Аб беларускім універсітэце
Аб беларускім універсітэце Артыкул Аўтар: Сымон Рак-Міхайлоўскі 1919 год Крыніца: [1] |
У 1803 годзе Віленская езуіцкая акадэмія была перароблена
на універсітэт.
Было гэта яшчэ за паншчынай, і аб яе скасаванні нікому яшчэ і не думалася. Вучыцца ў гэтым універсітэце маглі вольныя і багатыя людзі, якімі былі тады паны. Паны былі палякамі, і універсітэт, напоўніўшыся іх сынкамі, напоўніўся і польскім духам. Падзел Польшчы быў яшчэ свежы ў памяці палякаў, і яны толькі і думалі аб тым, каб як выбіцца з-пад чужога панавання. Калі надзеі на Напалеона не спраўдзіліся, палякі пачалі гатавацца да паўстання проціў Расіі. У падгатоўцы паўстання важную ролю адыграў Віленскі універсітэт. Пасля таго як паўстанне 1831 года было задушана, пачалі нішчыць «гнёзды мяцежнага руху». А такім гняздом быў і Віленскі універсітэт. Цар Мікалай Першы не знайшоў другога ратунку, як толькі зачыніць яго, і універсітэт быў зачынены. Край наш застаўся без сваёй вышэйшай школы.
Пасля скасавання паншчыны дзверы вышэйшай школы адчыніліся і для дзяцей працоўнага народа. У Расіі яны маглі карыстаць з гэтага права, бо універсітэты былі недалёка, па сваіх расійскіх гарадах. Не тое было ў нашым баку. У нашых гарадах універсітэтаў не было, і хто хацеў вучыцца, скажам, за доктара, той мусіў ехаць далёка па-за межы краю, да зусім чужога горада, дзе ён не мог спадзявацца знайсці сваякоў, не мог спадзявацца на чыю-небудзь падмогу. Рабіць так маглі толькі багатыя людзі, паны. І выходзіла так, што скасаванне паншчыны прынесла нашаму народу мала змен у справе асветы. Як і за паншчынай, навуку даставалі толькі панскія сынкі, а народ гібеў у сваёй адвечнай цемнаце.
Лепшыя людзі нашага краю ведалі канечную яго патрэбу мець хоць адну вышэйшую школу і не раз прасілі царскі ўрад адчыніць у нас універсітэт. Нашы гарады, як Мінск, Вільня, Віцебск і Магілёў, не раз высылалі да Піцера просьбы і дэлегацыі. Каб урад не мог адгаварыцца недахватам грошай, нашы земствы і гарады бралі на сябе частку коштаў. Але дарэмныя былі ўсе просьбы: цар і яго прыслужнікі нібыта вушэй не мелі. Спачатку яны баяліся, каб універсітэт у нашым краі не стаўся гэткім польскім гняздом, якім быў Віленскі універсітэт. Пасля, як беларускі народ пачаў будзіцца да лепшага жыцця, — ворагі народа, расійскія чарнасоценцы, даводзілі цару, што універсітэт на Беларусі станецца гняздом беларускага «сепаратызму», беларускага мазепства, што калі даць беларускаму народу вышэйшую школу, дык ён пачне дамагацца аддзялення ад Расіі.
Але надышоў час, і цар зляцеў з царства. Настала панаванне Часовага ўрада. I да яго звярнуліся беларусы і атрымалі гэткі ж самы адказ; Часовы ўрад адмовіўся даць Беларусі універсітэт. Мінск і Віцебск былі вінны, што надта блізка ад фронту, ну а Магілёў — надта маленькі горад, каб мець універсітэт, ён не варты гэткага гонару.
Але надышоў час, і Часовы ўрад паследаваў за царскім: работнікі і салдаты скінулі яго. Насталі часы Савецкага ўрада. Звярнуцца да яго з просьбаю аб універсітэце беларускім перашкодзіла заняцце Мінска немцамі. У забраным горадзе пад аховаю нямецкага войска жыла і працавала так званая Беларуская Рада. Яна стварыла асобую камісію пад кіраўніцтвам акадэміка Карскага і прафесара Доўнар-Запольскага і даручыла гэтай камісіі апрацаваць пытанне аб адчыненні ў Мінску універсітэта. Не паспела камісія скончыць сваёй працы, як Беларускай Радзе прыйшлося ўцякаць з Мінска. Мінск зноў вярнуўся да савецкай Расіі. Што сталася з камісіяй акад. Карскага, нам пакуль што невядома. Трэба паклапаціцца, каб яе праца не прапала дарма. Беларускі камісарыят і Беларуская секцыя РКП павінны выслаць свайго прадстаўніка ў Мінск, каб выясніць, што сталася з камісіяй, і зноў наладзіць яе працу. Адначасна з гэтым трэба звярнуцца да Саўнаркама і ў Камісарыят народнай асветы, каб дастаць грошы на арганізаванне беларускага універсітэта. Ура! У нас цяпер не царскі і не панскі, а работніцка-сялянскі ўрад, — значыць, можна быць пэўным, што просьба будзе споўнена. Даючы грошы на арганізаванне вышэйшых школ немаль у кожным губернскім горадзе, ён павінен даць грошы і на беларускі універсітэт. Адчыніцца свет вышэйшае навукі і беларускаму працоўнаму народу, і разам з іншымі народамі ён цвёрдым крокам пойдзе да будовы лепшае будучыні як сабе, так і ўсёй Расіі, і ўсяму свету.