стала так маркотна, як чэлавеку, каторага на ўсё жыцьцё пасадзілі ў вастрог без усякай надзеі хоць калі-нібудзь выйсьці на сьвет.
— Га! пойдзем, Казюк, — падняўшы галаву сказаў старэц.
І яны йшлі.
Йшлі яны у будны дзень, йшлі у сьвята, йшлі летам, йшлі зімой, як згнаньнікі, як праклятые, каторых гоніць іх уласнае сумленьне. Прывычнаму да хады старцу гэто было нічога, а малы хлопчык ой, як чуў боль і ціжар падарожнага жыцьця.
Ўжо канчалася лета, і ўсё па трошкі пачынала ўміраць; поле пусьцела. То там, то сям на дрэвах прыкідываліся жоўтые лісьця. Надходзіў Спас. У мястэчку Н… на Спаса вялікі хвэст, і туды загадзьдзя схадзіліся і зьежджаліся людзі. Па дарозі ад вёскі да вёскі йшоў і старэц з Казюком, каб пасьпець на хвэст. Па дарозі яны затрымовываліся, каб пажабраваць, і торбы іх паўнелі скарынкамі хлеба. У старца былі такіе мейсцы, дзе ён збываў свае лусты або выменіваў на лепшые. А калі ні таго, ні другога зрабіць было нельга, то старэц проста выкідаў нажабраваные скібы і толькі стараўся гладка схаваць канцы, каб людзі не бачылі зьдзеку з божжага дару.
Мястэчко Н… ужо было паўнютка народу, як страрэц с хлопцам прыйшлі туды, і лепшые жабрацкіе пазыцыі каля Божага дому ўжо былі пазайманы жабракамі. Божэ, колькі тут было ўселякіх старцоў! Здавалася, што яны сыйшліся сюды са ўсяго сьвету. Тут былі сьляпые, глухіе, бязрукіе, бязногіе; дзеці, кабеты, мужчыны старые і маладые, і кожны стараўся, як можна ярчэй і цікавей выставіць на паказ свае раны і пакалеченые членкі цела. Некаторые сядзелі ў калясачках, як абрубкі, бяз ног і бяз рук. Былі тут цэлые семьі старцаў з малымі дзяцьмі. Старцы сядзелі то ў вадзіночку, то парамі, то цэлымі хэўрамі. І ўсё гэта царства калек выла, галасіла, надрывала сваё горла. Тут чулася скрыпка, гармонік, лера і цымбалы. Кожны стараўся перэкрычаць адзін другога, і цэлые сотні рук цягнулася да багамолаў. І ў іх працягнутые рукі і шапкі багата сыпаліся медзякі. Казюкоў старэц зараз-жэ ўступіў у спрэчку за мейсца з двумя жабрачкамі. Ня гледзючы на іх крык, ён адцясьніў бы іх, ды сярод жабракоў падняўся недавольны гоман, а два старцы сталі нешта паказываць у яго старану і шэптацца аб ім. Гэтага было даволі, каб старэц, узяўшы за руку Казюка, адышоў у другое мейсца. Відаць, зналі яны нейкую брудную справу, каторай баяўся наш старэц. У першы ж дзень хвэсту старец назьбіраў здаровы вузел медзякоў. Ад безупыннага крыку праз увесь дзень горла яго потрэбавала добрага паласканьня. Як толькі пачало зьмеркацца, старэц, узяўшы пляшку гарэлкі, пашоў з Казюком у гай, што быў недалёка ад мястэчка. Зышоўшы з дарогі ў гушчару, ён разгарнуўся на сапачынак. У мястэчку аставацца ён не захацеў, відаць на тое былі ў яго свае прычыны. А як ноч была душная, то ён і рашыў заначэваць тут. Усеўшыся пад дрэва, старэц запаліў недагарак свечкі, вынуў пляшку, дастаў кусок каўбасы. Адаткнуўшы пляшку, жабрак паставіў руку на калена, адкінуў трохі галаву ў гору і усунуў у рот канец бутэлькі. Старэц цягнуў доўга; крыху адпачыўшы, ён яшчэ раз прыткнуў пляшку, і закусываць стаў тагды, як у бытэльцы асталося палавіна гарэлкі.
— На, і ты пацягні раз, — сказаў старэц да Казюка: ты сягоньня добра сьпеваў. Казюк палыкнуў раз і папярхнуўся; старэц толькі рукой махнуў: — Сапляк ты яшчэ! — сказаў ён.
Не гарэлка і не каўбаса настроілі старца на вясёлы лад: усякі раз, як яго рука прытыкалася да аднаго мейсца яго лахманоў, старэц чуў прыліў радасьці. У канцы ён ня выцярпеў і дастаў з лахманоў дужы вузел.
— Памацай, што тут! — сказаў старэц Казюку, даючы яму ў рукі вузел.
— Грошы!
— А ты думаў, сапляк ты, што калі жабрак, дык і бедны? А ведаеш ты, што такое тысяча?… Я убогі! ха-ха-ха! — рагатаў старэц:
— Яшчэ трохі пахаджу с табой, дармаедам, а потым пакажу, які я убогі. Куплю зямлю, пабудуюся, гаспадарку завяду; у брычцы езьдзіць буду! Ажанюся, і жонка мне будзе ногі мыць і тую ваду піць. Вось у гэтай торбі ўсё ёсць: і карова, і коні, і жонка. Можна купіць сто такіх дармаедаў, як ты!…
Доўга ён яшчэ хваліўся і ўпіваўся сваімі славамі, каторые гулі музыкай для яго; сьціскаў кулакі, гразіў некаму і скрыгітаў зубамі. Потым, прывязаўшы аборкай вузел да шыі, лёг спаць і зараз захрапеў. Хлопчык, скарцаваўшыся ў сваіх лахманах, лёг пад густую елку і так сама заснуў, змучэны шумам гэтага дня. І ў гэту ноч яму прысьніўся прасторны сьветлы дом, сад і тая добрая мама, каторую ён усё часьцей і часьцей успамінаў у сваіх думках. Яна клікала яго да сябе, а сама адхадзілася і расплывалася ў тумані. Хлопчык бег да яе, але ніяк ня мог дайсьці.
З усходам сонца хлопчык прачхнуўся. Раніца была сьвежая, і хлопчык пачуў холад. Заснуць ён ня мог, лежаў і думаў пра сон, і ціхая усьмешка блукала на яго губах, як ён думаў пра маму. Потым хлопчык падняўся, стаў варушыцца, каб трошкі сагрэцца. У гаю было ціха. Угледзіўшы на дрэві вавёрку, хлопчык захацеў злавіць яе і палез за ею на елку. Ня ўзлез ён яшчэ і да палавіны, як спрытны і вёрткі зьвярок перабег на другое дрэва, і Казюк убачыў, што вавёркі яму не злавіць. Узлезшы яшчэ вышэй, хлопчык стаў разгледацца. Вакруг было ціха, толькі дзятлік мерна стукаў носам, седзючы на суку. З елкі Казюк убачыў мястэчка. Там ужо пачынаўся рух, а па дарогах йшлі і ехалі людзі. Вось са стараны мястэчка хлопчык убачыў чэлавека ехаўшаго конна. Чэлавек гэты гнаў каня на папас. Уехаўшы ў гай, ён зьвярнуў з дарогі, злез з каня і павеў яго ў руках якраз каля таго мейсца, дзе старец спаў. С пад сірмягі старца тарчаў вузялок з грашмі. Згледзіўшы гэта, незнаёмы спыніўся, спыніўся, — яго ўзяла вялікая пакуса атняць гэты вузялок. Падумаўшы хвілю, ён, трывожна азіраючыся і прыслуховываючыся, ціханька падкраўся да старца, дастаў ножык і перарэзаў аборку, на которай быў прывязан вузел. Казюк хацеў закрычаць, але голас у яго адняўся. Старэц падняў галаву, але ўжо было позна: незнаёмы ужо быў на кані. Жабрак адразу скеміў, што яго абакралі. З дзікім крыкам пусьціўся ён бегчы за канём, але той зараз же схаваўся з віду. У вялікім страху злез Казюк з дрэва. Старэц паваліўся на зямлю і стаў выць, як дзікі зьвер, і рваць на сабе валасы, грызьці зямлю і біць яе кулакамі. Бедны хлопчык ня ведаў, што рабіць і дрыжаў ад страху.
— Казюк! дзе ты, падлюга? — зароў старэц.
Усхапіўшыся як шалёны, жабрак рынуўся да хлопчыка. Казюк увесь замёр і пакорна стаяў. С перакрыўленным ад злосьці тварам, без шапкі, з вісячымі пасмамі мокрых ад поту валасоў, старэц грозна і страшна, як сама сьмерць, наступаў на хлопчыка. Нічога не гаворучы, убогі ўзяў яго за каўнер і павалок у глыб гая. Жалезная рука старца крэпка трымала нешчаснае дзіця, каторае анямела ад страху і згубіла голас. Толькі смяртэльны страх адбіваўся на яго бледным худзенькім твары. Наступіўшы на мокры грыб, старэц пасьлізнуўся і паваліўся. Рука яго разшчамілася і выпусьціла хлопчыка. Пачуўшы гэта, Казюк кінуўся ўцекаць. Старэц прыйшоў у зьвярыную ярасьць. Неколькімі крокамі нагнаў ён хлопчыка і са ўсяго размаху апусьціў на яго галоўку свой цяжкі кулак. Выразна пачуўся трэск, як бы зламалі маладую ліпку, і твар хлопчыка ў вадзін мамэнт заліўся гарачай кроўю. Ні крыка, ні зыка ня вырвалася ў хлопчыка. Упаў ён тварам на дол, ды так і астаўся.
Старэц спыніўся. Страшны пашыб яго злосьці, здавалася, прайшоў. Твар яго нейк застыў, і на ім адмалеваўся страх. Жабрак стаяў неколькі часу не варушаючыся і пазіраў на хлопчыка. Потым ён нагнуўся над ім і штурхануў яго. Хлопчык не варушыўся і лежаў тварам у землю
— Казюк! Казюк! — пазваў старэц, але хлопчык маўчаў і не варушыўся.
— Нежывы, — прашэптаў убівец і азірнуўся. Кругом было ціха.
Схапіўшы дрыжачымі рукамі пад пахі трупік хлопчыка, жабрак, дзіка азіраючыся, панёс яго ў гушчару гая. Спыніўшыся каля старога выварата, убогі с пасьпехам кінуў туды труп хлопчыка і накрыў яго лам’ём і мохам.
Схаваўшы труп, старэц адышоўся і прысеў, як загнаны зьвер і неколькі часу сядзеў. Потым ён застагнаў, падняўся і стаў рваць на сабе валасы; потым зноў кінуўся на зямлю, дзеручы на сабе скуру і кусаючы рукі.
Трохі супакоіўшыся, жабрак уткнуўся тварам у зямлю, сьціснуў рукамі галаву і так лежаў доўга.
— Ведаю, што трэба рабіць! — сказаў спакойна старэц і сеў. Тут ён зьняў свае торбы, пазьнімаў з іх скорачы і стаў іх зьвязываць. Зьвязаўшы неколькі штук, замацаў адзін канец за сук, а з другога зробіў пятлю.
На другі дзень у гэтым гаю знайшлі два трупы.